"У Саўках (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Зарецкий Михаил)Зарецкий МихаилУ Саўках (на белорусском языке)Мiхась Зарэцкi У Саўках Апавяданне 1 У Саўках чорная, густая, што дзёгаць, ноч распаўзлася па хмызняку. Заляпiла ўсе шчылiнкi, усё ў адну цемру злiла. Равы патулiлiся, схавалiся ў воўне арэшнiку. Нешта ў сабе затаiлi - таемнае, страшнае - i ждуць-падсцерагаюць, гатовыя праглынуць у сваё чорна-аксамiтавае нутро. Маўчаць... Ды i ўсё навакол маўчыць у нейкiм чакаючым напружаннi. Быццам во-во нешта здарыцца - дзiкае, страшэннае... Далёка-далёка, на колькi вёрст цягнуцца бяздонныя прорвы-равы. Папарэзалi яны туды i сюды шырокае ўзгор'е. Быццам волат-асiлак праехаў з сахой велiзарнай i глыбокiя раны парабiў у целе зямлi. Раны зараслi хмызняком-поўсцю, але такiмi ж глыбокiмi засталiся... Страшна ноччу ў Саўках. Узгоркi, абрывы жывымi становяцца, сочаць вачыма чорнымi... Быццам з пагрозай гавораць: "Ану-тка, увайдзi!.." I мала хто адважыцца ў нетры пайсцi, як цяжка заляжа ў равы хмурная ноч... Цiха ў Саўках... Але зыкi чуваць... Цiхiя зыкi-шэпты. Саўкi шэпчуць скрыдламi птушак-начнiц, цiкуючым хрустам сухiх ветак пад лапамi дзiкiх звяроў... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . У самай глушы, там, куды вока людское не загляне нiколi, сумна-дрыготны бляск прашчупвае цёмныя веткi. Вогнiшча... Людзi навакол... На тварах iх вогнiшча грае дрыжачымi плямамi. Воддаль, афарбаваныя ў жоўта-чырвонае, галiны схiлiлi галоўкi i слухаюць... А за iмi - цемра-жудасць... Iх пяцёра... Адцятых ад усяго свету. Уцяклi, вырвалiся з кiпучага мора жыцця. Ад iх адраклося жыццё, - i яны ад яго адраклiся. У Саўках знайшлi сабе схову. Дзецi зямлi. Ад свае вёскi таксама адарвалiся. Перш была сувязь: хлопцы прыходзiлi, нават дзяўчаты часамi заблуджвалi. Апавядалi, што дзеецца там. Есцi насiлi даволi. Саломы на будку, таго-сяго. А потым усё слабей ды слабей сувязь трымалася. Нешта расло памiж тымi i гэтымi... Нейкая сцяна. Асаблiва як маладыя пайшлi. Тыя сюды схавацца не адважылiся, пайшлi ваяваць. I цяпер - як адвярнула ўсю вёску... Ужо з тыдзень, як не было нiкагутка. Два днi ўжо, як есцi няма чаго. Пяклi грыбы, ягады збiралi, але ўсё ў жываце нешта ссе, нешта цягне... Цяпер - хто ляжыць, хто сядзiць вакол вогнiшча, i кожны думае сваю думку асобную. Маўчаць, а ў кожнага з вачэй глядзiць пытанне, рашуча паўстаўшае: - Што далей?.. Грышка маўчанку парушыў... - Ну што, хлопцы, прызаўнылi? Га?.. Дрэнна, кажаце? Што, Смоўж, нос павесiў?.. Смоўж, або Змiтра Кандратаў, павярнуў ад свету ў цень свой твар. Не сказаў нiчога. - Во што, хлопцы! Трэба думаць. Цi тое, цi другое. Не здыхаць жа... Сцёпка ўзняў галаву... - Жраць хочацца. Здаецца, вала б з'еў... Вунь Смоўж, халера на яго, яўляцца ўжо надумаў... Га, Смоўж?.. Невядома, хто з iх падумаў аб гэтым: цi Сцёпка, цi Смоўж. Мусiць, у абодвух думка гэта лунала. Смоўж i не зварухнуўся - быццам i не да яго казалася. А Грышка-завадатай пачуў хiстанне сярод сябрукоў. Каб знiштожыць яго, гукнуў бадзёра-пагрозна: - Я яго гэтак яўлюся, што не пазнае! Аднак усе маўчалi. Грышка змянiў тон... - Аб тым, што яўляцца, i гаварыць не варта. Нашто б тады i ўцякаць было! Не ўжо, як на мяне, дык калi зрабiў што - не вярнi назад. Ды што там? Бачыш ты: не паелi дзень, гора якое... А там што, пiрагамi б цябе кармiлi? Чулi, якое жыццё там... - Ды гэта глупства... Яўляцца, яўляцца... Хто гэта захоча яўляцца? Турмы не бачылi? Вось жраць няма чаго. З вёскi не нясуць, баяцца, мусiць. - Не баяцца, а што iм за ахвота дармаедаў кармiць? Пайшлi во маладыя, думаюць - i гэтыя могуць служыць, нечага лайдачыць. - Ну, дык iдзi, чаго ты... - Ды я не аб тое... Грышка рашуча прамовiў: - Во што, братцы! Бацькi кармiць не хочуць - пражывём i без iх. На работу станем! - На якую? - На якую?.. А на такую, на якой за раз можна зарабiць столькi, колькi на iншай за год не заробiш... Зразумелi хлопцы... Быццам засаромелiся, пахiлiлi галовы. Адзiн на аднаго не глядзелi... - Што замаўчалi? Спалохалiся? Страшна? Зноў маўчалi... Потым азваўся адзiн: - Чорт яго... Каб было з чым... Голымi рукамi... - Чаго? Адна ёсць стрэльба... Сцёпка да сваiх дабярэцца, двухстволку возьме. Грышка з чаканнем углядаўся ў твары хлапцоў. Сцёпка ўдарыў Смаўжа па спiне. - Як, Смоўж, га? Пойдзем на паляванне? - Усё роўна... Сказаў, а ў самога нутро халадзела. Бегчы адсюль, уцячы захацелася. Нялюбай, страшэннай здалася кампанiя хлапцоў. Жудасць душу ахiнула. Эх, i нашто ён прыйшоў сюды? Нашто паддаўся спакусе? А хлопцы памалу разварушылiся. Iх захапiлi новыя планы. Вочы жвава блiшчэлi, як гаварылi, згаварвалiся... Пасталi вакол вогнiшча, асвятлёныя чырвоным дрыжачым бляскам. Як зданi якiя... Доўга яны гаманiлi, доўга парушалi глыбокую цiш, панаваўшую ў Саўках... I згаварылiся... 2 Праз Саўкi прабягала дарога. Кулялася ў равы, узбягала на ўзгоркi... То тулялася па хмызняку, то вясёла, адкрыта ўсмiхалася жоўтаю пакручастаю стужкаю. Было адно месца, дзе дарога шпарка збягала па крутому скелзу. З аднога боку - гара, абросшая густым хмызняком, з другога - глыбокая прорва. Небяспечнае месца. Дарога вузенькая - толькi калёсам праехаць. Угару яшчэ нiшто, а во ўнiз - глядзi ды глядзi. Добра, калi конь стрымае, не пабяжыць, а то - беражыся! Троху-троху - i пакоцiшся. У гэтым месцы хлопцы заселi. Праслухалi, што з горада валасны будзе ехаць з грашыма. Рашылi пераняць тут... Смоўж, што мышанёнак, прытулiўся ў кустах ля дарогi. Яго абавязак не трудны: як будзе спускацца, знецiкi выскачыць, спудзiць каня, каб убок iрвануўся. Дарога вузенькая - напэўна пакоцiцца ўнiз. А там ужо хлопцы чакаюць - канчаць. Доўга ўжо ждуць. Сонца хiлiцца пачало к захаду. Ценi пацягнулiся даўгiя, даўгiя... На кусты, на траву пачала класцiся пазалота... А яго ўсё няма... Смоўж ляжыць дагары на зямлi. Скрозь галiны алешнiку глядзiць у далёкае неба блакiтнае i думае шчырую думу. Яму ўспамiнаецца ўсё, што перажыў ён у апошнi час. Як яго бралi ў жаўнеры, як не хацелася яму разлучацца з роднай вёскай, з роднымi людзьмi, як ён аж плакаў, ад'язджаючы ў войска. А там жыццё цяжкае, жорсткае... Колькi ён слёз папалiў, колькi ночак не спаў - усё думаў аб роднай краiне. З Сцёпкам сышоўся. Бывала, чуць вольная часiнка усё гаварылi, успамiналi... Той i пабегчы яго падбухторыў. Ой, як хацелася ў двор! Смоўж i не думаў тады, цi добра, цi дрэнна ён робiць; не думаў аб тым, што можа быць у канцы. Толькi б у двор... Вось i прыбеглi. Нядоўга ў двары жыць прыйшлося. Небяспечна было заставацца ў вёсцы. У Саўкi пайшлi. З Грышкам злучылiся, яшчэ два хлопцы прысталi. Сперш нiшто было. Нiчога не рабiлi, гулялi, дурэлi, апавядалi адзiн аднаму пра свае вандроўкi. Хлопцы прыходзiлi з вёскi - яшчэ весялей было. А потым iначай пайшло. Адзiн аднаму надакучылi, жыць па-воўчаму ў лесе абрыдла. Дый без работы мутарна неяк. Так захацелася жыць, як усе, акунуцца ў жыццё з галавой. З вёскi пайшлi маладыя. Некаму стала й прыходзiць. Зусiм забылася на iх вёска. Голад пачаўся. I ўсё цяжэй на душы рабiлася. Чуў Смоўж, што не вытрывае. I вось... урэшце... Не, не чакаў гэтага Смоўж. Не хацеў, баяўся. Натура яго не згаджалася з гэтым. Але штось прымушала згаджацца i рабiць. Хто яго ведае? Цi сябрукоў ён баяўся, цi слабасцi сваёй саромеўся. Але вось ляжаў i чакаў, гатовы на страшэннае дзела. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Здалёк затарабанiла каламажка... Сэрца ў Смаўжа закалацiлася моцна, балюча. Быццам яго хто цiснуў, трымаў, а яно вырывалася... Думкi змяшалiся, як вiхор, закруцiлiся... Мiганулi сябрукi - далёкiмi, чужымi здалiся... Двор праляцеў, i чагось асаблiва выразна прадставiлася сястрыца Гануля... Блiжэй, усё блiжэй... Вось угары i конь паказаўся... За iм каламажка, у ёй нейкi ў чорным... Ён!.. Цi злезе, цi не?.. Калi злезе - не трэба тады: усё роўна нiчога не выйдзе... О, каб ды злез!.. Не... Толькi накруцiў лейцы на рукi... Едзе, спускаецца... Яшчэ хвiлiнка адна... Мiжвольна Смоўж зiрнуў на каня. Конiк напружыўся, трымае - як мага... У вачах гэткая шчырасць, стараннасць, апаска... Смоўж успомнiў свайго Палавога... Шкада да болю стала канька... Ужо наязджае... Яшчэ колькi крокаў... Смоўж кiпцямi ўпiўся ў глебу... Вось ужо тут... ужо трэба... ужо час... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Не... Не здолеў... Конiк, праехаўшы самую строму, смела пабег. Весела заляскатала каламажка... Усё далей i далей... Смоўж схамянуўся... Што гэта? Як гэта так? Што цяпер будзе? Цi гэта добра, цi блага? Хлопцы... Яны што... Бiць будуць, пэўна... Прагоняць... Блiзка пачулiся галасы. Смоўж, як непрытомны, кiнуўся ў хмызняк, убiўся ў самы вялiзны i густы куст i прытулiўся да зямлi, што зайчык. Усё яго цела траслося як у лiхаманцы. У галаве бiлася адна думка: каб скарэй, каб скарэй... I ўся iстота яго ў гэты момант была працята адным жаданнем: каб скарэй пайшлi хлопцы! А хлопцы гукалi, шукалi, лаялiся, пагражалi. Урэшце Грышка сказаў: - Уцёк, трасца яго матары. Ну, добра; трапiць ён калi-небудзь нам у рукi... Пойдзем, хлопцы! Чароўнай музыкай празычэлi ў вушах Смаўжа крокi пайшоўшых. Счакаўшы колькi хвiлiн, ён асцярожна вылез з куста i пачаў прабiрацца па хмызняку. Шпарка, паспешна. Дух занiмала, сэрца зрывалася, а ў галаве, як кляўцом, бiла: - У горад... у войска... Няхай будзе што будзе. Турма, дык турма. Абы да людзей, абы жыць так, як людзi, а не туляцца, што воўк, па лясах... А над Саўкамi ноч свае скрыдлы ўжо раскiдала, усё ахiнала ў таемную цемру... |
|
|