"Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Толстой Алексей)Толстой АлексейЗалаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)Аляксей Талстой Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны Пераклад: А.Бачыла Джузэпэ трапiлася пад руку палена, якое пiшчала чалавечым голасам Даўным-даўно ў гарадку на беразе Мiжземнага мора жыў стары сталяр Джузэпэ, па мянушцы Шызы Нос. Аднойчы яму трапiлася пад руку палена, звычайнае палена, якое кладуць у печ для ацяплення ў зiмовы час. - Нядрэнная рэч, - сказаў сам сабе Джузэпэ, - можна змайстраваць з яго што-небудзь накшталт ножкi для стала... Джузэпэ надзеў акуляры, абматаныя вяровачкай, - таму што акуляры былi таксама старыя, - пакруцiў у руцэ палена i пачаў яго часаць сякеркаю. Але толькi ён пачаў часаць, як нечы вельмi тоненькi галасок прапiшчаў: - Ой-ой, асцярожней, калi ласка! Джузэпэ ссунуў акуляры на кончык носа, пачаў аглядаць майстэрню, нiкога... Ён заглянуў пад варштат, - нiкога... Ён паглядзеў у кошыку са стружкамi, - нiкога... Ён высунуў галаву за дзверы, - нiкога на вулiцы... "Няўжо мне здалося? - падумаў Джузэпэ. - Хто б гэта мог пiшчаць?.." Ён зноў узяў сякерку i зноў, - толькi ўдарыў па палене... - Ой, балюча ж, кажу! - заскуголiў тоненькi галасок. На гэты раз Джузэпэ спалохаўся не на жарт, у яго нават акуляры запацелi... Ён агледзеў усе куткi ў пакоi, залез нават у печ i, задраўшы галаву, доўга глядзеў у комiн. - Няма нiкога... "Можа, я выпiў чаго-небудзь благога i ў мяне звiнiць у вушах?" - разважаў сам з сабою Джузэпэ. Не, сёння ён нiчога благога не пiў... Крыху супакоiўшыся, Джузэпэ ўзяў гэблiк, стукнуў малатком па задняй яго частцы, каб у меру, - не надта многа i не надта мала, - вылезла лязо, паклаў палена на варштат i - толькi ўзяў стружку... - Ой, ой, ой, ой, слухайце, чаго вы шчыпаецеся? - запiшчаў тоненькi галасок... Джузэпэ выпусцiў гэблiк з рук, адступiўся назад i сеў проста на падлогу: ён здагадаўся, што тоненькiм галаском гаварыла само палена. Джузэпэ дорыць палена, якое ўмее гаварыць, свайму сябру Карла У гэты час да Джузэпэ зайшоў яго даўнi прыяцель, катрыншчык, якога звалi Карла. Калiсьцi Карла ў шыракаполым капелюшы хадзiў з цудоўнай катрынкай па гарадах i спевамi i музыкай зарабляў сабе на хлеб. Цяпер Карла быў ужо стары i хворы, i катрынка яго даўно паламалася. - Дзень добры, Джузэпэ, - сказаў ён, зайшоўшы ў майстэрню. Чаму ты сядзiш на падлозе? - А я, ведаеш, згубiў маленькую шрубку... Ды ну яе! - адказаў Джузэпэ i скоса глянуў на палена. - Ну, а ты як жывеш, стары? - Дрэнна, - адказаў Карла. - Усё думаю - як бы мне зарабiць на хлеб... Хоць бы ты мне памог, параiў бы, цi што... - Вельмi проста, - сказаў весела Джузэпэ i падумаў сам сабе: "Пазбаўлюся я зараз ад гэтага праклятага палена". - Вельмi проста: бачыш - ляжыць на варштаце цудоўнае палена, вазьмi ты гэтае палена, Карла, i занясi дадому... - Эх-хе-хе, - нявесела адказаў Карла, - а далей што? Прынясу я дадому палена, а ў мяне нават i печкi ў каморцы няма. - Я табе не абы-што кажу, Карла... Вазьмi ножык, выраж з гэтага палена ляльку, навучы яе гаварыць розныя смешныя словы, спяваць i танцаваць, ды i насi па дварах. Заробiш на кавалак хлеба i на шклянку вiна. У гэты час на варштаце, дзе ляжала палена, пiскнуў вясёлы галасок: - Брава, цудоўна прыдумана, Шызы Нос! Джузэпэ зноў затросся ад страху, а Карла толькi здзiўлена азiраўся, адкуль голас? - Ну, дзякуй, Джузэпэ, што параiў, вазьму, бадай-што, тваё палена. Тады Джузэпэ схапiў палена i хутчэй сунуў яго сябру. Але цi ён нязручна сунуў, цi яно само падскочыла i стукнула Карла па галаве. - Ах, вось якiя твае падарункi! - пакрыўджана крыкнуў Карла. - Даруй, дружа, гэта не я цябе стукнуў. - Значыцца, я сам сябе стукнуў па галаве? - Не, дружа, - вiдаць, само палена цябе стукнула. - Хлусiш, ты стукнуў... - Не, не я... - Я ведаў, што ты п'янiца, Шызы Нос, - сказаў Карла, - а ты яшчэ i манюка. - Ах, ты - лаяцца! - крыкнуў Джузэпэ. - А ну, падыдзi блiжэй!.. - Сам падыдзi блiжэй, я цябе схаплю за нос!.. Старыя абодва надзьмулiся i пачалi наскакваць адзiн на аднаго. Карла схапiў Джузэпэ за шызы нос. Джузэпэ схапiў Карла за сiвыя валасы, што раслi каля вушэй. Пасля гэтага яны пачалi заўзята дубасiць адзiн аднаго кулакамi. Прарэзлiвы галасок на варштаце ў гэты час пiшчаў i падбухторваў: - Лупi, лупi як след! Нарэшце старыя стамiлiся i засаплiся. Джузэпэ сказаў: - Давай памiрымся, цi што... Карла адказаў: - Ну што ж, давай памiрымся... Старыя пацалавалiся. Карла ўзяў пад паху палена i пайшоў дахаты. Карла майструе драўляную ляльку i называе яе Бурацiна Карла жыў у каморцы пад лесвiцай, дзе ў яго нiчога не было, апрача прыгожага камiнка - у сцяне насупраць дзвярэй. Але прыгожы камiнак, i агонь на камiнку, i кацялок, што кiпеў на агнi, былi не сапраўдныя, а намаляваныя на кавалку старога палатна. Карла зайшоў у каморку, сеў на адзiнае крэсла каля бязногага стала i, пакруцiўшы i так i гэтак палена, пачаў нажом выразаць з яго ляльку. "Як жа мне яе назваць? - думаў Карла. - Назаву хiба я яе Бурацiна. Гэта iмя прынясе мне шчасце. Я ведаў адну сям'ю, - усiх iх звалi Бурацiна: бацька Бурацiна, мацi - Бурацiна, дзецi - таксама Бурацiна... Усе яны жылi весела i бесклапотна..." Перш-наперш ён выразаў на палене валасы, потым - лоб, потым - вочы... Раптам вочы самi расплюшчылiся i ўтаропiлiся на яго... Карла i выгляду не падаў, што спалохаўся, толькi ласкава спытаў: - Драўляныя вочкi, чаму вы так дзiўна гледзiце на мяне? Але лялька маўчала, - мабыць таму, што ў яе не было рота. Карла выстругаў шчокi, потым выстругаў нос - звычайны... Раптам нос сам пачаў выцягвацца, расцi, i атрымаўся такi доўгi востры нос, што Карла нават крэкнуў: - Нядобра, даўгаваты... I пачаў зрэзваць кончык носа. Але зрабiць гэта было не так проста. Нос круцiўся, выкручваўся, так i застаўся - доўгiм-доўгiм, цiкаўным, вострым носам. Карла ўзяўся за рот. Але толькi паспеў выразаць губы, - рот адразу адкрыўся: - Хi-хi-хi, ха-ха-ха! I высунуўся з яго, дражнячыся, вузенькi чырвоны язык. Карла, ужо не звяртаючы ўвагi на гэтыя штукарствы, працягваў стругаць, вырэзваць, калупаць... Зрабiў ляльцы падбародак, шыю, плечы, тулава, рукi... Але як толькi скончыў выстругваць апошнi пальчык, Бурацiна пачаў лупiць кулачкамi Карла па лысiне, шчыпацца i казытаць. - Паслухай, - сказаў Карла строга, - я ж яшчэ не скончыў цябе майстраваць, а ты ўжо дурэць пачынаеш... Што ж потым будзе... Га?.. I ён строга паглядзеў на Бурацiна. I Бурацiна круглымi вачыма, як мыш, глядзеў на тату Карла. Карла зрабiў яму з лучынак доўгiя ногi з вялiкiмi ступнямi. На гэтым закончыўшы работу, паставiў драўлянага хлапчука на падлогу, каб навучыць хадзiць. Бурацiна пахiстаўся, пахiстаўся на тоненькiх ножках, ступiў раз, ступiў другi, скок, скок, - проста да дзвярэй, цераз парог i - на вулiцу. Устрывожаны Карла пайшоў за iм. - Гэй, дураслiвец, вярнiся!.. Дзе там! Бурацiна бег па вулiцы, як заяц, толькi драўляныя падэшвы яго тукi-тук, тукi-тук - пастуквалi па бруку... - Трымайце яго! - закрычаў Карла. Прахожыя смяялiся, паказваючы пальцамi на шустрага Бурацiна. На скрыжаваннi стаяў высозны палiцэйскi з закручанымi вусамi i ў трохкутным капелюшы. Убачыўшы драўлянага чалавечка, якi бег па бруку, ён шырока расставiў ногi, загарадзiўшы iмi ўсю вулiцу. Бурацiна хацеў праскочыць у яго памiж ног, але палiцэйскi схапiў яго за нос i так трымаў, пакуль не падаспеў тата Карла... - Ну, пачакай жа ты, я з табой ужо распраўлюся, - аддыхваючыся, прагаварыў Карла i хацеў засунуць Бурацiна ў кiшэню курткi... Бурацiна зусiм не хацелася ў такi вясёлы дзень пры ўсiм народзе тырчаць нагамi дагары з кiшэнi курткi, - ён спрытна выкруцiўся, бразнуўся на брук i прыкiнуўся мёртвым. - Ай, ай, - сказаў палiцэйскi, - справа, здаецца, кепская. Пачалi збiрацца прахожыя. Гледзячы на распластанага Бурацiна, кiвалi галовамi. - Небарака, - гаварылi адны, - мабыць, з голаду... - Карла яго да смерцi прыбiў, - гаварылi другiя, - гэты стары катрыншчык толькi прыкiдваецца добрым чалавекам, ён лiхi, ён злы чалавек... Чуючы ўсё гэта, вусаты палiцэйскi схапiў няшчаснага Карла за каўнер i пацягнуў у палiцэйскае аддзяленне. Карла пылiў чаравiкамi i моцна стагнаў: - Ох, ох, на бяду сабе я зрабiў драўлянага хлапчука! Калi вулiца апусцела, Бурацiна падняў нос, агледзеўся i, падскакваючы, пабег дадому... Цвыркун, якi ўмее гаварыць, дае Бурацiна мудрую параду Прыбегшы ў каморку пад лесвiцай, Бурацiна пляснуўся на падлогу каля ножкi крэсла. - Што б такое яшчэ прыдумаць? Не трэба забывацца, што Бурацiна iшоў усяго першы дзень ад нараджэння. Думкi ў яго былi маленькiя-маленькiя, кароценькiя-кароценькiя, дробязныя-дробязныя. У гэты час пачулася: - Крры-кры, крры-кры, крры-кры. Бурацiна пакруцiў галавой, аглядваючы каморку. - Гэй, хто тут? - Тут я, - крры-кры... Бурацiна ўбачыў стварэнне, крыху падобнае на таракана, але з галавой, як у конiка. Яно сядзела на сцяне над камiнкам i цiха патрэсквала, - крры-кры, глядзела пукатымi, як са шкла, вясёлкавымi вачыма, варушыла вусiкамi. - Гэй, ты хто такi? - Я - цвыркун, якi ўмее гаварыць, - адказала стварэнне, - жыву ў гэтым пакоi больш за сто гадоў. - Тут я гаспадар, прэч адгэтуль. - Добра, я пайду, хоць мне вельмi шкада пакiдаць пакой, дзе я пражыў сто гадоў, - адказаў цвыркун, - але раней чым я пакiну пакой, выслухай карысную параду. - Надддта мне патрэбны парады старога цвыркуна... - Ах, Бурацiна, Бурацiна, - прагаварыў цвыркун, - пакiнь сваволiць, слухайся Карла, без патрэбы не бегай з дому i заўтра пачнi хадзiць у школу. Вось мая парада. Iнакш цябе чакаюць жахлiвыя небяспекi i страшэнныя прыгоды. За тваё жыццё я не дам i здохлай сухой мухi. - Ччччаму? - спытаў Бурацiна. - А вось ты пабачыш - ччччаму, - адказаў цвыркун. - Ах ты, стогадовая казяўка-маляўка! - крыкнуў Бурацiна. - Больш за ўсё на свеце я люблю страшэнныя прыгоды. Заўтра, як толькi развiднее, уцяку з дому лазiць па платах, разбураць птушыныя гнёзды, дражнiць хлапчукоў, цягаць за хвасты сабак i кошак... Я яшчэ не тое прыдумаю!.. - Шкада мне цябе, шкада, Бурацiна, пралiеш ты горкiя слёзы. - Ччччаму? - зноў спытаў Бурацiна. - Таму што ў цябе дурная драўляная галава. Тады Бурацiна ўскочыў на крэсла, з крэсла на стол, схапiў малаток i шпурнуў яго ў галаву цвыркуна. Стары разумны цвыркун цяжка ўздыхнуў, паварушыў вусамi i папоўз за камiнак, - назаўсёды з гэтага пакоя. Бурацiна ледзь не гiне праз уласную легкадумнасць. Тата Карла склейвае яму адзенне з каляровай паперы i купляе азбуку Пасля здарэння з цвыркуном, якi ўмее гаварыць, у каморцы пад лесвiцай стала зусiм сумна. Дзень цягнуўся i цягнуўся. У жываце ў Бурацiна таксама было сумнавата. Ён заплюшчыў вочы i раптам убачыў смажаную курыцу на талерцы. Жвава расплюшчыў вочы, - курыца на талерцы знiкла. Ён зноў заплюшчыў вочы, - убачыў талерку маннай кашы папалам з малiнавым варэннем. Расплюшчыў вочы, - няма талеркi маннай кашы папалам з малiнавым варэннем. Тады Бурацiна здагадаўся, што яму страшэнна хочацца есцi. Ён падбег да камiнка i сунуў нос у кацялок, што кiпеў на агнi. Але доўгi нос Бурацiна праткнуў наскрозь кацялок, таму што, як мы ведаем, i камiнак, i агонь, i дым, i кацялок былi намаляваны бедным Карла на кавалку старога палатна. Бурацiна выцягнуў нос i паглядзеў у дзiрку, - за палатном у сцяне было нешта падобнае на невялiкiя дзверцы, але там было так заткана ўсё павуцiннем, што нiчога не разабраць. Бурацiна пайшоў шукаць па ўсiх кутках, - цi не знойдзецца скарыначкi хлеба або курынай костачкi, абгрызенай кошкай. Ах, нiчагусенькi, нiчагусенькi не было ў беднага Карла прызапашана на вячэру! Раптам ён убачыў у кошыку са стружкамi курынае яйка. Схапiў яго, паставiў на падаконнiк i носам - цюк-цюк - разбiў шкарлупiну. Унутры яйка пiскнуў галасок: - Дзякуй, драўляны чалавечак. З разбiтай шкарлупiны вылезла кураня з пухам замест хваста i з вясёлымi вачыма. - Да пабачэння! Мама Кура даўно мяне чакае на двары. I кураня выскачыла праз акно, - толькi яго i бачылi. - Ой, ой, - закрычаў Бурацiна, - есцi хачу!.. Дзень, нарэшце, перастаў цягнуцца. У пакоi сцямнела. Бурацiна сядзеў каля намаляванага агню i ад голаду пацiхеньку iкаў. Ён убачыў: з-пад лесвiцы, з-пад падлогi паказалася тоўстая галава. Высунулася, панюхала i вылезла шэрая жывёлiна на нiзкiх лапах. Не спяшаючыся, яна пайшла да кошыка са стружкамi, залезла туды, нюхаючы i шныпарачы, - сярдзiта зашамацела стружкамi. Мабыць, яна шукала яйка, якое разбiў Бурацiна. Потым яна вылезла з кошыка i падышла да Бурацiна. Панюхала яго, круцячы чорным носам з чатырма доўгiмi валаскамi з кожнага боку. Ад Бурацiна ядою не пахла, - яна пайшла мiма, цягнучы за сабой доўгi тонкi хвост. Ну, як яе было не схапiць за хвост! Бурацiна зараз жа i схапiў. Гэта быў стары злосны пацук Шушар. З перапуду ён, як цень, кiнуўся быў пад лесвiцу, цягнучы Бурацiна, але ўбачыў, што гэта ўсяго толькi драўляны хлапчук, - павярнуўся i з шалёнай злосцю накiнуўся, каб перагрызцi яму горла. Цяпер ужо Бурацiна спалохаўся, выпусцiў халодны пацукоў хвост i ўскочыў на крэсла. Пацук - за iм. Ён з крэсла пераскочыў на падаконнiк. Пацук - за iм. З падаконнiка ён цераз усю каморку пераляцеў на стол. Пацук - за iм... I тут на стале ён схапiў Бурацiна за горла, павалiў, трымаючы яго ў зубах, саскочыў на падлогу i павалок за лесвiцу, пад падлогу. - Тата Карла! - паспеў толькi пiскнуць Бурацiна. - Я тут! - адказаў гучны голас. Дзверы расчынiлiся, увайшоў тата Карла. Сцягнуў з нагi драўляны чаравiк i шпурнуў iм у пацука. Шушар, выпусцiўшы драўлянага хлапчука, скрыгатнуў зубамi i знiк. - Вось да чаго даводзiць свавольства! - прабурчаў тата Карла, падымаючы з падлогi Бурацiна. Паглядзеў, цi ўсё ў яго цэлае. Пасадзiў яго на калена, выняў з кiшэнi цыбулiнку, ачысцiў. - На, еш!.. Бурацiна запусцiў галодныя зубы ў цыбулiну i з'еў яе, хрумстаючы i прыцмокваючы. Пасля гэтага пачаў церцiся галавой аб шчацiнiстую шчаку таты Карла. - Я буду разумненькi-разумненькi, тата Карла... Цвыркун, якi ўмее гаварыць, сказаў мне хадзiць у школу. - Слаўна прыдумана, малеча... - Тата Карла, але ж я - голенькi, драўляненькi, - хлапчукi ў школе мяне засмяюць. - Эге, - сказаў Карла i пачухаў шчацiнiсты падбародак. - Праўду кажаш, малеча! Ён запалiў лямпу, узяў нажнiцы, клей i абрыўкi каляровай паперы. Выразаў i склеiў куртачку з карычневай паперы i ярка-зялёныя штонiкi. Змайстраваў туфлi са старой халявы i шапачку - каўпачком з кутасiкам - са старой шкарпэткi. Усё гэта надзеў на Бурацiна: - Насi на здароўе! - Тата Карла, - сказаў Бурацiна, - а як жа я пайду ў школу без азбукi? - Эге, праўду кажаш, малеча... Тата Карла пачухаў патылiцу. Накiнуў на плечы сваю адзiную старую куртку i пайшоў на вулiцу. Ён хутка вярнуўся, але без курткi. У руцэ ён трымаў кнiжку з вялiкiмi лiтарамi i цiкавымi малюнкамi. - Вось табе азбука. Вучыся на здароўе. - Тата Карла, а дзе твая куртка? - Куртку я прадаў... Нiчога, абыдуся i так... Толькi ты жывi на здароўе. Бурацiна ўткнуўся носам у добрыя рукi таты Карла. - Вывучуся, вырасту, куплю табе тысячу новых куртак... Бурацiна з усяе сiлы хацеў у гэты першы ў яго жыццi вечар жыць без свавольства, як навучыў яго цвыркун, якi ўмее гаварыць. Бурацiна прадае азбуку i купляе бiлет у тэатр лялек Назаўтра ранiцай Бурацiна паклаў азбуку ў торбачку i, падскакваючы, пабег у школу. Па дарозе ён нават не глядзеў на ласункi, выстаўленыя ў крамах, - макавыя на мёдзе трыкутнiчкi, салодкiя пiражкi i ледзянцы ў выглядзе пеўнiкаў, насаджаных на палачку. Ён не хацеў глядзець на хлапчукоў, якiя пускалi папяровага змея... Вулiцу пераходзiў паласаты кот Базiлiо, якога можна было схапiць за хвост. Але Бурацiна ўтрымаўся i ад гэтага. Чым блiжэй ён падыходзiў да школы, тым мацней непадалёку, на беразе Мiжземнага мора, iграла вясёлая музыка. - Пi-пi-пi, - пiшчала флейта. - Ла-ла-ла-ла, - спявала скрыпка. - Дзiнь-дзiнь, - бразгалi медныя талеркi. - Бум! - бiў барабан. У школу трэба было паварочваць направа, музыка чулася злева. Бурацiна пачаў спатыкацца. Самi ногi паварочвалi да мора, дзе: - Пi-пi, пiiiii... - Дзiн-лала, дзiн-ла-ла... - Бум! - Школа ж нiкуды ж не падзенецца ж, - сам сабе гучна пачаў гаварыць Бурацiна, - я толькi гляну, паслухаю i бягом - у школу. З усёй моцы ён кiнуўся бегчы да мора. Ён убачыў палатняны балаган, упрыгожаны рознакаляровымi сцягамi, якiя трапяталi ад марскога ветру. Наверсе балагана, прытанцоўваючы, iгралi чатыры музыкi. Унiзе тоўстая цётка ўсмiхаючыся прадавала бiлеты. Каля ўвахода стаяў вялiкi натоўп хлопчыкi i дзяўчынкi, салдаты, прадаўцы лiманаду, мамкi з груднымi дзецьмi, пажарнiкi, паштальёны, - усе, усе чыталi вялiкую афiшу: "Тэатр лялек. Толькi адзiн спектакль. Спяшайцеся! Спяшайцеся! Спяшайцеся!" Бурацiна тузануў за рукаў аднаго хлапчука. - Скажыце, калi ласка, колькi каштуе ўваходны бiлет? Хлопчык адказаў скрозь зубы, не спяшаючыся: - Чатыры сольда, драўляны чалавечак. - Разумееце, хлопчык, я забыўся дома мой кашалёк... Вы не можаце мне пазычыць чатыры сольда?.. Хлопчык зняважлiва свiснуў: - Знайшоў дурня!.. - Мне страшшшшэнна хочацца паглядзець тэатр лялек! - скрозь слёзы сказаў Бурацiна. - Купiце ў мяне за чатыры сольда маю цудоўную куртачку... - Папяровую куртачку за чатыры сольда? Шукай дурня. - Ну, тады мой прыгожанькi каўпачок... - Тваiм каўпачком толькi лавiць апалонiкаў... Шукай дурня. У Бурацiна нават пахаладзеў нос - гэтак яму хацелася трапiць у тэатр. - Хлопчык, тады вазьмiце за чатыры сольда маю новую азбуку... - З малюнкамi? - З ччччароўнымi малюнкамi i вялiкiмi лiтарамi. - Давай хiба, - сказаў хлопчык, узяў азбуку i неахвотна адлiчыў чатыры сольда. Бурацiна падбег да тоўстай цёткi i прапiшчаў: - Паслухайце, дайце мне ў першым радзе бiлет на адзiны спектакль тэатра лялек. У час паказу камедыi лялькi пазнаюць Бурацiна Бурацiна сеў у першым радзе i з захапленнем глядзеў на апушчаную заслону. На заслоне былi намаляваны чалавечкi, якiя танцавалi, дзяўчынкi ў чорных масках, страшныя барадатыя людзi ў каўпаках з зоркамi, сонца, падобнае на блiн з носам i вачыма, i iншыя цiкавыя малюнкi. Тры разы ўдарылi ў звон, i заслона паднялася. На маленькай сцэне справа i злева стаялi кардонныя дрэвы. Над iмi вiсеў лiхтар у выглядзе месяца i адбiваўся ў кавалачку люстэрка, на якiм плавалi два лебедзi, зробленыя з ваты, з залатымi насамi. З-за кардоннага дрэва выйшаў маленькi чалавечак у доўгай белай кашулi з доўгiмi рукавамi. Яго твар быў абсыпаны пудрай, белай, як зубны парашок. Ён пакланiўся шаноўнай публiцы i сказаў сумна: - Добры дзень, мяне завуць П'еро... Зараз мы пакажам вам камедыю пад назвай: "Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi, або Трыццаць тры разы па карку". Мяне будуць лупцаваць палкай, даваць аплявухi i бiць па карку. Гэта вельмi смешная камедыя... З-за другога кардоннага дрэва выскачыў другi чалавек, увесь у клетку, як шахматная дошка. Ён пакланiўся шаноўнай публiцы: - Добры дзень, я - Арлекiн! Пасля гэтага павярнуўся да П'еро i даў яму дзве аплявухi, такiя звонкiя, што ў таго са шчок пасыпалася пудра. - Ты чаго хныкаеш, дурнiца? - Я сумны таму, што я хачу жанiцца, - адказаў П'еро. - А чаму ты не ажанiўся? - Таму што мая нявеста ад мяне збегла... - Ха-ха-ха, - зайшоўся ад смеху Арлекiн, - бачылi дурнiцу!.. Ён схапiў палку i адлупцаваў П'еро. - Як завуць тваю нявесту? - А ты не будзеш больш бiцца? - Ну не, я яшчэ толькi пачаў. - У такiм выпадку яе завуць Мальвiна, або дзяўчынка з блакiтнымi валасамi. - Ха-ха-ха, - зноў зайшоўся Арлекiн i тройчы ўдарыў П'еро па карку. Паслухайце, шаноўная публiка... Ды хiба бываюць дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi? Але тут ён, павярнуўшыся да публiкi, раптам убачыў на пярэдняй лаўцы драўлянага хлапчука з ротам да вушэй, з доўгiм носам, у каўпачку з кутасiкам... - Глядзiце, гэта Бурацiна! - закрычаў Арлекiн, паказваючы на яго пальцам. - Жывы Бурацiна! - залямантаваў П'еро, узмахваючы доўгiмi рукавамi. З-за кардонных дрэў выскачыла мноства лялек - дзяўчынкi ў чорных масках, страшныя барадачы ў каўпаках, калматыя сабакi з гузiкамi замест вачэй, гарбуны з насамi, падобнымi на агурок... Усе яны падбеглi да свечак, што стаялi ўздоўж рампы, i, углядаючыся, загаманiлi: - Гэта Бурацiна! Гэта Бурацiна! Да нас, да нас, вясёлы дураслiвец Бурацiна! Тады ён з лаўкi скочыў на суфлёрскую будку, а з яе на сцэну. Лялькi схапiлi яго, пачалi абдымаць, цалаваць, шчыпаць... Потым усе лялькi заспявалi "Польку Птушку": Птушка польку танцавала На палянцы ў раннi час. Нос налева, хвост направа, Гэта полька Карабас. Два жукi - на барабане, Жаба дзьме у кантрабас. Нос налева, хвост направа, Гэта полька Барабас. Птушка польку танцавала, Бо вясёлаю жыла. Нос налева, хвост направа, Вось дык полечка была... Гледачы былi расчулены. Адна мамка нават усхлiпнула. Адзiн пажарнiк плакаў наўзрыд. Толькi хлапчукi на заднiх лаўках злавалiся i тупалi нагамi. - Хопiць лiзацца, не маленькiя, працягвайце спектакль. Пачуўшы ўвесь гэты шум, з-за сцэны высунуўся чалавек, такi страшэнны з выгляду, што можна было здранцвець ад жаху, калi толькi зiрнуць на яго. Густая нячэсаная барада яго валаклася па падлозе, вылупленыя вочы круцiлiся, велiзарны рот ляскаў зубамi, нiбы гэта быў не чалавек, а кракадзiл. У руцэ ён трымаў сямiхвосты бiзун. Гэта быў гаспадар тэатра лялек, доктар лялечных навук сiньёр Карабас Барабас. - Га-га-га, гу-гу-гу! - зароў ён на Бурацiна. - Дык гэта ты перашкодзiў паказу маёй цудоўнай камедыi? Ён схапiў Бурацiна, занёс у кладоўку тэатра i павесiў на цвiк. Вярнуўшыся, пагразiў лялькам сямiхвостым бiзуном, каб яны працягвалi спектакль. Лялькi сяк-так закончылi камедыю, заслона закрылася, гледачы разышлiся. Доктар лялечных навук сiньёр Карабас пайшоў на кухню вячэраць. Запхнуўшы нiжнюю частку барады ў кiшэню, каб не замiнала, ён сеў перад камiнкам, дзе на ражне смажыўся цэлы трус i двое куранят. Паслiнiўшы пальцы, ён пакратаў смажанiну, i яна здалася яму сырой. У камiнку было мала дроў. Тады ён тры разы пляснуў у далонi. Прыбеглi Арлекiн i П'еро. - Прынясiце мне гэтага абiбока Бурацiна, - сказаў сiньёр Карабас Барабас. - Ён зроблены з сухога дрэва, я яго падкiну ў агонь, мой абед у момант сасмажыцца. Арлекiн i П'еро ўпалi на каленi, упрошвалi злiтавацца над няшчасным Бурацiна. - А дзе мой бiзун? - зароў Карабас Барабас. Тады яны, плачучы, пайшлi ў кладоўку, знялi з цвiка Бурацiна i прывалаклi на кухню. Сiньёр Карабас Барабас, замест таго каб спалiць Бурацiна, дае яму пяць залатых манет i адпускае дадому Калi лялькi прывалаклi Бурацiна i кiнулi на падлогу каля камiнка, сiньёр Карабас Барабас, страшэнна сапучы носам, мяшаў качаргой вуголле. Раптам вочы яго налiлiся крывёю, нос, потым увесь твар сабраўся ў папярочныя маршчыны. Мабыць, яму ў ноздры трапiў кавалачак вугалю. - Аап... аап... аап... - завыў Карабас Барабас, закочваючы вочы, - аап -чхi!.. I ён чхнуў так, што попел узняўся слупам у камiнку. Калi доктар лялечных навук пачынаў чхаць, дык ужо не мог спынiцца i чхаў пяцьдзесят, а часам i сто разоў запар. Ад такога незвычайнага чхання ён бяссiлеў i рабiўся дабрэйшым. П'еро цiшком шапнуў Бурацiна: - Паспрабуй з iм загаварыць памiж чханнем... - Аап-чхi! Аап-чхi! - Карабас Барабас набiраў разяўленым ротам паветра i з трэскам чхаў, трасучы галавой i тупаючы нагамi. На кухнi ўсё калацiлася, брынчалi шыбы, гойдалiся скавароды i каструлi на цвiках. Памiж гэтымi чханнямi Бурацiна пачаў енчыць жаласным тоненькiм галаском: - Бедны я, няшчасны, нiкому мяне не шкада. - Кiнь раўцi! - крыкнуў Карабас Барабас. - Ты мне перашкаджаеш... Аап-чхi! - На здароўе, сiньёр, - усхлiпнуў Бурацiна. - Дзякуй... А што - бацькi ў цябе жывыя? Аап-чхi! - У мяне нiколi, нiколi не было мамы, сiньёр. Ах, я няшчасны! - I Бурацiна закрычаў так пранiзлiва, што ў вушах у Карабаса Барабаса пачало калоць, як iголкай. Ён затупаў падэшвамi: - Кiнь вiшчаць, кажу табе! Аап-чхi! А што - бацька ў цябе жывы? - Мой бедны бацька яшчэ жывы, сiньёр. - Уяўляю, як прыемна будзе твайму бацьку, калi ён даведаецца, што я на табе засмажыў труса i двух куранят. Аап-чхi! - Мой бедны бацька ўсё роўна хутка памрэ з голаду i холаду. Я яго адзiная падтрымка на старасцi. Пашкадуйце, адпусцiце мяне, сiньёр. - Дзесяць тысяч чарцей! - зароў Карабас Барабас. - Нi пра якую лiтасць не можа быць i размовы. Трус i кураняты павiнны быць засмажаны. Лезь у камiнак. - Сiньёр, я не магу гэтага зрабiць. - Чаму? - спытаў Карабас Барабас толькi для таго, каб Бурацiна вёў далей размову, а не вiшчаў у вушы. - Сiньёр, я ўжо спрабаваў аднойчы сунуць нос у камiнак i толькi праткнуў дзiрку. - Што за глупства! - здзiвiўся Карабас Барабас. - Як ты мог носам праткнуць у камiнку дзiрку? - Таму, сiньёр, што камiнак i кацялок над агнём былi намаляваны на кавалку старога палатна. - Аап-чхi! - чхнуў Карабас Барабас з такiм шумам, што П'еро адляцеў налева, Арлекiн - направа, а Бурацiна закруцiўся круцёлкай. - Дзе ты бачыў камiнак, i агонь, i кацялок намаляванымi на кавалку палатна? - У каморцы майго таты Карла. - Твой бацька - Карла! - Карабас Барабас усхапiўся з крэсла, узмахнуў рукамi, барада яго разляцелася. - Дык, значыцца, гэта ў каморцы старога Карла знаходзiцца патайная... Але тут Карабас Барабас, вiдаць, не жадаючы прагаварыцца пра нейкую таямнiцу, абодвума кулакамi заткнуў сабе рот. I так сядзеў нейкi час i глядзеў, вылупiўшы вочы, на пагасаючы агонь. - Добра, - сказаў ён нарэшце, - я павячэраю недасмажаным трусам i сырымi куранятамi. Я табе дарую жыццё, Бурацiна. Мала таго... Ён залез пад бараду ў кiшэню камiзэлькi, дастаў пяць залатых манет i падаў iх Бурацiна. - Мала таго... Вазьмi гэтыя грошы i занясi iх Карла. Пакланiся i скажы, што я прашу яго нi ў якiм разе не памiраць з голаду i холаду i самае галоўнае - не выязджаць з яго каморкi, дзе знаходзiцца камiнак, намаляваны на кавалку старога палатна. Iдзi выспiся i ранiчкай бяжы дадому. Бурацiна паклаў пяць залатых манет у кiшэню i адказаў з ветлiвым паклонам: - Дзякую вам, сiньёр. Вы не маглi даверыць грошы ў больш надзейныя рукi... Арлекiн i П'еро завялi Бурацiна ў лялечную спальню, дзе лялькi зноў пачалi абдымаць, цалаваць, штурхаць, шчыпаць i зноў абдымаць Бурацiна, якi так незразумела пазбег страшнай пагiбелi ў камiнку. Ён шэптам гаварыў лялькам: - Тут нейкая таямнiца. Па дарозе дадому Бурацiна сустракае двух жабракоў - ката Базiлiо i лiсiцу Алiсу Ранiцай Бурацiна пералiчыў грошы, - залатых манет было столькi, колькi пальцаў на руцэ, - пяць. Сцiснуўшы манеты ў кулаку, ён, падскакваючы, бег дадому i напяваў: - Куплю тату Карла новую куртку, куплю многа макавых трыкутнiчкаў, ледзянцовых пеўнiкаў на палачках. Калi знiк з вачэй балаган тэатра лялек i сцягi, што развявалiся на ветры, ён убачыў двух жабракоў, якiя панура валаклiся па пыльнай дарозе: лiсiцу Алiсу, што кульгала на трох лапах, i сляпога ката Базiлiо. Гэта быў не той кот, якога Бурацiна сустрэў учора на вулiцы, а другi, таксама Базiлiо i таксама паласаты. Бурацiна хацеў прайсцi мiма, але лiсiца Алiса сказала яму лiслiва: - Дзень добры, добранькi Бурацiна. Куды так спяшаешся? - Дадому, да таты Карла. Лiсiца ўздыхнула яшчэ лiслiвей: - Ужо i не ведаю, цi застанеш ты жывым беднага Карла, ён зусiм зблажэў ад голаду i холаду... - А ты гэта бачыла? - Бурацiна разняў кулак i паказаў пяць залатых. Убачыўшы грошы, лiсiца мiжвольна пацягнулася да iх лапай, а кот раптам шырока расплюшчыў сляпыя вочы, i яны блiснулi ў яго, як два зялёныя лiхтары. Але Бурацiна нiчога гэтага не заўважыў. - Добранькi, харошанькi Бурацiна, што ж ты будзеш рабiць з гэтымi грашыма? - Куплю куртку для таты Карла... Куплю новую азбуку... - Азбуку, ох, ох! - сказала лiсiца Алiса, кiваючы галавой. - Не давядзе цябе да дабра гэтая навука... Вось я вучылася, вучылася, а - бачыш - хаджу на трох лапах. - Азбуку, - прабурчаў кот Базiлiо i сярдзiта фыркнуў у вусы. - Праз гэтую праклятую навуку я вочы страцiў... На сухой галiне каля дарогi сядзела пажылая варона. Слухала, слухала i каркнула: - Няпр-раўда! Няпр-раўда! Кот Базiлiо адразу ж высока падскочыў, лапай збiў варону з галiны, выдраў ёй паўхваста, - ледзь яна вырвалася. I зноў прыкiнуўся, быццам ён сляпы. - Вы за што яе так, кот Базiлiо? - здзiўлена спытаў Бурацiна. - Вочы ж сляпыя, - адказаў кот, - здалося - гэта сабачаня на дрэве... Пайшлi яны ўтраiх па пыльнай дарозе. Лiсiца сказала: - Разумненькi, найразумненькi Бурацiна, хацеў бы ты, каб у цябе грошай стала ў дзесяць разоў больш? - Вядома, хачу! А як гэта робiцца? - Прасцей простага. Пойдзем з намi. - Куды? - У Краiну Дурняў. Бурацiна крыху падумаў. - Не, я ўжо лепей цяпер дадому пайду. - Калi ласка, мы цябе на вяроўцы не цягнем, - сказала лiсiца, - тым горш для цябе. - Тым горш для цябе, - прабурчаў кот. - Ты сам сабе вораг, - сказала лiсiца. - Ты сам сабе вораг, - прабурчаў кот. - А то б твае пяць залатых ператварылiся ў кучу грошай... Бурацiна спынiўся, разявiў рот... - Хлусiш! Лiсiца села на хвост, аблiзнулася: - Я табе зараз растлумачу. У Краiне Дурняў ёсць чароўнае поле, называецца Поле Цудаў... На гэтым полi выкапай ямку, скажы тры разы: "Крэкс, фэкс, пэкс", пакладзi ў ямку залаты, засып зямлёй, зверху пасып соллю, палi як след вадой i iдзi спаць. Да ранiцы з ямкi вырасце невялiкае дрэўца, на iм замест лiсця будуць вiсець залатыя манеты. Зразумеў? Бурацiна ажно падскочыў. - Хлусiш! - Хадзем, Базiлiо, - пакрыўджана зморшчыўшы нос, сказала лiсiца, - нам не вераць - i не трэба... - Не, не, - закрычаў Бурацiна, - веру, веру!.. Хадземце хутчэй у Краiну Дурняў!.. У харчэўнi "Трох печкуроў" Бурацiна, лiсiца Алiса i кот Базiлiо спусцiлiся з гары i iшлi, iшлi - праз палi, вiнаграднiкi, праз сасновы бор, выйшлi да мора i зноў павярнулi ад мора, праз той жа бор, вiнаграднiкi... Гарадок на ўзгорку i сонца над iм паказвалiся то справа, то злева... Лiсiца Алiса гаварыла, уздыхаючы: - Ах, не так гэта лёгка трапiць у Краiну Дурняў, усе лапы сатрэш... Пад вечар яны ўбачылi збоку ад дарогi стары дом з плоскiм дахам i з шыльдай над уваходам: харчэўня "Трох печкуроў". Гаспадар выбег насустрач гасцям, сарваў з лысай галавы шапачку i нiзка кланяўся, просячы зайсцi. - Не шкодзiла б нам падсiлкавацца хоць сухой скарыначкай, - сказала лiсiца. - Хоць скарыначкай хлеба пачаставалi б, - паўтарыў кот. Зайшлi ў харчэўню, селi каля камiнка, дзе на ражнах i скавародках смажылася ўсялякая ўсялячына. Лiсiца ўвесь час аблiзвалася, кот Базiлiо паклаў лапы на стол, вусатую морду - на лапы, утаропiўся на яду. - Гэй, гаспадар, - важна сказаў Бурацiна, - дайце нам тры скарыначкi хлеба... Гаспадар ледзь не ўпаў нiцма ад здзiўлення, што такiя паважаныя госцi так мала патрабуюць. - Вясёленькi, дасцiпненькi Бурацiна жартуе з вамi, гаспадар, - захiхiкала лiсiца. - Ён жартуе, - буркнуў кот. - Дайце тры скарыначкi хлеба i да iх - вунь таго цудоўна засмажанага баранчыка, - сказала лiсiца, - i яшчэ тое гусяня, ды два галубы на ражончыку, ды, бадай-што, яшчэ пячоначкi... - Шэсць штук самых тлустых карасёў, - загадаў кот, - i дробнай рыбы сырой на закуску. Карацей кажучы, яны ўзялi ўсё, што было на камiнку; для Бурацiна засталася адна скарыначка хлеба. Лiсiца Алiса i кот Базiлiо з'елi ўсё разам з касцямi. Жываты ў iх надзьмулiся, морды заблiшчалi. - Адпачнем гадзiнку, - сказала лiсiца, - а роўна апоўначы выйдзем. Не забудзьце нас пабудзiць, гаспадар... Лiсiца i кот развалiлiся на двух мяккiх ложках, захраплi i засвiсталi. Бурацiна прыкархнуў у кутку на сабачай падсцiлцы... Яму снiлася дрэўца з кругленькiмi залатымi лiстамi... Толькi ён працягнуў руку... - Гэй, сiньёр Бурацiна, пара, поўнач ужо... У дзверы стукалi. Бурацiна ўсхапiўся, працёр вочы. На ложку - нi ката, нi лiсiцы, - пуста. Гаспадар растлумачыў яму: - Вашы паважаныя сябры мелi ласку раней устаць, падсiлкавалiся халодным пiрагом i пайшлi... - Мне нiчога не загадалi перадаць? - Вельмi нават загадалi, - каб вы, сiньёр Бурацiна, не трацячы нi хвiлiны, беглi па дарозе да лесу... Бурацiна кiнуўся да дзвярэй, але гаспадар стаў на парозе, прыжмурыўся, упёр рукi ў бокi: - А за вячэру хто будзе плацiць? - Ой, - пiскнуў Бурацiна, - колькi? - Роўна адзiн залаты... Бурацiна адразу ж хацеў прашмыгнуць мiма яго ног, але гаспадар схапiў ражон, - шчацiнiстыя вусы, нават валасы над вушамi ў яго сталi дыбам. - Плацi, нягоднiк, а не - дык праткну цябе, як жука! Давялося заплацiць адзiн залаты з пяцi. Пашмыгваючы ад такой крыўды, Бурацiна пакiнуў праклятую харчэўню. Ноч была цёмная, - гэтага мала - чорная, як сажа. Усё навокал спала. Толькi над галавой Бурацiна нячутна лятала начная птушка Сплюшка. Закранаючы мяккiм крылом яго нос, Сплюшка паўтарала: - Не вер, не вер, не вер! Ён са злосцю спынiўся: - Чаго табе? - Не вер кату i лiсiцы... - Ды ну цябе!.. Ён пабег далей i чуў, як Сплюшка стракатала наўздагон: - Бойся разбойнiкаў на гэтай дарозе... На Бурацiна нападаюць разбойнiкi На ўскрайку неба з'явiлася зеленаватае святло, - узыходзiў месяц. Наперадзе паказаўся чорны лес. Бурацiна пайшоў хутчэй. Хтосьцi ззаду за iм таксама пайшоў хутчэй. Ён кiнуўся бегчы. Хтосьцi бег за iм следам бясшумнымi скачкамi. Ён азiрнуўся. Яго даганялi двое, - на галовах у iх былi надзеты мяшкi з прарэзанымi дзiркамi для вачэй. Адзiн, нiжэйшы ростам, размахваў нажом, другi, вышэйшы, трымаў пiсталет, у якога дула пашыралася, як лейка... - Ай-ай! - запiшчаў Бурацiна i, як заяц, кiнуўся да чорнага лесу. - Стой, стой! - крычалi разбойнiкi. Бурацiна, хоць i быў страшэнна перапалоханы, усё ж здагадаўся, - сунуў у рот чатыры залатыя манеты i звярнуў з дарогi да агароджы, якая зарасла ажынай... Але тут двое разбойнiкаў схапiлi яго... - Кашалёк або жыццё! Бурацiна, нiбы не разумеючы, чаго ад яго хочуць, толькi часта-часта дыхаў носам. Разбойнiкi трэслi яго за каршэнь, адзiн пагражаў пiсталетам, другi абшукваў кiшэнi. - Дзе твае грошы? - роў высокi. - Грошы, паршшшывец! - шыпеў нiзенькi. - Разарву на шматкi! - Галаву адгрызу! Тут Бурацiна ад страху так затросся, што залатыя манеты зазвiнелi ў яго ў роце. - Вось дзе ў яго грошы! - завылi разбойнiкi. - У роце ў яго грошы... Адзiн схапiў Бурацiна за галаву, другi - за ногi. Пачалi яго падкiдаць. Але ён толькi мацней сцiскаў зубы. Перавярнуўшы яго дагары нагамi, разбойнiкi стукалi яго галавой аб зямлю. Але i гэта яму было хоць бы што. Разбойнiк, той, што нiжэйшы, пачаў шырокiм нажом разнiмаць яму зубы. Вось-вось ужо i разняў... Бурацiна злаўчыўся - з усяе сiлы ўкусiў яго за руку... Але гэта была не рука, а кацiная лапа. Разбойнiк дзiка завыў. Бурацiна ў гэты час выкруцiўся, як яшчарка, кiнуўся да агароджы, нырнуў у калючую ажыну, пакiнуўшы на калючках шматкi штонiкаў i куртачкi, пералез на той бок i памчаўся да лесу. На ўзлессi разбойнiкi зноў дагналi яго. Ён падскочыў, схапiўся за галiну i палез на дрэва. Разбойнiкi - за iм. Але iм замiналi мяшкi на галовах. Ускарабкаўшыся на верхавiну, Бурацiна разгойдаўся i пераскочыў на суседняе дрэва. Разбойнiкi - за iм... Але абодва тут жа сарвалiся i грымнулiся вобземлю. Пакуль яны кракталi i чухалiся, Бурацiна саслiзнуў з дрэва i кiнуўся бегчы, так хутка перабiраючы нагамi, што iх нават не вiдаць было. Ад месяца дрэвы адкiдвалi доўгiя ценi. Увесь лес быў паласаты... Бурацiна то знiкаў у ценi, то белы каўпачок яго мiльгаў у святле месяца. Так ён дабраўся да возера. Над люстранай вадой вiсеў месяц, як у тэатры лялек. Бурацiна кiнуўся ўправа - гразка. Улева - гразка... А ззаду зноў затрашчала сучча... - Трымай, трымай яго!.. Разбойнiкi падбягалi ўжо, яны высока падскаквалi з мокрай травы, каб убачыць Бурацiна. - Вось ён. Яму заставалася толькi кiнуцца ў ваду. У гэты час ён убачыў белага лебедзя, якi спаў каля берага, засунуўшы галаву пад крыло. Бурацiна кiнуўся ў азярцо, даў нырца i схапiў лебедзя за лапы. - Го-го, - загагатаў лебедзь, прачынаючыся, - што за непрыстойныя жарты! Пакiньце мае лапы ў спакоi! Лебедзь распасцёр вялiзныя крылы, i ў той час, калi разбойнiкi ўжо хапалi Бурацiна за ногi, што тырчалi з вады, лебедзь паважна паляцеў цераз возера. На тым беразе Бурацiна выпусцiў яго лапы, пляснуўся, усхапiўся i па мохавых купiнах, праз чарот кiнуўся бегчы проста да вялiкага месяца - над узгоркамi. Разбойнiкi вешаюць Бурацiна на дрэва Ад стомленасцi Бурацiна ледзь перастаўляў ногi, як муха восенню на падаконнiку. Раптам праз галiнкi арэшнiку ён убачыў прыгожую палянку i пасярод яе маленькi, асветлены месяцам домiк на чатыры акенцы. На аканiцах намаляваны сонца, месяц i зоркi. Навокал раслi вялiкiя блакiтныя кветкi. Дарожкi пасыпаны чыстым пясочкам. З фантана бiў тоненькi струмень вады, у iм падскакваў паласаты мячык. Бурацiна рачком узлез на ганак. Пастукаў у дзверы. У домiку было цiха. Ён пастукаў гучней, - мабыць, там моцна спалi. У гэты час з лесу зноў выскачылi разбойнiкi. Яны пераплылi возера, вада лiлася з iх ручаямi. Убачыўшы Бурацiна, нiзенькi разбойнiк агiдна зашыпеў па-кацiнаму, высокi заяхкаў па-лiсiнаму... Бурацiна грукаў у дзверы рукамi i нагамi: - Памажыце, памажыце, людзi добрыя!.. Тады ў акенца высунулася кучаравая прыгожанькая дзяўчынка з прыгожанькiм кiрпатым носiкам. Вочы ў яе былi заплюшчаны. - Дзяўчынка, адчынiце дзверы, за мною гоняцца разбойнiкi! - Ах, якое глупства! - сказала дзяўчынка, пазяхаючы прыгожанькiм ротам. Я хачу спаць, я не магу расплюшчыць вачэй... Яна ўзняла рукi, сонна пацягнулася i знiкла ў акне. Бурацiна ў роспачы ўпаў носам у пясок i прыкiнуўся мёртвым. Разбойнiкi падбеглi да яго: - Ага, цяпер ад нас не ўцячэш!.. Цяжка ўявiць, чаго толькi яны не выраблялi, каб прымусiць Бурацiна разявiць рот. Калi б у час пагонi яны не згубiлi нажа i пiсталета, - на гэтым месцы i можна было б скончыць расказ пра няшчаснага Бурацiна. Нарэшце разбойнiкi вырашылi яго павесiць унiз галавой. Прывязалi да ног вяроўку, i Бурацiна павiснуў на дубовай галiне... Яны селi пад дубам, выцягнуўшы мокрыя хвасты, i чакалi, калi ў яго вываляцца з рота залатыя манеты... На свiтаннi ўзняўся вецер, зашумелi на дубе лiсты. Бурацiна гойдаўся, як дзеравячка. Разбойнiкам надакучыла сядзець на мокрых хвастах... - Павiсi, дружа, да вечара, - сказалi яны злавесна i пайшлi шукаць якую-небудзь прыдарожную харчэўню. Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi выратоўвае Бурацiна За галiнамi дуба, дзе вiсеў Бурацiна, пачынала свiтаць. Трава на палянцы зрабiлася шызай, блакiтныя кветкi пакрылiся кропелькамi расы. Дзяўчынка з кучаравымi блакiтнымi валасамi зноў высунулася ў акенца, працерла i шырока расплюшчыла заспаныя прыгожанькiя вочы. Гэтая дзяўчынка была самай прыгожай лялькай з тэатра лялек сiньёра Карабаса Барабаса. Не маючы сiлы цярпець грубыя выхадкi гаспадара, яна ўцякла з тэатра i пасялiлася ў адзiнокiм домiку на шызай палянцы. Звяры, птушкi i некаторыя з казюлек вельмi палюбiлi яе, - мабыць, таму, што яна была выхаваная i лагодная дзяўчынка. Звяры прыносiлi ёй усё, што патрэбна для жыцця. Крот прыносiў спажыўныя карэннi. Мышы - цукар, сыр i кавалачкi каўбасы. Высакародны сабака - пудзель Артамон - прыносiў булкi. Сарока крала для яе на рынку шакаладныя цукеркi ў сярэбраных паперках. Жабы прыносiлi ў арэхавых шкарлупiнах лiманад. Коршак - смажаную дзiчыну. Хрушчы - розныя ягады. Матылькi - пылок з кветак - пудрыцца. Вусенi - пасту для чысткi зубоў i змазвання рыпучых дзвярэй. Ластаўкi знiшчалi паблiзу дома восаў i камароў... Дык вось, расплюшчыўшы вочы, дзяўчынка з блакiтнымi валасамi адразу ж убачыла Бурацiна, якi вiсеў унiз галавой. Яна прыклала далонi да шчок i крыкнула: - Ах, ах, ах! Пад акном, матляючы вушамi, з'явiўся высакародны пудзель Артамон. Ён толькi што абстрыг сабе заднюю палавiну тулава, што рабiў кожны дзень. Кучаравая поўсць на пярэдняй палавiне тулава была расчасана, кутасiк на канцы хваста перавязаны чорным бантам. На пярэдняй лапе - сярэбраны гадзiннiк. - Я гатоў! Артамон павярнуў убок нос i прыўзняў верхнюю губу над белымi зубамi. - Паклiч каго-небудзь, Артамон! - сказала дзяўчынка. - Трэба зняць небараку Бурацiна, перанесцi ў дом i запрасiць доктара... - Гатоў! Артамон ад гатоўнасцi так закруцiўся, што сыры пясок паляцеў з-пад яго заднiх лап... Ён кiнуўся да мурашнiка, брэхам пабудзiў усё насельнiцтва i паслаў чатырыста мурашак - перагрызцi вяроўку, на якой вiсеў Бурацiна. Чатырыста сур'ёзных мурашак папаўзлi адна за адной па вузенькай сцяжынцы, залезлi на дуб i перагрызлi вяроўку. Артамон падхапiў пярэднiмi лапамi Бурацiна i занёс яго ў дом... Паклаўшы Бурацiна на ложак, сабачым галопам памчаўся ў лясны зараснiк i адразу ж прывёў адтуль славутага доктара Саву, фельчарыцу Жабу i народнага лекара Багамола, падобнага на сухi сучок. Сава прыклала вуха да грудзей Бурацiна. - Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы, - прашаптала яна i адвярнула галаву назад на сто восемдзесят градусаў. Жаба доўга цiскала вiльготнай лапай Бурацiна. У роздуме глядзела вытрашчанымi вачыма адразу ў розныя бакi. Прачаўкала вялiкiм ротам: - Пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы... Народны лекар Багамол сухiмi, як травiнкi, рукамi пачаў кратаць Бурацiна. - Адно з двух, - прашапацеў ён, - або пацыент жывы, або ён памёр. Калi ён жывы - ён застанецца жывым або ён не застанецца жывым. Калi ён мёртвы - яго можна ажывiць або нельга ажывiць. - Шшшарлатанства, - сказала Сава, узмахнула мяккiмi крыламi i паляцела на цёмныя вышкi. У Жабы ад злосцi надзьмулiся ўсе бародаўкi. - Якое брррыдкае невуцтва! - квакнула яна i, шлёпаючы жыватом, паскакала ў сыры склеп. Лекар Багамол на ўсякi выпадак прыкiнуўся высахлым сучком i вывалiўся за акенца. Дзяўчынка пляснула прыгожанькiмi рукамi: - Ну як жа мне яго лячыць, грамадзяне? - Рыцынай, - квакнула Жаба з-пад падлогi. - Рыцынай! - пагардлiва зарагатала Сава на вышках. - Або рыцынай, або не рыцынай, - праскрыгатаў за акном Багамол. Тады падрапаны, у сiняках, няшчасны Бурацiна прастагнаў: - Не трэба рыцыны, я вельмi добра сябе адчуваю. Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi клапатлiва нахiлiлася над iм. - Бурацiна, прашу цябе - зажмурся, заткнi нос i выпi. - Не хачу, не хачу, не хачу!.. - Я табе дам драбок цукру!.. У той жа момант па коўдры на ложак узлезла белая мыш, яна трымала драбок цукру. - Ты яго атрымаеш, калi будзеш мяне слухацца, - сказала дзяўчынка. - Адзiн цууууукар дайце... - Ды зразумей жа, - калi не вып'еш лекаў, ты можаш памерцi... - Лепш памру, чым пiць рыцыну... Тады дзяўчынка сказала строга, дарослым голасам: - Заткнi нос i глядзi ў столь... Раз, два, тры. Яна ўлiла рыцыну ў рот Бурацiна, адразу ж сунула яму драбок цукру i пацалавала. - Вось i ўсё... Высакародны Артамон, якi любiў усё, што добра канчалася, схапiў зубамi свой хвост, круцiўся пад акном, як вiхор з тысячы лап, тысячы вушэй, тысячы блiскучых вачэй. Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi хоча выхоўваць Бурацiна Назаўтра ранiцай Бурацiна прачнуўся вясёлы i здаровы, нiбы нiчога не здарылася. Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi чакала яго ў садзе, седзячы за маленькiм сталом, застаўленым лялечнай пасудай. Яе твар быў свежа вымыты, на кiрпатым носiку i шчоках - кветкавы пылок. Чакаючы Бурацiна, яна з прыкрасцю адмахвалася ад надакучлiвых матылькоў: - Ды ну вас, сапраўды... Акiнула вачыма драўлянага хлапчука з галавы да ног, зморшчылася. Загадала яму сесцi за стол i налiла ў маленькi кубачак какавы. Бурацiна сеў за стол, заклаў пад сябе нагу. Мiндальныя пiрожныя ён запiхваў у рот цалкам i глытаў не жуючы. У вазу з варэннем залез проста пальцамi i з асалодай iх аблiзваў. Калi дзяўчынка адвярнулася, каб кiнуць некалькi крошак пажылому жужалю, ён схапiў кафейнiк i выпiў усю какаву праз носiк. Папярхнуўся, разлiў какаву на абрус. Тады дзяўчынка сказала яму строга: - Выцягнiце з-пад сябе нагу i апусцiце яе пад стол. Не ежце рукамi, для гэтага ёсць лыжкi i вiдэльцы. Ад абурэння яна мiргала вейкамi. - Хто вас выхоўвае, скажыце, калi ласка? - Калi тата Карла выхоўвае, а калi нiхто. - Цяпер я займуся вашым выхаваннем, будзьце спакойны. "Вось дык улiп!" - падумаў Бурацiна. На траве вакол дома ганяўся пудзель Артамон за маленькiмi птушачкамi. Калi яны садзiлiся на дрэвы, ён задзiраў галаву, падскакваў i брахаў з падвываннем. "Здорава птушак ганяе", - з зайздрасцю падумаў Бурацiна. Ад прыстойнага сядзення за сталом у яго па ўсiм целе паўзлi мурашкi. Нарэшце пакутлiвае снеданне скончылася. Дзяўчынка загадала яму выцерцi з носа какаву. Паправiла складачкi i банцiкi на сукенцы, узяла Бурацiна за руку i павяла ў дом - займацца выхаваннем. А вясёлы пудзель Артамон гойсаў па траве i брахаў, птушкi, нiколькi не баючыся яго, весела свiсталi, ветрык весела лятаў над дрэвамi. - Здымiце вашы лахманы, вам дадуць прыстойную куртку i штонiкi, - сказала дзяўчынка. Чацвёра краўцоў - майстар-адзiночка, пануры рак Шаптала, шэры Дзяцел з чубком, вялiкi жук Рагач i мыш Лiзета - шылi са старых дзявочых сукенак прыгожы хлапчукоўскi касцюм. Шаптала кроiў, Дзяцел дзюбай пратыкаў дзiркi i шыў, Рагач заднiмi нагамi сукаў нiткi, Лiзета iх перагрызала. Бурацiна было сорамна надзяваць дзявочыя абноскi, але прыйшлося ўсё-такi пераадзецца. Сапучы носам, ён схаваў у кiшэню новай курткi чатыры залатыя манеты. - Цяпер сядзьце, пакладзiце рукi перад сабой. Не горбiцеся, - сказала дзяўчынка i ўзяла кавалачак крэйды. - Мы зоймемся арыфметыкай... У вас у кiшэнi два яблыкi... Бурацiна хiтра падмiргнуў. - Хлусiце, нiводнага... - Я кажу, - цярплiва паўтарыла дзяўчынка, - дапусцiм, што ў вас у кiшэнi два яблыкi. Нехта ўзяў у вас адзiн яблык. Колькi ў вас засталося яблыкаў? - Два. - Падумайце як след. Бурацiна зморшчыўся, - гэтак здорава падумаў. - Два... - Чаму? - Я ж не аддам Нехту яблык, хоць ён нават бiцца будзе! - У вас няма нiякiх здольнасцей да матэматыкi, - з засмучэннем сказала дзяўчынка. - Зоймемся дыктантам. Яна ўзняла да столi прыгожанькiя вочы. - Пiшыце: "А ружа упала на лапу Ажура". Напiсалi? Цяпер прачытайце гэтую чараўнiчую фразу наадварот. Нам ужо вядома, што Бурацiна нiколi нават не бачыў пяра i чарнiлiцы. Дзяўчынка сказала: "Пiшыце", - i ён адразу ж сунуў у чарнiлiцу свой нос i страшэнна напалохаўся, калi з носа на паперу ўпала чарнiльная клякса. Дзяўчынка пляснула рукамi, у яе нават пырснулi слёзы. - Вы брыдкi свавольнiк, вы павiнны быць пакараны! Яна высунулася ў акенца. - Артамон, завядзi Бурацiна ў цёмную каморку. Высакародны Артамон з'явiўся ў дзвярах, паказваючы белыя зубы. Схапiў Бурацiна за куртачку i, адступаючы задам, пацягнуў у каморку, дзе па кутках у павуцiннi вiселi вялiкiя павукi. Замкнуў яго там, пагыркаў, каб як след напалохаць, i зноў памчаўся за птушкамi. Дзяўчынка кiнулася на лялечны карункавы ложак i заплакала ад таго, што ёй давялося абысцiся так жорстка з драўляным хлопчыкам. Але калi ўжо ўзялася за выхаванне, справу трэба давесцi да канца. Бурацiна бурчаў у цёмнай каморцы: - Вось дурная дзяўчынка... Знайшлася выхавальнiца, падумаеш... У самой фарфоравая галава, тулава, ватай напханае... У каморцы пачуўся тоненькi скрып, нiбы хтосьцi скрыгатаў дробнымi зубамi: - Слухай, слухай... Бурацiна падняў запэцканы ў чарнiла нос i ў цемры распазнаў кажана, якi вiсеў пад столлю ўнiз галавой. - Табе чаго? - Дачакайся ночы, Бурацiна. - Цiшэй, цiшэй, - шамацелi павукi па кутках, - не гайдайце нашых сетак, не адпужвайце нашых мушак... Бурацiна сеў на пабiты гаршчок, падпёр шчаку. Ён трапляў у перапалкi i горшыя за гэтую, але абурала несправядлiвасць: - Хiба так выхоўваюць дзяцей?.. Гэта пакута, а не выхаванне... Гэтак не сядзi ды гэтак не еш... Дзiця, можа, яшчэ буквара не засвоiла, - яна адразу за чарнiлiцу хапаецца... А сабака нябось ганяецца за птушкамi, - яму нiчога... Кажан зноў запiшчаў: - Дачакайся ночы, Бурацiна, я цябе павяду ў Краiну Дурняў, там чакаюць цябе сябры - кот i лiсiца, шчасце i весялосць. Чакай ночы. Бурацiна трапляе ў Краiну Дурняў Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi падышла да дзвярэй каморкi. - Бурацiна, дружа мой, вы каецеся нарэшце? Ён быў вельмi сярдзiты, да таго ж у яго зусiм iншае было ў галаве. - Вельмi трэба мне каяцца! Не дачакаецеся... - Тады вам давядзецца праседзець у каморцы да ранiцы... Дзяўчынка горка ўздыхнула i пайшла. Настала ноч. Сава зарагатала на вышках. Жаба выпаўзла з-пад падлогi, каб шлёпаць жыватом па адбiтках месяца ў лужынах. Дзяўчынка легла спаць у карункавы ложачак i доўга з жалем усхлiпвала, засынаючы. Артамон, уткнуўшы нос пад хвост, спаў каля дзвярэй яе спальнi. У домiку гадзiннiк з маятнiкам прабiў поўнач. Кажан сарваўся са столi. - Пара, Бурацiна, уцякай! - пiскнуў яму над вухам. - У кутку каморкi ёсць пацучыны ход пад падлогу... Чакаю цябе на палянцы... Кажан вылецеў праз дахавае акно. Бурацiна кiнуўся ў куток каморкi, блытаючыся ў павуцiннi. Услед яму злосна шыпелi павукi. Ён папоўз пацучыным ходам пад падлогу. Ход быў усё вузейшы i вузейшы. Бурацiна цяпер ледзь пралазiў пад зямлёй... I раптам галавой унiз паляцеў пад падлогу. Там ён ледзь не трапiў у пацучыную пастку, наступiў на хвост вужу, якi толькi што напiўся малака са збанка ў сталовай, i праз кашэчы лаз выскачыў на палянку. Над блакiтнымi кветкамi бясшумна лятаў кажан. - За мной, Бурацiна, у Краiну Дурняў! У кажаноў няма хваста, таму кажан лятае не проста, як птушка, а ўверх i ўнiз - на перапончатых крылах, уверх i ўнiз, падобны на чорцiка; рот у яго заўсёды адкрыты, каб, не трацячы часу, па дарозе лавiць, кусаць, глытаць жыўцом камароў i начных матылькоў. Бурацiна бег за iм па шыю ў траве, мокрая дзяцелiна хвастала яго па шчоках. Раптам кажан высока рвануўся да круглага месяца i адтуль крыкнуў камусьцi: - Прывёў! Бурацiна адразу ж кулём паляцеў унiз з крутога абрыву. Кацiўся, кацiўся i шлёпнуўся ў лопух. Падрапаны, поўны рот пяску, з вылупленымi вачыма, сеў. - Ух, ты!.. Перад iм стаялi кот Базiлiо i лiсiца Алiса. - Смеленькi, адважненькi Бурацiна, мабыць, звалiўся з месяца, - сказала лiсiца. - Дзiўна, як ён жывы застаўся, - панура сказаў кот. Бурацiна ўзрадаваўся старым знаёмым, хоць яму здалося падазроным, што ў ката перавязана анучай правая лапа, а ў лiсiцы ўвесь хвост запэцканы балотнай тванню. - Не было шчасця, дык няшчасце памагло, - сказала лiсiца, - затое ты трапiў у Краiну Дурняў... I яна лапай паказала на паламаны мост цераз высахлы ручай. На тым баку ручая сярод кучаў смецця вiдаць былi старэнькiя домiкi, чэзлыя дрэвы з абламаным галлём i званiцы, пахiленыя ў розныя бакi... - У гэтым горадзе прадаюцца славутыя курткi на заечым футры для таты Карла, - аблiзваючыся, спявала лiсiца, - азбукi з каляровымi малюнкамi... Ах, якiя прадаюцца салодкiя пiражкi i ледзянцовыя пеўнiкi на палачках! Ты ж не згубiў яшчэ сваiх грошай, цудоўненькi Бурацiна? Лiсiца Алiса памагла яму ўстаць на ногi, наслiнiўшы лапу, пачысцiла яму куртачку i павяла цераз паламаны мост. Кот Базiлiо панура клыпаў ззаду. Была ўжо сярэдзiна ночы, але ў Горадзе Дурняў нiхто не спаў. Па крывой гразкай вулiцы бадзялiся худыя сабакi ў калючках, пазяхалi ад голаду: - Э-хе-хе... Козы з абшарпанай шэрсцю на баках скублi запыленую траву каля тратуара, трэслi агрызкамi хвастоў. - Б-э-э-э-э-так... Апусцiўшы галаву, стаяла карова; у яе косцi тырчалi скрозь скуру. - Мууучэнне... - паўтарала яна задуменна. На камяках гразi сядзелi аскубеныя вераб'i, - яны не ўзляталi - хоць тапчы iх нагамi... Хiсталiся ад знямогi куры з выдранымi хвастамi... Затое на скрыжаваннях стаялi навыцяжку лютыя бульдогi-палiцэйскiя ў трыкутных капелюшах i ў калючых нашыйнiках. Яны крычалi на галодных i шалудзiвых жыхароў: - Пррраходзь! Тррымай прррава! Не затрррымлiвайся!.. Лiсiца цягнула Бурацiна далей па вулiцы. Яны ўбачылi сытых катоў у залатых акулярах, якiя гулялi пры святле месяца па тратуары, пад ручку з кошкамi ў каптурыках. Гуляў тоўсты Лiс - губернатар гэтага горада, важна задраўшы нос, i з iм фанабэрыстая лiсiца, якая трымала ў лапе кветку начной фiялкi. Лiсiца Алiса шапнула: - Гэта гуляюць тыя, хто пасеяў грошы на Полi Цудаў... Сёння апошняя ноч, калi можна сеяць. К ранiцы збярэш кучу грошай i накупляеш усялякай усялячыны... Хадзем хутчэй... Лiсiца i кот прывялi Бурацiна на пустку, дзе валялiся пабiтыя гаршкi, падраныя чаравiкi, дзiравыя галёшы i анучы... Перабiваючы адзiн аднаго, залапаталi: - Капай ямку. - Кладзi залатыя. - Пасып соллю. - Зачарпнi з лужыны, палi як след. - Ды не забудзься сказаць "крэкс, фэкс, пэкс". Бурацiна пачухаў нос, запэцканы ў чарнiла. - А вы адыдзiце ўсё-такi далей... - Божа мой, ды мы i глядзець не хочам, дзе ты закапаеш грошы, - сказала лiсiца. - Божа збаў, - сказаў кот. Яны адышлiся трошкi i схавалiся за кучай смецця. Бурацiна выкапаў ямку. Сказаў тры разы шэптам: "Крэкс, фэкс, пэкс", паклаў у ямку чатыры залатыя манеты, засыпаў, з кiшэнi дастаў жменьку солi, пасыпаў зверху. Набраў з лужыны прыгаршчы вады, палiў. I сеў чакаць, калi вырасце дрэва... Палiцэйскiя хапаюць Бурацiна i не даюць яму сказаць нiводнага слова ў сваё апраўданне Лiсiца Алiса думала, што Бурацiна пойдзе спаць, а ён усё сядзеў на кучы смецця, цярплiва выцягнуўшы нос. Тады Алiса загадала кату застацца вартаваць, а сама пабегла ў блiжэйшае палiцэйскае аддзяленне. Там, у накураным пакоi, за сталом, закапаным чарнiлам, густа хроп дзяжурны бульдог. Лiсiца галасочкам, поўным самага добрага намеру, сказала яму: - Пане мужны дзяжурны, цi нельга затрымаць аднаго беспрытульнага зладзюжку? Страшэнная небяспека пагражае ўсiм багаценькiм i паважаненькiм грамадзянам гэтага горада. Спрасонку дзяжурны бульдог так гыркнуў, што пад лiсiцай ад страху расплылася лужынка. - Крррасцi! Гам! Лiсiца растлумачыла, што небяспечны зладзюжка - Бурацiна - заўважаны на пустцы. Дзяжурны, усё яшчэ гыркаючы, пазванiў. Уварвалiся два доберманы-пiнчэры, сышчыкi, якiя нiколi не спалi, нiкому не верылi i нават самiх сябе падазравалi ў злачынных намерах. Дзяжурны загадаў iм даставiць небяспечнага злачынцу жывым або мёртвым у аддзяленне. Сышчыкi адказалi коратка: - Цяў! I памчалiся на пустку асаблiвым хiтрым галопам, заносячы заднiя ногi ўбок. Апошнiя сто крокаў яны паўзлi на жыватах i адразу кiнулiся на Бурацiна, схапiлi яго пад пахi i пацягнулi ў аддзяленне. Бурацiна дрыгаў нагамi, упрошваў сказаць - за што? за што? Сышчыкi адказвалi: - Там разбяруцца... Лiсiца i кот, не трацячы часу, выкапалi чатыры залатыя манеты. Лiсiца так спрытна пачала дзялiць грошы, што ў ката апынулася адна манета, а ў яе - тры. Кот моўчкi ўчапiўся кiпцюрамi ёй у морду. Лiсiца моцна абхапiла яго лапамi. I яны абое некаторы час качалiся клубком па пустцы. Кацiная i лiсiная поўсць ляцела клоччам пры святле месяца. Абадраўшы адзiн аднаму бакi, яны падзялiлi манеты папалам i ў тую ж ноч знiклi з горада. Тым часам сышчыкi прывялi Бурацiна ў аддзяленне. Дзяжурны бульдог вылез з-за стала i сам абшукаў яго кiшэнi. Не знайшоўшы нiчога, апрача кавалачка цукру i крошак мiндальнага пiрожнага, дзяжурны люта засоп на Бурацiна: - Ты зрабiў тры злачынствы, нягоднiк: ты - беспрытульны, бяспашпартны i беспрацоўны. Завесцi яго за горад i ўтапiць у сажалцы. Сышчыкi адказалi: - Цяў! Бурацiна спрабаваў расказаць пра тату Карла, пра свае прыгоды. Усё дарэмна! Сышчыкi падхапiлi яго, галопам зацягнулi за горад i з моста кiнулi ў глыбокую брудную сажалку, поўную жаб, п'явак i лiчынак вадзянога жука. Бурацiна плюхнуўся ў ваду, i зялёная раска сышлася над iм. Бурацiна знаёмiцца з жыхарамi сажалкi, даведваецца аб прапажы чатырох залатых манет i атрымлiвае ад чарапахi Тарцiлы залаты ключык Не трэба забывацца, што Бурацiна быў драўляны i таму не мог утапiцца. Усё ж ён да таго напалохаўся, што доўга ляжаў на вадзе, увесь аблеплены зялёнай раскай. Вакол яго сабралiся жыхары сажалкi: усiм вядомыя сваёй дурнотай чорныя пузатыя апалонiкi, вадзяныя жукi з заднiмi лапамi, падобнымi на вёслы, п'яўкi, лiчынкi, якiя елi ўсё, што траплялася, нават самiх сябе, i, нарэшце, розныя дробныя iнфузорыi. Апалонiкi казыталi яго цвёрдымi губамi i з асалодай жавалi кутасiк на каўпачку. П'яўкi запаўзлi ў кiшэню куртачкi. Адзiн вадзяны жук некалькi разоў узлазiў на яго нос, якi высока тырчаў з вады, i адтуль кiдаўся ў ваду ластаўкай. Дробныя iнфузорыi, звiваючыся i таропка дрыжучы валаскамi, якiя замянялi iм рукi i ногi, спрабавалi падхапiць якую-небудзь спажыву, але самi траплялi ў рот лiчынкам вадзянога жука. Бурацiна гэта, нарэшце, надакучыла, ён заплюхаў пяткамi па вадзе: - Пайшлi прэч! Я вам не здохлая кошка. Жыхары сажалкi шмыгнулi хто куды. Ён перавярнуўся на жывот i паплыў. На круглых лiстах гарлачыкаў пры святле месяца сядзелi жабы з вялiкiмi ратамi, вылупленымi вачыма пазiралi на Бурацiна. - Нейкая каракацiца плыве, - квакнула адна. - Нос, як у бусла, - квакнула другая. - Гэта марская жаба, - квакнула трэцяя. Бурацiна, каб перадыхнуць, вылез на вялiкi лiст гарлачыка. Сеў на iм, шчыльна абхапiў каленi i сказаў, ляскаючы зубамi: - Усе хлопчыкi i дзяўчынкi напiлiся малака, спяць у цёплых ложках, адзiн я сяджу на мокрым лiсце... Дайце паесцi чаго-небудзь, жабы. Жабы, як вядома, вельмi халаднакроўныя. Але не варта думаць, што ў iх няма сэрца. Калi Бурацiна, дробна ляскаючы зубамi, пачаў расказваць пра свае няшчасныя прыгоды, жабы адна за адной падскочылi, мiльганулi заднiмi нагамi i нырнулi на дно сажалкi. Яны прынеслi адтуль здохлага жука, страказiнае крыльца, кавалачак тванi, зернетка ракавай iкры i некалькi гнiлых карэньчыкаў. Паклаўшы ўсе гэтыя прыдатныя для яды рэчы перад Бурацiна, жабы зноў ускочылi на лiсты гарлачыкаў i сядзелi, як каменныя, узняўшы галовы з вялiкiмi ратамi i вылупленымi вачыма. Бурацiна панюхаў, пакаштаваў жабiны пачастункi. - Мяне знудзiла, - сказаў ён, - якая брыда!.. Тады жабы зноў - усе адразу - боўтнулi ў ваду... Зялёная раска на паверхнi сажалкi загайдалася, i з'явiлася вялiкая, страшная змяiная галава. Яна паплыла да лiста, дзе сядзеў Бурацiна. У яго ўстаў дыбам кутасiк на каўпачку. Ён ледзь не звалiўся ў ваду ад страху. Але гэта была не змяя. Гэта была нiкому не страшная, пажылая чарапаха Тарцiла, з падслепаватымi вачыма. - Ах ты, бязмозглы, даверлiвы хлапчук з кароценькiмi думкамi! - сказала Тарцiла. - Сядзеў бы ты дома ды старанна вучыўся! Занесла цябе ў Краiну Дурняў. - Дык я ж хацеў здабыць чым болей залатых манет для таты Карла... Я надзвычччай добры i разважлiвы хлопчык... - Грошы твае ўкралi кот i лiсiца, - сказала чарапаха. - Яны прабягалi каля сажалкi, спынiлiся напiцца, i я чула, як яны хвалiлiся, што выкапалi твае грошы, i як пабiлiся за iх... Ах ты, бязмозглы, даверлiвы хлапчук з кароценькiмi думкамi!.. - Не лаяцца трэба, - прабурчаў Бурацiна, - тут памагчы трэба чалавеку... Што я цяпер буду рабiць? Ой-ой-ой!.. Як я вярнуся да таты Карла? Ай-ай-ай!.. Ён цёр кулакамi вочы i хныкаў так жаласна, што жабы раптам усе адразу ўздыхнулi: - Ух-ух... Тарцiла, памажы чалавеку. Чарапаха доўга пазiрала на месяц, штосьцi ўспамiнала... - Аднойчы я вось гэтак жа памагала аднаму чалавеку, а ён потым з маёй бабулi i майго дзядулi нарабiў чарапахавых грабянцоў, - сказала яна. I зноў доўга пазiрала на месяц. - Што ж, пасядзi тут, чалавечак, а я папоўзаю па дне, - можа, знайду адну карысную рэч. Яна ўцягнула змяiную галаву i паволi апусцiлася пад ваду. Жабы прашапталi: - Чарапаха Тарцiла ведае вялiкую таямнiцу. Мiнула шмат-шмат часу. Месяц ужо хаваўся за ўзгоркi... Зноў загайдалася зялёная раска, з'явiлася чарапаха, трымаючы ў роце маленькi залаты ключык. Яна паклала яго на лiст ля ног Бурацiна. - Бязмозглы, даверлiвы хлапчук з кароценькiмi думкамi, - сказала Тарцiла, - не бядуй, што лiсiца i кот укралi ў цябе залатыя манеты. Я даю табе гэты ключык. Яго ўпусцiў на дно сажалкi чалавек з барадой такой даўжынi, што ён яе запiхваў у кiшэню, каб яна не замiнала яму хадзiць. Ах, як ён прасiў, каб я адшукала на дне гэты ключык!.. Тарцiла ўздыхнула, памаўчала i зноў уздыхнула так, што з вады пайшлi бурбалкi. - Але я не памагла яму, я тады была вельмi злосная на людзей за маю бабулю i майго дзядулю, з якiх нарабiлi чарапахавых грабянцоў. Барадаты чалавек шмат расказваў пра гэты ключык, але я ўсё забылася. Памятаю толькi, што трэба адамкнуць iм нейкiя дзверы, i гэта прынясе шчасце... У Бурацiна закалацiлася сэрца, загарэлiся вочы. Ён адразу забыўся на ўсе свае няшчасцi. Выцягнуў з кiшэнi куртачкi п'явак, паклаў туды ключык, ветлiва падзякаваў чарапасе Тарцiле i жабам, кiнуўся ў ваду i паплыў да берага. Калi ён чорненькiм ценем паказаўся на краi берага, жабы вухнулi яму ўслед: - Бурацiна, не згубi ключык! Бурацiна ўцякае з Краiны Дурняў i сустракае таварыша па няшчасцю Чарапаха Тарцiла не паказала дарогi з Краiны Дурняў. Бурацiна бег куды вочы глядзяць. За чорнымi дрэвамi блiшчалi зоркi. Над дарогай звiсалi скалы. У цяснiне ляжала воблака туману. Раптам наперадзе Бурацiна заскакаў шэры камячок. Тут жа пачуўся сабачы брэх. Бурацiна прыцiснуўся да скалы. Мiма яго, сярдзiта сапучы насамi, прамчалiся два палiцэйскiя бульдогi з Горада Дурняў. Шэры камячок кiнуўся з дарогi ўбок - на адхон. Бульдогi - за iм. Калi тупат i брэх аддалiлiся, Бурацiна кiнуўся бегчы так шпарка, што зоркi хутка-хутка паплылi за чорнымi галiнамi. Раптам шэры камячок зноў пераскочыў дарогу. Бурацiна паспеў разгледзець, што гэта заяц, а на iм верхам, трымаючы яго за вушы, сядзiць бледны маленькi чалавечак. З адхону пасыпалiся каменьчыкi, - бульдогi ўслед за зайцам пераскочылi дарогу, i зноў усё зацiхла. Бурацiна бег так шпарка, што зоркi цяпер, як шалёныя, iмчалiся за чорнымi галiнамi. Трэцi раз шэры заяц пераскочыў дарогу. Маленькi чалавечак, зачапiўшыся галавой за галiну, скiнуўся з яго спiны i шлёпнуўся проста пад ногi Бурацiна. - Ррр-гаў! Трымай яго! - праскакалi ўслед за зайцам палiцэйскiя бульдогi: вочы iх былi так налiты злосцю, што не заўважылi нi Бурацiна, нi бледнага чалавечка. - Бывай, Мальвiна, бывай назаўсёды! - плаксiвым голасам прапiшчаў чалавечак. Бурацiна нахiлiўся над iм i са здзiўленнем убачыў, што гэта быў П'еро ў белай кашулi з доўгiмi рукавамi. Ён ляжаў галавой унiз у каляiне i, вiдаць, лiчыў сябе ўжо мёртвым i прапiшчаў загадкавую фразу: "Бывай, Мальвiна, бывай назаўсёды!" развiтваючыся з жыццём. Бурацiна пачаў яго трэсцi, пацягнуў за нагу, - П'еро не варушыўся. Тады Бурацiна знайшоў п'яўку, што завалялася ў кiшэнi, i прыставiў яе да носа чалавечка, якi ўжо не дыхаў. П'яўка, доўга не думаючы, цапнула яго за нос, П'еро шпарка сеў, закiваў галавой, адарваў п'яўку i прастагнаў: - Ах, я яшчэ жывы, як вiдаць! Бурацiна схапiў яго за шчокi, белыя, як зубны парашок, цалаваў, пытаўся: - Як ты сюды трапiў? Чаму ты iмчаўся верхам на шэрым зайцы? - Бурацiна, Бурацiна, - адказаў П'еро, палахлiва азiраючыся, - схавай мяне хутчэй... Гэта ж сабакi гналiся не за шэрым зайцам, яны гналiся за мною... Сiньёр Карабас Барабас ловiць мяне дзень i ноч. Ён наняў у Горадзе Дурняў палiцэйскiх сабак i пакляўся схапiць мяне жывым або мёртвым. Удалечынi зноў зацяўкалi сабакi. Бурацiна схапiў П'еро за рукаў i пацягнуў яго ў зараснiк мiмозы, усыпанай кветкамi ў выглядзе круглых жоўтых пахучых пухiркоў. Там, лежачы на прэлых лiстах, П'еро шэптам пачаў расказваць яму: - Разумееш, Бурацiна, аднойчы ноччу шумеў вецер, лiў дождж як з вядра... П'еро расказвае, якiм чынам ён, верхам на зайцы, трапiў у Краiну Дурняў - Разумееш, Бурацiна, аднойчы ноччу шумеў вецер, лiў дождж як з вядра. Сiньёр Карабас Барабас сядзеў каля камiнка i курыў люльку. Усе лялькi ўжо спалi. Я адзiн не спаў. Я думаў пра дзяўчынку з блакiтнымi валасамi... - Знайшоў пра каго думаць, вось дурань, - перабiў Бурацiна. - Я ўчора ўвечары ўцёк ад гэтай дзяўчынкi - з каморкi з павукамi... - Як! Ты бачыў дзяўчынку з блакiтнымi валасамi? Ты бачыў маю Мальвiну? - Падумаеш - дзiва! Плакса i прыставайла... П'еро ўсхапiўся, размахваючы рукамi. - Вядзi мяне да яе... Калi ты мне паможаш знайсцi Мальвiну, я табе адкрыю таямнiцу залатога ключыка... - Як! - закрычаў Бурацiна радасна. - Ты ведаеш таямнiцу залатога ключыка? - Ведаю, дзе ключык ляжыць, як яго дастаць, ведаю, што iм трэба адамкнуць адны дзверцы... Я падслухаў таямнiцу, i таму сiньёр Карабас Барабас шукае мяне з палiцэйскiмi сабакамi. Бурацiна страшэнна захацелася зараз жа пахвалiцца, што таямнiчы ключык ляжыць у яго ў кiшэнi. Каб не прагаварыцца, ён сцягнуў з галавы каўпачок i запхнуў яго ў рот. П'еро ўпрошваў весцi яго да Мальвiны. Бурацiна пры дапамозе пальцаў растлумачыў гэтаму дурылу, што зараз цёмна i небяспечна, а вось калi развiднее - яны пабягуць да дзяўчынкi. Прымусiўшы П'еро зноў схавацца пад кусты мiмозы, Бурацiна прамовiў шарсцяным голасам, паколькi рот яго быў заткнуты каўпачком: - Шашкажвай... - Дык вось, - аднойчы ноччу шумеў вецер... - Пра гэта ты ўжо шашкажваў... - Дык вось, - працягваў П'еро, - я, разумееш, не сплю i раптам чую: у акно нехта моцна пастукаў... Сiньёр Карабас Барабас забурчаў: "Каго гэта прынесла ў такое сабачае надвор'е?" - Гэта я - Дурамар, - адказалi за акном, - прадавец лячэбных п'явак. Дазвольце мне абсушыцца каля агню. Мне, разумееш, вельмi захацелася паглядзець, якiя бываюць прадаўцы лячэбных п'явак. Я цiхенька адхiнуў ражок фiранкi i прасунуў галаву ў пакой. I - бачу: Сiньёр Карабас Барабас падняўся з крэсла, наступiў, як заўсёды, на бараду, вылаяўся i адчынiў дзверы. Зайшоў цыбаты, мокры-мокры чалавек з маленькiм-маленькiм тварам, такiм зморшчаным, як грыб смарчок. На iм было старое зялёнае палiто, на папружцы вiселi абцугi, кручкi i шпiлькi. У руках ён трымаў бляшаную банку i сачок. - Калi ў вас балiць жывот, - сказаў ён, кланяючыся, нiбы спiна была ў яго зламана пасярэдзiне, - калi ў вас моцна балiць галава цi стукае ў вушах, я магу вам паставiць за вушы паўтузiна найлепшых п'явак. Сiньёр Карабас Барабас прабурчаў: - К чорту лысаму, нiякiх п'явак! Можаце сушыцца каля агню колькi ўлезе. Дурамар стаў спiнай да камiнка. Адразу ж ад яго зялёнага палiто пайшла пара i запахла тванню. - Дрэнна iдзе гандаль п'яўкамi, - сказаў ён зноў. - За кавалак халоднай свiнiны i шклянку вiна я гатовы вам прыставiць да сцягна тузiн цудоўных п'явачак, калi ў вас ламата ў касцях... - К чорту лысаму, нiякiх п'явак! - закрычаў Карабас Барабас. - Ежце свiнiну i пiце вiно. Дурамар пачаў есцi свiнiну, твар яго сцiскаўся i расцягваўся, як гумавы. Наеўшыся i напiўшыся, ён папрасiў на люльку тытуню. - Сiньёр, я сыты i сагрэты, - сказаў ён. - Каб заплацiць вам за вашу гасцiннасць, я вам адкрыю таямнiцу. Сiньёр Карабас Барабас пасоп люлькай i адказаў: - Ёсць толькi адна таямнiца на свеце, якую я хачу ведаць. На ўсё астатняе я пляваў i чхаў. - Сiньёр, - зноў сказаў Дурамар, - я ведаю вялiкую таямнiцу, яе паведамiла мне чарапаха Тарцiла. Пры гэтых словах Карабас Барабас вылупiў вочы, усхапiўся, заблытаўся ў барадзе, паляцеў проста на спалоханага Дурамара, прыцiснуў яго да жывата i зароў, як бугай: - Шаноўнейшы Дурамар, найдаражэйшы Дурамар, кажы, кажы хутчэй, што табе паведамiла чарапаха Тарцiла! Тады Дурамар расказаў яму наступную гiсторыю: "Я лавiў п'явак у адной бруднай сажалцы каля Горада Дурняў. За чатыры сольда ў дзень я наймаў аднаго беднага чалавека, - ён раздзяваўся, залазiў у сажалку па шыю i стаяў там, пакуль да яго голага цела не прысмоктвалiся п'яўкi. Тады ён выходзiў на бераг, я абiраў з яго п'явак i зноў пасылаў яго ў сажалку. Калi мы налавiлi такiм чынам колькi трэба было п'явак, з вады раптам паказалася змяiная галава. - Паслухай, Дурамар, - сказала галава, - ты перапалохаў усё насельнiцтва нашай цудоўнай сажалкi, ты каламуцiш ваду, ты не даеш мне спакойна адпачываць пасля снедання... Калi скончыцца гэты непарадак?.. Я ўбачыў, што гэта звычайная чарапаха, i, нiколькi не баючыся, адказаў: - Пакуль не вылаўлю ўсiх п'явак у вашай бруднай лужыне... - Я гатова адкупiцца ад цябе, Дурамар, каб ты пакiнуў у спакоi нашу сажалку i больш нiколi не прыходзiў. Тады я пачаў здзекавацца з чарапахi: - Ах ты, стары плывучы чамадан, дурная цётка Тарцiла, чым ты можаш ад мяне адкупiцца? Хiба сваёй касцяной чарапашынай, куды хаваеш лапы i галаву... Я прадаў бы тваю чарапашыну на грабеньчыкi... Чарапаха пазелянела ад злосцi i сказала мне: - На дне сажалкi ляжыць чароўны ключык... Я ведаю аднаго чалавека, - ён гатовы зрабiць усё на свеце, каб атрымаць гэты ключык..." Не паспеў Дурамар вымавiць гэтыя словы, як Карабас Барабас залямантаваў з усяе сiлы: - Гэты чалавек - я! я! я! Паважанейшы Дурамар, дык чаму ж ты не ўзяў у чарапахi ключык? - Вось яшчэ! - адказаў Дурамар i сабраў у маршчыны ўвесь твар, так што ён зрабiўся падобны на вараны смарчок. - Вось яшчэ! Прамяняць найцудоўнейшых п'явак на нейкi ключык... Карацей кажучы, мы пасварылiся з чарапахай, i яна, узняўшы з вады лапу, сказала: "- Прысягаю - нi ты i нiхто iншы не атрымае чароўнага ключыка. Яго атрымае толькi той чалавек, хто прымусiць усё насельнiцтва сажалкi прасiць мяне аб гэтым... З узнятай лапай чарапаха апусцiлася ў ваду". - Не трацячы нi хвiлiны, бегчы ў Краiну Дурняў! - закрычаў Карабас Барабас, паспешлiва засоўваючы канец барады ў кiшэню, хапаючы шапку i лiхтар. - Я сяду на беразе сажалкi. Я буду ласкава ўсмiхацца. Я буду прасiць i малiць жаб, апалонiкаў, вадзяных жукоў, каб яны прасiлi чарапаху... Я абяцаю iм паўтара мiльёна самых тлустых мух... Я буду рыдаць, як адзiнокая карова, стагнаць, як хворая курыца, плакаць, як кракадзiл. Я стану на каленi перад самым маленькiм жабянём... Ключык павiнен быць у мяне! Я пайду ў горад, я зайду ў адзiн дом, я прабяруся ў пакой пад лесвiцай... Я адшукаю маленькiя дзверцы, - мiма iх усе ходзяць, i нiхто не заўважае iх. Усаджу ключык у замочную шчылiну... - У гэты час, разумееш, Бурацiна, - расказваў П'еро, седзячы пад мiмозай на прэлых лiстах, - мне так стала цiкава, што я ўвесь высунуўся з-за фiранкi. Сiньёр Карабас Барабас убачыў мяне. - Ты падслухоўваеш, нягоднiк! - i ён рынуўся, каб схапiць мяне i кiнуць у агонь, але зноў заблытаўся ў сваёй барадзе i са страшэнным грукатам, перакульваючы крэслы, расцягнуўся на падлозе. Не памятаю, як я апынуўся за акном, як пералез цераз плот. У цемры шумеў вецер i хвастаў дождж. Над маёй галавой чорная хмара асвятлiлася маланкай, i за дзесяць крокаў ззаду я ўбачыў Карабаса Барабаса i прадаўца п'явак, якiя беглi за мною. Я падумаў: "Загiнуў", - спатыкнуўся, упаў на нешта мяккае i цёплае, схапiўся за чыесьцi вушы... Гэта быў шэры заяц. Ён са страху заверашчаў, высока падскочыў, але я моцна трымаў яго за вушы, i мы памчалiся ў цемры цераз палi, вiнаграднiкi, агароды. Калi заяц стамляўся i садзiўся, пакрыўджана жуючы раздвоенай губой, я цалаваў яго ў лобiк. - Ну, калi ласка, ну яшчэ трошкi праскачам, шэранькi... Заяц уздыхаў, i зноў мы iмчалiся невядома куды - то ўправа, то ўлева... Калi хмары разагнала i ўзышоў месяц, я ўбачыў пад гарою гарадок з пахiленымi ў розныя бакi званiцамi. Па дарозе да горада беглi Карабас Барабас i прадавец п'явак. Заяц сказаў: "Эхе-хе, вось яно, заечае шчасце! Яны iдуць у Горад Дурняў, каб наняць палiцэйскiх сабак. Гатова, мы прапалi". Заяц зусiм абвяў. Уткнуўся носам у лапкi i апусцiў вушы. Я прасiў, я плакаў, я нават кланяўся яму ў ногi. Заяц не варушыўся. Але калi з горада выскачылi галопам два курносыя бульдогi з чорнымi павязкамi на правых лапах, заяц дробна задрыжаў усёй скурай, - я ледзь паспеў ускочыць на яго верхам, i ён даў шалёнага драла па лесе... Астатняе ты сам бачыў, Бурацiна. П'еро скончыў расказ, i Бурацiна спытаў яго асцярожна: - А ў якiм доме, у якiм пакоi пад лесвiцай знаходзяцца дзверцы, што адмыкае ключык? - Карабас Барабас не паспеў расказаць пра гэта... Ах, цi не ўсё роўна нам, - ключык на дне возера... Мы нiколi не ўбачым шчасця... - А гэта ты бачыў? - крыкнуў яму ў вуха Бурацiна. I, выцягнуўшы з кiшэнi ключык, пакруцiў iм перад носам П'еро. - Вось ён! Бурацiна i П'еро прыходзяць да Мальвiны, але iм адразу ж прыходзiцца ўцякаць разам з Мальвiнай i пудзелем Артамонам Калi сонца ўзнялося над скалiстай горнай вяршыняй, Бурацiна i П'еро вылезлi з-пад куста i пабеглi цераз поле, па якiм учора ўночы кажан звёў Бурацiна з дома дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi ў Краiну Дурняў. На П'еро смешна было глядзець, - так ён спяшаўся хутчэй убачыць Мальвiну. - Паслухай, - пытаўся ён праз кожныя пятнаццаць секунд, - Бурацiна, а што, яна будзе рада мне? - А я адкуль ведаю... Праз пятнаццаць секунд зноў: - Паслухай, Бурацiна, а раптам яна не будзе рада? - А я адкуль ведаю. Нарэшце яны ўбачылi белы домiк з намаляванымi на аканiцах сонцам, месяцам i зоркамi. З комiна ўзнiмаўся дымок. Вышэй яго плыло невялiкае воблака, падобнае на кашэчую галаву. Пудзель Артамон сядзеў на ганку i час ад часу гыркаў на гэтае воблака. Бурацiна не вельмi хацелася вяртацца да дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi. Але ён быў галодны i яшчэ здалёку пацягнуў носам пах паранага малака. - Калi дзяўчынка зноў надумаецца нас выхоўваць, нап'ёмся малака, - i нiзавошта я тут не застануся. У гэты час Мальвiна выйшла з домiка. У адной руцэ яна трымала фарфоравы кафейнiк, у другой - кошык з пячэннем. Вочы ў яе ўсё яшчэ былi заплаканыя, - яна была ўпэўнена, што пацукi выцягнулi Бурацiна з каморкi i з'елi. Толькi яна села за лялечны стол на пясчанай дарожцы, - блакiтныя кветкi загайдалiся, матылькi ўзнялiся над iмi, як белыя i жоўтыя лiсты, i з'явiлiся Бурацiна i П'еро. Мальвiна так шырока расплюшчыла вочы, што абодва драўляныя хлопчыкi маглi б свабодна туды скочыць. П'еро, убачыўшы Мальвiну, пачаў мармытаць словы - такiя няскладныя i неразумныя, што мы iх тут не прыводзiм. Бурацiна сказаў як быццам нiчога i не было: - Вось я яго прывёў, - выхоўвайце... Мальвiна нарэшце зразумела, што гэта не сон. - Ах, якое шчасце! - прашаптала яна, але адразу ж дадала дарослым голасам: - Хлопчыкi, iдзiце зараз жа мыцца i чысцiць зубы. Артамон, правядзi хлопчыкаў да студнi. - Ты бачыў, - прабурчаў Бурацiна, - у яе бзiк у галаве - мыцца, чысцiць зубы. Каго хочаш са свету зжыве чысцiнёй... Усё ж яны памылiся. Артамон кутасiкам на канцы хваста пачысцiў iм куртачкi... Селi за стол. Бурацiна аплятаў яду за абедзве шчакi. П'еро нават не адкусiў нi кавалачка пiрожнага; ён глядзеў на Мальвiну так, нiбы яна была зроблена з мiндальнага цеста. Ёй гэта нарэшце надакучыла. - Ну, - сказала яна яму, - што вы такое ўбачылi ў мяне на твары? Снедайце, калi ласка, спакойна. - Мальвiна, - адказаў П'еро, - я даўно ўжо нiчога не ем, я складаю вершы... Бурацiна затросся ад смеху. Мальвiна здзiвiлася i зноў шырока расплюшчыла вочы: - У такiм разе - пачытайце вашы вершыкi. Прыгожанькай рукой яна падперла шчаку i ўзняла прыгожанькiя вочы да воблака, падобнага на кашэчую галаву. П'еро пачаў чытаць вершыкi з такiм завываннем, нiбы ён сядзеў на дне глыбокай студнi: Прапала Мальвiна, нявеста мая... Праз гэта спакою не ведаю я. Рыдаю, не знаю - куды мне падацца, З жыццём, можа, лялечным лепш развiтацца? Не паспеў П'еро прачытаць, не паспела Мальвiна пахвалiць вершыкi, якiя ёй вельмi спадабалiся, як на пясчанай дарожцы з'явiлася жаба. Страшэнна вылупiўшы вочы, яна прагаварыла: - Сёння ноччу чарапаха Тарцiла, якая на старасцi год зусiм страцiла розум, расказала Карабасу Барабасу ўсё пра залаты ключык... Мальвiна спалохана крыкнула, хоць нiчога не зразумела. П'еро, няўважлiвы, як усе паэты, зрабiў некалькi недарэчных воклiчаў, якiя мы тут не прыводзiм. Затое Бурацiна адразу ўсхапiўся i пачаў пхаць у кiшэнi пячэнне, цукар i цукеркi. - Уцякайма як мага хутчэй. Калi палiцэйскiя сабакi прывядуць сюды Карабаса Барабаса - мы загiнулi. Мальвiна збялела, як крыло белага матылька. П'еро, думаючы, што яна памiрае, перакулiў на яе кафейнiк, i прыгожанькую сукенку Мальвiны залiла какава. З моцным брэхам падскочыў да iх Артамон, - гэта ж яму прыходзiлася мыць Мальвiнiны сукенкi, - схапiў П'еро за каўнер i пачаў трэсцi, пакуль П'еро не прагаварыў, заiкаючыся: - Хопiць, калi ласка... Жаба паглядзела на гэтую мiтусню i зноў сказала: - Карабас Барабас з палiцэйскiмi сабакамi будзе тут праз чвэртку гадзiны... Мальвiна пабегла пераадзявацца. П'еро ў роспачы ламаў рукi i спрабаваў нават падаць дагары тварам на пясчаную дарожку. Артамон цягнуў клункi з хатнiмi рэчамi. Дзверы грукалi. Вераб'i страшэнна расцiўкалiся на кусце. Ластаўкi праносiлiся над самай зямлёй. Сава для павелiчэння панiкi дзiка зарагатала на вышках. Адзiн Бурацiна не разгубiўся. Ён узвалiў на Артамона два клункi з самымi неабходнымi рэчамi. На клункi пасадзiў Мальвiну, адзетую ў прыгожанькую дарожную сукенку. П'еро ён загадаў трымацца за сабачы хвост. Сам стаў наперадзе: - Нiякай панiкi! Уцякайма! Калi яны, - гэта значыць Бурацiна, што смела крочыў наперадзе сабакi, Мальвiна, якая падскаквала на клунках, i ззаду П'еро, нашпiгаваны замест здаровага сэнсу недарэчнымi вершамi, - калi яны выйшлi з густой травы на гладкае поле, - з лесу высунулася ўскудлачаная барада Карабаса Барабаса. Ён далонню прыкрыў вочы ад сонца i аглядаў наваколле. Страшэнны бой на ўзлессi Сiньёр Карабас Барабас трымаў на прывязi двух палiцэйскiх сабак. Убачыўшы на роўным полi ўцекачоў, ён разявiў зубасты рот. - Ага! - закрычаў ён i спусцiў сабак. Раз'юшаныя сабакi спачатку пачалi драць заднiмi лапамi зямлю. Яны нават не гыркалi, яны нават глядзелi ў другi бок, а не на ўцекачоў, - так ганарылiся сваёй сiлай. Потым сабакi павольна пайшлi да таго месца, дзе ў жаху спынiлiся Бурацiна, Артамон, П'еро i Мальвiна. Здавалася, усё загiнула. Карабас Барабас касалапа iшоў следам за палiцэйскiмi сабакамi. Барада яго штохвiлiны вылазiла з кiшэнi курткi i блыталася пад нагамi. Артамон падкурчыў хвост i злосна гыркаў. Мальвiна трэсла рукамi: - Баюся, баюся! П'еро апусцiў рукавы i глядзеў на Мальвiну, упэўнены, што ўсё скончана. Першы апамятаўся Бурацiна. - П'еро, - закрычаў ён, - бяры за руку дзяўчынку, бяжыце да возера, дзе лебедзi!.. Артамон, скiдай клункi, здымай гадзiннiк, - будзеш бiцца!.. Мальвiна, ледзь толькi пачула гэтае смелае распараджэнне, саскочыла з Артамона i, падабраўшы сукенку, пабегла да возера. П'еро - за ёю. Артамон скiнуў клункi, зняў з лапы гадзiннiк i бант з кончыка хваста. Ашчэрыў белыя зубы i скочыў улева, скочыў управа, размiнаючы мускулы, i таксама пачаў з адцяжкай драць заднiмi нагамi зямлю. Бурацiна ўзлез па смалiстым ствале на верхавiну iтальянскай сасны, што адзiнока стаяла ў полi, i адтуль закрычаў, завыў, запiшчаў на ўсё горла: - Звяры, птушкi, насякомыя! Нашых б'юць! Ратуйце нi ў чым не вiнаватых драўляных чалавечкаў!.. Палiцэйскiя бульдогi нiбы толькi цяпер убачылi Артамона i разам кiнулiся на яго. Спрытны пудзель выкруцiўся i зубамi хапiў аднаго сабаку за агрызак хваста, другога за сцягно. Бульдогi нязграбна павярнулiся i зноў кiнулiся на пудзеля. Ён высока падскочыў, прапусцiўшы iх пад сабой, i зноў паспеў абадраць аднаму бок, другому - спiну. Трэцi раз кiнулiся на яго бульдогi. Тады Артамон, апусцiўшы хвост да травы, памчаўся кругамi па полi, то падпускаючы блiзка палiцэйскiх сабак, то кiдаючыся ўбок перад самым iх носам... Кiрпатыя бульдогi цяпер па-сапраўднаму раззлавалiся, засаплi, беглi за Артамонам не спяшаючыся, упарта, гатовыя лепш здохнуць, але дабрацца да горла мiтуслiвага пудзеля. Тым часам Карабас Барабас падышоў да iтальянскай сасны, ухапiўся за ствол i пачаў трэсцi: - Злазь, злазь! Бурацiна рукамi, нагамi, зубамi ўчапiўся за галiну. Карабас Барабас затрос дрэва так, што загайдалiся ўсе шышкi на галiнах. На iтальянскай сасне шышкi - калючыя i цяжкiя, велiчынёй з невялiкую дыню. Стукнуць такой шышкай па галаве - дык ой-ёй! Бурацiна ледзь трымаўся на галiне, якая гайдалася. Ён бачыў, што Артамон ужо высунуў язык чырвонай анучай i бегае ўсё павальней. - Аддавай ключык! - загарланiў Карабас Барабас, разявiўшы ляпу. Бурацiна папоўз па галiне, дабраўся да здаравеннай шышкi i пачаў перакусваць сцябло, на якiм яна вiсела. Карабас Барабас страсянуў мацней, i цяжкая шышка паляцела ўнiз, - бах! - проста яму ў зубастую пашчу. Карабас Барабас ажно прысеў. Бурацiна адарваў другую шышку, i яна - бах! - Карабасу Барабасу проста ў цемя, як у барабан. - Нашых б'юць! - зноў закрычаў Бурацiна. - На дапамогу нi ў чым не вiнаватым драўляным чалавечкам! Першымi на дапамогу прыляцелi стрыжы, - брыючым палётам пачалi стрыгчы паветра перад носам у бульдогаў. Сабакi дарэмна ляскалi зубамi, - стрыж не муха: як шэрая маланка - ж-жык мiма носа! З воблака, падобнага на кашэчую галаву, упаў чорны каршун - той, што звычайна прыносiў Мальвiне дзiчыну; ён упiўся кiпцюрамi ў спiну палiцэйскага сабакi, узляцеў на цудоўных крылах, падняў сабаку i выпусцiў яго... Сабака, скуголячы, пляснуўся дагары лапамi. Артамон збоку наляцеў на другога сабаку, ударыў яго грудзьмi, павалiў, укусiў, адскочыў... I зноў памчалiся па полi вакол адзiнокай сасны Артамон i за iм памятыя i пакусаныя палiцэйскiя сабакi. На дапамогу Артамону iшлi жабы. Яны цягнулi двух вужоў, якiя аслеплi ад старасцi. Вужам усё роўна трэба было памiраць - альбо пад гнiлым пнём, альбо ў жываце ў чаплi. Жабы ўгаварылi iх загiнуць геройскай смерцю. Высакародны Артамон вырашыў цяпер распачаць адкрыты бой. Сеў на хвост, ашчэрыў iклы. Бульдогi наляцелi на яго, i ўсе ўтрох пакацiлiся клубком. Артамон ляскаў скiвiцамi, драў кiпцюрамi. Бульдогi, не звяртаючы ўвагi на ўкусы i драпiны, чакалi аднаго: дабрацца да Артамонавага горла - мёртвай хваткай. Вiск i выццё стаялi на ўсiм полi. На дапамогу Артамону iшла сям'я вожыкаў: сам вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнiя цёткi i маленькiя вожычкi. Ляцелi, гулi тоўстыя чорна-аксамiтныя чмялi ў залатых плашчах, шыпелi крыламi злосныя шэршнi. Паўзлi жужалi i куслiвыя жукi з доўгiмi вусамi. Усе звяры, птушкi i насякомыя дружна накiнулiся на ненавiсных палiцэйскiх сабак. Вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнiя цёткi i маленькiя вожычкi згортвалiся ў клубкi i з хуткасцю кракетнага шара бiлi iголкамi бульдогаў у морду. Чмялi, шэршнi з налёту джалiлi iх атрутнымi джаламi. Сур'ёзныя мурашкi не спяшаючыся залазiлi ў ноздры i там пускалi ядавiтую мурашыную кiслату. Жужалi i жукi кусалi за пупок. Каршун дзёўб то аднаго сабаку, то другога крывой дзюбай у чэрап. Матылькi i мухi шчыльным воблачкам таўклiся перад iх вачыма, засланяючы святло. Жабы трымалi напагатове двух вужоў, гатовых памерцi геройскай смерцю. I вось, калi адзiн з бульдогаў шырока разявiў пашчу, каб вычхнуць атрутную мурашыную кiслату, стары сляпы вуж кiнуўся галавой наперад яму ў горла i вiнтом пралез у страўнiк. Тое ж здарылася i з другiм бульдогам: другi сляпы вуж кiнуўся яму ў пашчу. Абодва сабакi, сколатыя, зджаленыя, падрапаныя, - задыхаючыся, пачалi бездапаможна качацца па зямлi. Высакародны Артамон выйшаў з бою пераможцам. Тым часам Карабас Барабас выцягнуў нарэшце з велiзарнага рота калючую шышку. Ад удару па цеменi ў яго вылезлi на лоб вочы. Хiстаючыся, ён зноў схапiўся за ствол iтальянскай сасны. Вецер развяваў яго бараду. Бурацiна заўважыў, седзячы на самай верхавiнцы, што канец барады Карабаса Барабаса, падхопленай ветрам, прыклеiўся да смалiстага ствала. Бурацiна павiс на суку i, дражнячыся, запiшчаў: - Дзядзечка, не дагонiш, дзядзечка, не дагонiш!.. Саскочыў на зямлю i пачаў бегаць вакол сасны. Карабас Барабас, выставiўшы рукi, каб схапiць хлапчука, пабег за iм, хiстаючыся, вакол дрэва. Абабег раз, вось-вось ужо, здаецца, i схапiў сагнутымi ў крук пальцамi хлапчука, якi ўцякаў ад яго, абабег другi, абабег трэцi раз... Барада яго абкручвалася вакол ствала, шчыльна прыклейвалася да смалы. Калi барада скончылася i Карабас Барабас упёрся носаму дрэва, Бурацiна паказаў яму доўгi язык i пабег да Лебядзiнага возера - шукаць Мальвiну i П'еро. Змардаваны Артамон на трох лапах, падкурчыўшы чацвёртую, шкандыбаў за iм кульгавым сабачым трушком. На полi засталiся два палiцэйскiя сабакi, за жыццё якiх, вiдаць, нельга было даць i здохлай сухой мухi, i разгублены доктар лялечных навук сiньёр Карабас Барабас, шчыльна прыклеены барадой да iтальянскай сасны. У пячоры Мальвiна i П'еро сядзелi на сырой цёплай купiне ў чароце. Зверху iх прыкрывала павуцiнавая сетка, засмечаная крыльцамi стракоз i высмактанымi камарамi. Маленькiя блакiтныя птушачкi, пералятаючы з чарацiнкi на чарацiнку, з вясёлым здзiўленнем паглядалi на дзяўчынку, якая горка плакала. Здалёку даляталi страшэнны лямант i вiск, - гэта Артамон i Бурацiна, вiдаць, дорага прадавалi сваё жыццё. - Баюся, баюся! - паўтарала Мальвiна i лiсточкам лопуху ў роспачы закрывала мокры твар. П'еро спрабаваў суцешыць яе вершамi: Мы на купiнцы сядзiм I на кветачкi глядзiм, Жоўтыя, блiскучыя, Да чаго ж пахучыя. Будзем жыць мы лета На купiнцы гэтай, Жыць адны мы будзем На здзiўленне людзям... Мальвiна затупала на яго нагамi: - Вы мне абрыдлi, абрыдлi, хлопчык!.. Сарвiце свежы лопух, - хiба ж не бачыце - гэты ўвесь прамок i ўвесь на дзiрках. Раптам шум i вiск удалечынi зацiхлi. Мальвiна павольна пляснула рукамi: - Артамон i Бурацiна загiнулi... I кiнулася тварам на купiну, у зялёны мох. П'еро бесталкова затупаў каля яе. Вецер цiха пасвiстваў мяцёлкамi чароту. Нарэшце пачулiся крокi. Бясспрэчна, гэта iшоў Карабас Барабас, каб груба схапiць i засунуць у свае бяздонныя кiшэнi Мальвiну i П'еро. Чарот расхiнуўся, - i з'явiўся Бурацiна: нос - тырчком, рот да вушэй. За iм накульгваў падрапаны Артамон з двума клункамi цераз спiну... - Бач ты iх - захацелi са мной бiцца! - сказаў Бурацiна, не звяртаючы ўвагi на радасць Мальвiны i П'еро. - Што мне кот, што мне лiсiца, што мне палiцэйскiя сабакi, што мне сам Карабас Барабас - цьфу! Дзяўчынка, узлазь на сабаку, хлапчук, трымайся за хвост. Пайшлi... I ён мужна пакрочыў па купiнах, локцямi рассоўваючы чарот, - вакол возера на той бок... Мальвiна i П'еро не адважылiся нават спытаць яго, чым закончыўся бой з палiцэйскiмi сабакамi i чаму за iмi не гонiцца Карабас Барабас. Калi дабралiся да таго берага возера, высакародны Артамон пачаў скуголiць i кульгаць на ўсе лапы. Трэба было зрабiць прывал, каб перавязаць яму раны. Пад вялiзнымi карэннямi сасны, якая расла на камянiстым пагорку, убачылi пячору. Туды зацягнулi клункi, i туды ж запоўз Артамон. Высакародны сабака спачатку аблiзваў кожную лапу, потым працягваў яе Мальвiне. Бурацiна раздзiраў Мальвiнiну старую кашулю на бiнты. П'еро iх трымаў, Мальвiна перавязвала лапы. Пасля перавязкi Артамону паставiлi градуснiк, i сабака спакойна заснуў. Бурацiна сказаў: - П'еро, марш да возера, прынясi вады. П'еро паслухмяна паклыпаў, мармычучы вершы i спатыкаючыся, па дарозе згубiў вечка i прынёс вады толькi на дне чайнiка. Бурацiна сказаў: - Мальвiна, збегай назбiрай галля для вогнiшча. Мальвiна з дакорам паглядзела на Бурацiна, пацiснула плечыкам i прынесла некалькi сухiх сцяблiнак. Бурацiна сказаў: - Вось насланнё з гэтымi добра выхаванымi... Сам прынёс вады, сам назбiраў галля i сасновых шышак, сам расклаў каля ўвахода ў пячору агонь, такi шумлiвы, што захiсталiся галiнкi на высокай сасне. Сам зварыў какавы на вадзе. - Жыва! Сядайце снедаць... Мальвiна ўвесь гэты час маўчала, сцяўшы губы. Але цяпер яна сказала вельмi цвёрда, дарослым голасам: - Не думайце, Бурацiна, што калi вы бiлiся з сабакамi i перамаглi, выратавалi нас ад Карабаса Барабаса i ў далейшым паводзiлi сябе мужна, дык гэта пазбаўляе вас ад неабходнасцi мыць рукi i чысцiць зубы перад ядой... Бурацiна так i сеў: вось табе i маеш! - вылупiў вочы на дзяўчынку з жалезным характарам. Мальвiна выйшла з пячоры i пляснула ў далонi: - Матылькi, вусенi, жукi, жабы... Не прайшло хвiлiны - прыляцелi вялiкiя матылькi, запэцканыя пылком з кветак. Прыпаўзлi вусенi i панурыя жукi-гнаевiкi. На жыватах прышлёпалi жабы... Матылькi, уздыхаючы крыльцамi, селi на сцены пячоры, каб унутры было прыгожа i каб зямля, што асыпалася, не трапляла ў страву. Жукi-гнаевiкi згортвалi ў шарыкi ўсё смецце на дне пячоры i выкiдвалi iх прэч. Тлусты белы вусень успоўз на галаву Бурацiна i, звесiўшыся з яго носа, выцiснуў крыху пасты яму на зубы. Хочаш не хочаш, прыйшлося iх пачысцiць. Другi вусень пачысцiў зубы П'еро. З'явiўся заспаны барсук, падобны на калматае парася... Ён браў лапай карычневых вусеняў, выцiскаў з iх карычневую пасту на абутак i хвастом вельмi добра вычысцiў усе тры пары чаравiкаў - у Мальвiны, Бурацiна i П'еро. Пачысцiўшы, пазяхнуў: а-ха-ха, - i пайшоў, перавальваючыся з боку на бок. Заляцеў мiтуслiвы, стракаты, вясёлы ўдод з чырвоным чубком, якi ўставаў дыбам, калi ён з чаго-небудзь дзiвiўся. - Каго прычасаць? - Мяне, - сказала Мальвiна. - Зрабiце завiўку i прычашыце, я раскудлачана... - А дзе ж люстэрка? Паслухайце, душачка... Тады лупавокiя жабы сказалi: - Мы прынясём... Дзесяць жаб зашлёпалi жыватамi да возера. Замест люстэрка яны прывалаклi люстранога карпа, такога тлустага i санлiвага, што яму было ўсё роўна, куды яго цягнуць пад плаўнiкi. Карпа паставiлi на хвост перад Мальвiнай. Каб ён не задыхаўся, яму ў рот лiлi з чайнiка ваду. Мiтуслiвы ўдод завiў i прычасаў Мальвiну. Асцярожна ўзяў са сцяны аднаго з матылькоў i прыпудрыў iм нос дзяўчынкi. - Гатова, душачка... I - ффрр! - стракатым клубком вылецеў з пячоры. Жабы зацягнулi люстранога карпа назад у возера. Бурацiна i П'еро - хочаш не хочаш - вымылi рукi i нават шыю. Мальвiна дазволiла сесцi снедаць. Пасля снедання, змахнуўшы крошкi з каленяў, яна сказала: - Бурацiна, мой дружа, мiнулы раз мы з вамi спынiлiся на дыктанце. Прадоўжым урок... Бурацiна захацелася выскачыць з пячоры - куды вочы глядзяць. Але нельга ж было кiнуць бездапаможных таварышаў i хворага сабаку! Ён прабурчаў: - Пiсьмовых прылад не ўзялi... - Няпраўда, узялi, - прастагнаў Артамон. Дапоўз да клунка, зубамi развязаў яго i выцягнуў бутэлечку з чарнiлам, пенал, сшытак i нават маленькi глобус. - Не трымайце ручку сутаргава i вельмi блiзка да пяра, iнакш вы выпацкаеце пальцы ў чарнiла, - сказала Мальвiна. Узняла прыгожанькiя вочы да столi пячоры на матылькоў i... У гэты час пачуўся хруст галля, грубыя галасы, - мiма пячоры прайшлi прадавец лячэбных п'явак Дурамар i Карабас Барабас, якi ледзь валок ногi. На лбе ў дырэктара тэатра лялек чырванеў вялiзны гуз, нос распух, барада касмылямi i выпацкана смалой. Вохкаючы i адплёўваючыся, ён гаварыў: - Яны далёка не маглi ўцячы. Яны дзе-небудзь тут, у лесе. Нягледзячы нi на што, Бурацiна вырашае выведаць у Карабаса Барабаса таямнiцу залатога ключыка Карабас Барабас i Дурамар павольна прайшлi мiма пячоры. У часе бою на раўнiне прадавец лячэбных п'явак, дрыжучы ад страху, сядзеў за кустом. Калi ўсё скончылася, ён пачакаў, пакуль Артамон i Бурацiна не схаваюцца ў густой траве, i тады толькi ледзь-ледзь ададраў ад ствала iтальянскай сасны бараду Карабаса Барабаса. - Ну i даў жа вам хлапчук, - сказаў Дурамар. - Прыйдзецца вам паставiць на патылiцу два тузiны самых лепшых п'явак... Карабас Барабас зароў: - Сто тысяч чарцей! Хутчэй у пагоню за нягоднiкамi!.. Карабас Барабас i Дурамар пайшлi па слядах уцекачоў. Яны рассоўвалi рукамi траву, аглядалi кожны куст, абмацвалi кожную купiну. Яны бачылi дымок вогнiшча каля карэнняў старой сасны, але iм i ў галаву не прыйшло, што ў гэтай пячоры хавалiся драўляныя чалавечкi ды яшчэ расклалi агонь. - Гэтага нягоднiка Бурацiна разрэжу складаным нажом на кавалачкi, - бурчаў Карабас Барабас. Уцекачы прытаiлiся ў пячоры. Што цяпер рабiць? Уцякаць? Але Артамон, увесь забiнтаваны, моцна спаў. Сабака павiнен быў спаць дваццаць чатыры гадзiны, каб загаiлiся раны. Няўжо ж пакiнуць высакароднага сабаку аднаго ў пячоры? Не, не, ратавацца - дык усiм разам, гiнуць - дык усiм разам... Бурацiна, П'еро i Мальвiна ў глыбiнi пячоры, уткнуўшыся насамi, доўга раiлiся. Вырашылi: перачакаць тут да ранiцы, уваход у пячору замаскiраваць галлём i, каб хутчэй паправiўся Артамон, зрабiць яму спажыўную клiзму. Бурацiна сказаў: - Я ўсё-такi хачу, чаго б гэта нi каштавала, даведацца ў Карабаса Барабаса, дзе тыя дзверцы, якiя адмыкае залаты ключык. За дзверцамi захоўваецца штосьцi цудоўнае, дзiвоснае. I яно павiнна прынесцi нам шчасце... - Баюся без вас заставацца, баюся! - прастагнала Мальвiна. - А П'еро вам нашто? - Ах, ён толькi чытае вершыкi... - Я буду абараняць Мальвiну, як леў, - прагаварыў П'еро хрыплым голасам, якiм размаўляюць буйныя драпежнiкi, - вы мяне яшчэ не ведаеце... - Малайчына, П'еро, даўно б так! I Бурацiна кiнуўся бегчы па слядах Карабаса Барабаса i Дурамара. Ён iх неўзабаве ўбачыў. Дырэктар тэатра лялек сядзеў на беразе ручая, Дурамар ставiў яму на гуз кампрэс з лiстоў конскага шчаўя. Здалёк было чуваць страшэннае бурчанне ў пустым жываце ў Карабаса Барабаса i сумнае папiскванне ў пустым жываце ў прадаўца лячэбных п'явак. - Сiньёр, нам неабходна падсiлкавацца, - гаварыў Дурамар, - пошукi нягоднiкаў могуць зацягнуцца да глыбокай ночы. - Я з'еў бы цяпер цэлае парася i парачку качачак, - панура адказаў Карабас Барабас. Прыяцелi павалаклiся да харчэўнi "Трох печкуроў" - яе шыльда вiднелася на прыгорку. Але хутчэй, чым Карабас Барабас i Дурамар, кiнуўся туды Бурацiна, прыгiнаючыся да травы, каб яго не прыкмецiлi. Каля дзвярэй харчэўнi Бурацiна падкраўся да вялiкага пеўня, якi, знайшоўшы зернетка цi кавалачак кураняцiнай кiшкi, ганарлiва трос чырвоным грабеньчыкам, шаркаў кiпцюрамi i з трывогаю клiкаў курэй на пачастунак: - Ко-ко-ко! Бурацiна падаў яму на далонi крошкi мiндальнага пiрожнага: - Частуйцеся, сiньёр галоўнакамандуючы. Певень строга зiрнуў на драўлянага хлапчука, але не ўтрымаўся i дзеўбануў яго ў далонь. - Ко-ко-ко!.. - Сiньёр галоўнакамандуючы, мне трэба было б прайсцi ў харчэўню, але так, каб гаспадар мяне не заўважыў. Я схаваюся за ваш цудоўны рознакаляровы хвост, i вы даведзяце мяне да самага камiнка. Добра? - Ко-ко! - яшчэ з большым гонарам вымавiў певень. Ён нiчога не зразумеў, але каб не паказаць, што нiчога не зразумеў, важна пайшоў да адчыненых дзвярэй харчэўнi. Бурацiна схапiў яго пад крылы за бакi, прыкрыўся яго хвастом i на кукiшках прабраўся на кухню, да самага камiнка, дзе мiтусiўся лысы гаспадар харчэўнi, круцячы на агнi ражны i скавародкi. - Пайшоў прэч, старое булённае мяса! - крыкнуў на пеўня гаспадар i так паддаў нагой, што певень: - Ку-дах-тах-тах! - з роспачным крыкам вылецеў на вулiцу да псрапалоханых курэй. Бурацiна, незаўважаны, шмыгнуў мiма ног гаспадара i прысеў за вялiкiм глiняным збаном. У гэты час пачулiся галасы Карабаса Барабаса i Дурамара. Гаспадар, нiзка кланяючыся, выйшаў iм насустрач. Бурацiна залез у глiняны збан i там прытаiўся. Бурацiна даведваецца пра таямнiцу залатога ключыка Карабас Барабас i Дурамар падсiлкоўвалiся смажаным парасём. Гаспадар падлiваў вiна ў шклянкi. Карабас Барабас, абсмоктваючы парасячую нагу, сказаў гаспадару: - Дрэнь у цябе вiно, налi хiба мне вунь з таго збана! - i паказаў косткаю на збан, дзе сядзеў Бурацiна. - Сiньёр, гэты збан пусты, - адказаў гаспадар. - Хлусiш, пакажы. Тады гаспадар падняў збан i перакулiў яго. Бурацiна з усяе сiлы ўпёрся локцямi ў бакi збана, каб не вывалiцца. - Там нешта чарнеецца, - прахрыпеў Карабас Барабас. - Там нешта бялеецца, - пацвердзiў Дурамар. - Сiньёры, скула мне на язык, прастрэл мне ў паяснiцу, - збан пусты! - Калi так, стаў яго на стол - мы будзем кiдаць туды косцi. Збан, у якiм сядзеў Бурацiна, паставiлi памiж дырэктарам тэатра лялек i прадаўцом лячэбных п'явак. На галаву Бурацiна пасыпалiся абгрызеныя косцi i скарынкi. Карабас Барабас, выпiўшы шмат вiна, падставiў да агню бараду, каб з яе капала налiплая смала. - Пакладу Бурацiна на далонь, - выхваляючыся, гаварыў ён, - другой далонню плясну, - мокрае месца ад яго застанецца. - Нягоднiк цалкам гэтага заслугоўвае, - пацвярджаў Дурамар, - але спачатку яму добра было б паставiць п'явак, каб яны выпiлi ўсю кроў... - Не! - стукаў кулаком Карабас Барабас. - Спачатку я адбяру ў яго залаты ключык... У размову ўмяшаўся гаспадар, - ён ужо ведаў пра ўцёкi драўляных чалавечкаў. - Сiньёр, вам няма чаго стамляць сябе пошукамi. Зараз я паклiчу двух кемлiвых малайцоў, - пакуль вы падмацоўваецеся вiном, яны хутка абшукаюць увесь лес i прыцягнуць сюды Бурацiна. - Добра. Пасылай малайцоў, - сказаў Карабас Барабас, падстаўляючы да агню вялiзныя падэшвы. I паколькi ён быў п'яны ўжо, дык на ўсё горла заспяваў песню: Дурны i рахманы Мой народ драўляны. Уладарнiк лялек Вось хто я, каб зналi... Грозны Карабас, Слаўны Барабас... Лялькi прада мною Сцелюцца травою. Нават i на кралю Бiч не мае жалю, Бiч у сем хвастоў, Бiч у сем хвастоў. Як махаць iм стану Мой народ слухмяны Песенькi спявае, Грошыкi збiрае У маю кiшэнь, У маю кiшэнь... Тады Бурацiна змененым голасам завыў з глыбiнi збана: - Адкрый таямнiцу, няшчасны, адкрый таямнiцу!.. Карабас Барабас ад нечаканасцi гучна ляснуў скiвiцамi i вылупiўся на Дурамара. - Гэта ты? - Не, гэта не я... - Хто ж сказаў, каб я адкрыў таямнiцу? Дурамар верыў у забабоны; апрача таго, ён таксама выпiў шмат вiна. Твар у яго пасiнеў i зморшчыўся ад страху, нiбы грыб смарчок. Гледзячы на яго, i Карабас Барабас заляскаў зубамi. - Адкрый таямнiцу, - зноў завыў таемны голас з глыбiнi збана, - iнакш не ўстанеш з гэтага крэсла, няшчасны! Карабас Барабас паспрабаваў усхапiцца, але не мог нават i прыўзняцца. - Яку-ку-кую та-та-таямнiцу? - спытаў ён, заiкаючыся. Голас адказаў: - Таямнiцу чарапахi Тарцiлы. Ад жаху Дурамар павольна палез пад стол. У Карабаса Барабаса адвiсла скiвiца. - Дзе знаходзяцца дзверы, дзе знаходзяцца дзверы? - нiбы вецер у комiне ў асеннюю ноч, правыў голас. - Адкажу, адкажу, замоўкнi, замоўкнi! - прашаптаў Карабас Барабас. Дзверы - у старога Карла ў каморцы, за намаляваным камiнкам... Толькi ён прагаварыў гэтыя словы, з двара ўвайшоў гаспадар. - Вось надзейныя малайцы, за грошы яны прывядуць да вас, сiньёр, хоць самога чорта... I ён паказаў на лiсiцу Алiсу i ката Базiлiо, якiя стаялi на парозе. Лiсiца пачцiва зняла стары капялюш. - Сiньёр Карабас Барабас падорыць нам на беднасць дзесяць залатых манет, i мы аддадзiм вам у рукi нягоднiка Бурацiна, не сыходзячы з гэтага месца. Карабас Барабас залез пад бараду ў кiшэню камiзэлькi, выняў дзесяць залатых. - Вось грошы, а дзе Бурацiна? Лiсiца некалькi разоў пералiчыла манеты, уздыхнула, аддаючы палавiну кату, i паказала лапай: - Ён у гэтым збане, сiньёр, у вас пад носам... Карабас Барабас схапiў са стала збан i раз'юшана шпурнуў яго на каменную падлогу. З чарапкоў i кучы абгрызеных костак выскачыў Бурацiна. Пакуль усе стаялi, разявiўшы раты, ён, як страла, кiнуўся з харчэўнi на двор проста да пеўня, якi ганарлiва разглядаў то адным вокам, то другiм здохлага чарвячка. - Гэта ты мяне выдаў, стары катлетны фарш! - злосна выцягнуўшы нос, сказаў яму Бурацiна. - Ну, цяпер iмчы што маеш духу... I ён моцна ўчапiўся ў яго генеральскi хвост. Певень, нiчога не разумеючы, растапырыў крылы i кiнуўся бегчы на цыбатых нагах. Бурацiна - у вiхры - за iм, - з гары, цераз дарогу, па полi, да лесу. Карабас Барабас, Дурамар i гаспадар харчэўнi апамяталiся нарэшце ад здзiўлення i выбеглi ўслед за Бурацiна. Але колькi яны нi азiралiся, яго нiдзе не было вiдаць, толькi далека па полi iмчаўся з усяе сiлы певень. Але паколькi ўсiм было вядома, што ён дурань, то на гэтага пеўня нiхто не звярнуў увагi. Бурацiна першы раз у жыццi прыходзiць у роспач, але ўсё канчаецца шчаслiва Дурны певень змарыўся, ледзь бег, разявiўшы дзюбу. Бурацiна выпусцiў нарэшце яго пакамечаны хвост. - Iдзi, генерал, да сваiх курэй... I адзiн пайшоў туды, дзе скрозь лiсце ярка блiшчала Лебядзiнае возера. Вось i сасна на камянiстым узгорку, вось i пячора. Навакол параскiдана наламанае галлё. Трава прымята слядамi колаў... У Бурацiна моцна закалацiлася сэрца. Ён саскочыў з узгорка, заглянуў пад каравыя карэннi... Пячора была пустая!!! Нi Мальвiны, нi П'еро, нi Артамона. Толькi валялiся дзве анучкi. Ён iх падняў, - гэта былi адарваныя рукавы ад кашулi П'еро. Сяброў нехта выкраў! Яны загiнулi! Бурацiна ўпаў нiцма, - нос яго глыбока ўваткнуўся ў зямлю. Ён толькi цяпер зразумеў, як моцна прывык да сваiх сяброў. Няхай Мальвiна займаецца выхаваннем, няхай П'еро хоць тысячу разоў запар чытае вершыкi, Бурацiна аддаў бы нават залаты ключык, каб зноў убачыць сяброў. Каля яго галавы бясшумна ўзняўся пульхны пагорачак зямлi, вылез аксамiтны крот з ружовымi далонямi, пiсклява чхнуў тры разы i сказаў: "- Я сляпы, але я вельмi добра чую. Сюды пад'язджала каламажка, запрэжаная авечкамi. У ёй сядзеў Лiс, губернатар Горада Дурняў, i сышчыкi. Губернатар загадаў: - Забраць нягоднiкаў, якiя збiлi маiх лепшых палiцэйскiх пры выкананнi абавязкаў! Забраць! Сышчыкi адказалi: - Цяў! Кiнулiся ў пячору, i там пачалася шалёная тузанiна. Тваiх сяброў звязалi, кiнулi ў каламажку разам з клункамi i паехалi". Што за карысць была ляжаць, уткнуўшы нос у зямлю. Бурацiна ўсхапiўся i пабег па слядах колаў. Мiнуў возера, выйшаў на поле з густой травой. Iшоў, iшоў... У яго не было нiякага плана ў галаве. Трэба выратаваць таварышаў, - вось i ўсё. Дайшоў да кручы, адкуль пазаўчарашняй ноччу звалiўся ў лопух. Унiзе ўбачыў брудную сажалку, дзе жыла чарапаха Тарцiла. Па дарозе да сажалкi спускалася каламажка; яе цягнулi дзве худыя, як шкiлеты, авечкi з абадранай воўнай. На козлах сядзеў тлусты кот, з надзьмутымi шчокамi, у залатых акулярах, ён служыў пры губернатары патайным нашэптвальнiкам у вуха. Ззаду яго - важны Лiс, губернатар... На клунках ляжалi Мальвiна, П'еро i ўвесь забiнтаваны Артамон, - заўсёды такi расчасаны хвост яго валокся кутасiкам па пыльнай дарозе. Ззаду за каламажкай iшлi два сышчыкi - доберманы-пiнчэры. Раптам сышчыкi ўзнялi сабачыя морды i ўбачылi наверсе кручы белы каўпачок Бурацiна. Моцнымi скачкамi пiнчэры пачалi ўзбiрацца па крутым схiле. Але раней чым яны дабеглi да верху, Бурацiна, - а яму ўжо нiкуды нi схавацца, нi ўцячы, склаў рукi над галавой i - ластаўкай - з самага крутога месца рынуўся ўнiз, у брудную сажалку, зацягнутую зялёнай раскай. Ён апiсаў у паветры крывую i, вядома, трапiў бы ў сажалку пад абарону цёткi Тарцiлы, калi б не моцны парыў ветру. Вецер падхапiў лёгенькага драўлянага Бурацiна, закруцiў, завярцеў яго "двайным штопарам", шпурнуў убок, i ён, падаючы, бразнуўся проста ў каламажку, на галаву губернатара Лiса. Тлусты кот у залатых акулярах ад нечаканасцi звалiўся з козлаў, i паколькi ён быў падлюга i баязлiвец, дык прыкiнуўся, што самлеў. Губернатар Лiс, таксама страшэнны баязлiвец, з вiскам кiнуўся ўцякаць па схiле i тут жа залез у барсукову нару. Там яму давялося не соладка: барсукi сурова распраўляюцца з такiмi гасцямi. Авечкi кiнулiся ўбок, каламажка перакулiлася. Мальвiна, П'еро i Артамон разам з клункамi пакацiлiся ў лопух. Усё гэта адбылося так хутка, што вы, дарагiя чытачы, не наспелi б палiчыць усiх пальцаў на руцэ. Доберманы-пiнчэры вялiкiмi скачкамi рынулiся ўнiз з кручы. Падскочыўшы да перакуленай каламажкi, убачылi тлустага ката ў непрытомнасцi. Убачылi ў лопуху параскiданых драўляных чалавечкаў i забiнтаванага пудзеля. Але нiдзе не было вiдаць губернатара Лiса. Ён знiк, - нiбы скрозь зямлю правалiўся той, каго сышчыкi павiнны ахоўваць, як сваё вока. Першы сышчык, узняўшы морду, у роспачы залямантаваў па-сабачы. Другi сышчык зрабiў тое ж самае: - Ай, ай, ай, ай-у-у-у!.. Яны кiнулiся i абшукалi ўвесь схiл гары. Зноў тужлiва завылi, таму што iм ужо бачылiся бiзун i жалезныя краты. Збянтэжана вiляючы азадкамi, яны пабеглi ў Горад Дурняў, каб нахлусiць у палiцэйскiм аддзяленнi, нiбыта губернатар быў узяты на неба жывым, - так па дарозе яны прыдумалi ў сваё апраўданне. Бурацiна пацiхеньку абмацаў сябе, - ногi, рукi былi цэлыя. Ён папоўз у лопух i вызвалiў ад вяровак Мальвiну i П'еро. Мальвiна, не кажучы нi слова, абхапiла Бурацiна за шыю, але пацалаваць не магла - перашкодзiў яго доўгi нос. У П'еро да локцяў былi адарваны рукавы, белая пудра абсыпалася са шчок, i выявiлася, што шчокi ў яго звычайныя - румяныя, нягледзячы на яго любоў да вершаў. - Я здорава бiўся, - грубым голасам сказаў ён. - Каб мне не далi падножку - нiзавошта б мяне не ўзялi. Мальвiна пацвердзiла: - Ён бiўся, як леў. Яна абхапiла П'еро за шыю i пацалавала ў абедзве шчакi. - Досыць, досыць лiзацца, - прабурчаў Бурацiна, - уцякайма. Артамона пацягнем за хвост. Яны ўхапiлiся ўсе трое за хвост няшчаснага сабакi i пацягнулi яго па схiлу гары. - Пусцiце, я сам пайду, мяне гэта зневажае, - стагнаў забiнтаваны пудзель. - Не, не, ты вельмi слабы. Але ледзь толькi яны ўскарабкалiся да палавiны гары, як наверсе паказалiся Карабас Барабас i Дурамар. Лiсiца Алiса паказвала лапкай на ўцекачоў, кот Базiлiо тапырыў вусы i агiдна шыпеў. - Ха-ха-ха, вось дык цудоўна! - зарагатаў Карабас Барабас. - Сам залаты ключык iдзе мне ў рукi! Бурацiна хуценька прыдумваў, як выблытацца з новай бяды. П'еро прыцiснуў да сябе Мальвiну, маючы намер дорага прадаць жыццё. На гэты раз не было нiякай надзеi на выратаванне. Дурамар хiхiкаў наверсе гары. - Хворага сабачку-пудзеля, сiньёр Карабас Барабас, вы мне аддайце, я яго кiну ў сажалку п'явачкам, каб мае п'явачкi растаўсцелi... Тоўсты Карабас Барабас ленаваўся спускацца ўнiз, ён вабiў уцекачоў пальцам, падобным на сардэльку: - Iдзiце, iдзiце да мяне, дзеткi... - Нi з месца! - загадаў Бурацiна. - Гiнуць - дык весела! П'еро, гавары якiя-небудзь свае самыя брыдкiя вершыкi. Мальвiна, рагачы на ўсё горла... Мальвiна, нягледзячы на некаторыя недахопы, была добры таварыш. Яна выцерла слёзы i засмяялася вельмi крыўдна для тых, хто стаяў наверсе схiлу. П'еро зараз жа склаў вершы i завыў вельмi непрыемным голасам: Алiсы лёс лядачы Па ёй палка плача. Кот Базiлiо старац Зладзюга, паганец. Дурамар, наш дурачок, Найагiднейшы смарчок. Карабас ты Барабас, Не баiмся надта вас... У гэты час Бурацiна крыўляўся i дражнiўся: - Гэй ты, дырэктар тэатра лялек, старая пiўная бочка, тлусты мяшок, напханы дурнотай, спусцiся, спусцiся да нас, - я табе наплюю ў аскубленую бараду! У адказ Карабас Барабас страшэнна зароў, Дурамар узняў худыя рукi да неба. Лiсiца Алiса крыва ўсмiхнулася: - Дазвольце скруцiць шыi гэтым нахабнiкам? Яшчэ хвiлiна, i ўсё было б скончана... Раптам са свiстам прамчалiся стрыжы: - Сюды, сюды, сюды!.. Над галавой Карабаса Барабаса праляцела сарока, гучна лапочучы: - Хутчэй, хутчэй, хутчэй!.. I наверсе ўзгорка з'явiўся стары тата Карла. Рукавы ў яго былi закасаны, у руцэ сукаваты кiй, бровы нахмураны... Ён плячом пiхнуў Карабаса Барабаса, локцем - Дурамара, дубiнкай перацягнуў па спiне лiсiцу Алiсу, ботам адшпурнуў убок ката Базiлiо... Пасля гэтага, нагнуўшыся i пазiраючы з горкi ўнiз, дзе стаялi драўляныя чалавечкi, сказаў радасна: - Сын мой, Бурацiна, дураслiвец, ты жывы i здаровы, - iдзi ж хутчэй да мяне! Бурацiна нарэшце вяртаецца дадому разам з татам Карла, Мальвiнай, П'еро i Артамонам Нечаканае з'яўленне Карла, яго дубiнка i нахмураныя бровы нагналi жах на нягоднiкаў. Лiсiца Алiса адпаўзла ў густую траву i адтуль дала драла, часам толькi спыняючыся, каб пакурчыцца пасля ўдару дубiнкай. Кот Базiлiо, адляцеўшы крокаў на дзесяць, шыпеў ад злосцi, як праколатая веласiпедная шына. Дурамар падабраў крыссе зялёнага палiто i пасунуўся з узгорка ўнiз, паўтараючы: - Я нi пры чым, я нi пры чым... Але на крутым месцы сарваўся, пакацiўся i са страшэнным шумам i плёскатам плюхнуўся ў сажалку. Карабас Барабас застаўся стаяць, дзе стаяў. Ён толькi ўцягнуў усю галаву да макаўкi ў плечы; барада яго вiсела, як пакулле. Бурацiна, П'еро i Мальвiна ўскарабкалiся наверх. Тата Карла браў iх па аднаму на рукi, гразiў пальцам: - Вось я вас ужо, свавольнiкi! I клаў за пазуху. Потым ён спусцiўся на некалькi крокаў з узгорка i прысеў над няшчасным сабакам. Верны Артамон узняў морду i лiзнуў Карла ў нос. Бурацiна адразу ж высунуўся з-за пазухi: - Тата Карла, мы без сабакi дадому не пойдзем. - Э-хе-хе, - адказаў Карла, - цяжкавата будзе, але ўжо ж як-небудзь данясу вашага сабачку. Ён ускiнуў Артамона на плячо i, сапучы ад цяжкага грузу, палез наверх, дзе, усё гэтак жа ўцягнуўшы галаву, вылупiўшы вочы, стаяў Карабас Барабас. - Лялькi мае... - прабурчаў ён. Тата Карла адказаў яму сурова: - Эх ты? З кiм на старасцi год звязаўся, - з вядомымi ўсяму свету жулiкамi, з Дурамарам, з катом, з лiсiцай. Маленькiх крыўдзiце! Сорамна, доктар! I Карла пайшоў па дарозе ў горад. Карабас Барабас з уцягнутай галавой iшоў услед за iм. - Лялькi мае, аддай!.. - Нiзашто не аддавай! - залямантаваў Бурацiна, высоўваючыся з-за пазухi. Так iшлi, iшлi. Мiнулi харчэўню "Трох печкуроў", дзе ў дзвярах кланяўся лысы гаспадар, паказваючы абедзвюма рукамi на скавародкi, якiя шыпелi на агнi. Каля дзвярэй узад i ўперад, узад i ўперад пахаджваў певень з выскубленым хвастом i з абурэннем расказваў пра хулiганскi ўчынак Бурацiна. Куры спачувальна падтаквалi: - Ах-ах, якi жах! Ух-ух, певень зух!.. Карла ўзышоў на пагорак, адкуль вiдаць было мора, дзе-нiдзе пакрытае матавымi палоскамi ад павеву ветрыка, ля берага - стары гарадок пясочнага колеру пад спякотным сонцам i палатняны дах тэатра лялек. Карабас Барабас, стоячы на тры крокi ззаду Карла, прабурчаў: - Я табе дам за лялькi сто залатых манет, прадай. Бурацiна, Мальвiна i П'еро перасталi дыхаць - чакалi, што скажа Карла. Ён адказаў: - Не! Калi б ты быў добрым, добрым дырэктарам тэатра, я табе, так i быць, аддаў бы маленькiх чалавечкаў. А ты - горшы за ўсякага кракадзiла. Не аддам i не прадам, iдзi прэч! Карла спусцiўся з узгорка i, ужо больш не звяртаючы ўвагi на Карабаса Барабаса, увайшоў у гарадок. Там на пустой плошчы нерухома стаяў палiцэйскi. Ад гарачынi i нуды ў яго абвiслi вусы, павекi злiплiся, над трохкутным капелюшом кружылiся мухi. Карабас Барабас раптам засунуў бараду ў кiшэню, схапiў Карла ззаду за кашулю i закрычаў на ўсю плошчу: - Трымайце злодзея, ён украў у мяне лялькi!.. Але палiцэйскi, якому было горача i нудна, нават i не зварухнуўся. Карабас Барабас падбег да яго, патрабуючы арыштаваць Карла. - А ты хто такi? - лянiва спытаў палiцэйскi. - Я доктар лялечных навук, дырэктар славутага тэатра, кавалер вышэйшых ордэнаў, блiжэйшы сябар Тарабарскага караля, сiньёр Карабас Барабас... - А ты не крычы на мяне, - адказаў палiцэйскi. Пакуль Карабас Барабас з iм спрачаўся, тата Карла, таропка стукаючы кiем па бруку, падышоў к дому, дзе ён жыў. Адамкнуў дзверы ў паўцёмную каморку пад лесвiцай, зняў з пляча Артамона, паклаў на ложак, з-за пазухi выняў Бурацiна, Мальвiну i П'еро i пасадзiў у радок на стол. Мальвiна адразу ж сказала: - Тата Карла, перш за ўсё займiцеся хворым сабакам. Хлопчыкi, зараз жа мыцца... Раптам яна з роспаччу пляснула рукамi: - А мае сукенкi! Мае новенькiя туфелькi, мае прыгожыя стужачкi засталiся на дне яра, у лопуху!.. - Нiчога, не бядуй, - сказаў Карла, - увечары я схаджу, прынясу твае клункi. Ён асцярожна разбiнтаваў Артамонавы лапы. Выявiлася, што раны амаль ужо загаiлiся i сабака не мог паварушыцца толькi таму, што быў галодны. - Талерачку аўсянай зацiркi ды костачку з мазгамi, - прастагнаў Артамон, i я гатовы бiцца з усiмi сабакамi ў горадзе. - Ай-яй-яй, - журыўся Карла, - а ў мяне дома нi крошкi, i ў кiшэнi нi сольда... Мальвiна жаласлiва ўсхлiпнула. П'еро цёр кулаком лоб, разважаючы: - Я пайду на вулiцу чытаць вершы, прахожыя надаюць мне кучу сольда. Карла пакiваў галавой: - I будзеш ты начаваць, сынок, за валацужнiцтва ў палiцэйскiм аддзяленнi. Усе, апрача Бурацiна, засумавалi. Ён жа хiтра ўсмiхаўся, круцiўся так, нiбы сядзеў не на стале, а на перакуленай кнопцы. - Сябры, даволi хныкаць! - Ён саскочыў на падлогу i штосьцi выцягнуў з кiшэнi. - Тата Карла, вазьмi малаток, адарвi ад сцяны дзiравае палатно. I ён задзёртым носам паказаў на камiнак, i на кацялок над камiнкам, i на дым, намаляваныя на кавалку старога палатна. Карла здзiвiўся: - Навошта, сынок, ты хочаш зрываць са сцяны такую цудоўную карцiну? У зiмовы час я гляджу на яе i ўяўляю, што гэта сапраўдны агонь i ў кацялку сапраўдная полiўка з баранiнай i з часнаком, i мне робiцца крыху цяплей. - Тата Карла, даю чэснае лялечнае слова, - у цябе будзе сапраўдны агонь на камiнку, сапраўдны чыгунны кацялок i гарачая полiўка. Сарвi палатно! Бурацiна сказаў гэта з такой упэўненасцю, што тата Карла пачухаў патылiцу, пакiваў галавой, пакрактаў, - узяў абцугi i малаток i пачаў адрываць палатно. За iм, як мы ўжо ведаем, усё было зацягнута павуцiннем i вiселi дохлыя павукi. Карла старанна абмёў павуцiнне. Тады сталi вiдаць невялiкiя дзверцы з пацямнелага дубу. На чатырох вуглах на iх былi выразаны твары, якiя смяялiся, а пасярэдзiне - чалавечак з доўгiм носам, чалавечак гэты танцаваў. Калi з яго сцерлi пыл, Мальвiна, П'еро, тата Карла, нават галодны Артамон закрычалi ў адзiн голас: - Гэта партрэт самога Бурацiна! - Я так i думаў, - сказаў Бурацiна, хоць ён нiчога такога не думаў i сам здзiвiўся. - А вось i ключ ад дзверцаў. Тата Карла, адамкнi... - Гэтыя дзверцы i гэты залаты ключык, - прамовiў Карла, - зроблены вельмi даўно нейкiм дасцiпным майстрам. Паглядзiм, што схавана за дзверцамi. Ён усунуў ключык у замочную шчылiну i пакруцiў... Пачулася нягучная, вельмi прыемная музыка, нiбы зайграў арганчык у музычнай скрынцы. Тата Карла пiхнуў дзверцы. Са скрыпам яны пачалi адчыняцца. У гэты час пачулiся паспешлiвыя крокi за акном, i голас Карабаса Барабаса зароў: - Iменем Тарабарскага караля - арыштуйце старога ашуканца Карла! Карабас Барабас урываецца ў каморку пад лесвiцай Карабас Барабас, як мы ведаем, дарэмна стараўся ўгаварыць соннага палiцэйскага, каб ён арыштаваў Карла. Нiчога не дамогшыся, Карабас Барабас пабег па вулiцы. Яго раскудлачаная барада чаплялася за гузiкi i парасоны прахожых. Ён штурхаўся i ляскаў зубамi. Услед яму прарэзлiва свiсталi хлапчукi, шпурлялi ў спiну яму гнiлымi яблыкамi. Карабас Барабас прыбег да начальнiка горада. У гэты спякотны час начальнiк сядзеў у садзе, каля фантана, у адных трусiках i пiў лiманад. У начальнiка было шэсць падбародкаў, нос яго ўтапiўся ў ружовых шчоках. За спiнай яго, пад лiпай, чацвёра панурых палiцэйскiх тое i рабiлi, што адкаркоўвалi бутэлькi з лiманадам. Карабас Барабас кiнуўся перад начальнiкам на каленi i, барадой размазваючы слёзы па твары, заенчыў: - Я няшчасны сiрата, мяне пакрыўдзiлi, абакралi, набiлi... - Хто цябе, сiрату, пакрыўдзiў? - адсопваючыся, спытаў начальнiк. - Самы злосны вораг, стары катрыншчык Карла. Ён украў у мяне тры самыя лепшыя лялькi, ён хоча спалiць мой славуты тэатр, ён падпалiць i абрабуе ўвесь горад, калi яго зараз жа не арыштаваць. Для падмацавання сваiх слоў Карабас Барабас выцягнуў жменю залатых манет i паклаў у туфель начальнiка. Карацей кажучы, ён такога наплёў i нахлусiў, што напалоханы начальнiк загадаў чатыром палiцэйскiм пад лiпай: - Iдзiце за шаноўным сiратой i зрабiце ўсё патрэбнае iменем закону. Карабас Барабас пабег з чатырма палiцэйскiмi да каморкi Карла i крыкнуў: - Iменем Тарабарскага караля - арыштуйце злодзея i нягоднiка! Але дзверы былi замкнуты. У каморцы нiхто не адклiкнуўся. Карабас Барабас загадаў: - Iменем Тарабарскага караля - ламiце дзверы! Палiцэйскiя нацiснулi, гнiлыя палавiнкi дзвярэй сарвалiся з завесаў, i чатыры бравыя палiцэйскiя, бразгаючы шаблямi, з грукатам звалiлiся ў каморку пад лесвiцай. Гэта было ў тую самую хвiлiну, калi праз патаемныя дзверцы ў сцяне, нагнуўшыся, выходзiў Карла. Ён знiк апошнiм. Дзверцы Дзынь!.. Зашчоўкнулiся. Цiхая музыка перастала iграць. У каморцы пад лесвiцай валялiся толькi брудныя бiнты i парванае палатно з намаляваным камiнкам... Карабас Барабас падбег да патаемных дзверцаў, загрукаў у iх кулакамi i абцасамi: Тра-та-та-та! Але дзверцы былi моцныя. Карабас Барабас разагнаўся i ўдарыў у дзверцы задам. Дзверцы не паддалiся. Ён затупаў на палiцэйскiх: - Ламiце праклятыя дзверы iменем Тарабарскага караля!.. Палiцэйскiя абмацвалi адзiн у аднаго - хто пабiты нос, хто гузак на галаве. - Не, тут работа вельмi цяжкая, - адказалi яны i пайшлi да начальнiка горада сказаць, што iмi ўсё зроблена па закону, але старому катрыншчыку, вiдаць, памагае сам нячысцiк, таму што ён уцёк праз сцяну. Карабас Барабас iрвануў сябе за бараду, павалiўся на падлогу i пачаў раўцi, енчыць i качацца, як шалёны, па пустой каморцы пад лесвiцай. Што яны знайшлi за патайнымi дзвярыма Пакуль Карабас Барабас качаўся, як шалёны, i рваў на сабе бараду, Бурацiна наперадзе, а за iм Мальвiна, П'еро, Артамон i - апошнiм - тата Карла спускалiся па крутой каменнай лесвiцы ў падзямелле. Тата Карла трымаў агарак свечкi. Яе мiгатлiвы агеньчык адкiдваў ад Артамонавай калматай галавы цi ад працягнутай рукi П'еро вялiкiя ценi, але не мог асвятлiць цемры, куды вяла лесвiца. Мальвiна, каб не заплакаць ад страху, шчыпала сябе за вушы. П'еро - як заўсёды, нi к сялу нi к гораду - мармытаў вершыкi: Скачуць ценi на сцяне, Больш нiшто не страшна мне. Хоць крутыя сходцы тут, Хоць i цёмны кожны кут, Толькi ж, пэўна, не к бядзе Шлях падземны прывядзе. Бурацiна апярэдзiў таварышаў, - яго белы каўпачок ледзь бачны быў глыбока ўнiзе. Раптам там штосьцi зашыпела, упала, пакацiлася, i пачуўся яго жаласны голас: - Сюды, на дапамогу! У момант Артамон, забыўшыся на раны i голад, павалiўшы Мальвiну i П'еро, чорным вiхрам рынуўся ўнiз па лесвiцы. Заляскалi яго зубы. Агiдна завiшчала нейкая iстота. Усё сцiхла. Толькi ў Мальвiны гучна, як у будзiльнiку, стукала сэрца. Шырокi прамень святла знiзу асвятлiў лесвiцу. Агеньчык свечкi, якую трымаў тата Карла, зрабiўся жоўты. - Глядзiце, глядзiце хутчэй! - гучна паклiкаў Бурацiна. Мальвiна - задам наперад - паспешлiва пачала спускацца з прыступкi на прыступку, за ёю заскакаў П'еро. Апошнiм, нагнуўшыся, сыходзiў Карла, раз-пораз губляючы драўляныя чаравiкi. Унiзе, там, дзе заканчвалася крутая лесвiца, на каменнай пляцоўцы сядзеў Артамон. Ён аблiзваўся. Каля яго ног валяўся задушаны пацук Шушар. Бурацiна абедзвюма рукамi прыўзнiмаў спарахнелы лямец, - iм была завешана адтулiна ў каменнай сцяне. Адтуль лiлося блакiтнае святло. Першае, што яны ўбачылi, калi пралезлi ў дзiрку, - гэта яркiя праменнi сонца. Яны падалi са скляпенчатай столi праз круглае акно. Шырокiя праменнi, у якiх танцавалi пылiнкi, асвятлялi круглы пакой з жаўтаватага мармуру. Пасярод яго стаяў цудоўны тэатр лялек. На заслоне блiшчаў залаты зiгзаг маланкi. Па баках заслоны ўзнiмалiся дзве квадратныя вежы, размаляваныя так, нiбы яны былi складзены з маленькiх цаглiнак. Высокiя дахi з зялёнай бляхi ярка блiшчалi. На левай вежы быў гадзiннiк з бронзавымi стрэлкамi. На цыферблаце супроць кожнай лiчбы намаляваны вясёлыя тварыкi хлопчыка i дзяўчынкi. На правай вежы - круглае акенца з рознакаляровых шкельцаў. Над гэтым акенцам, на даху з зялёнай бляхi, сядзеў цвыркун, якi ўмее гаварыць. Калi ўсе, разявiўшы раты, спынiлiся перад цудоўным тэатрам, цвыркун прагаварыў павольна i выразна: - Я папярэджваў, што цябе чакаюць жахлiвыя небяспекi i страшныя прыгоды, Бурацiна. Добра, што ўсё скончылася шчаслiва, а магло скончыцца i нешчаслiва... Вось як... Голас у цвыркуна быў стары i крыху пакрыўджаны, таму што цвыркуну, якi ўмее гаварыць, у свой час усё ж папала па галаве малатком i, нягледзячы на стогадовы ўзрост i прыродную дабрату, ён не мог забыць незаслужанай крыўды. Таму ён больш нiчога не дадаў, - таргануў вусiкамi, нiбы страсаючы з iх пыл, i павольна папоўз кудысьцi ў адзiнокую шчылiну - далей ад мiтуснi. Тады тата Карла прамовiў: - А я дык думаў, мы тут, прынамсi, знойдзем кучу золата i серабра, а знайшлi ўсяго толькi старую цацку. Ён падышоў да гадзiннiка, устаўленага ў вежу, пастукаў пазногцем па цыферблату, i паколькi збоку гадзiннiка на медным цвiчку вiсеў ключык, ён узяў яго i завёў гадзiннiк... Пачулася гучнае цiканне. Стрэлкi рушылi ў дарогу. Вялiкая стрэлка падышла да дванаццацi, маленькая - да шасцi. Унутры вежы загуло i зашыпела. Гадзiннiк звонка прабiў шэсць... Адразу ж на правай вежы расчынiлася акенца з рознакаляровых шкельцаў, выскачыла завадная стракатая птушка i, затрапятаўшы крыламi, праспявала шэсць разоў: - Да нас-да нас, да нас-да нас, да нас-да нас... Птушка схавалася, акенца зачынiлася, зайграла катрыначная музыка. I заслона ўзнялася... Нiхто, нават тата Карла, нiколi не бачыў такой прыгожай дэкарацыi. На сцэне быў сад. На маленькiх дрэвах з залатымi i сярэбранымi лiсцiкамi спявалi завадныя шпакi велiчынёй з пазногаць. На адным дрэве вiселi яблыкi, кожнае з iх не большае за зерне грэчкi. Пад дрэвамi пахаджвалi паўлiны i, прыўзнiмаючыся на дыбачках, дзяўблi яблыкi. На палянцы скакалi i бралiся ў рожкi двое казлянят, а ў паветры ляталi матылькi, ледзь прыкметныя воку. Так прайшла хвiлiна. Шпакi змоўклi, паўлiны i казляняты падалiся назад, за бакавыя кулiсы. Дрэвы правалiлiся ў патайныя люкi пад падлогу сцэны. На задняй дэкарацыi пачалi разыходзiцца цюлевыя воблакi. Паказалася чырвонае сонца над пясчанай пустыняй. Справа i злева, з бакавых кулiсаў, выкiнулiся галiнкi лiян, падобныя да змей, - на адной сапраўды вiсела змяя ўдаў, на другой разгойдвалася, ухапiўшыся хвастамi, сям'я малпаў. Гэта была Афрыка. Па пяску пустынi пад чырвоным сонцам праходзiлi звяры. Трыма скачкамi прамчаўся грывасты леў, - хоць быў ён не большы за кацяня, але страшны. Перавальваючыся, праклыпаў на заднiх лапах плюшавы мядзведзь з парасонам. Прапоўз агiдны кракадзiл, - яго маленькiя брыдкiя вочкi прыкiдвалiся добранькiмi. Але ўсё ж Артамон не паверыў i загыркаў на яго. Прамчаўся насарог, - для бяспекi на яго востры рог быў надзеты гумавы мячык. Прабегла жырафа, падобная на паласатага, рагатага вярблюда, якi з усёй сiлы выцягнуў шыю. Потым iшоў слон, сябар дзяцей, - разумны, лагодны, - памахваў хобатам, у якiм трымаў соевую цукерку. Апошнiм пратупаў бачком страшэнна брудны дзiкi сабака - шакал. Артамон з брэхам кiнуўся на яго, - тату Карла ледзь удалося адцягнуць яго за хвост ад сцэны. Звяры прайшлi. Сонца раптам пагасла. У цемры нейкiя рэчы апусцiлiся зверху, нейкiя рэчы высунулiся з бакоў. Пачуўся гук, нiбы правялi смычком па струнах. Загарэлiся матавыя вулiчныя лiхтарыкi. На сцэне была гарадская плошча. Дзверы ў дамах расчынiлiся, выбеглi маленькiя чалавечкi, палезлi ў лялечны трамвай. Кандуктар зазванiў, вагонаважаты крутнуў ручку, хлапчук жвава прычапiўся да каўбасы, мiлiцыянер засвiстаў, - трамвай рушыў у бакавую вулiцу памiж высокiх дамоў. Праехаў веласiпедыст на колах - не большых за сподачак для варэння. Прабег газетчык, - у чатыры разы складзеныя лiсткi адрыўнога календара - вось якой велiчынi былi ў яго газеты. Марожаншчык пракацiў цераз пляцоўку каляску з марожаным. На балкончыкi дамоў выбеглi дзяўчынкi i замахалi яму, а марожаншчык развёў рукамi i сказаў: - Усё з'елi, прыходзьце другiм разам. Тут заслона апусцiлася, i на ёй зноў заблiшчаў залаты зiгзаг маланкi. Тата Карла, Мальвiна, П'еро не маглi апамятацца ад захаплення. Бурацiна, засунуўшы рукi ў кiшэнi, задраўшы нос, сказаў, выхваляючыся: - Што - бачылi? Значыцца, недарэмна я мок у балоце ў цёткi Тарцiлы... У гэтым тэатры мы паставiм камедыю - ведаеце якую? - "Залаты Ключык, або незвычайныя прыгоды Бурацiна i яго сяброў". Карабас Барабас лопне ад зайздрасцi. П'еро пацёр кулакамi наморшчаны лоб: - Я напiшу гэтую камедыю цудоўнымi вершамi. - Я буду прадаваць марожанае i бiлеты, - сказала Мальвiна. - Калi вы знойдзеце ў мяне талент, паспрабую iграць ролi прыгожанькiх дзяўчынак... - Пачакайце, дзеткi, а вучыцца калi ж? - спытаў тата Карла. Усе разам адказалi: - Вучыцца будзем ранiцай... А вечарам iграць у тэатры... - Ну, то-та ж, дзеткi, - сказаў тата Карла, - а я ўжо, дзетачкi, буду iграць на катрынцы, каб весялiць паважаную публiку, а калi пачнем ездзiць па Iталii з горада ў горад, буду кiраваць канём ды варыць полiўкў з баранiны з часнаком... Артамон слухаў, задраўшы вуха, круцiў галавой, глядзеў блiскучымi вачыма на сяброў, пытаўся: а яму што рабiць? Бурацiна сказаў: - Артамон будзе загадваць бутафорыяй i тэатральнымi гарнiтурамi, яму дадзiм ключы ад кладоўкi. У час спектакля ён можа падрабляць за кулiсамi рык iльва, тупат насарога, скрыгат кракадзiлавых зубоў, выццё ветру - шляхам хуткага вярчэння хваста - i iншыя неабходныя гукi. - Ну, а ты, ну, а ты, Бурацiна? - пыталiся ўсе. - Чым хочаш быць пры тэатры? - Дзiвакi, у камедыi я буду iграць самога сябе i праслаўлюся на ўвесь свет! Новы тэатр лялек дае першы спектакль Карабас Барабас сядзеў перад камiнкам у дрэнным настроi. Сырыя дровы ледзь тлелi. На вулiцы лiў дождж. Дзiравы дах тэатра лялек працякаў. У лялек адсырэлi рукi i ногi, на рэпетыцыях нiхто не хацеў працаваць, нават пад пагрозай бiзуна ў сем хвастоў. Лялькi ўжо трэцi дзень нiчога не елi, вiселi на цвiках у кладоўцы i злавесна перашэптвалiся. З ранiцы не было прададзена нiводнага бiлета ў тэатр. Ды i хто пайшоў бы глядзець у Карабаса Барабаса нудныя п'есы i галодных, абшарпаных акцёраў! На гарадской вежы гадзiннiк прабiў шэсць. Карабас Барабас панура павалокся ў глядзельную залу, - пуста. - Чорт бы пабраў усiх шаноўнейшых гледачоў, - прабурчаў ён i выйшаў на вулiцу. Выйшаўшы, глянуў, мiргнуў i разявiў рот так, што туды лёгка магла б заляцець варона. Насупраць яго тэатра перад вялiкай новай палатнянай палаткай стаяў натоўп, не звяртаючы ўвагi на сыры вецер з мора. Над уваходам у палатку на памосце стаяў даўганосы чалавечак у каўпачку, трубiў у хрыпучую трубу i нешта крычаў. Публiка смяялася, пляскала ў далонi, i многiя заходзiлi ў палатку. Да Карабаса Барабаса падышоў Дурамар; ад яго, як нiколi, пахла тванню. - Э-хе-хе, - сказаў ён, збiраючы ўвесь твар у кiслыя маршчыны, - нiкуды не варты справы з лячэбнымi п'яўкамi. Вось хачу пайсцi да iх, - Дурамар паказаў на новую палатку, - хачу папрасiцца ў iх свечкi запальваць цi падмятаць падлогу. - Чый гэты пракляты тэатр? Адкуль ён узяўся? - зароў Карабас Барабас. - Гэта самi лялькi адкрылi тэатр лялек "Маланка", яны самi пiшуць п'есы ў вершах, самi iграюць. Карабас Барабас заскрыгатаў зубамi, iрвануў сябе за бараду i пашыбаваў да новай палатнянай палаткi. Над уваходам у яе Бурацiна выкрыкваў: - Першы паказ цiкавай, займальнай камедыi з жыцця драўляных чалавечкаў. Праўдзiвы расказ пра тое, як мы перамаглi ўсiх сваiх ворагаў з дапамогай дасцiпнасцi, адвагi i смеласцi... Каля ўвахода ў тэатр лялек у шкляной будачцы сядзела Мальвiна з прыгожым бантам у блакiтных валасах i не паспявала раздаваць бiлеты ўсiм, хто хацеў паглядзець вясёлую камедыю з жыцця лялек. Тата Карла ў новай аксамiтнай куртцы круцiў катрынку i весела падмiргваў шаноўнейшай публiцы. Артамон цягнуў за хвост з палаткi лiсiцу Алiсу, якая прайшла без бiлета. Кот Базiлiо, таксама безбiлетны, паспеў уцячы i сядзеў пад дажджом на дрэве, гледзячы ўнiз злоснымi вачыма. Бурацiна, надзьмуўшы шчокi, затрубiў у хрыпучую трубу: - Спектакль пачынаецца! I збег па лесвiцы, каб iграць першую сцэну камедыi, у якой паказвалася, як бедны тата Карла выстругвае з палена драўлянага чалавечка, не думаючы, што гэта прынясе яму шчасце. Апошняй прыпаўзла ў тэатр чарапаха Тарцiла, трымаючы ў роце ганаровы бiлет на пергаментнай паперы з залатымi ражкамi. Спектакль пачаўся. Карабас Барабас панура вярнуўся ў свой пусты тэатр. Узяў бiзун у сем хвастоў. Адамкнуў дзверы ў кладоўку. - Я вас, паршыўцы, адвучу ленавацца! - люта зароў ён. - Я вас навучу заваблiваць да мяне публiку! Ён ляснуў бiзуном. Але нiхто не адказаў. Кладоўка была пустая. Толькi на цвiках вiселi абрыўкi вяровачак. Усе лялькi - i Арлекiн, i дзяўчынкi ў чорных масках, i чараўнiкi ў спiчастых шапках з зоркамi, i гарбуны з насамi, як агурок, i арапы, i сабачкi, - усе, усе, усе лялькi ўцяклi ад Карабаса Барабаса. Страшна выючы, ён выскачыў з тэатра на вулiцу. Ён убачыў, як апошнiя з яго акцёраў уцякалi цераз лужыны ў новы тэатр, дзе весела iграла музыка, чуўся рогат, плясканне ў далонi. Карабас Барабас паспеў толькi схапiць мультановага сабачку з гузiкамi замест вачэй. Але на яго, нi адсюль нi адтуль, наляцеў Артамон, павалiў, выхапiў сабачку i памчаўся з iм у палатку, дзе за кулiсамi для галодных акцёраў была прыгатавана гарачая полiўка з баранiнай i часнаком. Карабас Барабас так i застаўся сядзець у лужыне пад дажджом. 1936 г. |
|
|