"Катэдральны сабор (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Моруа Андрэ)Моруа АндрэКатэдральны сабор (на белорусском языке)Андрэ Маруа КАТЭДРАЛЬНЫ САБОР У 18.. годзе нейкi студэнт спынiўся на вулiцы Сэнт-Анарэ перад вiтрынай гандляра карцiнамi. Там было выстаўлена палатно Эдуарда Манэ "Шартрскi катэдральны сабор". Манэ ў той час прызнавалi толькi некаторыя аматары. Але ў студэнта быў добры густ, i хараство гэтай карцiны яго глыбока ўразiла. Некалькi дзён ён хадзiў любавацца ёю. Нарэшце адважыўся ўвайсцi ў краму i запытаў цану. - Так i быць, - сказаў гандляр, - яна тут вiсiць даволi доўга. Уступлю яе вам за дзве тысячы франкаў. У студэнта не знайшлося такой сумы, але ён быў не з бедных. Яго сваякi ў правiнцыi мелi дастатак. Адпраўляючы хлопца ў Парыж, адзiн з яго дзядзькоў сказаў: "Маладому чалавеку хочацца пажыць. Калi будзе пiльная патрэба, пiшы". Ён папрасiў у гандляра тыдзень тэрмiну, каб выкупiць карцiну, i напiсаў свайму дзядзьку. У студэнта была каханка - асоба даволi вульгарная, недалёкага розуму, але вельмi прыгожая. Яна была замужам за чалавекам намнога старэйшым i нудзiлася без пэўных заняткаў. Вечарам таго ж дня, калi студэнт даведаўся пра цану "Сабора", жанчына гэтая сказала яму: - Заўтра з Тулона да мяне прыедзе ў госцi мая пансiёнская сяброўка. У майго мужа няма часу гуляць з намi. Я разлiчваю на вас. Назаўтра сяброўка сапраўды з'явiлася i не адна, а прывяла з сабой яшчэ адну сяброўку. Студэнт быў вымушаны некалькi дзён вадзiць усiх трох i паказваць iм Парыж. Ён iх паiў, кармiў, наймаў рамiзнiка, плацiў за квiты ў тэатр i хутка растрацiў усё, што яму было прыслана на месяц. Ён пазычыў грошай у таварыша i зусiм ужо засмуткаваў, як раптам прыйшоў ад дзядзькi лiст, i ў iм дзве тысячы франкаў. Гэта быў ратунак. Ён расплацiўся з даўгамi i купiў сваёй каханцы падарунак. "Катэдральны сабор" быў прададзены калекцыянеру, якi пазней завяшчаў свае карцiны Луўру. Мiнула шмат гадоў. Студэнт стаў славутым пiсьменнiкам, пасiвеў, пастарэў, захапляецца малюнкамi прыроды i хараством жанчын. Часта на вулiцы, выходзячы са сваёй кватэры, ён сустракае пажылую даму, якая жыве ў суседнiм доме. Дама гэта - яго былая каханка. Твар яе заплыў тлушчам, прыгожыя вочы выцвiлi, i пад iмi вiсяць мяшкi, на верхняй вусне расце шэрая шчэць. Яна iдзе грузна, i ногi ў яе як налiтыя воскам. Пiсьменнiк вiтаецца, але праходзiць мiма, бо ведае, што яна злая, i яму сорамна нават падумаць, што ён яе калiсьцi кахаў. Часам ён заходзiць у Луўр i падымаецца ў залу, дзе красуецца "Катэдральны сабор", доўга глядзiць на яго i ўздыхае. Пераклад: Юрка Гаўрук |
|
|