"Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Грабал Богумил)Грабал БогумилТанцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке)Багумiл Грабал Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных Пераклад: Ян Максiмюк Як i да вас, панна, мяне найбольш цягнула хадзiць да прыглядных паненак пад касьцёл, не таму каб я надта бiў чалом Царкве, але там ля плябанii была адна крамка, а ў ёй прадаваў нехта Алтман, патрыманыя швацкiя машыны, амэрыканскiя грамафоны на дзьве спружыны i вогнегасiлкi фiрмы "Мiнiмакс", i той Алтман дадаткова займаўся сьцягваньнем прыгожых дзяўчат з цэлага павету ў гасподы й шынкi, i яны часта начавалi ў Алтмана ў заднiм пакойчыку, а калi прыходзiла лета, ставiлi ў садочку палатку, а як што ксёндз-дэкан упадабаў сабе прагульвацца каля плоту, дык тыя фарсунi выносiлi грамафон i пяялi й курылi й загаралi ў купальнiках, ну дзiва дзiўнае, як у небе ў iх тамака было, як у нейкiм раю, таму ксёндз-дэкан так рупна хадзiў каля плоту на рэвiзiю, бо зь сьвятарамi яму быў нешанцунак, адзiн вiкары зьбег зь ягонай пляменьнiцай у Канаду, другi перайшоў у чэхаславацкую царкву i ажанiўся, а трэцi парушыў забарону i пералез цераз плот да тых прыгажуняў, што тамака загаралi, а так закахаўся ў адну, ажно застрэлiўся ад нешчасьлiвага каханьня, з рэвальвэру або браўнiнга, гэта такая зброя, зь якой кожнаму можа быць бяда, мы як былi хлапчукамi пазычылi адзiн i стралялi ў плот, як Конар Толнэс, потым брат разабраў той браўнiнг i мы не змаглi ўжо сабраць яго назад i хацелi застрэлiцца ад роспачы, што не даем рады сабраць, але гэта было наша шчасьце, дык я мог калi захачу пайсьцi да паннаў ля касьцёла, заўсёды прыходзiў выстраены, у крацястых нагавiцах, як банкавы службовец, сядаў сабе на гiльзу "Мiнiмакса", як дыплямат, сонейка сьвяцiла, а тыя дзяўчаты ў купальнiках ляжалi на плахтах нiбыта якi хаўрус "Паклоньнiц сонца", было iх шэсьць i ляжалi яны наўзнак з рукамi падкладзенымi пад галоўкi з высока зачасанымi фрызурамi ды глядзелi наўмысна ў аблокi, каб пакiнуць свае целы на папас мужчынскiм вачом, але я, як што быў чульлiвы як Моцарт, i абагаўляў эўрапейскi рэнэсанс, зiркаў на iх як кракадзiл, адным вокам у садок на ксяндза-дэкана, другiм вокам на тыя ножкi, закладзеныя адна за адну, прыгажунi ўвесь час калыхалi сваiмi лыткамi, а па мне бегалi мурашкi, каму ж яшчэ магло так надарыцца, каб пабыць сам-насам з гэтулькiмi красунямi? хiба што толькi кайзэру або султану, а распавядаў я гэтым краскам, як прысьнiўся мне прыемны сон, як мне прымроiлася, што пекар саджае хлеб у печ, а гэта значыць выйгрыш на лятарэi, але я ня меў лятарэйнага бiлета, ну так, бачыць пекара ў сьне азначае яшчэ начныя забавы, але што з тых забаваў? Гаўлiчак i Хрыстос, тыя нiколi не сьмяялiся, наадварот, больш за ўсё плакалi, бо калi хто мерыцца быць носьбiтам вялiкай iдэi, дык не павiнен рабiць глупстваў, у Гаўлiчка быў дыямантавы мозг, ён нават прафэсараў зьдзiўляў, прапаноўвалi яму арцыбiскупскае крэсла, але ён выбраў справядлiвасьць, трохi кавы й крупнiку ды толькi працаваць для народу, каб паменшыць непiсьменнасьць, гэта адно разбэшчаным людзям уначы мiрсьцiцца такiм ладам, у гноi валяесься, вясёлы час цябе чакае, або калi прысьнiцца начны гаршчок, бесклапотнае жыцьцё табе наканавана, ну так, мiлыя панны, гэта якраз той клёк, калi чалавек спадзяецца на самога сябе, а не на бацькоў, як той Маноўх, якому хапала, што ягоны бацька быў турэмным наглядчыкам, дык ён не рабiў нiчога iншага, як толькi жлукцiў гарэлку i набiраўся дрэнных ухватак, а потым з такога ўзьнiкаюць пустабрэхi, як тая спрэчка за аўстрыйскiм часам мiж сацыяльнымi дэмакратамi, вальнадумцамi й клерыкаламi, адны думалi, што сьвет паўстаў з малпы, а iншыя, што Бог зьляпiў Адама з гразi, а потым зь ягонай кiшкi зрабiў Еву, ну дык i яе таксама мог бы вырыхтаваць з гразi, лягчэй бы выйшла, ды ўсё гэта лухта, сьвет жа тады быў бязьлюдны як зорка, але людзi сакочуць як маладыя сарокi, рупяцца пра ваду ў рэшаце, я таксама мог бы памроiць аб павабнай дачушцы прэм'ер-мiнiстра, але калi з гэтага нiчога ня можа быць, дык навошта? а потым гэта прыгожа канчаецца! Сьвятая Багародзiца! каронны герцаг Фэрдынанд быў пабiты пранцамi i Вэцэра яго стукнула, а яе ўжо застрэлiў рамiзьнiк, ну а кожная панна прызнае, што калi б у ейнага мiлага той iнструмант быў няспраўны, дык ёй усё роўна што жыўцом у магiлу легчы, дык калi я служыў у найлепшай армii на сьвеце, кажу штабс-лекару, пане доктар, балiць мне ў грудзях, а ён кажа, мне таксама, хлопча, калi б у нас было сто тысяч такiх як ты, мы заваявалi б увесь сьвет! i даў мне адзiнку, i я быў героем i выйшаў з горда ўзьнятай галавой, а ён крычыць да мяне стойце! яшчэ маеце час, паедзеце з маёй паняй на вакзал, ягоная панi была красуня, той самай пароды, што й Мажэнка Цыглерава, велiканка як Марыя Тэрэза, выстраеная як каралева, i адразу мяне пытаецца, а вы яшчэ свабодны? i дае мне дваццатку за дарогу, але я ня ўзяў, во што значыць рыцарскасьць, Хрыстос i Гаўлiчак таксама не ўзялi б тае дваццаткi, ведаеце, у тыя часы мы трымалi шык, я любiў насiць пэнснэ, а ў гальштук прыколваў значок, якi дзед майго сябры дастаў ад клюбу "Ахiлес" у Брне за перамогу ў скоках у вышыню, галоўнае, каб мець грошыкi, за грошыкi можна ўсё, i прыгожыя панны, нават калi хто гарбаты або й стары грыб, за грошы можа купiць сабе прыгажуню, бо на гэтым наш сьвет круцiцца ў сусьвеце, а я, хоць i прысягаў кайзэрам i прэзыдэнтам, увесь час застаюся героем, далей маю залатыя рукi, як хiрург або доктар, у шаўца заўсёды далiкатныя рукi, таму мяне называлi прафэсiяналам, сам Баця, казалi, паслаў мне дэкрэт, каб я ў яго рабiў, каб яму паставiў ягоную фiрму на ногi, баранэса Бжызава, якая прыходзiла да нас па малако, паглянула на мяне, а потым апусьцiла вочы i кажа, а вы самi ня шляхцiц будзеце? была яна дамай высокага роду, мордачка як у кошкi на шакалядзе, а ейная дачка выйшла за прыгляднага судзьдзю Юста, таго што даваў валацугам i п'янiцам вялiзныя прысуды, Тонiк Воплетал уляпiў таму судзьдзi поўху, бо ён засудзiў яго на трынаццаць месяцаў за тое, што перагрыз горла Рыгу падчас акадэмiчных дэбатаў, Хрыстос жа, лекар усiх народаў, апiрышча бедных, ужо тады ведаў, што чалавек схiльны да найбольшага лайдацтва i зараз потым да сьлёз, таму меў досыць сiлы i за ўсiх узяў тое бервяно на плечы ды зьбiты i ўвесь у крывi валок яго два кiлямэтры на Гальготу, сьвятары й да сёньня гэтаму зьдзiўляюцца, найахвотней выкладаюць дзецям пра сьвятую Тройцу, што айцец ёсьць уласным сынам, а сын сваiм айцом, i што яны перапiсваюцца з дапамогай галубiцы, ну й лухта, ажно ў мазгох рыпiць, як быццам ксяндзом было мала, што яны чуюць на споведзi, тыя нягоды зь няшлюбнымi сынамi i айчымамi, але гэта людзям ня трэба, бо Хрыстос хацеў любовi да блiзкага, дысцыплiны, а ня той любовi на канапе, як гэта некаторыя тутака плятуць, прыдуркi, якiм паадбiвала мазгi, гэта я магу ганарыцца, я, якi заўсёды помнiў Гаўлiчака, а ў шавецтве быў iнжынерам чалавечых ног, спраўна падшываць чаравiчкi белай дратвай, а цьвiчкi не павiнны муляць у пяткi, я, якi ўжываў клей маркi Эльбэт i Гумiдрабант з слановых капытоў, ды што, калi грамадзкай думкай валодаюць iдыёты й п'янюгi, хай адно дакажуць столькi як нябожчык Масарык, якi яшчэ ў свае семдзесят рабiў стойку на канi, або як тыя манахi ў Тыбэце, якiя паставiлi сабе электрастанцыю i сьвецяць сабе ў кляштары на жывога Буду, тое малюткае дзiцятка, або спадар прафэсар Айнштайн, якi вынайшаў падводную лодку з атамам, або рускiя, якiя робяць досьледныя палёты вакол сьвету на самалётах з рэактыўнай цягай i лётаюць так хутка, што не пасьпеюць узьляцець, а ўжо мусяць тармазiць, так што адзiн спрытнюк сказаў, недалёкi той час, калi пры такiх падарожжах вакол сьвету рэактыўны самалёт будзе бачыць свой уласны хвост сьпераду, людзi толькi пасядуць у такiм эрапляне i зараз павiнны выходзiць, падарожжы будуць адбывацца так хутка, што лепш будзе сядзець дома, галоўнае аднак, каб чалавек ня жыў як у хляве, а насiў кветкi прыгажуням, вось наш ксёндз-пробашч ня мог сцаць i доктар Карафiят яму кажа, я ж вам казаў, толькi поснае, а ня мяса й вiнцо, а адна баба пасьля родаў зьела кiлбаску i доктар ёй дапякаў, вы нажэрлiся яблыкаў цi што? а мужа аблаяў, што для парадзiхi шэсьць тыдняў нельга нават глядзець на кiлбаскi, i даў мужу клiзму, а я калi хадзiў да доктара Карафiята лячыць салiцёры, ён адразу прыпiсаў мне дыету i наказаў, каб я сядаў на цёплае малако, каб якi iншы, дык мяне выкiнуў бы, а доктар Карафiят кажа, адразу па вас вiдаць, што вы нечым узварушаны, значыць, ня шлюбная тайна вас сюды прывяла, а тут якраз чэрцi прынесьлi кiрмаш i на пляцы адна баба жэрла лiверную каўбасу дык выбег сабака i цапнуў у бабы тую каўбасу разам з губою, дык доктар мусiў купiць ёй яшчэ адну каўбасу i прышыць ёй тую губу, таму што баба прыйшла да яго з плачам, на той час людзi былi галянтныя да жанчын, адзiн прафэсар мне казаў, ня ўмелi мы шанаваць Аўстрыi, ня ўмелi шанаваць бардэляў, дык цяпер ад празьмернага клёку мужыкi ў нас сталiся нэрвовымi, Грулешак малацiў сваю жонку ланцугом ад ровара або катом, як называлi ланцуг для ўцягваньня калодаў на калёсы, адвакат Кiр, якi пасярэднiчаў у продажы нашага дому i паставiў сабе вiлу каля суду, з фантанам, пальмамi i мармуровай калёнай, а на ёй голую Еву, якая мела пад нагамi ўвесь сьвет, а вакол сябе ружовы садок, дык той адвакат застрэлiўся, бо ягоная жонка выбрала беднага студэнта, як у нейкай апэрэце, усе тыя багатыя панi поўныя рамантызму, мне рабiлi такiя прапановы, што я ажно дастаў язваў, вам, зразумела, не адмоўлю ды зраблю яшчэ чаравiчкi, насаджу на вочы тыя павелiчальныя шкельцы, чаравiчкi фасону КБ, iмiтацыя вужавай скуры, белая футравая высьцiлка i белыя фрэнзьлi, чацьвертага памеру, мадэль "Дэрбы-Парызэр", чаравiчкi зь белымi наскамi i лякаванымi абкладамi, абцасiкi два цэнтымэтры, нiкеляваныя дзiркi, кручкi з цэлюлёйду, масянжовыя штыфты i масянжовыя шрубкi, каб падэшвы даўжэй насiлiся, потым зраблю вам на запас адну пару абутку на восень i другую на зiму, у сярэдзiну, згодна з пажаданьнем, дамо высьцiлку з чырвонага або жоўтага кажушка, потым яшчэ адны чаравiкi на горныя экскурсii i адны зусiм простыя на шпацыры па лугох, з чырвонымi наскамi i белай высьцiлкай, або шаўро з высокай абшыўкай i зялёнымi лякаванымi наскамi, паеду ў Вену, у фiрму "Салямандра", у той цэнтар абутковага сьвету, што мае пяць паверхаў, паеду туды па лякi Майцэн, кiтавыя i так далiкатныя, як шчочкi прыгажунi, цэнтар абутковага сьвету гэта фiрма "Салямандра" з салямандрай на знаку, тым часам як фiрма "Мэрцэдэс" мела на знаку малпу, на шкляных палiцах чаравiкi, вырабленыя цудоўнымi чалавечымi рукамi, кожны паверх асьветлены iншым колерам, граф Зэлiкоўскi зiмою прыляцеў на вучэньнi на жарабцу, нiбыта на самалёце-зьнiшчальнiку, на вусах iней, конская грыва таксама сам iней, граф быў вядомы сваёй жорсткасьцю й грубасьцю, адна баба ў мяне запыталася, дзе служыць ейны сын, бо яна прынесла яму пiражкоў, а тут нарваўся граф Зэлiкоўскi на жарабцу i як рыкне па-польску, не гадай з бабамi, скурвысыну! сьцебануў мяне прутам i паскакаў на сваiм жарабцы проста на бабу на дваццацiградусным марозе, я стаяў на варце, было мне даваццаць адзiн год, а ў сабе я меў столькi энэргii, што ёю можна было б асьвятляць Прагу з тыдзень часу, яшчэ й сёньня чорт мяне падпорвае, калi бачу тую заруку шлюбнага шчасьця, дароднае жаночае цела, сокалы тады завiлi мае валасы, пазычылi мне сокальскую апратку, на лузе поўна сокалаў, на дрэвах павяваюць сьцягi, а на мяне глядзяць як на прэзыдэнта, шэраг сiвакоў, за iм шэраг каштанавых коней, дзьве красунi парвалi сабе блюзкi, пабiўшыся з-за мяне, але я ўжо быў начытаўся ў творы спадара Батысты, што чалавек, у якога няма нiчога сьвятога, больш схiльны да грэху i што адных жанчын цягне да каханьня, iншых да грошай, а яшчэ iншых да аднаго й другога, некаторых да разбэшчанасьцi, а нават вычварэнстваў, iншых да мастакоў, да замужжа, але гэта павiнна быць так, як навучае майстра Ян Гус, дзеўка, не падавай нагi кавалеру, пакуль ня ўведаеш, хто ён, найлепш прытрымлiвацца гэтых запаветных слоў, таму iндусы маюць у царкве быка i яму пакланяюцца, Сыбiла, тая, што прадказала сьмерць Госпада Iсуса, пабаялася йсьцi кладкай церазь Ярдан i пакланiлася таму кедраваму дрэву, а яе сяброўкi запыталiся, чаму яна ня йдзе далей? а яна адказала iм, што калiсьцi з тае кладкi будзе крыж, таму яна лепш пойдзе цераз тую ваду басанож, з сукенкай у жменi, а да тае кладкi быў ужо прыпiсаны той крыж i Сыбiла ведала, што прыйдзе Хрыстос i будзе вучыць людзей, што яны браты, такая была разумнiца, той самай пароды, што сьвяты Вацлаў, якi з такой радасьцю пеставаў вiнаграднiк i езьдзiў у белым радне на сiвым жарабцу i раздаваў грошы бедным як нейкi райсабес, кiтайцы зноў жа вераць у бога сiлы i каханьня, таму iхны бог мае ў носе пазалочанае колца i пашчу як акула, гэткi пазалочаны пузач, ажно жах бярэ, затое чорныя збольшага паэты, яны вераць толькi ў тое, дзе што можна зжэрцi, i верашчаць i скачуць, а iхны кароль сядзiць голы на троне i трымае вiлы ў руцэ, а iхная каралева мае на сабе толькi такi ашмотак, каб ёй мухi на пашпарт не сядалi, а калi ў iх хто памрэ, дык адну палову хаваюць, а другую гамаюць, так што спадар падарожнiк Голуб уцякаў ад iх на ровары, а жыхары Агнявой Зямлi, батакуты, арабэлы i матабэлы беглi за iм, але хоць i мелi добрыя лёгкiя, не далi рады яго дагнаць, толькi крычалi спадару падарожнiку, чалавек на вужацы! а раварысты гналi да Варшавы i выйграў нейкi Круляк, дваццаць два гады, роўна столькi было i мне, калi я стаяў у Прасьцееве перад фiрмай Вайнлiха, дворскага пастаўнiка, якi меў над уваходам арла, жыдок, залатое пэнснэ, выстраены й напарфумаваны, насiў кнiгу i смалiў кубанскую цыгару, як бы вы прыйшлi на ўнiвэрсытэт, два ягоныя заступнiкi, Фогл i Вэрцбэргэр, таксама напарфумаваныя як акадэмiкi, а я стаяў перад iмi як перад лавай прысяжных з парай чаравiкаў у руцэ на паказ, а Вайнлiх пытаецца, вы самi шылi гэтыя чаравiкi? а колькi тузiнаў можаце мне зрабiць за тыдзень? я адказаў, што два тузiны, дык мяне адразу павiншавалi, адразу мне далi бэргштайг, шаўро i бокс i падганялi, хутчэй, а то яшчэ спозьнiцеся на цягнiк, i я адыходзiў як Мантгомэры, той сьцiплы герой з-пад Тобруку, гэта велiзарны гонар рабiць у дворскага пастаўнiка, гэта тое самае, што сёньня працаваць з кавалерам Ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу, дворскi пастаўнiк меў мэдалi i на шыльдзе арла з распасьцёртымi крыламi, Кафка i Дворжак шылi для кайзэра строi й боты, а таксама для эрцгерцага, спэцыялiстам па вяндлiнах быў Выметал i Попелка, у вiтрыне адныя кумпякi сярод яловых галiнак i аспарагусу, адзiн мой камарад быў майстар па фраках, я запрасiў ягонага брата да нас, каб адпачыў на ўлоньнi прыроды, але ён так нажлукцiўся сьлiвавiцы, што мы мусiлi яго адмочваць у масьлёнцы, каб не памёр, дык ён рабiў у дворскага пастаўнiка Кафкi, якi меў у гербе зялёныя нагавiцы i залатыя мэдалi, генэрал фон Вухерэр замовiў у яго ясна-блакiтны мундзiр на Божае Цела, але залаты каўнер яму муляў, дык прышла яго жонка, генэралiха, каровiшча як Марыя Тэрэза, а стары Кафка, нэрвовы як кампазытар, хапiў яе i, цягаючы яе па вiтальнi, крычаў, калi гэта пасавала тысячам iншых, дык мусiць пасаваць i вашаму фраеру! таму во бачыце, я часта хаджу на могiлкi, дзе маладыя людзi, замест каб працаваць, дрэмлюць сабе пад крыжамi, а я тут пры сваiх сямiдзесяцi гадох гарэзую з вамi як кайзэр з Шратавай, а яшчэ мяркую зрабiць вам чырвоныя лякаваныя чаравiчкi, як для сястры доктара Карафiята, якая была прыгажуняй, толькi мела шкляное вока, ня надта прыемная справа, бо ня ведаеш, што яна з тым вокам счаўпе, адзiн шапачнiк з Прасьцеява мне распавядаў, што быў з такой адной у кiно, а яна раптам кашлянула i вока ў яе выпала, дык ў перапынку мусiлi яго шукаць мiж крэсламi, а калi знайшлi, яна выцерла яго, прыўзьняла павеку i шусь! маргнула раз-другi i ўсё на месцы, шавецтва гэта вам усё роўна што пякарства, якога вучыўся мой брат Адольф, гэта ўмельства саджаць далiкатнае печыва ў печ, пяшчотна на лапаце, як быццам вы гуляеце ў бiльярд, пры рагалiках на стале нельга сьлiнiць пальцаў, калi б гэта ўбачыў кантралёр, дык зараз бы даў поўху, а калi пекар iдзе пасцаць, дык потым мусiць памыць рукi, тым часам як у шавецтве можна нават калупацца ў носе, а такi мясьнiк таксама мусiць зважаць на чысьцiню, у нашым узводзе быў мясьнiк Коцурак Мiласлаў, яму нарываў палец, дык ён яго забiнтаваў, а калi рыхтаваў начынку для кiлбасак, той бiнт аб'ехаў i ўпаў у начынку, але ён меў надзею, што тая кiлбаска зь бiнтам дастанецца якому жаўнеру, дык не дурыў сабе галавы, аднак жа, панна, якi сюрпрыз! тая кiлбаска дасталася ягонаму штабс-лекару, есьць сабе трэцюю кiлбаску, раскройвае яе, а там бiнт! званiтаваў на месцы i адразу паслаў таго Коцурка Мiласлава на фронт, але той мясьнiк замест каб палегчы, наадварот, адзначыўся i дастаў ордэны за мужнасьць, нейкi час i я вазiў аднаму мясьнiку зьвязаныя козы на тачцы, два казьляняткi скакалi вакол мяне, тая каза лiзала мне рукi, i так я сядзеў у полi на тачцы, казьляняткi лiзалi мне рукi, а я плакаў, ну бо якая зь мясьнiка роўня мне, прыхiльнiку эўрапейскага рэнэсансу, дык плюнуў я на шавецтва, бо ўвесь час маеш пры iм аддушаны страўнiк i баiсься, каб не парэзацца нажом, вывучыўся на саладоўнiка i пайшоў у вандроўку па Вугоршчыне, ах, у Шапроне ёсьць выдатны бровар, чырвоны будынак зь белай аблiцоўкай, зялёныя вокны як у Тыролi i ўсё выкладзенае кахлiкамi, ля кожнага вакна жалезныя драбiнкi, каб пажарнiкi на выпадак пажару маглi па iх падымацца ўгору i спускацца ўнiз, як малпы ў Дрэздэне, а Будапэшт гэта дзiва, адна вулiца белая з чырвонымi вокнамi, другая ўся зялёная з жоўтымi вокнамi, вулiцы блакiтныя, залатыя i рабыя, а падчас вайны хлеб там быў белы як пiрог, Горты, той адмiрал, загадаў пастраляць матросаў, якiмi камандаваў Матоўшак, завязалi тым няшчасьнiкам вочы, бо гэта быў бунт або iнакш Mauterei, на пiва, панна, ячмень павiнен быць нязмоклы i непрарослы, трэба яго правеяць i найперш намачыць на верхнiм ярусе ў летняй вадзе, потым даць нанiз на ток i пералапацiць, значыць, перасыпаць драўлянай лапатай або iнакш Wohlgemut'ам, потым ён сушыцца ў саладзiльнi, а вагонь iдзе пад сподам, далей солад падае ў барабаны i шчоткi, асобна падае квет, гэта парасткi, а асобна солад, тым кветам добра кармiць валоў, солад бывае мюнхенскi для цёмнага пiва i пльзэнскi для сьветлага пiва, солад вараць у варыльнi некалькi гадзiн, растаўкаюць яго на тры заторы, каб было больш Zuckerstoff'у, потым дадаюць хмелю, каб пiва набрала горычы, потым выпускаць у брадзiльню, у кадзi, i дадаюць пiўныя дрожджы, звычайнае пiва бродзiць месяц, ляжак, або вытрыманае пiва, тры месяцы, добрая ў мяне памяць, праўда? мала ў каго на сьвеце такая, ляжак прыпраўляюць да смаку, значыць, пакуль пiва разьлiюць у гекталiтры або ў кухлi, зьбiраюць у бляшанку тую гушчу, тыя дрожджы, i далiваюць патрошку ў кожную бочку, дзякуючы iм пiва потым мае тую iскрынку, або гранат, мюнхенскае пiва вылежваецца нават i паўгоду, а калi першы раз адшпунтоўваюць бочку, дык на гэта прыходзiць паглядзець i скаштаваць сам прэзыдэнт, адна швачка, на прозьвiшча Гулякава, калi я раiў ёй наконт палавой гiгiены, а потым вучыў, што найважнейшая справа запаўняць прагалы, гэта значыць, зрабiць нешта iншае, чымся было дагэтуль, дык тая швачка адразу захацела, каб я зь ёю пайшоў у лес i запоўнiў ейны прагал, але я ёй сказаў, што гэта можа зрабiць кожны дурань, а вось штука ў тым, каб зрабiць тое, чаго яшчэ няма, жанкi як што дык адразу гатовыя, у рэстаране падчас гулянкi карчмар мне скардзiўся, што госьцi сьцiраюць з тацы ягоныя рыскi, колькi выпiлi кухляў, а была тады са мною адна прыгажуня, якая сказала, панове, я маю рыску, якая так лёгка не сьцiраецца, вядома, некаторыя гатункi пiва ляжаць у смалаваных бочках i паўгоду, салодзенькi портэр з Пардубiцаў мае васямнаццаць градусаў, роўна столькi, колькi сёньня мае "Сэнатар" з Нусьляў, "Цмок" з Брна мае чатырнаццаць градусаў, роўна як "Спэцыял" з Бранiцаў або "Крыстал" з Будзяёвiцаў, ах, панна, тыя п'янюшчыя гранаты, тыя горкiя гатункi з Пльзьня, "Кардынал" i салодкае пiва "Ў Флекаў" або "Ў Тамаша", бяда якраз у тым, што прагрэс добры дзеля таго, каб людзi былi людзьмi, але што тычыцца хлеба, масла i пiва, дык прагрэс горш заразы, тут трэба ўводзiць тэхнiку халерна паволi, у старых броварах варылi пiва ў медзi, пад катламi палiлi смалякамi i полымя йшло праз тую медзь i карамэлiзавала пiва, вось жа памяць у мяне! ёсьць чаму радавацца, або хлеб, рабiлi яго з жыта, якое ляжала ў клунi да лiстапада, пакуль усё з тых каласкоў не перайшло ў зярняткi, i толькi тады яго абмалочвалi, вось быў хлеб! пахнуў за кiлямэтар, калi пяклi гэты Божы дар, а чым быў чарсьцвейшы, тым лепшы, таму кайзэр ахвотней езьдзiў карэтай чымся аўтам i ахвотней пiў вiно, памёр зрэшты ў прыбiральнi, але ён то ўмеў захапляцца эўрапейскiм рэнэсансам разам са Шратавай, я стаяў у Майдлiнку на варце i бачыў кайзэра, Шратава стаяла на драбiне i абрывала сьлiвы, а кайзэр як Гётэ зiркаў ёй пад спаднiцу, калi трымаў драбiну дзеля ейнай бясьпекi, нават i Батыста прызнае, што зарукай шлюбнага шчасьця ёсьць дароднае цела, кайзэр любiў хадзiць у кайзроку, такiм жакеце, што выглядаў як цалкам закрыты фрак, такi ўжо быў шляхоты род тая кайзэрава сям'я, але няшчасьцi iх даймалi такiя самыя, што i iншыя сем'i, сынок, каронны герцаг, мусiў ажанiцца з бэльгiйскай прынцэсай Стэфанiяй, а насалоду меў зь цела Вэцэры, тае прыгажунi з вялiзнымi грудзьмi й вачамi, ну i ўсё скончылася павальнай стралянiнай, Даша, фэльчарка, якая ўвесь час мела прабелы ў палавой гiгiене, сказала мне, калi я распавядаў ёй пра трагедыю ў кайзэраўскай сям'i, авохцi! калi б мы былi муж i жонка, а вы хадзiлi б да iншае, дык я вас таксама застрэлiла б, так мне сказала, бо ў сьвеце пануе трагедыя i раманiсты ўвесь час маюць пра што пiсаць, iду я аднаго разу каля чыгункi, а тут едзе чыгуначнiк на ровары, саскоквае зь яго i кажа мне, Ярыку, скажы папраўдзе, быў учора той гол цi не было? а я яму кажу, не было, i той чыгуначнiк паехаў далей на адным понажы i пакуль перакiнуць ногу, аглядаўся i крычаў, дзякую, праўда пераможа, моцны характар у цябе! так крычаў, бо шмат хто блытаў мяне з футбольнымi судзьдзямi або й фiльмовымi акторамi, хоць я й нiколi ў футбол не гуляў, хiба што дзеля жарту, Моцарт i Гётэ, яны таксама ў футбол не гулялi, i кайзэр не, яму цiкавей было паехаць у Iшль i ганяцца за сарнамi, хадзiў ён у такiх нагавiцах, як дзецi, нагавiцах з пад'ёмным мастом, любiў людзей i еў сьвiнiну, за ўсё сваё панаваньне зрабiў толькi адну грашовую рэформу i загадаў павесiць Шлосарка i Гуга Шэнка, а маёй маме падараваў дваццаць пяць залатых, бо калi мама мясiла капусту, то мела на нагах белыя шкарпэткi, якраз тады былi манэўры, якiмi кiраваў кайзэраў дзядзька Альбрэхт, той, што вышчараў зубы i кватараваў з кайзэрам у аднаго такога Колажа, якога за гэтую кватэру кайзэр потым павысiў у шляхецкi стан, а той барон Колаж за гэтае павышэньне паставiў перад сваiм домам помнiк, я ехаў з мамай па карчы, жаўнеры вялi конi i елi кансэрвы, а мы наладавалi дзьве тачкi дроў i яшчэ паехалi па дзьве плахты травы для нашай каровы, было гэта гадкае падла, але мела пятнаццаць цялят, уся вулiца хадзiла да нас па малако, а калi тая карова памерла, уся вулiца плакала, але засталося ад яе цялятка, мы ўзялi яго ў сьвятлiцу i паiлi з пляшкi, дык кожнага ранку цялятка прыходзiла i лiзала нас, а мой брат Адольф казаў, што яно прыходзiць нас пагалiць, а калi з таго цяляцi вырасла карова, гаспадар Зпурны сказаў, што так прыгожай жывёлiны ён яшчэ ня бачыў, толькi што тая карова не магла глядзець нi на цягнiк, нi на ровар, таму мы чаплялi ёй навочнiкi, Царква тысячу гадоў змагалася з чэскiм народам, каб заглушыць у iм жарсьцi, але як тут ёй даць рады цэламу народу, той робiць хутчэй паводле кнiжкi спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, як толькi мужык убачыць прыглядную бабу, дык адразу мурашкi йдуць па iм i такi мужык адразу пачынае мазгаваць, як яе завалачы ў пасьцель, гэта, як кажа паэт Бонды, прага зьмянiць жаночую позу з вэртыкальнай на гарызантальную, i ён, хоць i паэт, з тае гарызантальнае позы мае цяперака двое дзяцей, якiх мусiць няўпынна вазiць з сабою ў возiку, мая мама была сьвятая жанчына, выхоўвала нас сама, у тыя часы яна была ўдарнiцай па ўборцы буракоў, калi выпала суша, палiвала iх з ручайка, буракi ў яе былi як цэбры, але нiхто ня мог параўнацца з Ганакамi, гэтыя мярзотнiкi выходзiлi задам, калi акучвалi буракi, каб не пакiнуць на полi нi сьледу, а яшчэ майстрам высокiх ураджаяў быў Мытны, што служыў капралам ва ўланах, з барадою як у прарока Iльлi, летам засоўваў тое валосьсе сабе ў нагавiцы, а зiмою насiў як шалiк, шчыраваў чалавек, увесь час сядзеў у лесе, а потым толькi памолiцца i зноў бяжыць за бабамi ў поле, ганяўся i за каровамi, бабаў падганяў добрым прыкладам i пугай, з такога спадар прэзыдэнт i сёньня меў бы карысьць, калi б iх было тысяч зь дзьвесьце, пры гаспадарцы ён меў карчму, але ягоная жонка замест налiваць гасьцям, налiвала сабе, дык ён, як што быў выхаваны па-каталiцку, бiў яе i бiў, пакуль не дабiў, паводле Старога Запавету конi i каровы ў яго былi начышчаныя да бляску, да таго куфэрак грошай i кнiжачкi ў ашчаднай касе, адна баба на прозьвiшча Шумплiца, каб не насiць выаранай бульбы, засыпвала яе босай нагою, але стары Мытны гэта ўбачыў i адсьцябаў яе пугаю, ажно яна абамлела, вечарам ён папраўляў мутрахлясты абутак i чытаў асьветнiцкую кнiжку, пакуль сеяць, адмочваў пшанiцу ў сiнiм купарвасе, любiў калоць парасятаў i да юшкi дадаваў пернасьцi ажно аднекуль з Афрыкi, яванская карыца, панна, лепшая за цэйлёнскую, такая лагодная карыца добрая для гарачага вiна i пiражкоў з павiдлам, але ўсё-ткi ў Аўстрыi людзi былi страшэнна адсталыя, адзiн мужычок матычыў поле i адматычыў сабе палец, бо думаў, што гэта вусень, настаўнiк Латал лупцаваў вучняў i бiў iх галавою аб дошку, бо вучнi кепска навучалiся рысавальнай геамэтрыi, а пробашч Збожыл хапаў хлопцаў за карак i трос iх як трусоў, бо не маглi зразумець, што ласка ёсьць божай натурай i звышнатуральнай заслугай, таму наш пробашч мусiў няўпынна малiцца, каб ня быць такiм злосным, бо здаралася яму часам адставiць келiх i заляпiць поўху мiнiстранту, а потым далей служыць iмшу, такая была тая аўстрыйская дысцыплiна, якая мела слабасьць да парадаў i колераў, арцыбiскуп насiў фiялетавы капялюш i фiялетавую сутану, генэрал Лукас меў залаты каўнер i тры зоркi на падкладцы з чырвонага шоўку, адзiн салдат ужо тады сказаў: насраць на вайну! i ўжо адразу вiсеў на дрэве зь перабiтымi нагамi, Сына Чалавечага прадалi за трыццаць срэбнiкаў, а султан купляў прыгажуняў за сто тысяч i больш, цела Сьвятога Пятра павесiлi на крыжы галавою ўнiз, а папа, ягоны наступнiк, сёньня шпацыруе па Лятэране i Ватыкане, абходзiць тысячы пакояў, дык яму паставiлi турыстычныя паказальнiкi, каб не заблудзiўся, з кардыналамi ён размаўляе ня столькi пра дзейную любоў да блiзкага, колькi пра валюты i каталiцкiя базы, гэта, скажу вам, панна, ёсьць тыя ваконцы на сьвет, тыя голы, пункты i сэкунды, нябожчык Штраўс трымаўся прынцыпу, каб сьветам кiравалi файныя мэлёдыi, каб улагодзiлiся пачуцьцi, той эўрапейскi рэнэсанс, за якi змагалiся Тэмiстокл i Мiльтыяд, Сакрат, Гётэ i Моцарцiк, каб не гаварыць, калi нам якая прыгажуня абрыдла, панна, пацалуй мяне ў ногу i adieu, тое ўлагоджваньне палягае на тым, каб напiсаць музыку або вершык на разьвiтаньне i паслаць з букетам ружаў, пасьля, панна, рамантычнаму чалавеку i сны сьняцца лагаднейшыя, мець дрыст у сьне значыць бываць у сьвецкай кампанii, жонку пры сьмерцi бачыць у сьне значыць, як знарок, спаўненьне самых запаветных мараў, у нас адзiн пячнiцкi чаляднiк расплакаўся, калi прывучвалi яго да забавы зь дзеўкай на бiльярдзе, iншым разам дзеўкi з бару выдатна дапамаглi, быў такi адзiн слабы на розум i калi на яго гэта находзiла, ён крычаў, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! дык мама хапала сто кронаў i бегла па красуню з бару, але ейны сынок падаў з тае красунi i мама яму ў тым пасабляла, каб на нейкi час займець перадышку, пакуль ейны бедны сынок зноў не пачне крычаць, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! але я заўсёды трымаў форму як Конар Толнэс, вось гэтымi чарадзейнымi ручкамi я рабiў кантэскi, чаравiчкi для прынцэсаў, акторак i лепшых красуняў, драўляны абцасiк, прыбiты масянжовымi штыфцiкамi, работа чыстая i мiлая Богу, срэбнае шаўро i жоўтае шаўро, i канарэечнае, а каб падноскi былi белыя, я купляў гумiдрабант, так што за Аўстрыi шавецтва было работай хутчэй хiмiчнай, чымся рамяством, сёньня гэта йдзе на канвэеры, хоць i быў я ўсяго шавец, але насiў манокль i кiёк з срэбнай галушкай, было так, што тады кожны хацеў выглядаць як кампазытар або паэт, а сёньня наадварот, кожны пiсьменьнiк фатаграфуецца як галадранец, аднаго разу, панна, я бачыў амэрыканскага пiсьменьнiка, ну нешта жахлiвае, той сам тып што й граф Зэлiкоўскi, вядомы сваёй грубасьцю, а той мастак, што маляваў тую галубiцу, на фатаграфii выглядае як жабрак з Марыяцэлу, сёньня мастакi зачэсваюцца данiзу, як за Аўстрыi дажывотнiкi або дахадзягi ў прытулках цi шпiталях, а вось за аўстрыйскiм часам, калi хто закончыў двухклясовую школу, даваў сабе завiваць валасы i хадзiў зачасаны як паненка, каб дзяўчаты думалi, што ён пiша вершы, а калi хто за Аўстрыi меў тры клясы гiмназii, дык не выходзiў зачаста на сонца, тым часам як сёньня загараюць нават прэзыдэнты, за Аўстрыi дык i работнiкi фатаграфавалiся з локцем лёгка ўсьпертым на столiк i позiркам скiраваным у далячынь, як Эдысан, а сёньня фатаграфуюцца нават як колюць дровы, вось так, у той час ужывалi шмат бадану, прыправы з кiтайскага дрэва, знакамiтай для лiкёраў i печыва, ах, тыя даўнiя часы мелi слабасьць да жабракоў, але з другога боку i да парадаў, вугорская мука была пад колер пяску, а на мяхох пазначалi яе трыма чырвонымi сэрцамi, амэрыканская двойка мела на мяхох тры скрыжаваныя каласкi i канадыйца з касою, эрцгерцаг Ойген, камандзiр дойчмайстраў i кавалер Апостальскага Ордэну, найбольшая жывёлiна ў сям'i Габсбургаў, меў два мэтры дваццаць цэнтымэтраў росту, так што калi ягоны ад'ютант падаваў яму плашч, дык валок яго па зямлi, калi стары Грулешак латаў у нас мяхi, ён чытаў за работай любоўны раман, а ксёндз Збожыл чытаў з амбону пастырскае пасланьне аб чытаньнi немаральных кнiжак i часопiсаў, а стары Грэпл, той што вазiў радно ў Оламоўц, ставiў ногi ў халодную ваду, каб не заснуць, бо ня меў будзiльнiка, зiмою хадзiў у лес вазiць дровы i цягаў тыя ланцугi на плячы як сам чорт, а сваю жонку часта тоўк галавою аб бэльку, каб паправiлася, так што яна доўга малiлася па начах, каб Госпад Бог яе выслухаў i каб прывалiў яго фурай з калодамi, таму й паэт Бонды мне казаў, што сапраўдная паэзiя павiнна ранiць, як бы вы забылiся лязо ў насоўцы i смаркалiся i парэзалi нос, таму акуратныя кнiжкi пiшуцца не дзеля таго, каб чытач лепш заснуў, але каб выскачыў з пасьцелi i так як стаiць, у адных споднiках, пабег да спадара пiсьменьнiка i надаваў яму па пысе, было так, што за Аўстрыi муж адказваў за душу свае жонкi непасрэдна перад Богам, i так прыкладам Тонiк Воплетал, той, што ўсадзiў нож Фэрдзюшку ў галаву, калi сварылiся, хто трапiць у неба, а хто не, дык ён казаў сваёй жонцы, ты перад алтаром прысягала слухацца мяне i тут жа лясь ёй па мордзе як задатак на будучыню, у майго майстра быў добры характар, але затое ён любiў выпiць, калi меў за што, адну кварту гарэлкi перад абедам, другую пасьля абеду, i яшчэ адну нанач, сёньня людзi з глузду зьехалi б або зрабiлi б рэвалюцыю, калi б мусiлi працаваць да поўначы як за Аўстрыi, дык той мой майстар гаварыў увечары, а каб цябе халера, курва кручаная, ты чаго мне забараняеш? я ж табе не выгаворваю, калi ты смалiш пiпку з драгунам! i лясь бабу капылом, за Аўстрыi людзi мелi досыць часу на глупствы, мой тата стрэў такога разумнiка як i сам, Траўнiчка, i яны адразу купiлi сабе лiтар жытнёўкi ў Фiдлераў, у той час налiвалi гарэлку ў такi чацьвяртак, што выглядаў як шкло ад газоўкi, значыць, мой тата сядзеў з Траўнiчкам на могiлкавым муры, а як што былi начытаўшыся Гаўлiчка i "Сьветагляду", мiжнароднае становiшча так iх засмучала, што не пайшлi на працу i вялi падрыўныя гутаркi пра сацыяльную несправядлiвасьць, а калi ўжо набралiся, засьпявалi песьню "Калi я йшоў лясной сьцяжынай у гаёк", ксёндз выбег з касьцёла, з сурвэткай як кельнэр, i крычыць, а каб цябе трасца, Траўнiчак, што гэта за фокусы замiнаюць мне падчас багаслужбы? iдзi ў лес, або аддам цябе пад арышт, але тата з Траўнiчкам сьпявалi далей, i тут ужо бяжыць жандар з плюмажам, каб iменем закону яны разыйшлiся, дык пайшлi, а тата, каб ад яго ня несла гарай, купiў сабе жавальнай табакi, але як ужо быў добра налiзаўшыся, мама ўзяла пута i адлупiла яго, бо калi хто хоча напiцца, дык павiнен мець рэсурсы, iнакш шал кiнецца ў галаву, Лёйза Таваркаў звар'яцеў ад бруку на пляцы, а яшчэ можа й таму, што ягоны сын рабiў дзяўчатам дзецi на спробу, дык той Лёйза Таваркаў тоўк галавою ў мур i падсьпеўваў, "Дзеля Бога, Язэпе, дзеля Бога, Язэпе...", а калi шал увайшоў у рытм, дык сьпяваў "Усе чэрцi на свабодзе, усе чэрцi пад замком", людзi глядзелi на яго нейкi час, а потым адправiлi ў вар'ятню, ён наогул быў добрым чалавекам, засядаў з Бэхiнам у ратушы i быў начальнiкам Сокала, адно той брук яму даўся ў мазгi, а можа i ягоная дачушка, якая аднаму хлопцу дала найпрыгажэйшы доказ каханьня, якi не застаўся без наступстваў, так што яна стрэльнула сабе ў лоб з рэвальвэру, што вiсеў у iх на сьцяне, так што бачыце, панна, людзi i надалей несьвядомыя i схiльныя да трагедыi, заўсёды калi хто кажа праўду, выглядае як хлус, а як было насамрэч, адкрываецца заўсёды запозна, адна красуня, якая мела Пэцiнгей, вышла замуж за багатыра, бо якраз прачытала "Уладальнiкаў гуты", але да яе хадзiў сьлесараў сын, а ейны муж вярнуўся нечакана i засьпеў iх у ваньне i так урэзаў таму сьлесараваму сыну, што той ажно аглух, таму Батыста ў сваiм творы аб палавой гiгiене перасьцерагае мужчын, каб занадта не аддавалiся сваёй жарсьцi, сама больш тры разы папалуднi, а каталiком чатыры разы папалуднi, каб потым ня мелi грэшных думак, бо iнакш можна прыйсьцi да сумных наступстваў, гэта ўваходзiць у кроў i да гэтага маюць нахiл султаны, якiя потым надрываюцца, калi-нiкалi нават папы i каралi ня мелi ў тым шчасьця, а потым ужо запозна, дзяржава стаiць дагары нагамi празь нейкую модную красуню, таму што розум заўсёды прыходзiць запозна, мама мяне перасьцерагала, вядома, да жанчын трэба падступацца з пачуццём, значыць, трэба хлусiць, што там вясельле, забава, увесь той гармiдар, гэта заўсёды пасьпеем, але на ўсё жыцьцё? адзiн мясьнiк мне сказаў, што ажанiцца гэта як усё жыцьцё несьцi каровiну скуру па тонкiм лёдзе, ёсьць выпадкi, калi жонка кажа да мужа, бацька, цябе варта было б добра чахнуць матычкай, а ён яе прабiрае, матуля, жлукта ты пузатая, як вазьму качаргу i як таргану цябе за пысу, дык вось, панна, iдэалы хiстаюцца, нават Гётэ гэтага не даказаў, а што ўжо казаць пра Моцарцiка, гэта люба, калi двое спатыкаюцца, спачатку хапаюцца за рукi, а потым за што толькi можна схапiцца, але гэтыя рэчы галоўным чынам узбуджаюць народы апранутыя, народы голыя менш распусныя, а прытым менш у iх кiшэнных крадзяжоў, ксёндз можа сабе мянцiць языком колькi хоча, Карл Чацьверты памяняў чатыры красунi, а калi б не памёр ад запаленьня лёгкiх, пэўна меў бы ахвоту i на пятую, такi зь яго быў спэцыялiст па жанчынах, трэба ведаць, калi ёсьць сапраўдная жарсьць, а калi толькi прыхамаць, як гэта апiсвае ў сваiм творы Батыста, што адна жанчына мела дваццаць два дзiцяцi, а iншая анiводнага, хоць бы й комiн ад бровару на яе звалiўся, такi мужчына мусiць мець не абы якi ворган, нават у соньнiку, панна, знойдзеце, што вялiкi ворган у снах бачыць значыць дастойнасьць, як той Шоўпал у нас, абое пiлi i цягалiся за чубы на лесьвiцы, але калi выйшлi на вулiцу, проста шляхта! а дома ён увесь час да яе, дыхнi, ад цябе нясе гарэлкай! а яна стае на каленi i божкаецца, я зьела толькi адну шакалядку з ромам, а ён ёй дае поўху, сёньня людзям жывецца куды лепш, але з гэтага боку ўсё засталося па-старому, раз ён дастае шалу, другi раз яна, за вакзалам жыў Каўра, якi ўначы краў, а днём шаўцаваў, а жонка ў яго была немка, i таму што яна красьцi ня ўмела нi трохi, ён узяў i павесiўся ад сораму на бэльцы, або той Хыцiл! яна, ягоная жонка, хадзiла па дамох i прадавала кашулi, а прытым крала, ну i раз яе прывялi жандары, дык яму таксама не засталося нiчога як толькi павесiцца ад сораму, той фарсун Корац, службовец у касе хворых, меў сына студэнта ў Оламоўцу, аднойчы прыходзiць доктар Карафiят на кантроль i кажа, спадар Корац, людзi скардзяцца, што не атрымлiваюць дапамогi па хваробе, што гэта за парадкi? тады Корац раскалоўся i прызнаўся, што тыя грошы пасылаў для сынка ў вышэйшай школе, а доктар сказаў, што яму да гэтага няма нiякай справы, дык Корац узяў касу i быццам ахвярнае ягня старой Аўстрыi выпiў лiтар рому за клуняй i падрэзаў сабе глотку, сёньня ўсё навыварат, дзецi вучацца задарма, а бацькi ледзь сабе глотак не пападрэзваюць, бо ў дзяцей больш грошай чымся ў iх, вось маеце, за Аўстрыi ў ялавiчным булёне не магло бракаваць шафрану, такой знакамiтай прыправы з Малой Азii, а мой стрыечны брат, вось гэта выпадак! быў з блiзьнят i ахрысьцiлi яго Вiнцакам, а таго другога блiзьнюка ахрысьцiлi Людвiчкам, а калi iм было па годзiку, мамуля купала iх у начоўках i на хвiлiнку адбегла да суседкi, калi вярнулася праз паўгадзiнкi, адно з дваiх утапiлася, а як што тыя двайняты былi падобныя, дык ня ведалi, каторы зь iх утапiўся, Людвiчак цi Вiнцак? кiнулi манэту, арол быў Людвiчак, а рэшка Вiнцак, выпала, што ўтапiўся Людвiчак, але мой стрыечны брат Вiнцак, калi вырас, пачаў сабе ламаць галаву, ён быў беспрацоўны, дык меў даволi часу, хто насамрэч утапiўся, цi абы на сьвеце не жыве Людвiчак, а ён, Вiнцак, цi не ўтапiўся? i пачаў пiць, потым хадзiў каля вады i шмат купаўся ў рэчцы, потым i ў лазьнi, хiба хацеў спраўдзiць, бо наканец утапiўся, каб упэўнiцца, цi не ўтапiўся тады ў начоўках, было яшчэ й тое, што за Аўстрыi людзi шукалi працы, а сёньня праца шукае людзей, так што яны ня маюць зашмат часу на глупствы, пацьвердзiў мне гэта i паэт Бонды, калi прывёз у гасподу двое сваiх дзяцей у возiку, ужо Сакрат, кажа Бонды, сьцьвердзiў, што курвельства ёсьць заняткам людзей бязь iншага занятку, Тонiк з кавярнi даў нам кiлбасы, каб мы патаўклi яму каменьне, дык таўчэм i таўчэм, а тут насоўваецца хмара, пацямнела як на пагiбель, загрымеў гром i блiснула маланка, мы мусiлi схавацца ў рове, а тут раптам зноў ясна, вяртаемся вечарам дахаты, а мама кажа, ведаеце, дзецi, што сталася? Карасак павесiўся якраз у тым лесе, дзе вы таўклi каменьне, таму што ягоная баба бегала за iншымi, я, панна, быў асьцярожны, там дзе я шаўцаваў, мелi дачку Мажэну, пуза як бубен, грудзi як у Марыi Тэрэзы, а азадак як сьвiронак або студня, кажуць мне раз, сёньня ў нас заначуеш, паслалi мне каля плiты, а над раньнем тая Мажэна мацнула мяне за твар i паклала мне на грудзях тыя свае цыцкi, а я кумiльгам адтуль, таму што ўжо тады быў далiкатны як саксонскi курфюрст, i рассадзiў сабе галаву аб плiту, адмочваю тую рану ў вядры, а цэлая сям'я выскачыла з пасьцелi i цешыцца, маўляў, будзем гуляць вясельле, але я ня даўся, сказаў як Гётэ, што я слабы ў грудзях i хутчэй схiльны да вершаў, дык яны таго зьлякалiся, Мажэна потым купiла мне гальштук i нiкеляваны пярсьцёнак, але я ўжо прачытаў твор спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, дык прыкiнуўся, што цiкаўлюся музыкай, а яе ўзяў нехта Етрудка, нажылi разам бяду i шасьцёра дзяцей, той Етрудка ўвесь час хадзiў набраны, хапала, каб толькi перад Мажэнай чыхнуў, а яна ўжо была пры надзеi, палова тых дзяцей звар'яцела, а другая палова, калi гэта даразумела, павесiлася, i як тут верыць соньнiку Анны Новакавай, нованароджанае дзiцятка пеставаць значыць радасьць! хiба адно стараста можа сабе нарабiць столькi дзяцей, але калi дзецi плачуць, дык нiякая гэта ня радасьць, старая Аўстрыя любавалася вайсковымi парадамi, але з другога боку, калi вы йшлi на шпацыр, дык штохвiлi зачаплялiся за выцягнутыя куксы жабракоў, i замест таго каб заглядацца на нейкую дзявочую цыцачку, я мусiў лiтавацца над тымi няшчаснымi, раз iду сам адзiн, а тут красуня, жыдоўка, нос крукам як чапяла, сядзiць на мяжы i выглядае першай суботняй зоркi, ня мела на сабе майтак, дык я адным вокам зiрк туды, куды любiў паглядзець Гётэ, пакуль пачне пiсаць вершык, загаварыў зь ёю i пачалi памiж намi ткацца даверлiвыя адносiны, яна мне распавяла, што ўмее езьдзiць на ровары бяз рук, на той час гэта была рэвалюцыя, а я ёй распавёў пра аднаго жандара, якi недзе вынайшаў пастанову аб грамадзкай гiгiене i паводле тае пастановы хадзiў асабiста мыць маладых цыганак да пятнаццацi гадоў, старыя цыганы павiнны былi грэць ваду i потым iсьцi прэч, жандар зьнiмаў унiформу i закасваў рукавы, а ягоны начальнiк падглядваў празь дзiрку ад ключа, як выконваецца тая пастанова аб гiгiене, а потым паставiў таго жандара перад судом i сам хадзiў абмываць тых маладых цыганак, а старыя цыганкi зьдзiўлялiся, чаму ён ня мые i iх? тая жыдоўка, што сядзела на мяжы i чакала першай суботняй зоркi, пачырванела i шапнула мне, што яна таксама не занадта каб чыстая, i я на той мяжы адчуваў сябе зноў пераможцам, iншым разам я хадзiў з дачкою махляра, мала хто мог вадзiць зь ёю знаёмства, мы гулялi разам у дыябалё i калi яна нахiлялася, я заглядваў ёй у дэкальтэ, называлася гэтае махляровае дзiцятка Галенкай, мела такiя гожыя цыцачкi, што доўга яшчэ згадваючы iх я заiкаўся i рабiў правапiсныя памылкi, такiм чынам я захаваў тую самую iлюзiю, што й Госпад Хрыстос, хадзiць з прыгожымi дзеўкамi, але не прыпускаць iх занадта блiзка да сябе i быць вольным, як быў доктар Карафiят, якi дрыжаў ад страху, каб ня стрэць бабы ў кашулi нават у сьне, гэта звалiла б з ног нават i пiсьменьнiка, а тыя ж прывыклi бачыць i не такiя рэчы, бацька тае махляровае дачкi мяне цягнуў на службу, але я ведаў, што ў яго два сыны, фарсуны з маноклямi, адзiн сынок украў грошы з касы i згодна з модай таго часу застрэлiўся з браўнiнга, з браўнiнга стралялiся толькi члены кайзэравай сям'i, а жонка таго другога сынка, Нiна, вялiзазная й гладкая як аксамiт, любiла папiваць лiкёры i калi цягнула ваду са студнi, закруцiлася ёй у галаве i яна туды паляцела, знайшлi яе праз тыдзень, бо думалi, як гэта тады было ў звычцы, што яе выкраў нейкi студэнт, а яна ўжо была набрынялая й агiдная, ах, Сьвятая Багародзiца, гэтае жыцьцё ўсё роўна халерна прыгожае! я не хацеў iсьцi ў прымы ў iхную сям'ю, бо ейны дзядзька быў закаранелы рэлiгiйны фанатык, багамольнiк нашых гор, якi цалаваў зямлю i валiў платы вакол дамоў, бо калi, маўляў, на небе няма платоў, дык i на зямлi iх не павiнна быць, ужо ў тым часе ён быў першапраходцам у заворваньнi межаў мiж людзьмi, няўпынна ставаў на каленi на пляцы i крычаў, што платы мiж людзьмi зьнясе любоў, аднак людзi меркавалi iнакш, таму адразу йшлi дахаты i лягалi з жанкамi на канапе, дык той дзядзька ўрэшце павесiўся на могiлках на крыжы над магiлай свае маткi i ксёндз сварыўся, што яшчэ раз мусiць асьвячаць могiлкi, я дзiвiўся, як у соньнiку Анны Новакавай мог зьявiцца сказ, у сьне ў царкве быць павешаным, хутка станесься саноўнiкам Царквы, калi ж бо самагубца мае быць пахаваны ўначы, у поўнай цiшынi i ў асаблiва далёкiм месцы, або той натарыюсаў штабс-лекар, ягоная жонка была чысты скарб, той самы мадэль, што i вы, панна, калi прыходзiла да нас па малако, казала мне, цi вы не зайшлi б на хвiлiнку да нас, выглядаеце як нябожчык Штраўс у маладых гадох, яе матка паходзiла з замку за Пшэмыславiцамi, замак называўся Глохаў i належаў Бохнэру, а яе бацька, таксама натарыюс, езьдзiў чатырма белымi жарабцамi, а шэсьць стракатых догаў беглi з высалапленымi языкамi за павозкай, сын меў сурдут блакiтны як неба, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, якое яшчэ войска пакажа такую красу для вачэй, сёньня жаўнеры ходзяць як парабкi, а тады кожны жаўнер быў сьцiснуты ў поясе як панна, а калi прыяжджаў у водпуск, дык дзеўкi сiкалi ў майткi, бо жаўнеры насiлi гарсэты, а такi штабс-лекар меў два рады гузiкаў i залаты каўнер, нiбыта з чыстага золата, каўнер з шаўковай падкладкай наўкруг, генэрал-лекар меў зьмейку на каўняры цэлым у золаце, ну, нешта цудоўнае, адно прырода, калi хоча пахвалiцца, што нешта дакажа, стварае дзеля канкурэнцыi такога зiмародка або папугу, толькi што Аўстрыя апрача гэтага параду i жабракоў мела яшчэ дысцыплiну, якая часта даводзiла жаўнераў да роспачы, таму што зь iх зьдзеквалiся i бiлi, тыя арышты, аковы, канцэнтрацыйны лягер, але той натарыюсавы штабс-лекар быў фанабэрысты як пава, у войска йшоў як красуня на шпацыр, а сталася яму такая бяда, што адзiн жаўнер забiў другога i ўкраў у яго грошы, якiя матка прыслала яму ў войска, а той забойца налiў забiтаму ў рот гарэлкi, а штабс-лекар яшчэ таго няшчасьнiка таўхаў нагою, бо думаў, што ён напiўся на службе, але адзiн спрытнюк убачыў гэта i данёс, дык штабс-лекара замкнулi i ён павесiўся на ручнiку ў каталажцы, а калi яго хавалi дома, дык мацi так рыдала, што ледзь касьцёл не развалiўся, заплацiла каму трэба, то й пахавалi яго на могiлках, хоць павiнны былi пахаваць уначы, у асаблiва глухiм месцы i бяз розгаласу, так яно бывае, панна, на фронце вас пахавалi б невядома дзе, усё роўна як бы згубiць хустачку, Анна Новакава ў сваiм соньнiку пiша, адпяваць нябожчыка гэта на шлюб, а сьнiць вар'ятню, вялiкага шчасьця чакай! во што прыдарылася начальнiку станцыi ў нас, якi гадаваў iндыкi i дрыжэў, каб яму дзяжурны добра пераводзiў стрэлкi, калi йшоў хуткi цягнiк, таму хадзiў сам кантраляваць, а хуткi яму ўехаў у тыя iндыкi, гэта было вiдовiшча, такi хуткi цягне за сабою паперыны й галiнкi, калi iмчыць, дык пацягнуў i пер'е iндыкаў ды iхнiя ашмёткi, на дзяжурнага на наступнай станцыi ўпалi тры сьцягнякi, на начальнiка яшчэ наступнай станцыi пасыпалася пер'е нiбыта зь якой пярыны, хуткi цягнiк гэта ня жарты, калi праяжджае праз станцыю, начальнiку зь Лiбiцы скразьняк за цягнiком вырваў з рук павышэньне i начальнiк ня мог адзець новы мундзiр, пакуль праз два тыднi не знайшлi тое павышэньне пяць станцый далей, адна жанчына йшла па шпалах, каб хутчэй зайсьцi дахаты, несла сьвiную юшку i разьехаў яе цягнiк, махам выцягнуў зь юшкi крупы i апырскаў iмi дзяжурнага на суседняй станцыi, на чыгунцы ёсьць людзi, абходчыкi, якiя апускаюць шлягбаўмы, вакол iхных дамкоў адно голае поле, ноччу нiхто iх ня бачыць, але яны ўсё роўна ваксуюць боты i выбiваюць мундзiры, а потым стаяць ля апушчаных шлягбаўмаў i казыраюць, цягнiк пралятае мiма iх уначы, пылiць на iх i пырскае, нiхто тых абходчыкаў ня бачыць, але яны стаяць на зважай i казыраюць начному хуткаму цягнiку, такiя во людзi засталiся ад колiшняе Аўстрыi, таму Лукас з гарнiзон-iнспэкцыёну ня бiў i не караў, затое Зэлiкоўскi быў сьвiньня, малацiў жаўнераў i загадваў iх прывязваць да дрэва, перш за ўсё капралаў, каб ведалi, як яно мае выглядаць, калi ён едзе на канi, i войска павiнна было расьцягнуцца ў швармлiнiю або вiкльтэлiнiю i зараз потым падвойную тупльшварм i допльрай, i паставiцца чатырохкутнiкам, i раптам рассыпацца, як бы хто стрэлiў у вераб'iную чараду, каб зноў самкнуць шыхт, камарад пры камарадзе, а калi генэрал падыме шаблю вастрыём угору, капралы павiнны ведаць, што гэта значыць, бо ж генэрал ня будзе крычаць да шаснаццацi ротаў войска, так як i дырыгент ня будзе крычаць на музыкантаў, ты ёлупню! ня бачыш там тае фэрматы? ён жа мае палачку не дзеля таго, каб сьвiснуць каму па вушах, але каб дырыгаваць, падаваць знакi, такi маршал, зразумела, мусiць клапацiцца, каб выйграць бiтву i каб не загiнула зашмат людзей, мяне рабiлi фрайтэрам, але я не схацеў, бо тады без упыну пасылаюць чалавека на варту або на патрулi i ўсё высылаюць у вайсковае вучылiшча, на ўскраiне лесу паручнiкi ўсё крэсьляць на дошцы i крычаць, падафiцэры zu mir! а як хто хоча пасцаць, дык мусiць прасiцца, потым едзеце на фронт i ўздоўж шашы пачынаюць зьяўляцца беспамылковыя знакi, амунiцыя, гарматы i параненыя, адзiн жаўнер дастаў ад вады срачкi або дыярэi, добрая ў мяне памяць, панна, што? i той жаўнер сядзеў у рове з папругай на карку, а тут генэрал Зэлiкоўскi саскочыў з каня i верашчыць, што гэта за войска такое засранае! i як вытне таго ваяку шабляй па сьпiне, а потым перада мною зьявiўся фронт, тая сумятня, дзе адзiн аднаго пыраў штыхом праз памылку, сьлепату або слабату, каб толькi далей наперад i наперад, каб вораг не пасьпеў акапацца, нэрвовыя афiцэры, швадроны залiтыя крывёю разам з коньмi, усё палала, дрэвы лёталi ў паветры, санiтары адвозiлi параненых на павозках кудысьцi ў лес, але дзяўчатам нельга было на фронце, яны заставалiся ў Пярэмышлi i Кракаве, пахаваныя па публiчных дамох, там у дзьвярах ёсьць вакенцы, я калiсьцi зазiрнуў, адна зь iх адчынiла i пытаецца, ну што, ваяка? некаторыя за гэта хацелi толькi хлеба, паручнiк Гаворка раiў нам, каб мы лепш заляцалiся да паннаў з прыватных дамоў, такой хопiць купiць цукеркаў, а каханьне як дрот, iду я сабе з настаўнiкавай дачушкай, а яна мне кажа, што хацела б за гэта булачку або абаранак, а я кажу, што нiчога ня маю, адно гэты жаўнерскi хлеб, а яна пацалавала мяне ў руку, а я ёй распавёў за гэта, як аднойчы вартаваў у Сплiце стары вагон, поўны экразыту, таго, што падрывае масты, i што той экразыт выглядае як лепiшча на мухi або як парашок з аптэкi, потым я ёй чытаў з соньнiку, што з паненкай у сьне балакаць значыць рызыкоўную спэкуляцыю, а з жанчынай уначы жартаваць, ня дай зьвесьцi сябе падманлiвай размовай, а ўрэшце я сказаў той настаўнiкавай дачушцы, што паненка ладне выглёнда, а яна мне, што пан тэж, i зычыла мне, каб ужо хутчэй было перамiр'е, а як што я заўсёды быў гжэчны кавалер, пiсалi мне найпрыгажэйшыя жанчыны Эўропы, у Цыгенгальсе я схiлiў да сябе сэрцайка дачкi аднаго фабрыканта, яна мела на сабе жоўтую бялiзну i сiнюю сукенку, я катаў яе лодкай па лясной азярыне i сьпяваў Mein Herz ist ein Bienenhaus, а потым лодка пачала тонуць, дык я выратаваў паненку, бо там было мала вады, яна называлася Анна Герынг i слала мне ружовыя лiсты, цэлае мястэчка ня спала ад цiкаўнасьцi, з кiм я перапiсваюся, аднаго разу яна мне прыслала парфуму "Маёвы чар", яна пахла як ландыш, а я, каб пазбавiцца ад вайсковай службы, курыў вiрджынскiя цыгары, мочаныя ў шафране, трэба было халерна зважаць, каб ня мець пажоўклых пальцаў, дык я абкусваў iх да крывi, гэта ўсё роўна што абылгаць прыгожую жанчыну, абдурыць словам, нават нябожчык стараста, якi прыйшоў у бар скантраляваць, цi ў баравых прыгажуняў спраўныя лыткi, нават той стараста прызнаў, ну ясна, за грошы дык абы дурань зможа, але так як вы, задарма, гэта геройскi подзьвiг! i я зноў перамог, таму што я браўся за справу такой самай тэхнiкай, што й афiцэры, хлопцы, казаў паручнiк Гаворка, з такой трэба далiкатненька, як быццам вы гастрылi аловак, гэтак на жанчын лепш дзейнiчае, чымсьцi калi б вы на iх выцяглi штых, дык i я зашмат не гаварыў, больш назiраў, якiя ў дзяўчыны злачынныя схiльнасьцi, чакаючы, пакуль сама ня выгаварыцца, што любiць цыгарэты i вiно, а я ёй тады казаў, што я не! а што вы любiце? пыталася яна, а я адказваў, панна, я аматар прыгожых паненак, а яна заяўляла, дык з вас неблагая сьвiньня, i кiдала ў мяне пантофлiкам, раз нават выпаў мне гонар паехаць да артылерыйскiх казармаў на Iдунi, генэральскай кабыле, гэта была красуня, гнедая зь белай зорачкай на лобе, як кiназорка, зорка была падобная на прастрэленую дзiрку ў хустачцы, а калi мы так ляцелi галёпам, тая Iдуня i я на ёй верхам, дык чапiлi бабу, баба кульнулася дагары нагамi, я спужаўся, цi Iдуня не павярэдзiла сабе капыта, бо тады генэрал паставiў бы мяне перад вайсковым судом, i мы так ляцелi цераз Оламоўц, Iдуня праскочыла праз браму, я пахiлiў галаву i трымаўся за шыю, i гэта быў мой шанцунак, таму што яна ўляцела адразу ў стайню, потым я пайшоў выпiць шклянку малiнавага соку ў кантыну, тады мелi там гожую дзеўку, звалi яе Цылькай, яна адразу пусьцiлася са мною ў танцы, а кiраўнiчка была раўнiвая, таму адразу: Цылечка, йдзi на кухню! i пачала сама лашчыцца да мяне, а Цылька чысьцiла нажы i паказвала за сьпiнай свае кiраўнiчкi, як бы яе з ахвотай пырнула, а кiраўнiчка мне сказала, жаўнерык, ты выглядаеш тэмпэрамэнтным чалавекам, а я ёй адказаў, што калi б ёй прысьнiлася, што яна ловiць фазана, дык неўзабаве каханьне загасьцюе ў ейным сэрцы, а кiраўнiчка адразу сунула мне сотню эгiпецкiх у кiшэню i папрасiла, каб я працягваў, а Цылька ў кухнi паказвала, як бы яна сваiм нажом падрэзала глотку сваёй кiраўнiчцы, якой я сказаў, што найлепшы сон гэта калi бачыць добра нагрэты пакой, бо гэта значыць каханьне дзьвюх асобаў, а кiраўнiчка круцiлася на крэсьле, а я ёй яшчэ шапнуў, што самы прыемны сон, калi бадаюцца два валы, бо гэта сапраўднае шчасьце ў каханьнi, i тут жа дадаў, што я гэтым паплацiўся, бо схапiў з гэтага брыдкую хворасьць i быў на лекаваньнi ў Брзадынi, кiраўнiчка адразу адсунулася ад мяне i палезла мне ў кiшэню па тыя эгiпецкiя, але я ёй сказаў, хто дае й забiрае, той рана памiрае, а яна прызнала мне рацыю i дала мне на дарогу кiлiшак гарэлкi, i дзякавала, што я ёй загадзя сказаў праўду, бо яна такую немач ужо мела, а я пайшоў ва "Ўранiю" з адной малачаркай, гралi там жыдоўскую п'еску аб узьнёслых памкненьнях, аб пакутах нейкага Агасфэра, тая малачарка ўвесь час абсьлiньвала мне вушы i пыталася, цi я зь ёю ажанiўся б, чаму не, кажу, але я яшчэ перад войскам, а прытым слабы ў грудзях, i кажу, што маю сны, у якiх мне сьнiцца канарэйка, замкнёная ў клетцы, а гэта паводле Анны Новакавай значыць, што я назаўжды пранiкнуты тугою па свабодзе, а тая малачарка мне шаптала, о так, з вамi мне было б прыемна! а ейныя валасы пахлi малаком i ванiляй, на трэцi дзень пасьля таго я паехаў у Югаславiю да мора, ах, якая там была навальнiца, шаленства прыроды, якое калi ўсьлiзгнецца мужчыну ў нагавiцы, дык ён стае пiсьменьнiкам, хвалi як наш дом, лодкi дык аж на дарогу выкiдвалi, грымелi па камянёх i крышылi скалы, такая марская бура можа перакулiць i вагон, занесьцi ў мора людзей разам з асламi, калi вяртаюцца зь вiнаграднiкаў, робяцца такiя слупы вады як вежы, а мы, жаўнеры, цярпелi бяду i голад, Сьвятая Багародзiца! жэрлi здохлую рыбу i дух у армii ўпаў да таго, што мы хадзiлi жабраваць, на казармах быў залаты надпiс "Ваярня Караля Юсупа", але паручнiк вышкрабваў кацёл пасьля кукурузы, калi б гэтага паручнiка ўбачыў генэрал Зэлiкоўскi, дык выцяў бы яго прутком, адзiн фарсiсты жыдок падперазаўся лякаваным паскам, даў мне залатоўку, каб я вычысьцiў яму карабiн, i кажа, што йдзе ў горад завязваць мiжнародныя зносiны, потым прыходзiць сяржант Брчул, бамбiза два мэтры i злосны як сабака, i пытаецца, дзе той жыдок, я кажу, што пайшоў да граду, а той сяржант пачынае лаяцца, ебэм тi бога i курэц надробно, i кажа, што Фрайгер фон Вухерэр забаранiў валачыцца па граду, потым лёг на ложак таго жыдка, па поўначы той вярнуўся ўвесь умакрэлы ад дзяўчат, а сяржант Брчул усхапiўся i надаваў яму таўхуноў нагою, ажно той зьвiваўся на зямлi ў выхадным мундзiры, i адразу мусiў iсьцi на варту, а калi я пайшоў зьмянiць яго тае ветраное начы, ён ужо спруцянеў каля камля дрэва ў куце падворышча, павесiўся на той лякаванай дзязе, сёньня пра такiя рэчы ня ведаюць, я распавядаў пра гэта ў Лiбэнi, але кiроўцы сьмяялiся зь мяне i бралiся навыперадкi сваiмi стоадзiнаццаткамi з узгоркў ў Гарларэзах, калi зьяжджалi ўнiз, была субота папоўднi, дантыст вярнуўся па парасон, бо забыўся, i якраз пiхаў ключ у замок свайга кабiнэта, але ў адной стоадзiнаццаткi лопнула рысора i машына наляцела на кабiнэт i адвалiла яго ад таго ключа, а той дантыст тамака стаяў i ўвесь час трымаўся за той ключ, калi б гэта толькi бачыў граф Зэлiкоўскi, генэрал вядомы сваёй грубасьцю, маёр Мiхаховiч, якi выплочваў нам грошы, раскладваў банкноты па стале i прыцiскаў iх каменчыкамi, каб вецер не пазьдзiмаў, ён заадно нас i перасьцерагаў, каб мы не прапiлi тыя грошы адразу, але каб купiлi сабе гузiкi, вазэлiну i нiткi, а ваколiца была прыгожая, рамантыка як у Ерусалiме, тыя дарогi пад гару ўвесь час трэба было папраўляць, людзi жывiлiся аўсянымi блiнамi, вiнаграднiкi цьвёрдыя як бэтон, адна дальматынка, што сядзела ў гаiку й пасьвiла авечкi, гэта было як на малюнку, адразу мяне заатакавала, пане, вы свабодны? а калi я кiўнуў, тут жа прыселася да мяне i пачала мне паказваць, хто ў якой халупе памёр, але мне трэба было йсьцi практыкавацца з новымi гранатамi, выглядала тая граната, панна, як грушка, зь якой замест хвосьцiка тырчыць вяровачка, камандзiр узводу вучыў нас на iмiтацыi, пацягнуць за вяровачку, палiчыць да дванаццацi, а потым шпурнуць, потым пайшоў у прыбiральню, а нейкi спрытнюк падлажыў яму сапраўдную гранату, i калi мы паўтаралi практыкаваньне, дык бабах! узводнаму адарвала руку i тая рука вылецела праз вакно i дала поўху капiтану Тонзэру, якi праяжджаў на канi i казыраў, нешта такое прыдарылася i ўласьнiку летняга кiнатэатру, у якога была жалезная рука, i калi хлопцы сядзелi на дрэве i глядзелi фiльм задарма, дык уласьнiк ставаў на крэсла i лупцаваў iх той жалезнай рукою, ажно ляцелi пасечаныя галiнкi, а калi дома хацеў даць той рукою i сыну, пратэз сарваўся з завесаў, вылецеў праз вакно i зьбiў з ног палiцыянта, якi акурат гастрыў аловак, каб выпiсаць штраф, а вось што мне прыдарылася падчас рапарту, калi чыталi iмёны палеглых i прачыталi маё, нават дата нараджэньня супадала, але ж я жывы! крыкнуў я, паслалi мяне дакладваць i далi мне пятнаццаць дзён арышту за тое, што я адазваўся пры рапарце палеглых, хлопцы казалi, панове, калi б такое пачуць, дык можна было б пайсьцi дахаты i легчы ў пасьцель, а калi скончыцца вайна, можна будзе сьцерцi сваё прозьвiшча з помнiка палеглым, але мне падабалася любавацца сабою ў люстры, мяне ажно страпянула, калi я ўбачыў, як мне падыходзiць мундзiр, як быццам сонейка выйшла на прагулку, калi я йшоў на шпацыр, ясна-блакiтная блюза, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, лякаваны пасак i нiкеляваны штых, шапка з залатым абадком, а пад той шапкай ня сечка, а таз першаклясных мазгоў, самыя складкi й зьвiлiны як у Эдысана, ах, той Эдысан, што вынайшоў прыладу, каб людзi ня мусiлi хадзiць у тэатар або на канцэрт, а маглi дома паслухаць у пантофлях, гэта той фанограф, нешта, чаго не было раней, сядзеў бедачына тры днi на крэсьле i думаў пра тыя слухаўкi на вушы, ну бо ведаеце, панна, нават найпрыгажэйшая жанчына ня можа дараўняць славутаму мужчыну, у Кракаве адна панi доктарка сказала мне распрануцца i лягла на мяне паслухаць, цi б'ецца маё сэрца, мела халоднае вуха i кажа мне, цо сен пан так руша? а я ёй распавёў пра эўрапейскi рэнэсанс i што сапраўдны мужчына трымцiць як пасоленая жаба, калi бачыць прыгожую жанчыну, таму шмат пiсьменьнiкаў вар'яцее ад мастацтва, бо калi хочуць яго палепшыць, мозг рассыпаецца ў iх як пацяруха, i нiхто ўжо не пазьбiрае яго ў кучу, сымфанiст Iштван абарваў жырандоль ад жалю, а па Эдысана прыйша нарачоная, але ён увесь час раздумваў, пад нагамi меў шкляны столiк, каб яму не замiнала зямное прыцягненьне, а тут прыходзiць прыгожая нарачоная, калi яму пасьля сьмерцi адчынiлi чэрап, таз поўны шэрага мозгу, мне адна варажбiтка вываражыла з картаў, што калi б мяне не перакрыла маленечкая хмарка, я б зьдзейсьнiў вялiкiя рэчы, ня толькi для свайго народу, але i для ўсяго чалавецтва, варажбiтка працягнула да мяне рукi, а я адхiлiўся ў крэсьле-качалцы i вылiў акварыюм, усё гэта я распавядаў той польскай панi доктарцы, а яна лягла на мяне i запыталася, куды пойдзем сёньня вечарам? а я зацытаваў ёй соньнiк Анны Новакавай, чыжыка ў клетцы прысьнiць, тваё распуснае жыцьцё прывядзе цябе да жалюгоднага канца, а доктарка ўзьнялася i кажа, выберце сабе нейкi лепшы сон, добра? дык я ёй сказаў, бачыць у сьне юбiлейную выставу значыць неспатоленую жарсьць, а тая доктарка адказала, што на пачатак гэтага хапiла б, i пусьцiла да мяне турэцкае вочка, рэч у тым, што мужчыны адразу думаюць пра брыдоту, тым часам як я паступаю тактычна, каб можна было ганарыцца перамогай, аднойчы прыйшоў да нас Марыён, iлюзiянiст i гiпнатызэр, якi сам сабе ставiў пячаткi на дазволах на выступы, бо як толькi зьяўляўся ў ведамстве, службоўцы давалi драла, каб iх не загiпнатызаваў, у той час я меўся выступiць на эстрадзе, засьпяваць "Балалайку" ў мундзiры афiцэра гвардыi, на сцэне былi самыя дзьверы зь дзiркамi для ключоў, а я сьпяваў "Жанчын прыгожых цалаваў я ўдосталь", на мяне сьвяцiлася фiялетавае сьвятло, калi я сьпяваў, "Балалайка, грай песьню з усiх найпрыгажэйшую, песьню сэрцу найблiжэйшую, аб тым, што я кахаю", i пабiў усiх высокiм "до", гэтага нiводзiн гарладзёр з хору ня мог даказаць, кожны мычаў як карова, калi целiцца, тым часам як я, тэнар як Ярынак Посьпiшыл, ачараваў усiх нашых дзяўчат як гiпнатызэр Марыён, калi б вам захацелася, вы б маглi таксама выступiць, адна панна будзе йграць тую вялiкацарыцу, але мусiць мець фальшывы поваб, вы б маглi яе йграць, таму што ня ўсе царыцы былi прыгожыя, я буду йграць папа i буду трымаць у руках тую чару, а пад канец адстрэляць жырандоль, аднак найбольш ахвотна я зайграў бы Барона, iдзецца толькi пра тое, як завесьцi жарабца на сцэну? хiба што абматаць яму капыты анучкамi, каб не паабiваў сходаў, галоўным чынам трэба зьвяртаць увагу, каб той жарабец не спужаўся музыкi i ня зьляцеў на аркестар, парасятнiка зайграў бы Руда Турак, обэрлейтэнант, карак у яго быў, што ў швайцарскага быка, у Каталiцкiм Доме я з адной прыгажуняй хацеў зрабiць шпагат i дастаў грыжы ад натугi, у мужчыны дык нiчога, яму ўсё сыдзе, але такая жанчына, калi носiць пояс супроць грыжы i разагрэты мужчына яго намацае, халодны пояс зь нiкеляванымi спружынамi, дык iдэалы адразу развальваюцца, а цялесныя пажады даюць назад, Хрыстос Госпад аднаго разу, калi яго запрасiлi на вясельле, дзе моцна жлукцiлi, абярнуў iм вiно ў ваду, гэта быў той цуд у Кане Галiлейскай, у тых часох мне сьнiлiся такiя сны, перабiраць у сьне косьцi нябожчыка, вялiкая радасьць iдзе табе насустрач, гэта ўвогуле цiкава, што маладыя паэты думаюць пра сьмерць, а старыя пердуны пра непаўналетнiх дзевак, адзiн паляўнiчы мне казаў, ён ходзiць у лес назiраць за аленямi, колькi ў такiм старым аленi жарсьцi, калi заляцаецца да ланi-правiчкi, такi сон аб градцы цюльпанаў у тлумачэньнi значыць, што закахаесься ў гожае дзяўчо, але яно ня будзе ведаць аб тваiм каханьнi, адзiн паэт прозьвiшчам Бонды мне казаў, што ў людзей дзiкае ўяўленьне аб пiсаньнi вершаў, думаюць, што гэта ўсё роўна як iсьцi зь вядром па ваду або што паэт толькi падыме твар на нябёсы, а адтуль яму боская моц сiкае вершамi проста ў галаву, я яму кажу, гэта толькi ў Хрыста Госпада быў такi клёк, што прафэсары й па сёньня ня могуць надзiвiцца, што ён быў ня толькi сын божы, але й шампiён i атлет, што ён мог узяць бiзун i выхвастаць зь сьвятынi гандляроў жывёлай, i сказаў iм, што не прынёс мiр, але меч, гэта значыць шаблю, людзi гэтага й так не разумеюць, таму што разумныя памiраюць, а дурныя зноў нараджаюцца, адзiн чысьцiць нужнiкi, а iншы ёсьць доктарам, адна жанчына ўсё жыцьцё чытала б у пасьцелi раманы, а iншая зноў жа робiць тое, пра што ў тых раманах пiшуць, паэт Бонды, бедачына, калi ў гасподзе перавiваў двое сваiх дзiцянят у возiку, прынюхаўся потым да пальцаў i сказаў, тут недзе пачынаецца глыбокая фiлязофiя, а праз паўгадзiны адно дзiцятка зноў накакала ў тым возiку, дык Бонды мусiў падцiраць яго "Чэскiм Словам" i прытым наракаў, Iсусе, такое даняло б i карэйскага ката! у дзень Божага Цела мы ўрачыста ўвайшлi ў Пярэмышль, адна дзеўка ляжала ў рове, паказвала на сябе i крычала да жаўнераў, хадзеце адсьвяткаваць перамогу нашае зброi! але нiводзiн ваяка на яе не палакомiўся, бо была брыдкая як турэцкая ноч, а зрэшты, я нiколi ня быў падкi на такое, я перамагаў iнакш, у лязарэце апекавалiся мною баранэсы, а за рэспублiкi гожыя саколкi, сястрычкi, адна галiла мне жывот i рыхтавала да апэрацыi, бо папярэдняга дня галоўны доктар мне сказаў, будзем вас пароць, падпiшыце рэвэрс, калi б вы нам выпадкам сканалi пад нажом, такiм чынам мяне падбадзёрваў, а сам ужо надзяваў белы чапец як цукернiк, а сястрычкi нацягвалi яму пальчаткi, нiбыта якому дзiцяцi, i ўжо хацеў узяцца за мяне, як дзьверы адчыняюцца i зьяўляецца баба з кошыкам i пытаецца, дзе ляжыць ейны муж, бо прынесла яму сьвiнiны з капустай, а галоўны доктар, ростам як волат i заюшаны да бяспамяцi, хапiў тую бабу i як дасьць ёй высьпятка ў заднiцу, а потым аблаяў дзьвернiка, як тая баба змагла сюды пралезцi, калi ён праз момант мае пэцкацца ў маёй крывi i латаць мне грыжу? што за радасьць, калi выйдзеце са шпiталя i добра разгледзiцеся навокал, як у той песеньцы, як цудоўна i прыгожа на тваiм прыходзе, Божа, тра-ля-ля, Барнадак, каваль, мог лёгка выпiць дваццаць пяць лiтраў пiва, а калi потым яму конь не хацеў стаяць або натурыўся, Барнадак яго валiў на зямлю i падкоўваў лежма, ну й дастаў запаленьня лёгкiх, ягоная брушына прыляпiлася i быў яму каюк, я адзiн застаўся, гожая сястрычка прыносiла мне судно i пыталася, чаму я не ажанiўся, чаму пакiдаю такое прыгляднае цела ляжаць аблогай? а я замест адказу ўжо падымаўся з пасьцелi i хацеў вучыць яе танцаваць, ажно мяне сiламоц трымалi, бо пасьля такой апэрацыi чалавек мусiць ляжаць як Лазар, адна панюся, высачэнная, а пры тым красуня, купалася i клiкала, хадзеце, то дастанеце буськi! i я ўлез у Лабу ў адзеньнi, вада мне даставала пад шыю, але буську атрымаў, i зноў быў герой, хоць трэба было на беразе сушыць ня толькi вопратку, але й выплату, якую мне далi ў дзесяцiкронавых банкнотах, я стаяў у адных споднiках, увесь горад быў на дыбках, жанчыны сьпяшалiся над рэчку i глядзелi на мяне, як на Мантгомэры, пераможца з-пад Тобруку, вальнадумцы папракалi Царкву, што калi Хрыстос быў Богам, дык чаму ён зносiўся з блуднiцай? я кажу, што на гэта няма нiякай рады, перад прыгажуняй нiхта ня выстаiць, нават Госпад Хрыстос, якi на той час быў прыгажун, што Конар Толнэс, яму ж было трыццаць год, а бачыце, тая Марыя Магдалена, хоць i мела пасаду вяхоткi з бару, усё-ткi дабiлася сьвятасьцi i нябёсы яе ўпадабалi, ня здрадзiла Хрысту i выцiрала яму кроў валасамi, а ён, бедачына, вiсеў на крыжы, таму што прапаведваў сацыяльны прагрэс i што ўсе людзi роўныя, ягоная мацi заходзiлася ад плачу, а Марыя Магдалена лагодзiла ягоны боль, i я пытаюся, куды падзелiся ўсе колiшнiя прыгажунi? памерлi i нiчога ад iх не засталося, а Марыля Магдалена заўсёды будзе кранаць паэтычныя сэрцы, вось такi лёс прыгажуна, якi навучыўся рамяству, умеў пiлаваць бярвёны i дошкi i раптам кiнуў тое i пайшоў навучаць людзей, што дзейная любоў да блiзкага ня значыць кублавацца зь дзеўкай на канапе, але йсьцi памагаць таму, хто тут жа патрабуе дапамогi, ксёндз за тое, што я выдатна авалодаў катэхiзмам, даў мне абразок Хрыста, як трымае келiх, на той час у Аўстрыi было вельмi модна правяраць i дапытвацца, хто ёсьць Айцец, хто Сын, а хто Дух Сьвяты? аднаго ксяндза нават судзiлi, таму што сёстры Ульманавы не змаглi яму адказаць, чым тая Сьвятая Тройца насамрэч ёсьць, i ксёндз пасадзiў iх голымi попкамi на распаленую печку, ну й потым тыя сёстры ня выйшлi замуж, нiхто не хацеў мець зь iмi дачыненьнi, калi яны ня ведалi пра Сьвятую Тройцу, праўду кажучы нiхто гэтага толкам ня ведаў, але прыкiдваўся, што ведае, дык тыя сёстры сеялi сланечнiкi, у той час было страх колькi забойстваў i рабункаў, па глухаманях нанач зачынялi аканiцы i рыхтавалi сякеры й стрэльбы, адзiн млынар глухой ноччу ўбачыў у месячным сьвятле, як хтосьцi выпiлоўвае дзiрку ў дзьвярах, каб прасунуць руку i адсунуць засаўку, дык ён падкраўся пацiху зь сякерай, а калi рука прасунулася, дык ён чах! i адсек тую руку, потым жандары шукалi, але не знайшлi нiкога без рукi, дык ксёндз лаяўся, таму што мусiў пахаваць тую руку на могiлках i купiць дзеля таго маленькую дамавiну, Сьвятая Багародзiца! стаiць жаўнер на варце ў Оламоўцы i бачыць, што на могiлках нешта гарыць, бяжыць туды, адчыняе трупярню, а там далакоп пры катле, а з таго катла тырчаць чалавечыя рукi й ногi i сквiрчыць тлушч, тут яго й цапнулi жандары за тое, што адкопваў нябожчыкаў i варыў iх сьвiньням, потым шапачнiкi з Прасьцеева сьпявалi песеньку, у маёй нябогi, рукi адняло i ногi, або калi я аднойчы з адной красуняй выбраўся ў тамашаўскi лес, там ёсьць гаспода, а насупраць тае гасподы стаяць сем белых крыжоў, там адзiн нягоднiк падпiльнаваў вясельле i пазасякаў усiх вясельнiкаў сякерай, ну, страшны выпадак, таму я ня маю дзяцей, бо не хачу, каб мая кроў трывала ў вякох, дзе тая зарука, што дзiця было б ад мяне? жанкi мяне прабiралi, хто вам заплюшчыць вочы? а я iм кажу, гэтак бывала за Аўстрыi, калi людзi памiралi дома, а сёньня, як толькi чалавек пачне крыху недамагаць, прыяжджае хуткая дапамога, адвозiць вас i памiраеце за шырмай сам адзiн, сваякi сёньнячы зь нiкiм ня цацкаюцца, апантанасьць грашамi гэтаму вiною, найлепш было б, каб людзi па ўсiм сьвеце дамовiлiся i перасталi рабiць дзяцей, едуць у адпачынак i халтураць адно на адным, каб увялi адлiчэньне з зарплаты, за адно дзiця пяцьдзесят кронаў, за другое сто кронаў, а за пяцёра дзяцей абрэзаць палавiну зарплаты i адлупцаваць розгамi на рынку, самы ўжо час, каб мы зноў маглi хадзiць з прыгажунямi ў лес i пакланяцца эўрапейскаму рэнэсансу бяз страху, што талопiцца на нас шмат вачэй, сёньня ж людзi лягаюць адпачываць у лесе адзiн ля аднаго, як магiлы на могiлках, адна панi папрасiла мяне, каб я выгуляў ейнага сабаку, але я пайшоў з тым сабакам да дзяўчат у бары, ну й таго сабаку два наведнiкi праз памылку абасцалi, а калi мы вярнулiся, тая панi пагладзiла сабаку, панюхала пальцы i спытала, дзе вы былi? сабакi добрая рэч, але толькi каб пiльнаваць гаспадаркi, адзiн злотнiк меў бульдога, якога безь вiны адсьцябаў, а той бульдог гэта запомнiў i аднаго разу, калi злотнiк часаўся, сабака скочыў i запусьцiў зубы ў злотнiкава цела, а злотнiк, з сабакам на карку, давалокся да пiсьмовага столiка, выцягнуў рэвальвэр, але як страляў у таго бульдога ў люстры, нешта паблытаў i прастрэлiў сабе вуха, дзiва, што сябе не застрэлiў, потым неяк таго сабаку ўходаў, але зацiснутыя зубы яму трэба было расшчамляць качаргою, зноў жа iншы стаяў перад люстрам i выразаў сабе валаскi з носа перад патанцоўкай, i прарэзаў сабе нос, я дык усё рэзаў як скрыпач на скрыпцы, чуцьцём, а калi б вы бачылi пшэмысьлякаў, як яны йшлi на прызыўную камiсiю, вёска была добра адкормленая, браканьер пры браканьеры, адна краса, калi стараста iх вёў на прызыў, самыя стужкi i жычкi, i яны парэзалi ўсе навакольныя вёскi, загналi немцаў у бровар, а старасту на памятку ўсадзiлi нож у сьпiну, хапiла толькi паглядзець на iх крывавата, а зубы ў вас ужо выляталi праз заднiцу, але на парадзе гэта быў цьвет чэскага народу, рослыя мужыкi i злыя як чэрцi, мелi два аркестры, а на сьвяты i гасьцiны ўсё было ў кветках i стужках, уся вёска аздобленая i начышчаная да бляску, штохвiлi нехта нёс кiшкi ў вядры, бо ведаеце, за Аўстрыi шмат мужыкоў памерла ад мардабояў у карчме або па дарозе дахаты, або павесiлiся ад таго, што мелi шмат дзяцей, а тыя слаўныя пшэмысьлякi раз падпiльнавалi мяне, бо я хадзiў зь дзеўкай ад iх, але я адвярнуўся, выцягнуў рэвальвэр i бах! бабах! палiў па iх, а мужыкi як дубы валiлiся на зямлю, а я зноў стаяў як герой, як Том Мiкс з кольтам, у якога дым iшоў з дула, або зноў жа тая жудасьць з Анэжкай Грузавай, нашы людзi выдумалi, што гэта зрабiў Гiльзнэр, а яшчэ заявiўся адзiн прыдурак i сказаў, што бачыў, як Гiльзнэр стаяў у лесе каля Бжэзiны, гэты каронны сьведка адной рукой трымаў ровар, а другой тую штуку, каб адмачыцца, i так Гiльзнэра запраторылi ў турму, а жыды мусiлi вэк з Польнай, людзi сьпявалi песеньку, не купляйце ў жыда цукру, кавы i мукi, ён забiў нам дзеўку сiнявокую Анэжку, ну а бачыце, на сьмяротным ложы брат Анэжкi прызнаўся, што гэта зрабiў ён, дзеля грошай, якiя ў той час валадарылi над сьветам, аднаго разу йдзе жандарм на патруль, запыняецца ў гасподзе i заказвае сабе адбiўную, а як што яму пасмакавала, дык паўтарыў заказ, але карчмарка неяк доўга ня йшла, дык ён пайшоў яе пашукаць, яна была ў склепе, а тамака на круку вiсела ейная дачка, галюсенькая, а тая карчмарка выразала зь яе адбiўныя, Сьвятая Багародзiца! жандар яе ў наручнiкi i ў суд, пра такiя здарэньнi людзi апавядалi раней, калi самi сабе замянялi радыё i тэлевiзар, але мне найбольш падабалася шпацыраваць па горадзе, я хадзiў у ангельскiм гарнiтуры i лапатуне, такiм капелюшы з заломамi, было прыемна глядзець крамныя вiтрыны, такая напрыклад парфумэрыя ў Оламоўцы, поўна туалетнага мыла, якое пахла ляснымi фiялкамi, глiцэрынавае мыла маркi Lila Blanc i Violeta de Nice, экстралагоднае мыла маркi Rosa de Shiraz, аднаго разу мяне за казармамi Марыя-Шнэ перапынiў драгун i крыкнуў, грошы або жыцьцё! iншы б пэўна абамлеў, але я выцягнуў браўнiнг i кажу, калi хочаш жыць, дык дуй адсюль, а то прыстралю як сабаку, калi я прыехаў у госьцi да брата на чатырнаццаць дзён i застаўся там на трыццаць год, дык мне далi мэксыканку, такую стрэльбу, каб я пiльнаваў рамянёў за броварам, а калi ўначы йшоў тудою жандар, я зьняў стрэльбу з пляча i давай страляць, кулi адбiвалiся ад мосту i толькi сьвiсталi, бо я ня буду дапытвацца, а хто там iдзе? аўстрыйскi жаўнер мусiць страляць першы, каб перамагчы, у iншай парфумэрыi стаялi роўненька флякончыкi вады для пелегаваньня валасоў, вада маркi Cyrano, дзе на наклейцы выходзiла з возера вадзяная русалка з ружамi пры поясе, а за сабою мела некалькi сьветлячкоў цi мо зорачак, ну дзiва! як музыка Моцарта, аднойчы плылi лодкай тры швачкi ад Пiкаў, а мы ў плаўках папраўлялi студню ў бровары, i адна красуня паклiкала мяне, а я адразу кiнуўся ў ваду i пачаў ныраць пад iхнай лодкай, гэта была аўстрыйская галянтнасьць, нават i простыя людзi паводзiлi сябе так, быццам iхняе жыцьцё ўвесь час фiльмавалi або фатаграфавалi, у Славаччыне я дапамагаў у пякарнi развозiць печыва, там п'янае вясельле ўехала ў касьцёл i пачало частаваць сьвятых гарэлiцай проста з пляшкi, ксёндз уляцеў у касьцёл як самалёт-зьнiшчальнiк i верашчаў i лупiў i таўхаў нагою тую вясельную кампанiю, i прыгаворваў, арда татарская! то так прыходзяць у храм Гасподнi? прэч! вянчаньне будзе, калi прыедзеце крыху больш цьвярозыя або менш п'яныя! потым я выбраўся на Градзiска, дзе пiваварнiчаў, i вярнуўся дахаты ў поўнай славе, гарнiтур у палоску i мадэрны капялюш апошняга парыскага фасону, кiёк зь белай галушкай, iншага дык жандары вярталi ў родныя мясьцiны ў апратцы як бы яго карова жвакала, але я прыйшоў як кiназорка i прынёс сто залатых, аддаў доўг i купiў карову з Понiквы, якую мне нараiў гаспадар Тыатар, той, што са старога тэатру зрабiў карчму, а ягоная баба гадавала восемдзесят катоў, увесь дзень налiвала iм малако, у парфумэрыi я бачыў прэпарат маркi Калядэрма, потым фiрма Вольф i Сын з Карлсруэ дастаўляла на Мараву свой жэлятын i драбнюткую ружовую пудру для пелегаваньня скуры, на шкатулцы летуценная жаночая галоўка з ручкай пры скронi, абвiнутая лёгкай вуальлю, з вачыма ў далечынi, той каровы з Понiквы ўсе нам зайздросьцiлi, швэйцарская раса, зусiм белы асобнiк, каштавала цэлых восемдзесят залатых, але потым мы прадалi яе мясьнiку, бо аказалася ялавай, найвышэй з нашае сям'i зайшоў дзядзька, у войску быў камандзерам узводу i ўмеў пiсаць так, што ня можна было наглядзецца, атрымаў залаты крыж ад кайзэра, насiў залаты шнур i пiкэльгаўбу, мужчына высокi на мэтар восемдзесят, якi за свайго кавалерства быў паўкiдваў усiх з карчмы ў копанку, як Рымскi, што паходзiў з Кокараў, але калi дзядзька ажанiўся, дык спаважнеў, узяў сабе дачку лесьнiка i паставiў вiлу на Мараве, гадаваў iндыкi i быў вахмiстрам, адной красунi я купiў лiлёвы крэм на лагодную белую скуру маркi Steckenpferd, гэта была фiрма з Радэбойлю, потым Гавэрдавай Здэнцы я купiў далiкатны i гарантаваны сродак, уганараваны залатым мэдалём, "Сiнулiн", а яна засьмяялася i кажа, а што ты за гэта хочаш? а я адказаў, што хацеў бы, каб мы пайшлi на шпацыр i яна дастала сонечнага ўдару, а яна засьмяялася i кажа, чаму? а я адказваю, што паводле iнструкцыi першай дапамогi, калi хто дастаў сонечнага ўдару, найлепш расшпiлiць блюзку i абмываць грудзi летняй вадою, а тая Здэнка мне сказала, ты, бугай, зашмат сабе дазваляеш, так, гэты сьвет далей прыгожы, не таму, што ён такi ёсьць, але такiм я яго бачу, як яго бачыў у фiльме Пушкiн, бедачыне заўчасна пацэлiлi ў галаву i былi яму капцы, з дзiркi ад рэвальвэру выцяклi ў яго апошнiя вершы, ужо паводле фатаграфii я дайшоў да высновы, што Пушкiн належаў да эўрапейскага рэнэсансу, меў гожыя бакенбарды, ну, тыя бакi, якiя насiў нябожчык кайзэр Франта i кампазытар Штраўс, раз iду сабе над вадою, а тут на ровары Лiбушка i адразу наяжджае на мяне пярэднiм колам, калi я ёй зноў прынясу пук, то бок, букет ружаў? а я яе нi з таго нi зь сяго пацалаваў, як гэта рабiў Ганс Альбэрс на параплаве, а Лiбушка вiскнула, Хрысьце Пане! а я расьсьмяяўся i кажу, што я не Хрыстос, адно пан, а гэта насьмяшыла яе яшчэ болей i яна яшчэ мацней наяжджала на мяне пярэднiм колам, адчыняючы мне дзьверы да далейшае прыгоды, i я быў панам сытуацыi, гэта ў парфумэрыi я бачыў шэраг бутэлечэк са сродкам для буйнага росту валасоў маркi Peru Tanin, на пляшачках былi дзьве дачкi вынаходнiка з валасамi ажно па косткi, зразумела, Аўстрыя стаяла ня так на буйным росьце валасоў, як на буйных грудзях, у некаторых былi такiя, што яны мусiлi насiць заплечнiк, а ў iм цэглу, каб ня ўпасьцi дапераду, так тое цягнула, гэта было нешта, тыя вялiзазныя цыцкi, з самога раньня ўся Аўстрыя ня думала нi пра што iншае як толькi пра грудзi, жанчыны выпiхвалi iх, а ў сям'i была проста бяда, калi дачка ня мела грудзi як кухлi для пiва, цяпер гэта зноў уваходзiць у моду, жанчыны зноў у гэтых адносiнах як за аўстра-вугорскай манархii, на спартакiядзе я бачыў волатак, нашых дзяўчат, як яны йшлi ў калёнах у тэлевiзары, у майтках i кашульках, шпарылi як Марыя Тэрэза, мужчыны ад гэтага глядзеньня, ад гэтага параду нацыi былi пад вечар зусiм абнясiленыя, ноччу я нарваў ружаў у чужым садку, пералез цераз плот i незаўважна паклаў тыя ружы на вакно Лiбушкi, як робяць мэксыканцы i гiшпанцы, тая банда абiбокаў, якая нiчога iншага ня робiць, толькi езьдзiць верхам i сьпявае паннам пад гiтару, а на другi дзень Лiбушка паклiкала мяне праз фiранку, каб я прыйшоў да iх у госьцi, з майго боку гэта была дыпляматыя, дык потым я быў сьведкам, як яна скiдала чаравiчкi i сьцягвала панчохi, а потым лягла на канапу i спыталася, цi па мне ўжо бегаюць мурашкi? i кiдалася на той канапе, нюхала ружы i вырачвала на мяне вочы, а потым села i пачала распорваць блюзку, а калi скалечылася жылеткай, сказала, мiгам перавяжыце, а то дастану заражэньня крывi! а калi я завязваў ёй бiнт, запыталася, чаму я вам ня падабаюся так, як тыя дзяўчаты з бару? а я адразу суцешыў яе па-рыцарску, панна, вы маеце iншыя повабы, у вас шык i гожыя ножкi, яна акрыяла душой i мы разам панесьлi бялiзну ў прасавальню, а бабы шалелi ад рэўнасьцi, ну так, нам дык не пасобiць, я павучаў Лiбушку паводле соньнiка Анны Новакавай, прасаваць бялiзну значыць, што адкрыеш глыбокiя таямнiцы, а Лiбушка мне сказала, як рыхтуецца адсьвяткаваць свае дваццаць першыя народзiны, i дадала, што мяркуючы па маiх вачох, яна б баялася iсьцi са мною пад поўнач на выспу, а я ёй на тое, у вас, Лiбушка, гэта ўсё пройдзе, вы надта дзiкая, але як будзеце так доўга таргавацца, дык возьме вас нейкi ўдавец, гэта былi б фiглi-мiглi, або й жандар, адна панюся мне раiла, не гаварэце толькi, а завядзеце нас на зьмярканьнi на ўзьлесак, Гавэрдава Ўласта, якая ўмела йграць на пiянiне i гаварыць па-нямецку i якая ставала на руках на бiльярдзе, ажно сукенкi ёй ападалi як пялёсткi з кветкi маку, дык тая мне казала, бамбiза, ты мяне толькi пакручваеш тым, што мною не цiкавiсься, Наўрацiлка, калi мы разам пусьцiлiся ў эксцэнтрычныя скокi ў Каталiцкiм Доме, шаптала мне на вуха, зiрнеце, як уся заля глядзiць на нас, i мне захацелася дадаць адну фiгуру, як гэта робiць пара Фукса-Кашцялава, i мы паляцелi тым эскцэнтрычным махам пад стол, Ярмiлка хацела са мной рабiць у "Славii" тое, што бачыла ў Вялiкага Цыгфэльда, але ня вытрымала таго пераходу да фiгуры танга i, пераляцеўшы ў мяне над галавою, убiла сабе акуляры ў брыво, яна па сёньня можа ганарыцца прыгожым шнарам, аднак найбольш мне даспадобы была ўжо спомненая Гавэрдава Ўласта, яна была закаханая ў мяне да вяр'яцтва, я насiў яе на гершках па ўсёй карчме, а яна ад сьмеху пасiкалася i ўся гаспода шалела з гэтае нагоды, а потым недзе забiлася ў аўтамашыне з жаўнерамi, але Гавэрда мне казаў, што гэта няпраўда, наадварот, што яна жывая аж занадта, што яна стала мэдсястрою, ну дык гэтая мела такi тэмпэрамэнт, што яе ажно хiлiла ў манашкi, у даўнейшыя часы я сабе купiў праставач носа, насаджвалася тое на нос, як жанчыны закладаюць сабе трубачкi накручваць валасы, праставач дакручваўся шрубкамi, паводле таго, якi вы хацелi мець нос, я хацеў мець як у Рудольфа Валентына, стары Швэц, той што трымаў банк у дваццаць адно ў Гавэрдаў, на схiле свайго веку праходзiў каля касьцёла i кажа, я яшчэ там ня быў, што яны там увесь час робяць? i ўбачыўшы раз тую пышнасьць, стаў касьцельным вартаўнiком i шкадаваў, што ня зьведаў таго раней, Уласта ў той час кiнула пярсьцёнак пад ногi прыгожага млынара, я ёй нiколi нiчога не купiў, адно калi-нiкалi прыносiў ружу, а гэта жанчынаў даймае, адкразу ўсё кiдала й прысядалася да мяне, а я прыкiдваўся, што чытаю газэту, а Ўласта кажа, што так сядзiш як квактуха на яйках? а я як прыпёр яе да бiльярду, афiцыянт прыбег ёй на дапамогу, а я як даў яму высьпятка, ажно ён адляцеў як футбольная апука, а я пакланiўся як герой i пацалаваў яе, а ўся гаспода хадуном хадзiла, у парфумэрыях была прылада для паравога абмываньня твару маркi "Крынiца Маладосьцi", уганараваная залатым дзяржаўным мэдалём, у элегантнай упакоўцы, на вечку скрынкi была гожая галоўка паненкi, як трымае галаву ў такой кашолцы, куды вядзе нiкеляваная трубка з масянжовага апарату, на той паненцы кашуля, аздобленая брусэльскай карункай, а на кашулi вышыты надпiс: Застануся заўсёды маладой, адна красуня шапнула мне пры музыцы з грамафона на Жофiне, пойдзем разам на рандэву, толькi перш я адшаруюся i вазьму чыстую бялiзну, страшна тыя вядзьмаркi былi раўнiвыя i аднойчы хацелi падсыпаць атруты мне ў каву, са старым Жэпам мы ў той час развозiлi пiва валамi, але тыя валы ляглi на рэйкi перад вакзалам, абходчык ня мог апусьцiць шлягбаўму, а цягнiк мусiў стаяць, машынiсты пасаскоквалi з паравоза, а кандуктары накручвалi валом хвасты, але валы ляжалi далей, а цягнiк меў дзесяць хвiлiн спазьненьня, кiраўнiк цягнiка стаяў перад тою бядою i адно лiчыў хвiлiны на гадзiньнiку, а дзяжурны ляпаўкай на мухi даваў знакi валом, але валы далей жавалi, пакуль адзiн малочнiк не прыгадаў сабе, што найлепш ўвадначас тым валом упырснуць ваду ў вушы, ну й сапраўды, валы пазадзiралi хвасты i так гналiся й зразалi павароты, што мы пагублялi бочкi зь пiвам, а кiраўнiк нас аблаяў i так расстроiўся, што кажа, бярэце ровар i дуйце кумiльгам па эгiпецкiя, дык я ўзяў той ровар i павёў яго да тытунёвага кiёску, а калi прывёз пехатою тыя цыгарэты, кiраўнiк крычыць: дзе вы былi так доўга? а я кажу, што ня ўмею езьдзiць на ровары, а да бровару ўжо прыходзiла Здэнiчка, выстраеная як папа рымскi, i кажа, што хацела б са мною пагаварыць па душы, ну мы й пайшлi ў чалядню, а саладоўнiкi думалi, што Здэнiчка празь мяне ходзiць у адмененым стане, але я хацеў ёй паказаць толькi тую карцiну над ложкам, на якой нехта Атэла забiвае сваю каханую, аднак Здэнiчка ўжо закрывала вакно капай, дык кiраўнiк сказаў саладоўнiкам прынесьцi драбiну i асабiста палез заглядаць у чалядню на другiм паверсе, я бачыў ягоны твар над капай, за якiм на небе была хмара, абрамаваная залатым сьвятлом, а ўсярэдзiне чорная як сажа ў комiне, потым на тапчанiку я апавядаў Здэнiчцы, як Калужа i Галiж арыштоўвалi Лецыяна i як потым Лецыян стаяў на эшафоце i казаў кату, давай ужо, а то рукi ў цябе замёрзлi! а Здэнiчка мне сказала, што замужжа са мною мусiць быць раем, але я паволi вывеў яе з гэтай аблуды, кажучы, што для жанiцьбы я ня маю дастаткова разьвiтых злачынных схiльнасьцяў, i калi потым прыходзяць на сьвет дзецi, дык не абрацца ад бяды, нават сам кайзэр выскачыць уначы з пасьцелi, а такi кампазытар Шуман улез з гэтай прычыны ў студзёную ваду i гаварыў у фiльме да свае жонкi, людзi ёсьць марыянэткамi, гэта тое, што называецца натхненьнем, а калi твор ужо гатовы, дык можна пайсьцi на гарэлку i на шпацыр, Здэнiчка потым цiснула на мяне, угаворваючы мяне легчы, што хопiць i стокронавага банкнота, але я сказаў, што паводле твору спадара Батысты найлепш зносiцца зь дзявiцай, тое райскае адчуваньне ёсьць тады, калi двое аддаленыя ад сябе на адлегласьць буськi, нават мы, ваякi, ня ўлазiлi да дзевак праз вакно i ня гвалцiлi iх, як нас вучыў палкоўнiк Завада, пад якiм палi восем коней i трыццаць шэсьць маршавых батальёнаў, калi я распавядаў пра гэта адной паненцы, яна ўсё хiхiкала, ня дзiва, што па вайсковай лiнii мы правалiлiся на ўсiх франтох, бо мы былi армiяй дэгенэратаў, палкоўнiк Завада меў ваўкадавы i дзьве батарэi гарматаў, лес быў моцна абсаджаны i дрэвы выляталi ў паветра як запалкi, але палкоўнiк Завада глядзеў у мапы i пасылаў кулямёты на аслаблыя пазыцыi, у яго быў залаты каўнер, а на iм вялiзная зорка, мы ўвесь час мусiлi вучыцца, як атакаваць працiўнiка, палкоўнiк Завада браў мяне за падбародак i правяраў, цi я паголены, потым правяраў зброю i ўжо а трэцяй над ранам прыносiлi каву, а ў пяць iшлi зьмянiць жаўнераў на перадавой, першы пачынаў трубач, потым бубначы, афiцэры лёталi, Здэнiчка драпала па падлозе парасонам, перастаў iсьцi дождж, але кiраўнiк увесь час трымаў далонь над вачыма i глядзеў, што мы там вычвараем, але Здэнiчка мне сказала, каб я прыйшоў вечарам, тады яна пакажа мне крацястыя пярыны i новыя грамафонныя кружэлкi, "Срэбную папараць" i характэрнае iнтэрмэца "Млын у Чорным Лесе", потым пайшла дарожкай з бровару, а ў мужыкоў цякла сьлiна як у бэрнардынаў, калi яны праводзiлi позiркам тое дзiва прыроды, выпульхненае павабным мяскам, кiраўнiк глядзеў за ёю празь бiнокаль, а я тут жа закiнуў на плячо саладоўнiкаву лапату i пайшоў пералапацiць малады ячмень, думаючы пра Смэтану, якi ня быў нiякiм панам, а нявольнiкам, а калi ўрэшце памёр, дык у Ябкiнiцах у ягоныя ноты, якiх было два куфры, загортвалi каўбасы, вось што значыць упрыемнiць народу вольны час, як таго хацеў i Двожак, мясьнiцкi чаляднiк, але народу найбольш даспадобы нажлукцiцца i паслухаць "Гумарэску", калi Гаўлiчка павялi жандары, дык ягоная жонка Юлiянка амаль што не звар'яцела, сэрца магло разарвацца ў яе ад жалю, а Гаўлiчак жа меў мазгавешку, каб яго трасца, тыя ягоныя эпiграмы з эпiстоламi, Бонды, паэт, прыехаў раз да майго пляменьнiка з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзiцянятаў, i яны выпiлi тры конаўкi пiва, а як што зачынялi, дык яны прынесьлi сабе пiва нанач у тазе i далей вялi акадэмiчны дыспут, ажно пазасыналi ад яго, пляменьнiк прачнуўся, думаючы, што працякае вадаправод, але калi запалiў сьвятло, дык убачыў, што гэта бедачына Бонды высiкваў тыя дзьве конаўкi пiва проста на дыван, а потым звалiўся i зноў заснуў, i толькi над раньнем прабудзiлi яго тыя ягоныя дзецi, а калi ён ачомаўся i агледзеўся навокал, стаў нi з таго нi зь сяго крычаць, а! цяпер разумею! i цешыўся i скакаў па тым абасцаным дыване, людцы, крычаў ён, iдуць з намi ня толькi тыя, якiя з намi ня йдуць, але йдуць з намi i тыя, якiя йдуць супроць нас, таму што немагчыма адцурацца ад эпохi! дык бачыце, панна, гэта якраз тое захапленьне паэтаў п'янствам i мэдытацыяй, а калi ўжо яно робiцца ня ў змогу, расчыняюцца нябёсы i думку за ручку выцягваюць на сьвятло, а я перамешваў лапатай разброджаны солад, спачатку мне трэба было перакапаць яго Volgemut'ам, Сакрат i Хрыстос не напiсалi нi радочка, а пагляньце, iхнае вучэньне i па сёньняшнi дзень не прапала, тым часам як iншыя, чым больш выдаюць кнiжак, тым хутчэй забываюцца, гэта называецца змовай гiсторыi, я аднойчы спаборнiчаў з мылаварам у скоках на галаву зь бiльярду i перамог, вядома, на маёй галаве былi акуратныя сiнякi з гузакамi, потым мы паказвалi "Ўрачысты ўезд караля Фарука", усенькiя прыгажунi з бару ўдзельнiчалi ў тым паказе, хоць Оланак таму супрацiвiўся, той мярзотнiк, што гандляваў старой мэбляй i абразамi, аднойчы ён вёз абраз i пракалоў на iм вока Дзевы Марыi, дык потым узяў вока карпа, уставiў яго ў тую дзiрку, прыляпiў плястырам з другога боку i прадаў абраз мадзярам з двору, а яны павесiлi Дзеву каля печы i аднаго разу, калi малiлiся, выбягаюць з крыкам, што Дзева Марыя плача над iмi, а гэта ўсяго лопнула тое карпава вока, дык той мярзотнiк, Оланак, прывёў у "Тунэль" асла, а красунi распранулi мяне i нацягнулi якуюсьцi камбiнацыю, на галаву мне насадзiлi турбан, а твар размалявалi алейнымi фарбамi i езьдзiлi са мною на тым асьле па корчмах, выкiнулi нас з тым "Урачыстым уездам караля Фарука" якраз з "Гранду", дык потым Оланак, той мярзотнiк, даў таму аслу панюхаць перцу i ён мяне скiнуў, але я й так быў герой, ехаў я потым у заалягiчны садок, меў на сабе прыгожы гарнiтур, што ўспадкаваў па адным такiм, у якога былi так крывыя ногi, што ён мусiў шыць сабе нагавiцы на меру, але акрамя таго ўсё iншае пасавала мне як улiтае, i калi я так стаяў перад клеткай зь iльвом, той раптам усхапiўся на ногi i пырсь! выплюхнуў на мяне з паўлiтра сцакаў, як брыльянцiн на валасы, i яшчэ яму хапiла акрапiць дзьвюх славачак, тыдзень я мусiў парфумавацца, бо такi ад таго йшоў дух, прыгажунi ў "Сiты Бары" ўсё прынюхвалiся да мяне i стрыглi вушмi, а цi не хадзiў я куды да iншых? у той час не было тэлевiзара i людзi мусiлi ўсё рабiць самi, нават радыё, жылi ў страшнай цясноце, у бедакоў напрыклад пасьцель нiколi не халадала, часта бралi сукватарантаў для спаньня, адзiн быў дзьвернiкам у гатэлi i залазiў у цёплую пасьцель пасьля таго, якi йшоў працаваць удзень, аднойчы паклiкалi мяне трусаводы, каб я паказаў iм сьпеўнае мастацтва, дык падчас iхнай забавы я сьпяваў "На беразе вазёрным лiецца песьня салаўя", але мне перашкодзiў Оланак, якi намовiў музыкаў, каб зайгралi нешта iншае, ну й пачалася спрэчка, я хацеў iх перасьпяваць сваiм "На беразе вазёрным", а музыкi хацелi заглушыць мяне "Радаснай маладосьцю", а трусаводы лаялiся i потым сталi ў мяне кiдаць лятарэйнымi выйгрышамi, а потым кiнулi i адбiўную, але я й так быў герой, перабiраю я аднойчы бульбу ў брата, куды я прыехаў на чатырнаццаць дзён, а кiраўнiк кажа, а чаму гэты саладоўнiк ляжыць аблогай? i тут жа даў мне лапату i я паказаў яму высокую клясу пiваварства, як мяне навучылi ў бэнэшаўскiм бровары саладоўнiкi Алiварыюс i Шарлiнгер, ажно кiраўнiка агламазьдзiла! а потым ён мне кажа пайсьцi разгрузiць вагон, умееце гэта? пытаецца кiраўнiк, а я ўжо скочыў, узяў лом i барарам! ударыў па засаўцы i вугольле вывалiлася i пасыпалася кiраўнiку пад ногi, а ён як вярэсьне ў вугольлi па калена, чалавеча, што вы робiце?! а я ўжо ўпраўляўся з лапатай i праз тры гадзiны быў гатовы, а прыгажуня з бугальтэрыi мне кажа, ну вы далi! а я кажу, панна, гэта дробязь для мяне, таму што я прайшоў школу Рымскага, мацака з Кокараў, якi ў бойцы перабiў нагою пратэз паненцы i чатыры жандары памерлi ад таго ў шпiталi, гэта называецца талентам, адразу скочыць ворагу да горла i разарваць яму глотку, або садануць астраўскiм ключом мiж вачэй, потым кiраўнiк кажа, што дасьць мне ўзнагароду, пойдзем зь iм папчалярыць, i ён ўзяў сабе сетку i рукавiцы, такiя пчолы, калi выройваюцца, задаюць чалавеку клопату, тыя пчолы робяць такiя апукi на дрэве i трэба iх абразаць, а на гэта ня хоча згадзiцца той, каму належаць тыя дрэвы, i так узьнiкаюць суседзкiя сваркi, кiраўнiк кажа, саладоўнiчку, хадземце, я навучу вас са спадаром Ганькам як пераносiць вульлi, i такiм чынам мы сталi пасьвячанымi ў пчалярства, але спадар Ганька спатыкнуўся i адзiн вулей перакулiўся, мы адразу далi драла, але ўсё марна, бо пчолы пачалi джалiць нас куды папала, спадар Ганька ўпаў на каленi i просiцца ў тых пчолаў, што ў яго жонка i дзецi, але тыя пчолы жыганулi яго i ў чэлес, ажно яму набрыняў як булава, я мог пайсьцi ў бар толькi на трэцi дзень, Бобiнка, калi мяне ўбачыла, адразу запусьцiла грамафон з кавалкам "Ой вы могiлкi, могiлкi", потым завяла мяне наверх, а як што думала, што я яшчэ добра ня бачу, распранулася дагала i пайшла са збанком па ваду, а потым сказала мне, што мы ўжо маглi б пачаць практыкавацца пад вясельле, як гэта рабiў Гарды, але на калiдоры пачуўся крык, гэта прыдарыўся iнцыдэнт кавалю, якi быў так нажлукцiўся, што яму замест красунi падсунулi старую качаргу, але той каваль пасьвяцiў сабе лiхтарыкам i калi яе ўбачыў, дык выбег у споднiках на калiдор, ламаў балюстраду як абаранкi i крычаў, хто мне падаслаў тую лярву?! яна гадкая як акадэмiчная мастачка! i я пачаў зноў апранацца, бо быў я чалавекам пачуцьцёвым як i той каваль, iншага разу было, як аднаго каменяра прывучвалi да тайнiцы каханьня на бiльярдзе, але ён усё роўна быў слабы на розум, бо двойчы замураваў сябе ў печцы i трэба было даставаць яго адтуль кiркаю, i ён мусiў ставiць печку нанава, мяшчанскi дочкi i па сёньняшнi дзень дораць мне ружы i зьдзiўляюцца, дзе я навучыўся ўсiх тых адборных фокусаў? затое Оланак пекна паказаўся! мы вiншавалi яго на пляцы з пяцiдзясятымi ўгодкамi i пыталi, цi служыць яму здароўе? а Оланак выцягнуў сваё дзетародзтва, а як што быў папярэдне выпiўшы дзесяць лiтраў, дык сцыкнуў ажно на рэкляму Находзкай Ткацкай Фабрыкi, дакладна на першае "а", а пад гэтай дугой праходзiў пан натарыюс i вiтаўся з намi, потым мы зрабiлi спаборнiцтвы ў "Тэрасе", хто каго перасцыць? Оланак ужо загадзя адчуваў сябе пераможцам, але там сядзеў адзiн дзядзька, выглядам як жабрак з Марыяцэлу, i ён пытаецца, цi можа таксама ўзяць удзел? Оланак пагадзiўся з умовай, што будуць спаборнiчаць за лiтровую пляшку францускага каньяку, так што на стол паставiлi дзьве пляшкi, а па поўначы яны выйшлi перад "Тэрасай", той дзядзька быў першы, расшпiлiўся i паказаў клясу! там па другi бок вулiцы быў такi дамок i той дзядзька перасцаў дугою над дамком i было чуваць, як струмень цурчыць, падаючы за дамком у Лабу, Оланку не было чаго i пачынаць, i той дзядзька забраў абедзьве пляшкi, Вiт, якi ў флёце йграў на бубнах, сказаў скрыпачу Новаку, зайграйма яму "Вiялету"! i ўвесь горад паўзлазiў на лавы, а я потым дакiнуў "Султанава вясельле", а Оланак, каб падправiць сваю рэпутацыю, паказваў жывыя карцiны, стаяў на стале i сцаў на гасьцей, адна панюся потым мне сказала, добра вам так, сябруеце зь iм, дык вас яшчэ i ў суд зацягнуць, у Народным Доме сьпяваў Ярынак Посьпiшыл i запытаўся людзей у залi, а хто тут умее сьпяваць? а жанчыны паднялi вiскатню, каб я пайшоў паспаборнiчаць зь iм! славуты тэнар дапамог мне ўвайсьцi на сцэну i сказаў сядайце! а я адказваю, што не мягу, а Ярынак пад вялiкi шум пытаецца чаму? а я адказваю, што ў мяне квiток на стаячае месца! а бабы шалелi i лiкавалi, што я атрымаў перавагу ў канвэрсацыi, але фартэпiян ужо зайграў мой кавалак i я прасьпяваў "Цяжка нам расстацца", ну i потым узьняўся вялiкi вэрхал i гам, бабы ледзь не развалiлi той Народны Дом, а пра Ярынкаў сьпеў казалi, што хоць ён i разводнiк, але голас у яго ўвесь час як у салаўя, i што такiх людзей як Ярынак Посьпiшыл не павiнны пасылаць на вайну, каб народ не панёс страты, калi б яго забiлi, я з гэтым пагадзiўся, таму што за Аўстрыi я насiў шаблю капiтану Тонзэру, а нават меў шчасьце бачыць у аўтамабiлi фон Мантойфэля i гер фон Розэнэка, як яны сядзелi побач, два генэралы ў залатых пiкельгаўбах, што глядзелiся як начныя гаршкi, наверсе такiя шпiгулеты, як калiсьцi рабiлi вежы на кухонных шафах, я нават быў пры тым, як Аўфэнбэрг i Данкль давалi каманду да першай атакi, два маршалы з маноклямi, мне таксама пашэнцiла трымаць вуздэчку Конраду фон Гецэндорфу, гэта значыць, ягонай кабыле, старому чалавеку, але стройнаму як паненка, ягоны сын загiнуў пад Гарадэнкай у тамтэйшых балотах, але яны там мусiлi сядзець на заднiцах, бо што iншага маглi зрабiць? Конрад Гецэндорф належаў да кайзэравай сям'i, а як што быў эрцгерцагам, дык меў на шыi авечку, толькi што ў кайзэра яна была галавою ўверх, а ў Конрада фон Гецэндорфа галавою ўнiз, шмат разоў сьнiлiся мне малпы, а яны паволе соньнiку Анны Новакавай значаць цяжкую хваробу або шчасьце ў каханьнi, iншым разам сьнiўся мне нож, убiты ў грудзi, а гэта значыць каханьне з узаемнасьцю, падчас iмшы наш ксёндз-пробашч адварочваецца i пытае, а дзе касьцельны? чаму ён не прыслужвае i парушае багаслужбу, калi ўжо даўно павiнен быў прыйсьцi? а касьцельны заскочыў у карчму на гарэлiцу замест каб падсыпаць тры лыжачкi кадзiла ў кадзiльнiцу, каб ксёндз мог кадзiць у касьцеле, тое кадзiла ёсьць жывiцай аднекуль з Афрыкi, мiра i альяс, касьцельны вярнуўся трохi набраклы мятным лiкёрам, а ксёндз правiць багаслужбу i пытаецца, дзе вы былi? i вымае келiх з дараносiцы, а касьцельны кажа, што выходзiў пасцаць, а ксёндз адставiў келiх i лясь яго! i шарах яму! i крычыць, вы ня ведаеце, чалавеча, што падчас багаслужбы вы мой ад'ютант? а вам больш даспадобы пайсьцi на мятную гарэлку? i надаваў яму высьпяткаў, i натоўк яму нос псалтыром, потым узяў келiх i далей служыў iмшу, а бабы зьдзiўлялiся, што за новыя лiтургiчныя абрады ён паўводзiў, ну й бачыце, панны, пасьля таго выпадку касьцельны перастаў хвалiць Царкву i зрабiўся ўзорным сацыял-дэмакратам, раней людзi былi страшэнна нэрвовыя, калi каму прысьнiлася ўначы, што на яго сыплюцца зь мiскi агуркi, гэта значыла палкае каханьне, або калi вы бачылi ў снах старую бабу, гэта значыла, што твой дом абмiнуць заручыны, мой брат вучыўся на пекара ў Бэнды Валаха, а як што не дачуў, што яму сказалi, дык спытаўся што? i дастаў па мордзе, ажно абамлеў, а калi прачмухаўся, Бэнда яму кажа, у нас кажуць, прабачце, калi ласка, я не дачуў, але потым ён скацiўся, успадкаваў па мацi маёнтак i пачаў так пiць, ажно недзе замёрз, гэта бяда, усё роўна што даць дзiцяцi нож у руку, нашаму ксяндзу выпала бяда, калi ён засьпеў аднаго хлопца, як той габляваў дзеўку ля касьцёла ўначы, спачатку спалохаўся, што гэта быў вiкары, але i так мусiў данесьцi аб тым i да нас прыйшлi мiсiянэры, таму што ў краi заняпала маральнасьць, прыйшлi чатыры футбалiсты, тыя мiсiянэры так менавiта выглядалi, каптаны ў iх былi падперазаныя перавясламi, i яны так пачалi паляпшаць маральнасьць, што ажно мусiлi ўступiцца жандары, таму што сацыял-дэмакраты ставiлi падступныя пытаньнi адносна паходжаньня чалавека ад малпы, потым паспрачалiся, з чаго паходзiць курыца? ну дык зь яйка! а з чаго паходзiць яйка? ну дык з курыцы! i так адны на адных крычалi дзьве гадзiны вальнадумцы з мiсiянэрамi, ажно з апошнiх сiлаў выгукнулi, а з чаго паходзiць першае яйка? вальнадумцы вярэснулi, што з натуры, а мiсiянэры, што стварыў яго Бог, i пачалi адны адным даваць па мордах, так што жандары мусiлi ўмяшацца, таму што бабы прыбеглi па iх i сказалi, што бязбожнiкi абражаюць сыноў божых, а потым бабы пачалi кiдаць у вальнадумцаў каменьнем i пацэлiлi ў двух жандараў, таму што Бога нельга зачынiць у шкатулку, цяпер успомнiў! бачыць плуг на ворыве ў сьне значыць вясельле! а чыркаць запалкай, значыць закаханасьць, а паводле твора спадара Батысты, дваццацiгадовая красуня, пакуль ня станецца распуснай, дае мужчыну тое райскае адчуваньне, тую электрычнасьць, тым часам як дзеду такая дапамагае як мёртваму кадзiла, наш маёр сядзеў на жарабцы i рабiў агляд тае найпрыгажэйшае армii на сьвеце, глядзiць, а тут у жаўнера ўвесь плашч у крывi, адразу выцягнуў яго з шыхту i аблаяў сяржанта, што войска ў яго засьвiненае, гэта было дзiва, што за Аўстрыi бароны мелi ў стайнях люстры для коней, а стайнiкi i служанкi спалi на гарышчы, наймiты часам жылi горш за быдла, але затое людзi больш сьпявалi, каб адвесьцi душу песьняй, тым часам як сёньня нiхто ўжо не сьпявае за працай, маiм сябрам быў Рымскi, ён малацiў усiх, адразу паўкарчмы сморкалася юшкаю, муштрай у нас кiраваў паручнiк, ён скамандаваў Habacht! а Рымскi паварушыўся i паручнiк падбег i даў яму плазам шаблi ў жывот, ну й тут наступiў зорны момант для Рымскага, ён схапiў тую паручнiкаву шаблю i пераламаў яе аб калена, гваздануў паручнiку пад вуха i адным ударам звалiў яго на зямлю, капралы паразьбягалiся, а жаўнеры мелi з таго пацеху, князь Лiхтэнштайн меў сто маёнткаў, але каб не плацiць падаткаў i не заводзiць уласнага войска, ён спалучыў iх у дзевяноста дзевяць, але з другога боку яму не пашанцавала, бо дактары адрэзалi яму дзетародзтва i ўставiлi ў тое месца срэбную трубачку, так што бачыце, панна, багатыр, але тая штучка нямоглая, таму паводле твору спадара Батысты ўсё трэба агледзець загадзя, каб вы не куплялi ката ў мяху, бо потым маеце клопат, калi тое пачне вас падводзiць, так яно вядзецца, што адзiн мужчына можа нават скочыць на кабылу i нiчога яму ня станецца, а iншы схопiць хворасьць i пры найбольшай асьцярожнасьцi, адна скача з драбiны, каб выкiнуць дзiця, i нiчога, а iншая асьцерагаецца як можа i толькi трохi мацней высмаркаецца i ўжо выкiнула, нялёгкая справа таксама з тымi змовiнамi, шыкоўная дзяўчына дае аб'яву, што шукае беззаганны характар, а калi напрыклад я адкажу, дык тая дзеўка дзеля большай упэўненасьцi пасылае мяне на абсьледаваньне i распытвае ў суседзяў, цi гэты спадар ня бабнiк? i яшчэ пiша ў дэтэктыўнае бюро "Карлiк", каб выведаць падрабязную iнфармацыю, аёй, аднаго разу на манэўрах сталася бяда, адзiн спрытнюк замест марганцоўкi налiў у пляшачку дэнатурату, а другi прыйшоў ад дзевак i хацеў апаласнуцца той нiбыта марганцоўкай, дык накапаў сабе на штуку таго дэнатурату, а потым як выскачыць i як пабяжыць паўз казарму, а мычаў як цельная карова, тое самае сталася нашай бабулi з мазяй, якую лекар падрыхтаваў як пiтво, яно было карычневае i стаяла каля люстра, а ў нашага дога балела лапа i ён таксама дастаў карычневую мазь, абедзьве пляшачкi былi аднолькавыя i бабуля памылкова налiла сабе пiтво для дога, усьмiхалася шчасьлiвая, бо лек смакаваў як малiны, але калi яго каўтнула, дык трэба было яе ставiць на ногi i бегчы па доктара, а потым па ксяндза, адна прыгажуня папрасiла мяне безь людзкiх вачэй занесьцi ейную мачу для аналiзу, але доктар аблаяў мяне, бо, маўляў, яна мусiць прыйсьцi асабiста, даўней людзi вельмi мяне любiлi, так што казалi мне, ня йдзеце, пабудзьце яшчэ, ваша работа пацерпiць! або запрашалi мяне ўсюды на сьвяты, толькi напэўна прыйдзеце, каб мы мелi каму даць у морду! так жартавалi са мною, я трымаў адну красуню за руку i мы разам глядзелi з мосту на хвалi i захмаранае неба, а я ёй распавядаў пра тое, што ў нашым мястэчку трыццаць дзьве гасподы, а ў дваццацi васьмёх ёсьць дзяўчаты, што ўсё мястэчка звар'яцела на тэатральным мастацтве, бо ў iм было ажно пяць тэатраў, найлепшыя кавалкi аднак ставiлi ў Каталiцкiм Доме, дзе была суполка рамiзьнiкаў "Пшэмыслаў", найбольшы посьпех мела мэксыканская п'еса El Tigro, галоўную ролю ў той час iграў чаляднiк Капэцкi, якi аднак надарваўся перад прэм'ерай, накладаючы скошаную канюшыну на воз, расьцягвалi яго на драбiне, а перад самай прэм'ерай мусiлi моцна наступiць на яго, потым усё было прыгожа, толькi калi чаляднiк стаў на каленi прызнацца ў каханьнi, дык ужо ня змог устаць, затое сьпяваў El Tigro надзвычай задушэўна i пры тым у яго расшпiлiлiся нагавiцы, ну дзiва такое, што жанчыны не маглi ўгаманiцца яшчэ тыдзень пасьля спэктаклю, а ў Народным Доме iгралi бляхары i сьлесары, яны найбольш ахвотна выбiралi п'есы з арыстакратычных колаў, "Веер ледзi Вiнцiх" цi, можа, Вiнтэр, таго лорда iграў адзiн маляр, ды зноў, калi ён укленчыў, яму падцягнулiся ўверх нагавiцы ад фрака i паказалiся матузкi ад споднiкаў, а калi ён раскланьваўся i дзякаваў, дык ударыла яго заслона тым алавяным канцом i ён распластаўся на сцэне, а жанчыны шалелi, бо думалi, што тое належала да п'есы, а калi ў "Гальку" iгралi "Пэрлы панны Сэрафiнкi", пасьля перапынку рэжысэр выглядваў празь дзiрку ў заслоне, цi людзi ўжо на месцы, i падняў руку, а кулiсьнiк, якi напiўся малака ад шалёнае каровы, падняў заслону разам з рэжысэрам, рэжысэр зьляцеў з тае вышынi ў аркестар, а людзi цешылiся, што п'еса так файна пачынаецца, iншым разам, калi йгралi "Радуза i Магулену", гэты кавалак пачынаецца ў цемры, кулiсьнiк нi з таго нi зь сяго падняў заслону, а Радуз думаў, што заслона ўсё яшчэ нанiзе i запытаўся, Магулена, дзе ты? а Магулена з галiны адказала, у срацы! а людзi цешылiся, што п'еса будзе скаромная, з жыцьця, а той кулiсьнiк, калi ўбачыў, што нарабiў, пацягнуў за вяроўку, а яна абарвалася i заслона паляцела долу i прыплюснула Рагузаву галаву, а той кулiсьнiк запалiў сьвятло ў залi i крыкнуў, што парвалася вяроўка, ну, тая Магулена мела вялiзарны посьпех, але найбольшы посьпех меў "Сон у Купальскую ноч", калi яго ставiлi ў Каталiцкiм Доме, гралi толькi члены "Пшэмыслава", усе пагалiлiся, а тая, што iграла фэю, схапiла падагру, бо iгралi тую п'есу зiмою, а тыя русалкi, калi падскоквалi, лiчылi такты i сьвяцiлi лiхтарыкамi, а потым той, што iграў з асьлiнай галавой, упаў у пастку i крычаў ой-ёй-ёй! а людзi пляскалi пры паднятай заслоне, адзiн харунжы, мужычышча як Баўэр, той што мог падняць карову i пабiў Фрыштэнскага, той во харунжы кажа мне на муштры, каб я паводзiў сябе зь iм як з ворагам, а практыкавалi мы тады parade rechts! parade links! паядынак на штыхi з працiўнiкам, ну й калi паставiлiся, я доўга ня думаючы пырнуў яго штыхом! на ягоным кончыку была галушка, тым штыхом харунжаму пад бараду, а ён кульнуўся цераз галаву i басьнякi кiнулiся адходжваць яго, а паручнiкi верашчалi на мяне, ты яго ледзь ня ўходаў! а я iм, ён жа сам казаў мне, каб я паставiўся да яго як да ворага, але паручнiкi мне, што найперш трэба было зрабiць parade rechts! i parade links! а потым ужо einfacher stoss! а я iм кажу, а дзе там я буду бавiцца з ворагам у parade rechts цi parade links, я там адразу зраблю einfacher stoss! i я зноў быў герой, адна дзеўка ў нас называлася Кача Рыпава, велiканка ды вялiкая танцорка i аматарка пiва, падчас танцаў у кожнага жлукцiла пiва, адзiн спрытнюк налiў у кухаль ртуцi, а калi яна апаражнiла той кухаль, ён пусьцiўся зь ёю ў скокi, ну, гэта быў жах, а ў ейнай дачкi былi асаблiвыя прыхамацi, яна рабiла тое з мужам на падлозе, а iхныя дзецi прыглядалiся, я таксама бачыў, калi паслаў мяне да iх архiтэктар, але найбольш падабаўся мне рай магамэтанаў, на кожным паверсе iншая прыгажуня, так што магамэтанiн мае чым радавацца, тым часам як каталiк можа хутчэй за ўсё звар'яцець, бо калi ўжо патрапiць на сваё неба, дык увесь час будзе глядзець быццам на сонца, Сьвятая Багародзiца! сказаў паэт Бонды, калi адно дзiцятка выляцела яму з возiка, калi мы выйшлi з гасподы, Iсусе, як гэта дзеецца, што адзiн купляе кiляграм сьвiнiны за пяцьдзесят галераў, а я за лустачку хлеба плачу пяць сотняў? я выяжджаў са Штайнбруку, пасажырскi цягнiк ня йшоў, дык дзяжурны ўпiхнуў мяне ў хуткi i мною адразу занялася кандуктарка, фарсуня як панна Сiкорава, адразу пасадзiла мяне ў першай клясе, калi б каго iншага, дык прагнала б i яшчэ дала прабiвачкай па носе, а мне запрапанавала эгiпецкую цыгарэту, а тут пхаецца нейкi бамбiза, аброслы i чорны як чыгун, i да таго зь пiпкай, а тая кандуктарка кажа, пайшоў прэч, мужык! у вас жа трэцяя кляса, i прагнала яго, я кажу, што i ў мяне трэцяя кляса, а яна штурхае мяне каленам i шэпча мне на вуха, што як заедзем у Вену, дык пойдзем разам гульнуць, бо ведаеце, жанчыны назойлiвыя, асаблiва ў гэтым верхаводзяць полькi, адна прыселася на мой ложак у лязарэце i старэйшы лекар разьверашчаўся на яе, сьвiньня! распусьнiца! ейнае хроснае iмя было Ядвiга, яна любiла мужчын больш за ежу, жандары, калi я забаўляў гасподу, адстаўлялi карабiны, зьнiмалi дзягi i казалi мне, вы чаруеце як зводнiцкi махляр, а я, брывом не павёўшы, выцягваў штых i гастрыў аловак для афiцыянткi, як тое рабiў Чаплiн, калi я ўжо абыйшоў усе гасподы, вяртаўся ў бровар, дзе мяне нiхто не асьмелiўся i словам папракнуць, я пераскокваў мур як сокал i вяртаўся дадому, аднойчы прыйшлi купцы i заказалi вiно i лiкёры, а адзiн ваяка ўзьлез на бiльярд i паказваў жывыя карцiны, павесiў конаўку з вадою сабе на чэлес, ну, проста вiртуоз, бабы й па сёньняшнi дзень спрачаюцца на гэты конт, адзiн пачаставаў мяне вiрджынскай цыгарай, пасьля чаго мяне зблажыла i я звалiўся пад стол, палiцыянты адвезьлi мяне ў бровар возiкам, як лiнолеум, Канупак, той машынiст што йграў на гелiконе, гэта такi iнструмант з муштуком як начны гаршчок, у якi трэба пляваць, дык той Канупак, казаў, што клясычная музыка заморвае яго, што ад таго гелiкону горла ў яго стала як у быка, i што ягоны дзед, калi ехаў са сьвята, дзе йграў на гелiконе, як толькi выехаў зь лесу, вецер абярнуў той гелiкон на рамянi i дзед задушыўся, а злотнiк Дубоўскi хацеў ведаць, што робiць ягоная дачка з нарачоным, калi бацькi няма дома, дык прыкiнуўся, што йдзе ў кiно, а папраўдзе ўлез пад канапу i чуў, як ягоная дачка прыйшла з тым мужыком, убачыў ягоныя халявы, а потым яны селi на канапу, якая ўвагнулася i спружыны нацiснулi на пуза злотнiка Дубоўскага, а потым бачыў, як на падлогу падае вопратка i бялiзна, а потым як ногi высоўваюцца з ботаў з халявамi, але далей злотнiк ужо нiчога ня бачыў, бо спружына з канапы ўлезла яму ў карак i ён пачаў крычаць, але нiхто яго ня чуў, бо дачка з нарачоным таксама крычалi i толькi потым пачулi яго, адвалiлi канапу i выцягнулi тую спружыну з карка злотнiка Дубоўскага, якi хацеў расхiнуць заслону эўрапейскага рэнэсансу, паэт Бонды, калi зноў прыехаў з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзяцей, даверыўся мне, што цяпер пiша вершы толькi ў прыбiральнi, дзе сядзiць i трымае на каленях дошку, а на ёй сшытак, але i туды прыходзяць тыя дзецi i грукаюць у дзьверы, такога i Гётэ не стрываў бы, якi быў прызвычаены да ўсякай усячыны, дык вось, панна, я сядзеў на гiльзе гасiлкi "Мiнiмакс", шэсьць дзяўчат загарала i слухала, што я iм распавядаю, ксёндз-дэкан стаяў на вядры з рукамi перакiнутымi цераз плот i глядзеў на мяне як на зьявiшча, а я быў усяго толькi начытаўшыся "Сьветагляду" i Гаўлiчка, а таксама твору спадара Батысты аб полавай гiгiене... Сонца заходзiла, а панна Камiла стаяла на драбiне, ела чарэшнi i ўсьмiхалася старому ўнiзе, якi кожны дзень прыносiў ёй ружы, нарваныя ў чужых садох, якi абяцае ёй, як паляцяць яны разам у Вену i Будапэшт, i ён пакажа ёй усе тыя месцы, дзе ён бываў за Аўстрыi, як паедуць яны разам хуткiм цягнiком у Прасьцеева паглядзець на тую вялiзную чорную грабнiцу дворскага пастаўнiка Вайнлiха, у якога ён працаваў, як паедуць на аўтамабiлi ў Кокары, дзе ён пакажа ёй родны дом славутага Рымскага, якi не баяўся нiчога на сьвеце i такiм чынам уварваўся ў Божае каралеўства, глядзела i ўсьмiхалася старому, зь якiм ягоная сям'я мае клопат, бо ён ня мыецца, нават каб хоць трошкi апаласнуцца, i як толькi пачынаецца дождж, адразу даюць яму бiдон i пасылаюць у другi канец гораду па малако, якi ўжо не адрозьнiвае часу i кладзецца спаць адзеты, якi i цяпер у гэтай сьпякоце носiць трое нагавiц на цёплых споднiках, нанiзе зусiм абтрапаных, так што выглядае як тыя пухнатыя вуркатлiвыя галубы, якi ходзiць у заляпаных гразьзю чаравiках, да якiх заўсёды нацягвае адну шкарпэтку на другую так спрытна, што не прасьвечваюцца дзiркi, пра якога сям'я гаварыць, што ён бываў страшэнна нясьмелы, а нават палахлiвы, нейкi час зусiм непрылюдны, зь якога жанчыны толькi насьмiхалiся, але якi поўны да iх шляхотных пачуцьцяў i мiлы ў кампанii, што так як стаяла на драбiне ў заходным сонцы, а за ёй блiшчала рака, па якой жанчына ў чырвонай апратцы везла на пароме капiцу сена, што тая панна раптам узрадавалася добрай думцы, якая яе неспадзявана ўразiла, i сыходзiла долу, ступаючы па папярэчынах адной нагой за другою, ажно апынулася ў шортках сярод шасьцi кашоў чарэшняў, якiя нарвала надвячоркам, падыйшла да буды, узяла вядзерца, адсунула века студнi i выцягнула на круку поўнае вядзерца сьвежай вады, а потым падняла рукi, выцягнула блюзку апырсканую чарэшневым сокам, расшпiлiла гузiк у шортках i блюзка пайшла ўверх, а шорткi ўнiз, закруцiлася i выступiла з апратак i так голая пайшла i на палянцы ў засенi яблыняў уся ўмывалася, а стары, якi ўвесь надвячорак апавядаў, цяпер сядзеў як працяты маланкай, абхапiўшы сагнутае калена даланямi, i глядзеў паўзь яе, зьнямелы, насьцярожаны i тактоўны, пакуль яна дарыла яму тое, што толькi жанчына можа падараваць мужчыну, мыючыся ў поцемках для ягоных захопленых вачэй... |
|
|