"Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Быков Василь)

Быков ВасильСьцяна (аповесцi, на белорусском языке)

Васiль Быкаў

Сьцяна

НАРОДНАЯ КНIГА

Кнiга народнага пiсьменьнiка Беларусi Васiля Быкава "Сьцяна" складаецца з празаiчных твораў апошнiх гадоў.

Беларуская гiсторыя XX стагодзьдзя стварыла нямала сытуацыяў, калi характары розных людзей па-рознаму выяўлялiся на мяжы жыцьця i сьмерцi. Слуцкае антыбальшавiцкае паўстаньне, Курапаты, другая сусьветная вайна, "хрушчоўская" адлiга, перасьлед апанэнтаў з боку КГБ у застойныя часы... Адпаведна рознымi былi й паводзiны мiжвольных удзельнiкаў гэтай гiсторыi, ад якiх, па вялiкiм рахунку, не залежала нiчога. Яны, фатальна абложаныя таталiтарнай сыстэмай, маглi толькi захаваць або не захаваць сваю чалавечую годнасьць. Але нiякiм чынам яны не маглi паўплываць на свой прадвызначаны статус - ахвяраў чырвонага або брунатнага малоха, якi працяў кожнага зь iх наскрозь - iхны розум i iхную кроў.

Васiль Быкаў у новай кнiзе прозы паказвае, наколькi немагчыма, але наколькi важна на самых фатальных этапах гiсторыi захоўваць чалавечнасьць, прыстойнасьць, годнасьць. Псыхалягiчныя сытуацыi ў крытычных абставiнах становяцца напружанымi сюжэтамi, а дакладныя характарыстыкi самых розных чалавечых тыпаў змушаюць чытача ўвесь час адчуваць сваю прысутнасьць сярод быкаўскiх пэрсанажаў i рабiць уласны маральны выбар.

Кнiга "Сьцяна" рыхтавалася да выхаду ў дзяржаўным выдавецтве "Мастацкая лiтаратура", але сёньняшнi палiтычны рэжым спынiў гэтую працу. Пасьля неаднаразовых прапановаў нашых чытачоў i з ласкавае згоды аўтара кнiга "Сьцяна" выходзiць у незалежным выдавецтве "Наша Нiва". Гэты праект, ажыцьцёлены з iнiцыятывы i за сродкi грамадзянаў Беларусi, мы назвалi "Народная Кнiга".

Мы далёкiя ад думкi, што беларускае слова можа iснаваць толькi за дзяржаўныя датацыi, i мяркуем, што памiж творамi народнага пiсьменьнiка, як, зрэшты, i iншых таленавiтых лiтаратараў, з аднаго боку, i чытачом - з другога, ня мусяць паўставаць непераадольныя бар'еры. Кнiгi лепшых беларускiх лiтаратараў будуць выходзiць у такiм аб'ёме i датуль, колькi i дакуль у гэтых кнiг будзе чытачоў. Мы ня ставiм на мэце знайсьцi спонсараў або зрабiць прыгожы жэст дабрачыннасьцi. Мы iмкнемся, насуперак афiцыйнай палiтыцы русiфiкацыi, сьцьвердзiць, што беларускiя кнiгi мусяць выходзiць за грошы i дзеля патрэбаў беларускага грамадзтва. Разам з тым, мы спадзяемся на кансалiдацыйны эфэкт Народнае Кнiгi, якая мусiць умацаваць нашае грамадзтва i дадаць яму сiлы духу.

ЗЬМЕСТ

Ад аўтара

Вайна i перамога (эсэ)

Пакахай мяне, салдацiк (аповесьць)

Ружовы туман

Пагорак

Палiтрук Каламiец

"Кацюша"

Палкаводзец

Падоранае жыцьцё

Жоўты пясочак

На Чорных лядах

Перад канцом

Народныя мсьцiўцы

Бедныя людзi

Музыка

Восьлiк

Сьцяна

Ад аўтара

З часоў Шэксьпiра чалавецтву вядома, якая гэта выдатная справа непарыўная повязь часоў, i як кепска, калi тая повязь iрвецца. Што тычыцца беларусаў, дык мы гэта пазналi на нашым шматвяковым гiстарычным вопыце, дзясяткi гадоў мы жылi, адрэзаныя ад нашага мiнулага, ад нашага досьведу, ад нашай гiсторыi.

У тым лiку i нядаўняй - гiсторыi мiнулай вайны.

Зь цягам часу памяць пра яе актыўна замянялася на прапагандавыя схемы, а яе вялiкая праўда - на карысьлiвую праўдзiвасьць таталiтарнай партыi. Тыя, хто перанес на сваiм гарбу крывавы цяжар вайны, ня надта схiльныя памятаць сябе пакутнiкамi - лацьвей пачувацца героямi на гарачых канях пад чырвонымi сьцягамi. Тым болей, што сэрвiльная пасьляваенная гiстарыяграфiя, тлумы цынiчных навукоўцаў не перастаюць пераконваць: ваша праўда - у вернасьцi iдэалам! У вашым бесьсьмяротным гераiзме.

Гераiзме - так, але ж...

Але ж поруч з гераiзмам было на вайне i iнакшае. Годнае суседзiла з подлым, добрае - з кепскiм. Як i ў самiм жыцьцi. Як i ў нашым сёньня, якое гэтак абрыдла большасьцi. Большасьцi, што апынулася ў дурнях i ня можа зразумець, па чыёй вiне.

Па вiне ўсё тых жа.

Хто рэвалюцыю робiць чужымi рукамi, хто вынiшчае iншых, непадобных да сябе. Хто прывык жыць у абставiнах лютай барацьбы - найперш са сваiмi, бо сваiх лёгка перамагчы. Хто ў бой пасылае iншых, а сам застаецца камандаваць. I з гэтае нагоды пры ўсялякiх крывуляках лёсу мае барыш. У форме ўлады, прывiлеяў цi, як цяпер, - даляровага рахунку ў банку.

Мы, беларусы, у гэтым сэнсе - асаблiва цёмныя людзi. Дагэтуль мы не перастаем блытаць колеры, думаць, што брунатнае надта адрозьнiваецца ад чырвонага. Быццам ня ведаем, што ў спэктры шмат iншых колераў, i ёсьць пэўная магчымасьць выбару. Найперш выбару свайго колеру - не чужога. Бо чужы нiколi ня стане нашым, ён ужо нейчы. Кiмсьцi прысвоены, камусьцi належыць. А iнстынкт прыватнай уласнасьцi, як вядома, - магутны iнстынкт, дадзены чалавеку ад Бога. Нiкому з жывых iстотаў Бог ня даў гэтага iнстынкту, апроч чалавека. Людзi сьвету зразумелi гэта даўно, а мы толькi пачынаем разумець цяпер. Колькi ж мы нарабiлi памылак на гiстарычным шляху да таго разуменьня...

Дык, можа, хоць напрыканцы XX стагодзьдзя перастанем быць дурнямi. Убачым пра сябе праўду. Нават i непрывабную. Праўда ў гiсторыi - функцыя адназначная, зь яе робяць урокi. З хлусьнi нiякiх урокаў ня зробiш, апроч новай хлусьнi.

У гэтай кнiзе, як спадзяецца аўтар, - дробныя аскялёпкi нашай вялiкай праўды, якiя, можа, каму-небудзь спатрэбяцца. Для дабра, зразумела.

Калi тое здарыцца, дык аўтар будзе ўдзячны. Выдаўцам, аднадумцам i чытачам таксама.

ВАЙНА I ПЕРАМОГА

Эсэ

Вайна абрынулася на краiну зьнянацку, яе страшныя праявы паўсталi перад людзьмi нечакана i, невядомыя ў ранейшым жыцьцi, ашаламiлi мiльёны. У тым лiку i вайскоўцаў - кадравых камандзiраў ды начальнiкаў. Памалу, аднак, людзi пачалi прызвычайвацца да жахлiвай ваеннай рэчаiснасьцi, неяк мiрыцца з уласным бязрадасным лёсам. Стала ўжо зразумела, што вайна не на адзiн год, што ваяваць прыйдзецца доўга i трэба прыстасоўвацца да яе экстрэмальных умоваў. Дзесьцi на другiм годзе вайны на фронце пачаў складвацца iмправiзаваны франтавы быт. На ўчастках, якiя не вялi баявых дзеяньняў i стаялi ў абароне, у людзей паявiлася слабая надзея выжыць - калi не да канца вайны, дык хоць бы да канца тыдня, да ранку. I людзi ўладкоўвалiся - кожны на месцы, куды яго загнала вайна. Штабiсты дружна i арганiзавана абжывалi ацалелыя куткi ў спаленых тылавых вёсках, другiм-трэцiм радам мацавалi накаты камандных ды назiральных пунктаў; артылерысты парадкавалi зямлянкi, ладзiлi печы - з жалезных бочак, малочных бiтонаў, насьцiлалi хвойнiкам земляныя нары. Уваход завешваўся плашч-палаткай - гэтым унiвэрсальным чырвонаармейскiм сродкам, што засьцерагаў ад непагоды i сьцюжы. Немцы ўсю вайну карысталiся цёплымi коўдрамi, мы ж традыцыйна абыходзiлiся шыняльком - у баi, на адпачынку, уначы. Пяхота ў завеяных сьнегам цi залiтых дажджом траншэях, ратуючыся ад непагадзi, капала лухi-ячэйкi з палiчкамi для гранат i патронаў ды абавязковай прыступкай, каб, як прагучыць сыгнал, выскачыць з акопу - у атаку.

Выскокваць у атаку даводзiлася часта нават у працяглай, шматмесячной абароне. Вышэйшыя начальнiкi памяталi i непарушна выконвалi жалезны загад Вярхоўнага: не даваць захопнiкам спакою нi ўдзень, нi ўначы, няспынна бiць яго i выматваць. Таму i бiлi, i выматвалi. Нават калi не хапала нi зброi, нi боепрыпасаў, калi на гарматы прыпадала па чвэрцi боекамплекту i на кожны стрэл трэба было браць дазвол старэйшага камандзiра. У абароне рэгулярна праводзiлiся звычайна крывавыя "разьведкi боем", штоночныя "пошукi разьведчыкаў", бясконцыя "паляпшэньнi" абарончых пазыцыяў. Некаторыя палкi i дывiзii, падначаленыя надзвычай старанным цi дужа патрыятычна настроеным камандзiрам, на працягу многiх месяцаў атакавалi адныя й тыя ж вышынi, кладучы на iх схiлах тысячы людзей, ды так i не дабiваючыся колькi-небудзь прыкметнага посьпеху. Людзей не шкадавалi. Усё на фронце было лiмiтаванае, усё дэфiцытнае i нармаванае, апроч людзей. З тылу, са шматлiкiх пунктаў фармаваньня i навучаньня няспынным патокам iшло да фронту папаўненьне - масы схуднелых, зьнямоглых ад тылавой муштры людзей, якiя трошкi навучаныя былi валодаць вiнтоўкай, але не заўжды разумелi па-расейску. Усе яны папаўнялi парадзелыя ў няспынных баях часткi, каб заўтра ж пад шквальным нямецкiм агнём падняцца ў атаку ды тут жа i ўпасьцi долу. Камандзiрам у стралковым ланцугу каштавала немалых высiлкаў iх падняць, i нярэдка на полi бою можна было бачыць, як камандзiр роты, бегаючы ўздоўж ланцуга, паднiмае кожнага высьпяткам. Падняўшы аднаго, бяжыць да наступнага, i пакуль паднiмае таго, заднi зноў кладзецца долу - забiты цi зь перапуду. Бегаць так доўга пад агнём, вядома, ня мог i ротны, якi таксама неўзабаве выбываў са строю. На некаторых участках фронту такiх бязглуздых, марных атак было мноства, яны iшлi чарадой; мянялiся байцы i камандзiры, але загад атакаваць заставаўся ў сiле. Калi дарэшты выбiвалi палкi i батальёны, дывiзiю адводзiлi ў тыл на перафармаваньне, а ўцалелых камандзiраў прадстаўлялi да ўзнагародаў: за няўхiльнасьць волi ў выкананьнi загаду - была такая ўзнагародная формула. Можна было толькi зьдзiўляцца, што нiхто не пярэчыў i не пратэставаў супраць такой яўнай бязглузьдзiцы. Але за тым, каб усе пакорлiва маўчалi, пiльна сачылi ня толькi вышэйшыя камандзiры, але i палiторганы, упаўнаважаныя асобых аддзелаў, вайсковыя трыбуналы, пракуратура. Загад камандзiра - закон для падначаленых, а на строгасьць начальнiка ў армii скардзiцца забаронена.

Вайна, аднак, вучыла. Не ранейшая, даваенная вайсковая навука, не вайсковыя акадэмii, тым больш, паскораныя курсы вайсковых вучэльняў, але асабiсты вайсковы досьвед, якi клаўся ў аснову баявога майстэрства камандзiраў. Пералом у вайне, калi пасьля першых разгромных месяцаў настала пэўная раўнавага сiлаў, звычайна зьвязваюць з тым фактам, што кадравыя камандзiры канчаткова адцуралiся ад свае вайсковае навукi, а мабiлiзаваныя з запасу, учарашнiя iнтэлiгенты авалодалi ёю на практыцы. Вайсковыя дзеяньнi пачалi набываць элемэнт разумнасьцi. Вельмi хутка аказалася, што баявыя статуты, створаныя на падставе досьведу грамадзянскай вайны, мала адпавядаюць характару новай вайны i, у лепшым выпадку, бескарысныя, калi ня шкодныя ў сваiм прымяненьнi. На самой справе, чаго варта было толькi адно iх патрабаваньне аб месцы камандзiра ў баi - наперадзе ланцуга, што заўжды прыводзiла да хуткай пагiбелi камандзiра, пасьля чаго падразьдзяленьне, застаўшыся без галавы, хутка страчвала якое-небудзь баявое значэньне. Паэшалённая будова пяхоты пры наступленьнi заўжды выклiкала занадта вялiкiя страты, асаблiва ад мiнамётнага агню ворага. Зразумеўшы тыя i шмат якiя iншыя недарэчнасьцi, Сталiн вымушаны быў пайсьцi на перапрацоўку статутаў, i ўжо ў ходзе вайны паявiлiся новыя статуты пяхоты - частка I i частка II. У той час, як у войску жорстка караўся нават намёк на перавагу нямецкай тактыкi або нямецкае зброi, дзесьцi наверсе, у генштабе, гэтая перавага ўсё ж улiчвалася, i зь яе рабiлi пэўныя высновы. Са згоды Вярхоўнага тое патроху ўкаранялася ў войску.

Зрэшты, укараняць i запазычваць трэба было нашмат болей i ня толькi з таго, што датычыла тактыкi. Як мы нi хвалiлiся (зразумела, у прапагандавых мэтах) якасьцю айчыннае зброi, нямецкая стралковая зброя спрэс аказвалася больш дасканалай i спрытнейшай, наш славуты ППШ зь вельмi нязручным для напаўненьня дыскавым магазiнам па ўсiх парамэтрах саступаў нямецкаму "шмайсэру". Няўклюдная, з даўжэзным штыхом вiнтоўка XIX стагодзьдзя канструкцыi Мосiна саступала нямецкаму карабiну. Увогуле някепскi сярэднi танк Т-34, манэўровы, з добрым рухавiком, меў слабую браню i пры кепскай 76-мiлiмэтровай гармаце рабiўся лёгкай здабычай нямецкай супрацьтанкавай зброi, найперш - цяжкага танка тыпу "тыгр". Перавага апошняга асаблiва праявiлася ў абароне, пры адбiваньнi наступу нашых "трыццацьчацьвёрак". Выдатная цэйсаўская оптыка i магутная гармата давалi "тыграм" магчымасьць з далёкай адлегласьцi распраўляцца з атакай дзясяткаў нашых танкаў. Нярэдка савецкiя танкiсты плакалi ад роспачы, калi наш танкавы батальён, толькi пачаўшы атаку (асаблiва на роўнядзi), трапляў пад агонь дзе-небудзь замаскаваных "тыграў" у той час, як самi "тыгры" заставалiся ў поўнай бясьпецы з прычыны далёкай да iх адлегласьцi. Здаралася, калi танкiсты, разумеючы, што наблiзiцца на адлегласьць прамога стрэлу не пасьпеюць, кiдалi машыны i пад агнём вярталiся на зыходны рубеж. Пакуль яны туды дабягалi, iхныя танкi ўжо гарэлi. Зразумеўшы нарэшце крамольную хiтрасьць танкiстаў, камандаваньне загадала аддаваць пад суд ваенных трыбуналаў экiпажы, якiя выйшлi з-пад агню ў поўным складзе. Тады танкiсты ўжывалi новую хiтрасьць: сталi пад'яжджаць да "тыграў" блiжэй i пакiдаць машыны ўжо пад кулямётным агнём з танкаў. Хто-нiхто зь iх гiнуў, нехта быў паранены ў адкрытым полi, але камусьцi ўсё ж шанцавала дабрацца да схову. З падбiтай жа i падпаленай машыны шанцаў выбрацца жывым было нашмат меней.

Састарэлы, з вадзяным ахалоджаньнем кулямёт "максiм" прычыняў нямала клопату, асаблiва ўлетку ды на бязводным поўднi, а з тэкстыльнай стужкай усюды ў непагадзь. Ручны кулямёт Дзегцярова запомнiўся былым кулямётчыкам хiба што празьмернаю для гэтае зброi вагой. Калi на ўзбраеньнi нямецкай пяхоты паявiўся кампактны хуткастрэльны МГ-42, нашым батальёнам у атацы не засталося шанцу ацалець пад ягоным шквальным (да 1000 стрэлаў у хвiлiну) агнём. Адзiн такi кулямёт з удалай пазыцыi за лiчаныя хвiлiны вынiшчаў батальён. Тым, хто ваяваў у пяхоце, дужа помняцца нямецкiя мiнамёты, ад вэртыкальнага агню якiх не было паратунку нi ў полi, нi ў лесе, нi ў горадзе.

Нашыя страты ў наступленьнi былi жахлiвымi, найбольшая iх колькасьць, вядома, прыпадала на долю параненых. Лёгкапараненыя з бою выбiралiся самi, цяжкапараненыя нярэдка падоўгу ляжалi ў зоне агню, атрымлiваючы новыя раны, а то й памiраючы. Выносiць параненых у тыл не дазвалялася; спробы такога роду квалiфiкавалiся як уцёкi з бою. Ведама, дзяўчаты-санiнструктаркi завiхалiся, як маглi, але iх было па адной на роту, параненых жа на полi бою заўжды набiралася дзясяткi. Таму выносiць iх не пасьпявалi, параненыя падоўгу чакалi, сьцякаючы крывёй, памiраючы на полi цi па дарозе ў санбат.

Дагэтуль дакладна невядома, каму належыць "генiяльная" iдэя мабiлiзаваць на вайну жанчын. Здаецца, гэта чыста савецкае наватарства, у нямецкай армii нiчога падобнага не назiралася да канца вайны. Пры ўсёй агульнавядомай бездэфiцытнасьцi людзкога (мужчынскага) матэрыялу на вайне, якая патрэба была пасылаць пад агонь маладых, малапрыстасаваных да нягодаў баявога жыцьця дзяўчат? Якая з таго была карьсьць? Хiба каб аздобiць вольны час ды ўладкаваць халасьцяцкi быт старэйшых камандзiраў i палiтработнiкаў, якiя на час вайны засталiся бяз жонак i тылавых сябровак? Па дарозе на фронт шмат якiя зь дзяўчат атабарывалiся ў штабах, тылавых установах у якасьцi сакратарак, мэдсясьцёр, сувязiстак, якiя на салдацкай мове называлiся ППЖ. Тыя ж зь iх, што дабiралiся да палкоў i батальёнаў, не выклiкалi да сябе сур'ёзных адносiнаў - на чыста мужчынскай працы, якой зьяўляецца вайна, сярод мужчынскiх масаў яны адразу выяўлялi ўсю сваю бездапаможнасьць. Нават дзяўчаты такой катэгорыi, як снайпэры, што ў хвiлiны зацiшку памiж баямi павiнны былi выпаўзаць на пазыцыi блiжэй да працiўнiка. Прынята лiчыць, што кожны iх снайпэрскi стрэл - гэта забiты немец. На справе ўсё было iнакш. Праляжаць, страляючы пад носам у ворага, можна было лiчаныя хвiлiны, зноў жа кожны дзяўчачы стрэл - зусiм не абавязковае пападаньне ў цэль. Але калi на фронце панаваў спакой i нашыя не наступалi, дык снайпэрская актыўнасьць была адзiным паказчыкам баявой актыўнасьцi, i камандзiры не скупiлiся на лiчбы ў справаздачах.

На пэрыяды франтавога зацiшку прыпадала асаблiвая актыўнасьць палiторганаў. Менавiта тады ў акопах паяўлялiся малазнаёмыя, чыста паголеныя, у скрыпучых партупэях маёры i падпалкоўнiкi, якiя распачыналi з байцамi цёплыя, "душэўныя" гутаркi. "Ну, як справы? Як кормяць? Цi атрымлiваеце лiсты з дому?" Адказвалi iм суха i пахмурна - гэтых ветлiвых афiцэраў не паважалi й ня дужа баялiся (ня тое, што крыклiвых мацюгальшчыкаў, сваiх камандзiраў), моўчкi, без пытаньняў слухалi iх таропкi аповед пра мiжнароднае становiшча ды задачы, пастаўленыя ў апошнiм загадзе таварыша Сталiна. Пасьля на батарэi i ў роты прыходзiлi палiтработнiкi рангам нiжэйшыя, паклiкаўшы каго-небудзь у закуток, прапаноўвалi ўступiць у партыю. Адмаўляцца было не прынята, ды й навошта? Якая розьнiца байцу, як гiнуць - беспартыйным цi членам ВКП(б)? Сышоўшыся дзе-небудзь за пагоркам на чарговы партсход, адзiнадушна галасавалi i праз тыдзень-другi выдавалi кандыдацкую картку. Партыйнасьць, вядома, мала што мяняла ў становiшчы байца - калi заставаўся ў страi, прысвойвалi званьне малодшага сяржанта ды перад наступленьнем давалi заданьне крычаць у ланцугу "За Радзiму, за Сталiна!"

Насамрэч, можа, крычалi, а можа, i не. Легенда пра той баявы клiч мае больш прапагандавае паходжаньне i перавандравала, вядома ж, са старонак вайсковага друку. У няспынных грымотах бою, сярод выбухаў i кулямётна-аўтаматнай стралянiны цяжка было ўчуць уласны голас, ня тое што нейчы недарэчны, мала адпаведны абставiнам, мiтынговы крык. Не чуваць было нават звыклага для славянскага вуха "ўра", якое сапраўды крычалi ў адпаведныя моманты бою. Пасьля якой-небудзь няўдачы, калi пачынаўся "разбор палётаў" ды пошукi вiнаватых, палiтработнiкi звычайна дапытвалiся ў падначаленых: чаму не было заклiкаў? Iм звычайна адказвалi: "Крычалi, далiбог! Хiба ня чулi?" Мабыць, ня чулi, таму што ззаду ня надта чуваць. I далёка ня ўсё вiдаць.

Камандзiрская iерархiя на фронце мела выразную субардынацыйную пабудову ад фронту ў тыл. Чым далей ад фронту, тым вышэйшыя чыны, у якiх, як вядома, тым болей розуму i ўлады. За пятнаццаць-дваццаць кiлямэтраў ад перадавой усе тылавыя населеныя пункты, ляскi, раўчукi былi забiтыя вайсковымi штабамi, аддзеламi i ўстановамi зь дзясяткамi i сотнямi старэйшых афiцэраў, якiя штосьцi рабiлi - пiсалi, званiлi, раiлiся, узгаднялi, што патрабавала вялiзнае колькасьцi транспарту, сродкаў сувязi. У той жа час на перадавой пад агнём варушылася ў полi жменька змораных, галодных васямнаццацi- i дваццацiгадовых хлапцоў. Яны наступалi. Ад iх здольнасьцi, патрыятызму i самаадданасьцi залежаў посьпех наступленьня i ў канчатковым вынiку - вайсковая кар'ера тых, хто атабарыўся ў тыле. Асаблiва ў далёкiм тыле. Генэралы i старэйшыя афiцэры, як гэта й прынята ў кожнай армii, усё ж кiравалi ня войскам, а зноў жа генэраламi i афiцэрамi, што стаялi ад iх на прыступку нiжэй - так было зручней ва ўсiх адносiнах. Найбольш сумленныя i разумныя гэта рабiлi так, што, неяк задавальняючы вышэйшае камандаваньне, iмкнулiся ня надта прыгнятаць падначаленых, падтрымлiваючы тым рэпутацыю справядлiвых начальнiкаў. Але гэткая манера была хутчэй выключэньнем з правiла, правiлам былi поўная пакорлiвасьць перад начальствам i бязьлiтасная жорсткасьць у адносiнах да падначаленых. Менавiта такiм чынам у вайну зрабiлi кар'еру тысячы. Ступень патрабавальнасьцi - вось тое галоўнае, што вызначала палкаводчую кар'еру самых выдатных ваеначальнiкаў сталiнскай школы. Памятаю выпадак, калi пасьля вайны судзiлi афiцэра, надта заслужанага, на ўсе грудзi ўзнагароджанага палкоўнiка, камандзiра гвардзейскага стралковага палка. Гэты палкоўнiк ваяваў з чужым прозьвiшчам, з дакумэнтамi сапраўднага камандзiра палка, у якога служыў ардынарцам i якi загiнуў. На судзе яму задалi пытаньне: "Чаму вы, ня маючы вайсковай адукацыi, будучы толькi сяржантам, адважылiся на такую афэру, падпарадкавалi сабе сотнi людзей? Як вы iмi камандавалi?" "Вельмi проста, адказваў былы сяржант. - Атрымаўшы зьверху загад, выклiкаю камандзiраў батальёнаў i так накручваю iм хвасты, што кiдаюцца выконваць, бы ўгарэлыя". Мабыць, някепска "накручваў хвасты", калi атрымаў за вайну ў дадатак да двух незаконна прысвоеных яшчэ чатыры па праву заслужаныя ордэны. Сапраўды, гэты выдатна засвоiў сталiнскую навуку перамагаць.

Iснуе шырока распаўсюджаны мiф пра тое, што няўдачы першага пэрыяду вайны выклiканыя, апроч iншага, перадваеннымi рэпрэсiямi сярод вышэйшага камандаваньня Чырвонай Армii. Вядома, рэпрэсii заўжды зло ва ўсiх адносiнах, але цi так ужо яны адбiлiся на баяздольнасьцi армii? Рэпрэсавалi ж ня ўсiх, самыя знакамiтыя ацалелi i ўзначалiлi войска. Але як яны праявiлi сябе ў гэтай вайне? Ужо першыя месяцы паказалi поўную iх няздольнасьць кiраваць войскамi ва ўмовах фашысцкай агрэсii, супрацьстаяць высокатэхнiчнай эўрапейскай армii, якой зьяўляўся вэрмахт. Хутка на палкаводчыя пасады заканамерна вылучылiся iншыя камандзiры, якiя нядаўна яшчэ займалi невялiкiя цi сярэднiя пасады ў палках, брыгадах, дывiзiях. Менавiта яны хутчэй за сваiх знакамiтых начальнiкаў навучылiся ваяваць у новых умовах, i, як нi дзiўна, менавiта на iхным вопыце чаму-колечы навучыўся Сталiн. Можа быць, упершыню ў савецкай рэчаiснасьцi iдэалягiчныя ўстаноўкi былi адкiнутыя, i ў пэўных вайсковых пытаньнях перамагла голая лёгiка. Адным з самых лягiчных актаў было скасаваньне iнстытуту вайсковых камiсараў, гэтага абсалютна непатрэбнага камандзiрскага дубля ў армii. Зрабiць так вымусiлi Сталiна ня толькi пэўныя адносiны з саюзьнiкамi (лiквiдацыя Камiнтэрну), але й велiзарны дэфiцыт камандзiрскiх кадраў, што ўтварыўся пасьля катастрафiчных няўдач пачатковага пэрыяду вайны. Амаль пры ўсiх навучальных вайсковых установах была арганiзаваная тэрмiновая перападрыхтоўка палiтработнiкаў на страявых камандзiраў. Зрэшты, перакаваць усiх учарашнiх камiсараў на страевiкоў ня мог нават сам Сталiн, пэўная частка iх была пакiнутая ў войску ў якасьцi намесьнiкаў па палiтчасьцi - у баявых умовах абсалютна недарэчных, яшчэ неяк цярпiмых у пяхоце, але зусiм абсурдных у iншых, спэцыяльных родах войска, дзе, апроч правядзеньня палiтiнфармацыi ды выпуску "баявых лiсткоў", патрэбныя яшчэ й спэцыяльныя веды, пра якiя нампалiты мелi даволi цьмянае ўяўленьне. Уся iх дзейнасьць на фронце вычэрпвалася прымiтыўнай агiтацыяй ды дубляжом камандзiрскiх рашэньняў, што, аднак, не перашкодзiла iм пасьля вайны прыпiсаць сабе галоўную заслугу ў дасягненьнi перамогi над "зьлейшым i каварным ворагам".

На палавiне вайны ваяваць збольшага навучылiся; навучылiся таксама хiтраваць, вадзiць за нос начальства. Мабыць, без таго ды iншага пражыць на вайне было немагчыма. Запомнiўся выпадак пры наступленьнi, калi мой гарматны разьлiк апынуўся побач з варонкай, у якой сядзеў камандзiр батальёна капiтан Андрэеў. Гэты ня надта зухавы, штацкага выгляду камбат на вайне зорак зь неба не хапаў, хоць увогуле ваяваў ня горш за iншых. Седзячы ў варонцы з ардынарцамi i сувязiстамi, ён кiраваў боем за недалёкую вёску. Справа наступалi суседзi. Камандзiр палка няспынна патрабаваў па тэлефоне дакладаў, i Андрэеў, глытаючы нешта з пляшкi, бадзёра дакладваў: "Прасоўваюся пасьпяхова... Спрабую зачапiцца за паўночную ўскраiну... Ужо зачапiўся... Зьбiваю баявы заслон..." Ягоныя роты, мiж тым, спакойна ляжалi сабе наперадзе ў полi пад рэдкiм мiнамётным агнём зь сяла, i я думаў: як жа ён апраўдаецца, калi раптам сюды завiтае камандзiр палка? Але, мабыць, камбат лепей за мяне ведаў звычаi камандзiра палка i не баяўся ягонага хуткага вiзыту ў батальён. А надвячоркам недзе прасунулiся суседнiя батальёны, i немцы пакiнулi паўночную ўскраiну вёскi, якую спрытненька заняў батальён Андрэева. Як сьцямнелася, камбат сустракаў камандзiра палка i бадзёра дакладваў пра ўдалую атаку, якой не было. Але камандзiр палка, здаецца, быў задаволены. Напэўна, я так думаю, ён падобным чынам дакладваў вышэй, у дывiзiю, а адтуль дакладвалi ў корпус. Такi быў няпiсаны парадак, якi задавальняў усiх. А ўвогуле, гэта было больш сумленна i разумна, чым па безгаловай камандзе атакаваць моцнага працiўнiка, трупамi ўкладваючы поле. Ведама, у маральных адносiнах учынак камбата выглядаў не бездакорным, але ў вайсковых умовах, мабыць, было не да маралi. Заплянаваная ў вышэйшых штабах апэрацыя нярэдка прымяркоўвалася да канкрэтных тэрмiнаў (гадавiны Кастрычнiка, Дня Чырвонай Армii, дня нараджэньня таварыша Сталiна, iншых знамянальных датаў), i большую частку часу, адведзенага на яе падрыхтоўку, выдаткоўвалi тыя, хто яе распрацоўваў. Значна меншая частка заставалася для непасрэдных выканаўцаў. Батальёну Андрэева перапала апошняя ноч, ды й тая занятая перадысьлякацыяй, i толькi за гадзiну да атакi камбат атрымаў магчымасьць зiрнуць на поле бою, дзе яму належала перамагчы цi памерцi. Ды яшчэ без падтрымкi танкаў, з хлiпкiм артылерыйскiм забесьпячэньнем.

Ведама, такога роду авантуры не былi надта бясьпечныя. Хоць у баявых умовах шмат што можна было ўтаiць; тыя, каго трэба было баяцца, ня дужа iмкнулiся паяўляцца на перадавой. Але ў выпадку адводу ў тыл, у другi эшалён цi на перафармоўку, пра ўсё рабiлася вядома, утаiць што-колечы крамольнае практычна было немагчыма. Адразу ж у падразьдзяленьнях пачыналiся начныя кантакты з "кумам", упаўнаважаным асобага аддзелу (пасьля пераназванага ў контрразьведку "сьмерш"), у вынiку якiх камандаваньню рабiлася вядома пра ўсё, што адбывалася ў апошнiх баях, усе хiтраваньнi камандзiраў. Упаўнаважаныя "сьмерша" валодалi магутнай нябачнай уладай, ад iх прыхiльнасьцi залежалi лёс i службовая кар'ера камандзiраў. Тыя з камандзiраў, якiя ў свой час не асьцераглiся палону (хоць бы на колькi дзён) або акружэньня, зь якога вырвалiся са зброяй у руках, былi пад асаблiвым наглядам органаў. Звычайна яны вымушаныя былi паводзiць сябе нiжэй травы i цiшэй вады, ва ўсiм дагаджаючы ня толькi начальнiкам, але й сваiм падначаленым. Iначай была рэальная рызыка страцiць ня толькi пагоны, але й апынуцца ў штурмбаце, зь якога хiба што некаторыя выйшлi пасьля адбыцьця тэрмiну (адзiн месяц) цi пасьля раненьня. Другой катэгорыяй павышанай рызыкi былi афiцэры якраз iншага характару адкрытыя, сьмелыя ваякi, у вынiку чаго пры вольных размовах, асаблiва за чаркай, дазвалялi сабе нестандартныя выказваньнi пра даваеннае жыцьцё, нямецкую тактыку або пра НКВД. У хуткiм часе такi чалавек зьнiкаў назаўсёды.

Немалую шкоду афiцэрскаму саставу нанёс славуты загад Галоўнакамандуючага нумар 227, вядомы ў войску пад дэвiзам "Нi кроку назад". Улетку 1942 году, iмкнучыся пераканаць сябе ды ўласнае камандаваньне ў недапушчэньнi далейшага адступленьня на ўсход, Сталiн усю строгасьць выкананьня гэтага iмпэратыву пераклаў на франтавых камандзiраў сярэдняга й нiжэйшага зьвяна, якiя адступалi, хiба што страцiўшы магчымыя сродкi да абароны. Шмат хто зь iх паплацiўся за тое жыцьцём. Зь першых жа дзён аб'яўленьня загаду пачалося дзiкае паляваньне на тых, хто адступiў без загаду. Iмi аказалiся, напрыклад, нейкi камандзiр палка, якому спазьнiлiся перадаць загад абараняць пэўны рубеж; камандзiр батальёна, што не пасьпеў за кароткую летнюю ноч заняць прызначаныя яму пазыцыi, а ранiцай трапiў пад разгромны ўдар нямецкай авiяцыi; малодшы лейтэнант, якi камандаваў мiнамётнай ротай ды заблукаў у бязьлюдным стэпе. Трыбуналы тае пары працавалi з поўнай нагрузкай. Ад вышэйшых штабоў няспынна патрабавалi зьвестак аб колькасьцi расстраляных за суткi, за тыдзень i дэкаду, асобна па катэгорыях - старэйшых i малодшых афiцэраў, камунiстаў i беспартыйных, па сацпаходжаньнi i нацыянальным складзе. Такога роду паказчыкi зьяўлялiся, апроч iншага, i падставай для ўзнагароджаньня афiцэраў карных органаў, шмат якiя за гады вайны i былi шчодра ўзнагароджаныя. Цяпер тыя людзi - героi нароўнi зь iншымi, несумненнымi героямi, i мала хто здагадваецца, якiм чынам заслужаныя iхныя ўзнагароды. Асаблiва прыкрытыя распаўсюджанай цяпер мiфалягемай: прайшлi вайну "ад званка да званка". У "сьмершы" цi ў трыбунале можна было пасьпяхова прайсьцi не адну вайну...

Вайсковыя газэты тае пары, малыя i большыя, зьяўлялiся адно сродкам палiтычнай прапаганды, разьлiчанай на самага масавага i прымiтыўнага чытача. Штодзённыя зводкi Iнфармбюро - вось адзiны элемэнт iхнай iнфармацыйнасьцi, у якiх, аднак, старанна шыфравалася ўся геаграфiя баявых дзеяньняў, усе назовы часьцей i падразьдзяленьняў. Стандартныя баявыя прыклады для перайманьня, эпiзоды баёў на ўзроўнi роты-батальёна, прапагандавыя выступленьнi штатных палiтработнiкаў у духу выхаваньня "навукi нянавiсьцi", прыдуманыя "клятвы" байцоў, "не шкадуючы жыцьця, бiць азьвярэлага ворага". Шырока прапагандавалася ахвярная героiка абароны i хоць бы невялiчкiя посьпехi наступленьня. У выпадку няўдачы выкарыстоўваўся суцяшальны стэрэатып накшталт таго, што немцы плянавалi захапiць горад К. учора, але слаўныя абаронцы сарвалi каварныя пляны ворага, якому ўдалося заняць К. толькi сёньня. У выпадку ўдачы прыводзiлiся заўжды яўна завышаныя лiчбы стратаў працiўнiка i падрабязны пералiк трафэяў: вiнтовак, гармат, кулямётаў, аўтамашын, коней, фурманак... Нашыя страты ўтойвалiся. Фатаграфiяў забiтых з нашага боку газэты не друкавалi да канца вайны, вайсковым фотакарэспандэнтам здымаць целы забiтых савецкiх воiнаў катэгарычна забаранялася. Праца вайсковых карэспандэнтаў, як пiсаў яшчэ ў гады вайны сам вайсковы карэспандэнт Аляксандар Твардоўскi, вельмi нагадвала таго добрасардэчнага гультая, якi, назiраючы, як сякуць дровы, старанна "хакаў", наiўна думаючы, што тым памагае дрывасекам.

Наступалi, як заўжды, перамагаючы ня так уменьнем, як колькаснай перавагай, галоўным чынам у жывой сiле, справiцца зь якой не маглi ўжо i немцы. Нямецкi генэрал i ваенны гiсторык Цiпельскiрх пiсаў, што, калi суадносiны сiлаў на фронце склалi 1:10 на карысьць рускiх, стала зразумела, што вайна прайграная. I сапраўды, да сорак чацьвертага году на поўную магутнасьць запрацавала вайсковая прамысловасьць, на фронт няспынным патокам пайшлi ня толькi людзкiя папаўненьнi, але i ўзбраеньне, тэхнiка, боепрыпасы. Вельмi дапамагалi саюзьнiкi, асаблiва ЗША, iх славутыя пастаўкi па ленд-лiзу. Амаль увесь наш франтавы аўтатранспарт складаўся з амэрыканскiх аўтамабiляў "фордаў", "шэўрале", "студэбэкераў", "доджаў", "вiлiсаў". Нашмат горш было з прадуктамi харчаваньня, хлебам; нярэдка армii, i нават франты, харчавалiся ў лiтаральным сэнсе з падножнага корму. У канцы 1943 году I Украiнскi i I Беларускi франты апынулiся бяз хлеба i змушаныя былi раскопваць у Сумскай вобласьцi няўбранае ўлетку, завеянае сьнегам жыта, сушыць яго, абмалочваць i з таго пячы хлеб, кармiць войска. Пры падрыхтоўцы Яса-Кiшынёўскай апэрацыi харчовая праблема вырашалася больш простым спосабам: зь пятнаццацiкiлямэтровай прыфрантавой паласы былi выселеныя ўсе малдаўскiя сёлы, харчовыя запасы якiх рэквiзавалiся для двух Украiнскiх франтоў. Чыгуначны ды iншы транспарт на той час вазiў выключна боепрыпасы i зброю для будучых апэрацыяў.

Вайна дарэшты разбурыла эканомiку эўрапейскай часткi СССР. Гарады ляжалi ў руiнах, калгасная сельская гаспадарка была зусiм дабiтая баявымi дзеяньнямi войска - сьпярша пры ягоным руху на ўсход, а затым - на захад. Галодная Ўкраiна не магла пракармiць шматмiльённыя армii, што прыйшлi на яе зямлю, самi сяляне звыкла i даўно галадалi. Франтавiкi харчавалiся небагатым пайком, што складалi кавалак чорнага (з сурагатамi) хлеба, паўкацялка пярловага супу, лыжка пярловай цi пшоннай кашы або вэрмiшэлi. Упершыню мы наелiся толькi за межамi роднай краiны, на зямлi, ня толькi не разбуранай вайною, але й не кранутай калгаснай сыстэмай. Для тых, хто ваяваў на поўднi, такой краiнай стала Малдавiя. Белы хлеб, мяса, сыр, брынза, садавiна, вiно... Нiбы задоўжанае сьвята пасьля мноства галодных гадоў. Але сьвята ўсё ж скончылася. Чатыры месяцы стаяньня ў абароне вялiзнай колькасьцi войска панiшчылi ўсё харчовае багацьце гэтай краiны. Пасьля таго, як мы пайшлi далей на захад увосенi сорак чацьвертага году, яна засталася такой жа разбуранай i аб'едзенай, як i ўсе папярэднiя.

Затое чарговы прыемны сюрпрыз паднесла нам Вэнгрыя зь яе па-эўрапейску высокай бытавой культурай, не па ваенных гадах харчовым багацьцем, надзiва рацыянальна арганiзаванай сельскай гаспадаркай. Войскi адразу ж перайшлi на самазабесьпячэньне, на багаты й даступны "падножны" корм. Зьдзiўляла таксама цярпiмасьць i гасьцiннасьць насельнiцтва Вэнгрыi, армiя якой фактычна ваявала на баку Нямеччыны. А мiж тым не запомнiўся нiводны выпадак адкрытай варожасьцi цi сабатажу ў адносiнах да "гасьцей з усходу", усюды мы сустракалi калi ня радасьць, дык стрыманае разуменьне агульнай бяды, якую абрынуў на нас нямецкi фашызм i ў лягеры якога так цi iнакш апынулася Вэнгрыя. Жыцьцё гэтага эўрапейскага буржуазнага грамадзтва надта ж не стасавалася з тым, што мы пра яго чулi ад прапагандыстаў-палiтрукоў, i тыя з нас, што былi старэйшыя гадамi i разумнейшыя, заклапочана хмурылiся ад убачанага; маладым жа давялося задумацца пра тое пазьней.

Як пачалiся наступальныя апэрацыi Чырвонай Армii, дык у войску паявiлася ўсё большая цяга да баявых трафэяў. Прызвычаеныя да ўмоваў франтавога аскетызму, мы ўбачылi, што нямецкаму войску ўласьцiвыя некалькi iншыя бытавыя стандарты, i што ў пакiнутых iмi акопах (таксама як i ў палонных) можна чым-колечы пажывiцца. Перш за ўсё тым, што патрэбна салдату на кожны дзень. Нарасхват iшлi добрыя салдацкiя боты (замест нашых чаравiкаў з абмоткамi), цьвярдыя дзягi са спражкамi, зь якiх звычайна выпiлоўвалi ненавiсную свастыку, скураныя сумкi, коўдры, камуфляжныя плашч-накiдкi. Як заўжды, папулярнымi былi гадзiньнiкi, электралiхтарыкi, запальнiчкi i розная папяровая драбяза - паперы ж нi для лiстоў, нi для цыгарак на фронце не давалi. Апроч таго, здаралася, што захоплiвалi харчовыя склады з рознай правiзiяй: шакалядам, кансэрвамi, каньяком. Сувязiсты старалiся ў наступленьнi разжыцца найперш трафэйнымi тэлефоннымi апаратамi i дротам у каляровай плястыкавай абалонцы.

Карысьлiвая зацiкаўленасьць у трафэях дасягала апагею, як вайна перакацiлася ў Эўропу, на тэрыторыю Нямеччыны. Тут пайшло па сутнасьцi легальнае рабаўнiцтва на ўсiх узроўнях, прытым, зразумела, найбольшая здабыча даставалася тылавiкам ды начальству, якое карысталася транспартам. У часьцях былi створаныя i актыўна працавалi трафэйныя каманды. Салдатам i афiцэрам дазвалялася пасылаць пасылкi на абрабаваную радзiму, i начальства звычайна заплюшчвала вочы на тое, што рэчы для iх здабывалiся зусiм не на полi бою. У гэты час салдацкiя рэчмяшкi прыкметна патаўсьцелi ў аб'ёме, таксама як i супрацьгазавыя сумкi, зь якiх даўно ўжо павыкiдвалi супрацьгазавыя маскi i клалi болей патрэбныя рэчы: бялiзну для жонкi, якiх пару падмётак, а то й кавалак скуры на боты, часам дзiцячы гарнiтурчык або адрэз крэпдэшыну на сукенку. У перапынку памiж баямi можна было бачыць, як салдаты, прысеўшы дзе-небудзь на беражку траншэi цi пад зялёнай агароджай, старанна зашываюць у матэрыю свае пасылкi, якiя потым старшына адвязе на палявую пошту. Генэралiтэт ды iншае начальства свае баявыя трафэi вывозiлi звычайна аўтамабiльным i чыгуначным транспартам i зьбiралi iх зусiм не з падмёткаў i дзiцячых куртачак. Трафэйныя каманды адбiралi для iх пушнiну, фарфор, музычныя iнструмэнты, мэблю. А то й прамысловае абсталяваньне. Часам узьнiкалi кароткiя канфлiкты, калi падначаленым не ўдавалася ўберагчы ад начальнiцкай увагi некаторыя iх каштоўнасьцi, што лёгка рабiлася чужой здабычай. Зрэшты, канфлiкт хутка ўлагоджваўся: пацярпелы бок, у сваю чаргу, кампэнсаваў страту за кошт уласных падначаленых.

У канцы вайны, хоць напружаньне баёў не слабела, а то й мацнела, паявiлася надзея выжыць. Ва ўсiх без выключэньня - ад салдата да камандуючага. Гiнуць працягвалi штодзень, а то й кожную гадзiну, але з новай магчымасьцю паявiлiся i новыя адносiны да вайны. Пачалiся малыя й вялiкiя, не заўжды прыстойныя хiтрыкi на полi бою, ва ўзаемаадносiнах з камандзiрамi. Сталi нярэдкiмi выпадкi, калi зусiм бездакорныя раней афiцэры пачалi выяўляць празьмерную засьцярожлiвасьць, а то й нерашучасьць, што блiзка межавала са злачынствам. Часам гэта кепска канчалася, часам абыходзiлася. Нарэшце, было разуменьне, што вайна ўсё сьпiша. I сьпiсвала. Усё ж начальнiцкая жорсткасьць, уласьцiвая першапачатковаму пэрыяду вайны, зьмянiлася на пэўную памяркоўнасьць, афiцэры ўжо болей-меней прыцёрлiся ва ўзаемаадносiнах. Як i заўжды ў войску, самай каштоўнай якасьцю стала паслухмянасьць, гатоўнасьць выканаць усё, што загадана, як гэта i патрабавалася ў кожнай вайсковай цi таталiтарнай сыстэме.

Гераiзм, як вядома, паважаецца на кожнай вайне, у нас жа ён стаў цi не адзiным рэальным сродкам перамогi, прадметам галоўнага клопату з боку палiторганаў, на прапагандзе якога будавалася ўся iх работа. Вядома ж, на аснове традыцыйнага сацспаборнiцтва: памiж байцамi, аддзяленьнямi, ротамi. Хто болей панiшчыць немцаў, танкаў ды кулямётаў, прасунецца ў наступленьнi. Усё падагульнялася сродкамi прапаганды i статыстыкi, старанна дакумэнтавалася, хоць i зьяўлялася па сутнасьцi плёнам палiтычнага ўяўленьня. Камандаваньне да папяровай творчасьцi сваiх нампалiтаў ставiлася цярпiма, хiба што з пэўнай iронiяй. Як, зрэшты? i да ўсёй палiтпартнадбудовы, вуха зь якой, тым ня менш, трэба было трымаць востра. Усур'ёз камiсары дапамагчы наўрад цi маглi, нашкодзiць жа - колькi заўгодна. Страявыя камандзiры тое добра засвоiлi яшчэ з даваеннага часу.

Цiкава, што ў вэрмахце не было палiторганаў, i быццам бы не было каму натхняць салдатаў як найхутчэй аддаць жыцьцё за радзiму. Гераiчных жа прыкладаў там было ня менш, чым у нашай армii. Як, зрэшты, i ўмельства, баявога майстэрства. Чырвоная Армiя за вайну наладзiла немцам адзiн буйны, армейскага маштабу "кацёл" - Сталiнградзкi, а колькi нашых армiяў зь мiльёнамi салдат i камандзiраў скончылi сваё iснаваньне ў шматлiкiх "катлах" - на Ўкраiне, у Беларусi, у Падмаскоўi. Нават ужо напрыканцы вайны, зiмой 1945 году ў Вэнгрыi, немцы амаль разграмiлi III Украiнскi фронт, што складаўся зь некалькiх армiяў, i толькi наяўнасьць стратэгiчных рэзэрваў ды некаторыя выпадковасьцi (пайшоў лёд па Дунаi i пабурыў пераправы, тым адрэзаўшы шлях на ўсход) засьцераглi ад разгрому ўсёй балканскай групоўкi Чырвонай Армii. Шырокавядомыя баявыя рэкорды нашых герояў-лётчыкаў Пакрышкiна i Кажадуба, якiя зьбiлi за вайну адпаведна 59 i 62 самалёты. Але шмат гадоў мы нiчога ня ведалi пра нямецкiх асаў-зьнiшчалькаў Хартмана i Баркхорна, якiя зьбiлi 347 i 301 савецкi самалёт. Усяго ў нямецкай армii налiчвалася каля ста пiлётаў, кожны зь якiх зьбiў больш за 100 нашых самалётаў. Цi гэта не нагода для вайсковых гiсторыкаў паразважаць пра ступенi майстэрства, таксама як i пра якасьць нашай хвалёнай авiятэхнiкi?

Каму не вядома, што жыцьцё пехацiнца на фронце самае кароткае, звычайна ў пяхоце не затрымлiвалiся. Тыдзень у наступленьнi, месяц у абароне - такi быў максымальны тэрмiн для салдата стралковага батальёна, за якiм наставаў "земаддзел" або "здраўаддзел", - як невясёла жартавалi пехацiнцы. I калi былi iншыя роды войска, якiм таксама даставалася на вайне (танкавыя, сапёрныя войскi, зьнiшчальная ды штурмавая авiяцыя), дык iхная дзейнасьць хоць бы варта ацэньвалася. Галоўнай, калi не адзiнай такой ацэнкай з боку дзяржавы было ўзнагароджаньне. Iерархiя ўзнагародаў, як i сама працэдура ўзнагароджаньня, былi ня так вызначаныя заканадаўча, як складалiся паводле пэўнай самачыннай традыцыi. Нiхто з падначаленых ня мог быць узнагароджаны раней за свайго камандзiра, нiводны начальнiк не iмкнуўся ўзнагародзiць падначаленага, калi ня быў узнагароджаны сам. Ордэны звычайна разьмяркоўвалiся зусiм не паводле заслуг, як пра тое прынята меркаваць, а ў залежнасьцi ад пасады. Ордэн Чырвонай Зоркi давалi камандзiру ўзвода, Айчыннай вайны другой ступенi камандзiру роты, першую ступень атрымлiваў камандзiр батальёна, якi пад канец вайны заслужыў таксама ордэн Чырвонага Сьцяга, самую, дарэчы, шаноўную з ваенных узнагародаў. А ўвогуле то быў ордэн камандзiраў i палiтработнiкаў дывiзiйнага зьвяна ды яшчэ лётчыкаў. Для генэралiтэту iснавалi шматлiкiя палкаводчыя ордэны. Даволi дзiўная мэтамарфоза атрымалася з ордэнам Славы, якi ўстанавiлi ў сярэдзiне вайны выключна як узнагароду сяржантаў i салдат дзейнай армii. На вайне ён быў ня надта вышэйшы за папулярны салдацкi мэдаль "За адвагу". Але ў шасьцiдзясятыя гады, з iнiцыятывы Канстанцiна Сiманава, якi зьняў дакумэнтальны фiльм пра кавалераў гэтага ордэна, апошнi дзiўнаватым чынам апынуўся прыроўненым да Залатой Зоркi Героя i ў гэткiм статусе застаецца й цяпер. Зрэшты, наогул цяжка было зразумець пэўную лёгiку ў справе ўзнагародаў, колькасьць якiх у брэжнеўскi час дасягнула сотнi, а то й болей. Кошт iх пасьля рэзка ўпаў, i, мабыць, не засталося старэйшага грамадзянiна, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам - за вайну цi за працу. I не якой-небудзь "Працоўнай Славай", а i палкаводчым ордэнам Ленiна - здаецца, самай высокай з усiх нядаўнiх узнагародаў. Старанная даярка ў перадавым калгасе мела гэтых ордэнаў болей, чым нават славуты з часу вайны маршал. Недарэчны статус ордэна Ленiна дазваляў узнагароджваць iм усiх - ад даяркi да маршала i мiнiстра. Толькi салдату на фронце ён быў недаступны, у салдата не хапала нiякай крывi яго заслужыць. Насуперак папулярнай думцы, на вайне наогул узнагароджвалi ня так i часта. Для многiх салдат, што скончылi вайну, пераможны мэдалёк аказаўся адзiнай вайсковай узнагародай, усе астатнiя пазьнейшага, юбiлейнага паходжаньня. Сьпярша за кожны ордэн плацiлi невялiкую суму (на курава), якая неўзабаве пасьля вайны была адмененая, зразумела, "паводле хадайнiцтва працоўных". Бальшавiкi, як вядома, выдатна ўмелi арганiзоўваць такiя "хадайнiцтвы".

Вайна была даўно, за паўстагодзьдзя вырасьлi новыя пакаленьнi. Шкада, аднак, што людзкая памяць пра яе ня толькi скарачаецца ў сваiх магчымасьцях, але й падмяняецца нiбы якой антыпамяцьцю, актыўна капiтулюючы перад прапагандавымi старэатыпамi. Мы перамаглi лютага ворага - нямецкi фашызм, але цi маем мы права забывацца пра кошт нашай перамогi? I якiя яе сапраўдныя мэты - цi толькi разгром фашызму? Што мы прынесьлi на сваiх штыхах вызваленым народам Эўропы? Наколькi ашчасьлiвiлi палякаў, чэхаў, славакаў, вэнграў, румынаў, балгар i югаславаў, якiя й дагэтуль ня могуць выграбцiся з выкапанага для iх рова сацыялiстычнага шчасьця? Праз паўстагодзьдзя пасьля нашай перамогi, можа, варта задаць сабе элемэнтарнае пытаньне: што мы маем ад той нашай перамогi? Вось немцы, напрыклад, не перамаглi, не перамаглi таксама iтальянцы i японцы - стрывалi грандыёзныя нацыянальныя катастрофы. Але з тых катастрофаў яны зрабiлi пэўныя высновы i ў вынiку так добраўпарадкавалi сваё жыцьцё, як нам не ўпарадкаваць яго нiколi. Значыцца, цi такая адназначная для нас наша гiстарычная перамога? Можа, тоiцца ў ёй штосьцi i яшчэ, болей для нас важнае? Цi гэта Ўладар сусьвету так адмыслова разьмеркаваў сваю боскую мiласьць: каму пустазвонства перамогi, а каму камфортнае жыцьцё? Каб усё па справядлiвасьцi, як таго i патрабуе мiлы для нашых сэрцаў сацыялiстычны прынцып разьмеркаваньня зямнога шчасьця.

Чым болей часу мiнае з памятнага траўня 1945 году, тым болей пытаньняў ставiць мiнулая вайна. Абясцэньваюцца шмат якiя зь нядаўных каштоўнасьцяў, узьнiкаюць новыя. Маладым пакаленьням здаецца, што для iх настаў час, не зьвязаны з праклятым мiнулым, якое стала заслужаным лёсам iхных бацькоў i дзядоў. Але пачакаем з высновамi. Усё ж шмат што ў сьвеце зьвязанае моцнай вяроўчынай, не разблытаўшы тугiя вузлы якой, ня надта пасунесься ў Iнчасьлiвую будучыню. Хоць гiсторыя, як вядома, нiчому ня вучыць, але й вучыцца ў сябе нiкому не забараняе. Таму, вядома, хто хоча, чаму-небудзь навучыцца. Для iншых яна - непатрэбная рэч. У тым лiку i гiсторыя мiнулай i крывавай вайны.

ПАКАХАЙ МЯНЕ, САЛДАЦIК

Аповесьць

Вайна шпарка кацiлася пад адхон, днямi быў узяты Бэрлiн, а мы ўперлiся ў нямецкi абарончы рубеж за невялiкiм аўстрыйскiм гарадком i трэцi дзень стаялi на месцы. Немцы часам пастрэльвалi з гарматаў i мiнамётаў, i тады сярод ладных, вастраверхiх дамкоў гахалi выбухi, i ўшчэнт разьлятаўся наўкола чырвоны друз чарапiцы. Каб ня той даховачны ды цагляны друз, якiм быў закiданы асфальт, было б дужа здатна кацiць на ровары, асаблiва ад павароткi ўнiз да паўразьбiтай дамоўкi на рагу, за якой ля рэчкi стаялi акапаныя гарматы. Увогуле было небясьпечна, маглi i падстрэлiць, хоць кулi зь недалёкага "перадку" сюды не даляталi. Але каб ня мiны. Ад мiн, гэтага нямецкага пачварства, схову на перадавой не было нiдзе - нi ў полi, нi ў лесе, нi ў горадзе. Хiба ў зямлi. Але ў зямлi ўжо не сядзелася - наседзелiся за вайну. А тут буяла вясна, напоўнiцу зелянела абсыпаная жоўтымi казяльцамi трава на пустцы, у гародчыках пры дамках зацьвiтаў бэз, удзень прыгравала сонца. На душы павальнела, нават штосьцi зарадавалася ўнутры ў няпэўным прадчуваньнi маладой бяздумнай удачы. Асаблiва, калi табе трошкi за дваццаць, i ўпершыню за вайну зьявiлася спадзяванка выжыць. Ды сёньня трапiўся пад рукi спраўны ровар, на якiм не катаўся зь дзяцiнства.

З-за асьнежаных хрыбцiнаў гор выбавiлася ў неба ранiшняе сонца, сьляпучымi промнямi нечакана ўдарыла з-за павароткi ля рога шырокага, паўразьбiтага выбухам дому. На момант дарога пахiснулася, кола незнарок валюхнула ўбок, i я з добрага разгону грымнуўся на асфальт. Яшчэ аж праехаў колькi крокаў бокам. Перамагаючы боль у калене, падняў галаву i тады ўбачыў людзей. Блiзка прыткнуты да ўцалелай сьцяны дамка, стаяў камандзiрскi "вiлiс", зь iм побач трафэйны "хорх", i застыла купка афiцэраў, якiя зьдзiўлена ўтаропiлiся ў мяне. Вядома, то было начальства. ("I калi iх прынесла сюды?" - няўцямна падумаў я.) Цiха мацюкнуўшыся на iх i на сябе таксама, пачаў нязграбна ўставаць. Надта сьпяшацца ўжо ня мела сэнсу, я выразна адчуваў, што ўлiп, i рыхтаваўся па магчымасьцi перажыць малапрыемную сустрэчу.

- Паглядзiце на яго! - прагучала тонам, якi не абяцаў нiчога добрага. Мабыць, для яго вайна ўжо скончылася! Ён ужо гатовы зламаць сабе галаву на дарозе!..

На маю бяду, то быў сам камандзiр нашай супрацьтанкавай брыгады камлюкаваты, з бычынай шыяй палкоўнiк, адмысловы крыкун i мацюгальшчык. У брыгадзе яго i любiлi, i баялiся. Болей, аднак, баялiся, бо, сустрэўшыся зь iм адзiн раз, сустракацца другi ня надта хацелася. Iншыя ля машын маўчалi. Паставiўшы нагу на бампэр "вiлiса", углядаўся ў разасланую на капоце карту знаёмы падпалкоўнiк са штабу брыгады, ля яго стаяў нейкi маёр у фуражцы колеру хакi. Гэты, апошнi, з паблажлiвай, староньняй ухмылкай назiраў за маёй нявыкруткай.

- Вiнават, - прамычэў я, моршчачыся ад болю ў пабiтым калене. Рукаў гiмнасьцёркi быў здорава разадраны на локцi, i я трохi павярнуў ровар, каб стаць да iх бокам.

- Дзе тваё падразьдзяленьне, лейтэнант? - вызьверыўся камбрыг.

- Вунь гарматы, - нечакана тонкiм голасам сказаў я, кiўнуўшы на свой гарматны разьлiк, што тулiўся праз сотню крокаў ля рэчкi. I тады зьнiякавеў яшчэ болей: мае салдаты, выцягнуўшы шыi, як адзiн, зь цiкавасьцю ўзiралiся ў свайго небараку-ўзводнага, якi нечакана трапiў у пераплёт.

- Чый ровар? Крадзены?

- Нiяк не. Трафэйны.

- Якi трафэйны? Ты што, яго ў баi ўзяў? - разьюшыўся камбрыг. Яго з гатоўнасьцю падтрымаў падпалкоўнiк:

- Тыповы прыклад грабяжу транспартных сродкаў. Ёсьць жа пастанова ваеннага савету, якую належыць строга выконваць.

- Мне грабежнiкi непатрэбныя! - адрэзаў камбрыг. - Зараз жа вярнуць ровар. Туды, дзе ўзялi!

- Ёсьць! - паныла вымавiў я, аднак, з палёгкай ад таго, што размова, здаецца, сканчалася. Кульгаючы, з роварам у руках я пабрыў уздоўж дашчатай агароджы лесапiльнi да агнявой пазыцыi майго ўзвода.

Дзе ўзялi гэты ровар, я ведаў. Учора наш батарэйны санiнструктар Пятрушын, калi салдаты акопвалi гарматы, пабегаў па навакольлi, як гэта ён заўсёды рабiў на новым месцы, i з блiжняга катэджа за рэчкай прывалок гэты ровар. Сам паезьдзiў нядоўга, мабыць, вучыўся, некалькi разоў упаў i страцiў да ровара цiкавасьць. Учора на iм нядоўга пакаталiся хлопцы з гарматнага разьлiку, а ранiцай узяў я.

З роварам у руках я датэпаў да недалёкай агнявой пазыцыi. На станiне 76-мiлiмэтровай гарматы сядзеў наводчык Сьцяпанаў, дымiў вялiзнаю цыгаркаю з махоркi. Iншыя два сядзелi на броўцы побач. Камандзiр гармат сяржант Мядзьведзеў спаў пад палаткай за бруствэрам. Правiльны Кананок, самотна пазiраючы ў тыл, жаваў кавалак хлеба. Яны чакалi сьняданак, якi прыносiлi з батарэйнай кухнi. Яшчэ на сьвiтаньнi туды пайшлi два з кацялкамi, ды штось не вярталiся: мусiць, якая няўпраўка ў старшыны. Было цiха, наперадзе ў гарадку пакуль не стралялi, мабыць, немцы таксама сьнедалi. Батарэя ўжо каторы дзень стаяла ззаду за пяхотай, агню не вяла, чакала прарыву нямецкiх танкаў. Але, мабыць, цяпер, напрыканцы вайны, немцам было не да прарыву - хоць бы як стрымаць нашыя прарывы. Начальства, вядома, разумела тое, але ўсё роўна рабiла, як патрабавала вайсковая навука - вядома, дзеля перасьцярогi, каб чаго ня выйшла. Але ўжо пэўна нiчога ня выйдзе - немцы ўжо ня тыя, што ў ранейшыя гады, i нават у ранейшыя месяцы. Як чатыры месяцы таму пад Балатонам, калi яны задалi нам клопату. Прарвалi фронт i гналi аж да Дунаю. Тады наш полк страцiў усе гарматы i мноства людзей. Рэшта даваёўвае ў пяхоце.

- Кананок, - паклiкаў я маладога салдата. - Адвядзi ровар. Вунь у той дом.

Кананок, як заўжды, сьпярша нiякавата заўсьмiхаўся, зiрнуў на ладны катэдж пад гарой, за бурлiваю горнай рачулкай.

- Нiшто сабе дамок! Палац.

Ну, не палац, канечне, але катэдж сапраўды быў спраўны, - каменны, двухпавярховы, з абведзенымi белаю фарбай высокiмi вокнамi. Каля ўваходу расьлi дзьве старыя елкi, а па гранiтнай сьцяне распаўзлася густая крапанка плюшчу, якi спазьнела зелянеў першай дробнай лiстотай. Уздоўж рачнога берагу вiдаць была невысокая драцяная агароджа. Ззаду мiж дамоўкай i стромкай скалой высiлiся старыя дрэвы, з куп'я якiх выглядваў чырвоны дах, завершаны невялiчкаю, пад зялёным каўпаком, вежаю. Мусiць, гаспадарыў там ня бедны аўстрыец.

Я прысеў на снарадную скрынку мiж станiн, а Кананок цераз вузкi драўляны масток над рачулкай пакацiў ровар. За рэчкай ён прыпынiўся каля, мусiць, зачыненай брамкi, нешта гукнуў. I тады зь дзьвярэй паказалася постаць нейкае дробненькай жанчынкi ў вузкiх штонiках, яна рухава наблiзiлася да брамкi i ўзялася адмыкаць дзьверцы. Кананок, вiдаць было, загаманiў штось, i яна, падобна, адказала. Хвiлiну яны там быццам перагаворвалiся, але адсюль не было чутна, пра што. Хаця пра што мог гаварыць Кананок, якi наўрад цi ведаў хоць бы дзясятак словаў па-нямецку.

- Ты глядзi! - зайздросна вымавiў ззаду Сьцяпанаў. - Наш Кананок ужо немачку палюе. Ужо дамаўляецца...

- Ня немачку - мабыць, аўстрыйку. Але праўда, спрытная дзяўчына, высунуўся з раўка чарнавусы тэлефанiст Муха.

Мабыць, i праўда. Нават здаля дзяўчына выглядала зграбнай - асаблiва сваёй хлапчуковай постацяй, рухавай i невялiчкай, i ўжо тым захапiла салдацкую ўвагу артылерыстаў. Яна пераняла ў Кананка ровар, лёгенька крутнуўшы галавой, адкiнула назад пасму коратка пастрыжаных валасоў i павярнулася да дзьвярэй у катэдж. Кананок, аднак, усё гукаў да яе нешта, i яна, прыпыняючыся, адказвала, пакуль ня зьнiкла за елкамi. Салдат трохi пастаяў яшчэ, а пасьля, усё азiраючыся, пайшоў цераз масток да агнявой пазыцыi.

Я зiрнуў назад, на дарогу, - "вiлiс" усё стаяў пад сьцяной разьбiтага дому. Афiцэры схiлiлiся над ягоным капотам, над разасланай картай; мабыць, яны ўжо страцiлi да мяне ўвагу. Ды ня ўсе. Адзiн з-за сьпiнаў iншых усё ж разы два зiрнуў у наш бок - цi ня той лагодны маёр, падумалася мне. Але ў той час у раўку зазумерыў тэлефон, i тэлефанiст Муха паклiкаў:

- Камбат, таварыш лейтэнант!

Я скочыў у равок, узяў трубку. Камбат пытаўся, колькi ў мяне снарадаў асобна бранябойных, асобна асколачных. Я сказаў, што трэба падлiчыць, тады далажу. Нiбы мiж iншым камбат папярэдзiў:

- Там недзе першы ля вас. I асабiст.

- Ужо бачу. Стаяць на дарозе.

- Як паедуць, зьвякнi - куды?

Я паклаў слухаўку i вылез з раўка. Машыны былi на ранейшым месцы, але афiцэры там, вiдаць было, заварушылiся, перасталi разглядваць карту. I той лагодны маёр у фуражцы ўжо не пазiраў сюды. Значыць, гэта й ёсьць наш брыгадны асабiст, упаўнаважаны страхавiтага "сьмерша" (сьмерць шпiёнам). Дагэтуль я нiдзе ня бачыў яго, цi, можа, ён у брыгадзе нядаўна? Нашага палкавога "сьмершаўца" усе добра ведалi, той заўжды тоўкся на батарэях, асаблiва на маршах цi на фармоўках, любiў пасядзець з афiцэрамi ў вольны час ды з чаркай. I яшчэ быў вялiкi аматар сьпеваў - хоць "Распрагайце, хлопцы, коней", хоць "На позицию девушка провожала бойца". Казалi, у полк прыехаў з Далёкага Ўсходу i ўжо праз пару месяцаў на фронце атрымаў два ордэны, як i наш камбат, якi топае па перадавой ад самага Харкава i два разы паранены. Ну, але здаўна вядома, што Бог няроўна дзелiць ня толькi ў мiрным жыцьцi, але й на вайне.

Машыны з афiцэрамi нарэшце паехалi па дарозе ў тыл, трэба было папярэдзiць камбата. Палкавыя батарэi ў гэтай цеснай горнай далiне разьмяшчалiся па адной у некалькi эшалёнаў - першая батарэя была наперадзе, па той бок гарадка, адразу за пяхотай; па гэты бок наша, за ёй астатнiя. Усе сядзелi пры адной дарозе. Вядома, камбаты цiкавалi за няўрочным рухам камбрыга i паведамлялi аб iм адзiн аднаму, каб ня быць захопленымi зьнянацку. Начальства, як i працiўнiка, належала асьцерагацца на вайне. Я ўлез у цесны равок i патэлефанаваў камбату, а як вылез, Кананок ужо быў на агнявой. Ягоны ўсьмешлiвы твар зьзяў стрыманым захапленьнем, i тое адразу прыкмецiлi нашыя зубаскалы-хлопцы.

- Ну, дамовiўся? Калi пабяжыш?

- А можа, ён сюды яе прывядзе? У госьцi...

Кананок, аднак, без увагi да iх адразу зьвярнуўся да мяне:

- Там зямлячка ваша, таварыш лейтэнант.

- Якая зямлячка?

- Ды зь Беларусi, кажа.

- Як зь Беларусi? Савецкай? - ня мог зразумець я.

У сярэдзiне Аўстрыi, напрыканцы вайны, у гэткiм шыкоўным катэджы зямлячка? Штосьцi тут незразумелае...

- Ну, - толькi й адказаў нешматслоўны Кананок. Мабыць, болей ён ня ведаў нiчога.

Тая навiна ня толькi кранула - яна амаль узрушыла мяне. Землякi наогул мяне абходзiлi, за ўсю вайну я стрэў iх, можа, чалавекi тры. Мабыць, таму, што гэты Ўкраiнскi фронт быў наводдаль ад Беларусi, салдаты ды й афiцэры ў нас болей паходзiлi з Украiны, Паўночнага Каўказу, дзе фармавалася брыгада, ну i, вядома, з Расеi. Беларусаў жа ў палку, здаецца, не было нiводнага. Аднойчы дачуўся, быццам начальнiк ГЗМ - беларус i пры выпадку запытаўся ў самога, адкуль ён. Але не, не зь Беларусi, хоць вымаўленьне яго было дужа падобнае да беларускага. Казаў, смаленец. Я быў расчараваны. Так хацелася сустрэць родную душу, хоць бы адкуль-небудзь з блiзкага цi далёкага раёну, успомнiць, пагаманiць пра даваеннае. А можа, i дазнацца што пра сучаснае з родных мясьцiнаў, ад якiх я быў адарваны з пачатку вайны.

Вайна вайной, але, мабыць, належала зашыць разадранае рукаво. З тае прычыны, што тут гойсала начальства, распранацца ня стаў, папрасiў Кананка зашыць гiмнасьцёрку на мне, i той выняў зь зiмовай шапкi ржавую iголку зь нясьвежаю нiткаю. Толькi ён прыладзiўся зашываць, як ззаду завухалi нашыя гаўбiцы; цераз галовы, праразаючы тугое паветра, са шморгатам паляцелi цяжкiя снарады. Спакваля зь iншага боку глуха загаўкалi нямецкiя мiнамёты - гэтыя, як i ўчора, пачалi бiць па гарадку. Мiж дахаў i дрэваў пыхнулi ўгору дымныя выбухi - два зь iх зусiм побач, за лесапiльняй.

- А ну ўсе ў равок!

Цесьненька, адзiн ля аднаго, мы стулiлiся ў вузкiм раўку; на агнявой ля панарамы гарматы, як заўжды, застаўся адзiн наводчык Сьцяпанаў. Выбухi таўклi навакольле, разьбiвалi ўшчэнт дахi дамовак. Невядома было, колькi працягнецца той абстрэл, калi толькi гэта звычайны абстрэл безь якога руху пяхоты. Калi зь пяхотай, будзе горш справа, можа, i нам прыйдзецца ўключыцца ў бойку.

- Абармоты! - бурчэў тэлефанiст Муха. - Не дадуць i пасьнедаць.

Так, сьняданак, мiж тым, затрымлiваўся, як бы не давялося есьцi яго разам з абедам. Як пазаўчора. Тут, у Аўстрыi, зусiм ня тое, што нядаўна было ў Вэнгрыi, калi мы пра кухню ня дбалi, харчавалiся з цывiльнага харчу - ня трэба была нi пярловая каша, нi вэрмiшэлевы суп. У кожнай хаце лёгка было здабыць кавалак вяндлiны, колца прыперчанай каўбасы, бохан белага хлеба. Ды яшчэ бутлю, а то й болей вiна - чырвонага цi белага. Але Вэнгрыя каштавала нам немалой крывi i засталася ззаду, а ў Аўстрыi з харчам было тугавата. Аўстрыякi самi сядзелi на картках. Увогуле, галадалi. I мы мусiлi есьцi тое, што варыў старшына. А той, вядома, ня дужа даваў сабе клопату - частаваў тым, што прывозiлi з тылу.

Абстрэл доўжыўся з гадзiну, стралялi нашыя артылерысты i немцы. Разы два выбухнула на дарозе, ля тога паўразьбiтага дому, дзе ранiцай стаялi машыны, паленым смуродам пацягнула ў наш бок, да рэчкi. I мне раптам стала клопатна: хоць бы не патрапiлi ў той слаўны катэдж. За адну сэкунду маглi спляжыць усё гэтае ўтульнае хараство, над якiм шчыравала, можа, не адно пакаленьне ягоных уласьнiкаў. Тым часам па той бок гарадка на перадавой было быццам цiха. I то добра, значыць, атакi не было нi з чыйго боку. Можна было трохi расслабiцца, адыйсьцi ад напругi, i я вылез з раўка. Ля наводчыка Сьцяпанава ўжо сядзеў камандзiр гарматы Мядзьведзеў, - ня ў лад са сваiм прозьвiшчам худы, даўгалыгi сяржант з вузкiм, стараватым тварам. Абстрэл прыпынiў яго ранiшнi сон пад плашч-палаткай ля бруствэру, i цяпер сяржант нэрваваўся.

- Якога д'ябла! - зазлаваў ён, калi выбухнула зусiм блiзка, здаецца, за агароджай лесапiльнi. - Запаляць, будзе сьмярдзець да вечара.

- I без таго смуроду хапае, - сказаў наводчык.

- Такi гарадок пляжаць. Безь якой патрэбы. Усё роўна хутка канец, нiкуды ня дзенуцца.

- А можа, таму й пляжаць, што напасьледак, - сказаў Сьцяпанаў, - каб нiкому не дасталося.

Што напасьледак, гэта пэўна, падумаў я, бо дужа няшмат засталося. Толькi мы штось замарудзiлi, уперлiся ў нейкую перашкоду. З захаду па Аўстрыi ўжо наступалi амэрыканцы. Часам батарэйны радыст лавiў iх ня так i далёкiя перамовы на ангельскай мове, якая перамешвалася ў эфiры зь нямецкай, чаго раней не чутно было нiколi. Значыць, яны тут недалёка i, можа, днямi ўдараць насустрач нам з захаду. Калi да таго часу гэты гарадок не ператвораць у руiны. Чамусьцi раней пра тое ня думалася. Будынкi, гарады i сёлы на вайне наогул ня бралiся пад увагу i аднолькава руйнавалiся i намi, i немцамi. Але цяпер во паявiлася новае пачуцьцё, новыя адносiны як да чалавечых жыцьцяў, так i да чалавечай маёмасьцi. Ды яшчэ такой, як у гэтай пакутнiцы Аўстрыi, таксама па-сутнасьцi нямецкай ахвяры.

Як трохi пацiшэла ўгары, прыйшлi нашыя салдаты з кухнi. Атрошчанка i Скiбаў прынесьлi па два кацялкi, боханы хлеба ў рэчмяшках - харч для ўзвода на ўвесь дзень. За iмi чамусьцi валюхаста валокся праныра санiнструктар Пятрушын, i я зласьлiва падумаў: а гэты навошта? Мне ён не падабаўся нiколi, гэты трыццацiгадовы сяржант, якi ў прамежках памiж абстрэламi бадзяўся па батарэйных тылах. Калi ж узьнiкала якая патрэба, дык санiнструктара было не знайсьцi. Зноў жа празь ягоны ровар я сёньня перажыў сутычку з камбрыгам. Мабыць, адчуваючы тое, Пятрушын адразу пачаў трошкi нават лiсьлiва, нiбы паддобрываючыся:

- Ну, як? Дастаецца вам тут? На самым, лiчы, перадку. Ня тое, што ў трэцяй - сядзяць, як у бога за пазухай. Камбат на акардэоне грае. Параненых няма? запытаўся ён.

Салдаты павылазiлi з раўка, пачалi рэзаць хлеб на палатцы, усаджвалiся над кацялкамi з астылай пярлоўкай. Пятрушын, падобна было, пасьнедаў ужо i не выказваў цiкавасьцi да ежы. Ён дастаў з кiшэнi "бархотку" i, паставiўшы бот на станiну, узяўся яго начышчаць. Пасьля старанна начышчаў другi. З усiх сяржантаў у палку адзiн ён фарсiў у зграбных хромавых ботах, аб якiх не пераставаў дбаць нават у часе абстрэлаў.

Начысьцiўшы боты i палюбаваўшыся на iх амаль люстраны бляск, санiнструктар раптам успомнiў:

- А дзе мой трафэй?

- Якi трафэй? - знарок не зразумеў я.

- Ровар.

- Ровар камбрыг адабраў, - схлусiў я.

- Ды ну? Так i адабраў?

- Менавiта адабраў. Вунь хай Кананок скажа.

Пятрушын павярнуўся да Кананка, якi з маладым Атрошчанкам распачаў сьнедаць на бруствэры. На мае словы той сьпярша заўсьмiхаўся.

- Ну, адабраў...

- Так я i паверыў, - засумняваўся санiнструктар. - Схавалi недзе.

Ён пачаў азiрацца каля агнявой, шукаць ровар: зазiрнуў у апусьцелы равок, за штабэль снарадных скрынак пад брызэнтавай накрыўкай.

- Не шукай, ня знойдзеш, - раптам сказаў Мядзьведзеў. - Камбрыг загадаў аддаць.

- Каму аддаць?

- У каго ўзялi.

Ну, навошта было гаварыць тое, зласьлiва падумаў я, хай бы шукаў, дзе хоча. Але Пятрушын адразу зразумеў, што Мядзьведзеў не падманвае i, нi слова ня мовiўшы, пераскочыў бруствэр.

- Ты куды? Назад!

Той толькi буркнуў штось на хаду i хуткiм крокам скiраваў да катэджа. Гэта ўжо мне не спадабалася, але што было зь iм рабiць? Па службе ён мне не падпарадкоўваўся, а зьвяртацца цяпер да камбата ня мела сэнсу. Камбат з гэтым сяржантам чуўся ў надта прыязных адносiнах: той нядаўна яшчэ цягаў яму бутлi зь вiном, выручаў, калi ён, перабраўшы, ляжаў у кабiне "студэбэкера", казаў па тэлефоне: камбат хворы, дыягназ - малярыя. Той i праўда хварэў на малярыю, як зрэшты, шмат хто на батарэi. Але хварэлi ўлетку i ўвосень, зiмой малярыя ня брала.

Абстрэл ужо сьцiхаў, здаецца, з абодвух бакоў; закацiлася за вяршынi гор далёкае рэха, надоўга цi не - невядома. Санiнструктар перайшоў масток, рашуча пераскочыў цераз невысокую брамку i скiраваў да дзьвярэй катэджа. Штосьцi пагрозьлiвае здалося мне ў той яго самаўпэўненай, амаль злой рашучасьцi, быццам i я ўжо меў пэўнае дачыненьне да таго катэджа. Я выскачыў з агнявой i, накульгваючы на пабiтую нагу, перайшоў масток, пералез цераз агароджу. З дамоўкi нiхто не паказваўся, а Пятрушын раз-пораз дубасiў кулаком у цяжкiя дзьверы.

- Адчынiце!

Я падбег ззаду i рвануў яго за плячо.

- Прэч адсюль!

Санiнструктар павярнуўся, працяў мяне злым позiркам, але паслухаўся i пайшоў да брамкi. Здаля толькi брыдка нягучна вылаяўся. Я павярнуўся быў, каб падацца сьледам, як ззаду забразгалi дзьверы.

- Дзякуй вам. Ён другi раз ужо...

На парозе ў паўрасчыненых дзьвярах стаяла яна - мая зямлячка. Толькi зiрнуўшы ў яе кiрпаценькi, зь некалькiмi рабацiнкамi ля пераносься тварык, я адразу пазнаў наш паўзабыты дзявочы выраз - ветлiва стрыманы, мо трошкi з боязьзю перад незнаёмым чалавекам. З выгляду яна была зусiм яшчэ дзяўчо, падобная на хлопчыка-падлетка, - у цёмнай кофтачцы зь белым каўнерыкам i вузкiх штонiках замест спаднiчкi. Сьпераду быў прышпiлены куртаценькi белы фартушок - як у пакаёўкi, цi што. Уражаны гэтай сустрэчай, я на момант забыўся пра санiнструктара i нават ня бачыў, як той пералез цераз брамку.

- Вы зь Беларусi? - зьдзiўлена папытаўся я.

- Ну, - цiхенька адказала яна i бы насьцярожылася затым.

- I я ж таксама.

- Ведаю. Мне ваш салдат сказаў.

- Але... Вы тут даўно?

Падобна было, яна ўздыхнула цi толькi памкнулася да таго, стрымаўшы ўздых. Затым павярнулася ў дзьвярах, не запрашаючы мяне заходзiць, але й сама не выходзячы на нiзенькi каменны ганак. Уся такая спрытненькая, тоненькая, бы цьвiчок, з адзнакай чагось устрывожанага на прывабным тварыку.

- Як вам сказаць... Хутка ня скажаш, - вымавiла яна й зрабiла нясьмелую спробу трошкi ўсьмiхнуцца. Бы на разьвiтаньне. Але разьвiтвацца зь ёю мне ўжо не хацелася.

- Нiкога не пушчайце, - сказаў я, адчуўшы цьмяную прыязнасьць да яе. Калi будуць стукаць, не адчыняйце. Мы вас абаронiм.

- Тут ужо стукалiся.

- Хто стукаўся?

- Вашыя ваенныя, - сказала яна i памаўчала. - То можа, зойдзеце? нечакана папыталася цi прапанавала яна i трошкi збочыла ў дзьвярах, пераступiўшы на сьлiзкiм гранiце маленькiмi, у мяккiх пантофлiках ножкамi. Я мiжволi зiрнуў на свае белыя ад пылу кiрзачы i ступiў на нiзкi парожак.

Тут быў ня дужа вялiкi, з высокаю столяй вэстыбюль, бы шахматная дошка, вымашчаны чорна-белаю кафлянаю плiткай, з высокаю чорнай шафай збоку i двума стрэльчатымi вокнамi насупраць. Пасярэдзiне стаяў лёгенькi прыгожы столiк на выгнутых ножках, пакрыты квяцiстым абрусам. Некалькi гэткiх жа гнутых зэдлiкаў мясьцiлася побач, а ля сьцяны стаялi два цяжкiя скураныя крэслы. Скрозь было чыста, дагледжана i цемнавата: вокны знадворку напалову затулялi галiны старых зазелянелых дрэваў.

- А вы тут - адна? - папытаўся я, трохi зьдзiўлены яўнай заможнасьцю яе жытла.

- Не, чаму ж... Гаспадары ёсьць, - сказала яна, стоячы насупраць. Яна ня зводзiла зь мяне сваiх зыркiх вачэй, бы чагосьцi чакала. Чакала пытаньня.

- Немцы, канечне?

- Не-а. Аўстрыйцы.

- Во як! Але ж... Як вы тут апынулiся?

Яна не пасьпела адказаць, як паблiзу знадворку раскоцiста грымнула, аж, чуваць было, штосьцi з дробным стукам пакацiлася з даху. Дзяўчына мiжволi скаланулася, у позiрку яе мiльгануў спалох, i я выскачыў у дзьверы. За маёй агнявой якраз над лесапiльняй вецер разганяў у небе руды клубок дыму - то немцы пальнулi шрапнэляй. У такiх выпадках лепей было схавацца ў доме цi дзе пад дахам. Але я змушаны быў бегчы на агнявую.

Я бег да агнявой i думаў, цi не прыстрэлачная гэта шрапнэль? Цi не засеклi яны пазыцыi маiх гарматаў? Другi разьлiк узвода быў па той бок заваленай дошкамi лесапiльнi, як бы яму там не дасталося. На гэтай агнявой усе сядзелi ў раўку, хоць ад шрапнэлi ў раўку не схаваесься. У гэты час яшчэ з прарэзьлiвым трэскам разарвалiся два шрапнэльныя, але цяпер далей - па той бок дарогi. Я гукнуў Скiбаву зьбегаць у другi разьлiк даведацца, цi не паранiла каго там. Немцы тым часам перанесьлi агонь за дарогу, мабыць, штосьцi там згледзелi - цi ня рух пяхоты? Скiбаў толькi адбег, як зазумерыў тэлефон - гэта камбат пытаўся, што ў нас здарылася. Сказаў, нiчога пакуль ня здарылася. А калi ў каго й здарылася, дык ня ў нас, гваздаюць пакуль па суседзях. Можа, па пяхоце.

Паклаў трубку i сядзеў, прытулiўшыся да нейчай сьпiны, думаў, што абстрэл, вядома, паганая справа, але ў адным здатная - абстрэлу ня любiць начальства таксама. Калi абстрэльваюць, дык можна не асьцерагацца, што на цябе нечакана наедзе якi-небудзь "вiлiс" з крыклiвым камандзiрам цi прыдзяўбецца якi нахлебнiк-камсорг, парторг цi асабiст. У час абстрэлу ты сам сабе гаспадар, лейтэнант-узводны, i болей за немца ворага тут няма.

Абстрэл шрапнэляй цягнуўся, здаецца, бясконца доўга. Усё яснае неба над гарадком было спляжанае жоўта-рудымi плямамi, якiя спакваля расплывалiся, выцягвалiся ў ветраныя космы, i сярод iх пыхкалi новыя - па адным, парамi, а то й па чатыры адразу. Прарэзьлiвы трэск выбухаў голасна аддаваўся горным рэхам; ад асаблiва блiзкiх закладвала ўвушшу i прыгнятала да глыбiнi душы. Толькi б стрываць. Толькi перачакаць. Не загiнуць. Гiнуць напрыканцы вайны проста жах...

Але во ўрэшце ў небе над горадам змоўкла. Праўда, штось выбухнула напасьледак удалечынi, i настала няпэўная, амаль загадкавая цiшыня. Прыбег Скiбаў, сказаў, што ў другiм разьлiку ўсе цэлыя, нiкога не паранiла, толькi побач у двары забiла двух коней зь пехацiнскага абозу. Конi ляжаць, i ўжо прыходзiў нехта з цывiльных, прасiў дазволу адрэзаць кавалак канiны на бiфштэкс. Бедныя аўстрыякi! Мы ўсё ж, як нi былi галодныя, нават на Ўкраiне ня елi канiну, хоць некаторыя й казалi, што канiна - зусiм неблагое мяса. Але, мусiць, сапраўды - голад ня цётка.

Наогул пакуль што не прыкмячалася нiякага руху - нi на ўскраiне гарадка, нi на дарозе. Пяхота штосьцi прыцiхла, нават не вяла агню зь перадавой. Але не зважаючы на той зманлiвы спакой, я адчуваў, што доўга мы тут ня выседзiм, усё ж мусiм наступаць, дабiваць ворага ў ягонай бярлозе. Асаблiва калi наперадзе, з таго боку, наступаюць амэрыканцы.

Салдаты па адным павылазiлi з раўка на цесную пляцоўку агнявой пазыцыi, расьселiся на станiнах, снарадных скрынках. Камандзiр гарматы Мядзьведзеў адыйшоўся на хвiлiну пад недалёкi плот лесапiльнi, а як вярнуўся, я нягучна сказаў, каб iншыя ня надта ўчулi:

- Схаджу туды...

- Вазьмiце каго. А то...

Ну, ведама - а то. Я акiнуў позiркам маiх хлопцаў i сустрэў усьмешысты твар Кананка.

- Пайшлi!

Той падхапiў на плячо аўтамат, i мы хуткiм крокам пайшлi да катэджа. Брамка была зачыненая, i на гэты раз пералазiць цераз яе было трохi няёмка, ня тое, што раней. Затое грукаць у дзьверы не давялося, тыя адразу прачынiлiся, як я ступiў на нiзенькi каменны ганак.

- Ну, як вы тут? Жывыя?

- Ой, страхоцьця колькi! Заходзьце, калi ласка, - вiдавочна яшчэ не супакоiўшыся ад перажытага, сказала дзяўчына.

- Нiчога! Нядоўга засталося. З захаду iдуць амэрыканцы.

- Праўда? Але ж мы нiчога ня ведаем. Дык, можа, сядайце? - няўпэўнена прапанавала яна.

Я не сядаў, марудзiў. Кананок тым часам кiўнуў на дзьверы:

- Я там, таварыш лейтэнант.

Ён пайшоў на ганак, а я застаўся адзiн. Можа, i ня варта было б тут затрымлiвацца, але мне хацелася болей дазнацца пра маю зямлячку.

- Дык як цябе завуць?

- Мяне - Франя. А вас?

Стоячы ля чорнае грувасткае шафы, яна, бачна было, з большым, чым раней, даверам вывучала мяне.

- Зьмiтрок Барэйка, - трохi сумеўшыся, адказаў я. - Родам зь Бешанковiчаў. А ты адкуль?

- Прыкладна, адтуль жа, - скупа адказала Франя, нiбы прыслухоўваючыся да чагосьцi. Знадворку, аднак, ня чулася нiчога асаблiвага, хiба за рамамi вузкiх вокнаў цiхенька ляскатала на ветры блiзкае лiсьце дрэваў. Удакладняць сваё паходжаньне Франя, аднак, ня стала.

- Але пачаставаць вас няма чым. Хiба гарбаткай?

- Добра - гарбаткай! - аж узрадваўся я, учуўшы гэтае знаёмае зь дзяцiнства слова. Так некалi вымаўляла мацi, вясковая настаўнiца; бацька ж заўсёды казаў "чай", а мацi ўпарта папраўляла яго: "гарбата".

- Дык пасядзiце, я хуценька, - сказала Франя i цiхенька высьлiзнула ў сваiх мяккiх пантоплях праз бакавыя дзьверы.

Я застаўся адзiн i засьцярожлiва падумаў: хоць бы чаго ня здарылася. Усё ж побач немцы, i невядома, хто гаспадар гэтага катэджа. Праўда, Франя ўсё ж служыла нейкiм гарантам, што ўсё абыдзецца. Я падыйшоў да аграмадзiны шафы, даверху застаўленай шэрагамi тоўстых кнiжак у чорных вокладках з залачонымi гатычнымi лiтарамi, якiя я ня надта навучыўся чытаць у школе. Побач на сьцяне вiсела нейкая цьмяная карцiна ў дужа тоўстай i таксама счарнелай ад часу раме. Наогул усё тут было старое, можа, зь мiнулага стагодзьдзя, са сьлядамi аблезлай пазалоты, што безумоўна сьведчыла пра знатнасьць паходжаньня гаспадароў. Можа, нават цяперашнiх фашыстаў - хто ведае.

Франя, аднак, бавiлася, i я ўжо падумаў, цi не пайсьцi адсюль да сябе на агнявую. Але нейкая далiкатнасьць усё ж стрымлiвала мяне, i я дачакаўся. Расчынiлiся дзьверы, i ўвайшла Франя, абярэжлiва несучы маленькi блiшчасты падносiк з двума кубачкамi гарбаты i нейкай закускай на белым зь сiнiм беражком сподку.

- Цукру, аднак, ня маем. Паклiкаць салдата?

- А ты?

- Я гарбату ня п'ю, - сказала Франя i запыталася: - А можна, каб сюды зайшлi гаспадары?

- Гаспадары? Ну, хай...

Гаспадары нiяк не ўваходзiлi ў мае пляны, бачыць iх тут мне зусiм не хацелася. Але калi яна просiць?.. Тым часам у памяшканьне неяк нясьмела ўсунуўся дужа высокi стары ў чорнай старасьвецкай пiжаме, што, бы на вешаку, вiсела на ягоных худых плячах. Зрэшты, таксама, як i штаны зь недарэчнымi, бы ў генэрала, бляклымi лямпасамi сiняга колеру. Ён быў зусiм лысы, з надзiва касматымi брывамi, пад якiмi глыбока сядзелi зыркiя вочы.

- Iх грусэн, гер афiцыр*, - старэчым голасам вымавiў ён, трошкi схiлiўшы галаву ў паклоне.

* Я вiтаю, пан афiцэр.

- Здравiя жалаю, - стрымана сказаў я. У гэты час за iм паказалася ў дзьвярах невялiчкая сухая кабетка з зусiм белаю, бы дзьмухавец, галавой. Абое прыцiхла спынiлiся каля дзьвярэй. Расставiўшы ногi, я па-гаспадарску нязрушна сядзеў каля столiка.

- То доктар Шарф i фраў Сабiна, - цiхенька прадставiла гаспадароў Франя. Пра мяне яна, мабыць, сказала iм раней, i цяпер, падступiўшы да гаспадынi, ласкава прыхiнулася да яе пляча. Ну i ну, сказаў я сабе, нешта, аднак, пачынаючы разумець у iхных узаемадачыненьнях.

- Кайнэ нацысты?

- Кайнэ, кайнэ, - разам паўтарылi гаспадары.

- Яны не нацысты, - сказала Франя. - Доктар Шарф - прафэсар бiялёгii.

- Я, - пацьвердзiў гаспадар. - Унiвэрсытэт штадт Гановэр.

Ну, калi прафэсар, дык, мабыць, сапраўды не фашыст, усё ж бiялёгiя як навука можа абыйсьцiся без фашыстоўскай iдэалёгii, падумаў я. Гэтая абставiна трохi зьмякчыла маё стаўленьне да гаспадара i, напэўна, ягонае да мяне таксама. Я быў узяў са стала кубачак гарбаты, як гаспадар мовiў "мамэнт" i выйшаў праз бакавыя дзьверы. Я так зразумеў, што трэба пачакаць. I праўда, ён хутка вярнуўся, з важнасьцю ступаючы на нягнуткiх нагах па сьлiзкай падлозе, паставiў перада мной маленькi графiнчык, да паловы налiты залацiстым напоем.

- Дас iст коньяк.

- Во як! - вырвалася ў мяне.

Гаспадыня штосьцi гукнула Франi, тая цiхенька высьлiзнула за дзьверы i, вярнуўшыся, паставiла на столiк чатыры мiнiятурныя чарачкi на тонкiх ножках.

- Доктар Шарф частуе. Паклiкаць салдата?

- Я сам.

Я выйшаў на ганак - мой Кананок сядзеў на краi прыступкi i пазiраў цераз рачулку на сваю пазыцыю, дзе, вiдаць было, сядзелi i ляжалi яго таварышы. На двары было цёпла, ярка сьвяцiла сонца; над гарадком i далiнай мiж гор ляжала паўдзённая цiшыня. Нiбы й не было вайны. Я загадаў Кананку зьбегаць на агнявую, прынесьцi хлеба.

- I там у Мядзьведзева тушонка была. Папрасi баначку.

Кананок пабег на агнявую, а я вярнуўся ў вэстыбюль. Гаспадары былi тут, толькi цяпер сядзелi ля сьцяны ў скураных крэслах - старыя i аднолькава бездапаможныя, то было вiдно зь першага позiрку. За столiкам Франя налiла ў чатыры чаркi.

- Трохi счакаем, - сказаў я. - Зараз прынясуць закусь.

- То добра, - сказала Франя. - Немцы як выпiваюць, не закусваюць.

- А мы закусваем. Калi ёсьць чым.

- У нас дык i нiчога няма. Тыя днi я па хлеб на ровары езьдзiла. Па картках выдавалi. А цяпер усё скончылася. Як будзе далей?

- А ўжо неяк будзе, - сказаў я. - Галоўнае, вайна сканчаецца. Амэрыканцы сюды iдуць. Скора i тут - Гiтлер капут!

Старыя з крэслаў пакутнымi позiркамi глядзелi на мяне, савецкага афiцэра, якi ў iхных вачах поўнiўся здаровым, маладым аптымiзмам. Але, падобна, мой аптымiзм iх мала ахвоцiў. У iх былi нейкiя свае адносiны да вайны i да жыцьця таксама. Але тое мяне ня надта цiкавiла. Я чакаў Кананка, якi хутка прынес цаглiну салдацкага хлеба i бляшанку сьвiной тушонкi, - усё паклаў на край цеснага столiка.

- О, амэрыкен, - цiха зазначыў стары, згледзеўшы пяцiканцовыя зоркi на бляшанцы.

- Лэнд-лiз, - сказаў я.

Франя прынесла сталовы нож, якiм я разрэзаў кансэрву, i яна адрэзала ад бохана некалькi тоненькiх лустаў.

- Зараз я нарыхтую вам сэндвiчы.

Пакуль яна рыхтавала сэндвiчы - намазвала на хлеб тлушч з бляшанкi, я тайком, з даўно не адчуванай любасьцю, назiраў за хуткiмi рухамi яе спрытных пальчыкаў, раз-пораз кiдаючы позiркi на яе ажывелы, радасны, дужа прывабны дзявочы тварык. Мне яна падабалася ўсё болей. Скончыўшы сваю працу, паклала дзьве лусткi на сподак i найперш паднесла гаспадарам у крэслах.

- Данке шон, - кiўнуў гаспадар, затым падняўся i дрыготкiмi пальцамi ўзяў са столiка чарку. Фраў ня зрушылася зь месца, яна на ўсе вочы разглядала мяне.

Мы выпiлi - я, гаспадар i Франя, чацьвертая чарка засталася на столiку.

Каньяк аказаўся моцны, здаецца, я адразу пачаў п'янець. Цi, можа, таму, што быў нязвыклы да яго - дасюль ва Угоршчыне мы пiлi вiно i ведалi яго моц. Цi, болей дакладна, ведалi: ад вiна мала моцы. Толькi адзiн раз у жыцьцi, пад Шыяфокам, я таксама пачаставаўся каньяком, дык дасюль не забыўся таго пачастунку. Затое зразумеў: каньяк - не вiно, яго трэба ўжываць памяркоўна.

- Пан прафэсар, - вымавiў я чамусьцi па-польску. - Вы тут ня крыўдзiце маю зямлячку?

Гаспадар, мабыць, ня надта зразумеў маё пытаньне, i Франя патлумачыла яго па-нямецку. Праўда, тут жа i адказала:

- Яны ня крыўдзяць. Яны для мяне як бацькi.

- Ну то добра, калi так. Гут!

- Гут, гут, - згодна паўтарылi гаспадары.

- Але цяпер мы яе забярэм, - сказаў я, набiраючыся п'янай рашучасьцi, i зiрнуў на Франю.

Я чакаў, што яна перакладзе мае словы гаспадарам, тая, аднак, маўчала. Лёгкi клапотны цень прамiльгнуў па яе тварыку, i я сьцямiў, што тут штосьцi ня так. Ня так, як звычайна, калi мы вызвалялi ў гарадах працоўныя лягеры, перапоўненыя людам баракi, зь якiх iхныя насельнiкi адразу кiдалiся кожны ў напрамку сваёй радзiмы. Усе рвалiся дамоў. Я чакаў, што ў гэты момант найперш мне падзякуе Франя, а затым i гаспадары - за вызваленьне ад фашысцкай няволi. Аднак не дачакаўся таго.

Настала трохi няёмкая паўза. Я сядзеў ля столiка, Франя насупраць рыхтавала маленькiя, з запалкавы карабок, сэндвiчы. Старыя нерухома сядзелi ў сваiх мяккiх крэслах. У вэстыбюлi ўжо стала вiдней - праз вузкiя вокны зазiрнулi сонечныя промнi, паклалi на керамiчную падлогу рваны ўзор ад рухавай лiстоты знадворку. Пару нарыхтаваных сэндвiчаў Франя вынесла на ганак Кананку i вярнулася з пустым сподкам - Кананок абышоўся бяз сподка.

Пасьля таго, як я выпiў чаркi са тры, i ў графiнчыку засталося няшмат, старыя паднялiся i нямогла патэпалi ў бакавыя дзьверы - на кухню, цi што. Франя тады прысела за столiк, неяк са стрыманай увагай угледзелася ў мяне.

Я трохi ап'янеў, але пачаў адчуваць, што мае ранейшыя, звыклыя на вайне меркi трохi захiсталiся, сутыкнуўшыся зь iншаю, не знаёмаю дагэтуль рэальнасьцю. Усё ж гэта быў iнакшы, чым ранейшы мой сьвет, зь яго iнакшымi складанасьцямi, у якiх я быў, мабыць, прафан. Ня тое што мая зямлячка, беларуска Франя - яна ў гэтым сьвеце жыла, а я зь iм толькi знаёмiўся. Цiкавасьць мая да яе ўсё большала. Але распытваць яе было трохi няёмка, а яна, бачна было, ня дужа сьпяшалася расказваць пра сябе. Цi хоць бы паскардзiцца, як гэта звычайна любяць жанчыны. Франя ня скардзiлася, хоць i радасьцi на яе твары я заўважаў ня шмат. Цi яна так навучылася - хаваць свае пачуцьцi? Але ж нашто хаваць iх, усё ж я ёй не чужы. Я зямляк на чужыне.

Там, на агнявых пазыцыях, я ня надта дбаў пра свой зьнешнi выгляд выпацканыя ў зямлi штаны, нячышчаныя кiрзачы, неахайна зашытае рукаво. Цяпер у гэтым вэстыбюлi прыйшло iншае адчуваньне, i я спрабаваў стаць цi павярнуцца такiм чынам, каб мае хiбы ня надта траплялi каму на вочы. Але пасьля, мусiць, забыўся на тое i не схаваў разадраны рукаў ад хуткага позiрку Франi.

- Дайце зашыю, - сказала яна дужа проста, i ў тых яе словах мне пачулася забытая iнтанацыя маёй малодшай сястры Нiны, пра якую я нiчога ня ведаў з пачатку вайны.

- Дайце, дайце! Я хутка. А то... Непрыгожа так, - сказала яна i ўсьмiхнулася.

Мусiць, тая яе ўсьмешка ўсё й вырашыла, - адразу прагнала маю няёмкасьць. Я расьперазаўся, сьцягнуў цераз галаву маю заношаную гiмнасьцёрку, нечакана i зь непрыемнасьцю апынуўшыся ў нясьвежай сподняй сарочцы зь недарэчнымi матузамi на грудзях. Памкнуўся быў адмовiцца ад Франiнай паслугi, ды дзяўчына ўжо ўзяла гiмнасьцёрку i кароткiм дакладным рухам распрастала яе на каленях. Яна спрытна зашывала маю прарэху, i тое яе зашываньне азначыла дужа шмат у рухах маёй, ужо скiраванай да яе душы.

Як гэта я здаўна рабiў на вайне, дзе б нi быў i чым бы нi займаўся, скрозь справы i размовы звыкла ўслухоўваўся ў навакольле, лавiў гукi, якiя маглi данесьцi знакi трывогi, нейкiя зьмены у абставiнах. Найперш кепскiя зьмены. Мусiць, тая мая насьцярожанасьць перадалася Франi, позiрк якой таксама час ад часу пыхкаў трывогай.

- Яшчэ страляць будуць?

- Будуць, вядома. Пакуль усё тое ня скончыцца.

- А як скончыцца?

- Тады будзе мiр. I шчасьце. I жыцьцё, - сказаў я не безь некаторага пафасу. Канечне, цяжкi клопат сядзеў i ўва мне, цяпер я стараўся заганяць яго ўглыб, каб ён не замiнаў маёй лагодзе да Франi. Здаецца, я ўжо пачынаў адчуваць нейкую радасную магчымасьць, што абяцала нязьведанае. Але ўсё тое было дужа няпэўнае i невыразнае, якое магло зараз жа зьнiкнуць.

Франя цiхенька ўздыхнула.

- У мяне якраз сястрычка такая, як ты. Сямнаццаць гадоў, калi жывая яшчэ, - сказаў я.

- Мне крышку больш, - цiха зазначыла Франя. - А дзе зараз сястрычка?

- Можа, у Нямеччыну пагналi.

- У Нямеччыне кепска. Апроч усяго - бамбёжкi жахлiвыя. Мае ж гаспадары таму й прыехалi сюды. Як дом разбамбiлi.

- А тут лепей?

- Дагэтуль лепей было. Пакуль вайна не дакацiлася. Дзiўна, раней я думала: можа, у Нямеччыне цiшэй будзе, а то ж у нас ужо немагчыма стала: усе ўсiх б'юць, забiваюць. Партызаны б'юць немцаў, немцы б'юць усiх без разбору. Жыць нельга стала. Як мой дзядзька Лукаш казаў: хоць жывы ў труну лажыся.

- Усё Гiтлер пракляты.

- Гiтлер, канечне. Але й другiя ня лепшыя, - цiха сказала Франя i змоўкла.

Ну, вядома, ня лепшыя, усе гэтыя гаўляйтары i генэралы, Герынгi i Гебэльсы. Пагубiлi столькi людзей, разбурылi Эўропу. Але цяпер хутка ўжо iм канец, нарэшце Эўропа вызвалiцца ад гэтага крывапiўца, цi ж гэта ня радасьць? Так, прыкладна, я запярэчыў на Франiн пэсымiзм, i яна, памаўчаўшы, сьцiпла зазначыла:

- Радасьць. Аднак не безаглядная, - сказала яна i неяк прабачлiва ўсьмiхнулася, бурачы невялiчкую нязгоду мiж намi. Дзiва, аднак, што можа мiжвольная жаночая ўсьмешка, ды яшчэ дзяўчыны, якая табе падабаецца. Але на зьмену прыемнай лагодзе ў мяне мiльганула дзiкаватая думка.

- А ў тваiх гаспадароў сын ёсьць?

- Быў, - проста сказала яна.

- I?..

- I сплыў, - напаўжартам скончыла Франя, здаецца, адразу адчуўшы маю падазронасьць. - Летась загiнуў у Прусii.

Тое яна гаварыла лёгка, бяз клопату, але мне пачулася некаторая фальшывiнка тае яе лёгкасьцi, i я маўчаў.

- Прыслалi паведамленьне, ягоныя дакумэнты, лiсты. I нумар магiлы. А што вас тое зацiкавiла?

- Ды так.

- Старыя дужа перажывалi. Фраў Сабiну было аж паралiзавала - iнсульт. Ледзьве адыйшла. Цяпер ходзiць з кiёчкам. Радню, якая была, разбамбiлi ў Гамбургу. Нiкога не засталося. Пляменьнiца памерла во ў гэтым горадзе, дык ад яе катэдж дастаўся. Думалi дасядзець тут да канца вайны. Аж вайна i сюды дакацiлася.

Яна сканчала зашываць маё добра-такi расшкуматанае рукаво, на якое не хапiла адной нiткi, i Франя ўзялася сучыць другую. Усё тое рабiла з дакладным спрытам, i я зь любасьцю назiраў за даўно ня бачаным жаночым клопатам. Яе нядаўняе страхавiтае напружаньне таксама, здаецца, мiнулася. Цi можа, мне толькi здавалася тое.

- Вайна скончылася, але... Замест немцаў тут жа заваладараць рускiя. Старыя дужа перажываюць...

- Во як! Гэта чаму ж?

Схiлiўшы галоўку над шытвом, Франя коратка цепнула плечуком, нiбы кажучы тым: хто iх ведае? Я таксама ня ведаў. Усё сказанае ёю было для мяне нязвыклае i нечаканае, унутрана я не пагаджаўся, але i ня ведаў, як запярэчыць. Мусiць, тое адчувала i Франя i, каб зьняць мой невыразны клопат, сказала:

- Ай, ня будзем пра тое.

Хай ня будзем, я не пярэчыў. Тое цяпер мяне меней за ўсё цiкавiла, мяне вабiла гэта дзяўчо, i я мiжволi iмкнуўся толькi да гарэзьлiвай вольнасьцi нашых адносiнаў. Хацелася жартаваць, але ўсё не выпадала здатнага для таго моманту цi настрою. Усё ж над намi вiсела вайна.

Не пасьпела, аднак, Франя дашыць маё рукаво, як прачынiлася палавiнка дзьвярэй, i ў вэстыбюль зазiрнуў белабрысы твар Кананка.

- Таварыш лейтэнант...

Па ягоным устрывожаным голасе я зразумеў, што там нешта здарылася, i ў адной сподняй сарочцы выскачыў на падворак. На агнявой быццам усё было як заўжды, але насупраць на дарозе стаяў незнаёмы, бяз тэнту "додж", i ад яго наўпрасткi цераз пустку кiравала сюды група вайскоўцаў. Наперадзе крочыў рослы, плячысты чалавек быццам бяз зброi (цi, можа, зь пiсталетам на баку), за iм яшчэ трое - два, вiдаць было, з кароценькiмi аўтаматамi ППС. Яны ўразброд, неяк з маўклiваю пiльнасьцю наблiжалiся да мастка. Я насьцярожана падаўся да брамкi насустрач.

- Ты хто? - запытаў пярэднi, спыняючыся перад зачыненай брамкай. На ягоных плячах былi ўсяго толькi пагоны старшыны, i ў мяне трохi апала трывога.

- А ты сам хто? - як мага спакайней запытаўся я. Замест адказу старшына вызьверыўся мэталiчным голасам:

- Хто займае асабняк?

- Ну, я займаю.

- Асвабадзiць нямедленна! - голас яго стаў зусiм свалачны. - Я з разьведроты гвардзейскай армii.

- Другi пашукайце! - з раптоўнай рашучасьцю выпалiў я. - Тут процiтанкавы полк.

- Якi яшчэ полк! - старшына лёгка пераскочыў цераз брамку.

- Стой! - крыкнуў я, раптам пашкадаваўшы, што пакiнуў свой пiсталет у вэстыбюлi. Тады я выхапiў аўтамат у Кананка, якi сьцiшана стаяў ззаду. Стой!!!

Старшына, i праўда спынiўся, утаропiўшы ў мяне зласьлiвы позiрк. Пасьля азiрнуўся назад, дзе за брамкай напагатоў стаялi яго памагатыя. Тыя, здаецца, таксама бралiся за зброю.

- Ты што! Пад трыбунал захацеў? - пагрозьлiва прарычэў ён, варухнуўшы жаўлакамi на цьвёрдым, сьвежа паголеным твары. Але за свой "парабэлум", што вiсеў на ягоным сьцягне, пакуль не хапаўся.

Хвiлiну мы стаялi так, адзiн супраць аднаго, - я з нарыхтаваным для стральбы аўтаматам, а ён, мабыць, набiраючыся рашучасьцi для апошняга кроку. Але ўсё ж штосьцi замiнала яму ў той ягонай рашучасьцi. Пасьля ён азiрнуўся, але не на сваiх прымоўклых сяброў за брамкай, а на прасьцяг за рачулкай, i згледзеў там маiх артылерыстаў.

- Твае?

- Мае.

Так, мае артылерысты, мабыць, мала што разумеючы з таго, што тут адбывалася, аднак, з прыкметнай увагай узiралiся сюды з агнявой, i тое, здаецца, пахiснула набрынялую рашучасьць старшыны.

- Ладна, - вымавiў ён болей спакойна i, перш чым пераскочыць назад цераз брамку, прыгразiў: - Горка пашкадуеш, мудак!

Не вяртаючыся назад цераз масток, яны хуткiм крокам скiравалi кудысь па гэтым беразе, - мабыць, да iншых ускраiнных будовак. Я аддаў аўтамат Кананку i вярнуўся ў катэдж.

Не сказаць, што гэтая сутычка далася мне лёгка, без хваляваньня. Ведаў, тое мне, мабыць, проста не абыдзецца, яшчэ можа быць лiха. Адчуваў, што гэта ня так сабе, не выпадкова, штосьцi тут усунулася тайнае i малапрыемнае. Цi не пашчыраваў тут наш санiнструктар, iначай чаму б яны скiравалi адразу да гэтага катэджа? Ужо пэўна не таму, што ён тут самы прыгожы? Што ў iх там, у тыле, мала здатных, прыгожых будовак для разьведроты гвардзейскай армii? Ды i цi для разьведроты яны рупiлiся?

З дрыготкiх рук прымоўклае Франi я ўзяў сваю гiмнасьцёрку, моўчкi надзеў цераз галаву. Франя чамусь нi пра што не пыталася, - мабыць, i бяз роспыту адчувала, што здарылася на падворку, i на яе азмрочаным тварыку прадаўжаў трымцець спалох.

- Ня бойся, - сказаў я, падпярэзваючыся. - Мы абаронiм.

- Дзякуй вам, - цiхенька адказала дзяўчына.

- I гэта... Завi мяне на ты. Добра?

- Добра, Мiця.

Усё ж я задоўжыўся на гасьцях, нельга было так доўга адсутнiчаць на агнявой. Хоць навакол было цiха, але трывога магла ўзьнiкнуць кожнай хвiлiны. Зноў жа камбат там, мабыць, ужо неаднойчы тэлефанаваў Муху, патрабаваў узводнага. Мядзьведзеў, канечне, выручыць, як звычайна, скажа, што лейтэнант пайшоў у другi разьлiк, дзе не было тэлефону. Але ўсё ж не на паўдня ён пайшоў у той разьлiк.

- Я вярнуся, - сказаў я Франi, якая, не выходзячы на ганак, стаяла ў расчыненых дзьвярах. - Нiкога не пушчайце!

На агнявой, аднак, усё было як заўжды, калi не было абстрэлу. Наводчык Сьцяпанаў дымiў сваёй махоркай; гультаяваты Атрошчанка ляжаў дагары на бруствэры, зьвесiўшы на пляцоўку даўгiя ногi ў шырокiх трафэйных ботах. Малады Скiбаў дзёўбаў пад сашнiком рыдлёўкай - каб павялiчыць радыюс абстрэлу гарматы. Ягонай лянiвай працай прыдзiрлiва кiраваў камандзiр Мядзьведзеў, што сядзеў насупраць на станiне.

- Глыбей, глыбей вазьмi. А то як дасьць на адкаце - наводчыку сiняк i пасадзiць. Абед вам, лейтэнант, у кацялку на скрынцы, - сказаў ён да мяне. На двух з Кананком.

- Еш, Кананок, я ня буду.

Мне было не да абеду. Адчуваў, каньячны хмель яшчэ не мiнуўся, як не мiнулася ўзрушэньне ад нядаўняй малапрыемнай сутычкi. Адкрыты "додж" кудысь зьнiк з дарогi, i я не заўважыў, куды. Цi яны, можа, зьехалi зусiм, цi шарылi дзе паблiзу. Маглi зноў налезьцi на той асабняк. I я ўвесь час пазiраў туды, хаця й ня ведаў, што зрабiў бы, калi б убачыў iх там. Я сказаў Франi не пушчаць, але разумеў, што магчымасьцi яе ў тым надта абмежаваныя. Калi гэтыя захочуць, iх не спынiць i танку. Што iм гэты катэдж! У мяне ўжо была падобная сустрэча, праўда, ня тут - ва Ўгоршчыне, ля Балатону, у адным графскiм маёнтку, якi мы занялi надвячоркам. Толькi ўлезьлi з-пад дажджу пагрэцца на ноч, як на падворак укацiлася некалькi "студэбэкераў", i такiя во хлопчыкi з аўтаматамi пачалi нас выкурваць. Маўляў, вымятайцеся, тут будзе ўправа гвардыi палкоўнiка Маляванага. Хоць на самой справе таму палкоўнiку спатрэбiлiся зусiм не халодныя графскiя пакоi з партрэтамi продкаў на сьценах, а хутчэй сутарэньнi пад iмi, дзе было што-нiшто зь пiтнога. I закусi. Як яны нас вытурылi ў поле, дык пасьля да ранiцы гаспадарылi там, а на золаку, пакуль не пачаўся бой, тыя "студэбэкеры", цяжка валюхаючы па калдобiнах, павезьлi iхныя трафэi. А мы толькi ляскалi зубамi, седзячы ў мокрай пасадцы пры дарозе. Ну але там быў камбат, ён прымаў рашэньне застацца цi ўступiць. Вырашыў уступiць, можа, i правiльна - таньней абыйшлося. Бо што б мы зрабiлi з тою п'яною хэўрай, надзеленай уладай высокага начальства? Тут жа камбат далёка, рашэньне належала прымаць мне. Во я i прыняў. Цяпер буду чакаць наступства.

Мiж тым было чутна, як у раўку штось стрымана прамаўляў па тэлефоне Муха, але, мяркуючы па голасе, не з начальствам, - хутчэй са сваiм братам-сувязiстам. Пагутарыўшы трохi, устаў ад тэлефону i голасна абвясьцiў:

- Брацьця славяне! Вайне канец!!

Мы ўсе на агнявой зьнерухомелi, змоўклi, чакаючы тлумачэньняў радаснай навiны, i Муха, натапырыўшы свае вусы, з важнасьцю аб'явiў:

- Брыгадныя радысты падслухалi: заўтра капiтуляцыя.

- А чаму нам нiчога ня кажуць? - запытаўся Мядзьведзеў.

- Мабыць, скажуць...

Муха зноў зьнiк у раўку, прыпаўшы да свае трубкi - цяпер адтуль чакалiся незвычайныя навiны, ад якiх радасьцю займалася салдацкая iстота, сонцам асьвятляўся ўвесь белы сьвет. Гэта ж трэба - скончылася вайна, i ты жывы! Цябе не забiлi. Ты будзеш жыць доўга, доўга. Ня будзеш трэсьцiся ў зямлi i чакаць апошняга свайго выбуху. Ты вернесься дамоў, зноў убачыш маму. Знойдзеш сваё каханьне, якое дасьць табе законнае шчасьце ў жыцьцi. Канец вайне!..

Але калi канец вайне, дык, мусiць, доўга мы тут ня ўседзiм. Мусiць жа, мы некуды рушым - назад цi наперад. Толькi наперад чамусь не пушчаюць немцы - цi яны ня ведаюць пра сваю капiтуляцыю? Цi, што зусiм кепска, ня згодныя зь ёй? Калi якiя эсэсаўцы, дык ведама, тая капiтуляцыя дае iм няшмат радасьцi - яшчэ яны паваююць. Не дачакаўшыся, аднак, болей дакладных навiнаў, я ўзьлез у равок i патэлефанаваў да камбата. Цi праўда, што ўжо фiнiта?

- Будзе фiнiта - скажам. Нi на хвiлiну ня спозьнiмся. А пакуль захоўвайце пiльнасьць, - ахалодзiў мяне камбат.

Мабыць, так. Калi загадана захоўваць пiльнасьць, дык мабыць, нiчога i не адбылося. Мабыць, радысты пасьпяшалiся. Можа, дзе i капiтулююць, а ў нас будуць марудзiць. Чакаць загаду. Таксама, як i мы чакаем загаду зьверху. У гэтым сэнсе нiчога не мяняецца. Хоць i канец вайне, усе падпарадкуюцца ўласнаму начальству. Як i заўсёды. Толькi начальства вырашае, замiрыцца цi ваяваць.

Але ўсё ж калi капiтуляцыя, дык, мабыць, не пакiнуць нас у гэтай зямлi. Цяпер ужо ў зямлi не сядзелася, i я выйшаў з агнявой на зялёную траўку побач. У навакольлi стаяла зусiм мiрная цiша, не стралялi нi мiнамёты, нi гарматы. Не чуваць было i апрыклай трывожнай стралянiны на перадавой. Штось усё сцiхла, стаiлася. Чакала. Сапраўды, цi не канец гэтай праклятай калатнечы? Настрой мой то поўнiўся радасьцю, то азмрочваўся невядомасьцю, калi я кiдаў позiрк на недалёкi катэдж. Ужо мне карцела туды, да Франi. Як ёй быць цяпер з гэтымi старымi аўстрыякамi? Трэба дадому. У Беларусь. Але як? Куды я яе вазьму? Да маiх артылерыстаў на агнявую? Вядома, хлопцы былi б радыя. Але што скажа начальства?

Сонца схавалася за аграмадзiнай гор, у далiне напоўз даволi прахалодны цень; усё навокал спахмурнела, хутка губляючы сваю нядаўнюю веснавую ўрачыстасьць. З-за шчыльнага плоту лесапiльнi патыхала паленым, даляталi па ветры горкiя подыхi пажарышчаў. Нiчога паблiзу, аднак, не паказвала на небясьпеку, i я наважыўся. Сказаў Мядзьведзеву, каб у выпадку чаго прыслаў Кананка, той ведае. Мядзьведзеў кiнуў скупое "ладна", i я скiраваў да мастка.

Яшчэ я не ўзяўся за разлапiстую жалезную клямку дзьвярэй, як тыя расчынiлiся, за iмi ў прыцемку пакорлiва стаяла Франя. Яна чакала мяне. На гэты раз яна была без свайго фартушка, у кароценькай шэрай кофтачцы паверх тых жа чорных i вузкiх штонiкаў. Была надта прывабная i з сарамлiвай гасьцiннасьцю ўсьмiхнулася мне.

- Капiтуляцыя, Франя!

- Праўда? А божачка мой...

- Яшчэ не афiцыйна. Але паведамяць.

- Няўжо дачакалiся? Няўжо праўда? - бы дзiця, радавалася дзяўчына. - Трэба старым сказаць.

Яна пабегла кудысь з вэстыбюля, а я застаўся ля засланага квяцiстым абрусам столiка з трыма цюльпанчыкамi ў фарфоравай вазцы. Я трохi недаўмеўся: што б значыла гэтая яе пасьпешлiвасьць наконт гаспадароў? Цi сапраўды ўдзячнасьць, цi добра выхаванае пачуцьцё абавязку? Я ня ведаў яшчэ, як да таго паставiцца, калi праз расчыненыя дзьверы ў вэстыбюль сунуўся той высачэзны стары прафэсар са сваёй фраў. Апошняй ускочыла ажывелая Франя. Трохi адсопшыся ад мабыць доўгага пераходу, гаспадар глухiм голасам сказаў нейкую даўгую фразу, якую тут жа патлумачыла Франя.

- Доктар Шарф вiншуе з канцом вайны i дзякуе пану афiцэру за вызваленьне ад нацызму.

- Калi ласка, - велiкадушна пагадзiўся я. - Жывiце ў мiры.

Доктар уважлiва выслухаў Франiн пераклад, трохi памаўчаў. Вiдаць па ўсiм, гаварыць яму было цяжка, цi ён цяжка зьбiраўся з думкаю. Франя перакладала:

- Ён кажа: старыя шчасьлiвыя, што дачакалiся канца вайны. А маладым цяпер прыйдзецца самiм ладзiць будучыню Эўропы. Важна не памылiцца.

- Ды ўжо як-небудзь. Не памылiмся. Калi дагэтуль не памылiлiся перамаглi, - самаўпэўнена адказаў я i адразу адчуў, што перабраў: ня трэба было гэтак катэгарычна. Франя пераклала адказ.

- Доктар Шарф кажа: перамагчы ў вайне - яшчэ ня ўсё.

- А што ж яшчэ?

- Пасьля цяжкай вайны непазьбежны i цяжкi мiр, - цiха, нiбы нават не згаджаючыся з чымсьцi, пераклала Франя.

Я не зусiм зразумеў, што ён мае на ўвазе, гэты стары аўстрыяк. Можа, аднак, i праўда, можа i цяжкi мiр. Але ўжо не цяжэйшы, чым гэтая вайна.

- Ён кажа: рускiя павiнны зразумець, што нацызм i камунiзм ёсьць два канцы адной палкi.

Гэтыя развагi я чуў упершыню, i яны здалiся мне дзiўнаватымi - адной палкай мераць Расею i Нямеччыну. У нас гэткiм чынам нiхто не разважаў нават пад хмелем, за такiя словы кожны мог апынуцца далёка. Мы не адважвалiся гэтак нават падумаць. Ды i не было патрэбы так думаць - усё ж мы ваявалi з фашыстоўскай Нямеччынай за свабоду сваёй краiны. Пры чым тут два канцы адной палкi?

Мабыць, разгубiўшыся, я маўчаў. Напэўна, адчуўшы маю нiякаватасьць, гаспадар таксама нядоўга падумаў i, стрымана кiўнуўшы на разьвiтаньне, павярнуўся на выхад.

- Пачакай трошкi, - цiхенька кiнула да мяне Франя, таксама кiруючы за старымi.

Аднак мне не сядзелася, i я падыйшоў да акна. Гэта зразумела, што за перамогай настане мiрнае жыцьцё, але чамусьцi не хацелася пра яго думаць, цяпер усе думкi не iшлi далей перамогi. Той самай, да якой мы нарэшце наблiзiлiся i пра якую столькi марылi ў цяжкiя часы малых i вялiкiх няўдач. У такiя хвiлiны яна здавалася нам як зьдзек, як жульнiцкая пустая абяцанка. Шмат для каго менавiта такой i засталася, i яны нiчога пра яе нiколi не пазнаюць. Iншыя во дажылi да яе, i можа, яшчэ пакарыстаюцца яе плёнам.

З вузкага вакна з высокiм, бы ў царкве, падваконьнем ня шмат што было вiдаць, а мне ўсё ж патрэбна было бачыць мае гарматы. I я сказаў пра тое Франi, калi яна прыбегла ў вэстыбюль. Дзiўна, як за паўдня зьмянiўся яе настрой, яна стала цяпер жвавая, амаль бесклапотная. Лёгкая i iмклiвая, яна зрабiлася падобнаю на гарэзьлiвую школьнiцу.

- Iдзем, - сказала яна i кудысь павяла мяне праз бакавы ход да скрыпучых i пакручастых прыступкаў - на гарышча цi што, падумаў я. Але то было не гарышча? а сьветлая цесьненькая вежа, што, нiбы шкляначка, прыгожа выглядала здаля на чырвоным даху.

- Адсюль ўсё вiдаць.

Выгляд з гэтай вышынi быў сапраўды цудоўны - амаль палова разьбiтага выбухамi гарадка, вулiца да павароткi, задымлены падворак лесапiльнi, завалены грудамi дрэва i дошак: мае гарматы - адна адразу за рэчкай, а другая па той бок лесапiльнi. Насупраць за дарогай разьлёгся шырокi горны адхон, зьнiзу парослы хвойным маладняком, якi вышэй браўся на добры хваёвы лес. З другога боку вiдно было ня шмат - стромы чарапiчны скат даху ды вершалiны грувасткiх дрэваў, блiзка за якiмi навiсла голая скала гары. У цесьненькай шклянцы-вежы стаяла лёгенькая канапка, цямнеў расчынены люк, празь якi мы сюды ўлезьлi. Утульнае было месьцейка, i я захваляваўся нават. Здалося, Франя прывяла мяне сюды ня так сабе, а дзеля пэўнага iнтыму, i таму дзяўчо яшчэ болей мне паблiжэла.

- А вунь i твае салдаты, - паказала Франя.

Я агледзеў зьверху мае пазыцыi - нiчога асаблiвага. Салдаты паселi на станiны, мабыць, цяпер гаманiлi пра мiр, да якога, падобна, дажылi - хiба ж не падстава для радасьцi? Кожны ўжо настройваўся на дом, гаспадарку i мiрнае жыцьцё на ёй. То было зразумела. Маладзейшыя марылi пра вучобу i каханьне, пра сваё месца ў жыцьцi, наканаванае кожнаму шчасьце. Цяпер усё тое было магчыма. Мы заслужылi на гэта права, перамогшы ў страшнай вайне. Мабыць, далейшае залежала ад кожнага i не залежала ад вайны. То было шчасьце.

Я сеў на зручную белую канапу, Франя стала насупраць ля шырокiх, зашклёных у дробныя шыбкi вокнаў.

- Доктару Шарфу лекi дала. Дрэнна пачуваецца. Дужа напалоханы.

- Кiм напалоханы?

- Нямецкiмi нацы, але й нашымi таксама.

- Нашымi? Калi ж гэта яны пасьпелi яго напалохаць? - зьдзiвiўся я. Здалося, што Франя гаворыць штосьцi няслушнае.

- Ты ня ведаеш. Можа, ня трэба табе гаварыць...

- Ня бойся. Я яму зла не зраблю.

- Я веру, што ня зробiш. Ты ж не такi, як... Гэта ж учора ноччу мы да ранку ня спалi...

- Не спалi?

- Ну. Як зьмерклася, прыехалi вашыя. Ну, з асобага аддзелу, сказалi. Мяне прагналi ў вэстыбюль, а самi там да чатырох гадзiнаў яго дапытвалi.

- Во як! Але завошта?

- А хто iх ведае. I мне доктар Шарф нiчога не сказаў. Фраў Сабiна плакала...

- Ну, а ты? У цябе яны пра што-небудзь пыталiся?

- Ад мяне адабралi падпiску, што буду маўчаць.

- Во як!

Гэта было горш. Зрэшты, я ўжо ведаў, што там, куды лезьлi гэтыя, i не магло быць добра. Ну, але хай гэта ў нас - у войску, у тыле. Ды пры чым тут аўстрыякi? Пры чым нарэшце Франя? Ужо яна навошта iм спатрэбiлася? Цi чым не дагадзiла? А можа, яна замiнала iм у нейкай iх цёмнай справе?

Хаця, заспакойваў я сябе, да таго патрэбна быць гатовым. Усё ж у гэтых малойчыкаў свае, спэцыфiчныя абавязкi, якiх простым людзям нiколi не зразумець. Найперш шукаць ворагаў. Але няўжо ж i гэты стары прафэсар бiялёгii - таксама вораг? Шпiён? Дывэрсант? Цi можа, яны самi вярбуюць шпiёнаў? Але як жа ў такiм выпадку тут заставацца Франi?

- А доктар Шарф не фашыст?

- Ну, што ты! Ён ня любiць фашыстаў - страх! Бывала, у Гановэры, як бяжым у бомбасховiшча, дык ён груба лае iх. Вакол усё грукоча, нiхто нiчога ня чуе..

- Як нiхто ня чуе, можна i палаяць, - сказаў я. - А ты сядай побач, во тут, ля мяне.

Неяк нерашуча Франя прысела ў куточку канапы. Настрой яе зноў, здаецца, рабiўся мiнорны, яўна заклапочаны. Яе захапiла перажытае. Я быў настроены iнакш, але таксама радасьць мая панiкла. Франя мiж тым пачала расказваць.

- Там жа бамбiлi кожную ноч. Алярмы гэтыя зь вечару да ранку. У горадзе пекла, усё гарыць ды рушыцца. Немцы ратуюцца ў бомбасховiшчах. Было, што i бамбасховiшчы рушылiся, i ўсе гiнулi. Як пачнецца, мы адразу - у склеп. Да таго ў мяне ўсё ўжо нарыхтавана - тэрмас, пледы. Сядзiм, яны там моляцца. Я, як умею, таксама.

- А што ў iх - свой дом!

- Не, кватэра. У вялiкiм доме. Праўда, i кватэра немалая, а я адна пакаёўка. I за кухарку. Работы процьма. Але я старалася. Сьпярша прыглядалiся да мяне, як што ўмею. Я i праўда, ня шмат умела. Але вучылася. Хацела дагадзiць. Бо як жа iначай жыць у чужых? Трэба дагаджаць. Так мама заўсёды казала. Ну што зраблю ня так - ня лаялi, не каралi, як некаторыя. Вучылi. Фраў Сабiна спакойна раскажа, пакажа. Што, я тыя дзьвярныя ручкi дома калi начышчала? Ды ў нас iх i не было, такiх блiскучых. Сьпярша мне пра тое сказалi, паказалi. Ну, а пасьля я ўжо i сама рупiлася. Каб было чыста i прыгожа. Дома нiколi так не было.

На цеснай канапцы Франя сядзела блiзка ад мяне, але я пасунуўся яшчэ блiжэй, i яна не адхiнулася. Мае свавольныя рукi яна перахапiла ў свае i цесьненька трымала iх на каленях.

- Дык ты ў iх за прыслугу? - з затоеным папрокам сказаў я.

- Ну, ведама. А для чаго ж яны мяне ўзялi. Але розная прыслуга бывае, i розныя гаспадары. У Гановэры цераз вулiцу жыла Клава, таксама остаўка. Дык кожны дзень плакала ад сваёй гаспадынi. Загiнула ў бамбёжку. Малако кiпяцiла, быў налёт, колькi хвiлiнаў трэба было пачакаць, каб малако закiпела малому. Спазьнiлася ў сховiшча, ну i завалiла. I малога таксама. А мацi таго ўцалела. Справiлася з шостага паверху ўнiз. Як наш дом развалiўся, вылезьлi мы на вулiцу з пустым тэрмасам i адным пледам. Болей нiчагусенькi - нi дома, нi маёмасьцi. Што рабiць? Iншыя б сябе ратавалi, а мае безь мяне нiкуды. Трохi часу разам жылi ў нейкай канторы, пасьля ў салдацкiм бараку. Пасьля прыйшлi дакумэнты з Аўстрыi, i яны паехалi. Мяне таксама ўзялi. Грошай амаль не было, фраў заклала ў банк свае завушнiцы, брошку. Тут, праўда, спадчыну атрымалi.

- Ну добра, - сказаў я. - А мова? Дзе ты так навучылася па-нямецку? У школе?

- Трохi ў школе, праўда. Але ў асноўным тут. Здольная была, умела слухаць. Слых добры маю. Зноў жа фраў Сабiна трохi разумее па-польску.

- А ты што - таксама ўмееш па-польску?

- Трохi ўмею, ага. Мама ж каталiчка, з майго ж iмя вiдно. А ў нас каталiкi, хоць i беларусы, а разумеюць па-польску. Ты пасядзi тут, выпусьцiла мае рукi Франя. - Я зараз.

Яна зьнiкла ў прыцемках люка, зьнiзу пачуўся мяккi стук яе пятак па дошках-прыступках, i недзе нягучна бразнулi дзьверы.

Я ўстаў з канапкi, аглядзеў праз шыбкi гарадзкое навакольле. Па дарозе з-за вугла паўразбуранага дома, дзе я так ганебна пляснуўся з ровара, хутка праiмчаў знаёмы трафейны "хорх", на якiм езьдзiў наш "сьмершавец", i я з прыкрасьцю падумаў: чаго ён тут гойсае? Хоць вайна канчаецца, а гэтым няма спакою, усё нешта шчыруюць, уведваюць, мабыць, нешта камусь рыхтуюць. За сябе ўвогуле я быў спакойны, здаецца, вялiкiх грахоў ня меў. На акупаванай тэрыторыi ня жыў, з харкаўскага акружэньня выйшаў не адзiн, а з групай, i тое "злачынства" было ўжо добра дасьледавана "сьмершам" i, пэўна, здадзена ў архiў. Але, мабыць, гэтак жа думаў i камандзiр узвода сувязi Ляжнеўскi, якога месяц таму рэпрэсаваў "сьмерш". Той, выпiўшы, даў сабе волю паразважаць наконт "несправядлiвасьцi" да акружэнцаў, якiх пасьля вызваленьня спрэс накiроўвалi ў штурмбат. Сам апынуўся праз тое ў штурмбаце, i нiхто з нас яго болей ня бачыў.

Над гарадком вечарэла, горы паволi асядалi ў цень, толькi сьнегавыя вяршынi яшчэ блiшчэлi здалёк сонечным водсьветам. На фоне блакiту вечаровага неба той бляск рабiўся надзвычай выразным, набываў перад ноччу сiлу. Як добра было б сядзець тут зь мiлым дзяўчом да ночы, ды i ўночы таксама. Слухаць яе, адчуваць i - кахаць. Каб не вайна. Але калi б не вайна, дзе б я сустрэў яе? Дзiўна, але менавiта вайна зьвяла нас тут, наводдалi ад радзiмы, сярод гэтае альпiйскае прыгажосьцi. Як бы i не разьвяла таксама, - раптам падумалася мне.

Амаль нячутна ў вежу паднялася Франя, штосьцi прынесла ў руках. Разадрала ўпакоўку i паставiла на канапу невялiчкi пакуначак.

- Во, частуйся, Мiця. Акурат, як нашыя да вайны.

То былi цукеркi, знаёмыя зь дзяцiнства "падушачкi". Мабыць, ня дужа сьвежыя, некаторыя пазьлiпалiся, i Франя аддзiрала iх па адной, частавала мяне. Сапраўды, не зважаючы на ня надта апэтытны выгляд, цукеркi, як i ў дзяцiнстве, былi салодкiя i пахкiя.

- Сорак капеек сто грамаў. Прыпамiнаеш?

- Прыпамiнаю, - сказаў я. - У сельмаг бегалi на перапынку.

- А яшчэ былi iрыскi...

- Дык усё ж, адкуль ты родам? - папытаўся я.

- Ды зь Менску. Там i нарадзiлася.

- I даўно адтуль?

- Зь Менску даўно. Зь Менску ж я сьпярша перабралася ў Чэрвень, адтуль ужо ў Нямеччыне апынулася. Ды тут, каб не пашэнцiла, прапала б. Як прапалi мае дзяўчаты.

- Дзе прапалi?

- А на хiмiчных заводах у Руры. Паатручвалiся i пагiнулi. Усе чацьвёра чэрвеньскiх.

- А ты?

- Ведаеш, тут, можа, лёс такi. Можа, якая выпадковасьць. Гэта ж як мы прыехалi ў нейкi гарадок ля Гановэра, нас пачалi разьмяркоўваць. Ну, пастроiлi ў шарэнгу, прыйшло нейкае начальства - у форме i ў цывiльным - хто якiя, мы тады мала разьбiралiся. I пачалi перабiраць, каго куды. Але сьпярша прыйшлi вайскоўцы, як пасьля аказалася, афiцэры зь вэрмахту. Яны былi ў водпуску з фронту, i iм дазвалялася выбраць у свае сем'i абслугу. А я была самая маленькая, схуднелая за дарогу, бедна апранутая. Стаю, ледзьве дыхаю... Перад тым ня спалi тры ночы, пакуль нас мутузiлi па станцыях, згаладнелыя. А яны iдуць - сытыя такiя, здаровыя бугаi, два ў эсэсаўскай форме i трэцi - афiцэр вэрмахту, малады юнак, танкiст. Тыя павыводзiлi дзяўчат, што здаравей, ну, рослых, дужэйшых. А я стаю самая апошняя. I во гэты вэрмахтаўскi лейтэнанцiк прайшоў раз, ды, мусiць, яму ўжо не хапiла дужэйшых. Тады ён вяртаецца i да мяне - "ком", кажа. Я ледзь не самлела, так ён холадна паглядзеў на мяне, i голас такi, чыста салдацкi, бы на пляцу. Выйшла. I мяне аформiлi ў гэтую во сям'ю доктара Шарфа. А той афiцэр быў iхны сын Курт. Дома ён зусiм не такi страшны аказаўся, як там выглядаў - ветлiвы i цiхi. I надта ўжо сумны. Праз два днi паехаў на фронт, а праз два тыднi загiнуў у танку. Як падумаць, дык ён выратаваў мяне. Каб ня ён, атруцiцца б i мне на той хiмii.

- Аднак гiсторыя! - сказаў я, уражаны гэтым аповедам. - Можа, табе i пашэнцiла.

Франя спахмурнела i хвiлiну роўненька сядзела, апусьцiўшы на каленi маленькiя, з вострымi локцямi рукi.

- Можа, адной мне i пашэнцiла. I я ўсё думаю: як бы чаго ня сталася. Усё ж шчасьце, яно падманлiвае. Гэта няшчасьце - назаўсёды. Я тут кожны дзень бяды якой чакала, ну, думаю, няўжо ж мне i далей будзе так шанцаваць?

- Цяпер ужо можна не баяцца. Скончыцца вайна, дамоў вернесься. Цi ты iначай думаеш? - запытаўся я i насьцярожыўся, чакаючы яе адказу. Франя ўздыхнула.

- Хто ж ня хоча дамоў. Але што дома? Каб жа ён быў хоць, той дом. Ды i аднаклясьнiкаў - нiкога ж не засталося. Як во жыць сярод незнаёмых? I тут незнаёмыя, i там незнаёмыя...

Ну, ведама, зьявяцца новыя знаёмыя i нават сябры, гэта я ведаў па сабе. Але аднаклясьнiкаў, сяброў дзяцiнства ўжо, мабыць, ня будзе. Тое ўжо адрэжацца назаўжды. Мабыць, кепска жыць з адрэзаным дзяцiнствам? Я неяк пра тое ня думаў. Франя ж во думала...

Здаецца, неўпрыкмет за гаворкай мы скончылi той цукеркавы пакуначак. Я пасунуўся яшчэ блiжэй, i Франя не адсунулася - ужо не было куды.

- Бедная дзяўчынка! - шчыра вымавiлася ў мяне з самай душы i нечакана для сябе я пацалаваў яе ў шчаку. Франя на момант зьнерухомела i раптам скаланулася ўсiм целам у незразумелым бязгучным плачы.

- Ну што ты! Ну што ты! - ледзьве не спалохана казаў я, усё цалуючы яе мокры ад сьлёз твар, i яна не адхiлялася, не ўнiкала маiх вуснаў. Аднак патроху марудна спакайнела i раптам бездапаможна ўсьмiхнулася празь сьлёзы.

- Ты прабач мне...

- Ну нiчога, нiчога...

Я i яшчэ цалаваў яе, каб неяк суняць яе боль i выказаць глыбiню маёй да яе пяшчоты.

- Я ўжо сто гадоў... Сто гадоў ня плакала. Знаеш, ня кепска яны да мяне адносяцца, але ж не магу я паскардзiцца iм. Цi заплакаць. Два гады на адзiноце. Душа змарнела, i во раптам ты. Трэба было... Прабач, Мiця.

- Я разумею. Ну, супакойся...

Усё ж патроху яна сунялася, прыгладзiла далонькай сваю прычоску, i стала для мяне яшчэ больш блiзкай i жаданай.

- Гэта ж трэба! - усё чамусьцi зьдзiўлялася Франя. - Няшчасная мая мамачка. Каб яна дажыла да гэтага часу. Усё выбiрала мне хлопцаў, ды гэтак прыдзiрлiва. Калi з кiм прайдуся, дык яна: то надта даўгалыгi, то кароткi, то сьмешна шморгае носам. А той малапрыкметны, той не камсамолец. Ты ж, мабыць, член партыi?

- Яшчэ не, - сумеўся я. - Але камсамолец. А што мама - парцейная?

- А то як жа!

- А бацька?

- А бацька вораг народа. У трыццаць восьмым пасадзiлi i прапаў. Мама адмовiлася пасьля ад яго. Мне па сакрэту сказала, што тое - дзеля нашага паратунку. Тады шмат хто гэтак рабiў. Яно й зразумела: яшчэ маладая, прыгожая. I ўсё роўна не ўбераглася - сябе загубiла.

- А бацька - якi кiраўнiк быў?

- Бацька... - Франя памарудзiла з адказам, мабыць, гаварыць пра бацьку было ёй ня проста. - Бацька ў органах працаваў. Яшчэ ад рэвалюцыi. Ён жа зь Дзяржынскiм у адной турме сядзеў.

- Во як!

- Ну. Дзяржынскi яго i ў Менск накiраваў. Працаваў дзень i ноч, мы яго й ня бачылi. Толькi раз неяк быў выходны цi якое сьвята, ня памятаю. Дык паехалi на рэчку, рыбу вудзiць. Праўда, вудзiў адзiн татачка, мама на лужку кветкi зьбiрала, а я бегала па водмелi, малькоў разганяла. Бы гуляла зь iмi. Так мне гэта спадабалася, ведама, малая была. Пасьля ўсё прасiла бацьку - зьезьдзiм яшчэ. Ён абяцаў, але ўсё было неяк. Некалi i некалi. А адзiн раз кажа: сёньня на працу не iду, i сеў на ложак, сядзiць. Смутны такi. Я пачала прыставаць: паедзем на рэчку. А ён кажа: не, ужо не паедзем. Даседзеў так да начы, а ноччу яго i ўзялi. Так я болей i не пабачыла рэчку.

Шэрае сутоньне ахутала вежу i навакольле, ужо ня стала вiдаць нi ўскраiны гарадка, нi гор, нi дарогi. Не вiдаць было i маiх пазыцыяў. Гарадок патануў у змрочным тумане, толькi дымы ад пажарышчаў бялявымi космамi мкнулi кудысь над руiнамi.

- I я сваiх з сорак першага году ня бачыў. Ня ведаю, цi жывыя, - сказаў я, пранiкаючыся яе клопатам.

- Маму ж немцы павесiлi. У Менску. Як партызаны iхнага гаўляйтара падарвалi, дык немцы пачалi хапаць падпольшчыкаў. Ну якраз i маму маю. Павесiлi ў сквэры.

- А ты ж як?

- А я? Кепска я. Жылi на кватэры ў Грушаўскiм пасёлку, ну, пасьля мацi засталася адна. Кватэрная гаспадыня, праўда, неблагая была кабета. Але ў самой трое малых, мужа няма. Харчу нiякага. Прывезла з раёну мех бульбы, хутка яго зьелi. Прадалi, што было можна прадаць. Я апошнiя рукавiчкi прадала, што перад вайной мама зьвязала. Можа б як i далей бавiлi час, ды на бяду да суседзяў сталi на кватэру два палiцаi. Ну i адзiн, Вiнцэсь, стаў заходзiць. П'янтос такi, брыдкi i нахабны, не было ад яго паратунку. Прыб'ецца калi, сядзiць да поўначы, балбоча невядома што. А то пачне прыставаць. Я ўжо адшывала яго, як умела, ды й гаспадыня старалася - нiчога не памагае. Закахаўся, кажа.

- Ну, ведама, прыгожая дзяўчына...

- Нiякая не прыгожая. Гэта цяпер трохi, а тады, бы брыдкае качанё.

- Ну ладна, ладна, - з раўнiвай ноткай сказаў я. - Не прыбядняйся.

- Я й не прыбядняюся. А тады... Тады цётка Мар'я кажа: давай адвязу цябе да дзядзькi на вёску. У таго адна дачка, твая аднагодка, будзеце разам. Пакуль зiма скончыцца. А там паглядзiм, можа, i вайна замiрыцца. Неяк у нядзелю паехалi на санях - далёка, аж у Чэрвень, а там яшчэ кiлямэтраў шэсьць, прыехалi ўжо ноччу, пастукалiся ў вакно. Дзядзька пусьцiў, гаспадыня яму пачала тлумачыць, пасьля прасiць. Я ўсё гэта слухаю... Неяк упрасiла, назаўтра паехала. А я засталася. Незнаёмая, чужая ў чужых людзей. Зоська i праўда, амаль мая аднагодка, шаснаццаць гадоў. Ну, з гэтай мы быццам сышлiся, нiчога была дзеўка, ня злая. Толькi недалёкая, страх. Да вайны скончыла шэсьць клясаў, а да хлопцаў цягнулася, бы да магнiту. Так да вясны дабылi. А вясной загуло ў навакольлi - прыйшлi партызаны. Сталi ў нашу вёску наведвацца, наладжваць сувязi. Ну i некаторых хлопцаў сагiтавалi, а за iмi i дзевак. Зоська засталася, бацька не пусьцiў. А мяне не пушчаць не было каму, пабегла зь дзяўчатамi. Пачалося лясное жыцьцё. Атрад "Бальшавiк" называўся, камандзiр - былы пагранiчнiк, прозьвiшча Сокал. Днi праз тры ставяць мяне ў каравул - на ўзьлеску ля кладкi, вiнтоўку далi, настрашылi наконт пiльнасьцi. Ноччу стаю, баюся. А тут прыходзiць каравульны начальнiк, таксама з пагранiчнiкаў - на праверку. Праверыў, я ўсё правiльна адказала, а ён не iдзе назад. Тое ды гэта, бачу, пачынае самым нахабным чынам. Што мне рабiць? Крычаць, цi што? Крычаць нельга. Неяк той раз ад яго выбавiлася, сказала: пажалюся камiсару. Адчапiўся. Вядома ж, нiкому скардзiцца не пайшла, дык неўзабаве ўсё пачалося па-новаму. I хто - сам камандзiр атрада. Не адмовiшся ж, калi загадвае куды iсьцi. Iдзеш, а ён з ад'ютантамi сьледам. Вярнуся, а ён: пачаму не спалняеш загад? За неспалненьне загаду - расстрэл на месцы. Пасьля пераходу ляжам дзе стомленыя на хвойным лапнiку, адразу ў сон. А ён ноччу падкочваецца, ну i... Як закрычу! Тады лаецца: пачаму дэмаскiруеш групу? За дэмаскiроўку групы - расстрэл. Гэта былi нейкiя не такiя, як iншыя, партызаны, як пасьля даведалася - асобага прызначэньня. Усё хадзiлi на маршы. Нашая задача была Менск, туды дзяўчат пасылалi, адтуль да нас прыходзiлi. Але болей пасылалi. Меней вярталiся. Не вярнулася Тоня Быстрова, Валя i Жэня-хахатушка, былi такiя дзяўчаткi. Камсамолкi ўсе. Ну i я камсамолка. А начальнiкамi над намi хлопцы, а то й дзядзькi ў гадах ужо. Тыя нiкуды не хадзiлi, толькi за намi сачылi. Каб ня дай бог бязь iхнага ведама - нiкуды. I любiлi пакарыстацца дзяўчаткамi... Намесьнiк камандзiра Кашэльнiкаў бывала кажа: што ж такога - ля калодзежа жыць, ды вады не напiцца? Труцень такi мардаты. Як не вярнулася Жэня, мая сяброўка, таксама мянчанка, у Калодзiшчах да вайны жыла, клiчуць у будан мяне. Той самы Сокал i кажа: табе заданьне прабрацца ў Менск i арганiзаваць явачную кватэру. Будзеш яе абслугоўваць. А дзе я яе арганiзую? А хоць бы ў гаспадынi тваёй, у якой на кватэры была. Як успомнiла я цётку Мар'ю i яе трох малых, дык мне млосна стала. За сябе ўжо не баялася, але за iх. Гэта ж праз тую явачную кватэру i мая мамачка папалася. Пайшла на яўку ў Сьляпню, там яе i ўзялi. Можа, хто выдаў. I павесiлi. I гаспадара, i ўсiх ягоных сямейнiкаў - шэсьць душ усяго. Ну, што мне рабiць? Адмовiцца нельга, за адмову, канечне, расстрэл. Аднак я спрабую, кажу: там жа дзецi малыя. А ён мне на тое: ага, дзяцей шкадуеш? А табе на савецкую родзiну напляваць? Я кажу: гаспадыня мяне не паслухаецца. А ён: не з гаспадыняй, дык з палiцаямi паладзiш, яны ласыя да такiх прыгожанькiх, сама ведаеш. Гэтак ён мне намякае на нешта. Брыдка мне стала, я ўжо яго ўзьненавiдзела, а што рабiць, ня ведаю. Але ў той дзень не паслалi, група мяняла дысьлякацыю, абходзiлi па лясах Чэрвень. Неяк адышлася я ўбок, у бярэзьнiчак, кiнула ў траву вiнтоўку - i ў сваю вёску. Ужо недалёка было. А ў суседняй вёсцы ўжо палiцэйскi гарнiзон усталяваўся. Што я ў партызаны пайшла, мала хто ведаў. Думалi, зь Менску, ну, можа, у Менск i паехала. Ды i прапартызанiла я, можа, месяц - ня болей. Пайшлi з Зоськай сена сушыць на балота. Улетку яно й няблага, ягады пасьпелi. Неяк надвячоркам шэсьць капешак нагрэблi, дамоў зьбiраемся, ажно бачым: бяжыць цётка, Зосьчына мацi, кажа: прыяжджалi двое конных, цябе шукаюць. Усё ў хаце i гумне перарылi, дык не iдзi дамоў, хавайся. Ну мы з Зоськай i зашылiся ў стажку. Так на тым балоце праседзелi тыдзень, цётка хлеб з малаком насiла, ягады елi. Ды пайшлi дажджы. Зоська занатурылася: хачу дамоў. Ну, i пайшла, а я яшчэ дзён колькi заставалася. Але таксама ня вытрымала адна, вярнулася ў вёску, пару дзён у асецi спала. А тут аб'явiлi набор у Нямеччыну, i на Зоську выпаў нарад. А Зоська ня хоча. А бацька кiдаецца да старасты, да палiцаяў, ведама - адна дачушка. Неяк павячэралi, i дзядзька кажа: Франя, можа б ты замест Зоськi пайшла? Усё ж адна, што табе? Калi што здарыцца, дык перажываць няма каму. Сiрата. Зноў жа разумнейшая, чым гэтая дурнiца Зоська. Ну што ж, думаю, калi iншага не выпадае - пайду. I пайшла, за сябе цi за Зоську - ужо ня думала. Пасадзiлi ў цягнiк з такiмi няўдакамi, як я, павезьлi ў Нямеччыну. Натрывалася, нагаравалася, пакуль на вочы Курту не трапiла. Вось, ты кажаш: прыгожая, i людзi мне пра тое казалi. А ведаеш, як я праклiнала тую сваю прыгажосьць, колькi празь яе натрывалася. Думала, лепш бы я нарадзiлася якой недарэкай, можа, б тады шчасьлiвейшая была. А то... Ды яшчэ характар такi, нягрубы, дабрынi хочацца.

- Ну якая ў вайну дабрыня? Тут азьвярэць можна, - сказаў я.

- Праўда. I ўсё ж яна ёсьць, дабрыня. Я во ўспамiнаю сваю грушаўскую гаспадыню. Ды i на Чэрвеньшчыне...

- Ну, а тут, у Нямеччыне?

- Дык i ў Нямеччыне ёсьць. Болей сярод старэйшых, якiх яшчэ фашызм не перайначыў.

- Ну, а ты сама добрая? - запытаўся я i прыцiх, чакаючы яе адказу.

- Наўрад цi. Усё ж я адтуль, дзе рэлiгiяй была жорсткасьць, непрымiрымасьць. Гэта ўжо сядзiць у нас унутры. Ведаю, тое кепска, а што зробiш? Мабыць, натура мацней за розум. Вось да праўды сябе не прывучу. Асаблiва, калi праўда калючая. Усё прыгожай хлусьнi хочацца.

- Гэта канечне. Прыгожае заўжды прыемнае.

- Галоўнае, што паверыць у прыгожую хлусьню заўжды надта лёгка. Яна сама на душу кладзецца. Вось ты сказаў - прыгожая, i я ўжо растала. Я ўжо за адно гэтае гатовая цябе пакахаць.

- Праўда?

- Ну, - адказала яна проста, як некалi казалi ў нас, i цiхенька засьмяяўшыся, прыгарнулася да мяне.

- Але ж я бяз хiтрасьцi. Ты ж i сапраўды прыгожая.

- Калi побач няма прыгажэйшай, - гарэзьлiва скончыла яна.

- Але ж ты яшчэ й разумненькая.

- Ну ўжо не. Я, можа, i была б разумная, калi б была шчасьлiвая. Няшчасная дзяўчына разумнай ня будзе. Гэта хлопцы на горы вучацца. А дзяўчыну гора зьядае. I розум яе, i прыгажосьць.

- Навошта дзяўчыне розум, калi ёсьць прыгажосьць? - трохi жартоўна зазначыў я.

- Ну, ведаеш, розум - гэта ўсё ж адносная якасьць. Я недзе чытала, што каб паразумнець, трэба адчуць сябе дурнаватым. А ўвогуле розум - ня самае галоўнае ў чалавеку. Разумны можа быць i злачынца. Разумны для сябе.

- А што ж галоўнае?

- Чалавечнасьць, во што. Тое, што iдзе ад Бога, а не ад д'ябла. Цi ад малпы, як дарвiнiсты пiсалi. Усё ж у нас дужа мала боскага. Цi яшчэ не набылi, цi бальшавiкi адабралi. Аддзялiлi народ ад Бога.

- А ў немцаў хiба больш... боскага?

- Ведаеш, больш. Усё ж яны болей з Богам жылi. Зноў жа яны Бога шукалi. Пратэстанты, напрыклад. Ён быў iм патрэбны, казаў доктар Шарф. А мы свайго так i не знайшлi.

- Хай сабе яны i з Богам. А мы ўсё роўна iх перамаглi.

- Перамагчы, можа, i магчыма, - не адразу, падумаўшы, сказала Франя. - Але цi магчыма бяз Бога жыць? Нiводзiн народ, нават самы адсталы, не жыве бяз Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Бяз Бога, ён проста сам сябе зьесьць. Асаблiва прымiтыўны народ.

- Ну мы ж во не прымiтыўныя, а жывем бяз Бога i - нiчога. Ня зьелi яшчэ адзiн аднаго.

Франя трохi прымоўкла, зьбiраючыся з думкай, i сказала надта сьцiшаным голасам:

- Ведаеш, даволi пасьпяхова елi. Клясавая барацьба - хiба ня тое ж самаедзтва? Хаця нас, можа, ратуе, што нас многа. Ня надта хутка можна адзiн аднаго зьесьцi!

Я ўжо не пярэчыў, унутрана я пачаў зь ёй згаджацца. Я адчуў, што яна разумнейшая за мяне, хоць i ня надта прыемна было ў тым прызнавацца сабе. Усё ж я не лiчыў сябе дурнем - што-нiшто разумеў у жыцьцi, памятаў са школьнай гiсторыi ды й прачытаў трохi кнiжак. У размовах з такiмi, як я, не выглядаў дурнейшым за iншых. Але пра што былi тыя размовы? Пра нашую праклятую вайну, пра несправядлiвасьць начальства. Пра артылерыю ды нямецкiя танкi, як iх падбiваць. Пра жыцьцё мы наогул не гаварылi, можа таму, што яго ў нас яшчэ не было. Не было ў нашым кароценькiм мiнулым, а на будучае мы ня надта спадзявалiся. Нам часта было незразумела, як дажыць да вечара, дзе ўжо было разважаць пра Бога. А яна вось разважала. Усё ж я ня ведаў дзяўчат. Духоўнае сталеньне ў iх, мабыць, адбываецца iнакш, чым у хлопцаў. Усё ж яны нараджаюцца не для вайны - для жыцьця. Якое для хлопцаў - заўжды праблема. З Богам цi безь яго.

Тое, што я пачуў, уражвала не адным толькi выказаным ёю. Было там штось малапрыемнае для мяне - усё гэта яе партызанства ў атрадзе асобага прызначэньня. Але я падумаў, што гэтак па шчырасьцi расказаць можа толькi даверлiвая натура. Я ўжо ведаў, якiя бываюць хамы i жлабы сярод нашага брата-вайскоўца, меў уяўленьне пра тых начальнiкаў, якiя i ў войску налаўчылiся ваяваць чужымi рукамi. За кошт чужых жыцьцяў. У партызанах тым болей. У партызанах, расказвалi некаторыя, хто там быў, для начальства наогул рай - рабi што хочаш. Камандаваньне далёка, аж у Маскве, па радыё вешай яму локшыны на вушы - ня прыйдзе, не праверыць. Во i рабiлi подзьвiгi з гэткiмi во дзяўчаткамi, якiх па адной i дзясяткамi кiдалi ў пашчу вайны. Новых заўжды хапала - яны любiлi радзiму i ляцелi на вайну, бы матылькi на агонь.

- Ведаеш, я ж таксама Богам ня надта цiкавiлася, - сказала Франя. Выхоўвалася ж ваяўнiчаю атэiсткай. Аж покуль во тут, у Нямеччыне, не пабыла на iмшы. Як пачула арган ды сьпевы "Авэ Марыю", усё ўва мне перавярнулася. I я зразумела - раптам i назаўжды - Бог ёсьць. Яго проста ня можа ня быць. Нягледзячы на ўсё жахлiвае на зямлi.

Што ж, можа й так, думаў я. Шкада, што тое да мяне яшчэ не дайшло - раней дайшло да яе. Моўчкi я прыгарнуў да сябе дзяўчыну, i яна не адхiнулася. Здаецца, яна ўжо давяралася мне, хаця штосьцi яшчэ не да канца адоленае стрымлiвала яе адказаць на мае пяшчоты. Але пяшчота гоiць усё, мабыць, пачала яна гаiць i Франiна гора. Нясьмела яшчэ, з далiкатнай стрыманасьцю яна пацалавала мяне i зьнерухомела. Я зьнерухомеў таксама.

Гэта быў мой першы пацалунак, дагэтуль нiводная зь дзяўчат не цалавала мяне. Ды й я таксама. Я быў удзячны лёсу, што ён падарыў нам гэтую пару на зыходзе дня. Падумалася, можа, падорыць i шчасьлiвую ноч? Я адчуваў сябе дужым, удачлiвым i пачаў даваць волю рукам. Яна, падобна было, хмялела ў маiх абдымках, маўчала, толькi цалавала мой твар. А пасьля i зусiм расслабiлася, аддаючыся на маю хлапечую ўладу.

- Любая...

I раптам страпянулася, спрабуючы вырвацца з маiх абдымкаў.

- Ня трэба! Пашкадуй мяне. Потым... Я ж сiрата...

Тыя словы раптам ацьверазiлi мяне, i я адхiснуўся. На самой справе, што ж гэта я? Як жа я? Я ж кахаю яе.

- Я ж нiкога яшчэ не цалавала, Мiцечка. Цябе першага. Пашкадуй мяне.

Ну ведама, я ж цябе не пакрыўджу. Я добры. Я справядлiвы, бо я кахаю цябе...

- Любая!..

Я адчуў, яна не давяраецца iнстынктам, не дае заснуць розуму. I ашчаджае мяне. Усё ж я не такi, як тыя, што траплялi на яе шляху. Я кахаю яе i шкадую. Найперш, можа, шкадую. Цi не - найперш кахаю. А каханьне - заўсёды сiла, так мне здавалася...

Глухi грукат у дзьверы не адразу данёсься ў нашую шкляную вежу, сьпярша падумалася, што гэта дзесьцi страляюць. Але Франя нядобра напружылася ў маiх руках i ўскочыла.

- Мiця!!

- Гэта за мной, - здагадаўся я.

Як не скруцiўшы сабе галаву па цёмнай i стромкай лесьвiцы, я скацiўся ўнiз, навобмацак знайшоў у вэстыбюлi дзьверы, у якiх гулка грукаталi знадворку.

- Таварыш лейтэнант!..

Франя ледзьве ўправiлася зь цяжкiм засовам, а як адчынiла дзьверы, i я выскачыў на цёмны падворак, Кананок абвясьцiў:

- Камбат клiча.

- Што такое?

- Кажуць, зьнiмацца нам.

Ну, усё зразумела, таго трэба было чакаць.

У суцэльнай цемрадзi мы дабрылi да агнявой, на якой ужо тоўпiўся разьлiк, i Мядзьведзеў, як заўжды ўначы, сьцiшана вытлумачыў:

- Загад - згортвацца. За машынай паслаў, зараз прыедзе. А вас камбат патрабуе.

Я ўлез у змрочны равок, навобмацак пераняў з рукi Мухi тэлефонную трубку.

- Ты дзе там блудзiш? - загучаў устрывожаны голас камбата. - Гадзiну чакаць цябе трэба. Зараз жа згортвай баявы парадак, грузi боепрыпасы i - на дарогу. Чакайце мяне.

Пачыналася звычайная лiхаманка пасьпешлiвых збораў. Зь цьмяным сьвятлом падфарнiкаў прыпоўз на агнявую аграмадны "студэбэкер", другi побач пабрыў каля плота ў суседнi разьлiк. Гэты пачаў разварочвацца, здаваць да агнявой задам; неўзабаве праз расчынены борт хлопцы ўзялiся грузiць цяжкiя скрынкi нерасстраляных снарадаў, брызэнты, зброю, рознае салдацкае майно. Усе працавалi радасна i спорна, бо падобна было на тое, што рушым ня ў бой, а мабыць, з бою, туды, дзе ўжо скончылася вайна. Урэшце канец вайне, i мы ўсе жывыя, здаровыя. Во дзiва дзiвоснае! Цуд!

У маёй душы быў вэрхал пачуцьцяў - радасьць перамогi ўсё ж засмучалася клопатам ростанi. Ведаў, адчуваў, што паедзем адсюль. Але куды? Цi далёка? Я хацеў вярнуцца сюды, мне дужа патрэбна было тое. Хоць на гадзiну, хоць на пятнаццаць хвiлiнаў. Я ж нiчога не сказаў ёй. I нiчога ад яе не пачуў.

Не стрываў, пакуль чакалi другую гармату, я выбег на пустку i прыпусьцiў да мастка. Брамка на гэты раз была не зачыненая, i толькi я ўскочыў на падворак, як расчынiлiся дзьверы у катэдж. На парозе стаяла Франя. За ёй нерухома шарэлi два ценi яе старых.

- Франя, мы едзем!..

Франя маўчала. Застыла, бы зьнямелая, i не краталася.

- Мы едзем! Ты чакай! Я вярнуся...

Зь цемры вэстыбюля на мяне пазiралi старыя, i я, недарэчна засаромеўшыся, нават не пацалаваў яе. Толькi абняў крышку за плечы ў цесных дзьвярах i адхiснуўся. Я ня мог бавiцца тут: на дарозе, чуваць было, пачынаўся ўжо рух, iшлi аўтамашыны. Некаторыя нават сьвяцiлi фарамi, чаго нiколi не было на фронце. Ужо ж, мабыць, сапраўды вайна скончылася. Я перабег масток i ўскочыў на шырокую падножку "студэбэкера", што з маёй апошняй гарматай вырульваў на шашу.

Над горнай далiнай днела: праясьнелася неба, на закрайку яго цьмянымi зубамi вяршыняў азначылiся горы. Блiжняя гара за катэджам яшчэ ўся была, бы змрочны маналiт - i гара, i дрэвы пад ёй. Толькi шэры сiлуэт катэджа вылучаўся сьвятляваю плямай на змрочным, зьлiтым у адно фоне. Здаля я усё пазiраў туды, намагаючыся згледзець маленькую постаць на ганку, ды нiчога ня згледзеў. Яшчэ б паўгадзiны пастаяць тут, калi б лепей стала вiдаць...

Але паўгадзiны нам не далi. Нейкая шалёная пасьпешнасьць запанавала на дарозе, адны машыны пад'яжджалi, спынялiся, iншыя, абмiнаючы iх, шалёна кiравалi далей. Старэйшыя афiцэры падганялi - хутчэй, хутчэй! Камбат накрычаў на мяне за спазьненьне, хаця, як я прыехаў зь дзьвюма гарматамi, батарэя яшчэ колькi хвiлiнаў нiкуды ня рушыла. Чагось чакала. Але зьвягi i крыкi камбата былi для мяне звыклыя, на iх крыўдаваць не належала. Крыўда i шкадаваньне дапякалi за iншае, i тое iншае засталося ззаду. Бы штось адчувала мая душа, ды не магла хiба вымавiць, каб я зразумеў выразана. Толькi шчымела нутраным невыразным болем.

Нейкi час полк лiхаманкава выцягваўся ў паходную калёну. Паўз "студэбэкеры" з гарматамi на прычэпе па ўзбочыне праiмчаў "вiлiс" камбрыга, якi штось крыкнуў з машыны, але я не зразумеў, што. Мая ўвага ўжо была скiраваная наперад, дзе ў ранiшняй шэранi стаяў на дарозе камбат, i аднекуль ля яго зьявiлася знаёмая кругленькая постаць заўжды жвавага капiтана, нашага палкавога "сьмершаўца". Трафэйнага "хорха", аднак, не было вiдаць. Штось яны нядоўга там гутарылi, хаця, здаецца, болей гаварыў "сьмершавец", камбат заклапочана слухаў. Затым абодва павярнулiся тварамi назад, быццам уставiлiся позiркамi ў кагось у калёне, здалося - цi не ў мяне? Але, можа, толькi здалося, бо абодва ня рушылi зь месца. "Сьмершавец" расшпiлiў тонкую пляншэтку, што заўжды боўталася на ягоным задзе, штосьцi каротка пазначыў на паперыне, у якую зазiрнуў i камбат. Што яны там запiсвалi, i што ён усё капаў мiж людзей, гэты нястомны барацьбiт са шпiёнамi? Цiкава, цi бачыў ён хоць аднаго зь iх у сваiм жыцьцi? Я падумаў, што, як камбат застанецца адзiн, падыду да яго, запытаю. Ды не пасьпеў. Падалi каманду "Па мясцох!", i я пасьпяшаўся зьбегчы з дарогi.

Нарэшце неяк няўпэўнена, з прыпынкамi, рушылi разьбiтаю вулiцай гарадка ў бок недалёкай перадавой. Пакуль я выглядваў "сьмершаўца", у кабiну майго "студара" ўлез пасажыр - наш палкавы прапагандыст, маёр з мудрагелiстым прозьвiшчам, якога я ня мог запомнiць. Я змушаны быў прыткнуцца на пляскатым крыле ля фары, як нярэдка езьдзiў на перадавой. Цёплаю парой тут было ня горш, чым у кабiне, ды й зручней было пры нечаканым абстрэле саскочыць на зямлю. Належала толькi трымацца. Перад тым як рушыць, нiхто з камандзiраў не сказаў нiчога, але калi рушылi адкрыта, значыць, немцы не супрацiўлялiся. Яны зьнiклi. За дашчэнту разьбiтымi дамамi ўскраiны пераехалi лiнiю акопаў нашай пяхоты, якой ужо там не было, затым i нямецкую лiнiю. Нямецкiя акопы выглядалi, як пры пасьпешлiвым адступленьнi - скрозь валялася вайсковае майно, зброя, скрынкi боепрыпасаў; упоперак бруствэра на сошках стаяў нарыхтаваны да бою кулямёт з абвiслай у акоп стужкай, поўнай патронаў. Але салдатаў нiдзе не было вiдаць - нi жывых, нi забiтых. Здаецца, учора, расстраляўшы збольшага боекамплект, яны падалiся на захад. На сустрэчу з амэрыканцамi. З намi яны сустракацца не захацелi.

Ужо добра разьвiднела, хаця сонца з-за гор яшчэ не паказалася, i ў горнай далiне панавала прахалодная засень. Мы няхутка ехалi па асфальтавай шашы на захад, мiнулi першы не крануты вайной гарадок з дбайна дагледжанымi дамкамi ў стылi фахвэрку абапал вузенькiх вулiчак, зь цёмнай кiрхай сярод купкi разложыстых дрэваў. Людзей было мала вiдаць, але скрозь з бальконаў i вокнаў зьвiсалi белыя прасьцiны - знакi капiтуляцыi. Пасьля сталi трапляць i людзi старыя, дзецi i жанчыны; з расчыненых вокнаў яны махалi нам i ўсьмiхалiся. А некаторыя плакалi - вiдаць i такое. Салдаты з кузаваў махалi ў адказ, выкрыквалi самае цяпер зразумелае "Гiтлер капут!" цi яшчэ што - вясёлае i гарэзьлiвае. Усiм было весела i радасна - вайне нарэшце канец.

За тым гарадком дарога павярнула ўгору, пачалiся павароты - то ўправа, то ўлева. Нечакана на горным схiле калёна спынiлася: наперадзе за павароткай пачулiся гарматныя выбухi, усе насьцярожылiся. Я саскочыў з крыла, думаў, зараз будзе якая каманда, можа, прыйдзецца адчапляць гарматы. Але нiякай каманды не падавалi. Афiцэры павылазiлi з машынаў, пасталi на ўзбочыне, узiралiся наперад. Некаторыя iшлi далей, дзе было начальства i дзе раздалiся гэтыя нечаканыя выбухi. Што там адбывалася, было невядома. Я таксама прайшоў трохi ўздоўж батарэйных машынаў i згледзеў наперадзе свайго камбата. Разам з камандзiрам першай батарэi яны ўсё ўзiралiся ў галаву калёны, мабыць, таксама чакалi якога сыгналу. Гэтыя два афiцэры, два капiтаны з выгляду былi дужа розныя - маленькi хударлявы камбат-1 i цыганскага выгляду, камлюкаваты камбат-2. Зь iх цiхай гаворкi было зразумела, што нас абстраляла нямецкая самаходка, якая, аднак, змоўкла. Экiпаж яе, пэўна, даў драла. Так што няварта хвалявацца, зараз паедзем. I праўда, неўзабаве з галавы калёны прагучала каманда "Па машынах!" Камандзiр першай батарэi пабег да свайго "студэбэкера", а мой трохi затрымаўся, усё ўзiраючыся наперад.

- Капiтан, хачу запытацца.

- Што? - павярнуў да мяне незадаволены твар камбат.

- Што гэта тут асабiст ранiцой высьледжваў?

- А ты ня ведаеш, што? - камандзiр батарэi ўпёрся ў мяне нядобрым позiркам. - Не адчуваеш?

- Не адчуваю, - сказаў я, пачынаючы, аднак, здагадвацца.

- Зь якой гэта ты зямлячкай там зьнюхаўся?

На хвiлiну я анямеў - так яно i казалася, як я меркаваў. Я моўчкi чакаў, што яшчэ скажа камбат, але ён таксама змоўк, мабыць, пашкадаваўшы, што i без таго сказаў шмат.

- Зноў жа, бацькi твае дзе? На акупаванай тэрыторыi пражывалi?

- Пражывалi. Ну?

- Во табе i ну! - няпэўна скончыў камбат i крута павярнуўся да свае машыны. Наперадзе ўжо загырчалi маторы, здаецца, калёна рушыла.

Я подбегам вярнуўся да машынаў свайго ўзвода i зноў ускочыў на шырокае крыло "студэбэкера". Вось табе i радасьць: называецца, сустрэў зямлячку. Ды яшчэ й бацькi на акупаванай тэрыторыi. Але дзе тыя бацькi, што я пра iх ведаў? Думаў, прыеду пасьля вайны, буду шукаць. Нехта ж павiнен ведаць, як i дзе яны прапалi летась пад Ушачай. Былi ў партызанах, ды зьнiклi. Магчыма, у час прарыву зь нямецкага акружэньня. Можа, загiнулi, а можа... Тое можа дацiнала мяне ўжо паўгода. Шкада, на парозе мiру рушылiся ўвогуле нармальныя адносiны з камбатам, якi яўна злаваў на мяне, мабыць, з падачы асабiста. Хаця з ягонай падачы як не зазлуеш? Тут не на жарт спалохацца можна.

Калёна рушыла далей, i неўзабаве мы ўбачылi тую самаходку, што абстраляла нашую калёну. Экiпажа яе там ужо не было, самаходка стаяла пакiнутая за рэчкай на схiле. Зрэшты, шкоды яна нам не ўчынiла. А на другiм павароце пад абрывам ляжала ў рэчцы нашая перакуленая трыццацьчацьвёрка, i горны паток булькатаў ля яе гарматнае вежы. Здаецца, там засталiся i танкiсты, - вiдаць, надта пасьпяшалiся да перамогi.

Мы зноў зьехалi ў далiну, на раўнейшае, машыны прыбавiлi хуткасьцi. Я ўсё сядзеў на крыле, трымаючыся за абрашотку фары. I раптам мы ўбачылi немцаў. Немалая калёна iхнай пяхоты маршавала акрай дарогi, зважлiва прапускаючы нашыя аўтамабiлi, - змораныя, схуднелыя, аброслыя шчэцьцю твары, - бязладны, прытомлены строй. Усе абвешаныя шынялямi, коўдрамi, тарбiнамi з паходным майном, але бяз зброi. Ужо раззброiлiся. Нiбы палонныя. Цi падрыхтавалiся ў палон. Афiцэраў было мала вiдаць - дзе-нiдзе збоч калёны тупаў абыякавы да ўсяго лейтэнант цi обэр-лейтэнант з адной-дзьвюма бубкамi на кароткiх пагонах. Нашыя салдаты з машынаў свавольна крычалi iм "Гiтлер капут!", яўна выказваючы тым i радасьць, i зьдзек, i зласьлiвасьць. Немцы амаль не адказвалi, толькi засьцярожлiва пазiралi на сваiх учарашнiх ворагаў i тупалi сабе далей. Тады салдаты, па-дурному жартуючы, пачалi крычаць звыклае для немцаў "Хайль Гiтлер!", ускiдваючы ўгору руку. I некаторыя зь немцаў стрымана адказвалi сваё "хайль", няўпэўнена рухаючы ўгору рукой. Як на запясьцях некаторых вiдаць быў раменьчык ад гадзiньнiка, нашыя стукалi зьверху ў кабiну "Стой!", шафёр прыпыняў машыну, нехта саскокваў на дарогу i кiдаўся ў нямецкi наўтоп. Неўзабаве зьяўляўся адтуль з гадзiньнiкам, а то й двума ў руках, ужо на хаду чапляўся за борт "студэбэкера". Камандзiры сёньня зрабiлiся надзiва добрыя i глядзелi на тое паблажлiва, некаторыя й самi выскоквалi з кабiнаў. Мой маёр-прапагандыст таксама разы два вылазiў на дарогу. Аднаго разу, вярнуўшыся, кiнуў на сядзеньне новы, сталёвага колеру афiцэрскi плашч, а ў другi, мабыць, таксама разжыўся гадзiньнiкам. Увогуле мне рабiлася сумна...

Так мы даехалi да чарговага гарадка i спынiлiся на яго ўскраiне. Далей было не прабiцца, ды, мусiць, ужо й не было патрэбы куды прабiвацца. Усе вулiцы, цэнтар i навакольле былi поўныя войска: пяхоты, артылерыi, некалькi 76-мм самаходак, грузавiкоў, "вiлiсаў" i "доджаў" начальства. Начальства дзе на машынах, а дзе пехатой упарта прабiвалася наперад, на бераг ракi, дзе раней за нас зьявiлiся амэрыканцы. На чорным шыкоўным "хорху", усё сыгналячы, каб саступiлi дарогу, хутка праехаў знаёмы ўсьмешысты маёр, брыгадны "сьмершавец". Цяпер ён, аднак, не ўсьмiхаўся, выглядаў аж надта заклапочаны за ветраным шклом аўтамабiля, - мабыць, спазьняўся на сустрэчу. Цi яшчэ куды. На мяне ён i не зiрнуў нават, i я падумаў: хоць бы так i не заўважаў нiколi.

Нашая калёна трохi пастаяла на ўезьдзе ў гарадок, а затым нехта з начальства павярнуў яе ў бакавы завулак. Неўзабаве мы апынулiся на гарадзкой ускраiне, ля шырокай надрэчнай лугавiны. Не пасьпелi выраўняць у якi-небудзь парадак аўтамабiлi з гарматамi, як нас апанавалi вясёлыя людзi ў нябачанай, спартыўнага крою форме, грубых грувасткiх гамашах, яшчэ болей грувасткiх касках з чахламi. То былi амэрыканцы. Яны адразу кiдалiся ў абдымкi зь першым, хто iм трапляўся насустрач - салдат цi афiцэр, гучна ляскалi па плячах, штось ва ўсё горла крычалi на незразумелай мове. Нешта разумеў па-ангельску толькi мой пасажыр-маёр, i яны пасьля першых ягоных словаў з радасным крыкам пачалi кiдаць яго ўгору, бы найвялiкшага савецкага героя. Нашыя салдаты сьпярша неяк нясьмела паддавалiся iх весялосьцi, пасьля пачалi сьмялей i ахвотней, гучна здароўкалiся i таксама па-свойму крычалi, бы да глухiх. Некаторыя з гасьцей ужо паўзлазiлi на нашыя машыны, аднекуль зьявiлiся бутэлькi ды салдацкiя пляшкi, ужо налiвалi ў кварты, а то i жлукцiлi па чарзе з бутэлек. Лугавiна ўмомант ператварылася ў гаманкi бязладны кiрмаш, замест вазоў застаўлены вялiзнымi "студэбэкерамi" з гарматамi на прычэпе. Нiхто не камандаваў, не iмкнуўся навесьцi парадак. Тут былi толькi малодшыя афiцэры, камбаты i ўзводныя, старэйшыя камандзiры кудысь пазьнiкалi, мабыць, туды, дзе быў мост цераз раку i дзе цяпер адбывалася галоўная сустрэча.

Але нам i тут хапала радасьцi. Некалькi амэрыканцаў, здаецца, ужо на добрым падпiтку, апынулiся перад маёй машынай i ўжо весела гарланiлi, двое абдымалiся з тэлефанiстам Мухам. Аказваецца, гэтыя разумелi па-польску, таксама, як i Муха, што трапiў у полк з польскай армii. I ўжо там чутна было, як гучала "Бардзо прошэ", "Пан капрал", "германско быдло". Убачыўшы мяне, Муха радасна растлумачыў:

- Таварыш лейтэнант, во дзiва! Землякi! Iхныя бацькi з-пад Познанi. Во ромам частуюць...

Адзiн з тых землякоў - расхрыстаны, плячысты вярзiла ўжо соваў мне вялiзную бутэльку, у якой яшчэ штось плёскалася, а Муха падахвочваў: "За пабеду, лейтэнант!" I я выпiў - без вялiкай ахвоты некалькi глыткоў цёплага сьмярдзючага пойла. Пасьля мяне спаважна выпiў сяржант Мядзьведзеў. Затым аднекуль зьявiлася алюмiневая пляшка, жвава пайшла па руках. Муха раздаваў невядома дзе ўзятыя цьвёрдыя кавалкi шакаляду - на закусь. Мы яшчэ выпiлi, i ля мяне апынуўся здаравенны белазубы негр, увесь у хакi, пачаў бесцырымонна мацаць на грудзях маю "чырвоную зорку".

- Прэзэнт, сэр офiцыр? Эс, прэзэнт? Эс?

Я не разумеў, што значыць - прэзэнт? Цi ня хоча ён атрымаць у падарунак мой ордэн? Сапраўды, мабыць так. У адплату ён ужо скiнуў з рукi мэталiчны бранзалет гадзiньнiка i соваў мне. Як было ад яго адчапiцца? Iншыя, аднак, не адчаплялiся, скрозь адбываўся п'яны абмен сувэнiраў - гадзiньнiкаў, зорак зь пiлотак, дзягаў i нават пiсталетаў. Гляджу, мой цiхi Кананок ужо прыцэльваецца кудысь у кузаве з ладнай амэрыканскай вiнтоўкi, выменяў цi што? Не наваяваўся хлопец. Побач сядзiць на борце i паблажлiва ўхмыляецца расхрыстаны амэрыканец.

- Ну, яшчэ трохi прымем за пабеду, - трохi разьвязна соваў мне пляшку Мядзьведзеў.

- Давай!

Чорт яе бяры, сапраўды перамога. Найвялiкшая перамога ў найвялiкшай вайне. Давай, Мядзьведзь, будзем пiць. За тых, хто нiколi ня вып'е.

I я выпiў, цi ня першы раз са сваiм падначаленым, камандзiрам гарматы. Увогуле тое не было ў нас прынята - пiць з падначаленымi. Калi й пiлi, дык болей з роўнымi сабе: узводныя - з узводнымi, камбаты - з камбатамi. Але тут такая падзея - канец вайны. А мы зь Мядзьведзевым болей за чатыры месяцы кожны дзень i кожную ноч разам. У адным акопчыку i ля адной гарматы. А з адной пляшкi выпiваць не даводзiлася.

- Усё ж маглi ў адной яме ляжаць, - сказаў Мядзьведзеў, боўтаючы паднятую пляшку i быццам не адважваючыся дапiць.

- Пад Шаманторнiяй?

- Пад Шаманторнiяй гэтай. Там я ўжо не спадзяваўся. Нявыкрутка поўная.

Так, ён казаў праўду, на Шаманторнiю я не забыўся. У час веснавога прарыву нямецкiх танкаў нашую гармату адрэзалi ад сваiх, мы суткi праседзелi ў кукурузе, ужо не спадзеючыся выбрацца жывымi. Наперадзе на вышынi былi немцы, ззаду на дарозе нямецкiя танкi, наш цягач "студэбэкер" згарэў яшчэ ранкам ля пераправы. I мы апанурылiся. Тады Мядзьведзеў кажа: трэба, як пацямнее, паслаць каго ў пяхоту, каб далi чалавек пяць, i тады б мы паспрабавалi выкацiць гармату. Так i зрабiлi. Паслалi Сьцяпанава, той прабраўся мiж нямецкiх танкаў i прывёў чатырох зь пяхоты; пад ранак у тумане мы неяк выкацiлi з кукурузы нашую гармату i прабралiся да сваiх. Нават нiкога ня страцiлi. Але натрывалiся - дай Бог! Уранку па той кукурузе ўжо гойсалi нямецкiя грэнадзёры.

Якраз да нашае вясёлае купкi далучыўся i Сьцяпанаў - дужы, немалады ўжо малодшы сяржант з ордэнам Славы на зашмальцаванай гiмнасьцёрцы - гэта за той яго ня надта звычайны подзьвiг. Зьлез з машыны Кананок. На гэтым кiрмашы гарэзнае весялосьцi ён выглядаў нейкiм найменш радасным, заўсёдная яго ўсьмешка сёньня сышла з курносага твару, i я разумеў, чаму. Скончылася вайна, а ў хлопца нiводнага мэдаля, што, пэўна, яго засмучала. Казалi: не заслужыў. Праваяваў зiму побач з усiмi, як i ўсе, трываў пад агнём, але во - не заслужыў. Бо малады i сьцiплы. Хаця галоўнае - заслужыў жыцьцё, цi гэта не найбольшая ўзнагарода для кожнага салдата?

Наўкола гуў, гаманiў, мiтусiўся салдацкi наўтоп. Салдаты нашай ды iншых батарэяў палка перамяшалiся з амэрыканскiмi, якiх прымалi сапраўды як братоў, - гаманiлi, абдымалiся i пiлi разам зь iмi. Але i мiж сабой у нашых бруiла нiколi дагэтуль ня чутая радасьць. Дзесьцi зводдаль ужо гарланiлi "Кацюшу", а блiжэй узьнiкала новая песьня, якую пачынаў прыгожы барытон батарэйнага запявалы:

Пакахай мяне, салдацiк,

Буду вернай жонкаю...

А забудзеш - толькi разам

З роднаю старонкаю...

Мядзьведзева, падобна было, хмель браў ня хутка, выглядаў ён цьвярозым i цiхiм голасам прамаўляў мне:

- Замiрацца - прыяжджай на госьцi. Калi можна, зь сям'ёй. Цi адзiн. Я ж каля Цяляцкага возера жыву.

Тое я ведаў. За зiму i вясну даволi ўжо наслухаўся пра яго возера, поўнае рыбных цудаў i незямной прыгажосьцi. Але сяржант i зараз ня мог стрымацца, каб не напомнiць пра тое.

- Гэта ж возера - цуд. Першае месца займае па хараству.

- Можа, i прыеду, - сказаў я няпэўна.

- А чаго? Малады, жанiцца трэба. А ў мяне глядзi - i нявеста гатовая. Тоська мая якраз упару...

Я ведаў i пра ягоную Тоську. Мядзьведзеў быў удвая старэйшы за мяне, меў дарослую дачку i сына-кулямётчыка, што загiнуў пад Сталiнградам. Засталася адна дачка, во ён i стараўся годна ўладкаваць яе ў жыцьцi. Але наўрад цi я гадзiўся ў жанiхi да алтайскiх нявестаў.

Ззаду мiж мной i Мядзьведзевым працiснуўся санiнструктар Пятрушын - зь перакручанай на галаве пiлоткай i счырванелым тварам. Гэты ўжо быў на добрым падпiтку.

- Чур, Мядзьведзь, не сватай дачку лейтэнанту. Мне абяцаў.

Мядзьведзеў толькi паморшчыўся ад п'янага нахабства.

- Зашмат хочаш, - цiха вымавiў ён i працягнуў мне пляшку. - Дык вып'ем, лейтэнант.

Здаецца, я i яшчэ выпiў зь Мядзьведзевым, а пасьля i са зважлiвым Кананком i нават зь Пятрушыным. Я ўжо не злаваў на санiнструктара, тым болей, што ён не злаваў на мяне i сам мне пра тое сказаў. Падобна, пасьля мы нават абдымалiся зь iм, i ён усё пахваляўся, як яго паважаюць афiцэры; начальнiк санслужбы заўжды вiтаецца зь iм за руку. Ужо п'яным позiркам я згледзеў перад сабой хiсткую постаць маёра-прапагандыста, - здаецца, поруч з камбатам цi яшчэ з кiм, каго я ўжо не пазнаў. Марудна, але пэўна я адключаўся, прыхiнуўшыся да крыла "студэбэкера". Нейкi час яшчэ чуў вялiкую гаману побач, як скрозь пiлi, сьпявалi, сьмяялiся. А некаторыя i плакалi п'янымi гаручымi сьлязьмi. Аж покуль узварушаную лугавiну не змарыў п'яны сон.

Як я заснуў, дык i не прыкмецiў, але прачнуўся раптам на золку. Намацаў ля галавы вялiзнае пыльнае кола "студэбэкера" i, неяк учапiўшыся за яго, сеў.

На ўсёй лугавiне стаялi ўразброд нашыя "студэбэкеры", нiхто iх не параўняў, - як учора паставiлi, так i засталiся. I мiж iх, пад станiнамi гарматаў, на стаптанай траве, у кузавах i парасчыняных кабiнах ляжалi, спалi, храплi салдаты - савецкiя ўперамешку з амэрыканскiмi - хто дзе i хто як. Побач выцягся той учарашнi нэгр, што хацеў у мяне выменяць ордэн; на ягоныя ногi ўзьлёгся хтось з нашых, пад iм, утаптаны ў зямлю, валяўся чыйсьцi карабiн. Кабур у амэрыканца ўжо быў пусты i расшпiлены, - мабыць, ужо падарыў камусьцi свой кольт. Цi памяняў на гэты iржавы карабiн. Я з натугай падняўся на ногi. Балела галава, нязвыклая слабасьць адчувалася ў целе. Але новае памкненьне адразу ахапiла мяне. Я памятаў прыкладна, зь якога боку мы сюды прыехалi i хiстка пабрыў у тым накiрунку. Абыйшоў "студэбэкеры" сваёй батарэi, нiдзе ня згледзеў камбата i падумаў, што так, можа, i лепш. Праўда, натыкнуўся на знаёмыя боты санiнструктара Пятрушына, якi, зьвесiўшы ногi з расчыненай кабiны, салодка спаў на мяккiм сядзеньнi. Мусiць, перабраў, - падумаў я, хоць сам быў ня ў лепшым стане.

Сонным правулкам, скрозь застаўленым пераправачнымi амфiбiямi, выйшаў на галоўную дарогу. Усюды было пустэльна й бязьлюдна, бы пры канцы сьвету. Скрозь усе ўсюды спалi, - у машынах, на падворках ды, мабыць, i ў дамах таксама. Пасьля вялiкай натугi-вайны.

Апанаваны пэўнаю мэтай, я пабрыў па дарозе на ўсход. Раз за разам азiраўся, чакаючы, што недзе зьявiцца якая машына. Ды не зьяўлялася, не даганяла, нiдзе не было нiякай. Тым часам зусiм разьвiднела, блакiтнае ранiшняе неба было без адзiнай хмурынкi. Першы дзень мiру, вялiкi дзень перамогi. Урэшце наперадзе зьявiўся нейкi аўтамабiль з двума афiцэрамi ў кабiне, але ён ехаў насустрач. За iм праз працяглы час паказалiся два прысадзiстыя аўстрыйскiя аўтамабiлi з кузавамi, поўныя вызваленага эўрапейскага люду. Iх было чутна здалёк, яны гарланiлi свае песьнi, iм было весела. Я ўсё спорна крочыў i крочыў, пакуль гарадок не застаўся далёка ззаду. Дарога стромка прастала па ўзьбярэжжы даволi шырокай ракi. На тым яе беразе, здаецца, таксама пралягала шаша, i дарожны рух там быў нашмат большы, чым тут. Аўтамабiлi так i снавалi ў абодвух кiрунках, i я здагадаўся, што там амэрынкацы. Рака сталася мяжой памiж дзьвюма зонамi.

Але што было мне рабiць? Здаецца, я памалу цьверазеў пасьля ўчарашняга i ўсё выразьней адчуваў авантурнасьць майго намеру. Гэтак пехатой я не дайду, усё ж мы далекавата ад'ехалi ўчора ад нашага апошняга рубяжа. А калi i пашэнцiць урэшце з машынай, дык цi спраўлюся я ўпару. Усё ж, як нi круцi - я ў самавольнай адлучцы, i ў палку хутка заўважаць маю адсутнасьць. Мабыць жа, пачнуць урэшце цьверазець пераможцы. Начальства прымусiць.

Але й вяртацца ўжо не было як - не дазваляў гонар.

Мусiць, калi надта патрэбна, дык Бог памагае. Праўда, не заўжды ў час, бывае зь немалым спазьненьнем. Калi ўжо позна i пакарыстацца той боскаю мiласьцю. Як нашаму камбату Рукавiцыну. За баi на Днястры паслалi на Героя, так хацеў камбат атрымаць залатую зорку, ды загiнуў пад Секешфехерварам. Толькi пахавалi, як прыйшоў указ. Ды каму ён тады быў патрэбны? Так прыкладам падумаў я, i тады ж, азiрнуўшыся, убачыў машыну. Толькi падняў руку, як машына згодна затармазiла i мякка спынiлася на шашы. Гэта быў магутны ЗIС, з кабiны якога высунулася вясёлая галава ў аблезлай пiлотцы.

- Што, лейтэнант? Сядай, пракачу.

Цераз заднi борт я ўскочыў ў кузаў, амаль увесь заняты нейкаю старасьвецкаю шафай цi буфэтам з пазалочанымi выкрунтасамi на шкляных дзьверцах; ля самай кабiны тырчэлi яшчэ тры нейкiя скрынкi. Месца для пасажыра тут увогуле не было, толькi ззаду ля борта заставалася нешырокая шчылiна, у якую ўцiснулiся мае ногi. Трымацца не было за што, i я няспрытна абапёрся рукамi аб сьлiзкi бок шафы.

- Во, будзеш трымаць, каб не пасунулася. А то стукнецца, каму адказваць?

Аказваецца, i ў дзень перамогi ня ўсе пiлi-елi, падумаў я. Некаторыя займалiся iншымi справамi. Але хай, на здароўе... ЗIС няшпарка кацiўся па неблагой дарозе, вясновы вецер прыемна абвяваў мой спатнелы на хадзе твар. Маё жаданьне ўсё ж абяцала зьдзейсьнiцца, я быў амаль задаволены. "Пакахай мяне, салдацiк, буду вернай жонкаю. А забудзеш - толькi разам з роднаю старонкаю", само сабой сьпявалася ў душы. Не, я цябе не забуду, мiлая дзяўчынка, запэўнiваў я сябе. I ўсё ж нейкi цьмяны, самотны неспакой трывожнымi токамi перадаваўся маiм адчуваньням, усё карцела - хутчэй! Я баяўся спазьнiцца.

- Перамога, лейтэнант! Глядзi ты, дажылi аднак! - празь вецер ляцеў голас з кабiны, таксама да паловы закладзенай нейкiмi пакункамi.

Насустрач пайшлi машыны - легкавыя, штабныя, грузавiкi. Гэтыя са спазьненьнем таксама iмкнулiся за перамогай, на спатканьне з саюзьнiкамi. У вокнах аднаго трафэйнага аўтобуса мiльганулi вясёлыя дзявочыя твары i данеслася музыка - там граў гармонiк. Мабыць, якi армейскi ансамбаль, здагадаўся я, з тых, што натхнялi нас на перамогу. Спазьнiлiся, аднак, на вялiкае спатканьне, трэба было раней.

У знаёмым, бязьлюдным учора гарадку цяпер ва ўсю буяла ажыўленьне, сапраўдны вулiчны фэст, зь безьлiччу людзей i, як я зразумеў, ня толькi аўстрыйцаў. Сюды зьбiралiся, здаецца, з усяго навакольля, зь недалёкiх горных паселiшчаў. На плошчы ля кiрхi замiльгалi сьцягi - францускi трыкалёр, ангельскi i яшчэ незнаёмы нейкi. Гэта тоўпiлiся iншаземцы, сагнаныя Гiтлерам з усёй Эўропы для працы на вайсковых заводах. Цяпер яны вольныя i iмкнуцца дадому, кожны ў сваiм кiрунку i пад сваiм сьцягам. Мне таксама трэба было дамоў, але мая чарга яшчэ не настала. Зноў жа мяне тут чакала яна.

Трохi ад'ехаўшы ад люднай плошчы ЗIС крута завярнуў на нейкi прасторны падворак i стаў. Вясёлы шафёр саскочыў на брук.

- Прыехалi! Табе куды, лейтэнант?

- Мне далей.

- Што, у армейскi тыл? Не, туды я ня еду.

Заклапочаны, я азiраўся па баках. У двары ўжо стаялi два "студэбэкеры" пусты i чымсьцi гружоны. Але куды яны едуць? I калi? Запытаць не было ў каго. Я абыйшоў iх з другога боку i пад тынкаванай сьцяной убачыў ровар. Жоўтыя, з дрэва ў елачку дзьверы, ля якiх ён стаяў, былi зачыненыя, нiхто адтуль не выходзiў. Я асьцярожна ўзяў ровар i разьвярнуў яго колам да вулiцы. Нiхто мяне не спынiў, не крычаў, i я пакацiў на асфальт.

Сьпярша iмчаў, колькi было сiлы, шалёна круцiў пэдалi. Затым замарудзiў. Усё ж за мной ня гналiся, мабыць, можна было i спакайней. Сустрэчныя аўтамабiлi ў асноўным шыбавалi па сваiм баку i дужа не замiналi. Толькi аднойчы на павароце я ледзьве разьехаўся з шалёным "доджам". Адкуль чулася п'яная гамана - пяцёра афiцэраў з бутэлькай сьвяткавалi перамогу. Вакол рассьцiлаўся маляўнiчы ляндшафт горнай далiны з парослымi хвойнiкам схiламi гор; дзе-нiдзе ўдалечынi на ўзьлесках вiдаць былi белыя й шэрыя забудоўкi з шырокiмi дахамi; вулiцы прыдарожных паселiшчаў упрыгожвалi стракатыя фасады ў стылi фахвэрку. Удалечынi з-за сьнегавых вяршыняў неяк раптоўна выкацiла сонца i зноў, як нядаўна, ударыла ў твар зыркiм сьляпучым праменьнем. Сонца з усходу. Там была мая радзiма - бяз гор i прыгожых забудовак, са сваiм мiлым для мяне зялёным хараством. Цяпер я вярнуся туды. I не адзiн.

Памалу акрыяўшы, той мой намер умацоўваўся ўсё болей, перарастаючы ў пэўную нязрушную мэту. Як яе ажыцьцявiць, было ня дужа зразумела. Але мэта аформiлася i ўсё болей прарастала ў сьвядомасьць, рабiлася неадчэпнай. Адчуваў, адкладваць нельга, задуманае трэба ажыцьцяўляць зараз жа. Дый й чаму не? Вайна ж скончылася. Мне было крыху за дваццаць гадоў, i я яшчэ не спазнаў каханьня. Не было калi й не было каго пакахаць. Неяк у шпiталi пад Знаменкай дужа спадабалася медсястра Нюра з фiзкабiнэту. У яе разьвiвалi недалечаныя рукi-ногi, круцiлi "веласiпед", сьцiскалi нейкiя спружынiстыя "раскарэкi", Аднойчы я зь ёй пасядзеў на дзяжурстве, пагаварылi, дужа яна здалася мне ласкавай. Яна й сапраўды была ласкавая, ды, на бяду, не да мяне аднаго. Неяк яна дала мне рапiру i прапанавала пафэхтаваць зь ёю. Фэхтавальшчык я аказаўся няўдалы, яна лёгка i ня раз укалола мяне. Але з таго фэхтаваньня я, здаецца, гатовы быў пакахаць яе. Пакуль не пабачыў, як яна фэхтуе з параненым у галаву капiтанам-лётчыкам. Мабыць, той быў спрытнейшы за мяне ва ўсiх адносiнах i, як ён выпiсаўся, сястрычка паехала зь iм са шпiталю. У авiяцыйны полк. Я ж яшчэ застаўся далечваць маю прастрэленую руку. Нюра была ладная спартовая дзеўка, у тым уся справа.

Я прамiнуў яшчэ адзiн невялiкi гарадок у далiне - купку белых i шэрых дамкоў-катэджаў. У вокнах i на гаўбцах матлялiся на ветры белыя прасьцiны: людзей, аднак, было вiдаць малавата. У дварах i на ўзбочынах дзе-нiдзе стаялi нашыя вайсковыя аўтамабiлi, ля iх варушылiся-снавалi вайскоўцы, тут ужо ўладкоўвалiся тылы. Мяне нiхто не спынiў нi разу, не запытаў, куды еду. Што значыць - канец вайне! Калi яна доўжылася, хоць тут, за мяжой, цi на нашай зямлi, у тыл за два-тры кiлямэтры ад фронту паткнуцца было немагчыма. Скрозь заслоны, шлягбаўмы, кантроль i праверка. Нават параненым трэба было мець дакумэнт - картку перадавога раёну. Крывавая рана яшчэ нiчога ня значыла. А цяпер... Хаця ўсё зразумела - вайна ж скончылася.

Вось нарэшце й той наш гарадок - ушчэнт разьбiтаю вулiцай ён узьнiк з-за павароту. Я пераехаў лiнiю нямецкiх акопаў, пасьля сваiх. Знаёмая вулiца, як i ўчора, была густа закiданая ўжо раструшчаным коламi друзам, кавалкамi дахоўкi; патыхала гаркотай недагарэлых пажарышчаў. Гэтаму не пашэнцiла, напасьледак не ўбярогся, як убераглiся тыя, што ад яго на захад. Лёс гарадоў, мабыць, як i лёс людзей, асаблiва ў вайну. Але шчасьце, што ацалеў знаёмы зарэчны катэдж з-за разьбiтага дому на рагу я адразу ўбачыў яго пад гарой, i сэрца маё радасна заляскатала ў грудзях.

Аднак, штось мяне трывожна штурханула знутры, як я згледзеў з мастка напаўрасчыненыя дзьверцы брамкi. Заўжды яны былi зачыненыя, i я пералазiў цераз iх зьверху. Кiнуўшы на зямлю ровар, я подбегам патрухаў да блiзкiх дзьвярэй. Але дзьверы... Што гэта? Чаму ўвесь нiз iх выламаны, а каменная сьцяна побач чарнее агнянай падпалiнай? Яшчэ не разумеючы, што гэта магло азначаць, я пiхнуў разламаныя дзьверы нагой i ступiў у знаёмы, як i тады цемнаваты, вэстыбюль.

I адразу ўбачыў яе.

Яе маленькае, бы ў падлетка, цела зьнерухомела на сьлiзкiх плiтках падлогi якраз на сярэдзiне вэстыбюля, дзе ўчора стаяў круглы столiк. З усёй вопраткi на ёй засталася толькi разадраная на грудзях кофтачка, кароткiя русявыя валасы разматлялiся вакол закiнутай на падлогу галавы, на востранькiм падбародзьзi сьцёк i запёкся струменьчык сукравiцы. Шырока расплюшчаныя вочы невiдушча глядзелi ў змрок высокага падстольля.

Я не дакранаўся да яе, толькi апусьцiўся побач на кукiшкi i сядзеў так, глядзеў, аглядаў яе мёртвы тварык i ня ведаў, што мне рабiць - плакаць цi, можа, крычаць? Дужа карцела выць i крычаць. Але хто мог пачуць мой крык, зразумець зьдзiчэлы мой боль? Страшэнную несправядлiвасьць гэтай пагiбелi? Вайны цi жыцьця наогул...

Калi надыйшло нейкае адхланьне, я ўстаў i ўпершыню азiрнуўся наўкола. У вэстыбюлi панаваў разгон. Усе дзьверы шафы былi расчыненыя, вакол на падлозе валялiся кнiгi. Лёгкiя зэдлiкi ляжалi ў розных месцах вэстыбюлю, столiка чамусьцi нiдзе не было вiдаць. Два скураныя крэслы, што стаялi каля сьцяны, былi ссунутыя са сваiх месцаў, зь iх парэзаных сядзеньняў тырчэў вiты дрот спружын. Марудна адыходзячы ад раптоўнай прастрацыi, я зазiрнуў праз расчыненыя дзьверы на кухню, дзе таксама ўсё было параскiдана, посуд пабiты, мэбля перакуленая. У наступным, болей прасторным памяшканьнi, мабыць, была сталовая з даўгiм сталом пасярэдзiне i цёмнымi карцiнамi на сьценах. Пустая, аздобленая залатой лепкай рама ляжала на стале, крэслы былi паваленыя i бязладна валялiся па ўсiм памяшканьнi. А ля наступных дзьвярэй з-за стала вытыркалiся на паркеце доўгiя ногi ў чорных з цёмна-сiнiмi лямпасамi штанах. Доктар Шарф быў застрэлены ў галаву, i лужынка крывi расьцяклася ад яго да дзьвярэй. Я прачынiў тыя дзьверы i адчуў перашкоду, далей якой яны не адчынялiся. Праз шчылiну аднак стала вiдаць у доле беленькая, бы дзьмухаўка, галоўка фраў Сабiны. Яна таксама была нежывая.

Я хадзiў пасярод гэтага дзiкунскага разгрому, перабiраў невiдушчым позiркам раскiданыя, патаптаныя, папсаваныя рэчы, вопратку, мэблю i не разумеў нiчога. Я быў панiшчаны, зьдзiўлены i прыгаломшаны. Хто гэта ўчынiў? За што? Скончылася ж вайна, як жа так? Цi гэта помста, цi рабаўнiцтва? Цi, можа, палiтыка? Зноў выйшаў у вэстыбюль. Абыякавая да ўсяго Франя цiхенька ляжала на ранейшым месцы. Дык вось як ёй наканавана скончыць жыцьцё. I калi! Напрыканцы вайны. На парозе мiру. Калi ў мяне нарадзiлася спадзяванка на тое жыцьцё. А ёй менавiта ў такi час суджана было памерцi. У свае васямнаццаць гадоў...

Я роўненька склаў уздоўж цела яе маленькiя рукi, самкнуў разам яе голыя, скрываўленыя ногi. Нелюдзi i гады! Гады i нелюдзi! Хто б яны нi былi - нашыя цi немцы! Бальшавiкi цi фашысты. Чаму не разьвярзьнецца зямля, не праглыне iх? Я падняў побач скамячаны квяцiсты абрус са столiка i роўненька накрыў iм Франю. Але што было рабiць далей?

Дужа пакутна было пазiраць на гэты разгромны вэрхал, бачыць нерухомыя скрываўленыя целы. За вайну я нямала нагледзеўся на забiтых, расшкуматаных снарадамi людзей - сваiх i немцаў. Але то былi мужчыны i салдаты. Тут жа маленькае юнае дзяўчо, маё нечаканае каханьне. Мне патрэбна была дапамога, хоць бы якое душэўнае апiрышча. Калi б побач былi сябры цi хоць бы мае хлопцы з узвода. Але iх не было, а што я мог адзiн? Iсьцi на дарогу, дзе сноўдалi аўтамабiлi невядомых вайсковых частак, прасiць афiцэраў - хто зь iх зразумеў бы мяне?

Што-небудзь тлумачыць я ня меў сiлы. Ды i каму тут справа да гэтай трагедыi ў багатым катэджы? З гэтымi аўстрыякамi ды iхнай служанкай? Мясцовыя ўлады? Дзе мне шукаць iх? Ды i цi ёсьць яны тут, у гэтым разьбiтым, учора яшчэ франтавым гарадку? Мабыць, тут панавала бязладзьдзе, i гэтая трагедыя найперш вынiк менавiта таго бязладзьдзя.

Можа, трэба было ехаць у полк? Але полк быў далёка, i я ня мог кiнуць тут Франю ды i гэтых няшчасных яе старых. Мабыць, трэба было даць iм якое рады. Апошняй на гэтай зямлi.

Ня ведаючы яшчэ пэўна, па што, я пабрыў у гарадок. Не па той зруйнаванай вулiцы, зь якой прыехаў сюды - пайшоў перавулкамi па-над рэчкай. Тут пашкоджаных дамоў трапляла менш, некаторыя былi з глуха зачыненымi аканiцамi i выглядалi пакiнутымi. Дзе-нiдзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелi вясновыя кветкi i зацьвiтаў бэз. За адным кустом ля фахвэркавай сьцяны я згледзеў чалавека. То быў немалады аўстрыяк у капелюшы, ён падмятаў закiданы друзам падворак i зьдзiўлена знерухомеў зь мятлой у руках.

- Паслухайце, там у катэджы забiтыя...

- Нiхтс фарштэйн, - выслухаўшы, крутнуў галавой аўстрыяк.

- Ну забiтыя, разумееце? Морд!

- Морд?

- Ну, морд. Там, у катэджы...

- Найн, найн! - апантана закруцiў галавой аўстрыяк. - Iх цывiль, нейтраль мэнш. Найн...

Не разьвiтваючыся, я скiраваў далей. Чорт бы яго ўзяў, гэтага нейтральнага мэнша. Цi ён зразумеў мяне, цi не захацеў зразумець. Я перайшоў на другi бок кароценькай ускраiннай вулiчкi. Якраз на рагу за невысокай цаглянай агароджай размаўлялi дзьве кабеты, i я паклiкаў iх з вулiцы. Сьпярша да агароджы падыйшла старэйшая, дзябёлая кабета ў фартуху, затым да яе засьцярожлiва наблiзiлася маладзейшая - худая i кашчавая, у мужчынскiм убраньнi i штанах.

- Прашу прабачыць фраў. Там - морд, разумееце? Трэба памагчы. Доктар Шарф унд фраў. Шарф унд фраў.

- Доктар Шарф! - жахнулiся кабеты. - Морд?

- Ну. Забiтыя. I дзяўчына, фройлен.

Яны штось хуценька загаварылi мiж сабой, а я каторы раз за вайну пашкадаваў, што колiсь абыякава паставiўся да нямецкай мовы. Шчыраваў у iншых школьных прадметах, а ў тым, якi найбольш спатрэбiўся б на вайне, ня надта. Я стаяў i маўчаў.

- Гэр афiцыр, - кiрхэ! Кiрхэ, фарштэйн? - пачалi абедзьве паказваць за рог дамоўкi.

Так, я пачаў здагадвацца, што трэба ў кiрху, пазелянелы шпiль якой тырчэў мiж уцалелых дахаў дзесь на краi гарадка. Дзiўна, што ён ацалеў у нядаўняй калатнечы, хiба яго засьцярог Бог. Яшчэ ня верачы, што там мне дапамогуць, я пабрыў туды па гарадзкiх перавулках i сапраўды праз трохi часу выйшаў да каменнай агароджы-сьцяны. Далей высiлiся старыя дрэвы i за вастраверхай брамкай вiдаць стаў шырокi ўваход у кiрху. Была яна ня дужа вялiкай, даволi змрочная з выгляду i старая. Я нясьмела ўвайшоў у сярэдзiну, дзе панаваў паўзмрок i прахалода, але далей, вiдаць было, гарэлi сьвечкi i чуўся цiхi, напаўголаса, сьпеў. Ступiўшы з-за калёны-слупа яшчэ некалькi крокаў, я ўбачыў купку людзей, што тоўпiлiся перад адкрытымi трунамi; за iмi з малiтоўнiкам у руках стаяў сьвятар. Тут адпявалi нябожчыкаў, цывiльных цi вайскоўцаў, я не разгледзеў. Мабыць, заўважыўшы мяне, аднекуль збоку зьявiўся чалавек у чорным, недаўменна прыпынiўся насупраць.

- Сьвяты айцец, - дрыготкiм голасам сказаў я. - Там морд, доктар Шарф...

- Доктар Шарф? - паўтарыў сьвятар роўным, як здалося, абыякавым голасам. Морд?

- Морд, - сказаў я. - Фраў i дзяўчына, фройлен.

- Фройлен? Драй морд?

- Драй морд.

Кароткiм рухам двух пальцаў сьвятар звыкла азначыў крыж на грудзях i нешта патлумачыў мне, хоць я й не зразумеў, што менавiта. Спакваля здагадаўся, што, мабыць, трэба пачакаць. Тады я выйшаў з гнятлiвага паўзмроку кiрхi на заценены дрэвамi падворак. Чакаць? Сапраўды так. Бо, мусiць жа, iм трэба аб чымсьцi дазнацца, а мне штось растлумачыць. Тут жа злачынства - забойства i рабаўнiцтва. Хоць сьвятары, вядома, ня сьледчыя. Але ж...

Так разважаючы, я нядоўга стаяў перад старой, бы закапцелай ад часу кiрхай, i каторы раз пакутна спрабаваў зразумець: хто? Хто iх панiшчыў - i гаспадароў, i дзяўчыну? Цi ўсе былi выпадковыя бязьвiнныя ахвяры, цi тут быў якi пэўны лягiчны намер? Можа, вiнаваты ва ўсiм той прыгожы знадворку катэдж? У нядобры час, вiдаць, атрымалi яго гэтыя Шарфы ў спадчыну. Хаця... Падумаўшы, няцяжка было здагадацца, хто мог тое ўчынiць. Ужо такое здаралася i ня толькi на аўстрыйскай зямлi. Летась на фармоўцы пад Луцкам перад строем палка былi расстраляныя двое з транспартнай роты. Гэтыя ўволю павесялiлiся - напiлiся i згвалцiлi на хутары жанчыну, забiлi яе сына-падлетка. Праўда, тыя не рабавалi. Мабыць, не было што. Тут жа зьявiлiся немалыя магчымасьцi i знайшлiся такiя, што не супроць пакарыстацца iмi. Тым болей у логаве зьвера, нялюдзкiм буржуазным грамадзтве...

Бедная Франя! Ратавалася ад вайны ў Эўропе, ды менавiта ў Эўропе вайна дагнала яе. Але чаму менавiта яе? Я ж во меў болей падставаў на сьмерць, а жыву.

У кiрху прайшлi яшчэ дзьве кабеты ў чорных капелюшах, зьдзiўлена паўзiралiся ў мяне, - мабыць, зусiм недарэчную тут iстоту. Я й сам увесь час адчуваў сваю тут недарэчнасьць, але я чакаў. На вялiкую прыязнасьць, вядома, разьлiчваць не даводзiлася. Хоць яны й ня ведалi пэўна, хто ўчынiў разбой у кватэры Шарфа, але, мабыць, здагадвалiся. А можа, i падазравалi. Таму я чакаў тут, ля кiрхi. Калi ўжо чаканьне маё гатова было скончыцца, аднекуль з завулку да брамы пад'ехала фура. Два бiцюгi, ледзьве варушачы тоўстымi, як бёрны, нагамi, пакорлiва спынiлiся насупраць. З пляскатай фуры саскочыў чалавек з паголеным тварам i бэрэтам на галаве. Убачыўшы мяне штось замычэў, замахаў рукамi, i я здагадаўся, што гэта - нямы.

З кiрхi выйшаў той самы сьвятар, якi са мной ужо гутарыў.

- Он прывазiт вэрсторбэнэ* кiрхэ бегрэбен**, - сказаў сьвятар.

* Нябожчыкi.

** Хаваць.

Здаецца, я яго зразумеў i выйшаў з-пад аркi. Нямко тым часам заляскаў раменнымi лейцамi, i мы рушылi па-над агароджай. Я iшоў наперадзе, фура ўвесь час адставала. Мусiць, я залiшне сьпяшаўся, а магутныя бiцюгi не маглi хутчэй.

Усё ж мы дабрылi-даехалi да злашчаснага катэджа над рэчкай. Тут усё было, як раней, калi я яго пакiнуў. Мы зь нямко спынiлiся перад дзяўчынай, i я прыўзьняў абрус. Згледзеўшы нежывую Франю, нямко загергетаў штось невыразнае, роспачнае, запляскаў аб сябе рукамi, выказваючы тым сваё гняўлiвае пачуцьцё. Я свае пачуцьцi, як мог, таптаў на сподзе душы, паказваць цi перажываць iх я ня меў ўжо сiлы. Удвух мы асьцярожна паклалi дзяўчыну на абрус i, трохi загарнуўшы, панесьлi на фуру. Тут ўжо я ня мог стрымаць слёз, i не пасаромеўся нямога. У каторы раз я праклiнаў усё на сьвеце. I сябе ў тым лiку. Навошта было яе кiдаць тут, трэба было ўчора забраць. Дык пабаяўся, пасаромеўся. Сваiх хлопцаў, камбата, "сьмершаўца". Цяпер вось не саромеюся, i не баюся. Нiкога. Але што карысьцi... За Франяй гэткiм жа шляхам на тым самым абрусе перанесьлi ў фуру доўгае цела доктара Шарфа i ягонае фраў. На шырокай фуры хапiла месца для ўсiх. Нямко накрыў абрусам нябожчыкаў, i мы рушылi тым жа шляхам да кiрхi. Нямко зь лейцамi iшоў па адзiн бок фуры, а я - па другi. Дзе-нiдзе з падворкаў i вокнаў на нашую сумную працэсiю пазiралi людзi, рэдкiя жыхары гэтага гарадка. Я ж не пазiраў нiкуды. Брыў, бы сьляпы, не адчуваючы нi вулiцы, нi людзей, нi перамогi. Здаецца, я выпаў з часу i перастаў адчуваць сябе. Мяне ашукалi. Людзi цi лёс. Цi вайна. А можа, перамога, якую цяпер безь мяне сьвяткавалi на той лугавiне. Мне ж выпала iншае сьвята. Чорнае сьвята бяды.

Як мы прыехалi да кiрхi, зь цьвiнтара выносiлi труны тых, каго адпявалi раней. Мы трохi счакалi, i тады да нашае фуры падступiлi людзi. Безь вялiкага смутку яны агледзелi забiтых, штось коратка перагаворвалiся, уздыхалi i жагналiся. Я стаяў збоку i чакаў, што яны падступяцца да мяне - можа, з крыўдай, папрокам цi лаянкай. Але нiхто на мяне не зважаў. Быццам i не прыкмячаў нават. I я думаў: няўжо яны столькi пахавалi, што iм ужо нiчога не цiкава? Хто i чаму забiлi? Хаця што б я сказаў iм? Што я сам ведаў? Па адной труне яны пераносiлi нябожчыкаў за кiрху. Я туды не пайшоў, толькi адыйшоўся пад засень дрэваў i назiраў здаля.

За кiрхай прыткнуўся да каменнай агароджы невялiчкi могiльнiк - дужа акуратныя, пасыпаныя жарствой дарожкi, заiмшэлыя магiльныя камянi з аблезлымi надпiсамi, прысадзiстыя лютаранскiя крыжы з чорнага i шэрага мармуру. У дальнiм канцы могiлкаў, дзе ўжо не было дрэваў, цяпер хавалi. Раскапаная зямля, чалавек пяць жанчын у чорным убраньнi. Цi ня там пахаваюць i маiх нябогаў? I Франю. Я хацеў пайсьцi паглядзець тую мясьцiну, ды не адважыўся. Я мусiў быць паблiзу ад уваходу ў кiрху.

Я ня ведаў, што рабiлася ў сярэдзiне кiрхi, куды мяне не паклiкалi i я ня йшоў. Я ўсё ня мог саўладаць сам з сабою. Часам гатовы быў зарыдаць, ды не рыдалася. Здушыла штосьцi ў горле i не адпускала. I я хадзiў так па дарожцы ля кiрхi - узад i ўперад. Людзi, што заходзiлi з вулiцы цi выходзiлi з кiрхi, не пераставалi са зьдзiўленьнем пазiраць на мяне. Але нiхто не запытаўся нiчога, быццам для iх усё было надта звычайнае. I тое, што тут хаваюць, i што тырчыць ля кiрхi савецкi афiцэр. А можа у той iх няўвазе было пэўнае стаўленьне? Я б не хацеў тое прызнаць, хоць i цалкам адмовiць таксама не было падставы.

Зрэшты, людзкiя адносiны да мяне цяпер ня дужа мяне цiкавiлi. Адзiная мая цiкавасьць была цяпер у царкве. Дзеля яе я тут i хадзiў - сюды i туды, туды i сюды. Я прыпамiнаў начны аповед Франi, нашыя зь ёй размовы. А таксама словы, сказаныя небаракам доктарам Шарфам. Тады я не пярэчыў нi наконт мiру, нi наконт вайны. Усё ж вайна для нас вялiкая школа, я шмат што спасьцiг на вайне. Нават i ў яе апошнiя днi. Найперш тое, што нiчога ня трэба баяцца. На вайне табе нiчога ня зробяць, апроч як заб'юць цi параняць. Тое i другое надта ўжо проста, амаль прымiтыўна. Здаецца, аднак, толькi пасьля вайны з твайго жыцьця могуць зрабiць пекла. Калi не захочацца i жыць.

Можа, праз гадзiну цi дзьве мяне паклiкалi, i я зразумеў, што наблiжаецца самае важнае. Сунуўшы ў кiшэню зьнятую з галавы пiлотку, увайшоў у паўзмрок кiрхi. Там ужо чакалi мяне два сьвятары. Худзенькая белатварая манашка ў чорнай хустцы была за перакладчыцу.

- Хай пан скажа, як былi змарлыя людзi, - зьвярнулася яна чамусьцi па-польску. Сьвятары ўважлiва пазiралi на мяне.

- Я ня бачыў, - хрыпата адказаў я. - Як прыехаў, яны ўжо былi мёртвыя. Iх забiлi.

- Хто iх зрабiв змарлымi?

- Ня ведаю.

- Какой iмець канфэсiя маладая паненка?

- Хто ведае. Можа, каталiчка.

- Добжа, - сказала манашка i штось загаманiла да сьвятароў па-нямецку. Тыя згодна пакiвалi галовамi. Болей яны нiчога не запыталiся, мабыць, тая справа для iх была ўжо звыклая. Яны падалiся да нябожчыкаў, i тады я зiрнуў у труну, што была на краi. Да падбародзьдзя прыкрытая чымсь, Франя ляжала цiхенька, нiбы жывая, i толькi прыкiдвалася мёртвай. Прыкiдвалася, аднак, назаўжды.

Купка людзей, што была ў кiрсе, пачала адпяваньне. Я не разумеў словаў, але ад шчымлiвай мэлёдыi адразу пачало выварочваць душу. Дужа баяўся не стрымацца, баяўся заплакаць. Сьлёзы засьцiлалi зрок, я ледзьве стрымлiваў iх, каб не паплылi з вачэй. Дзiва, што навакол ня плакаў нiхто, толькi сьпявалi, быццам у якiм экстазе, i гукi анёльскага харалу самотна луналi пад цёмным скляпеньнем кiрхi. Можа, гэта было апошняе пахаваньне вайны. Спазьнелае пахаваньне. Злыя сiлы вайны дабiралi свае ахвяры. Быццам ня ўсё дабралi за чатыры гады.

Як пачалi зачыняць векамi труны, я памкнуўся блiжэй, ды спазьнiўся i Франi больш не пабачыў. Чорнае века назаўжды схавала яе ад мяне. Людзi ўзялiся паднiмаць труны, каб вынесьцi iх. Усё ж мужчын тут было няшмат, труны выносiлi па адной. Як паднялi труну з Франяй, я таксама падставiў плячо. Труна была ня цяжкая, хiба велiкаватая для маленькага цела дзяўчыны. Мабыць таму, як iшоў, здалося, што яна там варушыцца. Але варушылася, мусiць, ад нашых нязладных крокаў. Мы абыйшлi кiрху i жвiровай дарожкай патупалi ў самы канец могiлак. Ля каменнай сьцяны ў куце было ўжо накапана некалькi купiн-магiл - тых, каго тут пахавалi раней. З апошнiх магiл узьлятаў угару жвiр, то заканчвалi сваю працу два далакопы. Адзiн зь iх быў той самы нямко ў сiнiм бэрэце, зь якiм мы езьдзiлi па забiтых. Франiну труну мы паставiлi на дол ля яе магiлы, i мужчыны вярнулiся да кiрхi па астатнiя. Трохi разважыўшы, я пайшоў зь iмi.

Калi ўсе труны былi вынесеныя, сьвятар з крыжам у руках сказаў сваю казань, усе захрысьцiлiся. Я таксама перахрысьцiўся. Затым тройчы перахрысьцiў труну Франi. Далакопы на вяроўках хутка i спрытна апусьцiлi труну ў яму.

Ну во i ўсё.

Як апусьцiлi астатнiх, я ўжо не глядзеў. Я закопваў Франю. Гарнуў i гарнуў рыдлёўкай на чорную накрыўку труны. Як яна схавалася пад жвiрам, крыху перадыхнуў i пачаў сунуць жвiр зноў. Так да самага верху магiлы. З рэшты жвiру, наскрэбенай побач, змайстраваў кароценькi, бы дзiцячы, пагорачак якраз у рост Франi. Заплаканая кабета ў чорным шалiку зводдаль моўчкi перахрысьцiла мяне. Што ж, дзякуй табе, добрая аўстрыячка. I пухам табе аўстрыйская зямля, мiлая мая зямлячка.

Нi з кiм не разьвiтаўшыся, я зморана пабрыў да брамы. Было не да разьвiтаньняў, не да падзяк. Не хацелася болей чуць нiчыiх i нiякiх словаў. Нi нават бачыць людзей. Я чуўся спустошаным i зьнясiленым. Толькi адыйшоўшыся па завулку ад кiрхi, надзеў на галаву пiлотку i азiрнуўся. Гэтак звычайна рабiў на вайне, калi куды меў патрэбу вярнуцца - каб лепей запомнiць шлях. Сюды я павiнен быў вярнуцца. Я меў цьвёрды намер на тое.

I - не вярнуўся нiколi.

РУЖОВЫ ТУМАН

Было iхнае сьвята, i яны з кветкамi i сьцягамi iшлi да скамянелага правадыра. Iграў аркестар. Блiшчэлi трубы, ад дажджу блiшчэў гранiт помнiка, гарадзкое навакольле адбiвалася ў мокрым асфальце. Усе былi бяз кепак цi капелюшоў - сiвыя, лысыя, з мокрым пушком галовы, сурова-пакутныя позiркi на старэчых тварах. Адзiн нес невялiчкi вазончык бягоняў, якi ашчадна трымаў аберуч, на сагнутай руцэ вiсела клюка. Сярод iншых старых ён вылучаўся шыкоўнай, белай, амаль дзедмарозаўскай барадой, што ляжала на ягоных далёка не багатырскiх, змарнелых грудзёх. Як падыйшоў за iншымi да пастамэнту, няспрытна сагнуўся i паставiў свой вазончык, а, выпрастаўшыся, нязграбна, бы саромеючыся, перахрысьцiўся.

- Глядзi, Барсук! - амаль з захапленьнем тузануў за рукаў сябра Вiнцэсь. Жывы, ты глядзi...

Так, гэта быў Барсук, жывы i быццам здаровы, якога Ляксей зь Вiнцэсем памяталi яшчэ з ваенных гадоў, як жылi ў тым гарадку, дзе пражыў вайну i гэты стары, глуханямы чалавек з прозьвiшчам цi мянушкай Барсук.

- I, здаецца, усё ранейшы, - не сунiмаўся Вiнцэсь.

Дзiўна, аднак, што ранейшы. Жыцьцё цi натура таму прычынай? Або, можа, ружовы туман падману, разьвеяцца якому ўпарта не даюць абставiны. Такiя, як у гэтым выпадку з Барсуком.

Ён зьявiўся ў тым гарадку-мястэчку пры бежанстве. У першыя днi вайны з Заходняй Беларусi ўперамешку з войскам рынулiся i шмат якiя з цывiльных. Адныя ехалi на вайсковых машынах, iншыя на фурманках, а болей iшло пехатой - з клункамi, валiзкамi, дзецьмi. Барсук вырваўся зь пекла, падобна, сам, адзiн. Усе ягоныя сямейнiкi недзе прапалi, i ён прыпынiўся, чакаючы iх, у мястэчку. Мабыць, думаў, часова, ды так i асеў на ўсе гады акупацыi. Жыў у старой бабкi ля рову, зарабляў, чым мог: капаў грады, сек дровы, а то рамантаваў абутак. Еў, што дадуць, часта галадаў, i ўсё чакаў, казалi, сваiх - жонку i двух дзяцей. Ды iшоў час, а сямейнiкi Барсука не аб'яўлялiся. Часам было яму дужа кепска, але ў лес ня йшоў. Ды i хто б яго ўзяў у лесе ў партызаны - якi набытак з глуханямога? Хоць часам да яго наведваўся суседзкi хлопец Валера, якi, як тое некаторыя ўведалi, меў справу зь лесам, i то прападаў на тыдзень-другi, то цiшком зьяўляўся ў гарадку. Барсук яму быў патрэбны, каб падрамантаваць боты, то наладзiць трафэйны гадзiньнiк, у якiм, як аказалася, неяк разьбiраўся Барсук.

Аднойчы гэты Валера заявiўся не адзiн, а зь незнаёмым хлопцам, сяржантам з дэсантнiкаў. У iх была адмысловая справа: апрабаваць прадуктовыя карткi. Так, звычайныя карткi рацыянаванага продажу крупаў, мукi, солi, якiя выдавалiся службоўцам нямецкiх установаў, i якiя наладзiлi падрабляць у лесе. Цi, можа, у якой гарадзкой друкарнi? Значыцца - фальшывыя карткi. Вядома, для такой апэрацыi апрабаваньня Валера мог бы паслаць сястру Нiнку цi цётку Ганулю, але ж, мабыць, iх было шкада. I ён вечарком з напарнiкам насыпаўся да Барсука.

Якраз у той тыдзень Барсук сядзеў бяз працы i бяз хлеба, даядаў апошнi чыгунок бульбы, што зарабiў за рамонт комiна ў суседзяў; солi ў яго не было даўно. А тут раптам двое лясных гасьцей, партызанаў, гэтак сардэчна пытаюцца: як жывеш? Спачуваюць i шчодра надзяляюць карткамi. На, схадзi ў лаўку, атавар, нам прынясеш i сабе возьмеш. Нам што-нiшто, галоўнае - цыгарэты, астатняе возьмеш сабе. Мы людзi ня сквапныя, мы савецкiя партызаны...

Барсук ня мог паверыць - такая раскоша! I такiя слаўныя хлопцы - гэтак сардэчна пашкадавалi адзiнокага дахадзягу-iнвалiда! На тым тыднi на рынку палiцаi адабралi ў яго здатныя боты, якiя хацеў памяняць на хлеб. Ды яшчэ далi высьпятка ў зад. Гэтыя ж во - задарма даюць карткi: маргарын, соль, мука...

Ён ня йшоў - ляцеў з тымi карткамi ў краму, дзе атрымаў усё, што належала. Гэтак жа шыбаваў дадому, дзе трохi засмуцiўся, бо хлопцы чамусь яго не дачакалiся. Яны прыйшлi толькi ўначы, распыталi, як i што. I яшчэ далi картак, якiя дужа тады падтрымалi згаладнелага Барсука.

Пасьля вайны Барсук некалькi разоў спатыкаў у гарадку пасталелага Валеру, i кожны раз цалаваў ягоныя рукi: такi слаўны быў той партызан. Гэтак уважыў старога! Асаблiва, калi даў Барсуку даведку, быццам той - сувязны партызанскага атрада асобага назначэньня "Гранiт". Менавiта тая даведка дала яму сiлы жыць пасьля страты сям'i. Праўда, неўзабаве ён выйшаў на пэнсiю з быткамбiнату, дзе рабiў на розных работах, i нават выбiўся ў майстры. Цяпер жа ён дужа перажываў распад СССР. Асаблiва як дазнаўся, што Валера вялiкi начальнiк, робiць не ў Беларусi i наўрад цi прыедзе на рэвалюцыйнае сьвята. I ўсё з прычыны кардонаў, мытняў, разрыву эканамiчных сувязяў. Валеру тут яшчэ памяталi з вайны, i найчасьцей успамiнаў яго зь цеплынёй у старэчым позiрку дзевяностагадовы Барсук. Ужо ён быў упэўнены, што Валера ня здрадзiў вялiкай справе Маркса-Энгельса-Ленiна. Ды i Сталiна таксама. I Барсук не хацеў здраджваць, бо здрада - заўжды кепска. Як пазванiлi з савету вэтэранаў, каб прыйшоў на ўскладаньне кветак да помнiка правадыру, ён i прыйшоў. Прынес свой апошнi вазончык зь бягонямi, бо трэба ж было ўважыць i правадыра, i змагароў за ягоную справу, i Валеру, i таго сяржанта, якiя некалi гэтак уважылi адзiнокага, пагарджанага нямога.

Зрэшты, пасьля вайны тая гiсторыя з Барсуком стала вядомая многiм.

Праўда, пра яе ня ведаў адзiн толькi Барсук. Цi варта было яму пра тое расказваць? Цi ён паверыць?

Можа, хай жыве ў сваiм ружовым тумане, дажывае век i носiць вазончыкi да падножжа помнiка. Тым болей, што цяпер можна ўжо перахрысьцiцца - адкрыта, i нават з замiлаваньнем...

ПАГОРАК

Позьняй веснавой ранiцай мы з капiтанам Лемешам сядзелi каля дымлiвага цяпельца i бавiлi час у ленай, нешматслоўнай гаворцы. Увогуле было маркотна, у мяне для радасьцi не было падставы. Капiтан жа мог бы i парадавацца, але яго, вiдавочна, займалi новыя думкi, далёкiя ад гэтага пагорка i дагарэлага на iм цяпельца. Учора да нас на НП перадалi загад па дывiзii, якiм капiтан Лемеш прызначаўся начальнiкам артылерыi суседняга палка. Для нядаўняга камандзiра батарэяў "саракапятак" гэта было падвышэньне, якое абяцала зусiм iншую вайну i службу, iншую, чым тая, што за немалы час добра агоркла капiтану. Тыдзень таму на Днястры мы страцiлi апошнюю нашу "саракапятку", якую ўшчэнт разьнёс нямецкi снарад. Байцоў, што засталiся ад батарэi, перадалi на папаўненьне ў стралковы батальён, а самi пяты дзень сядзелi на НП камандзiра палка. Ноччу, пакуль камандзiр спаў, мы дзяжурылi ў камандзiрскiм блiндажы, слухалi i глядзелi, што адбываецца на недалёкай перадавой, перазвоньвалiся з НП дывiзii. Вядома, мы разумелi, што гэтая наша служба - часовая. Полк вёў баi, спрабаваў наступаць, штодня нёс страты. У кожную хвiлiну нас маглi накiраваць куды заўгодна, але найбольш верагодна - у якi-небудзь стралковы батальён: капiтана - камандзiрам роты, а мяне - узводным. Каб не дарма елi салдацкi хлеб, як казаў капiтан. Аднак яму нечакана пашанцавала - яго ўжо не пашлюць у стралковую роту, цяпер ягонае месца ў палкавым штабе. Але што чакае мяне?

Капiтан быў чалавек выхаваны, паходзiў зь ленiнградзкiх iнтэлiгентаў, мабыць ён разумеў стан мае душы i памкнуўся мяне суцешыць.

- Ладна, не тужы, лейтэнант. Станем у абарону, падкiнуць гарматкi. Табе ж шмат ня трэба? Якiх пару...

- Хай не даюць, - няшчыра пярэчыў я. - Аўтамат знойдзецца.

- Аўтамат пасьпеецца...

Цяпельца то затухала, то пад лёгкiм ветрыкам пачынала бязьлiтасна дымiць, выядаючы вочы. Iсьцi па дровы ў недалёкi вiнаграднiк не хацелася. Тут быў схiл пагорка, на якiм з таго боку сапёры абсталявалi блiндаж назiральнага пункту. Там жа, за пагоркам, чутна было, грукацелi кулямётныя чэргi, але сюды кулi не заляталi, пагорак нас укрываў. Наперадзе ж перад намi разьлеглася даволi шырокая далiна, па той бок якой таксама на схiле вiдаць былi роўныя шнуркi вiнаграднiкаў i бегла крываватая палявая дарожка, абсыпаная абапал старымi i сьвежымi варонкамi ад выбухаў. Капiтан усё ўзiраўся туды, чакаючы пасыльнага, якi павiнен быў прыехаць па новага начарта. Але пасыльны затрымлiваўся, хаця ўжо гадзiну таму па тэлефоне перадалi, што паехаў.

- Ат, ладна, - сказаў капiтан i дастаў з-за пазухi алюмiневую пляшку. Давай вып'ем. Каб не апошнюю...

- Ну, вы цяпер маеце шанец...

- Шанец чаго? - насьцярожыўся капiтан.

- Ну, на жыцьцё, - адчуўшы пэўную няёмкасьць, сказаў я. Падобна было, капiтан пачуў у маiм голасе нейкiя ноткi зайздрасьцi. Але тое была ня зайздрасьць да яго - болей клопат за свой незайздросны лёс. Я, напэўна, адчуваў, што ня сёньня, дык заўтра апынуся ў стралковым батальёне, дзе, вядома, жыцьцё нядоўгае. Хоць яно i ў супрацьтанкавай батарэi не даўжэйшае, але ўсё ж... Усё ж во мы ўцалелi.

- На вайне нiхто ня ведае свой шанец, - растлумачыў капiтан. - Ну, глытнём!

Ён глытнуў сам i падаў мне пляшку, зь якой я глытнуў раз-два i папярхнуўся. Мусiць, то быў сьпiрт, ад якога адразу заняло дых.

- Ну во, - сказаў ён. - Каб табе тут шчасьлiва ваявалася.

- Дзякуй.

У той час унiзе, у лагчыне, а зусiм не на дарожным пагорку паказаўся чалавек, якi вёў на повадзе каня - мабыць, гэта й быў той, каго мы чакалi. Ад выпiтага сьпiрту цi ад усьведамленьня канца нецярплiвага чаканьня капiтан прыкметна ажывiўся, пiхнуў ботам канец галавешкi, ад якой пыхнула ў вочы ядучым дымам.

- Ты гэта во што... Калi там у батарэi недакамплект узводных, дык я цябе забяру. У свой полк.

- Ды ну! Цi варта...

- Варта, варта. Усё ж мы с табой разам з самай зiмы. Лiчы, чатыры месяцы.

- Чатыры месяцы...

- Можа, я цябе калi й дапёк, дык даруй. Знаеш, вайна - усё ж нэрвовая справа.

- Ды не. Я нiчога...

- Ага, не крыўдуй... А давай яшчэ па глытку! - з раптоўнай рашучасьцю сказаў капiтан i зноў выцягнуў з-за пазухi ватоўкi сваю пляшку. - Думаў, там на абмыўку. Але й тут дарэчы.

Мы й яшчэ глытнулi патроху, пакуль коньнiк узьяжджаў на пагорак. Гэта быў пажылы, вусаты баец у бушлаце, якi неўзабаве спынiўся перад цяпельцам i зважлiва папытаўся:

- Цi ня вы будзеце капiтан таварыш Лемеш?

- Угадаў! - сказаў камбат i ўскочыў, - рослы, энэргiчны, у туга аперазанай партупэяй ватоўцы. - Ну, лейтэнант, жывi да перамогi! На перамозе сустрэнемся.

Я таксама ўстаў, мы таропка абнялiся, i капiтан, прыняўшы ў пасыльнага повад, лёгка й спрытна ўскочыў у сядло. Не азiрнуўшыся, ён паскакаў рысьсю ўнiз, за iм, трохi адстаўшы, ехаў вусаты пасыльны. Я сеў на сваё ранейшае месца ля цяпельца. Мне было сумна й трохi зайздросна. Хоць надта зайздросьцiць я ня меў падставы: усё ж камбат быў старэйшы за мяне, ваяваў у палку ад самага Сталiнграда, узнагароджаны трыма ордэнамi, у тым лiку i Чырвоным Сьцягам, ня тое, што я - Чырвонаю Зоркай, ордэнам Ванек-узводных ды тылавiкоў-iнтэндантаў. Зноў жа ён быў ня з тых, хто любiў заграбаць жар чужымi рукамi, а калi трэба было, дык рызыкаваў i сабой. Як у тым выпадку на пляцдарме, калi стаў за прыцэл гарматы i паўдня адбiваў нямецкiя атакi. Мабыць, ён заслужыў нейкае права, каб цяпер, напрыканцы вайны, лепей уладкаваць свой лёс i, можа, дажыць да перамогi. Але хто не хацеў бы таго? Праўда, пра тое, каб выжыць, мы маглi толькi марыць. I то тайком ад самiх сябе, тоячыся ад уласнага сумленьня.

Ужо без увагi да згаслага цяпельца я сядзеў на схiле i пазiраў усьлед нядаўняму камбату. Унiзе палявая дарожка раздвойвалася, адна iшла напрасткi цераз пагорак з варонкамi, а другая, ледзьве прыкметная здаля, - у аб'езд па лагчыне, адкуль прыехаў пасыльны. Капiтан спусьцiўся з пагорка i троху прытрымаў каня, мусiць, вырашаў, па якой скiраваць дарозе. Здалося мне, нават трохi праехаў у лагчыну, але зараз жа збочыў i скiраваў на тую, цераз пагорак. Мабыць, гэтая была карацейшаю, а капiтану, вiдаць па ўсiм, не цярпелася. Тым болей, што немцы пакуль не стралялi, выбухаў паблiзу не было чуваць.

Шпаркай рысьсю капiтан паскакаў на пагорак i вось ужо выехаў на самы ягоны ўзлобак. I тады ўгары каротка вiскнула, i ля дарогi пыхнуў клуб мiннага выбуху. Сэрца ў мяне здрыганулася - ну, нашто ён паехаў туды? Пыхнуў i яшчэ адзiн пыльны клуб - па другi бок дарогi. Капiтан хвастануў каня, зрываючы на галоп, але тут жа ўгары пагрозьлiва завiскатала ў шмат галасоў, i некалькi выбухаў нячутна вырасьлi абапал дарогi, схаваўшы ў сабе коньнiкаў. Я ўскочыў на ногi, але з паўхвiлiны нiчога там згледзець ня мог - адно касяк пылу паволi поўз цераз дарогу. Як ён споўз адтуль, я ўбачыў толькi каня, што, дужа кульгаючы, бег кудысьцi па схiле. Другi коньнiк, што добра-такi адстаў ад першага, таропка заварочваў назад.

А за пагоркам ззаду ўжо ва ўсю забухала, загуло. Нямецкая артылерыя пачала бiць па ўсiм навакольлi, мiны рвалiся ў лагчыне i далей, не даючы нiкому высунуць носу з укрыцьцяў. Капiтана вынесьлi толькi ўночы, ягонае цела было амаль расшкуматанае асколкамi, i хавалi яго туга загорнутым у плашч-палатку.

Жывы прайшоў ад Сталiнграда да румынскай мяжы, а пагорка не пераехаў...

ПАЛIТРУК КАЛАМIЕЦ

Як сьцiхнуў пад вечар бой, асеў на зямлю ўзьняты бамбёжкаю пыл, i ў высокiм нябесным абшары запалiлiся першыя зоркi, кампалка Пахомаў i палiтрук Каламiец вылезьлi з бомбавай варонкi i агледзелi тое, што засталося ад занятага iмi ўчора чыгуначнага разьезда. Разьезда не было. Глiнабiтная казарма для рабочых i пакгаўз побач нагадвалi аб сабе адно чорнымi гарбамi на краi гэткага ж чорнага неба. Ад шэрагу стромкiх таполяў ля дарогi засталiся скалечаныя выбухамi абломкi; расшчэпленыя камлi, бы растапыраныя пальцы, тырчэлi з разварушанай зямлi. "Добра яшчэ, што засталiся гэтыя таполi, а то было б i не пазнаць разьезда", - думаў палiтрук. Надвячоркам пасьля жорсткай бамбёжкi нельга было й меркаваць, што тут хоць нешта застанецца - i ад гэтага разьезда, i ад пехацiнцаў, што акапалiся побач у сухой, скамянелай зямлi.

Уначы дзённая сьпёка паволi ацiхала, але гарачы сухавей са стэпу нес мала прахалоды. Разгарачанае цела гарэла пад спатнелай абмундзiроўкай, дужа хацелася пiць. На бяду, калодзеж ля казармы таксама быў разварочаны i засыпаны. Байцы з сапёрнага ўзводу неяк спрабавалi дагрэбцiся да вады. Але калi тое будзе.

Палiтрук Каламiец, мiж тым, доўга i старанна страсаў зь сябе пыл i зямлю, а кампалка сядзеў нерухома, апанураны i самотны. Нязбыўны клопат пра ваду пачаў выцясьняць зь ягонае галавы ўсе ранейшыя клопаты. Вада патрэбная была байцам, патрэбная для кухнi, а найболей - для кулямётаў "максiм", тры зь якiх ужо абязводзiлiся i не стралялi; у два астатнiя сабралi рэшту вады зь бiклагаў. Сёньня полк стрываў шэсьць жахлiвых бамбёжак - сьпярша трох "хейнкеляў", пасьля дзевяцi i пятнаццацi, а пасьля нiхто й не лiчыў. Праўда, людзкiя страты былi ня дужа вялiкiя, усе ж байцы пасьпелi акапацца наводдаль ад чыгункi ў полi. Ды, на бяду, забiла двух апошнiх коней, што вазiлi палкавую кухню, i цяпер нi правiянту, нi вады прывезьцi не было чым. Мабыць, сапраўды засталося памiраць на гэтым праклятым разьезьдзе, - думаў кампалка, - бо дзявацца тут не было куды. Адсюль ужо не адступiш, як адступалi ад самага Варонежа. Учора, калi яны занялi гэты разьезд, конна прыехаў даручэнец камдыва i прывез, каб расьпiсацца, загад Вярхоўнага пад нумарам 227 з назвай: нi кроку назад! Памры, але не адступi. Тое тычылася ўсiх: ад камандарма да апошняга байца, што б ён нi абараняў - горад цi гэткi во разьбiты, амаль зраўняны зь зямлёй стэпавы разьезд. Даручэнец паведамiў таксама, што ўжо ёсьць i вынiкi невыкананьня загаду: у суседнiм палку аддалi пад трыбунал аднаго камбата i расстралялi на месцы ПНШ па разьведцы.

- Дык што рабiць будзем, камiсар? - няўцямна пытаўся заклапочаны камандзiр палка.

- Будзем стаяць, - проста адказаў палiтрук Каламiец. - Што ж застаецца.

- Нiчога не застаецца, - скупа пагадзiўся кампалка. Абмяркоўваць загад не належала, лепш было памаўчаць.

- А дзе тая станiца, цi далёка? - з новым клопатам загаманiў палiтрук, прыпамятаўшы, як той даручэнец камдыва перадаў яшчэ адзiн загад - вусны - са штабу дывiзii: уначы атрымаць папаўненьне. Колькi было таго папаўненьня, невядома, але найперш належала правесьцi зь iм палiтработу - тым болей цяпер, калi прыйшоў такi важны загад. То была справа палiтрука, i Каламiец затурбаваўся.

- Арцюха папытайце. Якi з санузводу, - сказаў кампалка. - Ён раненых вадзiў, ведае.

Каламiец устаў з краю варонкi i пайшоў у цемру, цiха аклiкаючы Арцюха. Неўзабаве каржакаватая постаць у пiлотцы невыразна заварушылася ў змроку.

- Пойдзем у станiцу. Дарогу ведаеце?

- Дарогу? Ды во, наўпрасткi, цераз стэп, - глуха азваўся баец, папраўляючы на плячы вiнтоўку з прымкнёным штыхом.

Каля паваленых паўз дарогу таполяў яны скiравалi ў стэп.

Пасьля няспыннае дзённае калатнечы прыемна ўражвала начная, амаль мiрная цiша, далiкатна парушаная адно цiхманым стракатаньнем цыкадаў. Боты дужа хрускалi ў наскрозь прапыленым стэпавым быльнягу. Блiзка баёў не было чуваць, толькi дзесь на захадзе на краi неба час ад часу пыхала агняная пыхаўка, ды таўкла зямлю далёкая арткананада. А так навокал усё сьцiхла, змарнела, затаiлася. "Цi надоўга, аднак, - думаў палiтрук. - Хiба да ранку..."

- Адкуль родам, Арцюх? - спытаў ён байца, што моўчкi сунуўся ззаду.

- Я? Ды з курскiх.

- Курскi салавей?

- Ну.

- З гораду, сяла?

- Ды з калхозу, - выдыхнуў Арцюх. - Калхозьнiк.

Ён тое мовiў так проста, нiбы ўсё астатняе было зразумела адразу, i ня трэба было нi пра што пытацца. Палiтрук i не пытаўся. Ён таксама зь сяла, хоць i ня з курскага - са смаленскага, хоць i не калгасьнiк - настаўнiк. Два гады перад вайной працаваў дырэктарам сельскай школы, а перад тым - як партыец актыўна заганяў сялян у калгасы, раскулачваў, ссылаў, падпiсваў на пазыкi, спаганяў падаткi, рабiў усё, што рабiлася ва ўсёй краiне. Калгаснае жыцьцё яму было добра знаёмае i цяпер не выклiкала жаданьня нi што абмяркоўваць, нi нават успамiнаць. Яго куды болей гняла iхная невясёлая рэчаiснасьць на разьезьдзе ды гэты жахлiвы сталiнскi загад. Паратунак заўжды на вайне быў у тыле, куды адступалi, часам задавалi драпу, драпам i ратавалiся. А цяпер во за адступленьне без дазволу - трыбунал. Такая ганьба... Небясьпека навальвалася з двух бакоў: звыклая - з боку немцаў, i новая - з тылу, ад сваiх. Калi ўжо такi загад самога Сталiна, дык лiтасьцi ад начальства ня будзе - нi да байцоў, нi да камандзiраў. Добра, калi пашанцуе з папаўненьнем, дадуць абстраляных байцоў. А калi навабранцаў, запасьнiкоў? Ды яшчэ горш - чорнагаловых зь Сярэдняй Азii, якiя нi бяльмеса, i ўсё. Вось тут i выконвай загад Вярхоўнага.

Палын жорстка шархацеў пад кiрзачамi, палiтрук прыбаўляў кроку. Усё ж за кароткую ноч трэба было пасьпець туды i назад. Як бы да золку не спазьнiцца. I яму здалося, што Арцюх адстае, ён азiрнуўся раз i другi, трохi замарудзiў крок. А можа, той зусiм хоча адстаць? Такiя маўчуны здольныя на рознае, хто ведае, што яны носяць у сабе, - падумаў палiтрук. Цi мала ўжо такiх, маўклiвых i гаваркiх, пазьнiкала за кароткiя ночы iхнага адступленьня, i нiхто ня бачыў, куды. Але ведама, куды - дамоў. "Хутчэй нельга?" - з дакорам цiха гукнуў ён, павярнуўшыся, i Арцюх буркнуў штось невыразнае ў адказ, але не прысьпешыў хады. Вядома, байцу што, мабыць, байца за адступленьне пад трыбунал не аддадуць, аддадуць камандзiраў i яго, палiтрука. Хоць больш, чым ад камандзiраў, той загад залежаў усё ж ад байцоў: пабягуць у горкi час цi выстаяць? Калi пабягуць, не стрываўшы, тады, пiшы, усё прапала. Паспрабуй, утрымай iх сярод гэтага прагорклага ад палыну стэпу, - невясёла разважаў палiтрук.

Усё ж яны дабрылi ў начной цемрадзi да станiцы i за полем сланечнiку ў садку ня так убачылi, як адчулi цiхае варушэньне мноства людзей. Палiтрук, пытаючыся ў начных сустрэчных, знайшоў у суседняй хатцы камандзiра гэтай маршавай роты, гаваркога малодшага лейтэнанта, якi тут жа растлумачыў, што мае загад усю роту перадаць у ягоны, палiтрукоў, стралковы полк. Каламiец пацiкавiўся, якi то народ, i малодшы лейтэнант патлумачыў, што ўсе з запаснога палка, якi фармаваўся на Саратаўшчыне, усе нядаўнiя запасьнiкi. Моладзi мала, болей людзей сталага веку. У запасным павучылiся месяц-другi, атрымалi вiнтоўкi i - на фронт. Балазе, цяпер недалёка, фронт прыкацiўся пад самыя сьцены саратаўскiх сёлаў, так што...

Так што з гэтымi во дзядзькамi, што абселi садок i падворак i цiха, з затоенай увагай, пакурвалi свае самакруткi, i трэба iсьцi ў полк, абараняць разьезд. Заўтра ён будзе перамагаць цi памiраць - ваяваць, ня маючы права адступiць i на сотню мэтраў, як сказаў учора даручэнец камдыва, i як патрабуе сталiнскi загад. Добра яшчэ, калi немцы ня пусьцяць танкi. Хоць i ўчарашняй бамбёжкi, мабыць, хопiць для гэтых неабстраляных вясковых дзядзькоў. Сам палiтрук пад вечар, калi паўтара дзясятка "хейнкеляў" з уключанымi сырэнамi амаль коламi дратавалi разьезд, думаў, звар'яцее ад таго катаваньня грымотай. А як iм? Ды ўпершыню?..

Ён атрымаў пяцьдзясят шэсьць чалавек, як-колечы выстраiў iх - кожнага з ладным сiдарам за сьпiной, з шынэльнаю скаткай цераз плячо, - i павёў у стэп. Трохi адышоўшыся ад станiчнай ваколiцы, прыпынiў усiх ля цёмнай сьцяны сланечнiку. Да сьвiтанку яшчэ заставалася якiх пару гадзiн, разьезд быў недалёка. Мусiць, самы раз было правесьцi палiтбяседу наконт загаду растлумачыць, пагаманiць, заклiкаць, без чаго не абыходзiлася нiводная прыёмка на фронце. Такi на вайне быў найпершы палiтрукоў абавязак, i Каламiец стараўся выконваць яго сумленна.

Iншая справа, як тут гаварыць, якiмi карыстацца словамi, каб дайсьцi да салдацкага сэрца, калi вораг побач, часу ў абрэз, а зброя... Цi хоць дакапалiся там да вады, - з трывогай падумаў палiтрук. А то заўтра застануцца без кулямётаў, i тады нiякi загад не паможа. Нават сталiнскi.

- Сядай усе, - сказаў палiтрук. - I блiжэй да мяне... Чулi пра новы загад таварыша Сталiна?

- Чулi... Казалi, - глухавата азвалiся некалькi галасоў сьпераду. Байцы старанна i зморана рассаджвалiся ў ссохлым стэпавым быльнягу. Палiтрук трохi счакаў, калi сьцiхне наўкола шорхат, i пачаў сьцiшана, па магчымасьцi пранiкнёна, каб лавiлi кожнае яго слова.

- Таварышы, каварны вораг ужо ў сэрцы нашай радзiмы, i таварыш Сталiн загадаў: нi кроку назад, i мы павiнны памерцi, каб гэты загад выканаць, далей шляху для нас няма...

Ён яшчэ гаварыў, стараючыся як мага больш сардэчна i проста, але штосьцi атрымлiвалася ўсё ня так, як хацелася. I ён быў незадаволены сваiмi словамi, якiя здавалiся цяпер ня тымi i не такiмi. А як змоўк, пачакаў трохi, перш чым пачаць зноў. I тады пачуў сьцiшаны, нейкi далёкi ад ягоных памкненьняў голас кагосьцi з заднiх у гэтай сацьмелай купцы людзей:

- А сьняданак будзе, таварыш палiтрук?

- Сьняданак будзе, будзе сьняданак, таварышы. У нас, ведаеце, выйшла няўпраўка з вадой, завалiла калодзеж...

- Гэтак? - сказаў хтось паблiзу зь недаверам цi нават са спачуваньнем так i не зразумеў палiтрук.

- Ведаеце, на фронце баi, усё здараецца. Коней пабiла, пабiла бомбаю, дык вось, ведаеце... Але мы, байцы Чырвонае Армii, паводле прысягi павiнны стойка пераносiць усе нягоды вайсковай справы i перамагчы. Мы i пераможам! Мы выстаiм, таварышы, i выканаем загад таварыша Сталiна, пераможам Гiтлера i даможамся лепшага жыцьця... Добрае жыцьцё настане, - казаў ён, аднак, трацячы звыклы працяг размовы, i раптам сказаў пра iншае: - I калгасаў ня будзе. Таварыш Сталiн распусьцiць калгасы, каб жылi, як раней. Як пры Ленiне, раптам нечакана для сябе скончыў палiтрук i аж унутрана закалацiўся ад уласнай нязвыклай рашучасьцi. Людзi перад iм неяк дзiўнавата прыцiхлi ў змроку, бы насьцярожылiся. Нiхто не сказаў нiчога, не папытаўся, не запярэчыў, але, здаецца, нiбы ўзбадзёрылiся, бы ачнулiся душою ў сваёй даўняй звыклай паныласьцi. I ён таксама падобна ўзбадзёрыўся.

- Ня будзе калгасаў, я вам кажу, будзе iнакшае жыцьцё, толькi нам выстаяць цяпер, як патрабуе таварыш Сталiн: нi кроку назад!

Вымавiўшы тое, палiтрук Каламiец адчуў, што сказаў усё. Выклаў усе свае красамоўныя прапагандавыя козыры. Фальшывыя, праўда, сам разумеў, але i самыя патрэбныя. Больш i лепшых козыраў у яго ўжо не было. I ён сам гатовы быў у iх паверыць. Мабыць, павiнна быць так. Бо як iнакш? Астатняе ўжо залежала не ад яго - залежала ад ворага, франтавых абставiнаў, гэтых во змораных саратаўскiх дзядзькоў, якiя нядаўна яшчэ, перад вайной, перажылi - ня дай Бог нiкому. У шпiталi адзiн камандзiр пацiху расказваў, як у трыццатыя на Саратаўшчыне вымiралi калгасныя вёскi. Бывала, елi чалавечыну, такi лютаваў голад. Помнячы такое, наўрад цi выстаiш i выканаеш загад. Нават самога госпада Бога.

Празь якую гадзiну палiтрук Каламiец правёў маршавую роту на зруйнаваны разьезд, спынiў у цемрыве каля варонкi кампалка Пахомава. Скалечаныя таполi цiха шумелi рэштаю лiстоты на перадранiшнiм ветрыку; смылелi ўдушлiвым нафтавым дымам недагаркi шпалаў. Вады не было, яшчэ не дакапалiся. Зь зямных нетраў iшла хлiпкая гразь, зь якой некаторыя цадзiлi ў круглыя кацялкi. Залiваць у паходную кухню не было чаго, сьняданак спазьняўся.

Шмат хто з байцоў у той дзень так i не пасьнедаў, некаторыя не пасьнедаюць нiколi. Як з-за счырванелага небакраю выкацiлася адразу сьпякотнае сонца, зноў наляцелi "хейнкелi". Хвiлiн дваццаць яны дзяўблi бомбамi дашчэнту паруйнаваны разьезд, пасьля рэйкi па абодва бакi ад разьезда, разьбiлi паходную кухню, што тулiлася збоч ад абгарэлага штабэля шпалаў. Толькi самалёты адляцелi на захад, як са стэпу паявiлася пяхота з бронетранспарцёраў. Воддаль, у прасяным полi, транспарцёры спынiлiся, а пяхота кiнулася да задымленых руiнаў разьезда. I тады з флангаў ударылi запраўленыя вадкай гразёю "максiмы". За iмi пачалi дружна бахаць вiнтоўкi - саратаўцы ўжо пасьпелi акапацца ў неглыбокiх вузенькiх норах-акопчыках i, не спыняючыся, бiлi i бiлi ў проса. I - о, дзiва! Немцы пачалi па адным перабягаць назад да сваiх транспарцёраў, якiя ўжо давалi заднi ход. "Галоўнае - выстаяць! галоўнае выстаяць!" - паўтараў цi то ў думках, цi ўголас аглушаны бамбёжкай палiтрук Каламiец, што побач з кампалка тулiўся ўсё ў той жа глыбокай варонцы. На яе дне, да пояса засыпаны зямлёй, зьнерухомеў над сваiм апаратам баец-тэлефанiст. Але сувязi, здаецца, не было. Палiтрук i кампалка адчувалi тое, ды не пыталiся, думаючы, што, можа, гэтак i лепей. У такiм няпэўным становiшчы iм лепей было бяз сувязi - яе адсутнасьць вызваляла iх ад кепскiх дакладаў i начальнiцкага гневу. Лаянкi таксама.

А пасьля былi й яшчэ дзьве бясконца даўгiя атакi. Немцы разьбiлi на правым флангу "максiм" i зачапiлiся за дымны ад шпалаў канец разьезда, дзе былi стрэлкi. Тады той самы Арцюх з групай сваiх i саратаўцаў падабраўся пад агнём да стрэлак i гранатамi выкурыў немцаў з-за шпалаў.

Пад вечар неяк паволi ўсё сьцiхла, немцы з проса кудысь прапалi, зьехалi ў iншым кiрунку, цi што. Стараной у небе iшла самалётная гайня - падобна, "хейнкелi" бамбiлi суседнюю станцыю. Кампалка з запыленым, аброслым сьветлаю шчэцьцю тварам павярнуўся да свайго палiтрука i зь нейкаю дзiцячай радасьцю ў вачах мовiў:

- Выстаялi, ага?

Менавiта з таго часу, як у прасяной нiве пахавалiся немцы, i паволi ацiхла бязладная стралянiна на разьезьдзе, у палiтруковай душы заварушылася трывожная вужака сумневу. Учора ён быў амаль упэўнены, што не перажыве гэтага дня (ды яшчэ пад такiм строгiм загадам), i дбаў толькi пра адно: выстаяць. Ня даць гэтым байцам пабегчы i здаць немцам разьезд. I вось не пабеглi i не здалi. Нечакана i ён ацалеў. I нават не паранены. I жывы i радасны камандзiр палка. Але...

Ну, нашто яму было ўначы гаварыць пра тыя калгасы?

Як яшчэ пацямнела, на разьезд прыскакаў конны пасыльны са штабу дывiзii i перадаў вусны загад генэрала адысьцi да станiцы. Памятаючы iншы загад, кампалка яму не паверыў, запатрабаваў пiсьмовага загаду. Але пакуль пасланец езьдзiў па стэпе, са штабу прыцягнулi провад, i неўзабаве кампалка пачуў знаёмы генэралаў голас. Сапраўды, камдыў загадваў адысьцi. Мабыць, сталася так, што, хоць полк i выстаяў, затое ня выстаяў суседнi, i немцы бралi дывiзiю ў абцугi. Трэба было сьпяшацца. Байцы таропка закiдалi зямлёй шасьцярых забiтых у акопчыках, узялi на рукi два дзясяткi параненых. Ужо ў абсалютнай цемрадзi калёнай рушылi цераз стэп да станiцы. Саратаўцы перамяшалiся са старымi стралкамi i моўчкi цягнулiся ўсе разам, на хадзе жуючы сухары. Наперадзе ад усiх iшоў кампалка, i поруч зь iм - апанураны палiтрук.

Як толькi полк увайшоў у станiцу, ля садка, дзе ўчора зьбiралася папаўненьне, iх спынiла група камандзiраў. Тут быў начальнiк штабу дывiзii, яшчэ нейкiя чыны. Кампалка далажыў пра iхныя справы, i начштабу пахвалiў полк. Але адзiн цi два камандзiры зь яго штабное групы падышлi блiжэй да калёны, i той, што быў наперадзе - камлюкаваты чалавек у камандзiрскай фуражцы, спынiўся каля палiтрука.

- Каламiец? - нягучна спытаўся ён, зблiзку ўзiраючыся ў палiтрукоў твар.

- Я.

- Прайдзёмце са мной.

Каламiец зразумеў усё: то быў начальнiк асобага аддзелу дывiзii. Той аддзялiў палiтрука ад палкавой калёны i павёў кудысь на падворак да хаты, сьцяна якой цьмяна бялела за кветнiкам.

Болей палiтрука Каламiйца ў палку ня бачылi.

"КАЦЮША"

Абстрэл цягнуўся ўсю ноч - то крыху слабеючы, нават прыпыняючыся, то разгараючыся з новаю сiлай. Бiлi найбольш мiнамёты. Iхныя мiны з прарэзьлiвым вiскам рэзалi паветра ў самым зэнiце, вiскат набiраў сiлу - i неўзабаве абрываўся рэзкiм аглушальным выбухам. Праўда, бiлi болей у тыл, па недалёкай вёсцы, туды iшло цераз неба страхавiтае мiннае скуголеньне, i там пыхалi блiскавiцы выбухаў. Тут, на дзiрванiстым пагорачку, дзе зьвечара акапалiся аўтаматчыкi, было трохi зацiшней. Але гэта, мабыць, таму, - думаў памкамузвода Мацюхiн, - што аўтаматчыкi занялi гэты бугор, лiчы, у прыцемку, немцы тут iх, мабыць, яшчэ ня згледзелi. Але згледзяць, вочы ў iх вiдушчыя, оптыка таксама зоркая. Да паўночы ён хадзiў ад аднаго аўтаматчыка да другога - прымушаў акопвацца. Тыя, аднак, ня дужа налягалi на свае лапаткi, забегалiся за дзень i цяпер, наставiўшы каўняры шынялёў, болей ладкавалiся кiмарнуць. Але, мусiць, адбегалiся. Наступленьне, здаецца, выдыхалася, за ўчарашнi дзень узялi толькi вунь тое дашчэнту разьбiтае, спаленае сяло i на гэтым бугры заселi. I нават начальства перастала падганяць: за ноч да iх нiхто не зьявiўся - нi са штабу, нi з палiтаддзелу, таксама, мабыць, уходалiся за тыдзень, наступаючы. А галоўнае - выдыхлася артылерыя: цi куды перакiнулi, цi забракавала снарадаў. Учора пастралялi крыху палкавыя мiнамёты i сьцiхлi. У восеньскiм полi i захмараным небе адно вiскаталi i з трэскам ахалi нямецкiя мiны, здаля, ад ляска, джагалi iхныя кулямёты, з участка суседняга батальёна iм часам адказвалi нашыя "максiмы". Аўтаматчыкi ж пераважна маўчалi. Па-першае, было далекавата, а па-другое, бераглi патроны, якiх таксама засталося ня Бог ведае колькi. У самых гарачых - па адным дыску на аўтамат. Памкамузвода думаў, падвязуць ноччу, ды не падвезьлi, мусiць, адсталi, заблукалiся цi перапiлiся тыя тылы, так што ўся спадзёўка цяпер на самiх сябе. Таму, што будзе заўтра аднаму Богу вядома. Раптам папрэ немец, што тады рабiць? Па-сувораўску адбiвацца штыхом ды прыкладам? Але дзе той штых у аўтаматчыкаў, ды й прыклад надта кароткi.

Не зважаючы на восеньскую сьцюжу, пад ранак кiмарнуў у сваёй ямцы-акопчыку i памкамузвода Мацюхiн. Не хацеў, а во не стрываў. Пасьля таго, як лейтэнанта Клiмоўскага аднесьлi ў тыл, ён цяпер камандаваў узводам. Лейтэнанту здорава не пашанцавала: асколак нямецкае мiны добра-такi крамзануў яго ўпоперак жывата, выпалi кiшкi, невядома, цi ўратуюць лейтэнанта i ў шпiталi. Летась Мацюхiн быў паранены ў жывот, але не асколкам - куляй, таксама натрываўся болю i страху, але неяк выкараскаўся ад кашчавай. Тады яму ўвогуле пашэнцiла, бо паранiла побач з дарогай, па якой якраз iшлi парожнiя машыны. Яго ўвалiлi ў кодаб, i праз гадзiну ён быў ужо ў санбаце. А калi вось так, з вываленымi кiшкамi, цягнуць цераз поле, штораз падаючы пад выбухамi...

Таму Мацюхiну трывожна i клопатна, усё трэба дагледзець самому, камандаваць узводам i бегаць па выклiках да начальства, дакладваць, апраўдвацца i слухаць нэрвовыя начальнiцкiя мацюгi. I, тым ня менш, стома перамагла неспакой i ўсе ягоныя клопаты, старэйшы сяржант задрамаў пад вiскат i выбухi мiнаў. Добра, побач ужо акапаўся малады ўвiшны аўтаматчык Казыра, памкамузвода загадаў яму назiраць i слухаць, спаць - нi-нi, нi ў якiм разе iначай бяда. Немцы таксама спрытныя ня толькi ўдзень, але i ўначы. За два гады вайны Мацюхiн нагледзеўся рознага.

Неўпрыцям заснуўшы, Мацюхiн адчуў сябе нiбыта дома, быццам ён задрамаў на прызьбе ў нейкай дзiўнай зьнямозе; можа, п'яны, i быццам суседзкая сьвiньня сваiм сьцюдзёным лычом тыкаецца ў ягонае плячо - цi ня хоча схапiць за яго зубамi. Ад непрыемнасьцi памкамузвода прачнуўся i адразу адчуў, што за плячо яго сапраўды хтось тузае - будзiць, цi што.

- Што такое?

- Гляньце, таварыш памкамузвод!..

У шэрым сьвiтальным небе над акопчыкам хiлiлася танклявая постаць Казыры, якi ўзiраўся, аднак, ня ў бок немцаў, а ў тыл, яўна там чымсь зацiкаўлены. Трываючы ранiшнюю дрыжаку ў целе, Мацюхiн прыўстаў на каленях i згледзеў непадалёк цёмны грувасткi абрыс аўтамабiля з коса настырчаным верхам; там жа цiха i стрымана варушылiся людзi.

- "Кацюша"?..

Мацюхiн усё зразумеў i цiха, сам сабе вылаяўся. То рыхтавалася да залпу рэактыўная "кацюша". I адкуль яе прынесла сюды? I чаму менавiта сюды, на гэты бугор, да ягоных аўтаматчыкаў?

- От цяпер зададуць немчуры! От зададуць! - радаваўся Казыра.

Iншыя байцы з блiжнiх ямак-акопчыкаў таксама, вiдаць, заiнтрыгаваныя нечаканым начным суседзтвам, павылазiлi на паверхню. Усе зь цiкавасьцю сачылi, як ля аўтамабiля стрымана варушылiся артылерысты, карпатлiва ладзячы свой знакамiты залп. "Чорт бы iх узяў зь iх залпам!" - нэрваваўся памкамузвода, якi ўжо ведаў кошт гэтых залпаў. Карысьць, хто ведае якая, за полем у тым ляску ня многа пабачыш, а клопату, глядзi, наробяць...

Мiж тым над полем i ляском, што ўжо зачарнеўся наперадзе, патроху пачало сьвiтаць. Праясьнела хмарнае неба ўгары, дзьмуў сьвежаваты вецер, вiдавочна зьбiралася на дождж. Памкамузвода ведаў, што калi папрацуюць "кацюшы", дык абавязкова пасыпле дождж. Урэшце там, ля машыны, мiтусьня нiбы прыцiхла, усё, здаецца, замерла, некалькi чалавек адбеглiся далей, за машыну, данесьлiся глухаватыя словы нейкай артылерыйскай каманды. I раптам над галовамi ў паветры рэзка вiскнула, загуло, засквiрчэла, агняныя хвасты ўдарылi ў зямлю за машынай, цераз галовы аўтаматчыкаў пырхнулi i зьнiклi ракеты. Воблака пылу i дыму, закруцiўшыся ў белай вiхуры, ахутала "кацюшу", частку акопчыкаў i пачало расплывацца па схiле пагорка. Яшчэ ня сьцiх гул у вушах, як там ужо закамандавалi - на гэты раз гучна, ня тоячыся, са злоснай рашучасьцю, да машыны кiнулiся людзi, хутка паўскоквалi на яе падножкi, i во яна праз рэшту ўзьнятага залпам пылу пасунулася з пагорка ўнiз да сяла. У той час наперадзе за полем i ляском грымотна загрукала - чарада раскацiстага працяглага рэха данеслася з далечынi.

- О, даець, о даець немчуры праклятай! - зьзяў маладым курносым тварам аўтаматчык Казыра. Iншыя таксама, павылазiўшы наверх цi пастаўшы ў акопчыках, з захапленьнем узiралiся ў незвычайнае вiдовiшча за полем, поўныя стрымана-страхавiтай салдацкай радасьцi. Адзiн толькi памкамузвода Мацюхiн, бы скамянелы, стаяў на каленях у неглыбокiм акопчыку i, як толькi за полем абарвалiся глухiя выбухi, закрычаў, што было моцы:

- Ва ўкрыцьцё! Ва ўкрыцьцё, такую вашу матары! Казыра, ты што...

Ён аж ускочыў на ногi, каб вылезьцi з акопчыка ды пазаганяць аўтаматчыкаў у iхныя схованкi. Ды не пасьпеў. Дзесь там, за ляском, шчоўкнуў адзiночны выбух цi стрэл, i ў небе рознагалоса завыла, заскуголiла... Ураз, адчуўшы небясьпеку, аўтаматчыкi, бы гарох па стале, сыпанулi ў свае акопчыкi. I неба закалацiлася, завыла, загрукацела... Першы залп нямецкiх шасьцiствольных мiнамётаў лёг трохi зь пералётам, блiжэй да сяла, другi - блiжэй да пагорка, а затым усё навокал перамяшалася ў суцэльным месiве выбухаў. Адныя рвалiся блiжэй, iншыя далей, увесь пагорак ператварыўся ў дымна-агняны вулкан, якi ўвiшна таўклi, капалi, пералапачвалi нямецкiя мiны. Так цягнулася доўга, здавалася, бясконца доўга. Аглушаны, засыпаны зямлёй, Мацюхiн курчыўся ў сваiм акопчыку, з жахам чакаючы, калi... Калi ж... Але тое "калi" ўсё не наставала, а выбухi таўклi, калацiлi зямлю, якая, здаецца, трэскалася, разломвалася на ўсю глыб, гiнучы сама i цягнучы за сабой пагiбель на ўсё астатняе.

Але во неяк пакрысе ацiшэла...

Мацюхiн засьцярожлiва выглянуў - сьпярша наперад у поле: цi не iдуць? Не, адтуль, здаецца, яшчэ не iшлi. Затым ён зiрнуў убок, на колiшнi ланцужок узводу аўтаматчыкаў, i ня ўбачыў яго. Увесь пагорак зеўраў ямiнамi-варонкамi, быў завалены глiнiстымi выварацiнамi, глыжы i зямля засыпалi ўсё навакольле, трава зьнiкла зусiм. Непадалёк пляската распласталася доўгая постаць Казыры, якi не пасьпеў дабегчы да свайго акопчыка. Галава i верхняя частка ягонага цела былi засыпаныя зямлёй, ногi таксама, толькi на абцасах не стаптаных яшчэ чаравiкаў паблiсквалi высьлiзганыя мэталёвыя касячкi.

Як яшчэ пацiшэла i ветрам пачало зганяць у бакi высока ўзьняты пыл, Мацюхiн вылез з акопчыка i пайшоў па пагорку. Трэба было палiчыць, што ў яго засталося ад учарашняга ўзвода аўтаматчыкаў...

ПАЛКАВОДЗЕЦ

Як вядома, кепская навiна ня ходзiць адна, за ёй бяжыць другая. Гэтая другая дагнала Палкаводца па дарозе ў гаспадарку Мельнiкава. У таго Мельнiкава не заладзiлася з самага пачатку, палкi не маглi адарвацца ад дняпроўскага берагу, суседзi здорава выскачылi наперад, на правым флангу ўзялi горад, за якi ўчора Палкаводца вiншаваў Галоўнакамандуючы. Але толькi Палкаводзец выехаў зь сяла, як з КП па рацыi перадалi: на правым флангу няўстойка, немцы контратакавалi буйнымi сiламi, адкiнулi пяхоту за рэчку. Палкаводзец паўзiраўся ў карту i загадаў паварочваць на ракадную дарогу - ехаць на правы фланг. Учуўшы новы загад, два ягоныя ад'ютанты, маладыя статныя палкоўнiкi, перадалi яго сыгналамi астатнiм машынам - бронетранспарцёру з аховай i крытай бартавой з трыбуналам, якiя заўжды суправаджалi Палкаводца. Уся невялiчкая калёна пачала таропка разварочвацца на разьбiтым, цесным i гразкiм прасёлку. У "вiлiсе" ўсе маўчалi. Маўчаў, сьцяўшы квадратныя скiвiцы, Палкаводзец, маўчалi ад'ютанты, прадчуваючы, што iх чакае. Ня выключана, што Палкаводзец хутка ўскочыць у самае пекла i жалезнай рукой... У ягонай жалезнай руцэ яны ўжо мелi магчымасьць пераканацца...

Куляючыся па выбоiнах, трохi разганяючыся на роўнядзi i выскокваючы на невысокiя, парослыя драбналесьсем пагоркi, "вiлiс", транспарцёр i бартавая кацiлiся насустрач недалёкай баявой калатнечы, якую ўжо не магло заглушыць i натужлiвае выцьцё iхных матораў, хутка стала чуваць, што бой грымеў побач, дзесь за ляском, дзе, як сьведчыла карта ў руках Палкаводца, сярод шырокага поплаву працякала крывуляка-рачулка. Хто мог падумаць, што нямецкiя танкi менавiта тут i ўдараць, - думаў Палкаводзец. Не хапала iм роўнядзi, цi што? Цi ўжо навучылiся ў нас, нашай азiяцкай кемлiвасьцi? Але ўдарылi менавiта тут, у гэтым зусiм мала здатным для таго месцы. I, як на бяду, фронт на гэтым участку аказаўся слабаваты, учора брыгаду Чарамiсiна перакiнулi ў цэнтар, на падмогу перадавому атраду; тут жа заставаўся адзiн супрацьтанкавы полк, i той, здаецца, разьмяшчаўся трохi правей. А пяхоце без падмацунку, вядома, прыйшлося ня соладка, i яна не стрывала. Такое яе прадвызначэньне на ўсякай вайне i ва ўсякай армii.

"Вiлiс" выскачыў на пясчаны пагорачак, парослы рэдкiм маладым сасоньнiчкам, i адразу ж рэзка кiнуўся ўбок, коламi з хрустам ломячы тыя сасонкi. Палкаводзец зьнячэўку вылаяўся, ледзьве пасьпеўшы ўхапiцца рукой у пальчатцы за мэталёвую дугу перад сабой. Аднак ён тут жа зразумеў, што лаяцца марна, усё правiльна. Па сасоньнiку ўжо джагалi чэргi, трэба было матаць назад або выскокваць i класьцiся долу. Палкаводзец i выскачыў. Трохi счакаў, а пасьля, прыгiнаючыся, выбег вышэй i апусьцiўся на сухi верасовы дол. Перад iм наперадзе разгортвалася шырокая панарама надрэчнага поплава i зь ёй - ганебнае вiдовiшча бязладнага драпу. Колькi ўжо за вайну даводзiлася назiраць Палкаводцу гэтую ганьбу, але прывыкнуць да яе ён ня мог i звычайна без ваганьня карыстаўся выпрабаваным сродкам. На ашаломленых, апанаваных страхам людзей можна было ўзьдзейнiчаць толькi яшчэ большым страхам з усiх страхаў, якiя мелiся ў распараджэньнi начальнiка. Наша пяхота бегла, уцякала да рэчкi, караскалася церазь яе берагi, некаторыя ўжо былi блiзка ад пагорка на гэтым беразе. На рачным беражку сярод лазьняку дымна палыхаў адзiн скасабочаны "студэбэкер", там запалохана мiтусiлiся людзi. Другi, аднак, выкараскаўся з тванi i з гарматай на прычэпе марудна поўз да пагорка. На ягонай падножцы стаяў чалавек у гiмнасьцёрцы, без шыняля, з абвязанай бiнтамi галавой. Цi не камандзiр супрацьтанкавай батарэi, - падумаў Палкаводзец. Той нешта крычаў, мабыць, паказваючы шафёру кiрунак. Ззаду, з-за ракi, з розных напрамкаў несьлiся трасiрныя чэргi, на рыкашэтах агнянымi пчоламi разьлятаючыся ў бакi. Палкаводзец, не азiрнуўшыся, кiнуў цераз плячо ахове: "Затрымаць!", i некалькi байцоў на чале са старэйшым сяржантам кiнулiся праз сасоньнiк з пагорка.

Пакуль тыя сарванымi галасамi спынялi пяхоту, Палкаводзец узiраўся ў поплаў i асаблiва далей, па той бок рэчкi, дзе зь ляска выпаўзалi сьветлажоўтыя нямецкiя танкi. Палкаводзец ужо сустракаўся зь iмi i ведаў, што гэта ён рашучымi дзеяньнямi свайго войска змусiў нямецкае камандаваньне перакiнуць iх з Афрыкi, дзеля якой яны i былi афарбаваныя ў колер пустынi. Але тут iм не пустыня, тут найчасьцей балоты. Раз-пораз яны бiлi з гарматаў па берагах ракi i па пехацiнцах па гэты бок. Ад выбухаў калацiўся пагорак...

Поруч i асаблiва ззаду за Палкаводцам з насьцярожаным выразам на тварах ляжала чалавек дзесяць з аховы, трошкi нiжэй прыбег i выцягся пад сасонкай старшыня вайсковага трыбуналу - франтавы маёр, скрозь абпярэзаны партупэямi i рамянямi, з фуражкай на галаве. За iм ужо расшпiльваў тоўстую сумку ягоны сакратар, малады чалавек у плашч-накiдцы. Той усё пазiраў на Палкаводца, пальцы яго дрыжэлi, i ён кепска спраўляўся з сумкай. Яны чакалi. Ужо ня першы раз яны выяжджалi з Палкаводцам i ведалi сваю справу. Тым болей, што гэта была iх праца, якую яны рабiлi, рызыкуючы ўласным жыцьцём. Блiзкiя два выбухi ў сасоньнiку змусiлi iх тыкнуцца галовамi ў дол, Палкаводзец жа на выбухi не адрэагаваў нiяк. Ён назiраў за тым, што адбываецца на поплаве.

Здаецца, байцы аховы ўсё ж затрымалi пярэднiх бегуноў i неўзабаве вывелi з сасоньнiку двух задыханых, перапалоханых пехацiнцаў з даўгiмi трохлiнейкамi i прымкнёнымi да iх штыхамi. Неяк выкараскаўшыся з-пад агню, уратаваўшыся ад нямецкiх танкаў, тыя, падобна, мала разумелi, што адбываецца, навошта яны спатрэбiлiся гэтаму камандзiру з суровым зацятым тварам. "Пачаму бяжалi? строга кiнуў Палкаводзец, нiшчачы позiркам абодвух - высокага i нiзенькага, амаль мiзэрнага салдацiка ў аблепленых тваньню абмотках. - Пачаму бяжалi?" Пехацiнцы ашалела дыхалi i маўчалi, тады Палкаводзец махнуў рукой - ня так iм, як камусь з аховы: "Здаць аружыя!"

Мабыць, то быў пэўны сыгнал, двое ў бушлатах з аховы вырвалi ў байцоў вiнтоўкi i люта штурханулi абодвух. Меншы адразу ўпаў, штось заякатаўшы, а большы пачаў бязглузда, спалохана мовiць: "Што, што?" З гэтым "што" iх i затаўклi ў сасоньнiчак, далей ад вачэй Палкаводца, адкуль яны ўжо не паказалiся.

Тым часам старэйшы сяржант з аховы прывёў да Палкаводца i афiцэра са "студэбэкера". Паранены, з абвязанай галавой, на сваю бяду ратуючы гармату, той перабраўся цераз рэчку, як яму, мабыць, здавалася, на выратоўчы пагорачак. То быў старэйшы лейтэнант з ордэнам Айчыннай вайны на грудзях i перакручанай дзягай, на якой матлялася, вiдаць, пустая ўжо кабура. Згледзеўшы Палкаводца, ён паспрабаваў аддаць рапарт:

- Таварыш камандуючы...

Палкаводзец перабiў яго тонам, ад якога зацiнала мову ня толькi ў камбатаў:

- Дзе батарэя?

- Батарэя загiнула, таварыш ка...

- Ах, загiнула? - зусiм ужо вызьверыўся Палкаводзец. - А чаму ты, гаўнюк, не загiнуў?

- Ды я...

- Дакумэнты!

Бруднымi ад тванi i сьвежай крывi рукамi старэйшы лейтэнант расшпiлiў гузiк гiмнасьцёркi i дастаў некалькi кнiжачак - афiцэрскае пасьведчаньне, партбiлет, рэчавую кнiжку. Iх у яго тут жа выхапiў старэйшы сяржант, перадаў трыбунальцам.

- Расстраляць! - халодна кiнуў Палкаводзец.

- Таварыш камандуючы!.. - сiпавата выгукнуў афiцэр i асекся - Палкаводзец ужо азiраў поплаў, а старэйшы сяржант ускiнуў да грудзей новенькi варанёны, з ражковым магазiнам ППС, якiя толькi што прыбылi на фронт i якiмi ў першую чаргу ўзброiлi ўчора ахову Палкаводца. Старэйшы сяржант адвёў камбата ў сасоньнiчак, дзе неўзабаве ляснуў нягучны адзiночны стрэл.

Старшыня трыбуналу i сакратар, мiж тым, лiхаманкава афармлялi пастанову. Шапка блянку судовага разгляду была ў iх нарыхтаваная загадзя, заставалася ўпiсаць канкрэтныя прозьвiшчы i штось дапасаваць адно да аднаго. Лежачы, маёр нахiлiўся блiжэй да сакратара, якi яму зачытаў: "Вайсковы трыбунал вайсковай часьцi нумар... у адкрытым паседжаньнi разгледзеў справу па абвiнавачаньню... Як яго там?"

- Старэйшага лейтэнанта Бязуглава, - падказаў маёр, зазiрнуўшы ў пасьведчаньне. - А таксама радавых Андрэева i Цявелька...

- Андрэева i Цявелька, - пiшучы, паўтарыў сакратар. - I прысудзiў памянёных да...

- Да вышэйшай меры пакараньня, - падказаў маёр.

- Прысуд... - вымавiў сакратар.

- ... Прыведзены ў выкананьне, - трывожна азiрнуўшыся, падказаў маёр. Ён, вiдаць па ўсiм, пачаў сьпяшацца: справы iхныя на гэтым месцы цi не канчалiся. Тым болей, што нямецкiя танкi, мабыць, падышлi ўжо да рачулкi - нешта дужа дрыжэла ўнiзе пагорка. У той час i сапраўды грымнула дужа блiзка - на верасок i хвойкi сыпанула зямлёй i пылам, абсыпала фуражку i плечы Палкаводца, паперы трыбунальцаў, якiя сакратар не пасьпеў засланiць. Энэргiчным рухам Палкаводзец страсянуў зь сябе пясок i ўскочыў.

- Ну, вы гатовыя там?

- Так точна! - ускочыў маёр.

- Усiм да машынаў! - кiнуў Палкаводзец i таропка падаўся з пагорка да свайго "вiлiса". За iм падхапiлiся трыбунальцы з байцамi аховы, усе дружна сыпанулi з хвойнiку да дарогi.

На тым месцы, дзе яны толькi што мясьцiлiся, застаўся стаптаны, абсыпаны пяском верасок ды дзьве кiнутыя з прымкнёнымi штыхамi драгункi. Здалёку праз гольле маладых сасонак праглядвала штось белае - цi ня бiнт на скрываўленай галаве няўдалага камбата. З поплаву даносiлася дружная стралянiна, мабыць, там усё ж ладзiлася якая-нiякая абарона.

Камандуючы навёў парадак - нямецкiя танкi тут не прайшлi.

ПАДОРАНАЕ ЖЫЦЬЦЁ

Бываюць у жыцьцi выпадкi, значэньне якiх праяўляецца не адразу, а спакваля, праз таўшчыню гадоў, i асэнсоўваецца на працягу ўсяго жыцьця. Некаторыя ж, што сьпярша здаюцца важнымi i значнымi, хутка, аднак, страчваюць тую значнасьць; iншыя набываюць яе праз гады. I толькi нешматлiкiя застаюцца нязьменнымi ў сваёй iмпэратыўнай каштоўнасьцi. Пра адзiн з такiх выпадкаў мне i хочацца распавесьцi, мiж iншым, больш чым праз паўстагодзьдзя, як ён адбыўся.

Тое здарылася ў часе мiнулай вайны, зiмой 1944 году, на Ўкраiне.

У цяжкiх баях Чырвонай Армii з вэрмахтам наша дывiзiя трапiла ў цяжкое становiшча, нямецкiя часткi нанесьлi ёй моцны контрудар, занялi некалькi сёлаў у тыле. Стварылася пагроза абкружэньня, што, вядома, было адной з найбольшых небясьпекаў у тую вайну. Я быў паранены ў нагу i ня мог хадзiць. Ноччу нас, некалькiх параненых, спрабавалi вывезьцi на бранi танкаў, але дарога ў тыл аказалася заблякаванай. У нейкiм сяле параненых сьцягнулi з танкаў i перанесьлi ў сялянскiя хаты. Танкi пайшлi далей. На прарыў.

Мы засталiся адны, без прыкрыцьця i аховы, у незразумелых, заблытаных абставiнах.

Спакутаваны ад сьцюжы i болю, я неяк ускараскаўся на хiсткi драўляны ложак, на якiм ужо нехта ляжаў. Рукi намацалi побач штось мокрае, але я не зьвярнуў на тое ўвагi i хутка заснуў. Здавалася, толькi заснуў, як тут жа спахапiўся, ахоплены зьнянацкавай трывогай. На двары ўжо вiднела, быў ранак, аднекуль чулiся стрэлы, нават крыкi, хтось палахлiва прабег за вакном па вулiцы. Я прыўзьняўся на ложку, першы раз зiрнуўшы на таго, з кiм прабыў ноч. I нават скалануўся ад спалоху: гэта быў нямецкi афiцэр. Але ён ня кратаўся, крысьсе ягонага шыняля былi залiтыя крывёй, мабыць, ён сканаў уначы, яшчэ да майго прыходу. У хаце болей нiкога не было, параненыя ўжо разьбеглiся. За вакном, было чуваць, праскакала фурманка, адразу ж за ёй у паветры замiльгацелi чэргi трасiрных куляў. З другога канца ў сяло ўваходзiлi немцы.

Заставацца ў хаце было небясьпечна, трэба было неяк ратавацца, але аднанож я ня мог далёка ўцячы. Хапаючыся рукамi за лаўкi i сьцены, я пакульгаў у сенцы. Тут было цемнавата, у адным кутку валялiся нейкiя абрэзкi дошак, у другiм, каля самых дзьвярэй, была зладкаваная невысокая, да калена, дашчатая загародка, даверху насыпаная бульбай. Я выняў з кабуры пiсталет i прылёг на бульбу. У шчылiну прачыненых дзьвярэй была вiдаць частка асьнежанага падворку, весьнiчкi з вулiцы. Сельская вулiца ўжо зусiм апусьцела, здаля, можа, з канца сяла, даляталi стрэлы, значыць, нашы зь яго ўцяклi, - падумаў я. Неўзабаве тут павiнны паявiцца немцы.

Мiж тым, зусiм разьвiднела, настаў сонечны марозны ранак. Над стрэхамi ўзьнялося сонца, i падворак ярка асьвяцiлi сонечныя промнi. Я ляжаў зь пiсталетам у руцэ i чакаў. Чаго толькi чакаў, i на што спадзяваўся? Чакаў, можа, свае пагiбелi? Таму што абаранiць сваё жыцьцё з васьмю патронамi ў магазiне было марнай спадзёўкай. I я падрыхтаваўся да пагiбелi. Толькi трываў час. Чакаў.

Зрэшты, доўга чакаць не давялося. Вiдаць было ў шчылiну, як па вулiцы прабегла група нямецкiх салдатаў, яны раз за разам стралялi кудысьцi зь вiнтовак. Пасьля паявiлася iншая група. Гэтыя iшлi спакайней, штось гаманiлi i не стралялi. Але во ад тае групы аддзялiўся адзiн - высокi салдат у караткаватым шынялi з аўтаматам на грудзях i, збочыўшы ў мой падворак, скiраваў да дзьвярэй. Я ўзьвёў курок i наставiў пiсталет на дзьверы. Немец крочыў таропка, трошкi прыжмурваючы вочы пад шкельцамi акуляраў у чорнай мэталёвай аправе. Ягонае падбародзьдзе было ў цёмным шчацiньнi, на галаве, насунутая брыльком на лоб, сядзела зiмовая шапка. Адной рукой ён рашуча адчынiў мае дзьверы i са сьветлага падворку зiрнуў мне ў твар. Пiсталет мой быў скiраваны ў ягоныя грудзi, палец ляжаў на спускавым курку. У кожны момант я быў гатовы стрэлiць. Але ня стрэлiў - штосьцi стрымала мяне ад стрэлу. Не адчуваньне небясьпекi, не натуральная патрэба самазахаваньня - дзесь у глыбiнi сьвядомасьцi рашучасьць мая сама па сабе нэўтралiзавалася. Зноў я чакаў. Немец, каб стрэлiць, павiнны быў перахапiць на грудзях аўтамат: але ягоная правая рука ляжала на клямцы дзьвярэй. У ягоным позiрку пад шкельцамi акуляраў не адбiлася нiчога - нi зьдзiўленьня, анi спалоху, i, мабыць, тое i ўтрымала мяне ад стрэлу. Здаецца, асьлеплены ранiшнiм сонцам, ён мяне ня згледзеў, а ў мяне не хапiла згубнай рашучасьцi цiснуць курок. Усё тое заняло ня болей за сэкунду, як з вулiцы пачуўся крык - здаецца, немца паклiкалi. I, выпусьцiўшы клямку дзьвярэй, ён павярнуўся да мяне плячыма, хутка пайшоў за камарадамi. Я з палёгкай уздыхнуў. Ведама, радавацца было яшчэ рана, але першая небясьпека ўсё ж мiнулася.

На ўскрайку сяла iшоў агнявы бой, на вулiцы то паяўлялiся, то зьнiкалi разрозьненыя групы нямецкiх салдатаў, але ў двор болей не забягалi. Пасьля немцы i зусiм зьнiклi, сяло занялi чырвонаармейцы. Удзень мяне адправiлi ў шпiталь.

Усе гады вайны я нiкому не расказваў пра той выпадак: было небясьпечна, але не пераставаў пра яго думаць. Усё ж гэта дзiўнаваты выпадак: сутыкнуўшыся са зброяй у руках, салдаты варожых армiяў падаравалi адзiн аднаму жыцьцё. Хай i мiжволi. Таму што, застрэлiўшы тады немца, я таксама немiнуча быў бы забiты. А можа, гэта Ўсявышнi падарыў нам па другiм жыцьцi. I во я жыву.

ЖОЎТЫ ПЯСОЧАК

Iх везьлi ноччу па цёмных гарадзкiх вулiцах кудысь прэч ад турмы, але ў якi бок гораду - Аўтух зразумець ня мог. У крытай машыне не было вокнаў, не сьвяцiлася нiдзе нават маленькай шчылiны, i нi ўнутры, нi знадворку нiчога не было вiдаць. Аўтух сьпярша думаў, што трапiў у страхавiты "чорны воран", пра якога начуўся ў турме i нават раней - на вёсцы. Але, мабыць, то быў ня "чорны воран", бо, як ён згледзеў уначы, калi iх вывелi на турэмны падворак, была гэта машына хоць i вялiкая, але ня чорная. I нешта кароткае было напiсана на яе баку, ды ён не разабраў, што - не далi. Пачалi штурхаць, каб хутчэй залязалi ў яе цёмнае нутро, а ў яго якраз разьвязалася аборына на лапцi, i ён, сагнуўшыся, узяўся яе завязваць. Ды тут жа атрымаў злога высьпятка ў зад гэта той канвой цi як яго - малады танклявы вайсковец з вусiкамi, якi сёньня распараджаўся iмi. Аўтух таропка ўлез у машыну, дзе ўжо сядзела чалавек шэсьць ягоных спадарожнiкаў, i стулiўся ля самых дзьвярэй, якiя тут жа з бразгатам зачынiлiся. Машына папаўзла-паехала з падворку, праз браму, затым па вулiцах, паварочваючы то ў адзiн бок, то ў другi. Леваруч ад Аўтуха сядзеў мужчына ў скуранцы, якога напачатку, як арыштавалi, Аўтух бачыў у кабiнэце сьледчага. Але цяпер Аўтух ня мог зразумець, чаму той тут? Цi таксама арыштаваны, цi вязе iх у якую iншую турму? А можа - на волю? Бо завошта караць Аўтуха, якi зь яго польскi шпiён? У Польшчы ня быў нi разу, мала што жыў пры мяжы. На хутары. I аднаасобна...

Во ў тым, што аднаасобна, мабыць, найбольшы ягоны грэх. Праз тую аднаасобнасьць ён за год натрываўся столькi, што iншаму хапiла б на ўсё жыцьцё.

- Гэ, таварыш... А, таварыш, - далiкатна папiхнуў ён лакцём суседа ў скуранцы. - Ня ведаеце, куды гэта нас?

- На кудыкiну гару, - не адразу i зласьлiва адказаў сусед, нядаўнi сьледчы ўправы НКВД Сурвiла.

Гэты Сурвiла ня тое, што Аўтух, - ён i ў цемры, з заплюшчанымi вачыма мог вызначыць iхны маршрут. Даўно i добра ён ведаў гэтую дарогу - ад гарадзкога цэнтру да ўскраiны i далей, паўз прыгарадную вёску да недалёкага ляска, дзе было наркамацкае стрэльбiшча. Некалi сам туды вазiў такiх жа, асаблiва як служыў у камэндатуры. Пасьля ўжо, як перавялi ў сьледчы аддзел, разы два выяжджаў на практыкаваньне ў стральбе з асабiстае зброi - пiсталета ТТ. Раней усе чэкiсты ўправы былi ўзброеныя рэвальвэрамi сыстемы "наган", а летась у першую чаргу сьледчым выдалi новенькiя ТТ - спрытныя такiя, пляскатыя пiсталеты з чорнымi шчочкамi на рукаятках. Зь iх i стралялi. Ён тады здаў практыкаваньне на "добра". А цяпер тыя практыкаваньнi будуць здаваць iншыя. На практыцы. На iхных патылiцах...

Па тым, як машыну стала кiдаць з боку на бок, Сурвiла зразумеў, што яны выяжджалi з гораду. Недзе збоч у цемры тулiцца невялiкая прыгарадная вёсачка, а iх чакае паворотка ўлева, ад якой... Ад якой да мэты, да апошняй мяжы, лiчы, што-нiшто, засталося якiх паўгадзiны часу, i ўсё. Усё назаўжды скончыцца.

Тое, што хутка ўсё скончыцца, яго, аднак, ня дужа i турбавала. Да таго ён гатовы быў месяц таму, нават да суда, ведаў, яго не памiлуюць. Стрэльнуць. Бо тое, што яму прад'явiлi для абвiнавачаньня, увогуле было папраўдзе: дапушчаў i перавышэньне, i незаконныя мэтады - i бiў, i ламаў косьцi - "даваў дразда". Але ж хiба ён адзiн? У iхнай управе так працавалi ўсе, - старалiся, ня спалi начэй, выбiвалi ўсё, што можна было выбiць з арыштаваных. А тыя, праклятыя ворагi, таксама маталi iм нэрвы, нiзашто не хацелi прызнавацца - выкручвалiся, ашуквалi сьледчых, i нават, ужо падпiсаўшы прызнаньне, адмаўлялiся ад яго на судзе. I ўсё бубнiлi сваё: нiчога ня ведаем, нi ў чым не вiнаватыя. Ня шкодзiлi, не шпiёнiлi, нiкога не вэрбавалi. Трэба было выбiць - i прызнаньне, i сьведчаньне, - прозьвiшчы, даты, сустрэчы. Часам перабiраў, гэта праўда. Але ж на карысьць справы, не для сябе. Той Сёмух сканаў у ягоным кабiнэце. Што сканаў, бяда не вялiкая, але, сканаўшы, забраў усё з сабою. А на яго была надзея. Як добра далi, пачаў што-нiшто паказваць. Думалi, празь яго раскруцiць усю iхную арганiзацыю, да таго iшла справа. А ён узяў ды сканаў...

Купцова застрэлiў з таго новенькага ТТ. Але Купцоў кiнуўся на яго з кулакамi. А кулакi ў двухмятровага каваля з прэсавага цэху такiя, што двума ўдарамi мог увагнаць у падлогу. Добра, Сурвiла пасьпеў прымянiць зброю. Так што, як глядзець, як вiнавацiць. Калi строга, паводле новай правазаконнасьцi, дык, можа, i правiльна, - ён вiнаваты. А калi паводле рэвалюцыйнай, пралетарскай... Зрэшты, ён ня дужа i апраўдваўся - прызнаў усё. Але ў глыбiнi душы хацелася спадзявацца, што пакараюць ня надта. Усё ж ён не такая контра, ня польскi шпiён цi беларускi нацыяналiст. Ён жа свой брат чэкiст. Павiнны ж на тое зважаць. I цяпер яму крыўдна, што ня зважылi на розьнiцу памiж iм i сапраўднымi ворагамi народа, пiхнулi ў гэтую машыну зь iншымi разам. З гэтымi шпiёнамi i шкоднiкамi, нацыяналiстам i нават недарэзаным буржуем. Кiнулi ў адну машыну i яшчэ, глядзi, кiнуць у адну яму. Але ж гэта яўны апартунiзм, правы ўхiл. Цi нават шкоднiцтва ў самiх органах.

У машыне панавала цiшыня, толькi чуваць было, як ляскаюць колы па бруку ды штось паскрыпвае ў куце буды, асаблiва калi машына трапляе на выбаiну.

- Гэтак! На кудыкiну, кажаце? - ня мог чагосьцi ўцямiць Аўтух i зусiм апанурыўся ад кепскага прадчуваньня. Вiдаць, тое прадчуваньне дужа яго гняло, i ў хуткiм часе ён зноў заварушыўся ў цемры. Недзе тут паблiзу сядзеў ягоны зямляк, нават аднавясковец, хоць i ўдвая маладзейшы за яго, з гэткiм самым прозьвiшчам Казёл. Як навучыўся на настаўнiка i пачаў пiсаць вершы, дык зьмянiў тое нягеглае прозьвiшча на лепшае i падпiсваўся пад вершамi, што часам друкавалiся ў газэтах, Фэлiкс Гром. Праўда, Аўтух вершаў не чытаў, толькi чуў пра iх ад людзей. Зрэшты, пра вершы на сьледзтве зь iм гаварылi мала, болей пра тое, як гэты Фэлiкс Казёл-Гром завэрбаваў Аўтуха ў сваю шайку. Цяпер Аўтух цiха паклiкаў:

- Фэля, а Фэля?

- Ну! - пачулася здаля ў машыне.

- Куды гэта нас вязуць?

- На выкананьне прыгавору, - зь нядобрым надломам у голасе адказаў Фэлiкс. I менавiта гэты выразна адчуты надлом яшчэ болей устрывожыў Аўтуха.

- Няўжо на расстрэл?

- А ты думаў...

- Але ж... Я дык думаў... Можа, яны...

- Памаўчы лепш! - абарваў размову зямляк, якому, вiдаць па ўсiм, было не да таго.

Сапраўды, размаўляць Фэлiксу Грому было проста неяк, пасьля допыту ў яго душа балела ў грудзёх, было не ўздыхнуць. Ён толькi падзiвiўся дзiцячай няўцямнасьцi дзядзькi Аўтуха - ня ведае, куды вязуць, цi ня хоча паверыць, што ўсё ўжо скончана. Пазаўчора быў суд - дзесяць хвiлiн чыткi загадзя нарыхтаваных папераў, зь якiх яшчэ да прысуду ўсё стала зразумела. Вiдаць, нiчога не зразумеў з таго ягоны аднавясковец Аўтух. Цi ўсё думае пра сваю пакiнутую аднаасобнiцкую гаспадарку пад лесам?

Фэлiкс Гром даўно перастаў думаць i пра родную вёску, i пра Менск, дзе жыў i вучыўся, як паступiў у пэдагагiчны тэхнiкум, i нават пра сваю паэзiю, зборнiк якой ужо падрыхтаваў да друку i вясной здаў у выдавецтва. Цяпер яму ўжо не пабачыць таго зборнiка, якi, вiдаць, пакаралi раней за аўтара. У час сьледзтва на допытах розныя сьледчыя наперамен цытавалi старонкi ягоных арыштаваных вершаў - чыталi, крэмзалi i падкрэсьлiвалi рознымi алоўкамi, пiльна шукаючы хiтра замаскаванай крамолы. Блiскае ранiца агнiстая на хмарах восенi маёй... Што значыць гэтыя вашы хмары? Анiчога, апроч таго, што значаць хмары наогул. Э, не, у паэзii хмары - гэта нешта iншае, казалi лiтаратуразнаўцы з наганамi на баку. Гэта на небе хмары ёсьць хмары, а тут штосьцi iншае. Таемнае. Дык што такое гэтыя хмары? Што вы разумееце пад ранiшнiмi хмарамi?

Ён нiчога не хацеў разумець пад хмарамi, затое нешта разумелi яны, але яму не казалi. Ён павiнен быў сам здагадацца пра iхныя думкi i падказаць ад сябе. Вось тое было б прызнаньне, якога гэтак дамагалiся ад яго, i яму было б куды лепей. Але ён не здагадваўся й не прызнаваўся. Тады яго бiлi - палкай па нагах, ботам у грудзi, не давалi спаць трое сутак.

А пасьля пачалi шыць шпiянаж на карысьць Польшчы. I прыплялi да яго дзядзьку Аўтуха, што жыў за вёскай на хутары i не ўступаў у калгас. А ён з тым Аўтухом па сутнасьцi i гутарыў усяго адзiн раз летась, як прыяжджаў зь Менску да хворага бацькi. Тады хадзiў пазычыць каня, каб зьезьдзiць да доктара. Ды дзядзька Аўтух каня ня даў, сказаў узяць у калгасе, а яму трэба пасьпець звазiць сена, бо зьбiралася на дождж. I гаворкi ў iх было якiх пяць хвiлiн. I вось цяпер за тыя хвiлiны - расплата. Абодва - да вышэйшай меры.

- Ну што вы не пасядзеце? Усё тузаецеся, як на патэльнi, - пачулася незадаволеная буркатня ў цемры.

- Ды каб выглянуць дзе. Тут жа вёска мая Зялёны Луг, - адказаў той, што тузаўся.

- Ты ж гарадзкi, казаў, - азваўся ад дзьвярэй Сурвiла. - Паказваў на допыце: з Камароўкi.

- То ж жыў на Камароўцы. Як на чыгунцы рабiў. А нарадзiўся ў Зялёным... Да.

- Во - выясьняецца! - мовiў Сурвiла. - А то ўсё - рабочы, чыгуначнiк. Блытаеце нешта, Шастак.

- Нiчога ня блытаю. Паходжаньнем зь вёскi. Але ж рабочы. Тое трэба ўзяць пад увагу. I парцейны!

- Быў, - каротка абвясьцiў Сурвiла.

Рэплiка былога чэкiста зачапiла балючую струну ў параненай душы рабочага Шастака, якi загаманiў, як пра што недагаворанае i балючае.

- Быў i астаюся. Ужо не адмоўлюся, не такi. Перад парцiяй я чысты.

Машыну моцна трасянула на нейкай калдобiне, паэт Фэлiкс Гром аж войкнуў ад болю ўсярэдзiне. Хтось сьпераду ў цемры вылаяўся:

- Падлы! I перад канцом ня могуць па-людзку! У бога-душу iх маць!..

- А цiшай нельга? - зласьлiва папракнуў Сурвiла.

- А што цiшай?! Цiшай-цiшай! Ды пайшлi вы...

- Ты хто? Як прозьвiшча?

- А табе што? Ты сьледчы?

- А хоць бы й так.

- Ну, Зайкоўскi. Калi сьледчы, дык, мабыць, запiсана ў вашым сратым прыгаворы. Такую iх маць... Ды не навальвайся ты гэтак, буржуйскi чмур! вызьверыўся ён на кагосьцi ў цемры. - У мяне во рука зламаная...

Здаровай рукой Зайкоўскi пiхнуў у плечы суседа, якi на паваротах няўзнак дужа хiлiўся да яго i вярэдзiў зламаную лапатку. Пералом быў нутраны, закрыты, стаўся якi тыдзень таму на допыце, калi яго з паўгадзiны ахаджвалi два сьледчыя - малады, танклявы, як глiст, i пажылы - вусаты, з ордэнам на гiмнасьцёрцы. Дабiвалiся падпiсаць, што ён польскi шпiён, зьвязаны з дыфэнзывай, па прозьвiшчы Млынец. Але Зайкоўскi ня быў лазутчыкам, тым болей Млынцом, бо быў звычайны маскоўскi грабежнiк, якi надумаў ратавацца ад крымiнальнага вышуку ў Менску. У Маскве за iм лiчылi аж восем рабункаў, хоць, папраўдзе, грабянуў ён болей (цi не чатырнаццаць) i ўсё неяк выкручваўся, не даваўся ў рукi нi крымiнальнаму вышуку, нi ГПУ, нi мiлiцыi. Аж покуль яго ня выдала палюбоўнiца Вандзя. Подлая стукачка Вандзя сьпярша прыгрэла, а затым прадала. Добра, што ён такi вёрткi i ўцёк зь мiлiцыi, замачыўшы аднаго мiльтона. I скемiў, што ў Маскве ягоныя справы скончылiся, трэба рваць кiпцi. Тады ён успомнiў, што ў Менску некалi пражываў ягоны дзядзька, зь якiм ён ня бачыўся ад самага нэпу. Прыехаўшы, доўга шукаў патрэбны яму нумар на нейкай Заслаўскай вулiцы, а як знайшоў, зразумеў, што даў маху: дзядзька кудысьцi вытрахнуўся, у зялёным, з садком дамку жылi iншыя людзi, якiя пра дзядзьку й ня чулi. Дзе было яго шукаць i дзе начаваць нават? Пайшоў на вакзал. Ведаў жа: вакзалы - ня самае лепшае месца для такiх, як ён, валацугаў. Але здорава нахадзiўся за дзень, прытамiўся, якраз лiнуў дождж, i ён думаў пасядзець крыху, абсохнуць. Ды не стрываў - заснуў. На вакзале яго i ўзялi. Проста гэтак, з усьмешкай два мiльтоны папрасiлi прайсьцi. Во i прайшоў свой надта кароткi, блытаны шлях - ад вакзальнай лавы да лавы падсудных. I цяпер вышэйшая мера.

Каб ня гэтая лапатка, ён бы, ведама, рызыкнуў. Было яшчэ сiлы, яшчэ ня ўсю яе выбiлi на касталомных допытах. Але з такой лапаткай, лiчы, аднарукi. А з адной рукой - квiты, i кранты. I Зайкоўскi толькi кусаў вусны - ад болю i роспачы, што нiчога ня мог перайначыць у сваiм недарэчным лёсе.

Мiж тым, аблаяны iм буржуйскi чмур Валяр'янаў адхiснуўся ад сварлiвага суседа i не прамовiў нi слова. Наогул ён мала зважаў на тое, што рабiлася навакол, i звыкла жыў у сьвеце ўласных думак - адзiным сьвеце, у якi мог не пушчаць нiкога. Нават у турме. Нi з кепскiм, нi з добрым, якое ў гэты пракляты час магло лёгка ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць. Як i звычайная чалавечая спагада, прыветнасьць, што абарочвалiся няшчасьцем. Стрыечная сястра Валяр'янава, што пасьля вайны апынулася ў Кракаве, выпадкам дазналася пра гаротны лёс брата, якi зарабляў на хлеб рахункаводам у Менску i гадаваў двух маленькiх дзяўчатак. Сястра паспагадала. Вясной пад каталiцкi Вялiкдзень Валяр'янаў атрымаў на пошце маленькi пакуначак зь нетутэйшымi штампамi, i знайшоў там дзьве дзiцячыя сукеначкi, белыя панчошкi, безапасную брытву для сябе i пакецiк цукерак у блiшчастых абгортках. Для ягоных дзяўчатак то была вялiкая радасьць, ды й ён парадаваўся - найбольш першай за пятнаццаць гадоў вестачцы ад сястрычкi-гiмназiсткi, якую, думаў, назаўжды страцiў у дзевятнаццатым годзе, калi яны разьвiталiся ў Кiеве. Аднак нядоўгаю была тая iх радасьць. Не мiнула i месяца, як неяк пад ранак у дзьверы пастукалi. Жонка Дуся ўскочыла з ложка i адразу залямантавала - яна ўжо прадчувала, што гэта такое. Ды й ён здагадаўся адразу, адчынiў дзьверы i ўжо не зачынiў iх зачынiлi за iм чужыя. Таксама як i за жонкай, якая бiлася ў iстэрыцы i крычала, i кiдалася на кожнага з цэлай зграi чэкiстаў, што пераварочвалi ў iхным пакойчыку ўсё дагары дном. Ужо назаўтра тыя сукеначкi i панчошкi сталi на сьледзтве рэчавымi доказамi ягоных шпiёнскiх сувязяў з польскай разьведкай.

Гэта быў яго шосты арышт пасьля рэвалюцыi. Ён ужо стамiўся апраўдвацца i на допытах збольшага маўчаў, прымаючы зьнявагi i пабоi як штось правамернае i заслужанае. Памiж допытамi жыў у роспачных успамiнах аб сваiм даўнiм, дарэвалюцыйным, гэткiм не падобным на цяперашняе, жыцьцi. Хоць i там было рознае, але была вучоба, вайсковая служба i нават два перадваенныя падарожжы у Баварыю i Аўстрыйскiя Альпы. У Кракаве ён нiколi ня быў i ня думаў, што гэты незнаёмы горад так трагiчна прычынiцца да ягонага лёсу.

Часам бывала, калi трохi сьцiхаў вэрхал у камэры, Валяр'янаў малiўся размаўляў з Богам. Прасiў у яго - не за сябе - за двух маленькiх дзетак, што засталiся цяпер немаведама дзе. Болей яму малiцца не было за каго. Прасiць Бога за жонку, мабыць, ня мела сэнсу - ведаючы яе характар, Валяр'янаў думаў, што па-добраму зь ёй не абыдуцца. А на зло яна кiдаецца, нiбы тыгрыца, не паглядзiць, хто перад ёй - сьледчы, канваiр цi нават начальнiк турмы, яна ня зважыць нi на чын, нi на сiлу. Арыштаваўшы, чэкiсты павялi яе са зьвязанымi рукамi. З уласнага досьведу Валяр'янаў ведаў, што такiя характары ў турме доўга не вытрымлiваюць. Або iх забiваюць, або яны - самi забiваюць сябе. Страцiўшы ў рэвалюцыi першую жонку-дваранку, ён ажанiўся з дворнiкавай дачкой Дусяй, думаў, што цяпер прыйшоў iхны час. Але памылiўся. Час настаў, вiдаць, зусiм непрыдатны нi для тых, нi для iншых. Не далi жыць з Дусяй, не далi жыць i самой Дусi. I во засталiся цяпер дзьве дзяўчынкi-дашкольнiцы, што зь iмi будзе?

Пра тое, што неўзабаве будзе зь iм самiм, Антон Аркадзевiч ня надта турбаваўся, ён разумеў, што прысуд яму вынесены не пазаўчора, а мабыць, яшчэ ў сямнаццатым. I то цуд, што ён пражыў пасьля яшчэ столькi гадоў, - тэарэтычна тое было немагчыма, - практычна ж неяк атрымалася. Толькi навошта? Што далi яму тыя дадатковыя гады жыцьця? Несканчоную плойму страху, клопату, рызыкi за сябе, за жонку, за малых дзяцей. Усё ж, мабыць, кепска ён зрабiў, што ажанiўся i пусьцiў на сьвет галоту, бязбацькавiчаў. На што спадзявацца малечы бяз бацькi i маткi - на добрых людзей? Але дзе тыя добрыя людзi. Вывелiся дарэшты. Асталася надзея на сьвятое правiдзеньне, на Госпада, якi няўжо не паможа? Няўжо ня возьме пад сваю боскую апеку маленькiх бездапаможных анёлкаў?

Падобна, машына выехала з гораду, а можа, i збочыла з шашы. Рух яе прыкметна запаволiўся, вялiзную буду раз за разам трэсла i хiстала на выбаiнах, часам здавалася, вось-вось яна спынiцца, натужна равучы маторам. Партыец-бальшавiк Шастак таксама добра ведаў гэтую дарогу i беспамылкова вызначыў, дзе яны едуць. Чым далей ад'яжджалi ад турмы, тым ён турбаваўся ўсё болей. У турме за паўгода адсiдкi ён не сказаць, каб надта i непакоiўся - там у яго былi свае абавязкi: дагадзiць сьледчым, запомнiць i як мага дакладней перадаць iм, пра што гаварылi арыштанты. Ужо другi год Шастак быў членам ВКП(б) i разумеў перадавую ролю рабочае клясы ды ейнага авангарду - партыi бальшавiкоў. Ён няблага працаваў у дэпо, лiчыўся ўдарнiкам. Але калi ўжо здарылася такое, што ён апынуўся ў турме, дык i тут трэба паводзiць сябе, як бальшавiк: памагаць органам выкрываць ворагаў. Усiм ведама, што ворагi страшэнна хiтрыя людзi, яны ўсё тояцца, хiтруюць i ашукваюць; патрэбныя д'ябальскiя высiлкi, каб iх выявiць i пакараць. I Шастак стараўся. Прыкiдваўся дурнем, распытваў, слухаў i запамiнаў, часам даваў парады. Як гэтаму аднаасобнiку Казлу. Прыгаломшанаму i скатаванаму на першых допытах, параiў яму прызнацца ва ўсiм i падпiсаць, што патрабуюць сьледчыя: маўляў, тады дадуць меней, а то й пусьцяць дамоў. А будзе ўпарцiцца - станецца горш, могуць i шлёпнуць. Казёл, здаецца, паверыў i пакрысе падпiсаў. I праўда, сьледчы Кутасаў Шастака не ашукаў: Казла перасталi цягаць на допыты, той паспакайнеў i пачаў чакаць вызваленьня. Сьледчы пахвалiў Шастака, якi нават парадаваўся за Казла, падумаў, можа, i сапраўды выпусьцяць. Але менавiта пасьля гэтае справы з Казлом штось саскочыла i ў Шастака, падобна, у чымсь западозрылi яго самога. Западозрылi, ведама, па-дурному, нi ў чым ён ня быў вiнаваты, бо ўсё рабiў, як казалi. I тое, што ад яго запатрабавалi падпiсаць паказаньнi аб шкоднiцтве на чыгунцы, сьпярша здалося яму непаразуменьнем. Але ягоны сьледчы Кутасаў растлумачыў, што як член ВКП(б) ён абавязаны не пярэчыць органам, а пасабляць iм у iхнай ганаровай рабоце. I павiнны памятаць, што органы не памыляюцца. Няхай нават каго абвiнавацяць несправядлiва, але так трэба, каб выкрыць асаблiва небясьпечных лазутчыкаў, што зацясалiся ў згуртаваныя рады партыi. Зноў жа нехта павiнны i ахвяраваць сабой, як гэта рабiлi палымяныя рэвалюцыянэры, - дзеля iнтарэсаў рабочае клясы, у iмя вялiкiх iдэяў Ленiна-Сталiна. Партыя ацэнiць усё па-справядлiвасьцi i не забудзе нiчыiх ахвяраў. Такi паварот справы ня дужа падабаўся Шастаку. Натуральна, ён гатовы быў i далей дапамагаць партыi i яе органам, i ўжо нямала зрабiў для таго, але адчуваў, што той шлях, на якi яго падштурхоўваў сьледчы, усё ж тоiць у сабе небясьпеку. Адзiнае, што суцяшала яго, дык гэта тое бясспрэчнае меркаваньне, што партыi лепей вiдаць, мабыць, так трэба, партыя не памыляецца. I, сьцяўшы сэрца, ён пагадзiўся. Падпiсаў паперы, быццам ён, Шастак Мiкалай Iванавiч, зьяўляецца ўдзельнiкам групы шкоднiкаў пад назвай "Наперад за свабоду" (НЗС), якую ачольвае намесьнiк наркама шляхоў зносiн. Сказалi, што ён мог бы ўдзельнiчаць там i па заданьнi органаў, i Шастак ужо ведаў, што бывае й так. Галоўнае - пагадзiцца i падпiсаць, а пасьля на судзе ўсё адкруцяць назад, i яго апраўдаюць. Судзьдзi - яны квалiфiкаваныя чэкiсты, i свайго чалавека з органаў не дадуць у крыўду.

Дагэтуль у Шастака ўсё iшло быццам няблага. Яго ня бiлi на допытах, абыходзiлiся ветлiва, з павагай, здаралася, нават частавалi гарбатай з цукеркамi. А тут нешта перамянiлася. Тыднi два яго зусiм не вадзiлi да сьледчага, быццам забылiся, што ён тут сядзiць i чакае. Пасьля павялi на суд. Шастак думаў, што ў адносiнах да яго суд - пустая фармальнасьць, але на справе аказалася ня так. Не фармальнасьць. Найперш да яго адразу зласьлiва паставiлiся канваiры, сурова сустрэлi судзьдзi. Кароткi злы допыт здаўся яму недарэчным: мусiць, гэтыя судзьдзi ня ведалi, што ў яго iнакшая, чымся ў астатнiх, справа. Пэўна, ня ведалi. Магчыма, сьледчы Кутасаў штосьцi не перадаў iм. Якiх папераў цi якiх указаньняў. I калi яму аб'явiлi: да вышэйшай меры з канфiскацыяй маёмасьцi, ён найперш шчыра зьдзiвiўся. Але тут жа падумаў, што, мабыць, так трэба. Усё ж ён там быў не адзiн - iх было шмат, абвiнавачаных ворагаў народа. Значыць, яго трэба было прыкрываць, каб не западозрылi iншыя. Хоць бы й той самы Казёл Аўтух, якi таксама атрымаў вышку. А пасьля, можа, Шастака i выпусьцяць. Бо завошта ж яго расстрэльваць? Яго ўзнагародзiць трэба за ягоныя пяцiмесячныя турботы ў турме, за паслугi, якiя ён аказваў органам i партыi. Пасьля дзён колькi ён цярплiва чакаў у камэры, ды марна. Тады пачаў патрабаваць сьледчага, таго ж Кутасава. Аднойчы, калi ён, дужа затрывожаны, грукаў у дзьверы, увайшлi два наглядчыкi й пачалi яго бiць. Тады ён адчуў выразна, што ягоная справа дрэнь. Але ўсё роўна не хацелася верыць у кепскае, чакаў, што нарэшце Кутасаў яго паклiча, i ўсё стане, як трэба. А калi ня клiча, то, можа, яго няма ў турме, можа зьехаў куды ў камандзiроўку. У Маскву. Ня мог жа ён забыцца, што ў турме-"амэрыканцы" яго чакае верны памагаты органаў, партыец Шастак.

Ён выглядаў сьледчага ўначы на падворку, як iх вывелi для пасадкi ў машыну, але сьледчага не было i тут. Бы скрозь зямлю правалiўся. Тады Шастак пачаў думаць, што, мабыць, той зьявiцца перад самым расстрэлам i ў апошнi момант адлучыць яго ад iншых. I ён думаў, што галоўнае для яго цяпер, як i раней, - не раскрыцца, не зазлаваць, да канца выканаць свой сакрэтны абавязак. Тады ўсё будзе добра. Павiнна быць добра.

Машыну дужа пахiлiла набок, страсянула, матор, чутна было, гучна зароў, але, падобна на тое, яны спынiлiся. Сурвiла прыкладна вызначыў, дзе - у лагчынцы, дзе заўжды была разьбiтая дарога, i ў мокрыя днi стаялi глыбокiя лужыны. Надоечы якраз пачалiся дажджы, лужыны маглi й пабольшаць. Седзячы ля дзьвярэй, ён слухаў, як пад машынаю марна шархацелi ў каламуцi колы - машына буксавала. Наперадзе бразнулi дзьверцы кабiны, i пачуўся голас - гэта вылез на дарогу памкамэнданта Косьцiкаў, якi цяпер ехаў выканаць прысуд.

- Лявей, лявей бяры ты, ахламон! - раздражнёна гукаў ён да шафёра, якi старанна газаваў маторам. Але машына толькi тузалася на месцы, камякi гразi ляскаталi па яе жалезным днiшчы.

- Дай я...

Пачаў газаваць Косьцiкаў - i дужа, i цiшай, але, падобна, дарма, - яны толькi глыбей садзiлiся ў багну.

Некалi гэтага Косьцiкава, тады маладога хлопца, якi толькi пачынаў службу ў органах, перавялi з раёну ў iхную ўправу турмы. На працы яго першым сустрэў Сурвiла, якi тады заступiў на дзяжурства. Хударлявы, нясьмелы Косьцiкаў уважна слухаў аповед пра заведзеныя ў турме парадкi, абавязковыя строгасьцi з арыштантамi. Усё тут было яму новае, Сурвiла ж ужо меў сякi-такi досьвед. Тады ён параiў маладому чэкiсту, дзе пашукаць кватэру, i той сапраўды знайшоў ладны дамок ля Кальварыйскiх могiлак; неўзабаве запрасiў Сурвiлу на госьцi, i яны добра там выпiлi. Празь нейкi час Сурвiла перайшоў у сьледчы аддзел на павышэньне, а Косьцiкаў застаўся ў камэндатуры на ягонай пасадзе памочнiка камэнданта. Цяпер, калi чэкiсцкая служба Сурвiлы гэтак трагiчна канчалася, як бы той самы Косьцiкаў не заняў ягонае месца ў сьледчым аддзеле. Што ж, Сурвiла ня меў падставы пярэчыць: Косьцiкаў хлопец талковы, сапраўдны чэкiст, не глядзi, што малады гадамi.

Урэшце памкамэнданта, вiдаць, зразумеў, што сiлаю рухавiка з багны ня вылезьцi. Уключыўшы малы газ, ён выскачыў з кабiны i забразгаў засовам машыны.

- Ану - падпiхнём! Ты, Мiкалай, i ты, Казёл, вылазьце!

Яны сядзелi блiзка ля дзьвярэй i згодна паднялiся. Сурвiла рашуча скочыў ботамi ў твань, а Аўтух замарудзiў, ня ведаючы, куды тут ступiць. Але Косьцiкаў зноў злосна прыкрыкнуў, i Аўтух няспрытна плюхнуўся лапцямi ў ваду.

- Давай! Як я скажу, - камандаваў Косьцiкаў, стоячы на ўзбочыне. - Шафёр, паддай газу! Ну, раз, два - узялi!

Што было сiлы яны пачалi пiхаць у зад нiзка аселай буды - Сурвiла з аднаго боку, Аўтух - з другога. Вакол было цёмна. Збоч ад дарогi чарнеўся ў тумане лес, з начнога перадранiшняга неба церушыў дробны дожджык. Колы шалёна кiдалi ў iх ашмёткамi гразi. Сурвiлава скуранка стала хутка макрэць, таксама, як i руды суконны Аўтухоў армяк. Яны дужа старалiся, упiраючыся нагамi ў гразкае дно лужыны, але машына ня зрушвалася зь месца, мусiць, села, як трэба. Калi Косьцiкаў зразумеў гэта, то крыкнуў шафёру, каб перастаў газаваць, па-дурному палiць бэнзын. Цяжка дыхаючы, Сурвiла з Аўтухом выпрасталiся. У той час з буды пачуўся глухаваты Шастакоў голас:

- Дык гэта... Пусьцiце i мяне. Пасаблю...

- Давай! - сказаў Косьцiкаў i, ступiўшы адною нагой у багну, адчынiў дзьверы. Шастак рашуча скочыў у гразь. Косьцiкаў зноў прычынiў дзьверы.

- А цi трэба? - цiха сказаў да яго Сурвiла.

- Нiчога! - махнуў рукой памочнiк камэнданта.

- Не ўцякуць...

Ужо ўтрох яны зноў пачалi пiхаць машыну, але ўсё марна, тая тузалася, дрыжэла ад натугi, а не краналася зь месца. Разам зь ёю ўсiм целам тузаўся ў будзе паэт Фэлiкс Гром. Ён думаў, што, мабыць, трэба было б i яму вылезьцi i памагчы, усё ж няёмка сядзець, калi побач надрываюцца людзi. Але яго ня клiчуць i, мабыць, не паклiчуць. Ён вораг. I ўжо куды большы, чым ягоны аднавясковец Аўтух цi рабочы-партыец Шастак, ня кажучы ўжо пра чэкiста Сурвiлу. Чаго тут гэты Сурвiла, Фэлiкс Гром не зразумеў дагэтуль. Справу таго разглядалi асобна ад iхнай, i, папраўдзе, ягоны лёс ня дужа й цiкавiў паэта. Зрэшты, як i лёсы астатнiх, апроч хiба ягонага земляка Аўтуха. Дзiўна, аднак, што справу камсамольца-паэта зьвязалi з асобаю аднаасобнiка, зь якiм ён нiчым зьвязаны ня быў, апроч хiба таго, што паходзiў з той самай вёскi. Фэлiкс Гром быў ужо заўважаны ў лiтаратуры, а Казёл Аўтух, з прычыны свае малапiсьменнасьцi, наўрад цi чытаў нават газэты. Але во зьвязалi абодвух. Не адразу i, мабыць, толькi тут, у турме, Фэлiкс зразумеў, што трапiў у пастку не таму, што пачаў пiсаць вершы, а што пачаў iх пiсаць па-беларуску. Расейскiя вершы не выклiкалi да сябе i дзясятай долi тае ўвагi з боку рэдактараў i крытыкаў, якую выклiкалi беларускiя. I ён думаў цяпер, якi д'ябал падбiў яго да паэзii, тым больш - беларускай. Калi папраўдзе, дык ён нашмат больш падабаў расейскую - Пушкiна, Лермантава i асаблiва Фета. Але пiсаць так, як некалi пiсаў Фет, было немагчыма, яго засьмяялi б свае ж сябры-камсамольцы. Належала браць прыклад з Маякоўскага, якi зусiм не падабаўся Фэлiксу Грому. I ён памкнуўся да згуртаваньня "Маладняк", у якi дружна паўступалi iншыя маладыя паэты, i пачаў пiсаць, як яны, - знарок прыўзьнята, задзiрыста, "бурапенна". Стараўся перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскiя схiльнасьцi i густы - усю гэтую любасьць да бору i лесу, нязначных праяваў жыцьця, засвоiць iншую эстэтыку, iнакшы слоўнiк, напоўнены грымотай заводзкiх цэхаў, дымам фабрычных труб, калектыўнай працай людзей, будаўнiкоў камунiзму. I, здаецца, нешта ў яго пачало атрымлiвацца. Газэта "Савецкая Беларусь" у аглядзе паэзii памянула ягонае прозьвiшча ў лiку маладых пралетарскiх паэтаў. Нават надрукавала адну страфу зь яго лепшага, на думку крытыка, верша над назвай "Майскiя радзiны":

Грымяць i стукаюць машыны,

турбiны радасна гудуць,

спраўляюць майскiя радзiны,

гэта ўдарнiкi iдуць.

Акрылены афiцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлiкс напiсаў яшчэ з тузiн падобных вершаў i адчуў сябе запраўскiм песьняром пралетарыяту.

Усё ў яго iшло добра, i раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў, данёс за якое неасьцярожна, па п'янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалi толькi пра вершы ды размовы ў асяродзьдзi паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцямiўшы, што з таго будзе невялiкi набытак, зьвязалi ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом - прызнавайся, што польскi шпiён! Здаецца, таго ж дамагалiся i ад Аўтуха. I дамаглiся. Па сваёй сялянскай дурноце цi, можа, не стрываўшы зьдзекаў на допытах, Аўтух падпiсаў паказаньнi, нiбыта Фэлiкс Казёл завэрбаваў яго ў агенты дыфэнзывы, каб той хадзiў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта патрэбна было фальсыфiкаваць усё тое органам?

Штурханiна i ляскат колаў знадворку раптам спынiлiся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкiста абвясьцiў:

- Ну што? Селi?

- Селi на дзiфер, - сказаў Шастак.

Фэлiкс Гром далiкатна пастукаў у дзьверы.

- Можа, i я памагу? Усё ж учатырох...

Адтуль, знадворку, нiхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчынiлiся.

- Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I пiхаць! Дружна, усе разам! - закамандаваў памочнiк камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.

Менавiта такая яго злосьць не палохала i не абражала. I Фэлiкс падумаў, што, можа, гэты чэкiст i не такi ўжо благi чалавек. За два месяцы турмы, допытаў i катаваньняў ён натрываўся рознага i ўжо думаў, што сярод iх няма нiводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, якi б паставiўся да небаракi калi не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць i паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.

Фэлiкс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапiўшы ў каламутную багну дарогi. Аднак астатнiя двое за iм не пасьпяшалiся, i памкамэнданта Косьцiкаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлiвы крык:

- Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!

- А скульля табе! - пачулася з буды, - гэта спакойна азваўся грабежнiк Зайкоўскi. - Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.

- Як гэта - не паложана? - апешыў Косьцiкаў.

- А так! Крымiнальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?

Азадачаны Косьцiкаў на хвiлiну змоўчаў, шырока расставiўшы ля буды ногi, каб ня ўлезьцi ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалi iншыя. Фэлiкс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папiхаць з тванi. Нарэшце Сурвiла сказаў:

- Ды залiвае ён! Нiякай пра гэта стацьцi няма...

- Хай i няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавiцеся! Прысудзiлi расстраляць, дык будзьце любезныя даставiць у цэласьцi i сахраннасьцi да месца казьнi. Панятна?

- Зараз я табе пакажу месца казьнi! - ускiпеў Косьцiкаў i дастаў з кабуры пiсталет. - Будзеш у мяне ў гразi валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда! - страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез - усё баяўся трапiць у глыбокае месца багны.

- А што табе начальства скажа? - чулася з машыны. - Вёз - не давёз...

Падобна, становiшча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскi пакуль заставаўся недасяжны.

- Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!

- Давай, дуй! Пасьледавацельна...

Апошнiя словы Зайкоўскага Косьцiкаў пакiнуў, аднак, без увагi - яго турбавала iншае. Ён моўчкi агледзеў у цемры змакрэлыя постацi асуджаных, нiбы палiчыў iх.

- А там буржуй гэты, - падказаў Шастак.

- Белагвардзеец, - удакладнiў Косьцiкаў. - Ану вылазь, гражданiн Валяр'янаў! Ваша сранае благародзьдзя!

З буды паказалася лысая, бяз шапкi галава Валяр'янава, якi сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперцiся нагамi, нерашуча перабраў побач рукамi.

- Сiгай, ня трусь! - падбадзёрыў яго Сурвiла. Белагвардзеец, аднак, не сiгануў, а, ухапiўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьцiўся ў лужыну.

- Ну - узялi! Раз, два - узялi! - трохi адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцiкаў, усё размахваючы пiсталетам.

Яны зноў узялiся пiхаць. Шафёр газаваў рыўкамi, спрабуючы скрануць машыну з глыбока выкапанай коламi ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас пакiнутага ў адзiноце Зайкоўскага.

- Пiхайце, пiхайце! Дружней пiхайце, жалкiя рабы сацыялiзму! Гнюсныя прыслужнiкi трацкiстаў! Пiхайце на сваю пагiбель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ i вышэ!..

- Ты глядзi! - цяжка соп ля буды Шастак. - Тут кiшкi рвеш, а ён там абражае. Во, сачок пракляты!..

- Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавiцкаю куляй!..

- Замоўкнi! Я загадваю замоўкнуць! Буду страляць, - гразiўся Косьцiкаў, тупаючы на ўзбочыне ля машыны.

Аднак асуджаны Зайкоўскi не сунiмаўся i яшчэ крычаў штось - нядобрае i абразьлiвае. Тады Сурвiла першы адарваўся ад вугла буды i параiў:

- Ды стралянi ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?

- Лiчу да трох i выпускаю ўсю абойму!

- Выпускай! Калi казённай машыны ня жалка... - неслася з буды.

Аднак не пасьпеў Косьцiкаў пачаць свой адлiк, як матор дужа стрэльнуў выхлапам i заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сiнiм дымком, зрабiлася зусiм цiха.

- Што такое? - зьнерухомеў Косьцiкаў.

- Усё. Бэнзын скончыўся, таварыш памкамэнданта, - глуха азваўся з кабiны шафёр. Косьцiкаў вылаяўся.

Усе стаялi моўчкi, быццам расчараваныя або ашуканыя чымсьцi. Сапраўды, гэтак старалiся, столькi патрацiлi высiлкаў, i ўсё марна. I зноў прыйдзецца пачынаць спачатку.

- Так! - пасьля нядоўгай маўклiвай паўзы вызначыў Косьцiкаў. - Шафёр, давай дуй у гараж. Хай прысылаюць бэнзыну.

- Хай Чысьцякову скажа, - параiў Сурвiла. - Чысьцякоў у курсе. Пад'едзе.

- I далажы дзяжурнаму, - удакладнiў памкамэнданта. - Давай, дуй! Хутка!

Малады баец-шафёр зморана патрухаў па дарозе ў горад. Асуджаныя паволi выбралiся з гразi на сушэйшую ўзбочыну. Усе чакалi, што далей закамандуе iхны начальнiк. Той аднаруч расшпiлiў шынэлак, з другой рукi не выпускаючы пiсталета.

- Так! Думаеце цяпер пашабашыць? Чорта з два! Ану бярыцеся! Зноў штурхаць будзем.

Ня надта ахвотна ўсе зноў паўлязалi ў багну i зноў уперлiся рукамi ў запэцканы гразёй зад машыны - Сурвiла i Шастак - па вуглах, Аўтух i Фэлiкс побач. Валяр'янаву дасталося самае гiблае месца - пасярэдзiне. Машына грунтоўна асталявалася на самай глыбiнi лужыны, i, здавалася, вось-вось паплыве па ёй. Ды не плыла, нават ня краталася зь месца. Косьцiкаў, размахваючы пiсталетам, зноў пачаў дырыжыраваць з узбочыны, а яны, месячы нагамi багну, пiхалi i пiхалi.

Аднак зноў усё было марна. Машына асела зусiм нiзка, i, падобна, нiякая сiла не магла яе вывалачы з дарожнае прорвы. Празь нейкi час уладны голас памкамэнданта заглух, i яны расслабiлi рукi.

- Так ня пойдзе! - з горыччу загаманiў Шастак. - Калi пiхаць, дык трэба ўсiм пiхаць. А то як у брыгадзе - адзiн укалвае, а другi адлыньвае.

- Хто гэта адлыньвае? - насьцярожыўся Сурвiла.

- А то ня бачыце? Во буржуй гэты! Толькi за борт трымаецца.

Валяр'янаў нiякавата сьцепануў плячыма.

- Я не трымаюся...

- Ну як жа! Хiба ня бачыў! Яшчэ адпiраецца, - не сьцiхаў Шастак. - Дзеля прылiку толькi...

- Хто яшчэ бачыў? - насупiўся Косьцiкаў. Астатнiя, аднак, маўчалi, i памкамэнданта пачаў пэрсанальны допыт:

- Аднаасобнiк, бачыў?

- Не, не. Нiчога ня бачыў.

- А ты, паэт?

Фэлiкс Гром нiякавата пераступiў у лужыне, каламуцячы i без таго скаламучаную твань.

- Ну, можа, i ня дужа... Усё ж чалавек у гадах, - няпэўна адказаў ён.

- Ага, у гадах! Значыць, ня можа? А шкодзiць савецкай уладзе можа? Так, я сам прасачу за кожным. Сачка прыстралю без разгавораў. I кiну пад колы. Тады вылезем.

Фэлiкс Гром сам пiхаў, лiчы, адною рукой, другой ня мог высока ўзяцца балела ў грудзях. I цяпер ён спалохаўся, каб таго ня згледзеў пiльны Шастак цi нават сам памкамэнданта Косьцiкаў. Што яму перашкодзiць тут выканаць сваю пагрозу: прыстрэлiць i кiне ў гэтую багну. Ад аднае думкi пра тое Фэлiкс здрыгануўся i страхавiта зiрнуў на цьмяную постаць у шынялi на ўзбочыне.

Яны зноў пiхнулi. На гэты раз па камандзе i з усяе сiлы, у Фэлiкса Грома ад болю аж пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высiльваецца i белагвардзеец-буржуй Валяр'янаў, - мабыць, таксама пабойваецца чэкiста. Хоць, калi падумаць, чаго ўжо было iм баяцца, куды iмкнуцца? Наперад, да свае сьмерцi? А можа, справа ў тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькiм выбарам, дзе лепей легчы - у пясчаную сухую зямельку цi ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў задубелi ногi. Так можна i прастыць, з iронiяй вiсельнiка падумаў паэт Фэлiкс Гром. Свой катафалк яны ж самi i штурхалi да месца паховiн. Гэта было штосьцi новае ў спрадвечным абрадзе пахаваньняў. Цi адмысловых мэтадаў катаваньня? Во пра што варта было б напiсаць верш, баляду цi сагу. Але не распаўсюджаным ямбам, а каб гекзамэтрам, як Гамэр. Мабыць, Гамэр быў бы самым прыдатным паэтам для гэтай праклятай эпохi...

- Раз, два - узялi!... Ану - рушылi! Яшчэ раз! Яшчэ! - дзiкiм голасам крычаў побач Косьцiкаў. - Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!...

Разы два ён пальнуў угару зь пiсталета, прымусiўшы здрыгануцца iх, спатнелых i ўжо дашчэнту зьнясiленых. "Давай! Давай!" I во, дзiва - машына трохi скранулася. Яны, узрадаваныя, паддалi яшчэ болей, напялiся рукамi i нагамi, i яна трохi пасунулася, папаўзла ў тванi. Тыя, што былi пасярэдзiне Гром i Валяр'янаў, улезьлi ў самую глыб, але не адступiлiся, не прыбралi ад буды рук. I ўрэшце ўсе разам выпхнулi перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася ззаду, i яны зьнямогла спынiлiся.

- Ну во, такую вашу маць! - амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта. - Што значыць, умелае кiраўнiцтва! А то - аслабелi, сiлы мала... Прымусiць трэба! Дзесяць мiнут перакур! - аб'явiў ён i адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.

За iм нерашуча павылязалi з гразi асуджаныя, пакорлiва стоўпiлiся побач. Чэкiст засунуў пiсталет за борт шыняля i вынуў з кiшэнi пачак "Беламору". Найперш, як сябру, працягнуў пачак Сурвiлу.

- Частуйся...

Той гразкiмi пальцамi ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважлiва прыкурыў ад падстаўленай у прыгоршчах запалкi. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.

- За ўдарную работу па лiквiдацыi ЧП пры выкананьнi заданьня аб'яўляю благадарнасьць, - з фальшывай урачыстасьцю аб'явiў Косьцiкаў.

Асуджаныя нiбы страпянулiся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяцi словаў, адчуўшы ў iх пранiзьлiвы водгук назаўжды адрэзанага ад iх жыцьця. Тут i цяпер яны зразумелi тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нiбы дражнiў iх гэты незразумелы чэкiст, чым рабiў iм яшчэ больш балюча.

Адзiн толькi Шастак, здаецца, гатовы быў усур'ёз прыняць сказанае.

- Дзякуй, таварыш... Грамадзянiн начальнiк. Каб гэта залiчылася...

- Залiчыцца, залiчыцца, - няпэўна паабяцаў памкамэнданта.

- На тым сьвеце, - ухмыльнуўся Сурвiла.

- Чаму на тым? - не пагадзiўся ягоны калега. - I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам... Ня горш, чым ударнiкам сацыялiстычнага спаборнiцтва.

Было не зразумець, казаў ён тое сур'ёзна цi хiтравата зьдзекаваўся зь iх, у ранiшнiм прыцемку быў кепска вiдаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусiм памяркоўным i добразычлiвым, i тое мiжволi заспакойвала.

- Ну але ж во я - невiнаваты, - ступiў наперад Шастак. - Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднiк.

Косьцiкаў смачна зацягнуўся папяросай i разважна выпусьцiў даўгi струмень дыму.

- Ну ведама, невiнаваты. Калi б ты быў вiнаваты, табе б на сьледзтве кiшкi выматалi. Косьцi б пераламалi. Жонку б на тваiх вачах таго... Калi б быў вiнаваты. А так - спакойна застрэлiм на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй? - раптам зьвярнуўся ён да Валяр'янава, якi стаяў трошкi збоч ад астатнiх.

Падобна, ён хацеў зачапiць Валяр'янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкiста. Ён ужо нямала пабачыў iх на сваiм вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калi яго расстрэльвалi ў Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялi, дык не было б тых пакут i прынiжэньняў, якiя ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не расстралялi. Толькi давялi да дыстрафii i выпусьцiлi памiраць самахоць. I гэта пратрымаўшы тры тыднi сярод паўсотнi былых афiцэраў Добраахвотнiцкай армii ў сырым вiнным склепе бязь ежы i вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе. Гэтае апошняе дапякала Валяр'янава болей за голад i смагу, ён доўга ня мог прызвычаiцца хадзiць па-большаму i малому на вачах у натоўпу розных чынам i векам людзей i ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкiстаў. Яны - нелюдзi, так i трэба было iх разумець, калi толькi нармальным розумам магчыма было што зразумець. Родны брат Валяр'янава, мiлы паручнiк Аркадзь Аркадзевiч, так i не зразумеў, мабыць, з кiм мае справу - гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I звар'яцеў. Прыстрэлiлi, бы сабаку, i кiнулi ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, нiколi нi з кiм не спрачаўся, паводзiў сябе нiжэй за траву, цiшэй за ваду. Зрэшты, i чаго дачакаўся? Таго ж, што i брат. Толькi гадоў на пятнаццаць пазьней. Цi варта было ашчаджацца?

Тым часам пачало днець. Абапал дарогi выплыў са змроку восеньскi палявы прасьцяг з пагорачкам зводдаль i прыдарожным хмызьняком паблiзу. Зьверху то iмжыў, то пераставаў дробны дождж, з поля дзьмуў вiльготны заходнi вецер. На пагорак бегла гразкая разьежджаная дарога з налiтымi дажджом каляiнамi. Гараджане тут езьдзiлi нячаста, а каляiны былi ад машын наркамату ўнутраных справаў, якi толькi й карыстаўся той дарогай. Асаблiва ноччу. А то, бывала, i ўдзень, пад час маскоўскiх праверак, калi ў горадзе тэрмiнова разгружалiся турмы.

Тое, што Валяр'янаў нiяк не адрэагаваў на заўвагу, не спадабалася Косьцiкаву.

- Ты, буржуй! Да цябе абрашчаюцца!

- Я чую, - цiха, аднымi вуснамi адказаў Валяр'янаў.

- Дзяч маёй дабрынi. Хацеў прыстрэлiць.

- Дзякуй...

- Во! А то не напомнiш - не падзякуюць. Буржуйская нявыхаванасьць...

- Да сваiх яны дык дужа добра выхаваныя, - падхапiў Шастак. -Усё: благадару, благадару...

- Да сваiх. Але не да пралетарыяту, - заўважыў Сурвiла. - Пралетарыiiхныя ворагi.

- Мабыць, мала стралялi, - сказаў Шастак.

- Стралялi ня мала. Але ўсiх яшчэ не перастралялi. Усё за вiной гналiся. За даказацельствамi i прызнаньнем. Болей паперкi пiсалi, - як пра штось набалелае, з горыччу зазначыў Сурвiла.

- А што пiсаць? - зьдзiвiўся Шастак. - Хiба адразу не вiдаць: контра. Во гэты: камiзэлька, гамашы, кавэркот...

- Можа, яшчэ i гальштук завязваў? - прыгожа заўсьмiхаўся Косьцiкаў.

- Завязваў, - цiха адказаў Валяр'янаў. - Як кожны iнтэлiгентны чалавек...

- Вы паглядзiце: яго арыштоўваюць, а ён завязвае гальштук. Хiба павесiцца ў турме.

- Каб ухiлiцца ад пакараньня, - сказаў Сурвiла. - Ну, такi нумар у нас ня пройдзе. У нас парадак!

Каб яны задушылiся зь iхнымi парадкамi, - дрыжучы на ветры ад макрэдзi, сярдзiта думаў Аўтух Казёл. З рознымi iх парадкамi ён ужо нямала пазнаўся, i ня толькi ў турме. Асаблiва апошнiя гады, як сталi яго дапiнаць за аднаасобнiцтва. I было б за што? Хiба ён супраць савецкай улады цi супраць камунiстаў? Але ж ён мусiў кармiць сям'ю, жыць з уласнае працы. А яму кажуць: у калгас. Паглядзеў ён, як тыя разумныя гаспадарылi ў iхным калгасе. Нявыбраная бульбачка гнiла ў зямлi да маразоў, убранае збожжа прападала нявысушанае ў арцельным гумне. Iнвэнтар за два гады развалiўся дашчэнту, не было каму паправiць калёсы. Умелыя паўцякалi ў сьвет, разумных перасаджалi, а хто застаўся? Бабы ды нямоглыя дзяды. I, ведама, ягонае аднаасобнiцтва сталася iм бяльмом у воку. Вясной абрэзалi зямлю, пакiнулi адно балотную няўдобiцу з хмызьняком. Пойдзеш у калгас? Не, не пайду. Тады абрэзалi пожнi, каб не было дзе напасьвiць кароўку. Затым пастанавiлi лiквiдаваць гумно, бо, цi бачыце, будавалi калгасную абору, спатрэбiлiся матэрыялы. Асець, пуню i ток - усё перавезьлi ў калгас, дзе за зiму тыя бёрны расьцягалi на дровы. Ужо ня стала куды выпусьцiць i курэй. Зноў прыехала начальства: ну, пойдзеш у калгас? Сказаў: не пайду, на сваёй зямлi памiраць буду. Дык трактарам перааралi дарогу - ад хутара да бальшака. Каб не пратаптаў сьцежку, засеялi вiкай. Абмiнаў тую вiку за вярсту па лесе. Тады сказалi, быццам ён празь лес ходзiць у Польшчу. Каб iм да свае магiлы гэтак хадзiць, думаў Аўтух.

Ужо ўсё абабралi. Абрэзалi па самыя вокны, а тады пачалi зарыцца на ягонага маладога каня. Свае зрабiлiся, як дэрбiны - ад бяскормiцы ды непасiльнае працы, а ягоны конiк быў, як намаляваны. Выгадаваны з жарабя ад уласнай кабылкi, ён быў мiлы гаспадару, можа, болей, чым жонка, чым нават дарослыя дочкi. Бывала, Аўтух возiць з поля снапы i да вечара так уходаецца, што ня мае сiлы сесьцi за стол. I ня дзiва: цэлы дзень на кожнай горцы падстаўляе пад брыку плячо, папiхае; нiбы ў парцы, памагае везьцi. Праўда, i конiк нiбы разумеў гаспадара, стараўся, выжыльваўся на маладых тонкiх нагах, вёз усё, колькi нi накладзi ў воз. Як было аддаць такога на безуважнае арцельнае карыстаньне, дзе б яго заезьдзiлi за адно лета, надарвалi, сапсулi. Дык скралi. Надвячоркам адвёў папасьвiцца на сьвежую атаву, спутаў, ды не надзеў замок, пашкадаваў натруджаныя за дзень ногi. I скралi. Аўтух адразу ўведаў, хто, зрэшты, пра тое ведала ўся вёска, быў у iх адзiн такi злодзей, скраў ён у Аўтуха ня ў першага. Кiнуўся Аўтух у мiлiцыю, у раён, да пракурора. I нiчога. Усе ветлiва слухалi i нават спачувалi, але шукаць i ня думалi. А тое, што ён сам паказваў на злодзея, пад увагу ня бралi. Казалi, патрэбныя доказы, а доказаў няма. Але якiя яшчэ iм доказы, калi ўсiм навакол ведама, што гэты Балазей здаўна крадзе коней i збывае цыганам на Палесьсi. Аказваецца, не. Трэба доказы. Такi парадак.

Там патрэбныя былi адмысловыя доказы, а вось тут можна караць i бяз доказаў. Аўтух нiколi й не падумаў хадзiць за мяжу, начарта яму трэба была тая Польшча, а яны кажуць: хадзiў. Быццам яны яго там злавiлi. Цi хоць бы там хто яго бачыў. Але напiсалi, хадзiў, i ўсё. Прызнавайся!

I ён, дурань, прызнаўся, паслухаўся гэтага партыйца i падпiсаў, што падсунулi. Думаў, тым выгадае. А ня выгадаў - прагадаў дашчэнту. Стаўся польскiм шпiёнам. Во зрабiў падаруначак сабе i дочкам. I ўсёй раднi. На ўсё iх жыцьцё...

- Бальшавiцкi парадак! - згодна пацьвердзiў Шастак. - Мыша не праскочыць.

- А ты памаўчы! - нечакана абрэзаў яго Косьцiкаў. - Ты - здраднiк.

- Я? - пабялеў ад крыўды Шастак.

- Ты, ты, - роўным голасам паўтарыў памкамэнданта. - Вось той, - ён кiўнуў у бок Валяр'нава, - той ня здраднiк, бо ён вораг адкрыты. Белы афiцэр, i так далей. А ты - i нашым, i вашым.

- Я ня вашым... То есьць, ня нашым! - ад хваляваньня пачаў блытацца Шастак. - Я служыў партыi, я бальшавiк. Мяне тут гэта. Па ашыбке.

- Ладна, - махнуў рукой Косьцiкаў. - Разьбяруцца.

Як гэта - разьбяруцца? - ня мог зразумець Шастак. Хто разьбярэцца? I калi разьбяруцца? Што гэта ўсё значыць? Вельмi няпэўныя былi тыя словы чэкiста, але ў свае няпэўнасьцi яны несьлi нейкi зародак выратоўчай надзеi. А раптам i сапраўды яшчэ ня ўсё страчана? Штосьцi яшчэ направiцца? I Шастак, апанураны i адначасна трохi абнадзеены, з зацятай крыўдай у душы адступiўся ўбок. Блiжэй да памкамэнданта падышоў Сурвiла.

- Ты гэта, скажы, - цiха, падобна, каб ня чулi iншыя, запытаўся ён. - I мяне?

- I цябе, - зiрнуў на яго сьветлымi вачыма Косьцiкаў. Сурвiла зрабiў выгляд, што тое яго надта зьдзiвiла.

- Зь iмi во - разам? - кiўнуў ён на астатнiх.

- Ну, гэта... Паглядзiм, - няпэўна сказаў чэкiст i пусьцiў густы струмень дыму ў твар былога калегi.

Ад тых словаў Косьцiкава ў Сурвiлы таксама зьявiлася маленькая надзея. Ведама, у яго i ў думках не было, што нядаўнi калега пашкадуе яго, ня выканае прысуд. Цi нават ня так яго выканае. Але, напэўна, ён усё ж мог трохi перайначыць тое выкананьне, зрабiць яго па магчымасьцi прыстойным для свайго чалавека-чэкiста. Хоць бы i асуджанага. Бо нават аднолькавы прысуд не раўняў яго з гэтымi ворагамi народа, ён i пасьля сьмерцi прагнуў застацца салдатам армii Дзяржынскага. Хоць, натуральна, i ў яго здаралiся хiбы, часам ён памыляўся, часам не хапала адукацыi. Як у тым выпадку з маладой студэнткай, якую яму давялося расстрэльваць. Але тады ён быў малады, а дзяўчына была дужа ўжо слаўная ў сваёй дзяўчачай прыгажосьцi - худзенькая такая, спрытная, зь вялiкiмi зьдзiўленымi вачыма i вабным тварыкам, зiрнуўшы на якi, Сурвiла не наважыўся стрэлiць. Ён стрэлiў мiма. Каб не ў патылiцу, - ля вуха. Яна ўсё роўна звалiлася ў яму, мабыць, зьнепрытомеўшы ад страху, ды там i асталася, заваленая наступнымi целамi. Нiхто таго не заўважыў i не дазнаўся нiколi, але ўсё роўна Сурвiла пачуваўся нiякавата. Хоць зразумела, тады ён меў невялiкi чэкiсцкi досьвед i паддаўся на дзявочую прывабнасьць. Забыўся, што перад iм найперш выкрыты вораг народа. Ды ён памятаў свой ганебны ўчынак i, можа, менавiта таму стараўся. Тое стараньне дало свой плён, i пасьля, ужо ў сьледчым аддзеле, ён паказаў за паўгодзьдзя найлепшыя вынiкi - 127 чалавек, падведзеных да вышэйшай меры, - болей, чым у каго-небудзь iншага.

I цяпер вось яго самога...

Не пасьпелi яны аддыхацца, прагнаць трохi стому, як здаля на дарозе з гораду зьявiлася машына - зноў вялiкая крытая буда, якая, валюхаючыся на калдобiнах, пад'ехала блiжэй i стала. Зь яе выскачылi трое стралкоў у шынялях, зь вiнтоўкамi ў руках i кiнулiся да групы асуджаных.

- Адставiць! - спакойна сказаў Косьцiкаў. - Усё ў парадку.

Шафёры ўзялiся пералiваць з бляшанкi бэнзын, а асуджаных Косьцiкаў зноў загнаў у буду, дзе iх сустрэў незадаволены, быццам нават заспаны, Зайкоўскi.

- Не далi й паспаць...

- Насьпiсься! - сказаў Сурвiла. - Хутка засьнеш вечным сном.

- А хрэн зь iм! Чым такая жызьня! - вылаяўся грабежнiк i зноў выцягся ўпоперак буды сваiм доўгiм целам.

Яны зноў няхутка ехалi па гразкай, выбаiстай дарозе, за iмi нягучна гурчэла другая машына. Усе, аднак, адчувалi, што хутка iхны задоўжаны шлях скончыцца. Кожны стараўся ня надта думаць пра самы-самы канец, а ўсё роўна думалася. Фэлiкс Гром яшчэ ад суда i прыгавору ўсё ўяўляў сабе, як яго будуць расстрэльваць. Дакладна тае жахлiвае працэдуры ён, натуральна, ня ведаў, але з кiно памятаў, як расстрэльвалi парыскiх камунараў. Роўная шарэнга стралкоў, выстаўленыя наперад палкi-вiнтоўкi, скiраваныя ў ахвяраў ля цаглянай сьцяны. Тыя ў белых кашулях, з горда выпнутымi грудзямi. I залп. Лёгкi сiнi дьмок ад вiнтовачных руляў, праклён т'ераўскiм катам... Прыгожа! Але дзе тут для iх шарэнга стралкоў? Тры вiнтоўкi - тых, з задняй машыны, ды пiсталет у начальнiка - якi ж тут залп? I хто закрычыць праклён? Ужо ён, Фэлiкс, ня будзе крычаць нiчога - хай яны пагараць усе разам: i каты, i iхныя ахвяры. Увесь час, што ён прабыў у турме i на сьледзтве, ён наракаў на Аўтуха i ягоную сялянскую дурноту. А як выявiлася цяпер, былi там i горшыя за Аўтуха арыштанты. Хоць бы вось гэты Шастак. У камэры Фэлiкс яшчэ размаўляў зь iм, нешта расказваў пра лiтаратуру. Трэба было! Ды цi Шастак быў там адзiн. Добра яшчэ, што зь iмi не сядзеў Сурвiла, мабыць, таго трымалi ў асобнай камэры. У чэкiстаў i камэры асобныя. Як i ўсё iншае ў iхным жыцьцi. Толькi паэт - сярод простага народа, безь якiх дабротаў i прывiлеяў. Фэлiкс Гром ужо шчыра шкадаваў, што некалi ўлёг у лiтаратуру, вучыўся, - лепш бы застаўся непiсьменным. Ягоны малодшы брат скончыў чатыры клясы i рабiў у калгасе. Неяк будзе жыць бяз кнiг i бязь вершаў. А што яму дало ягонае памкненьне ў лiтаратуру?

Але ж во i дзядзька Аўтух таксама не пiсаў вершаў. I наўрад цi калi чытаў iх. I цяпер яны будуць цi не ў адной яме разам.

Так, Аўтух Казёл на тым часе клапацiўся не пра якiя там вершы, у яго быў зусiм iншы клопат - бульбяны. Вядома, ён разумеў, што ня час было думаць пра тое. Але во думалася. Недзе пад лесам застаўся шнурок нявыбранай бульбы, выйшла няўпраўка, як ня стала каня. А той шнурок трэба было выбраць найперш. А то разыдуцца дажджы, залiе лагчыну, тады ня ўлезеш на яе i з канём. Цi здагадаецца пра тое жонка? Прападзе бульбачка, а што есьцi ўзiмку? Хоць цяпер едакоў i паменее, але паменее i работнiкаў. Зноў жа скацiна...

Машына цяжка нахiлiлася ўсёй будай, пасьля задралася ўгару кабiнай, збочыла, перавалiла нейкi раўчук i дужа страсянула ўсiх пасажыраў. Зайкоўскi незадаволена падняўся ў змроку i сеў, прысланiўшыся сьпiнаю да жалезнай сьцяны. Але, падобна, штосьцi адчуў i ня лаяўся. Ды й астатнiя адчулi, што, мабыць, прыехалi. Дзьверы буды пакуль не расчынялiся, iх не выпускалi. Там, знадворку, штось перагаворвалася ахова, хтосьцi пабег некага клiкаць. Вiдаць па ўсiм, там рыхтавалiся. I во нарэшце дзьверы расчынiлiся. Трошкi нахiленая, машына стаяла ў маладым хвойным ляску.

- Выхадзi! Па адным!..

Нiхто ў будзе, аднак, не скрануўся, усе сьцялiся, замерлi i чакалi. Чаго толькi чакалi? Хутка ў дзьвярах паявiўся жвавы, усьмешысты твар Косьцiкава, якi найперш брыдка вылаяўся.

- Ты! - упёрся ён позiркам у першага, каго згледзеў у цёмнай будзе - гэта быў Аўтух. - Выхадзi!

"Чаму я першы? Чаму я першы?" - закрыўдаваў у душы Казёл i нязграбна вывалiўся з машыны. Вакол цiха стаялi дрэўцы-сасонкi, i ля iх побач зьнерухомелi поўныя ўвагi маладыя хлопцы-байцы. Непадалёк i крышку ўбаку жаўцеў пясчаны пагорачак. Усё было зразумела...

- Ну? Упярод!

Зь незразумелай злосьцю Косьцiкаў пiхнуў Аўтуха ў плячо, той зачапiўся раскiслым ад тванi лапцем за траву i ўпаў. Сэрца яго моцна бiлася ў грудзях, было надта няёмка за свой нехуцавы, жабрацкi выгляд, асаблiва перад гэтымi чысьцюткiмi маладымi хлопцамi ў вайсковым, што цяпер зь перабольшанай увагай уставiлiся ў яго. Ён таропка ўстаў i апанурана патэпаў да ямы, душачы ў сабе крыўду: чаму мяне першага? Цi я самы найгоршы вораг?..

- Ну, хрысьцiся, - сьцiшана, без ранейшай злосьцi ў голасе сказаў Косьцiкаў. Аўтух, баючыся не пасьпець, таропка перахрысьцiўся па-праваслаўнаму, справа налева. I чакаў.

- На каленi!

На беражку ямы ён паслухмяна апусьцiўся на каленi. Зрушаны лапцямi пясок пасыпаўся ўнiз, i ён спалохаўся, што звалiцца туды заўчасна. Але не звалiўся, толькi прыплюшчыў вочы i чакаў.

- Гэта нястрашна, - сказаў ззаду чэкiст i лязгануў затворам пiсталета даслаў першы патрон. Толькi Аўтух зiрнуў у прадоньне глыбокай ямы, як стрэлу ўжо не пачуў. Здалося, яма сама кiнулася насустрач i назаўжды агарнула яго пясчанай сваёй глыбiнёй.

- Так! Адзiн ёсьць! - мовiў памкамэнданта i пайшоў да дзьвярэй машыны. Ягоная праца распачалася, ён рабiў яе звыкла й дакладна, як i кожнага дня.

Зноў у машыне ўсе замёрлi, сьцiхлi, чакаючы, каго ён паклiча наступным. I тады ён згледзеў цi, можа, прыпамятаў Зайкоўскага, якi цяпер маўклiва тулiўся ля задняй сьцяны буды.

- Ану ты, бандзюга!

Прыгнуўшыся, Зайкоўскi сiгануў да дзьвярэй, рашуча скочыў з машыны.

- Рукi назад! Назад рукi!!!

- Куды назад? Во зломана, ня бачыш?

- Я табе зараз i другую зламаю, - тузануў яго за рукаво пiнжака Косьцiкаў. Зайкоўскi, аднак, ухiлiўся.

- Не чапай! Даручана - страляй. А бяз рук!

- Ах ты, бандзюга!

- Я не бандзюга! Я больш палiтычны, чым вы разам узятыя!

- Во як?

- Во так!

- Ну пайшлi, - трохi паспакайнелым голасам сказаў Косьцiкаў, паказваючы пiсталетам у бок ямы. Байцы, што стаялi паблiзу, паднялi штыхi. Мабыць, такое яны чулi ня кожны дзень.

- Ты гэта во што! - раптам прыпынiўся Зайкоўскi. Спынiўся i Косьцiкаў. Будуць расстрэльваць самога, каб ня ў гэтай яме. Каб нам не сьмярдзеў.

- Ах, ты гаўно! - вызьверыўся Косьцiкаў i стрэльнуў Зайкоўскаму ў грудзi раз, другi, трэцi. Той няўклюдна павалiўся на рассыпаны каля ямы пясок. Пад яго целам пачала расплывацца крывавая лужына.

- Будзе мне яшчэ пагражаць... Пагражаць мне! - ня мог супакоiцца Косьцiкаў.

Зласьлiвыя словы расстралянага чымсьцi, аднак, зачапiлi чэкiста, якi трохi пастаяў зь пiсталетам, сочачы, як здрыгваецца i выпiнаецца ў апошнiх канвульсiях вялiкае цела бандыта. Адкiнутая ўбок здаровая рука яго згрэбла жмут мокрай травы, але ня вырвала. Пальцы паволi расьцялiся...

Амаль лагодны сьпярша настрой Косьцiкава пачаў прыкметна псавацца. Звыклы працэс прывядзеньня ў выкананьне прысуду яўна парушаўся, i прычынаю таму гэты маскоўскi бандыт. Са сваiмi беларускiмi ворагамi Косьцiкаў ня меў вялiкага клопату, тыя заўсёды былi паслухмяныя i перад ямай паводзiлi сябе, як авечкi. Турма, доўгiя месяцы допытаў, суд ламалi iх канчаткова, i расстрэльваць такiх было нават нудна. Некаторыя, праўда (асаблiва зь лiку партыйцаў), перад сьмерцю крычалi: хай жыве Сталiн або камунiзм цi сусьветная рэвалюцыя, мабыць, хiтра разьлiчваючы тым на ягоную катаву спагаду. Ён не пярэчыў: хай жывуць, калi каму хочацца, каб жылi, i заганяў чарговую кулю ў чарговую патылiцу. Ужо ён iх нагледзеўся, розных гэтых патылiц: чорных i рыжых, гладкiх i кучаравых, са срабрыстай сiвiзною i зусiм голых, аблыселых. I нiхто нiколi не абразiў яго, не аблаяў нават, - што значыць, палiтычна сьвядомы матэрыял, ня тое, што гэты крымiнальны прыблуда.

- Выходзьце два адразу! - голасна скамандаваў ён ля машыны. - Ты, белагвардзеец, i ты, сраты паэта! Жыва!

Фэлiкс Гром паслухмяна саскочыў з машыны i спынiўся, чакаючы напарнiка. Валяр'янаў аслабела i нязграбна вылязаў з буды - павярнуўся на жывот, дацягнуўся нагамi да долу. Зьлезшы, нэрвовымi пальцамi пачаў зашпiльваць гузiкi бобрыкавага палiто. А можа, жонка ўсё ж выжыве, падумаў ён. Нешта ўсё ж значыць яе пралетарскае паходжаньне. Дый дзеткi... Хоць i без бацькоў, але ўсё ж лепш, чым нiчога. Жыцьцё ёсьць жыцьцё, якое б там нi было...

У расшпiленай тужурцы з загадзя закладзенымi назад рукамi цярплiва чакаў апошнiх камандаў Гром. Ён мала што бачыў вакол, вочы яго недарэчна змакрэлi, было страшна крыўдна за сваё да часу загубленае жыцьцё. Загубленае празь нядаўна яшчэ самае для яго сьвятое - паэзiю. Будзь яна праклятая! Лепш растрасаць гной у калгасе, не чытаць нiякiх кнiжак. Але хто ведаў, што ўсё гэтак скончыцца? Вельмi i вельмi шкада. З тым шкадаваньнем у душы ён i пайшоў да жоўтага пясчанага пагорачка, за якiм яго чакала нiшто.

Байцы ўжо сьцягнулi ў яму супакоенае цела Зайкоўскага. Рыхлы пагорачак быў дужа растаптаны iхнымi ботамi, беражок ля ямы стаў больш зручны, пляскаты. Валяр'янаў без напамiнку апусьцiўся каленямi на краi, тройчы перахрысьцiўся i сьцiх. Ён быў гатовы прыняць сваю доўгачаканую пагiбель. Хацеў памалiцца, ды падумаў, што не пасьпее. Фэлiкс Гром мясьцiўся побач, штось яму замiнала. Толькi Валяр'янаў зiрнуў унiз i заўважыў, што тут неглыбока, як два нягучныя стрэлы ззаду звалiлi абодвух у яму.

У машыне засталiся апошнiя - Шастак i Сурвiла, i Косьцiкаў крыкнуў ад ямы:

- Здраднiк, выхадзi!

У дзьвярах паказаўся зьбялелы з твару Шастак.

- Я, што лi?

- Ты, ты! Выхадзi!

- Я ня здраднiк. Я ўжо тлумачыў. Гэта ашыбка...

- Якая табе ашыбка! - вызьверыўся Косьцiкаў. - Усё напiсана i падпiсана. Шагам марш!

Ушчэнт разгублены, зьбялелы, Шастак саскочыў з машыны i пачаў пасьпешна сутаргава пазяхаць, агаляючы гнiлыя, абламаныя зубы.

- Але ж, але ж... Мяне нельга страляць... Я член партыi!

Такiя словы ля ямы памкамэнданта Косьцiкаву даводзiлася чуць нярэдка, асаблiва калi прыводзiлi групу партыйцаў, i ў Косьцiкава ў адказ быў нарыхтаваны выпрабаваны аргумэнт, якi заўжды дзейнiчаў безадмоўна.

- Калi ты член партыi, - закрычаў Косьцiкаў, - дык якога ж ты хрэна аказваеш супрацiўленьне органам?!

- Я, я не аказваю...

- Ну дык марш! Марш да ямы! Цi памагчы?

Хiстаючыся, бы п'яны, Шастак пабрыў да ямы. Але на разварушаным пагорку зноў прыпынiўся.

- Няправiльна вы...

- Усё правiльна! - сказаў памкамэнданта i стрэлiў яму ў патылiцу. Кастлявае цела Шастака спотырча павалiлася ў яму - да тых, што туды звалiлiся раней.

Калi Косьцiкаў вярнуўся да машыны, там ужо стаяў, вылезшы зь яе, Сурвiла. Ягоны азызлы твар стаў зусiм бурачнага колеру - ад стомы цi нутраных пакутаў.

- Што, i мяне туды? - запытаўся ён, маларухавым позiркам утаропiўшыся ў пясчаны пагорак.

- А куды ж? Асобнай ямы ў мяне няма.

- Выкапай.

- Яшчэ чаго не хапала!

- Давай, я сам.

- Капай! - падумаўшы, пагадзiўся Косьцiкаў. - Усё роўна спазьнiлiся. Шафёр, нясi рыдлёўку!

Малады шафёр зь пярэдняй машыны прынес рыдлёўку, Сурвiла аберуч памацаў тронак, агледзеўся навакол.

- Дзе? Тут?

- Хоць бы i тут. Давай. Толькi жыва! - сказаў Косьцiкаў, не хаваючы, аднак, пiсталета.

Сурвiла пачаў капаць - iмпэтна, нэрвова, кiдаючы ў бакi поўныя рыдлёўкi жвiру. Мабыць, усё ж хвалюючыся, ён мала дбаў пра акуратнасьць i, замест простакутнiка магiлы, распачаў бадай круглую яму. У сасоньнiку было не сьцюдзёна, начная iмжа ранкам спынiлася. Сурвiла хутка ўгрэўся, азызлы твар спатнеў i зрабiўся яшчэ больш чырвоны. На хвiлiну прыпынiўшыся, ён зьдзёр з плячэй рудую, абшкрэбаную скуранку, шпурнуў яе пад ногi Косьцiкаву.

- На, вазьмi. Нашто прападаць...

Запэцканым у гразi хромавым ботам той гадлiва адкiнуў скуранку з-пад ног. Сурвiла ня стаў упрошваць - ня хоча, ня трэба. Яму таксама ўжо нiчога не было патрэбна. Апроч вось гэтай асобнай магiлы. Тут яму будзе спакайней, чым у агульнай, упокат з ворагамi народа. I ўсё ж яго расьпiрала крыўда, змоўчаць якую ён ня меў сiлы.

- За што? Чэснага работнiка органаў! Што я парушыў? Бязьвiннага ворага забiў? Ды iх тысячамi забiваць трэба! Я стараўся! Чатыры гады прэмiявалi. За ўдарную работу, да гадавiны Акцябра. I ўсё дарма. Пашкадавалi ворагаў, шпiёнаў, нацдэмаў! I гэта правiльна? Не! Гэта i ў органы прабралiся ворагi, во гэта што! Яны сярод нас!

- Годзе! - з надрывам загадаў Косьцiкаў. - Лепш памаўчы!

- Я маўчаў! Усё лета маўчаў. Як i ты! Як i сотнi чэкiстаў. I во мне за гэта...

- Маўчы i капай! - усё больш злуючыся, крыкнуў Косьцiкаў.

- Не, ужо скажу. Во i ты... Думаеш, уцалееш? Службай адкупiсься? Не! Прыйдзе i твая чарга...

- Маўчаць!

- Не, ужо скажу! Мы павукi ў банцы! Дазнаецца Сталiн...

Мабыць, гэта было занадта. Непадалёк зь вiнтоўкамi напагатове стаялi байцы аховы, поўны трывожнай увагi, чакаў ля машыны маўклiвы шафёр. Усе са зьдзiўленьнем утаропiлiся ў знаёмага чэкiста, якi капаў сабе магiлу i гаварыў штось дзiўнаватае. Урэшце Косьцiкаў прыўзьняў пiсталет, не цаляючы, два разы стрэлiў. Выпусьцiўшы рыдлёўку, Сурвiла падламiўся ў каленях i бокам асеў на раскапаны дол.

- Дабi ж... - выцiснуў зь сябе ледзь чутна. Косьцiкаў ступiў на крок блiжэй i стрэлiў у галаву. На траву i пясок пырснула шэрымi крупiнкамi мазгоў.

- Вазьмiце, i туды, да астатнiх, - загадаў ён байцам.

Закiнуўшы за сьпiны даўгiя вiнтоўкi, тыя ўзялi былога чэкiста за рукi, пацягнулi да ямы. Косьцiкаў пайшоў у бок да машыны.

Гэтая праклятая ноч дашчэнту выматала ягоныя сiлы. Прыкметна пачала здраджваць вытрымка, як ён нi стараўся паводзiць сябе стрымана. Здаецца, нескладаная работа, але штодня адно й тое ж. Вязуць i вязуць, нiбы баранаў, калi таму будзе канец? Вунь колькi накапана ямаў за вясну i лета. I колькi будзе накапана новых.

Косьцiкаў акiнуў позiркам прагалiну мiж сасонак на схiле - мабыць, за восень заселяць i яе. I проста дзе-небудзь тут апынецца й ягоная яма...

У гэтым жыцьцi ўсё вельмi проста.

НА ЧОРНЫХ ЛЯДАХ

Называецца - даваявалiся!..

Тое, што яны даваявалiся дарэшты, да астатняй магчымасьцi, камандзiр зразумеў не цяпер i ня ўчора, як iх прыцiснулi да ракi i секлi ў кустоўi з кулямётаў, а яны толькi агрызалiся рэдкiмi вiнтовачнымi стрэламi. I нават ня тыдзень таму, як змардаваныя, галодныя, невялiчкаю групай, рэштаю батальёна тулялiся па лесе, ня ведаючы, куды паткнуцца, дзе раздабыць правiянту, табакi, пару начных гадзiн адпачыць у спакоi. Iхную трагiчную нявыкрутку камандзiр выразна адчуў ужо на пачатку вясны, як стала зразумела, што гэты раён абкладзены з усiх бакоў - ва ўсiх блiзкiх i далёкiх вёсках, на хутарах i фальварках поўна чырвонаармейцаў, якiя бралiся за iх нясьпешна, абачлiва, грунтоўна. Тыдзень таму iх выкурылi з наседжанага хваёвага грудка ля балота, не далi перайсьцi рэчку ў суседнi раён, яны ледзьве адарвалiся ад цэлага палка чырвоных. Увесь дзень учора бахала-трахацела на тым баку лесу, сьпярша гучна тахкалi стрэлы, гайдалi лясное рэха кулямётныя чэргi, а пасьля, пад вечар, усё неяк неўпрыцям сьцiхла. Мяркуючы па ўсiм, прыйшлi кранты i на групу Ўлашчыка, якая спрабавала атабарыцца ў тым баку лесу. Значыцца, i там не было паратунку, як не было яго тут, каля Морачы, як не было ў гэтых лясах, у акрузе - па ўсёй Беларусi. Яшчэ ўзiмку, седзячы ў засьнежаных лесавых нетрах, яны спадзявалiся ператрываць халады, дачакацца вясны, калi, можа, яшчэ iм пашчасьцiць. Ды не пашчасьцiла. Па цяплу, па зялёнай траве i тым стала лацьвей, i тыя актывiзавалiся, згрупавалiся, абкружылi i пачалi паляваньне па ўсiх правiлах палявой навукi - бы на ваўкоў. Во тады й стала зразумела, што iхныя днi палiчаныя, ня сёньня, дык заўтра яны ўсе палягуць.

Ад самае ранiцы яны аслабела валаклiся па лесе, кожны стараўся ня дужа адстаць ад пярэдняга, а ўсе разам - ад камандзiра, якi то хiстка сiгаў наперадзе, то спыняўся сярод хваiн, слухаў, азiраўся. Азiраючыся, ён паварочваўся ўсiм целам, бо ня мог паварушыць галавой на збалелай, абвязанай брудным ручнiком шыi. Параненая яшчэ на пачатку зiмы шыя не гаiлася, гнiла, рудая жыжа цякла зь яе па грудзях, на жывот, павязка заўжды была мокрая. Навокал пакуль што было цiха i глуха ў гэтым глухiм кутку лесу, толькi хваёвы шум слаўся ўгары, мерна гайдалiся хвойныя вершалiны; часам цiха патрэсквала сухое гольле пад нагамi тых, хто ззаду аслабела дабрыдаў да пярэднiх. Тады, па чарзе спыняючыся ля камандзiра, усе слухалi, азiралiся, бы штось выглядваючы па баках. Яны не размаўлялi цяпер, ды й даўно ўжо не размаўлялi памiж сабой, бо ўсё было перагаворана, вядома; спрачацца не было пра што. Есьцi таксама ў iх не было нiчога, не было чаго закурыць. З боезапасу засталося ўсяго па два-тры патроны на вiнтоўку ды шэсьць патронаў у барабане камандзiравага нагана. Гэта i ўсё. Адбiвацца ў iх не было чым.

Але добра яшчэ, калi ўсiх пераб'юць. А калi каго возьмуць параненым, непрытомным, павязуць у горад ды пачнуць вызнаваць, чый, каму якая радня, хто бацькi, жанкi, дзецi? Тады што? Не, яны даўно ўжо ведалi, што пагiбель - не найгоршае з усяго, што нарыхтаваў iм iхны паўстанцкi лёс. Горш, калi яны, гiнучы, пацягнуць на пакуты iншых, тых, дзеля каго, па сутнасьцi, распачалi ўсё тое. Нават забiтымi яны ня знойдуць паратунку ад бальшавiкоў. Як той Аксяневiч з Курбыкам, што асталiся ля ракi. Забiтых iх павезьлi ў горад - на апазнаньне. Тры днi iхныя целы ляжалi на фурманцы ля штаба, куды па чарзе ганялi гараджанаў, вяскоўцаў, i нехта iх апазнаў. Апазнаў на гора бацькам i родзiчам, якiм той жа начы павязалi за сьпiнаю рукi й павезьлi. Куды - хто ведае. Таму яны наважылiся. Доўга не абмяркоўвалi, камандзiр сказаў, i ўсе пагадзiлiся, выйсьця ў iх не было. Зброю - вiнтоўкi i наган - пакiнуць з сабой, а паперы, якiя дакумэнты ранiцай сабралi да купы i спалiлi ў ядлоўцы. I засталiся без iмёнаў i прозьвiшчаў, бяз роду-племя - восем абадраных, згаладнелых, аброслых бародамi валацуг, што вырашылi сёньня канчаць...

Рабiць тое трэба было як найхутчэй, пакуль тыя з начы, здаецца, згубiлi iх сьлед у гэтым лесе, i яны адарвалiся ад даганятых, неяк заблыталi на балацявiне сьляды i выйшлi ў цiхi лесавы край. Хоць тая цiшыня магла быць здрадлiвай, кожную хвiлiну яны рызыкавалi наскочыць на бальшавiцкi ланцуг цi засаду. Зноў жа доўга брысьцi iм не выпадала, камандзiр ведаў, што тут недзе павiнны пачацца Чорныя ляды, а далей, можа, вярсты праз тры, баравы хвойнiк скончыцца, пачнецца лугавы прасьцяг з дарогай - там ужо, напэўна, iх чакаюць. Ну, але пакуль што, здаецца, iм далi нейкi перадых, у лесавой глушы нiдзе не было чутна нi голасу, нi крыку, нi стрэлу. Толькi б нагледзець здатнае месца, якую баравiнку, пагорачак. Але ў гэтым раўнiнна-забалочаным краi нiдзе нiякай баравiнкi - спрэс дрымучыя лясныя нетры, бярозы ды сосны, iмшарыны, пясчаны, парослы ядлоўцам дол. I яны валаклiся, аж покуль наперадзе не паказаўся прагал, зьверху шэра засьвяцiлася хмарнае неба, у доле непадалёк вiдаць стала нагрувашчаньне карчоў, звалочаных сюды зь недарасьцярэбленых лядаў. Мясьцiна, вядома, ня самая лепшая, падумаў камандзiр, але ўжо якая ёсьць. Брысьцi далей было зусiм рызыкова.

Ён стаў, паазiраўся. Адразу ж за iм спынiўся i запытальна зiрнуў на яго той, што iшоў сьледам - мажны, хоць i малады яшчэ чалавек са сьвятлява аброслымi шчэцьцю пашчэнкамi, апрануты, як i камандзiр, у доўгi, са скарэлым крысьсем шынэлак.

- Што, тут, камандзiр?

- Тут.

- Можа б далей?

- Не, далей нельга, Мяцельскi. Можам ня ўправiцца. Адна ж рыдлёўка.

Самотны цень мiльгануў i прапаў у сьветлых вачах Мяцельскага - той быў камандзiраў памочнiк i цяпер без загаду зразумеў найпершую задачу.

- Казак, давай! - стрымана гукнуў ён таго, хто валокся трэцiм у гэтым разбрыдным страi. То быў нiзенькага росту, нявiдны паставай чалавечак у шэрай паддзёўцы са стрэльбай на рамянi i кароткай, засунутай за дзягу рыдлёўкай. Болей рыдлёўкi ў iх не было нi ў кога. На хадзе вымаючы яе з-за сьпiны, Казак падышоў да начальнiкаў i спынiўся.

- Ну што? Капай!

Бяз роспыту i лiшнiх словаў Казак пачаў раскопваць мяккую iмшарыну, пад якой апынуўся сьветлы, амаль белы баравы жвiр. Казак быў чалавек паслухмяны, нiколi не пярэчыў начальству, што скажуць, тое i зробiць. Да таго ж зусiм негаваркi, болей маўчаў, i нiхто нiколi ня ведаў, што яго найболей турбуе. Нават цi турбуе наогул. А мабыць, турбавала, як во цяпер, калi ён дужа хацеў курыць. Есьцi хацеў таксама, але голад для яго быў пачуцьцём звыклым, ён нямала нагаладаўся за жыцьцё, але каб не курыць?.. Без табакi ён доўга ня мог, ён тады проста маўклiва марнеў, i на абвялым, у рэдкiм валасьсi твары яго была невымоўная пакута.

Iншыя, пакрысе падыходзячы да гэтай мясьцiны, спынялiся, моўчкi, з насьцярогаю пазiралi ў раскапаны дол, чакалi. Мабыць, усе ўсё разумелi, тлумачыць нiкому не было патрэбы. Мяккi, парослы беламошнiкам жвiр ляцеў з Казаковай рыдлёўкi пад iхныя ногi - на старыя змакрэлыя боты, разьлезлыя аўстрыйскiя гамашы i нават лапцi з аборамi, як на нагах у Дзеда - дужа чорнабародага, з чорнымi густымi брывамi шарагоўца. Не страсаючы абсыпаных жвiрам лапцей, той адышоўся наводдаль i апусьцiўся на дол. Галава яго неяк сама сабою ўгнулася, унурыўся позiрк, вусны заварушылiся, нiбы творачы сьвятую малiтву. А можа, i не малiтву, можа, ён проста штось гаварыў сабе цi людзям. Разабрацца ў тым, аднак, не было каму, кожны iмкнуўся засяродзiцца ў сабе, хiба проч Кажухара. Гэты меў такое прозьвiшча, бо некалi шыў кажухi, у адным зь якiх, мабыць, быў i цяпер - несамавiтай, счарнелай ад вiльгацi апратцы з аблезлым каўняром. За пазухай перад сабой ён ашчадна трымаў правую, тоўста абкручаную нейкай анучай руку. Тыдзень таму на шашы яе добра-такi лупанула бальшавiцкая куля, i цяпер Кажухар дужа пакутаваў. Са скрыўленым ад болю, даўно ня голеным тварам ён патупаў каля людзей ды сеў побач зь Дзедам.

- Ну во, братка, як яно ўсё атрымалася...

Яму вiдавочна хацелася пагутарыць, пабедаваць, каб хоць як заглушыць боль у руцэ, але Дзед не адказаў - таму, мабыць, балела сваё.

"Атрымалася!" - паўтарыў у думках Iгар Забела, што ачмурана стаў насупраць. Трэба б неяк падбадзёрыць сябе, але ў яго проста не знаходзiлася для таго словаў. Вусны яго на момант здрадлiва скрывiлiся, вочы гатовыя былi пакрыцца сьлязьмi. Неяк, аднак, ён намогся, асiлiў нечаканую слабасьць, цьвярдзей сашчапiў голыя юначыя пашчэнкi i адвярнуўся.

Неўзабаве да выразна азначанай у iмшанiку ямiны падышлi й астатнiя; хто стаяў адвярнуўшыся, хто апанурана пазiраў на ўвiшнага Казака цi сабе пад ногi. Аўстрыяка нядоўга пастаяў сярод iншых ды, забiраючы паўколам навакол, памалу пайшоў па лесе. Каб стрымаць раптоўную немач, ён пачаў пазiраць угору, мiж хваёвых вершалiн, што цiха i мерна пагойдвалiся над голым яшчэ, бязьлiсьцевым вецьцем бяроз. Недзе там, у глыбiнi неба, плылi й плылi шэрыя веснавыя аблокi, што несьлi кудысь веснавыя дажджы - на азiмiну, пад ярыну, на родныя палi й гонi. Яму ж, Аўстрыяку, ужо ня прыйдзецца выйсьцi на поле, натрудзiць далонi аб ручкi плуга, удыхнуць хмельны пах ворнай зямлi. А так хацелася... Тое карцела ўвесь час, сьнiлася па начах. Як тры гады гiбеў у пацуковых акопах той мiкалаеўскай, як галадаў у бараку аўстрыйскага палону. Затым як уцякаў дамоў, прабiраючыся начамi праз чужыя палi й пералескi.

Камандзiр, крокi на тры адступiўшы ад ямы, як заўжды, з засяроджана стрыманым выглядам думаў сваю неадчэпную думу пра гэтых людзей. Цяпер iм патрэбна была якая гадзiна спакою, каб не пашкодзiлi тыя. Праўда, пакуль было цiха, але ён ня меў нiякай гарантыi, што цiшыня задоўжыцца i дасьць магчымасьць зрабiць задуманае.

Вядома, усё тое было жахлiва, не па-чалавечы i не па-боску, напэўна, але што ж iм рабiць? Увесь гэты жах утварыўся ня зь iхнай волi - д'ябал цi лёс падвялi iх менавiта да такога вынiку. Iншага не выпадала. Iншы быў яшчэ больш жахлiвы, з двух жахаў яны выбралi найменшы. Каб толькi давесьцi ўсё да канца, а там... А там хай жыве Беларусь! Бязь iх.

Напрыканцы ўсяго надта карцела абвiнавацiць iншых, тых, каго цяпер тут не было. Але камандзiр адчуваў, што ня трэба вiнавацiць - нi зачыншчыкаў, нi кiраўнiкоў. Рабiлi ўсе, як умелi, хоць умельства таго й бракавала. I ў кiраўнiкоў зьезду, i ў камiсара Жаўрыда. Але ўсе - ад шчырага сэрца, дзеля карысьцi народа. А што да камандзiраў палкоў, дык тыя (можа, за выключэньнем аднаго здраднiка) i зусiм паводзiлi сябе па-геройску, шчыравалi, не шкадуючы ўласных жыцьцяў. Ды марна, нiчога не пайшло на карысьць. Усё на згубу. Як заўжды, маса засталася ўбаку, не падтрымала iх Беларусь. А супраць, не памарудзiўшы, выступiла сiла, якую яны, здаецца, не ўлiчылi. А галоўнае, змарнавалi самы дарагi час - на размовы-перамовы, узгадненьнi, паразуменьнi. На дэмакратыю. А тыя не перамаўлялi, тыя знай бiлi. Цяпер вось расплачвацца. Як заўжды на вайне, галоўная плата - кроў, i плоцiць той, хто найменш вiнаваты. Як яны тут - былы камандзiр роты ды гэтыя дзядзькi-шарагоўцы. А яшчэ хлопчык... Камандзiр колькi нi думаў, нiяк ня мог пагадзiцца з пагiбельлю Валодзькi. I ня ведаў, што можна прыдумаць, як схiтрыць, каб неяк зьберагчы ягонае жыцьцё. Аднаго з усiх. Якiя цьвёрда рашылi, калi тое - дык усiм разам. Без выключэньня. Бо выключэньне знайшлося б не для аднаго. А iм трэба было не пакiнуць сьлядоў. Яно, мусiць, i правiльна, i маральна. Ды во гэты падлетак, ён блытаў усе iх лягiчныя меркаваньнi i пратэставаў супраць пагiбелi. Цi, можа, гэта ў iм самiм бунтавала яго даўняе вучыцельскае мiнулае, - хто знае.

Аднекуль здаля, з хвойнiку, пачулася трывожнае сарочае сакатаньне, пасьля яно стала блiжэй, да яго далучылася новае - збоку. Камандзiр незадаволена ўгледзеўся ў высокае гольле хвояў, i Валодзька тады згледзеў сарок. Дзьве iх зьляцелiся разам i, пераскокваючы ў голым суччы бярэзiн, сакаталi i сакаталi, трывожачы людзей. Валодзька падхапiў з долу ламачыну, падбег да iх блiжэй i шпурлянуў яе ўгору. Але сарокi толькi пераляцелi на iншыя дрэвы. Хлопец вярнуўся да ямы.

- Ня бегай, Валодзька, - цiха сказаў да яго камандзiр.

- Раскрычалiся на ўвесь лес.

- Хай крычаць...

Можа, i праўда, хай крычаць, цяпер ужо ўсё адно, абы толькi не паказалiся тыя. Валодзька ўгледзеўся ў лесавыя нетры - быццам нiкога нiдзе не было, значыць, гэта сарокi - на iх.

Тым часам Казак накапаў ужо ладныя кучы жвiру з абодвух бакоў i сам паглыбiўся ў ямiну амаль да каленяў. Здаецца, ён няблага ўгрэўся, аж спатнеў пад нiзка насунутай на лоб аблавушкай. I як чарговы раз выпрастаўся, каб шапку сьпiхнуць на патылiцу, у яму скочыў Валодзька.

- Дай я...

Безь вялiкай ахвоты Казак аддаў хлопцу кароткi тронак рыдлёўкi, якую Валодзька з iмпэтам увагнаў у жвiр.

Як Казак толькi пачынаў капаць, Валодзька быў побач, i яго бiла дрыжака, нейкая нутраная лiхаманка, хоць ён i не адчуваў сьцюжы. Увогуле ў той дзень не было халодна. Мусiць, каб як саўладаць з сабой, ён прагнуў хоць якога дзеяньня, iмкнуўся чымсьцi заняць сябе. Тыя днi, як i ўсе, ён быў галодны, ушчэнт змораны, мiнулае ночы заснуў усяго на гадзiну - сядзеў у дазоры. Але цяпер немаведама адкуль у яго ўзялiся сiлы, ён капаў, бы машына - хутка й напорыста, кiдаў i кiдаў у бакi зямлю, не паднiмаючы галавы i стараючыся нi пра што ня думаць.

Думкi, аднак, самi лезьлi ў галаву, i самыя неадчэпныя зь iх былi пра сябе. Не хацелася памiраць Валодзьку Сулашчыку, хацелася жыць. Ды, мусiць, не выпадала. Як не выпадала жыць ягонаму бацьку, шмат каму з шарагоўцаў ды камандзiраў iхнай Слуцкай брыгады. Некаторыя, можа, i ўберагуцца, думаў Валодзька, асаблiва па той бок польскай мяжы, але ня ўсе. Валодзька ўжо чуў, што камандзiраў ды кiраўнiкоў паўстаньня палякi выдалi бальшавiкам, некаторых парасстралялi ў Слуцку, iншых сем'ямi вывезьлi немаведама куды на ўсход. Пэўна, вывезьлi й ягоную старэйшую сястру Сашу зь дзяўчынкай - ведама, за такога бацьку, брата ды падпаручнiка-мужа, што адышоў за Лань, па галоўцы бальшавiкi не пагладзяць. Было дужа трывожна i клопатна i за сябе, i за iншых - родных i блiзкiх, якiм ён нiчым памагчы ня мог. Хiба апроч свае сьмерцi.

У гэтай невялiчкай прымоўклай групе вайскоўцаў нутраная лiхаманка бiла не аднаго Валодзьку Сулашчыка, бадай, усе яны ледзьве стрымлiвалi нэрвовую дрыжаку. Але, можа, самы нецярплiвы зь iх быў Аўстрыяка. Здаля абышоўшы яму, ён толькi аднойчы зiркнуў на Валодзьку i падумаў, што капаюць яны надта марудна. Так можна i не пасьпець, i дачакацца горшага. Але ў яго ўжо не ставала сiлы трываць. Ён угаворваў сябе: хутка ўжо скончыцца, усё супакоiцца назаўсёды. Але спакою ад таго не прыбаўлялася, рабiлася ўсё нясьцерпней. Хоць у думках ён i казаў сабе: ну, чаго шкадаваць? Жыцьця? Дык якое гэта жыцьцё? Гэта пекла, боскае пакараньне, а не жыцьцё. Дома, у недалёкай адсюль вёсцы наўрад цi чакае яго нялюбая, чужая жонка з чатырма чужымi дзяцьмi, маючы зямлю, яна прыдбае i новага мужа. Родны брат застанецца адзiным гаспадаром на бедным надзеле, i нiхто яму болей ня будзе пагражаць дзяльбой. Хiба паплача крыху i супакоiцца ў звыклых клопатах пра дзяцей ды гаспадарку ягоная сястрыца. Усе як-небудзь пражывуць i безь яго, - як жылi безь яго дагэтуль. Калi ён не пашкодзiць. А можа, i надта пашкодзiць, калi бальшавiкi дазнаюцца, як ён лiха бiў iх пад Мазыром. Удалыя справы былi там у войску Булак-Балаховiча, хвацкi камандзiр, ня тое, што гэтыя... Гэтыя болей наконт палiтыкi, усё пра Беларусь... Тое няможна, гэта не дазваляецца. А генэрал даваў волю i паваяваць, i пагуляць. Калi як выпадала. Праўда, Аўстрыяку выпала ня шмат - хiба ён да таго iмкнуўся? Ён iмкнуўся да мiру, хацеў зямлi, ды не збылося. Як прыйшоў з вайны на свой бядняцкi надзел, усё ў яго пайшло прахам. На тым бацькоўскiм надзеле ня дужа дбайна гаспадарыў старэйшы брат Казiмiр з трыма сынамi, якiя й далi яму гэтае прозьвiшча - Аўстрыяка. Сьпярша браты хацелi падзялiць гаспадарку i зямлю, але што б у iх атрымалася з тых чатырох дзесяцiн бацькоўскай зямлi? Мусiць, нiчога здатнага, i Аўстрыяка адступiўся. Дужа яму не хацелася, але мусiў прыстаць прымаком да аўдавелай Аўдохi, што жыла пры бальшаку на водшыбе ад вёскi. Зямлi яна мела трохi болей, чым ягоны брат, мужык не прыйшоў з вайны - памёр недзе ў Сiбiры ад тыфусу. У хаце па земляной падлозе ў яе бегала чацьвёра малых дзяцей, а галоўнае - дужа непрывабная была тая Аўдоха, не ляжала да яе салдацкае сэрца Аўстрыякi. Ды мусiў. Ажанiўся i стаў прывыкаць да iншага, не халасьцяцкага жыцьця. Пасеяў азiмiну, упершыню адчуўшы сябе гаспадаром, прывёў да ладу гумно i назапасiў дрэва на дошкi для падлогi. Увосень малацiлi, для ўпраўкi наняўшы памагатага зь вёскi. Ураджай выдаўся неблагi, зернем засыпалi ўсе карабы ў Аўдоцiнай варыўнi. I тады неяк раньнiм восеньскiм адвячоркам у хату завiталi трое. Ён не зьдзiвiўся: сядзiба была пры дарозе, на падворак часьцяком забягалi людзi - то напiцца вады, то пагрэцца, перакурыць. Але гэтыя завiталi не перакурыць, нядоўга патупаўшы па хаце, уручылi яму абавязацельства на продразьвёрстку, сказалi, каб празь пяць дзён здаў дваццаць пудоў збожжа на патрэбу Чырвонай Армii. Ён злосна пасварыўся зь iмi, сказаў: скульля вам, во ў мяне дзецi, iх кармiць трэба, а Чырвоная Армiя хай пасее i сажне, а не рабуе сялян. Тады, можа, праз тыдзень, якраз у нядзелю, як яны з Аўдоцьцяй сабралiся на кiрмаш купляць парасят, з бальшака на сядзiбу насыпаўся атрад чырвонаармейцаў. За дзесяць хвiлiн яны выграблi з варыўнi ўсю збажыну, чамусьцi далi яму расьпiсацца i паехалi ў горад. А ён, не распрэгшы каня, сеў на прызбу ды й прасядзеў да паўдня. Было чаго столькi пакутаваць на вайне ды ў палоне, iсьцi ў гэтыя прымакi, iрваць кiшкi на запушчанай гаспадарцы, каб апынуцца на зiму жабраком. I што гэта за ўлада настала, як зь ёю жыць? Ён так iмкнуўся дадому, на сваю Беларусь, а тут аказалася горш, чым на вайне, у палоне, там хоць быў вораг, там прымушалi рабiць, нават каралi сьмерцю. Але там кармiлi. А чым тут ён накормiць гэтых дзяцей?

Як зрабiлi мiтынг у Семежаве, ён прыбег дадому, дастаў з падстрэшша ў гумне польскi карабiн i запiсаўся ў паўстанцкi полк. Што-што, а ваяваць ён яшчэ не адвучыўся i думаў, што толькi так цяпер i можна чагось дамагчыся.

У панылым задуменьнi Аўстрыяка далекавата адышоўся ад астатнiх, пасьля таропка вярнуўся, але яма ўсё была не гатовая. Угнуўшы шырокую сьпiну, там размашыста шпурляў рыдлёўкай Мяцельскi; стоячы збоч, цярплiва чакаў камандзiр.

- Ну, цi хутка вы? - са скрухай вырвалася ў Аўстрыякi.

- Пасьпееш, - нядобразычлiва буркнуў зь ямы Мяцельскi.

Аўстрыяка паныла адышоўся - пасьпееш! Iм трэба як найглыбей. Быццам тое было важна для яго - як глыбока ён будзе ляжаць у зямлi цi нават застанецца дзе незакапаны ў кустах. Мёртваму, мусiць, адзiн чорт. Але гэты доўгi клопат з магiлай выцягваў у Аўстрыякi ўсе жылы, ён ужо ледзьве трываў. Добра яшчэ, калi не наладзяць багамольле, - думаў ён. - Дзед цi Кажухар часам ня прэч былi памалiцца. А камандзiр можа яшчэ й завесьцi прамову-казань пра бацькаўшчыну, што таксама ня мёд. Не любiў Аўстрыяка марудзiць нi ў якой справе, ня той меў характар. А зрэшты, якога д'ябла яму зараз марудзiць? Каго цяпер яму трэба слухаць? Ужо цяпер ён сам сабе гаспадар, тым больш, што ў карабiне ў яго засталiся тры патроны. Яму ж хопiць i аднаго.

Падумаўшы так, ён адкiнуў крысьсе свайго шызага, з двума радамi гузiкаў аўстрыйскага шыняля, сеў на шорсткi белы iмшанiк i сьцягнуў з адной нагi бот. Брудная сапрэлая ануча сама раскруцiлася на ступнi, ён даслаў патрон у патроньнiк i вялiкiм пальцам нагi намацаў спускавую скабу. Каб не разбурыць раптоўны намер, нават не зiрнуў у той бок, дзе былi астатнiя, рашуча цiскануў на спуск.

Ягоны зьнянацкавы стрэл змусiў усiх скалануцца. Крутнуўшыся ад ямы, мусiць, адразу зразумеў усё камандзiр.

- Не дачакаўся! - сказаў ён, i вiдавочны боль мiльгануў на ягоным схуднелым твары. - Забела i ты, - кiўнуў ён Казаку. - Давайце яго сюды.

Ня дужа, аднак, рашуча двое шарагоўцаў падышлi да нерухомага, скорчанага на баку Аўстрыякi, з разьбiтай пашчэнкi якога лiлася кроў - на цёмны, зашмальцаваны каўнер шыняля, на плячо, густа капала ў мох. Неяк няўмела яны падхапiлi Аўстрыяку за рукi, пацягнулi нагамi па доле да ямы. Казак перад тым хацеў узяць карабiн, ды Забела нецярплiва гыркнуў: "начорта табе", i той кiнуў зброю на дол.

Яма ўсё яшчэ не была гатовая, мусiць, сапраўды трэба было яе паглыбiць на аршын цi болей. Пасьля нядоўгага перапынку, выклiканага Аўстрыякавым стрэлам, Мяцельскi зноў налёг на рыдлёўку. Яму таксама трываць было трудна, не ставала сiлы чакаць, карцела скончыць усё як найхутчэй. Тое, што Аўстрыяка апярэдзiў усiх, яму не спадабалася - якi разумны! Не стрываў. Добра яшчэ, калi ягоны стрэл не пачулi тыя, што недзе засталiся ззаду. А калi ўчулi? Вельмi нават проста яны тут могуць ня справiцца са сваёй задумай ды трапяць у iншую пастку. Яшчэ страшнейшую.

Але Мяцельскi ўжо ведаў, што жывым яму трапляць у бальшавiцкiя лапы нельга, аднойчы ён ужо быў у тых лапах. I хоць тады левыя эсэры былi ў хаўрусе з бальшавiкамi, да яго прычапiлiся, быццам ён абурыўся на мiтынгу за тое, што бальшавiкi разагналi Усебеларускi кангрэс, на якi выбiралi дэлегатаў усе - i армiя, i сяляне, i работнiкi. Вылучалi, абмяркоўвалi, галасавалi. Мяцельскi быў такi рады, што ад iхнае роты прайшоў ягоны сябра прапаршчык Каўшовiч, за якога Мяцельскi месяц драў горла на мiтынгах. Ледзьве ня ўсiм палком яны праводзiлi прапаршчыка на станцыю ў Маладэчне, пацiскалi руку, давалi наказы. Пасьля сталi чакаць. Але неўзабаве, замест дэлегата-прапаршчыка, прыйшла вестка, што кангрэс разагнаны бальшавiкамi, а Каўшовiч толькi праз тыдзень ледзьве дабраўся зь Менску - бяз шашкi, дакумэнтаў i без мандата. Усё адабралi бальшавiкi. Такога старэйшы унтэр-афiцэр Мяцельскi стрываць ня мог i з двума сябрукамi далучыўся да партыi эсэраў. Зноў разам з Каўшовiчам яны ледзьве не штодня выступалi на салдацкiх мiтынгах. Прапаршчык дык стараўся гаварыць складна, па-iнтэлiгенцку, а Мяцельскi звыклым салдацкiм мацюгом "мяцелiў" i сваiх палкавых бальшавiкоў, i iхнага начальнiка Мясьнiкова, якога называў ня йначай як крывавым мясьнiком. Зiмой яго ўзяла чразвычайка, пасадзiла ў сьмярдзючае складзкое сутарэньне, дзе напачатку ён добра выспаўся i думаў, што, мабыць, хутка выпусьцяць. Але ня выпусьцiлi, а днi праз тры павялi наверх, да нейкага мiзэрнага чарнявага камiсарчыка. Той хвiлiн пяць вывучаў нейкiя паперы, дзе, мабыць, было напiсана пра ягоныя выразы наконт "крывавага мясьнiка", а пасьля запытаўся, цi казаў ён тое. На гэта Мяцельскi зь невiнаватым выглядам перапытаў: "А што - няпраўда?" Ён бы мог лёгка даказаць праўдзiвасьць уласных словаў, але замест таго, каб слухаць арыштанта, камiсарчык ускочыў з-за стала i замахнуўся ботам, цаляючы яму памiж ног. Мяцельскi лёгка перахапiў той бот, трошкi тузануў, i камiсарчык бразнуўся патылiцай на падлогу. Ён толькi ўсьмiхнуўся з слабасiльнага небаракi, ды рана, вiдаць, усьмiхнуўся. У пакой уварвалася iх цэлая зграя, яны "мяцелiлi" яго ў куце, пасьля на падлозе, у яго не засталося жывога месца на целе, i ён тры днi не паднiмаўся з гнiлой саломы ў сваiм сутарэньнi. А як паднялi на чарговы допыт, у тым пакоi ўжо сядзеў iншы - мажны, таўставаты чалавек у вайсковай гiмнасьцёрцы, ён усьмешыста, быццам нават спачувальна сустрэў арыштанта, папытаўся прозьвiшча i, макнуўшы ў чарнiлiцу ручку, выразным почыркам вывеў на паперыне "расстрелять". Чамусьцi яго не расстралялi адразу, некалькi дзён ён пакутаваў у сутарэньнi, а затым у Менск увайшлi немцы. Варта з тае чразвычайкi паўцякала, дзьверы расчынiлiся, i Мяцельскi, трымаючыся за сьцены, выйшаў на вулiцу. "Не! - сказаў ён сабе. - З гэтымi людзьмi ня жыць. Не дадуць". Паўгода затым ён сядзеў нахлебнiкам у гараджанкi-сястры, крыху рабiў на бровары, быў за вучня ў габрая-шаўца, пiлаваў з татарынам дровы для менчукоў. Як выбухнула гэтае паўстаньне за незалежнасьць, падаўся ў Слуцак, затым у Семежава, уступiў у Грозаўскi полк. Шкада, iм не пашэнцiла ў сьнежнi, не пашэнцiла асобнаму батальёну ў партызанцы пасьля паўстаньня. Сiлы былi ня тыя, i бальшавiкi iх разграмiлi адзiн раз, затым другi i трэцi. Увесну вайсковае шчасьце канчаткова здрадзiла паўстанцам, пазбавiла iх магчымасьцi жыць.

Кажухар зь Дзедам тым часам сядзелi наводдаль i цiха гутарылi. Зрэшты, болей мовiў пра сваё Кажухар, якому, не перастаючы, балела рука. Пасьля раненьня перавязаць яе не было чым, тады абкруцiлi па локаць нейкай зрэбнай анучай, якая адразу набрыняла крывёй, затым зьверху скарэла, i Кажухар болей не адважыўся яе садраць. Дый навошта ўжо зьдзiраць, хутка павiнна было ўсё скончыцца - i боль, i ўсё астатняе. Люляючы цяпер гэтае балючае за пазухай вальлё, паранены мерна пагойдваўся ад болю i празь сьлёзы цiха жалiўся Дзеду:

- Ну завошта такая доля, скажы? Хiба я... Процiў Бога, цi што? Цi супраць людзей? Каб хоць як-небудзь жыць, дык нельга.

- Гэ, чаго захацеў! - зласнавата перапынiў яго Дзед. - Жыць!

- Ну. Жыць i то нельга.

- Было. Аджылi. А цяпер ляжам.

- Ляжам? Божа мой, Божа...

Кажухар, аднак, ня дужа бедаваў, што ляжа, спакутаваны ад болю, ён прагнуў аднаго - скончыць свае пакуты. Хаця б i ў магiле. Усё роўна жыцьцё спляжанае дарэшты. Некалi марыў набыць зямлю, каб зажыць на сваёй гаспадарцы, i нiбы вол, ад зары да зары шыў кажухi, зьбiраў грошы. Абшыў кажухамi, лiчы, такi горад, як Слуцак, а ягоная праца абярнулася торбай керанак, на паўпуда солi. Добра, што сын Уладзя, не глядзi што малады, а ўдаўся разумнейшым за бацьку, не падманiўся на ягонае рамяство, пайшоў у горад служыць. Можа, чаго й даслужыцца, асаблiва калi выб'ецца ў якое начальства ды паладзiць з бальшавiкамi. Бацька во не паладзiў, за тое яму такая расплата.

Ад болю ды роспачы Кажухар i стагнаў, i круцiўся ў доле. Вочы яго змакрэлi, i ён ужо не саромеўся тае макраты, не выцiраў iх. А Дзед побач бы й не прыкмячаў таго, сядзеў, унурыўшыся нерухомым позiркам у дол, i моўчкi, пакутна перажываў нядаўняе мiнулае, яшчэ да паўстаньня, калi ён быў дома i пасварыўся з жонкай. Брыдка пасварыўся, хоць i было за што. Жонка ў каторы раз зрабiла ня так, але ж... Гэтая жаласьлiвая кабета заўжды кагось шкадавала - то дзяцей, то суседак, ды асаблiва каго-небудзь з раднi. Хто бяднейшы. А бяднейшым з усiх быў яе малодшы брат Сёмка, мнагадзетны i негаспадарлiвы селянiн, якi звычайна зь Вялiкадня сядзеў без кавалка хлеба. У Дзеда ў сьвiронку была прыхаваная тарбiнка грэчкi, меўся па вясьне засеяць лапiк ля сажалкi - ня ўсё ж душыцца бульбай ды крупнiкам. Але во жонка, як яго не было дома, добра-такi адсыпала з тае тарбiны брату - бач, згаладнелi дзецi. Згаладнеюць, ведама, бо трэба працаваць, дбаць пра дзяцей ды гаспадарку, а не лайдачыць паўгода на печы. I вось аддала пуд грэчкi, быццам самой непатрэбна. Дзеда гэта абурыла, проста ўзарвала, i ён даў добрага штурхаля жонцы, тая ўпала, загаласiла, а ён выскачыў на падворак, у самога аж трэсьлiся рукi. Якраз трэба было зьбiрацца ў полк на фармоўку, ён забег дадому за сякiм-такiм харчам, ды так i пайшоў улегцы, пад жончын плач. Спакваля, аднак, падабрэў, мiнулася злосьць, i не шкада стала той грэчкi, а паскуднае пачуцьцё засталося, не мiналася, нават расло з часам, i цяпер выбухнула, заглушыўшы ўсё iншае - ну трэба было? Гары яна гарам i грэчка, i ягоная ашчаднасьць. Ён гатовы быў аддаць усё, абы толькi засталася згода, дабрыня ды шкадаваньне адно аднаго. Бо чым цяпер жонка будзе памятаць яго? Тым грубым, злым штурхалём, ад якога паляцела ў кут?

Кепска, горка i балюча было на душы ў Дзеда. Калi б ня iх гэты канец, можа б, яшчэ i павiнiўся, i паладзiў з жонкай. Увогуле, яна была не злапомная, даравала рознае, ня першы раз. Але ўжо не павiнiсься - усё панясеш з сабой. На той сьвет. I ўсё праз гэтае iх жыцьцё, спрадвечную сялянскую галоту, якая душыла вяскоўцаў, не давала па-людзку жыць i нават па-людзку памерцi.

- Божа мiласэрны, мацi-царыца нябесная, - са сьлязьмi шаптаў побач Кажухар. - Не пакiнь нас, не адвярнiся хоць у гэты астатнi час...

- Успомнiў! - зноў зласнавата буркнуў Дзед. - Як прыпячэ, тады ўспамiнаем. Раней помнiць трэба было.

- Ды цi я калi забываўся? Я заўжды помнiў, малiўся...

- А цяпер малiся, не малiся - адзiн канец.

- Ай, Божачка ты мой, Божачка! - ледзьве не екатаў Кажухар, усё люляючы руку. Так было яму балюча - i ад рукi, i на сэрцы, i хацелася спагады хоць бы ад таго, хто апынуўся тады блiжэй за iншых. Ды чалавек той, вiдаць, не прывык спачуваць. Зноў жа марна было цяпер спачуваць каму-небудзь - усе яны апынулiся ў аднолькавым гаротным стане i мелi аднолькавыя падставы для спачуваньня. Ад каго толькi? Хiба ад госпада Бога.

Мяцельскi капаў апантана, але, мусiць, трэба было глыбей, хоць няроўныя, абрушаныя берагi дасягалi яму пад пахi. Ды ён пачаў стамляцца, i камандзiр, якi прыкмячаў усё, кiнуў Забелу:

- Давай, падмянi.

Нядаўнi гiмназiст Iгар Забела зь яўнаю неахвотай улез у яму, пераняў з рук Мяцельскага цёплы ад натруджаных далоняў тронак рыдлёўкi. Неяк так сталася, што ён хутка перажыў сваё напружаньне; стрэл, а затым i скрываўленая галава Аўстрыякi вярнулi яго да самотнай рэальнасьцi, якая абяцала неўзабаве паставiць вялiкую кропку на ўсiм. Усьвядомiўшы тое, Iгар адчуў рэзкi iнстынктыўны пратэст - як было добраахвотна класьцiся ў зямлю ў свае няпоўныя дзевятнаццаць гадоў? Але няўмольная сiла абставiн, якая ўсе апошнiя гады люта ўладарыла над людзкiмi лёсамi, гнула ягоную волю ў дугу, заўсёды дамагаючыся свайго. Рэдка калi тыя абставiны выяўлялi паслабку, давалi зрабiць, як сам хочаш. Дзiўна, але тады, у той самы рашучы вечар, калi ён мог бы зрабiць iнакш, ён iнакш не зрабiў. Праз боязь, страх i трывогу ён зрабiў так, як вымагаў ад яго сяброўскi абавязак, па-свойму зразуметае высакародзтва. Ён не адмовiў Алегу Блажэвiчу, ён пайшоў зь iм. Ранiчкай, як мацi яшчэ спала, таропка сабраў свой небагаты набытак - пару бялiзны, башлык, пачак папярос, Лёльчына фота i шаснуў праз чорны ход на зборны пункт у гiмназiю. Сярод пракуранай людзкой гаманы не адразу знайшоў свойго старэйшага сябра Блажэвiча, якi, пацiскаючы яму руку, каротка кiнуў: "Малайчына, умееш трымаць слова гонару" i запiсаў у сваё аддзяленьне. Тады, можа, першы i адзiны раз Iгар цiха паганарыўся ў душы за сваё высакародзтва, што намогся i стрымаў слова. Што, калi спатрэбiлася, можа на справе абаранiць незалежнасьць народнай рэспублiкi, пра якую сказана столькi прыгожых i рашучых словаў. Цi ён думаў тады, што праз колькi тыдняў будзе выцягваць скрываўленае цела Блажэвiча з засьнежанага поля пад Семежавам - цяжкапаранены ўранку, той да вечара сьцякаў крывёй пад бальшавiцкiм агнём, увесь дзень да яго нельга было падабрацца. Iгару ў тых баях наогул пашчасьцiла, можа, пашчасьцiла i пазьней, нiводная бальшавiцкая куля яго не зачапiла. Мусiць бы, куды лепш было яму легчы разам з Блажэвiчам, прынамсi, не спазнаў бы таго, што давялося спазнаць затым i што ня дай Бог спазнаць нiкому. I ня толькi iхны жахлiвы паўстанцкi лёс, але i трохi iншае. Яшчэ да таго, як спалiць усе дакумэнты, неяк лежачы надвячоркам у кустоўi, ён спалiў Лёльчына фота, як дазнаўся ад людзей, што яго сьветлае, незямное каханьне стала жонкаю чырвонага слуцкага ваенкома. Ён узьненавiдзеў яе за здраду, без агiды ня мог сабе ўявiць, як яна цалуецца там са сьмярдзючым бальшавiцкiм камiсарам, не разумеў, чаму яна стала не такой, як была раней, чужой, нават варожай. Але неяк памалу тая яго нелюбоў выпетрылася, Лёлька рабiлася для яго ўсё больш абыякавай, i ён болей думаў пра маму, дужа дакараў сябе за ўсё тое, што прычынiў ёй сваiм гэтым свавольствам. А найбольш ён шкадаваў сябе, сваё кароткае жыцьцё. Жыцьцё, канечне, не ўдалося, чаго было за яго трымацца, чаго шкадаваць? Але ўсё роўна было шкада, хацелася жыць хоць як-небудзь, хай у той iх калатнечы. Ды было неяк. Неяк, бо ён дужа любiў сваю маму, што ўжо страцiла на мiнулай вайне ягонага айчыма, штабс-капiтана Левандоўскага, любiў-шкадаваў меншага брацiка Паўлiка. Як iм будзе жыць пры такiм iх сынку i братку?

Забела капаў ня так каб i ўвiшна. Глыбiня стала, мусiць, такой, якой i патрэбна было, кiдаць жвiр ён намагаўся высока, ды глыжы ўсё скочвалiся зь берагоў у яму - ужо не ставала сiлы кiдаць вышэй i далей. Зноў жа падмянiць яго, мусiць, не засталося нiкога, пэўна, усе ўжо адбылi сваю чаргу. Апроч, вядома, параненых Кажухара i камандзiра. Значыць, яму i давяршаць гэтую невясёлую справу.

Камандзiр ня мог скрануць шыяй, павярнуць галавы, але ён дбаў усё рабiць як належыць i кожную справу даводзiць да канца. Гэта было ягоным правiлам са студэнцкай маладосьцi, як вучыўся ў сэмiнарыi, затым выкладаў у гiмназii, а таксама ў вайну, калi, стаўшы прапаршчыкам, камандаваў паўротай у iнгерманлядзкiм палку. I калi ў яго што-нiшто не атрымлiвалася, не знаходзiла завяршэньня, дык часьцей не зь ягонай вiны - з прычыны ўмяшаньня вышэйшых камандзiраў цi зьбегу зьменлiвых абставiн. Як з гэтым iх партызанствам. Калi б ён быў на месцы камандзiра батальёна, дык шмат што, асаблiва спачатку, рабiў бы iнакш, ня лез бы на злом галавы супраць пэўнай сiлы, i, можа б, тады яны не дайшлi да гэтае ямы як да нейкай мiстычнай расплаты за ўсё ранейшае. Цi да апошняй кропкi ў тупiку, куды iх загнаў немiласэрны паўстанцкi лёс.

Цярплiва чакаючы, калi нарэшце будзе гатовая гэтая яма-магiла, камандзiр мiжволi i ў каторы раз перабiраў у памяцi падзеi апошнiх тыдняў-месяцаў iх барацьбы, каб усё ж хоць перад канцом зразумець нейкi таямнiчы сэнс iхнага трагiчнага фiналу. Але, мусiць, усё ўжо было перабрана ў памяцi. Натуральна, камандзiр разумеў, што прысуд iм быў вынесены даўно, гэты зыход быў вiдавочны, як толькi яны кiнулi выклiк страшнай сiле i сталi са зброяй у шарэнгу. Выклiк быў дзёрзкi i рашучы, а сiлы ўсё ж малыя, i менавiта гэтая акалiчнасьць вырашыла ўсё астатняе. Але i як было iначай? Народ чакаў, а кiраўнiкi адзiн перад адным iмкнулiся выступiць. Верныя рыцары рашучай фразы, яны сьпярша ап'янiлi тых, хто iх слухаў на ўсiх тых шматлюдных мiтынгах, а затым неўпрыцям i самi паверылi ў свае прыгожыя словы. Калi ж i самi сталi нявольнiкамi ўласных хмельных прамоваў, тады ўжо нiчога нельга было нi спынiць, нi перайначыць. Яны былi змушаныя, за iмi пайшлi iншыя, - найперш, хто мала разумеў, але надта верыў. А то iшлi з пачуцьця абавязку, раптоўна народжанага гонару i таму не маглi не пайсьцi. Калi не цяпер, дык калi ж? Хiба што нiколi. Але нiколi - было страшна, страшней за пагiбель, бо было банкруцтвам усяе сьвятой, шматгадовае справы. Так, ён таксама нямала сумняваўся ў хуткiм посьпеху паўстаньня, яшчэ больш было ў яго недаверу да колькi-небудзь удалага партызанства iхнага асобнага батальёна. Але iшоў, бо для яго заставалася пэўным: тое трэба было колiсь зрабiць, раней цi пазьней. Без таго, бязь iхнае галаваломнае адвагi, ахвяр i крывi ўся iх нацыянальная справа, бы невылечны сухотнiк, асуджаная на вялы, задоўжаны скон. Цяпер на скон ня будзе асуджана. Зерне кiнута, па вясьне ўгрэецца глеба, будуць усходы. Колькi б зiма нi доўжылася, настане вясна. Яны ж угнояць глебу, мусiць, такое iх гiстарычнае прызначэньне, так трэба. Для вольнай радзiмы i для гiсторыi.

Так суцяшаў сябе камандзiр, а гарката няўдачы душыла яго, сьцiскала прастрэленую шыю, цяжка было дыхаць - на хадзе i тут, па-над ямай таксама. I тады ён успомнiў даўнi, звыклы зь юнацтва твар другога асуджанага, што калiсьцi стаяў не над ямай - пад вiсельняй, i яго вешчыя словы да каханай Марыськi. Да Беларусi. Нiколi яна ня будзе нi вольнаю, нi шчасьлiваю, пакуль ня скiне з душы прыгон маскаля. Апынуцца памiж Расеяй i Польшчай - усё роўна што памiж кувалдай i молатам, якi б'е мэтадычна, магутна, бязьлiтасна. Нiшто не стрывае тых жахлiвых удараў. Пакуль б'е молат i рэжа галовы серп. Гэта ж трэба такое прыдумаць - молат i серп, серп i молат...

Сарокi ў гольлi сакаталi ўсё болей, бы прадчуваючы тое страшнае, што тут неўзабаве адбудзецца. Iх ужо нiхто не адганяў, не палохаў, i яны бязладна паначаплялiся на бярозах, спраўлялi свае птушыныя хаўтуры. Зводдаль ад iх зьявiлiся са тры вароны. Тыя сядзелi спакайней, толькi зьдзiўлена пазiралi ўнiз, але маўчалi. Людзям жа было не да iх. Людзi апекавалiся ўласным клопатам.

Можа, самы спакойны, цiхманы i з выгляду нават абыякавы да ўсяго ў гэтай грамадцы быў Казак, шараговы стралец, патомны парабак слуцкiх фальваркаў. Галоўным правiлам яго ў жыцьцi было: як усе. Як усе паводзiў сябе ён, калi рабiў у пана Пясецкага: рабiць дык рабiць, есьцi дык есьцi, спаць дык спаць як усе. I на паўстаньне пайшоў таму, што пайшлi парабкоўцы з маёнтка - усе шасьцёра. Калi б яны пайшлi да бальшавiкоў, мусiць, да бальшавiкоў пайшоў бы i Казак. Але вызначыў выпадак цi, можа, адзiн парабак, якi па вясьне паявiўся ў iхным маёнтку. Ён не казаў, дзе рабiў да таго, але ў маёнтку быў прыстаўлены памагатым да цесьляра, рамантаваў iнвэнтар. Гэта быў дужа гаваркi чалавек. Сьпярша хлопцы ня дужа верылi, казалi: балбоча. Але неўзабаве ўслухалiся i сьцямiлi, што балбоча ня так сабе, нешта ўсё ж ведае. А i сапраўды, ведаў ён шмат што i шмат дзе пабываў за свае яшчэ маладыя гады, нават у Пiцеры i ў Рызе. Казаў, што па перакананьнях ён сацыялiст-эсэр i што толькi тады па-людзку зажывуць працоўныя людзi, як падзеляць панскую зямлю. Але перш чым падзялiць, зямлю трэба было адваяваць у паноў - палякаў ды расейцаў, Беларусь павiнна стаць незалежнай, як Польшча цi Нямеччына, мець свой урад i свой парлямэнт. Сьпярша гэта здалося дзiўнаватым - беларускi парлямэнт! Але пасьля, як у Менску сабралi кангрэс, хлопцы i праўда паверылi эсэру, бо нешта там адбывалася падобнае на яго прадказаньнi. Як загарэлася гэтая калатнеча ў Слуцку, ён i сагiтаваў усiх ехаць туды. Казак доўга не вагаўся, прыкiнуў: ваяваць за Беларусь мо ня будзе трудней, чым штодня iшачыць у панскiм маёнтку. Зноў жа, адгаворваць яго не было каму, шкадаваць таксама. Уранку яны запрэглi панскую фуру i ўсе шасьцёра пакацiлi шашою ў Слуцак. Начальнiкi i каторыя разумнейшыя з шарагоўцаў казалi: да зiмы пераможам, вернемся i зажывём сваёй беларускай сям'ёй, па справядлiвасьцi, без маскалёў i палякаў. Ведама ж, жыць сваёю сям'ёй, па справядлiвасьцi ды ў згодзе, хто не схацеў бы? Асаблiва яшчэ, калi надзеляць зямлёй. Казак быў ня супраць. Абы ўдалося. На жаль, не ўдалося. Ня толькi сваёй сямейкай, але й наогул жыць. Ды што ж... Казак не разумнейшы за iншых i, канечне, не шчасьлiвейшы. Калi во камандзiр, былы афiцэр i вучыцель, кажа, што iначай нельга, значыцца, i праўда нельга. Значыць, нявыкрутка, i таго, што яны ўдумалi, мусiць, не абысьцi. Прыйдзецца памiраць. Але як усе, так i Казак. Вось калi б закурыць толькi. Перад сьмерцю...

Закурыць, аднак, не было нi ў кога, i Казак патупаў, патупаў каля кучы жвiру ды стаў чакаць свайго часу.

Нарэшце адчуўшы, што хопiць, Забела збольшага параўняў дол у яме, памераў крокамi. Атрымалася восем крокаў удоўжкi, мабыць, хопiць на ўсiх.

- Фiнiта ля камэдыя! - знарок бадзёрым голасам гукнуў ён i кiнуў угору рыдлёўку.

- Ладна, годзе, - глуха азваўся камандзiр i паклiкаў астатнiх. - Усе сюды!

Калi яны неяк нясьмела, бы баючыся, узьлязалi на жвiр, блiжай да ямы, камандзiр цiха спытаўся:

- Хто першы?

- Першы ўжо ёсьць, - сказаў Мяцельскi. - Во Аўстрыяка.

- Давай яго сюды.

Разварочваючы ботамi рыхлую кучу, Мяцельскi рашуча падвалок распластанае цела Аўстрыякi да ямы, унiз галавой падаў яго Забелу. Той, ледзьве сам утрымаўшыся на нагах, пераняў небараку, сьцягнуў з краю ямы i неяк выпрастаў яго ў доле. Рукi Аўстрыякi трэба было пакласьцi на грудзях, але тыя нiяк не хацелi складвацца i тырчэлi скорчанымi пальцамi ўгору.

Тым часам да ямы падышлi Дзед з Кажухаром; трошкi зводдаль боязна-ваўкавата прыткнуўся непрыкметны Казак. Валодзька ўвесь час быў побач з камандзiрам. Ён змарнеў з твару, прыцiх, здаецца, баяўся вымавiць слова. Мяцельскi высока стаяў на кучы жвiру.

- Дык як будзем? Па адным цi ўсе разам?

- Па адным, - цiха мовiў камандзiр. - З нагана.

- У яме. Каб меней грукату.

Мабыць, усе ўсё зразумелi i сьцiхлi, нават ня дыхалi. Камандзiр абвёў усiх чужым напружаным позiркам i адчуў, што трэба нешта сказаць на разьвiтаньне. Цi на суцяшэньне. I ён сказаў:

- Што ж, спадары... Нам не ўдалося, можа, удасца iншым. Яны нас успомняць. Усё ж мы не за сябе, не за сваё, якога ў нас не было. Мы - за Беларусь. Нашу няшчасную старонку. Прымi, Божа, твае ахвяры...

Яны ўсе стаялi i маўчалi. Яны чакалi. I камандзiр, зглытнуўшы даўкi камяк у набалелым горле, раптам сказаў са знарочыстай строгасьцю:

- Хто першы?

Выдалася кароценькая пакутная паўза, пасьля якой Мяцельскi кiнуў са злосным адчаем:

- Ат, маць тваю... Давай я...

Зноў абрушваючы жвiр, рашуча скочыў у яму.

- Давайце рэвальвэр!

Камандзiр расшпiлiў на баку кабуру, выняў наган. Мяцельскi ўхапiў яго зьнiзу, рухава выцягся побач з застыглым ужо Аўстрыякам.

- Жыве Беларусь!

- Жыве, - нечакана слабым голасам азваўся камандзiр, i глухi рэвальвэрны стрэл у яме перапынiў ягоны водгук. Дзьве сарокi з блiжняй бярозы спуджана пераляцелi на дрэвы далей. А на зямлi зноў настала пакутная паўза, усе стаялi моўчкi, баючыся зазiрнуць у яму.

- Ну, хто далей? Ты, Зубко? - няпэўна павярнуўся камандзiр у бок Дзеда. Той сiгануў цераз жвiр i спынiўся.

- А ружжо?

- З ружжом, братка, - мякка сказаў камандзiр.

Тады Дзед неяк грузна звалiўся ў яму, i яны зноў зьнерухомелi, чакаючы. Чакаць, аднак, давялося нядоўга, стрэл каротка гукнуў i сьцiх.

- Ну? - зноў павярнуўся камандзiр да астатнiх. Засталося iх тут пяцёра. Ты? - запытальна кiўнуў ён да Кажухара.

- Ды я... Калi адважуся. Калi што, дык прыстралi, камандзiр. Калi што...

I няспрытна ўсеўшы на бераг ямы, Кажухар цiха споўз туды. Яны зноў прыцiхлi. Чакаць давялося даўжэй, чым тыя разы, мусiць, Кажухару ня дужа ўпраўна было з адною рукой. Нарэшце-такi ў яме лопнула тугiм стрэлам. Камандзiр падышоў, зазiрнуў туды, пастаяў крыху, углядаючыся ўнiз, ды зноў павярнуўся да астатнiх.

- Так. Забела!

- Я! - з гатоўнасьцю адгукнуўся Iгар i, не раздумваючы, лёгка скочыў унiз. - Я зараз. Тут толькi трэба паправiць, - пачулася зь ямы.

Яны не глядзелi, што ён там папраўляе. Мiжволi мярцьвеючы ў страхавiтым напружаньнi, яны чакалi стрэлу. У барабане нагана яшчэ заставалася тры патроны. Але ж тут iх стаяла чацьвёра... Гэтае адкрыцьцё сьпярша зьбянтэжыла камандзiра, а затым раптам узрадавала. Здаецца, яно давала нейкае выйсьце ў няпростай сытуацыi, пра якую ён цяпер напружана думаў.

Калi, як заўжды, боязна вычакаўшы стрэлу, яны азiрнулiся, дык Казак адчуў, што настала яго чарга. Без напамiнку або загаду ён разам са стрэльбай лёгка шаснуў у яму, дзе праз кароткi час трэснуў рэвальвэрны стрэл. На край ямы ступiў амаль зьмярцьвелы Валодзька.

- Сулашчык! - гукнуў да яго камандзiр. - Пастой...

Валодзька спынiўся, ледзьве ўтрымаўшыся на беражку ямы. Ён нават не зiрнуў туды, штосьцi новае адчуўшы ў голасе камандзiра.

- Табе, Сулашчык, заданьне: закапаць, зараўняць. Каб сьледу не асталося. I - жывi!

- Я?

- Ты, а хто ж. Жывi. За нас, за бацьку. Дай я цябе абдыму.

Няспрытна, адною рукой камандзiр нямоцна абняў Валодзьку. Трохi памарудзiў i таксама, густа абрушваючы жвiр зь берагоў, звалiўся ў яму. Валодзька застаўся стаяць - прыгаломшаны, разгублены, працяты адным пытаньнем: як гэта жывi? Адзiн? За ўсiх? Але як яму жыць бязь iх? Цi магчыма гэта наогул? Тое было незразумела, i ён стаяў, агалошаны, аднак, раптоўнай надзеяй, што будзе жыць. Яна, тая надзея, заглушыла ўсе ранейшыя памкненьнi, разбудзiла новыя пачуцьцi. У душу лiнула сьвятло, i ён ажно скалануўся ад неспадзеўкi, калi зь ямы пачуўся апошнi стрэл. Гэта быў стрэл камандзiра. Валодзька заставаўся жыць.

Пасьля ён закопваў яму-магiлу i плакаў. Ужо можна было ня стрымлiваць сьлёз, саромецца тут не было каго. У яму ён не зiрнуў нi разу, ён гроб i гроб рыдлёўкаю рыхлы жвiр зь берагоў i думаў, што здатная будзе магiла, сухая, калi б такая дасталася бацьку. Крыўдна было да сьлёз, але бацьку ён закапаў на прырэчнай балацявiне, у тарфянiку. Выкапаць глыбока там не было як, падступала балотная вада, дый часу надарылася якая гадзiна. Такi вось лёс чалавека, якога Валодзька любiў усё жыцьцё, жыць зь якiм усё жыцьцё марыў. Ды жыць не давялося. Здаецца, болей за ўсё бацька любiў Беларусь, i за гэтую сваю любоў дзевяць гадоў прагiбеў на нарымскай катарзе, нажыў там сухоты. За той час бязбацькавiчам падрос у Клецку Валодзька. Доўгiя гады марыў, як дачакаецца i сустрэне з катаргi свайго сацыялiста-бацьку, як яны затым будуць заўсёды разам. I праўда, дачакаўся. Ды разам давялося пабыць нямнога, бацьку зноў паклiкала Беларусь. Iдучы на фармаваньне палка, той нiзашто не схацеў браць з сабой пятнаццацiгадовага сына, казаў: рана, хай чакае яго зь перамогай пад бел-чырвона-белым штандарам. Валодзька i праўда застаўся дома, у iх слуцкiм дамку, дзе яны другi год кватаравалi ў панi Хаванскай. Ды дома Валодзька доўга ня ўседзеў, асаблiва калi дазнаўся, што ягоны катаржнiк-бацька стаў камандзiрам роты, у якую набiрае шарагоўцаў. Мацi яго тры гады таму як памерла, дома гаспадарыла старэйшая Валодзькава сястра Саша, якая сама рвалася ў войска, дзе апынуўся яе падпаручнiк муж, але ў яе была маленькая дачушка Леначка, i Валодзька наважыўся. Аднойчы ў марозьлiвы восеньскi адвячорак ён нечакана паявiўся ў Грозаве, адшукаў у штабной хаце бацьку, i ў таго ўжо не хапiла рашучасьцi прагнаць яго з батальёна. Над Мораччу зазiмкам яны прыкрывалi з групай адыход батальёна, i бацька, перабягаючы, атрымаў тры кулi ў грудзi. Доўга, марудна канаў на руках у счарнелага ад гора сына. Валодзька ледзьве пасьпеў закапаць яго ў балацявiне, калi ўжо бальшавiцкiя ланцугi шарылi ў прырэчным кустоўi - шукалi параненых.

Капаў Валодзька нядоўга, з усяе сiлы гроб i гроб жвiр, раўняў, раскiдваў яго ў бакi, каб меней было прыкметна, што тут нехта поркаўся. Стамiўся страшэнна, але спакваля пачаў спакайнець. Перад тым усё баяўся ня справiцца, не пасьпець скончыць сваю сумную справу. Усё азiраўся, баючыся, што мiж хвояў паявяцца тыя. Але, здаецца, пасьпеў. Уся зброя - наган i вiнтоўкi - засталiся ў яме, у яго была толькi рыдлёўка, якую трэба было закiнуць куды далей. Каб не знайшлi.

Мабыць, ужо надвячоркам з той рыдлёўкай у руцэ ён i пабрыў па лесе. За iм, пералятаючы з дрэва на дрэва, сакатала i сакатала, бы гналася, зграя сарок, i ён ня ведаў, як ад iх адчапiцца.

Ён iшоў i iшоў, сам ня ведаючы, куды - абы прэч з гэтых жудасных Чорных лядаў...

ПЕРАД КАНЦОМ

У нейкай даўгой, аднапавярховай, купецкага выгляду будынiне з паўкруглымi прыступкамi на ганку, дзе разьмяшчалася ЧК, паручнiка Глушкевiча добра абшманалi, адабралi дакумэнты, дзягу, гадзiньнiк, туалетныя прычындалы ў рэчмяшку зь небагатым запасам пайковага харчу, зрэзалi з шыняля гузiкi i хлясьцiк i змусiлi зьдзець боты. Боты ён сьпярша пашкадаваў нават, апынуўшыся басанож на бруднай, сьцюдзёнай, запляванай падлозе, але тут жа сьцямiў, што, мабыць, цяпер не да ботаў. Цi ня прыйдзецца хутка пашкадаваць галавы. Праўда, здаецца, пакуль што павялi не расстрэльваць, а кудысь у склеп з даўгiм калiдорам, дзе было цёмна, i толькi недзе ў канцы падзямельля цьмяна сьвяцiў закапцелы лiхтар. Нязвыкла ступаючы босымi нагамi па зямельнай падлозе, ён iшоў наперадзе канваiра з настаўленым у сьпiну джалам штыха. Паручнiк быў прыгаломшаны i раззлаваны найперш на сябе самога: ну, да якога д'ябла было яму класьцi ў рэчмяшок той браўнiнг? Яшчэ, памятае, зьбiраючыся ў гэтую дарогу, пакруцiў яго ў руках, шчоўкнуўшы стопарам, выняў магазiн, праз круглыя дзiрачкi якога выглядвалi жоўтыя бачкi патронаў, i загарнуў у вафэльны ручнiк. Усё ўладкаваў на самым сподзе рэчмяшка - пад бялiзнай, падумаўшы: можа, спатрэбiцца. А можа, пашкадаваў кiдаць здатную вайсковую рэч, якая дасталася яму ад забiтага аўстрыйскага ўлана, што тады ўнiз галавой ляжаў на размоклым ад восеньскiх дажджоў бруствэры. З новенькай жоўтай кабуры забiтага ён выняў гэты браўнiнг i сунуў сабе ў кiшэню. Полк атакаваў аўстрыякаў, паручнiк бег за ротай, ня ведаў, цi доўга так будзе бегчы, пад апантаным агнём, а браўнiнг узяў - так, без асаблiвае мэты, каб не прападала дабро. Ды во гэтыя ўгледзелi.

I як угледзелi - тое было трохi дзiўна: як сярод стракатага вакзальнага люду выбралi менавiта яго? Пагоны ён спароў яшчэ ўзiмку пасьля аднаго мiтынгу, нядаўна памяняў афiцэрскую фуражку на аўчыную салдацкую папаху. Праўда, гузiкi на шынялi выдавалi яе афiцэрскае паходжаньне, але ў такiх шынялях цяпер хадзiлi, хто хочаш: i былыя афiцэры, i шарагоўцы, i нават цывiльныя. Можа, дарма перад тым пагалiўся ў вакзальнай прыбiральнi i выглядаў ня надта зьверавата, нават даволi прыстойна па цяперашнiм часе. Ён цiха сядзеў сабе на дубовай лаве - сярод тлуму, гаманы i куродыму прасторнай вакзальнай залi, чакаў свайго цягнiка, якi павiнны быў прыйсьцi позна ўначы, i яму неяк трэба было забавiць гадзiны чатыры часу. I тут яны падышлi. Ён убачыў iх яшчэ здаля, гэтых патрульных у расхрыстаных шынялях з чырвонымi шкуматамi на рукавах - яны трэсьлi нейкую крыклiвую кабецiну каля ўваходу, i ён падумаў тады: можа, выйсьцi куды - у прыбiральню цi на пэрон? Але ягоны выхад у такi момант падобны быў на ўцёкi, i ён застаўся там, дзе сядзеў, нават прыплюшчыў вочы бы дрэмле. Ды марна. Яны таксама згледзелi яго цi не ад парога, паволi, ленай хадой мiж клумкаў i валiзаў падышлi менавiта да яго, i чарнавусы патрульны з вырачанымi вачыма тузануў яго за рукаво: "Эй, грамадзянiн, дакумэнты!" Ён знарок замаруджана, бы са сну, расшпiлiў шынэлак, дастаў з гiмнасьцёркi вайсковы бiлет, вядома ж, чужы, на iмя старшага унтэр-афiцэра Сяркова, якi, аднак, ня дужа зацiкавiў патрульных, i тыя нават не разгарнулi яго. "Ахвiцэр?" - зласьлiва запытаўся лупавокi. "Унтэр-афiцэр, там жа напiсана", - кiўнуў на дакумэнт паручнiк. "Ды ахвiцэр, па мордзе вiдаць", - сказаў другi, маладзейшы, з уважлiвым выразам тонкага, бадай, iнтэлiгентнага твару. "А дзе чамайдан?" "Якi чамайдан?" - спытаў паручнiк. "А то што?" - паказаў лупавокi на рэчмяшок, што ляжаў побач на лаве, i тут жа падхапiў яго. Яны ўмомант разьвязалi лямкi, лупавокi спрытна запусьцiў у рэчмяшок нямытую, з жоўтымi пазногцямi руку. Яго праставаты твар раптам насьцярожыўся, вочы яшчэ больш вырачылiся, i рука спаважна выцягнула з рэчмяшка знаёмы пакунак. "Ага, аружыя! Во контра!" Учуўшы тое, паручнiк зразумеў, што ягонае падарожжа прыпыненае, як бы не прыпынiлася i жыцьцё.

Праўда, у ЧК яго ня бiлi i нават не дапытвалi, толькi запiсалi ў тоўстую рэгiстрацыйную кнiгу i, пасьля вобыску, павялi ў склеп. Змрочны сьмярдзючы калiдор у тым склепе паварочваў кудысьцi ўбок, дзе iх сустрэў новы канваiр зь вiнтоўкай, якi цiха буркнуў: "Куды гэтага?", i той, што iшоў ззаду, адказаў: "У сёмую, сказалi". "У сёмую, дык у сёмую", - адказаў сустрэчны, i яны ўтрох пайшлi ў самы канец калiдора. Аднекуль чулася прыцiшаная гамана людзей, паасобныя словы. Вiдаць па ўсiм, людзей тут сядзела нямала, i ў гэты час, мусiць, яшчэ ня спалi. Цi, можа, яшчэ не дазвалялася спаць.

Як толькi расчынiлiся дзьверы тае сёмае камэры, паручнiка дужа штурханулi ззаду, i, спатыкнуўшыся, ён павалiўся на нечыя целы. Той, каго ён найбольш патрывожыў, злосна, па-блатняцку, вылаяўся, паручнiк выцiснуў "прабачце", якое, аднак, засталося без адказу. Ён неяк узгрэбся на босыя ногi, ня ведаючы, куды ступiць ад дзьвярэй, пастаяў у маўклiвым зьняменьнi. Ля яго ног варушыўся патрывожаны iм чалавек, нешта бурчэў, iншыя маўчалi. Здаецца, народу тут было поўна, у застаялым паветры сьмярдзела потам чалавечых целаў, прэлай вопраткай i мачой, - то быў знаёмы для кожнага акопнiка салдацкi смурод. Счакаўшы хвiлiну, ня ў стане асвойтацца ў цемрадзi, ён сказаў, каб не маўчаць:

- Нiчарта ня бачу...

- I ня ўбачыш да заўтра. Мы тут, бы краты, - адказаў яму нехта, дужа шапялявячы.

- Во як! Вайскоўцы ёсьць?

- Наўрад. Будзеш першы.

- I, можа, апошнi, - буркнуў той, з-пад ягоных ног.

- Хай так, - больш бадзёра сказаў паручнiк i апусьцiўся там, дзе стаяў плячамi да самых дзьвярэй. Здаецца, першае знаёмства адбылося. Хаця наўрад цi яго цiкавiла цяпер якое знаёмства, у ягоным становiшчы дапякаў адзiн клопат што далей? Але адказ на яго, мабыць, не залежаў ад гэтых людзей. Ягонае ж тут зьяўленьне, вiдаць, кагось зацiкавiла.

- Адкуль будзеце? - зважлiва папытаўся, мяркуючы па цiхiм голасе, немалады чалавек, што мясьцiўся недзе ў куце.

- З вакзала, - проста адказаў паручнiк.

- Го, з вакзала! - нядобразычлiва азваўся бойкi сусед ля ног. - На вакзале яны й бяруць.

- Чакаў цягнiка...

- Ну й дурань! Чакаць на вакзале... Ля сэмафору трэба чакаць i на хаду садзiцца. Цяпер так робяць.

- Наўрад цi ў iх ёсьць якая заканамернасьць - яны ўсюды бяруць. Мяне вось, напрыклад, узялi дома. З пасьцелi паднялi, - расказваў старэйшы з кутка.

- Яны i з магiлы паднiмуць, - прашапялявiў той, зь сярэдзiны камэры. Чэка!

- ЧК, ага. Гэта табе ня царская палiцыя. Што спала на хаду, - сказаў самы блiзкi ў доле, i ў ягоным тоне разам з боязьзю чулася i затоеная павага менавiта да ЧК.

- Не заўжды спала. Бывала, давала i яна дыхту. Асаблiва турэмшчыкi.

- Ну, хiба турэмшчыкi. Але пры цары не сядзеў, ня ведаю.

- Такога яшчэ не было ў гiсторыi Расеi, - пакутна загаварыў у куце стары. - Былi смутныя часы, разладзьдзе. Але такога павальнага ачмурэньня не было. Бедная, няшчасная Расея...

- Рэвалюцыя, што ж вы хочаце, - даволi бадзёра, аднак, шапялявiў iншы. Рэвалюцыя без ахвяраў не бывае.

- Ат, пайшла яна на хер, твая рэвалюцыя! - рэзка кiнуў у адказ сусед. - Ад яе адзiн сiфiлiс, ад твае рэвалюцыi.

- Не скажы. Калi ёю правiльна кiраваць...

- А хто, хто кiруе? Троцкi? Ленiн? Ды яны Расею разам з рэвалюцыяй Нямеччыне прадалi.

У iх iшла нейкая свая спрэчка, мабыць, не цяпер пачатая. Паручнiк ня ўмешваўся - моўчкi слухаў, спрабуючы вызначыць, хто гэтыя людзi. Ягоны сусед надта выяўляў у рэплiках i асаблiва ў зласьлiвым тоне блатняцкi, люмпэнскi характар, i паручнiк пайменаваў яго ў думках Блатняком. Той стары з кутка, падобна, належаў да якой правiнцыйнай iнтэлiгенцыi; клясавую цi якую прыналежнасьць шапялявага ён вызначыць ня мог. Iншыя, што патроху вырушылiся ў цемры, пакуль што маўчалi, але наўрад цi хто спаў, i паручнiк папытаўся:

- Даўно вы тут?

- Як хто, - адказаў Стары. - Я чацьверты дзень. Ён во два, iншыя - хто колькi.

- Тут доўга ня дзержаць, - са значэньнем сказаў сусед - Блатняк. - Дзён пару i - на выхад!

- А куды?

- Гэ, куды! Ведама куды. У Гунькiн роў.

Якi гэта быў роў, паручнiк ня ведаў, але ня цяжка было здагадацца. Значыць, сапраўды ён папаўся. Толькi ж, мабыць, павiнны хоць дапытаць, вынесьцi нейкi, хай сабе фармальны прысуд. Хаця цяпер маглi i без прысуду. Застрэлiлi ж у iхным палку штабс-капiтана Магiлянцава - адразу пасьля мiтынгу, ля канавязi, бяз допыту i прысуду. А калi за яго заступiўся прапаршчык з узвода пешай разьведкi, застрэлiлi i прапаршчыка. У iмя рэвалюцыi. Менавiта тады паручнiк Глушкевiч зразумеў: вайсковая служба для яго скончаная. У такiм войску служыць немагчыма. Не зважаючы на прысягу, на абавязак перад iмпэрыяй, на загады новай, рэвалюцыйнай улады, трэба скiдваць пагоны i дабiрацца дадому, у родны край, дзе яшчэ жыла мацi, апошнi лiст ад якой ён меў паўгода таму. I вось прыехаў. Да ягонай станцыi заставалася шэсьцьдзесят вёрст.

Пасьля нядоўгага маўчаньня кароткую спрэчку нiбы падагульнiў шапялявы голас:

- А што ж вы хацелi, грамадзяне? Пралетарыят абараняе сваю ўладу. Бо кожная ўлада павiнна ўмець сябе абаранiць.

- Яно, можа, i так, - мякка запярэчыў Стары. - Тое вядома з часоў францускай рэвалюцыi. Толькi вы мне скажыце, чаму гэткая шалёная абарона? Напрыклад, я не выступаў супраць iхнай улады. Я нэўтральны чалавек, абываталь.

- Вы не абываталь! - аб'явiў шапялявы. - Вы прадстаўнiк чужое варожае клясы. Во ў чым прычына.

- Ну, добра, я - чужая кляса, - пасьля паўзы памяркоўна сказаў Стары. Ну, а вось вы, напрыклад. Вы ж, пэўна, не чужой клясы? Вы за пралетарыят?

- Так. Але я чужой партыi.

- Дык жа таксама сацыялiсты?

- Сацыялiст-рэвалюцыянэр. Заўважце розьнiцу.

- Невялiкая, аднак, розьнiца, як я разумею. I тыя, i другiя супраць манархii.

- Гэта калi ў тэарэтычным разрэзе. Але ў тактычным мы разыходзiмся. Мы варагуем з бальшавiкамi.

- Даволi сумнiцельна...

- Не сумнявайцеся. Тут ужо цi мы iх, цi яны нас.

Спакваля паручнiку што-нiшто рабiлася зразумела. Той стары iнтэлiгент у куце быў быццам знаёмы яму яшчэ з даваеннага часу - такiх ён чуў, назiраў у вайсковых гарнiзонах - усiх гэтых земскiх дактароў i начальнiкаў, настаўнiкаў ды паштавiкоў. Збольшага ён адчуваў лёгiку iхнага мысьленьня, заснаванага на дылетанцкiм разуменьнi палiтыкi, хрысьцiянскай маралi, памятаў iхныя гутаркi дзе-небудзь на дачнай вэрандзе пасьля вячэрняй гарбаты, пасядзелкi за круглым сталом пад лямпай з модным матавым абажурам. Яны былi людзi ня злосныя, часам i недурныя, ахвотнiкi ў меру выпiць ды пагуляць у карты. У iх выхоўвалiся неблагiя дзяўчаты, патэнцыйныя жонкi гарнiзонных падпаручнiкаў, адна зь якiх некалi ледзьве ня стала жонкаю Глушкевiча. Ды ня даў Бог. Цi вайна... Эсэраў ён збольшага пазнаў пасьля рэвалюцыi, у войску, калi яны раптам павылазiлi аднекуль, пераважна з унтэр-афiцэрскiх цi прапаршчыцкiх пасадаў i кiнулiся выступаць на мiтынгах. Яны мала чым адрозьнiвалiся ад бальшавiкоў, i таму сустрэць у гэтым сутарэньнi ЧК арыштаванага эсэра было для яго трохi дзiўнавата.

- А за што вас, прабачце, сюды? - стрымана запытаўся ён нябачнага ў цемры шапялявага Эсэра.

- А нiзашто. Непаразуменьне выйшла.

- У iх непаразуменьня не бывае! - нэрвова заварушыўся побач Блатняк. - Iм трэба каго-небудзь шлёпнуць. I цябе першага.

- Шлёпнуць, канечне. Калi так доўга ня кормяць, - шапялява пагадзiўся Эсэр.

- Ня кормяць i не страляюць, - сказаў Блатняк.

- Можа, чакаюць, калi самi ногi працягнем? Каб на патроны не расходавацца.

- Не, царскiя сатрапы такога не дапускалi, - сказаў Эсэр. - У турме ўсё ж кармiлi. Кепска, праўда, але кармiлi.

- У iх там няўпраўка выйшла - аўтамабiль сапсаваўся, - зазначыў Блатняк.

- Думаеш, адрамантуюць i прывязуць прысмакi?

- Не. Адрамантуюць, i нас - у Гунькiн роў.

Паручнiк прыслухоўваўся да iх невясёлай размовы i разумеў, што ягоных суседзяў трывожыў той жа клопат пра ўласнае жыцьцё, якi назаляў i яму. Зрэшты, што ж, усё натуральна, што яшчэ магло трывожыць людзей у гэтым чэкiсцкiм склепе? I спадзяванкi на жыцьцё былi ў iх гэткiя ж хлiпкiя, як i ў яго.

Недзе ў калiдоры непадалёк пачулiся галасы, грубыя, патрабавальныя крыкi: "Выходзь! Быстра, тваю маць...", брыдкая салдацкая лаянка. Падобна, там усчалася тузанiна цi нават бойка, чуўся тупат шматлiкiх ног, нешта моцна выцяла ў сьцяну - аж здрыганулiся прыхiнутыя да дзьвярэй паручнiкавы плечы. Агiдны ветрык небясьпекi дзьмухнуў у цемрадзi сьмярдзючай камэры, усе насьцярожана прымоўклi, чакалi, што вось-вось адчыняцца i iхныя дзьверы. Але дзьверы пакуль не расчынялiся, а тупат i тузанiна сталi аддаляцца, мабыць, там кiравалi на выхад.

- Цяпер цi ня наша чарга? - паныла ўздыхнуў Эсэр.

Яму нiхто не адказаў, усе маўчалi, i пасьля маркотнае паўзы першы раздумна загаманiў Блатняк:

- А я якраз перад тым, як сцапалi... гуляш не даеў. Такi быў смачны гуляш. Каб ведаў...

- За жыцьцё не наеўся, перад сьмерцю не налiжасься, - сказаў Стары.

- Што праўда, то праўда! - падхапiў Эсэр. -Як помню сябе, усё есьцi хацеў. I на волi, i ў турмах.

- А што, многа сядзеў? - пацiкавiўся Блатняк.

- Хапала!

- Я ж казаў: трэба даваць дзёру! - нэрвова зашапатаў Блатняк. - А то давядуць, што ног не пацягнеш. Калi да таго ня стрэльнуць.

- Я ня супраць, - цiха адгукнуўся Эсэр. I з кутка разважна азваўся Стары:

- Вы думаеце, гэта магчыма? Гэта ж вельмi рызыкова, мабыць?

- А кулю ў лоб атрымаць не рызыкова?

Размова прыпынiлася, i паручнiк падумаў, што, вiдаць, iншага не застаецца. Ужо яго ЧК не памiлуе, расквiтаецца за ўсё. I за дваранскае паходжаньне, i за афiцэрства, i за рэвальвэр у рэчмяшку. Але гiнуць у гэтым сьмярдзючым сутарэньнi цi ў Гунькiным рове было пагана i страшна. Такога сабе канца паручнiк ужо не чакаў. Ды яшчэ ў гэткай кампанii. Усе ягоныя продкi ляжалi пад якiмi-нiякiмi помнiкамi на старых сельскiх могiлках ля невялiчкай праваслаўнай царкоўкi, усе памерлi сваёю сьмерцю, у сваiх пасьцелях. А дзе давядзецца легчы яму?

- А i праўда, - зашапялявiў Эсэр. - Як адчыняцца дзьверы, калi каго прывядуць... Кiнуцца i - за вiнтоўку.

- Хто кiнецца? - сказаў Стары. - Я пажылы. Ды хворыя суставы: раматус...

- Я б кiнуўся, - працягваў Эсэр. - Ды ў мяне рука вывiхнутая. Як вялi, бiлi. Сапсулi руку.

Паручнiк маўчаў, ён думаў. Трэба было штосьцi ўзгаднiць у душы, усё ж тая думка ўзьнiкла для яго нечакана. Канечне, рукi ў яго не былi вывiхнутыя, пакуль што ад голаду ён не зьнясiлеў. Але яму трэба было хоць бы адчуць нейкi давер гэтых людзей, каб нешта браць на сябе.

- Дык вось жа ў нас вайсковец, - падказаў Блатняк, - ты ж вайсковец, ага? - зьвярнуўся ён да паручнiка.

- Вайсковец.

- Можа яшчэ ахвiцэр?

- Афiцэр.

- Дык каго чакаць? Самы раз будзе. Ён кiдаецца першы, я - у помач.

- Ага. Тут важна, каб усiм разам, - прашамкаў Эсэр. - Ламануць - i ў калiдор, а там - як пашанцуе.

- Толькi б не спазьнiцца. А то могуць на золку вывесьцi. Яны на золку возяць, - паведамiў Блатняк. Ну, вядома ж, на золку, пра тое паручнiк ведаў, ужо недзе чуў цi чытаў, як возяць на кару злачынцаў. А цяпер вось тое загадкава-страшнае падышло да яго. Значыцца, каб не загiнуць па-дурному, безабароннай авечкай, трэба скарыстаць хоць бы й невялiкi шанец. Гэтыя людзi паспадзявалiся на яго, i ён павiнны. Хоць бы, як больш дужы. I, можа, як больш здатны. Урэшце, як афiцэр. Цi ня ў тым цяпер ягоная мiсiя - маленькая, амаль мiкраскапiчная мiсiя ў вялiзарным вiры людзкiх нягодаў. Ён павiнны пайсьцi наперадзе i зьдзейсьнiць самае, можа, рызыковае. Так трэба. А як яно выйдзе тое залежыць ня толькi ад яго. Тут ужо - як будзе заўгодна госпаду Богу.

- Я зразумеў. Але цi ўсе згодныя? - запытаўся ён.

- Я згодны, - лёгка сказаў ягоны сусед.

- Я тожа, - пацьвердзiў Эсэр. У куце, чутна было, трохi паварушыўся, паўздыхаў Стары, мабыць, ягонае рашэньне давалася яму трудней, чым iншым. Але i ён згадзiўся:

- Што ж, калi ўсе мiрам рашылi, дык... Адмаўляцца не па-хрысьцiянску будзе. Ужо як-небудзь...

- Во i добра. А ты, маўчун, што? - зьвярнуўся да кагось нябачнага ў цемры Эсэр. - Цi ўсё сьпiш?

- Я ня сплю, - прагучаў зь цемры новы басавiты голас.

- Дык ты чуў? Ты згодны?

- Ды я вось... бегчы не магу, во якое дзела...

- Тады што ж, застанесься?

- Мабыць, застануся.

"Во, пачынаецца, - зь непрыемнасьцю падумаў паручнiк. - Адзiн стары, другi з вывiхнутай рукой, гэты бегчы ня можа. Што ж тады яны - удвох? Цi ўтрох? Але цi справяцца ўтрох? А калi тых будзе болей?" Была вялiкая няпэўнасьць, занадта шмат што залежала ад выпадку, але што ж тады?.. Адмаўляцца, калi ўжо пагадзiўся, было нягожа, ён мусiў трымаць слова. Тым больш, калi на яго паспадзявалiся.

Ноч тым часам, мабыць, перавалiла за поўнач, у сутарэньнi памалу рабiлася цiшэй. Галасы ў калiдоры i за сьцяной патроху глухлi. Нехта пагаманiў яшчэ мабыць, канваiры ў канцы калiдора, пасьля стала цiха. Падобна было, падземная турма спакваля засынала. У гэтай жа камэры, аднак, ня спалi - цяжар нялёгкага клопату аблёг на ўстрывожаныя душы арыштантаў, прымусiў жывей забiцца iх спакутаваныя сэрцы.

- Галоўнае, ня кормяць, - сказаў Эсэр. - Значыць, штосьцi ўдумалi.

- А што - тут i аслу вядома, - пагадзiўся Блатняк.

- А калi ў iх усё ж якi iншы плян, - усьмiхнуўся Стары. - Калi, напрыклад, сапсуўся аўтамабiль, дык, мабыць жа, праблема з падвозам.

- Праблему з падвозам можна вырашыць шляхам падносу. Хоць бы ў мяшках. Хлеба цi бульбы. А калi чатыры днi не нясуць, значыць, ня варта, прашапялявiў Эсэр.

- Значыць, Гунькiн роў! - у каторы раз напомнiў сваё Блатняк.

Той яго напамiн пачынаў ужо раздражняць паручнiка, але ён устрымлiваўся, думаючы цяпер пра iншае. Калi пашэнцiць выбрацца з ЧК, дык куды бегчы далей? Ён тут даўно ня быў, знаёмых ня меў, шлях да мацi даўгаваты, а лавiць, мусiць жа, будуць зацята. Зноў жа - як бегчы босаму па золкай веснавой гразi? Той яго клопат, аднак, быццам учуў Блатняк, якi, чуваць было, штурхануў у бок Маўчуна.

- Ты, калi не пабяжыш, аддай боты ахвiцэру. Ён босы.

- Дык бярыце, - проста пагадзiўся Маўчун. Трохi пасопшы, ён зьдзёр з ног боты, i Блатняк перадаў iх у цемры паручнiку.

- Абувайце.

Боты былi вялiкiя, добра растаптаныя, паручнiк лёгка насунуў iх на свае босыя ногi.

- Такое дзела, - разважна казаў у куце Стары. - Можа, каму й пашанцуе, дык... Каб ведалi. Я вучыцель са Старыцы, Сергiеня маё прозьвiшча. У мяне сын на румынскiм фронце быў, цяпер ня знаю... другi паў пад Смаргонямi. А я вось...

- А цябе ў ЧК шлёпнуць. Калi не драпанеш, - груба зазначыў Блатняк, i тое не спадабалася Эсэру.

- Ну ты, далiкатней! Нельга ж так: шлёпнуць, шлёпнуць.

- Ды не, яго пашкадуюць. Гэта мяне шлёпнуць. Дык што ж, я плакаць буду? Хай па мне плачуць. У Воршы абальецца сьлязьмi Любка, у Суражы Анастасься, а ў Пiцеры Волечка. Волечка асаблiва сардэчная была, любiла ў любоў гуляць.

- Мабыць, адлюбiлася...

- А гэта яшчэ пабачым, - падбадзёрваў сябе Блатняк. - Я хлапец спрытны. Не глядзi, што мiзэрны.

- А родам адкуль?

- Ды тутэйшы. Прыехаў на пару дзён i засыпаўся.

- I я недалёка адсюль. Горад Горкi, чулi? На каморнiка вучыўся. Да катаргi.

- Катаржнiк?

- А як жа! Палiткатаржанiн. Шэсьць гадоў адтрубiў у Забайкальлi. Калi б не рэвалюцыя, яшчэ чатыры гады трубiць.

- Хар-рошая рэвалюцыя! - зьедлiва зазначыў Блатняк, i з кута загаварыў Стары.

- Рэвалюцыя вас вызвалiла, але ж рэвалюцыя вас i зноў пасадзiла. Як жа гэта атрымлiваецца, таварыш сацыялiст?

- Вельмi проста, вучыцель. I рэвалюцыя павiнна чымсь харчавацца. Дужа пражорлiвая жывёлiна, чым болей жарэ, тым болей хочацца, - прашамкаў Эсэр.

- Во дзiва! - раздумна сказаў Блатняк. - А казалi: свобода, свабода...

- Тут во якое дзела, - пачаў ахвотна тлумачыць стары. - Свабода гэта сымбаль, фiлязофская катэгорыя. Свабода наогул. Народу яна без патрэбы, народ i ня ведае, што зь ёй рабiць. Бо ён нiколi зь ёй ня меў справы. Народу патрэбна, каб над iм гаспадарылi, гэта ў ягонай крывi. Найлепш - чужаземцы. Прыйдзiце i валадарце намi, бо зямля наша вялiкая, а парадку ў ёй няма.

- Гэта вы памыляецеся, - сказаў Эсэр. - Ёсьць свабода! За тую свабоду наша партыя эсэраў на катарзе гнiла.

- Не супярэчу, можа, i гнiла. Але за якую свабоду? За свабоду для сябе, а не для народа. Народу не свабода, а бiзун добры самы раз будзе.

- Ну, тады вы рэакцыянэр! I манархiст, мабыць?

- Хай сабе i манархiст, - не пярэчыў Стары. - Але вы азiрнiцеся, што вырабляе той ваш народ на свабодзе. Вунь у нас, у мястэчку. Жыў такi пан Красоўскi, небагаты, шляхетнага роду. Палац каменны тры стагодзьдзi прастаяў ля ракi. Дык гэтыя местачкоўцы, свае ж сяляне, прыйшлi, пачалi цягнуць, рабаваць. Вiна знайшлi, напiлiся, падпалiлi стайню. Стары пан кажа: "Што ж вы робiце, як вам ня сорамна?" А яны: "Дык цi ж гэта мы пачалi? Такiя парадкi, закон у Пiцеры выйшаў - свабода! Расея гiне, трэба хапаць, каб не прапала. Пакуль свабода". I разрабавалi, i папалiлi - i палац, i службы. А старога Красоўскага сьвятар ледзьве ўратаваў ад п'яных. А вы кажаце - свабода! Паглядзiце, хто нас сюды папрыводзiў, хто страляць будзе. Хiба тыя людзi не з народа? А тыя, што ў ЧК сядзяць, хiба не за народ? Хоць бы на словах.

- Во, менавiта на словах, - падхапiў Эсэр. - А па сутнасьцi гэта шкурнiкi. Прыстасаванцы да сьвятой сацыялiстычнай iдэi ўсе гэтыя бальшавiкi, чэкiсты...

- Якая iдэя, такiя да яе й прыстасаванцы, - упарта пярэчыў Стары. - Калi iдэя гэтак абрастае прыстасаванцамi, значыць, благая iдэя.

- Ну, пра iдэю так не кажыце. Iдэя роўнасьцi i брацтва - найлепшая з iдэяў. Ад часу францускай рэвалюцыi...

- Роўнасьцi, кажаце, брацтва? Колькi за тое крывi пралiлося, а дзе тое брацтва? Усё шалёная барацьба, брат на брата, кляса на клясу. Столькi стагодзьдзяў мiнула, а нiчога не мяняецца.

- Зьменiцца. Рэвалюцыя толькi пачатак.

- Якi пачатак, такi, мусiць, i працяг будзе.

- Не, будзе лепшы. Залаты век наперадзе.

- Дай-та Бог... Ды дужа сумнеўна.

Паручнiк маўчаў i слухаў. Увогуле iхныя довады былi збольшага яму знаёмыя, гэткага i да таго падобнага ён нямала ўжо наслухаўся, асаблiва за час рэвалюцыi. Скептычныя погляды старога настаўнiка былi блiжэй да ягонай сьвядомасьцi, чым бадзёрыя запэўненьнi Эсэра. Ня мог ён прыняць самаўпэўненую балбатню людзей, якiх не паважаў менавiта за iх крыклiвую настырнасьць у справе свабоды. Гэта не пачуцьцё, гэта спрэс словы. Сапраўднае пачуцьцё маўклiвае, яно выказваецца болей справай, ды не траскучымi словамi. Лёгка было крычаць аб свабодзе народа, калi гэта нi да чога не абавязвала, трудней было для яго нешта зрабiць. I нават не для народа, а для групы людзей, для некалькiх чалавек. Як толькi зьяўлялася такая неабходнасьць, тады ўся рэвалюцыйная пыха з гэтых людзей зьлятала, i яны рабiлiся, бы пухiры, зь якiх выпусьцiлi паветра. Зрабiць што-небудзь для блiжнiх яны ня ўмелi. Лацьвей было для народа. Але ў разуменьнi паручнiка народ здаваўся разумовай абстракцыяй, канкрэтна ён яго ўявiць ня мог, як ня мог уявiць сутнасьцi сьмерцi або бясконцасьць сусьвету. Мусiць, тое было за межамi ягонага досьведу i здольнасьцяў да ўяўленьня.

Затое ён няблага навучыўся бачыць i разумець асобнага чалавека, хоць бы й гэтых розных, выпадкова сабраных у купецкiм сутарэньнi людзей. I ён мог прыкладна вызначыць, што ў кожнага за душой, i на што кожны зь iх здольны. Ён думаў, што перад пагрозай пагiбелi кожны зь iх пашчыруе ў змаганьнi за жыцьцё; усё ж яны разумелi, што лiтасьцi ад ЧК ня будзе. Некаторае падазрэньне ў яго выклiкаў хiба што Маўчун, якi аддаў яму боты, - надта лёгка аддаў, без шкадаваньня. Яго зацятая маўклiвасьць таксама магла значыць рознае. Блатняк хоць i не выклiкаў асаблiвых сымпатыяў, але да справы, якую яны задумалi, здаецца, мог прычынiцца няблага. Эсэр, мабыць, быў хiтрэйшы, чым выяўляў сябе ў гэтай камэры. Ну, але што рабiць, выбар у паручнiка быў невялiкi.

- А вы, афiцэр, адкуль родам? - запытаўся Эсэр. - Са сталiц, мабыць?

- Не, не са сталiц. З-пад Полацка.

- А, мабыць, з фальваркоўцаў?

- Вы ўгадалi, - згодна адказаў паручнiк i болей пра сябе не сказаў нiчога. I ад таго, што паведамiў, стала няёмка, нiбы чымсь пахвалiўся. Мусiць, было б лепш, калi б ён назваўся сацыялiстам цi простым рабочым, блатняком нават. Але iграць чужыя ролi паручнiк ня ўмеў, адчуваў да таго ледзьве не фiзычную гiдоту, хоць i праўду пра сябе казаў каму-небудзь рэдка, у скрайнiм выпадку. Як тут вось. Сказаў, бы распрануўся перад людзьмi ў гэтай сьмярдзючай цемры. Усё ж вялiкая справа ананiмнасьць, якая цяпер рэдка здараецца на людзях (хiба што ў дарозе), калi нi да цябе, нi ў цябе няма нiякае справы да iншых. Тут вось такая справа знайшлася.

- Ну, фальваркоўцы, як i дваране, розныя бываюць, - памяркоўна сказаў Блатняк. - Каторыя i нiшто.

- Яны, можа, i нiшто, - шапялявячы, запярэчыў Эсэр. - Але як кляса ворагi рэвалюцыi. Контра!

У куце, чуваць было, заварушыўся стары настаўнiк.

- Вось, пан эсэр, вы ўсё вялiкiмi катэгорыямi: кляса, народ. Але хто калi з вас меў справу цалкам з клясай або народам? Усё, ведаеце, болей з суседам, гандляром цi прыказчыкам. З кожным упаасобку. А прывыклi абагульняць.

Мабыць, так, схаластыка, - падумаў паручнiк. Але кепска нават ня тое, што ў некаторых галовах укаранiлася тая схаластыка, горай, што схаластыка стала дзяржаўнай дактрынай, ад якой так цi iнакш залежаць лёсы тысячаў, калi не мiльёнаў людзей.

- Ня клясавы ў вас падыход, - бяз злосьцi, аднак, мовiў Эсэр.

- Ня клясавы, праўда. Боскi. Усё ж Бог стварыў чалавека, а ня клясы, партыi. Клясы i партыi - гэта, мабыць, справа нячысьцiка. На пакуту людзям.

- Каб адно адным паганялi, - як заўжды зьедлiва ўставiў Блатняк i запытаўся з выклiкам: - Праўда, Маўчун?

- Можа, i праўда, - не адразу, спаважна адазвалася зь цемры. Блатняк пачакаў, мабыць, думаў учуць i яшчэ што, але далей было маўчаньне.

- А цябе завошта сюды, калi не сакрэт?

- За цара, - не адразу, з натугай адказаў Маўчун.

- Ты што - радня яму?

- Не, не радня.

- Дык пры чым тут цар?

- Вартаўнiк я. Ва ўправе служыў. А яны прыйшлi партрэт скiдваць...

- Хто яны?

- Ды гэтыя... Чэкiсты. Дык я... Узяў тапор i...

- I пасек iх? - зь цiкавасьцю дапытваўся Блатняк.

- Не-а. Аднаго толькi. Галоўнага.

- Да-а, - сказаў эсэр. - Кепскiя твае справы.

- Ну, - проста пагадзiўся Маўчун.

Няпэўная начная цiша ў сутарэньнi зноў парушылася нейкiмi невыразнымi галасамi ў тым канцы калiдора, прагучала лаянка, падобна, там некага бiлi, прывялi цi, можа, зноў выводзiлi на расстрэл цi на допыт. У камэры прыцiхлi, услухоўваючыся, са страхам чакаючы кепскага. Паручнiк пасунуўся ад дзьвярэй у кут, так было зручней, калi што, кiнуцца ў дзьверы. Кепска, думаў ён, што скрозь было цёмна, у цемры можна было памылiцца. Затое, можа, лепш будзе ўцякаць. Хоць як там ужо выйдзе. Цяпер ня шмат прадугледзiш.

- Значыць, так, - цiха сказаў ён. - Расчыняць, i я кiдаюся. За мной - вы, - ён дакрануўся да выцягненай нагi Блатняка. - Зараз жа астатнiя.

- Тады трэба перасесьцi, - сказаў Блатняк. - Маўчун ня пойдзе, дык ён каб у канцы. Хай перасядзе з вучыцелем.

- Хай перасядуць, - пагадзiўся паручнiк.

Трошкi стогнучы, Маўчун падняўся са свайго наляжанага месца i палез у кут да Старога. Той таксама нешта мармытаў сабе, незадаволены чымсь. Аднак паручнiк ня надта iх слухаў - ён стараўся не прамiнуць якi рух у калiдоры, каб ня даць застаць iх зьнянацку. Рух там, аднак, заглух, мабыць, каго было трэба, вывелi, i ў сутарэньнi зрабiлася па-начному цiха.

- Аднак аташчалi мы, чорт пабяры, - сказаў Блатняк. - У мяне ўжо кiшкi да хрыбта прысохлi ад голаду.

- Хаця б далi вады, - паскардзiўся Стары. - Без вады арганiзму нiяк: абязводжваньне тканак.

- Цiкава, а колькi можна бязь ежы? - запытаўся Блатняк.

- Бязь ежы пацягнем, - адказаў Эсэр, як самы ў тым дасьведчаны. - Можна тыдзень i два. А без вады кранты.

Пакуль што паручнiк не адчуваў нi смагi, нi асаблiвага голаду, усё ж учора ён пiў на станцыi гарбату, i цяпер напружана думаў, як лепей учынiць гэтыя ўцёкi. Роля першага, пачынальнiка, несла як пэўную небясьпеку, так давала i пэўныя перавагi; ад ягонага спрыту i ўмельства залежала ўсё астатняе. Калi ён адолее канваiра ды завалодае зброяй, дык, можа, яны й вырвуцца.

Ён намагаўся слухаць, каб адразу злавiць якi важны гук з калiдора, i баяўся заснуць. Дрымота, мiж тым, агортвала яго ўсё болей, i тады ён, страпянуўшыся, цiха гукаў iншым: "Ня спаць". Яны не маглi дазволiць сабе заснуць, кожную хвiлiну трэба было быць гатовымi кiнуцца ў дзьверы, як толькi тыя расчыняцца. Як за кiм прыйдуць цi каго прывядуць. У кутку ля дзьвярэй паручнiк выбраў сабе найбольш зручную позу.

Аднак мiнаў час, а дзьверы камэры заставалiся нязрушныя, бы замураваныя. З таго боку, здаецца, нiхто каля iх i не пратупаў нi разу. Спакваля зноў усталявалася трывожная начная цiша. Дужа цягнула на сон, i трэба было немалое намаганьне, каб адолець дрымоту. Паручнiку, мабыць, не заўжды тое ўдавалася, i тады ў яго паўсоннай сьвядомасьцi пачыналi мiльгаць нейкiя аблiччы, нiбы чулiся фразы, урыўкi падзеяў зь яго нядаўняга франтавога мiнулага, даўнейшай службы i нават штосьцi зь дзяцiнства... Чамусь зьявiлася перад зрокам разьбiтая фура на гразкай вулiцы галiцыйскага мястэчка, забiты конь з разьдзьмутым, як бочка, брухам, i - бяз пэўнай з папярэднiмi падзеямi сувязi мацi. Старая, заплаканая, з маўклiваю тугой у вачах, - мусiць, такая, якой ён бачыў яе апошнi раз, ад'яжджаючы на фронт у пятнаццатым. "Застанецца адна", падумаў паручнiк, i гэтая недарэчная думка аж скаланула яго сваёй нечаканасьцю, адразу прагнаўшы сон. Мацi ўжо страцiла амаль усiх - дзяцей, мужа, пляменьнiкаў, брата. Хто памёр, не стрываўшы такога жыцьця, хто прапаў на вайне цi апынуўся на захадзе, як сястра Тацяна, што з мужам-дыпляматам выехала ў Фiнляндыю. Адзiн iхны брат не вярнуўся з палону, другi быў забiты ў першых баях ва Ўсходняй Прусii. Ён застаўся апошнi i, мусiць, з такой няўрымсьлiвасьцю памкнуўся да мацi, нiбы адчуўшы яе далёкi жальлiвы поклiч з паўзабытай iм Полаччыны. Ледзьве ня ўсе свае маладыя гады, гады вайсковае службы i пасьля ён таптаў чужую зямлю, жыў сярод чужой прыроды, у незнаёмых раней гарадах, сярод чужых, iншамоўных людзей. Да iх прывыкаў, звычаiўся зь iхным бытам, мала i рэдка ўспамiнаючы, адкуль ён i дзе ягоныя вытокi жыцьця. Можа б, жыў так i далей, калi б не вайна, ня гэтая рэвалюцыя, калi ўсё ранейшае паляцела ў тартарары. За кароткi час ён ня толькi страцiў чын, пасаду, сякiя-такiя набыткi, але й звыклыя маральныя апiрышчы, калi ўвачавiдкi мянялiся вакол людзi i ягоныя да iх адносiны. I тады неўпрыцям i настойлiва паўставалi ў памяцi вобразы iншага, ранейшага, паўзабытага iм жыцьця. Здавалася, людзi ў тым жыцьцi былi зусiм не такiя, як гэтыя, - нязьменныя, з дабрынёй i Богам у душы, прыязнай прыветнасьцю на тварах, якiмi ён памятаў iх зь дзяцiнства. Бадай, у роспачным адчаi, як да паратунку, ён памкнуўся да iх, да роднае стараны, дзе мiнула яго дзяцiнства, застаўся вялiкi драўляны дом з адкрытай вэрандай пад стромкiмi вязамi з бусьлянкай, у якой кожнае лета ладзiлi сваё жытло пара буслоў, ляскалi доўгiмi дзюбамi - выводзiлi бусьлянят. Пад iмi ўнiзе тулiўся нешырокi ўтульны падворак малазаможнай шляхецкай сядзiбы з квяцiстаю клюмбай перад шырокiмi прыступкамi ганка. Побач мясьцiлiся старасьвецкiя драўляныя службы зь летняю кухняй, клецямi, стайняй, у таямнiчым паўзмроку якой бразгалi цуглямi два буланыя стаеньнiкi; на аднаго зь iх, рахманага Сярка, некалi падсаджвалi белагаловага хлопчыка ў белай матросцы, i сэрца яго замiрала ад страху i адвагi. Аднойчы ён упаў зь Сярка, дужа папэцкаў матроску, i яны дамовiлiся з хурманам Дзянiсам утаiць тое ад мацi, схлусiць, што ён упаў у лужыну ля падворку. Назаўтра мацi загадала Дзянiсу засыпаць лужыну. Дзiва, што застаецца ў душы на сконе жыцьця... Зь незабыўных уражаньняў раньняга дзяцiнства ўзнавiлася ў памяцi iх даўняя паездка ў недалёкi Полацак да мошчаў сьвятой Еўфрасiньнi, - як яны ранiчкай ехалi туды ў ландо з бацькам i мацi, мiнаючы азёры i прыазёрныя вёскi, i ўрэшце, як скончыўся лес, на даляглядзе па-над далёкiмi прысадамi засьвяцiлiся стромкiя купалы Сафiйкi, ярка асьветленыя летнiм ранiшнiм сонцам. Цi пабачыць ён калi iх - тыя сьвятыя купалы, што доўгiя гады стаялi ў змроку ягонай памяцi - сярод страшнай калатнечы, гразi, крывi, бязладзьдзя вайны? Так недалёка засталося да iх, i так трудна iх дасягнуць.

Мабыць, ён усё ж задрамаў трохi, на якiх пару хвiлiн, i аж скалануўся ад нечаканага крыку, што раздаўся па той бок дзьвярэй.

- Па-ад'ём! Падгатовiцца - прыём пiшчы!

У камэры разам спалохана заварушылiся, падскочыў i сеў побач Блатняк, за iм санлява падняўся з долу Эсэр. У сьцяне насупраць ужо цьмяна азначалася невялiчкае закратаванае акенца, сталi вiдаць плечы, галовы, шэрыя твары арыштантаў, i паручнiк упершыню азiрнуў людзей, зь якiмi прабыў ноч. Крык у калiдоры, якi цяпер чуўся далей, чымсьцi яго бянтэжыў, можа, тым, што на дварэ пэўна вiднела, i ён сьцямiў, што з уцёкамi прыпазьнiлiся. Зноў жа ён ня ўбачыў на белабрысым, надта прышчавым твары памагатага Блатняка патрэбнай рашучасьцi - там выразна мiльганула зьбянтэжанасьць, што ўвачавiдкi зьмянiлася бадай што дзiцячай радасьцю, i Блатняк закрычаў:

- Чуеце? Не, вы чуеце? Жраць дадуць, далiбог!

Эсэр, бачна было, з прагнаю ўвагай iмкнуўся злавiць гукi з калiдора, i яго запалыя, аброслыя блытанай шчэцьцю шчокi ды разяўлены ад увагi рот з выбiтымi наперадзе зубамi выдавалi слабасiльнага, нават змардаванага чалавека. Крыху далей у рэдзенькiм сяйве сьвятла з акенца блiшчэла лысая галава старога вучыцеля з зусiм белым пушком - рэштаю валасоў над вушамi. Недзе ў густым ценю пад акенцам тулiўся нябачны ад парога Маўчун. Здаецца, паведамленьне пра харч зьбiвала iх з тропу, блытала намер; паручнiк бачыў, як напружылiся iхныя твары - менавiта ад навiны пра харч. За дзьвярыма побач дужа бразнуў замок, i паручнiк ускочыў на ногi. Ён чакаў, што дзьверы расчыняцца, а тыя толькi прачынiлiся трохi, i цераз парог цяжкавата грукнула старое закапцелае вядзерца. У камэру шыбануў знаёмы з салдатчыны пах гарачай кашы-пярлоўкi.

- Трымайце на пяцёх...

- Вы бачылi? - зь ненатуральнай радасьцю закрычаў побач Блатняк. - Нас кормяць!..

I не пасьпеў яшчэ паручнiк штосьцi падумаць, як Блатняк, спрытна шмыгануўся пад яго нагамi, ухапiў ад парога вядзерца i пачаў уладкоўваць яго сярод камэры. З таго боку да яго ўжо сунуўся змардаваны Эсэр, запаволена, бы нерашуча, мясьцiўся стары вучыцель. За iмi падняўся з свайго месца i Маўчун. Нiбы апляваны, паручнiк няўцямна стаяў пры дзьвярах. Здаецца, увесь яго выпакутаваны плян вылятаў насмарку, увагай гэтых людзей бяз рэшты завалодала ежа.

- А як жа - бяз лыжак? - запытаўся Эсэр.

- А ручкамi, ручкамi, пан сацыялiст. Во так! - па-блазенску выпiнаўся Блатняк, тут жа зачэрпаўшы жменяй ня дужа густую кашу, пачаў вылiзваць яе з далонi. За iм болей рашуча папнулiся да вядзерца i Стары з Эсэрам.

- Ну, а вы што? Ахвiцэр! Запрашаць трэба?

Стоячы на каленях, каля вядра, Блатняк на момант павярнуўся да паручнiка, але той не скрануўся зь месца. Неяк ураз аслабелы, нiбы пасьля цяжкай працы, паручнiк цiха апусьцiўся ў сваiм кутку на шынэлак. Ён быў ашаломлены i спустошаны дарэшты. Варта было пакутаваць, перажываць, спадзявацца на Бога, аддаючы яму права распарадзiцца сваiм лёсам. Аказалася, тым лёсам з большым посьпехам распарадзiўся прышчавы Блатняк. Цi гэтае праклятае паўвядра пярлоўкi.

Маўклiва i хутка яны ўтрох апаражнiлi вядзерца i з асалодаю сытых адвалiлiся да сьцяны. Падобна, пад'елi i паспакайнелi. Прынамсi, ранейшая трывога i напружаньне дарэшты пазьнiкалi зь iхных галасоў i твараў, саступаючы месца санлiвай цiхманасьцi. Яны задаволiлiся. Паручнiку вельмi карцела вылаяцца ад злосьцi, i ён ледзьве стрымлiваўся, трошкi цешачы сябе думкай, што, можа, яшчэ ня ўсё страчана. Мабыць жа, яшчэ прыйдуць па тое вядро i расчыняць дзьверы. Ды тое, што ён неўзабаве ўчуў, прымусiла яго зьнерухомець у зьдзiўленьнi. Зьвяртаючыся да Блатняка, Эсэр сказаў:

- Ну, а ты палохаў: Гунькiн роў, Гунькiн роў. Аднак жа накармiлi!

- Знача, перадумалi, - сыта пярэчыў Блатняк, выцягнуўшы ў доле ногi. Мабыць, яшчэ пачакаюць страляць.

- А можа, яны й ня думалi нас страляць. Бальшавiкi ж таксама розныя. Па тваёй жа тэорыi?

- Ну, а ты, вучыцель, што думаеш? - Блатняк павярнуў прышчавы твар да сьвятла з акенца. Сюды-туды паводзячы лысаю галавой, стары вучыцель зручней уладкоўваўся на падлозе i маўчаў.

- А я вам скажу, - раздумна зашамкаў Эсэр. - Ну i дурнi ж мы былi ўначы: што ўдумалi. Тут хiба ўцячэш?

- Хрэна ў iх уцячэш, - пагадзiўся Блатняк. - А так...

- А так, можа, i абыдзецца, - падхапiў Эсэр. - Калi разабрацца, дык мяне i праўда нiзашто ўзялi. Гэта мой кораш тую купчыху экспрапрыяваў, ды ня я. Але нязручна было выдаваць.

- А мяне, пэўна, кораш прадаў, во скацiна! Але як дакажаш, што я чэсны пралетар? Ну, што спэкулянт трохi, дык за гэта страляць?

Запытальным позiркам Блатняк абвёў арыштантаў у камэры, чакаючы падтрымкi, ды арыштанты маўчалi. Толькi спакваля азваўся Стары:

- Цябе, можа, i не застрэляць. Але ж тут афiцэр...

- Ну, i што?

- А тое, што яго падманулi.

- А хто, хто яго падмануў? - загарачыўся Блатняк. - Мы самi падманулiся. Ну, ня кормяць, думалi - шлёпнуць. Аж, пэўна, не. Дык што ж нам цяпер напралом? На злом галавы дзеля ахвiцэра? Не, тут кожны - сам за сябе.

- Рызыка павiнна быць апраўданай, - глыбакадумна прашамкаў Эсэр.

Унутры ў паручнiка штосьцi пакутна напялася i разам аслабла, нешта ён ужо пачаў разумець. Ён слухаў iх моўчкi, адчуваючы, як ягоная разгубленасьць ператвараецца ў маўклiвы нутраны гнеў. Ужо такога павароту ў iхным настроi ён не чакаў. Цi гэта ён прапанаваў iм тую рызыку? Цi ён угаворваў iх уцякаць? Ён толькi пагадзiўся, уступаючы iхнай волi, падмануўшыся на iхны давер. Яму тое ня танна далося, але ён перамог сябе, бо лiчыў, што абавязаны. А яны наелiся i, нiбы ракi, папаўзьлi назад. Але ён ня рак, ён гэтак хутка мяняць накiрунак ня мог. Ён меў свае прынцыпы ў жыцьцi, якiя сёньня былi гэтак нахабна спляжаныя.

У камэры раптам настала пакутная напружаная цiшыня, у якой важка i нават злавесна раздалося з-пад вакна:

- Скаты!

- Што? - падняўся i сеў на доле Блатняк. - Хто скаты?

- Вы! - кiнуў забойца Маўчун.

- Вы чулi? Чаму гэта мы скаты?

- Трэба сьпярша падумаць, чым гаварыць, - пакрыўджана прашамкаў Эсэр.

Але Маўчун толькi аднойчы няспрытна варухнуўся ў шэрым сьвятле з вакна сваёй крутаплечай паставай i зноў схаваўся ў ценю - павярнуўся на другi бок.

- За ахвiцэра, цi што, заступаесься? - прыдзiраўся да яго Блатняк. - Дык ахвiцэр не крыўдуе. Праўда, ахвiцэр?

Паручнiк ва ўпор, не маргнуўшы, паўзiраўся ў ягоны нахабны твар, i той, мабыць, нешта адчуў.

- Ахвiцэр ня згодны! - аб'явiў Блатняк. - Ён заадно з бандытам. Во дзьве контры!

- Мала, што скаты! Дык яшчэ й падлюгi, - з раптоўнай рашучасьцю сказаў паручнiк, адчуўшы, як нешта назаўжды адразае ў сваiм жыцьцi. Паправiць цi перайначыцць што ўжо ня будзе магчымасьцi, i ён пайшоў напралом.

- Ну во, я ж казаў! I гэты таксама - контра! А тыя сумняваюцца - гэтыя дурнi з ЧК.

- Iдзi, закладзi! - сказаў паручнiк.

- Iсьцi нягожа, - зашмакаў Эсэр. - Але калi запытаюць, што ж... пакрываць ня трэба. Клясавы вораг! - пырскаючы сьлiнкамi, крыклiва скончыў Эсэр. Перад iм спалохана ўскочыў на каленi Стары.

- Цiха, ды цiха вы! Учуюць жа... Яны ж усiх нас...

Але ягоныя ўгаворы яшчэ болей злавалi разьюшанага Блатняка, якi, ужо не стрымлiваючыся, крычаў:

- Што цiха! Гэта ён хай цiха! Ён змоўшчык! А той бандыт! Яны ворагi! Яны сабралiся канвой душыць...

- Змоўкнiце! Што ж вы робiце? Адумайцеся, - роспачна ўпрошваў Стары. Ды марна.

- А, i ты? I ты тожа за iх! I ты контра, за Бога, процiў рэвалюцыi...

I тады з-пад змрочнай сьцяны насупраць неяк марудна, бы перасiльваючы сябе, падняўся Маўчун, босымi нагамi перажыргнуў выцягнутыя ў доле боты Эсэра. Ён яўна кiраваў кудысь-марудна, але з адчайнай рашучасьцю на чорным, аброслым шырокай барадой твары. I Блатняк, учуўшы нядобрае, вiсклiва закрычаў ля парога:

- Не падхадзi! Не падхадзi... Не падхадзi...

I задыхнуўся, захроп, як Маўчун вялiзнаю рукой ушчаперыў яго за грудкi, згроб, пераламаў пасярэдзiне i павалiў пад сябе. Слабасiльны Эсэр засьцярожлiва адхiснуўся, стары вучыцель напружыўся ў нерашучасьцi, i паручнiк адчуў, што зараз здарыцца кепскае.

- Стой! - загадаў ён строга, як прывык загадваць салдатам. - Стой! Адставiць...

- Прыкончу, скацiна...

- Ня трэба. Адпусьцi!

Iх крыкi i валтузьню ў камэры, мабыць, пачулi з калiдора, там бразнуў замок, i рэзка расчынiлiся дзьверы.

- В чом дзела? Што такое?

У дзьвярох стаялi двое чэкiстаў, яны не пераступалi парог, але, мабыць, i без таго ўсё зразумелi.

- Устаць! Всем устаць!

Першы хуценька ўскочыў Эсэр, за iм з натугай падняўся Стары, падумаўшы, устаў паручнiк. Маўчун у доле зь яўнай неахвотай выпусьцiў з рук Блатняка i таксама, цяжка дыхаючы, узгрэбся на ногi. Блатняк застаўся ляжаць, змусiўшы астатнiх падумаць, што канае. Але раптам ён залямантаваў, перабiраючы нагамi ў стаптаных, з глiнай на сподзе, гамашах:

- Ратуйце мяне ад яго, ратуйце! Ён бандыт, ён хацеў мяне задушыць. Каб я iх ня выдаў... Во бандыта i таго, ахвiцэра...

Гэта было жахлiва, але паручнiк ня вымавiў i слова. Ды i што тут можна было сказаць, чым запярэчыць? Ён толькi адчуў злосны дакор сабе - каму ён даверыўся? Тады было цёмна, ён нiкога ня бачыў. Але ж чуў! I цi ён ня ведаў гэтых i да iх падобных людзей - з войска, з вайны, хоць бы зь пяхотнай роты, якой камандаваў. I гэта - за паўвядра пярлоўкi.

- Так, выхадзi! - коратка загадаў пярэднi чэкiст, плячысты чалавек у пакамечаным скураным картузе. З-за ягонай сьпiны выглядвалi двое, i паручнiк зразумеў, што трэба iсьцi.

Забыўшыся на свой шынэлак у куце, ён выйшаў у калiдор i спынiўся. Ззаду, мядзьведзявата ступаючы босымi нагамi, няўклюдна вылазiў з камэры забойца Маўчун, i ў паручнiка мiльганула думка: "Трэба аддаць боты". Але ў той жа час яго штурханулi па калiдоры, i ён нетаропка пайшоў наперадзе чэкiстаў. Ззаду, з камэры, чуўся роспачны голас старога вучыцеля:

- Людзi, што ж гэта робiце, людзi!..

Стары i яшчэ нешта голасна гаманiў там, але паручнiк ужо ня слухаў. Ён зь нясьцерпнаю горыччу думаў: трэба ж так памылiцца ў жыцьцi! Вядома, ня першы раз. Ды, мабыць, апошнi. Толькi гэта i суцяшала яго перад непазьбежным канцом.

НАРОДНЫЯ МСЬЦIЎЦЫ

З поля да вёскi можна было iсьцi па сьцежцы, уздоўж прасьцягу кукурузы, каб затым на аселiцы завярнуць да хаты. Але той шлях цяпер здаўся задоўгiм, i Iван па мянушцы Снайпер рашуча павярнуў на палетак. Тым болей, што кукуруза тут выдалася дохлая, да калена даўгалыгаму Iвану, як, зрэшты, i ўсюды ў iхным калгасе. Апроч хiба шнурка пад борам, уздоўж бальшака ў раён. Але пра той шнурок дужа дбалi i страшыня i брыгадзiры, - то быў шнур напаказ для начальства, якое зь вясны сноўдала па раёне з найбольшым цяперашнiм клопатам пра кукурузу. Нi пра жыта, нi пра ярыну, нi пра бульбу так ня дбалi, як пра гэтую кукурузу, якая, аднак, упарта не хацела радзiць на тутэйшых клятых падзолах.

Пра кукурузу дбалi, але скацiну кармiлi ўсё ж сенам, хоць назапасiць яго на зiму было няпроста. Найперш не было дзе, усё паўзворвалi на пасевы, засталiся хiба што балацявiны ды хмызьнякi. Зранку Снайпер-Iван касiў сваю пайку ў кустах мiж пнёў i алешнiку, ды мiж пнёў ня шмат што накосiш, хiба на пару-другую рэзгiнаў, i ўсё. Адно што - намахаесься касой да болю ў плячах. А тут, як на лiха, скончылася курава, i Снайпер-Iван ледзьве датрываў да вечара. Як сонца пахiлiлася да лесу, плюнуў на тую нехуцавую пайку i з касой на плячы рушыў дадому. Памятаў, недзе ў кухвайцы павiнны застацца распачаты пачак ягонай "Прымы".

Шоргаючы гумавiкамi ў нiзкарослым зарасьнiку кукурузы, ён кiраваў цераз палетак наўкось i думаў, што кукуруза наўрад цi акрыяе да восенi, каб хоць было што скасiць на сiлас. Зрэшты, на гэтым падзоле ня надта расло i ў ранейшыя, дакалгасныя гады. Снайпер-Iван памятаў, як колiсь бурчэў бацька, возячы сюды гной па вясьне: колькi яго нi вазi, ураджаю ня будзе. Такая зямля. Непадалёк за кукурузным палеткам быў iхны надзел, на якiм падлетак Iван упершыню сьцiснуў у даланях высьлiзганыя ручкi плуга i правёў свой першы загон. Увогуле скупы на пахвалы бацька тады шчыра пахвалiў сына, сказаў: будзе гаспадар, ёсьць на каго пакiнуць зямлю. Аж гаспадара з Iвана ня выйшла, выйшаў снайпер, а зямля засталася нiкому не патрэбнай, зрэшты, таксама, як i яе былы гаспадар. Бацьку ўзялi раньняй вясной, а старэйшаму ў сям'i Iвану найперш стала патрэбнай не скалектывiзаваная зямля, а дровы, каб мацi магла зварыць бульбу для траiх згаладнелых братоў i сястры, якiя зранку сядзелi на астылай печы. I ён зь сякерай за дзягай iшоў у кустоўе, сек алешыны i па сьнезе цягаў iх на дрывотню, каб насеч дроваў i напалiць у хаце. Пра бацьку наогул стараўся не ўспамiнаць, аж пакуль яго не паклiкалi ў раён i не ўручылi паперку пра рэабiлiтацыю "за адсутнасьцю складу злачынства". Яшчэ праз год у райфо ён атрымаў 650 рублёў - за сьмерць бацькi, якая, як было напiсана ў паперцы, наступiла ў сорак другiм годзе "ад язвы страўнiка". За тыя грошы Снайпер-Iван купiў новую кухвайку i бутэльку "маскоўскай". На абмыўку бацькавай памяцi.

З аселiцы ён пералез цераз жардзiну ў плоце i апынуўся на сваiм агародзе. Перш чым выправiцца па баразьне далей, звыкла павёў адным вокам да хляўка - цi няма дзе курэй. Другога вока ня меў, замест выбiтага асколкам пасьля вайны ў шпiталi ўставiлi шкляное. Але шкляное Снайпер-Iван не падабаў i ўстаўляў яго хiба як куды ехаў - ў раён цi да доктара на iнвалiдзкую камiсiю, куды спраўна выклiкалi штогод. Каля дому абыходзiўся сваiм апошнiм, да якога прызвычаiўся за гады i бачыў навокал ня горш за двухвокiх. Хоць бы i цяпер - лёгка прыкмецiў жонку Стасю, якая, сагнуўшыся, стаяла ў бурачнiку. Угледзеўшы яго, выпрасталася, хвiлiну паўзiралася, пакуль ён падышоў блiжай. Мусiць, дзiвiлася, чаму ён так рана, калi ўсе iншыя мужыкi яшчэ шчыравалi на пайках.

- Што, цi скасiў?

- А нягож табе пакiнуў?

- Усё?

- А што там касiць? Ацяробкi...

Жонка змоўчала, мабыць, ня надта яму верачы. Але ён ня стаў яе пераконваць, моўчкi павесiў касу на вугал i пайшоў у сенцы, дзе на шуле вiсела новая яго кухвайка. Ён паляпаў па кiшэнях, але там было пуста, i тады ён успомнiў, што два днi таму той пачак яны дакурылi ў Воўчым лагу, як выпiвалi зь Ляплеўскiм. З нагоды... Снайпер-Iван ужо ня памятаў, зь якой нагоды была тая п'янка, бо п'янак розных зь вясны здаралася ў iх нямала. Але ён памятаў, што, проч Ляплеўскага, там быў яшчэ малодшы Цыпрукоў зяць, мiлiцыянт з раёну, а пасьля набрыў абавязковы ў такой справе Дубчык. Добра пагудзелi тады, ледзьве дабрылi да аселiцы, як ужо прыгналi з пашы кароў.

Ад няўдачы з куравам злосна стала на душы ў Снайпера-Iвана, а тут яшчэ пачала церцiся аб ягоныя гумавiкi маладая кошачка, нешта замяўкала, i Iван са злосьцi паддаў ёй у бок: хай не вярэдзiць душу чалавеку, у якога няма чаго закурыць. На падворку прыслухаўся: празь дзьве хаты адсюль чуваць быў мерны жалезны стукат - гэта цягавiты Саўчанка адбiваў на бабцы касу, рыхтаваўся да заўтрашняй касьбы. Але заўтра мелася быць нядзеля, i ўжо ён, Снайпер-Iван, заўтра касiць ня пойдзе. Хiба - з паўдня, паверне тыя ацяробкi, каб лепш падсыхалi ў кустах. Саўчанка ж, ведама, будзе шчыраваць i заўтра, як i кожнага дня, гэта такi ўжо чалавек. Што значыць, зь сям'i падкулачнiкаў. Ужо ў яго напэўна будзе што закурыць, падумаў Снайпер-Iван i саступiў зь нiзкiх прыступкаў ганку. За парканам на агародзе зноў выпрасталася ягоная дзябёлая жонка.

- Гэта чуеш, да Касатага Вусаў прыехаў, - лагаднейшым, чым раней, голасам паведамiла яна.

- Вусаў?

- Ну, Вусаў. Той самы!

- Да Касатага?

- А нягож...

Во гэта навiна, - падумаў Снайпер-Iван. Старэйшыя дзеравенцы гэтага Вусава памяталi ўсе гады да вайны й пасьля, але пасьля нiхто нiдзе ня чуў i ня бачыў яго. Спакваля пачалi на яго забывацца, думалi: прапаў за вайну, як тады прападала нямала каго. Меркавалi, што туды яму i дарога. Нiхто нiколi не памянуў яго добрым словам, так ён насалiў тут за тыя некалькi гадоў, што ажыцьцяўляў клясавую барацьбу i рэпрэсii ў iхным Богам праклятым раёне. А ён, глядзi ты, - аказваецца, жывы, здаровы, i нават прыехаў да свайго сябрука сувязнога Касатага. Але да каго ж яшчэ мог ён наведацца?..

- Надвячоркам Манька Валодзева бачыла, як з аўтобуса цераз аселiцу iшоў. Агародамi. Мусiць, каб не пазналi. Спраўны такi, у капелюшы.

- Мабыць, баiцца, аднак...

Узварушаны той навiной, Снайпер-Iван памалу пабрыў абсаджанай каровiнымi лепяхамi вулiцай да хаты Саўчанкi. Ён аж забыўся на сваю патрэбу, калi ступiў у расчыненыя варотцы сядзiбы. Саўчанка, мажны, шыракагруды дзядзька зь сiвою чупрынай на галаве, у белай расшпiленай сарочцы, скончыўшы адбiваць касу, прыладжваў яе да касавiльна.

- Чуў? - запытаў ад варотцаў Снайпер-Iван. - Вусаў прыехаў.

З выгляду быццам абыякавы да ягоных словаў, Саўчанка падняў касу, памацаў, цi ня кратаецца на касавiльне. Каса ня краталася.

- Прыехаў, ага, - пацьвердзiў ён спакойна.

- Да Касатага?

- Да Касатага.

- I што яму трэба?

- Значыць, штось трэба, - ухiлiўся ад адказу Саўчанка. Але, мусiць, ён таксама ня шмат што ведаў. Хоць калi б i ведаў, ад гэтага чалавека ня шмат можна было дазнацца.

- Закурыць у цябе цi ёсьць?

Вялiкай рукой Саўчанка моўчкi вышчамiў зь цеснай кiшэнi штаноў пакамечаны цыгарэтны пачак, даў суседу, пасьля ўзяў адну цыгарэту сам.

- Дык гэта што ж атрымлiваецца? - закурыўшы, ня мог чагосьцi даўмецца Снайпер-Iван. - Па-новаму пачынаецца, цi як?

- Можа, i па-новаму.

Саўчанка быў старэйшы за Снайпера-Iвана i, у адрозьненьне ад яго, негаваркi i стрыманы ў пачуцьцях. Для таго былi свае прычыны: толькi якiх-небудзь пяць гадоў прыехаў зь Сiбiры, з ссылкi, у якой адбухаў цi ня дваццаць пяць гадоў. Паехаў некалi маладым мальцам з бацькамi-падкулачнiкамi, а вярнуўся сiвым i старым. Паводзiў сябе цiхмана, мабыць, не адчуваючы раўнёй з астатнiмi калгасьнiкамi, хоць бы во i з гэтым Iванам. Гэты так загераiзаваўся ў вайну, што гатовы быў забыцца пра сваё бацькоўскае прозьвiшча Ярашэвiч i ахватней адгукаўся на мянушку Снайпер. Але лацно Iвану, ён i праўда прайшоў агонь i ваду ў партызанцы, i хоць славы там агораў ня шмат, затое языку цяпер даваў волю. Ня тое, што Саўчанка, нядаўнi ссыльны падкулачнiк, якi на старасьцi гадоў захацеў дажываць свой век у родным кутку. Тут трэба было раз i назаўжды забыцца пра свае крыўды. Калi б яны забывалiся.

- Я яму пакажу, сволачы, такую яго маць! - вылаяўся Снайпер-Iван, кiруючы з падворка.

На вулiцы, аднак, ён спынiўся, яшчэ ня маючы рашучасьцi рэалiзаваць сваю злосьць. Патаптаўшыся ля плоту, успомнiў, што ёсьць яшчэ чалавек, якому варта пачуць тую навiну пра Вусава, гэта - Ляплеўскi, настаўнiк, што рабiў у раёне i прыехаў цяпер у касьбу памагчы мацi. Тая жыла на краi вёскi, ля сажалкi, i Снайпер-Iван рашуча скiраваў туды. Каб хоць бы параiцца, аслабанiць душу ад таго, што пачало расьпiраць яго, ад застарэлае крыўды. Калiсьцi той энкавэдэшнiк перасаджаў палову вёскi. То быў чужынец, аднекуль прыежджы ў iхны раён, i ў iхнай вёсцы займеў сабе вернага памочнiка зь мясцовых - Касатага, зь якiм i саджалi, пачынаючы з трыццаць трэцяга. Але асаблiва пашчыравалi яны ў трыццаць сёмым, калi загрэблi i старога Iванавага бацьку. На ўласнага стукача Касатага ў вяскоўцаў злосьцi ўжо не было, яна ўся перагарэла за гады, калi гэтага недалэнгу таксама загрэблi, хоць i апошнiм у тую пару, - на заедак. Праўда, таму ўсё ж неяк пашэнцiла вярнуцца пасьля вайны з нажытымi ў лягеры сухотамi i таксама рэабiлiтаваным, як ягоныя ахвяры, што бязь сьледу пазьнiкалi ў лягерах i турмах. Цяпер ён жыў-дажываў са старой бабай у старым дамку, апусьцелым ад дзяцей i сямейнiкаў, якiх некалi было ў яго многа. Але сямейнiкi паразьяжджалiся хто куды, бо жыць з такiм бацькам было ня надта зручна, асаблiва апошнiм часам. Людзям Касаты казаў, што на супрацоўнiцтва з ворганамi яго змусiў усё той Вусаў, бо Касаты меў грашок яшчэ з часоў рэвалюцыi, калi, будучы ў войску, пацiкавiўся палiтыкай i разы два наведаў партыйныя сходкi левых эсэраў. Тая цiкаўнасьць дорага каштавала салдату, ды й цi толькi яму аднаму.

На незагароджаным ад вулiцы падворку Ляплеўскага нiкога не было вiдаць, але на паркане каля сенцаў вiселi поруч дзьве касы з блiшчастымi лёзамi, згледзеўшы якiя, Снайпер-Iван зразумеў, што гаспадар дома. I яшчэ нехта апроч, якi, мяркуючы па ўсiм, памагаў яму на касьбе. Снайпер-Iван пацiху перайшоў зарослы лапухамi падворак, зайшоў на той бок хаты i адразу ўбачыў двух мужыкоў. Пад глухой сьцяной ля старой разгалiстай грушыны быў змайстраваны невялiчкi столiк з лаўкай, за якiм цяпер сядзеў маладжавы, хоць ужо лысы Ляплеўскi i ягоны госьць Дубчык. Гэты апошнi быў дужа падобны на дачасна састарэлага хлопчыка з худой шыяй i зморшчаным, бы печаны яблык, тварыкам. Абодва моўчкi ўтаропiлiся ў нечаканага заходжага. На засланым газэцiнай стале валялiся калiвы сарванай з градкi цыбулi i стаялi дзьве шклянкi. Бутэльку, вядома, яны засьцярожлiва пасьпелi прыхiнуць у траву побач, што, аднак, адразу згледзеў Снайпер-Iван.

- П'ем! - замест прывiтаньня строга канстатаваў той.

- А што - нельга? - з выклiкам азваўся Ляплеўскi. У ягоным паглядзе, аднак, мiльгануў цень занепакоенасьцi - цi мала што? Усё ж Ляплеўскi нядаўна ўступiў у партыю, чаго дамагаўся шмат гадоў, як, зрэшты, i Снайпер-Iван, таму зьявiлася падстава асьцерагацца. - I табе можам налiць. Дубчык, дай шклянку.

Дубчык, нешта жуючы поўным ротам, не адразу пасунуў сваю пустую шклянку, у якую Ляплеўскi ашчадна адмерыў роўна палову. Затым трохi пляснуў у сваю.

- Во дакасiлi, дык надумалi адмецiць, - сьцiпла патлумачыў гаспадар.

Снайпер-Iван выпiў тыя паўшклянкi - адным спраўным глытком, заядаць нiчым ня стаў, узяў са стала пачак "Прымы". Зацягнуўшыся пару разоў, расслаблена апусьцiўся на вузлаватыя каранi грушы, што вытыркалiся побач зь зямлi.

- А вы ведаеце, хто да Касатага прыехаў?

- Ну, а хто? Пляменьнiк? У яго ж у Воршы племяшы жывуць, - спакойна зазначыў гаспадар, таксама закурваючы.

- Пляменьнiкi!.. Вусаў, во хто прыехаў. Той самы. Чэкiсты НКВД. Якi твайго брата змылiў. I тваiх, Дубчык. А то - пляменьнiкi...

За столiкам ураз зьнерухомелi, Ляплеўскi на момант нiбы праглынуў язык, а Дубчык нават перастаў жаваць.

- Гэта што ж яму трэба? - вымавiў нарэшце Ляплеўскi.

- А во нешта трэба. Можа, у свой час не дабраў?

- Дык не дабраў. Мы ж во засталiся.

- Мы дык засталiся. А колькi не засталося? У мяне - бацька. У цябе брат. Такi слаўны дзяцюк быў, граматны чалавек, усё вучыўся, вучыўся. I парцейны. У яго вунь, - Снайпер кiўнуў на Дубчыка, якi амаль са спалохам на дзiцячым твары нерухома сядзеў, адхiнуўшыся да бёрнаў сьцяны. - У яго во, лiчы, уся сям'я ляснула.

- Бацька, - тонкiм голасам сьцiпла ўдакладнiў Дубчык.

- Бацьку ўзялi. А матка памерла. Чаму памерла - ня знаеш? Бо надарвалася, адна з кучай малых. Ты во добра - старэйшы. А трое малых тваiх дзе?

- Пад крыжамi...

- Во, пад крыжамi. Бо з голаду дайшлi. Помню, як жабравалi. Малыя. Па вёсках. Праўда, малым хоць давалi...

- Жабравалi, - паныла пагадзiўся Дубчык.

- Дык рэабiлiцiравалi, - уставiў сваё Ляплеўскi i завучана бадзёрым тонам дадаў, як усiм вядомае: - Парцiя дапусьцiла памылкi, яна iх i выправiла.

- Што? Выправiла? - настырчыўся Снайпер-Iван. - Па шэсьцьсот пяцьдзясят рублёў заплацiла? За чалавечую душу. Гэта кампэнсацыя?

- Гэта - адчэпнае, - цiха ўдакладнiў Ляплеўскi.

- Вот iменна - адчэпнае. Каб адчапiцца ад людзей.

- Але ж ты ўзяў? I ён во ўзяў, - кiўнуў Ляплеўскi на змарнелага пад сьцяной суседа.

- А то - ня ўзяць? Ты ня ўзяў?

- Мне не плацiлi. За брата не паложана, - сказаў Ляплеўскi.

- А я ўзяў. Бо паложана. Па закону. Я на тыя грошы кухвайку купiў.

- Ты купiў кухвайку, а Дубчык - паўлiтру.

- Не, тры бутэлькi купiў.

- Ну во, аж тры бутэлькi. I ўсё прапiлi. Дык цi варта было плацiць тую кампэнсацыю. Вы ж усё роўна ў райфо вярнулi. I кухвайку прап'еш, - сказаў ён i каротка задаволена рагатнуў, пазiраючы на Снайпера-Iвана, якi нiякавата ёрзаў на мулкiх каранях.

- А што, болей няма? - iншым тонам папытаўся той пасьля нядоўгай паўзы.

- Не, болей няма. Скончылася, - паказаў гаспадар пустую бутэльку. - Хiба ў Дубчыка...

- Была ў сабакi хата! - безнадзейна заключыў Снайпер-Iван. - Пайду да Баранiхi схаджу.

У Баранiхi павiнна штось быць - цi якая бутэлька самагонкi, цi хоць бы кiслага балгарскага вiна, якое нiкому не падабалася, бо слабое i добра ня вып'еш. Але, калi не было iншага, пiлi, хiба толькi меней. Бо, казалi, вiно не гарэлка, многа ня вып'еш.

- Дык нам чакаць цi што? - папытаўся Ляплеўскi.

- Чакайце, - няпэўна азваўся Снайпер-Iван ужо з панадворку.

Ляплеўскi з Дубчыкам засталiся, дзе сядзелi. Абое курылi i, ня маючы вялiкай ахвоты размаўляць, думалi кожны на свой лад. Ляплеўскi, хоць i ня быў ад прыроды маўчун, але, даўно адарваны ад вёскi, зь вяскоўцамi размаўляў мала. Па-першае, шмат з кiм тое было нецiкава, а па-другое, ён ужо напярод ведаў, што ад каго пачуе. Выключэньне рабiў хiба што за сталом цi за бутэлькай, калi iнакш было неяк. Iншая справа выпiць. Але шкада, што выпiваць нельга было моўчкi, прыходзiлася гаварыць, што заўжды было небясьпечна, асаблiва ў вялiкiх кампанiях. Ды й сам-насам таксама, бо не было нiякай гарантыi, што сабутэльнiк - не падасланы сексот. Вось трохi выпiлi з маўчуном Дубчыкам, але набрыў гэты балбатун Снайпер-Iван, i Ляплеўскi адчуваў: цяпер пачнецца надоўга. Хоць цяпер яго трымала тут ня так жаданьне дабавiць, ня Снайпер-Iван, як навiна, якую той толькi што прынес. Каб на цьвярозую галаву, можа б усё сталася iначай, а на хмельную Ляплеўскi рабiўся надта чульлiвы: старыя крыўды нечакана ажывалi ў ягоных пачуцьцях i рабiлiся амаль неадольнымi. Цяпер ён з трывогай думаў пра Вусава. Найперш - глядзi ты, не баiцца нiчога, калi ў такую пару завiтаў на месца выкрытага свайго злачынства, якое скрозь асуджана i людзьмi, i ўладай. На што разьлiчвае чалавек, якога тут дзясяткi гадоў праклiналi вяскоўцы, якi пакалечыў шмат якiх сем'яў, панiшчыў нямала людзей?

Ляплеўскi ўсё жыцьцё перажываў за старэйшага брата Сяргея, якi першы зь сям'i некалi выбiўся ў людзi i цягнуў за сабой астатнiх. Яго пасьля школы ўладкаваў у настаўнiцкi iнстытут у Воршы, дзе рабiў сам, узяў на кватэру ў сваю каморку ў чыгуначным бараку, кармiў, апранаў i выхоўваў. Выхоўваў, вядома ж, у камунiстычным духу, як i належала сьвядомаму камунiсту-выкладчыку. Вучыцца было нялёгка, не хапала нi харчоў, нi часу, i Сяргей кожны раз, як выходзiла якая пастанова ЦК партыi, раiў брату яе прачытаць, падказваў, якую скарыстаць дадатковую лiтаратуру. I ўсё прывучаў выступаць на сходках, быць актыўным камсамольцам, не ашывацца па закутках, iнiцыятыўна i сьмела паводзiць сябе зь сябрамi, не губляючы, аднак, клясавай пiльнасьцi. Тое ня надта давалася цiхманаму малодшаму Ляплеўскаму, але ён стараўся. У iнстытуце быў членам бюро камсамола, агiтатарам, здаў нормы на значкi ГТО, ГСО, "Варашьшаўскi стралок". Разы два яго ўжо выклiкалi на бяседу ў органы, здаецца, мелi штось на ўвазе. Штось, аднак, добрае, нават прыемнае для ягонага лёсу. I ён чакаў.

Але ўсё рухнула аднойчы паўночнай парой. Толькi ён заснуў, змораны над канспэктамi "Кароткага курсу ВКП(б)", як у шыбiну пастукалi. Сяргея не было дома, якраз за дзень да таго паехаў на вёску памагчы мацi з дрывамi, ну, i прыхапiць сёе-тое з харчу для двух гарадзкiх сыноў. Ляплеўскi адчынiў, у каморку ўвалiлася чалавек шэсьць энкавэдэшнiкаў, паднялi Сяргееву жонку з грудным дзiцём, запатрабавалi гаспадара. Хлопец сказаў, што выкладчыка Ляплеўскага няма дома. "Где он, говори быстро!" - запатрабаваў галоўны чэкiст з кароткiмi вусiкамi пад носам-бульбiнай. Некалькi часу Ляплеўскi вагаўся, гадаючы, казаць праўду, цi схлусiць. Але не стрываў i сказаў, як было, што брат у вёсцы. На вёсцы тае начы яго i ўзялi. Але ўжо ня той з вусiкамi, а мясцовы ўпаўнаважаны, мардаты бязвусы Вусаў.

Пасьля шэраг гадоў да вайны i пасьля Ляплеўскi каяўся, што сказаў праўду, можа, трэба было паслаць iх у Вiцебск цi ў Менск, - хай бы шукалi, трацiлi час. А самому як-небудзь папярэдзiць брата, можа б i ўратаваўся, калi б зьехалi куды далей. Як гэта некаторыя рабiлi тады. Але што было б самому, калi б тое яго ашуканства раскрылася? I без таго клопату яму хапала, часам ён ажно зайздросьцiў брату, бо той зьнiк невядома дзе; калi жыў, дык, мабыць, яго кармiлi. Як было жыць яму - выключанаму з iнстытуту, без жыльля, без прапiскi, бяз працы. Добра яшчэ, што пасьля некалькiх месяцаў бадзяньня па падстрэшшах i садках у знаёмых, уладкаваўся на чыгунку пуцявым рабочым, атрымаў карткi i нейкi заробак, якi даў яму магчымасьць датрываць да вайны. У вайну трапiў пад акупацыю, ледзьве не памёр ад тыфусу ў роднай вёсцы, пасьля яго загрэблi ў Нямеччыну на Рурскiя шахты... А пасьля вайны? Вэрбаваўся ў Карэла-Фiнскую, вучыўся завочна i толькi тры гады таму выбiўся ў настаўнiкi.

А летась нават прынялi ў партыю.

Ляплеўскi ўстаў ад столiка, усё курачы, падышоў да плоту. Сонца ўжо закацiлася за лясныя нетры, з алешнiку за бульбяным палеткам насоўваўся вечаровы прыцемак, мацней запахла бульбоўнiкам, прыемна павеяла дымком з суседняга комiну. Плечы ў лёгкай сарочцы ўжо ахiнула вiльготная сьвежасьць. Трэба схадзiць у хату ды надзець пiнжак, але гаспадар бавiў час, чакаў пасланца па дабаўку. Дубчык у заношанай шэрай сьвiтцы таксама цярплiва чакаў, падпiраючы худымi плячамi цеплаватыя бёрны сьцяны.

- Дубчык, у цябе хоць з раднi хто застаўся?

- Ды няма нiкога.

- А сястра старэйшая? Клаўдзiяй, здаецца, звалi?

- Дык памерла.

- А малодшая?

- Тожа памерла.

- А Кандрусёва старэйшы сын. Ён жа табе дваюродным братам даводзiўся?

- Таго ў вайну забiлi.

- Дык што ж ты - адзiн?

- Ну, - цiха азваўся Дубчык.

Дубчык i сапраўды жыў бабылём, адзiн у старой хаце, скацiны нiякай ня меў, не трымаў нават курыцы, рабiў у калгасе па спэцыяльнасьцi "куды пашлюць", еў, дзе што дадуць. Пiў, колькi нальюць, паводзiў сябе цiхмана i непрыкметна. Калi дзе перабiраў, дык там i засынаў - хоць на лаўцы ў хаце, хоць пад кустом у полi. Мужыкi яго недалюбвалi за недаросласьць, а болей за схiльнасьць да дармаўшчыны - у кураве цi выпiўцы; бабы ж нават любiлi - за безадмоўнасьць. Калi дзе што трэба было з мужчынскае працы - напiлаваць дроваў, узьлезьцi на страху да комiна цi выкапаць магiлу нябожчыку, найперш клiкалi Дубчыка. I той рабiў. Пра плату не пытаўся нiколi, ды яму рэдка i плацiлi, - звычайна давалi на бутэльку цi самую бутэльку, якую Дубчык тут жа i выпiваў - з выпадковым сабутэльнiкам. Але i сам пры выпадку не пудлаваў, калi у каго пасьпявала выпiўка. На тое ён меў адмысловы нюх i свайго не ўпускаў нiколi.

Празь якiх паўгадзiны на падворку паявiўся Снайпер-Iван, за iм нетаропка ступаў Саўчанка, якi моўчкi дастаў з кiшэняў пiнжака дзьве паўлiтры, з важнасьцю паставiў на стол.

- Ого! - мiжволi вырвалася ў гаспадара.

- Вось табе i ого! - перадражнiў яго Снайпер-Iван. - Дубчык, а ну, давай, нарвi цыбулi. I гэта - хлеба! Што ў цябе, вучыцель, хлеба няма?

- Хлеб ёсьць. Зараз...

- Дык налiвай!

Пакуль гаспадар хадзiў у хату, шукаў хлеб i надзяваў пiнжак, Снайпер-Iван з Саўчанкам налiлi па шклянцы i выпiлi. Дубчык тым часам нарваў побач на агародзе ладны пук цыбулi. Затым настала iхная з гаспадаром чарга выпiць з тых самых шклянак. У бутэльцы засталося няшмат.

Выпiваць зручна было i стоячы, але каб курыць, мабыць, трэба было сесьцi. На гэты раз за столiкам уладкавалiся Снайпер-Iван з Саўчанкам, гаспадар прымасьцiўся пад грушай, а Дубчык на водшыбе ля вугла, на краi падмурку. Ён не курыў i ў гутарцы амаль ня ўдзельнiчаў. Так, калi запытаюць, адкажа. Але цяпер у яго нi пра што не пыталiся, трое дбалi аб сваiм, i Снайпер-Iван усё ня мог супакоiцца.

- Прыехаў, падлюга! Думае, тут пра яго забылiся. Не, я яму, падлу, таго не дарую...

- А што ты яму зробiш? - спакойна запытаўся Ляплеўскi. - Солi на хвост насыплеш?

- Ды ўжо адпомшчу, сабаку.

- Як? У газэтку напiшаш? - зьедлiва дапытваўся Ляплеўскi. - Вунь адзiн напiсаў, дык з партыi выключылi. За паклёп!

- Не, я пiсаць ня буду! Я яго заб'ю! - нечакана для сябе вырашыў Снайпер-Iван. - А што? Што так гледзiцё?

- Такi рашучы! Глядзi, каб штаны ня ўпалi.

- А i праўда, - стрымана азваўся Саўчанка. - Такому адпомсьцiць - ня грэх. Было ў Сiбiры, аднога вертухая да кедра ў тайзе прывязалi. Празь месяц знайшлi - адзiн шкiлет. Камары заелi.

- Ага, то ў Сiбiры! - з зайздрасьцю вымавiў Снайпер-Iван. - А тут дзе прывяжаш? Свае ж i адвяжуць. Каторыя сексоты.

- Ня ўсе ж сексоты, - цiха зазначыў Ляплеўскi.

- Хапае. I ў нас таксама.

Ляплеўскi не запярэчыў, толькi прыслухаўся, каб зразумець, на што той намякае? Ляплеўскi заўсёды быў чуйны да нават малога намёку такога кшталту, бо за намёкам магла быць небясьпека цi яе блiзкi сыгнал. Тое, што некалi пасобiла яму ў жыцьцi, дало магчымасьць скончыць iнстытут i нават уступiць у партыю, цяпер вельмi проста магло ўсё спляжыць. Настала iншая пара, пачалася новая палiтыка, i невядома яшчэ, як там, наверсе, паставяцца да iнстытуту сексотаў. Могуць тайна аддзячыць, а могуць i адкрыта спагнаць. У кожным разе было няпэўна i неспакойна. Нарабiў гэты дурань Хрушчоў вэрхалу ня толькi з кукурузай...

Спакваля зусiм зьвечарэла. Густаваты прыцемак праглынуў ужо агарод i падворак, накрыў дрэвы i дахi. Усё навокал сьцiхла, стаiлася насустрач летняй кароткай начы. Толькi пад грушынай за хатай чулася стрыманая гамонка падпiтых людзей, ды мiльгалi ў змроку чырвоныя агеньчыкi цыгарэтаў. Адзiн, выгнуўшы крутую дугу, зьнiк у гародзе за плотам. Снайпер-Iван са злосным мацюгом вырашыў:

- Годзе пiць! Мальцы мы цi засранцы! Гайда помсьцiць!

- Яшчэ бутэлька засталася, - напомнiў Ляплеўскi.

- Тады налiвай! Але па апошняй. Вунь Дубчыку, а то ён мала выпiў.

- Ды выпiў я. Можа, годзе? - няпэўна азваўся Дубчык, аднак, пасоўваючыся блiжэй да стала.

- Выпi. I ты, сусед, выпi, - запрапанаваў Снайпер-Iван Саўчанку. - Там, брат, сiла спатрэбiцца.

- Ад гарэлкi сiла? - усумнiўся Саўчанка.

- А ты думаеш - не? Выпiўшы заўжды дужэйшы за цьвярозага. Навука гаворыць, чытаў.

- Але ноччу нядобра. Нiбы бандыты, - сказаў Ляплеўскi. Яму, пэўна, ня надта хацелася лезьцi ў даволi сумнеўную справу, ды ён ня мог устаяць ад напору Снайпера-Iвана.

- Нам, значыць, па начы нельга? Ага? А iм дык было лацьвей. Заўжды ноччу шчыравалi, каб сьведкаў не было. Я ж памятаю, мне iшоў пятнаццаты год. Прыехалi трох: гэты Вусаў i зь iм яшчэ два мiлiцыянты. Касаты - за панятога. Паднялi ўсiх апоўначы, толькi заснулi. Бацька якраз пастаўкi вазiў на станцыю, прыехаў азяблы, змораны, толькi чунi разуў, анучы ля грубкi разьвесiў. Уставай, ты арыштаваны. I вобыск. Усё перавярнулi, у дзежку з капустай шампалом шпыралi - контррэвалюцыю мацалi. Польскi шпiён! А я, панiмаеш, ня дужа й спалохаўся, бо ведаю ж: не шпiён, мяне яны ня возьмуць. Чаму так думаў, дурань безгаловы? Вунь жа вас, Саўчанка, усiх пабралi, табе ж таксама было няшмат гадоў...

- Дык то ж у трыццаць трэцiм, - азваўся з-за столiка Саўчанка. - На ссылку ўсiх бралi: i старых, i малых.

- А я скуль ведаў: на ссылку цi на расстрэл? Сядзеў зь дзецьмi ў запеччы, каб вобыску не мяшаць, а бацьку яны ля парога з узьнятымi рукамi пад вiнтоўкай трымалi. Бачу, гэты Вусаў выцягвае з куфэрка маю будзёнаўку з чырвонай зоркай. Скажу вам, неяк увосень бацька прывез з кiрмашу, дужа яна мне падабалася, тая будзёнаўка з маленькiмi такiмi гузiчкамi, таксама з зорачкамi. Я ж змалку да вайсковага прыхiльнасьць меў, шкада, праз калецтва не давялося нават да сяржанта выслужыцца.

- Во чаму ты гiмнасьцёрку ўпадабаў. Трэцi год з плечаў не скiдаеш, - цiха пасьмiхнуўся Саўчанка.

- А што - паважаю. Але не пра тое гаворка. Надзеў раз тую будзёнаўку ў школу, ну мальцы й наляцелi: дай ды дай памераць. Адзiн гузiк i адарвалi. Бацька ўвечары пабачыў i адабраў, кажа: сьпярша аблавушку данасi. Крыўдна было, але, думаю, ладна. Ужо хутка дваццаць трэцяга лютага, дзень Чырвонай Армii, ужо тады ён пра мяне ўспомнiць. Выпрашу. Ды во - кукiш, а ня дзень армii. Вусаў гэты маю будзёнаўку мiлiцыянту аддаў, кажа: не дамо польскаму шпiёну чырвонаармейскi ўбор кампрамэтаваць. Тая будзёнаўка мне затым два гады сьнiлася.

- Таму ты i снайперам стаў? - спытаў Ляплеўскi.

- Не, снайперам не таму. Снайперам - гэта па слабасьцi характару. У партызанку, як вока асколкам выбiла, ну трохi загаiлася, а тут блякаду немцы распачалi. Загад: усiх iнвалiдаў у строй. Якраз снайпера нашага Бiклагу забiла, вiнтоўка з прыцэлам засталася. Каму яе аддаць? Усе адмаўляюцца: то не магу, то ня ўмею. Вядома, дрэйфяць, бо тут адвагi паболей трэба, чым з простым ружжом. Дык камандзiр кажа: Iвану Ярашэвiчу, у яго адно вока спраўнае, а другога няма, то i прыплюшчваць ня трэба. Будзе бiць нямецкiх захопнiкаў. Во я i бiў, як снайпер. Двух палiцаяў шлёпнуў i аднаго захопнiка. Як цяпер памятаю: ранiчкай на ўзьлеску вылез зь люку на танку, узiраецца ў дальнi ўзьлесак зь бiнокля. А я праз сто мэтраў пад кустом ляжу. Ну, я яму й гваздануў проста пад бiнокаль, так i абвiс у люку.

- Герой! - няпэўна сказаў Ляплеўскi.

- А ты думаў! Мэдаль "За адвагу" ня кожнаму давалi.

- Ну, i камандуй. А мы за табой.

- Лады, мальцы! Тады яшчэ па калiву, i завязалi. А то... Ня знаю, якi ён цяпер, а тады ладны бугай быў.

- Ня думай, не зьмiзарнеў. Такiя не мiзарнеюць, - сказаў Саўчанка.

Яны i яшчэ выпiлi - на гэты раз моўчкi, ужо агорнутыя новым клопатам, якi абрынуў на iх гэты няўрымсьлiвы Снайпер. Пасьля Ляплеўскi ненадоўга адлучыўся да плоту i зноў вярнуўся да столiка. Iншым разам пара было ўжо i разыходзiцца, усё ж купальская ноч караценькая, ды нейкая сiла трымала iх разам, як змоўшчыкаў небясьпечнае справы, якая немаведама яшчэ чым скончыцца. I яны ўсе сядзелi за столiкам, на якiм цьмяна шарэла газэта зь дзьвюма парожнiмi шклянкамi. Саўчанка нялоўка неяк саўгануў локцем i скiнуў кудысь кавалак хлеба, якi тут жа палез шукаць у траве. I доўга ня мог знайсьцi, пакуль Дубчык не намацаў яго зводдаль на сьцежцы.

- I каб усе разам! Каб нiхто не сачкануў, - папярэджваў Снайпер-Iван.

- А чым мы яго? - прастадушна запытаўся Дубчьж.

- А хто чым. Бяры кол або камень. Нажа няма?

- Нажа няма, - сказаў Ляплеўскi бязь ценю гумару.

- Дык прынясi! Ужо ж у хаце нож ёсьць?

- Не, няма.

- Ну i хазяйства! Нават нажа ня маюць. А калi зарэзаць каго?

Дубчык аж дробненька засьмяяўся ад таго Iванавага досьцiпу, а можа, успомнiўшы, што i ў яго не было нажа. Можа, гады чатыры, як зламаўся бацькаў саморобны, выкуты ў местачковай кузьнi, з драўлянымi тронкамi. У сваёй бабыльскай гаспадарцы Дубчык абыходзiўся сякерай, праўда, таксама старой i заржаўленай, зь нязручнай i кароткай расхiстанай ручкай. Яшчэ ягоны бацька, калгасны вартаўнiк, зьбiраўся яе паправiць, мацi ўсё лаяла яго за няздатны iнструмэнт, ды так i не сабраўся да арышту. Тупаючы марознай зiмой ля калгаснага сьвiрану, ён усё сьпяваў прыпеўкi - недзе пачутыя, а таксама ўласнага сачыненьня, часам бязглуздыя, а часам з пэўным дужа надзённым сэнсам. I хтосьцi яго ўчуў. Цi адмыслова падслухаў. Як арыштавалi ўначы, дык гэты Вусаў, мабыць, не стрымаўшыся, працытаваў адну, якая на ўсё жыцьцё ўрэзалася ў памяць падлетка-сына: "У калгасе добра жыць, хто на могiлках ляжыць". Бацька тады аж заўсьмiхаўся з радасьцi ад увагi да ягонай творчасьцi. Тады наўрад цi ён прадбачыў, што i сам хута ляжа на нейкiх могiлках, i паўмiраюць малымi ягоныя тры дачушкi, састарыцца сынок, а тая сякера-iнвалiд з раструшчаным тронкам усё будзе служыць. Несьмяротная сякера.

- Я гэта - па тапор зьбегаю, - цiха прапанаваў Дубчык.

- Давай, толькi хутка. А, ядры яго зьвер, - няўжо сьвiтае?

- Аднак сьвiтае, - пагадзiўся Саўчанка. - А ў мяне ў Кутах яшчэ пайка ня скошаная...

- Скосiш, пасьпееш! Ат, матары яго, давай разьлiвай, дап'ем, i годзе, раптам вырашыў Снайпер-Iван. - А то... Сумленьне не дазваляе.

- Не дазваляе. Сумленьне - яно тонкая рэч, - пагадзiўся Ляплеўскi, ужо бразгаючы бутэлькай аб пустую шклянку.

- Мне годзе, - сказаў Саўчанка.

- Годзе, дык годзе, - ахвотна пагадзiўся разьлiвака.

- Нам болей дастанецца. Ага, вучыцель? - падхапiў Снайпер.

- Я ўжо пас!

- Што так? Цi брата не шкада? Я ж твайго Сяргея во як учора помню. Граматны мужык быў.

- Да, граматны.

- I дужа парцейны. Тожа ў калгас заганяў, - сказаў Саўчанка.

- Што ж, такая палiтыка была.

- Ну, i яго загналi. Каб ня крыўдна было, - зноў зь нейкiм намёкам сказаў Саўчанка.

- Каму ня крыўдна? - зьдзiвiўся Ляплеўскi.

Усё ж яны добра выпiлi, i думкi ў iхных галовах роiлiся густа, блыталiся словы, што ня ў лад з думкамi iшлi зь языка.

- А ўсiм - i камунiстам, i беспартыйным, - няпэўна тлумачыў Саўчанка.

- Мой брат быў чэсны бальшавiк, - пачынаў злаваць Ляплеўскi. - Гэта яго энкавэдэшнiкi згубiлi.

- Ён тут дваццаць чалавек згубiў, - удакладнiў Снайпер-Iван, маючы на ўвазе Вусава. - I яшчэ мае нахабства сюды прыяжджаць на госьцi. Цi ня ведае, што ўсiх рэабiлiтавалi?

- А, можа, ён мяркуе, што рэабiлiтавалi няправiльна. Iнакш гэта ж - брак у рабоце, - сказаў Саўчанка.

- Мы яму пакажам брак! Я яму самалiчна чарапок раскрою! - лютаваў Снайпер-Iван, ускочыўшы з-за стала. Але ўпаў, зачапiўшыся гумавiкамi за траву, зноў з натугай ускараскаўся на ногi. У той час з пашарэлага падворку сунуўся Дубчык зь сякерай у руках, якую ў яго адразу выхапiў Снайпер.

- Во гэтай сякерай галаву зьнясу!

Наглядна дэманструючы астатнiм, як ён зробiць гэта, Снайпер-Iван шырока замахнуўся ў паветры, i сякера, зьляцеўшы з тронка, недзе тупа шпокнулася ў гародзе.

- Што гэта? Што ты мне прынёс, паскуда! А ну, шукай!

Дубчык моўчкi палез у гарод, поўзаў там пад плотам i ў градках, але знайсьцi ня мог. Тады Снайпер-Iван выламаў блiжнi кол з плоту, адкiнуў на траву рэшту ссохлых лазовых перавязкаў.

- Пайшлi!

Ён быў ужо на добрым падпiтку, але, мабыць, не заўважаў таго. Астатнiя, вiдаць, цьверазейшыя за яго, напэўна, ужо сталi разумець сур'ёзнасьць сытуацыi i не адразу кiнулiся за самазваным камандзiрам. Хоць i не стрымлiвалi яго. Першым з гатоўнасьцю скiраваў за Снайперам-Iванам Дубчык, пасьля з-за стала ўстаў Саўчанка. Ляплеўскi спрабаваў нешта намацаць на газэцiне, ды кiнуў i таксама падаўся сьледам за ўсiмi.

- Мальцы, не адставаць, не адставаць мне!

Яны выйшлi з падворку на пустэльную ранiшнюю вулiцу. Вёска спала, сонца яшчэ ня выкацiлася з-за лесу, але навокал было ўжо добра вiдаць. Недзе ў хляве паблiзу спазьнела пракукарэкаў певень, цераз вулiцу, вяртаючыся з начнога паляваньня, перабег чыйсь кот. Саўчанка збочыў на свой падворак i прыхапiў навостраную зьвечара касу - прыдасца. Ля плоту зраньня ўжо пасьвiлася сiвая каза Баранiхi, яна толькi азiрнулася на мужыкоў i працягвала сваю традыцыйную справу. Баранiхi паблiзу не было вiдаць, затое ў сваiм двары Снайпер-Iван адразу ўбачыў жонку. Ну вядома, тая ня спала, як заўжды, калi гаспадар дзе-небудзь бавiўся, i цяпер стаяла ў варотцах.

- Куды гэта вы?

Снайпер-Iван зрабiў выгляд, што ня бачыць жонкi i важна пратупаў мiма з калом на плячы. Тады жонка зьвярнулася да iншых.

- Аўдзей, Дубчык, куды гэта вы?

- Чакiстага бiць, - не адразу патлумачыў Дубчык.

- Ай, Божа, здурнелi, цi што! Жонка зусiм выскачыла з варотцаў на вулiцу i аж залемантавала ў прадчуваньнi хуткага злачынства.

- Спынiцеся, не чапайце яго! Не рабiце таго, вы сябе пагубiце, не хадзiце туды!

- Цiха, цётка! - прыкрыкнуў на яе Ляплеўскi.

Жанчына засталася ззаду, а болей iх нiхто не спыняў, i яны ня надта хуткай хадою iшлi па вулiцы.

Сядзiба Касатага была на канцы вёскi, i чацьвёра мужчын ня надта суладнай чарадой валаклiся туды. Iмi кiравала да мэты нязьдзейсьненая прага помсты, застарэлая крыўда, якая гэтак нечакана дала магчымасьць сквiтацца. Ляплеўскi трымаўся трохi ў баку ад Снайпера-Iвана, ягонай рашучасьцi на вулiцы пачало бракаваць. Хоць ён i быў ня меней за iншых п'яны, але ня мог не разумець небясьпеку iхнай задумы, асаблiва яе наступствы. Мусiць, трэба б запярэчыць гэтаму Снайперу, думаў ён, але пярэчыць усё не выпадала, i ён iшоў разам з усiмi - цяпер сьледам за Дубчыкам. Дубчык жа, можа, упершыню адчуў сiлу свае праваты i гатовы быў дзеля яе на што хочаш. Асаблiва калi разам з мальцамi, на чале з адважным завадатарам Снайперам-Iванам.

Так яны прывалаклiся нарэшце ў канец вёскi. Далей ляжаў пусты выган, а да сядзiбы Касатага з вулiцы вёў нядбайна агароджаны плотам кароткi завулак. Прайсьцi ў той завулак мальцы чамусь асьцерагалiся. Снайпер-Iван спынiўся, за iм спынiлiся астатнiя.

- А калi ён з нагана праз вакно... - сказаў Ляплеўскi.

Усе на хвiлiну змоўклi, прыслухоўваючыся, але нi на падворку, нi ў хаце нiчога не было чутна. Пасьля вечаровай гасьцiны, мусiць, там яшчэ спалi.

- Я ж казаў: трэба было ўначы, - сказаў Снайпер-Iван.

- Трэба пачакаць: выйдзе. У дзевяць аўтобус, - патлумачыў Саўчанка.

Снайпер-Iван пагадзiўся:

- Правiльна! Бы пры шашы ў засадзе.

Яны адышлiся на другi бок пыльнай дарогi i спынiлiся ля канавы. Нядоўгая вулiчная праходка, падобна, стамiла iх пасьля бяссоннае ночы, i Дубчык першы сеў на зямлю за канавай. За iм на дробную, запэцканую курамi траўку апусьцiлiся Снайпер-Iван i астатнiя. Побач Снайпер паклаў iнструмэнт забойства - кол.

- Я яму як урэжу! - гразiўся ён. - А вы не зявайце. Як упадзе, адразу насесьцi. Галоўнае, каб усе разам. Мы яму пакажам рэпрэсiю... А закурыць? Цi ёсьць у каго закурыць?

Усе, аднак, маўчалi, здаецца, курава нi ў кога не было. Тады Снайпер-Iван вылаяўся i сьцiх. Мабыць, трэба было патрываць, зрабiць сваю справу, а затым ужо дбаць пра курава цi яшчэ што.

З-за саламяных i шыфэрных дахаў выглянула нарэшце нiзкае сьляпучае сонца. Саўчанка глыбей насунуў на вочы кепку. Ягонае звыкла зацiснутае пачуцьцё было на парозе нейкага выйсьця. Адчуваў, калi б яны зьдзейсьнiлi тое, на што наважылiся, яму была б палёгка. Толькi во гэты Снайпер... Саўчанка пачынаў сумнявацца ў ягоных якасьцях самазванага камандзiра-завадатара, i ўсё болей стаў пазiраць не на падворак Касатага, а на сьцежку ў поле. Там, згледзеў адразу, паявiлася з касой раньняя кабета Баранiха, за пуняй на гародзе стала, пастаяла, няўцямна ўзiраючыся з-пад рукi на iхную купку на выгане. Яна iшла касiць пайку, тым напомнiўшы Саўчанку пра ягоную патрэбу, i ён затурбаваўся:

- Ну, дзе ён там? Мне тожа касiць трэба.

- Ды чакай ты! У Сiбiры не накасiўся! - груба папракнуў яго Снайпер-Iван. - Заб'ем, тады i скосiш.

Яны i яшчэ пасядзелi моўчкi. Напружана ўзiраючыся ў ненавiсны падворак, якi працягваў мiрна спаць. Пэўна, пасьля добрага гасьцяваньня ўвечары. А можа, i ўначы. Але пачынаўся дзень, i ягоныя турботы ўсё болей апаноўвалi людзей. За парканамi суседнiх падворкаў замiльгалi жаночыя хусткi - гаспадынi распачыналi ранiшнюю дойку, выглядвалi на вулiцу, калi пачнуць выганяць на пасту. Дбайна абскубваючы падплоцьце, да мужчын паволi наблiжалася памаўзьлiвая Баранiшына каза. За ёй паявiлiся на вулiцы тры хлапчукi, - зь цiкаўнасьцi да таго, што тут мела адбыцца. Паселi непадалёк пад плотам, моўчкi пазiраючы на мужчын.

- Ну, што ён там так доўга! - занепакоiўся i Ляплеўскi. - Хiба дняваць будзе?

- А можа, ён агародамi? Струсiць - па вулiцы, - памеркаваў Саўчанка.

- Дагонiм! I ногi паламаем.

- Ну-ну.

Яшчэ пасядзелi колькi часу. Нарэшце, Саўчанка ўстаў з канавы.

- Ды ну яго ў дупу! Пайду касiць...

- Дрэйфiш? - злосна прыжмурыў адзiнае вока Снайпер-Iван.

Не адказаўшы, Саўчанка ўскiнуў на плячо касавiльна i спорна пакрочыў краем вулiцы. Астатнiя яшчэ болей апанурылiся, ужо амаль безнадзейна азiраючы абгароджаную сядзiбу Касатага. Сонца тым часам прыўзьнялося над вёскай, стала прыграваць астылую за ноч зямлю. Снайпер-Iван стомлена адкiнуўся на локаць, вальней выцяг у канаву доўгiя ногi ў шэрых, падсохлых ад начное расы гумавiках. Трохi паляжаўшы, успомнiў:

- Ляплеўскi, а там не засталося?

Ляплеўскi, што сядзеў побач, ленавата павярнуў да яго лысаватую галаву.

- Адкуль...

- Ты не цямнi. Павiнна застацца. У бутэльцы. Дубчык, а ну зьбегай. А то знаеш, - галава расколваецца.

Дубчык паслухмяна ўстаў i моўчкi патэпаў вулiцай у другi канец вёскi, дзе нешта павiнна было застацца. Снайпер-Iван трохi пасядзеў яшчэ, але ягоная галава ўсё болей хiлiлася на грудзi, чалавека агортвала стома, i ён пляцнуўся плячмi на траву.

- Дык што ж цяпер мы - удвох? - няпэўна запытаўся Ляплеўскi.

Снайпер-Iван не адказаў. Калупаючы травiной у зубах, Ляплеўскi зiрнуў на яго зьверху i зразумеў: iхны завадатар спаў.

- Ну во - дачакалiся!

Ён, аднак, працягваў сачыць за падворкам насупраць, ды там нiчога пакуль не мянялася. Памаўзьлiвая каза, мiж тым, ужо наблiзiлася да iх па канаве, недаўменна ўзьняла ад травы галаву i ўставiлася на двух мужыкоў, што замiналi ёй пасьвiцца на яе звыклым шляху. Ляплеўскi замахаў рукой "Пайшла прэч!", ды марна: каза й ня думала саступаць. Хлапчукi насупраць засьмяялiся, мабыць, iм стала цiкава ўбычыць, як настаўнiк будзе адганяць бадлiвую казу. Ён хацеў устаць i, як мае быць, шугануць яе, ды раптам на падворку Касатага ўбачыў людзей. Ну, вядома, адзiн у кухвайцы, згорблены i белагаловы, - то быў сам галоўны вясковы сексот, побач ягоная баба, а сьпiнаю да вулiцы стаяў мажны плячысты мужчына ў чорным пiнжаку, з партфэлем у руках. Яны разьвiталiся. Парукаўшыся, госьць лёгкiм жэстам дакрануўся да сьветлага капелюша на галаве i, азiрнуўшыся, пайшоў да вулiцы.

- Iван! Iван! - Ляплеўскi штурхануў у бок таварыша. - Iдзе! Ён iдзе!

Снайпер-Iван толькi прамармытаў нешта i вальней выпрастаўся ў канаве. Ад прыкрасьцi Ляплеўскi вылаяўся, ня ведаючы, што рабiць. Вусаў ужо згледзеў iх тут, за дарогай, i Ляплеўскаму здалося, зараз паверне назад - можа, на агароды...

Аднак Вусаў не павярнуў на агароды, толькi на момант замарудзiў хаду, выходзячы з завулка, i зараз жа даволi ўпэўнена скiраваў упоперак, цераз дарогу. Несумненна, да iх. Ад нечаканасьцi Ляплеўскi марудна падняўся на ногi, паспрабаваў зашпiлiць пiнжак, ды пальцы чамусьцi не маглi намацаць гузiк. Ён ня мог адарваць позiрку ад рослае постацi чэкiста, яго цьвёрдага, рашучага твару, караценькага гальштука на грудзях i - асаблiва - ад стракатых радкоў ягоных узнагародаў на левай грудзiне. "Як у маршала", - мiльганула недарэчная думка ў разварушанай сьвядомасьцi настаўнiка.

- Здарова, вучыцель! - бадзёра павiтаўся Вусаў. - На касьбу сабралiся?

- Ды не, знаеце, - штось выцiснуў зь сябе Ляплеўскi.

- А то хто? - кiўнуў Вусаў на распластаную постаць Снайпера-Iвана.

- Ды так. Сусед...

- Ну, а как жысьць?

- Ды нiчога.

Вусаў узiраўся яму проста ў твар, i ў тым позiрку не было нi варожасьцi, нi насьцярогi, адна спакойная ўпэўненасьць бязгрэшнага праведнiка. Зьбянтэжаны Ляплеўскi ня мог даўмецца, як яму паводзiць сябе. Снайпер-Iван ляжаў, бы нежывы, а што ён мог адзiн? Ды й наогул, цi варта было што рабiць? Упэўненасьць чэкiста абяззбройвала, i Ляплеўскi толькi ўнутрана ўсьмiхнуўся зь нядаўняй свае рашучасьцi. А яны яшчэ турбавалiся, дурнi, каб гэты чалавек куды ня зьбег агародамi. Нашто яму куды бегчы?

- Я в курсе, - сказаў Вусаў, усё сьвiдруючы сваiм валявым позiркам. - Всех реабiлiцiравалi, выплацiлi дзеньгi...

- Дзякуй, - нечакана выцiснуў зь сябе Ляплеўскi.

- Галоўнае цяпер - не азлобiцца. Работаць, работаць нада! Для страны, для народа, для парцii...

- Ведама ж, партыя...

- Правiльна! Парцiя ўсягда права! Чалавек можа ашыбацца, парцiя - нiкагда. Ну, вучыцель, жалаю усьпеха.

Ён падаў на разьвiтаньне руку, i Ляплеўскi, бы да агiднай жабы, слаба дакрануўся да яе. Затым хвiлiну пазiраў усьлед яго мажнай, крутаплечай постацi, як ён усё далей iшоў па вулiцы, абмiнаючы ссохлыя i сьвежыя каровiны лепяхi ў доле, i ня ведаў, што рабiць. Нават, што думаць. Са спазьнелаю злосьцю зiрнуў на распластанага за канавай Снайпера, пад нагамi якога валяўся сухi кол з гнiлым абламаным канцом.

Пасьля вылаяўся i паплёўся да свайго падворку.

БЕДНЫЯ ЛЮДЗI

"Ня бойся госьця, якi сядзiць, а бойся таго, што стаiць", - гэтая прыказка разоў колькi прыходзiла ў галаву гаспадара, пакуль ён стаяў каля дзьвярэй кватэры, праводзячы спазьнелага госьця. Ужо яны разы тры паручкалiся, i гаспадар разы тры памыкаўся расчынiць дзьверы, а госьць усё ня мог скончыць думку, а як сканчаў, тут жа за яе чаплялася наступная, ня меней абавязковая або цiкавая. Выглядаў ён на прыкметным падпiтку, хоць яны выпiлi якiх па тры кiлiшкi пад каву, вiдаць было - чалавек у пэўным узрушэньнi, гаварыў з эмоцыямi i быццам шчыра, нават узьнёсла, прыпынiць яго ў гаспадара не хапала рашучасьцi.

- Паверце, мы як пачулi, дык унутры бы перавярнулася што. Жонка кажа: ты павiнен тэлефанаваць, падтрымаць чалавека, усё ж несправядлiвасьць жахлiвая, як так можна ў наш час?

- Што ж... Значыць, можна, - вяла пагаджаўся прафэсар Скварыш, думаючы аб адным - як бы скончыць размову.

- Ну. I галоўнае - усе маўчаць. I на катэдры, i ў друку. А ў вас жа столькi вучняў! Адных асьпiрантаў...

- Што рабiць...

- Во я й думаю: пад'еду вечарком, як пацямнее. Дык вы ўжо не крыўдуйце, што не патэлефанаваўшы...

- Ды не, нiчога...

- Ага. Бо патэлефануеш - самi разумееце... Што цяпер скажаш па тэлефоне?..

Цi не ў чацьверты раз пацiснуўшы гаспадарову руку, госьць урэшце пераступiў парог, i Скварыш зь вялiкай палёгкай зачынiў за iм дзьверы. У душы прафэсара была мешанiна пачуцьцяў - прыкрасьць ад гэтага запозьненага вiзыту блыталася з удзячнасьцю за словы, здаецца, поўныя шчырага спачуваньня. Усё ж падобна было, што Красьнянскi гаварыў шчыра, сапраўды хацеў суцешыць яго i абураўся на несправядлiвасьць улады. Але вось поўнай задаволенасьцi ад таго не было, штось перашкаджала, муляла, утварала нутраны дыскамфорт ад усёй гэтай сустрэчы.

Застаўшыся адзiн, Скварыш выключыў верхнi сьвяцiльнiк у вiтальнi, вярнуўся ў кабiнэт, дзе на нiзенькiм столiку пры канапе стаялi два кубкi зь недапiтай кавай, паўбутэлькi "Белага аiста". Скварыш усё перажываў сустрэчу. Красьнянскi ня быў ягоным любiмым асьпiрантам, не вылучаўся нi асаблiвымi здольнасьцямi, нi бiяграфiяй. Наогул, пра яго Скварыш ведаў няшмат - ну, нарадзiўся недзе на Палесьсi, цi не на Тураўшчыне, служыў у войску, працаваў на мэталаапрацоўчым заводзе, скончыў вечаровую школу. У асьпiрантуру прыйшоў не з камсамолу i, здаецца, без валасатай рукi. Жонку ягоную ён бачыў аднойчы, як у выхадны спаткаў на праспэкце ўсю iх сямейку з дачушкай, - так, нiшто сабе, хоць i не прыгажуня, але даволi мiлавiдная маладая асоба. Iшлi, елi марожанае, жонка ветлiва, нават трохi лiсьлiва павiталася, мабыць, Красьнянскi пасьпеў ёй шапнуць, што гэты цельпукаваты таўстун з партфэлем i ёсьць ягоны навуковы кiраўнiк дысэртацыi. За апошнiя гады праз Скварышавы рукi прайшло iх нямала, будучых кандыдатаў навук; былi здольныя, былi так сабе, траплялiся й ня надта. Адносiны зь iмi Скварыш стараўся захоўваць з усiмi роўныя - i са здольнымi, i з тымi, што ня надта, нiкога асаблiва не вылучаючы нi ў якiм сэнсе. Тыя, што абаранiлiся, "аступенiлiся", неяк паволi аддзялялiся, iшлi ў сваё жыцьцё. Iншыя ад'яжджалi ў блiзкiя цi далёкiя гарады, дзе знаходзiлi працу, сьпярша пiсалi, часам тэлефанавалi, прысылалi паштоўкi зь вiншаваньнямi пад рэвалюцыйныя сьвяты. Але з часам тыя сувязi глухлi, засыхалi, патрэба ў зносiнах меншала, пакуль не зьнiкала зусiм. Мусiць, так было б i з Красьнянскiм, калi б з навуковым кiраўнiком яго ня здарылася няшчасьце. Самае страшнае няшчасьце, горш за якое можа быць толькi калецтва цi сьмерць. Ды тое й была сьмерць - хiба не фiзычная - грамадзянская. Але ад яе нядоўга дайсьцi i да фiзычнай, Скварыш адчуваў гэта пэўна.

Верхняе сьвятло з кабiнэта праз расчыненыя дзьверы падала ў вiтальню i часткай у большую залю, дзе касой плямай ляжала на стракатым дыване, мякка ступаючы па якiм, Скварыш прайшоў да цёмнага вакна, паўзiраўся праз шыбiны на падворак. Унiзе пад цёмнымi кронамi таполяў слаба адсьвечваў асфальт падворка ад адзiнае лямпы лiхтара, бялелi вярхi некалькiх аўтамабiляў, прыткнутых нанач адзiн за адным да бардзюра. Ён ведаў гэтыя аўтамабiлi - два белыя "Жыгулi", жоўты, зачуханы "Запарожац" i новая "Волга", што належала нядаўняму адстаўнiку палкоўнiку. Часам там паяўлялiся i незнаёмыя машыны - стаялi нейкi час i зьнiкалi, калi-нiкалi заставалiся на ноч, калi хто прыяжджаў на госьцi да сваякоў у гэтым вялiкiм доме. Цяпер чужых аўтамабiляў, здаецца, не было вiдаць, не было i "Волгi" - мабыць, палкоўнiк начуе на дачы. Скварышава жонка з унукамi таксама ўчора зьехала на дачу, а ён застаўся на гарадзкой кватэры, сказаў, ёсьць справа. Хоць справы ў яго не было нiякай, проста хацелася пабыць аднаму, на адзiноце са сваёй бядой. Ды во гэты вiзыт, якi заняў увесь вечар i дашчэнту разбурыў ягонае адчуваньне адзiноты. Зрэшты, можа, i добра, што разбурыў, бо адзiнота зь нейкай пары таксама ня стала паратункам, як не было iм i шматлюдзьдзе. Для прафэсара наставала пара, калi людзей ля яго ўсё меншала, а часам тыя i зусiм зьнiкалi, асаблiва зь лiку сяброў, калегаў; адзiнота вакол яго ўпарта шырылася, абкладвала яго тоўстым глухiм пухiром. Тое было нязвыкла, нават палохала, i ён ня ведаў, як лепш - дома безь людзей цi дзе на людзях ня дома.

Тое, што не было чужых аўтамабiляў унiзе, трохi яго супакоiла, хоць, падумаў ён, машына магла ўжо i ад'ехаць, пакуль ён разьвiтваўся з Красьнянскiм. Але калi той не патэлефанаваў папярэдне, яны маглi i зяўнуць. А можа, яны ўладкавалiся дзе ў iншым месцы, далей на падворку, дзе цень ад таполяў быў гусьцейшы, а сьвятло лiхтара не дасягала далёка. Неяк вясной Скварыш выйшаў з кватэры прайсьцiся перад сном, вечар быў слаўны, ён далекавата зайшоў у задуме - аж за будоўлю на суседняй вулiцы, i вяртаўся наўпрасткi, задворкамi. I ў канцы падворка натрапiў на незнаёмую машыну, звычайныя шэрага колеру "Жыгулi", i, мабыць, прамiнуў бы яе ў прыцемку, калi б адтуль не пачуўся цiхi прыглушаны голас: "Аб'ект удалiўся на той бок, спыняю назiраньне". Скварыш пахаладнеў, зразумеўшы ўсё, i хуценька пайшоў прэч, уцягнуўшы галаву ў плечы. Збоку, блiзка за газонамi сьвяцiлiся дзясяткi вокнаў зь фiранкамi, безь фiранак, i нават адчыненых у гэты пагодны вечар, нехта там, мабыць, i не здагадваўся, што яго падслухоўваюць. Ды й як здагадаесься?

Скварыш ня стаў тузаць штору, занавешваць вакно, так было зручней - яго тут, у змроку, не маглi бачыць знадворку, ён жа што-колечы бачыў. У расплывiстай пляме сьвятла пад лiхтаром нячутна сьлiзганула жаночая постаць з сумкай, павярнула ў крайнi пад'езд; зь сярэдняга пад'езда выбег мужчына з сабачкам - абое зьнiклi насупраць пад таполямi на газоне. Адтуль жа, з-пад таполяў, чуўся малады прыглушаны голас i сьмех. Скварыш ня бачыў адсюль, але ведаў: там, у альтанцы, ля дзiцячай пясочнiцы зьбiралiся нанач дзецюкi, часам зь дзеўкамi - па-маладому забаўлялiся далёка за поўнач. Але, мусiць, ня толькi забаўлялiся. Аднойчы адзiн зь iх, мабыць, добра паддаўшы, прайшоў каля шэрагу сонных аўтамабiляў, пакiдаючы на кожным адмецiну - арматурнай жалязякай. Так, без усялякай мэты, дзеля свавольства. А можа, ад клясавай нянавiсьцi да iхных уласьнiкаў. Скварыш яшчэ пастаяў ля вакна, паўзiраўся з восьмага паверху ўнiз, пасьля - у зьвечарэлае неба, дзе над плоскiмi дахамi блiзкiх дамоў засьвяцiлася i журботна вiсела адзiнокая зорка. Мiжволi ён iмкнуўся адсюль, з уласнай кватэры, кудысьцi туды, на волю, бо тут ён бяз рэшты страцiў спакой, душэўны камфорт, а гэты вiзыт Красьнянскага разварушыў яго, зьбiў з тропу, i як ён нi супакойваў сябе, супакоiць ня мог. Чаго прыяжджаў асьпiрант, што меў на мэце? Цi сапраўды, каб паспачуваць, сагрэць чалавечай цеплынёй у трудны твой час? Цi...

Менавiта гэтае "цi" балючаю стрэмкаю засела ў Скварышавай душы, не даючы як-небудзь супакоiцца перад ноччу.

Ён яшчэ не адышоўся ад вакна, як у вiтальнi затрашчаў тэлефон, i Скварыш аж здрыгануўся. Пасьля напяўся, зьнерухомеў - не, трубку ён, вядома, ня зьнiме. Цяпер ён баяўся тэлефона, ужо другi месяц не размаляў па iм - з таго часу, як яго паклiкалi на бюро райкаму. Памятнае праклятае бюро, яно падкасiла жыцьцё, увесь лёс павярнула ў невядомы страхотны бок, разам з партыйным бiлетам адабрала, здаецца, волю да жыцьця, пакiнуўшы толькi вось гэта - тайныя страхi, чаканьне невядомага, мабыць, яшчэ горшага. Пэўна ж, горшага. Бо на выключэньнi яны ня спыняцца; даўно вядома, што яны дзейнiчаюць па законах зграi: калi хтось закульгаў i ня можа гарцаваць нароўнi з усiмi, дык яго трэба расшкуматаць i зжэрцi - выбракаваць, каб не псаваў усёй зграi. Законы зграi, мабыць, адныя й тыя ж, што ў зьвяроў, што ў людзей. Тысячагадовая эвалюцыя вiду тут мала што значыла i ў тых, i ў гэтых.

Але ж гэты Красьнянскi... Ну чым ён, Скварыш, мог выклiкаць у яго такое спачуваньне, прымусiць да рызыкi - гэтага вечаровага наведваньня i гутаркi на мяжы рызыкi. Канечне, Скварыш ужо быў вучаны й ня надта раскрываўся ў адказ на ўвогуле разумныя, але й небясьпечныя пасажы асьпiранта. Асаблiва наконт Афгану. Але i зусiм адмаўчацца было неяк, ён мусiў то кiўнуць галавой, то пагадзiцца дзе адным словам, дзе толькi намёкам на згоду. I толькi калi асьпiрант загаварыў пра колiшнюю лекцыю Скварыша, дзе ён выказаў некаторае сумненьне наконт палiтыкi калектывiзацыi, прафэсар заўважыў, што ён зусiм ня ў сэнсе адмаўленьня, а хутчэй канструктыўнага асэнсаваньня - вядома ж, у рамках палiтыкi партыi, хiба з трохi iнакшым аспэктам. Красьнянскi ж быццам не пачуў таго i горача даводзiў пра шматмiльённыя закупы збожжа за рубяжом як наступства тае калектывiзацыi. Вядома ж так, думаў Скварыш, каму тое не вядома, але навошта пра гэта гаварыць? Хiба ён не разумее, гэты гаварлiвы асьпiрант, што прафэсар ня можа яму адказаць у той самай меры адкрытасьцi, мусiць адмоўчвацца? А калi разумее, дык што гэта? Вельмi ўжо падобна на правакацыю, небясьпечную, нават страшную для чалавека, выключанага з КПСС.

А калi не? А калi ўсё тое ад наiўнай шчырасьцi, элемэнтарнай чалавечай спагады? Усё ж Скварыш быў неблагi прафэсар, студэнты яго любiлi, ён ведаў гэта i даражыў сваёй рэпутацыяй, часьцяком адчуваючы прыязнае стаўленьне да сябе. Бо стараўся не крывiць душой, ня надта даказваць тое, што было i без таго зразумела кожнаму. Не шчыраваў - нi за Ленiна, нi за Брэжнева, хацеў быць памяркоўным марксiстам, наколькi тое было магчыма ў гэты пракляты час. Ды не ўдалося...

Тэлефон зноў празванiў раз i другi - мусiць, нехта ўсё ж ведаў, што ён дома, але Скварыш усё роўна не падышоў да тэлефоннай тумбачкi, хоць i затрывожыўся яшчэ болей. Замест таго ён цiхенька пратупаў у кабiнэт, налiў з бутэлькi ў сваю чарку i кулянуў, не закусваючы. Дзiўна, але надта не цягнула i выпiць, хоць для таго былi ўсе ўмовы - ня трэба было нi рыхтавацца да лекцыi, нi ўранку ехаць у iнстытут. А выпiўшы, як во цяпер, ён не п'янеў, галава была цьвярозая, дэпрэсiя не мiналася, можа, нават большала. Каньяк, якi ўвогуле ён любiў, цяпер здаўся рэзкiм, нясмачным, амаль агiдным. На гэты раз ён сеў пры стале на канапе, утаропiўшыся невiдушчым зрокам у круглыя плямы на блiскучай паверхнi, думаў. Надта яго бянтэжыў гэты вiзыт Красьнянскага, адчуваў: тое ня так сабе, мабыць, за тым нешта тоiцца. А што - здагадацца было няцяжка. Красьнянскага падаслалi.

Тое, што ён "пад каўпаком", Скварыш зразумеў яшчэ да выключэньня, можа, нават зiмой, як атрымаў аднойчы лiст з-за мяжы, з Кембрыджу. Пакет быў з добрай паперы, але адзiн ягоны канец, вiдаць было, адклейваўся, бо заклеены быў надта старанна i гэтак жа старанна запрасаваны. Тады ён стаў узiрацца на iншыя канвэрты i згледзеў, што з адваротнага боку ўсе яны былi нiбы калiсьцi намочаныя й старанна высушаныя. Мусiць, тое ж тычылася i ягоных тэлефонных размоваў - на катэдры, дома: перапады ў гучаньнi, староньнiя шчаўчкi кантактаў - чаго раней не было. Ён амаль перастаў пiсаць лiсты знаёмым, толькi рэдчас паштоўкi. Па тэлефонах гаварыў каротка i самае неабходнае. Але менавiта тады заўважыў, што да яго па тэлефонах зачасьцiлi - знаёмыя i малазнаёмыя, i зусiм чужыя людзi. Iншыя гаварылi далiкатна, часам кранаючыся рызыковых тэмаў, iншыя ж наўпрост пыталiся, як ён ставiцца да злачыннай гiбелi нашых хлопцаў у Афганiстане, да таго, што абмежаваны кантынгент нашых войскаў за столькi гадоў ня можа даць рады агiдным наймiтам iмпэрыялiзму - афганскiм душманам. Як мог, ён выкручваўся, стараўся не гаварыць пэўна, але некаторыя патрабавалi пэўнага адказу. Было няёмка, агiдна, хацелася вылаяцца i кiнуць трубку.

Цяпер гэты Красьнянскi...

I быццам жа харошы хлопец, так шчыра дзякаваў за сумленьне, якое цяпер ня часта праяўляецца ў людзях, казаў, што правiльна ён гэта - пра Афган. У яго самога, Красьнянскага, нядаўна ў Афганiстане загiнуў стрыечны брат, прывезьлi ў цынкавай труне, хавалi ўсiм калгасам, мацi самлела, труну не адкрылi, забаранiў ваенкамат, i як уведаеш, хто там - можа, зусiм i ня iх хлапец. Скварыш ужо чуў пра такiя выпадкi, калi хавалi чужых замест сваiх, вайскоўцы чамусьцi блыталi, нават у такой справе не было парадку. Але цяпер, думаў ён, тое, можа, i ня надта важна. Тая вайна несправядлiвая ва ўсiх сэнсах, нават паводле марксiзму-ленiнiзму, а тыя, хто яе ўсчаў, рана цi позна будуць названыя злачынцамi i праклятыя. Але што з таго радасьцi яму, Скварышу, пакуль вось праклiнаюць таго, хто пасьмеў пра iх заiкнуцца. Яго выключылi з партыi, здаецца, хутка выганяць з працы. Хоць ён i падаў апэляцыю i ўжо напiсаў нямала папер, "аб'ясьнiцельных", даказваючы, што нiчога падобнага не гаварыў i нават ня думаў. Што ён цалкам i поўнасьцю падтрымлiваў i падтрымлiвае зьнешнюю i ўнутраную палiтыку партыi, iнтэрнацыянальную дапамогу братняму афганскаму народу. Да агiды лiсьлiва i вернападдана. Было брыдка ўспомнiць, як ён на бюро райкаму, дзе яго выключалi, фальшыва апраўдваўся, i тое яму, мабыць, кепска ўдавалася, райкамаўцы наўрад цi верылi яму. Неяк ён не стрымаўся, закалацiлася сэрца, прыйшлося пры тых самаўпэўненых маладых функцыянэрах даставаць валiдол, рукi трэсьлiся, бубачкi лякарства пасыпалiся на каленi, паскакалi ва ўсе бакi па блiскучай падлозе. Малады мардаты сакратар на хвiлiну прыпынiў свой допыт i, нiбы падсумоўваючы, сказаў: "Шкада, ня хочаце вы раззбройвацца перад партыяй". "А я й ня ўзбройваўся. Я нiчога ня маю супраць маёй партыi", сказаў тады ён i сам зьдзiвiўся ненатуральнай лiсьлiвасьцi свайго голасу. Сакратар толькi крыва ўсьмiхнуўся, седзячы за сталом пры шасьцi тэлефонах на тумбачцы. "А ў нас ёсьць матэрыялы, якiя сьведчаць якраз наадварот. Напрыклад, у сакавiку вы сьцьвярджалi, што наш абмежаваны кантынгент у Афганiстане зьнiшчыў каля аднаго мiльёна афганцаў. Адкуль вам вядомая гэтая хлусьня?" Яны ўсе, колькi iх было там, можа, чалавек дваццаць, што расьселiся каля даўгога стала i пад сьценамi, варожа ўтаропiлiся ў яго. А ён маўчаў, пакутна згадваючы, каму ён гаварыў пра тое. Адкуль сам ведаў гэтую лiчбу, памятае пэўна - тое казала радыё "Свабода", якое ён начным часам слухаў, што-колечы разьбiраючы праз глухi трэскат глушылак. Агiдным, пiсклявым голасам ён пачаў адмаўляцца, гатовы быў пабажыцца, што нiчога падобнага не гаварыў, хоць менавiта тады раптоўна ўсё прыпамятаў. Але як можна было прызнацца. Доўга сядзець нерухома Скварыш ня мог, прыгнятала начная цiшыня, ён ня мог знайсьцi сабе ўтульнага месца i пайшоў туляцца па невялiкай трохпакаёвай кватэры. Забрыў на кухню, уключыў сьвятло. Мог бы зварыць сабе кавы (усё ж занятак), але кавы ён выпiў тры кубкi, мабыць, на сёньня годзе. Расчынiў халадзiльнiк, паўзiраўся ў сякi-такi запас харчу - кавалак каўбасы ў рудай паперы, бутэлька кефiру, некалькi плоскiх бляшанак кансэрваў, - нiчога ў яго не выклiкала апэтыту, жаданьня зьесьцi. Што-небудзь варыць, натуральна, ён не хацеў, не хацеў нават сасмажыць яешню, якую ўвогуле любiў i еў з задавальненьнем, калi яе смажыла жонка. Разьбiтае шкло ў дзьвярах на кухонны балькон каторы раз напомнiла пра непарадак, але цяпер ён падумаў, што шкло ўставiць ня хутка. Было не да таго. Ён асьцярожна расчынiў дзьверы i выйшаў на балькон, паклаў рукi на яшчэ цёплыя ад дзённага сонца парэнчы i здрыгануўся: на суседнiм бальконе з асьветленай ззаду сьпiнаю ў гэткай самай позе стаяў i курыў сусед. Скварыш адхiснуўся, хуценька вярнуўся на кухню i прычынiў дзьверы. Цяпер ён не хацеў бачыць нiкога, нi з кiм размаўляць; усё здавалася, што ў яго занадта цiкаўна ўзiралiся i ўжо напэўна ўважлiва слухалi. Цi падслухоўвалi. Цiкава, падумаў Скварыш, цi была чутная на бальконе iхная гаворка ў кабiнэце ды асаблiва ў вiтальнi каля дзьвярэй. I цi даўно ён стаiць там, гэты сусед у майцы.

Ён зноў вярнуўся ў кабiнэт. Прыбiраць зь нiзкага столiка нiчога ня стаў, стомлена апусьцiўся ў крэсла за пiсьмовы стол. Уключаная настольная лямпа асьвяцiла вольны ад папераў кавалак стала... Надта мутарна было на душы ў прафэсара, вялiкi сумнеў тачыў яго ўсё болей - дык проста цi не заходзiў Красьнянскi? А што, калi ў гэты час ён ужо сядзiць у КГБ i апiсвае iхную тут гутарку? Цi, можа, запiсаў усё на магнiтафон i заўтра аднясе ў вядомы дом на праспэкце? У такiм выпадку, адзiн паратунак - апярэдзiць самому. Iнакш яму пэўны капец - i працы, i кар'еры. А то i жыцьцю. Але зноў жа

- як напiсаць? А калi тое яму толькi здаецца, а Красьнянскi ўсё - па сваёй чалавечай шчырасьцi, па дабрынi...

Праклятае становiшча, яго адчуваў Скварыш кожнаю мазгавой зьвiлiнай, кожным кончыкам нэрваў. Усё здавалася: трэба нешта прыдумаць, нешта зрабiць, набрысьцi на якое выйсьце. I ён думаў, напружваў мазгi, а выйсьця не знаходзiлася. Цi яго не было наогул? Але ж такога не могло стацца, усё ж павiнна быць нейкае выйсьце.

Ён зноў пачаў блукаць па кватэры, паласатай дарожкай пратупаў да зачыненых на два замкi, абабiтых цыратай дзьвярэй, павярнуўся назад. Зь вялiкага календара на сьцяне ад Новага году звыкла ўсьмiхалася яму прыгожанькая японка, нiжай чарнелi два шэрагi лiчбаў летняга месяца. Чорная пара, праклятыя месяцы, падумаў прафэсар, колькi яны задалi турбот, перажыванак, пакутнай няпэўнасьцi. Калi парткамiсiя ЦК, куды ён зьвярнуўся, зацьвердзiць ягонае выключэньне, дык будзе канец. Кранты! Няўжо такое магчыма?

А чаму б i не?

Выключылi ж з партыi дацэнта Кулiковiча, неблагога разумнага чалавека, вэтэрана вайны, толькi за тое, што той выступiў на сходзе супраць уводу савецкiх войскаў у Чэхаславаччыну i ня ўзяў сваё выступленьне назад, калi яго паклiкалi ў гаркам. Не павiнiўся. Зрэшты, выключылi нават не за гэта, а быццам знайшлi, што, будучы ў нямецкiм палоне, ён ня надта добра сябе паводзiў. Раскрылi тое менавiта пасьля ягонага выступленьня на партыйным сходзе, а раней быццам таго ня ведалi. I згарэў дацэнт. Казалi, пасьля таго ўладкаваўся грузчыкам на агароднiнавую базу, iншай працы ў горадзе яму не знайшлося. Пасьля некуды зьехаў. А можа, зьвезьлi.

У вiтальнi ляжаў мяккi санлявы прыцемак, трохi адблiскваў паркет ля кабiнэту i ён пачаў тупаць сюды-туды - пяць крокаў ад дзьвярэй да люстэрка i столькi ж назад. У тапках на дарожцы было зручна i зусiм цiха. Цiкава, цi дазваляюць у турме хадзiць у тапках, унутрана паморшчыўшыся, падумаў прафэсар. У яго даўно былi хворыя ногi, i дома ён заўжды стараўся карыстацца тапкамi. Але пра турму ён, вядома, дарма падумаў. Ня трэба загадзя каркаць на сваю галаву.

Хадзiць так - узад-уперад - нават спадабалася, усё ж гэты занятак ад чагось адцягваў, даваў працу нагам. I ён прыпамятаў, як некалi малым хлопчыкам упершыню ўбачыў у заапарку мядзьведзя, што ў сваёй клетцы гэтак жа тупаў сюды-туды. Тады ён аж пашкадаваў касалапага небараку, мабыць, таму дужа мутарна, i ён гэтак цэлыя гадзiны тупае й тупае. Цяпер сам цi ня ў гэткiм становiшчы. У клетцы. Толькi яму цi паспачувае хто? Апроч хiба гэтага асьпiранта Красьнянскага.

Задаў яму клопату Красьнянскi.

Усё ж, мабыць, трэба напiсаць. Ня можа таго быць, каб гэты асьпiрант, зь якiм у яго не было нiякiх адносiн, апроч чыста службовых, так ужо растаў ад спачуваньня да яго бяды i прыехаў адно суцешыць зь iншага канца гораду. Каб паспачуваць толькi. Сьпярша прафэсар падумаў, што ён па якой патрэбе, можа, папрасiць грошай цi пахадайнiчаць перад кiм? Цi наконт кватэры (такiх просьбаў ён меў цi ня кожнага месяца)? Але не. Нiчога не прасiў Красьнянскi, так i сказаў: толькi каб давесьцi сваю чалавечую падзяку за праўду i сумленнасьць. За праўду? Добрая, вядома, штуковiна праўда для таго, хто яе спажывае, калi яна зьвернутая да нас. Але наша праўда... Во i тады ён выдаў два словы праўды, якiя, здаецца, спляжаць яму ўсё жыцьцё. Трэба ж было... Сапраўды, ён забыўся, што можна было што-нiшто сказаць аднаму, але ня больш. Калi ж цябе пачулi больш за аднаго, дык твая справа трэснула. Гэта пэўна.

Увогуле, справа была ў бутэльцы - праклятай бутэльцы, здаецца, армянскага, якую яны выпiлi ўтрох. Выпiвалi ня першы раз, пасьля парыльнi. Увечары некалькi чарак няблага спрыялi сасудам, распаранае цела, апаласнутае ў басэйне пры саўне, нiбы абнаўлялася, маладзела, зьнiкала назапашаная за тыдзень стома; лёгкi i спрытны рабiўся розум. Тая размова адбылася па дарозе да прыпынку тралейбуса. Яны закурылi, Бокач нешта памянуў пра Афган, яму штосьцi няпэўна адказаў Волахаў, i тады ён, Скварыш, прыпамятаў начную перадачу "Свабоды" i зь неўласьцiвай яму жвавасьцю пераказаў яе. Вядома, усё праз каньяк ды парыльню, iнакш бы, напэўна, ён змоўчаў. Бокач з Волахавым неяк хмурна паслухалi яго, на хадзе зацягваючыся цыгарэтамi, а ён яшчэ дадаў пра злачыннасьць тае вайны, за якую калiсьцi прыйдзецца некаму адказваць. Цяпер ламай галаву, хто зь iх двух стукнуў. Удала стукнуў, нiчога ня скажаш, узялiся за яго як мае быць. А з тых двух нiводзiн i не патэлефанаваў, нi слова болей не сказаў яму. Бы ня чулi й ня ведалi, што зь iм робiцца.

А можа, яны стукалi ўдвох? Хiба такое немагчыма? Што з таго, што сябры, што Бокач i Скварыш некалi вучылiся разам, а Волахаву дачку ён уладкоўваў у iнстытут - прасiў за яе дэкана, улагоджваў злую экзамэнатарку Папрышку, якая рэзала спрэс па фiзыцы. Паступiла дзеўчына, а яе бацька стаў ягоным сябрам, колькi бутэлек зь iм выпiлi - на сьвяты, у саўне, на рыбалцы. Мабыць жа, не павiнны ён яго гэтак прадаць? Але i Бокач не павiнны. Усё ж стары, шматгадовы сябра, некалi, яшчэ як былi бедныя студэнты, езьдзiлi ўлетку да ягонага бацькi на Вiцебшчыну, купалiся ў возеры i пiлi адмысловую бацькаву самагонку. Не павiнны Бокач яго прадаць. Ды вось прадаў. Хто з двух, мабыць, не дазнаесься нiколi.

Цяпер гэты Красьнянскi.

Дужа сьмелыя былi ягоныя думкi - i наконт Афганiстану, i наконт Беларусi зь яе ўшчэнт лёкайскiм парткiраўнiцтвам. I наконт Брэжнева нешта закiдваў. Перадражнiў, як той называе сябе па тэлефоне: "Паважаны Леанiд Iльiч слухае". Слухаючы тое, Скварыш сядзеў, бы на iголках, так было яму не пад настрой, ён усё iмкнуўся перавесьцi гаворку на iншае, - пытаўся пра сям'ю, пра жонку - не памагло. Што жонка, што зь ёй зробiцца, быў адказ. Але вось гэтая гонка ўзбраеньняў... Далася тая гадзiна Скварышу, аж спатнеў увесь, пакуль зачыняў за Красьнянскiм дзьверы.

Не, аднак жа, мусiць, ён яшчэ ня ў камэры-адзiночцы, каб так тупаць без канца па вiтальнi, i не мядзьведзь у клетцы. Усё ж у зальчыку было прастарней, Скварыш уключыў тэлевiзар i выцягся на канапе. Як засьвяцiўся экран зь нейкiм старым чорна-белым фiльмам, ён хацеў быў пераключыць канал на маскоўскi, ды паленаваўся ўставаць. Хвiлiну спрабаваў зразумець сэнс пафаснага дыялёгу двух рабочых - маладога, даўгашыяга, са старым вусатым, - ды хутка страцiў увагу, аддаўшыся ўсё тым жа сваiм беспрасьветным думкам. Мабыць, трэба ўсё напiсаць. Пакуль памятаў, пакуль што не забыўся. Бо забудзесься, а яны палiчаць утойваеш. Мабыць, у iх усё на ўлiку - i словы, i думкi, i намеры. На тое яны спэцыялiсты, у акадэмiях вучацца. Мабыць, у iх ёсьць кандыдаты i дактары такiх справаў - тайных палiцэйскiх справаў, каб яны спрахлi, як сказалi б на вёсцы. Ды ня спрахнуць - яны дасканаляцца год ад году, даходзячы да мастацтва. Як з гэтым ягоным даносам. Данёс нехта адзiн з двух цi, можа, абодва, i ён нiколi не дазнаецца, хто менавiта. I ён будзе абодвум пацiскаць рукi i маўчаць, баяцца пакрыўдзiць невiнаватага. Бо пакрыўдзяцца. Сам жа пакрыўдзiўся за адно толькi негрунтоўнае падозраньне. Але калi хто вiнаваты, даносчык, дык, мабыць, пакрыўдзiцца яшчэ болей, i ты будзеш прасiць у яго прабачэньня. Мiж тым, на экране былi ўжо не рабочыя ў камбiнэзонах, а трое дзяўчатак на беразе прыгожай летняй рачулкi, сярод маляўнiчай сельскай iдылii; на дзявочых галовах бялелi вяночкi з рамонкаў, дзяўчаткi трымалiся за рукi i, iдучы беражком, сьпявалi шчымлiвую песьню. Тварык адной зь iх дужа напомнiў кагось... Так, даўняе амаль трыццацiгадовае знаёмства... Здаецца, iмя яе было Валя. I ён быў нават трохi закаханы ў яе, у гэтую статную хахатушку, што неяк нечакана зьявiлася ў iхнай кампанii. Цяпер ужо цяжка i прыгадаць, хто прывёў яе - Бабкоў цi Сельмашынскi, два iхныя неразлучныя сябрукi, франтавiкi-ардэнаносцы, кандыдаты ў члены партыi, хлопцы канчалi iнстытут, сядзелi на дыплёмах i рыхтавалiся да прыёму ў члены. I менавiта ў той час органы завэрбавалi iх у сексоты. Але пара была пасьляваенная, яшчэ мела кошт франтавое сяброўства, i хлопцы амаль адначасна прызналiся адзiн аднаму пра тую вярбоўку. Падзiвiлiся, вядома, але падзiвiцца давялося яшчэ болей, калi першым заданьнем тых органаў Бабкову было нешта вызнаць пра бацькоў Сельмашынскага, а Сельмашынскаму - нешта дазнацца пра ягонага сябра. Сябры, вядома, згодна прасыгналiлi, але тыя сыгналы папярэдне абгаворвалiся i ўзгаднялiся мiж iмi, каб незнарок не нанесьцi шкоды адзiн аднаму. Мусiць, органы ўсё ж нешта западозрылi, i тады сярод iх паявiлася Валя, вясёленькая такая хахатушка ў вэльвэтавым жакецiку. Яна неяк спрытна ўлезла мiж хлопцамi ды так павяла сябе ў адносiнах да таго i другога, што тыя закахалiся ў яе абодва. А закахаўшыся, хутка паварагавалi, мабыць, ужо не ўзгаднялi свае сыгналы, пачалi пiсаць iнакш, чым раней. I сумна скончылася тое: абодва аднойчы зьнiклi, i нiхто зь iх агульных знаёмых ня мог сказаць куды. А Валя неяк сустрэлася Скварышу ў цягнiку Масква-Тбiлiсi, ехала з маленькай дачушкай, казала, туды пераводзяць па службе. А па якой службе, калi не сакрэт, пацiкавiўся ён. Ды так, па вайсковай, па лiнii мужа, сказала яна i адвяла позiрк. Можа, i па вайсковай, падумаў ён, але навошта тады заклапочана адводзiць позiрк? Ён i не заўважыў, як скончыўся фiльм i на экране апантана замiтусiлася срэбра, тады ён устаў i цiскануў выключальнiк. Час быў ня раньнi, мусiць, трэба было ўставаць i пiсаць. Усё, як было. Як, хто i што гаварыў. Хоць, зрэшты, амаль увесь час гаварыў Красьнянскi. Значыць, так i напiсаць. Але ж то - данос на Красьнянскага? А што ён мог зрабiць, што яшчэ напiсаць? Усё роўна той дасьць поўную справаздачу аб гэтай гаворцы. Няважна, у якой форме. Важна, каб тыя не падумалi, што ён нешта ўтойвае. Ня хоча раззбройвацца перад роднай партыяй. А так - калi ласка, ён паднiмае абедзьве рукi, ён здаецца. Сам, добраахвотна. Карайце, калi хочаце. А можа, усё ж памiлуеце? Праклятае гэта пачуцьцё надзеi на краi пагiбелi, гэты рудымэнт пячорнага аптымiзму. Ведаў жа, што не даруюць, спагоняць, як мае быць. А вось спадзяваўся... Ён ведаў, што менавiта схiльнасьцю чалавека да надзеi на лепшае выдатна карысталiся немцы-фашысты. Выганяючы людзей на зьнiшчэньне, яны клапацiлiся, каб тыя ўзялi каштоўныя рэчы i цёплую вопратку i харчу на трое сутак. У лягерах зьнiшчэньня iх сустракалi з аркестрам i перш-наперш вялi ў лазьню, на мэдагляд да квалiфiкаваных спэцыялiстаў, якiя па адным стралялi iм у патылiцу. На ростамеры. Яны ўмелi зрабiць, каб людзi па-дурному спадзявалiся да самай апошняй хвiлiны i паводзiлi сябе адпаведна з уласнай надзеяй. Мусiць, так сябе паводзiць будзе i ён. Мабыць, ужо асуджаны, а ўсё чапляецца - за партбiлет, за працу. Бо яны ж не гавораць, што заплянавалi яму. А яму хочацца як-небудзь выкараскацца з-пад iхнай навалы. А можа, а можа...

А ўсё ж, можа, яны i ўлiчаць ягоную шчырасьць, зразумеюць яе як абсалютную ляяльнасьць i як-небудзь спусьцяць усё на тармазах, думаў ён, ня надта падрабязна, але ўвогуле правiльна апiсваючы сваю размову з Красьнянскiм. Вядома, болей - словы i фразы Красьнянскага. Пад самы канец, калi ўсё амаль дарэшты было выкладзена на паперы, блiснула ўпартая думка-сумнеў: а калi ўсё ж тое - ад наiўнае шчырасьцi? Сапраўды, ад спачуваньня да яго, старога кнiжнага дурня? Тады што ж... Ён жа загубiць чалавека. I яго сям'ю. I яго малую дзяўчынку, здаецца, Iрачку з марожаным на палачцы, сьцятай у маленькiм кулачку... Во д'ябальшчына, во становiшча! Што ж тады ён робiць?

Але што было яшчэ рабiць?

Скварыш адсунуў ад сябе тыя дзьве старонкi дробнага тэксту - мабыць, горшага ён не пiсаў за ўсе свае пяцьдзясят гадоў. Подлыя старонкi, нiчога ня скажаш. Вылез з-за стала, налiў чарку каньяку, выпiў. Налiў другую... Пакуль чуцьцё ўпарта патрабавала нейкае пэўнасьцi, канчатковага рашэньня, якога ўсё не знаходзiлася; кожны варыянт быў горшы за папярэднi. Хоць варыянтаў тых было ў яго два. I абое - рабое...

Мiж тым, настала глыбокая ноч. Дом сьцiшыўся, перасталi гудзець лiфты, грукаць дзьверы. За сьцяной у суседняй кватэры цiхенька паплакала ды сьцiхла дзiця, мабыць, заснула. Жыхары ў сваiх сотах-кватэрах вялiкага дому пакрысе сьцiшылiся, паснулi, толькi ў трубах водаправоду часам чулася нейкае тоненькае жалобнае скуголеньне. Скварыш зноў пачаў хадзiць па кватэры, падыйшоў да цёмнага вакна ў зальчыку. На падворку ўнiзе неяк быццам ярчэй, чым зьвечара, сьвяцiў на мачце лiхтар, ярчэй сьвяцiлiся кодабы аўтамабiляў мiж счарнелых кронаў дваровых дрэваў. Цяпер там было сонна i пуста. I гэтак жа пуста i стомлена-сонна рабiлася на душы ў прафэсара.

Можа, цяпер было б лепш, каб дома, а не на дачы была яго жонка Леакадзiя Адамаўна, было б каму сказаць слова, ня глухнуць у гэтую маўклiвую ноч. Хаця, можа, i ня лепш. З жонкаю ён ужо даволi нагаварыўся аб сваiм няшчасьцi, жонка яму не спачувала. Толькi дакарала за ягоны доўгi язык, за дзiцячую даверлiвасьць. За дурную наiўнасьць. Можа, i так, ён ёй не пярэчыў. Жонку ён добра ведаў, пражыў зь ёю жыцьцё, яны выгадавалi дачку, гадавалi ўнукаў, але...

Было невялiкае "але" ў iхным жыцьцi, якое заўжды ў далiкатных выпадках прымушала яго прытармазiць, успомнiць, змоўкнуць, каб не перасягнуць апошнюю рысу шчырасьцi. За той рысай была небясьпека, ён адчуваў гэта, хоць фармуляваць яе пазьбягаў, нават баяўся. Маўклiвае табу доўгiя гады ляжала за той рысай.

Ён тады быў яшчэ даволi маладым чалавекам, толькi што сьпечаны кандыдат навук, жылi яны на прыватнай кватэры, вядома ж, без тэлефона. Неяк улетку прыйшла тэлеграма, што занядужала мацi - упала, зламала нагу, просiць, каб прыехаў. Ён хутка сабраўся, паехаў, зайшоў у раённую бальнiцу, уладкаваў туды мацi. Назад паехаў днi праз тры, спазьнiўся на рэйсавы аўтобус, дабiраўся спадарожнымi, i надвячоркам зь лёгкiм партфэлем у руках кiраваў на сваю прыгарадную вулiцу. I тады ён убачыў жонку, якая неяк хуценька гаманiла з маладым чалавекам у блакiтнай тэнiсцы, усё азiраючыся па баках. Было гэта за якiх два кварталы, на скрыжаваньнi дзьвюх вулiц, ля водаразборнай калёнкi. Леакадзiя змалку была блiзарукай, але акуляраў тады не насiла, i ня згледзела, як ён да iх наблiжаўся. Пагаманiўшы трохi, яны хуценька разышлiся - жонка, азiрнуўшыся, павярнула за вугал на сваю вулiцу, а той, у тэнiсцы, - у iншы яе канец, кiрункам да цэнтру. Скварыш нетаропка дайшоў да калёнкi, жонкi ўжо ня стала вiдаць, а той яшчэ крочыў здаля, за якi квартал ад яго. Непрыемна ўражаны, Скварыш павярнуў не за жонкай, а ў другi бок, за тым незнаёмым. Ён так iшоў за iм на некаторай адлегласьцi, не наблiжаючыся i не адстаючы. Блiжэй да цэнтру незнаёмец зайшоў у гастраном, купiў пачак цыгарэт, пасьля нядоўга тэлефанаваў з вулiчнага аўтамату. У Скварыша было адно падозраньне, яно вяло яго з пэўнай настойлiвасьцю i ўрэшце прывяло менавiта туды, куды ён i думаў. I дужа баяўся. То быў бакавы ўваход у будынак КГБ - непрыкметныя дзьверы бяз шыльды i вартавога. Чалавек у тэнiсцы каротка зiркнуў у адзiн бок, у другi - i зьнiк за дзьвярыма. Скварыш няхутка дабрыў дадому. Жонка паставiлася да яго, як звычайна, ён нi пра што ў яе не пытаўся, чакаў, што сама скажа пра сваё спатканьне ля водаразборнай калёнкi. Але не сказала. А неяк ужо напачатку восенi, як ён вяртаўся зь ёй пасьля дзённага сэансу ў кiно, насустрач трапiў малады хлопец, i ў той самай тэнiсцы. Толькi цяпер на iм быў надзеты пiнжак. I жонка, як заўважыў Скварыш, каротка кiўнула яму, як знаёмаму. "Хто гэта?" трохi пагадзя запытаўся Скварыш. "Ды так, - сказала жонка, - настаўнiк адзiн". "Нiшто сабе, - падумаў Скварыш, - настаўнiк, а бегае ў КГБ". Але тады ён змоўчаў i болей размовы з жонкай пра таго чалавека ў iх не было. Засталося толькi пытаньне, адказу на якое да канца сваiх дзён будзе баяцца Скварыш. Дык, можа, яно й лепш, калi цяпер ён адзiн, i ягоным турботам ня будзе сьведак. Усё сам-насам.

Са страхам i агiдай ён перачытаў свае дзьве старонкi паганага тэксту-даносу. Менавiта даносу, бо як жа яшчэ можна было iх назваць, - тое Скварыш разумеў выдатна. Ён нiчога там не прыдумаў, нiчога не дадаў да таго, што гаварыў Красьнянскi, усё выклаў так, як яно й было. Праўдзiвы быў да канца. Але чаго вартая тая яго праўдзiвасьць, якой была ёй цана? Можа, парваць, спалiць i нiкуды не хадзiць, - у каторы раз прыйшла няпэўная думка-намер. Але што будзе тады? Выкiнулi з партыi, выкiнуць з працы, адбяруць дыплёмы. Што адбяруць дыплёмы i званьнi, то пэўна. Адабралi ж кандыдацкi дыплём у дацэнта Шавякова - за перараджэньне. У дысэртацыi абгрунтоўваў выгоды калектывiзацыi, а пасьля ў лекцыях выказаў сумненьне наконт тых выгодаў. Далi дыхту дацэнту - не перараджайся! Не разумней. Заставайся ў жыцьцi пнём i калодай - без вачэй i вушэй, тады будзеш адпавядаць усiм навуковым званьням. Добра, Шавякоў меў гадоў трыццаць ад роду, быў хлопец дужы, мог працаваць грузчыкам на агароднiнавай базе. А дзе будзе працаваць ён? Што ён умее, апроч як пераказаць устаноўкi марксiзму-ленiнiзму, якому ён даўно i пераканана ня верыць. Але што рабiць, мусiш. Вучыць студэнтаў, прымаць экзамэны, несьцi заведамую лухту, бо яна кормiць, дае хлеба i да хлеба. I ўсё было добра, пакуль маўчаў, пакуль нiчога - нiкому, апроч таго афiцыйнага, праверанага i зацьверджанага, што ўжо амаль бяздумна i мэханiчна балбатаў на лекцыях. А тут во не стрываў, вымавiў усяго дзьве-тры фразы на цёмнай вулiцы блiзкiм сябрам. I ўся яго шматгадовая ранейшая стараннасьць абрынулася ў тартарары. Калi гэта сапраўды правакацыя, наладжаная органамi праз асьпiранта Красьнянскага, iхны яму экзамэн, дык тыя дзьве старонкi памогуць. Павiнны памагчы. Усё ж яны засьведчаць, што ён чалавек адкрыты, i нi ад партыi, нi ад КГБ нiчога ня ўтойвае. Ну там нешта сказаў, можа, не зусiм цьвярозы, можа, яго трохi перакруцiлi, утрыравалi. Але ён не раззлаваўся на даносчыкаў i цяпер раскайваецца. Можа, выключэньне заменяць на "страгача". "Страгач" - не сухоты, год паносiць, i здымуць. I зноў усё пойдзе, як iшло дагэтуль. Цiха i спакойна. Добра iшло. Хiба што з гэтага моманту прафэсар будзе навучаны. Тады ўжо сапраўды да канца жыцьця нiчога - нiкому.

А калi не? Калi Красьнянскi зусiм па ўласнай ахвоце? Па сваёй дурноце, нарэшце. Тады яго выкiнуць з кандыдатаў, адбяруць унiвэрсытэцкi дыплём, спляжаць кар'еру. А то й пасадзяць. Як тады яму, Скварышу, жыць? Што скажуць пра яго ў iнстытуце? Як паглядзiць у ягоныя вочы дачка?

Дачка была, можа, найбольшым клопатам у ягоным жыцьцi, большай праблемай, чым нават жонка. Ужо немалая, студэнтка, што вырасла на ягоных вачах i на ягоных руках, яна, тым ня менш, таiла ў сабе неразгаданую загадку: якая яна? Тое, што адбывалася ў грамадзкiм жыцьцi краiны, вядома, не магло не кранаць яе, выдатнiцу-школьнiцу, а затым студэнтку, але ён дагэтуль нi разу ня чуў ад яе нi слова ўхвалы, нi слова асуджэньня. Нават незадаволенасьцi. Усе гэтыя рэабiлiтацыi, рэпрэсii, барацьба з касмапалiтамi i безыдэйнасьцю, нават распорваньне цi звужэньне штаноў у хлопцаў, лаянка еўтушэнкаўскай паэзii зьнешне нiяк не выяўлялiся ў ягонай Людкi. Прынамсi, дома, пры бацьках, яна была да таго нiбы глухая. Аднойчы ён рэзка загаварыў зь ёй пра камсамол, знарок правакуючы яе на адказ, i дачка толькi зiркнула на яго страхавiта-зьдзiўленым позiркам i не сказала нiчога. "Божа, падумаў ён, - i яна? Цi яна асьцерагаецца яго, бацьку, цi сама ўжо там? У iх на кручку ў свае дзевятнаццаць гадоў? Няўжо i цяпер, у эпоху разьвiтога сацыялiзму, нiчога не зьмянiлася нi ў грамадзтве, нi ў псыхалёгii яго членаў? Ну добра, баяўся ён, але чаго ўжо баяцца iм?"

Мабыць, баялiся, бо жыў страх.

Ён зноў пачаў хадзiць паласатай дарожкай - да дзьвярэй i назад. Мiнаў час, а нешта нi ў галаве, нi ў душы не праясьнiвалася. Урэшце ўсё абарочвалася найбанальнейшай сытуацыяй - каму прападаць? Або яму, або Красьнянскаму. У такiх выпадках прэч адлятала мараль, спрацоўваў адно iнстынкт, жывёльны эгаiзм, як бiялягiчны сродак выжываньня. Ведама, гэта кепска, гэта непрыгожа, гэта амаральна. "Але рабi, што трэба, i хай будзе, што будзе", - шматзначна вучыў некалi Талстой, гэты вялiкi маралiст стагодзьдзя. Хоць добра было Талстому вучыць, у яго была Ясная Паляна. А што ёсьць у яго, прафэсара Скварыша? Апроч зарплаты ды гэтых во катухоў - кватэры?

Не, мусiць, праўда ўсё ж за Пратагорам зь ягонай высновай аб чалавеку як меры ўсiх рэчаў, менавiта чалавек заўжды вызначае, як яму жыць. Замест чалавека таго ня можа зрабiць нiхто - нi Бог, нi д'ябал, толькi ён сам. Кепска, аднак, што ён, Скварыш, не належаў да лiку людзей, якiя свой выбар робяць рашуча i беспаваротна. Але чалавек, пастаўлены перад фактам неабходнасьцi такога выбару, страчвае свабоду. Ён чалавек несвабодны. Свабодным жа ён робiцца тады, як зьнiкае сытуацыя, што вымагае выбару.

Бяда яшчэ ў тым, што людзям занадта шмат трэба, мабыць, прыродай iм ня дадзена абмяжоўваць сябе, як дадзена жывёле. Яны Богам надзеленыя свабодай думкi, а iм яшчэ трэба i свабода слова, як некалi зьедлiва заўважыў К'еркегор. Сапраўды, цi не занадта вялiкая гэта раскоша ў таталiтарным грамадзтве свабода слова. Ва ўмовах дэмакратыi iншая справа. Там пра свабоду ня мараць, там ёю карыстаюцца гэтак натуральна, як дыхаюць паветрам. Тут жа нават памкненьне да яе - крамола, за якую непазьбежная расплата. Расплата ўсё тым жа - свабодай i лёсам. Д'ябальскае грамадзтва, д'ябальскi час! I калi ўсталявалася тое? Цi, можа, i не выводзiлася? Можа, i праўда, што пагiбель сучаснай культуры пачалася даўно. Цi ня ў ноч на 25 чэрвеня 1820 году, калi разумнiк Гегель, гэты фiлёзаф таталiтарызму, вырадзiў сваё знакамiтае: усё рэальнае - разумнае. Унiвэрсальнае апраўданьне тыранii. Ня дзiва, што ягоны дэтэрмiнiзм аднолькава прыйшоўся даспадобы як ягоным землякам-фашыстам, так i расейскiм камунiстам. Зручная фiлязофiя дваццатага стагодзьдзя... У санлявай сьвядомасьцi Скварыша думкi iшлi чарадой, ня дужа лягiчна чапляючыся адна за адну. Але з часоў Дэкарта вядома, што ў духоўным жыцьцi разумныя думкi займаюць надта малое месца. Куды болей тых самых блытаных, санлявых i нелягiчных, ад якiх мала сэнсу. Так, пустазельле, духоўная палова, асьцё, празь якое калi-нiкалi, аднак, прарастае штосьцi значнае i нават генiяльнае. Але калi няма страху. А можа, менавiта ў атмасфэры страху найболей напружана i працуе розум? Хаця б у пошуках выйсьця... Рэшту тае начы ён не хадзiў па кватэры, сядзеў у вяртлявым крэсьле за пiсьмовым сталом, утаропiўшыся невiдушчым позiркам у свае праклятыя радкi. Настольная лямпа ярка i звыкла асьвятляла кавалак заваленага паперамi стала, галава i твар Скварыша тулiлiся ў ценю. Так было зручна. Стома ад перажываньняў усё ж дапякла яго, ён стамiўся, але сон ня йшоў, i ён ня клаўся. Вялiкiя турботы прыгняталi яго - як зрабiць лепш? Каб без памылкi, ад якой не давялося б пасьля кусаць локцi. Калi будзе позна. Але тая праклятая задачка, здаецца, увогуле ня мела рашэньня. Колькi над ёй нi бiцца. Былi два варыянты, i абодва жахлiвыя. Значыць... Значыць, марна было столькi ламаць галаву, думаць. Тым ня менш, думаў i ламаў галаву, - шукаў, перабiраў у паўсоннай сьвядомасьцi магчымыя i немагчымыя, па сутнасьцi, фантастычныя варыянты. I вельмi выразныя наступствы. Наступствы ўсе былi бязрадасна горкiя i пачварныя. Ярка асьветленыя на стале старонкi ўсё болей рабiлiся чымсь фантасмагарычным, прывiдным, набывалi жахлiвы зьмест, ён ужо баяўся да iх дакрануцца, каб не наклiкаць новай бяды. Яны займалi ўсё большую ўладу над iм, ён апынуўся ў поўнай ад iх залежнасьцi. Як было ад iх пазбавiцца? Мусiць, толькi адным спосабам - здаць туды, дзе была ў iх патрэба. I вызвалiцца. Але тое цi не канчаткова заняволiць яго?.. Тое, што настаў ранак, ён адчуў па няпэўных гуках у суседняй кватэры, недзе цiхенька запяяў водаправод. Тады ён устаў, рассунуў шторы на шырокiм вакне. Неба над дахамi ўжо на ўсю моц залiвала сiнеча сьвiтанку, стала вiдней у кабiнэце, i ён выключыў лямпу. Iсьцi ў КГБ трэба было да дзевяцi гадзiн, каб не спаткацца з кiм па дарозе, не тлумачыць нiчога. Здаць, i - назад. Мабыць, там разьбяруцца, куды, каму. У якi аддзел, якому маёру цi падпалкоўнiку. Трэба думаць, гэта ў iх наладжана. Даносы не прападаюць. Ня тое што заявы ў гарвыканкаме.

Ён выйшаў у вiтальню з рашучым намерам пайсьцi, не адкладваючы, тым болей, што будынак КГБ быў няблiзка. Пакуль дойдзе, настане ранак. Але калi паперы перадаваць празь дзяжурнага, мабыць, трэба канвэрт. Давялося вяртацца па канвэрт, на якiм ён вывеў выразнымi лiтарамi: "КГБ БССР". Заклейваць ня стаў, мусiць, так было лепей. А то падумаюць, што ў канвэрце плястыкавая бомба, i затрымаюць самога. Затрымлiвацца там ён не хацеў нават на хвiлiну. Лiфт незвычайна гулка грукацеў у ранiшняй цiшы пад'езда, пакуль ён спускаўся з паверху. Унiзе ля доўгага шэрагу паштовых скрынак сутыкнуўся з суседам, адстаўнiком-вайскоўцам. Той, у спартовых штанах i красоўках, мабыць, вяртаўся з ранiшняй прабежкi i толькi зьдзiўлена акруглiў вочы, пабачыўшы Скварыша. Скварыш нiчога тлумачыць ня стаў, хутчэй сiгануў ад парога да прыступак. Цяпер ён не хацеў бачыць нiкога.

Спакваля прачынаўся горад, на пустых з ночы вулiцах усё большала таропкiх мiнакоў. Блiжай да цэнтру, якраз на прыпынку, яго дагнаў першы тралейбус, i ён рухава ўскочыў у пусты прыбраны салён. Сядаць там ня стаў - як калiсь у далёкiм студэнцтве, прыткнуўся на задняй пляцоўцы i стаў пазiраць праз шкло. Нязвыкла было адчуваць сябе так, павернутым тварам назад. Але цяпер так было лепей.

З тралейбусу выйшаў за два кварталы ад знакамiтага ў горадзе будынка, i тут рашучасьць пачала пакiдаць яго. Чым блiжэй ён падыходзiў да бакавых дзьвярэй КГБ, тым рашучасьцi заставалася ўсё меней. Ля дзьвярэй ён зусiм замарудзiў крок, матавае шкло дзьвярных фiлёнак не давала згледзець, што там адбываецца. Але ён ведаў, што там стол i дзяжурны - неяк зiмой зазiрнуў выпадкам. Ля вушака на сьцяне чырванела невялiчкая шыльда: "Прием посетителей круглосуточно", яна абнадзейвала. Але менавiта ля самых дзьвярэй ён згубiў рэшту намеру i пратупаў мiма. Дайшоў да рога будынка, завярнуў на iншую вулiцу i стаў. Што ўрэшце рабiць? Вельмi хацелася плюнуць на ўсё ды паехаць дадому. Можа, дапiць бутэльку i завалiцца на канапу. Хай яно ўсё гарыць ясным агнём...

Але, мабыць, гэта агнём не згарыць. Гэтае ўсё не гарыць у агнi i ў вадзе ня тоне. Тое ён ведаў пэўна. Калi ён цяпер нешта ня вырашыць - рашуча i назаўжды - дык яго чакае незайздросная рэшта жыцьця. Значыць, хоча цi не, а трэба вяртацца.

I ён вярнуўся. Зноў нерашучым крокам наблiзiўся да матавых фiлёнкавых дзьвярэй, на гэты раз трымаючыся блiжэй да гранiтнага цокаля будынка. Каб не адступiць. Каб адступiць было неяк. I з ходу рвануў за доўгую адпалiраваную ручку дзьвярэй.

За сталом пры дзьвярах не было нiкога, дзяжурны, - мардаты ўкормлены прапаршчык з партупэяй цераз плячо - апынуўся якраз насупраць - ад суму шпацыраваў па праходзе. Скварыш павiтаўся. Той, здаецца, нi кроплi не зьдзiвiўшыся раньняму наведнiку, нават бы ўсьмiхнуўся - маўляў, давай, заходзь. I Скварыш сунуў у ягоныя рукi канвэрт.

- Каму?

- Ды там разьбяруцца. Ад Скварыша.

- Гэта вы? Падпiсана, да?

- Усё падпiсана.

Каб разам спынiць тую размову, Скварыш, не разварочваючыся (бы надта сьпяшаў на працу, цi што), задам пiхнуў дзьверы i апынуўся на вулiцы. Мляўкiм крокам пайшоў па тратуары па-над самым бардзюрам, i жахлiвая ява зробленага ўсё болей апаноўвала яго. Як жа так, навошта?.. А калi ён спудлаваў? Падставiў сумленнага чалавека? Што ж тады ён нарабiў?

Ды, мабыць, нарабiў...

На рагу будынка ён зноў спынiўся, паазiраўся на шкляныя дзьверы. Ну, што рабiць? Вярнуцца, узяць заяву назад? Але цi аддадуць назад? Мабыць, прапаршчык-дзяжурны ўжо рэгiструе яе ў якой тоўстай кнiзе. А як зарэгiструе, дык нiякая сiла яе адтуль ня выпiша. Будзе захоўвацца вечна. Дзяржаўная тайна. Во - так!

Бедны, няшчасны асьпiрант Красьнянскi.

Бедны, няшчасны прафэсар Скварыш...

МУЗЫКА

Надвячоркам ён задрамаў у зацемненым гатэльным нумары. Празь няшчыльныя пласьцiны белых жалюзяў у пакой цадзiлася дробна-паласатае сьвятло, якое ламана стракацела па мэблi, дыване на падлозе, па сьценах, невялiкай карцiне з выявай карыды. Што - менавiта карыды, пра тое можна было толькi здагадвацца: постацi на карцiне спрэс выяўлялiся ў форме трохкутнiкаў, чорных i чырвоных быкi i матадоры. Ён, аднак, не ўглядаўся ў карцiну - ён ня дужа заўважаў карцiн нi ў гатэлях, нi ў офiсах. Ён быў музыка, i нашмат большую цiкавасьць для яго мелi гукi. Але цяпер, калi сiеста збольшага сканчалася, а вечаровы курортны тлум яшчэ не настаў, было быццам цiха, адно мерна гуў пад стольлю вялiзны трохлопасны вэнтылятар, ды ў падваконьнi раз-пораз уздыхаў кандышан. I ўсё ж менавiта ў гэтай цiшы ўзьнiк нейкi незразумелы гук, якi вынiкаў невядома адкуль i чамусьцi трывожыў слых. Ён i прачнуўся ад таго гуку, хоць не зразумеў нiчога, сподам душы, аднак, адчуваючы штось благое, i доўга ляжаў, ня кратаючыся. Прахалоды ў пакоi не было анi колькi, было душна, млосна, неяк надта дыскамфортна, i ён не разумеў прычыны таго дыскамфорту. Магчыма, ён захварэў цi пачынаў захворваць. Цi не з тае нагоды прапаў апэтыт, на сьняданьнi ў кавярнi ён выпiў шклянку апэльсынавага соку i есьцi нiчога ня стаў. На абед зусiм не пайшоў. Не было нi сiлаў, нi жаданьня ўставаць i iсьцi ў гаманкую залю рэстарану, парушаць свой спакой. I ён ляжаў, услухоўваўся ў пошум вэнтылятара i думаў. Адчуваў - найлепей ляжаць. Калi б толькi не праклятая задуха, ад якой у тропiках не было паратунку нi ўдзень, нi ўначы. I вось гэты гук, што абудзiў яго ад санлявай зьнямогi.

Не разумеючы да канца нi свайго стану, нi прычыны трывожлiвага гулу звонку цi, можа, знутры, у сабе, ён урэшце памкнуўся ўстаць i сеў на край шырокага ложка. Але далей рашучасьць яго ўбавiлася, пасядзеўшы крыху, ён зноў з палёгкай адкiнуўся на скамячаную прасьцiну пасьцелi.

Здаецца, дарма ён прыехаў сюды, у гэты блаславёны трапiчны рай, здатны для людзкiх целаў, аблагоджаны прыродай i морам. У яго быў iншы iнтарэс, але сталася так, што кантракт на канцэрты падпiсаць не ўдалося, трапiўся няўдалы антрапрынёр, i ён падумаў тады, што, можа, гэтак i лепш. Ён вольны, без абавязкаў i мiтусьнi пабудзе ля мора, колькi ляжа на душу, а там будзе вiдаць. Тым болей, што дома, далёка на поўначы, яго нiхто не чакаў, пад той час ён вызвалiўся ад якiх бы там нi было абавязкаў - перад сям'ёй, антрапрынёрамi; можа ўпершыню ў жыцьцi настаў ягоны доўгi цi кароткi тайм-аўт. Ён быў музыка, але i з музыкай апошнiм часам штось не заладзiлася, нiколi ў яго не здаралася такой абыякавасьцi, нават агiды да iнструмэнту, якi цяпер, бы непатрэбны, сiратлiва стаяў у чорным футарале ля белых дзьвярэй. Штосьцi ў iм разладзiлася, гняло, - невыразнае, нават загадкавае, да канца не адчутае. Галоўнае - гэты вiбрасты гул, падобны на нiзкую ноту, якую хтосьцi ня мог узяць да канца, толькi спрабаваў i цягнуў, бы няўмека. Але чаму ў ёй столькi няўтульнай гнятлiвай трывогi?

Калi разумна i па-добраму, дык, мабыць, яму ў самы раз было б да псыхiятара, да iх сямейнага доктара Гаула, якi некалi лячыў жонку, цешчу, старэйшую дачку. Але нiколi не лячыў яго самога - не было патрэбы. Зноў жа ён памятаў, як яшчэ ў дзяцiнстве на тую схiльнасьць тутэйшага люду да псыхiятрыi адгукнуўся ягоны бацька - грэблiва, бы да вэнэроляга. Але бацька быў чалавек iншага веку ды й iншага племя, якое, здаецца, мела калiсьцi звычай наогул абыходзiцца без дактароў. Мабыць, штосьцi ад таго перадалося i сыну.

Не заўважыў, як зноў задрамаў, - мржа, карыстаючыся рэштай сiеставай цiшы, i неяк адразу безь пераходу цi паўзы яму прысьнiлася iншае, што ў рэальным жыцьцi ня мела да яго пэўнага дачыненьня. Але ў сьне тое ўспрымалася, бы даўно знаёмае, звыклае, i не выклiкала зьдзiўленьня. Найперш ляндшафт - шырокая прастора ўзгоркавай далiны, зялёная ад маладой травы, але з выгляду зусiм ня прэрыя, не савана, - шырокi лясны далягляд без паселiшчаў i дарог. Ён iшоў па травянiстым схiле, за iм нясьпешна цягнуўся статак валоў цi бiзонаў, тое неяк было не зусiм зразумела, але ён i не спрабаваў зразумець. Ён пачуваўся ў ролi цi то пастуха, цi то правадыра гэтага статку, i не камандаваў, не заганяў жывёлiн, а суладна вёў iх кудысь па невысокай, нетаптанай траве. Настрой i выява былi зусiм букалiчныя, калi б не загадкавая трывога, што пакрысе вынiкала невядома адкуль. Трывога тая, аднак, перарасла ў спалох, калi наперадзе паблiзу зьявiўся абрыў, - нейкая шырокая бездань, якую было не абмiнуць. Галоўнае, ён ня мог спынiцца, не спыняўся i статак; мабыць не адчуваючы небясьпекi, валы (цi бiзоны) маруднаю лавай сунулiся i сунулiся за iм i ўжо наблiзiлiся да краю безданi. Iх трэба б спынiць цi завярнуць назад, але ён не рабiў таго - ня мог цi ня ведаў, як. I ён з жахам памкнуў па сьлiзкай траве ў бездань, на дне якой штосьцi бурлiла, нiбы кiпела ў аграмадным катле - бруд, вулканiчная магма цi яшчэ што....

Адчуваньне блiзкай катастрофы i пагiбелi змусiлi яго на нейкiя душэўныя высiлкi, якiя прыпынiлi тую пакуту, i ён прачнуўся.

Асьвятленьне ў пакоi зьмянiлася: было цемнавата, здаецца, настала ноч; дробныя шчылiны-палосы перасунулiся ўгору i цяпер паласавалi столь - гэта праз жалюзi прасьвечвала нiзкае сьвятло вулiчных лiхтароў. Прыглушана гучэла недалёкая музыка ламбады - iгралi ў суседнiм гатэлi цi на ўзьбярэжжы пад пальмамi. Толькi ён адчуў з палёгкай, што пазбыўся прыкрага сну, як да ягонай душы зноў дапяў ранейшы загадкавы гул. Таго не магла заглушыць нават прычэплiвая рытмiка ламбады, ягоны несьцiханы суцэльны фон клаўся на ўсе iншыя гукi знадворку, - то было ненатуральна, незразумела i загадкава. Ён устаў з пасьцелi i, не ўключаючы сьвятла, у паўзмроку пакою намацаў дзьверы ў лоджыю.

Рытмiчныя гукi ламбады агарнулi яго з большай выразнасьцю, у твар дыхнула вечаровай парнасьцю, саланаватым подыхам мора. Босы, неапрануты, у адных толькi плаўках, ён ступiў да белых, яшчэ гарачых ад сьпёкi парэнчаў i абапёрся аб iх. Унiзе пад лоджыяй цiхенька варушылася ад начнога брызу касмылявае лiсьце пальмаў, уздоўж выгiнастага берагу цягнуўся бiсэрны ланцужок матавых прыдарожных лiхтароў, якiя зьнiкалi за скальным мыском. Мора чорнай сьцяной лена варушылася на ўсiм начным прасьцягу, нябачна зьлiваючыся ў далечынi з зорным высокiм небам. Была ноч, зь ярка, бы ўдзень, асьветленай набярэжнай, абсаджанай шэрагамi пальмаў. Па гэты бок на горным адхоне грувасьцiлiся белыя будынкi вiлаў, курорты i пансiёны; непадалёк, залiты нiзкiм сьвятлом, высiўся масiўны куб новага гатэлю кампанii Шаратон. Унiзе пад пальмамi, наўзбоч ад дарогi i гатэляў з блiскаўкамi рознакаляровых шыльдаў замерлi шэрагi аўтамабiляў; на прыморскай шашы iх трохi парадзелы паток, аднак, не прыпыняўся, блiскаючы фарамi, кацiў i кацiў у абодва бакi. Збочыўшы, два зь iх спынiлiся ўнiзе, якраз перад ягоным гатэлем пад пальмамi. З аднаго неўзабаве выйшла пара, жанчына прыпынiлася трохi, чакаючы, пакуль мужчына зачыняў аўтамабiль, затым абодва таропка скiравалi да ўваходу. З другога чамусьцi доўга нiхто не выходзiў, i ён перастаў чакаць. Ён перавёў позiрк угору, у зiхоткую ад зораў чарнату паўдзённага неба.

Якраз перад фасадам гатэлю невысока над гарызонтам i морам выразна зьзяў пяцьцю зоркамi славуты Паўднёвы крыж. Тры зь iх былi амаль аднолькавай велiчынi i яркасьцi, а дзьве астатнiя, што ўтваралi левае плячо крыжа, выдалiся драбнейшымi i амаль што зьлiвалiся ў адну, - быццам дзеля сымэтрыi крыжа. I з-пад гэтых зораў раптам узьнiкла невыразная, бы ў тумане, выява твару ягонага бацькi (на сэкунду, можа, ня болей), але ён ажно здрыгануўся ад нечаканасьцi. I разам менавiта адтуль зноў данёсься той загадкавы гук, ён стаў мацнець, зь iм сталi хутка большаць-наблiжацца зоркi; стварылася iлюзiя, нiбы ён паляцеў насустрач. Сапраўды, ён страцiў вагу, невядома як адарваўся ад поручняў, i апынуўся над морам. Сьпярша ён бачыў толькi зоркавы крыж, якi ўсё большаў, выразна адчуваўся палёт, згледзеў затым, як прамiльгнулi i зьнiклi ўнiзе набярэжная, вулiца з пальмамi, белыя фасады гатэляў, выгiнастая палоска берагавога прыбою. Пад iм апынулася шырокая чорная пустка, а ён цiха, без супрацiву паветра, нiбы бесьцялесны, мкнуў кудысьцi ўгору - у зорную мiтусьню чорнага начнога неба.

Зноў, як i раней, тое не выклiкала ў яго вялiкага зьдзiўленьня сваёй нерэальнасьцю, было нават у чымсьцi прыемна; яго цялеснае адчуваньне зьнiкла, i ён не адчуваў нi сьцюжы, нi ранейшай звыклай задухi. Ягонае бесьцялеснае Я распласталася над змрочным марскiм прасторам, якi, аднак, рассьцiлаўся ўсё шырай i шырай, ён адчуваў тое, чым вышай паднiмаўся над iм. Неўзабаве зямная прастора i зусiм зьнiкла ўначы, навакол - зьверху i зьнiзу, блiскала, мiтусiлася зоркавая карусэль; дзiўна было дзе не наткнуцца на якую зь нечакана блiзка вынiклых зорак. Але ён не наткнуўся. Яго нават вабiла iхнае зiхоткае мноства, сярод якога ён стаў пазнаваць некаторыя зоркi. Адкуль было тое пазнаваньне, невядома, нiколi ён адмыслова не вывучаў астраномiю, можа так, выпадкам што-колечы зь яе ўведваў. Але цяпер з пэўнасьцю пазнаў ярчэйшую камбiнацыю зь некалькiх зораў, што сьвяцiла-мiргала якраз на ягоным шляху наперадзе. То была раскiданая, бязладная гронка Стральца, ён нават палiчыў зоркi, якiх аказалася дзесяць цi нават адзiнаццаць - калi самых буйных, ня лiчачы цямнейшых, дробных. Крыху далей над iмi сунулася туманiстая града Млечнага шляху, i ягоны шлях кiраваў наперарэз ёй. Тады першы непакой уварваўся ў ягонае адчуваньне - што ж гэта зь iм робiцца? Неяк пераадольваючы першую прыкрасьць, ён пачаў вальней азiрацца па баках, нават зiрнуў назад Паўднёвага крыжа ўжо ня стала вiдаць, i зь iм дзесь неўпрыкмет зьнiк, бы растаяў, невыразна-няўлоўны прывiд бацькi. Мабыць, было менавiта так: бацька толькi прывiд - ужо ён ня чуўся ўпэўнена, што то быў бацька. Унiзе ляжала густая чарната - значыцца, ён пластаўся над акiянам, бо на мацерыку аднекуль блiснула б якое сьвятло. А можа, ён падняўся гэтак высока, што зьнiкла зямля, i навакол быў адно толькi космас. Сьцюдзёны, мёртвы, загадкавы космас. Але ён не адчуваў сьцюжы, ды i дыхалася нармальна, хаця хутчэй за ўсё - ён ня меў патрэбы ў дыханьнi. Нiбы альбатрос над акiянам, ён бесьцялесна лунаў у зорнай стыхii. Куды толькi?

Нешырокi прасьцяг Млечнага шляху ён адолеў даволi хутка, хоць было невядома, як мераўся час - зямнымi гадзiнамi цi сьветлавымi гадамi. Аднак нiчога асаблiвага ў iм ён не адчуў - хiба пабольшала навакол дробных пылiнак-зораў, якiя, аднак, не краналiся да яго. А як вырваўся з тае зорнай туманнасьцi, зноў трапiў у вольны зорны прастор, у якiм па-новаму загучаў той зьнешнi цi нутраны гул-сьпеў. Цяпер, аднак, той гул стаў болей падобны на сьпеў, урачыста-жалобны рэквiем. Але чаму рэквiем? Па кiм рэквiем?..

Цяпер ужо было зразумела, што ён мкнуў-ляцеў кiрункам на поўнач. Магчыма, ужо прамiнуў экватар, - калi толькi з тое вышынi можна было спраектаваць на зямны экватар. Але куды? I адкуль вынiкаў трывожны той сьпеў? Што яго яднала з тым сьпевам? I што чакала яго наперадзе?

Мусiць, аднак, ён ляцеў ня так i высока, хоць, несумненна, ужо ў космасе. I ён усё часьцей стаў пазiраць унiз. Празь нейкi час унiзе паказаўся ледзьве прыкметны берагавы абрыс нейкага мацерыка, мабыць, акiян там скончыўся. Але што гэта быў за бераг, якога мацерыка, - ён вызначыць ня мог. Уздоўж берагу разьбеглiся i цьмяна сьвяцiлi туманiстыя плямы сьвятла, - можа ад гарадзкога сьвятла шматлiкiх мэгаполiсаў? Значыць, то ня дзiкая прастора, падумалася з надзеяй. Можа, Эўропа?..

Толькi што яму рабiць у Эўропе, да якой ён ня меў дачыненьня, яна не была ягонай радзiмай, ён нават нi разу ня быў там наездам. Iншая справа бацька, бацькавы продкi. Некалi ў дзяцiнстве ён чуў бацькаў аповед пра яблыкi "антоны", i зь дзiцячаю наiўнасьцю верыў, што яны самыя смачныя. Смачнейшыя за апэльсыны, за ананасы. Аднак нi есьцi iх, нi нават убачыць нiколi не давялося. Хапала заўсёды iншых. Цяпер ён пачаў адчуваць, што падняла яго з гатэльнае лоджыi нейкая несумненна бацькоўская сiла, цi воля, цi хоць бы ягоны прывiд, якi затым зьнiк. Цi, можа, застаўся ззаду. Цяпер у зорнай прасторы яго вёў iншы лякатар, вёў, аднак, упэўнена, мабыць, загадзя пракладзеным курсам. Што гэта было? Цi ня той гул-рэквiем? Але, можа, ён зьменiцца на iншы, на штось весялейшае, болей пэўнае i меней трывожнае?

Не, гул-сьпеў не зьмяняўся, наадварот, з часам рабiўся болей выразны, набыў быццам бы знаёмыя ноты - штось з Моцарта, Бэрлiёза. Неяк яму нават пачуўся вядомы матыў з другой санаты Шапэна. Славянскi кампазытар мiнулага, ён ведаў таго кепска, але чуў калiсь, што i бацька паходзiў з таго далёкага краю. Падобна, тут умяшаўся сакральны фактар - поклiч продкаў цi што. Здаецца, ён нёсься ў зорнай вiхуры менавiта ў той бок, прынамсi - на поўнач.

Ля сузор'я Зьмяi, гэтых выгнутых справа налева пяцi буйных зорак, ён зноў адчуў блiзкую прысутнасьць бацькi, хоць нi воблiку таго, нi гуку нiдзе не заўважаў. Быццам той быў побач i цi то кiраваў ягоным шляхам, цi то сваёй мiстычнай прысутнасьцю суправаджаў яго. I жалобны нутраны матыў стаў болей выразны - ён ужо прывык да яго мэлёдыi i ведаў пэўна, што то - пахавальны марш. Але чаму пахавальны? Запытаць у нябачнай бацькавай прысутнасьцi не было як, ды ён i не наважваўся. Ён паводзiў сябе ў гэтай касьмiчнай безданi дужа ашчадна i стрымана, каб не пашкодзiць чаму, зрабiць што ня так. Ды й бацькава прысутнасьць была далiкатнай i не назаляла. Вiдаць па ўсiм, нябожчык-бацька меў большае дачыненьне да таго, што цяпер зь iм адбывалася. У адрозьненьне ад сына, бацька так i не прызвычаiўся да краiны, дзе пражыў большую частку жыцьця i дзе аддаў Богу душу. Але не аддаў маладосьцi, якая разам з фактам нараджэньня належала iншаму племю, ды й iншай культуры. А тое, мабыць, усё ж штось вызначае, як ён зразумеў, часам насуперак уласнае волi. I абставiнам. Бацька быў не такi, як iншыя ля яго - не такi характар, не такая сутнасьць. Часам яго несумяшчальнасьць з акаляючай рэальнасьцю раздражняла сына, народжанага i выхаванага на новай зямлi, хоць ён i не асуджаў бацьку. Адно доўга ня мог зразумець, таму, мабыць, ягоная сутнасьць i ня надта перадалася сыну. Але зь ягонай сьмерцю... Пасьля сьмерцi бацькi штось незразумелае пачало мацнець у сэрцы сына, i той сьцямiў, што гэта не выпадкам. Найперш ён адчуў нейкiя моманты ўласнай рознасьцi з той зямлёй, дзе нарадзiўся, быццам у яго адкрылася iншая сапраўдная радзiма. Ды ён ведаў пэўна, што iншай радзiмы не было, ён цалкам быў задаволены тою, што меў. Аднак, глядзi ты...

I цяпер гэты зорны палёт!

Мабыць, ён трапiў у самую высь неба, у самы зорны касьмiчны зэнiт. Зоркi абсыпалi яго з усiх бакоў, зьверху i зьнiзу, нясьцерпна ярка зiхацелi перад вачыма, пералiвалiся рознакаляровымi агнямi, некаторыя апынулiся зусiм блiзенька, i хутка iмчалi ля яго, болей насустрач i назад: iншыя паволi адплывалi ў бакi. А то непадалёк падалi зьнiчкi, выпiсваючы касыя срэбныя дугi, ад якiх не заставалася сьледу. На палёце яго да Валапаса з валадарна зiхоткiм Арктурам у сярэдзiне, хаўтурны матыў загучаў выразьней. Мэлёдыя неслася аднекуль з вышэйшых сфэраў i поўнiла зорны абсяг нясьцерпным жалобным смуткам. Ён ужо выразна пачаў адчуваць, што тут нешта адбудзецца, i штораз пiльней узiраўся ўнiз. Унiзе, аднак, скрозь было цёмна, толькi зрэдку штось блiскала - вадзяная паверхня цi, можа, асьветленае навакольле гарадоў-мэгаполiсаў. Адзiночныя i дробныя агнi на такую высь, вядома ж, не пранiкалi. I ён падумаў, што, можа, ён пачаў зьнiжацца, цi мо зорнае неба апусьцiлася на зямлю. Толькi чаму зямля была гэткай сурова маўклiвай? Чаму яна так затаiлася? Бы набракла горам i гневам i чакае чаго? У небе ж не было нi гора, нi гневу. Зрэшты, не было й радасьцi, гэта ён адчуваў пэўна.

Як на зорным краявiдзе заблiшчэў коўш Вялiкай Мядзьведзiцы, сумны харал загучэў на ўсю моц, толькi ён усё ня мог сьцямiць, адкуль? Зьверху, з навакольля, цi ўсё ж са змрочнай зямлi? Або можа, зь ягонай душы? Ён падумаў, што, можа, менавiта з душы, што ён яго нес з сабой. Але адкуль у душы было загучаць незнаёмай мэлёдыi? Звычайна гучала шмат iншых, ды ўсё ж знаёмых, хоць бы аднойчы iм чутых. Гэтага ж (ён мог сказаць з пэўнасьцю), ён нiколi ня чуў. Значыць, тады не з душы. Зь неба цi, можа, зь зямлi...

Што зь зямлi - то было болей пэўна.

Гэтае адкрыцьцё змусiла яго пiльней узiрацца ўнiз, у зямное цемрыва; зоркi перасталi цiкавiць яго - яго болей зацiкавiла зямля. Усё ж нешта трэба было згледзець на ёй - там была разгадка ягонай незвычайнай загадкi. Толькi дзе? Але вось палёт ягоны запаволiўся, ён лунаў ужо не сярод зораў, а пад iмi, значыць, пачалося зьнiжэньне. Здаецца, зьнiжэньне па сьпiралi цi што? Музыка гучала аж да нясьцерпнасьцi ўрачыста i кранальна. Так, там яўна штось здарылася, падобна - некага хавалi. Але каго? Так урачыста хаваць можна хiба што самога Бога. Але няўжо тут жыў Бог? Усё ж месца Бога вышэй, над усiмi i ўсiм, створаным iм. Над зямлёй, плянэтамi, зоркамi i космасам. Так, прынамсi, лiчыў ён змалку, так было засьведчана ў сьвятым пiсаньнi.

Ён ужо не апускаўся нават па сьпiралi, ён кружыў над адным, бадай, месцам - чорным хаўтурным месцам у паўночным паўшар'i неба. Рэквiем то гучаў выразна, то зацiхаў трохi, i тады ён разумеў, што аддаляецца ад нейкай мясьцiны - цi не ад крынiцы музыкi? Нейкi час у ягоным становiшчы нiчога не мянялася - ягоныя кругi паўтаралiся адзiн за адным, i ён падумаў, што ад яго штось вымагалася. Зрабiць цi хоць бы спытаць? Толькi ў каго? Нiкога нiдзе не было паблiзу, нават i бацькаў прывiд тут ужо зьнiк канчаткова. Ён быў адзiн - у суцэльнай цемрадзi, пад зорным купалам, над цёмнай зямлёй, адкуль iмкнула ўвысь i ўшыркi загадкавая музыка. I тады ён наважыўся.

- Каго хаваеце? - хрыплавата крыкнуў у цемру i аж не пазнаў свайго голасу, - гэтак жахлiва гучна прагучэў ён у касьмiчнай прасторы. Толькi рэзананснае рэха голасу сьцiхла ўгары, як зноў жа з тае прасторы пачулася:

- Народ хаваем...

"Якi народ? Чаму народ?" - заварочалiся ў ягонай сьвядомасьцi недаўменныя думкi-пытаньнi. Але вымавiць iх ён не наважыўся: мабыць, тое было ўжо занадта. Усё ўслухоўваючыся, ён стараўся зразумець нешта i, здаецца, пачаў разумець. Канечне, не дарма тут бацька. Але пры чым тут ён, бацькаў сын? Навошта яго прынесла сюды нейкая добрая цi злая воля?

А калi боская воля? I прынесла яго сюды праз космас, цераз акiян не дарма, бо было ў тым нейкае наканаваньне. Мо нават выбар, думаў ён, па-ранейшаму кружляючы i кружляючы ў недаўменьнi над змрочнай зямной прасторай. Выпiсваў у разрэджаным паветры кола за колам, а рэквiем чуў то выразна i гучна, то цiшэй, то аддалена. I раптам ён з жахам падумаў: што будзе, калi сьцiхне музыка? Куды яму? Як яму? Вярнуцца назад ён ня ведаў як, а ўпасьцi на гэтую змрочную хаўтурную зямлю было б жахлiва. Падняцца ў космас? Але як? Тое ўжо ад яго не залежала, ён ведаў. Адчуваньне катастрофы ахапiла яго i ад яго iшло, нiбы трансьлявалася ў наасфэры. Можа толькi ў тым i быў нейкi сэнс ягонага тут зьяўленьня.

I ён круцiўся, лунаў угары, пад зорнаю высяй, усё ня мог даўмецца, што трэба зрабiць, i навошта ён тут? Дзеля чаго? Ратаваць цi ратавацца самому? Але як ён мог нешта зрабiць, калi быў падначалены чужой волi, пазбаўлены ўласнага Я. Праўда, ён адчуваў, што так доўга цягнуцца ня можа, хаўтуры ўсё ж скончацца, колькi б нi цягнулiся. Цалкам магчыма, што зь iмi скончыцца i ён.

I сапраўды, музыка стала цiшэць, бы аддаляцца кудысь у зямную цемрадзь. Але ён кружляў усё над тым самым месцам, ён не аддаляўся нiкуды, - мабыць, ужо не было куды аддаляцца. Толькi штосьцi ўнутры ў яго аддалялася ў пачуцьцях, у стаўленьнi да тае трагедыi, - рабiлася абагульненым, абстрактным, цi што. Глушэла жалобная мэлёдыя, i ён таяў зь ёй разам. Хоць сябе фiзычнага ён па-ранейшаму не адчуваў, бы i ня меў свайго цялеснага Я. Але цяпер пачало марнець i ягонае Я духоўнае...

Так цягнулася, мабыць, усё ж доўга, а мо i каротка - ён не адчуваў часу. Можа, гадзiну, а можа i год... I ўжо ён усьвядомiў, што яго самога ў прасторы стала да мiзэрнага мала. Краёчак ягонага былога Я. Усё астатняе сасмактала цемра з далёкiм, як у пачатку, жалобным гулам, ды зорным касьмiчным бляскам угары.

А пасьля не засталося нiчога...

ВОСЬЛIК

На зорным небе мiж чорных верхавiн кiпарысаў блiскуча сьвяцiла летняя поўня. Яе ясны зiхотны водсьвет няроўна ляжаў на верхнiх камянях доўгай мураванай сьцяны, за якой тулiўся вузкi бядняцкi падворак з мандарынавымi дрэўцамi на схiле ды двума-трыма каменнымi хлеўчукамi нiжэй. Ля рогу аднаго зь iх, прыхаваны ценем блiжняга кiпарысу, сядзеў чалавек, якi, не зважаючы на начны позьнi час, ня спаў i нават не заплюшчваў вочы, здаецца, i ня дыхаў нават, толькi чуйна ўслухоўваўся ў кожны гук з навакольля. Як цень ад кiпарысу пасунуўся ўбок, i поўня далiкатна кранула зарослы чорнаю шчэцьцю твар, чалавек, не ўстаючы, пасунуўся далей у цень. Было вiдавочна, што ён асьцерагаўся начнога сьвятла, не хацеў, каб яго згледзелi тут, на гэтым ускраiнным гарадзкiм падворку, дзе ён, вiдаць па ўсiм, бавiў час, чагосьцi чакаючы.

Але побач не было нiкога, нiхто да яго не падыходзiў. Вузкая сьцежка за нiзкай сьцяной, што бегла ўсьцяж камянiстага, зарослага чорным кустоўем раўчука, ляжала пустая, на падворку побач не здаралася нiводнага чалавечага руху. Дзесь у калючым, ссохлым ад дзённае гарачынi быльнягу нязмоўчна трашчэлi цыкады, ды за будынiнай на падворку зрэдчасу варушыўся, уздыхаў галодны малады восьлiк. Надвячоркам, як трохi сьцямнелася, чалавек падабраў у доле рэшту травяных аб'едкаў, пасунуў блiжэй да прывязанай жывёлiны. Аднак восьлiк не накiнуўся на траву, толькi няўцямна паўзiраўся ў незнаёмага чалавека i жаласьлiва раўнуў - ён чакаў гаспадара. Але гаспадар прапаў ад учарашняга ранку, i чалавек думаў, як бы ня сталася бяда. Як бы гаспадар не прывёў сюды тых, каго цяпер належала асьцерагацца.

Асьцерагацца ён стаў даўно, прынамсi, ня першы месяц. Адразу, як ляснула iх сьвятая агульная справа, i яны рассыпалiся, хто куды. Тыя, што ацалелi ад арышту, турмаў ды лягераў, перайшлi горы, знайшлi нейкi прытулак у суседняй, думалася, дэмакратычнай краiне, дзе яны мелiся знайсьцi i падтрымку. Дэмакратыi там, здаецца, хапала, але з падтрымкай мала што атрымалася. Учора ён глухой горнай сьцежкай перайшоў мяжу i спусьцiўся з гораў назад у гэтую няшчасную краiну, яго радзiму. Якую, не зважаючы на ўсё самае лiхое, прадаўжаў любiць сыноўскаю любоўю патрыёта цi, як некаторыя казалi, - нацыяналiста. Хай будзе i так, ад зьмены назвы ягоная адданасьць краiне i яе гаротнаму люду ня зьменшыцца. Тое ён ведаў пэўна.

Хоць, вiдаць, тое было нялёгка - некаторыя абставiны пачалi сьведчыць супраць тае яго любовi. У гарах ён мог знайсьцi схованку мiж зарасьнiку i камянёў, але ў горадзе яе трэба было шукаць мiж людзей. Першы, да каго ён прыбрыў на золку, быў iхны колiшнi добры сябра, стары мудры гаршчэчнiк, што нямала памог iм у iх барацьбе. Але гаршчэчнiк, сказалi, памёр сваёй сьмерцю, падкошаны горам ад страты сыноў. Прасiць прытулку ў заплаканай зьнямоглай нявесткi ён не адважыўся. Зрэшты, абсыпаная дзецьмi, тая й ня надта запрашала яго, i ён пайшоў прэч. Памятаў, што непадалёк жыў студэнт, таксама iхны сябра, якога ён уцягнуў у рух i зрабiў неблагiм агiтатарам. Але ўжо было ведама, што хворага на сухоты студэнта, адзiнага сына ў мацi, таксама ўзялi. Цяпер той паволi канаў недзе на сталiчным стадыёне сярод тысячаў iншых - бязьвiнных зусiм i вiнаватых хiба тым, што не схацелi жыць пад драпежнай уладай дыктатара. Другi, да каго ён пастукаў у тую ноч, спаў на ўласнай пасьцелi, але ён не пусьцiў яго й на парог, сказаў, што сам сядзiць, бы на iголках, - чакае гасьцей у бронекамiзэльках. То быў iхны аднадумца - сьвятар, i чалавек падумаў: можа, i праўда, можа, i чакае. Але яму стала крыўдна, а галоўнае пачынаўся сьвiтанак, i было невядома, куды падацца на дзень.

Патуляўшыся па ўскраiне, ён падаўся да вадавоза, якога ведаў зь дзiцячай пары ад сваёй колiшняй нянькi. То быў балбатлiвы стары, п'янiца i абiбок, ён ахвотна ўзяў зь ягоных рук апошнюю ягоную купюру i прапаў на ўвесь дзень. I на ўсю наступную ноч, якую цяпер чалавек дабiваў разам з галодным восьлiкам.

Пад ранак, як поўня закацiлася за пляскаты дах суседняй будынiны, чалавек устаў i падышоў да варотцаў у завулак. Тут ляжаў глухi начны цень, чорнае прысядзiбнае кустоўе добра хавала яго на падворку. Унiзе, рассыпаўшыся на павольным схiле, ляжаў сонны горад, месячныя прыцемкi лагодна ахiналi крывыя вулiчкi жабрацкiх прадмесьцяў, бязладныя забудоўкi каменных, глiняных, саманных сядзiбаў. Нiдзе паблiзу ня блiскала нiводнага агеньчыка, не сьвяцiлася нiводнай лямпачкi; прадмесьцi танулi ў туманiстым месячным сутоньнi. Толькi ўдалечынi зьзялi адбiткi сьвятла з-за высокiх дахаў камянiц у цэнтры, дзе высiўся нябачны адсюль прэзыдэнцкi палац, ратуша зь вежай i падсьветленым гадзiньнiкам, гатэлi, дзьве палiцэйскiя казармы за катэдрай у старажытных, нядаўна мадэрнiзаваных кляштарах. Турма месьцiлася далей, на ўскраiне, i таксама ў кляштары каля рэчкi. То было дужа здатнае месьцейка, у iм цяпер пляжылi маладыя жыцьцi шмат хто зь ягоных сяброў. Iншых, мабыць, няма ўжо i ў жывых, i наўрад цi знойдуцца калi iх магiлкi - гарылы ўмелi хаваць ахвяры - бяз знаку i сьледу.

Стоячы ў месячных прыцемках ля паламаных варотцаў, чалавек рашыў канчаткова: тое ён зробiць сёньня, уранку, адкладваць далей было немагчыма. Адклад можа абярнуцца для яго катастрофай.

Шкада, для таго зноў патрэбныя былi людзi; было бязглузда рабiць тое ўпотай, безь людзей. Толькi на людзях, лепей на плошчы. Але не на рынкавай мэтазгодна было б на ратушовай. Тую плошчу ён ведаў змалку, туды хадзiў гуляць зь нянькай, затым церазь яе бегаў у недалёкую школу. Там жа ён упершыню спаткаўся са сваiм адзiным i такiм няшчасным каханьнем, а галоўнае - там перажыў колькi хвалюючых хвiлiнаў на сходах i мiтынгах, як пасьля столькiх гадоў таталiтарызму пачала ўсталёўвацца дэмакратыя. Ды не ўсталявалася. А тады плошча раiлася ад тысяч людзей пад нацыянальнымi сьцягамi, з партрэтамi колiшнiх герояў нацыi, пад мегафонныя гукi палымяных прамоваў... Сьвятарныя словы пра дэмакратыю, волю i незалежнасьць хвалявалi болей, чым адмысловае вiно, дужа верылася, што ўсё тое хутка настане. Але не настала i, здаецца, ужо не настане. Тыя, што тады зласьлiва назiралi за iмi з палацаў ды офiсаў, са штабаў i казармаў, лiхаманкава рабiлi сваю справу i выбiралi зручны для сябе момант.

I яны выбралi яго ўдала, якраз тады, як дэмакраты таго не чакалi, i скарысталiся спосабам, якога не прадбачылi.

Калi дэмакратыя зусiм ап'янела ад пачуцьця грандыёзнай перамогi над шматгадовым таталiтарызмам, гэтыя на авансцэну палiтыкi выпусьцiлi Бульдозэр раней нiкому не вядомага правiнцыйнага палiтыка, за якiм у цяньку стаялi iншыя, вядомыя i дужа разумныя. Задума была ў тым, каб Бульдозэрам расчысьцiць шлях да ўлады i прыхапiць яе для сябе. Але Бульдозэр аказаўся хiтрэйшым за ягоных апекуноў i, зь нечуваным цынiзмам захапiўшы ўладу, не схацеў нi з кiм ёю дзялiцца, падгроб усю пад сябе. Сьпярша разагнаў парлямэнт, пасьля па адным перасаджаў у турму нядаўнiх хаўрусьнiкаў; вядомага крымiнальнага аўтарытэта прызначыў кiраваць уласнай бясьпекай. Тым ён зьбянтэжыў лiдэраў палiтычных партыяў, якiя напачатку нiбы праглынулi языкi, ня ведаючы, як паставiцца да таго. А як адумалiся, стала позна: iхныя партыi былi аб'яўленыя падрыўнымi i распушчаныя. За тры месяцы Цынiчнай дыктатуры ад нядаўняй дэмакратыi не засталося i сьледу. Парлямэнцкая апазыцыя апынулася на каменнай высьпе ў моры, мiтусьлiвых студэнтаў з унiвэрсытэту перасялiлi за калючы дрот на гарадзкiм стадыёне, унiвэрсытэцкiя будынкi занялi пад палiцэйскiя казармы. Прафэсары па адным паўцякалi за горы - на эмiграцыю, а тыя, што засталiся, шчыльней зачынiлi аканiцы i не паказвалiся на вулiцу. Народ стаiўся, сьцiшыўся, змоўк у паняверцы, падобна было - зноў засынае, каб не прачнуцца стагодзьдзе.

Чалавек ня меў выразнага намеру каго-небудзь будзiць, тым болей - народ, разумеў, тое было яму не па сiле. Але ягоная неспатольная душа прагнула пратэсту супраць гiстарычнай недарэчнасьцi, якую ён бачыў у гэтым брутальным перавароце Зялёнай дэмакратыi на Цынiчную дыктатуру. Прагу пратэсту ён ня мог задушыць у сабе, яна стала мацней за яго i вымагала ўчынку. Асаблiва пасьля таго, як за горы даляцелi чуткi, што некаторыя зь ягоных сяброў перабеглi на службу дыктатуры; iншыя на эмiграцыi павiнiлiся i пачалi прасiць дазволу вярнуцца. Ён жа вярнуўся тайком, без дазволу.

На досьвiтку пачаў неспакойна тупаць нагамi, а затым парывiста зароў восьлiк. Тое затрывожыла чалавека, усё ж ён хацеў тут застацца незаўважаным. Але й пайсьцi адсюль пакуль не выпадала: было зарана, адзiнокi мiнак на вулiцы тым болей прыцягваў да сябе ўвагу. Чалавек адышоўся ад варотцаў да арбы з прывязаным да яе восьлiкам, ласкава паляпаў яго па шыi. Восьлiк даверлiва памкнуўся да яго, пацёрся аб яго сьцягном. Бедны восьлiк, ён таксама пакутаваў на адзiноце, чакаючы ад чалавека ласкi i разуменьня. Але чалавек нiчога ня меў яму даць i ня ведаў, як памагчы. Можа, варта было б яго адвязаць ад арбы ды пусьцiць - хай кормiцца самахоць. Асаблiва, калi гаспадар зьнiк надоўга. А мо назусiм? Людзi цяпер прападалi ў любы час i дзе хочаш - уначы, з свайго ложку, на кiрмашы, у аблавах, на вулiцах i тракцiрах. Наляталi гарылы, шчоўкалi на руках кайданкi, i чалавек зьнiкаў. Нi суда, нi адваката...

Стоячы ля восьлiка, чалавек пазiраў, аднак, на завулак, што ад падворку зьбягаў унiз да шырэйшае вулiцы - цi ня зьявiцца там хто-небудзь. Яму патрэбныя былi людзi на вулiцы, сярод якiх неўпрыкмет мог бы зашыцца i ён. Ужо няблага разьвiднела, а ў завулку было пуста i цiха. Поўня ня зьнiкла зь неба, хоць яе бляск стаў не такi зiхоткi, як ноччу, срэбная яе манэта паволi закочвалася за хрыбцiну недалёкай гары. Чалавек чакаў, што, можа, зьявiцца гэты ягоны недалэга-вадавоз ды дасьць рады бедалазе жывёлiне. Ды iшоў час, а гаспадар не вярнуўся.

Яшчэ празь якiх паўгадзiны зусiм стала вiдна. Здалёку i зблiзку пачаў падаваць свае гукi горад: пошум аўтамабiляў у напрамку цэнтру, жаночыя галасы зблiзку; у ранiшнiм паветры над прыгарадам пранеслася iмклiвая чародка галубоў. Ад недалёкага манастыра пад гарой прагучэлi знаёмыя зь дзяцiнства глухаватыя гукi звона - да раньняй iмшы. Тыя гукi як бы абудзiлi чалавека ад ягоных начных клопатаў - здаецца, ягоны час наставаў. На разьвiтаньне з восьлiкам ён коратка палашчыў яго даверлiвую шыю i засьцярожлiва ўзьняў на плячо невялiкi хатулёк, да якога адразу пацягнуў сваю пысу восьлiк. Панюхаў i незадаволена фыркнуў - не спадабалася. Пах бэнзыну не падабаўся i чалавеку, але цяпер было не да пахаў. Лiтровая бутля з бэнзынам была ягонай найбольшай каштоўнасьцю, даражэйшай за жыцьцё.

На гэтым ускраiнным завулку не было ходнiкаў, адно - пыльны крываваты прамежак сярод старых каменных сьцен i будынiн. Чалавек iшоў пасярэдзiне, як тут хадзiлi ўсе. На рагу з шырэйшаю вулiцай трапiўся кудлаты вулiчны сабака, якi моўчкi збочыў з чалавечага шляху i са спазьнелым зьдзiўленьнем зьнiзу ўгору паўзiраўся ў сустрэчнага чалавека. На шырэйшай, але таксама мала прывабнай вулiцы чалавек пачаў спатыкаць мiнакоў - высокая худая жанчына ў чорным несла на плячы кошык з агароднаю зелянiнай - на рынак. Жанчына коратка зiрнула на яго, незнаёмага тут чалавека з зарослым тварам i даўгiмi валасамi, у дужа разношаным, з чужога пляча, цёмным швэдры. На ягоных стаптаных сандалях ляжаў даўно ня кратаны пласт пылу шматлiкiх дарог. Але такiя цяпер тут спатыкалiся на кожнай вулiцы i не прыцягвалi вялiкай увагi. Ён зважлiва ўступiў дарогу арбе, што цягнулi за сабой два змакрэлыя ад поту мулы. Мужчыну са скрыпучай двуколкай, накладзенай кукурузнымi пачаткамi, прапушчаць ня стаў i нейкi час iшоў поруч. Мужчына-нэгар туга ўпiраўся ў зямлю босымi нагамi i ўпарта сунуў перад сабой несамавiты агародны набытак. Усё - на рынак. У гэты ранiшнi час людзi сьпяшалiся прадаць, як даражэй, свой бядняцкi тавар, вырашчаны на бядняцкiх прысядзiбных лапiках, адарваны ад сям'i, ад уласных дзяцей. Кожнаму найперш трэба былi грошы - на жыцьцё, на хлеб i падаткi. Бяздонная дыктатарская казна бясконца патрабавала грошай - для войска, вялiзнае зграi палiцыi, безьлiчы дыктатарскiх спэцслужбаў. У краiне, бы на дражджах, расьлi цэны на хлеб, а разам i памеры падаткаў ды розных плацяжоў, i канца iх росту не было вiдаць. Тыя, што беглi на рынак з пустымi сумкамi й кошыкамi, кожнага ранку жахалiся ад новых, большых за ўчарашнiя цэнаў. Жаночыя твары скрозь несьлi на сабе скруху нязбыўнага клопату - як за меншыя грошы купiць болей, каб накармiць мужоў i дзяцей. То была невырашальная задача, не па зубах нiякаму матэматыку. Ды й нiякай, самай дасканалай кампутарызаванай навуцы. Бедны, няшчасны народ, што трапiў у такую сьмярдзючую яму, зь якой не вiдно было выйсьця.

Празь нейкi нядоўгi час чалавек ужо нетаропка крочыў сярод многiх iншых гарадзкiх мiнакоў, што чым блiжэй да цэнтру, дык болей высыпалi на гарадзкiя вулiцы. Гэтыя iшлi ня толькi ў кiрунку рынку. Горад прачынаўся, усчынаўся звычайны працоўны клопат: адчынялiся раньнiя крамы, падмяталiся ходнiкi, на якiя выстаўлялi тавар рамесьнiкi, ювэлiры, гаршчэчнiкi; на вешаках разьвешвалiся нейкiя апранашкi. Крыху пазьней на вулiцах сталi трапляць са сваiмi чорнымi кейсамi дзяржаўныя службоўцы, гэтыя з важным выглядам сьпяшалiся мацаваць дыктатуру. У абодвух накiрунках па вулiцы кацiлiся аўтамабiлi. Напружаньне асьцярогi, што не пакiдала яго доўгiя днi i ночы, неяк паволi пачало нават меншаць, ён зноў трапляў у звыклы зь дзяцiнства асяродак, ад якога быў надоўга адарваны. Добра, што нiхто пакуль не пазнаваў яго, ды асаблiва й не ўзiраўся ў ягоны нiчым не прывабны твар. Трохi было дзiўнавата, але ў тым горадзе, дзе ён пражыў жыцьцё, знаёмыя, мусiць, вывелiся, разьбеглiся, хто куды. Шмат iх уцякло за мяжу, iншыя апынулiся за дротам цi ў турмах. Астатнiя сядзелi цiха, мабыць, перажывалi спазьнелае адчуваньне вiны перад дыктатурай i найболей - перад Бульдозэрам. Над гарадамi i паселiшчамi гэтай краiны ўдзень i ўначы лунала ўсеабдымная здань страху, якая паралiзавала волю.

Чалавек ня быў надта наiўны ў палiтыцы i сваiмi ўчынкамi ня меў спадзяванкi ўзварушыць народ, падштурхнуць яго на барыкады. I ўсё ж... I ўсё ж нейкая карысьць будзе, думаў ён, выпраўляючыся ў апошнi свой шлях. Калi ня зараз, дык потым. Калi аб тым не напiшуць тутэйшыя газэты, дык пабягуць чуткi, напэўна, перадасьць замежнае радыё. Гэткiя ж рэчы здараюцца ня кожны дзень. А ў межах ягонай краiны, дык цi не ўпершыню за сто гадоў. I ўжо напэўна ягоны ўчынак - першы за час гэтай Цынiчнай дыктатуры.

Сьцяўшыся ў тугi камяк, чалавек таропка пракрочыў паўз шыкоўны шкляны пад'езд высачэзнага гмаху замежнага банку, дзе, як заўжды, тоўпiлася група палiцыянтаў у навюткай шызай форме. Унiзе ля прыступкаў iх чакалi стракатыя ад розных колераў аўтамабiлi зь мiгалкамi. А крыху далей, пад мэталёваю агароджай царквы, сядзеў нядоўгi радок жабракоў - тых, каму не хапiла месца на цьвiнтары. Выпетраныя жыцьцём старэчыя твары, схуднелыя рукi, якiя цягнулiся да мiнакоў, вочы ўмольна лавiлi чужыя позiркi. Лепей было туды не глядзець, даць iм у яго не было чаго. Ён толькi збочыў ад iх на асфальт i тады на каменным слупе агароджы ўбачыў шырокую абвестку з партрэтамi i палiцэйскiм подпiсам унiзе. Бегла зiрнуўшы туды, чалавек аж скалануўся, пазнаўшы ў адным з партрэтаў сябе. Праўда, там ён быў маладзейшы, паголены, з гальштукам. Несумненна, то былi злачынцы, якiх шукала палiцыя. Але чаму на царкве? Цi ўжо й вернiкi рабiлiся памагатымi дыктатуры, зьбянтэжана падумаў чалавек. Зрэшты, а чаму б i не? Царкоўныя герархi працавалi на яе заўзята, мусiць, варта было чакаць таго i ад вернiкаў... Здаецца, там была пазначана, i сума ўзнагароды тым, хто iх выдасьць. Тады тым болей, каму ня хочацца зарабiць у жабрацкай краiне.

Побач па бруку праiмчалiся некалькi джыпаў з рулямi кулямётаў над ветравым шклом. У iх цесна сядзелi крутаплечыя постацi гарылаў у зялёных, пад мяккiмi чахламi касках. Мабыць, куды на аблаву цi ўжо з аблавы, падумаў ён без жаднае, аднак, засьцярогi i схамянуўся. Яму ўжо заставалася няшмат, ягоная роля самапала блiзiлася да фiналу. На рагу ўжо вiднелася паваротка, далей была караценькая вулiчка да ратушавай плошчы, дзе хутка ўсё i скончыцца. САМАПАЛ было для яго слова новае, нязвыклае, мабыць, не пазначанае нi ў адным слоўнiку, наватвор праклятага часу; здаецца, раней у iм не было патрэбы. А цяпер во такая патрэба зьявiлася. Упершыню ён учуў яго з радыёперадачы пра падзеi ў далёкай паўночнай краiне i хутка забыўся пра яго. Аж во пакуль яно не займела непасрэднага да яго дачыненьня на тым, апошнiм для яго паседжаньнi камiтэту. Як абмеркаваньне падышло менавiта да такой высновы, паўстала пытаньне - хто? Усе дужа задумалiся, ва ўсiх знаходзiлiся прычыны. Ён такiх прычынаў для сябе не знайшоў. Прынамсi, па iм плакаць ня будзе каму, а самому ўжо ня прыйдзецца. Тое ўсё i вырашыла.

У прадчуваньнi самага для сябе вырашальнага чалавек усё ж захваляваўся. Каторы раз памацаў у правай кiшэнi бэнзынавую запальнiчку, запальнiчка была на месцы - хоць бы не падвяла. Учора правяраў, тады спраўна пыхкала слабым сiняватым агеньчыкам. Мабыць, хопiць i слабога. Бэнзын быў гатунковы, самы лепшы на той заправачнай станцыi, павiнны загарэцца ўмомант нават ад слабой iскры. I ён пакiне гэты свалачны сьвет, грукнуўшы дзьвярыма. Ня дзеля славы дзеля народа. Трохi шкада, што разам адыдзе i жыцьцё. Але што зробiш? Ня ён першы i, трэба спадзявацца, не апошнi.

Бадай, ён ужо дайшоў да апошняй павароткi на плошчу i нават мiжволi парадаваўся, што ўсё абышлося. Галоўнае, не спаткаў нiкога зь лiку знаёмых, i гэта абяцала ўдачу. Зь нейкага часу ён стаў адзiнцам, чалавекам паасобнага кшталту; пара калектывiзму для яго мiнулася.

Адрываючыся ад рэальнага, ён ужо пераходзiў на адпаведны моманту патэтычны лад, пачынаў думаць у высокiх катэгорыях. Што было для яго жыцьцё? Асалода? Пакуты? Нейкi абавязак перад людзьмi? Перад Богам? Нi тое, нi гэта. Мала было асалоды i, калi падумаць, няшмат i пакутаў. Iншыя пакутавалi болей. Уся справа, аднак, як да таго ставiцца. Ён меў занадта вялiкае адчуваньне гонару i паставiўся да таго надта строга. Ягоныя сябры былi надзеленыя большаю схiльнасьцю да лiбэралiзму, ён жа застаўся заўзятым рыгарыстам. Асаблiва пасьля гiбелi Яны. Хто яна была для яго? Яна не была жонкаю, не была нават каханкай. Яна была для яго МАДОНАЙ. I яе ня стала. Яна згарэла не ад любовi ад цынiзму несправядлiвасьцi. Банальную несправядлiвасьць яна прызвычаiлася трываць гадамi, нахабна-цынiчнай - ня здолела i двух месяцаў. Калi яе маладзейшы каханак з дэмакрата-фiлёзафа ператварыўся ў шэфа дыктатарскай прапаганды, жыць яна не стрывала. Яе пагiбель, мусiць, стала для чалавека апошнiм штуршком да ягонага азарэньня.

Да павароткi заставалася дзясятак крокаў, як раптам ён убачыў перад сабой кабецiну ў чорным. Нейкiм зьдзiчэла-спакутаваным позiркам тая ўперлася ў ягоны твар, вочы яе раптам расшырылiся, i яна закрычала:

- А-а-а...

На момант ён зьмiзарнеў пад тым яе зьдзiчэлым позiркам, а затым i ад гэтага нямога крыку, не адразу пазнаўшы ў жанчыне мацi ягонага студэнта-сухотнiка. Пакуль ён сьцямiў тое, жанчына каршуном наляцела на яго i невялiкаю сумкай на ланцужку пачала бiць яго - па галаве, па плячах, па твары i крычаць:

- Забойца! Забойца! Забойца...

Адчуўшы, што ўсё ў яго рушыцца, ён iрвануўся прэч, на брук, ледзьве ня трапiўшы пад вялiкiя колы чорнага лэндровэра. Але жанчына не адрывалася ад яго, прадаўжала крычаць, i людзi, колькi iх было навакол i паблiзу, паварочвалiся да iх - сьпераду, ззаду, з бакоў. Чалавек памкнуўся назад, дзе, як здалося, было трошкi вальней, i з усяе моцы прыпусьцiў па вулiцы. Мусiць, тое стала яго фатальнай памылкай: кожны драпежнiк бяжыць за тым, хто ўцякае. Пабеглi й за iм... Ягоны ж iнстынкт самазахаваньня пагнаў яго прэч - каб толькi адчапiцца ад гэтай звар'яцелай жанчыны. З шырокай вулiцы ля царквы ён завярнуў на вузейшую, на рагу азiрнуўся - за iм беглi пераважна мужчыны, але траплялiся i жанкi таксама. Сьледам па вулiцы несься разрозьнены лямант i крык. Натоўп даганятых усё гусьцеў, зьяўлялiся новыя людзi - з падворкаў, цi што, далучалiся да тых, што беглi наперадзе. Праз момант яго ўжо сталi абмiнаць - з бакоў i пад сьценамi. Мабыць, справа ягоная рабiлася дрэнь. Асаблiва, як з-за высокiх сетак тэнiснага корту збоч вулiцы выскачылi двое ў спартовых гарнiтурах, гэтыя апынулiся наперадзе ўсiх. Iншыя, не адстаючы, беглi й беглi сьледам i, бы зайца ў полi, гналi яго да ўскраiны. Усе крычалi-галёкалi, iх усё большала, а ў яго ўжо не хапала дыханьня ад гэтага зьдзiчэлага бегу, i ён ня ведаў, што рабiць. I што думаць нават. То было неспадзеўна, несправядлiва, няўцямна. Адчуваючы, што захлынаецца гаркотаю ад стомы, ён шаснуў у расчыненыя вароты знаёмага зь дзяцiнства прыземiстага дому з платанам каля ўваходу. Ведаў, калiсь там быў скразны ход на суседнюю вулiцу, можа б там ён адарваўся ад даганятых. I тут жа зразумеў, што памылiўся - двор перагароджвала суцэльная бэтонная сьцяна, на якую ён скочыў з разьбегу. Яму пашчасьцiла ўхапiцца рукамi за яе чарапiчны верх, i ён кiнуў угару нагу. Яшчэ не ўзабраўся наверх, як адчуў прарэзьлiвы смурод бэнзыну. Па беленым баку сьцяны папаўзьлi няроўныя сьмярдзючыя пiсягi, хатулёк адразу аблягчэў, i Чалавек абвяла звалiўся на брук пад сьцяну. Спартовыя хлопцы ў тэнiсках схапiлi яго за рукi, вывелi на падворак, куды зьбягаўся разрозьнены натоўп ягоных даганятых. Усе ўзрушана гаманiлi, лаялiся цi спрачалiся нават, але ён ня слухаў. Нехта садраў зь ягонага пляча сьмярдзючы, непатрэбны цяпер хатулёк. Хтось пасылаў у палiцыю. Наўкола раiлася рознагалосая гамана. Хтосьцi задыхана распавядаў, як згледзеў яго i не адразу пазнаў. Iншыя даводзiлi, што адразу кiнулiся наўздагон, бо адчулi: уцякае ня так сабе. "Падпальшчык! Ах ты, падпальшчык!" - лямантавала жанчына, i ён трохi паўслухоўваўся, стараючыся даўмецца, што ўсё ж сталася? Чаму? Цi то непаразуменьне, цi злая воля, цi ягоны недаравальны промах? А можа, заканамернасьць, фатальная прадвызначанасьць? Цi... паратунак ад самога сябе? Але што лепей? Узрушана адчувалася, аднак, што ўсё кепска. Для яго даўно ўжо не здаралася, каб лепей. Толькi горш... Гэта не народ, гэта не народ, як суцяшэньне, няўцямна гучала ў ягонай сьвядомасьцi, i тут жа выразна чулася iншае: а тады хто ж? Хто тады былi тыя, што загналi яго ў пастку? Не прынялi ягонае ахвяры? Цi ён няварты быў для таго ахвяраваньня? Чагосьцi цяпер ён ня мог зразумець ад узрушаньня, i няўлад са сваiм станам, падумаў: усё ж трэба было адвязаць восьлiка...

Нейкi час у яго ўсё пыталiся, чагось ад яго дамагалiся, але ён не разумеў i ня слухаў. Маўчаў ён, калi на падворку зьявiлася палiцыя, i купка людзей расступiлася, прапушчаючы да яго двух гарылаў у iх сьмецьцевай форме. Ён не зiрнуў у iх твары - ён добра ўжо ведаў тыя нахабныя твары i нiколi не хацеў iх бачыць. Зрэшты, як i твары з натоўпу таксама. Цяпер яны для яго зьядналiся ў адзiн агiдна абагулены воблiк, ад якога пагрозьлiва патыхала сатанiнскiм злом. Ён нават недарэчна зьдзiвiўся, як мог столькi трываць iх у сваiм нядоўгiм жыцьцi? Мусiць, так думаць было несправядлiва, усё ж належала аддзялiць адно ад другога. Але цяпер штось разьдзялiць ён ня мог. Штосьцi ў iм скранулася са свайго звыклага месца i назад не трапляла...

СЬЦЯНА

Рыгору Барадулiну

Сьцяна была каменная, закапцелая, дужа старая, як i ўвесь гэты будынак-турма, што дастаўся дыктатару краiны ад ранейшага дыктатара, а таму ад яшчэ ранейшых. Дыктатары ў гэтай краiне не выводзiлiся нiколi. Калiсьцi тут балявалi цi спраўлялi крывавыя трызны, плялi змовы i ўсялякiя iншыя злачынствы - супраць улады, народа цi каго з тых, хто выйграў у бясконцай барацьбе за ўладу. Або прайграў таксама. А цяпер тут сядзеў ён i такiя, як ён. Iншыя, мабыць, сядзелi даўно i доўга, ён жа тут апынуўся нядаўна. Ранейшыя ягоныя гады i месяцы мiнулi ў iншым месцы, надта, аднак, падобным на гэта. Таму перамена месца зьняволеньня ня дужа яго ўзрушала - i там, i тут для яго быў нарыхтаваны каменны калодзеж, сыры i цёмны, - пяць крокаў удоўж i тры ўшыркi. Жалезныя дзьверы з засовам, сьмярдзючая параша ў куце - як i ўсюды. Адзiным, што тут прыцягвала ягоную ўвагу, была сьцяна. Тая, што насупраць ад дзьвярэй.

Колькi i дзе нi сядзеў, ён заўжды цiкавiўся сьценамi, тым, як i з чаго яны зробленыя. I асаблiва - што было па той бок, за сьцяной. Звычайна па той бок была зваблiвая, недаступная для яго воля, пра якую ён не пакiдаў марыць. А зробленыя сьцены былi як трэба, як гэта ўмелi рабiць калiсьцi: камень, вапна i цэгла - усё спрэс сьцьвярдзелае i нязрушнае, не драпанеш. Не прастукаеш нават. Яшчэ ў першы тут дзень ён спрабаваў пастукаць на звыклай для яго турэмнай азбуцы, але нiякага адказу не пачуў. А можа за сьцяной не было нiкога. Значыць, там магла канчацца гэтая мур-турма i пачынацца воля. Зелянець на сонцы якi куст цёрну, трава, буяць пры сьцяне старыя дрэвы замкавага парку...

Стоячы на каленях ля сваiх лахманоў, ён прыслухаўся. Але скрозь было цiха. Наглядчык нядаўна пратупаў за дзьвярыма, крокаў яго ўжо ня стала чуваць. Слабая электралямпачка пад дужа высокаю чорнай стольлю ледзьве разьвейвала змрок на каменнай падлозе; была, мабыць, глухая турэмная ноч. I ён пакрысе папоўз на каленях каля той супрацьлеглай ад дзьвярэй сьцяны, пачаў яе мацаць, агладжваць - дасьледаваць.

Нiжнi рад буйных каменных блёкаў быў складзены шчыльна i нязрушна i не прымаў у сябе нiякi ягоны стук - хоць костачкай пальца, хоць кулаком. Тое ж было i вышэй. Драпiн i нейкiх адзнак людзкога паходжаньня на камянях хапала, але яны мала пра што яму сьведчылi. Можа, там было што напiсана, ды ў паўзмроку нiчога нельга было разабраць. Хоць ён i не дамагаўся таго. Навошта яму былi адзнакi чыйгосьцi лёсу - яму хапала свайго: пакутнага, гаротнага i дужа няўдалага. Трудна было ўявiць чаго iншага ў тым лёсе, апроч гэтай во каменнай нары. Мабыць, iншага й ня будзе нiколi, тут i скончыцца ягонае жыцьцё. Бяз жаднай надзеi.

А так хацелася лепшага, якой перамены. Толькi якой? Увогуле ён выдатна разумеў, што на спадзяванкi не было падставы, трэба было мiрыцца з найгоршым. I з тым дажываць адмераны табе Богам i судзьдзямi тэрмiн. Ды ўсё ня мог саўладаць з надзеяй. Здаецца, яна ўпарта i неадчэпна валодала iм.

Сьцяна была сьцюдзёная i цьвярдая. Спрэс шурпатыя бакi гранiту, закамянелыя ад часу наплывы вапны. Дзе-нiдзе, праўда, траплялi мякчэйшыя кавалкi, складзеныя з каменя-ракушачнiку. I толькi ў кутку, у сырым i нават вiльготным кутку ўнiзе... Час цi, можа, вiльгаць штосьцi зрабiлi нават з каменем цi з вапнавай зацьвярдзеласьцю - там, здалося яму, было трохi мякчэй. Вядома, ня так, каб можна было штось выдраць, якi кавалак. Але калi парупiцца... Мусiць, варта было паспрабаваць.

I ён спрабаваў. Сьпярша кiпцямi, ды хутка пазламваў iх на абедзьвюх руках. Тады голымi пальцамi. Пальцамi, вядома, ня шмат дамогся, ды ўсё ж...

У яго зьявiлася надзея, быццам нават цьмяная мэта жыцьця. Ён пачаў менш успамiнаць былое, нават меней гаротна думаць. Толькi чакаў, як крокi наглядчыка трохi прыцiхалi за дзьвярыма, тады кiдаўся ў кут, сядаў на кукiшкi i дзёр, калупаў, драпаў. Ён амаль не пазiраў туды, яму ўжо ня трэба было сьвятло, пальцы яго ведалi ўсе драбнiцы каменя, увогуле надта цьвярдога, якога, здаецца, ня бралi нiякiя ягоныя высiлкi. Але на ражку, у самым кутку быццам было зручней - мякчэй, цi што. Менавiта там i сышлiся цяпер усе ягоныя назапашаныя за гады воля i надзея.

Ён спаў у суткi, можа, якiх пару гадзiн перад пабудкай - скорчыўшыся на трантах пад сушэйшай сьцяной, неяк забываўся, пакуль здалёку не далятаў гук гонга - сыгнал уставаць. Чакаў сьняданку, мiскi чачавiчнага сёрбава, якое зьядаў за хвiлiну. Астатнi час удзень i ўначы бавiў у куце - бы шашаль у дрэве, тачыў камень. Ражок каменя ўжо яўна вызначыўся на каменным рэльефе, мабыць, яго можна будзе паспрабаваць выдзерцi першым. А там мо зьявiцца i дзiрка. Цi хоць бы патанее сьцяна. Хоць бы каб маленькая дзiрачка, ён бы, здаецца, пралез. Як было ў дзяцiнстве, калi яны, падшыванцы, лазiлi цераз агароджу ў суседзкi сад. Старэйшыя яго пасылалi першым, бо быў ён самы худзенькi-маленькi рухавы жэўжык, якi пралазiў усюды, дзе толькi можна было пралезьцi. I дзе не было нiякай магчымасьцi - таксама. Ведаў з таго часу калi пралазiла галава, магло пралезьцi i ўсё цела. Такi быў жэўжык. Пакуль не падрос i не заняўся палiтыкай. У палiтыцы было iнакш. Часам ня мог пралезьцi нiхто. Не пралез i ён. Таму i папаўся.

Ён не лiчыў дзён i ня ведаў, колькi мiнула iх, як ён улёг у сваю бясконцую працу. Час для яго чаргаваўся пабудкай, ядой - двойчы на суткi, крокамi наглядчыка за дзьвярыма - туды i назад. Як зьявiлася мэта, узьнiкла нецярпеньне. Часам яно так жахлiва ўзгаралася, што ён палохаўся. Ведаў, так нельга. Калi што i выйдзе, дык дужа няхутка, празь нялёгкае пераадоленьне каменя i часу. Для таго патрэбныя днi, месяцы, а то й гады. Трэба было запасьцiся вялiкiм трываньнем, уменьнем скараць час. I ён запасаўся. Прывучаў сябе да павольнасьцi, мэтадычнасьцi, непасьпешнасьцi. Трудна было да таго прызвычаiцца, засвоiць тую нетаропкасьць, д'ябальскую вытрымку, зрабiць яе другой уласнай натурай. Але ён стараўся, бо без таго ня стала б надзеi. Нецярпеньне нiшчыла надзею, гэта ён ведаў пэўна. Надзея ж часам то зусiм замiрала, то ўзгаралася да нясьцерпнасьцi. Неяк, калупаючы ўсё за ражком каменя, ён пачуў па той бок сьцяны нейкiя адзнакi жыцьця: быццам пiск птушаняцi. Нутраным зрокам ён ужо ўбачыў там птушынае гнязьдзечка - недзе паблiзу, у зарасьнiку цярноўнiка, маленькiя жаўтаротыя птушаняты, i тое здалося яму дужа добрым знакам. Нецярпеньне ахапiла яго да роспачы. Спатрэбiлася сьцюдзёная лёгiка развагi, каб астудзiць яе. Той пiск мог быць зусiм не птушыны, а мышыны, напрыклад. Значыць, там магла быць нара з агiднымi турэмнымi пацукамi. Але й нара, мусiць, вяла кудысьцi з муру. Можа, таксама на волю.

Аднойчы на зыходзе глухой начы, якую ён перабыў амаль бяз сну, усё калупаючы ў сваiм змрочным кутку, адчуў, што той вугалок-аскялёпак нiбыта кратаецца пад ягонымi пальцамi. Ня надта каб дужа, але ягоныя чуйныя пальцы ўсё ж запрыкмецiлi невялiкi рух - унiз i ўгару. Тое надало яму незвычайнага iмпэту. Ён напяўся, iрвануў, але тут жа i астудзiў сябе: сёньня ня трэба. Сёньня хай будзе ўсё, як было. Мабыць, выдзерцi той аскялёпак трэба на пачатку ночы, а не ў канцы. Усё ж напачатку куды болей часу i болей магчымасьцi. Зноў жа ўранку звычайна прыходзяць наглядчыкi.

Перад прыходам наглядчыкаў ён турбаваўся, каб тыя чаго не заўважылi на ягоным твары-якога ажыўленьня, сьледу надзеi. Хоць у камэры было змрочна, але ён ведаў: штосьцi магло адбiцца ў выразе яго аброслага шчэцьцю твару, у якi яны кожнага разу пранiклiва ўзiралiся. Зь цiкавасьцi цi з абавязку свае турэмнае службы. I ён намагаўся зрабiць той выраз як мага спакайнейшым, засяроджаным на чымсьцi ўнутраным, сонным, замкнёным ад зьнешняга позiрку. Невядома, як тое яму ўдалося, але, здаецца, наглядчыкi пакуль што нiчога не заўважалi. Тое ўжо было немалой удачай. Але ўдач цяпер яму трэба было шмат, ён прагнуў удач. I найперш у тым сырым куце.

I праўда, лёс да яго, мусiць, паставiўся мiласэрна. Неўзабаве ён выдраў каменны аскялёпак - вузкi, з вострымi бакамi, за якiм, аднак, нiчога яму не адкрылася. Далей скрозь быў цьвярды, шурпаты, сьцюдзёны камень. Але тым аскялёпкам усё ж можна было дзейнiчаць, нiбы iнструмэнтам, тачыць iм памiж камянёў. I ён пачаў тачыць, адломваць, шараваць камень аб камень. Бiць ён ня мог, трэба было як мага пазьбягаць кожнага гуку, каб нiчога ня ўчулi нi за дзьвярыма, нi там, за сьцяной. Ён па-ранейшаму ня ведаў, што яго там чакае воля цi, можа, новая турма. Але надзея ўпарта малявала яму пэўныя пэрспэктывы волi: горад, спатканьне зь сябрамi i зь ёй... Яму б толькi адолець гэты каменны мур.

I ён калупаў - цiхенька, з асьцярогай, увесь час чуйна прыслухоўваючыся да шолахоў-гукаў за дзьвярыма. Раз-пораз падхоплiваўся ды кiдаўся на свае транты ў другiм кутку. Але ўначы тое здаралася рэдка, уначы да яго празь дзьверы амаль не зазiралi, болей глядзелi зьвечара. Пад ранiцу наглядчыкi таксама, мусiць, стамлялiся, хадзiлi радзей i павальней. Аднойчы ён сьцямiў, што варта пасунуць пасьцелю блiжэй у кут, каб рабiць сваю справу лежачы, так было б больш непрыкметна. Але як было тое зрабiць? Усё ж, калi пасунуцца з пасьцеляй на мэтр, яны адразу заўважаць. А калi памалу, па колькi дзюймаў за дзень? I ён пасунуўся. Сьпярша на тры дзюймы, пасьля на пяць. I яшчэ. Кожны раз, калi прыходзiлi наглядчыкi, ён няўзнак i пiльна назiраў за iхнымi позiркамi - цi не заўважылi яны? Не, пакуль быццам нiчога. Цi, можа, гэтак умелi схаваць свае падазрэньнi? Але тое было б жахлiва, каб заўважылi i чакалi, маючы намер злавiць у самы апошнi момант. Схапiць ззаду за ногi, калi ён iрванецца на волю.

У канцы лета ён ужо прасунуўся з трантамi ў кут амаль ушчыльную. Пра тое, што скончылася лета, ён меркаваў па вопратцы наглядчыкаў, якiя апранулiся ў цяплейшае. Часам некаторыя прыходзiлi, мусiць, знадворку, ад iх веяла восеньскай сьвежасьцю, з кроплямi дажджу на плячах унiформы. У камэры ж заўжды стаяла аднолькавая тэмпэратура - халаднаватая для лета i цеплаватая для зiмы. Нiякага ацяпленьня тут не было.

Яшчэ празь нейкi час ён пратачыў мiж камянёў вузкую шчылiну, у якую пралазiлi чатыры пальцы ягонай рукi. Там сапраўды аказаўся лёх цi, можа, мышыная нара - вузкая i, здаецца, глыбокая. Ён ссыпаў туды ўсе наточаныя за ноч крошкi ад сьцяны, i яны зьнiклi там, не пакiнуўшы сьледу. Дзiрку пад ранак, перад пабудкай, акуратна закладваў каменным аскялёпкам - той добра клаўся на сваё ранейшае месца, i нават зблiзку нiчога падазронага нельга было заўважыць.

Яшчэ дужа баючыся паверыць у сваю ўдачу, ён усё ж страцiў частку свае насьцярогi i ледзьве не загубiў усю справу. Сталася тое празь ягоныя рукi. Неяк прынесшы ежу - мiску чачавiчнага сёрбава, наглядчык, немалады, з хваравiтым тварам мужчына, спынiў позiрк на ягоных руках. Ён таксама заўважыў тое, але рук схаваць не пасьпеў - у абедзьвюх была ягоная мiска. "Што, будаўнiк?" - папытаўся наглядчык i кiўнуў на ягоныя рукi. Будаўнiк, - як мага спакайней адказаў ён, хоць у ягонай душы ўсё напялася ад раптоўнага страху: няўжо здагадаўся? Але не, здаецца, не здагадаўся, бо сказаў быццам са спачуваньнем нават: i я рабiў мулярам. Пасьля ўжо, застаўшыся на адзiноце, ён уважлiва дасьледаваў свае агрубелыя, у цьвярдых мазалях рукi. Нiколi яны ў яго не былi такiя, фiзычнай працай на волi ён амаль не займаўся. Будаўнiком стаў тут, у гэтай камэры. Толькi не будаваў - бурыў старадаўнi каменны мур; мабыць, тое было цяжэй, чым будаваць. Але дзеля волi на што ня пойдеш? Тое можна зразумець, толькi назаўжды страцiўшы яе, волю.

Мусiць, было б лепш, калi б ён загiнуў, памёр, каб яго пахавалi сябры па барацьбе, i яна, паплакаўшы, пахавала б разам зь iм i сваё да яго каханьне. Так было б лепей, але так ня стала. Сталася горш, i тое душыла сваёй няпэўнасьцю, несканчонасьцю, недагаворанасьцю. У той восенскi вечар яны рассталiся, як меркавалi, на пару гадзiн, апоўначы ён абяцаў вярнуцца ў яе сьвяцёлку на паддашшы акрай гарадзкога парку. I яна, памятае, нават не зьбiралася класьцiся спаць, сказала: буду чакаць. I не разьвiталася як мае быць, толькi трошкi прыгарнулася да яго i расчынiла палавiну дзьвярэй - iдзi! Ён i пайшоў. Ён сьпяшаўся, бо iсьцi было на край гораду, а часу бракавала, i ён спазьняўся. Каб ведаць, куды сьпяшаўся! Думаў, па справе iх сьвятой барацьбы, да сябра, а там чакала яго самая чорная здрада. I ён не пасьпеў падаць каханцы хоць якi-небудзь знак, так нечакана абрынулася на яго бяда. I зьнiк назаўжды. Можна было падумаць: уцёк. Ад сяброў, ад яе, з гораду наогул. Ды яшчэ падумаць, што здрадзiў. Можа, усё тое зрабiлi iхныя ворагi, каб сябры i яна думалi, што ён прадажнiк. I цяпер замест каханьня яна яго ненавiдзiць. Хiба ж можна кахаць здрайцу? А яшчэ ён не сказаў ёй самага галоўнага слова усё думаў, зьбiраўся, ды адкладваў. То не было зручнага моманту, то здатнага для таго часу. Думаў: пасьля.

Не, яму вельмi патрэбна апынуцца на волi.

Усе гады, праведзеныя ў адзiночках ды ў агульных камэрах, ён i ня марыў калi-небудзь дачакацца волi. Вядома, можна было чакаць амнiстыi, часу, калi сканае дыктатар. Але дыктатары ў гэтай краiне памiралi нячаста, бо мелi жалезнае здароўе, як i наогул усе дыктатары. Хутчэй памрэ ён, ягонае здароўе нiколi не было надта моцнае. На волi, праўда, неяк лiпеў, падахвочаны барацьбой за вялiкую iдэю. Тут жа ён падупаў i часта кашляў, балела ў грудзях. Але як зьявiлася гэтая надзея, ён адчуў сябе лепш, быццам набыў другое дыханьне, i кашляў толькi лежачы на трантах, як калупаўся ў кутку, нават не кашлянуў нi разу. Ня мог таго дазволiць сабе.

Аднойчы глыбокай ноччу, як пратупалi за дзьвярыма i сьцiхлi крокi наглядчыка, ён намацаў у нары штось новае. Новы край каменя, ражок, за якi можна было ўхапiцца. Пакуль што аднаруч, але, калi яшчэ папацець, дык можна i аберуч. Тое адкрыцьцё яго надта ўзрушыла. Гэта быў плён, новыя магчымасьцi, узрастаньне надзеi, наблiжэньне жаданай мэты.

Але, мусiць, ня трэба было сьпяшацца. Хутка выдраць той камень наўрад цi ўдасца, на тое ў яго проста не хапала сiлы. Сьпярша трэба было абкрышыць, пашырыць шчылiну, можа, раскалупаць побач другую. Усё ж, мусiць, ён перабольшыў свае магчымасьцi, пачаў дужа пацець i, натуральна, стамляцца. Асаблiва пад ранак. Ды яшчэ бадай што бяз сну. Якiх дзьве гадзiны зьвечара цi перад пабудкай, мабыць, было замала, каб адысьцi ад стомы, аднавiць сiлы. Сваю мiску чачавiчнага сёрбава ён зьядаў усю, але таго было цяпер мала. Неяк папрасiў дабаўкi, ды на яго толькi зьдзiўлена глянулi: чаго гэта ён раптам? I ён змоўк. Мусiў абысьцiся тым, што давалi.

З тае хвiлiны, як ён намацаў край каменя, часьцей стаў думаць пра яе. Яе мiлы воблiк паўставаў перад iм у куце, як ён калупаў, шкрэб, тузаў. Зьяўляўся ў кароткiм сьне. I заўжды кепска - сумна i гаротна. Нiколi - весела, гульлiва, як нярэдка было наяве, асаблiва калi яны заставалiся ўдваiх на яе паддашку. За сьценамi шумеў дрэвамi вецер, у вокны пазiралi вузлаватыя сукi клёнаў, а iм так хораша было ўдваiх. Нават бяз словаў. З маўклiвым клопатам адзiн пра аднаго i аб iх агульнай i сьвятой справе.

Цяпер яму б толькi сказаць, што ён кахае яе i ён - ня здраднiк. Ён ахвяра, i няхай яна тое ведае. Каб усё папраўдзе. Каб яна ня думала пра яго iнакш - iнакш ён не заслугоўвае. Каб ён ведаў, як тое можа абярнуцца, ён быў бы тады iнакшы. Быў бы ў сто разоў лепшы. Сьмялейшы. Разумнейшы. I кожны дзень, калi яны былi разам, гаварыў бы ёй, што кахае. Як нiкога - нiколi. Калi б тое ведаў. Але ж ня ведаў i не сказаў. I яго дужа гняло несказанае слова.

I цяпер гэтая надзея...

Пакуль што, аднак, усё iшло няблага. Падобна, турэмшчыкi нiчога не заўважылi i нi пра што не здагадвалiся. З воглага заўсёды кутка дужа веяла сьцюжай, камянi сталi халодныя, нават мерзьлi рукi. Тое, аднак, дало падставу адчуць, што засталося няшмат. Некалькi апошнiх камянёў, а там - воля. Аднойчы ўдзень, лежачы на сваiх трантах, ён пачуў галасы - гэта адтуль, з-за сьцяны. Гаварылi дзесьцi паблiзу ад ягонага кутка, словаў нельга было разабраць, але то былi людзi з волi. Значыць, воля была дужа блiзка. Менавiта ў такi час ён стрываў немалую трывогу, што пачалася з ранку. За дзьвярыма ўсчаўся крык, здаецца, кагосьцi там бiлi. Пасьля крык стаў глушэйшы, перайшоў у камэру, цi што? Ён сядзеў, слухаў i, сьцiнаючы сэрца, чакаў. Думаў, што тое нейкiм чынам можа тычыцца i яго. I праўда, неўзабаве ягоныя дзьверы шырока расчынiлiся, уварвалася цэлая зграя турэмшчыкаў, з лаянкай выпхнулi яго ў калiдор - пачалi шманаць. Перавярнулi ягоныя транты, абмацалi сьцены. Ён нiбы абмёр ад кепскага прадчуваньня, здалося, што яны нешта ведаюць. Магчыма, ён аж пабялеў з твару i спалохаўся, што тое заўважаць. Быццам, аднак, не заўважылi - вымелiся, папярэдне пiхнуўшы яго на скамячаныя растрэсеныя транты. Тую ноч ён не калупаў у куце, болей чакаў i слухаў. Нешта неспакойная выдалася ноч

- ледзьве не да ранку хадзiлi й бегалi за дзьвярыма турэмшчыкi, зноў чулiся крыкi, лаянка, грозныя каманды. Але пад ранак усё быццам пацiшэла i зусiм ацiхла. Ён трохi задрамаў перад пабудкай.

Наступныя суткi былi спакайнейшыя, i ён, бы згаладнелы да ежы, улёг у сваю справу. Ён стараўся браць углыб, у самую тоўшчу сьцяны, не калупаючы яе ўшыркi. Калi б ухапiцца глыбей, ды яшчэ аберуч, каб ужо выдзерцi, выкацiць вялiкi камень, утварылася б нара-лёх. Каб толькi якая адтулiна. Ужо б ён прашчамiўся.

Што-колечы ён накалупаў, але стала невядома, куды падзяваць той каменны друз. Пакiнуць у куце было нельга, тое б адразу заўважылi. Разы два ён высыпаў у парашу, якую выносiлi зьняволеныя пад наглядам турэмшчыкаў. Але й тое было рызыкова. Хiба зьядаць? Пакуль што ён сыпаў друз у чаравiкi, што стаялi збоч каля дзьвярэй. Быццам навiдавоку, але змрок не даваў згледзець, што ў iх. Сам быў босы. Быццам у абутку яму было горача.

Ранкам аднаго дня, яшчэ да сьняданку, зiрнуўшы ў свой кут, ён ледзьве ня страцiў прытомнасьць: у змроку цьмяна сьвiцiлася вузенькая кароткая шчылiнка. Бы сьветлая стрэмка на глухой чарнаце сьцяны. Баючыся, што тое заўважаць наглядчыкi, ён кiнуў туды сваю турэмную куртку, неяк захiнуў сьветлую стрэмку. Турэмшчыкi, i праўда, не заўважылi, але ён падумаў, што годзе! Трэба як найхутчэй iрваць кiпцi. Iначай усё прападзе.

Наступнаю ноччу ён дамогся новага посьпеху - так пашырыў шчылiну, што мог прасунуць у яе абедзьве рукi, неяк узяцца за бок каменя. Належала яго рваць на сябе, але цi вырвецца? Цi стане ў яго столькi сiлы? Усё ж сiлы, мабыць, было малавата. Тады ён пачаў варушыць камень - цягнуць i пiхаць яго з боку ў бок, зьверху ўнiз. Тое адабрала нямала часу, але дало большы вынiк, - здаецца, ён перамагаў каменную пароду. Зь яго слабымi чалавечымi сiламi i яго магутнаю прагай волi.

Нарэшце ён выдзер гэты камень, хоць у самога паплылi ад натугi каляровыя кругi ўваччу, захлыналася дыханьне. У сьцяне быў вузкi i глыбокi лаз, зь якога патыхнула сьцюжай i змрокам бязьмесячнай ночы. Але, мусiць, у яго не засталося часу. Да ранку былi лiчаныя хвiлiны - ён адчуваў, што не пасьпее. I ў апошнiя хвiлiны можа здарыцца бяда.

Зь вялiкаю асьцярогай ён ускацiў камень на ранейшае месца, доўга круцiў яго, пакуль уладкаваў дакладана туды, дзе ён заўсёды ляжаў. Неяк затулiў трантамi шчылiны. Здаецца, i зблiзку нiчога не было вiдаць. Але калi ня ўчыняць шмон. Калi будзе шмон, усё прапала.

Той дзень ён пачуваўся бы на iголках. То сядзеў, то ўскокваў, хадзiў сюды-туды па апрыклай камэры. Наглядчык, што прынёс яму сёрбава, быў у воглым шынялi i змакрэлых ботах, значыцца, там, на волi, iшлi дажджы. Здаецца, настала восень. I яго ня выкрылi. Ужо гэта была ўдача - нечуваная, небывалая. Жахлiва, калi ўсё сарвецца у апошнi час. У апошнiя хвiлiны. Яму б толькi дачакацца начы...

Але настала i ноч. Турэмшчыкi паводзiлi сябе, як заўжды: прынесьлi вячэру, зьмянiлi парашу. Нi ў iхных паводзiнах, нi ў позiрках, здаецца, не было нiчога, што выклiкала б у яго трывогу. Ужо ён бы заўважыў. Ягоны позiрк i слых сталi цяпер, бы напятыя струны, бы лазэрны прамень - ён заўважаў усё. Надта шмат цяпер залежала не ад яго - ад iншых. I ён настроiўся на iншых - на ягоных турэмшчыкаў. Што залежала ад яго, ён зрабiў усё. Нават болей, чым спадзяваўся.

Ён хваляваўся. Увечары ня здолеў зьесьцi сваю пайку хлеба (ня лезла ў горла) i ня ведаў, куды яе схаваць. Нязьедзеная, яна магла выклiкаць падазрэньне i выдаць яго. Сунуў у гамашы, да паловы засыпаныя друзам. А сам ужо прызвычаiўся босы. Як босаму будзе там, на волi, не хацелася думаць. Галоўнае, каб вырвацца на тую волю. Як добра ўцямнела i за сьцяной ацiхлi ўсе шолахi-шумы, стаў на каленi i перахрысьцiўся. Канечне, ён быў ня надта рэлiгiйны, але ж... Мусiць, для надта вялiкае мэты здатныя ўсе сродкi - i д'яблавы, i Богавы. Абы памаглi. Трохi адкацiў убок камень, згорбiўся, нагнуўся - галава пакуль што лезла. Дужа абдзёр вуха, садраў скуру на лобе, але прашчамiцца целам было трудней. Галоўнае, не пралазiла плячо i зь iм рука, як ён нi выкручваў яе ў гэтым каменным лёху. Тузаўся так i сяк, аж спалохаўся, што зусiм зашчамiўся, бо ня мог ужо выдзерцiся i назад. Але ўсё ж, неяк намогшыся, прашчамiў руку з галавой, мабыць, да крывi абдзёршыся пад кашуляй. Горш, аднак, што i далей ня стала лягчэй. Ён ужо адчуваў, што прасунуцца назад цi наперад у яго проста не стае сiлы. Нейкi час ён ляжаў так, зашчэмлены ў камянiцы, i ня рухаўся. I тады выразна адчуў, што прападзе. Калi ня знойдзе ў сабе сiлы на апошнi рывок. Яго ахапiў спалох. Але спалох, мусiць, i надаў сiлы, прымусiў iрвануцца. За штосьцi ён учапiўся рукой наперадзе i трохi пасунуўся. Затым зноў напяўся i яшчэ пасунуўся. I яшчэ. I ўрэшце па грудзi выдзерся з каменага лёху, далей стала лягчэй. I ён апынуўся пад сьцяной знадворку, на мокрым, сьцюдзёным бруку з дробнаю траўкай мiж камянёў.

Вакол было цёмна, даволi сьцюдзёна, але зацiшна. Нейкi час ён пластом ляжаў на бруку, аддыхваўся, ня ў стане падняцца, каб сесьцi. Пасьля падняў галаву - у чорным небе высiўся шэры мур сьцяны, ад якой паўколам зачынаўся iншы, - мабыць, вежа гэтага старога збудаваньня. Сьцяна была ўзбоч, каля ягонага лёху, што чорнаю плямаю зеўраў нiзка ля ног. Вакол была ноч i воля, да якой ён нарэшце дапяўся. Але чаму ж ад яго адхлынула радасьць?

Нешта ўпарта замiнала той яго радасьцi, можа, змрочная няпэўнасьць навакольля - што тое было? Вулiца, падворак, закiнуты сквэр? Але нiдзе не вiдаць было дрэваў. Хоць павiнны ж былi яны расьцi ля старога турэмнага муру. Замест дрэваў стромка iшла ўвысь чорная вежа, а за ёй мроiўся ў цемры шэры прасьцяг усё той жа сьцяны. З кепскiм прадчуваньнем ён устаў на ногi, хiстаючыся патэпаў уздоўж сьцяны, мацаючы яе зьбiтай да крывi рукой. Пад яго босымi нагамi быў сьлiзкi сьцюдзёны брук. Хутка ён упёрся ў куток; высокая, на два паверхi сьцяна паварочвала ў iншым кiрунку. Ледзьве ня подбегам ён скiраваў ля яе, усё мацаючы рукамi яе шурпаты тынкаваны бок, думаючы натыкнуцца на браму, арку цi якi выезд. Ды марна. Ён бег нядоўга i ледзь ня выцяўся аб выступ старой i няроўнай каменнай кладкi, за якой, аднак, бы чарнелася штосьцi. То была шырокая i высокая нiша зь дзьвярыма-выездам з гэтай каменнай пасткi. I праўда, у нiшы чарнелiся вялiзныя, абкаваныя жалезнымi крывулякамi дзьверы, але нi каля iх, нi ўнiзе не прасьвечвала нi шчылiны. Не было i клямкi. Ён цiха патузаў дзьверы, паштурхаў плячом - тыя нават не скранулiся ад яго слабой сiлы. Тады ён кiнуўся адсюль у другi бок, выцяўшыся аб штось у цемры, апынуўся на бруку. Моцна пабiў калена, ускочыў i зьнерухомеў у палахлiвым зьдзiўленьнi. Над iм у змрочнай шэранi неба высiўся знаёмы абрыс шыбенiцы, амаль над самай галавой невысока зьвiсала вяроўка-пятля. Пад ёй быў збудаваны драўляны падмостак, на якi ён i натыкнуўся ў змроку. Выйсьця адсюль не было.

Прыгаломшаны i зьнясiлены, ён цiха апусьцiўся долу. То быў поўны тупiк; пастка за iм зачынiлася. Надзея, што вяла яго гэтулькi часу, увачавiдкi змарнела i раптам сканала. Ён яшчэ жыў, але толькi нейкаю часткаю свае iстоты. Жыць у турме ня мела сэнсу, памерцi таксама мела ня большы сэнс. Добра б не нарадзiцца зусiм. Але, на жаль, тое ад яго не залежала...