"Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Брэдбери Рэй)Брэдбери РэйПра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)Рэй Брэдбэры Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю Пераклаў Сяргей Мiхальчук Семдзесят гадоў запар Генры Ўiльям Фiлд пiсаў апавяданнi, якiя нiхто не друкаваў, i вось аднойчы а палове дванаццатай ночы ён падняўся i спалiў дзесяць мiльёнаў слоў. Занёс усе рукапiсы ў падвал свайго змрочнага асабняка, у кацельню, i шпурнуў у печ. - От i ўсё, - сказаў ён i ў роздуме пра сваю марную працу i загубленае жыццё вярнуўся ў спальню, поўную ўсялякiх дзiвосных i рэдкасных рэчаў, i лёг у пасцель. - Дарэмна я стараўся паказаць наш вар'яцкi, ашалелы свет, гэта была памылка. Год 2257, ракеты, атамныя цуды, падарожжы да чужых планет i падвойных сонцаў. Каму гэта па сiле! Спрабавалi, праўда, усе. Ды нi ў аднаго сучаснага аўтара нiчога не выйшла. Космас занадта неабсяжны, думаў ён, мiжзорныя караблi занадта хуткiя, адкрыццi атамнай навукi занадта нечаканыя. Але iншыя сяк-так з грахом папалам усё ж друкавалiся, а ён, багаты, бяздзейны i гультаяваты, усё жыццё патрацiў марна. Цэлую гадзiну ён мучыўся такiмi думкамi, а пасля паплёўся праз пустыя пакоi ў бiблiятэку i запалiў лiхтар. Сярод кнiг, да якiх паўстагоддзя нiхто не дакранаўся, ён наўздагад выбраў адну. Кнiзе мiнула тры стагоддзi, старонкi пажоўклi ад часу, але ён упiўся ў гэтую кнiгу i прагна чытаў да самага досвiтку... У дзевяць гадзiн ранiцы Генры Ўiльям Фiлд выбег з бiблiятэкi, гукнуў слуг, выклiкаў па тэлевiзары юрыстаў, сяброў, вучоных, лiтаратараў. - Прыязджайце зараз жа! - крычаў ён. Не мiнула i гадзiны, як у яго сабралася чалавек дванаццаць. Генры Ўiльям Фiлд чакаў у кабiнеце - ускудлачаны, непаголены, аж непрыстойна ўзбударажаны, ахоплены нейкай незразумелай лiхаманкавай весялосцю. Высахлымi рукамi ён сцiскаў тоўстую кнiгу i, калi з iм вiталiся, толькi смяяўся ў адказ. - Глядзiце, - сказаў ён нарэшце, - вось кнiга, яе напiсаў волат, гiгант, якi нарадзiўся ў Эшвiлi, штат Паўночная Каралiна, у тысяча дзевяцiсотым годзе. Ён ужо даўно спарахнеў, а калiсьцi надрукаваў чатыры вялiзныя раманы. Ён быў як ураган. Ён узнiмаў горы i ўбiраў у сябе вятры. Пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага года ён памёр у Балтыморы, у бальнiцы Джона Гопкiнса, ад калiсьцi страшнай хваробы - пнеўманii, i пасля яго застаўся чамадан, напакаваны рукапiсамi, - i ўсе напiсаны алоўкам. Усе, хто сабраўся ў кабiнеце, паглядзелi на кнiгу. "Азiрнiся на дом, анёл". Стары Фiлд вылажыў на стол яшчэ тры кнiгi. "Пра час i пра раку", "Павуцiна i скала", "Табе ўжо не вярнуцца дадому". - Iх напiсаў Томас Вулф, - сказаў ён. - Тры стагоддзi ён спачывае ў зямлi Паўночнай Каралiны. - Дык няўжо вы паклiкалi нас толькi для таго, каб паказаць кнiгi нейкага нябожчыка? - здзiвiлiся сябры. - Не, не толькi! Я паклiкаў вас, бо зразумеў: Том Вулф - вось хто нам трэба! Вось чалавек, якi быў створаны для таго, каб пiсаць пра вялiкае, пра Час i Прастору, пра галактыкi i касмiчную вайну, пра метэоры i планеты. Ён любiў i апiсваў усё нешта такое, велiчнае i грознае. Проста ён нарадзiўся занадта рана. Яму патрэбны быў матэрыял сапраўды грандыёзны, а на Зямлi ён нiчога такога не знайшоў. Яму трэба было нарадзiцца не сто тысяч дзён назад, а сёння. - А вы, баюся, крыху спазнiлiся, - падкалоў прафесар Боўлтан. - Ну не! - абсек яго стары. - Хто-хто, а я не дам сучаснасцi абакрасцi мяне. Вы, прафесар, ставiце доследы з падарожжамi ў часе. Спадзяюся, вы ўжо ў гэтым месяцы даведзяце да ладу сваю машыну. Вось вам чэк, суму паставiце самi. Калi спатрэбяцца яшчэ грошы, скажыце толькi слова. Вы ж падарожнiчалi ўжо ў мiнулае, праўда? - Падарожнiчаў, на некалькi гадоў назад, але не на стагоддзi... - А мы даб'ёмся стагоддзяў! I вы ўсе, - ён абвёў прысутных няўрымслiвым, гарачым позiркам, - будзеце дапамагаць Боўлтану. Мне патрэбен Томас Вулф. Усе ахнулi. - Менавiта так, - пацвердзiў стары. - Вось што я задумаў. Вы даставiце мне Вулфа. Сумесна мы выканаем вялiкую задачу, палёт з Зямлi на Марс будзе апiсаны так, як здольны гэта зрабiць адзiн толькi Томас Вулф! I ўсе разышлiся, а Фiлд застаўся са сваiмi кнiгамi, ён гартаў старыя старонкi i, кiваючы, мармытаў сам сабе: - Так, так, вядома! Том - вось хто нам трэба. Том - якраз той самы хлопец для гэтай справы. Марудна цягнуўся месяц. Днi ўпарта не хацелi развiтвацца з календаром, бясконца доўжылiся тыднi, i Генры Ўiльям Фiлд гатовы быў завыць ад роспачы. Пад канец месяца ён аднойчы прачнуўся апоўначы. Званiў-надрываўся тэлефон. Фiлд у цемры працягнуў руку. - Слухаю. - Гаворыць прафесар Боўлтан. - Што скажаце? - Я выпраўляюся праз гадзiну. - Выпраўляецеся? Куды? Вы што, кiдаеце работу? Гэта немагчыма! - Даруйце, мiстэр Фiлд. Выпраўляюся - гэта значыць выпраўляюся. - Дык вы i праўда выпраўляецеся? - Праз гадзiну. - У тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы? Пятнаццатае верасня? - Так. - Вы дакладна запiсалi дату? Раптам вы з'явiцеся, калi ён ужо будзе мёртвы? Глядзiце, не спазнiцеся! Пастарайцеся трапiць туды загадзя, скажам, за гадзiну да яго смерцi. - Добра. - Я так хвалююся, ледзьве трымаю ў руках слухаўку. Шчаслiва, Боўлтан! Дастаўце яго сюды цэлага i жывога. - Дзякуй, сэр. Да пабачэння. У слухаўцы пстрыкнула. Генры Ўiльям Фiлд ляжаў без сну, ноч адлiчвала хвiлiны. Ён думаў пра Тома Вулфа як пра даўно страчанага брата, якога трэба падняць анi не пашкоджаным з-пад халоднага надмагiльнага каменя, вярнуць яму плоць i кроў, палымянасць слова. I кожны раз яго прабiралi дрыжыкi пры ўспамiне пра Боўлтана - пра таго, каго вецер Часу нясе назад, да зусiм iншых календароў, да зусiм iншых людзей. "Том, - у дрымоце думаў ён з бяссiльнай пяшчотай так стары бацька звяртаецца да любага, даўно страчанага сына, - Том, дзе ты цяпер? Прыходзь, мы табе дапаможам, ты абавязкова павiнен прыйсцi, ты нам гэтак патрэбен! Мне гэта не па сiле, Том, i нiкому з нас, цяперашнiх, не па сiле. Калi я ўжо сам не магу з гэтым справiцца, дык хоць памагу табе. У нас ты можаш жартам забаўляцца з ракетамi, Том, вось табе зоркi - прыгаршчы каляровых шкельцаў. Бяры ўсё, што душа пажадае, у нас усё ёсць. Табе будуць да густу наша гарэнне i нашы вандроўкi - яны створаны для цябе. Мы, цяперашнiя, - нiкчэмныя пiсакi, Том, я ўсiх перачытаў, i нiводзiн не варты цябе. Я адолеў вялiкае мноства iхнiх твораў, Том, i нiдзе нi на момант не адчуў Прасторы - для гэтага нам патрэбен ты! Дай жа старому тое, да чаго ён iмкнуўся ўсё жыццё, бо, Бог таму сведка, я заўсёды чакаў, што або сам я, або хто другi напiша нарэшце сапраўды вялiкую кнiгу пра зоркi, - i чакаў дарэмна. Якi ты нi ёсць сёння ўночы, Том Вулф, пакажы, на што ты здольны. Гэтую кнiгу ты рыхтаваўся стварыць. Крытыкi кажуць - гэтая цудоўная кнiга ўжо склалася ў цябе ў галаве, але тут жыццё тваё абарвалася. I вось трапiўся выпадак, Том, ты ж яго не прапусцiш? Ты ж паслухаешся i прыйдзеш да нас, прыйдзеш сёння ўночы i будзеш тут ранiцай, як я прачнуся? Гэта ж праўда, Том?" Павекi Фiлда стулiлiся; замоўк язык, якi лiхаманкава лепятаў усё тую ж настойлiвую просьбу-мальбу; заснулi вусны. Гадзiннiк прабiў чатыры. Ён абудзiўся ясным цвярозым ранкам i адчуў у грудзях прылiў хвалявання, якое ўсё нарастала i нарастала. Ён баяўся мiргануць - раптам тое, што чакае яго дзесьцi ў доме, кiнецца наўцёкi, грукне дзвярамi i знiкне назаўсёды. Ён прыцiснуў рукi да худых старэчых грудзей. Удалечынi... крокi... Адны за другiмi адчынялiся i зачынялiся дзверы. У спальню ўвайшлi двое. Фiлд чуў iхняе дыханне. I ўжо распазнаваў хаду. У аднаго дробныя акуратныя маленькiя крокi, нiбы ў павука, - гэта Боўлтан. Поступ другога выдае чалавека рослага, мажнага, грузнага. - Том? - усклiкнуў стары. Ён яшчэ не расплюшчваў вачэй. - Гэта я, - пачуў ён нарэшце. Ледзь толькi Фiлд убачыў Тома Вулфа, вобраз, што быў створаны яго ўяўленнем, лопнуў па ўсiх швах, як занадта цесная апратка на вялiкiм не па ўзросту дзiцяцi. - Дай я на цябе пагляджу, Том Вулф! - зноў i зноў паўтараў Фiлд, вылазячы з пасцелi. Яго калацiла. - Ды падымiце ж шторы, дайце на яго палюбавацца! Том Вулф, няўжо гэта ты? Вялiзны, тоўсты Том Вулф пазiраў на яго зверху ўнiз, растапырыўшы цяжкiя рукi, каб не страцiць раўнавагi ў гэтым незнаёмым свеце. Ён паглядзеў на старога, абвёў вачамi пакой, вусны яго ўздрыгвалi. - Ты якраз гэтакi, як цябе апiсвалi, Том, толькi большы. Томас Вулф засмяяўся, зарагатаў на ўсё горла - парашыў, мабыць, што звар'яцеў або бачыць нейкi недарэчны сон; ступiў крок да старога, дакрануўся да яго, азiрнуўся на прафесара Боўлтана, абмацаў свае плечы, ногi, асцярожна пакашляў, прыклаў далонь да лоба. - Гарачкi болей няма, - сказаў ён. - Я здаровы. - Вядома, здаровы, Том! - Ну i ночка! - сказаў Том Вулф. - Цяжка мне давялося. Я думаў, нiводнаму хвораму на свеце не бывала гэтак кепска. Раптам адчуваю - плыву - i падумаў: ну i гарачка ў мяне. Адчуваю - мяне кудысьцi нясе - i падумаў: усё, памiраю. Падыходзiць да мяне чалавек. Я падумаў - пасланец Божы. Узяў ён мяне за рукi. Чую - электрычнасцю пахне. Узляцеў я некуды ўгору, бачу - медны горад. Ну, думаю, з'явiўся. Вось яно, царства нябеснае, а вось i брама! Адубеў я з галавы да пят, быццам мяне трымалi ў снезе. Смех бярэ, трэба мне нешта рабiць, а то зусiм рашу, што з глузду з'ехаў. Вы ж не Пан Бог, га? З выгляду нешта не падобны. Стары засмяяўся. - Не-не, Том, я не Бог, толькi прыкiдваюся. Я Фiлд. - Ён зноў засмяяўся. Гэта ж трэба! Я гавару так, нiбыта ён можа ведаць, хто такi Фiлд. Том, я Фiлд, фiнансавы туз - кланяйся нiжэй, цалуй у руку. Я Генры Фiлд, мне падабаюцца твае кнiгi. Я перанёс цябе сюды. Падыдзi блiжэй. I стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна. - Бачыш у небе агнi, Том? - Ага, сэр. - Феерверк бачыш? - Бачу. - Гэта зусiм не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае лiпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень - свята незалежнасцi. Чалавек абвясцiў, што ён вольны ад Зямлi. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скiнута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная "рымская свечка" ляцiць на Марс. А той чырвоны агеньчык - ракета з Венеры. I яшчэ - бачыш, колькi iх? - жоўтыя, блакiтныя. Гэта мiжпланетныя караблi. Том Вулф глядзеў на ўсе вочы, быццам хлапчук-велiкан, зачараваны шматкаляровымi агнявымi цудамi, што зiхацяць i кружаць у лiпеньскiм змроку, i загараюцца, i разрываюцца з аглушальным трэскам. - Якi цяпер год? - Год ракеты. Глядзi! - Стары дакрануўся да нейкiх раслiн, i ў яго пад рукою яны раптам расцвiлi. Кветкi былi нiбы белае i блакiтнае полымя. Яны палалi, iскрылiся халаднаватымi падоўжанымi пялёсткамi. Чашачкi iхнiя былi футы два ўпоперак i холадна сiнелi, быццам асеннi месяц. - Гэта кветкi з Месяца, - сказаў Фiлд. - З таго боку Месяца. - Ён злёгку дакрануўся да iх, i яны асыпалiся сярэбраным дажджом, пырснулi белыя iскры i расталi ў паветры. Год ракеты. Вось табе адпаведная назва, Том. Вось чаму мы перанеслi цябе сюды: ты нам патрэбны. Ты адзiны чалавек, якi здольны саўладаць з Сонцам i не ператварыцца ў нiкчэмную жменьку попелу. Мы хочам, каб ты забаўляўся з Сонцам, як з мячыкам, - з Сонцам, i з Зоркамi, i з усiм, што ўбачыш па дарозе на Марс. - На Марс? - Томас Вулф азiрнуўся, схапiў старога за плячо, нахiлiўся, недаверлiва ўзiраючыся яму ў твар. - Так. Ты ляцiш сёння ў шэсць. Стары ўзняў ружовы бiлецiк, якi, здавалася, аж трапятаў у паветры, i чакаў, калi Том здагадаецца яго ўзяць. Было пяць гадзiн. - Так-так, вядома, я вельмi цаню ўсё, што вы зрабiлi! - усклiкнуў Томас Вулф. - Сядзь, Том. Перастань бегаць з кутка ў куток. - Дайце дагаварыць, мiстэр Фiлд, дайце мне закончыць, я павiнен выказаць усё да канца. - Мы ўжо столькi гадзiн спрачаемся, - зняможана прамовiў Фiлд. Яны прагаманiлi ад ранiшняга сняданка да полудня i ад полудня да вячэрняй гарбаты, пераходзiлi з аднаго пакоя ў другi (а iх было тузiн) i ад аднаго доваду да другога (а iх было дзесяць тузiнаў); абодвум рабiлася то горача, то холадна, то зноў горача. - Усё зводзiцца вось да чаго, - сказаў нарэшце Томас Вулф. - Я не магу тут заставацца, мiстэр Фiлд. Я мушу вярнуцца. Гэта не мой час. Вы не мелi права ўмешвацца... - Але... - Мая работа была ў самым разгары, а сваю лепшую кнiгу я яшчэ не пачынаў i раптам вы хапаеце мяне i пераносiце на тры стагоддзi наперад. Паклiчце прафесара Боўлтана, мiстэр Фiлд. Няхай ён пасадзiць мяне ў сваю машыну, якая яна там нi ёсць, i адправiць назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год, там мой час i маё месца. Больш мне ад вас нiчога не трэба. - Няўжо ты не хочаш пабачыць Марс? - Яшчэ як хачу! Але я ведаю, гэта не для мяне. Уся мая работа пойдзе прахам. На мяне навалiцца лавiна ўражанняў, якiя я не здолею змясцiць у мае кнiгi, калi вярнуся дадому. - Ты не разумееш, Том, ты проста не разумееш. - Цудоўна разумею, вы эгаiст. - Эгаiст? - перапытаў стары. - Так, вядома, i яшчэ якi! Дзеля сябе i дзеля iншых. - Я хачу вярнуцца дадому. - Паслухай, Том... - Паклiчце прафесара Боўлтана! - Том, я вельмi не хацеў табе казаць... Я спадзяваўся, што не давядзецца, што ў гэтым не будзе патрэбы. Але ты не пакiдаеш мне выбару. Стары працягнуў руку да завешанай сцяны, адсунуў заслону i адкрыў вялiкi белы экран, потым пачаў круцiць дыск i набiраць нейкiя лiчбы; экран замiгцеў, ажыў, агнi ў пакоi павольна згаслi - i перад вачамi ўзнiклi могiлкi. - Што вы робiце? - рэзка спытаў Вулф, зрабiў крок уперад i ўтаропiўся на экран. - Я зусiм гэтага не хацеў, - сказаў стары. - Глядзi. Могiлкi ляжалi перад iмi ў яркiм святле летняга поўдня. З экрана дыхнула гарачым пахам летняй зямлi, разагрэтага гранiту, свежасцю ручая, што цурчаў дзесьцi непадалёку. У голлi дрэва пасвiствала нейкая птушачка. Сярод надмагiльных камянёў пакалыхвалiся пунсовыя i жоўтыя кветкi, экран рухаўся, неба паварочвалася, стары круцiў дыск, усё павялiчваючы i нiбы наблiжаючы малюнак... i вось пасярод экрана вырасла змрочная гранiтная глыба - яна расце, наблiжаецца, запаланяе ўсё, яны ўжо нiчога больш не бачаць i не адчуваюць, i ў цемнаватым пакоi Томас Вулф, узняўшы вочы, чытае высечаныя на гранiце словы раз, другi, трэцi, i, задыхнуўшыся, перачытвае зноў, бо гэта яго iмя: ТОМАС ВУЛФ i дата яго нараджэння i дата смерцi, i ў халодным пакоi пахне духмянай зялёнай папараццю. - Выключце, - сказаў ён. - Даруй, Том. - Выключце, ну! Не веру я гэтаму. - Гэта праўда. Экран пачарнеў, i пакой накрыў паўночны купал неба; пакой зрабiўся склепам, ледзь адчувалася апошняе дыханне кветак. - Значыцца, я ўжо не прачнуўся, - сказаў Томас Вулф. - Так. Ты памёр тады, у вераснi тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага. - I не дапiсаў кнiгу. - Яе надрукавалi другiя, яны паставiлiся да яе вельмi беражлiва, зрабiлi за цябе ўсё, што трэба. - Я не дапiсаў сваю кнiгу, не дапiсаў! - Не бядуй гэтак. - Вам лёгка казаць! Стары ўсё не запальваў святла. Яму не хацелася бачыць Тома гэтакiм. - Сядзь, сынку. Маўчанне. - Том? Нiякага адказу. - Сядзь, сынку. Хочаш чаго-небудзь выпiць? Уздых, потым сцяты рык, быццам застагнаў паранены звер. - Гэта несправядлiва, несумленна! Мне трэба было яшчэ столькi зрабiць! Ён глуха зарыдаў. - Перастань, - сказаў стары. - Паслухай. Выслухай мяне. Ты яшчэ жывы так? Тут, зараз - ты жывы? Ты дыхаеш i ўсё адчуваеш, праўда? Томас Вулф адказаў не адразу: - Праўда. - Дык вось, - у цемры Фiлд падаўся ўперад. - Я перанёс цябе сюды, Том, я даю табе яшчэ адну магчымасць. Лiшнi месяц цi недзе каля гэтага. Думаеш, я цябе не аплакваў? Я прачытаў твае кнiгi, а пасля ўбачыў надмагiльны камень, якi трыста гадоў тачылi вецер i дажджы, i падумаў - гэткага таленту не стала! Гэтая думка проста не давала мне жыць, павер. Не давала жыць! Я не шкадаваў грошай, абы толькi знайсцi нейкую дарогу да цябе. Ты атрымаў адтэрмiноўку праўда, кароткую, дужа кароткую. Прафесар Боўлтан кажа, што, калi вельмi пашанцуе, мы здолеем пратрымаць каналы Часу адкрытымi два месяцы. Ён будзе трымаць iх для цябе два месяцы, але не даўжэй. За гэты час ты павiнен напiсаць кнiгу, Том, тую кнiгу, якую марыў напiсаць, - не-не, сынкў, не тую, якую ты пiсаў для сучаснiкаў, яны ўсе памерлi i ператварылiся ў прах, гэтага ўжо не зменiш. Не, цяпер ты створыш кнiгу для нас, для тых, хто жыве цяпер, яна нам вельмi-вельмi патрэбна. Ты пакiнеш яе нам дзеля самога ж сябе, яна будзе ва ўсiх адносiнах вышэйшай i лепшай за твае ранейшыя кнiгi... ты ж напiшаш яе, Том? Можаш ты на два месяцы забыцца пра той камень, пра бальнiцу - i пiсаць для нас? Ты напiшаш, праўда, Том? Пакой павольна запоўнiла святло. Том Вулф стаяў i глядзеў у акно вялiзны, масiўны, а твар бледны, стомлены. Ён глядзеў на ракеты, што праносiлiся ў няяркiм вечаровым небе. - Я спачатку не зразумеў, што вы для мяне зрабiлi, - сказаў ён. - Вы мне даяце яшчэ крыху часу, а час для мяне даражэй i патрэбней за ўсё, ён мой сябар i вораг, я заўсёды з iм ваяваў, i аддзякаваць вам я, мабыць, магу толькi адным спосабам. Хай будзе па-вашаму. - Ён запнуўся. - А калi я скончу работу? Што тады? - Вернешся ў бальнiцу, Том, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год. - Iнакш немагчыма? - Мы не можам змянiць Час. Мы ўзялi цябе ўсяго на пяць хвiлiн. I вернем цябе на бальнiчны ложак праз пяць хвiлiн пасля таго, як ты яго пакiнуў. Такiм чынам, мы нiчога не парушым. Усё гэта ўжо гiсторыя. Тым, што ты жывеш зараз з намi, у будучым, ты нам не пашкодзiш. Але калi ты адмовiшся вярнуцца, ты пашкодзiш мiнуламу, а значыцца, i будучаму, там шмат што перакруцiцца, будзе хаос. - Два месяцы, - сказаў Томас Вулф. - Два месяцы. - А ракета на Марс ляцiць праз гадзiну? - Ага. - Мне патрэбны папера i аловак. - Вось яны. - Трэба збiрацца. Да пабачэння, мiстэр Фiлд. - Шчаслiва, Том. Шэсць гадзiн. Заходзiць сонца. Неба чырванее, нiбы вiно. У прасторным доме цiшыня. Горача, але старога прабiраюць дрыжыкi, i вось нарэшце з'яўляецца прафесар Боўлтан. - Ну як, Боўлтан? Як ён сябе адчуваў, як трымаўся на касмадроме? Ды гаварыце ж! Прафесар усмiхаецца. - Ён проста асiлак - гэтакi велiкан, любы скафандр для яго занадта малы, давялося тэрмiнова рабiць новы. Шкада, вы не бачылi, што гэта было: ён усё-ўсё абышоў, усё абмацаў, да ўсяго прынюхваецца, нiбы вялiзны сабака, гаворыць несцiхана, а вочы круглыя, ненажэрныя, i ад усяго прыходзiць у захапленне - ну сапраўдны хлапчук, дый годзе! - Дай Бог, дай Бог! Боўлтан, а вы i праўда пратрымаеце яго тут два месяцы? Боўлтан насупiўся. - Вы ж ведаеце, ён не належыць нашаму часу. Калi энергiя тут хоць на момант аслабне, Вулфа адразу прыцягне назад у мiнулае, як папяровы мячык на гумцы. Паверце, мы ўсiмi спосабамi стараемся яго ўтрымаць. - Гэта неабходна, зразумейце! Нельга, каб ён вярнуўся, не закончыўшы кнiгi! Вы павiнны... - Зiрнiце! - перабiў Боўлтан. У неба ўзляцела серабрыстая ракета. - Гэта ён? - спытаў стары. - Ён, - сказаў прафесар. - Гэта Вулф ляцiць на Марс. - Брава, Том! - загарланiў стары i затрос кулакамi над галавой. - Дай iм перцу! Ракета патанула ў вышынi, яны праводзiлi яе вачамi. Да апоўначы да iх дайшлi першыя старонкi. Генры Ўiльям Фiлд сядзеў у сябе ў бiблiятэцы. Перад iм на стале гудзеў апарат. Апарат паўтараў словы, што былi напiсаны далёка з таго боку Месяца. Ён выводзiў iх чорным алоўкам, дакладна аднаўляючы паспешлiвыя каракулi Тома Вулфа, якiя ён нагрымзолiў за мiльён мiляў адгэтуль. Ледзьве дачакаўшыся, каб на стол лёг стосiк папяровых лiсткоў, стары схапiў iх i ўзяўся чытаць, а Боўлтан i слугi стаялi i слухалi. Ён чытаў пра Прастору i Час, i пра палёт, пра вялiкага чалавека ў вялiкай дарозе, пра доўгую поўнач i пра холад космасу, i пра тое, як згаладалы чалавек з прагнасцю паглынае ўсё гэта i патрабуе яшчэ i яшчэ. ён чытаў, i кожнае слова было поўна гарэння, i грому, i тайны. Космас як восень, пiсаў Томас Вулф. I гаварыў пра пустэльны змрок, пра адзiноту, пра тое, якi маленечкi закiнуты ў космасе чалавек. Гаварыў пра вечную восень, якая нiколi не канчаецца. I яшчэ пра мiжпланетны карабель, пра тое, як пахне метал i якi ён навобмацак, i пра пачуццё высокага лёсу, пра няўрымслiвае захапленне, з якiм нарэшце адрываешся ад Зямлi, пакiдаеш за сабою ўсе зямныя задачы i журботы i iмкнешся да задачы куды больш цяжкай, да журбы куды больш горкай. Сапраўды, гэта былi цудоўныя старонкi, i яны гаварылi тое, што абавязкова трэба было сказаць пра Сусвет i чалавека i пра яго малюпасенькiя ракеты, якiя згубiлiся ў бязмежжы космасу. Стары чытаў, пакуль не ахрып, за iм чытаў Боўлтан, потым астатнiя - да глыбокай ночы, калi апарат перастаў пiсаць i ўсе зразумелi, што Том ужо ў пасцелi, там, у ракеце, якая ляцiць на Марс... мабыць, ён яшчэ не спiць, не, яшчэ доўга ён не засне, так i будзе ляжаць без сну, быццам хлапчук напярэдаднi адкрыцця цырка: яму ўсё не верыцца, што ўжо збудаваны вялiзны, чорны, увесь аздоблены каштоўнымi камянямi балаган, i паказ пачынаецца, i дзесяць мiльярдаў зiхатлiвых акрабатаў гайдаюцца на туга напятых дратах, на нябачных трапецыях Прасторы. - Ну вось! - выдыхнуў стары, беражлiва адкладваючы апошнiя старонкi першага раздзела. - Што вы пра гэта скажаце, Боўлтан? - Гэта добра. - Якое там добра! - загарланiў Фiлд. - Гэта цудоўна! Прачытайце яшчэ раз, сядзьце i прачытайце яшчэ раз, каб вас чорт забраў! Так яно i iшло, дзень пры днi, па дзесяць гадзiн запар. На падлозе расла куча жаўтаватай спiсанай паперы - за тыдзень яна зрабiлася вялiзнай, за два тыднi - не ведаеш, як яе i назваць, пад канец месяца - i ўявiць немагчыма. - Вы толькi паслухайце! - крычаў стары i чытаў уголас. - А што?! - гаварыў ён. - А вось яшчэ раздзел, Боўлтан, а вось аповесць, яна толькi што перададзена, называецца "Касмiчная вайна", цэлая аповесць пра тое, як яно ваяваць у космасе. Ён размаўляў з рознымi людзьмi, распытваў салдат, афiцэраў, ветэранаў Прасторы. I пра ўсё напiсаў. А вось яшчэ раздзел, называецца "Доўгая поўнач", а гэты - пра тое, як мурыны засялiлi Марс, а во нарыс - партрэт марсiянiна, яму проста цаны няма! Боўлтан адкашляўся. - Мiстэр Фiлд... - Пасля, пасля, не перашкаджайце. - Кепскiя навiны, сэр. Фiлд ускiнуў сiвую галаву. - Што такое? Што-небудзь з Элементам Часу? - Перадайце Вулфу, няхай спяшаецца, - лагодна прамовiў Боўлтан. - Магчыма, на гэтым тыднi сувязь з Мiнулым абарвецца. - Я дам вам яшчэ мiльён даляраў, толькi падтрымлiвайце яе. - Справа не ў грошах, мiстэр Фiлд. Цяпер усё залежыць ад сама звычайнай фiзiкi. Я зраблю ўсё, што ў маiх сiлах. Але вы яго папярэдзьце на ўсякi выпадак. Стары скурчыўся ў крэсле, зрабiўся зусiм маленькi. - Няўжо вы зараз адбераце яго ў мяне? Ён так цудоўна працуе! Каб вы толькi бачылi, якiя эскiзы ён перадаў усяго гадзiну назад - апавяданнi, накiды. Во, во - гэта пра касмiчныя плынi, а гэта пра метэарыты. А вось пачатак аповесцi пад назвай "Пушынка i полымя"... - Нiчога не зробiш... - Але калi мы зараз страцiм яго, можа, вы здолееце даставiць яго сюды яшчэ раз? - Бязмернае ўмяшанне ў Мiнулае занадта небяспечна. Стары быццам акамянеў. - Тады вось што. Зрабiце так, каб Вулф не трацiў часу на ваджанiну з алоўкам i паперай - няхай друкуе на машынцы або дыктуе, адным словам, паклапацiцеся пра якую-небудзь механiзацыю. Абавязкова! Апарат стракатаў не ведаючы стомы - за поўнач i пасля да свiтання i ўвесь дзень без перадыху. Стары правёў бяссонную ноч; толькi ён змружыць павекi, як апарат зноў ажывае - i ён страпянецца, i зноў касмiчныя прасторы, i вандроўкi, i неабсяжнасць быцця плывуць да яго, пераўтвораныя думкай другога чалавека. "...бязмежныя зорныя лугi космасу..." Апарат запнуўся, уздрыгнуў. - Давай, Том! Пакажы iм! Стары застыў у чаканнi. Зазванiў тэлефон. Голас Боўлтана: - Мы болей не можам падтрымлiваць сувязь, мiстэр Фiлд. Яшчэ хвiлiна - i кантакт Часу сыдзе на нiшто. - Зрабiце што-небудзь! - Не магу. Тэлетайп уздрыгнуў. Быццам зачараваны, пахаладзелы ад жаху, стары сачыў, як складваюцца чорныя радкi: "..марсiянскiя гарады - дзiвосныя, непраўдападобныя, быццам камянi, што знесены з горных вяршынь нейкай iмклiвай, неверагоднай лавiнай i застылi нарэшце зiхатлiвымi россыпамi..." - Том! - крыкнуў стары. - Усё, - прагучаў у слухаўцы голас Боўлтана. Тэлетайп памарудзiў, адстукаў яшчэ слова i змоўк. - Том!!! - у роспачы закрычаў Фiлд. Ён пачаў трэсцi тэлетайп. - Дарма, - сказаў голас у слухаўцы. - Ён знiк. Я адключаю Машыну Часу. - Не-не! Пачакайце! - Але ж... - Чулi, што я сказаў? Пачакайце выключаць! Магчыма, ён яшчэ тут. - Яго больш няма. Гэта дарма, энергiя трацiцца марна. - Няхай сабе трацiцца! Фiлд шпурнуў слухаўку. I павярнуўся да тэлетайпа, вярнуўся да незакончанага сказа. - Ды ну, Том, не могуць яны вось так ад цябе адкараскацца, не паддавайся, сынку, ану, давай далей! Дакажы iм, Том, ты ж малайчына, ты большы, чым Час i Прастора i ўсе гэтыя праклятыя механiзмы, ты маеш такую сiлу, такую жалезную волю. Том, дакажы iм усiм, не давай адсылаць цябе назад! Пстрыкнуў клавiш тэлетайпа. - Том, гэта ты?! - сам не свой ад здзiўлення замармытаў стары. - Ты яшчэ можаш пiсаць? Пiшы, Том, не здавайся, пакуль ты не апусцiў рукi, цябе не могуць адаслаць назад, не могуць!!! "У", - стукнула машына. - Яшчэ, Том, яшчэ! "Дыханнi", - адстукала яна. - Ну, ну?! "Марса", - надрукавала машына i спынiлася. Кароткая цiшыня. Шчаўчок. I машына пачала зноў, з новага радка: "У дыханнi Марса адчуваеш водар карыцы i халодных рэзка пахучых вятроў, тых вятроў, што ўзнiмаюць лятучы пыл, i абмываюць нятленныя косцi, i прыносяць пылок даўным-даўно адцвiлых кветак..." - Том, ты яшчэ жывы! Замест адказу апарат яшчэ дзесяць гадзiн запар выбухаў лiхаманкавымi прыступамi i адстукаў шэсць раздзелаў "Уцёкаў ад дэманаў". - Сёння ўжо мiнула паўтара месяца, Боўлтан, цэлыя паўтара месяца, як Том паляцеў на Марс i на астэроiды. Глядзiце, вось рукапiсы. Дзесяць тысяч слоў у дзень, ён не дае сабе перадыху, не ведаю, калi ён спiць, цi паспявае паесцi, ды гэта для мяне ўсё роўна, i для яго таксама, для яго адно важна - дапiсаць, ён жа ведае, што час не чакае. - Недаступна розуму, незразумела, - сказаў Боўлтан. - Нашы рэле не вытрымалi, энергiя панiзiлася. Мы зрабiлi для галоўнага канала новыя рэле, якiя забяспечваюць надзейнасць Элемента Часу, але ж на гэта пайшло тры днi - i ўсё-такi Вулф пратрымаўся! Вiдаць, гэта залежыць яшчэ i ад яго асобы, тут дзейнiчае нешта такое, чаго мы не прадугледзелi. Тут, у нашым часе, Вулф жыве - i, аказваецца, Мiнулае не можа так лёгка яго вярнуць. Час не такi падатлiвы, як мы думалi. Мы карысталiся няправiльным параўнаннем. Гэта не гумка. Гэта болей падобна на дыфузiю - узаемапранiкненне вадкiх пластоў. Мiнулае нiбы прасочваецца ў Сучаснае... Але ўсё роўна давядзецца адаслаць яго назад, мы не можам яго пакiнуць тут: у Мiнулым утворыцца пустата: усё перамесцiцца i пераблытаецца. Па сутнасцi, яго зараз утрымлiвае ў нас толькi адно - ён сам, яго страсць, яго работа. Дапiсаўшы кнiгу, ён выслiзне з нашага часу гэтак жа натуральна, як вылiваецца вада са шклянкi. - Мне напляваць, што, як i чаму, - запярэчыў Фiлд. - Я ведаю адно: Том заканчвае сваю кнiгу! У яго ўсё той жа талент i натхненне i ёсць штосьцi яшчэ, штосьцi новае, ён шукае каштоўнасцей, якiя вышэй за Прастору i Час. Ён напiсаў псiхалагiчны эцюд пра жанчыну, якая застаецца на Зямлi, калi адважныя касманаўты накiроўваюцца ў Невядомасць, - гэта цудоўна напiсана, праўдзiва i тонка; Том назваў свой эцюд "Дзень ракеты", ён апiсаў усяго толькi адзiн дзень сама звычайнай правiнцыялкi, яна жыве ў сябе дома, як жылi яе прабабкi - вядзе гаспадарку, гадуе дзяцей... небывалы росквiт навукi, грукат касмiчных ракет, а яе жыццё амаль гэтакае ж, якое было ў жанчын у каменным веку. Том праўдзiва, старанна i пранiкнёна апiсаў яе парываннi i расчараваннi. Або во яшчэ рукапiс, называецца "Iндзейцы", тут ён пiша пра марсiян: яны - iндзейцы космасу, iх выцеснiлi i знiшчылi, як даўней iндзейскiя плямёны - чарокаў, iракезаў, чарнаногiх. Выпiце, Боўлтан, выпiце! На зыходзе другога месяца Том Вулф вярнуўся на Зямлю. Ён вярнуўся ў полымi, як у полымi i адлятаў, крокамi волата ён перасек космас i ўвайшоў у дом Генры Ўiльяма Фiлда, у бiблiятэку, дзе на падлозе грувасцiлiся стосы жоўтай паперы, скрэмзанай алоўкам або спярэшчанай радкамi машынапiсу; стосы гэтыя трэба было падзялiць на шэсць частак, з iх складаўся шэдэўр, створаны з неймавернай хуткасцю нечалавечай упартай працай, з пастаянным усведамленнем няўмольна мiнаючых хвiлiн. Том Вулф вярнуўся на Зямлю, ён стаяў у бiблiятэцы Генры Ўiльяма Фiлда i пазiраў на аграмадзiны, што былi спароджаны яго сэрцам i яго рукою. - Хочаш усё гэта прачытаць, Том? - спытаў стары. Але ён пакруцiў масiўнай галавою, шырокай далонню адкiнуў назад грыву цёмных валасоў. - Не, - сказаў ён. - Баюся пачынаць. Калi пачну, захочацца ўзяць усё гэта з сабою. А мне ж няможна забраць гэта дадому, праўда? - Няможна, Том. - А вельмi хочацца. - Нiчога не зробiш, нельга. У той год ты не напiсаў новага рамана. Што напiсана тут, павiнна тут i застацца, што напiсана там, павiнна застацца там. Нiчога нельга змянiць. - Разумею, - Вулф цяжка ўздыхнуў i апусцiўся ў крэсла. - Стамiўся я. Страшэнна стамiўся. Нялёгка гэта было. Але i здорава! Каторы гэта сёння дзень? - Шасцiдзесяты. - Апошнi? Стары кiўнуў, i нейкi час абодва маўчалi. - Назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы, на могiлкi, пад камень, сказаў Том Вулф i заплюшчыў вочы. - Не хочацца мне. Лепей бы я пра гэта не ведаў, страшна ведаць такое... Голас яго замёр, ён уткнуўся тварам у шырокiя далонi, ды так i застыў. Дзверы адчынiлiся. Увайшоў Боўлтан з бутэлечкай у руцэ i спынiўся за крэслам Тома Вулфа. - Што гэта ў вас? - спытаў стары Фiлд. - Даўно знiшчаны вiрус, - адказаў Боўлтан. - Пнеўманiя. Вельмi старажытная i надзвычай лютая хвароба. Калi мiстэр Вулф прыбыў да нас, мне, само сабой зразумела, давялося яго вылечыць, каб ён мог справiцца са сваёю работай; пры нашай сучаснай тэхнiцы гэта было зусiм лёгка. Культуру мiкроба я захаваў. Цяпер, калi мiстэр Вулф вяртаецца, трэба будзе зноў прышчапiць яму пнеўманiю. - А калi не прышчапiць? Том Вулф узняў галаву. - Калi не прышчапiць, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмым годзе ён ачуняе i паправiцца. Том Вулф падняўся. - Дык як гэта? Папраўлюся, падымуся на ногi - там, у сябе, - буду здаровы, i магiльшчыкi застануцца з носам? - Правiльна. Том Вулф утаропiўся на бутэлечку, рука яго сутаргава тарганулася. - Ну, а калi я знiшчу гэты ваш вiрус i не дамся вам? - Гэтага нiяк нельга! - Ну... а калi? - Вы ўсё разбурыце. - Што - усё? - Сувязь рэчаў, ход падзей, жыццё, усю сiстэму таго, што ёсць i што было, што мы не маем права змянiць. Вы не можаце ўсё гэта парушыць. Безумоўна адно: вы павiнны памерцi, i я мушу пра гэта паклапацiцца. Вулф паглядзеў на дзверы. - А калi я ўцяку i вярнуся без вашай дапамогi? - Машына Часу ў нас пад кантролем. Вы не можаце выйсцi з гэтага дома. Я вымушаны буду сiлком вярнуць вас сюды i зрабiць прышчэпку. Я прадбачыў, што пад канец ускладненняў не мiнуць, i зараз унiзе напагатове пяць чалавек. Варта мне гукнуць... самi бачыце, гэта бескарысна. Ну от, гэтак лепей. Вось так. Вулф адступiў, азiрнуўся, паглядзеў на старога, у акно, абвёў позiркам прасторны пакой. - Даруйце мне. Вельмi не хочацца памiраць. Ох, як не хочацца! Стары падышоў да яго, сцiснуў яму руку. - А ты паглядзi на гэта так: табе ўдалося небывалае - выйграць у жыцця два месяцы звыш тэрмiну, i ты напiсаў яшчэ адну кнiгу - апошнюю, новую кнiгу! Падумай пра гэта - i табе будзе лягчэй. - Дзякуй вам за гэта, - сур'ёзна сказаў Томас Вулф. - Дзякуй вам абодвум. Я гатовы. - Ён закасаў рукаў. - Давайце вашу прышчэпку. I пакуль Боўлтан рабiў сваю работу, Вулф вольнай рукою ўзяў аловак i на першым лiстку першай часткi рукапiсу вывеў два радкi, потым зноў загаварыў: - У адной маёй старой кнiзе ёсць такая мясцiна, - ён нахмурыўся, прыгадваючы: - "...пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю... Хто валодае Зямлёю? I навошта нам Зямля? Каб вандраваць па ёй? Цi для таго нам Зямля, каб не ведаць на ёй спакою? Кожны, каму трэба Зямля, будзе мець яе, застанецца на ёй, супакоiцца на маленькiм шматку i будзе ў цесным куточку яе вечна..." Вулф хвiлiну памаўчаў. - Вось яна, мая апошняя кнiга, - сказаў ён потым i на чыстым жоўтым лiстку вялiкiмi чорнымi лiтарамi, моцна нацiскаючы алоўкам, вывеў: Томас Вулф - пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю. Ён схапiў стос спiсаных лiсткоў, на момант прыцiснуў да грудзей. - Хацеў бы я забраць яго з сабою. Быццам расстаешся з родным сынам! Ён адклаў рукапiс, пляснуў па iм далонню, спехам пацiснуў руку Фiлду i пакрочыў да дзвярэй; Боўлтан падаўся за iм. На парозе Вулф спынiўся, асветлены перадвячэрнiм сонцам, вялiзны, велiчны. - Бывайце! - крыкнуў ён. - Бывайце! Грукнулi дзверы. Том Вулф знiк. Нарэшце яго знайшлi, ён плёўся па бальнiчным калiдоры. - Мiстэр Вулф! - Га? - Ну i напужалi вы нас, мiстэр Вулф, мы ўжо думалi, вы знiклi! - Знiк? - Дзе вы прападалi? - Дзе? Дзе прападаў? - Яго вялi начнымi калiдорамi, ён пакорлiва iшоў. Ого, каб я i сказаў вам, дзе... вы ўсё адно не паверыце. - От i ваш ложак, дарэмна вы паднялiся. I ён апусцiўся на белую смяротную пасцель, ад якой iшлi слабыя чыстыя павевы ўгатаванага яму канца, блiзкага канца, што пахнуў бальнiцай; ён толькi дакрануўся да гэтай пасцелi - i яна паглынула яго, ахутала бальнiчным пахам i халоднай бальнiчнай белiзной. - Марс, Марс, - шаптаў волат-асiлак у цiшы ночы. - Мая найлепшая, сама лепшая, сапраўды цудоўная кнiга, яна яшчэ будзе напiсана, будзе надрукавана, у зусiм iншы год, праз тры стагоддзi... - Вы занадта ўзбуджаны. - Вы так думаеце? - прамармытаў Томас Вулф. - Дык гэта быў сон? Магчыма... Харошы сон... Яго дыханне абарвалася. Томас Вулф быў мёртвы. Мiнаюць гады, на магiле Тома Вулфа зноў i зноў з'яўляюцца кветкi. I здавалася б, што ў гэтым дзiўнага, бо нямала ж народу прыходзiць яму пакланiцца. Але гэтыя кветкi з'яўляюцца кожную ноч. Нiбы з неба падаюць. Вялiзныя, колеру асенняга месяца, яны палымнеюць, iскрацца халаднаватымi падоўжанымi пялёсткамi, яны быццам белае i блакiтнае полымя. А ледзь толькi павее перадранiшнi ветрык, яны асыпаюцца серабрыстым дажджом, пырскаюць белыя iскры i растаюць у паветры. Мiнула ўжо многа, многа гадоў з таго дня, як памёр Том Вулф, а кветкi з'яўляюцца зноў i зноў... |
|
|