"Вавэль (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Аркуш Алесь)Аркуш АлесьВавэль (на белорусском языке)Алесь Аркуш Вавэль Каля абарончых муроў Вавеля бутафорскi дракон пэрыядычна дыхае полымем у бок Вiслы, але зусiм ня страшна нават маленькiм дзецям, якiя са сьмехам абступiлi страшыдлу як факiра на сьвяточным кiрмашы. Я зноў блукаю ля тваiх муроў - Вавэль, здаецца, ведаю цябе зь сiвой даўнiны столькi ж, колькi гэтыя Пагонi на тваiх брамах i сьценах. Скачуць вершнiкi да роднага Полацку, нясуць весткi з Вавэля не загады, бо ня любiць Полацак загадаў, толькi весткi пра iнтрыгi, балi i фаварытаў, альбо просьбы аб вайсковай дапамозе; ня шмат тваiх слаўных сыноў, Полацак, наведвалi гэтыя шыкоўныя залi, ступалi на гэты ганаровы брук, дзiвiлiся з гэтых шэдэўраў-габэленаў, якiмi шчодра завешаны сьцены палацу; а хто i патрапляў сюды, на вочы караля суседняе краiны, цi заўсёды ён памятаў пра цябе, вялiкi Полацак? Цi не асьляпляла яго багацьце i пашанота двара манарха? Цi не прачыналася тут, сярод бляску i велiчы, пачуцьцё зайздрасьцi i сваёй непаўнавартасьцi? I тады, забыўшыся на гонар, сьпяшалiся зайздросьнiкi засьведчыць сваю адднасьць чужому каралю, зракалiся сваiх звычаяў, традыцыяў, мовы, забыйшыся на цябе, Полацак. Быў у гэтых краёх, прынамсi, адзiн палачанiн, якi выправiўся юнаком у далёкi Кракаў, звалi яго Францiшак; толькi не блукаў ён па каралеўскiх залях, не разглядваў бiблiйных сюжэтаў на вялiкiх - на усю сьцяну - габэленах, не частаваўся смажанай алянiнай са стала манарха па веды выправiўся ў чужанiцу Францiшак. Я ступаў на тыя самыя сходы, па якiх хадзiў дапытлiвы палачанiн, гукаў у тыя самыя сутарэньнi, якiя памятаюць голас юнака зь берагоў Дзьвiны, дакранаўся да сьценаў храму навукi, якiя захоўваюць цеплыню ягоных далоняў, пытаўся ў прафэсараў: як пабачыць земляка? Усе пацiскалi ў адказ плячыма. Дзiўным чынам я знайшоў яго... На хвiлiну Скарына адарваўся ад пiльнага занятку i, як сучасны кампутар, iмклiва счытаў з майго твару апошнiя навiна з Бацькаўшчыны. Ня буду доўга замiнаць, дружа Францiшак, о! колькi наперадзе ў нас працы! Да пабачэньня! Плёну дзеля велiчы роднага Полацку! Вечарам зь сябрам выправiмся ў мiстычную рэстарацыю "Ружы i кроў", дзе замовiм чырвонага вiна, якое, перш чым налiць у нашыя фужэры, даюць пакаштаваць на смак. Мы вып'ем за Полацак i за тваё здароўе, дружа Францiшак! Я буду па-беларуску апавядаць сябру пра чароўнае месца, дзе Палата сустракаецца зь Дзьвiною, дзе Ян Баршчэўскi напаткаў свае фантастачныя прыгоды, дзе Ластоўскi шукаў таямнiчыя лабiрынты... Мой суразмоўца, якi нiколi ня быў у Полацку, будзе ветлiва слухаць, часам незаўважна пакiдаючы цьмяную залю-сутарэньне дзеля якiхсьцi тэрмiновых развагаў i думак. Я гатовы апавядаць гэтым сьценам, манэкену мнiха, якi стаiць за маёй сьпiной, i нетаропкай афiцыянтцы... Заўтра Вавэль будзе такiм самым, якiм памятаю яго з мiнуўшчыны, i пазаўтраму, i праз год, i праз стагодзьдзе, i толькi Полацак будзе мяняцца: адновiцца ўнiвэрсытэт, вярнуўшыся ў муры былога Езуiцкага калегiюму, адбудуецца сабор сьвятога Стэфана, паўстануць помнiкi героям, якiя праславiлi места, народзiцца пантэон выбiтных людзей Краiны, а пад старажытнымi скляпеньнямi ўнiверсытэту зноў галава Дзядка, якая ўмее гаварыць на тузiне эўрапейскiх моваў, будзе даваць парады полацкiм шкалярам. Калi ты прыедзеш адпачыць да нас у Полацак, я абавязкова зваджу цябе да гэтай разумнай галавы, каб ты сам-насам запытаўся ў яе пра ўласнае патаемнае, пасьля чаго я правяду цябе па полацкiх лёхах да самых Бельчыцаў, дзе мы зойдзем у рэстарацыю "У братоў базыльянаў", замовiм чырвонага вiна i вып'ем за цябе, Вавэль! Кракаў-Полацак, травень 1999 г. |
|
|