"Крылаты рэвальвер (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Стаут Рекс)

Стаут РексКрылаты рэвальвер (на белорусском языке)

Рэкс Стаўт

КРЫЛАТЫ РЭВАЛЬВЕР

Маладая жанчына вынула з рыдыкюля паперчыну ружовага колеру, устала з чырвонага скуранога крэсла, паклала яе на стол Нiра Вулфа i зноў села. Паколькi я лiчыў сваiм абавязкам быць у курсе спраў, ды i каб Вулф не нагiнаўся, бо да паперкi не так лёгка было дацягнуцца, я ўстаў, падышоў да стала i перадаў яе Вулфу, папярэдне прачытаўшы, што там было напiсана.

Гэта быў чэк на пяць тысяч даляраў, выпiсаны таго ж дня, чатырнаццатага жнiўня, на яго прозвiшча i падпiсаны Маргарэт Мiён. Вулф зiрнуў на чэк i кiнуў яго на стол.

- Я падумала, - сказала жанчына, - што, можа, гэта будзе найбольш зручны шлях пачаць размову.

Разглядаючы жанчыну з-за свайго стала, я пачаў паволi мяняць свае адносiны да яе. Калi яна патэлефанавала раней, у нядзелю адразу папалуднi, i папрасiла аб сустрэчы, я адшукаў у памяцi цьмяны ўспамiн пра яе фота, надрукаванае ў газеце некалькi тыдняў таму, i падумаў, што сустрэча з ёй не будзе ў радасць, але цяпер уяўленне аб ёй пачынала паступова мяняцца.

Знешнiя дадзеныя былi не самае галоўнае з таго, што яна мела, бо яны былi так сабе, важна - як яна iмi карысталася. Я не маю на ўвазе розныя там выкрутасы i хiтрыкi. Вусны не былi прывабныя, нават калi яна ўсмiхалася, а вось усмешка была прыгожая. Карычневыя вочы як вочы, нiчога незвычайнага, але я з асалодаю пазiраў, як яна пераводзiла iх з Вулфа на мяне, потым на мужчыну, што прыйшоў з ёю i цяпер сядзеў злева. На маю думку, трыццаць ёй будзе недзе гады праз тры.

- Цi не думаеш, - спытаўся ў яе мужчына, - што мы спачатку павiнны атрымаць адказ на некаторыя пытаннi?

Мужчына сказаў гэта напружаным i крыху суровым тонам, з адпаведным выразам твару. Ён быў устрывожаны i не хаваў гэтага. Глыбока пасаджаныя шэрыя вочы, моцны падбародак - у лепшы час яго можна было б прыняць за якога-небудзь лiдэра, але толькi не цяпер. Нешта яго мучыла. Калi мiсiс Мiён прадставiла яго як мiстэра Фрэдэрыка Ўэплера, я ўспомнiў, што гэта прозвiшча музычнага крытыка "Гэзэт", але не мог прыпомнiць, цi iшла аб iм гаворка ў iнфармацыi пра падзею, у сувязi з якой у газеце з'явiлася фатаграфiя мiсiс Мiён.

У адказ жанчына пакруцiла галавой, зрабiўшы гэта невыпадкова.

- Гэта не дапаможа, Фрэд, праўда. Нам трэба будзе ўсё расказаць i паслухаць, што ён скажа. - Яна ўсмiхнулася, зiрнуўшы на Вулфа, - цi, можа, на самай справе гэта была не ўсмешка, а звычайны для яе рух вуснаў. - Мiстэр Уэплер быў не зусiм упэўнены ў неабходнасцi звяртацца да вас, i мне прыйшлося яго ўгаворваць. Мужчыны асцеражнейшыя за жанчын, цi не так?

- Так, - пагадзiўся Вулф i дадаў: - Дзякуй Богу.

Яна кiўнула галавой, выказваючы згоду.

- Я думаю, што так, - i прадоўжыла гаворку, дапаўняючы яе жэстамi. - Я прынесла чэк у доказ таго, што ставiмся да гэтага сур'ёзна. Мы трапiлi ў непрыемнае становiшча i хацелi б, каб вы дапамаглi з яго выбрацца. Мы хочам уступiць у шлюб, але не можам гэтага зрабiць. Прынамсi, калi гаварыць толькi за сябе, я хачу выйсцi за яго замуж. - Яна зiрнула на Ўэплера, i цяпер на яе твары сапраўды была ўсмешка. - Ты хочаш жанiцца са мной, Фрэд?

- Ага, - прамармытаў той. Потым нечакана крутануў падбародкам i задзiрлiва глянуў на Вулфа. - Вы разумееце - справа далiкатная. I не хацелася б, каб у яе лезлi чужыя, але мы ўсё-такi прыйшлi да вас па дапамогу. Мне трыццаць чатыры гады, i першы раз у жыццi я... - Ён змоўк. I праз хвiлiну зноў загаварыў здаўленым голасам: - Я закаханы ў мiсiс Мiён i больш за ўсё на свеце хачу, каб яна была маёй жонкай. - Ён перавёў вочы на аб'ект кахання i прамармытаў нешта падобнае на заклiк: - Пегi!

- Лiчу гэта даказаным, - прабурчаў Вулф. - Вы абое хочаце ўступiць у шлюб. Ну, дык у чым справа?

- Справа ў тым, што мы не можам, - сказала Пегi. - Проста не можам гэтага зрабiць. I толькi таму, што... Вы, можа, памятаеце, што здарылася ў красавiку, чатыры месяцы назад, калi чыталi пра смерць Альберта Мiёна, опернага спевака?

- Нешта такое чытаў. Але вы лепш мне напомнiце.

- Ну, ён скончыў самагубствам. - Гэты раз на яе твары не было нават падабенства на ўсмешку. - Мы знайшлi яго з Фрэдам - мiстэрам Уэплерам. У сем гадзiн вечара, у адзiн з аўторкаў красавiка, у нашай кватэры на Iст-Энд-авеню. Якраз таго ж дня высветлiлася, што мы з Фрэдам кахаем адно аднаго, i...

- Пегi! - раптам звярнуўся да яе Ўэплер.

Тая зiрнула на яго, потым зноў перавяла вочы на Вулфа.

- Вiдаць, я павiнна параiцца з вамi, мiстэр Вулф. Як лiчыць Фрэд, мы павiнны расказаць вам толькi тое, без чаго нельга зразумець праблему, а я лiчу, што вы не зразумееце сiтуацыi, калi мы не раскажам вам усяго. Як вы думаеце?

- Не магу нiчога сказаць, пакуль не раскажаце. Працягвайце. Калi з'явяцца пытаннi, тады пабачым.

Мiсiс Мiён кiўнула галавой.

- Думаю, што ў вас з'явiцца шмат пытанняў. Цi здаралася з вамi такое, што вы закахалiся, але хутчэй згадзiлiся б памерцi, чым паказаць iншым вашыя пачуццi?

- Нiколi, - з iмпэтам адказаў Вулф.

Мой твар застаўся нерухомы.

- Ну што ж, а са мною такое здарылася, i я ў гэтым прызнаюся. Нiхто пра гэта не ведаў, нават ён. Праўда, Фрэд?

- Так, гэта праўда, - таксама з iмпэтам адказаў Уэплер.

- Не ведаў да таго самага дня, - працягвала Пегi. - Ён прыйшоў да нас на абед, а гэта здарылася якраз пасля абеду. Госцi разышлiся, i раптам нашы позiркi сустрэлiся, потым ён нешта сказаў, а можа, я загаварыла, дакладна не помню, хто першы пачаў гаворку. - Яна ўмольна паглядзела на Ўэплера. - Я ведаю, ты лiчыш, што гэта няёмка, Фрэд, але калi ён не будзе ведаць, як гэта ўсё адбывалася, то не зразумее, чаму ты пайшоў наверх да Альберта.

- А яму гэта трэба ведаць? - спытаўся Ўэплер.

- Ну, канечне, - мiсiс Мiён зноў звярнулася да Вулфа. - Думаю, што не здолею растлумачыць так, каб вы ўявiлi, як усё было на самай справе. Мы былi канчаткова, ну, як бы сказаць, закаханыя адно ў аднаго, вось i ўсё, i я думаю, што дагэтуль мы ўсведамлялi ўсё моўчкi, таму пачуццi захлынулi нас яшчэ больш. Фрэд вырашыў неадкладна сустрэцца з маiм мужам, каб расказаць яму пра ўсё i вырашыць, што нам рабiць далей, я сказала - ну што ж! - i ён пайшоў уверх па лесвiцы.

- Уверх па лесвiцы?

- Наша кватэра на двух паверхах, i ўверсе студыя з гукаiзаляцыяй для мужавых рэпетыцый. I вось Фрэд пайшоў...

- Калi ласка, Пегi, - перапынiў яе Ўэплер i паглядзеў у бок Вулфа. - Вы павiнны гэта ведаць з першых рук. Я пайшоў туды, каб расказаць Мiёну, што кахаю ягоную жонку i яна кахае мяне, а не яго, i папрасiць, каб ён успрыняў гэта як цывiлiзаваны чалавек. Да скасавання шлюбу цяпер ставяцца як да звычайнай у нашай цывiлiзацыi з'явы, але ён гэтага так не ўспрыняў. Яго рэакцыю можна было назваць па-ўсякаму, але толькi не цывiлiзаванай. Ён не буянiў, але паводзiў сябе вельмi нiзка. Праз нейкi час я спалохаўся, што зраблю з iм што-небудзь за прыкладам Джыфа Джэймса, i таму павярнуўся i пайшоў прэч. Мне не хацелася ў такiм стане вяртацца да мiсiс Мiён, таму я выйшаў са студыi праз дзверы ў калiдор на другiм паверсе i адтуль выклiкаў лiфт.

Уэплер змоўк.

- I? - нацiскаў на яго Вулф.

- Я выйшаў з будынка. Пакрочыў па парку i праз некаторы час, супакоiўшыся, патэлефанаваў мiсiс Мiён, i яна сустрэлася са мной у парку. Я расказаў ёй пра рэакцыю Мiёна i папрасiў пакiнуць яго i паехаць куды-небудзь разам са мной. Яна не згадзiлася. - Уэплер змоўк на некалькi хвiлiн, а потым працягваў: Iснуюць дзве складаныя акалiчнасцi, якiя вы павiнны ведаць, каб ведаць усё.

- Калi яны маюць непасрэднае дачыненне да справы, то так.

- Яны сапраўды маюць непасрэднае дачыненне. Па-першае, мiсiс Мiён мела i мае цяпер свае грошы. Гэта была дадатковая прынада Мiёну. Мне - не. Я расказваю вам усё як ёсць.

- Дзякуй. Ну, а па-другое?

- Па-другое, у мiсiс Мiён была прычына, каб не рваць з iм адразу. Я спадзяюся, вы ведаеце, што Мiён быў вядучым тэнарам у тэатры "Метраполiтэн" на працягу пяцi цi шасцi гадоў, а тут раптам голас знiк - часова. Джыфард, той самы барытон, ударыў яго кулаком па шыi i пашкодзiў гартань - гэта здарылася на пачатку сакавiка, - i Мiён не змог закончыць сезон. Яму зрабiлi аперацыю, але голас не вяртаўся, таму не дзiва, што ён быў у змрочным настроi, i мiсiс Мiён не хацела кiдаць яго аднаго ў такiм стане. Я паспрабаваў угаварыць яе, але яна была непахiсная. У той дзень усё атрымалася не так, як трэба: i ад таго, што такое здарылася са мной першы раз у жыццi, i ад таго, што Мiён сказаў пад час нашай з iм размовы, - у вынiку я страцiў разважлiвасць, кiнуў яе адну ў парку, зайшоў у бар у цэнтры горада i пачаў замаўляць там шклянку за шклянкай. Прайшло шмат часу, выпiў я многа, але не сп'янеў. Недзе каля сямi гадзiн я вырашыў зноў сустрэцца з Пегi i забраць яе з сабой, каб яна не заставалася там яшчэ на адну ноч.

Паддаючыся вось такому настрою, я спынiўся на Iст-Энд авеню, падняўся на дванаццаты паверх i прастаяў там, вiдаць, хвiлiн дзесяць, вагаючыся даткнуцца да кнопкi званка. Нарэшце я пазванiў, пакаёўка ўпусцiла мяне i паклiкала мiсiс Мiён, але тут я, вiдаць, перастаў валодаць сабой, бо ў мяне хапiла розуму толькi на тое, каб прапанаваць ёй разам пагаварыць з Мiёнам. Яна згадзiлася, мы паднялiся наверх i...

- На лiфце?

- Не, па лесвiцы, што ў самой кватэры. Зайшлi ў студыю. Мiён ляжаў на падлозе. Мы падышлi блiжэй. У верхняй частцы галавы была вялiкая дзiрка навылёт. Ён быў мёртвы. Я вывеў мiсiс Мiён са студыi, падтрымаў яе, але на лесвiцы - занадта вузкай, каб па ёй маглi iсцi побач два чалавекi, - яна ўпала i пакацiлася ўнiз, адолеўшы такiм чынам палову прыступак. Я аднёс Пегi ў яе пакой, паклаў на ложак i пайшоў у залу, каб адтуль патэлефанаваць, але па дарозе падумаў, што спярша трэба зрабiць яшчэ адну рэч.

Я выйшаў з кватэры, з'ехаў на лiфце на першы паверх, паклiкаў швейцара i лiфцёраў i спытаўся ў iх, хто падымаўся ў кватэру Мiёна, на дванаццаты або на трынаццаты паверх, папалуднi. Яны назвалi прозвiшчы, i я iх запiсаў. Потым вярнуўся ў кватэру i патэлефанаваў у палiцыю.

Пасля гэтага я раптам уцямiў, што недасведчаны чалавек не павiнен рабiць заключэнне - жывы чалавек цi не, таму я патэлефанаваў доктару Лойду, якi таксама жыве ў гэтым будынку. Той адразу ж прыйшоў, i я завёў яго ў студыю. Не паспеў ён прабыць там тры-чатыры хвiлiны, як з'явiўся першы палiцэйскi, i канечне...

- Прабачце, - раздражнёна перабiў яго Вулф. - Калi ўсё адразу, дык часам гэта бывае зашмат. Вы нават не закранулi той праблемы, з якой сутыкнулiся.

- Я дайду i да яе...

- Але вы зробiце гэта, я спадзяюся, хутчэй, калi хочаце, каб я вам дапамог. Я ўжо ўсё ўспомнiў. Доктар i палiцыя аб'явiлi яго мёртвым. Дула рэвальвера было засунута ў рот, i куля выбiла кавалак чэрапа. Рэвальвер, што ляжаў побач на падлозе, належаў забiтаму i захоўваўся там жа ў студыi. Нiякiх слядоў барацьбы цi нейкiх iншых пашкоджанняў на целе не было заўважана. Страта голасу была выдатным матывам для самазабойства. Таму пасля традыцыйнага расследавання, аддаўшы належную ўвагу той акалiчнасцi, што дула зараджанага рэвальвера цяжка засунуць у рот чалавеку, не выклiкаўшы з яго боку пратэсту, здарэнне квалiфiкавалi як самагубства. Я не памыляюся?

Мiсiс Мiён i Ўэплер кiўком галавы пацвердзiлi тое, што сказаў Вулф.

- Што, палiцыя аднавiла расследаванне? Цi пайшлi якiя плёткi?

Пегi i Ўэплер адмоўна пакруцiлi галовамi.

- Тады працягвайце. У чым праблема?

- Праблема ў нас самiх, - сказала Пегi.

- Як гэта? Што з вамi не так?

- Усё не так, - зноў загаварыла мiсiс Мiён, суправаджаючы свой расказ жэстамi. - Дакладней, я мела на ўвазе не ўсё, а якраз адну рэч. Пасля смерцi мужа i заканчэння традыцыйнага расследавання я на нейкi час з'ехала. Калi вярнулася - на працягу двух месяцаў, што прайшлi з таго часу, мы з Фрэдам некаторы час былi разам, - усё было неяк не так. Пазаўчора, у пятнiцу, я паехала на выхадныя да знаёмых у Канекцiкут, i Фрэд быў там. Я не ведала, што Фрэд збiраецца туды ехаць, а ён не ведаў, што туды прыеду я. Мы абмяркоўвалi ўсё з iм учора,i ўдзень i ўвечары, i сёння ранiцай i вырашылi пайсцi да вас i прасiць дапамогi - ва ўсякiм разе я так вырашыла, а Фрэд не адпусцiў мяне адну.

Пегi нахiлiлася ўперад i працягвала гаварыць з гранiчнай шчырасцю:

- Вы абавязкова павiнны дапамагчы нам, мiстэр Вулф. Я так моцна кахаю яго - так моцна! - i ён кажа, што кахае мяне, i я ведаю, што гэта так! Учора ўдзень мы вырашылi, што пажэнiмся ў кастрычнiку, а ўвечары завязалася размова - i справа не ў словах, якiя вымаўляем, а ў выразе вачэй, калi сустракаемся позiркамi. Мы проста не можам пажанiцца, пакуль у нашых вачах застаецца пытанне, i мы будзем старацца хаваць яго... - Яе крыху скаланула. - Гадамi цi да канца жыцця? Мы не здолеем! Мы ведаем, што не здолеем - гэта будзе жахлiва! А ўся справа ў пытаннi: хто забiў Альберта? Зрабiў гэта ён? Цi я? Я сапраўды не веру, што гэта зрабiў Фрэд, а ён не верыць, што гэта зрабiла я - спадзяюся, што ён не верыць, - але ў нашых вачах застаецца пытанне, i мы ведаем, што яно не знiкае.

Яна працягнула ў бок Вулфа абедзве рукi.

- Мы хочам, каб вы дапамаглi знайсцi на яго адказ!

- Глупства, - хмыкнуў Вулф. - Вас трэба адшлёпаць па адным месцы цi адвесцi да псiхiятра. У палiцэйскiх могуць быць свае недахопы, але яны ўсё ж не такiя зломкi. Калi ўсё iх задаволiла...

- Але ў гэтым якраз уся справа! Яны б не былi задаволены, калi б мы расказалi ўсю праўду.

- Вось як, - узняў бровы Вулф. - Вы iм зманiлi?

- Так. Цi калi i не зманiлi, дык i не сказалi iм праўды. Мы iм не сказалi, што, калi першы раз зайшлi ў пакой разам i ўбачылi Альберта, рэвальвер там не ляжаў. Яго наогул не было вiдаць.

- Сапраўды? Вы ўпэўнены ў гэтым?

- Цалкам. Я нiколi i нiчога так ясна не ўспрымала, як тую сцэну, кожную яе дэталь. Рэвальвера там не было.

- Вы згодны з гэтым, сэр? - спытаў Вулф, зiрнуўшы ў бок Уэплера.

- Так. Яна кажа праўду.

- Ну, што ж, - уздыхнуў, здаючыся, Вулф. - Бачу, вы сапраўды трапiлi ў непрыемнае становiшча. Лупцоўкай тут не абыдзешся.

Я крутануўся ў крэсле, адчуўшы халадок у нiжняй частцы пазваночнiка. У старадаўняй будынiне з чырвонай цэглы - доме Нiра Вулфа - было цiкава жыць i працаваць Фрыцу Брэнеру, кухару i эканому, Тэадору Хорстману, якi апекаваўся дзесяццю тысячамi архiдэй у аранжарэях на даху, i мне, Арчы Гудвiну, для каго асноўным полем дзеяння быў вялiкi кабiнет на першым паверсе.

Зразумела, я лiчыў сваю работу самай цiкавай, бо ў даверанага памочнiка славутага прыватнага дэтэктыва заўсёды ёсць магчымасць наслухацца пра самыя розныя падзеi - ад крадзяжу пацерак да аферы, звязанай з шантажом. Шчыра кажучы, не ад усiх клiентаў я пачынаў сумаваць. Але толькi ад адных спраў мяне працiнаў халадок: ад спраў, звязаных з забойствам. I калi гэтая пара закаханых галубкоў казала праўду, гэта i быў якраз той самы выпадак.

Да таго як яны пайшлi, я больш чым за дзве гадзiны паспеў спiсаць два блакноты.

Калi б яны ўсё абдумалi, перш чым патэлефанаваць, каб дамовiцца аб сустрэчы з Вулфам, яны б гэтага не зрабiлi. Усё, што яны хацелi, аказалася, паводле слоў Вулфа, немагчымым. Па-першае, яны хацелi, каб ён расследаваў справу аб забойстве чатырохмесячнай даўнасцi, не прызнаючы, аднак, што яно сапраўды адбылося; па-другое, яны хацелi, каб было даказана, што нiхто з iх не забiваў Альберта Мiёна, а гэта было магчыма, толькi выявiўшы, хто ўсё-такi гэта зрабiў, i па-трэцяе, у выпадку, калi Вулф прыйдзе да высновы, што забойца - адзiн з iх, - пакласцi справу на палiцу i забыць пра яе.

Не, гэта не была iх прапанова, бо, калi верыць таму, што яны расказалi, абое былi зусiм невiнаватыя, але напрошвалася менавiта такая выснова.

Вулф падышоў да ўсяго гэтага вельмi проста i ўдала.

- Калi я бяруся за гэтую справу, - сказаў ён iм, - i знаходжу доказы, дастатковыя для абвiнавачвання ў забойстве, незалежна ад таго, хто забойца, то я карыстаюся iмi толькi згодна са сваiмi меркаваннямi. Я не Астрэя* i не садыст, але трымаю дзверы адчыненымi. Але калi вы хочаце адмовiцца ад гэтага зараз, вось ваш чэк, забiрайце яго, i блакноты мiстэра Гудвiна будуць знiшчаны. Мы можам забыць пра тое, што вы былi тут, i зробiм менавiта так.

* Мянушка дачкi Зеўса i Фемiды, багiнi справядлiвасцi Дыке, якая правiла светам у час залатога веку.

Гэта быў момант, калi яны, i перш за ўсё Фрэд Уэплер, ледзь было не ўсталi i не пайшлi, але ўсё ж такi засталiся. Яны зiрнулi адно на аднаго, i па iх вачах было ўсё зразумела. Я паспеў ужо амаль упэўнiцца ў сваёй сiмпатыi да iх, яны пачыналi нават зачароўваць сваёй рашучасцю вырвацца з пасткi. Калi яны пазiралi адно на аднаго, здавалася, iх вочы гаварылi: "Усё будзе цудоўна!" Потым тыя самыя вочы сказалi: "Яно так, але... Мы не хочам, каб цудоўна было дзень або тыдзень, цудоўна павiнна быць заўсёды - i мы ведаем..."

Для гэтага трэба было мець нямала фiзiчнае сiлы, не гаворачы пра здаровы розум, i некалькi разоў я лавiў сябе на тым, што пачынаю расчульвацца. Акрамя таго, вядома, трэба дадаць, што на стале Вулфа ляжаў чэк на пяць тысяч.

Блакноты былi поўныя запiсаў пра самыя розныя рэчы. Яны складалiся з тысячы падрабязнасцей, якiя мелi i не мелi адносiн да справы, такiх, як пачуццё ўзаемнай антыпатыi, што iснавала памiж Пегi Мiён i Рупертам Гроўвам, iмпрэсарыо яе мужа, цi выпадак, калi Джыфард Джэймс публiчна зняважыў Альберта Мiёна, ударыўшы па шыi, цi адносiны розных асоб да патрабавання Мiёнам кампенсацыi за прычыненую шкоду. Усе гэтыя дэталi нельга было выкарыстаць для справы, i Вулфу патрэбна была невялiкая частка iх, таму я збiраўся перабраць iх i выбраць неабходныя.

Зразумела, аб'ектам No.1 быў рэвальвер. Ён быў зусiм новы, набыты Мiёнам на другi дзень пасля таго, як Джыфард Джэймс ударыў яго, пашкодзiўшы гартань, i не для таго, як ён заявiў, каб адпомсцiць, а каб баранiцца ў будучым. Ён клаў рэвальвер у кiшэню кожны раз, калi выходзiў з дому, а калi прыходзiў вяртаў на падстаўку бюста Каруза, якi стаяў у студыi. Як вядома, з яго стралялi толькi адзiн раз - калi быў забiты Мiён.

Калi прыйшоў доктар Лойд i Ўэплер правёў яго ў студыю, рэвальвер ляжаў на падлозе непадалёк ад калена Мiёна. Доктар хацеў узяць яго, але спынiўся, так i не дакрануўшыся да яго рукой, таму рэвальвер заставаўся на месцы, калi туды зайшлi прадстаўнiкi праваахоўных органаў. Пегi запэўнiла, што, калi яны з Фрэдам зайшлi ў студыю, рэвальвера там не было, i той пагадзiўся з гэтым сцвярджэннем.

Палiцэйскiя не зрабiлi нiякiх заяў наконт адбiткаў пальцаў, што само па сабе не дзiўна, бо на зброi рэдка ўдаецца знайсцi больш-менш годныя для расследавання сляды пальцаў. На працягу дзвюх з паловай гадзiн Вулф раз-пораз вяртаўся да рэвальвера i кожны раз прыходзiў да простай думкi, што ён не меў крылаў.

Уяўленне пра той дзень было поўнае. Ранiцай нiчога не здарылася - усё пачалося з абеду, на якiм прысутнiчалi пяць чалавек: Мiён, Пегi, Фрэд, нейкая Адэль Бослi i доктар Лойд. Сустрэча мела хутчэй прафесiйны, чым свецкi характар. Фрэда запрасiлi таму, што Мiён хацеў прапанаваць яму iдэю для артыкула ў "Гэзэт": чуткi аб тым, што Мiён нiколi ўжо не зможа спяваць, зласлiвая лухта. Адэль Бослi, якая ўзначальвае службу iнфармацыi тэатра "Метраполiтэн-опера", прыйшла, каб дапамагчы паўздзейнiчаць на Фрэда. Доктара Лойда запрасiлi, каб запэўнiць Уэплера ў тым, што аперацыя на гартанi Мiёна была паспяховая i што можна было смела iсцi ў заклад наконт таго, што да адкрыцця опернага сезона ў лiстападзе вялiкi тэнар будзе ў сваёй звычайнай форме.

Нiчога асаблiвага не здарылася, апрача таго, што Фрэд пагадзiўся падрыхтаваць адпаведны матэрыял. Адэль Бослi i доктар Лойд, развiтаўшыся, пайшлi, Мiён падняўся ў сваю гукаiзаляваную студыю, а Фрэд i Пегi зiрнулi адно на аднаго i раптам адкрылi для сябе самую значную, пачынаючы з часоў вядомай гiсторыi пра райскi сад, жыццёвую з'яву.

Праз нейкую гадзiну адбылася яшчэ адна сустрэча, на гэты раз паверхам вышэй, у студыi, каля паловы чацвёртай, але нi Фрэд, нi Пегi ў ёй не ўдзельнiчалi. Перад гэтым Фрэд выйшаў, каб супакоiцца, i патэлефанаваў Пегi, i яна пайшла на сустрэчу з iм у парк. Таму iх iнфармацыя аб сустрэчы, што адбылася ў студыi, была з чужых слоў. Акрамя Мiёна i доктара Лойда там былi яшчэ чатыры чалавекi: Адэль Бослi, якая займалася iнфармацыйнымi справамi опернага тэатра, мiстэр Руперт Гроўв - iмпрэсарыо Мiёна, мiстэр Джыфард Джэймс - барытон, якi шэсць тыдняў таму стукнуў Мiёна па шыi, i суддзя Генры Арнольд - адвакат Джэймса. Гэта сустрэча была яшчэ менш свецкая, чым папярэднi званы абед, бо яе наладзiлi, каб абмеркаваць афiцыйнае патрабаванне Мiёна да Джыфарда Джэймса: заплацiць яму чвэрць мiльёна даляраў за шкоду, нанесеную яго гартанi.

Iнфармацыя, якую Фрэд i Пегi атрымалi з чужых слоў, сведчыла аб тым, што размова часам была даволi гарачая, атмасфера падагрэлася з самага пачатку, калi Мiён узяў з бюста Каруза рэвальвер i паклаў яго на стол побач з локцем. Аб падрабязнасцях таго, як праходзiла сустрэча, яны мелi даволi агульнае ўяўленне, бо самi ў ёй не ўдзельнiчалi, але ва ўсякiм разе ў час сустрэчы з рэвальвера не стралялi.

Акрамя таго, было дастаткова доказаў таму, што Мiён заставаўся жывым i здаровым, калi не лiчыць пашкоджанай гартанi, пасля таго як удзельнiкi сустрэчы разышлiся. Пасля размовы, што адбылася ў час сустрэчы, ён двойчы гаварыў па тэлефоне - са сваiм цырульнiкам i з адной багатай опернай мецэнаткай; крыху пазней яму патэлефанаваў iмпрэсарыо Руперт Гроўв; а прыкладна а палове шостай ён патэлефанаваў пакаёўцы, каб тая прынесла наверх бутэльку вермуту i мёд, i яна зрабiла ўсё, што было загадана. Калi пакаёўка зайшла з падносам у студыю, Мiён быў жывы i здаровы.

Я старанна запiсаў усе прозвiшчы ў блакнот, пераправерыўшы iх напiсанне, бо, як мне здавалася, адно з iх прыйдзецца выкарыстаць у сувязi з забойствам; асаблiва ўважлiва я паставiўся да прозвiшча, што было названа апошнiм: Клары Джэймс - дачкi Джыфарда.

Iснавалi тры прычыны, каб звярнуць на яе асаблiвую ўвагу. Па-першае, Джэймс ударыў Мiёна, бо ведаў цi падазраваў - Фрэд i Пегi не маглi сказаць дакладна, - што Мiён парушыў адпаведныя межы ў адносiнах да дачкi Джыфарда Джэймса.

Па-другое, яе прозвiшча было ў канцы спiса асоб, якiя заходзiлi ў дом у другой палове таго дня, спiса, якi Фрэд атрымаў ад швейцара i лiфцёра. Тыя паведамiлi, што яна прыйшла прыкладна ў шэсць гадзiн пятнаццаць хвiлiн, выйшла з лiфта на паверсе, дзе знаходзiцца студыя, а значыць - на трынаццатым, а крыху пазней, можа, хвiлiн праз дзесяць, выклiкала лiфт на дванаццаты паверх i паехала ўнiз.

На трэцюю прычыну звярнула ўвагу Пегi, якая нейкi час заставалася ў парку, пасля таго, як Фрэд выйшаў з будынка, а потым рушыла дадому i зайшла ў кватэру каля пяцi гадзiн. Яна не падымалася ў студыю i не бачылася з мужам. Недзе пасля шасцi гадзiн, на яе думку, а палове сёмай, яна, пачуўшы званок, сама пайшла адчыняць дзверы, бо пакаёўка з кухарам былi на кухнi.

На парозе стаяла Клара Джэймс. Яна была бледная i напружаная, але трэба сказаць, што яна заўсёды была такая. Клара сказала, што хоча бачыць Альберта, i Пегi адказала, што, здаецца, ён у студыi. Клара ж паведамiла, што яго там няма, але гэта не важна. Калi Клара нацiснула кнопку лiфта, Пегi зачынiла дзверы, жадаючы пабыць адной, без каго б там нi было, тым больш без Клары Джэймс.

Праз паўтары гадзiны з'явiўся Фрэд, яны разам паднялiся ў студыю i ўбачылi, што Альберт усё-такi быў там, але ўжо мёртвы.

Пасля выразнай выявы дня ў пакой прыйшла ноч, поўная загадак, але Вулф засяродзiў увагу толькi на тым, што было, на яго думку, iстотным. Ужо трэцюю гадзiну iшла размова, i я пачаў трэцi блакнот. Вулф цалкам праiгнараваў некаторыя моманты, якiя трэба было высветлiць: напрыклад, цi была ў Альберта звычка пераходзiць дазволеныя межы ў адносiнах да яшчэ чыiх-небудзь дачок цi жонак, i калi так, то трэба было запiсаць прозвiшчы. З расказу Фрэда i Пегi я прыйшоў да высновы, што ў Альберта быў вольны погляд наконт чужых жонак, але, вiдаць, гэта не цiкавiла Вулфа.

У канцы размовы ён зноў загаварыў пра рэвальвер i, не пачуўшы ад суразмоўцаў нiчога новага, зрабiўся пахмурным i з'едлiвым. Калi яны ў каторы ўжо раз паўтарылi тое самае, ён нарэшце са злосцю зiрнуў у iх бок i спытаў:

- Хто з вас хлусiць?

Здавалася, што гэта iх пакрыўдзiла.

- Так у вас нiчога не атрымаецца, - з горыччу сказаў Фрэд Уэплер. - I ў нас таксама.

- Было б недарэчным, - запярэчыла Пегi Мiён, - прыйсцi сюды, даць вам гэты чэк i хлусiць. Ну, цi не так?

- Значыць, вы недарэчныя, - холадна адказаў Вулф. Ён ткнуў пальцам у бок Пегi. - Паслухайце, ва ўсё гэта можна было б паверыць, нiчога з пачутага не здаецца неверагодным, акрамя адной рэчы. Хто паклаў рэвальвер на падлогу побач з целам? Калi вы абое першы раз зайшлi ў студыю, яго там не было, вы абое гатовы прысягнуць, i я веру вам. Вы выйшлi са студыi i пайшлi ўнiз; вы, мiсiс Мiён, упалi, i ён аднёс вас у ваш пакой. Вы былi непрытомная. Так?

- Не, - адказала Пегi, не адводзячы вачэй ад пiльнага позiрку Вулфа. - Я магла б дайсцi сама, але ён - ён хацеў мяне аднесцi на руках.

- Не сумняваюся. Ён так i зрабiў. Вы засталiся ў сваiм пакоi. Фрэд спусцiўся на першы паверх, каб скласцi спiс тых, каго можна было западозрыць у забойстве, - мiж iншым, прадэманстраваўшы тым самым вартую захаплення прадбачлiвасць, - вярнуўся, патэлефанаваў у палiцыю, потым доктару, якi прыйшоў адразу, бо жыве ў гэтым самым доме. Прайшло не болей пятнаццацi хвiлiн памiж тым, як вы i мiстэр Уэплер выйшлi са студыi, i тым, як туды зайшлi ён i доктар.

У дзвярах, што вядуць са студыi ў агульны калiдор, умацаваны замок, якi аўтаматычна зашчоўкваецца, калi дзверы зачыняюцца, i дзверы гэтыя былi зачынены. Туды нiхто не мог зайсцi на працягу тых пятнаццацi хвiлiн. Вы кажаце, што ўсталi з ложка i пайшлi ў залу i што нiхто не змог бы прайсцi тым шляхам, не заўважаны вамi. Пакаёўка i кухар былi на кухнi, не ведаючы, што адбываецца ў доме. Такiм чынам, нiхто не заходзiў у студыю, i нiхто не клаў рэвальвера на падлогу.

- Нехта гэта зрабiў, - запярэчыў Фрэд.

- Мы не ведаем, у каго быў ключ, - настойвала на сваiм Пегi.

- Вы ўжо гэта гаварылi, - перайшоў у атаку Вулф. - Нават калi ўсе мелi ключы, я гэтаму не веру i нiхто гэтаму не паверыць. - Ён перавёў позiрк у мой бок. - Арчы, вы паверыце?

- Такое можа быць толькi ў кiно, - прызнаўся я.

- Бачыце, - звярнуўся Вулф да Пегi i Фрэда. - Мiстэр Гудвiн не ставiцца да вас прадузята - наадварот. Ён гатовы за вас пайсцi ў агонь: паглядзiце - ён не паспявае рабiць свае запiсы, бо з замiлаваннем сочыць, як вы пазiраеце адно на аднаго. Але ён згодны са мной, што вы хлусiце. Калi нiхто iншы не мог пакласцi рэвальвер на падлогу, гэта зрабiў адзiн з вас. Мне трэба гэта ведаць. Абставiны прымусiлi вас гэта зрабiць альбо вы палiчылi, што яны вас вымушаюць.

Вулф зiрнуў на Фрэда.

- Скажам, вы выцягнулi шуфлядку туалетнага столiка, шукаючы нюхальную соль, а там - рэвальвер, i па паху з дула зразумелi, што з яго нядаўна стралялi, а потым паклалi ў шуфлядку, як вы адразу сцямiлi, каб выклiкаць падазрэнне да яе. I што б вы зрабiлi? Якраз тое, што вы i зрабiлi на самай справе: аднеслi рэвальвер наверх, паклалi каля цела, не сказаўшы ёй пра гэта нi слова. Альбо...

- Лухта, - рэзка перапынiў яго Фрэд. - Абсалютная лухта.

Вулф зiрнуў у бок Пегi.

- Альбо рэвальвер у сваёй спальнi знайшлi вы, пасля таго як ён пайшоў унiз. Зразумела, вы...

- Гэта абсурдна, - рашуча перабiла его Пегi. - Як рэвальвер мог з'явiцца ў маёй спальнi, калi толькi я сама яго там не паклала? Мой муж быў жывы а палове шостай, я прыйшла дадому яшчэ раней i была толькi ў зале i ў спальнi, пакуль у сем гадзiн не прыйшоў Фрэд. Так што, калi толькi вы не лiчыце, што...

- Добра, - пагадзiўся Вулф. - Не ў спальнi. Можа, у iншым месцы. Я не змагу працягваць расследаванне, пакуль не дазнаюся пра гэта ад вас. Не мог жа рэвальвер, каб яго чорт узяў, пераляцець з аднаго месца на другое. Я прадбачу шмат хлуснi ад iншых, урэшце ад некага аднаго, але ад вас хачу пачуць праўду.

- Вы яе пачулi, - заявiў Фрэд.

- Не. Я яе не пачуў.

- Тады, значыць, мы зайшлi ў тупiк, - сказаў Фрэд i падняўся. - Ну, што, Пегi?

Яны глянулi адно на аднаго, i перад iх вачыма зноў прамiльгнула ўсё, што адбылося. Калi падышла чарга да слоў у сцэнарыi: "Цудоўна павiнна быць заўсёды", - Фрэд зноў сеў у крэсла.

Вулф, не маючы ролi ў сцэнарыi спектакля, уварваўся туды без запрашэння.

- Я лiчу, - заўважыў ён суха, - што ў выпадку тупiка ўсякая гульня спыняецца.

Карацей кажучы, усё цяпер залежала ад мяне. Калi Вулф дэманстратыўна адмаўляўся ад гульнi, нiчога не магло яго зварушыць. Я ўстаў, узяў з яго стала той самы прыгожы чэк ружовага колеру, паклаў на свой стол, прыцiснуў яго прэс-пап'е, сеў у крэсла i ўсмiхнуўся, гледзячы на Вулфа.

- Дапусцiм, што праўда на вашым баку, Вулф, - заўважыў я, - што само па сабе не з'яўляецца тым, што вы называеце ападыктычным, калi-небудзь нам варта скласцi спiс клiентаў, якiя сядзелi вось тут i хлусiлi нам. Напрыклад, Майк Уолш, i Калiда Фротс, i той тып з кафетэрыя, Прат, - ды такiх набяруцца дзесяткi. Але грошы плацiлi добрыя, i я не настолькi затрымаўся ў запiсах, каб не здолець нагнаць. Няўжо ўсё, што я зрабiў, было дарэмна?

- Наконт гэтых запiсаў, - цвёрда заўважыў Фрэд Уэплер, - я хачу ўдакладнiць адну рэч.

Вулф глянуў у яго бок. Iх позiркi сустрэлiся.

- Мы прыйшлi сюды, - сказаў ён, - каб канфiдэнцыяльна расказаць аб сваёй праблеме i прапанаваць вам яе вырашыць. Паколькi нас абвiнавачваюць у хлуснi, я засумняваўся, цi варта працягваць нашу размову, i толькi калi мiсiс Мiён пажадае, я згодны весцi гаворку далей. Але кажу вам адкрыта, калi раструбiце тое, што мы расказалi, альбо паведамiце палiцыi цi каму-небудзь яшчэ, што, згодна з нашымi словамi, рэвальвера ў студыi, калi мы туды ўвайшлi, не было, мы ад гэтых слоў адмовiмся, нягледзячы на ўсе вашы чортавы запiсы. Мы будзем адмаўляць, не адступаючы нi на крок! - Ён зiрнуў на спадарожнiцу. - Менавiта так, Пегi! Згодная?

- Ён не раскажа палiцыi, - упэўнена заявiла Пегi.

- Можа, i не. Але калi ён гэта зробiць, ты разам са мной адмовiшся ад таго, што расказалi раней. Цi не так?

- Ну, зразумела, - паабяцала яна з такiм выглядам, нiбы ён папрасiў яе дапамагчы забiць грымучую змяю.

Вулф, сцяўшы вусны, назiраў за тым, што адбывалася. Вiдавочна, улiчваючы тое, што чэк, якi ляжаў на маiм стале, быў амаль што на шляху да банка, ён вырашыў дадаць прозвiшчы суразмоўцаў да спiсу хлуслiвых клiентаў i рухацца далей, маючы гэта на ўвазе. Зiрнуўшы ў бок клiентаў шырока адкрытымi вачыма, ён прымусiў iх супакоiцца, потым зноў прыплюшчыў вочы i загаварыў:

- Мы вырашым гэта разам з астатнiмi праблемамi да таго, як прыйдзем да фiнiшу, - запэўнiў ён суразмоўцаў. - Вы, вядома, разумееце, што я зыходжу з вашай невiнаватасцi, але ў сваiм жыццi я выказаў, вiдаць, тысячу памылковых меркаванняў, таму яны нiчога ня вартыя. У некага з вас ёсць думка наконт таго, хто забiў мiстэра Мiёна?

Пегi i Фрэд адмоўна пакруцiлi галовамi.

- У мяне ёсць, - буркнуў Вулф.

Суразмоўцы глянулi на яго шырока адкрытымi вачыма.

- Гэта толькi меркаванне, - пакiваў галавой Вулф, - але яно мне падабаецца. Трэба будзе шмат папрацаваць, каб абгрунтаваць яго. Спачатку я павiнен спаткацца з людзьмi, пра якiх мы гаварылi, з усiмi шасцярымi - i я не хацеў бы з гэтым марудзiць, расцягваючы сустрэчы. Паколькi вы не хочаце, каб яны ведалi, што я займаюся справай аб забойстве, мы павiнны пайсцi на хiтрасць. Мiсiс Мiён, ваш муж пакiнуў завяшчанне?

Пегi сцвярджальна кiўнула галавой.

- Вы спадчыннiца?

- Ага, я, - зажэстыкулявала яна, - мне не патрэбна спадчына, i я не хачу яе.

- Але яна ваша. Атрымлiваецца цудоўна. Часткай гэтай маёмасцi з'яўляецца права на кампенсацыю, якую павiнен выплацiць мiстэр Джэймс за шкоду, прычыненую мiстэру Мiёну ў вынiку гвалтоўных дзеянняў. Вы павiнны заявiць аб сваiх правах на гэтую частку маёмасцi. Усе тыя шэсць чалавек, з якiмi я хачу сустрэцца, нейкiм чынам маюць дачыненне да гэтай справы. Я адразу ж паведамлю iм, накiраваўшы пiсьмы сёння вечарам тэрмiновай поштай, што дзейнiчаю ад вашага iмя ў вырашэннi гэтай справы i што хацеў бы, каб яны прыйшлi ў маю кантору заўтра ўвечары.

- Гэта немагчыма! - усхвалявана закрычала Пегi. - У мяне нават i ў думках не было прапанаваць Джыфу выплацiць кампенсацыю!

- К чорту! - зароў, грукнуўшы кулаком па стале, Вулф. - Гладкай вам дарогi! Бывайце! Думаеце, што расследаванне спраў аб забойствах - гэта вам гульня ў лялькi? Спярша вы мне хлусiце, а цяпер - бачыце! - вам не хочацца трывожыць людзей, сярод якiх - забойца! Арчы, выведзi iх за дзверы!

- Брава, - прамармытаў я ў адказ.

Мне таксама ўсё гэта паспела надакучыць.

- Паспрабуйце пашукаць дапамогi ў Армii Ўратавання, - прапанаваў я, зыркнуўшы ў бок кандыдатаў у клiенты. - Яны сталыя спецыялiсты па аказаннi дапамогi тым, хто трапiў у непрыемнае становiшча. Можаце прыхапiць з сабой блакноты, усяго па дваццаць пяць цэнтаў за штуку. Запiсы аддаём у якасцi бясплатнага дадатку.

Пегi i Фрэд пераглянулiся.

- Як я разумею, ён хоча сустрэцца з iмi заўтра, - пачаў саступаць Фрэд. Для гэтага ў яго павiнна быць зачэпка, i, трэба прызнаць, ён яе знайшоў, i вельмi ўдалую. Ты iм нiчога не павiнна - нiкому.

Пегi здалася.

Пасля высвятлення шэрага дэталяў, самай важнай з якiх былi адрасы, мiсiс Мiён i мiстэр Уэплер пайшлi. Калi меркаваць па тым, як яны выходзiлi за дзверы i як мы iх прыспешвалi, зусiм не сардэчна, можна было падумаць, што яны не клiенты, а хутчэй - ахвяры. Але чэк застаўся на стале. Калi, вывеўшы iх за дзверы, я зайшоў у кабiнет, то ўбачыў, што Вулф сядзiць, адкiнуўшыся ў крэсле з заплюшчанымi вачыма, i хмурыцца, вiдаць, нечым незадаволены.

Пацягнуўшыся i пазяхнуўшы, я сказаў бадзёрым голасам:

- Здаецца, атрымаецца даволi цiкава. Зрабiць выгляд, што справа датычыцца толькi жадання атрымаць кампенсацыю. Калi забойца знойдзецца сярод гасцей, паглядзiм, колькi часу вы здолееце ўтойваць ад яго сваю здагадку. Iду ў заклад, ён заглыне кручок раней, чым прысяжныя абвесцяць свой прыгавор.

- Змоўкнi! - рыкнуў Вулф. - Iдыёты!

- Ну, будзьце мiласэрнымi, - запярэчыў я. - Ад закаханых нельга патрабаваць, каб яны думалi - таму яны i наймаюць квалiфiкаваных мыслiцеляў. Вы павiнны радавацца i ганарыцца, што яны выбралi вас. Ну, схлусiлi яны раз-другi, дык што з таго, калi яны закаханы адно ў аднаго? Калi я ўбачыў...

- Змоўкнi, - паўтарыў Вулф i расплюшчыў вочы. - Вазьмi блакнот. Пiсьмы трэба адаслаць тэрмiнова.

Сустрэча, што адбылася ў панядзелак вечарам, доўжылася цэлых тры гадзiны, i за ўвесь гэты час пра забойства не было сказана нi слова. Тым не меней нельга сказаць, каб яна была вясёлая. У пiсьмах было выразна заяўлена, што Вулф, дзейнiчаючы па даручэннi мiсiс Мiён, хацеў бы даведацца, цi можна атрымаць ад Джыфарда Джэймса пэўную суму, не звяртаючыся да паслуг адвакатаў цi ў суд, i якая сума будзе вызначана.

Вядома, адпаведны душэўны настрой быў у кожнага прысутнага: у самога Джыфарда Джэймса, у яго дачкi Клары, у яго адваката суддзi Генры Арнольда, у Адэлi Бослi з iнфармацыйнай службы, у доктара Нiкаласа Лойда, тэхнiчнага эксперта, i ў Руперта Гроўва, iмпрэсарыо Мiёна. Такiм чынам, усяго iх было шэсць чалавек - якраз столькi, каб стварыць утульную атмасферу ў нашым вялiкiм кабiнеце. Фрэда i Пегi не запрасiлi.

Уся троiца з боку Джэймсаў прыйшла разам i была настолькi пунктуальная, з'явiўшыся дакладна ў дзевяць гадзiн, што мы з Вулфам не паспелi нават выпiць у кабiнеце традыцыйнага вячэрняга кубка кавы. Мне так карцела iх убачыць, што я сам пайшоў адчыняць дзверы замест Фрыца - кухара i апекуна ўсёй хатняй гаспадаркi, якi дапамагае ператварыць днi i гады жыцця Вулфа ў суцэльную радасць амаль у той жа ступенi, што i я.

Больш за ўсё мяне ўразiла тое, што барытон першы пераступiў парог, пакiнуўшы ззаду дачку i адваката. Так як я часам згаджаўся з прапановай Лiлi Роўман заняць адно з двух яе крэслаў у оперным тэатры, то шырокiя плечы Джэймса, яго рост пад метр дзевяноста i фанабэрыстая, як у пеўня, хада не былi для мяне нечаканымi, здзiвiў жа яго маладжавы выгляд, бо было яму, вiдаць, пад пяцьдзесят. Ён падаў мне свой капялюш з такiм выглядам, быццам я быў народжаны толькi для таго, каб у панядзелак, 15 жнiўня, увечары, прыняць ад яго гэты капялюш. На жаль, я выпусцiў яго з рук.

Усё гэта кампенсавала Клара, скiраваўшы ў мой бок позiрк сваiх вачэй. Адно гэта сведчыла, што яна была вельмi назiральная, бо звычайна нiхто не звяртае ўвагi на таго тыпа, што адчыняе дзверы, яна ж убачыла, як я выпусцiў з рук капялюш яе бацькi, глянула ў мой бок i не адводзiла вачэй практычна да таго часу, пакуль я не прачытаў у iх наступнае: "Ты што, маскiруешся? Ну, дык да сустрэчы".

Гэта паспрыяла таму, што я пачаў ставiцца да яе прыязна, хоць i з некаторай асцярожнасцю. Яна была не толькi бледная i напружаная, як гаварыла Пегi Мiён, у яе ў вачах быў бляск, незвычайны як на дзяўчыну яе гадоў. Тым не менш я ўсмiхнуўся, выказваючы тым самым удзячнасць за падараваны мне ўважлiвы позiрк.

Тым часам адвакат суддзя Генры Арнольд самастойна павесiў на вешалку свой капялюш. На працягу ўсяго дня я, зразумела, збiраў iнфармацыю аб усiх запрошаных i такiм чынам даведаўся, што ён меў тытул "суддзя" толькi таму, што аднойчы быў гарадскiм суддзёй. I хоць гэта было даўно, тым не меней да яго звярталiся iменна так. Выгляд жа яго выклiкаў расчараванне: маленькi, нiбыта абрублены, карантыш з лысай пляскатай галавой, на якую хацелася паставiць попельнiцу, i з кароткiм уцiснутым носам. Унутраныя дадзеныя былi, вiдаць, больш дасканалыя, чым знешнiя, бо сярод яго клiентаў было багата прадстаўнiкоў найбольш уплывовых колаў з Брадвею.

Я завёў прышэльцаў у кабiнет, прадставiў iх Вулфу i паспрабаваў пасадзiць iх у жоўтыя крэслы, але барытон адразу ж заўважыў i захапiў чырвонае скураное крэсла. У той час, калi я дапамагаў Фрыцу вызначыць, што б яны хацелi выпiць, пачуўся званок, i я зноў пайшоў да дзвярэй.

Гэта прыйшоў доктар Нiкалас Лойд. На iм не было капелюша, таму абышлося без адпаведнай працэдуры, i, на маю думку, уважлiвы позiрк у мой бок быў чыста прафесiйны i аўтаматычны, быццам вызначаў, цi не хварэю я на анемiю, дыябет цi на нешта iншае. У доктара быў прыгожы, з глыбокiмi складкамi зморшчын, твар i неспакойныя цёмныя вочы, - усё ў яго воблiку сведчыла пра тое, што ён доктар, хутчэй нават хiрург, якi на ўсе сто адсоткаў адпавядае рэпутацыi спецыялiста высокага класа. Аб гэтым я даведаўся ў час збору iнфармацыi.

Калi доктар зайшоў у кабiнет i ўбачыў стол з пачастункамi, вочы ў яго загарэлiся, i ён аказаўся самым актыўным спажыўцом вiскi з мятнай вадою на працягу ўсяго вечара.

Апошнiя двое запрошаных прыйшлi разам - прынамсi, яны аказалiся разам на ганку, калi я адчынiў дзверы. Скураное чырвонае крэсла я, напэўна, прапанаваў бы Адэлi Бослi, калi б на iм не рассеўся Джэймс. Яна пацiснула мне руку i сказала, што ўжо даўно хацела пазнаёмiцца з Арчы Гудвiнам, але гэта быў звычайны этыкет супрацоўнiка iнфармацыйнай службы ў зносiнах з грамадскасцю, i таму гэтыя словы не затрымалiся ў маёй галаве. Справа ў тым, што з-за свайго стала я звычайна мог бачыць твары прысутных толькi ў профiль, i толькi твары тых, хто сядзеў у чырвоным скураным крэсле, я бачыў цалкам, а гэты твар мне спадабаўся. Нельга сказаць, што Адэль Бослi была падобная на тых прыгажунь у часопiсах, здымкi якiх клеяць на сценах, да таго ж, калi Клара Джэймс толькi нарадзiлася, Адэль была ўжо ў пятым цi нават у шостым класе школы, але яе гладкая загарэлая скура, прыгожыя вусны i карычневыя вочы складалi выдатны антураж.

Руперт Гроўв не павiтаўся за руку, i гэта мяне не засмуцiла. Ён, можа, добра апекаваўся справамi Альберта Мiёна, але, вiдаць, не вельмi клапацiўся пра свой выгляд. Мужчына можа быць мажным i тым не меней можа захоўваць цэльны воблiк, як, напрыклад, Фальстаф цi Нiра Вулф, - гэтае ж стварэнне страцiла ўсякае разуменне прапорцый. Ногi - кароткiя, а амаль уся астатняя частка тулава месцiлася ў той яго трэцi, што аказалася пасярэдзiне. Для таго каб заставацца ветлiвым, зазiраючы яму ў твар, даводзiлася збiрацца з духам. Менавiта гэтак я i зрабiў, бо мне трэба было скласцi для сябе ўяўленне пра ўсiх прысутных, але я не заўважыў у Гроўве нiчога вартага ўвагi, апрача пранiклiвых хiтрых вачэй.

Калi гэтыя двое селi ў крэслы i iм падалi пiтво, Вулф пачаў размову. Ён папрасiў прабачэння за тое, што быў вымушаны патурбаваць iх у такую спёку, але сумленнае i справядлiвае рашэнне iснуючай праблемы можна знайсцi толькi ў тым выпадку, калi ўсе асобы, якiя маюць да яе дачыненне,змогуць выказаць свае адносiны. У адказ прысутныя замармыталi, выказваючы самыя розныя пачуццi - ад не вельмi ахвотнай згоды да гранiчнай раздражнёнасцi.

Суддзя Арнольд паставiўся да сказанага варожа, заявiўшы, што нiякага пытання з юрыдычнага боку не iснуе, бо Альберта Мiёна ўжо няма ў жывых.

- Глупства, - рэзка адказаў яму Вулф. - Калi б гэта было так, вы як адвакат не парупiлiся б сюды прыйсцi. Ва ўсякiм разе, мэта сённяшняй сустрэчы заключаецца ў тым, каб гэтае пытанне не перарасло ў судовую справу. Чацвёра з вас сёння патэлефанавалi мiсiс Мiён, каб спытаць, цi сапраўды я дзейнiчаю ад яе iмя, i атрымалi станоўчы адказ. Па яе даручэннi я хачу сабраць факты. Я магу таксама заявiць вам, нiякiм чынам не замахваючыся на правы мiсiс Мiён, што яна пагодзiцца з маёй прапановай. Калi я прыйду да высновы, што ёй павiнна быць выплачана вялiкая сума, вы, зразумела, можаце гэта аспрэчыць, але калi ўзнiкне думка, што ў яе няма падстаў для iску, яна таксама пагодзiцца з ёю. Улiчваючы такую адказнасць, я павiнен мець перад сабой усе факты. Таму...

- Вы не суд, - перабiў яго Арнольд.

- Так, сэр, я не суд. Калi вы хочаце, каб справу разглядаў суд, няхай будзе па-вашаму. - Вулф перавёў позiрк на iншых прысутных. - Мiс Бослi, вiтала б кiраўнiцтва тэатра знаёмства шырокай публiкi вось з такой iнфармацыяй? Доктар Лойд, вы лiчыце за лепшае як эксперт даваць паказаннi ў судзе ў якасцi сведкi цi ўсё ж абгаварыць справу тут? Мiстэр Гроўв, як бы паставiўся да ўсяго гэтага ваш клiент, калi б быў жывы? Мiстэр Джэймс, што вы думаеце наконт гэтага? Вас таксама не спакушае перспектыва публiчнасцi, цi не так? Асаблiва таму, што ўсплыве iмя вашай дачкi?

- Чаму яе iмя павiнна ўсплыць? - спытаў Джэймс сваiм добра пастаўленым барытонам.

- У якасцi доказу, - адказаў збялелы Вулф. - Такiм чынам высветлiцца, што якраз перад тым, як ударыць Мiёна, вы яму сказалi: "Слухай, ты, вырадак, пакiнь маю дачку ў спакоi".

Я сунуў руку ў кiшэню, бо прытрымлiваюся правiла, пацверджанага вопытам: кожны раз, калi сярод прысутных ёсць цi можа быць забойца, зброя павiнна быць пад рукой. Нягледзячы на тое, што яна захоўваецца ў глыбiнi трэцяй шуфляды майго стала i таму, можна сказаць, заўсёды пад рукой, я па звычцы перакладаю яе ў кiшэню перад прыходам гасцей. Якраз у гэтую кiшэню я i сунуў руку, ведаючы запальчывасць Джэймса. Але ён застаўся сядзець у крэсле. I толькi прамямлiў:

- Гэта хлусня!..

- Гэтыя словы чулi дзесяць чалавек, - прабурчаў Вулф. - Уяўляеце, якая б пайшла пагалоска, калi б вы пад прысягай ад iх адмовiлiся, а ўсе тыя дзесяць, выклiканыя ў суд у якасцi сведак, заявiлi б процiлеглае. Я лiчу, што было б лепш абмеркаваць гэта са мной.

- Аб чым вы хочаце даведацца? - спытаў суддзя Арнольд.

- Мне патрэбны факты. Першы факт ужо выклiкаў спрэчкi. Калi я памыляюся, я павiнен гэта ведаць дакладна. Мiстэр Гроўв, вы былi сведкам таго, як быў нанесены той славуты ўдар. Я дакладна пераказаў словы мiстэра Джэймса?

- Так, - адказаў Гроўв пiсклявым голасам.

- Вы чулi, як ён гэта гаварыў?

- Чуў.

- Мiсiс Бослi, а вы?

Здавалася, што тая адчувае сябе няёмка.

- Можа, было б лепш...

- Калi ласка. Вы адказваеце не пад прысягай, я проста збiраю факты, апрача таго, мне толькi што заявiлi, што я хлушу. Вы чулi, як ён гэта гаварыў?

- Так, я чула. - Адэль зiрнула ў бок Джэймса. - Прабач, Джыф.

- Але гэта няпраўда! - ускрыкнула Клара Джэймс.

- Мы што, усе хлусiм? - накiнуўся на яе Вулф.

Я мог папярэдзiць Клару, калi яна падаравала той погляд у калiдоры, каб была асцеражнейшая з Вулфам. Яна была не толькi вытанчаная маладая жанчына, мела не толькi незвычайны бляск у вачах, але ў дадатак - худзенькая, i было вiдаць, што яе хударлявасць з'яўляецца вынiкам абмежавання ў ежы, а Вулф зусiм не мог трываць людзей, якiя мала ядуць. Я з самага пачатку ведаў, што рана цi позна ён накiнецца на яе.

Але Клара перайшла ў контратаку.

- Я не маю на ўвазе гэта, - сказала яна пагардлiва. - Навошта так хвалявацца! Я маю на ўвазе, што я схлусiла бацьку. Тое, што ён падумаў наконт мяне i Альберта - гэта няпраўда. Я проста выхвалялася перад iм, таму што... не мае значэння чаму. Ва ўсякiм разе, тое, што я яму гаварыла, - няпраўда, я так i сказала яму ў той вечар!

- Якi вечар?

- Калi мы вярнулiся дадому з вечарыны за кулiсамi пасля спектакля "Рыгалета". Менавiта там мой бацька накаўцiраваў Альберта, як вы ведаеце, проста на сцэне. Калi мы вярнулiся дадому, я паведамiла, што ўсё тое, што я расказала яму пра нас з Альбертам, - няпраўда.

- Калi ж вы хлусiлi, у першым выпадку цi ў другiм?

- Не адказвай на гэтае пытанне, мая дарагая, - умяшаўся суддзя Арнольд, дзейнiчаючы ў якасцi адваката. Ён сурова глянуў на Вулфа. - Гэта ўсё не мае дачынення да справы. Калi ласка, цiкаўцеся фактамi, але фактамi, што маюць непасрэднае дачыненне. Тое, што мiс Джэймс сказала бацьку, - неiстотна.

- Ну, не, - пакруцiў галавой Вулф. Ён перавёў позiрк справа налева, потым зноў направа. - Вiдаць, я невыразна ўсё растлумачыў. Мiсiс Мiён пажадала, каб я вырашыў, цi ёсць у яе падставы для прад'яўлення iску, i не столькi юрыдычныя, колькi маральныя. Калi высветлiцца, што гвалтоўныя дзеяннi мiстэра Джэймса супраць мiстэра Мiёна мелi маральныя падставы, гэта будзе фактарам, якi я ўлiчу, прымаючы рашэнне.

Вулф засяродзiў увагу на Клары.

- Мела маё пытанне дачыненне да справы цi не, мiс Джэймс, я згодны з тым, што яно было не вельмi далiкатнае, i таму выклiкала ў адказ няшчырасць. Я здымаю гэтае пытанне. Паспрабуйце замест яго адказаць вось на такое. Цi намякалi вы бацьку да той вечарыны за кулiсамi, што мiстэр Мiён спакусiў вас?

- Ну, - засмяялася Клара. Смяялася яна звонка i прывабна. - Што за цудоўная старасвецкая манера пытацца пра такое. Так, я намякнула. Але гэта няпраўда.

- Але вы паверылi, мiстэр Джэймс?

Джыфард увесь гэты час ледзь стрымлiваўся, i я хацеў бы заўважыць, што цярпець такiя навадныя пытаннi ад незнаёмага пра дачку, вiдаць, было цяжка. Але, зрэшты, астатнiя прысутныя не пачулi нiчога новага, а ўсё гэта, як бы там нi было, сапраўды мела дачыненне да справы. Ён прымусiў сябе гаварыць спакойна.

- Я не паверыў таму, што мне паведамiла дачка.

Вулф кiўнуў галавой.

- На гэтым можна спынiцца, - сказаў ён з палёгкай. - Я рады, што з гэтай часткай размовы скончана. - Вулф спынiў позiрк на Руперце Гроўве.

- Цяпер, мiстэр Гроўв, раскажыце мне пра гутарку, якая адбылася ў студыi мiстэра Мiёна за некалькi гадзiн да яго смерцi.

Мiстэр Руперт Тлушч, якi сядзеў, схiлiўшы галаву на бок, сустрэўся позiркам сваiх пранiклiвых чорных вачэй з позiркам Вулфа.

- Яна адбылася з мэтай, - сказаў ён высокiм голасам, - абмеркаваць патрабаванне Мiёна аб кампенсацыi за прычыненую яму шкоду.

- Вы былi там?

- Зразумела, я там прысутнiчаў. Я быў кансультантам i iмпрэсарыо Мiёна. Разам са мной былi мiс Бослi, доктар Лойд, мiстэр Джэймс i суддзя Арнольд.

- Хто наладзiў сустрэчу, вы?

- Нейкiм чынам, так. Суддзя Арнольд прапанаваў, а я паведамiў пра гэта Мiёну i патэлефанаваў доктару Лойду i мiс Бослi.

- I што вырашылi?

- Нiчога. Альбо нiчога канкрэтнага. Узнiкла пытанне наконт памеру прычыненай шкоды - паколькi Мiён павiнен быў хутка зноў заспяваць.

- Як паставiлiся да гэтага вы?

- Хiба я не гаварыў, што быў iмпрэсарыо Мiёна, - сказаў ён, прыплюшчыўшы вочы.

- Несумненна. Але я маю на ўвазе, як паставiлiся вы да самой кампенсацыi?

- На маю думку, трэба было неадкладна выплацiць папярэднюю суму ў пяцьдзесят тысяч даляраў. Нават калi б у Мiёна i хутка аднавiўся голас, ён ужо паспеў за гэты час страцiць столькi ж i нават болей. Было скасавана яго турнэ па Паўднёвай Амерыцы, i ён не змог зрабiць шмат запiсаў па кантрактах...

- Гаворка нават i блiзка не магла iсцi пра пяцьдзесят тысяч даляраў, - з варожасцю ў голасе ўступiў у размову суддзя Арнольд. Хоць сам ён быў карантыш, але з горлам у яго было ўсё ў парадку. - Я прывёў лiчбы...

- Iдзiце к чорту са сваiмi лiчбамi! Кожны можа...

- Калi ласка! - Вулф пастукаў касцяшкамi пальцаў па стале. - Як ставiўся да гэтага мiстэр Мiён?

- Зразумела, таксама, як i я, - звяртаючыся да Вулфа, Гроўв адначасова са злосцю паглядаў у бок Арнольда. - Мы гэта папярэдне абмеркавалi.

- Ну, вядома, - Вулф перавёў позiрк улева. - Што вы думаеце пра гэта, мiстэр Джэймс?

- Лiчу, - улез у размову суддзя Арнольд, - што я павiнен гаварыць ад iмя клiента. Вы згодны, Джыф?

- Давайце, - прамармытаў барытон.

Арнольд менавiта так i зрабiў, ён прагаварыў амаль гадзiну з тых трох, на працягу якiх адбывалася размова. Мяне здзiвiла, што Вулф не спынiў яго, i ўрэшце я прыйшоў да высновы, што ён даў магчымасць яму трашчаць толькi таму, каб яшчэ раз пацвердзiць свае даўнiя адносiны да адвакатаў. Калi так, дык гэта яму з поспехам удалося.

Арнольд нiчога не абмiнуў. У яго было шмат чаго сказаць наконт дэлiнквентаў з экскурсам у больш чым двухсотгадовы гiстарычны перыяд, робячы асаблiвы нацiск на псiхiчны стан дэлiнквента. Другiм фактарам, на якiм ён падрабязна спынiўся, было паняцце непасрэднай матывiроўкi. Ён сапраўды пераканаўча разважаў наконт гэтай самай непасрэднай матывiроўкi, але ўсё гэта было настолькi складана, што ўрэшце я збiўся з логiкi яго разважанняў.

Тым не меней часам ён меў рацыю. На адпаведным этапе разважанняў ён сказаў:

- Iдэя папярэдняй кампенсацыi, як яе тут назвалi, была, безумоўна, недапушчальная. Нельга спадзявацца на тое, што нехта, нават у выпадку прызнання абавязацельства, згодзiцца заплацiць па iм, перш чым будзе дасягнута згода наконт агульнай сумы выплаты цi дакладнага метаду яе падлiку.

У другiм выпадку ён адзначыў:

- Патрабаванне такой вялiкай сумы можна, мiж iншым, з усёй падставай квалiфiкаваць як шантаж. Iм было вядома, што, калi абмеркаванне вышэйназванага дзеяння будзе перададзена ў суд i калi мы паведамiм, што штуршком да ўчынку майго клiента з'явiлася веданне iм пра абняслаўленне яго дачкi, суд прысяжных наўрад цi вынес бы прыгавор аб выплаце кампенсацыi. Але iм таксама вядома, што мы не вельмi хацелi звяртацца па дапамогу ў суд.

- Не веданне, - запярэчыў Вулф. - Толькi думка. Дачка сцвярджае, што няправiльна яго iнфармавала.

- Мы б маглi даказаць гэта, - настойваў Арнольд.

Я здзiўлена зiрнуў на Клару. Тое, што цяпер гаварылася, поўнасцю не супадала з храналагiчным парадкам яе як хлуслiвых, так i праўдзiвых заяў, але нi яна, нi яе бацька не звярталi ўвагi на сэнс сказанага цi не хацелi зноў пачынаць пра гэта гаворку.

Яшчэ на нейкiм этапе свайго маналога Арнольд сказаў наступнае:

- Нават калi ўчынак майго клiента быў дэлiктны i была б устаноўлена абавязковасць выплаты кампенсацыi, сума не магла быць узгоднена да вызначэння аб'ёму прычыненай шкоды. Мы прапанавалi, захоўваючы за сабой усе правы, дваццаць тысяч даляраў з мэтай поўнага ўрэгулявання справы i адмаўлення з iх боку ад усiх прэтэнзiй. Яны не згадзiлiся з гэтай прапановай, запатрабавалi неадкладнай выплаты ў лiк належнай сумы. Мы прынцыпова адмовiлiся ад гэтага. Урэшце была дасягнута згода толькi ў адным: трэба прыкласцi ўсе намаганнi, каб вызначыць агульную суму прычыненай шкоды. Зразумела, менавiта з гэтай мэтаю там знаходзiўся доктар Лойд. Яго спыталi наконт прагнозу, i ён заявiў, што але навошта вам гэта чуць з чужых слоў. Ён тут прысутнiчае - i вы можаце атрымаць iнфармацыю з першых рук.

- Калi вы будзеце так ласкавы, доктар! - звярнуўся да доктара Лойда Вулф, кiўнуўшы галавой у знак згоды з прапановай Арнольда Гроўва.

"Божа мой, - падумаў я, - вось вам яшчэ адзiн эксперт".

Але Лойд злiтаваўся над намi. Ён тлумачыў усё на нашым узроўнi разумення праблемы i нават не думаў займаць на гэта гадзiну. Перш чым загаварыць, ён прыклаўся да шклянкi, куды паспеў ужо разы тры падлiць вiскi з мятнай вадою, ад гэтага расправiлiся некаторыя зморшчыны на яго прыгожым твары, а ў вачах часткова знiкла трывога.

- Пастараюся прыпомнiць, - паволi сказаў ён, - дакладна ўсё тое, што я iм паведамiў. Спачатку я квалiфiкаваў траўму, атрыманую ад удару. Моцна пашкоджанымi аказалiся шчытападобная залоза i чарпалападобныя храсткi з левага боку i ў меншай меры - персценяпадобны храсток. - Ён усмiхнуўся - усмешка была ганарлiвая, але не пагардлiвая. - Я пачакаў два тыднi, праводзячы прызначанае лячэнне, спадзеючыся, што хiрургiчнага ўмяшання не спатрэбiцца, але яно аказалася неабходным. Калi ў час аперацыi я дайшоў да пашкоджаных месцаў, то супакоiўся: усё было не так дрэнна, як я думаў. Аперацыя была простая, i ён надзiва хутка пачаў папраўляцца. Я б не вельмi рызыкнуў у той дзень, калi б запэўнiў, што яго голас будзе такi, як i раней, праз два - найболей праз тры месяцы; але гартань - надзвычай далiкатны iнструмент, i такi голас, як у Мiёна, уяўляе сабой адметную з'яву, таму я быў дастаткова асцярожны i толькi сказаў, што быў бы здзiўлены i расчараваны, калi б ён не паправiўся i не быў поўнасцю гатовы да адкрыцця наступнага опернага сезона, гэта значыць праз сем месяцаў з таго дня. Я дадаў, што мае надзеi i спадзяваннi былi фактычна яшчэ больш аптымiстычныя.

Лойд сцiснуў вусны.

- Здаецца, гэта i ўсё, што я тады паведамiў. Тым не меней я падтрымаў прапанову, каб мой прагноз быў пераправераны Рэнтнерам. Вiдавочна, прагноз быў бы галоўным фактарам пры вызначэннi сумы, якую належала заплацiць за шкоду, i я не хацеў браць на сябе ўсю адказнасць.

- Рэнтнер? Хто гэта? - спытаў Вулф.

- Доктар Абрахам Рэнтнер са шпiталя "Гара Сiнай", - адказаў Лойд тонам, якiм бы я адказаў на пытанне, хто такi Мiкi Мантл. - Я патэлефанаваў Рэнтнеру i дамовiўся аб сустрэчы ранiцай наступнага дня.

- Я настаяў на гэтым, - з важным выглядам сказаў Руперт Тлушч. - Мiён меў права атрымаць кампенсацыю не калi-небудзь у аддаленым будучым, а там жа i адразу. Яны адмаўлялiся плацiць, пакуль не будзе ўзгоднена агульная сума, i калi мы павiнны былi вызначыць гэтую суму, я мусiў быць упэўнены на ўсе сто адсоткаў, што яна будзе дастатковай. Не забывайце, што ў той дзень Мiён не мог прапець нiводнай ноты.

- А спяваць пiянiсiма ён змог бы не раней чым праз два месяцы, пацвердзiў Лойд. - I я сказаў, што гэта як мiнiмум.

- Здаецца, - умяшаўся суддзя Арнольд, - прагучаў намёк на тое, што мы былi супраць прапановы забяспечыць яшчэ адно прафесiйнае заключэнне. Я вымушаны заявiць пратэст...

- Вы былi супраць! - завiшчаў Гроўв.

- Не! - раўнуў Джыфард Джэймс. - Мы проста...

Усе трое ўступiлi ў спрэчку, кiдаючыся адзiн на аднаго са злоснымi выразамi на тварах. Раней мне здавалася, што яны павiнны былi прыберагчы ўсю сваю энергiю для высвятлення галоўнага пытання - цi падлягае выплаце мiсiс Мiён якая-небудзь сума, i калi так, то якая. Але я памылiўся наконт гэтых жэўжыкаў. Галоўным iх клопатам было пазбегнуць нават самай нязначнай рызыкi дасягнуць згоды хоць па якiм-небудзь пытаннi.

Вулф цярплiва дазволiў iм рухацца ў жаданым для iх кiрунку, а гэта значыць - нiкуды, а потым запрасiў уступiць у размову яшчэ аднаго госця.

- Мiс Бослi, - звярнуўся ён да Адэлi, - вы нiчога пакуль не сказалi. На чыiм баку былi вы?

Адэль Бослi ўвесь час уважлiва сачыла за тым, што адбывалася, папiваючы ром "Колiнз" - ужо другую шклянку, - i здавалася мне вельмi разумнай. Хоць была сярэдзiна жнiўня, толькi яна адна была па-сапраўднаму загарэлая. Яе адносiны як iнфармацыйнага агента з сонцам былi выдатныя.

- Я не была нi на чыiм баку, мiстэр Вулф, - сказала яна, пакруцiўшы галавой. - Мой iнтарэс абмяжоўваўся iнтарэсам майго наймальнiка - Асацыяцыi "Метраполiтэн-оперы". Зразумела, мы хацелi ўрэгуляваць усё канфiдэнцыяльна, без скандалу. У мяне не было анiякай думкi па пытаннi, што абмяркоўвалася.

- I нiякай думкi вы не выказалi?

- Не. Я проста заклiкала iх, калi гэта магчыма, паспрабаваць урэгуляваць праблему.

- Шчыра, нiчога не скажаш! - выпалiла Клара Джэймс. Было вiдаць, што яна кпiла. - Вы маглi б крыху дапамагчы бацьку, бо гэта ён уладкаваў вас на працу. Цi вы...

- Супакойся, Клара! - уладна спынiў яе Джэймс.

Але тая не звярнула на яго ўвагi i працягвала:

- Цi вы ўжо цалкам расплацiлiся за гэта?

Суддзя Арнольд, здавалася, пакрыўдзiўся. Руперт Тлушч захiхiкаў. Доктар Лойд глынуў вiскi з вадой.

Паколькi я пачынаў ужо ў нейкай ступенi па-сяброўску ставiцца да Адэлi, то, вядома, спадзяваўся, што тая шпурне што-небудзь у гэту вытанчаную i блiскучую мiс Джэймс, але яна абмежавалася зваротам да яе бацькi:

- Няўжо ты не можаш справiцца з немаўлём, Джыф?

Потым, не чакаючы адказу, звярнулася да Вулфа:

- Мiс Джэймс - схiльная да фантазiй. Тое, на што яна намякала, нiдзе не зафiксавана. I нiкiм.

- Ва ўсякiм разе, яно не будзе зафiксавана сёння, - згодна кiўнуў Вулф. Ён скрывiў грымасу i сказаў: - Вяртаючыся да пытанняў, якiя дарэчы цi недарэчы, я хацеў спытаць, калi скончылася гутарка?

- Ну што ж - мiстэр Джэймс i суддзя Арнольд пайшлi першымi недзе а палове пятай. Неўзабаве за iмi пайшоў доктар Лойд. Я пабыла яшчэ некалькi хвiлiн з Мiёнам i мiстэрам Гроўвам, а потым таксама пайшла.

- Куды вы пайшлi?

- У сваю кантору на Брадвеi.

- Колькi часу вы прабылi ў сваёй канторы?

Гэтае пытанне, здаецца, яе здзiвiла.

- Не ведаю... зрэшты... так... ну, канечне. Я пайшла адтуль пасля сямi гадзiн. Мне трэба было тое-сёе зрабiць, апрача таго, я надрукавала на машынцы канфiдэнцыяльны запiс гутаркi ў Мiёна.

- Вы сустракалiся з Мiёнам яшчэ, перад яго смерцю? Цi тэлефанавалi?

- Сустракалася? - яшчэ больш здзiвiлася Адэль. - Як я магла. Хiба вы не ведаеце, што яго знайшлi мёртвым у сем гадзiн? Значыць, да таго, як я выйшла з канторы.

- Вы тэлефанiравалi яму? Памiж паловай пятай i сёмай гадзiнамi?

- Не, - Адэль выглядала збянтэжанай i крыху раззлаванай.

Я раптам зразумеў, што Вулф неабдумана пачаў ступаць па тонкiм лёдзе, наблiжаючыся да забароненай тэмы забойства.

- Я не ведаю, на што вы намякаеце, - дадала Адэль.

- Я таксама, - з запалам заўважыў суддзя Арнольд i працягваў з саркастычнай усмешкай. - Калi толькi гэта не неадольная звычка пытацца ў людзей, дзе тыя былi ў той момант, калi адбылося забойства. Чаму тады не кiравацца гэтай звычкай i ў дачыненнi да ўсiх нас?

- Якраз гэта я i збiраюся зараз зрабiць, - спакойна адказаў Вулф. - Я хацеў бы даведацца, чаму Мiён надумаў скончыць самагубствам, бо ад гэтага залежыць прапанова, якую я павiнен выказаць удаве. Наколькi я зразумеў, двое цi трое з вас паведамiлi, што пад канец гутаркi ён быў ва ўзбуджаным, але не прыгнечаным стане. Я ведаю, што ён скончыў самагубствам, палiцыю нельга збiць з панталыку ў такiх выпадках. Але чаму?

- У мяне наконт заявы аб яго стане ёсць сумненнi, - пачала выказваць сваю думку Адэль. - Калi ведаеш, як спявак - асаблiва такi вялiкi, як Мiён, - сябе адчувае, калi ён не можа выцiснуць з сябе хоць бы адну ноту, калi вымушаны гаварыць прыцiшаным голасам цi нават шэптам, гэта жахлiва.

- Ва ўсякiм разе, яго ўчынкi заўсёды былi неспадзяваныя, - уставiў слова Руперт Гроўв. - Я чуў, як на рэпетыцыi ён праспяваў арыю як анёл, а потым расплакаўся, бо яму, бачыце, здалося, што канец быў змазаны. То ён, здавалася, быў на нябёсах, а праз хвiлiну - ужо нiбы зямлёй прысыпаны.

- Тым не меней, - прабурчаў Вулф, - усё тое, што было сказана Мiёну, усё роўна кiм, на працягу тых дзвюх гадзiн, перад самазабойствам, мае непасрэднае дачыненне да гэтага расследавання, мэта якога - вызначыць маральную пазiцыю мiсiс Мiён. Я хачу ведаць, дзе вы, панове, былi ў той дзень адразу пасля заканчэння гутаркi i да сямi гадзiн i што вы рабiлi ў гэты час.

- Божа, - усклiкнуў суддзя Арнольд i ўзняў да неба рукi. - Ну, што ж, сказаў ён, апусцiўшы iх, - час познi. Як вам ужо сказала мiс Бослi, я выйшаў са студыi Мiёна разам са сваiм клiентам. Мы пайшлi ў бар "Чэрчыль", дзе выпiлi i пагутарылi. Крыху пазней да нас далучылася мiс Джэймс, яна таксама замовiла сабе пiтво i праседзела з намi даволi доўга, недзе з паўгадзiны, а потым пайшла. Мы с мiстэрам Джэймсам заставалiся разам да пачатку восьмай. Увесь гэты час нiхто з нас не сустракаўся з Мiёнам i нiкому гэтага не даручаў. Спадзяюся, гэта iнфармацыя вычарпальная?

- Дзякую вам, - ветлiва сказаў Вулф. - Вы, зразумела, пацвярджаеце тое, што было сказана, мiстэр Джэймс?

- Так, - хмурна адказаў барытон. - Якая ўсё ж такi гэта бязглуздзiца!

- Яно сапраўды пачынае гучаць менавiта так, - пагадзiўся Вулф. - Доктар Лойд, ваша чарга. Калi вы не супраць?

Той паспеў ужо размякнуць. Ён чатыры разы падлiваў сабе, не шкадуючы нашага лепшага вiскi, i не быў супраць.

- Што вы? Калi ласка! - ахвотна адгукнуўся ён. - Я абышоў з вiзiтамi пяцярых пацыентаў: двух, што жывуць на Пятай авеню, на поўнач ад цэнтра, аднаго - у раёне Шасцiдзесятых вулiц ва ўсходняй частцы Манхэтана i двух - у бальнiцы. Я прыйшоў дадому неўзабаве пасля шасцi i толькi паспеў апрануцца пасля ванны, як патэлефанаваў Фрэд Уэплер i паведамiў пра Мiёна. Зразумела, я адразу пайшоў туды.

- Вы не сустракалiся з Мiёнам i не тэлефанавалi яму?

- Не, пасля таго як скончылася гутарка, я больш не меў з iм нiякiх кантактаў. Можа, мне трэба было гэта зрабiць, але такая думка не прыйшла ў галаву - я не псiхiятр, хоць i быў яго доктарам.

- Ён быў iмпульсiўны, цi не так?

- Так, - Лойд сцiснуў вусны. - Вядома, гэта не медыцынскi тэрмiн.

- Далёка не медыцынскi, - пагадзiўся Вулф. Ён перавёў пiльны позiрк сваiх вачэй на наступнага суразмоўцу. - Мiстэр Гроўв, мне не трэба пытацца ў вас, цi тэлефанавалi вы Мiёну, бо ўжо зафiксавана, што вы яму тэлефанавалi. Прыблiзна а пятай гадзiне?

Руперт Тлушч зноў схiлiў набок галаву. Вiдаць, гэта была яго любiмая поза ў час гутаркi.

- Пасля пяцi гадзiн, - паправiў ён Вулфа. - Дакладней, у пятнаццаць хвiлiн на шостую.

- Адкуль вы патэлефанавалi?

- З клуба "Гарвард".

"Нiчога сабе, - падумаў я, - колькi ж намаганняў трэба было яму прыкласцi, каб трапiць у клуб "Гарвард".

- I што вы сказалi?

- Нiчога асаблiвага, - скрывiў вусны Гроўв. - Ведаеце, гэта не ваша справа, але паколькi астатнiя зрабiлi вам такую ласку, то i я буду трымацца iх прыкладу. Раней я забыўся спытаць, цi гатовы ён пацвердзiць згоду пералiчыць тысячу даляраў за адзiн тавар, бо адпаведнаму агенцтву патрэбны быў дакладны адказ. Мы гаварылi менш трох хвiлiн. Спярша ён быў супраць, а потым згадзiўся. Вось i ўсё.

- Цi можна было па яго голасе зразумець, што з вамi размаўляе чалавек, якi збiраецца скончыць самагубствам?

- Не, нi ў якiм разе. У яго быў сумны настрой, што i зразумела, бо ён не мог спяваць тады i не спадзяваўся аднавiць голас раней чым праз два месяцы.

- Што вы рабiлi пасля таго, як пагаварылi па тэлефоне з Мiёнам?

- Я застаўся ў клубе. Замовiў вячэру i яшчэ не паспеў скончыць есцi, як пачуў навiну пра тое, што Мiён скончыў самагубствам. Так я i не пакаштаваў замоўленых тады марозiва i кавы.

- Што ж, гэта вельмi дрэнна. Калi вы гаварылi з Мiёнам па тэлефоне, цi спрабавалi вы яшчэ раз угаварыць яго не настойваць на iску супраць мiстэра Джэймса?

Гроўв падняў галаву.

- Што я спрабаваў? - перапытаў ён.

- Вы чулi, што я сказаў, - груба адказаў Вулф. - Што тут дзiўнага? Зразумела, я атрымаў ад мiсiс Мiён адпаведную iнфармацыю, бо я вяду па яе просьбе расследаванне. Спярша вы былi супраць таго, каб Мiён патрабаваў выплату кампенсацыi, i спрабавалi адгаварыць яго. Вы гаварылi, што пагалоска, якая разнясецца ў вынiку ўсяго гэтага, наробiць шмат шкоды i таму не варта гэтага рабiць. Ён жа патрабаваў, каб вы падтрымалi iск, i паабяцаў скасаваць заключаны з вамi кантракт у тым выпадку, калi вы адмовiцеся. Цi не так, мiстэр Гроўв?

- Не, не так, - блiснуў сваiмi чорнымi вачыма Гроўв. - Зусiм не так! Я толькi выказаў яму сваю думку. Калi ж было вырашана заявiць iск, я дзейнiчаў адпаведна. - Яго голас зрабiўся на цэлую актаву вышэй, хоць раней мне здавалася, што больш пiсклявага голасу ўжо i быць не можа. - Я сапраўды дзейнiчаў згодна з прынятым рашэннем!

- Вось як? - сказаў Вулф, больш не спрачаючыся. - А што вы цяпер думаеце наконт iску мiсiс Мiён?

- Не думаю, што ён абгрунтаваны. Я не веру, што яна зможа атрымаць пэўную суму. На месцы Джэймса, я не заплацiў бы ёй нават цэнта.

- Яна вам не падабаецца, цi не так? - кiўнуў галавой Вулф.

- Калi гаварыць шчыра, дык не! I нiколi не падабалася. А што, я павiнен яе любiць?

- Вядома, не. Асаблiва калi ўлiчыць тое, што i вы ёй не падабаецеся. Вулф, адкiнуўшыся назад, зручней усеўся ў крэсле.

Я мог здагадацца па размяклых вуснах Вулфа, што наступнае пытанне, якое ўзнiкне ў ходзе гутаркi, будзе якраз тое, што яго не цiкавiла, i зразумеў чаму, калi заўважыў, што ягоныя вочы спынiлiся на Клары Джэймс. Магу iсцi ў заклад, калi б ён ведаў, што давядзецца мець справу з такiмi клiентамi, то нiколi б не згадзiўся на гэту работу.

- Мiс Джэймс, вы чулi, што тут гаварылася? - спытаў ён бурчлiва.

- Мне было цiкава, - з крыўдай у голасе загаварыла тая, нiбыта скардзячыся, - вы i далей не будзеце звяртаць нiякай увагi на мяне? Я таксама тут прысутнiчаю, цi не так?

- Так. Я не забыўся пра вас. - З тону яго голасу адчувалася, што яму хацелася адваротнага. - Пасля таго як вы сустрэлiся з бацькам i суддзёй Арнольдам у бары за пiтвом, з якой мэтай яны накiравалi вас на сустрэчу з Мiёнам да яго ў студыю?

Арнольд i Джэймс адразу ж выказалi пратэст, зрабiўшы гэта гучна i адначасова. Вулф, не звяртаючы на iх увагi, чакаў адказу ад Клары, голас якой патануў у крыках яе спадарожнiкаў.

- ...не мае нiякага дачынення, - пачуўся толькi канец яе адказу. - Я сама туды пайшла.

- Гэта была ваша ўласная iдэя?

- Цалкам. Часам так здараецца, зусiм незалежна ад нас.

- Дзеля чаго вы туды пайшлi?

- Ты не абавязана адказваць на гэтае пытанне, мая дарагая, - звярнуўся да яе Арнольд.

Клара не звярнула на яго ўвагi.

- Яны паведамiлi мне аб тым, што адбылося ў час гутаркi,i я ледзь не звар'яцела. На маю думку, гэта быў сапраўдны грабеж, але я не збiралася менавiта гэта казаць Альберту. Мне здавалася, што я здолею адгаварыць яго.

- Вы пайшлi, каб угаварыць яго адмовiцца дзеля мiнулага?

- Як удала вы ўмееце выбiраць словы! - усклiкнула Клара з задаволеным выглядам. - Уявiце дзяўчыну маiх гадоў, у якой ужо ёсць мiнулае!

- Я рады, што вам спадабалася мая манера выказвацца, мiс Джэймс. - Было вiдаць, што ўнутры ў Вулфа ўсё кiпiць. - Як бы там нi было, вы пайшлi. На месцы былi ў пятнаццаць хвiлiн на сёмую?

- Так, нешта каля гэтага.

- Вы бачылiся з Мiёнам?

- Не.

- Чаму не?

- Яго там не было, урэшце... - Клара змоўкла. У яе ў вачах ужо не было таго бляску, якi быў раней. - Так я думала тады, - працягвала яна. - Я паднялася на трынаццаты паверх i нацiснула кнопку званка на дзвярах студыi. Званок - гучны, - ён гэта спецыяльна прадугледзеў, каб яго не заглушалi голас i гукi пiянiна ў час рэпетыцый - але я не магла пачуць яго з калiдора, бо дзверы - таксама гукаiзаляваныя, i, нацiснуўшы кнопку некалькi разоў, я не была ўпэўненая, што званок празвiнеў, i таму пастукала. Я люблю ўсё даводзiць да канца, а паколькi мне здавалася, што ён у студыi, я яшчэ некалькi разоў пазванiла, потым зняла чаравiк i пастукала аб дзверы абцасам. Потым я пайшла ўнiз i нацiснула кнопку званка на дзвярах кватэры. Гэта было сапраўднае глупства з майго боку, бо я ведала, з якой нянавiсцю ставiцца да мяне мiсiс Мiён, але ўсё-такi я гэта зрабiла. Мiсiс Мiён адчынiла дзверы i сказала, што, на яе думку, Альберт знаходзiцца паверхам вышэй, у студыi. Я сказала, што яго там няма, пасля гэтага яна з трэскам зачынiла дзверы проста перад самым маiм носам. Я пайшла дадому, зрабiла сабе кактэйль, - дарэчы, трэба прызнаць, у вас добрае вiскi, хоць я нi разу раней не чула такой назвы. - Яна ўзняла i патрэсла шклянку, каб памяшаць лёд. - Ёсць якiя пытаннi?

- Не, - гыркнуў Вулф. Ён зiрнуў на насценны гадзiннiк, а потым абвёў позiркам твары прысутных. - Я, безумоўна, паведамлю мiсiс Мiён, - сказаў ён, звяртаючыся да iх, - што вы не iмкнулiся ўтойваць факты.

- А што яшчэ? - пацiкавiўся Арнольд.

- Не ведаю. Паглядзiм.

Гэта iм не спадабалася. Не думаю, каб хто-небудзь змог вызначыць пытанне, па якiм усе шасцёра змаглi б прыйсцi да адзiнадушнай згоды, i ўсё ж Вулф здолеў акрэслiць яго некалькiмi словамi. Iм трэба было ведаць канчатковае рашэнне, калi не яго, дык думку, ну, а калi i не яе, дык хоць бы намёк.

Адэль Бослi была сама ўпартасць. Руперт Тлушч выказаў сваё абурэнне вiскам, а суддзя Арнольд ледзь стрымлiваўся. Вулф па-ранейшаму валодаў сабой, але нарэшце ўстаў i пажадаў iм добрай ночы.

Усё скончылася на такой ноце, што, адыходзячы, нiхто не выцiснуў з сябе нiводнага слова ўдзячнасцi за пачастункi, нават Адэль, эксперт па адносiнах з грамадскасцю, цi доктар Лойд, якi фактычна адзiн апаражнiў бутэльку вiскi.

Зачынiўшы на ноч парадныя дзверы на засаўку, я вярнуўся ў кабiнет. На маё здзiўленне, Вулф усё яшчэ быў на нагах, стоячы каля кнiжнай шафы i ўтаропiўшыся ў расстаўленыя на палiцах кнiгi.

- Не спiцца? - спытаў я пачцiва.

- Хачу выпiць яшчэ бутэльку пiва, - настойлiва запатрабаваў, павярнуўшыся ў мой бок, Вулф.

- Вы пэўна звар'яцелi. I так пяць бутэлек ужо выпiлi пасля вячэры. - Усё гэта я гаварыў без асаблiвых эмоцый, бо справа была звычайная. Ён сам вызначыў норму ў пяць бутэлек, якiя выпiваў памiж вячэрай i перад тым, як класцiся спаць, i звычайна прытрымлiваўся гэтай колькасцi, але калi з той цi iншай прычыны быў вельмi не ў гуморы, то лiчыў за лепшае зняць з сябе адказнасць, каб такiм чынам мець магчымасць спагнаць злосць на мне.

Але гэта была ўсяго толькi частка маiх службовых абавязкаў.

- Нiчога не атрымаецца, - цвёрда сказаў я. - Я палiчыў. Пяць. Што за справы такiя, вечар прабавiлi, а забойцы ўсё няма?

- Яшчэ чаго! - сказаў, сцяўшы вусны, Вулф. - Справа не ў тым. Калi б толькi гэта, мы маглi б завяршыць усё яшчэ да таго, як ляжам спаць. Справа ў гэтым чортавым рэвальверы з крыламi. - Ён пiльна глянуў у мой бок прыжмуранымi вачыма, быццам падазраючы, што ў мяне таксама ёсць крылы. - Я мог бы, вядома, не звярнуць на гэта ўвагi - але не. Не, бо, улiчваючы той стан, у якiм знаходзяцца нашы клiенты, гэта было б неразумна. Мы павiнны гэта высветлiць. Iншага выйсця няма.

- Шкада. Магу чым-небудзь дапамагчы?

- Можаш. Патэлефануй мiстэру Крэймеру i зрабi гэта неадкладна, заўтра ж ранiцай. Папрасi яго быць тут у адзiнаццаць гадзiн.

Мае бровы палезлi ўгору ад здзiўлення.

- Але ж яго цiкавяць толькi забойствы. Павiнен я паведамiць, што ў нас ёсць якраз такая справа i мы хацелi б з ёю пазнаёмiць?

- Не. Скажы, я гарантую, што патурбавацца варта. - Вулф зрабiў крок наперад. - Арчы.

- Так, сэр.

- У мяне быў цяжкi вечар, i я вып'ю яшчэ адну бутэльку.

- Не. Нi ў якiм разе. - У кабiнет зайшоў Фрыц, i мы пачалi наводзiць парадак. - Ужо за поўнач, да таго ж вы нам перашкаджаеце. Кладзiцеся спаць.

- Адна не пашкодзiць, - прамармытаў Фрыц.

- Бач ты, памагаты знайшоўся, - сказаў я рэзка. - Папярэджваю вас абодвух, у мяне ў кiшэнi рэвальвер. Ну, што за людзi ў гэтым доме!

На працягу дзевяцi месяцаў мiстэр Крэймер, iнспектар па справах аб забойствах, мужчына высокага росту i шырокi ў плячах, з валасамi, кранутымi сiвiзной, выглядаў, можна сказаць, малайцом. Улетку ад спёкi яго твар так моцна чырванеў, што iнспектар выглядаў крыху гратэскава. Яму было гэта вядома i непрыемна, а ў вынiку з iм цяжэй мець справу ў жнiўнi, чым у студзенi. Калi мне трэба будзе здзейснiць забойства на Манхэтане, я спадзяюся, што гэта здарыцца зiмой.

У аўторак, апоўднi, ён сядзеў у чырвоным скураным крэсле i пазiраў на Вулфа без асаблiвай сардэчнасцi. Затрымаўшыся ў сувязi з iншай, раней дамоўленай сустрэчай, ён не змог прыйсцi ў адзiнаццаць гадзiн, калi Вулф звычайна заканчвае вiзiты да сваiх архiдэй у аранжарэях на даху.

У Вулфа таксама быў не вельмi радасны выгляд, а я з нецярпеннем чакаў пачатку прадстаўлення. Дый мне цiкава было ўбачыць, як будзе выкручвацца Вулф, стараючыся выцягнуць з Крэймера iнфармацыю пра забойства, не прызнаючыся, аднак, што забойства здарылася, бо Крэймера нi ў якiм разе нельга было назваць прастаком.

- Мне трэба пад'ехаць тут у адно месца, - прабурчаў Крэймер, - у мяне мала часу.

Вiдавочна, гэта была непрыкрытая хлусня. Ён проста не мог пагадзiцца з думкай, што iнспектар нью-йоркскага дэпартамента палiцыi мог вось так прыйсцi з вiзiтам да прыватнага дэтэктыва па запрашэннi, нават калi гэта быў Нiра Вулф i нават калi я паведамiў, што ў нас ёсць нешта сапраўды цiкавае.

- Ну, што тут у вас, - працягваў бурчаць Крэймер, - што-небудзь звязанае з Дыкiнсанам? Хто далучыў вас да гэтай справы?

- Не, дзякуй Богу, не гэта. Гэта датычыцца забойства Альберта Мiёна.

Я здзiўлена глянуў на Вулфа. Гэта было за межамi майго разумення. Ён адразу ж спусцiў сабак i якраз тады, калi, на маю думку, уся справа была ў тым, каб рабiць выгляд, што нiякiх сабак не магло быць.

- Мiён? - перапынiў без усякай цiкавасцi Крэймер. - Гэта не мой.

- Хутка будзе ваш. Альберт Мiён, вядомы оперны спявак. Чатыры месяцы назад, дзевятнаццатага красавiка. У яго ў студыi на Iст-Энд авеню. Смерць ад кулi.

- А! - кiўнуў галавой Крэймер. - Так, прыпамiнаю. Але вы крыху выходзiце за межы. Гэта было самагубства, вiдавочнае i простае.

- Не, гэта было наўмыснае забойства.

Крэймер на некалькi iмгненняў спынiў позiрк на Вулфе. Потым, не спяшаючыся, узяў з кiшэнi сiгару, уважлiва агледзеў яе i сунуў у рот. Праз момант выцягнуў яе адтуль.

- Я заўсёды ведаў, - заўважыў ён, - што калi трэба знайсцi затлум галаве, то можна смела разлiчваць на вас. Хто сказаў, што гэта забойства?

- Я прыйшоў да такой высновы.

- Ну тады ўсё ясна. - Сарказм Крэймера заўсёды быў больш чым трэба з'едлiвы. - А вы паклапацiлiся, каб сабраць доказы?

- У мяне iх няма.

- Выдатна. Факты проста крычаць, што гэта было забойства. - Крэймер зноў засунуў сiгару ў рот i выбухнуў: - З якога часу вы пачалi гаварыць чорт ведае якiмi рванымi сказамi? Працягвайце i гаварыце нармальна!

- Ну, - сказаў, крыху падумаўшы, Вулф. - Справа крыху складаная. Вы, вiдаць, незнаёмы з падрабязнасцямi, паколькi гэта адбылося ўжо даўно i было зарэгiстравана як самазабойства.

- Я памятаю гэтую справу дастаткова добра. Як вы сказалi, ён быў вядомая асоба. Так што працягвайце.

Вулф адкiнуўся ў крэсле i заплюшчыў вочы.

- Перапыняйце мяне, калi трэба. Учора вечарам у мяне тут на гутарцы было шэсць чалавек. - Ён пералiчыў прозвiшчы i паведамiў, што гэта былi за асобы. Пяцёра прысутнiчалi на гутарцы ў студыi Мiёна, якая закончылася за дзве гадзiны да таго, як яго знайшлi мёртвым. Шостая асоба, мiс Джэймс, грукала ў дзверы студыi ў пятнаццаць хвiлiн на сёмую i не пачула адказу, вiдаць, таму што Мiён быў ужо мёртвы. Я прыйшоў да высновы, што Мiён быў забiты, толькi на падставе таго, што пачуў ад iх. Я не збiраюся паўтараць усё тое, што яны мне пераказалi - бо на гэта спатрэбiцца занадта шмат часу, адразу ж узнiкне пытанне наконт акцэнтаў i розных iнтэрпрэтацый, да таго ж вы ўжо iх чулi.

- Учора ўвечары мяне тут не было, - суха сказаў Крэймер.

- Так, вас тут не было. Замест вас трэба было б сказаць "палiцэйскi дэпартамент". Усё гэта павiнна быць падшыта ў дасье. Iх усiх дапытвалi тады, калi гэта здарылася, i яны расказвалi кожны сваю гiсторыю, iх жа яны паведамiлi i мне. Вы можаце гэта там знайсцi. Вы калi-небудзь чулi, каб я быў вымушаны браць свае словы назад?

- Я быў сведкам выпадкаў, калi мне хацелася запiхнуць iх назад у вашу глотку.

- Але вы нiколi гэтага не зрабiлi. Вось яшчэ тры словы, якiя я не вазьму назад: Мiён быў забiты. Я не скажу вам цяпер, як дайшоў да гэтае высновы: павывучайце вашы дасье.

Крэймер стараўся стрымлiваць сябе.

- Мне не трэба вывучаць iх, - заявiў ён, - з-за адной дробнай дэталi якiм чынам ён скончыў жыццё. Вы хочаце сказаць, што нацiснуў на курок ён сам, але зрабiць гэта яго прымусiлi?

- Не. На курок нацiснуў забойца.

- Забойца, вiдаць, быў не просты. Паспрабуйце дамагчыся, каб ахвяра разявiла рот, запiхнуць туды дула рэвальвера i каб пры гэтым вас яшчэ не пакусалi. Можа, вы i прозвiшча забойцы паведамiце?

- Я яшчэ не настолькi далёка зайшоў у сваiм расследаваннi. Але непакоiць мяне не ваш контраргумент - справа гэта вырашальная. Тут ёсць нешта iншае. Вулф нахiлiўся ўперад i загаварыў вельмi сур'ёзным тонам: - Я б, вядома, мог самастойна завяршыць усю справу, перадаць вам дадзеныя пра забойцу i ўсе доказы, а потым лопаць крыламi i радасна кукарэкаць. Але, па-першае, у мяне не столькi амбiцыi, каб выстаўляць вас дурнямi, бо вы не такiя, а па-другое, мне патрэбна ваша дапамога. Я не гатовы пакуль да таго, каб даказваць, што Мiёна забiлi, я магу толькi запэўнiваць, што гэта было менавiта так, паўтараць, што мне не давядзецца забiраць свае словы назад - таксама як i вам. Няўжо гэтага недастаткова, каб выклiкаць вашу зацiкаўленасць?

Крэймер перастаў смактаць сiгару. Дарэчы, ён так i не запалiў яе.

- Вядома, так, - адказаў ён хмурна. - Так, каб яго чорт узяў, я зацiкаўлены. Яшчэ адзiн першастацейны затлум галавы. Я вельмi ўсцешаны тым, што вы шукаеце маёй дапамогi. Як я магу дапамагчы?

- Я хачу, каб вы затрымалi двух чалавек як сведак, паказаннi якiх маюць iстотнае значэнне, дапыталi iх i выпусцiлi пад заклад.

- Чаму двух? Чаму не ўсiх шасцярых?

Я папярэджваў чытача: яго сарказм быў з'едлiвы.

- Але, - працягваў, не зважаючы на кпiны, Вулф, - трэба выканаць адпаведныя ўмовы. Яны не павiнны ведаць, што я тут замешаны, яны нават не павiнны ведаць, што я гаварыў з вамi. Арышты трэба здзейснiць сёння папалуднi цi ў канцы дня, каб яны заставалiся ў зняволеннi ўсю ноч да таго часу, пакуль ранiцай вырашыцца пытанне наконт закладу. Сума не павiнна быць вялiкай, бо сам заклад не мае асаблiвага значэння. Допыт павiнен быць дастаткова працяглым i суровым, а не такiм - каб проста адмахнуцца, i чым меней яны паспяць - а лепш каб наогул вачэй не сплюшчылi, - тым лепей. Вядома, для вас такiя справы звыклыя.

- Так, мы ўвесь час гэта робiм, - сказаў Крэймер ранейшым тонам. - Але калi мы просiм выпiсаць ордэр, пажадана мець дастаткова пераканаўчае абгрунтаванне. Мы б не хацелi тлумачыць гэта жаданнем аказаць паслугу Нiра Вулфу. Крывiць душой я не хачу.

- Для гэтых дваiх дастатковае абгрунтаванне ёсць. Яны на самай справе сведкi, паказаннi якiх маюць iстотнае значэнне.

- Вы не сказалi iх прозвiшчаў. Хто яны?

- Мужчына i жанчына, якiя знайшлi труп: мiстэр Фрэдэрык Уэплер, музычны крытык, i мiсiс Мiён, удава.

На гэты раз я не здранцвеў ад здзiўлення, але спатрэбiлiся дадатковыя намаганнi, каб схамянуцца. Бо такое здарылася, вiдаць, упершыню. Колькi разоў я быў сведкам таго, як Вулф заходзiў далёка, а ў некалькiх выпадках занадта далёка - каб вызвалiць клiента ад арышту. Ён ставiўся да арыштаў як да невыноснай асабiстай абразы. А тут ён практычна прасiў прадстаўнiкоў праваахоўных органаў засадзiць Фрэда i Пегi за краты, i гэта пасля таго, як я перадаў у банк выпiсаны мiсiс Мiён чэк на пяць тысяч!

- Вось як! - сказаў Крэймер. - Iх?

- Iх, сэр, - пацвердзiў Вулф. - Як вы ведаеце цi можаце даведацца з дасье, ёсць шмат пра што iх спытаць. Мiстэр Уэплер быў у Мiёнаў у той дзень на званым абедзе, разам з iншымi, а калi госцi пайшлi, ён застаўся з мiсiс Мiён. Пра што iшла размова? Што яны рабiлi ў другой палове гэтага дня? Дзе яны былi? Чаму мiстэр Уэплер вярнуўся ў кватэру Мiёнаў у сем гадзiн? Чаму яны з мiсiс Мiён пайшлi наверх у студыю? Чаму, убачыўшы труп, мiстэр Уэплер не паведамiў аб тым, што здарылася, палiцыi, а спусцiўся на першы паверх, каб скласцi са слоў швейцара i лiфцёра спiс наведвальнiкаў? Незвычайныя паводзiны. Цi меў Мiён звычку спаць пасля абеду? Цi спаў ён з адкрытым ротам?

- Вельмi вам абавязаны, - сказаў Крэймер зусiм не ўдзячна. - Проста цуд, як спрытна вы ўмееце задаваць пытаннi. Але калi Мiён нават i спаў з адкрытым ротам, я сумняваюся, што ён рабiў гэта стоячы. Куля, якая прабiла галаву, трапiла ў столь, наколькi я памятаю. Скажыце цяпер, - спытаў Крэймер, пляснуўшы далонямi па падлакотнiках крэсла, - хто ваш клiент?

- Не, - з жалем у голасе сказаў Вулф. - Я не магу гэтага адкрыць.

- Я так i думаў. Сапраўды, вы нiколi не адкрылi нiводнай дробязi. У вас няма доказаў, а калi яны i ёсць, дык вы надзейна хаваеце iх у кiшэнi. Вы прыйшлi да высновы, якая вам падабаецца. Яна дапаможа клiенту, прозвiшча якога вы адмаўляецеся паведамiць, але хочаце, каб я праверыў для вас гэтую выснову, арыштаваўшы двух паважаных грамадзян i ўзяўшы iх у работу. Раней я быў сведкам вашага нахабства, але гэты раз вы паставiлi рэкорд!

- Я ж вам казаў, што буду вымушаны праглынуць свае словы, як i вы. Калi...

- Вы б нават праглынулi сваю архiдэю, каб толькi атрымаць ганарар!

Вось тут i пачаўся феерверк. Я шмат разоў сядзеў на сваiм месцы, слухаючы лаянку памiж гэтымi двума тыпамi, цешачыся кожнай хвiлiнай гэтага спектакля, але сённяшняе прадстаўленне рабiлася настолькi драматычным, што я быў ужо не вельмi ўпэўнены наконт уцех. У 12.40 Крэймер быў на нагах, збiраючыся адыходзiць. У 12.45 ён зноў сядзеў у чырвоным скураным крэсле, махаючы кулаком i злосна зыркаючы на суразмоўцу. У 12.45 Вулф сядзеў, адкiнуўшыся ў крэсле, заплюшчыўшы вочы, i рабiў выгляд, што нiчога не чуе. У 12.52 ён стукаў кулаком аб стол i роў на ўвесь голас.

У 13.10 усё скончылася. Крэймер згадзiўся з прапановай Вулфа i пайшоў. Ён выставiў умову - спярша азнаёмiцца з матэрыяламi па справе i пагутарыць з супрацоўнiкамi, але гэта было не iстотна, бо арышты трэба было адкласцi на больш познi час i здзейснiваць толькi тады, як суддзi пойдуць дадому. Ён пагадзiўся з той умоваю, што ахвяры не даведаюцца аб тым, што Вулф прыклаў да гэтай справы руку, таму можна было сказаць, што Крэймер саступiў, але, на самай справе, ён кiраваўся разумным сэнсам.

Як бы Крэймер нi стараўся праiгнараваць тыя тры словы Вулфа, якiя не павiнны былi брацца назад - а са свайго вопыту ён ведаў, як рызыкоўна iгнараваць гэтага чортавага Вулфа, - яны ўсё ж прадугледзелi дастатковыя меры, каб пазбегнуць непрыемных момантаў у вынiку перагляду справы аб смерцi Мiёна, i ў такiм выпадку размова з парай, якая знайшла труп, уяўляла сабой не менш апраўданы шлях падступiцца да справы, чым якi-небудзь iншы. Трэба заўважыць, што Крэймер папярхнуўся толькi адным - адмовай Вулфа паведамiць прозвiшча клiента.

Iдучы з Вулфам у сталовую, дзе нас чакаў абед, я заўважыў, звяртаючыся да яго шырокай спiны:

- У межах вялiкага Нью-Йорка налiчваецца ўжо восемсот дзевяць чалавек, якiя б хацелi вас атруцiць. Цяпер будзе восемсот адзiнаццаць. Вы не лiчыце, што рана цi позна яны даведаюцца?

- Вядома, даведаюцца, - згадзiўся ён, высоўваючы крэсла, каб сесцi за стол. - Але занадта позна.

Да канца дня i ўвечары, як нам было вядома, нiчога не здарылася.

Назаўтра ранiцай, у 10.40 я сядзеў за сваiм пiсьмовым сталом у канторы, калi зазванiў тэлефон. Я ўзяў слухаўку i адказаў:

- Кантора Нiра Вулфа, ля тэлефона Арчы Гудвiн.

- Я хачу пагаварыць з мiстэрам Вулфам.

- Яго не будзе да адзiнаццацi гадзiн. Чым магу дапамагчы?

- Гэта неадкладная справа. З вамi гаворыць Уэплер, Фрэдэрык Уэплер. Я ў тэлефоннай будцы каля аптэкi на Дзевятай авеню непадалёк ад Дваццатай вулiцы. Разам са мной мiсiс Мiён. Нас арыштавалi.

- Божа! - з жахам у голасе ўсклiкнуў я. - За што?

- Каб дапытаць нас у сувязi са смерцю Мiёна. У iх былi ордэры на затрыманне сведак, якiя могуць даць iстотныя паказаннi. Яны трымалi нас i вось толькi што адпусцiлi пад заклад. Я запрасiў адваката, каб уладкаваць справу наконт закладу, але не хачу, каб ён ведаў пра тое, што мы раiлiся з Вулфам, i цяпер яго няма з намi. Нам трэба сустрэцца з Вулфам.

- Ну, зразумела, - пагадзiўся я з запалам. - Гэта абуральна! Зараз жа прыходзьце да нас. Пакуль вы прыедзеце, ён ужо вернецца з аранжарэй. Хапайце таксi.

- Мы не можам. Iменна таму я i званю. За намi па пятах iдуць два сышчыкi, а нам не хацелася б, каб яны даведалiся пра сустрэчу з Вулфам. Як нам ад iх адвязацца?

Каб не марнаваць часу i сiлы, варта было б параiць яму iсцi i не звяртаць увагi на хвасты, прышпiленыя афiцыяльнай палiцыяй, але я падумаў, што мне лепш працягваць пачатую гульню.

- Крый Бог, - сказаў я з агiдай у голасе. - Гэтыя лягавыя дзейнiчаюць мне на нервы. Паслухайце. Вы чуеце мяне?

- Так.

- Iдзiце да "Федэр пэйпер компанi", нумар 535 на Семнаццатай вулiцы на захад ад Пятай авеню. У канторы спытайцеся мiстэра Сола Федэра. Скажыце, што ваша прозвiшча Мантгомеры. Ён праводзiць вас па калiдоры, што выходзiць на Васемнаццатую вулiцу. Там каля тратуара або ў другiм радзе будзе стаяць таксi з насоўкай на дзвярной ручцы. У машыне буду я. Не марнуючы часу, хуценька залазьце ўсярэдзiну. Зразумела?

- Думаю, што так. Было б добра, каб вы паўтарылi адрас.

Я паўтарыў i параiў iм пачакаць хвiлiн дзесяць, перш чым пайсцi па ўказаным адрасе, каб я меў час дабрацца туды. Потым патэлефанаваў Солу Федэру, каб даць адпаведныя ўказаннi, знайшоў Вулфа па ўнутраным тэлефоне, каб паведамiць аб тым, што адбываецца, i памчаўся да месца сустрэчы.

Мне трэба было папрасiць Уэплера пачакаць пятнаццаць - дваццаць хвiлiн, а не дзесяць, бо я ледзь-ледзь паспеў да месца сустрэчы на Васемнаццатай вулiцы. Маё таксi толькi што спынiлася, i я высоўваў руку з машыны, каб прывязаць насоўку - калi яны выйшлi на тратуар. Я на ўсю шырыню адчынiў дзверцы, i Фрэд лiтаральна ўкiнуў Пегi ў машыну, а сам нырнуў услед.

- Вадзiцель, - сказаў я суровым тонам, - вы ведаеце, куды ехаць, - i мы рушылi наперад.

Калi мы завярнулi на Дзесятую авеню, я спытаў, цi снедалi яны, i атрымаў сцвярджальны, але пазбаўлены ўсякага энтузiязму адказ. Трэба сказаць, што i самi яны выглядалi не надта бадзёра. Тонкi зялёны жакет Пегi, надзеты паверх карычневай сукенкi, пакамячыўся i быў не вельмi чысты, недагледжаным выглядаў i твар. Валасы Фрэда, здавалася, з месяц не прычэсвалiся, а яго трапiчнага крою карычневы касцюм можна было назваць па-рознаму, толькi не ахайным. Яны сядзелi, пабраўшыся за рукi, i амаль штохвiлiны Фрэд паварочваўся назад i зазiраў у задняе акно.

- Мы адарвалiся, не хвалюйцеся, - запэўнiў я яго. - Я прыберагаў Сола Федэра спецыяльна для такiх надзвычайных выпадкаў.

Паездка доўжылася ўсяго пяць хвiлiн. Калi я правёў iх у кабiнет, Вулф быў ужо там i сядзеў за сталом у сваiм вялiкiм, зробленым на замову крэсле. Ён устаў, каб павiтацца з увайшоўшымi, запрасiў iх сесцi, спытаў, цi добра яны паснедалi, i сказаў, што вестка аб арышце непрыемна ўразiла яго.

- Тут ёсць адна акалiчнасць, - выпалiў, не паспеўшы сесцi, Фрэд. - Мы прыйшлi да вас на сустрэчу, каб канфiдэнцыяльна параiцца, а праз сорак восем гадзiн нас арыштоўваюць. Гэта што, чыстае супадзенне?

Вулф нарэшце зноў зручна ўладкаваўся ў крэсле.

- Гэта нiяк нам не дапаможа, мiстэр Уэплер, - сказаў ён без усякае крыўды. - Калi вы думаеце так, а не iнакш, дык вам лепей пайсцi куды-небудзь i астыць. Вы i мiсiс Мiён - мае клiенты. Намёк на тое, што я здольны дзейнiчаць супраць iнтарэсаў клiента, занадта дзiцячы, каб яго абмяркоўваць. Што хацела даведацца палiцыя?

Але Фрэда такi адказ не задаволiў.

- Вы не двудушны чалавек, - пагадзiўся ён. - Я гэта ведаю. Але як наконт Гудвiна? Ён таксама можа не быць двудушным чалавекам, але мог аказацца неасцярожным у размове з кiм-небудзь.

- Арчы, гэта так? - перавёў позiрк у мой бок Вулф.

- Не, сэр. Але я магу пачакаць з яго прабачэннямi. У iх была цяжкая ноч. Я зiрнуў на Фрэда. - Сядайце i супакойцеся. Калi б у мяне быў доўгi язык, я б i тыдня не пратрымаўся на гэтай рабоце.

- Вельмi смешна, - не супакойваўся Фрэд. Ён сеў. - Мiсiс Мiён згодна са мной. Праўда, Пегi?

Пегi, якая сядзела ў чырвоным скураным крэсле, глянула ў яго бок, потым перавяла позiрк на Вулфа.

- Думаю, што я была згодна, - прызналася яна. - Так, я была згодна. Але цяпер, калi я тут, бачу вас, - яна абвяла рукою прысутных. - Ат, забудзем пра гэта! Нам няма болей да каго iсцi. Безумоўна, мы ведаем адвакатаў, але мы не хацелi б расказваць адвакату пра тое, што нам вядома - пра рэвальвер. Вам мы гэта ўжо расказалi. Але цяпер палiцыя пачала нешта падазраваць. Мы на волi, але адпусцiлi нас пад заклад, i вы павiнны нешта зрабiць!

- Што вы даведалiся ў панядзелак вечарам? - спытаў Фрэд. - Вы ўхiлiлiся ад пытання, калi я патэлефанаваў вам учора. Што яны сказалi?

- Паведамiлi факты, - адказаў Вулф. - Як вы чулi па тэлефоне, я дабiўся пэўных вынiкаў. У мяне няма больш нiчога дадаць - цяпер. Але я хачу ведаць, я мушу ведаць, якога кiрунку пачала трымацца палiцыя? Цi ведаюць яны, што вы расказалi мне пра рэвальвер?

Фрэд i Пегi адмоўна пакруцiлi галовамi.

- Тады ў мяне ёсць дастаткова падстаў, каб прапанаваць вам адмовiцца ад намёку на тое, што мы з мiстэрам Гудвiнам здрадзiлi вам. Пра што яны ў вас пыталiся?

Для адказу на гэтае пытанне спатрэбiлася добрае паўгадзiны. Палiцэйскiя не выпусцiлi нiводнай дэталi агульнай карцiны, бо яна была iм вядома, i, выконваючы ўказанне Крэймера быць асаблiва ўважлiвымi, не абмiнулi нiводнай дробязi. Яны зусiм не абмяжоўвалiся ў сваiх пытаннях толькi днём смерцi Мiёна i асаблiва цiкавiлiся пачуццямi i дзеяннямi Пегi i Фрэда на працягу некалькiх месяцаў перад здарэннем i пасля яго.

Некалькi разоў я мусiў прыкусiць язык, бо мне карцела спытаць клiентаў, чаму яны не паслалi палiцэйскiх к чортавай матары, але на самай справе я ведаў чаму: яны баялiся. Напалоханы чалавек - чалавек непаўнацэнны. У канцы расказа пра перажытыя Пегi i Фрэдам выпрабаваннi я пачаў спачуваць iм i нават адчуваць сябе крыху вiнаватым за Вулфа, але тут ён раптам нечакана вывеў мяне са стану спагадлiвасцi.

- Арчы! - раптам звярнуўся ён да мяне. - Выпiшы чэк на пяць тысяч даляраў на iмя мiсiс Мiён.

Пегi i Фрэд здзiўлена ўтаропiлiся ў Вулфа. Я ўстаў i пайшоў да сейфа. Яны папрасiлi растлумачыць, у чым справа. Я спынiўся каля дзверцаў сейфа, каб выслухаць адказ.

- Я адмаўляюся супрацоўнiчаць з вамi, - коратка сказаў Вулф. - Я не выношу хлуснi. У нядзелю я гаварыў, што нехта адзiн альбо вы абое хлусiце, i вы ўпарта адмаўлялi гэта. Я пачаў расследаванне на падставе вашай хлуснi i рабiў усё, што было ў маiх сiлах. Але цяпер, калi палiцыя зацiкавiлася смерцю Мiёна i непасрэдна вамi, я не хачу больш рызыкаваць. Я гатовы быць Дон-Кiхотам, але толькi не дурнем. Скасоўваючы дамоўленасць з вамi, я павiнен паведамiць, што маю намер неадкладна iнфармаваць iнспектара Крэймера аб усiм, што вы мне расказалi, а таксама папярэдзiць вас, што мы з iм добра знаёмыя i ён мне паверыць. У выпадку, калi палiцыя падступiцца да вас наступны раз i вы будзеце настолькi дурныя, каб адхiляць мае паказаннi, адзiн Бог ведае, што здарыцца. Лепш за ўсё вам расказаць палiцыi ўсю праўду i папрасiць, каб яны працягвалi расследаванне, якое вы хацелi даручыць мне, але я вымушаны папярэдзiць вас, што яны не дурнi i таксама зразумеюць, што вы хлусiце, урэшце, адзiн хлусiць. Арчы, што вы стаiце разявiўшы рот? Вы атрымалi маё даручэнне. Вазьмiце чэкавую кнiжку.

Я адчынiў сейф.

Яны нават не пiкнулi. Думаю, што занадта стамiлiся, каб неяк рэагаваць. Падышоўшы зноў да стала, я ўбачыў, што яны сядзяць нерухома, гледзячы адно на аднаго. Калi я пачаў рабiць адпаведны запiс у чэкавай кнiжцы, пачуўся голас Фрэда.

- Вы не зробiце гэтага. Гэта неэтычна.

- Фу! - фыркнуў Вулф. - Вы наймаеце мяне, каб я вызвалiў вас з бяды, хлусiце мне i зараз гаворыце аб этыцы! Мiж iншым, я дасягнуў значнага поспеху ў панядзелак вечарам. Высветлiў усё, акрамя дзвюх дэталяў, i адна, чорт яе вазьмi, залежыць ад вас. Я павiнен ведаць, хто паклаў рэвальвер каля трупа. Упэўнены, што гэта зрабiў адзiн з вас, але вы гэта адмаўляеце. Таму я нiчога не магу зрабiць, i вельмi шкада, бо, акрамя ўсяго, ведаю, што вы не маеце дачынення да смерцi Мiёна. Калi б...

- Што? - спытаў Фрэд. Гэты раз яго рэакцыя была зусiм нармальная. - Вы ўпэўнены, што мы не маем дачынення?

- Так.

Фрэда быццам ветрам змяло з крэсла. Ён падышоў да стала Вулфа, абапёрся аб яго далонямi, нахiлiўся i спытаў сурова:

- Вы сапраўды так лiчыце? Паглядзiце мне ў вочы. Расплюшчыце вочы i зiрнiце мне проста ў твар. Вы сапраўды так лiчыце?

- Вядома, - адказаў Вулф. - Безумоўна, я так лiчу.

Фрэд яшчэ нейкi момант не зводзiў вачэй з Вулфа, потым выпрастаўся.

- Ну, што ж, - сказаў ён, гэты раз спакойна. - Рэвальвер на падлогу паклаў я.

Адтуль, дзе сядзела Пегi, пачуўся стогн. Жанчына вылецела з крэсла, кiнулася да Фрэда, сцiснула далонямi яго руку.

- Фрэд! Не можа быць! Фрэд! - малiла яна яго.

Я нават не спадзяваўся на такую рэакцыю з яе боку, але, вiдаць, трэба было ўлiчваць яе стомленасць.

Фрэд пагладзiў далонi Пегi i, вырашыўшы, што гэтага недастаткова, абняў яе. На нейкi момант яго ўвага была засяроджана на жанчыне. Нарэшце Фрэд павярнуўся тварам да Вулфа i загаварыў:

- Можа, я i пашкадую аб гэтым, але ў такiм разе i вы будзеце шкадаваць. Далiбог, вы пашкадуеце. - Ён сказаў гэта даволi ўпэўнена. - Што ж, я сапраўды хлусiў. Я паклаў рэвальвер на падлогу. Цяпер усё ў вашых руках. - Ён яшчэ мацней прыцiснуў да грудзей другога нашага клiента. - Вось так, Пегi. Не гавары, што я павiнен быў усё табе расказаць - можа, i сапраўды я павiнен быў гэта зрабiць, - але я не мог. Усё будзе добра, дарагая, вось пабачыш.

- Сядайце, - гнеўна сказаў Вулф. Праз хвiлiну ён паўтарыў тое самае, але ўжо як загад. - Сядайце, каб вас чорт узяў!

Пегi вызвалiлася з абдымкаў Фрэда, пайшла да крэсла i знясiлена апусцiлася ў яго. Фрэд стаў побач, паклаўшы далонь на яе плячо, Пегi паклала на яе сваю далонь. Iх вочы, у якiх бачылiся адначасова падазронасць, страх, выклiк i надзея, былi скiраваны на Вулфа.

- Спадзяюся, - сказаў ён па-ранейшаму гнеўна, - што вы разумееце, як усё ёсць на самай справе. Не думайце, што зрабiлi на мяне ўражанне. Я ведаў, што рэвальвер паклалi вы. Як мог нехта iншы зайсцi ў студыю за тыя лiчаныя хвiлiны? Праўда, якую вы мне паведамiлi, будзе не толькi бескарысная, яна будзе нават небяспечная, калi я не пачую ад вас наступнай праўды. Паспрабуйце яшчэ раз схлусiць - i не варта нават гаварыць, што можа здарыцца: я не здолею выратаваць вас. Дзе вы яго знайшлi?

- Не хвалюйцеся, - спакойна сказаў Фрэд. - Вы ўжо выцiснулi з мяне прызнанне, i цяпер я буду гаварыць адкрыта. Калi мы зайшлi ў студыю i ўбачылi труп, я звярнуў увагу на рэвальвер, якi ляжаў там, дзе Мiён заўсёды трымаў яго - на падстаўцы бюста Каруза. Мiсiс Мiён не заўважыла рэвальвера, яна не глянула ў той бок. Я адвёў Пегi ў яе спальню i пайшоў назад у студыю. Узяў рэвальвер за засцерагальнiк, прынюхаўся i зразумеў, што з яго стралялi. Потым паклаў яго на падлогу побач з трупам, вярнуўся ў кватэру, выйшаў за дзверы i спусцiўся на лiфце на першы паверх. Астатняе адбывалася так, як я вам паведамiў у нядзелю.

- Вы, можа, былi закаханыя, - прабурчаў Вулф, - але вы недаацанiлi яе iнтэлекту. Вы падумалi, што пасля забойства Мiёна ў яе хапiла розуму пакласцi рэвальвер туды, куды ён павiнен быў вывалiцца з рук Мiёна...

- Гэта не так, чорт бы вас пабраў!

- Лухта. Менавiта так. Каго б яшчэ вы хацелi б прыкрыць? Апрача таго, вы аказалiся б у непрыемным становiшчы, калi б вам давялося пагадзiцца з ёю, што рэвальвера ў той момант, калi вы зайшлi ў студыю разам, не было, вы б у такiм разе заблыталiся. Вы не адважылiся паведамiць ёй аб сваiм учынку таму, што падазравалi яе, асаблiва калi, як вам здавалася, яна падазравала вас. Вы не маглi быць упэўнены, цi сапраўды яна падазравала вас альбо толькi...

- Я нiколi не падазравала яго, - цвёрда сказала Пегi. Ёй давялося прыкласцi шмат намаганняў, каб голас загучаў цвёрда, i ёй гэта ўдалося. - А ён нiколi не падазраваў мяне. Мы проста не былi ўпэўнены да канца - а калi вы закаханыя i хочаце, каб каханне было трывалым, трэба быць упэўненым.

- Iменна так, - пагадзiўся Фрэд. Яны глядзелi адно на аднаго. - Гэта было iменна так.

- Ну, добра, я паверу вам, - коратка сказаў Вулф. - Думаю, што вы сказалi праўду, мiстэр Уэплер.

- Я сцвярджаю, што сказаў праўду.

- Здаецца, што так, - кiўнуў галавой Вулф. - У мяне добры слых на праўду. А цяпер праводзьце мiсiс Мiён дадому. Мне трэба брацца за справу, але перш трэба ўсё абдумаць. Як я гаварыў, былi дзве дэталi i з вашай дапамогай мы вырашылi пытанне аб адной з iх. Вы не можаце дапамагчы мне з другой. Iдзiце дадому i падсiлкуйцеся.

- Якая там ежа? - сурова сказаў Фрэд. - Мы хочам ведаць, што вы збiраецеся рабiць!

- Мне трэба пачысцiць зубы, - заявiла Пегi.

Я зiрнуў у яе бок з захапленнем i любоўю. Вось гэткiя выказваннi жанчын менавiта ў такiя моманты - адна з прычын таго, чаму мне падабаецца быць у iх акружэннi. Нiводнаму мужчыну ў такiх абставiнах не прыйшло б у галаву, што яму трэба пачысцiць зубы, i тым болей заявiць пра гэта.

Акрамя таго, дзякуючы гэтай заяве аказалася лягчэй пазбавiцца ад наведвальнiкаў без грубасцi. Фрэд паспрабаваў настойваць наконт свайго права ведаць будучую праграму i ўдзельнiчаць у абмеркаваннi перспектыў, але, урэшце, быў вымушаны пагадзiцца з мандатам, атрыманым Вулфам, паводле якога, калi наймаеш эксперта, то адзiнае права, што табе застаецца - звольнiць яго. Гэта, разам з жаданнем Пегi дабрацца да зубной шчоткi i абяцаннем Вулфа пастаянна трымаць iх у курсе спраў, дазволiла выправiць iх дадому без асаблiвых цяжкасцей.

Калi, правёўшы iх за дзверы, я вярнуўся ў кабiнет, Вулф з пагрозлiвым выглядам барабанiў нажом для рэзкi папер па прэс-пап'е, хоць я сотню разоў яму гаварыў, што прэс-пап'е ад гэтага псуецца. Я ўзяў чэкавую кнiжку i паклаў назад у сейф, у ёй я паспеў пазначыць толькi дзень, так што нiчога там не сапсаваў.

- Да абеду засталося дваццаць хвiлiн, - абвясцiў я, крутануў крэсла i сеў у яго. - Паспеем адолець i другую дэталь?

У адказ маўчанне.

Я вырашыў не далiкатнiчаць.

- Калi вы не супраць, - спытаў я ласкава, - дазвольце даведацца, што гэта за другая дэталь?

Зноў маўчанне, але праз момант ён выпусцiў з рук нож, адкiнуўся ў крэсла i глыбока ўздыхнуў.

- Гэты пракляты рэвальвер, - буркнуў ён. - Як пасля падлогi ён аказаўся на бюсце? Хто перанёс яго?

Я ўважлiва глянуў на Вулфа.

- Бог ты мой, - паскардзiўся я, - як цяжка вам дагадзiць. Толькi што вы арганiзавалi арышт двух клiентаў i вынюхалi, як рэвальвер, што ляжаў на бюсце, апынуўся на падлозе. Цяпер жа вам трэба перанесцi яго з падлогi зноў на бюст? Ну i на якога чорта вам гэта ўсё?

- Не зноў. А да таго...

- Да чаго?

- Да таго, як знайшлi труп. - Вулф зiрнуў у мой бок. - Што вы думаеце пра гэта? Мужчына цi жанчына - не важна хто - зайшоў у студыю i забiў Мiёна так, каб узнiкла цвёрдая думка, якая б пацвярджала версiю аб самагубстве. Ён альбо яна спецыяльна задумалi здзейснiць гэта такiм чынам, i ўсё гэта не так цяжка, як падаецца традыцыйнай крымiналогiяй. Потым iм цi ёю рэвальвер быў пакладзены на падстаўку бюста, за шэсць метраў ад трупа, а пасля гэтая асоба выйшла са студыi. Што вы думаеце наконт гэтага?

- Я не думаю - я ведаю. Усё адбывалася iначай, калi раптам ён не з'ехаў з глузду, нацiснуўшы на курок, што здаецца малаверагодным.

- Менавiта так. Забойца задумаў зрабiць так, каб усё выглядала на самазабойства, ён паклаў рэвальвер на падлогу каля забiтага. Тут усё ясна. Але мiстэр Уэплер знайшоў яго на бюсце. Хто ўзяў рэвальвер з падлогi i паклаў на бюст, а таксама калi i чаму?

- Та-ак, - паскроб я нос. - Гэтае пытанне сапраўды не будзе даваць спакою. Нельга не прызнаць, што яно важнае i iстотнае, але якога чорта вы дазволiлi, каб яно ўзнiкала? Чаму тады не паставiць гэтае пытанне цяпер? Трэба яго цi яе прыцiснуць да сцяны, прад'явiць абвiнавачванне i перадаць справу ў суд. Палiцэйскiя засведчаць, што рэвальвер быў там, на падлозе, гэта цалкам задаволiць суд прысяжных, бо ўсё падладжана пад самагубства. Прыгавор, пры ўмове, што ўдасца злучыць такiя рэчы, як прычына i магчымасць, будзе вiноўныя, - махнуў я рукой. - Навошта ўздымаць усю гэту справу наконт няўрымслiвасцi рэвальвера?

- Дзеля клiентаў, - прабурчаў Вулф. - Я павiнен адрабiць свой ганарар. Яны хочуць пазбавiць свае думкi ад падазронасцi, бо ведаюць, што, калi зайшлi ў студыю, рэвальвера на падлозе не было. Што ж датычыцца суда прысяжных, то я не магу дапусцiць, каб ён падумаў, што рэвальвер заставаўся на падлозе, там, дзе пакiнуў яго забойца. Даведаўшыся дзякуючы мiстэру Ўэплеру, як рэвальвер апынуўся пасля бюста на падлозе, я павiнен цяпер прасачыць яго першапачатковы шлях - з падлогi на бюст. Вы разумееце, што я маю на ўвазе?

- Надзвычай ясна, - сказаў я i нават свiснуў для большай пераканаўчасцi. Але як, каб мяне чорт узяў, вы збiраецеся да ўсяго гэтага падступiцца?

- Я толькi на пачатку шляху, - Вулф выпрастаўся ў крэсле. - Але трэба, каб i свая галава адпачыла перад абедам. Падайце мне, калi ласка, каталог архiдэй мiстэра Шэнкса.

На гэтым наша размова скончылася, а калi Вулф садзiцца за стол есцi, справам не застаецца месца не толькi ў размове, але i ў самой абстаноўцы. Пасля абеду ён зноў пайшоў у кабiнет i зручна ўладкаваўся ў крэсле. Нейкi час ён проста сядзеў, а потым пачаў варушыць вуснамi, i я здагадаўся, што ён нешта старанна абдумвае.

Зусiм не ўяўляючы, як ён мяркуе вырашыць праблему пералёту рэвальвера з падлогi на бюст, я хацеў даведацца, колькi на гэта спатрэбiцца часу i цi звернецца Вулф да паслуг Крэймера, каб арыштаваць яшчэ каго-небудзь, i калi так, то каго. Я часта назiраў, як ён сядзiць вось так шмат гадзiн запар, але гэты раз спатрэбiлася ўсяго дваццаць хвiлiн. Не было яшчэ i трох гадзiн, як ён прабурчаў маё iмя i расплюшчыў вочы.

- Арчы.

- Так, сэр.

- Я не змагу гэтага зрабiць. Давядзецца заняцца табе.

- Вы маеце на ўвазе тую самую праблему? Прабачце, я заняты.

- Я маю на ўвазе адну справу. - Вулф скорчыў кiслую мiну. - Я не хачу мець справы з той самай дзяўчынай. Гэта можа аказацца цяжкiм выпрабаваннем, i я ўсё сапсую. Справа якраз па вас. Вазьмiце свой блакнот. Я прадыктую адзiн дакумент, а потым мы яго абмяркуем.

- Так, сэр. Я б не сказаў, што мiс Бослi можна назваць дзяўчынай.

- Ды не мiс Бослi. Мiс Джэймс.

- А, - адгукнуўся я i ўзяў блакнот.

Пятнаццаць хвiлiн на пятую, калi Вулф пайшоў наверх на традыцыйнае пасляабедзеннае спатканне з архiдэямi, я сядзеў за сталом, утаропiўшыся ў тэлефон, з такiм пачуццём, якое, на маю думку, узнiкае ў Роджэра Мэрыса, калi той б'е наводмаш. Толькi што я патэлефанаваў Клары Джэймс, каб запрасiць яе праехацца разам у маiм аўтамабiлi з адкрытым верхам, i тая ткнула мяне носам у гразь.

Вы не падумайце, што я самаўлюбёны звыш усялякай меры. Даволi ўпэўнена мог бы iсцi ў заклад, выстаўляючы амаль тысячу ачкоў наперад у спрэчках наконт згоды дамачак на спатканне, бо нiколi не заводжу аб гэтым нават размовы, калi ўсе абставiны пераканаўча не сведчаць аб тым, што запрашэнне будзе прынята. Але ў вынiку я прывык чуць толькi сцвярджальны адказ, i таму яе катэгарычная адмова была нечаканым ударам.

Распрацаваўшы тры планы i забракаваўшы iх, я спынiўся, нарэшце, на чацвёртым i зноў набраў нумар Клары. У трубцы, як i раней, пачуўся яе голас. Даведаўшыся, хто ёй звонiць, Клара адразу ж загаварыла:

- Я ж вам сказала, што запрошана на кактэйль. Калi ласка, не...

- Чакайце, - рэзка спынiў я Клару. - Я зрабiў памылку. Хацеў быць добрым. Думаў запрасiць вас падыхаць свежым паветрам, а потым ужо паведамiць кепскую навiну. Я...

- Якую кепскую навiну?

- Адна жанчына толькi што паведамiла нам з мiстэрам Вулфам, што апрача яе яшчэ пяць, а можа, нават i болей асоб ведаюць, што ў вас быў ключ ад дзвярэй студыi Альберта Мiёна.

Маўчанне. Часам цiшыня выводзiць з сябе, але цяпер iншы выпадак. Нарэшце яна зноў загаварыла, цяпер зусiм iнакш.

- Гэта недарэчная хлусня. Хто вам гэта сказаў?

- Не памятаю. I не хачу пра гэта гаварыць па тэлефоне. Толькi дзве дэталi. Па-першае, калi гэта так, навошта вы грукалi ў дзверы дзесяць хвiлiн, спрабуючы зайсцi ў студыю, калi ён ляжаў там ужо мёртвы? Вы ж мелi ключ. Нават радавы палiцэйскi паставiўся б да такiх заяў скептычна. Па-другое, сустрэнемся ў бары "Чэрчыль" роўна ў пяць гадзiн i ўсё абгаворым. Згода?

- Але гэта так... вы настолькi...

- Перастаньце! Усё гэта дарэмна. Згода?

Зноў маўчанне, не такое доўгае, i потым:

- Добра, - i на другiм канцы кiнулi слухаўку.

Я нiколi не вымушаю жанчыну чакаць, i ў мяне не было анiякiх прычын рабiць выключэнне менавiта гэтай жанчыне, таму я быў у бары "Чэрчыль" на восем хвiлiн раней вызначанага часу. Бар быў прасторны, з кандыцыянерамi, зручны з усiх бакоў, i нават цяпер, у сярэдзiне жнiўня, аб яго зручнасцi сведчыла амаль роўная колькасць сярод наведвальнiкаў мужчын i жанчын.

Я пайшоў усярэдзiну залы, азiраючыся па баках, але нават не спадзеючыся, што Клара ўжо тут, i вельмi здзiвiўся, калi пачуў, як нехта мяне паклiкаў, i ўбачыў яе ў адной кабiне. Вядома, бар быў блiзка ад яе дома, i ўсё ж яна не марнавала часу. Клара ўжо замовiла сабе пiтво i амаль што асушыла шклянку. Я падсеў да яе столiка, i адразу ж побач з'явiўся афiцыянт.

- Што вам? - спытаў я Клару.

- Вiскi з лёдам.

Я загадаў афiцыянту прынесцi дзве порцыi. Клара нахiлiлася ўперад i замалацiла языком, не пераводзячы дыху.

- Паслухайце, гэта абсалютнае глупства, скажыце толькi, хто вам такое нагаварыў, бо гэта абсалютная лухта...

- Хвiлiнку, - перапынiў я яе хутчэй позiркам, чым словамi. Яна блiснула вачыма i змоўкла. - Пачынаць трэба не з гэтага, бо iнакш у нас нiчога не атрымаецца. - Я ўзяў з кiшэнi аркуш паперы i разгарнуў перад ёю. Гэта была акуратна надрукаваная копiя дакумента, якi дыктаваў мне Вулф. - Хутчэй i прасцей вам будзе спачатку прачытаць вось гэта, бо толькi так даведаецеся, у чым справа.

Я не даў ёй у рукi паперы. Чытач можа разам з Кларай прачытаць яе змест. Дакумент быў пазначаны тым жа днём.

"Я, Клара Джэймс, гэтым сведчу, што ў аўторак, 19 красавiка, я зайшла ў жылы дом No.620 на Iст-Энд авеню горада Нью-Йорка ў цi прыблiзна 6.15 вечара, паднялася на лiфце на трынаццаты паверх. Я пазванiла ў студыю Альберта Мiёна. Да дзвярэй студыi нiхто не падышоў, i нiякiх гукаў адтуль не пачулася.

Дзверы не былi зачынены наглуха. Яны не былi прачынены, але i на засаўку цi ключ яны таксама былi не замкнёныя. Пазванiўшы яшчэ раз i не пачуўшы адказу, я адчынiла дзверы i зайшла ў студыю.

Альберт Мiён ляжаў на падлозе каля пiянiна. Ён быў мёртвы. У верхняй частцы галавы была дзiрка. Безумоўна, ён быў мёртвы. У мяне закруцiлася галава, i я мусiла сесцi на падлогу i апусцiць галаву, каб не страцiць прытомнасцi. Я не дакранулася да трупа. На падлозе, непадалёк ад мiстэра Мiёна, ляжаў рэвальвер; я ўзяла яго ў рукi.

Здаецца, я праседзела на падлозе каля пяцi хвiлiн, але, можа, крыху болей цi меней. Калi паднялася на ногi i пайшла да дзвярэй, зразумела, што ўсё яшчэ трымаю ў руцэ рэвальвер. Я паклала яго на падстаўку бюста Каруза. Пасля я сцямiла, што мне не трэба было гэтага рабiць, але ў той час я была настолькi ўражаная i збянтэжаная, што не разумела, што раблю.

Я выйшла са студыi, зачынiла за сабой дзверы, пайшла па агульнай лесвiцы ўнiз на дванаццаты паверх i пазванiла ў кватэру Мiёнаў. Я збiралася расказаць пра ўсё мiсiс Мiён, але калi тая з'явiлася на парозе, я не здолела выцiснуць з сябе нiводнага слова пра здарэнне. Я не змагла сказаць ёй, што яе муж ляжыць там, у студыi, мёртвы.

Пасля я шкадавала аб гэтым, але цяпер не бачу прычыны, каб шкадаваць цi прасiць прабачэння, - я проста не магла выцiснуць з сябе нiводнага слова. Я сказала, што хачу бачыць яе мужа i што званiла ў студыю, але нiхто не адазваўся. Потым я выклiкала лiфт, выйшла на вулiцу i пайшла дадому.

Не здолеўшы расказаць пра здарэнне мiсiс Мiён, я нiкому iншаму аб гэтым не паведамiла. Я б расказала пра гэта бацьку, але яго не было дома. Я вырашыла дачакацца яго прыходу i паведамiць пра тое, што здарылася, але раней патэлефанаваў знаёмы i сказаў, што Мiён скончыў самагубствам, таму я вырашыла нiкому не гаварыць, нават бацьку, што была ў студыi, а сказаць, што званiла i стукала ў дзверы, але не пачула адказу. Я думала, што гэта не мае асаблiвага значэння, але мне растлумачылi, што гэта важна, таму я дакладна паведамляю, як гэта ўсё здарылася".

Калi Клара скончыла чытаць, падышоў афiцыянт з пiтвом, i яна прыцiснула паперу да грудзей, нiбыта хавала карты, гуляючы ў покер. Трымаючы дакумент левай рукой, правай узяла шклянку i прагна глынула вiскi. Каб падтрымаць кампанiю, я таксама адпiў са сваёй шклянкi.

- Адна хлусня, - сказала яна з абурэннем.

- Ну, вядома, - сказаў я. - У мяне добры слых, таму гаварыце цiшэй. Мiстэр Вулф шчыра хоча даць вам шанц, i, ва ўсякiм разе, прыйшлося б пазмагацца, каб прымусiць вас падпiсаць дакумент, калi б у iм была напiсана ўся праўда. Нам даволi добра вядома, што дзверы студыi былi замкнёныя i вы адамкнулi iх ключом. А таксама тое - не, паслухайце, адну хвiлiну, - што вы наўмысна ўзялi рэвальвер з падлогi i паклалi на бюст, бо падумалi, што мiсiс Мiён забiла яго i паклала рэвальвер на падлогу, каб усё было падобна на самазабойства, i вы вырашылi парушыць яе план. Вы не маглi...

- Дзе вы былi ў той час? - спытала Клара з пагардай. - Хавалiся за канапай?

- Глупства. Калi ў вас не было ключа, чаму вы скасавалi свае планы наконт кактэйлю, каб сустрэцца са мной, пачуўшы пра тое, што я паведамiў вам па тэлефоне? Што ж датычыцца рэвальвера, калi б вы нават цэлы год над гэтым думалi, нiчога больш дурнейшага не прыдумалi. Хто б паверыў, што нехта стрэлiў у яго, iмiтуючы самазабойства, а потым аказаўся настолькi дурным, што паклаў рэвальвер на бюст? Трэба быць занадта абмежаваным, каб паверыць, - я кажу гэта шчыра, але вы вось паверылi.

Клара была вельмi занятая сваiмi думкамi, каб абурыцца тым, што яе назвалi абмежаванай. Яна спахмурнела, ад чаго белы гладкi лоб зморшчыўся, а ў вачах знiк бляск.

- Ва ўсякiм разе, - запярэчыла яна, - тое, што тут напiсана, не толькi хлусня, усё гэта проста немагчыма. Рэвальвер знайшлi на падлозе каля трупа, таму гэта не можа быць праўдай!

- Так, - ухмыльнуўся я ў адказ. - Тое, што напiсана ў паперы, вiдаць, вас шакiравала. Калi вы асабiста паклалi рэвальвер на бюст, як тады магло здарыцца, што яго знайшлi на падлозе? Вiдавочна, нехта паклаў яго назад. Думаю, вы вырашылi, што гэта таксама зрабiла мiсiс Мiён, i, вiдаць, вам цяжка было трымаць язык за зубамi, але вы мусiлi маўчаць. Цяпер сiтуацыя крыху iншая. Мiстэр Вулф ведае, хто паклаў рэвальвер на падлогу, i мае адпаведныя доказы. Больш таго, ён ведае, што Мiёна забiлi, i таксама можа гэта даказаць. Адзiнае, што яго стрымлiвае, дык гэта ўсяго толькi адна дэталь: неабходнасць вызначыць, як рэвальвер трапiў з падлогi на бюст. - Я дастаў з кiшэнi аўтаручку. - Падпiшыце паперу, я засведчу подпiс, i з вамi ўсё будзе ў парадку.

- Вы маеце на ўвазе падпiсаць вось гэта? - пагардлiва ўсклiкнула Клара. Я не настолькi дурная.

Я выбраў момант, калi ў наш бок зiрнуў афiцыянт, загадаў падлiць вiскi i потым за кампанiю асушыў сваю шклянку.

Я сустрэўся з пiльным позiркам Клары, якi адпавядаў яе пахмурнаму настрою.

- Паслухай, Сiнявочка, - звярнуўся я да яе памяркоўна. - Я не засоўваю табе пад пазногцi iголак. Я не паўтараю, што мы можам даказаць, што ты заходзiла ў студыю - бо ў цябе быў ключ цi дзверы былi незамкнёныя, гэта не iстотна, - i перанесла рэвальвер. Мы ведаем, што гэта зрабiла ты, таму што нiхто iншы не мог, а ты была ў студыi менавiта ў той час, але мушу прызнацца, што мы не можам гэтага даказаць. Тым не меней я прапаную адно выдатнае пагадненне. Толькi паслухай, - я наставiў у яе бок канец ручкi. - Гэта заява нам патрэбна только на той выпадак, калi асоба, якая паклала рэвальвер назад на падлогу, акажацца настолькi дурной, што прагаворыцца, а гэта вельмi неймаверна. Ён толькi...

- Вы сказалi ён? - спытала Клара.

- Усё роўна - ён цi яна. Як кажа мiстэр Вулф, мова сцерпiць любы займеннiк. Ён толькi б нарабiў сабе клопату. Калi ж ён не прагаворыцца, а ён такi змоўчыць, тваё паказанне не будзе скарыстана зусiм, але трэба мець яго ў сейфе на той выпадак, калi ён усё ж такi прабалбочацца. Да таго ж, маючы гэта сведчанне, мы не будзем лiчыць сябе абавязанымi iнфармаваць палiцыю, што ў цябе ёсць ключ да дзвярэй студыi. Ключы нас не цiкавiлi б. I яшчэ адна рэч, ты зберажэш для бацькi добры пачак грошай. Калi ты падпiшаш гэта сведчанне, мы зможам высветлiць справу аб забойстве Мiёна, i ў выпадку поспеху я гарантую, што ў мiсiс Мiён не будзе нiякага жадання прад'яўляць iск твайму бацьку. Яна будзе занадта занятая адной справай. Так што не марудзь i падпiсвай, - дадаў я, прапаноўваючы Клары ручку.

Яна адмоўна, але не вельмi энергiчна пакруцiла галавой, бо мозг зноў уключыўся ў работу. Поўнасцю ўсведамляючы, што яе здольнасцi мыслiць былi далёка не спартыўнага ўзроўню, я цярплiва чакаў. Потым прынеслi новыя порцыi вiскi, i спатрэбiўся перапынак, бо не варта было спадзявацца, каб Клара думала i пiла адначасова. Але ўрэшце яна неяк здолела засяродзiцца на акрэсленым мною пытаннi.

- Значыцца, вы ведаеце, - заявiла Клара з задавальненнем.

- Мы ведаем дастаткова многа, - сказаў я змрочна.

- Вы ведаеце, што яго забiла яна. Вы ведаеце, што яна паклала рэвальвер назад на падлогу. Я таксама гэта ведала, я ведала, што гэта яна. I цяпер вы можаце гэта даказаць? Калi я падпiшу паперу, вы зможаце гэта даказаць.

Вядома, я мог бы схiтраваць, але падумаў - якога чорта!

- Вядома, мы зможам, - запэўнiў я Клару. - З гэтым сведчаннем мы зможам працягваць следства. Яно - якраз тое звяно ў ланцугу, якога не хапае. Вось ручка.

Клара ўзяла шклянку, апаражнiла яе, паставiла на стол, i галаву даю адсеч, калi яна не збiралася зноў адмоўна, але на гэты раз энергiчна пакруцiць галавой.

- Не, - сказала яна рашуча. - Я не падпiшу. - Яна выцягнула ў мой бок руку, трымаючы ў ёй дакумент. - Я прызнаюся, што ўсё гэта праўда, i калi вы перадасце справу ў суд i яна скажа, што паклала рэвальвер на падлогу, я пад прысягай засведчу, што я паклала рэвальвер на бюст, але падпiсваць я нiчога не буду, бо аднойчы я падпiсала штосьцi ў сувязi з нейкiм здарэннем, i бацька прымусiў мяне паабяцаць, што я нiколi не падпiшу нiводнай паперы, не паказаўшы яе перш яму. Я магла б узяць гэтую паперу, паказаць яму i падпiсаць, а вы б прыйшлi за ёй увечары цi заўтра. - Сказаўшы гэта, яна спахмурнела. - Толькi вось яму б стала вядома, што ў мяне быў ключ, але я змагла б усё растлумачыць.

Але дакумента ў яе ў руках ужо не было. Я паспеў узяць яго ў свае рукi. Вы скажаце, што я мог бы памяняць тактыку i працягваць барацьбу, але вы не былi сведкамi нашай размовы i ў адрозненне ад мяне не бачылi, што яна вырабляла, i не чулi, што гаварыла. Я здаўся. Узяў з кiшэнi запiсную кнiжку, вырваў з яе старонку i пачаў пiсаць.

- Я не супраць яшчэ адной порцыi, - заявiла Клара.

- Хвiлiначку, - прамармытаў я, працягваючы пiсаць наступнае:

"Нiра Вулфу:

Гэтым пацвярджаю, што Арчы Гудвiн зрабiў усё магчымае, каб угаварыць мяне падпiсаць напiсанае вамi сведчанне, i растлумачыў мне мэту гэтай паперы, а я сказала, чаму вымушана адмовiцца паставiць свой подпiс".

- Вось, - сказаў я, перадаючы ёй тое, што напiсаў. - Такiм чынам вы не падпiшаце дакумента, а ўсяго толькi засведчыце, што адмаўляецеся падпiсваць гэтую паперу. Я вымушаны мець такое сведчанне, бо мiстэр Вулф ведае, як мяне вабяць прыгожыя дзяўчаты, асаблiва такiя элегантныя, як вы, i калi я прынясу яму гэтую паперу без подпiсу, ён падумае, што я нават не рабiў спробы. Ён нават можа звольнiць мяне. Проста напiшыце ўнiзе ваша прозвiшча.

Клара зноў прачытала тое, што было напiсана на лiстку, i ўзяла ручку. Яна ўсмiхнулася, зiрнуўшы на мяне сваiмi блiскучымi вачыма.

- Вы не жартуеце? - сказала яна без былой непрыязнi. - Я ведаю, калi мной цiкавiцца мужчына. Вы думаеце, што я халодная i хiтрая.

- Вось як, - адгукнуўся я крыху з горыччу, але не вельмi горка. - Ва ўсякiм разе, справа не ў тым, зацiкавiўся я вамi цi не, а ў тым, што падумае Вулф. Гэта значна дапаможа. Вельмi вам абавязаны. - Я ўзяў з яе рук паперу i падзьмуў на яе, каб хутчэй высахла чарнiла.

- Я ведаю, калi мной цiкавiцца мужчына, - зноў сказала Клара.

Болей ад яе мне нiчога не было патрэбна, але я, можна сказаць, паабяцаў яшчэ адну порцыю вiскi, таму зноў паклiкаў афiцыянта.

На заходнюю частку Трыццаць шостай вулiцы я вярнуўся толькi пасля шасцi гадзiн. Вулф ужо нанёс вiзiт у аранжарэю i цяпер сядзеў у кабiнеце. Я хуткiм крокам зайшоў у пакой i паклаў перад iм на стол паперу без подпiсу.

- Ну i што? - прабурчаў ён.

Я сеў i дакладна паведамiў Вулфу, як усё адбывалася да таго моманту, калi яна прапанавала ўзяць дакумент дадому i паказаць бацьку.

- На жаль, - заўважыў я, - некаторыя яе выдатныя якасцi засталiся непрыкметнымi ў натоўпе ў той вечар. Я гавару гэта не для таго, каб апраўдацца, проста адзначаю факт. Для ўсiх аперацый, што адбываюцца ў звiлiнах яе мозгу, хапiла б арэхавай шкарлупiны. Ведаючы вашыя адносiны да бяздоказных заяў i жадаючы запэўнiць у праўдзiвасцi менавiта гэтай заявы, я прынёс з сабой доказ. Вось папера, якую яна ўсё-такi падпiсала.

Я ўручыў яму лiсток, вырваны з блакнота. Вулф зiрнуў на паперу i падмiргнуў мне.

- Яна гэта падпiсала?

- Так, сэр. У маёй прысутнасцi.

- Сапраўды. Добра. Задавальняюча.

Я безуважным кiўком галавы пацвердзiў, што ўспрымаю выказаную падзяку. Маё самалюбства застаецца некранутым, калi ён вось так буркае: "Задавальняюча".

- Смелы шырокi почырк, - заўважыў Вулф. - Яна пiсала вашай ручкай?

- Так, сэр.

- Пакажы яе, калi ласка.

Я ўстаў i падаў яму ручку разам з некалькiмi аркушамi паперы, i спынiўся каля стала, зацiкаўлена назiраючы, як Вулф зноў i зноў пiсаў "Клара Джэймс", параўноўваючы кожную спробу з прынесеным мной узорам. Адначасова ў перапынках перад наступнай спробай ён гаварыў:

- Малаверагодна, што нехта некалi ўбачыць гэта, апрача нашых клiентаў... Так лепш... Ёсць яшчэ час патэлефанаваць усiм iм да вячэры - спачатку мiсiс Мiён i мiстэру Ўэплеру - потым iншым... Скажыце iм, што я прыйшоў да высновы наконт iску мiсiс Мiён да мiстэра Джэймса... Спытайцеся, цi змогуць яны прыйсцi сёння ў дзевяць гадзiн вечара - калi гэта немагчыма, то, можа, заўтра ў адзiнаццаць... Потым звяжыцеся з мiстэрам Крэймерам... Скажыце яму, што, вiдаць, варта ўзяць з сабой свайго чалавека...

Вулф расправiў надрукаванае сведчанне на рэгiстрацыйным журнале, падрабiў унiзе подпiс Клары Джэймс i параўнаў са здабытым мною арыгiналам.

- Недасканала, як на спецыялiста, - прамармытаў ён, - але спецыялiст нiколi яго не ўбачыць. Што ж датычыцца нашых клiентаў, то нават калi яны ведаюць яе почырк, гэта пройдзе найлепшым чынам.

* * *

Спатрэбiлася добрая гадзiна, каб дамовiцца па тэлефоне аб сустрэчы ў той вечар, але ўрэшце мне ўдалося выканаць даручэнне. Я так i не змог злавiць Джыфарда Джэймса, але яго дачка згадзiлася знайсцi яго i прывесцi з сабой. Астатнiх я адшукаў сам.

Адзiныя, хто спрабаваў пярэчыць, былi клiенты, асаблiва Пегi Мiён. Яна ўпарта адмаўлялася прысутнiчаць на сустрэчы, якая павiнна была адбыцца пад маркай абмеркавання яе iску да Джыфарда Джэймса, i я мусiў звярнуцца за падтрымкай да Ўэплера. Фрэда i Пегi запрасiлi прыйсцi раней за iншых, каб перагаварыць асобна i потым вырашыць - заставацца iм цi не. Яна згадзiлася з такой прапановай.

Яны прыйшлi своечасова, да вячэрняй кавы. Пегi, вiдаць, пачысцiла зубы, паспала i прыняла ванну, ну, i што вiдавочна, - пераапранулася, але, нягледзячы на ўсё гэта, выгляд у яе быў далёка не блiскучы. Яна была ўся насцярожаная, стомленая, замкнёная i скептычная. З яе вуснаў не вырваўся паток слоў наконт таго, што яна шкадуе, чаму ў свой час за кiламетр не абышла Нiра Вулфа, але, вiдаць, ёй карцела гэта сказаць.

У мяне склалася думка, што настрой Фрэда Ўэплера быў такi самы, але ён iмкнуўся быць галантным i добразычлiвым. Справа ў тым, што на першым вiзiце да Вулфа настаяла Пегi i цяпер Фрэду не хацелася, каб яна думала, што ў вынiку атрымалася хутчэй горш, чым лепш.

Яны не ажывiлiся нават тады, калi Вулф паказаў сведчанне, падпiсанае прозвiшчам Клары Джэймс. Яны чыталi яго разам, яна - седзячы ў чырвоным скураным крэсле, ён - прысеўшы побач на падлакотнiк.

Прачытаўшы, яны адначасова зiрнулi на Вулфа.

- Ну, дык i што? - спытаў Фрэд.

- Шаноўны пан, - сказаў Вулф, адсунуўшы кубак са сподкам. - Шаноўная панi. Чаму вы прыйшлi да мяне? Таму, што тая акалiчнасць, што рэвальвера не было на падлозе, калi вы абое зайшлi ў студыю, упэўнiла вас у тым, што Мiён не скончыў самагубствам, а яго забiлi. Калi гэта акалiчнасць дазволiла б вам паверыць, што гэта было самазабойства, вы б ужо пажанiлiся i я не быў бы вам патрэбны. Выдатна. Цяпер абставiны, як высветлiлася, сведчаць менавiта аб гэтым. Чаго яшчэ вы хочаце? Вы хацелi вызвалiць свае думкi ад падазронасцi. Я iх вызвалiў.

Фрэд моцна сцяў скрыўленыя вусны.

- Я гэтаму не веру, - пахмурна сказала Пегi.

- Вы не верыце гэтаму сведчанню? - Вулф узяў дакумент i паклаў у шуфляду стала, такi ўчынак прыемна здзiвiў мяне як разумная перасцярога, бо наблiжалася дзевятая гадзiна.

- Вы лiчыце, што мiс Джэймс падпiсала б такi вось дакумент, калi б гэта не была праўда? Навошта тады...

- Я маю на ўвазе не гэта, - перапынiла яго Пегi. - А тое, што я не веру, каб мой муж скончыў самагубствам, незалежна ад таго, дзе знаходзiўся рэвальвер. Я занадта добра яго ведала. Ён бы нiколi не налажыў на сябе рукi нiколi. - Пегi ўзняла галаву i глянула на свайго спадарожнiка. - Цi не так, Фрэд?

- Гэтаму цяжка паверыць, - неахвотна пагадзiўся Фрэд.

- Вось як! - з'едлiва заўважыў Вулф. - Тады заданне, якое вы мне даручылi, не адпавядае вашаму ранейшаму апiсанню. Зрэшты, вы павiнны пагадзiцца наконт таго, што я задаволiў вашу просьбу высветлiць пра рэвальвер; тут ужо вам нiяк не выкруцiцца. Такiм чынам, даручэнне выканана, але цяпер вы хочаце яшчэ нешта. Вы хочаце, каб было раскрыта забойства, што азначае, у выпадку неабходнасцi, i арышт забойцы. Вы хочаце...

- Я маю на ўвазе, - настойвала ў поўным адчаi Пегi, - што не веру, каб ён мог скончыць самагубствам, i нiшто не прымусiць мяне паверыць у гэта. Цяпер я разумею, што я сапраўды...

У гэты момант пачуўся званок, i я пайшоў адчыняць дзверы.

Так нашы клiенты засталiся на сустрэчу. Усяго на ёй прысутнiчала дзесяць запрошаных: шасцёра тых, хто быў тут у панядзелак вечарам, двое клiентаў, iнспектар Крэймер i мой стары знаёмы i працiўнiк сяржант Перлi Стэбiнс. Незвычайнасць сустрэчы была ў тым, што толькi самая абмежаваная з усiх прысутных - Клара Джэймс разумела, у чым справа, праўда, калi не прагаварылася бацьку, у чым я сумняваўся. Яна мела перавагу над астатнiмi дзякуючы намёку, якi пачула ад мяне ў бары "Чэрчыль".

У Адэлi Бослi, доктара Лойда, Руперта Гроўва, суддзi Арнольда i Джыфарда Джэймса, да таго як яны зайшлi ў кабiнет i пазнаёмiлiся з iнспектарам Крэймерам i сяржантам Стэбiнсам, не было падстаў лiчыць, што на сустрэчы магло быць штосьцi iншае, апрача пытання аб iску да Джэймса. Адзiн Бог ведаў, што яны падумалi: дастаткова было зiрнуць на iх твары, каб упэўнiцца, што менавiта яны нiчога не ведаюць.

Што датычыцца Крэймера i Стэбiнса, то ў iх быў дастатковы вопыт супрацоўнiцтва з Нiра Вулфам: каб разумець, што ёсць амаль усе падставы быць упэўненым - пер'е пасыплецца, толькi вось з каго, як i калi?

Што ж датычыцца Фрэда i Пегi, то нават пасля прыходу прадстаўнiкоў праваахоўных органаў яны, вiдаць, лiчылi, што Вулф збiраецца канчаткова зацвердзiць версiю аб самазабойстве Мiёна, азнаёмiўшы прысутных з сведчаннем Клары i паведамiўшы аб тым, што Фрэд расказаў нам, як рэвальвер перанёсся з бюста на падлогу - вiдаць, таму ў iх на тварах быў выраз адчаю i зацкаванасцi. Гэты раз яны адчувалi сябе нiбыта ў пастцы.

Вулф звярнуўся да iнспектара, якi сядзеў ззаду каля вялiкага глобуса:

- Калi вы не супраць, мiстэр Крэймер, перш я высветлю адно невялiкае пытанне, якое выходзiць за межы вашых iнтарэсаў.

Крэймер кiўнуў галавой i паправiў тырчаўшую з рота сiгару.

Вулф перавёў позiрк на iншых прысутных.

- Я ўпэўнены, вам будзе прыемна пачуць наступнае. Але трэба сказаць, што я прыйшоў да такой высновы не таму, каб спецыяльна парадаваць вас. Я вывучыў толькi сутнасць справы. Не кранаючы юрыдычнага статуса мiсiс Мiён, я лiчу, што маральна яна не мае падстаў для iску супраць мiстэра Джэймса. Як я сцвярджаў раней, мiсiс Мiён пагаджаецца з маёй думкай. Яна не прад'яўляе iску i не патрабуе кампенсацыi. Вы пацвярджаеце гэта ў прысутнасцi сведак, мiсiс Мiён?

- Безумоўна, - Пегi збiралася нешта дадаць, але ў самы апошнi момант спынiлася.

- Цудоўна! - ускочыла з крэсла Адэль Бослi. - Магу я патэлефанаваць з вашага тэлефона?

- Пазней, - асек як Вулф. - Сядайце, калi ласка.

- Мне здаецца, - заўважыў суддзя Арнольд, - што гэта можна было паведамiць нам i па тэлефоне. Я мусiў адмянiць важную сустрэчу. - Адвакатам цяжка дагадзiць.

- Даволi слушная заўвага, - пагадзiўся Вулф памяркоўным тонам, - калi б гэта было ўсё. Але застаецца пытанне, звязанае са смерцю Мiёна. Калi я...

- Якое яна мае да гэтага дачыненне?

- Якраз гэта я i збiраюся вам паведамiць. Безумоўна, гэта не старонняе пытанне, бо яго смерць была вынiкам, хоць i ўскосным, гвалтоўных дзеянняў з боку мiстэра Джэймса. Але сфера маiх iнтарэсаў не абмяжоўваецца толькi гэтым. Мiсiс Мiён звярнулася да маiх паслуг не толькi таму, каб вырашыць пытанне аб iску, прад'яўленым яе мужам мiстэру Джэймсу - гэтае пытанне ўжо закрыта, - але i таму, каб расследаваць справу аб смерцi мужа. Яна была ўпэўнена, што ён не скончыў самагубствам. I не магла паверыць, улiчваючы характар мiстэра Мiёна, што ён быў здольны на самагубства. Я правёў расследаванне i гатовы паведамiць ёй вынiкi.

- Навошта мы тут? - вiскнуў Руперт Тлушч.

- Мне патрэбен нехта адзiн. Патрэбен забойца.

- I ўсё ж менавiта мы не патрэбны, - сурова заўважыў Арнольд.

- Чорт! - раўкнуў Вулф. - Iдзiце! Усе, акрамя аднаго. Iдзiце.

Нiхто не зварухнуўся.

Вулф пачакаў пяць секунд.

- Ну, тады будзем працягваць, - суха прамовiў ён. - Як я ўжо казаў, я гатовы паведамiць вынiкi, але расследаванне пакуль не завершана. Для высвятлення адной вельмi важнай дэталi патрэбна афiцыйная санкцыя, i таму тут прысутнiчае iнспектар Крэймер. Адначасова спатрэбiцца садзейнiчанне з боку мiсiс Мiён, акрамя таго, лiчу мэтазгодным атрымаць кансультацыю ад доктара Лойда, бо менавiта ён падпiсаў пасведчанне аб смерцi. - Вулф перавёў позiрк на Пегi. - Пачнём з вас, мадам. Вы дадзiцё згоду на эксгумацыю цела вашага мужа?

- Навошта? - спытала мiсiс Мiён, здзiўлена глянуўшы на Вулфа.

- Каб атрымаць доказы таго, што яго забiлi, i высветлiць, хто быў забойца. I на гэта ёсць даволi важкiя падставы.

- Так. Мне ўсё роўна, - сказала Пегi ўжо без здзiўлення ў голасе. Яна падумала, што ён сказаў гэта проста так.

Вулф перавёў позiрк улева.

- Вы не супраць, доктар Лойд?

Лойд разгубiўся.

- Не ведаю, - паволi i выразна адказаў ён, - куды вы хiлiце, але як бы там нi было, ад мяне нiчога не залежыць, я проста выпiсаў пасведчанне.

- Значыць, вы не будзеце супраць. Мiстэр Крэймер, падстава для просьбы аб афiцыйнай санкцыi з'явiцца праз момант, але павiнен вам сказаць, што абследаванне i даклад павiнен зрабiць доктар Абрахам Рэнтнер са шпiталя "Гара Сiнай".

- Эксгумацыя не праводзiцца толькi таму, што вам гэта цiкава, - прабурчаў Крэймер.

- Вядома. Але справа не ў маёй асабiстай цiкаўнасцi. - Вулф абвёў позiркам прысутных. - Усе вы, я лiчу, ведаеце, што адна з асноўных прычын, i, вiдаць, нават галоўная, што легла ў аснову заключэння палiцыi наконт таго, што Мiён скончыў самагубствам, былi абставiны надыходу смерцi. Безумоўна, неабходнай была наяўнасць i iншых дэталяў - напрыклад, прысутнасць рэвальвера каля цела, - i ўсе гэтыя дэталi аказалiся адпаведнымi. Але вырашальным фактарам было тое меркаванне, што чалавека нельга забiць, засунуўшы яму ў рот дула i нацiснуўшы на курок, не пазбавiўшы перш прытомнасцi, а нiякiх прыкмет таго, што быў нанесены ўдар цi ўжывалiся лекавыя прэпараты - не было. Такое меркаванне звычайна аказваецца абгрунтаваным, але менавiта гэты выпадак аказаўся выключэннем. Гэта мне прыйшло ў галаву адразу пасля таго, як мiсiс Мiён першы раз прыйшла да мяне па кансультацыю. Паколькi там прысутнiчала... але я прадэманструю вам гэта шляхам простага эксперыменту. Арчы, дайце мне рэвальвер.

Я выцягнуў трэцюю шуфляду стала i ўзяў адтуль рэвальвер.

- Зараджаны?

- Не, сэр, - адказаў я, шчоўкнуўшы затворам.

Вулф зноў звярнуўся да прысутных.

- Думаю - вось вы, мiстэр Джэймс. Як оперны спявак вы павiнны ўмець выконваць аўтарскiя рэмаркi. Устаньце, калi ласка. Справа сур'ёзная, так што рабiце ўсё належным чынам. Вы - пацыент, у якога балiць горла, а мiстэр Гудвiн - ваш доктар. Ён папросiць вас адкрыць рот, каб мець магчымасць агледзець горла. Вы павiнны зрабiць тое, што на самай справе зрабiлi б у такiх абставiнах. Калi ласка.

- Але ж гэта i так ясна, - сказаў з пахмурным выглядам Джэймс, падымаючыся з крэсла. - Лiчу, што няма нiякай патрэбы.

- Тым не меней зрабiце мне ласку. Тут ёсць адна дэталь. Пастарайцеся зрабiць гэта як мага натуральней.

- Так.

- Добра. А вы ўсе назiрайце за тварам мiстэра Джэймса. Уважлiва. Пачынайце, Арчы.

Паклаўшы рэвальвер у кiшэню, я падышоў да Джэймса i загадаў яму шырока адкрыць рот. Той павiнаваўся. На нейкi час, калi я пачаў аглядаць горла, яго вочы сустрэлiся з маiмi, а потым закацiлiся. Не спяшаючыся, я ўзяў з кiшэнi рэвальвер i ўставiў у рот Джэймса, сунуўшы дула да самага паднябення. Джэймс таргануўся назад i асеў у крэсла.

- Вы бачылi рэвальвер? - спытаў Вулф.

- Не. Мае вочы былi скiраваны ўгору.

- Вось так, - Вулф зiрнуў на iншых прысутных. - Вы бачылi, як у яго вочы закацiлiся? Так здараецца заўсёды. Калi-небудзь паспрабуйце праверыць на сабе. Я паспрабаваў у сваёй спальнi ў нядзелю вечарам. Так што нельга сказаць, што зусiм немагчыма забiць чалавека вось такiм чынам. Гэта нават не цяжка, калi вы яго доктар i ў яго штосьцi не ў парадку з горлам. Вы згодны, доктар Лойд?

Доктар Лойд не далучыўся, як iншыя, да ўдзелу ў эксперыменце i нават не зiрнуў на Джэймса. Твар яго заставаўся каменным. Толькi ледзь прыкметна дрыжэў падбародак.

Доктар прыклаў усе намаганнi, каб усмiхнуцца.

- Дэманстрацыя магчымасцi здарэння, - сказаў ён даволi мiлагучным голасам, - гэта не доказ, што яно адбылося.

- Сапраўды, гэта не доказ, - пагадзiўся Вулф. - Хоць нам i вядомы некаторыя факты. У вас няма пераканаўчага алiбi. Мiён пусцiў бы вас у сваю студыю ў любы час без нiякiх пытанняў. Вы маглi з лёгкасцю ўзяць рэвальвер з падстаўкi бюста Каруза i непрыкметна сунуць у кiшэню. Вам, як нiкому iншаму, у адказ на просьбу ён бы шырока раскрыў рот, як бы тым самым павiнуючыся прыгавору лёсу. Яго забiлi неўзабаве пасля таго, як вы былi вымушаны дамовiцца наконт прыёму з доктарам Рэнтнерам, каб той агледзеў мiстэра Мiёна. Нам вядомы адпаведныя факты, цi не так?

- Яны нiчога не даказваюць, - не здаваўся доктар Лойд.

Яго голас быў ужо не такi мiлагучны. Ён устаў з крэсла. Здавалася, яго цела выйшла з-пад кантролю, пэўна, ён проста не мог больш сядзець у крэсле, i яго мускулы дзейнiчалi самi па сабе. Тым самым ён зрабiў памылку, бо, як толькi ўстаў, адразу ўвесь закалацiўся.

- Але яны дапамогуць, - адказаў яму Вулф, - калi мы атрымаем яшчэ адзiн факт, i мне здаецца, што нам гэта ўдасца, бо з чаго б вам так калацiцца? У чым была справа, доктар? Якая-небудзь недарэчная памылка? Вы што, напартачылi ў час аперацыi i навечна загубiлi яго голас? Думаю, што атрымалася менавiта так, паколькi пагроза вашай рэпутацыi i кар'еры была настолькi сур'ёзная, што вы мусiлi пайсцi на забойства. Як бы там нi было, хутка мы аб гэтым даведаемся, калi доктар Рэнтнер правядзе абследаванне i падрыхтуе даклад. Я не спадзяюся, што вы прадставiце...

- Нiякай памылкi не было! - завiшчаў Лойд. - Такое магло здарыцца з кожным...

Тым самым ён сапраўды зрабiў памылку. Думаю, што ён канчаткова страцiў розум, пачуўшы свой голас i зразумеўшы, што перайшоў на iстэрычны вiск i больш не валодае сабой.

Доктар кiнуўся да дзвярэй.

Я пабег услед за iм, збiў з ног суддзю Арнольда, i дарэмна, бо, пакуль я дабег да дзвярэй, доктара Лойда ўжо трымаў за каўнер Перлi Стэбiнс, там жа быў i Крэймер.

Пачуўшы ззаду нейкi шум, я азiрнуўся i ўбачыў: як Клара Джэймс з лямантам кiнулася да Пегi Мiён, выкрыкваючы нешта такое, што я не мог разабраць, але бацька i Адэль Бослi спынiлi яе i пачалi супакойваць. Суддзя Арнольд з Рупертам Тлушчам з iмпэтам хвалiлi Вулфа за тое, што ў яго ўсё так цудоўна атрымалася. Пегi, вiдаць, румзала, бо плечы яе калацiлiся, але твару яе я не бачыў, бо яна ўваткнулася iм у плячо Фрэда, i той моцна абдымаў яе.

Паколькi мяне нiхто не шукаў i нiкому я не быў патрэбны, я пайшоў у кухню, каб выпiць шклянку малака.

Пераклад: Уладзiмiр Шчасны