"Тайна графiнi Барбары (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Ренье Анри)Ренье АнриТайна графiнi Барбары (на белорусском языке)Анры дэ Рэнье Тайна графiнi Барбары Пераклад: А.Асташонак Чалавек, дзiўную споведзь якога вы зараз прачытаеце, быў з вядомай венецыянскай сям'i. Кажу - быў, таму што за некалькi тыдняў да таго, як я пазнаёмiўся з дакументам, якi прапаноўваю вашай увазе, аўтар яго памёр у шпiталi на востраве Сан Сэрвола, дзе ён знаходзiўся ў зняволеннi доўгiя гады. Няма нiякiх сумненняў, што менавiта гэтая акалiчнасць, яна, i толькi яна дазволiла пану С., шаноўнаму дырэктару лякарнi, у якой знаходзiлiся псiхiчна хворыя людзi, пазнаёмiць мяне з гэтай сiмпатычнай лухтою. Праўда, я меў да яго найлепшыя рэкамендацыi маiх знакамiтых старэйшых калег, i псiхамедыцынскiя даследаваннi, дзеля якiх я i з'явiўся ў шпiталь, былi гарантыяй маiх добрых намераў. Ён ведаў, што я не стану злоўжываць прызнаннямi нябожчыка, яго былога пансiянера. Таму ён без ваганняў задаволiў маю просьбу зняць з дакумента, якi я цяпер публiкую, копiю. Зрэшты, я раблю гэта, нiчога не баючыся, бо падзеi, пра якiя iдзе ў дакуменце гаворка, адбылiся дваццаць пяць гадоў таму. I роўна дваццаць мiнула з тае пары, калi назiраннi, якiмi я жыў тады (пазней мною самiм i спыненыя), прывялi мяне ў Горад Дожаў. У той час назiраннi гэтыя да таго захаплялi мяне, што мне i ў галаву не прыходзiла любавацца маляўнiчымi, паэтычнай прыгажосцi выдатнасцямi Венецыi. Я спехам, мiмаходзь агледзеў яе помнiкi i нi разу i не падумаў аддацца салодкаму i вытанчанаму адпачынку, якi прапаноўвае свайму шчаслiваму госцю гэты адзiны ў свеце горад, дзе можна амаль што цалкам забыцца на сучаснае жыццё. Сярод столькiх пекных помнiкаў, якiя я бачыў упершыню ў жыццi, я быў заняты толькi сваёю працай. Цяпер я гляджу на ўсё зусiм iнакш i, прызнаюся, з пэўнай пагардаю згадваю былога наведнiка Венецыi, якi жыў у ёй, як i ў любым iншым горадзе, для якога базiлiка святога Марка была толькi адной з многiх падобных адна на адну мясцiн i якi нават Палац Дожаў акiдваў няўважным позiркам. Але, я дайшоў у рэдкай сваёй абыякавасцi да таго, што пасялiўся побач з вакзалам! Выбiраючы жытло, я ўлiчыў толькi яго ўтульнасць i невысокую цану. З гэтых прызнанняў вы добра бачыце, што пачуццё прыгажосцi было ўва мне ў тыя гады атрафiравана настолькi, што самымi цiкавымi мясцiнамi былi для мяне ў Венецыi кавярня Фларыяна, шэрбет якой быў вельмi мне даспадобы, Лiдо, дзе я любiў купацца, i востраў Сан Сэрвола, дзе шаноўны дырэктар размешчанай на iм лякарнi даваў мне, зацiкаўлены маiмi даследаваннямi, свае дужа каштоўныя парады. Ах, што за мiлы чалавек быў гэты сiньёр С!.. Я дагэтуль са шчымлiваю асалодаю згадваю нашы гамонкi ў яго рабочым кабiнеце на востраве вар'ятаў. Вокны гэтага пакоя выходзiлi на тэрасу з трыма рознага росту кiпарысамi, адкуль адкрываўся шырокi вiд на лагуну, у накiрунку Маламока i К'ёджы. Мы часта спынялiся, каб пагаварыць, менавiта на тэрасе. Там заўсёды была дзiвосная цiшыня, якую зрэдку парушалi крыкi з аддзялення цяжкахворых або, у гадзiны адлiву, важданiна пацукоў, незлiчоная процьма якiх кiшэла ў цiне ля падножжа муроў. Пад час аднае з такiх гамонак на тэрасе i перадаў мне пан С. дакумент, якi вы зараз прачытаеце i якi я пераклаў са зробленай копii. * * * ЛЯКАРНЯ-ВАР'ЯТНЯ НА САН СЭРВОЛА 12 траўня 18.. года "Цяпер, калi я пэўна i канчаткова прызнаны вар'ятам i запратораны ў гэтую лякарню, напэўна, да скону маiх дзён, нiчога болей не замiнае мне праўдзiва i дакладна расказаць пра падзею, пасля якой я i трапiў сюды. Няхай, аднак, той, хто, мусiбыць, стане чытаць гэтыя радкi, не думае, што мае справу з адным з маньякаў, якiя бясконца складаюць скаргi, указваючы на памылку дактароў, ахвярай якое яны сталi, альбо выкрываючы змрочныя сямейныя iнтрыгi i iнтымныя драмы, праз якiя аўтары гэтых скаргаў страцiлi сваю свабоду. Не, я зусiм не скарджуся на свой лёс i не збiраюся пратэставаць супраць мераў, прынятых у дачыненнi да мяне! Нiводнага разу, з тае пары, як я тут, не спрабаваў я абдумаць хоць якiсьцi план, каб уцячы адсюль. Наадварот, келля мая на Сан Сэрвола - не турма мне, а пажаданы прытулак. У ёй я магу адчуваць сябе ў бяспецы, якой нiдзе больш не знайду, i таму я не маю нiякага жадання пакiнуць яе. Я бласлаўляю тоўстыя муры i надзейныя краты, якiя ахоўваюць мяне, ды яшчэ назаўсёды, ад людзей, асаблiва тых, чыя прафесiя судзiць чалавечыя ўчынкi. I на самай справе, калi нават гэтыя радкi i трапяць на вочы ўладам, дык не будуць мець для iх анiякага значэння i не створаць мне небяспекi: з той простай i дастатковай, мяркую, прычыны, што медыцынаю i судом я залiчаны ў вар'яты. Становiшча гэтае дае мне поўную магчымасць гаварыць свабодна. Маё вар'яцтва - мая ахоўная грамата. Бо ў момант майго прыбыцця сюды я зрабiў усё належнае, каб конча ўпэўнiць дактароў у слушнасцi iх меркавання адносна майго псiхiчнага стану. Я качаўся па зямлi, рабiў выгляд, што хачу задушыць санiтара, вёрз усялякую лухту - з дбайнасцю i спрытам, якiя маглi падмануць мяне самога. I цi ж памыляўся я, умацоўваючы сваё новае status quo дзеля таго, каб спакойна карыстацца той перавагаю, якую яно мне даравала? Бо вы ўжо ўгадалi, я ўпэўнены: аўтар гэтых радкоў зусiм не вар'ят, а толькi ахвяра жудаснага здарэння, аднаго з тых здарэнняў, якiм людзi адмаўляюцца даць веры i якiя ўсё ж бываюць на гэтым свеце, хоць i не паддаюцца асэнсаванню нашым слабым розумам. Выслухайце ж маю гiсторыю, а пасля ўжо мяркуйце аб ёй. Першым няшчасцем у маiм жыццi было тое, што я нарадзiўся бедным, другiм тое, што прырода стварыла мяне гультаём. Бацькi мае знатнага роду, але лёс iм не спрыяў. Аднак яны далi мне адмысловае выхаванне. Я быў накiраваны пансiянерам у адну з найлепшых прыватных венецыянскiх школ. У ёй вучылiся многiя сыны знакамiтых сем'яў горада. Там я i пазнаёмiўся з графам Адаарда Грыманэлi, пра якога пойдзе далей гаворка. Поспехi мае ў занятках былi пасрэдныя, i калi я закончыў сяк-так навучанне, бацькi запатрабавалi, каб я выбраў сабе прафесiю. У гэты час ува мне загаварыла мая лянота. Яна аказалася непераможнай, i ў гэтым сэнсе я сапраўдны венецыянец. Навошта я нарадзiўся ў найцудоўнейшым горадзе свету, калi i тут, як i ўсюды, трэба працаваць? Венецыя ўжо сама па сабе была для мяне дастатковым заняткам. Я меў ад яе насалоду i ў цяпершчыне i ў мiнуўшчыне. Я з радасцю бавiў бы ўвесь час у яе старажытных гiстарычных архiвах, але на гэта патрэбны былi грошы, а я не меў iх зусiм, як можна не мець здароўя перад самаю смерцю. Як выбрацца з жабрацтва, якое так уладна замiнала маёй любовi да бясконцых бадзянняў па горадзе i аматарскiх заняткаў яго гiсторыяй? Аднаго разу, калi я думаў пра гэта, мне прыйшла ў галаву iдэя, якая i прывяла мяне пасля ў гэтую лякарню. Я зайшоў у сабор святога Марка i, сеўшы за лаўку, засяроджана разглядаў каштоўны мармур i мазаiкi, што аздабляюць гэты цуд мастацтва. Золата, там разлiтае, зiхоткая раскоша, якая ператварыла царкву ў поўны чароўнасцi грот, загiпнатызавалi мяне. Побач з такiмi скарбамi я яшчэ больш быў прыгнечаны ўласнай беднасцю. I тут раптам, сам не ведаю чаму, мне згадаўся змест старых гарадскiх дакументаў, якiя я ранiцай гэтага ж дня гартаў у архiве. Гэта была запiска iнквiзiтараў пра нейкага нямецкага авантурыста Ганса Глуксбергера, якi сцвярджаў, што валодае таямнiцамi ператварэння металаў у золата. Ён прыехаў, каб заняцца гэтым, у сярэдзiне васемнаццатага стагоддзя ў Венецыю, дзе знайшоў шмат паслядоўнiкаў!.. Адразу розум мой як маланкаю асвяцiўся. Я адчуў, што ў мяне кружыцца галава - залатыя скляпеннi святога Марка загайдалiся нада мною. Калi гэтая дзiвосная тайна была вядомая раней, падумаў я, то чаму б не быць ёй падуладнай камусьцi сёння? Напэўна ж, ёсць людзi, якiя яе захавалi. Можна адшукаць iх сляды, зблiзiцца з iмi i з iх дапамогаю далучыцца да сакрэту ўзбагачэння. Я прыняў рашэнне не сыходзячы з месца. Здолеў дамовiцца з роднымi, каб яны пачакалi яшчэ троху майго ўладкавання на службу, i цалкам аддаўся лiхаманкаваму вывучэнню акультных прац i алхiмiчных трактатаў. Неўзабаве я пераканаўся, што мажлiвасць здабываць золата са звычайнага металу - нiякая не байка. Ганс Глуксбергер, анi кроплi не сумняваўся я, ведаў гэтую запаветную тайну i, пэўна, перадаў знойдзеную iм формулу каму-небудзь са сваiх венецыянскiх адэптаў. Гэтая ўпэўненасць падвоiла мае сiлы, i я з яшчэ большым iмпэтам распачаў свае пошукi. I напаткаў раптам след. Сярод вучняў немца згадвалася нейкая графiня Барбара Грыманэлi. Гэтая панi, паводле сведчанняў сучаснiкаў, была асобаю найвыдатнейшаю i дзякуючы рэдкаму розуму за некалькi гадоў вярнула сваёй сям'i яе дужа пахiснутыя моц i багацце. Менавiта яна адбудавала нанова палац Грыманэлi i аздобiла яго фрэскамi П'етра Лонгi*. Знiклi мае апошнiя сумненнi. Раптоўным сваiм узбагачэннем графiня Барбара была абавязана дзiвоснай тайне, якою яна валодала. Валодаў ёю, ведама ж, i праўнук яе граф Адаарда! * Лонгi П'етра - венецыянскi мастак (1702-1785). О, ды ён жа быў добра знаёмы мне - твар гэтай графiнi Барбары! Я бачыў яго ў самым цэнтры фрэскi Лонгi, на якой графiня стаяла за картачным сталом сярод некалькiх iншых членаў сям'i Грыманэлi. Выкананыя ў натуральную велiчыню постацi i дэталёва выпiсаныя адзежа i абсталюнак да iлюзii поўнiлi кампазiцыю дыханнем сапраўднага жыцця. Графiня Барбара была высокай жанчынай з жорсткiм i фанабэрыстым выразам твару. Рука яе разгортвала аркуш паперы з кабалiстычнымi знакамi. Як толькi гэтыя знакi раней не вывелi мяне на шлях да здагадкi! I цi ж нельга было цяпер растлумачыць, чаму гэта Адаарда жыў так шыкоўна яшчэ да свайго паўналецця? Усiм было вядома, што Адаардаў бацька памёр, растрацiўшы ўсе свае грошы, - мiж тым вось ужо два гады, як яго сын дазваляў сабе велiзарныя расходы. Ён дбайна адрапараваў сямейны палац, прыдбаў найцудоўнейшы абсталюнак. Адаарда ездзiў у Лондан i Парыж, а такiя вандроўкi каштуюць немалых грошай, i цi ж не было гэта доказам таго, што ён таксама ведаў сакрэт графiнi Барбары i Ганса Глуксбергера? Запаветны сакрэт, якiм хацеў авалодаць i я, хацеў, чаго б мне гэта нi каштавала. Хiба мог Адаарда адмовiцца падзялiцца са мною сваёй тайнаю, калi пранiклiвасць мая адкрыла ўжо яе iснаванне? Але як дайсцi маёй мэты? Спярша трэба было ўбачыцца з Адаарда. Ён быў у той час у Венецыi, i я назаўтра ж пайшоў да яго ў Палац Грыманэлi. Мяне правялi ў тую самую галерэю, дзе знаходзiлася фрэска. Паколькi Адаарда марудзiў выйсцi да мяне, я меў час добра разгледзець твор Лонгi. Толькi адна постаць на фрэсцы цiкавiла мяне - постаць графiнi Барбары. Я быў уражаны жорсткiм i пагрозлiвым выразам яе твару. Рука графiнi, здавалася, з лютасцю сцiскала недаступны ўсiм астатнiм тайнапiс, жадаючы схаваць яго ад цiкаўных позiркаў. Прыход Адаарда спынiў мае назiраннi. Адаарда прыняў мяне вельмi ветлiва: стаў расказваць пра сваю апошнюю вандроўку ў Лондан, пасля па-сяброўску пацiкавiўся маiмi справамi. Цi наважыўся я пайсцi нарэшце на якуюсьцi службу? Я ўхiлiўся ад дакладнага адказу, спаслаўшыся ў апраўданне сваёй нерашучасцi на захапленне архiўнымi заняткамi. Адаарда выслухаў мяне спачувальна. Напэўна, вандроўкi, гульня i жанчыны былi ў яго адзiнымi магчымымi спосабамi баўлення часу; праўда, я разумеў яго, але сказаў, што i навуковыя пошукi - занятак таксама займальны. Так, напрыклад, на днях я выявiў цiкавы факт, якi датычыцца яго прабабкi, графiнi Барбары. Кажучы пра гэта, я паказаў на яе выяву на фрэсцы. Адаарда знiякавеў, але неўзабаве гучна засмяяўся. - Ну ты мяне i насмяшыў! Я ўпэўнены, што ты таксама напаў на след якога-небудзь аповяду пра авантуры маёй прабабкi, вечная ёй памяць. Ах, панове вучоныя, усе вы аднолькавыя! Уявi сабе, у Парыжы выйшла брашура аднаго маладога французскага даследчыка, якi сцвярджае, што ён знайшоў - нi больш нi менш - карэспандэнцыю графiнi i авантурыста Казановы дэ Сэнгальт, перапiску, якая, вядома, кампраметуе прабабку. Сказаўшы гэта, ён адразу коса зiрнуў на мяне. Я таксама засмяяўся. - О, мой дарагi Адаарда, гэта б мяне не здзiвiла! Мяркую, можа быць i так, што менавiта Казанова далучыў тваю прабабку да заняткаў алхiмiяй i магiяй. Тагачасная Венецыя была перапоўненая кабалiстамi, яны сюды нават з-за мяжы прыязджалi. Адаарда больш не смяяўся; цяпер ён быў зусiм ужо збянтэжаны i адразу змянiў тэму нашай гамонкi, зноў загаварыўшы, як неабходна мне спынiцца неўзабаве на якойсьцi кар'еры. Нават прапанаваў мне сваю дапамогу: сувязi ў яго былi багатыя. Калi з'явiцца неабходнасць, ён цалкам да маiх паслуг. Размаўляючы, Адаарда цiхенька пабразгваў чырвонцамi ў кiшэнi сваёй камiзэлькi. Бедны Адаарда, цi ж таго я хацеў ад цябе! Мне патрэбна была запаветная тайна здабывання золата, i я цвёрда вырашыў авалодаць ёю. Мне заставалася знайсцi адно спосаб, як - ласкай цi гвалтам - вырваць з цябе формулу ўсемагутнасцi, не параўнальную з нiякай iншай! Некалькi тыдняў, дзень пры днi седзячы ў залатым гроце святога Марка, я абдумваў сродкi здзяйснення задуманага. Часта я наймаў гандолу i дабiраўся на ёй да самай пустыннай мясцiны лагуны. Цiшыня яе нямых водаў спрыяе напружлiвай думцы. Аднойчы вечарам, калi мая гандола плыла ўздоўж старых муроў вострава Сан Сэрвола, я абраў нарэшце наступны план: я папрашу ў Адаарда канфiдэнцыйнага спаткання, i тады, калi мы застанемся ўдвух сам-насам, здолею прымусiць яго загаварыць. Я быў дужы фiзiчна i гатовы ў душы на ўсё, толькi б дайсцi свайго. Мне прыйшлося чакаць, пакуль Адаарда вернецца з Рыма, куды ён паехаў на нейкае тэатральнае вiдовiшча. Урэшце дзень сустрэчы настаў. Адаарда згадзiўся прыняць мяне ў шэсць гадзiн. А палове шостай я рушыў да Палаца Грыманэлi. Я дбайна падрыхтаваўся. У кiшэнi ў мяне быў кляп i надзейная вяроўка, не забыўся я i пра рэвальвер. Быў я вельмi спакойны. Турбавала хiба што адна толькi думка: дзе прыме мяне Адаарда - у курыльным пакоi або ў галерэi з фрэскамi? Лепш было б каб у курыльнi, больш аддаленай ад астатнiх памяшканняў, у якiх маглi знаходзiцца людзi, але я быў гатовы i да размовы ў галерэi. У любым выпадку я быў упэўнены ў поспеху. Адаарда не стане зацята супрацiўляцца, i пасля таго, як я завалодаю тайнаю, ён, мусiбыць, нават даруе мне абраныя мною сродкi. З такiмi думкамi я дайшоў да Палаца Грыманэлi. Слуга прывёў мяне ў галерэю. Дайшоўшы да верху лесвiцы, ён спусцiўся ўнiз. Я цiха ўвайшоў. Адаарда стаяў якраз каля фрэскi Лонгi, разглядаючы яе з такою ўвагаю, што я здолеў падысцi да яго зусiм непрыкмечаным. Ён i крыкнуць не паспеў, як ляжаў ужо з кляпам у роце на падлозе. Выцершы з лоба пот, я выняў рэвальвер i стаў тлумачыць, чаго дамагаюся. Чым больш я гаварыў, тым больш Адаарда бляднеў. Здавалася, ён i не слухаў мяне, а вочы яго ўтупiлiся ў нейкую кропку на сцяне. Тое, што я ўбачыў, уяўляла сабою вiдовiшча настолькi жахлiвае, што рэвальвер выпаў з маёй рукi i я здранцвеў ад жаху. На фрэсцы спакваля ажывала на нашых вачах графiня Барбара! Спачатку яна варухнула адным пальцам, потым - запясцем, пасля - рукою, затым - другой, нарэшце павярнула раптам галаву, ступiла ўперад адзiн крок, другi... Я бачыў, як кiравалася яна да мяне. Але, гэта было так - графiня Барбара сыходзiла са сцяны! Сцяны, на якой яе нерухомы вобраз заставаўся на працягу ста пяцiдзесяцi гадоў у палоне фарбаў. Сумненняў быць не магло: на тым месцы, якое займала яна на фрэсцы, вiднелася цяпер велiзарная белая пляма. Графiня Барбара сама сышла ўнiз абаранiць таямнiцу, за якую некалi, бясспрэчна, яна i прадала сваю душу д'яблу. Цяпер яна была за два крокi ад мяне. Раптам я адчуў на сваiм плячы ледзяны холад яе цяжкай рукi. Вочы яе загадна працiналi ўсю маю iстоту. Калi я апрытомнеў, то быў ужо прывязаны рамянямi да ложка. Адаарда гаманiў з сiвабародым панам, шаноўным доктарам лякарнi на Сан Сэрвола. Мае бацькi былi побач са мною - яны плакалi. На маленькiм столiку ляжалi кляп, вяроўка i рэвальвер. На маё шчасце, я быў прызнаны вар'ятам, iнакш гэтыя рэчавыя доказы маглi б прывесцi мяне да канца шмат горшага. А якi ж час назад мне так мала заставалася да разгадкi вялiкае тайны!.. Калi б не гэтая праклятая графiня..." * * * Ужо шмат гадоў прайшло з тае пары, як загубiлiся сярод мноства маiх папер прызнаннi пансiянера з вострава Сан Сэрвола, калi месяц назад я прыехаў, каб адпачыць, на два тыднi ў Венецыю. Аднаго разу, прагульваючыся па плошчы святога Марка, я сустрэў свайго сябра Жуля д'Эскулака. - Хадзем, зiрнем на фрэскi Лонгi з Палаца Грыманэлi, якiя мне прапаноўваюць купiць, - сказаў ён мне. - Граф Адаарда памёр нядаўна ў Лондане, i дзецi яго прадаюць iх. Яны нагадваюць фрэскi з Палаца Грасi. Грыманэлi! Я адразу звярнуў увагу на гэтае iмя. Дзе я яго чуў? Я пайшоў разам з сябрам. - Шкада толькi, - сказаў ён мне па дарозе, - што фрэска вельмi папсаваная: на ёй не стае адной постацi. Здаецца, гэта здарылася гадоў дваццаць таму. Сцяна не то трэснула, не то аблупiлася. Гэтыя венецыянцы такiя нядбайныя, а граф даўно ўжо не жыў у сваiм палацы! Мы прыйшлi ў палац. Знаходзiўся ён у Сан Стаз, зусiм непадалёк ад Вялiкага Канала. Вартаўнiк правёў нас наверх. Фрэска Лонгi займала цэлы перасценак галерэi. На ёй была выява людзей за картачным сталом. У сярэдзiне, на самай справе, бялела вялiкая пляма. Тады я i ўспомнiў. На месцы гэтае плямы колiсь можна было ўбачыць графiню Барбару... I ў той час як Жуль д'Эскулак размаўляў на тутэйшай гаворцы з вартаўнiком, я адчуваў, пазiраючы на фрэску i згадваючы перапiсаны некалi дакумент, жудасную збянтэжанасць. |
|
|