"Шарманка (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Прус Болеслав)Прус БолеславШарманка (на белорусском языке)Баляслаў Прус Шарманка Пераклад: Янка Брыль На Мядовай вулiцы штодня можна было сустрэць апоўднi пажылога ягомасця, якi хадзiў з плошчы Красiньскiх да Санаторскай вулiцы. Улетку на iм было шыкоўнае цёмна-сiняе палiто, шэрыя штаны ад першакласнага краўца, блiскучыя, як люстра, чаравiкi i трошкi стараваты цылiндр. У ягомасця быў румяны твар, сiваватыя бакi i шэрыя ласкавыя вочы. Хадзiў ён схiлiўшыся, з рукамi ў кiшэнях. У пагодлiвы дзень насiў пад пахай палачку, у хмарны - шаўковы ангельскi парасон. Быў ён заўсёды глыбока задуманы, iшоў паволi. Каля касцёла Капуцынаў набожна прыпадымаў капялюш i пераходзiў на другi бок вулiцы, каб зiрнуць на барометр i тэрмометр у аптычнай краме Пiка, потым зноў пераходзiў на правы тратуар, затрымлiваўся каля вiтрыны фатографа Мечкоўскага, разглядаў фатаграфii артысткi Маджэеўскай i - iшоў далей. Кожнаму ён саступаў з дарогi, а калi яго хто штурхане - ягомасць добразычлiва ўсмiхаўся. Убачыўшы прыгожую жанчыну, ён надзяваў пенсне, каб прыгледзецца. Аднак рабiў гэта флегматычна i таму звычайна спазняўся. Ягомасць гэты - пан Томаш. Пан Томаш трыццаць год хадзiў па Мядовай i часта думаў, што на вулiцы гэтай многае змянiлася. Тое самае Мядовая вулiца магла падумаць i пра яго. Калi ён быў яшчэ памочнiкам адваката, дык хадзiў так хутка, што ад яго не ўцякла б нiводная мадыстка, вяртаючыся з крамы дадому. Быў ён вясёлы, гаваркi, трымаўся проста, была чупрына i вiлiся вусiкi, востра падкручаныя ўгару. Ужо тады творы мастацтва рабiлi на яго ўражанне, аднак не было калi захапляцца iмi, бо ён вар'яцеў за жанчынамi. Праўда, яму на iх шанцавала, увесь час яго сваталi. Ды што з таго, калi пан Томаш нiколi не мог знайсцi хвiлiны часу, каб зрабiць прапанову, бо заўсёды быў заняты калi не практыкай, дык спатканнямi. Ад Франi iшоў у суд, з суда бег да Зосi, якую пад вечар пакiдаў, каб павячэраць з Юзяй i Фiлькай. Калi ён набыў шаноўны адвакацкi тытул мецэната, лоб, у вынiку напружанай разумовай працы, вырас у яго ажно да цеменi, а ў вусах паказалася некалькi сярэбраных валасiнак. Пан Томаш пазбыўся ўжо юнацкай гарачкi, пабагацеў i лiчыўся сур'ёзным знаўцам мастацтва. А таму, што жанчын ён яшчэ ўсё любiў, пачаў думаць пра жанiцьбу. Наняў нават шасцiпакаёвую кватэру, на свой кошт наслаў паркет, зрабiў драпiроўку, купiў прыгожую мэблю i пачаў шукаць жонку. Ды чалавеку сталаму цяжка ўжо выбiраць. Адна была залiшне маладая, другою ён задоўга захапляўся. Трэцяя падыходзiла i па красе i па гадах, але не падабаўся яе тэмперамент, а ў чацвёртай была i краса, i ўзрост, i тэмперамент належны, аднак... не чакаючы на мецэнатаву прапанову, яна выйшла за доктара... Аднак пан Томаш не смуткаваў, бо паненак хапала. Абрастаў памаленьку маёмасцю, усё больш ды больш дбаючы пра тое, каб кожная драбнiца ў яго кватэры мела мастацкую вартасць. Мяняў мэблю, перастаўляў люстры, купляў карцiны. Нарэшце прыгажосць яго жылля стала шырока вядомай. Сам не ўяўляючы, як гэта атрымалася, стварыў ён цэлую галерэю мастацтва, у якой бывала ўсё больш ды больш наведвальнiкаў. А паколькi ён чалавек гасцiнны, прыёмы рабiў выдатныя, падтрымлiваў адносiны з музыкантамi, дык у яго спакваля пачалi наладжвацца вячэрнiя канцэрты, якiя нават i дамы ласкава наведвалi. Пан Томаш усiм быў рады, а заўважаючы ў сваiх люстрах, што лоб ягоны перарос ужо цемя i дастае да снежна-белага каўнерыка, усё часцей прыпамiнаў, што жанiцца аднак жа трэба. Тым больш што да жанчын прыхiльнасць адчуваў ён па-ранейшаму. Аднойчы, калi ў яго было больш, чым звычайна, гасцей, адна маладая панi, паглядзеўшы салоны пана Томаша, усклiкнула: - Што за карцiны!.. А якiя гладзенькiя паркеты!.. Жонка ваша, пане мецэнат, будзе вельмi шчаслiвая. - Калi для шчасця хопiць гладкiх паркетаў, - прыцiшана сказаў адзiн яго шчыры прыяцель. У салоне стала вельмi весела. Пан Томаш таксама ўсмiхнуўся, аднак з таго часу, як толькi хто-небудзь нагадваў яму пра жанiцьбу, казаў, нядбала махнуўшы рукою: - Ат!.. Ён збрыў вусы i запусцiў бакi. Пра жанчын гаварыў заўсёды з пашанай, а недахопы iхнiя спагадлiва замоўчваў. Нiчога больш у жыццi не чакаючы, бо ўжо i адвакацкай практыкай не займаўся, мецэнат усе свае супакоеныя пачуццi накiраваў на мастацтва. Прыгожая карцiна, добры канцэрт, новы спектакль былi нiбы верставымi слупамi на яго жыццёвай дарозе. Не загараўся ён, не захапляўся, а смакаваў. На канцэртах выбiраў месца далей ад эстрады, каб лепей слухаць музыку, не чуючы шуму i не бачачы артыстаў. Перад тым як iсцi ў тэатр, раней знаёмiўся з п'есай, каб без гарачкавай цiкаўнасцi сачыць за iгрой акцёраў. Карцiны аглядаў тады, калi ў галерэi было найменш наведвальнiкаў, i там праводзiў цэлыя гадзiны. Калi штосьцi падабалася, ён гаварыў: - А ведаеце, мае дарагiя, гэта ўсё-такi здорава. Ён быў з тых, хто перш за iншых угадвае сапраўдны талент. Аднак пасрэдныя рэчы не асуджаў. - Пачакайце, а можа, яшчэ i разаўецца! - гаварыў ён, калi iншыя ганiлi мастака. I так вось быў заўсёды паблажлiвы да чалавечай недасканаласцi, а пра заганы не гаварыў. На бяду, нiводзiн з людзей не бывае вольным ад якога-небудзь дзiвацтва, i ў пана Томаша таксама было сваё. Ён ненавiдзеў шарманшчыкаў i шарманак. Пачуўшы на вулiцы шарманку, пан мецэнат пачынаў iсцi хутчэй i на некалькi гадзiн настрой яго псаваўся. Спакойны па натуры, ён загараўся, заўсёды такi цiхi, а крычаў, такi лагодны, а гатовы быў бушаваць ад першых гукаў шарманкi. З гэтай сваёй слабасцi ён не рабiў таямнiцы, нават апраўдваўся. - Музыка, - гаварыў ён абурана, - гэта ж найтанчэйшае ўвасабленне духу, а ў шарманцы дух гэты ператвараецца ў механiчнае дзеянне i разбойнiцкую прыладу. Шарманшчыкi - гэта ж сапраўдныя рабаўнiкi!.. Зрэшты, скажам i так: шарманка раздражняе мяне, а я жыву адзiн толькi раз i не хачу жыццё сваё растрачваць на слуханне агiднай музыкi. Хтосьцi зласлiвы, ведаючы, як мецэнат ненавiдзiць шарманку, прыдумаў брыдкi жарт - паслаў пад вокны яго двух шарманшчыкаў. Пан Томаш захварэў са злосцi, а потым, выкрыўшы вiнаватага, выклiкаў яго на паядынак. Прыйшлося ажно суд гонару склiкаць, каб не дапусцiць да пралiцця крывi з-за такой, гледзячы збоку, дробязнай прычыны. Дом, у якiм жыў мецэнат, некалькi разоў пераходзiў з рук у рукi. Кожны новы домаўласнiк стараўся, разумеецца, павысiць кватэрную плату, перш за ўсё пану Томашу. Мецэнат пакорна згаджаўся з гэтым, аднак пры ўмове, запiсанай у дагаворы, што на двары дома не будуць iграць шарманкi. Нягледзячы на такую дамоўленасць у кантракце, пан Томаш клiкаў да сябе кожнага новага дворнiка i вёў з iм прыблiзна такую размову: - Паслухай, даражэнькi... Як ты называешся? - Казiмеж, проша пана. - Дык паслухай, Казiмеж! Кожны раз, калi я пазней вярнуся дадому, а ты адчынiш мне браму, дам табе дваццаць грошаў. Зразумеў? - Зразумеў, вяльможны пане. - Апроч гэтага, ты яшчэ будзеш мець ад мяне дзесяць злотых у месяц, але ведаеш за што?.. - Адкуль жа мне ведаць, вяльможны пане, - адказваў усхваляваны дворнiк. - За тое, каб ты нiколi не пускаў у двор шарманшчыкаў. Зразумеў?.. - Зразумеў, вяльможны пане. Кватэра мецэната склалася з дзвюх частак. Чатыры большыя пакоi выходзiлi вокнамi на вулiцу, два меншыя - на двор. Парадная палавiна кватэры прызначалася для гасцей. У ёй адбывалiся раўты, тут ён прымаў клiентаў, тут спынялiся вясковыя сваякi i знаёмыя мецэната. Сам пан Томаш паказваўся тут рэдка, каб толькi праверыць, цi нацерлi паркет, цi сцерлi пыл i не пашкодзiлi мэблю. Цэлымi днямi, калi ён не праводзiў iх па-за домам, пан Томаш сядзеў у кабiнеце ад двара. Там ён чытаў кнiгi, пiсаў лiсты або праглядаў дакументы знаёмых, якiя прасiлi ў яго парады. Калi ж не хацеў лiшне натужваць вочы, садзiўся ў мяккiм крэсле насупраць акна i, закурыўшы сiгару, паглыбляўся ў роздум. Ён ведаў, што роздум - важная функцыя жыцця, якую павiнен паважаць кожны, хто дбае пра сваё здароўе. З другога боку двара, насупраць вокан пана Томаша, была кватэра, якую здавалi людзям бяднейшым. Там доўга жыў стары судовы чыноўнiк, якi, страцiўшы пасаду, пераехаў на Прагу*. Пасля яго пакой заняў кравец; але, таму што ён любiў сяды-тады напiцца i нарабiць шоламу, яго папрасiлi выселiцца. Тады туды перабралася нейкая пенсiянерка, што вечна сварылася са сваёй служанкай. * Прага - правабярэжная частка Варшавы. Аднак на святога Яна бабулю гэтую, зусiм ужо нямоглую i даволi-такi багатую, нягледзячы на яе сварлiвы характар, сваякi забралi ў вёску, а ў кватэры пасялiлiся дзве жанчыны з малою дзяўчынкай, якой было гадоў восем. Жанчыны гэтыя жылi з працы. Адна шыла, другая вязала на машыне панчохi i каптанiкi. Маладзейшую з iх i прыгажэйшую дзяўчынка называла мамай, а старэйшай гаварыла "панi". I ў мецэната, i ў новых кватарантаў вокны цэлы дзень былi адчынены. Сеўшы ў сваё крэсла, пан Томаш свабодна бачыў, што робiцца ў яго суседак. Мэбля была там бедная. На сталах i на крэслах, на канапе i на камодзе ляжалi тканiны на шытво i клубкi нiтак на панчохi. Ураннi жанчыны самi падмяталi кватэру, а апоўднi нанятая жанчына прыносiла iм не надта багаты абед. Зрэшты, жанчыны гэтыя амаль не адыходзiлiся ад сваiх гаманлiвых машын. Дзяўчынка звычайна сядзела каля акна. Гэта было дзiця цёмнавалосае, з прыгожым тварыкам, але бледнае i нейкае нерухавае. Часамi дзяўчынка вязала двума пруткамi паясок. А то забаўлялася лялькай, якую апранала i распранала паволi, як быццам з цяжкасцю. Часамi не рабiла нiчога, сядзела сабе ды праз акно прыслухоўвалася да чагосьцi. Пан Томаш нiколi не бачыў, каб гэтае дзiця спявала або бегала па пакоi, не бачыў нават усмешкi на бяскроўных вуснах i нерухомым твары. "Дзiўнае дзiця!" - думаў мецэнат i пачаў прыглядацца больш уважлiва. Аднойчы (гэта было ў нядзелю) ён заўважыў, што мацi дала дзяўчынцы малы букецiк. Тая крыху ажывiлася. Разбiрала, складала кветкi, цалавала iх. Нарэшце зноў звязала ў букецiк, паставiла ў шклянку з вадой i, сеўшы ў сваiм акне, сказала: - Праўда, мама, што тут сумна?.. Пан Томаш абурыўся. Як можа быць сумна ў доме, у якiм ён столькi год пражыў у добрым настроi! Потым неяк мецэнат вярнуўся ў свой кабiнет гадзiн каля чатырох. Сонца якраз свяцiла ў акно яго суседак, i грэла яно вельмi моцна. Пан Томаш зiрнуў у той бок i, вiдаць, заўважыў штосьцi незвычайнае, бо хуценька надзеў пенснэ. Вось што ён заўважыў: Худзенькая дзяўчынка, залажыўшы рукi за галаву, амаль дагары ляжала на падваконнi i... шырока адкрытымi вачыма глядзела проста на сонца. На тварыку яе, заўсёды такiм нерухомым, праяўлялiся нейкiя пачуццi: цi то радасць, цi то смутак... - Яна сляпая! - шапнуў мецэнат, здымаючы пенснэ. У гэты момант яму ажно ў вачах закалола ад думкi, што нехта можа глядзець на сонца, якое дыхае жывым агнём. I сапраўды, дзяўчынка два гады ўжо была сляпая. На шостым годзе яна захварэла на нейкую лiхаманку, тыдняў некалькi была непрытомная, а потым так знясiлела, што ляжала як мёртвая, не варушачыся i не гаворачы анi слова. Яе паiлi вiном i булёнамi, i паступова яна ачуньвала. Але ў першы дзень, калi яе пасадзiлi на падушцы, малая спыталася ў мацi: - Мама, гэта ўжо ноч? - Не, дзiцятка... А чаму ты так кажаш? Але дзяўчынка не адказала: ёй хацелася спаць. А назаўтра, калi апоўднi прыйшоў доктар, спыталася зноў: - Гэта яшчэ ўсё ноч?.. Тады стала ясна, што дзяўчынка не бачыць. Доктар агледзеў яе вочы i зрабiў заключэнне, што трэба пачакаць. Аднак, чым больш хворая дужэла, тым мацней непакоiлася сваiм калецтвам... - Мама, чаму я цябе не бачу?.. - Вочкi табе засланiла. Але гэта пройдзе. - Калi пройдзе?.. - Хутка. - Можа, мамачка, заўтра? - Дзён праз некалькi, дарагая. - Калi гэта пройдзе, дык ты мне, мама, скажы. Бо вельмi ж сумна!.. У чаканнi праходзiлi днi i тыднi. Дзяўчынка пачала ўжо ўставаць з пасцелi. Навучылася вобмацкам хадзiць па пакоi; сама апраналася i распраналася, памаленьку ды асцярожна. А зрок не вяртаўся. Аднойчы яна сказала: - Мама, праўда, што ў мяне блакiтная сукенка? - Не, дачушка, у цябе шэрая. - Ты бачыш яе? - Бачу, мiлая. - Так, як i ўдзень? - Ага. - Я таксама буду ўсё бачыць праз некалькi дзён?.. Не, можа, за месяц... А таму, што мацi нiчога ёй не адказвала, малая гаварыла далей: - Праўда, мама, што на дварэ ўвесь час дзень?.. А ў садзе - дрэвы, як i раней?.. Цi прыходзiць да нас белы коцiк, што з чорнымi лапамi?.. Праўда, мама, што я бачыла сама сябе ў люстры?.. Дзе тут люстра?.. Мацi падала ёй. - Трэба глядзець сюды, дзе гладка, - гаварыла дзяўчынка, прыкладаючы люстра да твару. - Нiчога не бачу, - сказала яна. - А ты, мама, бачыш мяне ў люстры? - Бачу, рыбка мая. - А як жа ты бачыш? - жаласлiва ўскрыкнула малая. - Калi я не бачу сябе там, то там ужо нiчога не павiнна быць. А тая, што ў люстры, яна мяне бачыць цi не? Ды мацi расплакалася i выбегла з пакоя. Калека найбольш любiла дакранацца рукамi да дробных рэчаў, распазнаваць iх. Неяк мацi прынесла ёй фарфоравую ляльку, прыгожа апранутую, за цэлы рубель. Дзяўчынка не выпускала яе з рук, дакраналася да ляльчынага носiка, вуснаў, вачэй, забаўлялася ёю. Спаць лягла вельмi позна, усё думаючы пра сваю ляльку, якую палажыла ў скрынку, высланую ватай. Ноччу мацi прачнулася ад нейкага шораху ды шэпту. Схапiлася з ложка, запалiла свечку i ўбачыла ў куточку сваю малую, што ўжо апранутая гуляла з лялькай. - Што ты робiш, дзiцятка маё? - закрычала мацi. - Чаму ты не спiш? - Бо ўжо ж, мама, дзень, - адказала малая. Дзень i ноч злiлiся для яе ў адно - ужо назаўсёды... Паступова памяць зрокавых уражанняў пачала ў дзяўчынкi згладжвацца. Чырвоная вiшня стала для яе вiшняй гладкай, круглай i мяккай, блiскучая манета была цвёрдым i звонкiм кружочкам, пакрытым трошкi выпуклай разьбой. Малая ведала, што пакой большы за яе, дом большы за пакой, вулiца за дом. Аднак усё гэта неяк скарацiлася ў яе ўяўленнi. Увага яе накiравалася на пачуццi дотыку, нюху ды слыху. Яе твар i рукi сталi такiмi ўражлiвымi, што, наблiзiўшыся да сцяны, яна за некалькi цаляў адчувала лёгкi холад. Тое, што было далей, даходзiла толькi праз слых. Вось яна цэлымi днямi i прыслухоўвалася. Яна пазнавала, як iдзе - шоргаючы нагамi - дворнiк, якi гаварыў пiсклява i падмятаў двор. Ведала, калi едзе з дрывамi сялянскi воз, калi - рамiзнiк, а калi - кары, на якiх вывозяць смецце. Найменшы шорах, пах, пахаладанне або пацяпленне паветра дзяўчынка абавязкова заўважала. З незразумелай хуткасцю яна падхоплiвала гэтыя дробныя з'явы i з усяго рабiла вывады. Аднойчы мацi паклiкала служанку. - Янiхi няма, - сказала калека, як заўсёды, седзячы ў куточку. - Яна пайшла па ваду. - А ты адкуль гэта ведаеш? - здзiвiлася мацi. - Адкуль?.. Я ж ведаю, што яна ўзяла ў кухнi вядро, пасля пайшла на другi двор, напампавала вады. А цяпер гаворыць з дворнiкам. I сапраўды з-за паркана даходзiў лёгенькi падвойны водгалас гаманы, але такi невыразны, што толькi моцна натужыўшыся можна было яго пачуць. Аднак нават такая абвостранасць другiх адчуванняў не магла замянiць дзяўчынцы зроку. Ёй не хапала ўражанняў, яна пачала сумаваць. Ёй дазволiлi хадзiць па ўсiм доме, i гэта яе трошкi супакойвала. Абтупала малая кожны камень на двары, дакранулася да кожнай рыны i бочкi. Але найбольш прыемнымi былi ёй падарожжы да двух зусiм розных светаў - у сутарэнне i на гарышча. У сутарэннi паветра было халоднае, сцены вiльготныя. Прыглушаны грукат даходзiў зверху; iншае водгулле знiкала. Для сляпое гэта была ноч. А на гарышчы, асаблiва ў акенцы, адбывалася зусiм iншае. Шуму там было больш, чым у пакоi. Сляпая чула грукат вазоў з некалькiх вулiц; тут гуртавалiся крыкi з усяго дома. Твар яе авяваў цёплы вецер. Яна чула птушыны шчэбет, гаўканне сабак i пошум дрэў у суседнiм садзе. Тут для яе быў дзень... Мала гэтага. На гарышчы часцей, чым у пакоi, свяцiла сонца, а калi дзяўчынка паварочвала да яго пагаслыя вочы, ёй здавалася, што яна штосьцi бачыць. Ва ўяўленнi прачыналiся ценi формаў i колераў, вельмi невыразныя ды палахлiвыя, i яна не магла што-небудзь прыгадаць... Якраз у гэтыя днi мацi яе пачала жыць разам са сваёй сяброўкай, заняла пакойчык у доме, дзе жыў пан Томаш. Абедзве жанчыны былi задаволены новай кватэрай, аднак для сляпой змена месца была сапраўдным няшчасцем. Малая павiнна была сядзець у пакоi. На гарышча i ў сутарэнне не можна было хадзiць. Не чула яна нi птушак, нi дрэў, на дварэ была страшэнная цiшыня. Нiколi не заходзiлi сюды нi гандляры старызнай, нi паяльшчыкi, нi смеццяры. Не пускалi сюды нi баб, што спяваюць набожныя песнi, нi жабрака, якi грае на кларнеце, нi шарманшчыкаў. Адной прыемнасцю для яе было ўглядацца на сонца, якое не заўсёды свяцiла аднолькава i вельмi хутка хавалася за дамамi. Дзяўчынка зноў пачала сумаваць. Зблажэла за некалькi дзён, на твары з'явiўся выраз абыякавасцi i амярцвення, якi так здзiвiў пана Томаша. Не могучы бачыць, калека хацела, прынамсi, чуць розныя водгаласы. А дома было цiха... - Беднае дзiця! - неаднойчы шаптаў пан Томаш, прыглядаючыся да малое. "Калi б я мог што-небудзь зрабiць для яе!.." - думаў ён, бачачы, як дзiця з кожным днём блажэе ды марнее. У гэты час надарылася такое, што адзiн з сяброў мецэната судзiўся i, як заўсёды, даў пану Томашу дакументы свае судовай справы, каб той паглядзеў iх i дапамог, параiў. Праўда, пан Томаш ужо не выступаў у судах, але як вопытны юрыст умеў паказаць найбольш адпаведны шлях усёй справы i выбранаму iм адвакату дапамагаў парадамi. Цяперашняя справа была заблытаная. Чым больш пан Томаш учытваўся ў дакументы, тым больш яго ў гэтую справу цягнула. У пенсiянеры прачнуўся адвакат. Ён не выходзiў ужо з кватэры, не правяраў, цi сцерлi пыл у салонах, а, зачынiўшыся ў сваiм кабiнеце, чытаў дакументы i рабiў нататкi. Увечары стары мецэнатаў лёкай прыйшоў са штодзённым рапартам. Далажыў, што панi дактарыха з дзецьмi паехала на ўсё лета на дачу, што сапсаваўся водаправод, што дворнiк Казiмеж паскандалiў з гарадавым i пайшоў на тыдзень у кутузку. У канцы спытаўся: цi не захоча пан мецэнат убачыць толькi што нанятага дворнiка?.. Аднак мецэнат, схiлены над паперамi, курыў сiгару, пускаў кольцы дыму, а на вернага слугу нават не паглядзеў. На другi дзень пан Томаш яшчэ ўсё сядзеў над паперамi; пасля першай гадзiны паабедаў i зноў сядзеў. Яго румяны твар i сiваватыя бакi на сiнiм фоне шпалераў нагадвалi "эцюд з натуры". Мацi сляпое дзяўчынкi i яе сяброўка, што вязала панчохi на машыне, дзiвiлiся з пана Томаша i гаварылi, што ён падобны на здаровага ўдаўца, якi прывык ад рання да вечара драмаць над сваiм пiсьмовым сталом. Тым часам мецэнат, хоць i заплюшчваў вочы, зусiм не драмаў, а думаў пра справу. Памешчык X. у 1872 годзе адпiсаў свайму пляменнiку па сястры фальварак, а ў 1875 годзе пляменнiку па брату - камянiцу. Пляменнiк па брату сцвярджае, што памешчык X. быў вар'ятам у 1872 годзе, а пляменнiк па сястры даводзiць, што X. звар'яцеў толькi ў 1874 годзе. А муж роднай сястры нябожчыка прыводзiць несумненныя доказы, што X. i ў 1872-м, i ў 1875-м дзейнiчаў па-вар'яцку, а ўсю сваю маёмасць яшчэ ў 1869 годзе, значыцца, яшчэ пры роўным розуме, адпiсаў сястры. Пана Томаша папрасiлi ўстанавiць, калi X. сапраўды быў вар'ятам, а тады памiрыць тры пасвараныя бакi, кожны з якiх не хацеў i слухаць пра ўступкi. Калi мецэнат такiм чынам марочыўся ў пераблытаных камбiнацыях, здарыўся дзiўны, незразумелы выпадак. На двары, пад самым акном пана Томаша азвалася - шарманка!.. Калi б нябожчык X. устаў з магiлы, апрытомнеў i ўвайшоў у кабiнет дапамагчы адвакату разблытаць судовую справу, пан Томаш, напэўна, не адчуў бы таго, што ён адчуў цяпер!.. I хоць бы ўжо гэта была iтальянская шарманка, з прыемным гучаннем флейты, добра настроеная, каб iграла яна штосьцi прыгожае! Дзе там! - як на здзек, шарманка была сапсаваная, фальшыва iграла пошлыя вальсы i полькi, ды так гучна, што шыбы дрыжалi. У давяршэнне ўсiх бед труба, што час ад часу адгукалася ў ёй, рычэла раз'ятраным зверам. Уражанне было магутнае. Мецэнат аслупянеў. Не ведаў, што думаць, што тут рабiць. Гатоў быў нават дапусцiць, што ад чытання завяшчальных распараджэнняў псiхiчна хворага памешчыка X. i ў самога яго ўсё пераблыталася ў галаве i вось пачалiся галюцынацыi. Але ж не, гэта былi не галюцынацыi. Гэта была сапраўдная шарманка, з папсаванымi дудачкамi i вельмi гучнай трубой! У сэрцы мецэната, мяккага, спагадлiвага чалавека, прачнулiся дзiкiя iнстынкты. Адчуў ён крыўду да прыроды, што не стварыла яго дагамейскiм каралём, якi мае права забiваць сваiх падданых, i падумаў, з якой прыемнасцю ён глушануў бы гэтага шарманшчыка! А таму што ў людзей такое натуры, як у пана Томаша, разгневанасць вельмi лёгка пераходзiць ад дзёрзкiх парываў да жахлiвых паступкаў, мецэнат, як тыгр, сiгануў да акна i вырашыў аблаяць шарманшчыка апошнiмi словамi. Ужо ён выхiлiўся з акна i раскрыў рот, каб гукнуць: "Ах ты лайдак!.." - ды тут пачуў дзiцячы голас. Зiрнуў насупраць. Сляпая дзяўчынка танцавала па пакоi, плешчучы ладкамi. Бледны твар яе пакрыўся румянцам, вусны смяялiся, але, нягледзячы на гэта, з застылых вачэй градам кацiлiся слёзы. У гэтым цiхiм доме ў яе, няшчаснай, даўно ўжо не было такiх уражанняў! Якою цудоўнай з'явай здавалiся ёй фальшывыя тоны шарманкi! Якi велiкапышны быў рык трубы, ад якога мецэната ледзь не звалiў апаплексiчны ўдар. Мала таго - шарманшчык, убачыўшы радасць дзiцяцi, пачаў прытупваць вялiкiм абцасам па бруку i час ад часу свiстаць, як паравоз сустрэчнаму цягнiку. Божа, як ён цудоўна свiстаў!.. У кабiнет мецэната ўляцеў верны лёкай, цягнучы за сабой дворнiка i крычучы: - Я ж гаварыў, вяльможны пане, гэтаму нягоднiку, каб ён выгнаў шарманшчыка! Казаў, што ён будзе мець ад вяльможнага пана даплату, што ў нас такая дамоўленасць... Ды гэта ж хам! Тыдзень таму назад прыехаў з вёскi i не ведае нашых звычаяў. Ну, а цяпер ты паслухай, - крычаў лёкай, тузаючы ашаломленага дворнiка за плячо, - паслухай, што табе скажа сам вяльможны пан мецэнат!.. Шарманшчык iграў ужо штосьцi трэцяе, таксама фальшыва i гучна, як два папярэднiя танцы. Сляпая дзяўчынка была ў захапленнi. Мецэнат павярнуўся да дворнiка i па-свойму спакойна, хоць i збялелы, спытаўся: - Паслухай, мой дарагi... А як жа цябе завуць? - Павел, вяльможны пане. - Дык вось, Павел, я буду плацiць табе дзесяць злотых у месяц, але ведаеш, мой дарагi, за што?.. - Каб ты нiколi не пушчаў у двор шарманшчыкаў! - паспяшаўся сказаць лёкай. - Не, - запярэчыў пан Томаш. - За тое, каб ты час ад часу пушчаў шарманшчыкаў. Зразумеў? - Што вы, пане, гаворыце?.. - гукнуў лёкай, пасмялелы ад незразумелага загаду. - Ды тое, што ён, пакуль будзе служыць у мяне, павiнен штодня пушчаць у двор шарманшчыкаў, - паўтарыў мецэнат, засунуўшы рукi ў кiшэнi. - Не разумею пана! - сказаў лёкай, з прыкметнай кплiвасцю здзiвiўшыся. - Бо ты дурны, мой дарагi! - дабрадушна сказаў яму пан Томаш. - Ну, а цяпер iдзiце працуйце, - дадаў ён. Лёкай i дворнiк выйшлi, i мецэнат заўважыў, што яго верны слуга шэпча штосьцi дворнiку на вуха, паказваючы пальцам на лоб... Пан Томаш усмiхнуўся i, нiбы для пацверджання панурых домыслаў слугi, кiнуў шарманшчыку дзесяць грошаў. Затым ён узяў каляндар, знайшоў у iм спiс лекараў i запiсаў на лiстку адрасы некалькiх акулiстаў. А таму, што шарманшчык павярнуўся цяпер да яго акна i за тую дзесятку пачаў прытупваць i высвiстваць яшчэ мацней, што ўжо страшэнна раздражняла мецэната, пан Томаш узяў лiсток з адрасамi лекараў i выйшаў, мармычучы: - Беднае дзiця!.. Даўно ўжо мне трэба было iм заняцца... |
|
|