"Гiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Мудров Винцесь)

Мудров ВинцесьГiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке)

Вiнцэсь Мудроў

Гiсторыя аднаго злачынства

Аповесьць

Бляшаны рупар на даху аўтастанцыi засiпеў, засьвiстаў на высокай ноце, i ў мэталёвых нетрах ягоных нарадзiўся дзявочы голас:

- Валерка, адчапiся!

Праз вузенькае вакно можна было назiраць, як маладая дыспэтчарка замахнулася на Валерку мiкрафонам i хлопец, прыхапiўшы пад пахi шыльду з надпiсам "Бычкi", зь вясёлым рогатам выбег на падворак.

- Аўтобус на Бычкi зь бiлетамi на 17-40 адправiцца з другой пляцоўкi. Паўтараем...

Зычны голас сагнаў з рэпрадуктара мух, ўзьняў у паветра чараду галубоў, падняў на ногi бычкоўскiх жанок i бабуль. Жанкi ўскiнулi на плечы хатулi з абаранкамi, пабралi за рукi дзяцей i зь непрыхаванаю трывогай паглядзелi ў бок прыстанцыйнага павiльёну.

Лапацелi крыламi галубы, плакалi, просячы купiць iм "маножана", дзецi, а ў прыстанцыйным павiльёне, вядомым у народзе пад назваю "мардоўня", жыцьцё iшло сваiм ладам. Наведнiкi "мардоўнi" дымiлi "Прымаю", гаманiлi, уголас мацюкалiся, не зважаючы на абвестку дыспэтчаркi, i толькi надрыўны воклiч: "Каб цябе парвала!" - прымусiў некаторых зь iх схамянуцца i сьпехам дапiць каламутнае, да рыпеньня на зубах збрыжэлае пiва. Мужчыны падалiся да выхаду, i самы маладзейшы зь iх, Iван Бянькоў, перад тым як выйсьцi з "мардоўнi", пранiзьлiва iкнуў.

- Што, Ваня, душа з Богам размаўляе? - гукнулi з натоўпу, i Ваня iкнуў другiм разам, адчайна страсянуўшы плечукамi.

Убiўшыся ў аўтобус, Iван заняў месца ля прачыненага вакна, з палёгкаю аддзьмуўся i пiльным вокам зiрнуў на цётку Авадзiху.

- Во лезуць. I зацiснуць, калi хочаш, - казала старая, лезучы па праходзе з двума мяхамi камбiкорму.

Авадзiха даводзiлася Iвану роднаю цёткай: мiнулым заездам ён сьцягнуў у сваячкi тры лiтры самаробнага вiна i цяпер хваляваўся, ня ведаючы, што скажа на гэта Авадзiха. Але старая, нiчога такога не сказаўшы, плюхнулася поруч, задаволена ўскудлацiла пляменьнiку чупрыну, i той, чарговым разам аддзьмуўшыся, зiрнуў у вакно.

Каля аўтобуса стаялi тыя, каму не хапiла бiлетаў. Перад Iванавым носам варушылiся потныя патылiцы, блiскалi на сонцы плехi, матлялiся на ветры ражкi капронавых хустак, i над усiм гэтым людзкiм шматгалоўем лунаў, драпежна разявiўшы ляпу, блакiтнавокi сiямскi кот.

- Разарваць можа, - крыкнуў Iван бялявай дзяўчыне, якая трымала ката на ўзьнятых руках, пасьля чаго кот разьюшана сыкнуў, а дзяўчына, працiснуўшыся блiжэй да аўтобуса, кволым голасам пралепятала:

- Калi ласка, перадайце Маркiза маме.

"Якой маме?" - хацеў спытацца Iван, ды ў гэты момант кот сiгануў у вакно i, правёўшы хвастом па Iванавым носе, зьнiк пад сядзеньнем.

- Во халера! - выгукнуў Iван i нечакана зноў iкнуў, уражаны страшэнным лямантам за сьпiнай.

- Ай! Ай! Хто гэта там лезе?! - немым голасам крычала завуч Бычкоўскай васьмiгодкi Марковiч. Антанiна Пятроўна пашнарыла рукой пад сядзеньнем, схапiла "сiямца" за шкiрку, i кот, пакiнуўшы чырвоны пiсяг на носе бiблiятэкаркi Забаронькi, узьбiўся на голаў нейкаму падпiтаму дзядзьку.

- А людцы мае добрыя, а што ж гэта робiцца? - залямантавала старая Авадзiха, калi падпiты дзядзька, ня сьцямiўшы, што да чаго, брыкнуў нагой цётчынага заця, разамлелага мэханiзатара Бадунова. Бадуноў не застаўся ў даўгу: заехаў крыўдзiцелю ў лоб, але на гэтым усё i скончылася. Дэбашыраў разьнялi, расьцягнулi ў розныя бакi.

- Паскуда. Увесь нос абдзёр, - усхлiпнула за Iванавай сьпiнай Нiна Забаронька.

- Духамi прыпячы, - прараiла бiблiятэкарцы завуч Марковiч. Крутнуўшы галавой, Антанiна Пятроўна керханула i голасам рэвалюцыйнай камiсаршы запыталася:

- Таварышы, чый гэта кот?

Завiшчэла сьвiнчо ў торбе, Нiна Забаронька шморгнула носам, а дзябёлая кабета, што выцiрала абрыўкамi "Ленiнградзкай праўды" запыленае сядзеньне, коратка прамовiла:

- Мой!

- Кацька... Зь Ленiнграду... - прашаптала за Iванавай сьпiнай Нiна Забаронька. - Летась з мужыком разьвялася.

Iван наструнiў слых, мерачыся пачуць яшчэ тое-сёе, але ў гэты момант загуў матор i аўтобус паехаў.

- А далiбог, пашалелi гэтыя курортнiкi. З катамi ў аўтобус лезуць, гукнула Авадзiха i словы гэтыя былi апошнiя, якiя пачуў Iван. Празь iмгненьне ён ужо спаў, паклаўшы голаў на нiкеляванае бiла сядзеньня.

За чыгуначным пераездам аўтобус зварочвае з шашы, нейкi час едзе па асфальце, а даехаўшы да пахiлага шчыта з надпiсам "Калгас "Шлях камунiзму", страсянаецца на выбоiнах усiмi сваiмi бляхамi i жалезкамi. Iван стукаецца лобам у нiкеляванае бiла, асавела паводзiць вачыма i неўзабаве зноў засынае, тулячыся вухам да цётчынага плечука.

- Во як у чужыць людзях. I галава не трымаецца, - мармыча Авадзiха i, каб пляменьнiку ямчэй было спаць, хiлiць плячук долу.

Ваня Бянькоў нарадзiўся на станцыi Назарбай Цалiнаградзкай вобласьцi. Увесну пяцьдзесят чацьвертага мацi ягоная, Ларыса Пятроўна, пазычыўшы сто рублёў у суседкi, набыла фанэрную валiзу i ад'ехала на асваеньне цалiннай i абложнай зямлi.

На цалiне Ларыса Бянькова спачатку завашывела, потым зацяжарала i ў лютым наступнага году, на восьмым месяцы цяжарнасьцi, падалася дадому, зь вялiкай цяжкасьцю ўбiўшыся ў таварна-пасажырскi цягнiк.

Дзесьцi пад Акмолiнскам Ларысе стала блага, яе зьнялi зь цягнiка, занесьлi на станцыю, i там, у дзяжурным пакоi чыгуначнай станцыi Назарбай, Iван i зьявiўся на сьвет, прывiтаўшы залiвiстым енкам бяскрайнi цалiнны абшар.

Бацьку свайго Iван бачыў толькi на фотаздымку - маленькiм, пацьмянелым ад часу здымку, якi i дагэтуль вiсiць над матчыным ложкам i на якiм калi i можна што ўгледзець, дык гэта тое, што бацька быў вусатым.

Мацi наагул любiла вусатых мужыкоў. Вунь i дзядзька Коля, кватарант iхны, таксама вусы насiў. Добры быў дзядзька. Дзьве зiмы ў iх кватараваў, аж пакуль мацi яго ня выгнала. Даведалася, што кватарант жонку з двума сынамi кiнуў i ад алiмэнтаў хаваўся. Зьехаў дзядзька Коля, нават валiзу не прыхапiўшы. А ў валiзе "Памятка дэсантнiку" ляжала. Маленькая такая кнiжачка. На вокладцы нумар напiсаны i грыф адпаведны: "За пределы части не выносить!" Памятку тую Iван прачытаў разоў мо дваццаць i так захварэў на парашутызм, што з хаты ўсе прасьцiны павыносiў. Парашуты зь iх майстраваў: да ражкоў аборкi прывязваў ды скакаў з суседзкай пунi. Вышыня было, вядома, непаважная... нейкiх пару мэтраў. Але аднаго разу давялося Iвану зьдзейсьнiць скачок, перад якiм самлеў бы i сапраўдны парашутыст-выпрабавальнiк, пагатоў скакаць давялося не з парашутам, а з падзертым парасонам. Пад'юдзiлi яго на гэта ленiнградзкiя хлопцы, якiя ў вёсцы гасьцявалi. Яны i парасон далi...

"Скочыш, - сказалi, - скрыню лiманаду паставiм".

А скакаць трэба было зь сiласнай вежы.

... Ад сьмерцi Iвана ўратавала куча ссохлага гною, што ляжала пад вежаю, яна i зьмягчыла ўдар. Толькi нагу i зламаў. Хiрург пасьля апэрацыi распытваць узяўся. Маўляў, што ды як. Цi самохаць зь вежы сiгануў, цi пiхнуў хто, а распытаўшы, яшчэ нейкага прывёў. Сiвога такога, з круглявым люстэркам на лобе.

- Вось, - кажа, - Аркадзь Барысавiч, цяжкi выпадак. Парашут у хлопца не раскрыўся.

Аркадзь Барысавiч Iвану ў вочы глядзеў, штосьцi па-замежнаму мармытаў, а нахiлiўшыся да Iванавага вуха, запытаўся:

- Прыпадкi былi?

Прыпадкаў у Iвана, дзякаваць Богу, не было, на мэнiнгiт ён не хварэў, у пасьцель не мачыўся, але пасьля такiх роспытаў насельнiкi палаты сталi глядзець на яго з насьцярогаю i спачуваньнем, а цёткi на мылiцах, што раз-пораз зазiралi ў палату, цокалi языкамi i напаўголасу прамаўлялi:

- Гэта ж трэба... такi малады, а ўжо чокнуўся.

Першыя тры днi ложак Iванаў стаяў усутыч да ложка дзеда Яўхiма, i ад таго суседзтва Iван i папраўдзе быў блiзкi да вар'яцтва. Прычынай таму сталася бясконцая кашлянiна i хворыя вантробы восемдзесятгадовага гаротнiка. Ратуючыся ад апраметных зыкаў i пахаў, Iван клаў на твар падушку, з галавою ўкручваўся ў коўдру, а ўкруцiўшыся, цэлымi гадзiнамi пакутваў ад недахопу кiслароду.

На трэцiя соднi дзед Яўхiм памёр, i суседнi ложак заняў хлопец з пашкоджаным хрыбетнiкам. Сусед быў гадоў на пяць старэйшы за Iвана i меў надзiва ладную постаць. Атлетычныя цяглiцы ягоныя прыкметна пукацiлiся пад цяльняшкаю, i гэтыя цяльняшка, а таксама наколка катвiгi на левай руцы, наводзiлi на думку, што сусед быў зьвязаны з морам.

Паклалi суседа на голыя дошкi, загадалi ляжаць незварушна, але хлопец, пакруцiўшыся пару гадзiн, зьбег з палаты праз адчыненае вакно i вярнуўся толькi апоўначы.

... Тае начы Iвану ня спалася. Ды i як было заснуць, калi ў больнiчным садзе сьпяваў салавей, калi пад вокнамi палаты буяла чаромха, а на суседнiм ложку ляжаў, пакутуючы на бяссоньне, гэткi ж начны летуценьнiк. Яны разгаварылiся, i сусед, якi назваўся Станiславам, з горыччу ў голасе паведамiў, што мапэд "Верхавiна" зусiм ня слухаецца на спусках i што трэскi ад паркану, у якi ён урэзаўся, разьляцелiся па ўсёй вулiцы. Распавёўшы Iвану сваю невясёлую гiсторыю, сусед абклаў мацюгамi пазванковыя дыскi, якiя гэтак недарэчы зрушылiся ў ягонай хрыбцiне, i запытаўся:

- А ты што, зь вежы звалiўся?

Крыўднае гэта было пытаньне. У Iвана нават шчокi зачырванелiся. Што ж ён, сапраўды, мяшок якi, каб зь вежы падаць? Так i сказаў Станiславу, а яшчэ сказаў, што наступным разам парасон алюмiнiевым дротам змацуе i што... Хацеў i яшчэ нешта сказаць, ды тут Адстаўнiк прачнуўся. Зьвяглiвы такi дзядзька, у куце ля самых дзьвярэй ляжаў. Ну i, вядома, заенчыў: спаць яму, хвораму чалавеку, не даюць. Але затое наступным днём пагаманiлi яны з суседам як мае быць. Гаманiў, праўда, адзiн Станiслаў; Iван больш слухаў, а тое-сёе нават занатоўваў. Занатаваў, прыкладам, пару эстонскiх мацюкоў, запiсаў рускiмi лiтарамi эстонскi выраз "Куст сааб оста вiна?" ("Дзе тут можна ўзяць вiна?"), а таксама з асаблiвай руплiвасьцю перамаляваў са Станiслававага нататнiка ў свой сэрыю мудрагелiстых "камасутраўскiх" паставаў. Слухаючы "караля мараходкi", Iван мiжволi сьцiскаў кулакi, раз-пораз заплюшчваў вочы, i яму здавалася, што гэта не Станiслаў, а ён, курсант Бянькоў, б'ецца на танцах у клюбе маракоў, што гэта ён раздае аплявухi салагам i гэта на ягоных, Iванавых, грудзях засынаюць зьняможаныя талiнскiя прыгажунi.

Пасьля Станiслававых аповедаў Iван доўга ня мог заснуць, i адно пытаньне вярэдзiла душу: цi бяруць у мараходку двоечнiкаў? Не запытаўся ён пра гэта i наступным ранкам, бо наступным ранкам была нядзеля i Станiслаў адразу пасьля сьняданку некуды зьнiк, а калi вярнуўся, дык у палаце ўжо спалi, i толькi бяссонны Адстаўнiк, ды ён, Iван, бачылi, як "кароль мараходкi" лез у адчыненае вакно i вокраччу дабiраўся да ложка. А ў панядзелак у палату ўвайшоў галоўурач i загадаў Станiславу зьбiраць рэчы.

- Учора ў чарзе па вiно разам стаялi, - патлумачыў "кароль мараходкi", калi за ўрачом зачынiлiся дзьверы, i, накiнуўшы на плечы марскi бушлат, якi прыхоўваў у тумбачцы, працягнуў Iвану шырокую пяцярню.

- Трымай краба, дэсантнiк, - прамовiў Станiслаў зь ледзь прыкметнай усьмешкай, якая яшчэ раз пераканала Iвана, што дэсантура - занятак непаважны, i што толькi надзеўшы марскi бушлат, можна адчуць сябе сапраўдным чалавекам.

Праз два месяцы, апошнiм днём жнiўня, Ваня Бянькоў шкандыбаў па пыльнай бычкоўскай вулiцы, i ўся вясковая дзятва бегла за iм ад самага аўтобусу. Ваня прыпадаў на левую нагу, але пры гэтым ня трацiў годнасьцi i штохвiлi адмахваўся ад матчыных спробаў падтрымаць яго за рукаво.

- Ну чаго ты адмахваешся, - пакрыўджана ўздыхала Ларыса Пятроўна, выцiрала няпрошаную сьлязiну i, усхапiўшыся, дадавала: - Можа хоць цяпер за розум возьмесься?

Пераступiўшы парог роднае хаты, Iван выпiў паўлiтры адтопленага малака, узяў з палiцы сшытак, сеў пры стале i запiсаў у яго прозьвiшчы дзевяцi падшыванцаў, што гаманкой чарадою тоўпiлiся ў прысенку. Такiм чынам у Бычках быў створаны Клюб юных маракоў (скарочана КЮМ), i першай акцыяй клюбу была пабудова плыта на Церахоўскай сажалцы.

Два днi на сажалцы - балазе месьцiлася яна непадалёку ад школы - бухалi малаткi, зумкалi пiлы, i бычкоўскiм настаўнiцам даводзiлася пасьля кожнай перамены выбягаць на двор i заганяць сваiх вучняў у клясы. А пазьней, гэта ўжо як здарылася непапраўнае i плыт перакулiўся на сярэдзiне вадаёму, давялося настаўнiцам i ў ваду лезьцi, ратуючы жыцьцё першаклясьнiка Бадунова.

Пасьля таго выпадку бацька пацярпелага, мэханiзатар Бадуноў, пад'ехаў да сажалкi на трактары, на плыт вядро саляры вылiў i, паабяцаўшы адлупцаваць сына, як той ачуняе, чыркнуў запалкай. Прыгожае было вiдовiшча: сiнiя прыцемкi, цёмная вада - i полымя сярод вады шугала. Iван, праўда, усяго гэтага ня бачыў: стаяў у настаўнiцкай, натацыi слухаў, сучкi на падлозе разглядаў ды носам шморгаў. I мацi за сьпiнаю стаяла, таксама носам шморгала ды сына па патылiцы бiла.

Iвана потым штомесяц на настаўнiцкiя прачуханкi выклiкалi. Ушчувалi ды дзiцячай калёнiяй пужалi, а аднойчы, калi ён на школьным двары самаробную "бомбу" рвануў, i вушы накруцiлi. Але затое пасьведчаньне за васьмiгодку выдалi зь вялiкай радасьцю. Iван нават iспытаў не здаваў. Завуч Марковiч, праўда, абуралася, патрабавала Iвана на другi год пакiнуць. Ды настаўнiцы адно рукамi замахалi. Гэтак iм Ванька Бянькоў надакучыў.

Першыя днi мацi кожнага вечару пасьведчаньне з шуфляды даставала, шэптам перачытвала, а прачытаўшы, прамаўляла:

- Можа, у рамеснае якое ўваб'ецца?

Ведала Ларыса Пятроўна, што сын яе пра нейкую мараходку трызьнiць, вось i хацела выпытаць, як там, ды што, ды дзе тая мараходка знаходзiцца. Але сын маўчаў i толькi, як тая мацi атэстат, штовечару з кiшэнi нататнiк даставаў i на старонцы зь лiтарай "М" адрас талiнскай мараходкi перачытваў. А аднойчы, акурат пад вечар, пачуў Iван, як штосьцi загуло знадворку. I надта ж гэты гул яго ўсхваляваў. Надзеў ён зрэбныя штаны, прыхапiў у кiшэню скiбу хлеба з маслам i на вулiцу падаўся.

- Вярнiся! - крыкнула мацi праз фортку. - Куды ты супроць ночы пасунуў?

Але Iван матчыных слоў i не пачуў нават, бо iншымi зыкамi поўнiлiся ягоныя вушы, i пошум сушылкi, якi далятаў з супрацьлеглага канца вёскi, здаўся яму пошумам марскога прыбою.

Цэлы месяц адрабiў Iван на зернесушылцы: разгружаў машыны са збожжам, падкiдваў збожжа да шнэкаў, а таксама пiлаваў з напарнiкам дровы для сушыльнай печы. Працаваў звычайна ўночы, а ўдзень адсыпаўся. Даводзiлася, праўда, i ўдзень працаваць, па дзьве зьмены запар. Гэта ўжо як зьменшчык на працу не выходзiў.

Зьменшчыкам у Iвана быў Лёшка Мандрык. Лёшкава мацi бычкоўскiм клюбам загадвала ды квiткi ў кiно прадавала. Лёшка яе часьцяком падмяняў, пускаў Iвана ў кiно безь бiлета. Вось i даводзiлася Iвану за тое па дзьве зьмены адпрацоўваць.

Лёшка Мандрык, да таго як на сушылку патрапiць, цэлы год у Гомелi на кiнамэханiка вучыўся. Ужо зьбiраўся нiбыта i "корачкi" атрымлiваць, але тут неспадзеўка выйшла. Нехта там на гомельскiм вакзале латок абрабаваў, а мiлiцыя, не разабраўшыся, Лёшку прыблытала. Ну i выгналi з вучэльнi. Прынамсi, так пра гэта распавядала Лёшкава мацi.

Мандрык i да Гомлi быў хлопцам фанабэрыстым, а ўжо як у горадзе пажыў ды на гарадзкiх танцах пакруцiўся, дык i ўвогуле нос у неба ўваткнуў. Нават на сушылку ў белых клёшах заяўляўся. Iван на клёшы (трыццаць сантымэтраў на доле, пояс чорным аксамiтам аблямаваны) глядзеў з робленай абыякавасьцю. "Нiчога, думаў ён, краем вока на аксамiтны пояс пазiраючы, - уладкуюся ў Талiне, пашыю сабе яшчэ шырэйшыя". I калi Лёшка не бяз гонару ў голасе паведамiў аднойчы, што пашыўка мадняцкiх штаноў трыццаць рублёў каштуе, Iван як бы мiж iншым зазначыў:

- У мараходцы клёшы дармавыя выдаюць.

Пад час размовы яны якраз дровы пiлавалi. Лёшка як пра мараходку пачуў, дык нават з твару зьмянiўся i палец пiлою паранiў. Пабег дадому палец перабiнтоўваць, а вярнуўся толькi пад вечар, з пляшкай "Араматызаванага" ў кiшэнi. Выпiлi яны, закусiлi кiслымi яблыкамi i па руках ударылi. Вырашылi разам у мараходку паступаць.

I вось прысьпеў дзень, калi Iван, у калгаснай касе пяцьдзесят рублёў атрымаўшы, прыйшоў дахаты, залез пад ложак i выцягнуў адтуль запыленую валiзу - тую, што дзядзька Коля пакiнуў.

- У Талiн еду. У мараходную вучэльню. Разам зь Лёшкам Мандрыкам, - адказаў Iван на запытальны матчын позiрк. I Ларыса Пятроўна, якая ня надта добра ўяўляла, дзе той Талiн, але затое добра ведала, хто такi Лёшка Мандрык, з усхлiпам прамовiла:

- У Латвiю... да лiтоўцаў... з фулюганам гэтым...

Нездарма ўсхлiпвала Ларыса Пятроўна, нядобра пра Лёшку Мандрыка згадваючы. Адчувала матчына сэрца, што ўсё гэта дрэнна скончыцца. Так яно, урэшце рэшт, i сталася. Толькi да Вiцебску i даехалi Iван зь Лёшкам. У Вiцебску трэба было на рыскi цягнiк перасаджвацца, а хадзiў цягнiк раз на соднi. Цэлую ноч сябрукi на вакзале кантавалiся, мулкiя лавы праклiнаючы, а на золку прапанаваў Лёшка Iвану на вулку выйсьцi. Выйшлi яны на вулку, дыхнулi начной прахалоды, Лёшка грошы свае пералiчыў i цi-iха так прамовiў:

- Я тут адзiн шапiк прыгледзеў. Пайшлi, пастаiш на шухеры.

У Iвана ад такiх слоў каленi затрэсьлiся i сэрца ў лядзяк ператварылася, але выгляду не падаў - пасунуўся на кiсельных нагах за кампаньёнам, перапужанымi вачыма на Лёшкаву сьпiну пазiраючы.

Кампаньён мiж тым выйшаў на справу не з пустымi рукамi. Былi ў яго адпаведныя прычандалы: лiпучкi гумовыя, што да шыбаў лiплi, i шкларэз з алмазам. З дапамогай тых прычандалаў Лёшка i ўлез у шапiк. Выцягнуў адтуль жмутак пажоўклых газэт, трыццаць капеек грошай i тузiн налiўных аўтаручак, пры гэтым шыю парэзаўшы i кашулю ў кроў перапэцкаўшы.

Вылаялiся кампаньёны з такога прыбытку, разапхалi самапiскi па кiшэнях i ў пачакальню вярнулiся. Праспалi да ранiцы, а ранiцою Лёшка на пэрон выйшаў, узяўся асадкi прадаваць - бракавала яму грошай да Талiну даехаць. Тут да яго мiлiцыя i прыгледзелася. Ды i як было не прыгледзецца: на дварэ сёмая гадзiна ранiцы, а па пэроне скрываўлены хлопец ходзiць, самапiскi з рук прадае. Давялося Лёшку ў мiлiцэйскi пакой прайсьцi, а неўзабаве туды i Йвана даставiлi.

Цэлы тыдзень ў каталажцы адседзелi. Лёшка на допыце ўсю вiну на Iвана звалiў, маўляў, гэта ён, Iван Бянькоў, у шапiк залез. Толькi дзядзька ў цывiльным, якi дазнаньне праводзiў, таму веры ня даў. Нагадаў Лёшку ягоныя гомельскiя штукi i справу пракурору накiраваў. Увосень Лёшку судзiлi, а Iвана, як саўдзельнiка, мiлiцыя ў Баранавiчы накiравала - на фрэзэроўшчыка вучыцца. I вось цёплым летнiм адвячоркам, адвучыўшыся год у ПТВ, Iван Бянькоў ехаў дахаты i ў прадчуваньнi блiзкай сустрэчы з домам шчасна пасьмiхаўся спрасонку.

- Ну куды?! Куды... вашу маць! - крыкнуў кiроўца, i Йван канчаткова абудзiўся. Шафёр дадаў рухавiку абаротаў, аўтобус скрануўся зь месца, праехаў мэтраў пяць i зноў супынiўся.

- Што, шэф, баiсься, каб скаты не згарэлi? - грымнулi ад заднiх дзьвярэй мужчыны, i Авадзiха, гiдлiва павёўшы носам, прашаптала:

- Апiвуды няшчасныя!

Пасажыры адзiн за адным пачалi выходзiць з аўтобуса, i Йван, якому таксама карцела выйсьцi, з прагнасьцю паглядзеў на прыдарожныя кусты.

- Што, Ванька, выспаўся? - запыталася ў Iвана цётка Авадзiха.

- Выспаўся, - азваўся той i глыбока ўздыхнуў.

- Саступiў бы месца дзяўчыне, а то зусiм гаротнiцу зацiснулi, - прамовiла Авадзiха i, счакаўшы, дадала: - П'янiцы гэтыя.

Бялявая дзяўчына, якую Iван бачыў на аўтобусным прыпынку, стаяла ўсутыч да цёткi, трымаючы на сваiх плячах дарэшты ахмялелыя галовы.

- Чуеш, Ванька? - цётчын локаць тыцнуў пляменьнiка пад бок.

- Ды чую, чую, - незадаволена буркнуў пляменьнiк, пералез цераз мяхi з камбiкормам i, разьмiнаючыся зь дзяўчынай, дакрануўся носам да яе пахкiх кудзерак.

Ад парфумнага паху ў Iвана закружылася галава. Ён замружыўся, увабраў у сябе паветра i нечакана з агiдаю вякнуў. Гэта мэханiзатар Бадуноў, паклаўшы на Iванаў плячук сваю сiвую галаву, дыхнуў у твар густым смуродам часныку, гарэлкi i гаруча-змазачных матэрыялаў. Iван тузануў плечуком, галава мэханiзатара хiтнулася, папаўзла долу i празь iмгненьне знайшла сабе прытулак, заклiнiўшыся мiж пульхнатых грудзей калгаснай бухгальтаркi Крыштаповiч.

Аўтобус натужна загуў на пад'ёме. Правёўшы сумным позiркам кiлямэтровы слуп, якi павольна праплыў за вакном, Iван яшчэ больш скурчыўся, i абражаны нюх ягоны зноў адчуў п'янкi парфумны пах: дзявочыя валасы, бязважкiя, нiбыта аблачынка, панадна сьвяцiлiся на сонцы. Адна валасiнка нават казытнула яму ў носе, i, каб ня чхнуць у такi нязручны момант, ён адвёў нос убок i зь цiкаўнасьцю скасiўся на дзявочыя каленi. Дзяўчына, вiдаць, адчула гэты позiрк, бо ў наступнае iмгненьне каленi дзявочыя стулiлiся i таропкiя пальчыкi пацягнулi долу паркалёвую сукенку.

- Дапаможаш мяхi несьцi, - гукнула, як заўсёды ня ў час, цётка Авадзiха, i Йван пасьля такiх слоў густа пачырванеў. Адсунуўшыся на колькi магчама ад бялявай дзяўчыны, ён пацёр твар далоньню i ўжо без ранейшай апантанасьцi стаў глядзець у вакно. Аўтобус зьбягаў з гары, за вакном зацятай чарадой ляцелi кусты i дрэвы, а па шкле паўзла, час ад часу шаруючы лапкамi празрыстыя крылцы, маленькая шэрая мушка. Каб не глядзець на дзявочыя каленi, Iван зачапiўся вачыма за мушку, але тая, паблукаўшы па шкле, зьнiкла зь вiдавоку.

Аўтобус мiж тым пад'яжджаў да гатаўскай павароткi. Гатаўцы, жыхары суседняй з Бычкамi вёскi, паўскоквалi зь месцаў, уголас загаманiлi, i над Iванавай галавой праплылi да дзьвярэй ганарысты гусак у кашы i вiсклiвы парсюк у торбе.

- Маша, выходзiм! - прагучала сярод людзкой гаманы, i па тым, зь якой заклапочанасьцю бялявая дзяўчына страсянула кудзеркамi, Iван зразумеў, што паклiкалi яе. Гатаўскiя цёткi, узьняўшы над галовамi хатулi i пакункi, рушылi да выхаду. Прапусьцiўшы наперад дзяўчыну, Iван выхапiў з-пад ног сваю пашарпаную валiзу, выпрастаўся на поўны рост, i цётка схапiла яго за руку.

- Ванька, куды ты? Дапаможаш мяхi несьцi! - рэкнула Авадзiха, ды нябож высьлiзнуў зь цётчыных шчымётаў, налёг на сьпiну бухгальтаркi Крыштаповiч, i тая пацягнула яго па салёне, кленучы цiсканiну, п'янюгу Бадунова, якi засьлiнiў ёй выхадную кофту, i ўсё сваё непрыгляднае ўдовiнае жыцьцё.

Уздоўж бальшака шчытнай сьцяною стаяў перасохлы алешнiк. Ён суха трашчаў пад нагамi, шамрэў каляным лiсьцем, а патрапiўшы за каршэнь, непрыемна казытаў узмакрэлую шыю. Адсюль, з пагорку, зарасьнiкi ссохлай вольхi здавалiся адным бязьмежным морам, сярод якога пукатымi выспамi паўставалi чорныя плямы выжарын.

Калiсьцi тут, на гэтым пагорку, стаяла вёска Гатава. Яшчэ й дасюль можна было ўбачыць сярод дзiкатраўя ланцугi заiмшэлых валуноў i аскепкi зьзелянелай цэглы. Вёску немцы спалiлi за два тыднi да падыходу Чырвонай Армii. Ужо i савецкiя самалёты над галовамi лёталi, i кананада чуваць была, ды не ўратавалiся гатаўцы. Партызаны з брыгады "Няўмольныя" ля пераезду дывэрсiю ўчынiлi: пусьцiлi пад адхон дрызiну з капою саломы. Немцы пасьля таго i вызьверылiся. Уварвалiся ў вёску на матацыклах, людзей у кучу пазганялi, а хаты падпалiлi. Добра яшчэ, што хоць не стралялi. Адно патрымалi з паўгадзiны, карабiны на баб наставiўшы, пагергеталi па-свойму дый паехалi ўпрочкi. Не было ў немцаў часу стралянiнай займацца.

Адразу па вайне гатаўцы ў зямлянках жылi, якiя яшчэ партызаны павыкопвалi. Ладныя былi зямлянкi: сухiя, двухнакатныя i, галоўнае, непадалёк ад роднага папялiшча. Жанкi на папялiшча кожны дзень хадзiлi - ежу ў печах гатавалi ды на гародчыках поркалiся. Тамака ж, на месцы партызанскай базы, i адбудоўвацца пачалi. Сёньня ў Гатаве дваццаць пяць гаспадароў засталося. Астатнiя разьбеглiся па белым сьвеце. Хто ў Ленiнград зьехаў, хто на лесапавал завэрбаваўся, а большасьць на цалiну падалася, абложную зямлю асвойваць.

I зарасьлi гатаўскiя пагоркi палыном ды алешнiкам.

А пару месяцаў таму, перад майскiмi сьвятамi, над гэтымi мясьцiнамi генэрал Карзо пралятаў. Той самы Карзо, якi ў вайну "Няўмольнымi" камандаваў. Генэрала перад тым у Вярхоўны Савет абралi, вось ён i паляцеў на вайсковым вэрталёце сваю акругу агледзець. Пабачыў былы партызан, што зямлiца, за якую ён кроў пралiваў, пустазельлем пазарастала, i нават мацюкнуўся ад абурэньня. А неўзабаве ў небе над Гатавым самалёт зьявiўся. Кукурузьнiк сельгасавiяцыi. Цэлы дзень лётаў ды нейкую халеру сыпаў. Ад той халеры зь яблынь квецень асыпалася, камары ды мухi зьвялiся, а ў бухгальтаркi Крыштаповiч сабака акалеў, дохлымi мышамi аб'еўшыся. Але затое i алешнiк ляснуўся. Ссох увесь дарэшты - анiводнага зялёнага лiсьцiка не засталося.

У гэтыя ссохлыя нетры i занурыўся Iван i добрую хвiлiну стаяў там у нерухомасьцi, скiраваўшы напорлiвы струмок на куст перасохлай брызглiны. Высока ў небе сьпявалi птушкi, выў пад гарою аўтобус, шапацела пад напорлiвым струмком сухое лiсьце, а душа поўнiлася спакоем i развагаю. Але новыя зыкi, што нарадзiлiся за сьпiнаю, прымусiлi схамянуцца i таропка зашпiлiць нагавiцы. Там, за сьпiнаю, затрашчала ламачча, пачуўся дзявочы голас:

- Куды ты пабег, нягоднiк? - i Йван, якому зусiм не выпадала сустракацца зь дзяўчынаю ў такiм нязручным месцы, сьпехам прыхаваўся за куст.

Дзяўчына бегла, спрытна пераскокваючы праз лаўжы, i, вiдаць, так i не заўважыла б Iвана, калi б сам ён не заварушыўся ў кустах, зьбiваючы з лобу пякучых лясных мурашоў.

- А-а... гэта вы... - пралепятала прыгажуня, згледзеўшы скурчаную Iванаву постаць, сарамлiва адвяла вочы, пабегла, чапляючыся караценькай спаднiцай за альховыя галiны, а Iван, вылезшы з мурашнiку, шчыра пашкадаваў, што ня можа правалiцца скрозь зямлю, ратуючыся ад ганьбы.

Ён выцягнуў з кустоў валiзу, страсянуў, спраўджваючы, цi не пабiлiся купленыя ў Вiцебску чатыры пляшкi вiна, i ў той самы мiг адчуў, як штосьцi цёплае i мяккае кранулася пяткi. Гэта кот Маркiз, наставiўшы хвост дудой, цёрся пысай аб ягоны чаравiк, прымусiўшы Iвана спачатку пудлiва падскочыць, потым аддзьмуцца i, нарэшце, падхапiць ката пад пахi i зь вясёлым адчаем рушыць на дарогу.

Дзiўныя рэчы чынiлiся з Iванам. Дагэтуль ён аббягаў дзяўчын за кiлямэтар, а тут выйшаў на прасёлак, прычакаў, калi прыгажуня выйдзе з кустоў, i, не зьмiргнуўшы вокам, уручыў ёй вуркатлiвага ўлюбёнца.

Дзяўчына ўзяла ката, кiўком галавы падзякавала Iвану, а хлопец, якому праглася новых подзьвiгаў, скiраваў хаду да таўшчэзнай сумкi, што стаяла пры дарозе.

- Ой, што вы... Зараз дзядзька Коля прыедзе... Мама з жанчынамi на вёску пайшла... - пралепятала дзяўчына, але Iван быў няўмольным.

Ён падышоў да сумкi, ухапiўся за ручкi i, адарваўшы сумку ад зямлi, пашкадаваў аб сваiм учынку. Сумка, якую ён наважыўся паднесьцi, важыла ня меней, як два пуды.

- А вы што... у Гатаве жывяце? - запыталася дзяўчына, калi Iван, хiстаючыся i керхаючы, зрабiў колькi крокаў.

Крыўднейшае пытаньне цяжка было i прыдумаць. Iван панурыў вочы, выпусьцiў з рук сваю пашарпаную валiзу, потым сумку i з рашучасьцю ў голасе выдыхнуў:

- У Баранавiчах, Берасьцейскай вобласьцi. - Пасьля чаго абабiў нагавiцы i акрыялым голасам дадаў: - Хутка вобласьць да нас перанясуць. Берасьце да мяжы блiзка.

Ён хацеў яшчэ сказаць, што ў Баранавiчах хутка пусьцяць тралейбус, але дзяўчына войкнула i паказала пальцам на валiзу. У паветры запахла сьпiртным, а жоўты пясок пад валiзаю набрыняў чырвоным вiном.

- Усё з-за мяне, - прамовiла дзяўчына, азiрнулася i голас ейны набыў адценьне адчаю: - Зьбег, зьбег, нягоднiк.

Iван схамянуўся, кiнуўся ў той бок, куды паказала дзяўчына, i доўга гойсаў там у пошуках ката, аж пакуль дзяўчына не паклiкала яго радасным воклiчам:

- Вярнуўся!

- Ведаеце, ён у мяне ў кватэры жыў, - паведамiла спадарожнiца, калi Iван вылез з альховых нетраў, - вераб'ёў толькi праз акно бачыў, а тут... - ня скончыўшы фразы, дзяўчына змоўкла, прыслухалася i, кiўнуўшы ў бок Гатава, прамовiла: - Дзядзька Коля едзе.

Дзесьцi на вёсцы ажываў, глуха чхаючы маторам, матацыкл калгаснага брыгадзiра Баркоўскага.

"Абавязкова пра шапiк спытае, цi яшчэ пра якую халеру", - падумаў Iван i праз iмгненьне, не разьвiтаўшыся зь дзяўчынай, ужо бег па кустах, цьвелячы навакольле звонам разьбiтай бутэлькi.

Вось яна, хатняя ежа. Дзьве талеркi гарачай капусты агораў, а ўдосыць не наеўся. Адкiнуўшыся на прыслон кухоннага крэсла, Iван выцер далоньню тлустыя вусны, зiрнуў у столь.

- Гэта ж трэба. I трусы, i майку заплямiў. Паскудствам гэтам. I з парашком не адмыеш, - стоячы ля печы, мацi выцягвала з валiзы брудныя сынавы мэтлахi i кiдала ў выварку.

- Налi яшчэ, - папрасiў Iван, адчуўшы перамену ў матчыным настроi.

Мацi ўзяла талерку, вылiла з чыгунка рэшткi капусты.

- Схуднеў як. У западнiкаў. Адныя вочы блiскаюць, - выдыхнула мацi, усьпiраючы выварку на гарачую чарэнь.

Жыхароў Баранавiчаў Ларыса Пятроўна недалюблiвала i называла не iначай як "западнiкамi". I хаця самой ёй бываць у Заходняй Беларусi, а тым больш у Баранавiчах, не даводзiлася, пад уплывам аповедаў сваёй сястры Авадзiхi, якая езьдзiла па вайне ў Заходнюю мяняць шынялi на крупы, у яе склалася наконт "западнiкаў" пэўная думка.

- Лёшку Мандрыка з турмы выпусьцiлi, - прамовiла мацi, памешваючы палкай у выварцы. - Па амнiстыi. Страшны стаў - з нажом ходзiць.

Iван адклаў лыжку, рыпнуў крэслам, засяроджана паглядзеў на лiпучку, што вiсела пад стольлю. Лiпучка была чорная ад мух i вагалася ад гарачага паветра, якое струменiла ад печы.

- Ты ж глядзi, зь iм не вадзiся.

- З кiм? - не зразумеў Iван.

- "З кiм, з кiм..." Зь Лёшкам Мандрыкам, з п'янтосам гэтым, - мацi так iмпэтна крутнула палкай, што на чарэнь пралiлася вада i хата напоўнiлася злавесным сыканьнем.

- I Мандрычыха не адстае. Кожны дзень п'яная, - мацi выцерла рукi, падхапiла зь цьвiка цыратавы хвартух i, мармычучы яшчэ нешта пра Мандрычыху, пайшла даiць карову.

Iван даеў трэцюю талерку i зноў утаропiўся на лiпучку. Вось ужо цэлую гадзiну ён спрабаваў узнавiць у памяцi аблiчча бялявай дзяўчыны, зь якою ехаў у аўтобусе, але ўяўленьне не спрацоўвала.

- Маша! - прамовiў ён нарэшце, заплюшчыў вочы i замест мiлага дзявочага тварыка ўявiў перапэцканую крывёю фiзiяномiю Лёшкi Мандрыка.

- Эх, Маша, Маша, - ужо з адчаем у голасе прашаптаў Iван, устаў з-за стала i пасунуўся ў прысенак шараваць гуталiнам выхадныя "коры".

Да пачатку кiнасэансу заставалiся лiчаныя хвiлiны, а глядзельная заля была амаль пустая. Толькi на першых радах тырчэла некалькi хлапечых галоў ды колькi дзяўчынёшак сядзелi ля ўваходу, слухаючы бязглуздыя Мандрычышыны аповеды. Мандрычыха, як заўсёды, была на падпiтку. На ёй быў той самы пакамечаны пiльчак, на пiльчаку вiсела тая самая мэдалька, i вярзла яна ўсё тую ж самую нiсянецiцу.

- Таварышы! Не паверыце! Такi быльнiк! Такi быльнiк! Вышэй галавы! прамаўляла загадчыца клюбу, зьвяртаючыся да дзяўчынёшак. Летась Мандрычысе, як работнiку культуры, давялi плян - выбраць тры соткi палеглага льну. Выбрала яна яго цi не - невядома, але пра свае пакуты i пра быльнiк, якi рос з iльном, яна распавядала кожнаму стрэчнаму.

Адвёўшы вочы ад амбразуры, Iван ускудлацiў непаслухмяную чупрыну, iзноў зiрнуў у залю. Апрача яго ў кiнабудцы былi яшчэ трое: кiнамэханiк Лябёдка, якi спаў на перамотачным стале, i браты Бадуновы - Пецька i Юрка. Старэйшы, Пецька, наладжваў кiнапраектар, а маладзейшы, Юрка, той самы, што некалi ледзь не ўтапiўся ў сажалцы, перамотваў стужку.

- Дзе гэта ён? - запытаўся Iван, мяльком кiўнуўшы на Лябёдку.

- Карпачысе ячмень малацiлi. Траян на камбайне, а ён снапы кiдаў, растлумачыў Пецька, запраўляючы стужку ў праектар. - Траян п'яны з камбайну звалiўся...

- I жняярку пагнуў, - уставiў слова Юрка, але брат незадаволена махнуў на яго рукою:

- Круцi хутчэй! Яшчэ тры часткi перамотваць!

Юрка налёг на корбу, барабан загуў на высокай ноце, але нечакана гудзеньне абарвалася i стужка зь вясёлым шапаценьнем зазьмяiлася па падлозе: гэта кiнамэханiк Лябёдка закiнуў спрасоньня нагу на барабан i абарваў стужку.

- Колькi разоў казаць - адразу спыняй! - крыкнуў Пецька, а Iван, адарваўшыся ад амбразуры, параiў:

- Вы яго стрыножце, каб ня брыкаўся.

Заля мiж тым напаўнялася людам. Мандрычыха, адной рукой адрываючы ад пачка бiлеты, а другою трымаючы загаслую папяроску, вiталася з кожным i п'янаватым голасам прамаўляла:

- Таварышы! Такi быльнiк!

Iван пацёр намуляны аб цаглiны лоб, уздыхнуў i з горыччу падумаў: "Ня прыйдзе!" Ён зiрнуў на Пецьку Бадунова, i Пецька, па-свойму зразумеўшы такi позiрк, завёў кiнапраектар.

"Вiзыт савецкай партыйна-ўрадавай дэлегацыi ў Народную Рэспублiку Баўгарыю", - ударылi ў вочы зыркiя тытры, Iван заплюшчыў вочы, а калi зноў расплюшчыў i ўбачыў, як Брэжнеў цалуецца зь нейкiм лысым, гiдлiва скрывiўся i выйшаў з кiнабудкi.

Надвор'е было што трэба. Павяваў цёплы ветрык, у гародах натхнёна цвыркалi конiкi, а паветра поўнiлася духмяным пахам скошанай канюшыны. Надвор'е шаптала: пакiнь свае турботы, упадзi ў капу маладой саломы, закiнь за голаў рукi i глядзi, глядзi, не адрываючы вачэй, на сьветлую вохру захаду, на зыркую Мiлавiцу, на сярпок зялёнага маладзiка, каб праз шмат гадоў згадаць гэты вечар i дрыготкай рукою расьцерцi па шчацэ старэчую сьлязiну.

Але Iван ня ўпаў у капу. Ды i куды было падаць, калi адзiная капешка, што стаяла наўзбоч Карпачысiнага агароду, была занятая камбайнэрам Траянам. Раскiнуўшы рукi, Траян скаланаў навакольле магутным храпам, i навакольныя конiкi трашчалi напаўсiлы, а то й зусiм замiралi, калi камбайнэр чухаў нос i ўсчынаў храпцi ўжо на зусiм жудлiвых абэртонах. "Ну i храпе", - падумаў Iван, пералез цераз тын i, прайшоўшыся па жорсткiм iржышчы, выйшаў на гатаўскую дарогу. Ён i сам ня мог уцямiць, што яго прывяло сюды, на гэтую затканую туманом праселiцу, i толькi прыслухаўшыся да бiцьця ўласнага сэрца, якое трапятала ў прадчуваньнi сустрэчы зь дзяўчынай, зразумеў, што гэта яно, сэрца, не давала нагам спакою.

- Сьпiць з дарогi, - прамовiў ён уголас, згадаўшы, што Люську Халiмонаву прывёз на матацыкле Сашка Собалеў, а другая гатаўка, Манька Цыкiна, прыехала ў клюб на вэласыпедзе.

Пасьмiхнуўшыся сваiм думкам, Iван пастаяў з паўгадзiны, паўздыхаў, прагна ўглядаючыся ў канец дарогi, дый пацёгся назад у клюб, апусьцiўшы голаў i з дакорам мармычучы сабе пад нос iмя ленiнградзкай прыгажунi.

Ён iшоў па Карпачышыным агародзе, калi суладзьдзе вечаровых зыкаў парушыў гучны строкат. Намагаючыся ўгледзець, хто гэта там едзе па прасёлку, Iван узьлез на сьцiрту саломы, потым, наступiўшы на соннага Траяна, пабег да камбайну i ўжо адтуль, зь верхавiны сьлiзкага ад вечаровай расы бункера, убачыў, як матацыкл скацiўся з гары, як падкацiў да клюбу, i ў кволым сьвятле адзiнага на ўсю вёску вулiчнага лiхтара, угледзеў знаёмую постаць.

... Пецька Бадуноў устаўляў у кiнапраектар чацьвертую частку, калi дарэшты закаханы Iван уляцеў у кiнабудку.

- Як назва? - запытаўся ён задыханым голасам, i Пецька, не адрываючы вачэй ад стужкi, адказаў:

- "Анёл у цюбецейцы".

У промнi праектара плыў тытунёвы туман, а на экране тузiн усходнiх кабет бегалi адна за адной пад музыку папулярнай песьнi "Ты куда, Одиссей?"

- Таварышы! Пакiньце палiць! - крыкнула зь першых радоў Мандрычыха, i новая порцыя дыму турбулентна замiтусiлася ў промнi.

Адчуваньне таго, што Маша недзе тут, у залi, прыемным сьвербам адбiвалася пад сэрцам. Iван пачухаў грудзiну, зiрнуў на Юрку, якi па-ранейшаму круцiў корбу, рашуча падышоў да стала. Рукi Iванавы прагнулi работы. Ён адцiснуў Юрку ўбок, паклаў руку на корбу i, пераможна крэкнуўшы, з шалёным натхненьнем стаў перамотваць стужку.

З адчыненых дзьвярэй вырываўся на начны прастор голас Валерыя Абадзiнскага. Песьня, якую сьпяваў Валеры, называлася "Что-то случилось". Пасярэдзiне залi кружылiся пары: бiблiятэкарка Забаронька з настаўнiцай Кнiповiч ды дзьве малалеткi з Зарэчанскай вулiцы. Астатнiя дзяўчаты сядзелi ўздоўж сьцен, зачаравана глядзелi на модныя туфлi настаўнiцы i, таемна блiскаючы бялкамi вачэй, аб нечым горача шапталiся. Юрка Бадуноў быў адзiным хлопцам, якi сядзеў у залi. Кружэлкi з запiсамi Абадзiнскага зайгралi настолькi, што сьпявак у двух месцах пачынаў заiкацца, i Юрка, седзячы ля радыёлы, мусiў няўлоўным рухам перасоўваць iголку.

Хлопцы гуртавалiся на ганку. Усе яны - ад малога Толiка Манькiна да боўдзiлы Васькi Бохана - зацята палiлi папяросы, жартам валтузiлiся i казелiлi вочы на дзевак, што сядзелi з залi. Васька Бохан, двухмэтровы дурыла, якi прыйшоў на танцы ў пацёхканым камбiнэзоне, стаяў у дзьвярной пройме i не выпускаў дзяўчат з клюбу нават па пiльнай патрэбе.

- Нiнка, хто гэта табе нос падзер? - крыкнуў Васька Бохан бiблiятэкарцы Забароньцы, калi Валеры Абадзiнскi чарговым разам заiкнуўся.

- Хто трэба, той i падзер, - азвалася бiблiятэкарка i, прыкрыўшы нос рукою, пасунулася разам з настаўнiцай да выхаду.

- "Ты куда-а, Алексей?" - засьпяваў Васька Бохан, блытаючы Адысея з Аляксеем, паспрабаваў ухапiць Забароньку за кофту, але тая, вырваўшыся, стукнула Бохана кулаком па хрыбцiне.

Ад таго кухталя ўнутры ў Васькi штосьцi бразнула, з вуснаў выпала папяросiна, i ўсе, хто стаяў на ганку, спалохана паглядзелi на небараку. Той вiнавата вылаяўся, падняў з-пад ног недакурак i ў наступнае iмгненьне ўжо запiхваў у залю дзьвюх малалетак з Зарэчанскай вулiцы, якiя таксама хацелi выйсьцi на падворак.

Седзячы на прыступках, Iван палiў папяросу, скоса зазiраў у залю i сьцiшаным голасам распавядаў вясковай дзятве зьмест кiнафiльму "Фантамас супраць Скотлянд-ярду". Пачуўшы бразгат у боханаўскiм нутры, ён перарваў аповед, паглядзеў на Бохана, i дзятва зь нецярплiвасьцю тузанула яго за рукаво:

- Ну, што далей?

Iван пачухаў патылiцу, згадваючы, што там было далей, але ў гэты момант ля могiлак чхнуў матацыкл i ўсе гамузам усхапiлiся на ногi. Бледнае сьвятло фары кранулася навакольных дрэваў, высьветлiла бiблiятэкарку Забароньку, якая, здушана войкнуўшы, зьбегла з дарогi, i неўзабаве да клюбных прыступак падкацiлi на прапыленым "Каўроўцы" Юрка Гуль з Лёшкам Мандрыкам.

Юрка зь Лёшкам толькi месяц таму вярнулiся з калёнii i цяпер "абмывалi" свабоду, езьдзячы штовечару ў азярышчанскi рэстаран. У адрозьненьне ад Лёшкi, якi рабаваў шапiкi, Юрка патрапiў за краты, пабiўшыся на танцах з двума вiцебскiмi студэнтамi.

Заглушыўшы "Каўровец", Юрка першым зьлез з матацыкла, зьняў з галавы танкiсцкi шлем i, выхапiўшы з рота ў Толiка Манькiна папяросу i ўпiхнуўшы ў свой, накiраваўся ў клюб.

- Ну, хто тут сёньня ёсьць? - запытаўся Юрка Гуль, стукаючы кулаком па далонi, а Лёшка Мандрык, якi iшоў сьледам, спатыкнуўся на прыступках i павалiўся на ганак.

Лёшку паднялi, абабiлi ад пылу нагавiцы.Увайшоўшы ў залю, Лёшка з iкаўкай у голасе запытаў:

- Гэта што там за чувiха?

У залi зноў зайграла музыка. Гэтым разам Юрка Бадуноў завёў "Ладу" улюбёную песьню Юркi Гуля. Падпяваючы сьпеваку Мулярману, Юрка немым голасам гаркнуў: - Л-лада! - i клюбныя шыбы дробна зазьвiнелi ад грукату ягоных чаравiкаў.

...Усе, хто стаяў на ганку, даўно ўжо былi ў клюбе, i толькi Iван дагэтуль не рашаўся ўвайсьцi, а калi нарэшце ступiў на парог, да вушэй ягоных даляцеў адчайны воклiч ленiнградкi:

- Адчапiцеся, вы п'яны!

Музыка абарвалася, пачуўся зычны пляскач, i Маша, зачырванелая i ўсхваляваная, зьявiлася ля дзьвярэй. На мiг яна спынiла свой пагляд на Iване, пагардлiва хмыкнула i ўжо нясьпешным крокам пайшла да матацыкла.

Усё гэта доўжылася iмгненьне, Iван не адразу i ўцямiў, што, уласна кажучы, адбылося, добрую хвiлiну глядзеў усьлед дзяўчыне, аж пакуль яго не пiхнулi ў сьпiну. Штуршок быў нiштаваты, але ён устаяў на нагах, затое той, хто штурхаў, чарговым разам зачапiўся за прыступкi i ляснуўся вобзем. Матацыкл чхнуў, Лёшка Мандрык гучна вылаяўся, а Iван зачаравана паглядзеў у цемру.

- Я кароль зоны... - прамармытаў Лёшка Мандрык, калi матацыкл суцiх за паваротам.

"Кароль зоны" падняўся на ногi, лiзнуў садраную далонь, а ўбачыўшы перад сабой былога кампаньёна, узрадавана выгукнуў:

- Ваня, кораш!

Лёшкавыя скрываўленыя пальцы ўхапiлiся за штрыфель пiнжака, прабеглiся па Iванавай шчацэ, i Йван, пiхнуўшы былога кампаньёна ў грудзiну, са злосьцю вылаяўся.

Такое абыходжаньне засмуцiла Мандрыка.

- Ты што, казёл, не пазнаеш? А можа западло лiчыш, га? - правая, непараненая рука кампаньёна палезла ў кiшэню шырокiх штаноў, а Iван, адчуўшы, што Лёшка палез па нож, прыязным голасам вымавiў:

- Я тут вiна прывёз... прынясу зараз...

Цьмянае месячнае сьвятло высьвечвала няроўны, напалову сьцёрты надпiс: "Посторонним лицам вход воспрещён!" Надпiс гэты зрабiў некалькi гадоў таму кiнамэханiк Лябёдка, падкрэсьлiваючы тым самым, што заходзiць у кiнабудку мелi права толькi абраныя асобы. Асобы тыя цэлымi днямi сядзелi ў кiнабудцы, гуляючы ў карты, п'ючы гарэлку, а Юрка Гуль зь бiблiятэкаркай Забаронькай там i ночы бавiлi, выкарыстоўваючы пры гэтым падзерты матрац, што ляжаў у куце.

Перакiнуўшы з рукi на руку сетку з "чарнiлам", Iван узяўся за ручку дзьвярэй, пацягнуў на сябе, ды нечакана замёр, прыслухоўваючыся да галасоў за дзьвярыма.

- Чувiха - я маўчу... - прамаўляў Лёшка Мандрык, штохвiлi чыркаючы запалкамi.

Памаўчаўшы, Лёшка з глухiм прысьвiстам выпусьцiў дым з роту i, мацюкнуўшыся, працягваў:

- Я да яе падыходжу... кладу руку на калена... а яна не варушыцца...

Пасьля гэтых слоў рыпнула крэсла, i кiнамэханiк Лябёдка сiпла i недаверлiва выдыхнуў:

- Iдзi ты!

- Бля буду... - азваўся Лёшка i зноўку чыркнуў запалкай. - Вяду, значыцца, вышэй i раптам чую - у яе панчохi на падвязках.

- Гы-гы-гы, - гамзата рыкнуў Лябёдка й захоплена запытаўся: - А яна?

- Не варушыцца! - гаркнуў апавядальнiк. I Йван, усутыч наблiзiўшыся да дзьвярэй, з трывогай падумаў: "Пра каго гэта ён?" Пад нагой рыпнула дошка, ён застыў на месцы, а Лёшка Мандрык, з шумам выпусьцiўшы дым, прамовiў:

- Калi ўжо гэты фраер прыйдзе?

Кроў хваляй прылiла да твару. Iван пастаяў хвiлю, узважваючы Лёшкавы словы, патупаў дзеля прылiку, нясьмела ўвайшоў у кiнабудку.

Пiлi ўтрох - Iван, Лёшка i кiнамэханiк Лябёдка, якi тым часам ужо праспаўся i прагнуў пахмялiцца. Чакалi яшчэ Юрку Гуля, ды той не прыйшоў цягаўся, вiдаць, недзе зь Нiнкай Забаронькай.

Лёшку разьвезла пасьля першай шклянкi - балазе ён ужо быў добра падпiты. Вочы Лёшкавы ашклянелi, зь нiжняй губы зьвiсла празрыстая нiтка сьлiны, а галава пачала сутаргава торгацца ў розныя бакi. Такi несамавiты Лёшкаў выгляд надаў Iвану сьмеласьцi, i ён, як бы мiж iншым, запытаўся ў былога кампаньёна, навошта той чапляўся да гарадзкой дзяўчыны. У адказ Лёшка ўзьняў на Iвана ашклянелыя вочы, з працяглымi паўзамi выдыхнуў:

- Ты што... мяне... за казла лiчыш?

Жылаватая Лёшкава рука балюча сьцiснула запясьце, i Iвану не заставалася нiчога iншага, як схапiцца за пляшку. Булькаценьне вiна як быццам ацьвярэзiла кампаньёна. Ён утаропiўся на мутны струмень, яшчэ раз згадаў казла, але гэтым разам без усялякае злосьцi, i прагнай рукою пацягнуўся па шклянку.

"Кароль зоны" ўжо адпачываў, паклаўшы голаў на край перамотачнага стала, калi ў дзьверы загрукалi i знадворку пачуўся зычны лямант Мандрычыхi:

- Лёша, ты тут?

- Ту-ут ён, - азваўся Лябёдка, дапiў "чарнiла" i пад роспачны грукат i лямант знадворку пайшоў адчыняць.

- Гэта ты, паразiцiна, яго напаiў? - рэкнула Мандрычыха ў Лябёдкавы твар, а згледзеўшы Iвана, зьмянiла тон i злавесна прасiпела: - Прыехаў! Iзноў будзеш Лёшу са сьвету зжываць?! - ускiнуўшы на карак абмяклую сынаву руку, Мандрычыха напялася, з вохканьнем пацягнула Лёшку да выхаду, пры гэтым з нагi сынавай звалiўся чаравiк, а з кiшэнi штаноў выпаў, гучна бразнуўшыся аб падлогу, блiскучы ножык.

- З нажом ходзiць, - буркнуў Лябёдка, калi мацi з сынам выкулiлiся на падворак.

Гаспадар кiнабудкi падняў ножык, паклаў на стол, потым, падумаўшы, падхапiў згублены Лёшкам чаравiк i, разнасьцежыўшы дзьверы, шпурнуў яго ў цёмнае неба.

- Лорка! Твая карова за быком пабегла! - крыкнулi на другiм канцы вулiцы, i Йван абудзiўся.

Знадворку зарыпеў калаўрот, у калодзеж з глухiм плёскатам палiлася вада, а мацi, бухнуўшы вядром аб край бэтоннай цымбравiны, голасна запытала:

- Мiронаўна, цi ёсьць што ў краме?

- Крупы даюць! Па тры кiлё на рукi, - адгукнулася суседка Мiронаўна, i Йван салодка пацягнуўся.

Тут, на гары роднай хаты, нават сны сьнiлiся не такiя, як у iнтэрнаце. Сьнiлася штосьцi прыемнае, да болю шчымлiвае... Iван напружыў памяць, сьцяў павекi, але згадаць мiнулы сон яму так i не давялося: на доле бразнула вядро i пачуўся ўсхваляваны матчын голас:

- Ванька, сьпiш?

Сплю! - адказаў Iван i незадаволена кульнуўся на бок.

- Уставай, вяпрук. У краме крупы даюць... Возьмеш тры кiлё. А я пабегла карову пераймаць.

Iван пазяхнуў, споўз з капы сьвежага сена (мацi ўсьперла на гару першы ўкос канюшыны), штурхануў паддашкавыя дзьверцы.

"Колькi гэта часу?" - падумаў Iван, прыслухоўваючыся да матчыных крокаў, а згледзеўшы сярод бульбоўнiку рухавы хвост ката Барыса, зразумеў, што блiзiўся час абеду. Кот Барыс заўсёды прыходзiў дахаты разам з кароваю, каб выпiць сподак малака. Зьлезшы з гарышча, Iван зайшоў за хлеў, потым доўга i бязмэтна блукаў па двары, аж пакуль ня ўбачыў на ганку хаты падзертую сумку. "Крупы!" згадаў ён нарэшце i, закiнуўшы сумку за сьпiну, рушыў у краму.

Бычкоўская крама ламiлася ад народу. Апрача круп давалi яшчэ i "Трайны" адэкалён. Пазалетась адэкалён на вёсцы ўжываў толькi алькаш Гарашчэня, на якога глядзелi як на вар'ята, але, пачынаючы ад мiнулага году, сьпiртное пад час уборкi ў краму не завозiлi, i мясцовыя п'янчугi пераключылiся на адэкалён.

- Траян! Куды точысься?! - грымелi ля прылаўка жаночыя галасы. - У мяне штучны тавар! - адказваў Траян i Йван, паслухаўшы людзкую гаману, заняў чаргу i выкулiўся з крамы. Трэба было недзе змарнаваць час. Можна было, вядома, пайсьцi ў кiнабудку, паслухаць кружэлкi, але на слупе, што стаяў ля клюбу, наддзiраўся гучнагаварыльнiк - адзнака таго, што ў клюбе сядзела Мандрычыха, а з Мандрычыхай яму сустракацца не хацелася.

Па радыё перадавалi нейкую гутарку. Мужчынскiя i жаночыя галасы захоплена распавядалi аб росквiце калгаснага жыцьця, i Iван мiжволi прыслухаўся.

- Гарантаваная аплата ў калгасах крута зьмянiла жыцьцё сяльчан, - урачыста барытонiў мужчына.

- Сяльчане iдуць у магазiны, каб набыць тавары працяглага карыстаньня, падтакваў мужчынскаму голасу жаночы.

- Во, курва, толькi тры штукi дала, - гукаў за Iванавай сьпiнай мэханiзатар Траян, якi таксама выйшаў з крамы. - Скончыўся, кажа... А сама дзьве ўпакоўкi ў падсобцы хавае, - мэханiзатар расьпiхаў па кiшэнях "Трайны" i, зiрнуўшы на Йвана, запытаўся: - Ты, Ванька, дзе зараз?

- У Баранавiчах, - адказаў Iван, пазiраючы ў бок гатаўскай праселiцы.

- А-а... Баранавiчы... Ведаю. У войску на губе там сядзеў, - згадаўшы пра войска, Траян неяк адразу абмяк, пасуравеў i, памацаўшы ў кiшэнях справунак, пасунуўся да камбайну, што стаяў на Карпачышыным агародзе.

Цёткi адна за адной выкульвалiся з крамы, цiснучы да друзлых грудзей буханкi хлеба i торбы з драблёнай груцай.

- Во як! Летась па пяць кiлё давалi, а сёлета толькi тры, - уголас бедавалi жанкi. - I што ўжо будзем курам сыпаць?

Iван сядзеў на скрынi з-пад гаспадарчага мыла, слухаў жаночыя жальбы, i на вуснах ягоных лiпела гiранiчная ўсьмешка. "Ну i жывуць людзi. Круп i тых няма. У Баранавiчах гэтай груцы хоць завалiся, а тут..." - перапыняючы ўласныя думкi, ён падхапiўся на ногi, зрабiў пару крокаў да крамы i зьнерухомеў на месцы.

На ганку стаяла яна... На ёй былi чорныя шорты, квяцiстая кашулька, i ў руцэ яна трымала торбачку з крупамi.

"Як жа я ее не прыкмецiў?" - пасьпеў падумаць Iван перад тым, як мазгi ягоныя канчаткова расплавiлiся.

Заўважыўшы знаёмца, дзяўчына адкiнула з твару кудзеркi, з гульлiвым дакорам прамовiла:

- Што ж вы... Я прыехала, думала з вамi пагаманiць, а вы i ў клюб не зайшлi...

"Я заходзiў", - хацеў сказаць Iван, але язык ягоны заняло ад хваляваньня, i замест гэтых слоў дзяўчына пачула няўцямнае мармытаньне.

- Дзiўны вы нейкi... - прамовiла ленiнградка i, перакiдваючы з адной рукi на другую торбачку з груцай, пайшла да матацыкла.

- Ну што ты стаiш, скажы хоць што-небудзь! - прашаптаў нутраны голас, i Iван, прытрымлiваючы рукой дрыготкую скiвiцу, iклiва працадзiў:

- А дзе вы... йiк... навучылiся...йiк... на матацыкле езьдзiць?

Крамныя дзьверы аглушальна рыпнулi i яшчэ адна група вясковых цётак выйшла зь сельмагу.

- Мiкола ж захварэў, дык мяне пляменьнiца прывезла. Гойсае на матацыкле аiйо!

Голас брыгадзiравай жонкi, цёткi Грыпiны, прымушаў да дзеi. Iван глынуў паветра, спалохана выдыхнуў:

- Вы сёньня на танцы прыедзеце?

- На танцы? - дзяўчына прыўзьняла брыво, крутнула ключ запальваньня. - Я б прыехала, ды ў вас сябры хамаватыя... Шмат сабе дазваляюць.

- Больш не дазволяць! А дазволяць - павырубаю! - выпалiў Iван i, ратуючыся ад суворага позiрку цёткi Грыпiны, кiнуўся ў крамы.

Загарэлая Лёшкава рука кладзецца на дзявочае калена, паўзе ўгору, дапаўзае да чорных шортаў. Дзяўчына адбiваецца, малiтоўна глядзiць на Iвана. Ён iдзе да Лёшкi, хапае таго за руку, няўлоўным рухам выкручвае запясьце i, калi Лёшка падае на каленi, б'е яго рабром далонi па патылiцы - дакладна так, як рабiў гэта польскi выведнiк у пабачаным нядаўна кiнафiльме. Дзяўчына ўскрыквае, кiдаецца яму на шыю, прыцiскаецца гарачымi вуснамi, а ў вуха яму, разганяючы шчасьлiвыя крозы, тыцкаецца сьцябло канюшыны. Iван пераварочваецца, глядзiць на дзiрку ў вiльчаку, i галава ягоная iзноў поўнiцца невясёлымi думкамi. "Як яго вырубiш, гэтага Лёшку, калi ён на два гады старэйшы i ножык у кiшэнi носiць? - думаў Iван, неадрыўна пазiраючы на дзiрку. - Пырне пад бок - зьбiрай тады кiшкi з падлогi". Iван уявiў, як ён упадзе з распоратым чэравам, i адбiткi сьвятлявай дзiркi лiхаманкава заскакалi ўваччу. Вочы памутнелi, напоўнiлiся сьлязамi, але празь iмгненьне зноўку блiснулi, i Iван з такою рашучасьцю падхапiўся на ногi, што на момант згубiў арыенцiроўку i ляснуўся галавою аб крокву. Гарышча здрыганулася, увушшу бухнулi званы, i матчын голас, якi прагучаў знадворку, дарэшты патануў у замарачным звоне.

- Ванька, чуеш? Пасячы крапiву сьвiньням! - крыкнула мацi, а Iван, перакрывiўшыся ад болю i памацаўшы пабiтую макаўку, пачаў шнарыць па кiшэнях у пошуку грошай.

Ня сёньня сказана: усё генiяльнае надзiва проста. I сапраўды, цi варта лезьцi ў бойку, падбiраць вантробы з падлогi, калi можна папросту падпаiць "караля зоны" i пакласьцi дзе-небудзь пад плотам. Ды i вiна шмат ня трэба - ад пляшкi валiцца. Толькi ж дзе яе ўзяць, гэтую пляшку? У Бычках нi вiна, нi гарэлкi ўжо другi месяц ня бачылi. Адно каньяк "КВ" прадаюць. Пятнаццаць рублёў бутэлька. Летась Гарашчэня браў пляшку, ад пахмельля ратуючыся, дык казаў - пiць няможна, поскудзь такая i сьмярдзiць клапамi. Адзiнае, дзе можна было разжыцца пляшкай, гэта ў магазыншчыцы. У Пракопаўны - а жыла яна ў Гатаве - у хаце заўсёды вiно было. I Iван, пастукаўшы секачом у карыце, падаўся са двара.

Муж магазыншчыцы, дзядзька Хвядос, на шчасьце, быў дома. Дзьверы хаты стаялi прачыненыя, у хаце працаваў тэлевiзар i чуўся вясёлы дзядзькаў рогат: паказвалi, вiдаць, нейкую камэдыю. Iван пастаяў на парозе, крадком увайшоў у прысенак, пастукаў косткамi пальцаў па дзьвярным вушаку. У хаце нешта грукнула, тэлевiзар суцiх, i наструненую цiшу працяў незадаволены воклiк:

- Гарашчэня! Па-добраму кажу: iдзi дахаты. А то ж у мяне рука цяжкая. Пiхну - i развалiсься, - дзядзька Хвядос мацюкнуўся на астачу i тэлевiзар зноў ажыў, скалануўшы хату шалёнымi воплескамi.

Гаспадар хаця i рагатаў, але быў не ў гуморы. "Абрыдзеў, вiдаць, Гарашчэня, вось i ўсхадзiўся", - Iван уздыхнуў, пачухаў азадак i зьбiраўся ўжо сысьцi з прысенку, як раптам дзьверы разнасьцежылiся i перад вачыма паўстала магутная постаць дзядзькi Хвядоса.

- Хто тут? Ты, Ванька? - гаспадар выйшаў у прысенак, зачынiў уваходныя дзьверы на ключ, лёгкiм штуршком запрасiў Iвана заходзiць.

- Алькаш гэты не дае жыцьця. Стаў яму пахмялiцца, i ўсё тут... - дзядзька Хвядос запiхнуў у штаны трыкатажную майку, i вытатуiраваная русалка на ягонай руцэ махнула Iвану шырокiм хвастом. - Ну, калi прыехаў?

- Учора, - госьць шморгнуў носам, хацеў уздыхнуць, тлумачачы тым самым прычыну прыходу, але гаспадар зразумеў усё i без уздыхаў.

- Што, бутэлька трэба?

- Трэба! - з клёкатам у горле адказаў Iван i, стаiўшы дых, пачуў, як пад нагамi дзядзькi Хвядоса зарыпелi масьнiцы.

Дзядзька сышоў у прысенак, доўга бразгаў там нейкiм жалезьзем, суцiшна мацюкаўся i неўзабаве ўвайшоў у сьвятлiцу з пляшкай "вэрмуту" ў левай руцэ i касмылём павуцiньня па правым вуху.

- На вось, бяры. Глядзi толькi, каб Гарашчэня ня ўбачыў, - згадаўшы Гарашчэню, гаспадар хаты мацюкнуўся, скоса зiрнуў у вакно. - Са сьвету зжывае. Дай пахмялiцца, i ўсё...

- Ня ўбачыць! - ужо ад парога азваўся Iван, вылецеў на двор, i, азiрнуўшыся на хату Баркоўскiх, рынуўся гародамi, прыстасоўваючы бег да мернага булькаценьня вiна ў бутэльцы.

Таго вечару Лябёдка круцiў фiльм з iнтрыгуючай назваю "Памылка Анарэ дэ Бальзака". Ратуючы касавы плян, кiнамэханiк пусьцiў чутку, што ў фiльме пакажуць голую бабу, i народу ў клюб набiлася як завязаць. Асаблiва шмат прыйшло дзятвы. Тыя падшыванцы, што мелi грошы, сядзелi ў залi, астатнiя таўклiся на ганку, просячы Мандрычыху пусьцiць iх безь бiлетаў.

- Сёньня не магу. Даўгалёў з праверкай едзе, - казала Мандрычыха, i бычкоўская дзятва, пачуўшы прозьвiшча дырэктара раённай кiнасеткi, асуджана апускала галовы.

Стоячы разам з падшыванцамi на ганку, Iван прыкметна хваляваўся. Лёшка Мандрык хаця i быў на падпiтку, але на нагах трымаўся цьвёрда, i гэта не магло не хваляваць. "Цi хопiць бутэлькi?" - думаў Iван, прыслухоўваючыся да бязладнай Лёшкавай гамонкi. Абкружаны малалеткамi, Лёшка распавядаў iм пра бойкi ў азярышчанскiм рэстаране. Доўгiя чвэрць гадзiны Iван уважлiва слухаў гэтыя аповеды, з насьцярогаю пасьмiхаўся, а калi Лёшка, паказваючы, як ён вырубiў нагой азярышчанскага фраера, не ўтрымаўся на нагах i ляснуўся вобзем, з упэўненасьцю ў голасе прашаптаў:

- Хопiць!

На пачатку фiльма стужка рвалася ледзь ня кожную хвiлiну. Пад час замiнак ў залi ўключалi сьвятло, i Iван уцiскваў голаў у адтулiну, спрабуючы ўгледзець Машу. Маша сядзела ля сьценкi, i праз амбразуру можна было ўбачыць ёйную руку ды абцягнутыя вэльвэтавымi штанамi каленi. Гэтыя каленi не давалi Iвану спакою. Ён круцiў галавой у цеснай нiшы, пускаў сьлiну на падбародзьдзе, а калi Лябёдка зь Пецькам запускалi праектар, стагнаў i пакутлiва моршчыўся.

- Лябёдка, адпусьцi тормаз! - крыкнулi з залi пад час чарговага парыву.

Лябёдка прыпаў да амбразуры, спрабуючы разгледзець, хто гэта там такi разумны, i ў гэты момант у лоб яму заехалi яблычным агрызкам. Другi агрызак праляцеў ля Iванавага вуха, i кiнамэханiк, перакрываючы гамэрню, гойкнуў у адтулiну:

- Чаго ўсхадзiлiся?! Фiльм трэцяй катэгорыi!

Гледачы былi абражаныя: замест францускага фiльму пра мушкетэраў iм круцiлi нейкую лухту. У залi сьвiсталi, тупалi нагамi, а той-сёй з гледачоў, уголас шкадуючы змарнаваных грошай, сунуўся да выхаду.

"Час!" - мiльганула ў Iванавай галаве, i ён, адарваўшыся ад адтулiны, крадком сышоў з кiнабудкi. У цемры глядзельнай залi ён мiжволi зiрнуў у той бок, дзе сядзела Маша, потым - на таўстуна, якога паказвалi на экране, i, набраўшы ў грудзiну паветра, прашаптаў:

- Лёха!

- Навошта ён табе?! - азвалася зь цемры Мандрычыха. - Зноў пiць будзеце?

- Будзем! - пачулася ад заднiх радоў, i кудлатая Лёшкава галава чорным ценем праплыла па экране.

Зьдзiраючы зубамi мэталёвую галоўку, Лёшка парэзаў сабе губу, але пры гэтым нават не паморшчыўся i прагна глынуў замяшанае на ўласнай крывi "чарнiла". Дакладней, нават не глынуў: вiно папросту лiлося ў ягоную глотку, i коўцiк пры гэтым не варушыўся. Падзiвiўшыся такому штукарству, Iван пераняў бутэльку, але пiць ня стаў - ашчаджаў пiтво для сябра.

- Люблю кiрнуць, - прамовiў сябра, выцiраючы рукавом крывавую пену з вуснаў, - асаблiва пад балдою. - Лёшка ўзьняў вочы, i яркi маладзiк сьветлымi кропкамi адбiўся ў ягоных зрэнках.

Балдою сябрук называў месяц. Слоўца гэтае ён прывёз з аршанскай зоны, i яно, як i шмат якiх iншых слоў з таго рэпэртуару, намёртва прылiпла да языкоў бычкоўскай дзятвы.

Лёшка плюхнуўся на траву, задаволена адрыгнуў, дастаў папяросу.

- Слухай, хто гэта ўчора мае коры насунуў? - запытаўся ён у Iвана, i той, хаця i ведаў, куды заляцеў Лёшкавы чаравiк, страсянуў галавою.

- Ну i ваўчары, - прастагнаў сябрук, iзноў прыклаўся да пляшкi, i неўзабаве панурыўся тварам у быльнiк.

Танцы, як заўсёды, пачыналiся вальсам, i танчылi яго, як заўсёды, дзьве пары: бiблiятэкарка Забаронька са сваiм кавалерам Юркам Гулем i настаўнiца Кнiповiч зь Люськай Халiмонавай. Бiблiятэкарка вальсавала адмыслова - задзёршы голаў i адкiнуўшы назад правую руку, i кавалер ейны, стрымлiваючы кружэньне партнэркi, так iмпэтна шоргаў чаравiкамi, што заглушаў голас Валерыя Абадзiнскага. Танчылi, вядома ж, пад "Что-то случилось". У апошнiм куплеце сьпявак пачаў заiкацца - Юрка Бадуноў, якi сядзеў ля радыёлы i павiнен быў перасунуць iголку, забавiўся, прапусьцiў момант, i кавалер, пад роспачную iкаўку Абадзiнскага выгукнуў:

- Юрка... натаўку!

Калi песьня скончылася, бухгальтарка з настаўнiцай, а разам зь iмi i Люська Халiмонава падалiся да выхаду. "Прыдзьвернiк" Васька Бохан выпусьцiў на двор бiблiятэкарку, потым, атрымаўшы грымака, i настаўнiцу, а Люську Халiмонаву запiхнуў назад у залю.

- Што... што ён табе сказаў? - запыталася настаўнiца ў сяброўкi, прабягаючы мiма Iвана.

- Сказаў, што гатовы хоць сёньня расьпiсацца!

Дзяўчаты фыркнулi здушаным сьмехам, пабеглi за клюб, а Iван пасьля такiх слоў зябка перасмыкнуў плячыма. Вечаровы халадок прабiраў да дрыжыкаў, сьцягваў скуру на сьпiне, i, каб нейкiм чынам сагрэцца, даводзiлася раз за разам прыпальваў папяросу.

- Харэ лiвэр цiснуць! Дзеўкi млеюць! - крыкнуў Юрка Гуль, махнуў рукой малому Бадунову, i хлопцы, што гуртавалiся на ганку, пачалi заходзiць у залю. Юрка Бадуноў завёў хуткi музон, а ягоны старэйшы цёзка забухаў чаравiкамi, дэманструючы пабачаны ў азярышчанскi рэстаране мадняцкi танец. Тупаў Юрка Гуль так натхнёна, што са столi сыпалася пабелка, а са стэнду "Новае ў жывёлагадоўлi", якi вiсеў ля сцэны, звалiлася некалькi брашураў. Магчыма, i сам стэнд грымнуўся б долу, ды тут у пройме ўваходных дзьвярэй зьявiлася Мандрычыха i пагрозьлiва загадала:

- Пакiньце мазгатаць!

Загадчыца клюбу прайшла па залi, рашуча вырвала штэпсэль радыёлы. Каб даняць загадчыцу, Юрка Гуль яшчэ хвiлiну скакаў бяз музыкi, а калi Мандрычыха, плюнуўшы ў ягоны бок, пайшла да дзявярэй, рушыў за ёю сьледам.

Iван стаяў ля сьцяны i ўсiм сваiм выглядам паказваў, што памiрае ад суму. Ён раз-пораз пазяхаў, крывiўся, кiдаў пужлiвыя позiркi на Юрку Бадунова i з жахам чакаў, калi Юрка завядзе павольную музыку. I вось Юрка ўключыў радыёлу, паставiў на дыск гнуткую кружэлку, i навакольны сьвет напоўнiлi шчымлiвыя акорды "Анжэлы". "Анжела, ты на счастье мне судьбой дана-а..." - зацягнуў Абадзiнскi, а знадворку, заглушаючы сьпевака, надрыўна гаркнулi:

- За капыты, за капыты бярыце!

З начной цямрэчы выплылi падэшвы зношаных чаравiкаў, i ў залю, наперад нагамi, унесьлi Лёшку Мандрыка. "Кароль аршанскай зоны" быў у поўным "вырубоне".

- Цяжкi, халера! - выдыхнуў Юрка Гуль, трымаючы "караля" пад пахi.

Хлопцы занесьлi Лёшку ў канец залi, усьпёрлi на кучу бязладна зваленых крэслаў, i Юрка Гуль, мяльком зiрнуўшы на бiблiятэкарку, гучна абвясьцiў:

- Запрашаюць жанчыны!

- Паскуда! - выдыхнула Забаронька, выбегла з залi, а Юрка Бадуноў чарговым разам уключыў "Анжэлу".

Слухаючы шчымлiвую мэлёдыю, Iван заплюшчыў вочы, уяўляючы, што гэта не Абадзiнскi, а ён, Iван, сьпявае прачулую песьню, а калi зноў зiрнуў на сьвет, дык убачыў, што Маша ўстала з крэсла i iдзе праз залю ў ягоны бок. Стукалi туфлiкi па расссохлай падлозе, парывiста бiлася сэрца, пранiкнёна, зь пяшчотным прыдыханьнем сьпяваў Абадзiнскi. Яшчэ была спадзеўка, яшчэ была кволая надзея, што Маша iшла запрашаць некага iншага. Iван зiрнуў па баках, ступiў крок да дзьвярэй i пачуў раптам такi мiлы i такi лагодны голас:

- Вас можна?

Шаснаццаць гадоў пражыў Iван на сьвеце, а на белы танец яго запрашалi ўпершыню. Ды што там танец... ён i сам да дзяўчат блiжэй як на тры мэтры не падыходзiў, а тут адразу такое... Таму i зьмянiўся Iван з твару, i язык ягоны прысох да паднябеньня, i ня здолеў Iван паведамiць прыгажунi, што ён не танцуе.

- Вас можна? - паўтарыла дзяўчына, i нехта, вiдаць, Васька Бохан, штурхнуў яго ў сьпiну. Ён прайшоў на ватных нагах на сярэдзiну залi, стаў там як укапаны, i Маша паклала яму на плечы свае танклявыя рукi.

"Анжела, ты одна, одна на свете,

Анжела, в добрый час тебя я встретил..."

Трэба было варушыцца, пераступаць з нагi на нагу, хаця б дзеля таго, каб прыхаваць праклятыя дрыжыкi. Падпарадкоўваючыся Машыным рухам, ён зрабiў крок, наступiў дзяўчыне на туфлiк i, спалохана падскочыўшы, ударыў партнэрку нагой ў шчыкалатку. Маша войкнула, адступiла на мэтар, але рук з Iванавых плячэй не зьняла. Разам з апошнiмi ўсхлiпамi Абадзiнскага спакутаваны Iван крутнуўся на абцасах i замест таго, каб правесьцi дзяўчыну да месца цi хаця б кiўнуць галавой, неакрэсьлена крэкнуў i выйшаў на падворак.

На падворку было халодна i месячна. Мяккае сьвятло маладзiка высьвечвала кусты ля гатаўскай дарогi, бункер траянаўскага камбайна i нечую пахiлую постаць - цi не самога Траяна, - якая краталася мiж кустоў, то ўзьнiкаючы, то зьнiкаючы зь вiдавоку.

Няўдалы танцор сядзеў на ўсходах ля дзьвярэй кiнабудкi i, пацепваючыся ад холаду, прыслухоўваўся да галасоў, што даляталi з клюбу. У клюбе мiж тым скакалi "шэйковiча". Музыкi не было чуваць: адно зумкалi шыбы ды здрыганалiся ад тупату дашчатыя сьцены.

- Ну чаму, чаму я такi? - шаптаў начны летуценьнiк, раз-пораз шморгаючы азяблым носам.

У носе сьвярбела. Iван доўга зьбiраўся зь сiламi, каб чхнуць, а калi сабраўся i ўжо затрос галавой, з адчыненых дзьвярэй клюбу вырваўся вясёлы вiскат Люськi Халiмонавай.

- Адчапiся, нам дахаты трэба!

Чхаць не выпадала - трэба было хавацца, i начны летуценьнiк, пацёршы далоньню пераносьсе, пабег на нягнуткiх нагах у блiжэйшыя кусты.

Зарагатаў i ацiх Васька Бохан, крыкнуў штосьцi няўцямнае Юрка Гуль, i па цэмэнтавым ганку дробна застукалi дзявочыя туфлiкi.

- Слухай, а хто ён такi? - запыталася Маша, калi яны зь Люськай падышлi да матацыкла.

- Хто, Васька?

- Ды не... Ну той, дзiўны такi...

- А-а! Дэсантнiк! - Люська азiрнулася, падбегла да кустоў, за якiмi хаваўся начны летуценьнiк, i, прысеўшы на кукiшкi, прамовiла: - У яго ня ўсе дома. Чокнуўся, як зь вежы падаў.

У цемры мiльганула дзявочае сьцягно, iрванулася да каленяў палоска белых майтак, i ў Iвана, якi аглядаў усё гэта, на момант спынiлася сэрца. Ён i ня сьцямiў адразу - пра якога гэта дэсантнiка вядзе гаворку Люська Халiмонава, а калi сьцямiў i абурана глынуў паветра, у носе ягоным зноў засьвярбела, i ён аглушальна чхнуў. Люська войкнула, пабегла ўпрысядкi да матацыкла, на хаду нацягваючы майткi, а Iван, страсянуўшы галавой, чхнуў ёй усьлед чатыры разы запар.

Дахаты ён iшоў, сьцiскаючы кулакi i ўголас лаючы Люську Халiмонаву.

"Нiчога, яшчэ пашкадуе, - супакойваў сябе Iван. Апанаваны ўласнымi фантазiямi, ён уявiў, як роспачна будзе плакаць Люська Халiмонава, i нечакана ступiў нагой у каровiну "аладку". Фантазii выпетрылiся з галавы, i Iван, выцiраючы чаравiк аб траву, з рашучасьцю, на якую толькi быў здольны, вырашыў не хадзiць болей на танцы.

Ноччу яму добра спалася. Ён праспаў да абеду i абудзiўся, як i мiнулым днём, ад бразгату вёдраў на доле.

- Слухай, тут жа ў Азярышча Карзо прыяжджаў, - прамаўляла, гучна бразгаючы вёдрамi, суседка Мiронаўна, - дык i гэтая папёрлася... Людзi казалi - лезла нейкую кнiжку падпiсваць, а той на яе i не зiрнуў нават.

- А на каго там глядзець? - падтрымала Мiронаўну мацi. - Пыса як у той рапухi... i куды ўжо лезеш?

Мандрычыха, а гэта яе абгаворвалi жанчыны, пад час вайны была ў партызанскiм атрадзе - мыла там бялiзну ды з камандзерам спала. I вось за гэтыя подзьвiгi Карзо яе па вайне ў райкам уладкаваў, у аддзел прапаганды i агiтацыi. Ад тых часiн жанкi яе i зьненавiдзелi, i абгаворвалi пры кожным зручным выпадку.

Паслухаўшы плёткi, Iван занурыў галаву ў падушку, мерачыся паспаць яшчэ якую гадзiну, але тоўшчу падушкi прарэзаў жаночы лямант:

- Бабы, што скажу!

Лямантавала Карпачыха. Iван скiнуў з галавы падушку, прыслухаўся.

- Ляжыць у амбуляторыi... i морда ў крывi, - гукала з суседняга агароду Карпачыха. - Карпачыха бегла па гародзе i пад нагамi ейнымi спалохана шамацела капуснае лiсьце.

- Уся морда? - перапытала Мiронаўна, а мацi, пляснуўшы ў далонi, улякнута выдыхнула:

- У каго?

- У Гарашчэнi! У п'янтоса гэтага... Пракопаўна краму адчыняла, а тут ён падбег... кажа: "Чаму Лёшку Мандрыку вiно прадаяце, а мне не?" - i Пракопаўну за руку схапiў. А тая доўга ня думала. Разгарнулася ды як лясьне замком па лобе. Так лоб i расьсекла.

Карпачыха змоўкла, пераводзячы дых, i цяпер ужо Мiронаўна дала волю сваiм лёгкiм:

- Цi чула ты? Гарашчэню забiлi-i! - крыкнула Мiронаўна, праўдападобна, цётцы Авадзiсе, i на доле зноў зашамацела капуснае лiсьце.

... Сонца адбiрала вочы. Iван прымружыўся, паглядзеў з-пад рукi ў бок Авадзiшанага агароду, на якiм тым часам ўжо сабраўся збой жанчын, i, прыпалiўшы папяросу, усеўся на верхняй папярочцы драбiнаў.

На душы было пагана, а на двары пустэльна; нават куры некуды пахавалiся, i толькi певень з паскубаным хвастом стаяў ля дзьвярэй хлеўчука, пазiраючы на Iвана круглявым вокам.

"Вунь i певень глядзiць, - падумаў Iван, зацягваючыся пяршывай папяросай. - Вiдаць, прачуў ужо пра маю ганьбу?" - I, ня ведаючы, чым заняць сьвярблiвыя рукi, шпурнуў у пеўня кавалкам бярозавай кары.

Певень падскочыў, залапатаў крыламi, выставiў наперад грудзiну i празь iмгненьне прарэзаў сьвет кукарэканьнем, запрашаючы курэй паглядзець на таго, хто так абняславiў сябе на ўчарашнiх танцах.

Пасьля абеду мацi папрасiла схадзiць па хлеб. Iсьцi, вядома, не хацелася: сорамна было зьяўляцца на людзях, але што паробiш... Давялося ўсё ж узяць сетку i рушыць у краму.

Ля крамы гаманiў натоўп. Вясковыя цёткi, павесiўшы на рулi сваiх вэласыпедаў торбы з хлебам, на розныя галасы абмяркоўвалi падзеi сёньняшняга ранку, пад час якiх магазыншчыца Пракопаўна разьбiла пысу вартаўнiку Гарашчэню.

Iван азiрнуўся, шукаючы вачыма Машын матацыкл, ступiў на сельмагаўскi ганак i пачуў, як недзе непадалёку сiплавата зарагатаў Лёшка Мандрык.

Лёшка стаяў сьпiнаю да Iвана, праваруч ад уваходу, i, махаючы рукамi, распавядаў Мiронаўне, вядомай бычкоўскай пляткарцы, як яно ўсё было.

- Гарашчэня да Пракопаўны падышоў i кажа: "У цябе ў прысенку "вэрмут" схаваны. Дзьве скрынi. Не прадаш - ноччу сам вазьму", - i заграбкi Пракопаўну хапануў. - Паказваючы, як Гарашчэня хапаў магазыншчыцу "заграбкi", Лёшка схапiў Мiронаўну за рукаў, Мiронаўна адкаснулася, плюнула, а Iван, каб не патрапляць Лёшку на вочы, сьпехам шмыгануў у краму.

Крама ў Бычках - самае люднае месца. Калi не прыйдзеш - увесь час народ таўчэцца. Вясковыя цёткi сюды ня столькi па справункi прыходзiлi, колькi дзеля таго, каб апранахi перамацаць, якiя на палiцах вiселi. Прыйдзе якая, грудзямi на прылавак навалiцца i давай носам па баках вадзiць:

- А пакажы ты мне, Пракопаўна, вунь тую кофту... - I Пракопаўна давала, хаця i ведала, што кофту тую браць ня будуць, бо яна ўжо тут дзесяць гадоў вiсiць.

Лаючы ў душы цётак i штохвiлi ўздрыгваючы ад грукату матацыклаў знадворку - крый Бог, Маша прыедзе, чырваней тады, - Iван болей як гадзiну прастаяў у чарзе, а калi, нарэшце, узвалiў на карак сетку зь цёплымi буханкамi i выйшаў з крамы, дарогу яму заступiў Лёшка Мандрык.

- Ваня! Куды хiляем? - рыкнуў Лёшка голасам чалавека, якi прагнуў пахмялiцца.

Лёшка зазiрнуў Iвану за сьпiну, адламаў ад буханкi храбусткi акраец. "Кароль зоны" з асалодаю хруснуў скарынкаю, а Iван, апусьцiўшы вочы, падумаў: "I як ад яго адчапiцца?" I не пасьпеў Iван уздыхнуць, як ля крамы загуў бэнзавоз i з кабiнкi вытыркнулася галава Юркi Гуля.

- Лёха, давай сюды!

- Навошта? - азваўся "кароль", глынуўшы недажаваную скарынку.

- У Азярышча едзем, па пiва! - Юрка выцягнуў з-пад сядзеньня полiэтыленавую канiстру, а Лёха, адламаўшы ад бохана ладны кавалак, пабег да машыны.

Мацi дома не было: на дзьвярах вiсеў замок, а за дзьвярною клямкаю тырчэла раённая газэта "Зара камунiзму" i аркушык паперы. "Схадзi па камбiкорм", прачытаў Iван на паперцы i пачухаў патылiцу.

Па камбiкорм трэба было iсьцi да цёткi Авадзiхi. Зяць цётчын рабiў на млынкамбiнаце галоўным бухгальтарам. Ну i, вядома, тое-сёе сьпiсваў на цешчу. Авадзiха ў горад ледзь не штодня наведвалася - туды бiтоны з "дамагай" везла, а назад мяхi з камбiкормам перла. "Дамагу" цётка зь яблычнага соку вырабляла хмельнае вiно атрымлiвалася. Мiнулай восенi Iван сьцягнуў у сваячкi тры лiтры - трэба было Ваську Бохана падпаiць, каб не чапляўся. Авадзiха пасьля той прапажы доўга супакоiцца не магла, нават брата свайго, мiлiцыянта Мiхнова, выклiкала. Мiхноў тры днi з рулеткай важдаўся, мераў штосьцi каля пограбу; выпiў болей, чым укралi, а злодзея так i не знайшоў.

Ачуўшыся ад одуму, Iван разгарнуў раёнку, зiрнуў на зводку ўборкi лубiну, i лiчба "0,1%", а менавiта столькi лубiну скасiлi ў калгасе "Шлях камунiзму", прывiдна заскакала ўваччу.

... Цётка сядзела ў пограбе i звонку быў бачны ейны шырокi азадак. Iван прайшоўся па двары, разважаючы - з чаго пачаць гаворку, i пакуль ён гэта рабiў, цётка Авадзiха неяк вельмi хутка вылезла з пограбу i гэтак жа хуценька павесiла на прабой амбарны замок.

- Цяпер ня ўлезеце, - крэкнула Авадзiха, перахапiўшы Iванаў пагляд, разьвялося фулюганьня... ратунку няма.

Пасьля такiх слоў размаўляць пра вiно не было сэнсу. Iван сплюнуў цягуткую сьлiну, азiрнуўся i рашуча запытаў:

- Дзе камбiкорм?

- Вунь, ля плоту стаiць, - кiўнула цётка на латаны мех. - Лорцы скажаш, каб грошы прынесла. Шэсьць рублёў.

- Скажу, - буркнуў Iван, узвалiў мех на сьпiну i шырокiм крокам рушыў па цётчыным агародзе.

- Чаго ты па бураках пайшоў? - крыкнула наўздагон яму цётка, i пляменьнiк, перакiнуўшы мех цераз плот, скрозь зубы працадзiў:

- Ды пайшла ты... жмiнда няшчасная.

Хаця й заракаўся Iван не хадзiць у клюб, а згледзеў, седзячы на драбiнах, бэнзавозку, што з гораду вярталася, i засьвярбела ў душы жаданьне - зiрнуць, цi напiўся Лёшка Мандрык. Бо калi напiўся i не стаiць на нагах, дык i хвалявацца няма чаго - да Машы сёньня чапляцца ня будзе. Iван праводзiў позiркам бэнзавозку, пачакаў яшчэ хвiлiну ў тайнай спадзеўцы ўбачыць на дарозе Машын матацыкл, i толькi потым, пацёршы здранцьвелы азадак, спусьцiўся па драбiнах долу.

Юрка зь Лёшкам сядзелi ў Лябёдкi: з прачыненага вакна кiнабудкi вырывалiся iхныя галасы i жаласьлiвыя ўздыхi.

- Пiва, пiва... паперлiся як фофаны... - гукаў Лёшка Мандрык, футболячы па цэмэнтавай падлозе пустую канiстру.

- Хто ж ведаў... учора прадавалi, - апраўдваўся Юрка Гуль, i пустая канiстра зь левага кута пераляцела ў правы.

- Прадава-алi, - голас Лёшкаў панiк, чаравiкi ягоныя зашоргалi ля блiжняй сьценкi i з прачыненага вакна вылецеў сьлiнявы недакурак.

- Перапiхнуцца зь якой, цi што? Чуеш, Юрка? - Юрка прамаўчаў, а Лёшка, дзьмухнуўшы ў папяросу, запытаў: - А што гэта за лярва на матацыкле езьдзiць?

- Зь Ленiнграду. Баркоўскага пляменьнiца, - Юрка пазяхнуў i, выдыхаючы паветра, мацюкнуўся.

Ад такiх слоў ў Iвана перахапiла дыханьне. Ён прыцiснуўся да сьцяны кiнабудкi, наструнiў слых, але болей нiчога не пачуў, бо Лябёдка завёў сваю перамотку i галасы патанулi ў напорлiвым гудзе.

Iван пастаяў яшчэ пару хвiлiн, а потым пацёгся прэч, асуджана пацепваючы панiклай галавою. I поўныя жаху карцiны паўсталi перад вачыма: ён уявiў, як Лёшка будзе цалаваць Машу, як будзе зьдзiраць зь дзяўчыны вопратку, i ў галаве ягонай нарадзiлася iдэя. "Перапынiць Машу, перахапiць па дарозе, як на танцы паедзе", - i апанаваны такою думкаю, Iван рушыў на гатаўскую праселiцу.

Сядзець у кустах давялося аж да цёмнага. Ужо i зоркi высыпалi на небе, i кiно пачалося ў клюбе, а Маша ўсё ня ехала, i якраз у той момант, калi Iван хацеў ужо вылезьцi са свайго схову, з боку Гатава пачуўся матацыклетны рокат. Рокат мацнеў, убiраўся ў сiлу, сухiм трэскам рассыпаўся па кустах, i па тым нязладжаным пошчаку можна было зразумець, што па дарозе ехалi два матацыклы. Iван вытыркнуўся з кустоў, наструнiўся i ўпалым голасам прашаптаў:

- Сашка Собалеў.

Колькi часу ён сядзеў у непаразуменьнi, потым пацёр рукою лоб i, прадзершыся скрозь кусты, пабег насустрач бязладнаму рокату.

"Спыню на павароце, як Сашка праедзе. Самае зручнае месца", - мiтусiлiся ў галаве адрывiстыя думкi, а вусны раз-пораз паўтаралi кагадзе прыдуманую фразу: "Маша, спынiся... у клюбе бойка!"

Каб апраўдаць гэтую вэрсiю, ён на хаду расшпiлiў кашулю, пацёр кулаком вока, хацеў яшчэ i нос расквасiць, але перадумаў. I вось ужо праляцела мiма, дыхнуўшы ў твар халодным пылам, Сашкава "Панонiя", i новым строкатам - мерным i басавiтым - напоўнiлiся вушы, i з жахам адчуў Iван, што забыў тую фразу, якую зьбiраўся выгукнуць.

Матацыкл быў ужо зусiм блiзка, калi Iван, страцiўшы надзею згадаць патрэбныя словы, рынуў на дарогу. У вочы ўдарыла сьвятло ад фары, рухавiк "Iжа" завыў на фарсажы, i матацыкл са страшным трэскам абрынуўся ў алешнiк.

Хвiлiну панавала цiшыня, i парушыў яе дрыготкi Машын голас:

- Люся, ты жывая?

- Жывая, толькi нагу парэпала.

Зашамацела лiсьце, трэснула галiна, i Люська Халiмонава спачатку аддзьмулася, а потым натужлiва крэкнула. Мяркуючы па ўсiм, дзяўчыны выкочвалi матацыкл на дарогу.

- Хто гэта быў? - запыталася Маша, на хаду абабiваючы спаднiцу.

- Ванька Бянькоў. Я ж табе казала, што ён ненармальны.

Матацыкл чхнуў... раз... другi, потым завёўся, i сярод перарывiстага матацыклетнага рокату Iван яшчэ раз пачуў усхваляваны Машын голас:

- Iдыёт. Ледзь пад колы не патрапiў.

Дахаты ён цягнуўся, не разьбiраючы дарогi, i вочы ягоныя засьцiлi сьлёзы. Сьлёзы пякучай крыўды на Лёшку Мандрыка, на Люську Халiмонаву, на сябе самога вiхлястымi раўчукамi зьбягалi па твары, блiскучымi пацеркамi дрыжэлi на падбародзьдзi; i жоўты маладзiк калыхаўся ў небе, як на хвалях бязьмежнага акiяну, i Траянаў камбайн, што стаяў на ўзьмежку Карпачышынага агароду, здаваўся нейкай вялiзнай пачварай, якая выплыла на iмгненьне з акiянскiх глыбiняў.

Iдучы паўз камбайн, Iван выцер рукавом вочы, усхлiпнуў на астачу, i ўсхлiп гэты супаў з глухiм бразганьнем пад нагамi. Траян вось ужо другi дзень рамантаваў зламанае матавiла, i навакольле было закiданае рознымi жалязякамi. На прамасьленай ватоўцы ляжала кучка шрубных ключоў, стаяла, дзержаком угору, пудовая кувалда, а пасярод iржышча тырчэла, цьмяна блiскаючы ў месяцавым сьвятле, пакарабачаная манцiроўка. Iван зладзеявата шморгнуў носам, пужлiва агледзеўся. Страшная думка, ад якой зварухнулiся валасы на галаве, уварвалася ў сьвядомасьць, i падуладныя ёй дрыготкiя рукi спачатку прылашчылi валасы, а потым падхапiлi пакарабачаную манцiроўку.

Бычкоўскую краму - струхлелую, перабудаваную некалi з кулацкай хаты будынiну, - рабавалi ледзь не штогоду. Балазе рабаваць яе было адно задавальненьне. Торкнi пальцам у той жа дах - i праб'еш навылёт: дранка на даху зусiм збуцьвела. Дарэчы, Хведзька, брат Васькi Бохана, менавiта праз дах i ўлез. Сто рублёў тады ўзяў i дзесяць пляшак мятнага лiкёру. Тры днi пiў, у лазьнi схаваўшыся, а на чацьверты паехаў у Азярышча пляшкi здаваць - тут яго i злапалi. На судзе прасiўся, каб у Сьвярдлоўскую вобласьць паслалi, туды, дзе раней сядзеў. Казаў, дужа там мясьцiны прыгожыя. Хведзька Бохан быў адзiны, хто грошы ўзяў. Усе астатнiя рабаўнiкi - тыя як людзi... Скрыню вiна якога выносiлi ды пару бляшанак кансэрваў на закуску. Ноччу рабавалi, а ранiцай, працьверазеўшы, грошы прыносiлi. Вунь электралiнейшчыкi, дык тых i ў турму грэх было садзiць. Жылi, небаракi, у кузьнi - у хату нiхто не пускаў, бо яны ў суседняй вёсцы адрыну спалiлi па неасьцярожнасьцi. Вось i давялося электралiнейшчыкам у сярэдзiне лiстападу ў кузьнi жыць, зубамi ад холаду ляскаць. А на кастрычнiцкiя сьвяты, канчаткова адубеўшы, у краму ўлезьлi. Усю ноч гарэлкаю грэлiся ды на гармонiку гралi, а ранiцай да Пракопаўны прыйшлi... з пакаяньнем. Таго ж дня сьвятло ў вёску далi i крамныя дзьверы бляхаю абабiлi. Але ўсё адно брыгадзiр iхны на "хiмiю" паехаў - як высьветлiлiся, ён ужо так чацьверты сельмаг рабаваў. I вось, праз два з паловаю гады пасьля тых падзеяў, прабiў i Iванавы час лезьцi ў краму.

"Чарнiла", па словах вартаўнiка бычкоўскай крамы Гарашчэнi, стаяла ў прыбудове. "Вазьму пару пляшак, пакладу дзе-небудзь, каб Лёшка ўбачыў... З ночы нап'ецца, а ўраньнi мiлiцыя абудзiць..." - з гэтымi думкамi Iван i падышоў да Гарашчэневай хаты. У вокнах хаты лiпела кволае сьвятло: лямпачка гарэла дзесьцi ў прысенку i гэта сьведчыла за тое, што вартаўнiк мог зьявiцца на аб'екце ў любую хвiлiну.

Дзiўна, але ён зусiм не хваляваўся, i толькi даткнуўшыся плечуком да плоту, адчуў, як да холаду манцiроўкi, якую хаваў у рукаве, дадаўся непрыемна-казытлiвы халадок у пахвiне.

... Плот быў гэткi ж, як сама крама: дошкi шмат дзе падгнiлi, трымалiся на адным цьвiку, i Йван, адсунуўшы адну зь iх, спрытна ўлез у дзiрку. Трэснула пад нагою кара, прашапацела над галавою начнiца, i халадок, якi нарадзiўся ў пахвiне, вомiгаў разьлiўся па ўсiм целе. Тут, у закутку, якi ўтваралi збуцьвелы плот i крамная сьцяна, захоўвалi некалi лазовую кару. Яшчэ i Iван памятаў, як мацi разам зь iншымi жанчынамi хадзiла ў зарэчныя кусты, дзерла там лазовую кару i потым, высушыўшы на сонцы, несла здаваць у краму. Лазу ўжо даўно нiхто ня дзер, а вось плот ды прысьценак, дзе яе захоўвалi, засталiся i паволi буцьвелi на дажджы i сонцы.

Намацаўшы дрыготкiмi пальцамi прабой на дзьвярах прыбудовы, Iван выцягнуў з рукава манцiроўку i прыслухаўся. Яму падалося раптам, што дзесьцi зусiм побач трэснула кара i нехта здушана кашлянуў. Анямелымi рукамi ён упiхнуў манцiроўку ў прабой, пацягнуў мэталёвае дзяржальна, i амбарны замок з грукатам звалiўся пад ногi. Ён ступiў у прысьценак, памацаў нагою ў цемры, наткнуўшыся спачатку на пустое вядро, потым на нейкае жалезьзе, i нарэшце да вуха ягонага даляцеў такi лагодны i такi жаданы бразгат напоўненых бутэлек. Сунiмаючы дрыготку, Iван разапхаў бутэлькi па кiшэнях, пiхнуў адну бутэльку за пояс штаноў i, наступiўшы ў поцемках на вядро, пакiнуў месца злачынства. Прабiраючыся ўздоўж сьцяны, ён паспрабаваў разгледзець этыкетку на бутэльцы, а прачытаўшы дзiўнае слова "ацэтон", спалохана войкнуў. Нейкая шалёная сiла вывернула руку, прыцiснула да зямлi; зямля кульнулася дагары нагамi, i разам са звонам разьбiтай бутэлькi пачуў Iван злавесны голас:

- Папаўся, зладзюга!

Тое, што адбывалася потым, успрымалася як нейкi вусьцiшны сон. Яму заехалi па шыi, павялi некуды ў бок Зарэчанскай вулiцы, потым стукнулi яшчэ раз, хоць ён i не супрацiўляўся, i, узьняўшы за каршэнь у паветра, пасадзiлi ў матацыклетны вазок. Ён паспрабаваў устаць, яму заехалi трэцiм разам, з калашыньня штаноў выпала бутэлька, i ён, плюхнуўшыся на сядзеньне, суцiх да часу, з галавою накрыўшыся каляным брызэнтам. Пасьля кухталёў увушшу натужлiва зьвiнела. Ён амаль нiчога ня чуў, i здавалася, што паветра ў лёгкiя паступае праз вушы. У вазку трэсла, ад выхлапной трубы перла задушлiвым гарам, i на Iвана ўжо на першых кiлямэтрах дарогi найшло ачмурэньне...

... Яшчэ ў люльцы яго званiтавала. Яму паляпалi па шчоках, пырснулi ў твар вады, пацягнулi, трымаючы пад пахi, па нейкiм даўгiм калiдоры i неўзабаве, абклаўшы незласьлiвымi мацюгамi, паклалi на жалезны ляжак. Ён удыхнуў халаднаватае, прапахлае прыбiральняй паветра, злавiў краем вуха нечы магутны храп, i суцiх незварушна, разважаючы - што гэта было: жахлiвы сон, цi хваравiтае трызьненьне?

Ранiцою яго абудзiў зычны голас:

- Мамедаў, на выхад!

У куце зарыпеў ложак, i той, каго клiкалi Мамедавым, усхапiўся на ногi. Сукамэрнiк памахаў у паветры рукамi, папрысядаў дзеля разьмiнкi i пад незадаволеныя воклiчы сяржанта, што стаяў ля ўваходу, выйшаў з камэры.

Iван павярнуўся на другi бок, пацёр зьнямелую шыю - спаць давялося на жалезнай сетцы, - i задумаўся.

"Што рабiць?" - думаў Iван, тупа пазiраючы на брудную сьценку. Ён шмат разоў паўтарыў у думках гэтае пытаньне, але адказу не знайшоў. Адлежаўшы правы бок, ён крутнуўся на правы i ў той жа мiг пачуў незадаволены голас каўказца:

- Я патрабую начальнiка! Што вы мяне да гэтага хлапчука водзiце?

Потым бразнула завала, i дзьверы з працяглым рыпам адчынiлiся. Iван прыўзьняўся на локце, але замест шаргатлiвых крокаў пачуў нешта зусiм iншае.

- Ну як, званiў? - запытаўся каўказец зьнацку ацiхлым голасам.

- Званiў. Нiхто не падымае, - адказалi з калiдору, i каўказец, сказаўшы штосьцi па-свойму, выцягнуў з кiшэнi нататнiк.

- Пазванi па гэтым, - шапянуў ён, вырываючы аркушык, пасьля чаго дзьверы з бразгатам зачынiлiся.

- Эй, ты хто? - выдыхнуў Мамедаў, толькi цяпер заўважыўшы, што ён у камэры не адзiн.

- Бянько-оў, - адказаў Iван, ня ў сiлах утаймаваць дрыготку ў голасе. У гэты момант ён згадаў Лёшкавы аповеды пра асобаў каўкаскай нацыянальнасьцi, якiя лютуюць у камэрах, i яму стала не па сабе.

- Што, зарэзаў каго? - запытаўся Мамедаў.

- Ды не... У краму залез, - прашаптаў Iван са свайго кута, намагаючыся не глядзець на каўкасца.

На радасьць Iвану, сукамэрнiк плюхнуўся на ложак, памаўчаў хвiлiну, зь веданьнем справы запытаўся:

- Колькi ўзяў?

- Пя-аць! - усхлiпнуў Iван, але пра тое, што ў пляшках было не вiно, а ацэтон, прамаўчаў.

- Э-эх! Цi варта было з-за пяцi штук рукi пэцкаць? - з запалам вымавiў каўказец i, аглушальна рыпнуўшы спружынамi, кульнуўся на бок.

I сапраўды - цi варта? Думка заварушылася, закружыла ў галаве. Iван уявiў, як роспачна будзе плакаць мацi, пачуўшы пра ягоную бяду, i да таго iрэальнага плачу дадаўся зусiм рэальны бразгат дзьвярэй.

- Эй ты, шкет! Выходзь! - загадаў, як адрэзаў, сяржант, i Йван, звалiўшыся з ложка, дробна затупаў да выхаду.

Габiнэт, у якi яго завялi, быў спрэс застаўлены сталамi ды сэйфамi, i за адным з тых сталоў сядзеў, гартаючы нейкiя паперы, малады ружовашчокi лейтэнант. Убачыўшы затрыманага, лейтэнант склаў паперы ў стос, мяльком кiўнуў на крэсла, i Йван зразумеў, што гэта ён, ружовашчокi лейтэнант, злапаў яго каля крамы.

- Што, Гарашчэня, даскакаўся? - мэталёвым голасам прамовiў лейтэнант, калi пад Iванам рыпнула крэсла. - Смаркачы пад носам не абсохлi,а ўжо ў краму лезеш...

- Я не Гарашчэня, - выдыхнуў Iван, i нiжняя губа ягоная плаксiва затрэслася.

- Як не Гарашчэня? - зьнiякавеў лейтэнант i ўжо зусiм лагодным голасам запытаў: - А хто?

Iван удыхнуў паветра, мерачыся сказаць сваё прозьвiшча, але ў гэты мiг лейтэнант падхапiўся на ногi i абцягнуў мундур.

- Хвацка ты, лейтэнант... За тры днi працы - два затрыманьнi, - прамовiў ад дзьвярэй каржакаваты дзядзька ў шэрым гарнiтуры, i па той рашучасьцi, зь якой лейтэнант падскочыў на ногi, Iван палiчыў, што гэта ўвайшоў генэрал.

- Адкуль? - запытаўся генэрал, зь цiкаўнасьцю агледзеўшы затрыманага.

- З Бычко-оў... - прабляяў затрыманы, i мыскi генэральскiх чаравiкаў задрыжэлi i расплылiся ў ягоных вачах.

- Што, у краму ўлез? - генэрал прысеў на край стала, чакаючы тлумачэньняў, але Iван маўчаў, i генэрал перавёў позiрк на лейтэнанта.

- Напярэдаднi сыгнал быў. Бычкоўская магазыншчыца тэлефанавала. Сказала, што ўночы зьбiраюцца ў краму залезьцi. Ну я i выехаў... прыхаваўся там...

- Зноў Бычкi, - з уздыхам прашаптаў генэрал. - Даўно ўжо трэба было гнаць гэтага Мiхнова, генэрал зьлез са стала, выцягнуў з пачка папяросу, iзноў утаропiўся на Iвана.

- Як тваё прозьвiшча?

- Бянько-оў, - пралепятаў Iван.

- Бянькоў? - генэрал выпусьцiў з роту шызы дым, летуценна паглядзеў на столь. - Гэта ня ты ў Вiцебску шапiк абабраў?

Пасьля такога пытаньня Iван яшчэ больш сьцяўся, i галава ягоная ўбiлася ў плечы.

- Ну?! - пагрозьлiва гукнуў лейтэнант.

- Я-а-а-а... - другiм разам прабляяў Iван i спалохана заплюшчыў вочы. Ён чакаў грымотнага кухталя, але не дачакаўся.

Генэрал кашлянуў, павольнай хадою прайшоўся па габiнэту.

- Што ён там сьцягнуў?

- Пяць пляшак ацэтону. Можа i яшчэ што - уначы не разгледзеў.

- Ацэтону? Яны ўжо там ацэтон п'юць? - генэрал узяў Iвана за чупрыну, зьлёгку тузануў угору. - А чарняўскую краму ня ты абабраў? - прыкiдваючы, цi мог затрыманы абабраць i чарняўскую краму, генэрал разважлiва мыкнуў, зьбiраючыся нешта сказаць, ды тут расчынiлiся дзьверы i вясёлы дзявочы голас паведамiў:

- Iван Iванавiч, вас да тэлефону!

Iван Iванавiч шпурнуў у адчыненую фортку папяросiну, выйшаў з габiнэту, i лейтэнант зь нейкiм дзiўным шкадаваньнем паглядзеў яму ўсьлед.

- Дык як, ты кажаш, тваё прозьвiшча? Бянькоў? - лейтэнант узяў у рукi самапiску, патрос яе, каб ямчэй пiсала, прыклаўся да паперы. Iнтанацыя, зь якой ён гэта сказаў, сьведчыла за тое, што ён згубiў да падсьледнага ўсялякую цiкавасьць.

- Бянькоў, - буркнуў Iван i, апярэджваючы новыя пытаньнi, дадаў: - Iван Васiлевiч.

- Дзе i калi нарадзiўся? - лейтэнант iзноў патрос асадку.

- У пяцьдзесят пятым годзе, на станцыi Назарбай...

- Як-як ты кажаш? Назар...

- Назарбай, - па складах прамовiў падсьледны, - Цалiнаградзкай вобласьцi.

Пёрка асадкi адчайна рыпнула, лейтэнант шпурнуў асадку на падлогу, вылаяўся i абхапiў рукамi голаў. Ён адседзеў у такой паставе хвiлiну, а можа, i болей i ачуўся толькi тады, калi пачуў генэральскi голас.

- Анашыст у капэзэ сядзiць? - запытаўся генэрал, прачынiўшы дзьверы.

- У капэзэ, Iван Iванавiч.

- Пратаколы па Мамедаву да мяне занясi. Я iм сам займуся, - генэрал грукнуў дзьвярыма, а лейтэнант, кашлянуўшы ў жменю, паклаў перад Iванам аркуш паперы.

- Сядай вунь за той стол, - лейтэнант азiрнуўся, кiўнуў у кут, а пачуўшы таропкiя крокi на калiдоры, падхапiўся на ногi. Дзьверы зь цiхiм рыпеньнем адчынiлiся, i ў дзьвярной пройме паўстала кабета ў караценькай форменнай спаднiцы.

- Леванiд Сяргеевiч, вы каву пiць будзеце? - гульлiвым голасам запыталася маладзiца, i той, да каго яна зьвярталася, гэтак жа гульлiва адказаў:

- Будзем, Валечка, абавязкова будзем. - Хвiлiну лейтэнант з замiлаваньнем глядзеў на дзьверы, потым абцягнуў мундур, прылашчыў валасы i, прамовiўшы: Добра, напiшаш iншым разам, - загадаў падсьледнаму падняцца.

Набраўшыся страху ў сьледчым габiнэце, Iван вяртаўся ў КПЗ, як у родную хату - з усьмешкай на твары. Плюхнуўшыся на ложак, ён закiнуў рукi за патылiцу, i ўваччу паўстаў чыгунок з гарачай капустай.

- Яны нас кармiць думаюць? - прасiпеў, чытаючы Iванавы думкi, Мамедаў. Хоць бы чаю якога прынесьлi, шакалы, - сказаўшы так, Мамедаў скасiўся на Iвана, чакаючы, што сукамэрнiк падтрымае размову, але Iван змаўчаў, i каўказец, нешта буркнуўшы па-свойму, павярнуўся да сьцяны.

КПЗ - цудоўнае месца для одуму. Вось i Iвана апанавалi думкi. I думаў ён, глытаючы сьлiну, пра хатнюю кiлбасу, пра гарачую капусту, пра сопкую бульбу са скваркамi, i, каб пазбыцца дакучлiвых думак, жаласьлiва ўздыхнуў.

- Што так уздыхаеш? - гукнуў Мамедаў, якому, вiдаць, таксама мроiлася ежа. - Згадваеш, як касу браў?

- Ды я ня ў касу лазiў, - прамовiў Iван, пацягваючыся. - У падсобку. Хацеў вiна ўзяць, а ўзяў... - Iван запынiўся, маракуючы, цi варта казаць Мамедаву ўсю праўду, пасьля чаго iзноў уздыхнуў i цiхiм голасам скончыў: - ...пяць пляшак ацэтону.

- Каго-каго? Ацэтону? - сукамэрнiк блiснуў вачыма, гаўклiва iкнуў i так адчайна зарагатаў, што панцырная сетка пад iм азвалася працяглым гудзеньнем.

- Ну i шакалы, - прамовiў Мамедаў, нарагатаўшыся ўдосыць. - З-за пяцi бутэлек чалавека ў гадзючнiк уперлi.

Каўказец падняўся з ложку i, змагаючыся з позехам, прасьпяваў:

- А ты сам адкуль?

- З Баранавiчаў, - без асаблiвай ахвоты адказаў Iван.

- З Баранавiчаў? - мяркуючы па голасе, каўказец ведаў, што гэта за горад i дзе ён знаходзяцца.

Мамедаў прайшоўся па камэры, пацёр рукi, акрыялым голасам зазначыў:

- А я зь Ленкаранi. Ты Ленкарань ведаеш?

Ленкаранi Iван ня ведаў.

- А Сальяны?

Сальянаў Iван ня ведаў таксама.

- У мяне ў Сальянах брат жыве. Алескерам клiчуць. Такога ж узросту, як i ты. - Мамедаў зноў упаў на ложак, пазяхнуў i пачаў распавядаць Iвану пра брата Алескера, пра Ленкарань, пра нейкiя Талыскiя горы, дзе яго, Мамедава, аднойчы злавiлi памежнiкi. Загаварыўшыся, ён стаў балбатаць па-свойму i прыканцы аповеду спытаўся:

- Прозьвiшча тваё як?

- Бянькоў, - з пакутаю выдыхнуў Iван.

- Ну дык што, Бянькоў... Калi хочаш выйсьцi з гэтага гадзючнiку, я табе дапамагу. А ты мне дапаможаш, як выйдзеш на волю. Згода?

Iван у адказ кiсла пасьмiхнуўся. Ну чым яму мог дапамагчы гэты каўказец, якi ляжаў на суседнiм ложку i справаю якога зьбiраўся заняцца сам генэрал? I ўсё ж, каб не пакрыўдзiць таварыша па няшчасьцi, Iван кiўнуў галавой i ўголас прашаптаў:

- Згода.

Праз пару гадзiн Мамедава паклiкалi на допыт. Застаўшыся на самоце, Iван доўга хадзiў з кута ў кут, потым доўга ляжаў на ложку, потым зноў хадзiў, лiчачы пры гэтым крокi, i акурат ў той момант, калi ён зрабiў семсот сорак трэцi крок, дзьверы камэры расчынiлiся, i на парозе паўстаў перацягнуты рамянямi сяржант.

- Есьцi табе прынёс, - прабурчэў сяржант, несучы алюмiнiевую талерку i шклянку гарбаты.

Сяржант паставiў талерку i шклянку на адкiдны столiк, спытаў Iвана, цi хоча той у прыбiральню, i, паправiўшы на рукаве павязку дзяжурнага, выйшаў з камэры.

Iван праглынуў ежу i адчуў сябе весялей - нават замармытаў нейкую песьню з рэпэртуару Валерыя Абадзiнскага, але нейзабаве зноў зажурыўся. Сядзець адному ў камэры было страшнавата, таму ён i прыслухоўваўся да кожнага калiдорнага зыку, чакаючы вяртаньня Мамедава. Але сыходзiў час, усё радзей чулiся на калiдоры людзкiя крокi, а калi гэтых крокаў зусiм ня стала чутна, Iван зразумеў, што Мамедаў ня вернецца.

Ноччу ён ляжаў, закiнуўшы рукi за голаў, глядзеў на цьмяную лямпачку, што гарэла над галавой, i думаў пра мацi. У начной цiшы яму мроiўся матчын голас. Аднойчы ён нават разабраў словы, якiя прагучалi знадворку: "Ваня, не пускаюць да цябе!" Пачуўшы гэта, ён падбег да вакенца, ухапiўся рукамi за краты i доўга наструньваў слых у намаганьня ўцямiць, цi гэта сапраўды быў матчын голас, цi гэта толькi здалося.

Ранiцай наступнага дня сяржант вывеў яго з камэры i павёў па сходах на другi паверх. Яны прайшлiся доўгiм калiдорам, павярнулi направа i спынiлiся перад дыхтоўнымi, абабiтымi чорным дэрмацiнам дзьвярыма. Сяржант адчынiў дзьверы, упiхнуў галаву ў пройму:

- Iван Iванавiч... Бянькоў...

Iван увайшоў у габiнэт, i першае, што ўбачыў, - гэта партрэт Леванiда Iльлiча Брэжнева, якi вiсеў на сьцяне. Пад партрэтам сядзеў, апранены ў мiлiцэйскi мундур, Iван Iванавiч, якога Iван лiчыў генэралам i якi наяве аказаўся ўсяго толькi маёрам.

Iван Iванавiч акiнуў цёзку калючым позiркам i, паказаўшы на крэсла, запытаў:

- На Мамедава даўно працуеш?

Iван прысеў самы на край крэсла i, ня ведаючы, што адказаць, прамармытаў:

- Нядаўна.

- А ты, Бянькоў, артыст. Паглядзець на цябе - дык дурыла дурылам. Нiколi б не падумаў, што ты на гэтую свалату працуеш, - сказаўшы слова "свалату", маёр зрабiў паўзу i кiўнуў у бок брэжнеўскага партрэту.

- Сам хоць гэтую брыдоту ня палiш?

- Якую брыдоту? - не зразумеў Iван.

- Ды анашу... анашу... - грымнуў маёр i падняўся з крэсла. - Глядзi, хлопец... Цяпер ты ў нас вось тут... - цяжкая маёрава рука апусьцiлася на стос папераў. - Болей не пападайся. Згнаiм! I мая табе парада - завязвай ты з гэтымi анашыстамi. Чуеш?

Маёр узяў Iвана за шкiрку, падвёў да дзьвярэй, i яшчэ празь iмгненьне падсьледны вылецеў з габiнэту, атрымаўшы пры гэтым ладнага кухталя i ня меней ладнага высьпятка. Акурат у гэты момант па калiдоры iшла знаёмая кабета ў караценькай спаднiцы, i Бянькоў, падаючы долу, мiжволi схапiў яе за голыя каленi.

- Ай, ай, хто гэта? - усклiкнула маладзiца, падскочыла на месцы, а маёр, задаволена рагатнуўшы, растлумачыў:

- Гэта яму на разьвiтаньне. Каб болей не пападаўся.

Стогнучы i трымаючыся за бакi, Iван выйшаў на двор, дацягнуўся да блiжэйшай лавы i, прысеўшы на левую кумпячыну, перавёў дых. Балела ня толькi нiжэй сьпiны, але i сама сьпiна, i карак, i галава, i суворы мiлiцыянт з плякату, што вiсеў на суседнiм будынку, замарачна мiтусiўся ўваччу. Ён прымружыўся, пацёр павекi i ўбачыў перад сабою задаволеную фiзiяномiю Мамедава.

- Паехалi, абмыем свабоду, - прамовiў каўказец i паказаў рукой на шэрую "Волгу", якая стаяла непадалёку...