"Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Мориак Франсуа)

Мориак ФрансуаТэрэза Дэскейру (на белорусском языке)

Франсуа Марыяк

Тэрэза Дэскейру

Раман

Пераклад: Леанiд Казыра

Божа, злiтуйся над аблуднымi мужчынамi i жанчынамi! О, Божа, няўжо могуць iснаваць пачвары перад лiкам тваiм...Ты, адзiны, хто ведае, чаму яны iснуюць, як сталi яны такiмi i як маглi яны ўратаваць сябе...

Шарль Бадлер

Тэрэза... Многiя скажуць, што цябе няма. Але я добра ведаю: ты ёсць. Шмат гадоў я сачу за табой, часта спыняю цябе на дарозе i зрываю з цябе маску.

Памятаю, яшчэ юнаком убачыў я твой бледны тварык з тонкiмi губкамi ў душнай судовай зале. Ты была сярод адвакатаў. Расфуфыраныя дамы жорстка ўпiвалiся ў цябе позiркамi. Болей жорстка, чым тыя, хто збiраўся судзiць цябе.

Потым, у вясковым маёнтку, ты з'явiлася перада мной у вобразе маладой нервовай жанчыны, якой абрыдзелi клопаты старых сваякоў i прастадушнага мужа. А тыя даўмецца не маглi.

- Што гэта з ёю робiцца? Мы ж далi ёй усё, што трэба для шчасця!

Колькi разоў пасля таго зачаравана назiраў я, як ты прыкладвала да прыгожага твару сваю крыху велiкаватую руку! Колькi разоў глядзеў я праз жывыя краты клеткi, што завецца сям'ёй, як ты пакутуеш там, нiбы ваўчыца ў няволi. I я лавiў тады на сабе твой злосны, сумны позiрк.

Многiя будуць дзiвiцца, як мог я стварыць вобраз, яшчэ больш агiдны, чым мае астатнiя героi. Няўжо мне нiколi так i не давядзецца гаварыць пра людзей велiкадушных, дабрачынных, пра людзей з адкрытай душой. Аднак "душы наросхрыст" не маюць трагiчных гiсторый. А боль душ замкнутых, прыкаваных да грэшнага цела, мне добра вядомы.

Мне хацелася б, Тэрэза, каб твае пакуты, прывялi цябе да Бога, каб ты была вартая iмя святой Лакусты*. Але многiя з тых, хто верыць у падзенне i водкуп нашых змучаных, загубленых душ, пачалi б тады крычаць пра святатацтва...

* Лакуста (? - 68 - вядомая атручальнiца ў старажытным Рыме. Атруцiла iмператара Клаўдзiя i яго сына Брытанiка. (Тут i далей - заўвагi перакладнiка.)

Ва ўсякiм разе, я спадзяюся, што ты не адзiнокая на тым тратуары, дзе я развiтаўся з табой.

I

Адвакат адчынiў дзверы. Цёмны бакавы калiдор будынка суда напоўнiўся сырасцю. Тэрэза не спяшалася выходзiць i прагна ўдыхнула ў сябе свежае асенняе паветра. Яна баялася, што там, на дварэ, яе чакаюць. Чалавек з настаўленым каўняром адышоў ад платана: яна пазнала бацьку. Адвакат гучна сказаў яму: "Справа спынена. Саставу злачынства няма", i да Тэрэзы:

- Вы можаце выйсцi: тут нi адной душы.

Яна спусцiлася па мокрых прыступках. Сапраўды, на маленькай плошчы нiкога не было. Бацька не абняў яе i нават не паглядзеў у яе бок. Ён пачаў распытваць у адваката Дзюро. Той адказваў цiха, нiбы баяўся, што iх падслухаюць. Да Тэрэзы даляталi абрыўкi размовы:

- Заўтра я атрымаю афiцыйную пастанову суда.

- А што, нiякiх сюрпрызаў ужо не будзе?

- Не. Усё ў парадку.

- Я думаю, паказанне майго зяця выратавала становiшча.

- Выратавала... выратавала... У такiх справах нiколi не ведаеш...

- Але, раз ён сам прызнаўся, што нiколi не лiчыў кропель, прымаючы лякарствы...

- Ведаеце, Лярок, у падобных выпадках паказаннi ахвяры...

Пачуўся Тэрэзiн голас:

- Нiякай ахвяры не было!

- Я хацеў сказаць, мадам, ахвяры сваёй уласнай неасцярожнасцi.

Позiркi абодвух мужчын на нейкi момант спынiлiся на нерухомай фiгуры маладой жанчыны, зацiснутай у палiто, на яе бледным, абыякавым твары. Тэрэза папыталася, дзе стаiць iх экiпаж. Бацька сказаў, што загадаў фурману чакаць за горадам, на дарозе ў Бюдо, каб не прыцягваць да сябе лiшняй увагi.

Яны перайшлi цераз плошчу. На мокрых лаўках валялася апалае лiсце платанаў. Добра, што дзень стаў карацейшы i ўжо змяркалася. Дый прайсцi да экiпажа можна было непрыкметна: вулiцы ў гэтым раёне былi малалюдныя. Тэрэза iшла памiж мужчынамi. Яны вялi сваю размову, як быццам яе тут i не было. Часам яна заходзiла трохi наперад, i тады мужчыны адразу штурхалi яе локцямi, бо яна замiнала iм гаварыць. Нарэшце яна крыху адстала, зняла пальчатку з левай рукi i час ад часу зрывала пучкi моху, што нарос на старой каменнай сцяне, уздоўж якой яны iшлi. Яе абмiналi двухколкi, рабочыя на веласiпедах, i трэба было прыцiскацца да сцяны, каб не апырскала граззю адзежы. Змрок апускаўся на горад, i Тэрэза ўжо не баялася, што яе пазнаюць. Прывычны пах свежага хлеба, што iшоў з пякарань, пах туману Тэрэза ўспрымала цяпер нiбы водар жыцця, якое нарэшце зноў вярталася да яе. Тэрэза прыплюшчвала вочы, з асалодай смакуючы дыханне соннай зямлi i мокрай травы, i старалася не чуць гэтага маленькага чалавечка на кароткiх крывых ножках, якi нi разу не азiрнуўся на сваю дачку. Яна магла ўпасцi на гэтай дарозе: нi бацька, нi Дзюро гэтага не заўважылi б. Цяпер ужо не было патрэбы шаптацца, i яны гаварылi на ўвесь голас.

- Сапраўды, паказанне месьё Дэйскейру было цудоўнае... Але ж гэтая гiсторыя з рэцэптам... Па сутнасцi, там было фальшывае... Дый доктар Педмэ падаў скаргу...

- Але ж ён забраў яе назад...

- Тым не менш, вы паглядзiце, якое яна дала тлумачэнне: нейкi незнаёмы перадаў ёй рэцэпт...

Не так ад стомы, як ад жадання не чуць больш гэтых слоў, якiмi яе мучылi ўжо колькi тыдняў, Тэрэза пайшла памалей. Дарэмна. Немагчыма было не пачуць бацькавага фальцэту:

- Колькi разоў я ёй казаў: "Няшчасная, прыдумай ты што-небудзь другое..."

Што ж, супраць нiчога яму не скажаш: ён i праўда не раз гаварыў ёй гэта. Але чаму ж тады ён зноў хвалюецца. Тое, што ён лiчыць гонарам сям'i, выратавана. Да выбараў у сенат усё забудзецца, i нiхто не ўспомнiць пра гэтую гiсторыю. Так разважала Тэрэза, якой зусiм не хацелася даганяць сваiх спадарожнiкаў. Тыя, як на злосць, так захапiлiся размовай, што спынiлiся пасярод вулiцы:

- Паверце мне, Лярок, вам трэба апярэдзiць падзеi i перайсцi ў наступленне. Трэба змясцiць у нядзельным нумары "Сейбiта" артыкул з загалоўкам накшталт... "Агiдны паклёп..." Цi вам хацелася б, каб гэта я ўзяў на сябе?

- Не, дарагi, не. Дый цяжка напiсаць што-небудзь такое. Усе ведаюць, што следства вялося на скорую руку. Нават не падключылi экспертаў, каб высветлiць па почырку, хто напiсаў рэцэпт. Канешне, дзеля iнтарэсаў сям'i я гатоў пайсцi на ўсё, я буду дзейнiчаць. Але цяпер трэба заглушыць гэтую справу... замяць яе i маўчаць!

Адказу Дзюро Тэрэза не пачула, бо мужчыны рушылi з месца. Яна зноў прагна ўдыхнула вiльготнае начное паветра, нiбы баялася прыпадку ўдушша. Нечакана ўспомнiлася Жулi Белад, невядомая ёй бабка па матчынай лiнii. Твару яе Тэрэза нiколi не бачыла. Дарэмна было б шукаць яе партрэта, дагератыпа, або фатаграфii ў Лярокаў цi ў Дэскейру - нiхто пра яе нiчога не ведаў, акрамя таго, што яна сышла з дому. Тэрэза ўявiла сабе, што i яна магла б вось так знiкнуць, пайсцi ў нябыт, i яе дачка, яе маленькая Мары, нiколi не знайшла б у сямейным альбоме аблiчча той, хто падараваў ёй жыццё. А цяпер Мары засынае ў сваiм пакойчыку ў Аржалузе. Тэрэза вернецца дадому позна вечарам. Яна падыдзе да калыскi, прыслухаецца ў цемры да соннага дыхання дзiцяцi, схiлiцца над галоўкай Мары i, нiбы ад моцнай смагi, прыпадзе губамi да гэтай спакойнай крынiчкi жыцця.

Каля прыдарожнай канавы стаяў экiпаж з апушчаным верхам. Лiхтар высвечваў два худыя конскiя азадкi. Уздоўж дарогi цёмнай сцяной узвышаўся лес. Хвойныя вершалiны спляталiся ў высокую арку, пад якой пралягала дарога ў таямнiчую цемру. Мiж густымi сасновымi галiнамi вiдаць было начное неба.

Фурман з несхаванай цiкавасцю пазiраў на Тэрэзу. Яна папыталася, цi паспеюць яны на станцыю Нiзан на апошнi цягнiк. Фурман сказаў, што паспеюць, але не трэба затрымлiвацца i лепш выехаць раней.

- Вам з-за мяне толькi клопат, Гардэр. Але гэта ўжо апошнi раз.

- Значыцца, спраў тут у мадам больш няма?

Яна кiўнула галавой, а фурман усё не адводзiў ад яе позiрку. Няўжо цяпер усё жыццё яе так будуць разглядаць?

- Ну што? Ты задаволена?

Бацька, здавалася, нарэшце заўважыў, што яна тут. Тэрэза глянула на яго злосны, зямлiсты твар; лiхтар экiпажа ярка асвятляў жаўтаватае, сiвое шчацiнне бакенбардаў. Яна цiха сказала:

- Я столькi адпакутавала... Я зусiм разбiтая...

I змоўкла: цi варта гаварыць? Ён усё роўна не слухае i ўжо нават не глядзiць на яе. Што яму да яе перажыванняў? Яму важна адно: барацьба за месца ў сенаце, якую давялося часова спынiць з-за скандалу. ("Усе бабы - калi не iдыёткi, то iстэрычкi!") Добра яшчэ, што яна хоць не носiць прозвiшча Лярок. Цяпер яна Дэскейру. З палёгкай уздыхнуў ён толькi тады, калi ўдалося пазбегнуць суда прысяжных. Але што зрабiць, каб сапернiкi не вярэдзiлi гэтай раны? Заўтра ж ён пойдзе да прэфекта. Дзякуй Богу, уладальнiк газеты "Ланд кансерватрыс" пагарэў на спакушэннi малалетак. Цяпер ён ужо не канкурэнт... Месьё Лярок узяў Тэрэзу за руку:

- Сядай, пара ехаць.

Тады адвакат - можа, наўмысна, а можа, каб хоць што-небудзь сказаць Тэрэзе на развiтанне, - папытаўся, цi сустрэнецца яна сёння вечарам з месьё Дэскейру. Яна адказала: "Вядома, муж чакае мяне..." - i толькi цяпер, упершыню пасля суда, уявiла сабе, як праз некалькi гадзiн пераступiць парог спальнi, дзе ляжыць яшчэ не зусiм здаровы муж, i што многа дзён i начэй давядзецца ёй жыць разам з гэтым чалавекам.

З самага пачатку следства Тэрэза пасялiлася ў бацькавым доме на ўскраiне невялiкага гарадка. З таго часу не раз i не два рабiла яна такое падарожжа, як сёння. Але тады яе турбавала толькi адно: як мага больш дакладна ўсё расказаць мужу. Кожны раз перад ад'ездам дадому ўважлiва слухала яна парады адваката Дзюро, як трымацца мужу на чарговым допыце. У тыя днi Тэрэза не адчувала нiякiх пакут сумлення, нiякай няёмкасцi пры думцы, што зараз яна твар у твар сустрэнецца са сваiм хворым мужам. Тое, што адбылося з iмi, нiякага значэння тады не мела, затое важна было ведаць, пра што гаварыць, а пра што лепш памаўчаць. Бяда зблiжала Тэрэзу i Бернара, i нiколi яшчэ не адчувалi яны такой еднасцi, як у тыя днi, - iх яднала маленькая iстота - дачка Мары. Зноў i зноў узгаднялi яны сваю простую, але складную версiю, каб яна не выклiкала падазрэння ў дасцiпных следчых. Кожны раз пасля размовы з адвакатам Тэрэза сядала ў гэты экiпаж i кожны раз ёй хацелася, каб хутчэй скончылася яе начное падарожжа. А цяпер яна марыла пра тое, каб яно было бясконцым! Тэрэза добра памятае: варта было толькi сесцi ў экiпаж, як ёй ужо карцела апынуцца ў Аржалузе. А дарогай яна перабiрала ў памяцi звесткi, якiх чакаў Бернар. Яму не трэба баяцца i можна заявiць, што аднойчы вечарам жонка расказала яму, як нейкi зусiм незнаёмы чалавек упрасiў яе заказаць па рэцэпце лякарства. Сам незнаёмы нiбыта не мог пайсцi ў аптэку, бо быў вiнаваты аптэкару... Адвакат Дзюро лiчыў, аднак, што Бернару не трэба заходзiць занадта далёка i гаварыць, што ён памятае, як папракаў жонку за такую неасцярожнасць...

Але пра што гаварыць з Бернарам сёння, калi гэты жах развеяўся?.. Тэрэзе мроiцца iх адзiнокi дом, дзе муж чакае яе, спальня з кафлянай падлогай, лямпа на стале сярод газет i бутэлечак з лякарствамi... Яшчэ брэшуць на дварэ сабакi, пабуджаныя грукам экiпажа... Потым яны сцiхаюць i зноў усё нямее i настае ўрачыстая цiшыня, як i ў тыя ночы, калi Тэрэза глядзела на Бернара, а той пакутлiва курчыўся ад прыступаў рвоты. Тэрэза спрабуе ўявiць сабе той позiрк, якiм яны хутка абмяняюцца з мужам; а як пройдзе ноч, што будзе заўтра, праз тыдзень, праз месяц - у гэтым доме, дзе ўжо не трэба разам прыдумваць выгадную для сябе версiю перажытай драмы. Цяпер памiж iмi будзе стаяць толькi рэальнае, толькi тое, што адбылося... Тэрэзу ахоплiвае страх, яна штосьцi мармыча, павярнуўшыся да адваката (на самай справе яна гаворыць гэта бацьку):

- Я збiраюся пабыць некалькi дзён дома, з мужам. Калi яму палепшае, я вярнуся да бацькi.

- Вось як? Нi ў якiм разе, дарагая, чуеш?

Фурман заварушыўся на сваiх козлах, i Лярок, панiзiўшы голас, дадаў:

- Ты што, зусiм здурнела? Пайсцi ад мужа ў такi момант? Не, цяпер вы павiнны быць разам, як два пальцы адной рукi. Чуеш? Да самай смерцi...

- Праўда, тата. I што гэта мне прыйшло ў галаву? Але ж ты будзеш прыязджаць да нас у Аржалузу?

- Тэрэза, я буду чакаць вас, як i заўсёды, у чацвер - у днi кiрмашу. Так што прыязджайце да мяне, як i раней прыязджалi!

Проста неверагодна, як яна дагэтуль не зразумела, якой небяспекай было яму i ўсiм найменшае парушэнне прыстойнасцi! Гэта смерць! Зразумела? Цi мог ён разлiчваць на Тэрэзу? Яна ж нарабiла столькi непрыемнасцi сям'i...

- Ты будзеш рабiць усё, што скажа муж. Здаецца, я гавару ясна.

I месьё Лярок падштурхнуў Тэрэзу ў экiпаж.

Адвакат падаў Тэрэзе руку з цвёрдымi пачарнелымi пазногцямi: "Добра ўсё, што добра канчаецца", - сказаў ён. I гэта прагучала шчыра, бо калi б справа пайшла iнакш, ён не меў бы нiякай выгады: сям'я Лярокаў i Дэскейру наняла б адваката Пэйрэкава з судовай акругi Вардо. Сапраўды, усё скончылася добра...

II

Тэрэзе падабаўся гэты асаблiвы пах прэлай скуры старога экiпажа. Яна не любiла палiць у цемры i таму не вельмi перажывала, што забылася цыгарэты. Лiхтары асвятлялi адхон дарогi, махрыстую папараць, тоўстыя камлi волатаў соснаў. На грудах шчэбеню адбiваўся цьмяны сiлуэт экiпажа. Часам сустракалiся вазы, запрэжаныя муламi. Мулы самi скiроўвалi ўправа, а разамлелыя вазакi драмалi. Тэрэзе здаецца, што нiколi не будзе канца гэтай дарозе. Яна цешыць сябе надзеяй, што нiколi не даедзе да Аржалузы. Яшчэ больш за гадзiну язды да станцыi Нiзан, потым прыгарадны цягнiк з бясконцымi прыпынкамi. Ад Сэн-Клера, дзе ёй трэба выходзiць, да Аржалузы - 10 кiламетраў на двухколцы (дарога такая, што нiякi шафёр уночы не рызыкне туды ехаць на аўтамабiлi). На кожным павароце яшчэ можа ўмяшацца лёс i ўратаваць яе ад гэтай страшнай сустрэчы з мужам. У галаву ёй зноў прыходзяць думкi, якiя валодалi ёю напярэдаднi суда: калi б следства падтрымала абвiнавачанне, ёй хацелася б толькi аднаго землетрасення. Яна зняла капялюшык i прыцiснулася шчакой да пахучай скураной абiўкi. Ад штуршкоў кiвалася яе маленькая галоўка, яе бледны твар...

Да гэтага вечара яна жыла, нiбы загнаны звер, i толькi цяпер адчула непамерную стому. Асунуты скуласты твар, выцвiлыя губы i прыгожы высокi лоб. У яе быў выгляд чалавека, якi страцiў усе надзеi. I хоць людзi не прызналi яе вiнаватай, яна была прыгаворана - да вечнай адзiноты. Такую абаяльнасць (а раней яе лiчылi прыгожай) маюць людзi, якiм не заўсёды ўдаецца схаваць свае патаемныя пакуты i шчымлiвы душэўны боль. Затаiўшыся ў куточку экiпажа, Тэрэза - гэтая выкрытая атручальнiца, - едзе па калдобiстай дарозе праз гушчар сасновага бору. Яна з пяшчотай гладзiць правай рукой свой твар пакутнiцы, якiх жывых спальваюць на вогнiшчы. Што скажа ёй пры сустрэчы Бернар? Ён жа выратаваў яе сваiмi непраўдзiвымi паказаннямi... Наўрад цi ён сёння будзе пра што-небудзь пытацца... Але заўтра? Тэрэза заплюшчвае вочы, потым, расплюшчыўшы iх, глядзiць навокал. Конi iдуць паволi. Тэрэза спрабуе пазнаць, дзе яна, што гэта за ўзгорак... Ах, не варта думаць пра гэтую сустрэчу. Магчыма, усё будзе намнога прасцей, чым ёй здаецца. Не трэба нiчога думаць. Заснуць... Чаму яна ўжо не ў экiпажы? Стол, засланы зялёным сукном. За сталом нейкi чалавек. А-а, гэта следчы... Iзноў ён... Але ж ён добра ведае, што справа спынена. Тым не менш ён адмоўна кiвае галавой i справа не спыняецца, ёсць новы факт. Новы факт? Тэрэза адварочваецца, каб вораг не бачыў яе перакошанага твару. "Паспрабуйце ўспомнiць, мадам, хiба вы нiчога не схавалi ў кiшэнi той старой палярыны, якую вы носiце цяпер толькi ў кастрычнiку, калi iдзяце на паляванне, пастраляць вехiроў?" Адмаўляцца немагчыма. Тэрэза задыхаецца. Не зводзячы вачэй са сваёй ахвяры, следчы кладзе на стол пакецiк, запячатаны чырвоным сургучом. Тэрэза магла б на памяць расказаць, што там напiсана, а з вуснаў следчага ляцяць словыстрэлы:

Хлараформ - 10 грамаў.

Аканiцiн - 2 грамы.

Дыгiталiн - 0,2 грама.

Следчы пачынае рагатаць... Заскрыгатаў тормаз. Тэрэза прачынаецца. На поўныя грудзi ўдыхае ў сябе туман (мусiць, пачаўся спуск да Белага ручая). Вось так i ў юнацтве ёй не раз снiлася, што яе памылкова прымушаюць другi раз здаваць выпускныя экзамены. I цяпер да яе прыйшло тое радаснае адчуванне палёгкi, як i тады, калi яна прачыналася ад страшнага сну. Непакоiла трохi толькi тое, што няма афiцыйнага дакумента пра спыненне справы. "Але ты ж ведаеш, што спачатку давядуць да ведама адваката..."

Вольная! Чаго ж яшчэ жадаць? Цяпер можна будзе проста наладзiць жыццё з Бернарам. Адкрыць яму ўсю душу, нiчога не ўтойваючы, - вось дзе выратаванне. Неадкладна, сёння ж вечарам, трэба расказаць яму пра ўсё. Ад гэтага рашэння Тэрэзе становiцца лёгка i радасна. Па дарозе да Аржалузы ў яе яшчэ хопiць часу, каб "падрыхтавацца да споведзi", як любiла гаварыць яе верная сяброўка Анна дэ ля Траў кожную суботу ў бесклапотную пару iх летнiх канiкулаў. Мiлая малодшая сястра Анна, нявiннае стварэнне, ты так многа месца займаеш ва ўсёй гэтай гiсторыi! Нават людзi крыштальнай чысцiнi не ведаюць, у якiя путы яны ўблытваюцца кожны дзень, кожную ноч i якiя атрутныя зярняты прарастаюць там, дзе ступалi iх дзiцячыя ножкi...

Што казаць, гэтая маленькая дзяўчынка мела рацыю, калi паўтарала лiцэiстцы Тэрэзе, гэтай разважлiвай насмешнiцы: "Ты i ўявiць сабе не можаш, якую палёгку адчуваеш, калi на споведзi прызнаешся ва ўсiм i атрымлiваеш адпушчэнне грахоў. Усё нядобрае знiкае, сцiраецца, i можна пачынаць жыццё нанава". I праўда, варта было Тэрэзе наважыцца пра ўсё расказаць мужу, як з яе спаў цяжкi груз: "Бернар будзе ведаць усё. Я сама яму раскажу..."

Але што яна скажа? З чаго пачаць прызнанне? Хiба можна перадаць словамi гэтае заблытанае спляценне жаданняў, рашэнняў, непрадбачаных учынкаў? А як спавядаюцца тыя, хто свядома iшоў на злачынства?... "Але ж я... я не разумею свайго злачынства. Я не хацела зрабiць таго, у чым мяне абвiнавачваюць. Я сама не ведала, чаго хацела. Я не ведала, куды прывядзе мяне гэтая неўтаймоўная сiла. Колькi ж яна разбурыла на сваiм шляху? Нават самой страшна..."

Пад'ехалi да чыгуначнай станцыi Нiзан. Закураны лiхтар асвятляў пабеленую сцяну вакзала. Каля ўвахода стаяла брычка. (О, якая цемра пануе над лiхтаром!) Недзе зусiм побач пыхкаў паравоз. Гардэр узяў Тэрэзiн сакваяж, зноў акiнуўшы яе сваiм цiкаўным позiркам. Яму, вiдаць, жонка загадала: "Ты ж хоць паглядзi на яе добранька, якая яна цяпер, мо i з твару змянiлася..." Тэрэза падаравала бацькаваму фурману тую сваю колiшнюю ўсмешку, якая вымушала людзей гаварыць: "Яе не зразумееш, прыгожая яна цi не, проста адчуваеш яе абаяльнасць..." Тэрэза папрасiла Гардэра купiць бiлет - самой страшна было iсцi ў касу праз пачакальню, дзе сядзелi над сваiм вязаннем нейкiя дзве жанчыны.

Фурман прынёс бiлет. Тэрэза сказала яму пакiнуць рэшту сабе. Ён дакрануўся рукой да шапкi, сеў на козлы, паправiў лейцы i апошнi раз глянуў на дачку свайго гаспадара.

Цягнiка яшчэ не сфармiравалi. Калiсьцi, прыязджаючы на летнiя канiкулы цi вяртаючыся ў горад на пачатку навучальнага года, Тэрэза Лярок i Анна дэ ля Траў радавалiся доўгай затрымцы на станцыi Нiзан. Яны заходзiлi ў харчэўню, елi яечню з вяндлiнай, а потым, абняўшыся, шпацыравалi па дарозе. Якая ж яна сёння цёмная i непрытульная! А тады, - успамiнаецца Тэрэзе, - усё навокал было залiта пяшчотным месячным святлом... Сяброўкi бесклапотна смяялiся, гледзячы на свае доўгiя ценi, якiя злiвалiся ў адзiн. Гаварылi яны пра сваiх настаўнiц, таварышак. Адна абараняла свой манастырскi пансiён, другая - свой лiцэй. "Анна..." - гукнула ў цемру Тэрэза. Перш за ўсё Бернару трэба расказаць пра Анну... Ён жа так любiць дакладнасць: педантычна раскладвае ўсе пачуццi, кожнае разглядае асобна i не мае нiякага ўяўлення, якая складаная сетка шляхоў, пераходаў i перапляценняў iснуе памiж iмi. Як жа пазнаёмiць яго з гэтымi заблытанымi матэрыямi, якiмi жыла i пакутавала Тэрэза. А зрабiць гэта трэба. Застаецца толькi адно: сёння вечарам зайсцi ў спальню, сесцi каля яго ложка i расказваць, расказваць... пакуль Бернар не спынiць яе i не скажа: "Цяпер я ўсё разумею. Устань. Я дараваў табе".

Яна цiха прайшла цераз садзiк начальнiка станцыi, адчула пах хрызантэм, хоць самiх кветак у цемры не было вiдно. У купэ першага класа пуста. Ды пры такiм цьмяным асвятленнi наўрад цi хто й пазнаў бы яе. Чытаць немагчыма. Зрэшты, самы цiкавы раман падаўся б Тэрэзе прэсным у параўнаннi з яе асабiстым жыццём. Можа, яна памрэ ад сораму, ад страху, ад пакут сумлення, ад стомы, але толькi не ад суму.

Яна прыцiснулася да сцяны, заплюшчыла вочы. Няўжо такая разумная жанчына, як яна, не здолее расказаць усёй гэтай драмы так, каб сутнасць яе стала зразумелая? Можа, усё адбудзецца вось як: Тэрэза скончыць сваю споведзь i Бернар скажа ёй: "Тэрэза, iдзi, супакойся i не хвалюйся. Мы будзем жыць у Аржалузе, у гэтым жа доме, да самай смерцi, i нiколi памiж намi не паўстане тое, што адбылося. Я хачу пiць. Схадзi сама на кухню i прынясi мне шклянку апельсiнавага напiтку. Я вып'ю яго залпам, нават калi ён будзе мутнаваты i з тым самым прысмакам, што ў таго шакаладу, якiм ты паiла мяне тады ранiцай. Помнiш, любая, як мяне рвала? Ты падтрымлiвала мне галаву сваiмi мiлымi рукамi, не адводзячы вачэй ад зеленаватай вадкасцi, якую выкiдваў мой страўнiк. Прыступы рвоты зусiм не палохалi цябе. Але як жа ты збялела ў тую ноч, калi я сказаў табе, што ў мяне нямеюць i адымаюцца ногi! Помнiш, мяне пачало трэсцi. А гэты прасцяк доктар Педмэ нiяк не мог уцямiць, чаму ў мяне тэмпература нiзкая, а пульс такi часты..."

"Ах, не, - думае Тэрэза, - так ён нiчога не зразумее. Трэба пачаць з самага пачатку..." А дзе гэты пачатак? Наша жыццё, калi мы хочам адасобiць, iзаляваць яго, нагадвае раслiны, якiя нельга вырваць з усiмi каранямi. Можа, пачаць з самага дзяцiнства?.. Але ж i дзяцiнства - гэта таксама нейкi канец, нейкае завяршэнне.

Тэрэзiна дзяцiнства - гэта чысты празрысты выток самай каламутнай ракi. У лiцэi яна, здавалася, была да ўсяго абыякавая i не заўважала тых маленькiх драм, якiя перажывалi яе сяброўкi. Тэрэзу Лярок настаўнiцы часта ставiлi за прыклад: "Тэрэзе не трэба нiякiх узнагарод, акрамя радаснага разумення, што яе лiчаць увасабленнем высокiх чалавечых пачуццяў. Сумленне - вось яе адзiная пуцяводная зорка. Гордая думка, што яна належыць да чалавечай элiты, падтрымлiвае яе больш надзейна, чым страх перад пакараннем..." Так характарызавала яе адна настаўнiца. "А цi была я такая шчаслiвая, чыстая сэрцам", - пытаецца ў сябе Тэрэза. Вядома, усё, што было да замужжа, згадваецца як нешта асаблiва чыстае ў параўнаннi з агiдным брудам шлюбнай ночы. Лiцэй, усё, акрамя шлюбу i мацярынства, - усё гэта цяпер рай. Аднак тады я гэтага не разумела. I хiба можна было дапусцiць, што ў той час, калi жыццё маё яшчэ не пачыналася, я якраз i жыла сапраўдным жыццём. Папраўдзе, я была чыстая, я была анёлам! Аднак анёл гэты быў залiшне перапоўнены моцнымi пачуццямi. Што б там нi гаварылi пра мяне настаўнiцы, а я пакутавала i прымушала пакутаваць другiх. I гэта было мне прыемна. Нашы беды былi вельмi чыстыя i не выклiкалi нiякiх пакут сумлення. Нашы непрыемнасцi i радасцi спараджалiся самымi нявiннымi жаданнямi.

Тэрэзе ўспомнiлiся спякотныя летнiя днi, калi яны сустракалiся з Аннай у цяньку пад векавымi дубамi Аржалузы. Як прыемна тады было адчуваць сябе роўнай з гэтым нявiнным дзяўчом, выхаваным манашкамi ў Сакрэ-Кёр. З поўным правам яна магла сказаць тады: "Паслухай, Анна! Каб быць такой жа чыстай, як ты, мне зусiм не патрэбны гэтыя вашы ладанкi i бясконцыя малiтвы". Тым болей што i сама чысцiня Анны дэ ля Траў iшла перш-наперш ад няведання, бо выхавальнiцы Сакрэ-Кёр стваралi дзесяткi перагародак памiж рэальным жыццём i сваiмi выхаванкамi. Тэрэза ставiлася з пагардай да гэтых дзяўчатак за тое, што яны не размяжоўвалi дабрачыннасцi з няведаннем. "Анна, дарагая, ты зусiм не ведаеш жыцця", - любiла яна паўтараць у той далёкi слаўны час...

Цягнiк нарэшце кранаецца з месца. "Што ж, - думае Тэрэза, - калi я хачу ва ўсiм разабрацца, то трэба i пачынаць з гэтых бесклапотных незабыўных дзён". Неверагодна, але, напраўду, гэта так - ясны золак нашага жыцця ўжо тоiць у сабе грозныя навальнiцы. Блакiтны свiтанак - чакай буры цi маланак. А пасля буры - разбураныя кветнiкi, паламаныя дрэвы, гразь...

За ўсё сваё жыццё Тэрэза нiколi нi аб чым не задумвалася, нiчога сабе наперад не загадвала; на яе шляху не было рэзкiх паваротаў: спачатку памалу, а потым усё хутчэй i хутчэй апускалася яна ўнiз... I сёння ў Аржалузу едзе зусiм не юная шчаслiвая iстота, каб пацешыцца летнiмi вакацыямi, а забiтая горам жанчына. Едзе крадком, пад сховам цемры...

Як жа яна стамiлася... Дый нашто разблытваць клубок прычын таго, што адбылося? Чорная цемра стаiць за вагонным акном, у якiм бачыцца Тэрэзе толькi цьмяны адбiтак яе мёртвага твару. Рытмiчнае пагойдванне нечакана спыняецца, чуваць працяжны гудок лакаматыва. Цягнiк асцярожна падыходзiць да чарговай станцыi. Хтосьцi памахвае лiхтаром, чуецца гаворка на мясцовым дыялекце, пранiзлiва вiшчаць парасяты, якiх, вiдаць, выгружаюць на платформу: гэта ўжо Узэст. Яшчэ адна станцыя - i Сэн-Клер. Там Тэрэза перасядзе на двухколку i даедзе да самага дому. Як мала застаецца часу, каб падрыхтавацца да абароны!

III

Аржалуза - гэта i праўда край свету. Далей ехаць ужо няма куды. Тутэйшыя людзi завуць гэтую мясцiну "акалодкам": тут няма нi царквы, нi мэрыi, нi могiлак - проста некалькi фермаў, раскiданых вакол жытняга поля. За 10 кiламетраў адгэтуль - невялiчкi гарадок Сэн-Клер, куды вядзе адзiная разбiтая дарога. За Аржалузай яна разгалiноўваецца на шматлiкiя пясчаныя сцяжынкi, i да самага акiяна, на 80 кiламетраў, перад вамi будуць толькi балоты, лагуны, чэзлыя хвоi, дзюны, дзе пасуцца авечкi, у якiх воўна напрадвеснi набывае характэрны попельны колер. З гэтага закiнутага акалодка паходзяць самыя заможныя сем'i Сэн-Клера. У сярэдзiне мiнулага стагоддзя, калi смала i драўнiна пачалi прыносiць прыбытак да тых мiзэрных заробкаў, якiя жыхары Аржалузы мелi ад авечкагадоўлi, дзяды сённяшнiх багатых людзей Сэн-Клера перасялiлiся ў гэты гарадок, а iх колiшнiя двары ў Аржалузе сталi фермамi. Выразаныя з дрэва фiгуркi, якiя ўпрыгожваюць вокны i ганкi, ды мармуровыя камiны, што яшчэ сям-там збераглiся, сведчаць пра колiшнюю годнасць i густ гаспадароў. Але з кожным годам сялiбы ўсё больш асядаюць, а некаторыя стрэхi дастаюць амаль што да зямлi.

Сярод гэтых старых будынкаў яшчэ заставалiся два панскiя дамы. Сем'i Лярок i Дэскейру захавалi iх у тым выглядзе, у якiм атрымалi ў спадчыну ад сваiх продкаў. Мэр горада Б., член генеральнага савета дэпартамента Жэром Лярок меў сваю галоўную рэзiдэнцыю пры ўездзе ў сталiцу супрэфектуры, i нiчога не хацеў мяняць у доме ў Аржалузе, якi яму пакiнула нябожчыца жонка (яна памерла пры родах, калi Тэрэза была яшчэ зусiм малая). Тое, што Тэрэза любiла летнiя канiкулы iменна ў Аржалузе, дзе яна ўпершыню ўбачыла свет, зусiм не дзiвiла месьё Лярока. Яна прыязджала сюды ў лiпенi i жыла пад наглядам цёткi Клары, старэйшай бацькавай сястры. Гэта была жанчына ў гадах, якая састарэла ў дзеўках, да таго ж глухая. Цётка таксама любiла гэты адзiнокi куточак, дзе, як яна казала, ёй не трэба было ўвесь час сачыць за чужымi губамi, каб хоць напалову зразумець субяседнiка. З ёй тут размаўлялi толькi вецер ды сосны...

Месьё Лярок ахвотна пускаў сваю дачку ў Аржалузу. Гэта здымала з яго лiшнi клопат, а галоўнае - зблiжала Тэрэзу з Бернарам-Дэскейру, за якога яна павiнна была выйсцi замуж. Так пажадалi абедзве сям'i, хоць iх пагадненне яшчэ не мела афiцыйнага характару.

Бернар Дэскейру атрымаў ад свайго бацькi дом у суседстве з Лярокамi. Праўда, паяўляўся ён там толькi з надыходам паляўнiчага сезону, жыў найчасцей у будане, а ў доме начаваў толькi ў кастрычнiку. Зiмой гэты разважлiвы малады чалавек вывучаў права ў Парыжы. Летам прыязджаў сюды хiба што на некалькi дзён, бо недалюблiваў свайго айчыма Вiктора дэ ля Траў, якi прыйшоў у сям'ю Дэскейру гол як сакол, затое вельмi хутка пацвердзiў перад усiм Сэн-Клерам сваю рэпутацыю адмысловага марнатраўцы. Бернар без асаблiвай увагi адносiўся да сваёй зводнай сястры Анны дэ ля Траў, бо лiчыў яе яшчэ зусiм малой. А цi многа ён думаў пра Тэрэзу? У ваколiцах толькi i гаварылi пра iх вяселле, бо сама маёмасць Лярокаў i Дэйскейру, здавалася, на тое i iснавала, каб аднойчы аб'яднацца. Разумны малады чалавек пагаджаўся з гэтай усеагульнай думкай. Разам з тым ён нiчога не пакiдаў на волю выпадку i лiчыў справай гонару ўменне наладзiць уласнае жыццё: "Чалавек бывае няшчасны толькi па сваёй вiне..." любiў паўтараць гэты сытаваты юнак. Да жанiцьбы ён пароўну дзялiў свой час на справы i забаўкi. Любiў добра з'есцi, выпiць i асаблiва хадзiць на паляванне. Затое i ў працы, i ў вучобе гэты чалавек быў, са слоў мацi, "апантаны", - бо муж павiнен быць больш адукаваны, чым жонка. Мiж тым, Тэрэза ўжо тады славiлася сваiм розумам. "Што ж, яна i праўда разумная, нiчога не скажаш...", - пагаджаўся Бернар. Зрэшты, ён добра ведаў, як паставiць жанчыну на месца... "I хiба дрэнна, - не раз паўтарала яму мацi, - мець за цесця месьё Лярока? Хто-хто, а гэты чалавек будзе карысны..."

I вось у 26 гадоў, зрабiўшы некалькi падарожжаў па грунтоўна прадуманым маршруце ў Iталiю, Гiшпанiю, Галандыю, Бернар Дэскейру вырашыў ажанiцца. Яго абраннiцай была адна з самых багатых i разумных дзяўчат ва ўсёй акрузе. Магчыма, яна была не самая прыгожая, аднак гэта ж пра яе гаварылi: "Яе не зразумееш, прыгожая яна цi не. Проста адчуваеш яе абаяльнасць..."

Тэрэзе стала аж смешна, калi яе фантазiя намалявала вось гэтую карыкатуру на Бернара: "Што нi гавары, а ён намнога лепшы, чым большасць маладых людзей, за якiх я магла б выйсцi замуж".

Увогуле жанчыны ў гэтых мясцiнах больш адчувальныя, тонкiя, чым мужчыны, якiя са школьнай парты кампануюць толькi памiж сабою i асаблiвай душэўнай вытанчанасцi не набываюць. Мужчынскае сэрца назаўсёды аддадзена ландам. З iмi звязаны ўсе радасцi мужчыны. I нават на нейкi час пакiдаючы ланды, ён усё роўна ў думках застаецца з iмi. Страцiць падабенства з фермерам, адрачыся ад мясцовай гаворкi, адмовiцца ад грубаватых манер, звычаяў - азначала б для мужчыны здрадзiць родным ландам. Але цi не хаваецца пад суровым выглядам Бернара нейкая своеасаблiвая дабрыня? Калi ён хварэў i быў амаль што гатовы развiтацца з гэтым светам, фермеры гаварылi: "Другога такога гаспадара ўжо не будзе..." Канешне, Бернар добры, справядлiвы, шчыры. Нiколi не любiць гаварыць пра тое, чаго не ведае, не пераацэньвае сваiх магчымасцей. У маладосцi ён быў не такi ўжо i непрыгожы, гэты нязграбны Iпалiт*, якога дзяўчаты цiкавiлi куды менш, чым паляванне на зайцоў.

* Тут маецца на ўвазе цнатлiвы малады чалавек. У мiфалогii старажытнай Грэцыi Iпалiт - юнак, якi не прыняў кахання сваёй мачахi Федры.

Тэрэза прыцiскаецца шчакой да вагоннага акна. Прыплюшчвае вочы, i зусiм не Бернар, яе раўнадушны жанiх, паўстае перад ёю, а яго малодшая сястра Анна. Гэта яна, расчырванелая, iмчыцца на веласiпедзе па дарозе з Сэн-Клера ў Аржалузу. Яшчэ толькi каля 9 гадзiн ранiцы, яшчэ не наступала самая спёка, а цыкады, нiбы iскры, пералятаюць ад хвоi да хвоi i зямля пад летнiм небам дыхае жарам, быццам вялiзная распаленая печ. З верасовых зараснiкаў узнiмаюцца хмары машкары.

"Накiнь што на плечы, бо ў нас у гасцiнай холадна, як у лядоўнi", гаварыла Анне Тэрэза. А цётка Клара дадавала: "Дзiцятка маё, зараз я дам табе выпiць чаго-небудзь халодненькага. Пачакай, астынь трохi, ты ж уся аблiваешся потам..." Анна гучна вiталася з глухой цёткай. "Ты так ужо не старайся, сцiшвала яе Тэрэза, - яна добра разумее па губах". Дарэмна Анна старанна вымаўляла кожнае слова, крывячы свой маленькi роцiк: цётка адказвала неўпапад, i ўрэшце, не вытрымаўшы, сяброўкi выбягалi на двор, каб там уволю насмяяцца.

З гэтага цёмнага вагона глядзiць Тэрэза на лепшыя днi свайго жыцця - такiя чыстыя, напоўненыя трапяткой няпэўнай надзеяй шчасця. Не ведала яна тады, што тыя водблiскi радасцi - яе адзiнае шчасце ў гэтым свеце. Нiчога, нiчога не прадракала, што не будзе ў яе жыццi святлейшых часiн, чым у тое спякотлiвае лета...

Яна сядзела побач з Аннай на старой канапе, абабiтай чырвоным рыпсам... На каленях у Анны ляжаў альбом фатаграфiй... Адкуль жа прыходзiла тады шчасце? Хiба было што-небудзь агульнае ў густах Тэрэзы i Анны? Да кнiг Анна ахвоты не мела, любiла яна толькi шыць, шаптацца i смяяцца, Нi пра што сур'ёзна не думала. А Тэрэза з прагнасцю чытала i раманы Поля дэ Кока, i "Размовы ў панядзелак" Сэнт-Бёва, i "Гiсторыю консульства" Цьера - усё, што магло апынуцца на кнiжных палiцах маёнтка. У адным толькi супадалi iх густы: iм падабалася быць разам у гэтыя летнiя днi, калi адзiны прытулак ад спёкi можна было знайсцi ў зацемненым пакоi. Часам Анна ўставала паглядзець, цi не спала гарачыня. Аднак варта толькi было адчынiць аканiцы, як у пакой, нiбы струмень расплаўленага металу, урывалася сонечнае святло. Здавалася, вось-вось возьмецца гарэць цыноўка на падлозе... Таму трэба было хуценька ўсё зачыняць.

Нават надвячоркам, калi сонца ўжо толькi знiзу падфарбоўвала ў чырвонас ствалы дрэў i калi апошнi конiк нястрымна стракатаў ля самай зямлi - нават i тады яшчэ стаяла гарачыня пад дубамi. Сяброўкi зручна ўсаджвалiся на палявой мяжы, нiбы на беразе возера. Над iмi праплывалi навальнiчныя хмары. У iх зменлiвых абрысах дзявочая фантазiя ўгадвала казачныя фантастычныя вобразы. Вось Анна ўбачыла на небе крылатую жанчыну, але пакуль Тэрэза разгледзела яе, воблака выцягнулася i ператварылася ў нейкую дзiўную пачвару.

У вераснi ўжо можна было па паўднi выйсцi з дому i прайсцiся па бязводнай сасмаглай ваколiцы, - у Аржалузе не знойдзеш нiводнага ручайка, i трэба доўга iсцi па пяску, каб трапiць да вытокаў рачулкi з назвай Юр. Яна нараджаецца з мноства крынiчак, якiя б'юць у вузкiх травянiстых лагчынках сярод карэння алешнiку. Босыя ногi дзяўчатак дубянелi ў ледзяной вадзе, але варта было ступiць на зямлю, як яна зноў апякала iх. Адзiн з тых буданоў, дзе ў кастрычнiку спыняюцца паляўнiчыя на вехiроў, быў для сябровак не менш жаданай схованкай ад спёкi, чым i цёмная гасцiная ў маёнтку. Iм не было пра што гаварыць, ды i не хацелася. Хутка прабягалi шчаслiвыя хвiлiны гэтых доўгiх нявiнных прывалаў. Тэрэза i Анна замiралi ў нерухомасцi, нiбы баялiся паварушыцца. Так пры з'яўленнi вехiроў затойваецца паляўнiчы, робячы знак сваiм спадарожнiкам: "Цiшэй!" Сяброўкам таксама здавалася, што варта зрабiць толькi адзiн жэст, адзiн рух - i знiкне гэтае няпэўнае, трапяткое адчуванне шчасця. Першая ўставала Анна. Яна два-тры разы пацягвалася i спяшалася пастраляць жаваранкаў. Тэрэза не магла глядзець на гэтую забаўку i тым не менш iшла следам: не хацелася хоць на момант разлучацца. Анна брала паляўнiчую стрэльбу, якая пры выстрале не рабiла аддачы. Тэрэза, стоячы на ўзгорку, назiрала, як сяброўка хавалася ў жыце i прыцэльвалася. Здавалася, што яна цэлiлася ў сонца, жадаючы яго патушыць. Тэрэза затыкала вушы. Дзесьцi ў небе абрывалася радасная бесклапотная песня жаўрука... Анна знаходзiла параненую птушку, асцярожна сцiскала яе ў руках, лашчыла губамi лёгкi, яшчэ цёпленькi камячок, а потым нечакана душыла небараку.

- А заўтра прыйдзеш?

- Вiдаць, не. Нельга ж кожны дзень!

Анна не хацела сустракацца з Тэрэзай штодня. А супраць яе адказу не запярэчыш. Ды Тэрэзе i ў галаву не прыйшло б штосьцi пярэчыць. Вядома, нiчога не замiнала ёй прыязджаць часцей, але нашто бачыцца кожны дзень? "Так нарэшце можна i надакучыць адна адной". На гэта Тэрэза адказвала: "Ага... праўда... Галоўнае, не прымушай сябе: прыязджай тады, калi табе вельмi захочацца, калi нiчога лепшага ў цябе не будзе". I тонкая постаць дзяўчынкi-падлетка знiкала ў прыцемках, а з дарогi даносiўся званок веласiпеда.

Тэрэза вярталася дамоў; фермеры здалёк кланялiся ёй; дзецi да яе не падыходзiлi. У гэты час, рассыпаўшыся, пасвiлiся пад дубамi авечкi; яны нечакана збiвалiся ў гурт i пускалiся наўцёкi. Следам, гукаючы, бег пастух. Цётка Клара чакала Тэрэзу на ганку i, як гэта бывае з глухiмi, пачынала гаварыць, гаварыць, абы толькi маўчала пляменнiца. I чаму на душы рабiлася так сумна? Чытаць не хацелася, нiчога не хацелася, i Тэрэза зноў выходзiла на двор. "Не iдзi далёка, зараз будзем вячэраць". Яна iшла да дарогi. Усюды перад ёю была адзiнота i пустэча. На кухнi давалi званок: час вячэраць. Сёння, бадай, можна запалiць лямпу. Цётка, паклаўшы рукi крыж-накрыж, нерухома сядзела за сталом. I для гэтай глухой жанчыны цiшыня была такой жа шматзначнай i глыбокай, як i для маладой дзiкункi Тэрэзы.

"Бернар, Бернар... Як жа цябе ўвесцi ў гэты заблытаны свет? Цябе, хто з пароды сляпых, бязлiтасных людзей, якiя спрашчаюць усё на свеце..." "Не, думае Тэрэза, - ён пасля першых жа слоў спынiць мяне: "А чаму ж вы тады выйшлi за мяне замуж? Я ж за вамi не бегаў..." I праўда, чаму яна выйшла за яго? На самай справе, ён зусiм не спяшаўся жанiцца. Тэрэза добра памятае, як мацi Бернара мадам дэ ля Траў паўтарала кожнаму стрэчнаму: "Ён яшчэ i пачакаў бы, але яна!.. Яна настойвала, прыспешвала. На жаль, у яе зусiм не такiя прынцыпы, як у нас; яна, напрыклад, палiць, пыхкае, як паравоз, гэта яе манера. I ўсё ж, яна - натура шчырая, адкрытая. Мы хутка прывучым яе да здаровых iдэй. Безумоўна, не ўсё нас радавала ў гэтым шлюбе... Не ўсё... Ды хоць, напрыклад, гэтая яе бабка Белад... мы ж усё ведалi... хоць справа, як быццам, даўно забытая. I гэта ж трэба: так лоўка яны ўсё тады заглушылi, што нават i не дайшло да скандалу. А вы цi верыце ў спадчыннасць? Вядома, у бацькi далёка не самы лепшы характар. Але ж дачцэ ён падаваў толькi добрыя прыклады: гэта проста святы чалавек. Акрамя таго, у яго вялiкiя сувязi, а гэта яшчэ нiкому не шкодзiла. Ды ўрэшце сёе-тое трэба i не заўважаць. I яшчэ - можа, вы й не паверыце, - Тэрэза багацейшая за нас. Гэта неверагодна, але гэта так. А як яна любiць Бернара, хiба гэта на бяду?.."

Сапраўды, яна любiла Бернара, i гэта давалася ёй без намаганняў. Варта было ёй пры сустрэчы ў гасцiнай цi пад дубамi толькi ўзняць на яго вочы, як у яе позiрку загараўся агонь шчырай закаханасцi. Бачыць ля сваiх ног такую здабычу Бернару было, безумоўна, прыемна. "Не забаўляйся з ёю, сынок, - часта паўтарала мацi, - яна знемагае..."

"Я выйшла за яго замуж таму, што..." Тэрэза хмурыць бровы, закрывае рукамi вочы, спрабуе ўспомнiць. Ну, вiдаць, сваю ролю адыграла дзiцячая радасць, што, дзякуючы гэтаму шлюбу, яна стане сваячкай Анны. Хоць радавалася гэтаму больш Анна. Для Тэрэзы ж сваяцкiя адносiны асаблiвага значэння не мелi. Праўду кажучы (чаго тут чырванець i саромецца), дзве тысячы гектараў Бернаравай зямлi не пакiдалi яе абыякавай. Схiльнасць да ўласнасцi заўсёды была ў яе крывi. Калi пасля доўгiх абедаў са стала прымалi посуд i прыносiлi спiртныя напiткi, Тэрэза часта заставалася з мужчынамi i з цiкавасцю слухала iх размовы пра фермы, фермераў, умацавальныя слупы для шахтаў, якiя вывозiлiся з iх лесу, пра смалу i шкiпiнар. Стан маёмасцi, падлiкi, лiчбы - усё гэта захапляла Тэрэзу. Няма нiякага сумнення, яе спакушала думка стаць уладальнiцай гэтых бясконцых хваёвых лясоў. "Дарэчы, яму таксама падабалiся мае сосны". Аднак, магчыма, Тэрэза падпарадкавалася тады нейкаму другому няпэўнаму пачуццю, якое яна цяпер спрабуе вызначыць: можа, у гэтым шлюбе яна шукала не столькi ўлады, багацця, колькi прытулку. Сапраўды, нiчога яе так не падштурхоўвала на гэты шлюб, як панiчнае пачуццё страху. Маладая, але практычная дзяўчына з дзяцiнства ведала гаспадарку i спяшалася ўвайсцi ў адпаведныя яе становiшчу колы, заняць там раз i назаўсёды пэўнае месца. Яна хацела затаiцца, схавацца ад нейкай невядомай нават ёй самой небяспекi. Нiколi ў сваiм жыццi Тэрэза не была такой разважлiвай, як падчас сваiх заручын з Бернарам: яна iшла да яснай мэты уступiць у сямейны клан, "уладкавацца", выратаваць сябе, быць у асяродку, дзе пануе розум i парадак.

У вясну iх заручын яны хадзiлi з Бернарам на прагулкi па пясчанай дарозе, што вядзе ад Аржалузы да Вiльмiжа. На дубах плямамi цямнелi сухiя лiсты, якiя засланялi блакiт веснавога неба. Парыжэлая леташняя папараць прылягала да долу, а з зямлi ўжо прабiвалiся зялёныя парасткi. Бернар гаварыў: "Асцярожна з цыгарэтай. Можна нарабiць пажару, а вады ў ландах зусiм не засталося". Тэрэза пыталася: "А цi праўда, што ў папарацi ёсць сiнiльная кiслата?" Бернар добра не ведаў, цi дастаткова яе ў папарацi, каб атруцiцца. I голасам, поўным пяшчоты, спытаўся: "Няўжо вам хочацца памерцi?" Тэрэза смяялася. Ён папрасiў яе трымацца прасцей. Тэрэза ўспомнiла, як яна заплюшчыла вочы, а дзве моцныя рукi абнялi яе маленькую галоўку i Бернар шапнуў ёй на вуха: "Здаецца мне, што ў гэтай галоўцы яшчэ ёсць свавольныя думкi". Яна адказала: "Вы, Бернар, i вызвалiце мяне ад iх".

Яны з цiкавасцю назiралi за працай муляраў, якiя рабiлi прыбудову да фермы ў Вiльмiжа. Яе гаспадары жылi ў Бардо, а гэтую ферму збiралiся прыстасаваць пад летнюю дачу для iх апошняга сына, у якога "былi вельмi слабыя грудзi". Яго сястра памерла ад такой жа хваробы. Бернар недалюблiваў гэтых Азеведа: "Яны божацца, што не жыды... А варта толькi глянуць на iх... А тут яшчэ i туберкулёз, ды дзесятак iншых хвароб..."

На сэрцы ў Тэрэзы было тады вельмi спакойна. Хутка вяселле. Прыедзе са свайго манастыра Анна. Разам з сынам памешчыка Дэгiлема яна будзе збiраць падарункi ў час вянчання. Анна ў пiсьме ўжо прасiла Тэрэзу апiсаць вясельныя ўборы астатнiх сябровак нявесты: "Можа, удасца прыслаць i ўзоры тканiны? Бо ўсе ж хацелi б выбраць такiя таны, якiя будуць спалучацца адзiн з адным..." Нiколi Тэрэза не адчувала такога спакою... Зрэшты, ёй гэта толькi здавалася, бо на самай справе гэта быў не спакой, а дрымота, паўсоннае здранцвенне ядавiтага гада, што толькi на час затаiўся ў яе грудзях.

IV

Вянчалiся ў цеснай царкве ў Сэн-Клеры, дзе гамана дам заглушала гукi старэнькай фiсгармонii, а iх моцныя духi перабiвалi пах ладану. I ў той гарачы дзень Тэрэза адчула, што яна загiнула. Як той лунацiк забрыла яна ў клетку i апрытомнела толькi тады, калi бразнулi i замкнулiся цяжкiя дзверы. Нiчога не змянiлася, але цяпер яна зразумела, што не зможа загiнуць адна. У цёмным гушчары сямейных адносiн i парадкаў яна будзе падобнай на агонь, якi тлее, хаваецца, паўзе пад верасам, ахоплiвае полымем адну хвою, другую, перакiдаецца з дрэва на дрэва - i вось ужо палае ўвесь лес...

Сярод гасцей - нiводнага твару, на кiм можна спынiць позiрк. Толькi Анна. Але дзiцячая радасць малодшай сяброўкi таксама аддаляе Тэрэзу ад яе! Чаго яна радуецца? Няўжо яна не разумее, што сёння вечарам не толькi павялiчыцца адлегласць, якая заўсёды разлучала iх?.. Сёння вечарам памiж iмi паўстане i тое пакутлiвае, непапраўнае, што адбудзецца з нявiнным дзявочым целам Тэрэзы... Анна застанецца на беразе, дзе будуць толькi чыстыя iстоты. Тэрэза змяшаецца з натоўпам тых жанчын, якiя зведалi ўсё. Успомнiлася, што ў рызнiцы, калi яна нахiлiлася, каб пацалаваць вясёлы тварык Анны, перад ёй нечакана ўзнiкла бездань, вакол якой Тэрэза стварыла свой свет хiсткiх радасцей i няпэўных бед. За некалькi iмгненняў паўстала перад ёю вялiзная сцяна, якая бязлiтасна аддзяляла чорныя сiлы, што клекаталi ў яе сэрцы, ад мiлага напудранага тварыка.

Доўга яшчэ пасля гэтага дня i ў Сэн-Клеры i ў горадзе Б. людзi, гаворачы пра гэтае вяселле Гамаша* (больш за сотню фермераў i слуг пiлi i елi пад дубамi), заўсёды ўспамiналi, што нявеста - "хоць i не такая ўжо прыгожая, затое сама абаяльнасць" - усiм здалася тады непрыгожай i нават страшнай. "Яна ж сама на сябе не была падобнай, зусiм другая жанчына..." Людзi заўважылi толькi перамены ў яе знешнасцi. Адны пры гэтым абвiнавачвалi белы шлюбны ўбор, якi не надта быў да твару Тэрэзе, другiя - гарачыню... Але нiхто тады не здагадаўся, што гэта i быў яе сапраўдны твар.

* Аўтар робiць параўнанне з багатым вяселлем заможнага селянiна Гамаша, якое апiсаў Сервантэс у "Дон-Кiхоце".

На гэтым напалову сялянскiм, напалову панскiм вяселлi вечарам госцi, сярод якiх было многа дзяўчат, спынiлi аўтамабiль маладых i шумна вiталi iх. Па дарозе, усыпанай кветкамi белай акацыi, яны абганялi фурманкi, што забiралi то ўлева, то ўправа: коньмi кiравалi сяляне на добрым падпiтку. Успомнiўшы шлюбную ноч, Тэрэза шэпча:

- Гэта было страшна... - потым, схамянуўшыся: - Але ж не... не так ужо i страшна.

А хiба многа яна пакутавала ў час падарожжа на iталiйскiя азёры? Не, не, яна вяла гэтую гульню: "не выдавай сябе". Жанiха ашукаць лёгка, але мужа!.. Кожны можа гаварыць iлжывыя словы, але манiць целам - гэта патрабуе iншай навукi. Не кожнаму дадзена прытварыцца, што ты жадаеш, радуешся ад шчаслiвай стомы. Тэрэза змагла прывучыць сваё цела да такога прытворства i знаходзiла ў гэтым горкую асалоду. Толькi фантазiя дапамагала ёй зразумець, што ў гэтым невядомым свеце пачуццяў, куды мужчына прымушаў яе пранiкнуць, магчыма, i для яе ёсць шчасце, - але якое яно? Перад ёй нiбы быў пейзаж, што засланяўся густым дажджом, i яна старалася ўявiць сабе, як ён выглядаў бы пры сонечным святле, - вось так адкрывала для сябе Тэрэза, што такое ўцехi кахання.

Бернар, - гэты юнак з пустымi вачыма, заўсёды занепакоены тым, што нумары карцiн, выстаўленых у музеях, не адпавядаюць iндэксам у даведнiках, заўсёды задаволены тым, што за самы кароткi тэрмiн ён паглядзеў усё, што варта было паглядзець, - як жа цябе лёгка ашукаць! Ён цалкам аддаваўся асалодзе, нiбы тыя парасяты, на якiх дзiўна глядзець, калi яны рохкаюць ад задавальнення ля карыта. ("А карыта - гэта ж я", - думае Тэрэза.) Як i ў тых парасят, у яго быў такi ж паспешлiвы, дзелавы, сур'ёзны выгляд i такая ж метадычнасць. "Няўжо вы лiчыце, што гэта добра i разумна?" - часам пыталася ашаломленая Тэрэза. Ён смяяўся i супакойваў яе. Дзе ён навучыўся ацэньваць усё, што тычылася ўцех плоцi, i размяжоўваць ласкi, дазволеныя прыстойнаму чалавеку, ад прывычак садыста?.. Але тут ён нiколi не вагаўся... Аднойчы вечарам у Парыжы, дзе яны спынiлiся, вяртаючыся з падарожжа, абураны Бернар дэманстратыўна пакiнуў Мюзiк-хол. Гэта быў пратэст спектаклю, што там давалi: "I падумаць толькi, што такое паказваюць iншаземцам! Якi сорам! А што яны скажуць пра нас, паглядзеўшы на такiя вiдовiшчы?!." У Тэрэзы не ўкладвалася ў галаве, што гэты сарамлiвы чалавек менш чым праз гадзiну прымусiць яе зноў цярпець свае жудасныя вынаходнiцтвы.

"Бедны Бернар, а ён жа не горшы за iншых. Аднак жаданне ператварае мужчыну, якi наблiжаецца да жанчыны, у пачвару, i яна ўжо не мае нiчога агульнага з тым чалавекам. Нiшто так не аддаляе нас ад нашага супольнiка, як яго непрытомнае пачуццёвае шаленства. Я заўсёды бачыла, як Бернар тапiўся ў вiры пажадлiвасцi, а я ўся замiрала, нiбы гэты вар'ят, гэты эпiлептык пры любым маiм руху мог задушыць мяне. Найчасцей ужо на мяжы апошняй асалоды ён раптам заўважаў сваю адзiноту; яго панурае шаленства адыходзiла: Бернар адступаў, адчуваючы, што я, нiбы адкiнутая хваляй на бераг, ляжу, сцяўшы зубы, адна, халодная, ледзяная, знямелая..."

Адно-адзiнае пiсьмо ад Анны - яна не вельмi любiла пiсаць, але чамусьцi кожнае яе слова было прыемным Тэрэзе: бо ў пiсьмах мы гаворым не столькi пра нашы сапраўдныя пачуццi, колькi пра тыя, якiя мы павiнны былi б адчуваць, каб зрабiць прыемнае адрасату. Анна скардзiлася, што не можа больш хадзiць у бок Вiльмiжа, бо туды прыехаў малады Азеведа. Яна бачыла толькi здалёк яго шэзлонг сярод папарацi - туберкулёзнiкi наводзяць на яе жах.

Не чакаючы ад Анны новых вестак, Тэрэза часта перачытвала гэтае пiсьмо i была вельмi здзiўлена, калi на наступны дзень пасля перапыненага наведання Мюзiк-хола ў звычайны час дастаўкi пошты пазнала на трох канвертах почырк Анны дэ ля Траў. Аддзелы "да запатрабавання" з розных паштамтаў пераправiлi ў Парыж пакет пiсем, бо маладажоны не спынялiся ў некаторых гарадах, спяшаючыся "вярнуцца ў сваё гняздзечка", як казаў Бернар. А сапраўднай жа прычынай паспешлiвасцi было тое, што яны не маглi ўжо быць разам: муж засумаваў па сваiх паляўнiчых стрэльбах, сабаках, вясковай харчэўнi, дзе частавалi "на рэдкасць прыемным кiсленькiм вiном, якога нiдзе не знойдзеш"; а тут яшчэ гэтая жанчына, такая халодная, насмешлiвая - нiяк не можа спасцiгнуць асалоды кахання i не хоча з iм гаварыць пра цiкавыя рэчы!.. А Тэрэзе хацелася хутчэй вярнуцца ў Сэн-Клер так, як хочацца вязню, што пакутуе ў перавалачнай турме, глянуць на той востраў, дзе пройдзе ўвесь яго астатак жыцця. Па паштовых штэмпелях Тэрэза лёгка высветлiла, якое з пiсем было адпраўлена самае першае. Яна акурат распячатвала канверт, калi Бернар штосьцi ўзбуджана сказаў. Праўда, ягоных слоў Тэрэза не зразумела, бо акно было адчынена, а па вулiцы якраз праязджаў аўтобус. Бернар перастаў галiцца, каб прачытаць пiсьмо ад сваёй мацi. Тэрэза як цяпер бачыць гэтую сцэну: муж у кашулi з закасанымi рукавамi; мускулiстыя рукi i твар - звычайна бледны, цяпер на вачах налiваўся крывёю... У гэтую лiпеньскую ранiцу стаяла страшэнная спякота. Нiбы праз клубы дыму сонечнае праменне прабiвалася да зямлi. I сцены пакояў, балкон, фасады навакольных будынкаў рабiлiся ад гэтага яшчэ больш шэрымi i страшнымi. Бернар ужо стаяў ля Тэрэзы. Ён ужо амаль крычаў: "Ты бачыў яе! Да чаго дакацiлася!.. Вось... твая сябровачка Анна!.. Гэта ж трэба!.. I хто мог падумаць, што мая малодшая сястра..."

I, убачыўшы запытальны позiрк Тэрэзы, з нянавiсцю працягваў:

- Ты ведаеш, яна знюхалася з гэтым Азеведа! Так, так! З тым туберкулёзнiкам, для якога зрабiлi прыбудову ў Вiльмiжа! I разумееш, гэта вельмi сур'ёзна... Яна сказала, што дачакаецца паўналецця i... Мама пiша, што яна зусiм страцiла галаву. Абы пра гэта не ўведалi Дэгiлемы. Малады Дэгiлем можа адмовiцца зрабiць прапанову... У цябе ёсць пiсьмы ад яе? Ну, давай паглядзiм, можа, што яшчэ...

- Пiсьмы я буду чытаць па парадку. I, увогуле, не ведаю, цi змагу табе iх паказаць.

О, ён зноў пазнаваў сваю жонку! Ёй толькi дай магчымасць: усё ўскладнiць, заблытае... Але цяпер не гэта галоўнае. Трэба, каб Тэрэза вярнула Анну да розуму:

- Мае бацькi вельмi спадзяюцца на цябе. Ты можаш зрабiць з ёю ўсё, што захочаш. Так што цябе чакаюць, як паратунку.

Пакуль яна адзявалася, ён схадзiў на тэлеграф, даў тэлеграму i заказаў два месцы на паўднёвы экспрэс. Калi ён вярнуўся, Тэрэза складала ў чамаданы рэчы:

- Чаму ты не чытаеш пiсьмаў?

- Чакаю, хачу пабыць адна.

Бернар пайшоў, а Тэрэза доўга яшчэ нерухома сядзела, палiла, гледзячы на пазалочаныя лiтары шыльды, што матлялася на будынку насупраць. Нарэшце яна выняла з канверта пiсьмо. Не, не, не можа быць: няўжо гэта тая мiлая дурнiца, тая манашка са сваёй абмежаванасцю i прастатой пiсала гэтыя палкiя радкi? Няўжо яе сухое сэрца - (а Тэрэза ў гэтым нiколi не сумнявалася) - магло нарадзiць на свет гэтую чароўную песню песень, гэтую шчаслiвую скаргу жанчыны, што ўпершыню спазнала таямнiцу кахання:

"...Калi я сустрэла яго, не магла паверыць, што гэта ён. Ён гуляў са сваiм сабакам, бегаў i весела смяяўся. I хiба магла я ўявiць, што гэта - той хворы... А ён жа, аказваецца, зусiм не хворы. Проста бацькi берагуць яго, бо вельмi напалохалiся смерцi ягонай сястры, якая хварэла на туберкулёз. Ён нават не выглядае кволым. Ён хутчэй за ўсё хударлявы ад прыроды. I да таго ж добра распешчаны... Ты мяне не пазнала б, Тэрэза, калi б убачыла, як я бягу па яго плашч, калi заходзiць сонца i гарачыня спадае. Я ж так баюся, каб ён не прастудзiўся..."

Калi б Бернар зайшоў у гэты час у пакой, ён убачыў бы на ложку не сваю жонку, а нейкую новую, невядомую, чужую, безыменную iстоту.... Тэрэза кiнула цыгарэту i ўзялася за другое пiсьмо:

"...Я буду чакаць, колькi спатрэбiцца, але дачакаюся. Я не баюся нiякiх перашкод. Маё каханне нават не заўважае iх. Бацькi трымаюць мяне ў Сэн-Клеры, але Аржалуза не так далёка, каб мы з Жанам не маглi сустракацца. Цi памятаеш ты наш будан? Гэта ж ты, дарагая, адкрыла яго для мяне! I там было суджана мне зведаць такую радасць... Але не падумай, што мы робiм нешта благое! Ён такi далiкатны! Ты нiчога не ведаеш пра такiх мужчын. Ён многа вучыўся, многа чытаў, - так, як i ты: але ў мужчыну гэта мяне не раздражняе i я не думаю нават, каб яго на чым-небудзь злавiць цi падкалоць. Чаго б я толькi не аддала, каб быць такой адукаванай i разумнай, як ты!.. Дарагая, гэта ж, мусiць, такое вялiкае шчасце, - якiм ты ўжо цешышся, а для мяне яно яшчэ наперадзе, - калi толькi адно прадчуванне яго прыносiць столькi асалоды i радасцi! Калi ў нашым будане, куды мы з табой, бывала, прыходзiлi са сваiм сняданкам, я сяджу з Жанам i яго рука замiрае ў мяне на грудзях, а сваю я прыцiскаю туды, дзе б'ецца яго сэрца (гэта ён заве "апошняй дазволенай ласкай"), - я адчуваю такое шчасце, што яно здаецца мне чымсьцi матэрыяльным. I я гавару сабе, што i за гэтай радасцю стаiць нейкая новая, iншая, якая чакае нас. I калi збялелы Жан пакiдае мяне, адзiн успамiн пра нашы пяшчоты i ласкi, адно трымценне перад тым, што будзе заўтра, робяць мяне глухой да скаргаў, просьбаў, папрокаў гэтых бедных людзей, якiя не ведаюць i нiколi не ведалi таго, што ведаю я цяпер. Дарагая, прабач: я гавару табе пра шчасце, як быццам ты не спазнала яго ўжо да канца! Я ж у параўнаннi з табой усяго толькi наiўная паслушнiца! Але я ўпэўнена, што ты будзеш з намi, ты будзеш супраць тых, хто хоча нас разлучыць..."

I трэцяе пiсьмо: усяго некалькi радкоў, напiсаных на скорую руку:

"Дарагая, хутчэй прыязджай! Яны разлучылi нас. З мяне не спускаюць вачэй. Яны ўпэўнены, што i ты будзеш з iмi заадно. Я iм сказала, што ўсё будзе залежаць ад цябе. Я табе ўсё растлумачу: ён не хворы, не... Я шчаслiвая - i я пакутую. Я шчаслiвая, што пакутую за яго; я люблю яго хваробу, як знак яго кахання, яго кахання да мяне..."

Далей Тэрэза не чытала. Укладаючы пiсьмо назад у канверт, яна ўбачыла там фатаграфiю. Падышла да акна i ўгледзелася ў здымак: малады чалавек... галава як быццам бы занадта вялiкая, - мусiць, таму, што вельмi ўжо густыя валасы. Тэрэза пазнала i месца, дзе рабiўся здымак: гэта грудок, за якiм пасвiлi авечак. На самым версе стаяў Жан Азеведа, якi чымсьцi быў падобны да бiблейскага Давiда. Куртка вiсела ў яго на руцэ; кашуля крыху расшпiлена на грудзях... "Гэта ён заве апошняй дазволенай ласкай" - прыгадалiся Тэрэзе словы з пiсьма... Тэрэза кiдае позiрк у люстэрка i палохаецца свайго ўласнага твару. Праз сiлу расцiскае яна зубы, змочвае адэкалонам скронi i лоб. "Анна спазнала гэтую радасць... А я? Я... А чаму не я?" Фатаграфiя засталася на стале; побач ляжала шпiлька...

"Так, я зрабiла гэта, - пад грук вагонных колаў шэпча Тэрэза, - вось ужо 2 гады, як тады ў пакоi атэля я праткнула шпiлькай фатаграфiю гэтага юнака ў тым самым месцы, дзе сэрца. Не са злосцi, не. А спакойна, нiбы гэта было самай звычайнай справай. Потым я выкiнула гэтую праколатую фатаграфiю ў туалет i спусцiла ваду".

Бернар застаў яе засяроджанай i сур'ёзнай. Так выглядае чалавек, якi доўга вагаўся, думаў i нарэшце прыняў канчатковае рашэнне. Але нашто яна столькi палiць? Сама сябе труцiць! Тэрэза выказала яму сваю думку пра гэтую гiсторыю з Аннай. Не варта надаваць вялiкага значэння капрызам дзяўчацi. Яна паспрабуе яе ўгаварыць i ўсё ўладзiць... Бернару так хацелася пачуць гэта. Ён павесялеў, тым больш што ў кiшэнi ляжалi бiлеты на цягнiк. Да таго ж i самалюбства яго было задаволена: як-нiяк сям'я просiць дапамогi ў яго жонкi. Ён заявiў, што колькi б гэта нi каштавала, але на развiтанне з Парыжам ён абавязкова звозiць жонку паснедаць у добры рэстаран у Булонскiм лесе. У таксi ён не сцiхаючы гаварыў пра свае планы на паляўнiчы сезон: яму карцела хутчэй паспрабаваць на паляваннi маладога сабаку, якога павiнны былi ўжо выдрэсiраваць. Мацi пiша, што яго кабыла паправiлася i больш не кульгае...

У рэстаране народу было мала. Затое незлiчоная колькасць прыслугi крыху бянтэжыла. Да паху закусак прымешваўся водар геранi... Бернар нiколi яшчэ не пiў рэйнвейну, але сёння - так i быць: не кожны ж дзень свята! Шырокiя мужавы плечы засланялi ад Тэрэзы залу. За вялiкiмi вокнамi цiха, бязгучна, нiбы ў нямым кiно, праязджалi i спынялiся машыны. Тэрэза бачыла, як у мужа каля вушэй перакочвалiся жаўлакi. Яна ведала, што гэта скарачаюцца скроневыя мышцы. Адразу пасля першых глыткоў вiна Бернар моцна пачырванеў: гэтаму здароваму вясковаму чалавеку ўжо некалькi тыдняў бракавала прасторы, руху, ад якiх хутчэй згарае ў арганiзме штодзённая порцыя стравы i спiртнога. Тэрэза не адчувала нiякай нянавiсцi да яго, але як жа ёй хацелася пабыць адной, падумаць пра свае пакуты, прыгадаць, дзе i калi ёй асаблiва было цяжка... Няхай бы ён проста знiк з вачэй, каб не трэба было прымушаць сябе есцi, усмiхацца, сачыць за выразам свайго твару; каб можна было хоць у думках вольна засяродзiцца на сваiм горкiм патаемным адчаi: гэтая маленькая iстота, твая сяброўка, уцякла з бязлюднага вострава, а табе ж думалася, што яна будзе там жыць побач з табой да канца дзён сваiх... Яна перайшла праз бездань, што аддзяляе цябе ад усiх людзей, паядналася з iмi, - словам, жыве цяпер на другой планеце... Але ж не, якая там "другая планета"! Анна заўсёды належала да тыпу простых натур. А можа, гэта быў толькi падманлiвы прывiд, калi Тэрэза ўглядалася ў юны тварык сяброўкi, а тая спала, паклаўшы галаву ёй на каленi?.. Сапраўднай Анны дэ ля Траў Тэрэза нiколi не ведала - той Анны, якая цяпер бегае ў будан на спатканнi з Жанам Азеведа...

- Што з табой? Чаму ты не ясi? Не трэба iм нiчога пакiдаць! Шкада за такiя грошы! Можа, табе нядобра ад спёкi? Абы толькi не стала дрэнна! А можа, цябе нудзiць? Як? Ужо?..

Тэрэза ўсмiхнулася. Усмiхнулiся толькi яе губы. Сказала, што думае пра Аннiны прыгоды. Бернар адказаў, што ён наконт гэтага зусiм спакойны, раз ужо Тэрэза ўзялася за гэтую справу. I тады яна папыталася, чаму бацькi супраць гэтага шлюбу. Ён падумаў, што яна жартуе, i папрасiў не зводзiць размовы да парадокса:

- Па-першае, як ты ведаеш, гэтыя Азеведа - жыды. Мама добра ведала старога Азеведа - таго самага, якi адмовiўся хрысцiцца.

На гэта Тэрэза адказала, што ў Бардо не знойдзеш нiчога больш даўнейшага, чым прозвiшчы партугальскiх жыдоў.

- А Азеведа ўжо тады былi важнымi асобамi, калi нашы продкi, жабракi-пастухi, калацiлiся ад лiхаманкi на сваiх балотах.

- Пачакай, Тэрэза. Ты спрачаешся абы толькi спрачацца. Усе жыды - аднаго поля ягады. I потым, гэтыя Азеведа хутка вырадзяцца: яны ж наскрозь туберкулёзныя, - усе гэта ведаюць.

Рэзкiм жэстам, якi заўсёды шакiраваў Бернара, яна запалiла цыгарэту.

- А цi не прыгадаеш ты, Бернар, ад чаго памёр твой дзед, твой прадзед? А калi ты браў мяне замуж, цi хоць пацiкавiўся, ад якой хваробы сканала мая мама? Няўжо ты думаеш, што сярод нашых продкаў не знойдзецца туберкулёзнiкаў цi сiфiлiтыкаў? Знойдзецца, дарагi, ды яшчэ столькi, што хапiла б заразы на цэлы свет.

- Тэрэза, ты зайшла занадта далёка. I дазволь табе сказаць, што нават жартам, каб падражнiць мяне, ты не павiнна чапаць нашай сям'i.

Абражаны, ён адкiнуўся ў крэсле, выпрастаў грудзi. Яму вельмi хацелася i ўзяць верх, i не падацца Тэрэзе смешным. Але тая не здавалася:

- Ды мне глядзець смешна на нашы сем'i з iх кратовай асцярожнасцю. Яны бачаць толькi тыя заганы, што самi кiдаюцца ў вочы. I ад iх жахаюцца... А што датычыць схаваных, - а iх жа куды больш, - то да гэтага нашы сем'i ставяцца зусiм спакойна. Паслухай, ты ж сам любiш гэты хiтры выраз: "сакрэтныя хваробы"... цi не? А хiба не гэтыя "сакрэтныя хваробы" - самыя страшныя, самыя небяспечныя для грамадства? Нiхто нi ў маёй, нi ў тваёй сям'i над гэтым не задумваецца. Затое ўсе цудоўна разумеюць i пагаджаюцца, што нельга выносiць смецця з хаты, што трэба як мага глыбей хаваць усё тое, што кампраметуе сям'ю... I калi б не было прыслугi, нiхто нiколi пра гэтае смецце нiчога i не ведаў бы. На шчасце, прыслуга ёсць...

- Я не жадаю табе адказваць, Тэрэза! Калi ты ўжо завядзешся, то лепш за ўсё памаўчаць. Са мной гэта яшчэ паўбяды: я разумею, што ты проста жартуеш. Але дома табе давядзецца прыкусiць язык i стрымлiваць сябе. Так жартаваць i гаварыць пра наш род у нас не заведзена.

- Род! Сям'я! - Тэрэза не заўважала, што яе цыгарэта даўно патухла... Перад яе нерухомым позiркам зноў паўстала гэтая клетка з бясконцымi жывымi кратамi, дзе кожны шэпт будзе пачуты, кожны рух заўважаны... Тут ёй i давядзецца ў здранцвеннi чакаць сваёй смерцi...

- Тэрэза! Ну што ты! Паглядзела б ты цяпер сама на сябе...

Яна ўсмiхнулася. На твары зноў з'явiлася маска.

- Я проста забаўляюся... Якi ж ты даверлiвы, дарагi.

У таксi, калi Бернар хацеў прыцiснуцца да яе, Тэрэза рэзка адхiлiлася...

У гэты вечар, апошнi перад ад'ездам дадому, яны ляглi спаць рана, недзе каля 9 гадзiн. Тэрэза выпiла снатворнага, але яшчэ доўга не магла заснуць. На нейкае iмгненне яна задрамала, але Бернар штосьцi праз сон замармытаў, заварушыўся i разбудзiў яе. Яна адчувала побач з сабой яго дужае гарачае цела. Адсунулася на самы край пасцелi. Але праз колькi хвiлiн ён, не прачынаючыся, зноў пасунуўся да яе, нiбы цела само падсвядома шукала сваю здабычу, iмкнулася да прывычнай асалоды. Груба, парывiста яна адштурхнула яго. Бернар соладка спаў... Ах! Пiхнуць бы цябе раз i назаўсёды!.. Скiнуць з пасцелi... у бездань...

А начны Парыж жыў сваiм жыццём. Пераклiкалiся гудкамi аўтамабiлi, нiбы ў Аржалузе сабакi цi пеўнi светлай месячнай ноччу... Душна. Тэрэза запалiла лямпу i, абапёршыся локцем аб падушку, глядзела на гэтага нерухомага дваццацiсямiгадовага мужчыну. У сне ён скiнуў з сябе коўдру; дыханне амаль нячутнае; раскудлачаныя валасы спадалi на гладкiя скронi, на лоб, дзе нiводнай маршчынкi. Ён спаў, - гэты голы i безабаронны цяпер Адам, - глыбокiм, нiбы вечным сном. Тэрэза ўстала, накiнула на яго коўдру, знайшла пiсьмо, якое так i не скончыла чытаць, падышла блiжэй да лямпы:

"...Калi б ён сказаў мне iсцi следам за iм - я кiнула б усё i пайшла... Мы спынiлiся перад самай апошняй ласкай. I не таму, што я супрацiўлялася: так захацеў ён. Правiльней будзе сказаць, што ён мне супрацiўляецца... А як бы мне хацелася спазнаць тое патаемнае, невядомае, бо, - як ён гаворыць, - адно толькi наблiжэнне гэтага дае больш, чым усе тыя ласкi i ўцехi, што мы мелi. Калi паслухаць Жана, то нам трэба заўсёды заставацца па гэты бок мяжы. Ён ганарыцца тым, што стрымлiвае сябе, i кажа, што калi мы хоць раз не спынiм, не ўтаймуем сябе, то, як i ўсе астатнiя, пакоцiмся ўнiз..."

Пачынала свiтаць. Тэрэза адчынiла акно, парвала пiсьмы на дробныя шматкi i кiнула iх унiз, у гэтае каменнае прадонне, дзе цяпер панавалi цiшыня i спакой. Кавалачкi паперы, нiбы матылькi, ляталi ў паветры, падалi на суседнiя балконы, карнiзы... Маладая жанчына глыбока ўздыхнула i адчула водар нейкай травы. Адкуль жа гэты пах тут - сярод асфальтавай i каменнай пустынi?.. Нечакана Тэрэза ўявiла сваё пакалечанае цела там, унiзе, на вулiцы, а вакол - натоўп палiцэйскiх, прахожых... Не, Тэрэза, твая фантазiя занадта багатая, каб ты пайшла на такое... I сапраўды, яна яшчэ не хацела памiраць... Не нянавiсць, не прага помсты прывязвалi яе да жыцця, а пiльная справа: трэба, каб гэтая малая iдыётка з Сэн-Клера, што паверыла ў магчымасць шчасця, зразумела, як i калiсьцi сама Тэрэза, што шчасця няма, яно не iснуе... Калi ў iх няма нiчога агульнага, то няхай iх яднае хоць гэта: сум, нуда, туга, нiякай высокай мэты, задачы, абавязку, толькi нудныя буднi, адзiнота i безнадзейнасць!.. Золак асвяцiў стрэхi. Яна лягла ў пасцель. Бернар спаў, але ўсё роўна падсунуўся да яе...

Прачнулася яна яснай, спакойнай. Навошта ёй далёка шукаць? Сям'я чакае ад яе дапамогi. I яна будзе дзейнiчаць так, як гэтага патрабуе сям'я, i не схiлiць з гэтай дарогi... Бернар усё паўтарае i паўтарае, што будзе бяда, калi Анна не выйдзе замуж за маладога Дэгiлема... Што ж, у гэтым я яго падтрымаю... Дэгiлемы iм, вядома, не раўня: дзед iх пастухом быў. Але затое ў iх самыя лепшыя хвоi ва ўсёй ваколiцы. А Анна не такая ўжо i багатая. Ад бацькi калi яна што i атрымае, то толькi вiнаграднiкi каля Лангона, якiя да таго ж раз у два-тры гады затапляе вада. Не, нi ў якiм разе нельга дапусцiць, каб Анна не пайшла на гэты шлюб з Дэгiлемам!

Тэрэзу знудзiла ад паху шакаладу. Гэта пацвердзiла яе падазрэннi: яна цяжарная, нiякiх сумненняў. "Лепш, калi адразу, - кажа Бернар, - тады не трэба больш пра гэта думаць". I ён з павагай паглядзеў на жанчыну, якая носiць у сабе будучага адзiнага гаспадара хваёвых гаёў Аржалузы.

V

Сэн-Клер, хутка будзе Сэн-Клер!.. Адзiн за адным паўстаюць перад Тэрэзай адрэзкi яе няпростай жыццёвай дарогi... Цi ўдасца ўгаварыць Бернара вярнуцца i зноў прайсцi пехатой па гэтай крывой калдобiстай сцяжыне?.. Цi шмат будзе ад гэтага карысцi?.. "Нават, калi мы з iм дойдзем да таго апошняга ранку ў парыжскiм атэлi, мне застанецца яшчэ так многа адкрыць яму..." Зноў i зноў спрабуе яна адгадаць сваю ўласную загадку, зноў i зноў дапытвае яна гэтую маладую жанчыну, чыю разважлiвасць калiсьцi так хвалiлi...

Першыя тыднi ў змрочным халодным доме Бернаравых бацькоў... Вокны, што выходзiлi на плошчу, заўсёды былi зачынены аканiцамi. Злева зелянеў садок, дзе квiтнелi геранi, петунii, гелiятропы. Там было яе месца штодзённых прагулак. Хадзiць далей было забаронена. Тады Тэрэзе яшчэ давяралi. Тады яе лiчылi супольнiцай. Тады яна была пасрэднiцай памiж Аннай i яе бацькамi... Яна казала свякрусе: "Ды саступiце вы ёй трохi! Не спяшайцеся з рашэннем! Няхай бы яна куды з'ездзiла ў падарожжа! Я яе ўгавару, i ўбачыце: яна згодзiцца. Я буду дзейнiчаць..." Але як? Бацькi здагадвалiся, што Анна хоча пазнаёмiцца з маладым Азеведа. "Вы нiчога не зробiце адкрытым нацiскам", - часта паўтарала Тэрэза свякрусе. А тая ўсё цешылася, што людзi, дзякуй Богу, яшчэ нiчога не ведаюць пра гэтую гiсторыю. Адзiным чалавекам, якi ведаў сакрэт, была служанка Мано: яна перахапiла некалькi пiсем Анны. "Але няма чаго баяцца гэтага дзяўчацi. Гэта - магiла. Ды i не ў яе iнтарэсах распускаць язык.

- Трэба пастарацца, каб малая як найменш пакутавала ад усяго гэтага, умешваўся часам бацька. Ён вельмi любiў Анну i яшчэ не так даўно мог задаволiць самы недарэчны капрыз дачкi. Але цяпер i ён падтакваў жонцы: "Яечнi не спячэш, не пабiўшы яйка" або "Некалi яшчэ i "дзякуй" нам скажа, абы толькi не захварэла..." Бацькi змаўкалi i не зводзiлi вачэй са сваёй няўрымслiвай дачкi. Яна адмаўлялася есцi. Чэзла на вачах. Цэлымi днямi адзiнока блукала па залiтым сонцам садзе, таптала кветкi, не заўважаючы таго, i ўсё шукала i шукала, нiбы звер у клетцы, нейкага выйсця. Мадам дэ ля Траў цяжка ўздыхала: "Не магу ж я за яе пiць мясны сок. Яна наядаецца яблыкамi ў садзе, каб потым нават i не дакрануцца да стравы..." А бацька дадаваў: "Яна сама потым папракала б нас, калi б мы далi згоду на гэты шлюб з Азеведа... Зрэшты, каб не гэтыя няшчасныя хворыя дзецi, што пойдуць ад яго..." Жонка злавала на мужа, што ён шукае нейкiх апраўданняў iх рашэнню не аддаваць дачкi за Азеведа. "Дзякуй Богу, што Дэгiлемы яшчэ не вярнулiся. Гэта ж наша шчасце, што яны прыкмецiлi Анну i так цэняць яе!.." Калi Тэрэза выходзiла пасля абеду з гасцiнай, размова iшла сваiм ходам: "I як гэта магло здарыцца? - не маглi даўмецца бацькi. - Ну не ў манастыры ж ёй гэта ў вушы ўвялi! Тут, дома, яна бачыла толькi добрыя прыклады. Мы сачылi, якiя кнiгi яна чытае... Тэрэза кажа, што маладых дзяўчат збiваюць з толку любоўныя раманы, якiя ўсе чамусьцi лiчаць "сапраўднай лiтаратурай". Але што Тэрэза... Яна ж так любiць парадоксы... Добра, што дачушка не вельмi i цягнецца да кнiг. Здаецца, нiколi на гэты конт i заўваг мы ёй не рабiлi... Яна была б цудоўнай жонкай, увiшнай гаспадыняй. Гэта наша кроў... Каб толькi выбiць з яе глупства... А ты памятаеш, як памагла ёй пасля бранхiту паездка ў Салi? Давай паедзем, куды яна захоча, вось i ўсё. Трэба ж пашкадаваць бедную дзяўчынку". Месьё дэ ля Траў цяжка ўздыхнуў: "Мусiць, мала ёй будзе радасцi ад падарожжа з намi..." - "Нiчога! Нiчога!" паспяшаўся ён адказаць глухаватай жонцы, якая недачула i ўсё дапытвалася: "Што? Што ты сказаў?" Але цi не прыгадалася гэтаму старому чалавеку, якi ўтульна ўладкаваўся ў багатым жончыным доме, цi не прыгадалася яму падарожжа з любай жанчынай - благаславёная пара маладога кахання?..

Тэрэза адшукала ў садзе Анну, на якой леташняя сукенка вiсела як на калку. "Ну што?" - спыталася Анна... Шэрыя ад пылу прысады, сухая трава пад нагамi, пах спаленай сонцам геранi i... гэтая юная дзяўчына... У той гарачы жнiвеньскi поўдзень яна здалася Тэрэзе яшчэ больш змарнелай i чэзлай, чым гэтыя кволыя, абпаленыя бязлiтасным сонцам кветкi. У Тэрэзы балюча сцiснулася сэрца...

У навальнiцу пад моцныя стрэлы перуна яны хавалiся ў цяплiцы; град барабанiў па шкле.

- Ну чаму табе не паехаць? Ты ж усё роўна не бачышся з iм.

- Няхай сабе i не бачуся. Затое ведаю, што ён блiзка i дыхае са мной адным паветрам. А калi дзьме ўсходнi вецер, мы разам слухаем, як звоняць царкоўныя званы. Няўжо табе ўсё роўна, дзе Бернар - у Парыжы цi Аржалузе? У нядзелю, у час службы ў царкве, я нават не спрабую павярнуць галаву, каб пашукаць яго вачыма, - з нашых месцаў вiдаць толькi алтар, а тоўстая калона адгароджвае нас ад усiх. Але пасля службы, пры выхадзе...

- У тую нядзелю яго не было?

Тэрэза сама гэта ведала, бо бачыла, як Анна дарэмна шукала ў натоўпе любы твар: Жана не было.

- Можа, ён захварэў? Яго пiсьмы перахоплiваюць, i я нiчога не ведаю.

- I ўсё ж неяк дзiўна, што ён не можа што-небудзь прыдумаць, каб перадаць табе запiску.

- Тэрэза... Калi б ты захацела... Але ж не... я ведаю, што ты i сама ў такiм далiкатным становiшчы...

- Згаджайся ты на гэтае падарожжа. А калi цябе не будзе, я паспрабую...

- Але ж я не магу паехаць далёка ад яго...

- Дарагая, ён жа ўсё роўна хутка паедзе адсюль. Праз некалькi тыдняў яго ўжо не будзе ў Аржалузе.

- Ах, не гавары ты мне такое... Гэта балюча... I нiводнай вестачкi. Не магу я так жыць. I так ужо ледзь дыхаю. Каб не памерцi, я мушу ўвесь час успамiнаць яго словы, якiя напаўнялi мяне радасцю. Але я столькi паўтарала iх сабе, што ўжо i не ўпэўнена, цi гаварыў ён iх. Вось, паслухай, што ён мне сказаў на апошнiм спатканнi: "У маiм жыццi няма нiкога, акрамя вас..." Праўда, ён так i сказаў, а гэта азначае: "Вы - самае дарагое ў маiм жыццi..."

Тэрэза прыплюшчыла вочы i змоўкла, нiбы ўслухоўваючыся ў рэха гэтых суцяшальных, выратавальных слоў...

- А якi ён з выгляду, гэты Жан?

- Ды ты i ўявiць сабе не можаш.

- Няўжо ён зусiм непадобны да iншых?..

- Мне хочацца апiсаць табе яго. Але не магу знайсцi слоў... Урэшце, табе ён можа здацца самым звычайным... Але я ведаю, што гэта не так.

Яна ўжо i сама не магла сказаць, чым iменна адрознiваецца Жан ад астатнiх... Увесь яго вобраз быў залiты асляпляльным святлом кахання. "А мяне, - думала пра сябе Тэрэза, - агонь кахання зрабiў бы яшчэ пiльнейшай, i нiчога не схавалася б ад мяне ў тым чалавеку, якога б я пакахала.

- Тэрэза, а калi я згаджуся паехаць, ты сустрэнешся з iм? Ты перадасi мне яго словы? Будзеш перасылаць яму мае пiсьмы? Калi я паеду, калi толькi хопiць адвагi...

Тэрэза адыходзiла, пакiдала гэтае царства святла i спёкi. Нiбы цёмная аса, улятала яна ў залу, дзе сядзелi старыя, чакаючы, пакуль спадзе гарачыня, а дачка нарэшце саступiць... Многа спатрэбiлася гэтых пасрэднiцкiх перагавораў, каб угаварыць Анну на паездку з бацькамi. I хутчэй за ўсё Тэрэзе гэта так i не ўдалося б, калi б не вестка пра хуткае вяртанне Дэгiлемаў. Анна аж задрыжала перад гэтай новай небяспекай. Тэрэза супакойвала яе, што малады Дэгiлем не толькi багаты жанiх, але, бадай, не такi ўжо i "страшны".

- Ну што ты, Тэрэза! Я ў яго бок глядзець не магу. Ён жа слепаваты, лысы, стары.

- Яму дваццаць дзевяць гадоў.

- Ну я ж i кажу - стары. Ды ўрэшце, якая рознiца: стары цi не стары...

I вось нарэшце на вячэры бацькi загаварылi пра Б'ярыц, захвалявалiся, у якiм атэлi лепш будзе спынiцца. Тэрэза сачыла за Аннай, - нерухомае, анямелае цела без душы... "Ну хоць прымусь сябе, калi ласка! З'еш што-небудзь! Ну можна ж сябе прымусiць..." - не адставала мадам дэ ля Траў ад дачкi. Нiбы робат, Анна падносiла лыжку да рота. У вачах знямога i адчай: нiкога i нiчога для яе цяпер не iснавала, акрамя дарагога, каханага... Часам твар дзяўчыны асвятляўся летуценнай усмешкай: гэта зноў яе бралi ў палон трапяткiя ўспамiны пра словы каханага, яго пяшчоты i ласкi, калi аднойчы ў будане моцная рука Жана незнарок крыху падрала ёй сукенку ў тым месцы, дзе палалi маладыя пругкiя грудзi...

Тэрэза глянула на Бернара. Той схiлiўся над талеркай. Ён сядзеў спiной да святла, i рысаў твару яго нельга было разгледзець. Затое добра чутно, як старанна жуе, перажоўвае i чмякае гэты чалавек, для якога абед заўсёды быў свяшчэннадзействам. Яна ўстала з-за стала. Свякроў цiха сказала: "Тэрэзе непрыемна, калi заўважаюць яе недамаганнi... Я хацела ёй памагчы, але ж яна так не любiць, калi пра яе клапоцiшся. Гэтыя прыступы... А што зробiш... Без iх не бывае... Але адно скажу: залiшне яна цяпер палiць. А потым пайшлi ўспамiны пра ўласную цяжарнасць: "Вось помню, калi я чакала Бернара, мне абавязкова трэба было нюхаць гумавы мячык... толькi гэта i памагала".

- Тэрэза, дзе ты?

- Тут, на лаўцы.

- А, бачу тваю цыгарэту.

Анна садзiцца побач, прыцiскаецца галавой да нерухомага пляча сяброўкi, глядзiць на начное неба i кажа: "Ён таксама бачыць гэтыя зоркi..." А потым:

- Пацалуй мяне, Тэрэза!

Аднак Тэрэза i не думае нахiляцца да гэтага даверлiвага тварыку, а толькi пытаецца:

- Табе цяжка?

- Не, сёння ўжо лягчэй. Я зразумела, што б там нi было, мы ўсё роўна будзем разам. I цяпер я супакоiлася. Галоўнае - каб ён ведаў гэта. I я хачу, каб ты перадала яму мае словы. Я згадзiлася ехаць. Але, калi вярнуся, я пайду напралом. Нiхто мяне не ўтрымае. Рана цi позна я назаўсёды прытулюся да яго сэрца. У гэтым я ўпэўнена, як i ў тым, што я жыву. Толькi ты, Тэрэза, хоць ты не чытай мне маралi i не гавары пра гонар сям'i...

- Ды не пра сям'ю я думаю, дарагая, а пра яго i цябе. Хiба так можна ўрывацца ў жыццё мужчыны: у яго, дарэчы, свая сям'я, свае iнтарэсы, свая работа, а можа, нават i сувязь з жанчынай...

- Не, ён сам мне сказаў: "У маiм жыццi толькi вы адна..." i яшчэ: "Наша каханне - гэта адзiнае, чым я даражу ў гэтую хвiлiну".

- У гэтую хвiлiну?!

- Ты што, падумала, што ён меў на ўвазе толькi адну тую хвiлiну?

Больш пытацца ў Анны, цi пакутуе яна, патрэбы не было: у цемры Тэрэза ўгадвала па голасе, адчувала ўсёй сваёй iстотай, як трывожна i балюча б'ецца дзявочае сэрца. Але яна не шкадавала Анны. А нашто яе шкадаваць? Як жа гэта павiнна быць прыемна i соладка - паўтараць iмя чалавека, з якiм ты звязана сэрцам, каханнем! Адна думка, што ён жыве, дыхае, засынае, прачынаецца на досвiтку, i яго маладое цела iмкнецца праз ранiшнi туман...

- Ты плачаш, Тэрэза? Гэта таму, што я... Тэрэза, ты моцна мяне любiш, скажы?

Анна апускаецца на каленi, прыцiскаецца галавой да яе жывата i раптам ускоквае на ногi.

- Слухай, там у цябе нешта варушыцца...

- Ужо некалькi дзён, як ён пачаў рухацца...

- Маленькi?

- Ага.

Абняўшыся, як некалi на дарозе ў Аржалузу, яны вярнулiся ў дом. Тэрэза помнiць, як прыкра i жудасна ёй было адчуваць у сабе гэты жывы цяжар. Колькi агiдных iмкненняў магло зведаць гэтае яшчэ бясформеннае стварэнне там, у глыбокiх тайнiках яе цела! Зноў перад вачыма той вечар: яна сядзiць у пакоi перад адчыненым акном. Бернар недзе ў садзе. Чуваць яго словы: "Не запальвай святла, бо наляцяць камары!" Яна падлiчвала, колькi месяцаў засталося да нараджэння дзiцяцi. О! Як жа ёй хацелася верыць у Бога! Тады яна магла б прасiць i малiць яго, каб гэтая невядомая iстота, што ўжо трапечацца ў ёй, нiколi так i не ўбачыла свету...

VI

Анна з бацькамi паехала ў падарожжа. Надышлi днi поўнай адзiноты. Дзiўна, але гэтую пару Тэрэза прыгадвае цьмяна. У Аржалузе, дзе, як было дамоўлена, ёй трэба было пабачыцца з гэтым Азеведа i прымусiць яго сысцi з дарогi Анны, яна толькi i думала што пра адпачынак, спакой, сон. Бернар згадзiўся пажыць не ў сваiх бацькоў, а ў Тэрэзы. Тут было больш утульна, дый усе гаспадарчыя турботы можна было перакiнуць на цётку Клару. Тэрэза не заўважала людзей, жыла сама па сабе: а што ёй да iншых? Хай жывуць, як могуць! Адзiным яе клопатам было бясконцае чаканне, калi ж нарэшце прыйдзе час родаў... Бернар ёй абрыдзеў са сваiмi штодзённымi напамiнамi пра сустрэчу з Жанам Азеведа. Тэрэза груба яго абрывала. I ўвогуле, ёй усё цяжэй i цяжэй было выносiць гэтага чалавека. Можа, прычынай яе такога настрою была цяжарнасць? Бернар, ва ўсякiм разе, так i думаў. Прыкладна ў гэты час у Бернара з'явiлiся першыя сiмптомы падазронасцi, якiя характэрныя людзям яго складу, хоць i выяўляюцца да трыццацiгадовага ўзросту рэдка. Усё часцей i часцей яго ахоплiвала пачуццё страху, якое так не пасавала гэтаму дужаму, моцна скроенаму мужчыне. Але як яму можна было пярэчыць, калi ён усхвалявана прызнаваўся: "Вы ведаеце, што я адчуваю..." Гэтыя нашчадкi сытых, бяздзейных, гультаяватых пакаленняў - толькi з выгляду асiлкi. Яны - нiбы тая хвоя, што пасадзiлi ў добра ўгноеную зямлю: расце хутка, але ж хутка гнiе i яе стрыжань. I даводзiцца дрэва спiлоўваць, а яму яшчэ б расцi ды расцi...

"Гэта - ад нерваў", - супакойвалi Бернара. Аднак сам ён ужо не сумняваўся: яго здароўе i ўсё яго жыццё дало расколiну. Гэта ж неверагодна: ён страцiў апетыт i яму зусiм не хочацца есцi. "Чаму табе не схадзiць да доктара?" Бернар пацiскаў плячыма, робячы выгляд, што зусiм не клапоцiцца пра сябе. На самай жа справе невядомасць здавалася яму не такой страшнай, як прыгавор урача: а раптам гэта будзе смяротны прыгавор. Па начах ён палохаў Тэрэзу: то ўскокваў з пасцелi, то неяк страшна хрыпеў. Ён браў яе руку i прыкладваў да свайго сэрца, каб яна паслухала, як няроўна яно б'ецца. Яна запальвала свечку, уставала i прыносiла яму валяр'янкi. "А што, калi б гэта было не лякарства, а... - думае Тэрэза. - Толькi ў небыццi - сапраўдны спакой, моцны i салодкi сон. Чаму ж тады гэты ныцiк так баiцца таго, што супакоiла б яго назаўсёды..."

Ён засынаў першы. I побач з гэтым вялiкiм целам мужчыны, якi сваiм храпам i сапеннем даводзiў яе да гарачкi, доўга яшчэ не магла заснуць Тэрэза. Слава Богу, больш ён яе не чапаў. Гэта цяпер Бернар лiчыў самай небяспечнай нагрузкай для свайго сэрца. Ужо прачыналiся i будзiлi ваколiцы пеўнi, ужо вецер даносiў гукi царкоўных званоў - тады толькi пачынала драмаць Тэрэза. А Бернар уставаў. Хуценька адзяваўся, на скорую руку, па-сялянску, спалоскваў халоднай вадой твар i бег на кухню. Там, нiбы сабака, хапаў кавалак курыцы, скрылiк халоднага мяса, лусту хлеба з часнаком, гронку вiнаграду... Вось i ўся яда на цэлы дзень! Бернар кармiў сабак. Тыя спрытна на ляту лавiлi кавалкi i моцна ляскалi скiвiцамi. Туманная ранiца дыхала восенню. У такую пару Бернар зноў адчуваў сябе здаровым, да яго нiбы вярталася маладосць. Падыходзiў час палявання на вехiроў. Трэба было рабiць прынаду: лавiць птушак, выколваць iм вочы i дрэсiраваць. Спраў хапала... У адзiнаццаць гадзiн ён заходзiў да Тэрэзы. Яна яшчэ была ў пасцелi.

- Ну як? Можа, такi падыдзеш да Жана? Мама ж непакоiцца, чакае ад цябе вестак...

- А як тваё сэрца?

- Ды не пытайся ты ў мяне пра гэтае сэрца! Як толькi напомнiш, яно адразу пачынае балець. Мусiць, гэта ўсё ж такi ад нерваў. Як ты лiчыш?

Але жонка заўсёды адказвала не так, як яму хацелася:

- А хто яго ведае... Тут толькi ты сам можаш здагадвацца. Хоць твой бацька i памёр ад грудной жабы, гэта яшчэ не значыць, што i табе трэба баяцца... Тым больш у твае гады... Урэшце, у тваiм родзе наўрад цi хто меў здаровае сэрца... Ну, якi ж ты смешны, Бернар! Чаму ты так баiшся смерцi? Няўжо ты думаеш, што свет без цябе не абыдзецца? Я дык упэўнена: абыдзецца i без цябе i без мяне... А цi не здаецца табе часам, Бернар, што ўсё жыццё такiх людзей, як мы, вельмi падобнае на замаруджаную агонiю?..

Ён пацiскаў плячыма: замучыць яна сваiмi парадоксамi! Не такая ўжо i хiтрая справа - быць разумнiцай: бяры ды гавары тое, што iдзе насуперак здароваму сэнсу. Толькi дарэмна са мною марнуе яна сваё красамоўства! Лепш паберагла б яго для Жана Азеведа.

- Ну, калi ж ты нарэшце перагаворыш з iм? Ён жа хутка паедзе...

Цягнiк iмклiва ўразаўся ў начную цемру. Ужо Вiляндро. Наступная станцыя Сэн-Клер...

"Як жа пераканаць Бернара, што я нiколi не кахала яго?.. Якi самаўпэўнены тып... Ён жа i ў думках гэтага не дапускае... Як i ўсе, хто не ведае, што такое сапраўднае каханне, гэты чалавек лiчыць, што я ад рэўнасцi пайшла на злачынства". Трэба яму растлумачыць, што ў той час ён яшчэ не быў ёй ненавiсны, хоць трываць яго было ўжо цяжка. Але ёй i ў галаву не прыходзiла шукаць уцехi з другiм мужчынай. Урэшце Бернар быў не такi ўжо i дрэнны... Яна цярпець не магла раманаў, дзе паказвалiся выключныя, незвычайныя людзi, якiх нiколi не спаткаеш у жыццi.

Адзiным, каго яна калiсьцi лiчыла цiкавай асобай, быў яе бацька. Яна стварала арэол велiчы вакол гэтага ўпартага радыкала i заядлага скептыка, якi з нязменным поспехам мог давесцi да ладу любую справу: землеўладальнiк, прамысловец (акрамя лесапiлкi ў Б., ён меў завод у Сэн-Клеры, дзе пераганялi смалу). А якi палiтык! Праўда, тут яму трохi замiнала рэзкасць, але ягонае слова ў прэфектуры мела вялiкую вагу.

А якая пагарда да жанчын! Нават да Тэрэзы! Пасля гэтай драмы ў сям'i ён тое i рабiў, што паўтараў адвакату: "Усе бабы - калi не iдыёткi, то iстэрычкi!" У гэтым антыклерыкале i скептыку часам прабiвалася нейкая цнатлiвая сарамлiвасць. Бывала, ён мог памурлыкаць сабе пад нос любоўныя песенькi Беранжэ, але нiколi не дазваляў, каб пры iм гаварылi на некаторыя далiкатныя тэмы. Сталы чалавек чырванеў ад гэтага, нiбы падлетак. Бернар, паўтараючы словы свайго айчыма, гаварыў пра яго: "Да шлюбу месьё Лярок не ведаў жанчын. А з таго часу, як стаў удаўцом, так i не завёў сабе палюбоўнiцы. Пра гэта ж усе ведаюць... Так што цiкавы тып твой бацька". I так яно i было. I калi здалёк бацька бачыўся Тэрэзе крыху прыхарошаным, то, разглядаючы яго зблiзку, можна было заўважыць, якi нiзкi гэты чалавек. Ён рэдка бываў у Сэн-Клеры, бо не любiў сустракацца з Бернаравай сям'ёй, але, калi Тэрэза перабралася ў Аржалузу, пачаў прыязджаць часцей. Хаця пра палiтыку гаварыць было забаронена, тым не менш у час абеду разгаралiся страшэнныя, бясконцыя, дурныя спрэчкi, якiя заўсёды канчалiся сваркай. Тэрэза не ўмешвалася ў такiя размовы i нават ганарылася гэтым. Праўда, калi гаворка заходзiла пра рэлiгiю, яна часам заступалася за бацьку. Усе крычалi так моцна, што абрыўкi фраз даляталi нават да глухой цёткi Клары. I тады i яна кiдалася ў бойку, перабiваючы ўсiх сваiм жахлiвым голасам. Абурэнне старой радыкалкi выходзiла на волю: "Я-то добра ведаю, што яны вырабляюць у гэтых манастырах!.." - "У глыбiнi душы, - думала сабе Тэрэза, - цётка - самы набожны чалавек ва ўсёй гэтай кампанii. Але яна аб'явiла адкрытую вайну таму, хто дапусцiў, што яна з'явiлася на свет глухой, непрыгожай i так памрэ, не зведаўшы нi кахання, нi мужчынскай ласкi..."

Пасля таго, як пакрыўджаная мадам дэ ля Траў аднойчы пайшла з-за стала, усе старалiся пазбягаць абстрактных тэм. Але досыць было i размоў пра палiтыку, каб парушыць спакой i вывесцi ўсiх з раўнавагi. Усе гэтыя людзi - i правыя i левыя - сыходзiлiся толькi ў адным: уласнасць - вось адзiнае, дзеля чаго варта жыць на гэтым свеце. I лепш за ўсё - зямля. Дык цi варта тады псаваць адзiн аднаму нервы, крычаць, спрачацца? А калi ўжо пускаць пыл у вочы, то трэба ж ведаць хоць нейкую меру. Тэрэза, гэтая "ўласнiца па крывi", патрабавала, каб пытанне ставiлася рубам. Яна не магла спакойна слухаць крывадушных пустых фраз, якiмi бацька i свёкар прыкрывалi свае сапраўдныя мэты. I калi бацька з пафасам гаварыў пра "сваю адданасць справе дэмакратыi", яна перабiвала яго: "Не старайся, бацька: мы ж тут усе свае. Слухаць брыдка гэтую высакапарнасць". Яна нiяк не магла зразумець, пра якi трагiчны канфлiкт класаў можна гаварыць у краiне, дзе самы дробны ўласнiк на тое i жыве, каб павялiчыць сваё багацце? У краiне, дзе агульная любоў да зямлi, да палявання, да смачнай ежы i добрага пiтва параджае сапраўднае братэрства памiж буржуа i селянiнам...

Што ж, Бернар быў адукаваным чалавекам. I стаяў ён, бадай, вышэй за сваё асяроддзе. Тэрэза магла павiншаваць сябе: яе муж - "чалавек, з якiм хоць можна пагаварыць...". Так думала яна, пакуль не пазнаёмiлася з Жанам Азеведа.

А здарылася гэта тою восеньскай парою, калi начная прахалода трымаецца ўсю ранiцу, а пасля снедання, як бы нi свяцiла сонца, падымаецца лёгкi туман прадвеснiк яшчэ няскорага змяркання. Ужо ляцелi першыя вехiры, i Бернар прыходзiў дамоў толькi вечарам. Праўда, у той дзень ён-такi адважыўся i паехаў да доктара ў Бардо.

"Мне тады нiчога не хацелася, - думае Тэрэза. - Выйшла на дарогу трохi прайсцiся: цяжарнай жанчыне карысна хадзiць пехатой. У лес старалася не заходзiць, бо там гэтыя паляўнiчыя: асцерагайся, спыняйся на кожным кроку, падавай сiгнал свiстам i чакай, пакуль табе дазволяць iсцi далей. А бывае, што ў адказ пачуеш працяжны свiст, значыць, у дубняк апусцiлася чарада вехiроў i трэба затаiцца i цiхенька стаяць... Потым я вярнулася, падрамала трохi ў гасцiнай. Вакол тупала цётка Клара са сваiмi бясконцымi расказамi пра кухню i ферму. Я, бадай, не звяртала нiякай увагi на гэтую векавуху, гатовую кiнуцца выконваць мой кожны капрыз. А яна ўсё гаварыла i гаварыла, абы толькi не слухаць самой. Гэта былi страшныя гiсторыi з жыцця фермераў: то пра старых, якiя працавалi да самай смерцi i мусiлi памiраць з голаду, то пра хворых i калек, ад якiх адраклiся ўсе родныя i блiзкiя, то пра жанчын, змучаных цяжкай, непасiльнай працай... I з нейкай лёгкай весялосцю цётка пераходзiла часам на мясцовую гаворку i цытавала грубыя, сакавiтыя слоўцы сваiх суседзяў-фермераў. Адносiлася цётка да гэтых людзей з кранаючай заклапочанасцю. Але глыбока, усiм сэрцам любiла яна толькi мяне. А я i не бачыла, як, стоячы на каленях, яна расшнуроўвала мае боцiкi, здымала панчохi, грэла ў сваiх старэчых далонях мае ногi...

Потым зайшоў Бальён. Назаўтра ён ад'язджаў у Сэн-Клер, i яму трэба было атрымаць усе распараджэннi. Цётка склала спiс даручэнняў i разам з iм перадала старому слузе кiпу рэцэптаў для хворых з Аржалузы: "Перш-наперш вы зойдзеце ў аптэку, каб Даркэ паспеў падрыхтаваць усе лякарствы да вашага ад'езду".

Першая сустрэча з Жанам... Хочацца ўспомнiць кожную дробязь... Сама не ведаю, чаму я пайшла да таго будана, дзе некалi ў час летнiх вакацый мы бывалi з Аннай i дзе, як я ўжо цяпер ведала, яна сустракалася з гэтым Азеведа. Не, я пайшла туды зусiм не дзеля таго, каб пабачыць месца, з якiм звязана столькi светлых успамiнаў. Проста хвоi ў тым баку так разраслiся, што там ужо немагчыма было паляваць на вехiроў i можна было не баяцца, што перашкодзiш паляўнiчым. Ды i будан ужо быў непрыдатны для палявання: лес шчыльна абступiў яго, засланiў далягляд. Каб толькi не забыць: кастрычнiцкае сонца яшчэ добра прыгравала; я стамiлася iсцi па пяску; не давалi спакою мухi... А як цяжка мне было несцi свой жывот! Я так марыла пасядзець на старой трухлявай лаўцы ў будане! Калi я адчынiла дзверы, то твар у твар сутыкнулася з маладым чалавекам без галаўнога ўбору. Я адразу пазнала Жана Азеведа i спачатку падумала, што перашкодзiла яго любоўнаму спатканню: надта ж ён выглядаў збянтэжана. Але дзiўная рэч - як толькi я хацела пайсцi, ён стаў угаворваць мяне: "Ну, што вы, мадам, калi ласка, праходзьце, вы мне зусiм не перашкодзiлi". Чаму ён тады спытаўся, цi вiдно знадворку, што робiцца ў будане?.. Я зайшла i была страшэнна здзiўлена, што, акрамя Жана, у будане нiкога няма. Можа, пастушка вышмыгнула праз другi выхад? Але ж нi адна галiнка не трэснула, пакуль мы стаялi ля ўваходу. Ён таксама пазнаў мяне i першы загаварыў пра Анну. Я села, ён стаяў - у той самай позе, як на фатаграфii. Я разглядала яго лёгкую кашулю i спрабавала адгадаць, дзе тое месца на грудзях, якое я праткнула на здымку шпiлькай; я глядзела на яго з цiкавасцю, але без хвалявання. I мiжволi прыгадалiся словы Анны: "Я прыцiскаю сваю руку туды, дзе б'ецца яго сэрца (гэта ён заве "апошняй дазволенай ласкай"...). Цi быў ён прыгожы? Высокi, цудоўны лоб, аксамiцiстыя вочы, уласцiвыя яго племенi, паўнаватыя шчокi i прышчыкi - прыкмета ўсхваляванай крывi ў юнакоў яго ўзросту. Асаблiва непрыемна было адчуваць яго мяккую, вiльготную далонь, якую ён яшчэ паспеў выцерцi хустачкай. Але вочы i гарачы позiрк былi прыгожыя. Мне спадабаўся i яго вялiкi, трохi разяўлены рот, дзе бялелi моцныя вострыя зубы, - здавалася, ён вось-вось высуне язык, як малады сабака ў спёку.

А я сама? Што ж, я трымалася так, як i належыць чалавеку з сям'i Дэскейру: гаварыла пагардлiва, рэзка i абвiнавацiла яго: "Ты ж унёс смуту i разлад у такую паважаную сям'ю..." Ах, якое непрытворнае было яго здзiўленне - гэты хлапец шчыра разрагатаўся: "Як? Дык вы лiчыце, што я хачу ажанiцца з Аннай? Вы думаеце, што я замахнуўся на яе гонар?" Я атарапела, i мне адразу стала ясна, якая бездань аддзяляе Анну ад гэтага раўнадушнага юнака. Ён актыўна абараняўся: "Як можна ўстаяць перад чароўнасцю такой дзяўчыны? Але ж пагуляць нiкому не забаронена. I якраз таму, што тут i гаворкi пра шлюб быць не магло, гэтая гульня мне здавалася бяскрыўднай. Я, вядома, толькi рабiў выгляд, што падзяляю намеры Анны..." I калi я высакамерна спынiла яго, ён горача запярэчыў, што сама Анна можа засведчыць яго прыстойнасць - далёка ён нiколi не заходзiў, i, урэшце, мадмуазэль дэ ля Траў павiнна быць удзячнай яму за тыя хвiлiны сапраўднай страсцi - хутчэй за ўсё адзiныя, якiя адпушчаны ёй у гэтым сумным, змрочным жыццi. "Вы кажаце, што яна пакутуе, але паверце мне: такiя пакуты - гэта самае лепшае, чаго яна можа чакаць ад свайго лёсу. Я многа чуў пра вас i ўпэўнены, што вам гэта можна сказаць, бо вы непадобныя на тутэйшых мяшчан. Што чакае гэтую дзяўчыну? Нуда i гiбенне ў якiм-небудзь старым доме Сэн-Клера! У гэтае невясёлае падарожжа па жыццi я даў ёй з сабой запас пачуццяў, мараў, успамiнаў, якiя, магчыма, выратуюць яе ад адчаю цi, ва ўсякiм разе - ад атуплення". Нешта я не прыпомню, цi раззлавала мяне гэтая прэтэнцыёзнасць, гэтая самаўпэўненасць?.. А можа, наадварот - спадабалася... Праўду кажучы, ён гаварыў так хутка, што я ледзьве паспявала разумець яго. Потым я ўсё ж прывыкла да яго шматслоўя. "Паслухайце, мадам! Няўжо вы сапраўды лiчыце, што я хацеў гэтага шлюбу? Мне - кiнуць якар у гэтым пяску або ўзяць на сябе такую абузу i везцi гэтае дзяўчо ў Парыж? Я, безумоўна, зберагу ў памяцi цудоўны вобраз Анны. I ў тую хвiлiну, калi вы засталi мяне тут, у будане, я якраз думаў пра яе... Але, мадам, хiба можна спутаць самому сабе ногi, прыкаваць сябе да аднаго месца. Кожнае iмгненне павiнна прыносiць сваю асаблiвую радасць, адметную ад усяго таго, што ты ўжо меў". Спалучэнне гэтай маладой жывёльнай прагнасцi i цвярозага розуму ў адной асобе здалося мне такiм незвычайным, што я слухала i не перабiвала. О! Жанавы словы асляпiлi мяне! Праўда, таннай мiшурой! Але ўсё ж такi асляпiлi!.. Помню, як пачулiся званочкi i галасы пастухоў: у наш бок падыходзiў статак авечак. Я тады сказала Жану, што будзе няёмка, калi нас дваiх убачаць у гэтым будане. I мне захацелася пачуць у адказ: "А давайце прытаiмся i цiхенька перачакаем, пакуль пройдзе статак..." Мяне б так парадавала гэтае маўклiвае чаканне, нiбы мы абое супольнiкi (вось i я ўжо рабiлася патрабавальнай - мне хацелася, каб кожная хвiлiна даравала мне новыя пачуццi i перажываннi)... Але Жан Азеведа паслушна адчынiў дзверы i ветлiва прапусцiў мяне наперад. Адважыўся ён правесцi мяне да Аржалузы толькi тады, калi ўпэўнiўся, што я супраць гэтага нiчога не маю. Якой жа кароткай здалася мне тады дарога! Мы так нагаварылiся!.. I да чаго ж цiкава ўмеў ён расказваць пра рэчы, якiя я быццам бы i ведала... Калi зайшла гаворка пра рэлiгiю i я пачала гаварыць пра тое, што i звычайна, ён спынiў мяне: "Усё гэта так, мадам. Але ўсё гэта куды больш складана..." I з яго вуснаў ляцелi такiя арыгiнальныя довады, што я была проста ў захапленнi. А цi было чым захапляцца?.. На цяперашнi розум я i слухаць не захацела б гэтай лухты: ён гаварыў, што доўгi час быў перакананы, што самае галоўнае ў жыццi - гэта пошук Бога: "Больш, чым смерцi, баяцца, уцякаць ад усiх тых, хто ўбiў сабе ў галаву, што ён знайшоў Бога, хто супакоiўся i закасцянеў, хто зрабiў сабе бярлогу, каб толькi драмаць у ёй... Як жа ўсё гэта агiдна!.."

Ён папытаўся ў мяне, цi чытала я кнiгу Рэнэ Базэна* "Жыццё айца Фуко". У адказ я неяк няшчыра, ненатуральна засмяялася. I тады ён сказаў, што гэтая кнiга ашаламiла яго. "Жыць у небяспецы, у самым глыбокiм сэнсе гэтага слова, дадаў ён, - гэта, бадай, i азначае, што чалавек не так шукае, як ужо знайшоў свайго Бога i iдзе па шляхах боскiх..." Ён быў на вяршынi шчасця ад "Жыцiя мiстыкаў", скардзiўся, што ў яго неўтаймаваны характар i ён толькi таму не можа пайсцi ўслед за мiстыкамi, што "колькi сябе помнiць, нiколi не быў дастаткова чысты для гэтага".

* Рэнэ Базэн (1853-1932) - французскi пiсьменнiк-раманiст. Аўтар раманаў "Усёй душой", "Адзiнокая", "Сёння i заўтра", "Чарнiльная пляма" i iнш. Ф.Марыяк прысвяцiў яму манаграфiю, выдадзеную ў 1931 г.

Гэтая бессаромнасць, гэтая лёгкасць, з якой ён паказваў усё сваё нутро якое ж усё гэта было новае ў параўнаннi з нашай правiнцыяльнай скрытнасцю i замоўчваннем усяго, што датычылася ўласнай натуры. Усе размовы i плёткi ў Сэн-Клеры iдуць толькi вакол таго, што наверсе, перад вачыма, а сэрцы там нiколi не адкрываюцца... Ну што я, урэшце, ведаю пра Бернара? Намалявала сабе карыкатуру, а можа, у iм хаваецца штосьцi куды больш значнае, важнае?..

Жан гаварыў, а я маўчала i слухала. На язык прыходзiлi толькi збiтыя, шэрыя фразы з нашых бесталковых сямейных спрэчак. Падобна да таго, як у нас у ландах вазы робяць "па каляiне", гэта значыць, з дастаткова шырокiм ходам, каб колы пападалi ў наезджаную каляiну, так i мае думкi да гэтага дня iшлi "па каляiне" майго бацькi i свёкра.

Жан крочыў побач. Як цяпер бачу я гэтую расшпiленую кашулю, што прыкрывала яшчэ зусiм хлапечыя грудзi i моцную шыю... Цi цягнула мяне да яго? Ды не, беражы Бог! Але мне ўпершыню сустрэўся чалавек, якi самым галоўным у жыццi лiчыў работу мозга, разумовую працу. Увесь час ён гаварыў пра сваiх парыжскiх настаўнiкаў, сяброў, прыводзiў iх думкi, расказваў пра кнiгi - лiчыць яго нейкiм вундэркiндам я, бадай, не магла: ён уваходзiў у кагорту тых выбраных людзей, хто, па яго словах, "жыве па-сапраўднаму". Адна за адной сыпалiся на мяне цытаты, iмёны, i Жан нават не дапускаў, што я магу iх не ведаць. А я i выгляду не падавала, што чую ўсё гэта ўпершыню.

Калi за павароткай паказалiся жытнёвыя палеткi i ўскраiны Аржалузы, я мiжвольна ўсклiкнула: "Як? Ужо?.." Даўно ўжо прайшло жнiво. Над панурым малаўрадлiвым полем вiлiся сiнiя клубы дыму: сёння тут палiлi пустазелле. Уздоўж дарогi, нiбы паток разлiтага малака, плыў статак авечак...

Тут Жану трэба было паварочваць i цераз поле iсцi дамоў у Вiльмiжа. Я сказала, што правяду яго: "Усё, што я сёння пачула - гэта так цiкава..." Але раптам мы абое зразумелi, што больш гаварыць няма пра што. Iсцi па ржышчы мне было цяжка: нават у сандалях калола ў ногi. Мне здалося, што яму захацелася хутчэй застацца аднаму i цалкам аддацца сваiм думкам. Я нагадала яму, што мы так i не пагаварылi пра Анну. "Мы не свабодныя ў выбары тэм для размоў, ды, вiдаць, i думак. Iнакш нам трэба было б прыняць метады i правiлы мiстыкаў, амаль з выклiкам адказаў ён. - Такiя людзi, як мы, заўсёды плывуць з вадой па цячэннi..."

Мы дамовiлiся спаткацца яшчэ раз, каб разам падумаць, што рабiць з Аннай. Ён гаварыў рассеяна i раптам, не слухаючы мяне, нахiлiўся i з дзiцячай радасцю паказаў мне баравiк, панюхаў аго i дакрануўся губамi да шапачкi.

VII

Бернар сядзеў на ганку i чакаў. Вось у вячэрнiм змроку з'явiлася постаць Тэрэзы. "Паслухай, у мяне нiчога не знайшлi! Нiчога! - радасна закрычаў ён. I хто мог падумаць, што ў мяне малакроўе! Гэта ў мяне, з маiмi бiцэпсамi i мускулатурай! Але што зробiш: па знешнасцi нiчога не ўгадаеш. Вазьмуся за лячэнне. Буду прымаць каплi Фаўлера* - яны з мыш'яком. Галоўнае цяпер апетыт..."

* Томас Фаўлер (1736-1801) - ангельскi лекар. Яго iмя дадзена "каплям Фаўлера", якiя рэкамендуюць пры нервовых захворваннях i адсутнасцi апетыту.

Тэрэза ўспамiнала, што спакойна выслухала ўсё гэта: не раздражняў яе нават i занудлiвы тон Бернара. Яна як быццам не чула мужавых слоў, бо душой i целам ужо была прывязана да другога свету, свету людзей, якiя прагнуць жыцця, iмкнуцца ў iм разабрацца, усё спасцiгнуць, зразумець i стаць, як паўтараў Жан, "самымi сабой".

Калi за сталом Тэрэза нарэшце загаварыла пра сустрэчу з Жанам, Бернар захваляваўся: "Як? I ты маўчыш? Ну, ты зусiм у мяне дзiвачка! Ну як? Што вы з iм вырашылi?"

Тэрэза на хаду прыдумала план, якi пасля i сапраўды здзейснiўся: "Жан Азеведа згадзiўся напiсаць Анне пiсьмо, у якiм ён вельмi тактоўна i далiкатна пазбавiць дзяўчыну ўсялякай надзеi". Бернар яхiдна засмяяўся, калi Тэрэза паведамiла, што малады чалавек зусiм i не дамагаўся рукi Анны: як, каб нейкi Азеведа не мроiў узяць за жонку мадмуазэль дэ ля Траў!

- Ты пры сваiм розуме? Ён жа нюхам чуе, што яму тут нiчога не перападзе! А такiя людзi, як ён, нiколi рызыкаваць не будуць, калi ёсць хоць доля сумнення. О! Якая ж ты ў мяне даверлiвая!

Лямпы не запальвалi, каб не наляцела камароў, i Бернар не бачыў, як на яго паглядзела Тэрэза. Да яго вярнуўся апетыт. Не дарэмна ён ездзiў у Бардо доктар зноў паставiў яго на ногi.

"Цi часта я бачылася з Жанам? Ён паехаў у канцы кастрычнiка... Здаецца, пяць цi шэсць разоў... Ды яшчэ тая прагулка, калi мы з iм складалi разам пiсьмо да Анны. Як жа стараўся гэты юнак падабраць мяккiя гаючыя словы!.. Я больш маўчала, хоць i поўнасцю адчувала iх бязлiтаснасць i жорсткасць... Чамусьцi злiваюцца ў памяцi нашы апошнiя сустрэчы ў нешта адно... Жан апiсваў мне Парыж, сваiх сяброў, i я пачынала ўжо бачыць гэты ягоны свет, дзе пануе адзiны закон: стаць самiм сабой. "Тут вы ўсе асуджаны лгаць да самай смерцi". А чаму ён так сказаў? Куды ён хiлiў? Што ён падазраваў? "Не магу сабе ўявiць, - гаварыў ён, - як вы можаце жыць у гэтым удушлiвым асяроддзi. Паглядзiце навокал: усюды бясконцае, аднастайнае балота, пакрытае лёдам, якi скаваў душы людскiя! Часам лёд дасць трэшчыну, бачыш чорную ваду: нехта бiўся там з апошнiх сiл, пайшоў на дно, i зноў усё пакрываецца лёдам... бо кожны тут, як i ўсюды, нараджаецца са сваiм уласным законам, кожны тут, як i ўсюды, мае сваю долю, i, тым не менш, усе жывуць ва ўладзе адзiнага для ўсiх сумнага лёсу. Сёй-той спрабуе бунтаваць, i тады ў шаноўных сем'ях узнiкаюць драмы, якiя так старанна замоўчваюцца. Як тут кажуць: "Лепш памаўчаць..."

"Так яно i ёсць! - вырвалася ў мяне. - Колькi разоў дапытвалася я пра лёс сваякоў - дзядзькi, дваюраднага дзядулi, бабулi, чые фатаграфii знiклi з усiх альбомаў, - i нiякага адказу! I толькi аднойчы мне сказалi: "Ён знiк... так было трэба..."

А цi не баяўся Жан, што i мяне чакае такая доля?.. Ён кляўся, што яму i ў галаву не прыйшло б гаварыць пра такое з Аннай, якая, нягледзячы на сваё палкае каханне, - натура залiшне простая, пасрэдная, звычайная: пастаяць за сябе не можа i вельмi хутка скарыцца. "Але вы! У кожным вашым слове я адчуваю прагу шчырасцi..." Цi варта гэта пераказваць Бернару? Ды трэба быць вар'ятам, каб паверыць, што гэты чалавек хоць што-небудзь тут зразумее! Але няхай бы ведаў, што я, прынамсi, не здавалася без барацьбы. Помню, як аднойчы я запярэчыла гэтаму маладому чалавеку, што ён хавае за прыгожымi фразамi самае агiднае прыняцце маральнага падзення. Я нават спрабавала знайсцi падтрымку ў тых лекцыях па этыцы i маралi, што нам чыталi ў лiцэi. "Быць самiм сабой? паўтарала я. - Але ж мы - гэта толькi тое, што мы робiм самi з сябе". (Цi трэба развiваць гэтую думку? Для Бернара, мусiць, трэба.) Жан не згаджаўся са мной i даказваў, што самае горшае падзенне - гэта адрачэнне ад самога сябе. Ён сцвярджаў, што не было нiводнага героя цi святога, якому б не давялося пераадолець сваю натуру i ва ўсёй паўнаце раскрыць сваё "я". "Каб знайсцi Бога, трэба перасягнуць самога сябе", - паўтараў ён. I яшчэ: "Сцвярджэнне свайго "я" патрабуе ад лепшых з нас, каб мы выступiлi супраць самiх сябе адкрыта, без хiтрасцi, у самай сумленнай дуэлi. Менавiта таму i здараецца, што той, хто "пераадолеў сябе", "вызвалiўся", часта добраахвотна звязвае сябе путамi самай абмежаванай рэлiгii".

Не варта спрачацца з Бернарам, наколькi абгрунтавана такая мараль; можна нават пагадзiцца з iм, што ўсё гэта - нiкчэмныя сафiзмы, але няхай жа ён зразумее, няхай пастараецца зразумець, як усё гэта было цiкава, як гэта захапляла мяне. I што пасля такiх размоў магла я адчуваць у нашай гасцiнай у Аржалузе?.. Побач, на кухнi, Бернар сцягваў з сябе боты i на мясцовай гаворцы расказваў пра сваю здабычу на паляваннi. На стале, нiбы жывы, курчыўся i трапятаўся паляўнiчы мяшок: там бiлiся злоўленыя вехiры. Потым Бернар садзiўся вячэраць. Еў марудна, смакаваў кожную страву i радаваўся, што апетыт не пакiнуў яго назаўсёды. Пасля вячэры з любоўю адлiчваў кроплi фаўлера: "Вось дзе маё здароўе", - любiў ён паўтараць. У камiне патрэсквалi дровы, i варта было толькi павярнуць сваё крэсла, каб адчуць усiм целам прыемную ласку агню. Часам пасля дэсерту ён браў у рукi мясцовую газетку i пачынаў драмаць. Дыхаў ён спакойна, роўна, вельмi цiха i толькi зрэдку пахрапваў. Жонка Бальёна шаркала шлёпанцамi на кухнi, потым прыносiла падсвечнiкi са свечкамi... А потым наставала цiшыня! Сапраўдная аржалузская цiшыня! Той, хто не быў у гэтай глухаманi, не ведае, што такое цiшыня: яна акружае дом густой цёмнай масай, падобнай на начны лес, дзе ўсё замiрала i толькi зрэдку вухкала сава (i тады ўдавалася, што ў цемры нехта жаласна плача).

Асаблiва востра я пачала адчуваць гэтую жудасную цiшыню пасля ад'езду Жана. Пакуль я ведала, што заўтра зноў пабачуся з iм, змрок i цiшыня ночы так не прыгняталi мяне. Адно тое, што ён спаў зусiм недалёка, уносiла ў гэтую непраглядную цемру, у гэтую ўсяленскую цiшыню iскрынку жыцця i надзеi. I вось ён паехаў. На апошнiм спатканнi ён абяцаў, што мы сустрэнемся праз год, калi я ўжо буду "свабодная". (Далiбог, не ведаю, якi сэнс ён укладаў у гэтае слова. Магчыма, што i яго даканала гэтая пустэча i цiшыня, а мной ён даражыў, як адзiнай субяседнiцай.) З таго дня, як ён паехаў, я быццам iшла па бясконцай пячоры, дзе ўсё згушчаецца i згушчаецца цемра. I я часта пыталася ў сябе, цi ўдасца мне выбрацца на прастор, на свежае паветра, або мне суджана так i задыхнуцца тут? Але да студзеня, да маiх родаў нiчога не змянiлася...

У гэтым месцы сваiх успамiнаў Тэрэза ў нерашучасцi спыняецца. Ёй хочацца, ой як хочацца абысцi ўсё тое, што адбылося на трэцi дзень пасля ад'езду Жана: "Не! Не! Нашто мне ўсё гэта, калi яно не мае нiякiх адносiн да справы. Я i так усё растлумачу Бернару! Няма ў мяне часу блукаць у гэтых успамiнах!.." Але чалавечая памяць упартая: немагчыма перагарадзiць ён дарогу... I перад вачыма зноў той кастрычнiцкi вечар... Бернар ужо быў наверсе, у спальнi, i раздзяваўся. Тэрэза сядзела ля камiна, чакала, пакуль згарыць апошняе палена, i радавалася, што хоць хвiлiнку можа пабыць адна. "Што цяпер робiць Жан Азеведа? - думала яна, гледзячы на агонь. - Можа, сабе выпiвае ў тым маленькiм бары, пра якi ён столькi расказваў? А можа, разам са сваiм сябрам катаецца ў аўтамабiлi па начным бязлюдным Булонскiм лесе? Магчыма, працуе за пiсьмовым сталом, а за вокнамi глуха гудзе Парыж? Жан сам стварае сабе цiшыню, адваёўваючы яе ад гарадскога грукату. I гэта iншая цiшыня, зусiм не такая, што душыць мяне тут. Там цiшыня не сягае далей, чым святло лямпы, не далей за кнiжныя палiцы..."

Раптам на дварэ забрахаў, а потым радасна заскавытаў сабака. Яго супакойваў знаёмы, стомлены голас. Анна дэ ля Траў адчынiла дзверы. Цёмнай восеньскай ноччу яна адна пехатой прыйшла з Сэн-Клера. На маленькiм, адразу пастарэлым тварыку лiхаманкава блiшчалi вочы. Яна кiнула на крэсла капялюшык, спыталася: "Дзе ён?"

Тэрэза i Жан напiсалi пiсьмо, адправiлi яго i вырашылi, што справа скончана. Магчымасць таго, што Анна будзе змагацца за сваё шчасце, была поўнасцю скасавана... Але хiба чалавек слухаецца лагiчных довадаў i разважанняў, калi гаворка заходзiць пра само яго жыццё!.. Анне ўдалося ўцячы з-пад нагляду мацi i сесцi на цягнiк. Па цёмнай дарозе да Аржалузы яе вяла светлая палоска неба памiж вершалiнамi прысад. "Пабачыцца з iм! Чаго б гэта нi каштавала! Калi мы ўбачымся, я зноў заваюю яго! Толькi б пабачыцца!" З гэтай адзiнай думкай спяшалася яна ў Аржалузу: iшла, бегла, спатыкалася на калдобiнах... I вось Тэрэза гаворыць, што Жан паехаў, што ён у Парыжы. Анна не верыць, яна не можа ў гэта паверыць, гатовая ўпасцi ад стомы i адчаю.

- Ты лжэш! Ты заўсёды мне хлусiла!

Не слухаючы Тэрэзы, яна дадае:

- А! Дык i ты заадно з гэтай сямейкай! Знайшлася мне вольная i незалежная!.. А выйшла замуж i бачыш, як ты заспявала! Канешне, ты хацела, каб лепш было мне!.. Прадала мяне дзеля маёй жа карысцi! Ды не старайся ты! Не трэба мне нiчога тлумачыць!

Яна пайшла да дзвярэй.

- Ты куды? - спыталася Тэрэза.

- У Вiльмiжа, да яго!

- Я табе яшчэ раз гавару, што яго няма там.

- Я не веру табе!

Анна выйшла. Тэрэза запалiла лiхтар, што вiсеў у прыхожай, i дагнала яе.

- Ты пайшла не ў той бок. Гэта дарога на Бiурж. А табе трэба вунь туды.

Над сенажаццю стаяў густы туман. Недзе забрахалi сабакi. Вось нарэшце i знаёмыя дубы... Адзiнокi, сонны, мёртвы дом... Анна падыходзiць да гэтага магiльнага склепа i абедзвюма рукамi стукаецца ў дзверы. Тэрэза паставiла лiхтар на зямлю i нерухома стаiць. Яна бачыць, як лёгкая фiгурка, нiбы здань, прыпадае да кожнага акна нiжняга паверха. А ў галаве адно толькi слова "Жан". Але не сарвецца яно з дзявочых вуснаў, не пабудзiць гэтай магiльнай цiшынi... На хвiлiну яна знiкае за домам, зноў выходзiць, садзiцца на парог i, абхапiўшы рукамi твар, утыкаецца ў каленi... Горкiя дзявочыя слёзы... Тэрэза падымае сяброўку i вядзе за сабой. Тая, як п'яная, увесь час спатыкаецца i ўсё паўтарае:

- Заўтра я паеду ў Парыж. Парыж не такi ўжо i вялiкi. Я знайду яго там...

Але ў яе голасе - апошняе супрацiўленне дзiцяцi, якое ўжо скарылася, але нiяк не хоча ўтаймавацца.

Бернар прачнуўся ад iх гоману, надзеў халат i чакаў у гасцiнай. Не, нiколi не забыць Тэрэзе той сцэны, што разыгралася памiж братам i сястрой... Гэты чалавек, якi змог груба схапiць за рукi змучанае няшчаснае дзяўчо, завалачы па лесвiцы на трэцi паверх, кiнуць у спальню i замкнуць дзверы, - гэты чалавек твой муж, Тэрэза! Гэта той самы Бернар! I праз дзве гадзiны ён будзе тваiм суддзёй... Гонар сям'i - гэта Бернараў шчыт, i гэты чалавек заўсёды, пры любых абставiнах, ведае, што трэба рабiць дзеля iнтарэсаў сям'i... Ты вось са страхам i трывогай рыхтуеш апраўдальную прамову. Але ж толькi людзi без сваiх прынцыпаў могуць пачуць i зразумець чужыя довады. Бернар пасмяецца з тваiх апраўданняў: "Я ведаю, што мне трэба рабiць". Ён ведае. Гэта праўда. А калi ўсё ж i ўзнiкнуць сумненнi, то ён скажа: "Мы абмеркавалi гэта ў сям'i i лiчым, што..." Няўжо ты думаеш, што ён яшчэ не вынес табе прыгавору? Лёс твой вырашаны раз i назаўсёды, так што лепш пастарайся заснуць.

VIII

Пасля таго, як бацькi забралi зламаную Анну дамоў, у Сэн-Клер, Тэрэза амаль да самых родаў жыла ў Аржалузе. Вось калi яна як мае быць спазнала цiшыню тых бясконцых лiстападаўскiх начэй! Пiсьмо, пасланае Жану Азеведа, засталося без адказу. Напэўна, ён вырашыў, што нiчога, акрамя нуды, перапiска з нейкай правiнцыялкай яму не дасць. Да таго ж цяжарная жанчына... А што можа быць прыемнага ў такiм успамiне? Магчыма, цяпер, на адлегласцi, Тэрэза здавалася гэтаму парыжскаму шалапуту прэснай i нецiкавай? Канешне, яму больш даспадобы прытворная вытанчанасць, ускладнёнасць, рысоўка. Але што ён мог зразумець у гэтай падманлiвай прастаце, у гэтым ясным прамым позiрку, у гэтых упэўненых рухах?.. Вiдаць, i яе ён лiчыў здольнай злавiць яго на слове, гатовай усё кiнуць i бегчы за iм. Жан Азеведа асцерагаўся жанчын, якiя занадта хутка здаюцца i складаюць зброю, калi мужчына яшчэ нават не паспеў зняць асады. Больш за ўсё на свеце ён баяўся такiх перамог!

Мiж тым Тэрэза iмкнулася зразумець духоўны свет гэтага юнака. Але кнiгi, якiя яна выпiсала з Бардо, здалiся ёй незразумелымi. А Жан быў ад iх у захапленнi!

Марудна iшоў час. Тэрэза жыла, нiчога не робячы. I дарэмна было б угаворваць яе шыць пялёнкi цi распашонкi будучаму дзiцяцi. "Ого! Гэта не для яе..." - з папрокам гаварыла свякроў.

У вёсцы шмат жанчын памiрае пры родах. I Тэрэза да слёз даводзiла сваю цётку, паўтараючы, што i ёй гэтага не вытрымаць, i яна памрэ, як некалi яе мацi. I заўсёды дадавала, што ёй усё роўна: жыць цi памерцi. Якая хлусня! Нiколi ёй так не хацелася жыць, як тады. Ды i Бернар нiколi так не клапацiўся пра яе. "Не, не мяне ён аберагаў, а таго, каго я насiла ў сабе". Дарэмна ён са сваiм жахлiвым мясцовым акцэнтам бубнiў адно i тое: "Вазьмi яшчэ пюрэ... Не еш рыбы... Ты сёння i так ужо многа хадзiла..." Усё гэта пралятала мiма вушэй, бо гэтак клапоцяцца пра наймiчку-кармiцельку, каб у яе было добрае малако. Бернар i яго бацькi бераглi мяне як свяшчэнны сасуд з будучым нашчадкам iх роду. I несумненна, што пры выпадку яны ахвяравалi б мною дзеля гэтага эмбрыёна. Я страцiла адчуванне свайго ўласнага iснавання. Для iх я была ўсяго толькi лазой вiнаграднай: значэнне меў толькi плод, якi выспяваў у маiм лоне.

Вось так у змроку i адзiноце жыла я да канца снежня. Святло ад нашага панурага дома адгароджвала чорная сцяна хваёвага лесу. А тут яшчэ гэтыя бясконцыя асеннiя дажджы!.. Зямля зрабiлася непраходным балотам. Ужо ледзьве можна было праехаць па адзiнай дарозе ў Сэн-Клер. I тады мяне перавезлi ў Бернараў дом. Тут было трохi больш святла, чым у нас, у Аржалузе. Старыя платаны на плошчы ўсё яшчэ змагалiся з ветрам i дажджом за свае апошнiя лiсты...

Цётка Клара не магла жыць у чужым доме i адмовiлася пераехаць разам са мной. Але часта, нават у самую непагадзь, яна прыязджала да мяне ў сваiм старым фаэтоне. Прывозiла мне гасцiнцаў, ласункаў, якiя я так любiла ў дзяцiнстве, i як яна думала, люблю i цяпер: шэрыя жытнiя пампушкi з мёдам, салодкi пiрог пад назвай "фугас" цi "румаджад".

Анну я бачыла толькi за сталом. Яна нiколi са мной не размаўляла. З усiм яна змiрылася, асунулася i неяк адразу страцiла сваю свежасць. Старанна зачасаныя назад валасы адкрывалi непрыгожыя, нiбы з воску, вушы. Iмя маладога Дэгiлема называць пры ёй нiхто не адважваўся. Але мадам дэ ля Траў пераконвала мяне, што хаця Анна яшчэ не дала сваёй згоды на гэты шлюб, цяпер яна ўжо не гаворыць i "не". Ах, як разгадаў яе Жан! Нямнога ж спатрэбiлася часу, каб накiнуць на яе аброць i ўцiхамiрыць!

Бернару стала горш, бо ён зноў пачаў выпiваць перад абедам.

А пра што гаварылi гэтыя людзi вакол мяне? Добра памятаю гэтыя бясконцыя размовы пра кюрэ (мы жылi акурат насупраць яго). Яны нiяк не маглi даўмецца, чаму кюрэ на дзень па чатыры разы праходзiў цераз плошчу, а дамоў вяртаўся нейкай другой дарогай...

Успамiнаючы свае размовы з Жанам Азеведа, Тэрэза цяпер лепш прыглядалася да гэтага яшчэ маладога святара. Ён нiбы цураўся сваiх прыхаджан, i ўсе яны лiчылi яго ганарлiўцам: "Не такi тут патрэбен кюрэ". Ён быў рэдкiм госцем у сям'i дэ ля Траў, але Тэрэза звярнула ўвагу на яго прыгожы высокi лоб i пабеленыя сiвiзной скронi. "Жыве сабе чалавек адзiн: нi сяброў, нi знаёмых. Як жа ён бавiць час у гэтыя доўгiя вечары?.. Чаму выбраў сабе такую дарогу?.." "Ён вельмi дакладна i строга выконвае ўсё, што патрабуецца, - гаварыла мадам дэ ля Траў. - Штовечар чытае малiтвы, але не хапае яму божага дару. Пра яго не скажаш, што ён надта набожны. А наша дабрачыннае таварыства, ён жа яго зусiм закiнуў". Яна скардзiлася, што кюрэ распусцiў аркестр, створаны папячыцелем таварыства, перастаў вадзiць дзяцей на футбольныя матчы: "Гэта вельмi добра, што ён сядзiць, уткнуўшы нос у свае кнiгi, але ж так нядоўга i прыход упусцiць".

Тэрэза некалькi разоў хадзiла ў царкву, каб паслухаць кюрэ. "Ну, дарагая, што гэта вы сабе ўздумалi? У вашым становiшчы можна i не хадзiць на службу". Пропаведзi святара тычылiся дагматаў, прынцыпаў маралi i былi залiшне агульныя, безаблiчныя. Але Тэрэзу цiкавiлi перапады ў яго голасе, iнтанацыi, яго жэсты i рухi... Часам нейкае слова здавалася ёй асаблiва значным... Ах, можа, ён дапамог бы разабрацца ў заблытаным клубку яе пачуццяў i думак? Ён жа такi непадобны на ўсiх астатнiх... I ён таксама ўспрымае жыццё трагiчна... Да сваёй глыбокай унутранай адзiноты ён дадаў яшчэ i пустыню, якую стварае сутана вакол таго, хто яе апрануў... Якую падтрымку, якое суцяшэнне мог ён знаходзiць у гэтых штодзённых царкоўных абрадах? Тэрэзе захацелася пайсцi на яго службу ў будзённы дзень, калi ў царкве нiкога не бывае, акрамя хлопчыка з хору, а святар, схiлiўшыся над кавалачкам хлеба, мармыча малiтву... Аднак пачэснае сямейства ды i ўсе жыхары гарадка ўспрынялi б гэта як страшэннае дзiвацтва i пачалi б крычаць, што яна кiнулася ў лона хрысцiянства.

Колькi нi адпакутавала Тэрэза ў гэтую пару, але толькi пасля родаў яна па-сапраўднаму зразумела, што не зможа вынесцi такое жыццё. Вонкава гэта нiяк не выяўлялася. Нiякiх сцэн з Бернарам. Да яго бацькоў яна ставiлася з большай павагай, чым ён сам. Але трагедыя ў тым якраз i была, што не знаходзiлася нiякiх падстаў для разрыву i нiчога, здавалася, не можа перашкодзiць гэтаму нуднаму жыццю так цячы да самай смерцi. Калi ў сям'i няма згоды, то для таго, каб адбыўся раскол, патрэбны сутычкi. Аднак Тэрэза амаль не сварылася з Бернарам i яшчэ менш - з яго бацькамi. Iх словы не даходзiлi да яе, i ёй i ў галаву нават не прыйшло б адказаць гэтым людзям. Нябачная сцяна ўстала памiж ёю i iмi. I адны i тыя ж, нават самыя значныя, словы разумелiся па-рознаму. А калi часам у Тэрэзы i вырываўся шчыры крык душы, то ўсе расцэньвалi гэта не iнакш, як яшчэ адзiн капрыз. "Я раблю выгляд, што не чую, - гаварыла мадам дэ ля Траў, - а калi яна настойвае на сваiм, то не надаю нiякага значэння яе крыкам. Хай ведае: у нас такiя выкрунтасы не праходзяць..."

Мiж тым было ў паводзiнах нявесткi тое, што напраўду дапякала свекрывi. Тэрэза з сябе выходзiла (i гэта не заўсёды ўдавалася схаваць), калi сваякi i знаёмыя ахкалi, што маленькая Мары - вылiтая мама: "От ужо дзе дачушка! Ад такой адрачыся нiяк нельга!.." А ў адказ чуўся злосны Тэрэзiн голас: "Ды яна зусiм на мяне непадобная! Паглядзiце, якая яна смуглая, вочы чорныя, як вугалькi. А вось мае фатаграфii - я была бялявая дзяўчынка".

Тэрэза не хацела мець хоць што-небудзь агульнае з гэтай малечай, плоць ад плоцi яе. I ўжо па гарадку пайшлi плёткi, што яна пазбаўлена мацярынскага пачуцця. "Што вы! Тэрэза па-свойму любiць дачку, - паўтарала мадам дэ ля Траў. - Вядома, ад яе не дачакаешся, каб яна паглядзела, як купаюць малую цi мяняюць пялёнкi. Гэта не ў яе звычаi. Але я сама бачу, як цэлымi вечарамi яна сядзiць над калыскай i ўсё глядзiць, глядзiць, як спiць Мары... Ведаеце, нават палiць перастала... Урэшце, нянька ў нас такая, што кожны пазайздросцiць. Дый наша Анна тут. От ужо з каго будзе мацi! Вось пабачыце!.."

I, праўда, з таго часу, як у доме з'явiлася дзiця, Анна нiбы ажыла. Жанчыну заўжды цягне да калыскi, але Анна была на сёмым небе, калi брала малую на рукi. Каб часцей забаўляцца з Мары, яна нават памiрылася з Тэрэзай. Але як далёка было гэтае прымiрэнне ад iх колiшняй непадробнай, шчырай дружбы!.. Больш за ўсё Анна баялася, што ў Тэрэзы ўзнiкне мацярынская рэўнасць: "Бо малая ведае мяне лепш, чым сваю маму: як убачыць - смяецца, радуецца. Учора Мары была ў мяне на руках, i калi Тэрэза хацела яе забраць, малая расплакалася. Яна больш любiць мяне, i мне нават няёмка перад Тэрэзай..."

Але дарэмна турбавалася Анна. У той перыяд жыцця Тэрэзу нiчога не кранала, нават родная дачка. I людзей, i рэчы, i сваё цела яна ўспрымала як нейкi мiраж, як густы туман, што навiс над яе iстотай. У гэтым небыццi адзiн толькi Бернар быў пачварнай рэчаiснасцю: яго дужая постаць, гугнявы голас, упэўнены тон i бясконцая самазадаволенасць... Пайсцi, уцячы адсюль... Але як?.. I куды?..

Першыя гарачыя днi яшчэ больш прыгняталi Тэрэзу. Аднак нiчога яшчэ не прадракала таго ўчынку, да якога яна ўжо была гатовая. Як прайшоў гэты год? Тэрэза не можа прыгадаць нiякiх канфлiктаў, нiякiх сварак. Успамiнаецца толькi адзiн дзень, калi Бернар здаўся ёй асаблiва брыдкiм i агiдным: было гэта на свята цела гасподняга. Ранiцай Тэрэза глядзела праз шчылiну памiж аканiцамi на хросны ход. Бернар быў, бадай што, адзiны мужчына ў гэтай працэсii. Плошча iмгненна апусцела, нiбы на вулiцу замест традыцыйнага ягняцi выпусцiлi льва. Людзi пахавалiся, каб не здымаць шапак цi не падаць на каленi перад працэсiяй. Але як толькi святочны натоўп мiнаў дом, там зноў адчынялiся дзверы i вокны. Тэрэза пiльна прыглядалася да кюрэ, якi ўзначальваў працэсiю. Iшоў ён амаль што з заплюшчанымi вачыма, трымаючы ў руках сваю дзiўную ношу. Губы яго варушылiся: аб чым малiў ён усявышняга з такiм сумным, пакутлiвым выглядам... А следам важна крочыў Бернар - ён "выконваў свой доўг".

Мiнула больш як месяц, а на разамлелую ад спёкi зямлю не ўпала нiводнай кроплi дажджу. Бернар вельмi баяўся ляснога пажару. Зноў пачало балець сэрца. Недалёка ад мястэчка Луша згарэла пяцьсот гектараў лесу. "Баранi Бог, вецер быў бы з поўначы, загiнулi б мае хвоi ў Балiсаку", - хваляваўся ён. Тэрэза ўсё чагосьцi чакала, чаго - i сама не ведала - ад гэтага спакойнага, абыякавага да ўсяго неба... Можа, нiколi ўжо не будзе больш дажджу... I, можа, прыйдзе дзень, калi затрашчыць, запалае ў агнi ўвесь лес навокал i згарыць нават сам гарадок. А цiкава, чаму ў ландах нiколi не загараюцца сялiбы? Тэрэза лiчыла несправядлiвым, што агонь заўсёды выбiрае сабе хвоi, а не людзей. У сям'i ўсё спрачалiся аб прычынах бяды: пэўна, нехта кiнуў акурак; а можа, хто знарок падпалiў? Тэрэзе мроiлася, што вось яна ўстае ноччу, выходзiць з дому, iдзе, iдзе ў лес, туды, дзе найбольш верасу, i кiдае цыгарэту. А на золку велiзарнае воблака дыму схавае неба... Але яна старалася хутчэй адагнаць ад сябе такую думку: любоў да лесу была ў яе крывi - не, не да хвояў спела ў ёй нянавiсць...

Вось i прыйшоў час адкрыта паглядзець на свой учынак. Як вытлумачыць яго Бернару? Нiчога не застаецца, як расказаць яму ўсё па парадку. Здарылася гэта ў той самы дзень, калi быў вялiкi пажар у ваколiцах Мано. У сталовую, дзе на скорую руку снедала ўся сям'я, заходзiлi i заходзiлi людзi. Адны казалi, што гарыць вельмi далёка ад Сэн-Клера, другiя настойвалi, што трэба хутчэй бiць у звон. У гэты дзень паветра было напоена пахам гарачай смалы, а сонца, здавалася, хтосьцi выпацкаў сажай. Перад вачыма ў Тэрэзы паўстае Бернар: ён слухае Бальёна, а дужай валасатай рукой трымае над шклянкай бутэлечку з лякарствам. Ён не заўважае, што каплi Фаўлера адна за адной падаюць i падаюць у ваду. Бернар залпам выпiў шклянку, размораная спёкай Тэрэза i не падумала нават папярэдзiць яго, што ён выпiў двайную дозу лякарства. Усе ўсталi з-за стала, толькi адна яна засталася i чысцiла свежы мiндаль. Яе зусiм не хвалявала i не цiкавiла гэтая агульная трывога: усе яе думкi былi засяроджаны на ўласнай драме. У звон вырашылi не бiць. Бернар нарэшце вярнуўся. "Ну хоць раз ты розум мела, што не хвалявалася, - гарыць далёка, каля Мано... - Потым спытаўся: - А каплi я пiў?" - i, не дачакаўшыся адказу, накапаў у шклянку лякарства. Тэрэза прамаўчала - можа, ад ляноты, можа, ад стомы. Чаго яна чакала, на што спадзявалася ў тую хвiлiну? "Не можа быць, каб я наўмысна тады маўчала!"

Мiж тым i ноччу, калi Бернара пачало рваць i ён страшэнна пакутаваў i плакаў, а доктар Педмэ пацiкавiўся ў яе, што адбылося днём, яна нiчога не сказала пра тое, што здарылася ў сталовай. А было ж так лёгка, не кiдаючы на сябе нiякага ценю, сказаць доктару, што муж прыняў залiшне многа лякарства. Яна магла б сказаць штосьцi накшталт гэтага: "Вы ведаеце, тады да мяне неяк i не дайшло... Мы ўсе надта перапалохалiся гэтага пажару... Але цяпер я амаль упэўнена, што ён прыняў двайную дозу..." Аднак яна прамаўчала. I цi было ў яе хоць якое жаданне сказаць пра гэта? Чорная задума, якая без яе ведама зарадзiлася на снеданнi, пачынала ўсплываць з патаемных глыбiнь душы... Намер гэты яшчэ не меў ясных форм, але быў ужо напалову асэнсаваны.

Калi доктар паехаў, яна доўга глядзела на Бернара. Той нарэшце заснуў. У галаве панавалi ўжо новыя думкi: "А дзе доказ, што захварэў ён ад таго? Можа, у яго прыступ апендыцыту цi iнфекцыйнага грыпу? Але ж няма iншых сiмптомаў..."

Праз дзень Бернар быў ужо на нагах. "Вельмi можа быць, што прычынай хваробы было iменна тое". I ўсё ж поўнай гарантыi яшчэ не было. А яе так хацелася мець... "Я зусiм не адчувала, што я ў палоне страшнага спакушэння. Проста мне трэба было задаволiць маю трохi небяспечную дапытлiвасць. I ў першы дзень, - калi я, чакаючы Бернара, накапала ў яго шклянку лякарства, - колькi я паўтарала сабе: "Адзiн раз, толькi адзiн разочак, каб быць пэўнай... Адзiн толькi раз - i ўсё! Больш нiколi..."

Цягнiк запавольвае ход, дае доўгi гудок. У цемры мiльганула два цi тры агнi: станцыя Сэн-Клер. Што ж, больш няма чаго ўспамiнаць: Тэрэза паляцела ў бездань злачынства. Што было пасля - Бернар i сам добра ведае. Зноў нечакана вярнулася тая хвароба, тыя ж рвоты i болi... Дзень i ноч дзяжурыла Тэрэза каля яго пасцелi. Ужо i сама выбiлася з сiл. Есцi нiчога не магла. Бернар нават угаварыў яе паспрабаваць лячыцца кроплямi Фаўлера, i яна ўзяла рэцэпт у доктара Педмэ. Бедны доктар! Ён нiяк не мог уцямiць, чаму Бернара рве гэтай зеленаватай вадкасцю. I ён нiколi не даў бы веры, што можа быць такая неадпаведнасць памiж пульсам хворага i яго тэмпературай. Не раз даводзiлася яму бачыць паратыфозных хворых. У iх быў замаруджаны пульс пры высокай тэмпературы. Але як вытлумачыць гэты часты, няроўны пульс пры панiжанай тэмпературы? Хутчэй за ўсё - гэта iнфекцыйны грып. Калi гэта на самай справе грып, тады ўсё зразумела.

Мадам дэ ля Траў хацела выклiкаць да Бернара якога-небудзь вядомага ўрача, але яна баялася пакрыўдзiць доктара Педмэ, гэтага даўняга сябра сям'i. Ды тут яшчэ i Тэрэза сказала, што з'яўленне медыцынскага свяцiлы магло б напалохаць Бернара. Аднак у сярэдзiне жнiўня, пасля аднаго асаблiва цяжкага прыступу, доктар Педмэ сам выказаў жаданне параiцца з кiм-небудзь са сваiх аўтарытэтных калег. Але, на шчасце, праз дзень Бернару стала лепш, а праз тры тыднi ён амаль што зусiм паправiўся. "Вось добра, што не паспелi нiкога выклiкаць, думаў сабе доктар Педмэ. - Падмок бы тады мой аўтарытэт, дый слава чорту лысаму пайшла б..."

Бернар папрасiў, каб яго перавезлi ў Аржалузу. "Канчаткова мяне паставiць на ногi толькi паляванне на вехiроў", - упэўнена паўтараў ён...

Цяжка давялося тады Тэрэзе. Цётка Клара не ўставала з пасцелi: яе скаваў рэўматызм. Усе хатнiя клопаты звалiлiся на маладую гаспадыню. А тут яшчэ двое хворых, малое дзiця... Акрамя таго, трэба было за цётку паклапацiцца пра тутэйшых бедалаг. Тэрэза абхадзiла ўсе фермы, заказала лякарствы хворым, плацiла за ўсё са свайго кашалька. Не было калi i сумаваць па тым, што дом у Вiльмiжа на замку. Больш яна не думала пра Жана Азеведа, дый нi пра кога на свеце. Праз доўгi чорны тунель iшла яна ў поўнай адзiноце наперад. Кружылася галава, але яна iшла i iшла, не раздумваючы, як жывёлiна, што рвецца на прастор з гэтага чаду i цемры. Хутчэй выйсцi на свежае паветра! Хутчэй! Хутчэй!

У пачатку снежня хвароба з новай сiлай навалiлася на Бернара: неяк ранiцай ён прачнуўся ад страшэннага холаду i адчуў, што ў яго адымаюцца ногi... А што было пасля? Вечарам свёкар прывёз з Бардо ўрача. Той аглядзеў хворага i доўга маўчаў. (Тэрэза трымала лямпу, а жонка Бальёна потым успамiнала, што гаспадыня была белая як смерць.) На слаба асветленай лесвiчнай пляцоўцы Педмэ цiха, каб не пачула Тэрэза, тлумачыў свайму калегу, што аптэкар Даркэ паказаў яму два падробленыя рэцэпты, якiя, аднак, былi падпiсаны iм, доктарам Педмэ. На адным нечая злачынная рука напiсала: "Каплi Фаўлера", а на другiм былi выпiсаны даволi моцныя дозы хлараформу, дыгiталiну i аканiцiну. Бальён перадаў iх аптэкару разам з iншымi рэцэптамi. Даркэ засумняваўся, занепакоiўся, што адпусцiў яды, i назаўтра прыбег да Педмэ... Што ж, Бернар усё гэта ведае не горш, чым Тэрэза. Яго адразу адправiлi ў Бардо, у клiнiку, i там яму палепшала. Тэрэза засталася ў Аржалузе адна. Але якой бы глыбокай нi была гэтая адзiнота, да яе даносiўся нарастаючы гул: загнаны ў нару звер ужо чуў наблiжэнне ганчакоў... Яна знемагала, нiбы пасля бясконцага марафону, калi да мэты было ўжо рукой дастаць, а яе раптам бразнулi вобземлю, i яна ўпала як падкошаная...

Неяк вечарам у канцы зiмы да яе прыязджаў бацька. Як жа ён стараўся ўгаварыць Тэрэзу зняць з сябе абвiнавачаннi i падазрэннi! - "Усё яшчэ можна ўладзiць. Доктар Педмэ згадзiўся забраць з суда сваю скаргу, бо ён нiбыта да канца не ўпэўнены, цi адзiн рэцэпт не напiсаны ягонай рукой. А што да хлараформу, дыгiталiну i аканiцiну, то ён, вядома, не мог выпiсаць iх у такiх вялiкiх дозах. Ну, а раз у крывi хворага гэтыя рэчывы не выяўлены..."

Размова тая адбывалася ў цёткi Клары. Лямпы не запальвалi. Водблiскi агню з камiна напаўнялi халодны пакой дрыготкiм святлом. Тэрэза, нiбы вучанiца, якая пераказвае вызубраны ўрок, гаварыла цiхiм манатонным голасам (Божа! Колькi бяссонных начэй паўтарала яна гэты ўрок сама сабе!):

- Я спаткала на дарозе нейкага нетутэйшага чалавека. Ён сказаў, што ведае, што я пасылаю чалавека ў аптэку па лякарствы, i папрасiў узяць ад яго рэцэпт. Сам ён быў вiнаваты аптэкару грошы i не хацеў там паказвацца. Ён не пакiнуў мне свайго адраса, абяцаў сам прыйсцi i забраць лякарствы...

- Тэрэза! Прыдумай што-небудзь другое! Прашу цябе, дзеля нас усiх, дзеля сям'i! Прыдумай што-небудзь!..

Бацька ўпарта, зноў i зноў паўтараў свае просьбы. Глухая цётка адчула смяротную небяспеку, што навiсла над Тэрэзай, i прыўзняла галаву ад падушкi: "Што ён табе кажа? Чаго ён хоча? Чаму табе хочуць зрабiць нешта нядобрае?" Тэрэза знайшла ў сабе сiлы ўсмiхнуцца цётцы, пагладзiць яе рукi, а сама, як дзяўчынка на ўроку закону божага, усё паўтарала: "Сустрэла на дарозе чалавека. Ужо сцямнела, i я не разгледзела яго ў твар. Ён не сказаў мне, на якой ферме жыве... А нядаўна вечарам ён прыходзiў i забраў лякарствы. Як на тое, дома нiкога не было i нiхто яго не бачыў".

IX

Вось i Сэн-Клер. Тэрэза выйшла з вагона, яе нiхто не пазнаў. Пакуль Бальён забiраў рэчы, яна прашмыгнула памiж штабелямi дошак, абышла станцыю i выйшла на дарогу, дзе стаяў фаэтон.

Цяпер гэты фаэтон быў яе адзiным прытулкам. Тэрэза больш не баiцца сустрэць каго-небудзь у такi познi час на гэтай калдобiстай дарозе. Аднак гiсторыя яе жыцця i злачынства, адноўленая ў памяцi з такой цяжкасцю, пацярпела крах: нiчога не засталося ад падрыхтаванай споведзi. Ёй няма чаго сказаць у сваю абарону... Нiводнага разумнага доваду... Застаецца толькi адно: маўчаць i адказваць на пытаннi. А ўрэшце, чаго ёй цяпер баяцца? Ноч гэтая пройдзе, заўтра ўзыдзе сонца, яна ўпэўнена, што выцерабiлася з гэтай бяды, што б там далей нi здарылася. Горш за гэтую абыякавасць, за гэтую адарванасць ад усяго свету i нават ад сябе самой - горш за гэта ўжо нiчога быць не можа... Вось i сутыкнулiся ў адной iстоце жыццё i смерць, i Тэрэза ўжо адчувала смерць, як толькi гэта можа адчуваць жывы чалавек...

Вочы яе прывыклi да цемры, i Тэрэза на паваротцы дарогi пазнала ферму, нiзкiя пабудовы якой былi падобныя на вялiзных сонных жывёлiн. Тут некалi Анна заўсёды палохалася сабакi, якi кiдаўся пад колы яе веласiпеда. Крыху воддаль ад дарогi ў лагчыне рос алешнiк, дзе ў самыя спякотныя днi халадок асвяжаў расчырванелыя шчокi сябровак. Дзяўчынка на веласiпедзе, яе ўсмешка, белыя зубы, капялюшык ад сонца, дзiньканне веласiпеднага званка i радасны голас: "Глядзi! Я пускаю руль i еду без рук!" - усё гэта яшчэ захоўвае памяць... I гэта ўсё, што застаецца ад перажытага!... I гэта ўсё, ад чаго можа спачыць ушчэнт змучанае сэрца!..

I ў такт цоканню капытоў конiка, што бяжыць трушком, Тэрэза машынальна паўтарае: "Марнае маё жыццё - нiкчэмнае маё жыццё - адзiнота бязмерная мая няўцешная доля мая". Ах, ёсць адзiнае, што можа ўратаваць... Але хiба Бернар на гэта здольны?.. О, калi б ён сустрэў яе з адкрытымi абдымкамi i нiчога не пытаўся!.. О, калi б магла яна прытулiцца галавой да чалавека i адчуць яго жывое цяпло!..

Вось i той узгорак жытняга поля, дзе калiсьцi ў гарачы дзень сядзеў Жан Азеведа. А яна ж тады паверыла, што ёсць на свеце такое месца, дзе яна магла б расквiтнець, - сярод людзей, якiя зразумеюць яе, магчыма, будуць захапляцца ёю i дарыць ёй сваю любоў! Але адзiнота навалiлася на яе, як балячкi на пракажонага: "Нi для мяне, нi супраць мяне нiхто ўжо нiчога зрабiць не можа".

- А вунь i нашы насустрач iдуць.

Бальён нацягнуў лейцы. Два ценi наблiжалiся да фаэтона. Бернар - ён жа яшчэ зусiм слабы... А ўсё ж такi выйшаў сустракаць... Мусiць, хоча хутчэй пачуць, чым усё скончылася... Тэрэза высоўваецца з фаэтона i яшчэ здалёк крычыць: "Справа спынена!" А ў адказ гучыць сухая рэплiка: "Ды хiба магло быць iнакш!" Бернар дапамог цётцы Клары залезцi ў фаэтон, сам узяў лейцы, а Бальёну сказаў iсцi пехатой. Цётка Клара села памiж Бернарам i Тэрэзай. Давялося крычаць ёй у самае вуха, што ўсё абышлося добра i справа ўладзiлася (старая дагэтуль мела даволi цьмянае ўяўленне пра ўсю гэтую драму). Як звычайна, цётка пачала гаварыць, гаварыць без перадыху: "У iх толькi адна тактыка, - гнеўна паўтарала яна, - i цяпер зноў пачынаецца справа Дрэйфуса*. Паклёп - на гэта яны майстры! Ну што ж, паклёпнiчайце, але ведайце, што праўды не схаваеш. Сiлы ў iх хапае, i дарэмна рэспублiканцы перасталi трымаць вуха востра. Iм адно дай паблажку, i гэтыя смярдзючыя жывёлiны добрага чалавека з вантробамi з'ядуць..." Тэрэза з удзячнасцю слухала цётчыну гамонку: хоць на нейкi момант адцягвалася страшная, непазбежная размова з мужам...

* Судовая справа па несправядлiвым абвiнавачаннi ў шпiянажы на карысць Германii афiцэра французскага Генеральнага штаба Альфрэда Дрэйфуса (1859-1930). Нягледзячы на адсутнасць доказаў, ваенны суд прыгаварыў А.Дрэйфуса ў снежнi 1894 г. да пажыццёвай катаргi, але пад актыўным нацiскам перадавых рабочых, сацыялiстаў, прагрэсiўнай iнтэлiгенцыi ён быў памiлаваны (1899), а потым поўнасцю рэабiлiтаваны (1906 г.).

Потым цётка Клара, цяжка дыхаючы, падымалася па лесвiцы. У руках у яе быў падсвечнiк з запаленымi свечкамi:

- А вы што, яшчэ не будзеце класцiся? Тэрэза, ты ж, пэўна, стамiлася. Там мы пакiнулi табе талерку булёну i халодную курыцу.

Бернар i Тэрэза ўсё яшчэ стаялi ў прыхожай. Старая бачыла, як Бернар адчынiў дзверы ў гасцiную, прапусцiў наперад Тэрэзу i сам пайшоў следам. О, калi б яна не была глухая!.. Яна абавязкова цiхенька падышла б да дзвярэй i ўсё падслухала!.. А так нiхто i не думае яе асцерагацца: жывая, а нiбы замураваная... I ўсё ж цётка патушыла свечкi, вобмацкам спусцiлася на першы паверх i зiрнула ў замочную шчылiну: Бернар якраз перастаўляў лямпу. Яго ярка асветлены твар меў нейкi напалоханы i адначасна ўрачысты выгляд. Тэрэза сядзела спiной да дзвярэй. Яе палiто i капялюшык ляжалi на крэсле. Ад яе мокрых боцiкаў, што стаялi каля камiна, iшла пара. На iмгненне яна павярнулася тварам да мужа, i старая з радасцю ўбачыла, што Тэрэза ўсмiхаецца.

Так, Тэрэза ўсмiхалася. За тыя кароткiя хвiлiны, пакуль яна iшла побач з Бернарам ад канюшнi да дому, ёй раптам стала ясна, як трэба сябе паводзiць: адно толькi наблiжэнне гэтага чалавека ўшчэнт разбiла ўсялякую надзею, што ён выслухае, зразумее яе... Як мяняюцца ў разлуцы нашы ўяўленнi пра людзей, якiх мы добра ведаем! На працягу ўсёй гэтай паездкi яна падсвядома прымушала сябе ствараць у душы новы вобраз Бернара, здольнага зразумець цi хоць паспрабаваць зразумець... А ўбачыла яго такiм, якiм ён i быў у сапраўднасцi, - чалавекам, якi нiколi, нi разу ў жыццi не паставiць сябе на месца другога i не паспрабуе нават убачыць тое, што бачаць другiя... I ўвогуле, цi будзе ён яшчэ слухаць яе?.. Ён хадзiў узад-уперад па вялiкiм сырым пакоi. Пад яго нагамi патрэсквала падлога. На жонку не глянуў нi разу. Ён быў увесь заняты тым, што ўжо даўно абдумаў i што павiнна было вось-вось прагучаць. Зрэшты, Тэрэза таксама ўжо ведала, што яна зараз скажа яму. Самае простае выйсце - гэта тое, над якiм яны нiколi i не задумвалiся. Яна збiралася сказаць: "Я пайду, Бернар. Пра мяне не турбуйся. Калi хочаш, я пайду зараз жа i знiкну ў начным змроку. Нi лес, нi цемра мяне не палохаюць. Гэта мае старыя сябры. Я была створана па вобразу i падабенству гэтага бясплоднага чэзлага краю, дзе няма нiчога жывога, акрамя пералётных птушак ды дзiкоў. Можаш выкраслiць мяне са свайго жыцця. Спалi ўсе мае фатаграфii. Няхай мая дачка нiколi не пачуе iмя сваёй мацi. Няхай уся ваша сям'я лiчыць, што мяне i не было нiколi..."

I ўжо Тэрэза адкрыла рот. I ўжо з вуснаў зляцела:

- Дазволь мне знiкнуць, Бернар.

Пачуўшы яе голас, Бернар павярнуўся i кiнуўся да яе. На лобе ў яго набраклi жылы:

- Што?! Ты асмельваешся гаварыць пра нейкiя свае жаданнi? Даволi! Больш нi слова! Цяпер ты будзеш толькi слухаць i выконваць мае загады! Чуеш?!.

Ён гаварыў без запiнкi старанна абдуманымi фразамi. Ён абапёрся на камiн, дастаў з кiшэнi паперку i, час ад часу заглядваючы ў яе, сурова гаварыў, гаварыў... А Тэрэза яго ўжо не баялася. Ёй нават захацелася засмяяцца: якi ж ён усё-такi смешны! I навошта ён усё гэта дэкламуе, ды яшчэ з такiм вымаўленнем, з якога не смяюцца хiба што толькi ў Сэн-Клеры? Усё роўна яна паедзе. Навошта iграць гэтую трагедыю? Невялiкая бяда, калi б на аднаго дурня стала менш! Яна заўважае на белым лiстку паперы яго дрыготкiя пальцы, недагледжаныя пазногцi. Манжэтаў ён, безумоўна, не носiць. Ён з тых мужыкоў, на якiх пальцамi паказваюць, калi яны вылазяць са сваёй глушы. А жыццё iх нiякай карысцi не дае. Такiя не патрэбны нi справе, нi iдэi, нi людзям... Увогуле, мы толькi па прывычцы надаём такое вялiкае значэнне iснаванню чалавека. Рабесп'ер меў рацыю, дый Напалеон i iншыя... Бернар убачыў усмешку на твары ў жонкi i раз'юшана павысiў голас. Воляй-няволяй Тэрэзе даводзiцца слухаць:

- Ты ў маiх руках!.. Гэта ты хоць разумееш? Ты будзеш рабiць толькi тое, што вырашыць наша сям'я, а калi не...

- А калi не - то што тады?

Яна больш не хацела прытварацца абыякавай i загаварыла дзёрзкiм, насмешлiвым тонам:

- Ты спазнiўся! Ты сведчыў на судзе на маю карысць! I ты не зможаш забраць сваiх слоў назад. Iнакш цябе самога засудзяць за лжывыя паказаннi...

- Заўсёды могуць адкрыцца новыя факты! Дарэчы, адзiн такi факцiк схаваны ў маiм сейфе. Дзякуй Богу, тэрмiну даўнасцi ён не мае.

Яна здрыганулася i спыталася:

- Чаго ты хочаш ад мяне?

Ён унурыўся ў сваю паперку, а Тэрэза некалькi секунд прыслухоўвалася да мёртвай цiшынi Аржалузы. Да першых пеўняў яшчэ далёка. А цяпер нiводзiн ручаёк не цурчыць у гэтай пустынi, i самы нясмелы подых ветру не парушыць спакою хваёвых вершалiн...

- Я пакiдаю ўбаку мае асабiстыя меркаваннi. Не пра мяне гутарка. Самае галоўнае - гэта сям'я. Iнтарэсы сям'i - вось што заўсёды вызначала i вызначае ўсе мае рашэннi. I толькi дзеля таго, каб выратаваць гонар сям'i, я пайшоў на падман перад судом. Няхай судзiць мяне за гэта Бог...

Гэты напышлiвы тон прыгнятаў Тэрэзу. Ёй хацелася папрасiць Бернара гаварыць прасцей.

- Для нашай сям'i вельмi важна, каб усе лiчылi, што я абсалютна ўпэўнены ў тваёй невiнаватасцi. Трэба, каб усе думалi, што жывём мы з табой у поўнай згодзе. Разам з тым, я хачу як мага больш надзейна засцерагчы сябе...

- Я наводжу на цябе страх, Бернар?

Ён прамармытаў:

- Страх? Не. Жудасць! - I потым: Паслухай, больш да гэтага я вяртацца не хачу. Таму трэба ўсё вырашыць раз i назаўсёды. Заўтра ж мы паедзем адгэтуль i будзем жыць у нашым доме. Мне надакучыла гэтая твая глухая цётка. Снеданне, абед i вячэру табе будзе падаваць жонка Бальёна ў тваю спальню. Ва ўсе астатнiя пакоi заходзiць табе забараняецца. Хадзiць па лесе можаш колькi захочаш. У нядзелю разам будзем ездзiць на месу ў Сэн-Клер: трэба, каб людзi бачылi, як ты iдзеш са мной пад руку. У першы чацвер кожнага месяца будзем ездзiць у адкрытым экiпажы ў Б. да твайго бацькi на кiрмаш, як гэта мы заўсёды рабiлi.

- А Мары?

- Заўтра Мары разам з нянькай паедзе ў Сэн-Клер, а потым мая мацi павязе яе на поўдзень нiбыта на лячэнне. Спадзяюся, ты i не разлiчвала, што табе пакiнуць дачку. Яе таксама трэба схаваць ад небяспекi. У выпадку маёй смерцi да яе пяройдзе ўся спадчына... Дык чаму ж пасля мужа не прыбраць i дачку?

Тэрэза ўскочыла з месца i ледзьве стрымала крык:

- Няўжо ты думаеш, што я зрабiла гэта, каб захапiць твае сосны?..

З тысячы патаемных вытокаў яе ўчынку гэты дурань не ўбачыў нiводнага i прыдумаў сабе самую ганебную прычыну.

- Ну вядома, прычынай усяго былi сосны. А што ж яшчэ? Я шукаў метадам выключэння. Цi, можа, у цябе ёсць якi-небудзь другi матыў?.. Урэшце, усё гэта нiякага значэння ўжо не мае i зусiм не цiкавiць мяне. Ты для мяне цяпер нiшто. Праўда, адзiнае, што яшчэ ў цябе застаецца - гэта маё прозвiшча... Праз некалькi месяцаў, калi ўсе пераканаюцца, што ў нас мiр i згода, i Анна выйдзе замуж за маладога Дэгiлема... Дарэчы, ты хоць ведаеш, што Дэгiлемы папрасiлi адкласцi вяселле? Яны хочуць яшчэ падумаць... Словам, калi ўсё гэта ўладзiцца, я змагу, нарэшце, пераехаць у Сэн-Клер, а ты... Ты застанешся тут... Мы скажам, што ў цябе неўрастэнiя цi што-небудзь такое...

- Вар'яцтва, напрыклад.

- Не, гэта магло б некалi пашкодзiць Мары. Прыдумаем што-небудзь прыстойнае... Вось так, дарагая!

Тэрэза шэпча:

- У Аржалузе... да самай смерцi...

Яна падышла да акна i адчынiла яго. У гэты момант Бернар святкаваў сваю перамогу над гэтай жанчынай: ён заўсёды крыху пабойваўся яе, адчуваў сябе прыгнечаным i зняважаным. Але сёння - ён яе ўладар! Няхай зразумее, што ён, яго сям'я, усе пагарджаюць ёю! Бернар ганарыўся сваёй стрыманасцю. Нездарма мацi столькi разоў паўтарала ўсiм, што ён - святы чалавек. Уся сям'я была ў захапленнi ад яго высакароднасцi. I ўпершыню ў жыццi адчуваў ён велiч сваёй душы. Калi ён ляжаў у клiнiцы i яму асцярожна намякнулi, што жонка збiралася яго атруцiць, трэба было бачыць, з якою жалезнай вытрымкай выслухаў ён такую страшную навiну. Мiж тым, гэта не каштавала яму нiякiх намаганняў: хiба чым узрушыш чалавека, няздольнага нi кахаць, нi ненавiдзець!.. У душы Бернара не было месца моцным пачуццям, тады ён адчуў толькi жывёльную радасць, што ўцёк ад смяротнай небяспекi. Так адчувае сябе чалавек, якому раптам сказалi, што шмат гадоў, сам таго не ведаючы, ён жыў плячо ў плячо з вар'ятам... Але ў гэты вечар Бернар пачуў у сабе моц, упэўненасць i быў поўным гаспадаром становiшча. Ён любаваўся сабой i думаў, што нiякiя цяжкасцi не могуць зламаць такога цвярозага, прамога i разважлiвага чалавека, як ён. Нават пасля ўсiх сваiх бедаў i пакут ён, як i раней, гатоў сцвярджаць, што людзi бываюць няшчаснымi толькi па сваёй вiне. Вунь якая драма адбылася з iм! I што ж: адолеў, як адолеў бы i любую другую справу. А людзi бадай што i ведаць нiчога не будуць. Усё прыстойна... Нiкому i ў галаву не прыйдзе шкадаваць яго (ён не хацеў, каб яго шкадавалi). Нiчога страшнага i зняважлiвага ў тым няма, што ажанiўся з пачварай, тым больш калi ў рэшце рэшт утаймаваў яе. У жыццi халасцяка ёсць свае перавагi. А сустрэча твар у твар са смерцю зноў вярнула яму цiкавасць да соснаў, палявання, аўтамабiля, смачнай яды, добрага вiна, - словам, да жыцця...

У зняменнi стаяла Тэрэза ля акна. У цемры ледзь-ледзь бачылася светлая стужка пясчанай сцяжынкi; вецер даносiў пах хрызантэм; а крыху воддаль вiднелася чорная сцяна дубоў, якiя сабою засланялi сасновы бор; начное паветра было напоена смалiстым водарам; Тэрэза ведала, што лес, нiбы варожае нябачнае войска, з усiх бакоў акружае маёнтак. Гэтыя дрэвы - яе панурыя вартавыя (Тэрэзе здаецца, што яны пасылаюць ёй сваю прыглушаную скаргу) - будуць бачыць, як мучыцца яна тут у доўгiя зiмы, як знемагае ад спёкi ў летнiя днi... I наканавана гэтым векавым волатам быць сведкамi яе пакутлiвай агонii... Тэрэза зачынiла акно i падышла да Бернара.

- Ты што, збiраешся сiлай мяне тут утрымаць?

- Называй гэта як сабе хочаш, але ведай: адгэтуль ты выйдзеш толькi ў кайданах.

- Не трэба перабольшваць. Я ж цябе ведаю: не такi ты ўжо злосны... Няўжо ты захочаш, каб на тваю сям'ю ўпала такая ганьба? Хiба можна тут у чым сумнявацца...

Бернар, чый сухi розум яшчэ задоўга да гэтай размовы ўсё абдумаў, усё ўзважыў, растлумачыў ёй, што паехаць адсюль - значыла б прызнаць сябе вiнаватай. У такiм выпадку ганебную пляму з сям'i можна будзе вывесцi толькi адным спосабам: адсекчы заразную частку цела, адрачыся ад злачынкi перад усiмi людзьмi.

- I ўявi сабе: якраз гэта мая мацi i хацела спачатку зрабiць. Мы нават былi вырашылi не ўмешвацца ў справы суда, i ты атрымала б сваё... I толькi клопат пра будучыню Мары i Анны... зрэшты, гэта зрабiць яшчэ не позна. Так што падумай, не спяшайся. Да заўтра!

Цiха, нiбы самой сабе, Тэрэза сказала:

- У мяне яшчэ ёсць бацька.

- Бацька? Але ж ён цалкам згадзiўся з намi. У яго сваё жыццё. Яму трэба зберагчы сваю палiтычную кар'еру, свой прэстыж у партыi. Ён толькi i думае пра тое, каб патушыць гэты пажар, заглушыць гэты скандал, чаго б гэта нi каштавала. Успомнi, колькi ён зрабiў для цябе. Гэта ж дзякуючы яму следства вялося абы-як, на скорую руку. Спадзяюся, ён сказаў табе сваё слова на гэты конт. Хiба не так?

Бернар ужо не павышаў голасу i быў амаль што ветлiвы. I не таму, што шкадаваў Тэрэзу. Гэтая жанчына, здавалася, ужо не дыхала: яна была зламаная, i заняла нарэшце сваё месца. Усё ў парадку. Бернар з гордасцю пра сябе падумаў, што другi чалавек на яго месцы наўрад цi вытрымаў бы такi ўдар. Памыляцца можа кожны. I ўсе памылiлiся наконт Тэрэзы... Нават яго мацi, якая звычайна разбiралася ў людзях. А ва ўсiм вiнавата беспрынцыповасць. Людзi не хочуць разумець небяспекi ад той адукацыi, якую атрымала Тэрэза. Яна - пачвара, што тут гаварыць! Але, калi б яна верыла ў Бога... Страх - вось дзе крынiца мудрасцi i пакорлiвасцi. Так меркаваў Бернар. А яшчэ ён думаў пра тое, як жыхары ваколiц, такiя сквапныя да плётак i скандалаў, будуць расчараваны, калi ўбачаць яго з Тэрэзай у нядзелю ў царкве. Няхай бы хутчэй прыйшла нядзеля, каб паглядзець на гэтыя фiзiяномii!.. А справядлiвае пакаранне ад гэтага нiчога не страцiць... Ён падняў лямпу, i святло ўпала на Тэрэзiны плечы.

- Ты яшчэ не iдзеш да сябе ў спальню?

Тэрэза, здавалася, не пачула гэтых слоў. Бернар выйшаў, пакiнуўшы яе ў цемры. Каля лесвiцы скурчыўшыся сядзела цётка Клара. Адчуўшы на сабе яе заклапочаны позiрк, Бернар напружана ўсмiхнуўся i, узяўшы старую пад руку, дапамог ёй падняцца. Але тая ўпiралася, нiбы стары, адданы сабака, якi не хоча адыходзiць ад пасцелi свайго гаспадара-нябожчыка. Бернар паставiў лямпу на падлогу i пачаў тлумачыць, што Тэрэзе ўжо лепш, але ёй хочацца пабыць трохi адной:

- Вы ж ведаеце яе капрызы.

Ого, цётка iх ведала: колькi разоў на сваё няшчасце заходзiла яна да Тэрэзы акурат у той момант, калi ёй хацелася пабыць адной! Варта было толькi адчынiць дзверы, як яна пачынала адчуваць сябе няпрошаным госцем.

Старая праз сiлу ўстала i, абапiраючыся на моцную Бернараву руку, паплялася ў свой пакой. Услед за ёй зайшоў Бернар, клапатлiва запалiў свечку на стале, пацалаваў цётку ў лоб i выйшаў. Старая не адзодзiла ад яго вачэй. Яна не магла пачуць, але выдатна ўмела чытаць твары людзей. Яна пачакала, пакуль Бернар выйшаў, i цiхенька адчынiла дзверы... Не, ён яшчэ на лесвiцы... Палiць... Старая хуценька вяртаецца. Ногi дрыжаць, дыханне перахапiла, няма сiлы скiнуць з сябе адзежу... Так яна i кладзецца i ляжыць з расплюшчанымi вачыма.

X

А ў цёмнай гасцiнай нерухома сядзела Тэрэза. У камiне яшчэ дагаралi галавешкi. Стаяла глыбокая ноч. I зноў у памяцi паўсталi абрыўкi той споведзi, якую яна падрыхтавала ў цягнiку. А цi варта сябе дакараць, што так i не змагла яму сказаць пра ўсё, што думалася ў дарозе? Шчыра кажучы, гэтая складаная гiсторыя не вельмi стасавалася з праўдай. Чаму ёй прыйшло ў галаву надаваць такое значэнне размовам з Жанам Азеведа? Вось дзе глупства! Як быццам балабонства гэтага хлапчука можна было ўспрымаць сур'ёзна!.. Яна ва ўладзе няўмольнага суровага закону. Не змагла разбурыць гэтай сям'i - значыць, цяпер сям'я знiшчыць яе. У iх ёсць усе падставы лiчыць яе пачварай, але ж i яна ў сваю чаргу бачыць у iх пачвар. Не падаючы нават выгляду, цiха, метадычна яны будуць дабiваць яе. "Цяпер на мяне пусцяць гэтую магутную сямейную машыну. А мне так i не ўдалося зламаць яе цi хоць уцячы з-пад яе колаў. Якiя тут могуць быць апраўданнi, акрамя аднаго: "Уся бяда ў тым, што яны - гэта яны, а я гэта я..." Увесь час хадзiць пад маскай, захоўваць прыстойнасць, прытварацца, iлгаць... Майго цярпення на гэта ледзьве хапiла на два гады. А як жа астатнiя (а ў iх такая самая доля, як i ў мяне) - нясуць гэты крыж да самай смерцi? Можа, iх ратуе прыродная здольнасць да ўсяго прыстасоўвацца?.. Можа, iм памагае нейкая наркатычная прывычка: людзi дранцвеюць, тупеюць, але застаюцца ў лоне па-мацярынску пяшчотнай i ўсемагутнай сям'i... Але я... Як быць мне?.."

Яна ўстала, зноў адчынiла акно. Павеяла ранiшнiм свежым халадком. А можа, уцячы адгэтуль? Варта толькi вылезцi праз акно... Цi будуць гнацца за ёю? Зноў аддадуць пад суд? Што ж, трэба рызыкнуць. Горшага, чым гэтая бясконцая агонiя, няма ўжо нiчога на свеце. Ужо Тэрэза падсунула да акна крэсла... Але ж у яе няма грошай. Яна гаспадыня хваёвых абшараў, але без дазволу Бернара не зможа атрымаць нiводнага франка. А можа, усё-такi лепш пусцiцца наўцёкi ў ланды, як некалi ўцякаў той забойца Дагэр. Доўга тады шукалi яго. Тэрэза (тады яна яшчэ была зусiм малая) - вельмi шкадавала небараку. Яна помнiць, як да iх заходзiлi жандары, як Бальёнава жонка частавала iх на кухнi вiном. А натрапiў тады на след бандыта сабака Дэскейру. Яго схапiлi ледзь жывога ад голаду ў верасовым зараснiку. Звязалi, кiнулi ў воз з саломай i павезлi. Казалi потым, што ён сканаў на арыштанцкай баржы, калi яго перавозiлi ў Каену*. Арыштанцкая баржа... Катарга... Няўжо яны могуць здаць яе ў палiцыю, як пагражаў Бернар?.. I пра якую гэта ўлiку ён гаварыў? Хутчэй за ўсё страшыў... Калi толькi не знайшоў у кiшэнi старой палярыны той пакецiк з ядам...

* Каена - галоўны порт i горад французскай Гвiяны (Лацiнская Амерыка), месца ссылкi катаржнiкаў.

"Каб не сумнявацца, трэба праверыць", - вырашыла Тэрэза. Цiхенька, на пальчыках iшла яна па лесвiцы. Чым вышэй яна падымалася, тым было святлей. Хутка ўжо першыя промнi сонца засвецяць у акно. Вось нарэшце лесвiчная пляцоўка ля самага гарышча. Шафа. Тут вiсiць старая адзежа. Яе пакуль што нiкому не аддаюць, бо апранаюць на паляванне. Вось старая выцвiлая палярына з глыбокай кiшэняй: цётка Клара хавала туды сваё вязанне яшчэ ў той час, калi i сама падпiльноўвала ў будане вехiроў. Тэрэза засоўвае руку ў гэтую кiшэню i дастае адтуль пакецiк:

Хлараформ - 10 грамаў.

Аканiцiн - 2 грамы.

Дыгiталiн - 0,2 грама.

Яна перачытвае гэтыя страшныя словы i лiчбы. Памерцi... Яна заўсёды баялася смерцi. Галоўнае - не глядзець смерцi ў вочы, а думаць толькi пра тое, што трэба зрабiць: налiць у шклянку вады, усыпаць туды парашок, размяшаць, адным махам выпiць, легчы ў пасцель, заплюшчыць вочы. I нi ў якiм разе не думаць пра тое, што будзе пасля смерцi. Навошта баяцца гэтага сну. Гэта сон, самы звычайны сон... Яе пранялi дрыжыкi. Нiчога, гэта проста халодная ранiца. Тэрэза iдзе ўнiз, спыняецца ля пакоя, дзе спiць Мары. Чуваць моцны жывёльны храп нянькi. Тэрэза адчыняе дзверы. Праз шчылiны аканiц прабiваецца дзённае святло. У змроку бялее маленькi жалезны ложак. З-пад коўдры высунулiся дзве маленькiя ручкi. На падушцы - яшчэ няпэўны дзiцячы профiль. Тэрэза глядзiць на крыху велiкаватае вушка. Такое, як i ў мамы. Нездарма ж усе кажуць: "Дачушка-вылiтая мама". Вось яна ляжыць сонная, спакойная... "Я пайду, каб памерцi... Але гэтая мая часцiнка застанецца, i спазнае яна сваю долю, нiчога адтуль не выкiнеш, нiчога не зменiш. Усё паўторыцца: мары, iмкненнi, схiльнасцi... Закон крывi - непарушны закон..." Тэрэза недзе чытала, што даведзеныя да адчаю самазабойцы бяруць з сабой у магiлу i дзяцей сваiх... Добрыя людзi, прачытаўшы такое, выпускаюць з рук газету: "Ды як гэта можна?.." Тэрэза - пачвара, i добра разумее, што такое можа здарыцца. Каб яшчэ трохi, i яна... Яна становiцца на каленi i ледзь-ледзь датыкаецца губамi да маленькай ручкi. I што за дзiва: нешта нарастае ў глыбiнi яе душы, падымаецца да вачэй, абпальвае шчокi: слёзы. Божа, яна ж нiколi не плакала!..

Тэрэза ўстала, яшчэ раз глянула на малую i пайшла ў свой пакой. Налiла вады ў шклянку i ў нерашучасцi задумалася: якi з трох ядаў выбраць?..

Акно было адчынена. Ужо пераклiкалiся пеўнi. Здавалася, сваiм спевам яны разрывалi заслону туману, i толькi дзе-нiдзе ў хваёвых галiнах яшчэ заставалiся яго празрыстыя пасмы. Усё кругом было залiта святлом зары... Як жа развiтацца з гэтым ззяннем? Смерць... Нiхто ж не ведае, што гэта такое... Тэрэза не была ўпэўнена, што гэта - небыццё. Яна не верыла, што там, на тым свеце нiкога няма. Тэрэза ненавiсная сама сабе за гэты сляпы страх. Яна i хвiлiны не вагалася, калi збiралася пiхнуць у бездань небыцця другога чалавека, а сама так упiраецца... Якая агiдная баязлiвасць! Божа, калi ты ёсць... (на нейкi момант перад вачыма ўсплывае тое шэсце на свята цела гасподняга, кюрэ ў цяжкай пазалочанай мантыi, чаша, якую ён трымае абедзвюма рукамi, дрыготкiя губы i знявечаны пакутлiвы твар). Божа, калi ты ёсць, спынi злачынную руку, пакуль яшчэ не позна! А калi ж будзе воля твая i нiкчэмная сляпая душа пераступiць парог жыцця, то хоць з любоўю прымi гэтую пачвару, створаную табой!.. Тэрэза выбрала хлараформ. Гэтая назва ёй больш знаёмая, менш палохала яе i чамусьцi давала надзею на спакойны, салодкi сон. Трэба спяшацца. Дом ужо прачынаецца: жонка Бальёна з грукатам адчынiла аканiцы ў спальнi цёткi Клары. Чаму яна так крычыць сёння? Звычайна старая разумела яе па губах. Забразгалi дзверы, нехта бяжыць па лесвiцы. Тэрэза ледзьве паспела прыкрыць стол сваёй хусткай, каб схаваць пакецiкi з ядам. Без стуку ў пакой уляцела жонка Бальёна.

- Мадмуазэль Клара памерла! Я прыйшла, а яна нежывая ляжыць у пасцелi. Адзетая. Ужо халодная зусiм, адубела...

Цётцы Клары, гэтай старой бязбожнiцы, у рукi паклалi ружанец. На грудзях ляжала распяцце. Прыходзiлi фермеры, станавiлiся на каленi, а перад тым, як пайсцi, пiльна аглядалi Тэрэзу ("Хто ведае, можа, i старую яна са свету звяла"). Бернар паехаў у Сэн-Клер наказаць родным i выканаць неабходныя фармальнасцi. Хутчэй за ўсё ён лiчыў, што смерць гэтая вельмi дарэчы: адцягне ўвагу людзей ад галоўнага. Тэрэза глядзела на нябожчыцу, якая была ёй адданай да апошняга iмгнення i нават сваёй смерцю перагарадзiла ёй дарогу да пагiбелi. Што гэта? Выпадковасць? Супадзенне? Калi б хто сказаў, што гэтак было наканавана лёсам, яна б толькi плячыма пацiснула. Людзi шапталiся: "Вы бачылi? Стаiць i хоць бы выгляд зрабiла, што плача..." А ў думках сваiх Тэрэза гаварыла з той, што ляжала ў труне: "Як жа мне цяпер жыць? Быць жывым трупам ды яшчэ сярод тых, хто мяне ненавiдзiць?.. I нават не спрабаваць глянуць, што робiцца за кратамi гэтай турмы?.."

На пахаваннi Тэрэза займала належнае ёй месца. А ў першую ж нядзелю яна з Бернарам паехала ў царкву. Бернар дэманстратыўна вёў яе пад руку, i замест таго, каб прайсцi да сваёй лаўкi як звычайна, праз бакавы ўваход, ён спецыяльна правёў яе цераз неф. Тэрэза прыўзняла жалобны вэлюм толькi пасля таго, як села памiж свякроўю i мужам. Калона хавала маладую жанчыну ад прагных позiркаў прысутных, а насупраць яе быў толькi клiрас. З усiх бакоў была яна акружана: ззаду - натоўп, справа - Бернар, злева - мадам дэ ля Траў. А перад ёю - толькi кюрэ. У суровым напружаннi стаiць ён памiж двума хлопчыкамi-служкамi, штосьцi ўмольна шэпча, крыху расставiўшы перад сабой рукi.

XI

Вечарам яны вярнулiся ў Аржалузу, але цяпер у дом Дэскейру, дзе шмат гадоў амаль нiхто не жыў. Камiны там дымiлi, вокны зачынялiся дрэнна, а пад паточаныя шашалем i пагрызеныя пацукамi дзверы дзьмуў вецер. Але восень у той год выдалася такая добрая, што Тэрэза спачатку амаль не заўважала гэтых дробязяў. Кожны дзень Бернар хадзiў на паляванне i прападаў у лесе да самага вечара. Вярнуўшыся, ён адразу iшоў на кухню, каб перакусiць разам з Бальёнам. Да Тэрэзы даляталi прыглушаныя манатонныя галасы, звон посуду. У кастрычнiку цямнее рана. Кнiгi, якiя прынеслi з роднага дому, Тэрэза ведала яшчэ з дзяцiнства. А яе просьбу выпiсаць кнiгi з Бардо Бернар прапусцiў мiма вушэй. Адзiнае, што ёй было дазволена - гэта папаўняць запас цыгарэт. Што рабiць? Да чаго прыкласцi рукi ў гэтыя доўгiя вечары? Варушыць качаргою вуголле ў камiне... Але ад едкага дыму кацiлiся слёзы, пяршыла ў горле, якое i так было ўжо хворае ад тытуню. Як толькi старая служанка выносiла посуд з амаль некранутай вячэрай, Тэрэза адразу тушыла лямпу i клалася ў пасцель. Колькi бясконцых гадзiн курчылася яна пад коўдрай, чакаючы выратавальнага сну!.. Цiшыня Аржалузы не давала заснуць. Крыху лягчэй было, калi дзьмуў вецер: у журботнай скарзе, што гучала ў хваёвых вершалiнах, было штосьцi ад чалавечай спагады. Гэтыя гукi закалыхвалi, i ў непагадзь яна засынала хутчэй.

Нудныя i бясконцыя былi гэтыя вечары. Часам здаралася, што Тэрэза яшчэ завiдна вярталася з прагулкi дамоў. I тады яна бачыла, як людзi цураюцца яе: мацяркi, яшчэ здалёк угледзеўшы яе, хапалi сваiх дзяцей i хутчэй валаклi iх на свой надворак, а пастухi, якiх яна нават ведала асабiста, нiколi не вiталiся... Ах, як добра было б згубiцца ў вялiкiм, шматлюдным горадзе! Апынуцца ў самай гушчы людзей, якiя цябе не ведаюць! А ў Аржалузе не знойдзеш чалавека, якi не ведаў бы плётак пра яе (ёй нават прыпiсвалi смерць цёткi Клары). Яна нiколi цяпер не адважылася б пераступiць чужы парог. З дому выходзiла тайком, дарогу выбiрала як мага далей ад фермаў, а пачуўшы грукат сялянскага воза, хутчэй уцякала з гасцiнца i хавалася ў лесе. Хадзiла яна хутка, подбегам, нiбы напалоханы звер, а адпачывала толькi ў глухiх лясных зараснiках...

У нядзелю ў царкве яна не адчувала такога страху, i там ёй было крыху лягчэй. Ёй здавалася, што тут, у Сэн-Клеры, да яе людзi ставяцца больш-менш прыхiльна... Яна не ведала, што бацька i Бернарава сям'я з усяе сiлы старалiся зрабiць з яе нявiнную ахвяру, да смерцi напалоханую гнюсным паклёпам: "Мы баiмся, што няшчасная ўжо i не паправiцца. Нiкога не хоча бачыць. I ведаеце, доктар сказаў не пярэчыць ёй. Бернар клапоцiцца пра яе, усё робiць, што толькi можна. Але бачыце... псiхiка яе парушана".

Апошняя ноч кастрычнiка. Шалёны вецер навалiўся на Аржалузу. Трашчалi дрэвы, страшна гуло ў комiне.

Тэрэза драмала, i ёй здавалася, што да яе далятае шум далёкага акiяна... А ранiцай яе пабудзiлi iншыя гукi. Яна адчынiла аканiцы, аднак святлей у пакоi не стала: дробны асеннi дождж барабанiў па чарапiчных стрэхах, па яшчэ густым дубовым лiсцi. У той дзень Бернар не выходзiў з дому. Тэрэза запалiла цыгарэту, кiнула, выйшла на лесвiчную пляцоўку... Яна чула, што i Бернару не спiцца: ён хадзiў з пакоя ў пакой. Да яе дайшоў пах моцнага тытуню ад яго люлькi, якi перабiў водар яе слабых цыгарэт. Яна пазнала гэты пах, i ён нагадаў ёй пра мiнулае...

Першы дзень глыбокай восенi... А колькi ж яшчэ такiх дзён адведзена ёй адпакутаваць у гэтым пакоi ля камiна, дзе ледзьве тлеюць вугалi?.. Ад сырасцi па кутках паадставалi шпалеры... На сценах яшчэ вiднелiся сляды ад сямейных партрэтаў, якiя Бернар перавёз у Сэн-Клер. На iх месцы засталiся толькi ржавыя, цяпер ужо непатрэбныя цвiкi. На камiне ў трайной раме, падробленай пад чарапаху, фатаграфii: выцвiлыя, бледныя. Нiбы смерць, забiраючы тых людзей, прайшлася i па iх партрэтах: Бернараў бацька, бабуля i сам Бернар у маленстве з чубком на лобе i локанамi да плячэй.

Пражыць тут увесь гэты дзень... А потым тыднi, месяцы...

Вечарэла. Тэрэза не вытрымала: цiхенька адчынiла дзверы, спусцiлася па лесвiцы i зайшла на кухню. Бернар ад нечаканасцi ўскочыў са свайго месца, Бальён перастаў чысцiць стрэльбу, а яго жонка выпусцiла з рук вязанне.

- Вы што, спужалiся мяне?

- Заходзiць на кухню вам забаронена. Хiба вы не ведаеце?

Тэрэза нiчога не адказала i падалася да дзвярэй. Бернар спынiў яе:

- Раз вы ўжо тут... то лiчу неабходным паведамiць, што быць у гэтым доме больш у мяне няма патрэбы. У Сэн-Клеры нам удалося схiлiць да вас сiмпатыi людзей. Усе лiчаць або робяць выгляд, што лiчаць, вас трохi... неўрастэнiчнай. Мы пераканалi ўсiх, што вы захацелi пажыць адна, а я часта прыязджаю да вас. З сённяшняга дня я вызваляю вас ад абавязку ездзiць у царкву...

Тэрэза прамармытала, што ёй "зусiм не было непрыемна" хадзiць на месу. Бернар перапынiў яе i сказаў, што гаворка не пра тое, што ёй прыемна, а што не. Тое, чаго хацеў Бернар са сваёю сям'ёй, было дасягнута.

- Вось, а раз меса для вас нiчога не значыць...

Тэрэза памкнулася штосьцi сказаць, але не... змаўчала. А Бернар уладарна запатрабаваў, каб яна нiводным сваiм рухам, нiводным словам не сапсавала гэтага нечаканага хуткага поспеху. Яна спыталася пра здароўе Мары. Ён адказаў, што Мары адчувае сябе добра i заўтра разам з Аннай i мадам дэ ля Траў паедзе ў Балье. Ён i сам там пабудзе нейкi час - месяцы два, не больш. Потым ён адчынiў дзверы i даў Тэрэзе выйсцi.

На золку яна чула, як Бальён запрагаў каня. Потым пачуўся Бернараў голас, заржаў конь i загрукаталi колы... I зноў лiў дождж - на чарапiчныя стрэхi, на запацелыя вокны, на пустое поле, на ўсе сто кiламетраў ландаў i балотаў, на бясконцыя дзюны, на ўвесь акiян...

Тэрэза дапалiла цыгарэту i запалiла ад яе новую. Недзе гадзiны ў чатыры яна накiнула плашч i выйшла прайсцiся пад дажджом. Але праходка не ўдалася: у цемры ёй стала боязна i яна вярнулася. Агонь у камiне патух. Дрыжучы ад холаду, яна лягла ў пасцель. Гадзiн у сем служанка прынесла яечню, падсмажаную на сале. Ёй ужо абрыдзеў пах свiнога тлушчу. Кожны дзень адно i тое: альбо яечня, альбо кансервы... Жонка Бальёна апраўдвалася, што нiчога лепшага ў яе няма, бо месьё Бернар забаранiў рэзаць курэй. Яна пачала бурчаць, што сэрца ў яе хворае, ногi ацяклi, а тут цягайся туды-сюды без толку... Не пад сiлу ўжо ёй такая работа, i толькi, каб уважыць гаспадара...

Ноччу ў Тэрэзы пачалася гарачка. Ёй мроiлася жыццё ў Парыжы: вось яна ў тым самым рэстаране ў Булонскiм лесе, дзе калiсьцi была з Бернарам... Але цяпер яна не з мужам, а з Жанам Азеведа i нейкiмi маладымi жанчынамi. Вось яна кладзе на стол свой чарапахавы партсiгар, закурвае. Iграе аркестр, а яна расказвае, расказвае... i ёй становiцца лягчэй. Вакол яе - уважлiвыя твары. I нiхто не здзiўлены яе расказам. А адна дама гаворыць:

- Ды гэта ж зусiм так, як было са мной. Як мне ўсё гэта знаёма!..

Нейкi пiсьменнiк адводзiць Тэрэзу ўбок: "Вам абавязкова трэба напiсаць пра ўсё, што вы перажылi. Мы змесцiм гэты дзённiк сучаснай жанчыны ў нашым часопiсе".

Дадому яна едзе ў аўтамабiлi з маладым чалавекам, якi цэлы вечар закахана глядзеў на яе. Вось яны едуць па Булонскiм лесе. Яна раўнадушная да свайго суседа, але ёй прыемна, што гэтае маладое цела згарае ад нецярпення. "Не, не сёння, - гаворыць яна яму, - сёння мне трэба яшчэ заехаць да сяброўкi". - "А заўтра?" - "Таксама не магу". - "Дык у вас, выходзiць, усе вечары занятыя?" "Амаль што... Амаль што ўсе..."

Але ў яе жыццi ёсць мужчына, у параўнаннi з якiм усе астатнiя - проста нiшто. Яго нiхто з гэтага асяроддзя не ведае. Чалавек ён сцiплы, непрыкметны. Але для Тэрэзы ён - сонца, вакол якога круцяцца ўсе яе думкi, намеры, жаданнi. Да яго - да гэтага сонца, чыё цяпло ведае толькi Тэрэзiна цела, - iмкнецца яе душа...

Парыж гудзiць, нiбы вецер у соснах. А Тэрэза ўсёй сваёй iстотай адчувае цела каханага, такое лёгкае, i ўсё ж яно замiнае ёй дыхаць вольна. Але Тэрэза хутчэй задыхнецца, чым адсуне ад сябе гэтае дарагое цела. I яна робiць рух, нiбы кагосьцi абдымае: правая рука сцiскае левае плячо, а пазногцi левай упiваюцца ў правае плячо.

Яна ўстае, босая падыходзiць да акна, адчыняе яго. Ноч не халодная, але хiба можна спадзявацца, што хоць адзiн дзень гэтай восенi будзе без дажджу? Дождж, дождж, будзе лiць дождж да сканчэння свету...

Калi б у яе былi грошы, яна ўцякла б адсюль у Парыж, пайшла б да Жана Азеведа i ўсё расказала б яму. Ён змог бы знайсцi ёй работу. I была б яна вольная, сама зарабляла б сабе на хлеб i нi ад кога не залежала б. Быць без сям'i! I няхай само сэрца выбiрае сабе блiзкiх людзей - не па крывi, а па духу i плоцi! Знайсцi сапраўдных дарагiх сваякоў! Няхай iх будзе няшмат! Няхай яны будуць раскiданы па свеце!..

Нарэшце яна заснула. Але акно засталося адчыненае i ранiшнi холад i сырасць пабудзiлi яе. Яна так змерзла, што зуб на зуб не пападаў, але ўстаць i зачынiць акно яна не магла. У яе ўжо не хапала сiлы накрыцца як след коўдрай...

У той дзень яна так i не паднялася з пасцелi. З'ела кавалачак кансерваў, выпiла кавы, каб можна было запалiць. Нашча палiць яна ўжо не магла: балеў страўнiк. Хацелася аднавiць у памяцi начны сон. Цяпер не толькi ў доме, але i ва ўсёй Аржалузе панавала цiшыня. Змрочныя асеннiя днi мала чым адрознiвалiся ад ночы. У гэтыя самыя кароткiя днi года бясконцы дождж змешваў усё ў адно: ранiцу, дзень, вечар. Ранiшняя iмгла змянялася вячэрнiм змрокам, i толькi нiшто не магло адмянiць цiшыню... Цяпер Тэрэзе зусiм не хацелася спаць. Зноў i зноў цярплiва шукала яна ў сваiм мiнулым забытыя твары, губы, што вабiлi да сябе, уваскрашала ў памяцi расплывiстыя вобразы выпадкова спатканых мужчын, якiх клiкала ў начных мроях яе нявiннае цела. Яна прыдумвала сабе шчасце, малявала радасцi i ўцехi жыцця i па крупiнцы складала казку пра нейкае нерэальнае каханне...

- Яна ўжо зусiм не ўстае з пасцелi, а да яды i не дакранаецца, дакладвала праз нейкi час служанка Бернару. - Але затое бутэльку да дна выпiвае. Колькi нi дай вiна, усё выжлукцiць гэтая свалата! А ад цыгарэт то ўжо няма спасу. Папрапальвала вунь колькi прасцiн. Скончыцца гэта пажарам! Папомнiце маё слова! Палiць i палiць - пальцы ўжо ўсе жоўтыя. I гэта ж трэба: прапалiць такiя прасцiны! А iх жа спецыяльна заказвалi... Ну, цяпер яна ў мяне пачакае! Няскора я ёй iх памяняю!

Яна яшчэ нешта бубнiла, што не адмаўляецца падмятаць пакой, прыбiраць пасцель, але ж гэтая гультайка не хоча вылазiць з-пад коўдры. Дык цi варта для яе старацца. "Я ж хворая. Ногi вунь ацяклi. А кожную ранiцу прыношу ёй гарачай вады. I ўсё дарэмна: дзе паставiш збан - там вечарам i забярэш..."

Думкi Тэрэзы ўжо адарвалiся ад таго невядомага выдуманага мужчыны. Ёй надакучыла несапраўднае, уяўнае шчасце, i фантазiя вяла яе цяпер новымi шляхамi. Вось яна ляжыць на смяротным ложы. Вакол стаяць на каленях людзi. Да яе прыносяць аднаго з тых хлопчыкаў, што ўцякалi з усiх ног, убачыўшы яе. Ён б'ецца ў перадсмяротных сутаргах. Яна кладзе яму на галоўку свае жоўтыя ад нiкацiну пальцы, i адбываецца цуд: хлопчык устае здаровы. Былi ў яе i больш сцiплыя мроi. Вось яна пабудавала сабе дом на беразе мора. Яна ясна бачыць сад, тэрасу, пакоi, мэблю, рэчы. Спрачаецца сама з сабой, якую лепш выбраць абiўку...

Потым дэкарацыi мянялiся. Усё рабiлася цьмяным i расплывiстым. А перад вачыма стаяла толькi алея ды лаўка на марскiм узбярэжжы. Тэрэза адпачывае, сядзiць на гэтай лаўцы, абапёршыся на чыёсьцi плячо. Потым звiнiць званок: час абедаць. Яна ўстае i iдзе па цёмнай алеi. Нехта крочыць побач. Нечакана дужыя рукi абдымаюць яе... Пацалунак, ад якога спыняецца час... Ёй здаецца, што ў каханнi бываюць iмгненнi, якiя цягнуцца вечна. Яна ўяўляе iх, але сама не зведае нiколi... А вось i белы дом, студня. Скрыпiць помпа. Прыемна пахнуць палiтыя гелiятропы. Абед будзе адпачынкам перад тым шчасцем, якое чакае яе вечарам i ноччу. Яе чакае шчасце, якому немагчыма глянуць у твар, яно бязмежнае, i чалавечае сэрца не ў стане ахапiць яго. Так марыла Тэрэза пра каханне, якога была пазбаўлена ў жыццi. А яно, гэтае гарачае, таямнiчае пачуццё пранiзвала ўсю яе iстоту... Яна амаль не чуе звяглiвага голасу служанкi. Што яна там крычыць?

- Праз дзень-два можа вярнуцца з поўдня месьё Бернар. I што ён скажа, калi зойдзе ў ваш пакой? Ды гэта ж свiнушнiк! Уставайце, мадам! А не - дык падыму вас сiлай!

Тэрэза садзiцца на пасцель i тупа глядзiць на свае схуднелыя, як у шкiлета, ногi... Старая накiдвае на яе капот i падпiхае яе ў крэсла. Тэрэза машынальна шукае каля сябе цыгарэты, але рука ў немачы падае на каленi. Праз адчыненае акно льюцца халодныя сонечныя промнi. Служанка мiтусiцца, падмятае падлогу, сапе, мармыча праклёны. А кажуць, што яна добрая жанчына. Кожны год, калi пад каляды колюць свiнчо, выкармленае ёю, яна хаваецца i плача... А злуецца яна таму, што Тэрэза маўчыць i не адказвае ёй. Гэта для яе найбольшая абраза.

Аднак гаварыць няма ўжо сiлы ў Тэрэзы. Калi яна ўсiм целам адчула свежасць чыстых прасцiн, яна, як здаецца, сказала "дзякуй", але на самай справе нiводзiн гук не зляцеў з яе вуснаў... Адыходзячы, служанка з'едлiва кiнула:

- Ну, гэтых прасцiн то вы ўжо не прапалiце!

Тэрэза спалохалася, што старая забрала цыгарэты. А як жа цяпер... без цыгарэт?.. Яна так прывыкла да дыму... Ёй проста неабходна трымаць у руках гэтую сухую цёплую палачку. Цяпер старая вернецца толькi вечарам... Цэлы дзень без цыгарэт!.. Яна заплюшчвае вочы, а пальцы па прывычцы варушацца, нiбы размiнаюць цыгарэту...

Вечарам у сем гадзiн зайшла служанка. Прынесла з сабой свечку, паставiла на столiк паднос: малако, кава, акрайчык хлеба. "Мо яшчэ што?" Яна зларадна паглядзела на Тэрэзу, чакаючы, што тая папросiць цыгарэт. Але Тэрэза маўчала, адвярнуўшыся тварам да сцяны...

Служанка, мусiць, добра не зачынiла акно. Парыў ветру расхiнуў яго, i начны холад уварваўся ў пакой. А ў Тэрэзы ўжо не было нi сiлы, нi адвагi, каб адкiнуць коўдру, устаць i дайсцi да акна. Яна скурчылася, нацягнула коўдру да самых вачэй i нерухома ляжала, адчуваючы на павеках i лобе ледзяное дыханне ветру. За акном не сцiхаў шум лесу, падобны на гул акiяна, i ўсё ж сапраўдным гаспадаром усяго была глыбокая мёртвая цiшыня Аржалузы. Тэрэзе падумалася, што калi яна папраўдзе хоча пакутаваць, захварэць, памерцi, то не варта так захутвацца ў коўдру. Яна паспрабавала адкiнуць коўдру, але праз некалькi секунд зноў схавалася пад ёю. Потым ёй удалося вытрымаць трохi даўжэй пад холадам - яна нiбы падсвядома вяла нейкую гульню. Пакуты сталi яе адзiным заняткам i, хто ведае, можа, i сэнсам усяго яе iснавання на гэтым свеце.

XII

- Пiсьмо ад месьё Бернара!

Тэрэза не хацела дакранацца да гэтага канверта, але старая не адставала: тут, пэўна, напiсана, калi вернецца гаспадар, ёй трэба ведаць гэта, каб загадзя падрыхтавацца.

- Калi дазволiце, то я сама прачытаю...

- Чытайце! Чытайце! Што хочаце рабiце!

I Тэрэза, як заўсёды пры служанцы, адвярнулася да сцяны. Аднак тое, што па складах чытала жонка Бальёна, вывела яе са здранцвення:

"Быў вельмi рады, калi даведаўся з паведамлення Бальёна, што ў Аржалузе ўсё ў парадку..."

Бернар пiсаў, што хутка вернецца, але ён яшчэ будзе рабiць прыпынкi ў некалькiх гарадах, то не можа сказаць нiчога пэўнага пра свой прыезд.

"Ва ўсякiм разе, гэта будзе не пазней як дваццатага снежня. Не здзiўляйцеся, што я прыеду разам з Аннай i Дэгiлемам. Яны ўжо заручаны. Праўда, гэта пакуль што не афiцыйна. Дэгiлем вельмi хоча спачатку пабачыцца з Вамi. Ён пераконвае, што гэтага вымагае прыстойнасць. Але я падазраю, што ён хоча высветлiць для сябе некаторыя абставiны - Вы, безумоўна, здагадваецеся якiя. Вы дастаткова разумная, каб вытрымаць гэтае выпрабаванне. Не забывайцеся: Вы хворая, у Вас псiхiчнае расстройства. Словам, я вельмi спадзяюся на Вас. Я буду Вам вельмi ўдзячны, калi Вы не пашкодзiце шчасцю Анны i не скампраметуеце нас. Уся наша сям'я лiчыць, што гэта цудоўны шлюб ва ўсiх адносiнах. Калi ж Вы будзеце дзейнiчаць iнакш, то Вам давядзецца дорага заплацiць за любую спробу разлучыць гэтую пару. Зрэшты, я ўпэўнены, што нам няма чаго асцерагацца".

Стаяў цудоўны ясны халаднаваты дзень. Тэрэза такi паслухалася служанкi: устала з пасцелi i нават трохi прайшлася па садзе, абапiраючыся на руку старой. А вось даесцi кавалачак кураняцi яна так i не змагла. Да дваццатага снежня яшчэ заставалася дзесяць дзён. Служанка паўтарала, што варта мадам толькi ўзяць сябе ў рукi, прымусiць сябе ўставаць, выходзiць на двор, дыхаць свежым паветрам, як яна хутка стане на ногi.

- Не скажаш, што яна надта ўпарцiцца, - гаварыла жонка Бальёну, - яна проста зусiм раскiсла. Ого, месьё Бернар - майстар дрэсiраваць непаслухмяных сабак: чуць што - адразу надзене ашыйнiк з цвiкамi. I з гэтай доўга не важдаўся, а бачыш, як яна цяпер на жываце поўзае. Але было б такi лепш, каб ён не надта давяраў ёй...

А Тэрэза сапраўды сабрала ўсе свае сiлы, каб выйсцi з гэтага здранцвення. Яна адганяла прэч свае мроi, дрымоту, самазабыццё. Яна ўставала, хадзiла, ела, прывучала сябе зноў цвяроза глядзець на свет i людзей. Але адчувала яна сябе так, нiбы вярнулася ў ланды, падпаленыя сваёй рукой. Па калена ў попеле iшла яна сярод абгарэлых чорных хваiн... Яна рыхтавалася да сустрэчы, калi давядзецца гутарыць, усмiхацца ў лоне гэтай сям'i - яе сям'i.

Васемнаццатага снежня пасля абеду Тэрэза сядзела ў сваёй спальнi ля камiна i драмала, адкiнуўшы галаву на спiнку крэсла. Дзень выдаўся пахмурны, але без дажджу. Яе пабудзiў гул матора. У прыхожай пачуўся голас Бернара, потым загаварыла мадам дэ ля Траў. Калi служанка засопшыся ўбегла да Тэрэзы, тая ўжо стаяла перад люстэркам i падфарбоўвала сабе губы. Не звяртаючыся да старой, яна працадзiла праз зубы: "А то, крый Божа, напалохаю Аннiнага жанiха".

Але Бернар зрабiў памылку, што не падняўся адразу да жонкi. Малады Дэгiлем, якi абяцаў бацькам глядзець ува ўсе вочы, адзначыў для сябе, што "такая няўвага з боку мужа наводзiць на пэўны роздум". Ён крыху адышоўся ад Анны, наставiў свой футравы каўнер i цiха сказаў, што "гэтыя вясковыя маёнткi нiколi не напалiш". Потым папытаўся ў Бернара: "У вас унiзе падвал? Не? Ну, тады ў вас заўсёды будзе падгнiваць падлога, калi не пакласцi пад яе слой цэменту..."

На Анне было манто з футра вавёркi i фетравы капялюшык без стужкi i без банта. ("Але, - расказвала ўсiм мадам дэ ля Траў, -гэтыя капялюшыкi без нiякiх выкрунтасаў каштуюць цяпер больш, чым тыя, што калiсьцi насiлi мы, з пер'ем ды з эгрэткамi. Ну паглядзiце, якi цудоўны фетр! Праўда? Купiлi ажно ў Парыжы, а фасон выбралi ў самога Рэбу".)

Мадам дэ ля Траў грэла ногi ля камiна i нецярплiва паглядала на дзверы. Ад хвалявання скрывiўся яе сыты ганарысты твар. Яна абяцала Бернару быць на вышынi - толькi папярэдзiла яго: "I не прасi нават, каб я яе пацалавала. Нельга такога патрабаваць ад мацi. Мне за руку з ёю павiтацца i то брыдка. Адзiн Бог бачыць, што яна натварыла, але не гэта мяне абурае. Нiчога не зробiш: былi i ёсць забойцы сярод людзей. Але мяне абурае яе крывадушнасць. Вось што самае жахлiвае! Ты ж помнiш: "Мама, сядзьце ў гэтае крэсла. Тут вам будзе зручней..." А ўспомнi, як яна баялася "напалохаць" цябе! "Бедненькi, ён так баiцца смерцi, што гэты кансiлiум яго даканае...". Ведае Бог, я тады нiчога не падазравала, але, калi пачула гэтае "бедненькi", ажно здзiвiлася..."

А цяпер, у гэтай халоднай гасцiнай яе турбавала толькi адно: яўная няёмкасць, якую адчувалi ўсе прысутныя. Асаблiва пiльна сачыла яна за Дэгiлемам, што ўпiўся сваiмi кашэчымi вачыма ў Бернара.

- Бернар, табе трэба было б зайсцi да Тэрэзы. Можа, ёй нездаровiцца...

Абыякавая да ўсяго, што тут адбывалася, Анна першая пачула знаёмыя крокi: "Яна ўжо iдзе". Бернар схапiўся за сэрца. Зноў прыступ. Вось дурань! I чаму не было прыехаць сюды ўчора вечарам! Можна было б загадзя адрэпецiраваць гэтую сцэну з Тэрэзай... I што ж яна скажа? О, яна ўмее ўсё сапсаваць, i пры гэтым не зробiць нiчога такога, за што можна было б потым яе папракнуць. Як жа яна марудна iдзе па лесвiцы. Яны ўсе ўсталi даўно, павярнулiся да дзвярэй. Ну нарэшце...

Доўга потым помнiў Бернар, як пры з'яўленнi гэтай змарнелай, ледзь жывой iстоты, гэтага маленькага, бледнага i падмаляванага тварыка ў яго перш-наперш мiльганула думка: "Суд прысяжных". Але падумалася тады так не пра злачынства Тэрэзы. Яму раптам прыгадаўся каляровы нядзельны дадатак да "Пцi парызьен"*, што ўпрыгожваў разам з iншымi выразкамi яго альтанку ў Аржалузе; у спякотныя днi пад нуднае гудзенне мух i бясконцае стракатанне конiкаў ён, хлопчык, з жахам углядаўся ў гэты чырвона-зялёны малюнак, дзе стаяла "Вязнiца замка Пуацье".

* Папулярная парыжская газета. Выдавалася з 1875 года.

Так i цяпер спалохана глядзеў ён на абяскроўленую схуднелую Тэрэзу i ўсё дакараў сябе за сваё вар'яцтва: трэба было, чаго б гэта нi каштавала, прыбраць з дарогi гэтую страшную жанчыну, адкiнуць яе, як кiдаюць у ваду бомбу, што ў кожны момант можа ўзарвацца. Наўрад цi было выпадковасцю тое, што кожны, хто глядзеў на Тэрэзу, пачынаў думаць пра нейкую драму, нават больш - пра трагiчны выпадак з крымiнальнай хронiкi: у самым яе аблiччы было нешта i ад злачынкi, i ад ахвяры...

Сваякi з такой шчырай, непрытворнай спагадай сустрэлi Тэрэзу, што малады Дэгiлем засумняваўся ў сваiх вывадах i не ведаў цяпер што i думаць. А Тэрэза растлумачыла:

- Ды ўсё вельмi проста. У нас тут зусiм сапсавалася надвор'е. Я не магла выходзiць на двор, i ў мяне прапаў апетыт. Нiчога есцi не магла. Але ж лепш худзець, чым сыцець... Аднак пагаворым пра цябе, Анна. Я такая радая...

Тэрэза ўзяла яе за рукi (яна сядзела, а Анна стаяла) i доўга ўглядалася ў сваю былую сяброўку. Са змучанага твару на Анну пазiралi такiя знаёмыя вочы. Калiсьцi, у дзяцiнстве, iх уважлiвы позiрк раздражняў Анну, i яна часам гаварыла: "Чаму ты на мяне так глядзiш? Перастань!"

- Я радуюся, што да цябе прыйшло шчасце, Анна.

I яна ўсмiхнулася, вiншуючы Анну з яе "шчасцем". Была адрасавана ўсмешка i Дэгiлему, яго пляшывай галаве, яго жандарскiм вусам, яго пакатым плячам i сытым лыткам, абцягнутым штанамi ў цёмна-шэрую палоску (ды што тут, чалавек як чалавек, адным словам - муж). Тэрэза зноў перавяла позiрк на Анну i папрасiла:

- Здымi капялюшык... Вось так... Цяпер я цябе пазнаю, дарагая мая...

Анна цяпер зусiм блiзка бачыла трохi скрыўлены рот Тэрэзы i вочы, што нiколi не ведалi слёз, але яна не магла бачыць, пра што думала Тэрэза. Дэгiлем не зусiм дарэчы выказаў думку, што сапраўднай жанчыне, якая любiць сваё гняздзечка, i зiмой не страшна ў вёсцы: "У доме заўсёды столькi работы".

- Ты не пытаешся ў мяне пра Мары?

- Ах! Праўда, раскажы, раскажы пра яе!..

I тут Анна зноў надала сабе варожы, пагардлiвы выгляд. Недарэмна столькi месяцаў з такой самай iнтанацыяй, як у яе мацi, яна паўтарала: "Ды я ёй усё магла б дараваць. Чаго вы хочаце ад хворага чалавека? Але яе абыякавасцi да свайго дзiцяцi я не магу перанесцi. Гаварыце мне, што хочаце, а я тут не бачу нiякiх апраўданняў!"

Тэрэза добра здагадвалася пра гэта: "Яе заела, што я не адразу спыталася пра Мары. Як жа ёй растлумачыць? Ах, яна ўсё роўна не зразумее, што я цяпер жыву толькi сабой, толькi сабой... Анна чакае не дачакаецца дзяцей, у якiх яна ўся растворыцца. Тое самае было i з яе мацi, i з усiмi жанчынамi з iх роду. А я - я павiнна быць самой сабой... Быць, не страцiць сябе... Анна хутка забудзецца пра сваю маладосць, пра нашу дружбу, пра пяшчоту Жана Азеведа - усё вылецiць з памяцi пры першым жа крыку дзiцяцi, якiм яе адорыць гэты гном у сурдуце. Жанчыны гэтай сям'i бачаць сваю найвышэйшую мэту ў тым, каб адрачыся ад свайго ўласнага жыцця. Аддаць сябе справе прадаўжэння роду - гэта сапраўды прыгожа! Я адчуваю прыгажосць гэтага самаадрачэння... Але я... Я так не магу..."

Тэрэза спрабуе не слухаць гэтых людзей, а думаць пра Мары. Яна ж, напэўна, ужо гаворыць. "Прыемна было б паслухаць яе шчабятанне, але нядоўга, бо гэта мне хутка надакучыла б i захацелася б зноў застацца адной..." Тэрэза пытаецца ў Анны:

- А Мары ўжо, мусiць, добра гаворыць?

- О, паўтарае ўсё, што пачуе. Мы ўсе ад смеху качаемся. Закукарэкае певень цi засiгналiць машына, яна падыме пальчык i скажа: "Цуес? Петусок клiцыць". Такая ўжо слаўненькая, проста цуд!

Тэрэза думае: "Трэба паслухаць, пра што яны ўсё гавораць... О, як жа пуста ў мяне ў галаве... Што гэта там даказвае Дэгiлем?.." Яна праз сiлу засяроджваецца, прыслухоўваецца.

- У мяне ў Балiсаку маёнтак. Але нашы смалакуры не такiя спрытныя, як тут: смалу збiраюць чатыры разы на год, а ў вас - сем, а то i восем.

- Ну, вашы смалакуры проста гультаi. Цана на смалу вунь як падскочыла.

- Што вы, вядома. Сёння смалакур зарабляе па сто франкаў за дзень! Але мы, здаецца, стамiлi мадам Дэскейру...

Тэрэза сядзiць, адкiнуўшы галаву на спiнку крэсла. Усе ўсталi. Бернар вырашыў застацца пакуль што ў Аржалузе. Дэгiлем сказаў, што ён сам павядзе яго машыну, а заўтра шафёр прыгонiць яе назад i прывязе Бернараў багаж.

Тэрэза паспрабавала таксама ўстаць, але свякроў не дазволiла ёй.

Вочы яе заплюшчылiся, i яна пачула, як Бернар гаварыў сваёй мацi:

- Ну гэтыя Бальёны! Я iм пакажу! Будуць яны мяне помнiць!

- Пачакай, пачакай! Ты не надта... А то яны могуць i пайсцi ад нас. А навошта нам гэта: па-першае, яны занадта шмат ведаюць, а потым наша гаспадарка... Адзiн толькi Бальён i ведае межы нашых лясоў i палеткаў...

Потым, адказваючы на нейкую рэплiку Бернара, свякроў дадае:

- Ты ж глядзi, не вельмi ёй давярай! Сачы за кожным яе рухам, нiколi не дазваляй, каб яна адна заходзiла на кухню!.. Ды не... якая непрытомнасць? Яна спiць цi, можа, прытвараецца...

Тэрэза расплюшчвае вочы: перад ёю Бернар са шклянкай у руцэ:

- Вось, выпiце. Гэта гiшпанскае вiно. Яно павышае тонус...

Бернар, як заўсёды, верны свайму прынцыпу: сказана - зроблена. Ён iдзе на кухню i дае волю сваёй злосцi.

Размова адбываецца на мясцовай гаворцы. Чуецца вохканне старой служанкi, а Тэрэза думае: "Бернар чагосьцi спалохаўся. Але чаго?" Ён зноў заходзiць у гасцiную.

- Я думаю, што вам больш прыемна будзе абедаць у сталовай. Я загадаў, каб вам падавалi яду ў сталовай.

Перад Тэрэзай быў той самы Бернар, што i ў днi следства. Бернар супольнiк, Бернар - саюзнiк, якi жадае выцягнуць яе з бяды. Цяпер ён хоча, каб яна паправiлася. Яго напалохала яе хвароба - вось што! Тэрэза назiрае за iм: ён сядзiць ля камiна i варушыць качаргой дровы. Але як яна можа ўгадаць, якi вобраз ловяць яго лупатыя вочы ў полымi. А бачыць ён там чырвона-зялёны малюнак з дадаткам да "Пцi парызьен" - "Вязнiцу замка Пуацье...".

Колькi б нi лiлi дажджы, на пясчанай зямлi Аржалузы нiколi не было лужын. У самы разгар зiмы варта сонцу выглянуць хоць на гадзiнку i ўжо можна ў хатнiх тапачках шпацыраваць па дарогах, засланых дываном з мяккiх сухiх хваёвых iголак. Цэлыя днi Бернар бавiў на паляваннi, але заўсёды вяртаўся пад абед i перш-наперш пытаўся, як адчувае сябе Тэрэза. За ўсё iх сумеснае жыццё нiколi ён так не клапацiўся пра яе. У iх адносiны паступова вярталася шчырасць i нязмушанасць. Па яго парадзе раз у тры днi яна ўзважвалася. Ён дазваляў ёй палiць толькi па дзве цыгарэты пасля абеду. Угаварыў яе выходзiць у лес на прагулкi: "Хада найлепш узбуджае апетыт".

Цяпер Тэрэза не баялася Аржалузы. Ёй здавалася, што сосны расступаюцца перад ёю, падаюць нейкiя знакi i клiчуць да сябе, на волю... Аднойчы вечарам Бернар сказаў ёй:

- Я прашу вас толькi аб адным. Пачакайце, пакуль Анна выйдзе замуж. Трэба, каб усе ўбачылi нас разам на вяселлi. А потым - можаце на ўсе чатыры...

У тую ноч узбуджанасць i радасная няпэўная трывога не далi ёй заснуць. На золку яна пачула спеў пеўняў - здавалася, яны не пераклiкаюцца, як звычайна, а спяваюць хорам, усе разам, напаўняючы зямлю i неба адзiным радасным гiмнам. Што ж, Бернар адпусцiць яе з гэтай турмы, як некалi выпусцiў у ланды дзiкую свiнню, якую так i не змог прыручыць. Калi Анна будзе замужам, тады людзi хай кажуць, што хочуць. Бернар завязе яе ў Парыж, а сам вернецца дадому. Так яны сёння дамовiлiся. Нiякага разводу, нiякага падзелу маёмасцi. Яе адсутнасць будуць тлумачыць станам здароўя ("ёй намнога лепш, калi яна падарожнiчае"). Бернар рэгулярна будзе прысылаць яе долю даходу ад продажу лесу i збору смалы.

Бернар не пацiкавiўся яе планамi: "Няхай хоць павесiцца! Абы сышла адгэтуль!.."

- Я супакоюся толькi тады, калi яе нагi тут не будзе, - гаварыў ён сваёй мацi.

- Добра было б, каб яна ўзяла сабе дзявочае прозвiшча... Хаця што гэта нам дасць?.. Калi яна чаго наробiць, то цябе хутка знойдуць...

Аднак Бернар сцвярджаў, што Тэрэза "брыкаецца толькi ў аглоблях". А будзе на волi - можа, паразумнее. Ва ўсякiм разе, няхай паспрабуе. Так, дарэчы, меркаваў i Тэрэзiн бацька, месьё Лярок. Усё добра ўзважыўшы, сваякi прыйшлi да згоды: будзе лепш, калi Тэрэза знiкне з вачэй. Тады пра яе хутчэй забудуцца. Людзi перастануць языкамi мянцiць... Самае галоўнае цяпер - маўчаць... Вось такi быў план, i мяняць яго нiхто i не падумае. Тэрэзу адважылiся выпрагчы з аглобляў... Ах, як хацелася, каб зрабiлi гэта хутчэй!

Канчалася зiма. Тэрэза любiла гэтую пару, калi стаялi сонечныя днi, чыстае блакiтнае неба цешыла вока, а голыя палеткi i дрэвы (толькi на дубах сям-там было леташняе лiсце) чакалi ўжо новага веснавога ўбору. Якраз у гэты час адкрыла для сябе Тэрэза, што тая самотная, пакутлiвая цiшыня, якая, здавалася, вечна будзе прыгнятаць i душыць яе, знiкла. Нават у самую цiхую часiну лес нешта напяваў, нiбы скардзiўся цi закалыхваў сябе. Нават ноччу даходзiў да Тэрэзы таямнiчы лясны шэпт... А будучыня ўяўлялася ёй цьмяна. I хто ведае, можа, ёй калi-небудзь яшчэ давядзецца сустракаць новы дзень у такой млоснай адзiноце, што яна пашкадуе i Аржалузу, i гэтае прадвесне, i лясны гоман, i дружны хор пеўняў, i стракатанне конiкаў, i начны скрып цвыркуноў... Парыж... Там мяне будуць акружаць не знявечаныя чалавекам сосны, а хцiвыя, небяспечныя людзi... Замест бясконцых дрэў - натоўп людзей...

I Бернар, i Тэрэза здзiўлялiся, што цяпер пры сустрэчах i размовах яны не адчувалi, бадай, нiякай збянтэжанасцi i няёмкасцi. Тэрэза нават падумала, што чалавек спакайней ставiцца да самых непрыемных суседзяў, калi ўпэўнены, што хутка назаўсёды паедзе ад iх. Цяпер Бернар цiкавiўся i яе здароўем, i яе вагою, i нават планамi на будучыню. А Тэрэза як нiколi адказвала шчыра, адкрыта:

- У Парыжы... Калi я буду ў Парыжы...

Там яна будзе жыць у атэлi, а можа, i пашукае кватэру. Яна збiралася хадзiць на лекцыi, на даклады, на канцэрты. Яна хацела "пачаць з азоў сваю адукацыю". Цяпер Бернар зусiм не асцерагаўся яе, спакойна еў i пiў за адным сталом. Доктар Педмэ, якi часам сустракаў iх на прагулцы, не раз казаў сваёй жонцы:

- Ведаеш, што самае дзiўнае. Калi глядзiш, як буркуюць гэтыя галубкi, нi за што не паверыш, што яны прытвараюцца...

XIII

Цёплай сакавiцкай ранiцай, гадзiн каля дзесяцi, людская плынь ужо цякла па вулiцах Парыжа, падступалася да тэрасы "Кавярнi дэ ля Пэ", дзе сядзелi Бернар i Тэрэза. Яна кiнула дакураную цыгарэту i, як гэта робяць у ландах, старанна патушыла яе.

- Баiцеся падпалiць тратуар? - няшчыра засмяяўся Бернар. А ў душы ён ужо дакараў сябе за тое, што надумаўся праводзiць Тэрэзу да Парыжа. Вядома, на другi дзень пасля вяселля Анны так i трэба было зрабiць: менш будзе плётак. Але галоўная прычына была ў тым, што на гэтым настойвала Тэрэза, i ён не змог ёй адмовiць. У гэтай жанчыны сапраўдны талент ствараць недарэчныя сiтуацыi. I пакуль яна пэўным чынам будзе звязана з яго жыццём, Бернару, вiдаць, давядзецца яшчэ не раз патураць яе бяздумным жаданням. Нават на такога сталага, ураўнаважанага чалавека, як ён, гэтая вар'ятка мае нейкi ўплыў. Вось i цяпер, калi прыйшоў час развiтвацца, ён не змог адагнаць ад сябе пачуцця смутку i журбы, i сам не паверыў у гэта... Цяжка было знайсцi чалавека, скупейшага на такiя сантыменты, чым Бернар. А ў адносiнах да Тэрэзы iх тым больш быць не магло. Як жа хацелася яму хутчэй вызвалiцца ад усяго гэтага!.. Толькi ў цягнiку ён нарэшце ўздыхне вольна. Сёння вечарам у Лангоне яго будзе чакаць аўтамабiль. Адразу за станцыяй пачынаецца сасновы лес... Ён паглядаў на профiль Тэрэзы, бачыў, як яе позiрк спыняўся на якiм-небудзь чалавеку на вулiцы i сачыў за iм, пакуль той зусiм не губляўся ў натоўпе.

- Тэрэза... Я хацеў спытацца...

Ён адвёў вочы, бо нiколi не мог вытрымаць позiрку гэтай жанчыны, i з ходу выпалiў:

- Я хацеў бы ведаць... Чаму вы тады зрабiлi гэта? Таму што ненавiдзелi мяне? Я наводзiў на вас страх? Я брыдкi?..

Ён аж здзiвiўся, пачуўшы свае ўласныя словы. А на душы стала пуста i прыкра. Тэрэза ўсмiхнулася, а потым з сур'ёзным выглядам падняла на яго вочы. Нарэшце! Вось калi Бернар задаў тое пытанне, з якога Тэрэза i пачала б, калi апынулася б на яго месцы. А можа, i не будзе дарэмнай тая сумная споведзь, што падрыхтавала Тэрэза па дарозе з суда ў Аржалузу? Можа, цяпер i настала хвiлiна, калi прыйдзе адплата за ўсе яе бяссонныя ночы, за цяжкi одум, за пакутлiвыя спробы разабрацца ў сабе i знайсцi вытокi свайго ўчынку?.. Вiдаць Тэрэза, сама таго не жадаючы, прымусiла-такi Бернара завагацца, засумнявацца, разгубiцца. I вось ён звяртаецца да яе, як чалавек, якому шмат што незразумела ў гэтай гiсторыi, i ён не ведае, што пра яе думаць. Цяпер ён не такi ўжо i прасцяк i не такi бязлiтасны. Тэрэза паблажлiва, амаль па-мацярынску паглядзела на гэтага новага для яе Бернара. А адказала з насмешкай:

- А хiба вы не ведаеце, што прычына ўсяго - вашы лясы, спадчына? Я адна хацела валодаць усiм!

Ён пацiснуў плячыма:

- Калi я нават i лiчыў так раней, то цяпер я гэтаму не веру. Чаму вы гэта зрабiлi? Цяпер жа вы можаце мне сказаць?

Яна глядзiць перад сабой: там, па брудным тратуары, спяшаюцца прахожыя. Яшчэ хвiлiна - i яна таксама ўвальецца ў гэты натоўп. I раптам, нiбы зара, перад Тэрэзай паўстае карцiна яе вяртання ў цiхi, спакойны куточак у ландах, вяртання да цiшынi Аржалузы, дзе ўсё жыццё пойдзе на роздум, на ўдасканаленне сваёй душы, на пошукi Бога... Мараканец, якi гандляваў маленькiмi дыванамi i шклянымi пацеркамi, прыняў яе ўсмешку ў свой адрас i падышоў са сваiм таварам. Але яна, не заўважаючы гандляра, сказала з iронiяй у голасе:

- Толькi што я збiралася адказаць вам: "Я не ведаю, чаму так зрабiла", але цяпер, уявiце сабе, я, здаецца, ведаю гэта. Магчыма, я зрабiла гэта дзеля таго, каб убачыць у вашых вачах трывогу, сумненнi, разгубленасць - тое, што я ўжо цэлую хвiлiну бачу ў iх.

Ён прабурчаў сярдзiтым тонам, якi нагадаў Тэрэзе iх вясельнае падарожжа:

- Дасцiпнасць - ваш канёк... Нават i цяпер... А калi сур'ёзна?

Яна перастала ўсмiхацца i замест таго, каб адказаць, спыталася:

- А вы, Бернар, вы заўсёды ведаеце, чаму вы робiце так, а не iнакш?

- Вядома... Ва ўсякiм разе мне так здаецца.

- Мне так хацелася, каб нiчога, нiводная дробязь не засталася схаванай ад вас... Калi б вы толькi ведалi, якiя пакуты мне давялося перажыць, каб самой ва ўсiм разабрацца... I я дайшла да гэтых прычын, але варта было паспрабаваць перадаць iх словамi, як яны здалiся мне фальшывымi, iлжывымi...

Бернар ужо трацiў цярпенне:

- Але ж быў дзень, калi вы надумалiся... Калi вы зрабiлi першы крок?

- Гэта было тады, калi быў вялiкi пажар каля Мано.

Яны падсунулiся адно да аднаго блiжэй i загаварылi напаўголаса. У гэтым тлумным шматлюдным горадзе пад яснымi промнямi сонца i подыхам лёгкага ветрыку, што калыхаў чырвоныя шторы i прыносiў з сабою водар заморскага тытуню, Тэрэзе было нiякавата гаварыць пра той спякотны дзень, пра чорны дым, якi засланiў сонца i блакiт неба, пра ўедлiвы пах гару i пра сваё здранцвелае сэрца, дзе ўжо выспявала злачынства...

- Вось як гэта было. Мы сядзелi ў сталовай. Як заўсёды, у гарачыя днi аканiцы былi зачыненыя i там было цемнавата. Вы гаварылi з Бальёнам, павярнуўшы да яго галаву, i забылiся палiчыць кроплi, што падалi ў шклянку...

Тэрэза не глядзела на мужа, гаварыла i баялася толькi аднаго: не забыцца нiводнай дробязi. I раптам пачула, што ён смяецца. Яна зiрнула на яго: ён смяяўся сваiм звычайным дурным смехам, а потым прамовiў: "Ну, вы зусiм... За каго вы мяне лiчыце?" Ён не паверыў ёй (i сапраўды, хiба можна было паверыць у тое, што яна гаварыла?). Ён усё з'едлiва хiхiкаў, i яна пазнавала сапраўднага Бернара - самаўпэўненага, самазадаволенага, якi не дасць абвесцi сябе вакол пальца. Ён зноў стаў самiм сабою, i Тэрэза разгубiлася. Ён здзекаваўся:

- Такiм чынам, думка пра забойства вас ахапiла нечакана, так сказаць, па волi божай?

Як жа ён цяпер дакараў сябе, што надумаўся распытвацца пра ўсё гэта! Ён жа мог страцiць сваю прывiлею мучыць гэтую вар'ятку нямой пагардай! I яна ўжо ўзнiмае галаву, каб на яе чорт! I навошта ён паддаўся гэтаму раптоўнаму жаданню зразумець? Як быццам штосьцi зразумееш у гэтай вар'яткi. Але вось ляпнуў, не падумаўшы...

- Паслухайце, Бернар, я зусiм не збiраюся пераконваць вас у маёй бязвiннасцi!

I з нейкай утрапёнасцю яна ўзялася абвiнавачваць сябе: няхай яна рабiла гэта, як у сне, няхай! Але ж перад гэтым спатрэбiлiся месяцы, каб яна ўсiм сваiм сэрцам прыняла думку пра злачынства, песцiла i выношвала свой чорны намер. А калi першы крок быў ужо зроблены, з якой свядомай лютасцю, з якой неймавернай упартасцю, з якой лагiчнай паслядоўнасцю iшла яна да канчатковай мэты!

- А жорсткай я адчувала сябе толькi ў тыя iмгненнi, калi мая рука марудзiла i дрыжала. Я злавалася на сябе, што вашы пакуты зацягнуцца. Трэба было iсцi да канца, i хутчэй! Я нiбы выконвала нейкi жудасны абавязак. Хутчэй за ўсё гэта i быў абавязак.

Бернар перапынiў яе:

- Гэта ўсё пустыя высокiя словы! Паспрабуйце нарэшце ясна сказаць, чаго вы хацелi? Паспрабуйце!

- Чаго я хацела! О, лягчэй было б сказаць, чаго я не хацела. Я не хацела разыгрываць ролю шаноўнай дамы, не хацела быць падобнай да вашай мацi, не хацела слухацца вашых турэмных сямейных парадкаў, не хацела гаварыць збiтымi фразамi, адным словам, не хацела на кожным кроку забiваць у сабе тую Тэрэзу, якая... Вось бачыце, Бернар, хачу быць праўдзiвай, а словы чамусьцi гучаць так фальшыва!..

- Гаварыце цiшэй, вунь той месьё, што сядзiць перад намi, ужо азiрнуўся.

Цяпер Бернару хацелася толькi аднаго: хутчэй скончыць з усiм гэтым. Але ён добра ведаў гэтую маньячку: пакуль не нацешыцца сваiм дурным самааналiзам, не змоўкне. I Тэрэза таксама разумела, што гэты чалавек, якi на хвiлiну наблiзiўся да яе, ужо зноў стаў далёкiм i чужым. Тым не менш яна вырашыла дагаварыць, нават спрабавала прыцягальную сiлу сваёй непаўторнай усмешкi i надавала голасу нiзкае хрыплаватае адценне, якое яму гэтак раней падабалася.

- Дык вось, Бернар, ёсць Тэрэза, якая па прывычцы тушыць акурак, каб не загарэўся верас; Тэрэза, якая любiла сама лiчыць свае сосны i даходы; Тэрэза, якая ганарылася, што выйшла замуж за аднаго з Дэскейру i заняла вартае яе месца ў адной з найбольш шаноўных сем'яў у ландах; Тэрэза, якая была задаволена, што добра ўладкавалася ў жыццi... На самай справе, такая Тэрэза ёсць, яна жывая, сапраўдная. Але ёсць яшчэ i другая Тэрэза - такая ж сапраўдная i жывая! I я не магла ахвяраваць ёю дзеля першай.

- Якая "другая"?

Яна не ведала, што адказаць... Ён паглядзеў на гадзiннiк. Яна сказала:

- Час ад часу мне давядзецца прыязджаць да вас. Будуць справы i Мары паглядзець...

- Якiя справы? Кiраваць гаспадаркай буду я сам. Не будзем вяртацца да гэтага. Мы ж пра ўсё дамовiлiся з вамi. Вы будзеце займаць сваё месца на ўсiх афiцыйных цырымонiях, на сямейных урачыстасцях, калi гонар нашага роду i iнтарэсы Мары будуць патрабаваць, каб нас з вамi бачылi разам. А ў такой вялiкай сям'i, як наша, будуць, дзякуй Богу, i вяселлi i пахаваннi... Вунь дзядзька Мартэн... я здзiўлюся, калi ён дацягне да восенi. Дык вось вам i нагода прыехаць i паглядзець Мары...

Конны палiцэйскi паднёс да губ свiсток, i нiбы адкрылiся нябачныя шлюзы: цэлая армiя пешаходаў перасякала вулiцу. А потым на чорны асфальт хлынулi таксi. "Трэба было мне тады ўцячы ў ланды, як гэта зрабiў Дагэр. Iсцi сярод кволых чэзлых дрэўцаў, што растуць на той беднай зямлi... Iсцi i iсцi... Да поўнай знямогi... Не хапiла б, мусiць, мне адвагi ўтапiцца ў глыбокай лагуне, як той пастух з Аржалузы, якому нявестка не давала есцi. Але я змагла б легчы на пясок, заплюшчыць вочы... Праўда, вароны, мурашкi... Тыя чакаць не будуць..."

Тэрэза глядзела на жывую чалавечую раку. Зараз яна кiнецца туды. I рака прыме яе i панясе па сваiх бясконцых перакатах... Цяпер ужо няма куды падзецца... Бернар дастаў гадзiннiк:

- Без чвэрцi адзiнаццаць. Пара вяртацца ў атэль.

- Вам не будзе горача ў дарозе?

- Дзе там! Вечарам у машыне яшчэ i холадна можа быць.

Тэрэза добра ведала тую дарогу, па якой сёння вечарам паедзе Бернар насустрач халоднаму ветру, якi данясе да яго пах балота, смалы, травы, мяты, туману... Яна глядзiць на Бернара з той усмешкай, якая некалi вымушала жыхароў ландаў гаварыць: "Прыгажуняй мадмуазэль Тэрэзу не назавеш, але яна - сама абаяльнасць!.."

Бернар... Калi б ты мог сказаць: "Я дараваў табе. Паедзем дадому...", i яна ўстала б i пайшла за табой...

Але Бернар, якi на момант i разгубiўся, i расхваляваўся, i дакараў сябе за гэта, - Бернар ужо быў у сваiм звычайным настроi i баяўся ўсiх новых спраў i слоў, што выходзяць за межы штодзённай патрэбы. Ён ужо сумаваў па "каляiне", у якую ён зможа ўвайсцi толькi сёння вечарам у Сэн-Клеры. Толькi там прыйдзе да яго душэўны спакой...

- Я хачу апошнi раз папрасiць у вас прабачэння, Бернар.

Тэрэза вымаўляе гэтыя словы залiшне ўрачыста i безнадзейна. Гэта была апошняя спроба аднавiць размову. Але Бернар пратэстуе:

- Не варта больш пра гэта...

- Вы будзеце адзiнокiм. Няхай сабе я буду тут, а ўсё ж нейкае месца ў вашым жыццi займаць буду... Лепш было б мне памерцi.

Ён пацiснуў плячыма i амаль весела папрасiў "не бедаваць па iм".

- У кожным пакаленнi Дэскейру быў свой стары халасцяк. На гэты раз iм суджана быць мне. Для такой ролi ў мяне ёсць усё неабходнае (вы ж не будзеце адмаўляць гэта?). Шкада толькi, што нарадзiлася дачка, а не сын: прападзе iмя. Але, калi б мы i жылi разам, мы не захацелi б мець другое дзiця... Так што ўсё ў парадку. Усё iдзе добра... Не трэба мяне праводзiць. Пасядзiце яшчэ тут.

Ён знакам паклiкаў таксi i вярнуўся сказаць, што з афiцыянтам ён разлiчыўся.

Доўга глядзела яна на Бернараў бакал, у якiм засталося крыху партвейну... Потым пачала разглядаць прахожых. Некаторыя, вiдаць, кагосьцi чакаючы, хадзiлi ўзад i ўперад. Адна жанчына двойчы азiрнулася, з усмешкай паглядзела на Тэрэзу (работнiца цi, можа, толькi апранута, як работнiца?). Быў час, калi зачынялiся на перапынак швейныя майстэрнi. Тэрэзе не хацелася iсцi з кавярнi. Тут было добра i ўтульна. Яна вырашыла сёння не шукаць Жана Азеведа i ўздыхнула з палёгкай, - ёй зусiм не хацелася бачыцца з iм: зноў гаварыць, тлумачыць, падбiраць словы, выразы... Яна ведала Жана, але тых людзей, да якiх iмкнулася яе душа, яна не ведала. Пра iх было вядома толькi тое, што яны захочуць паслухаць яе. I зноў словы...

Больш Тэрэза не баялася адзiноты: яна ўжо адчувала, што варта толькi пачакаць, нерухома пасядзець, i вакол яе з'явiцца нейкi рух, нейкае хваляванне. Так, мусiць, спаўзалiся б да яе мурашкi, збягалiся б сабакi, калi б яе мёртвае цела назаўсёды засталося ў ландах. Яна прагаладалася. Устала з месца i ўбачыла ў люстэрку свой адбiтак: што ж, гэтай маладой даме вельмi пасуе дарожны касцюм. Але твар яшчэ быў схуднелы, змучаны, скуласты. I нос нейкi зусiм кароценькi. Тэрэзе падумалася: "Я жанчына без узросту..."

Яна паснедала на вулiцы Руаяль (менавiта там яна снедала калiсьцi ў сваiх марах). У атэль вяртацца не хацелася. Ад паўбутэлькi добрага вiна па ўсiм целе разлiлася прыемная цеплыня. Яна папрасiла цыгарэты. Нейкi малады чалавек за суседнiм столiкам дастаў запальнiчку i паднёс ёй агонь. Яна ўсмiхнулася. I падумаць толькi, што гадзiну назад ёй хацелася паехаць разам з Бернарам. Трэсцiся вечарам па цёмнай калдобiстай лясной дарозе... А хiба так важна любiць толькi тую цi iншую мясцiну, сосны цi клёны, акiян цi раўнiну? Нiчога яе цяпер не цiкавiць, акрамя людзей, iстот з крывi i плоцi. "Мне дарагi не гэты каменны горад, не лекцыi, не музеi, а гэты ўзбуджаны лес, лес людзей, дзе нараджаюцца i бурляць такiя пачуццi, з якiмi не зраўняецца нiякая бура. Начныя стогны соснаў у Аржалузе краналi i трывожылi мяне толькi таму, што ў iх было нешта чалавечае".

Тэрэза трохi выпiла i многа палiла. Яна свяцiлася шчаслiвай усмешкай. Старанна падмалявала вусны, выйшла на вулiцу i пайшла куды вочы глядзяць...