"Плацiнавы абруч" - читать интересную книгу автора (Бааль Вольдемар)11Тры ноблы, паведамляе нам далей зачараваны Пасвячоны, спакойна глядзелi на экран. — Якая алагiчная эвалюцыя, — нарэшце сказаў Першы. — Не, гэта не нашы лоны, нiчога нават прыблiзна падобнага няма. — Што мы ўжо адзначылi, — адклiкнуўся Другi. — Ты, выходзiць, лiчыш, — звярнуўся Настаўнiк да Першага, — што калi б гэта былi нашы лоны цi падобныя да нашых, то яны эвалюцыянавалi б у нас? — Так, не думаў, што стары Спiу так звязаў цябе, — весела заўважыў Другi. Першы сумеўся. — Даўно… У першыя гады Студыi… Адным словам, тады я патаемна раскруцiў лонаў. Настаўнiк! Яны вымерлi! Нашы лоны вымруць! — Мабыць, ты карыстаўся недасканалым, вучнёўскiм эльвентарам, — спакойна прамовiў старшы. — Гэта так? — Так… Некалькi стадый прамiльгнула… Я ведаю — я не павiнен быў… Але такi вынiк… Вымiранне!.. Я гатоў сваю вiну… — Спецыфiчныя токi планеты Хi, на якой ты не паспеў яшчэ адаптавацца, выклiкаюць парой перабольшанае пачуццё вiны. — Спецыфiчныя токi Хi, — нiбы рэха, адклiкнуўся Другi. Першы апусцiў галаву… На экране брыў па лясным гушчары калматы чорны мядзведзь; ён быў змрочны i сумны. I раптам паказалiся маляўнiчае возера, травянiсты беражок, сонечнае неба i на беразе — тры iстоты. Гэта было апоўднi. Iстоты сядзелi колам, пiлi нешта, любавалiся прыродай i гутарылi. Усе тры — мужчыны. Адзiн пiў гарбату з чарнiчным сочывам i ўпэўнена казаў, што ўсё на свеце грунтуецца на iнстынктах, бо iнстынкты непераходныя. — Адсюлека што выходзiць? — пытаўся ён. — Што i як? А тое выходзiць, што немагчыма пра iнсцiкт сказаць, што гэны вось, значыцца, добры, а гэны — цьфу. Дык гэныя самыя яны, як адзiн, цi, па-вашаму, добрыя ўсе, — нiкудышныя. Другi пiў гарбату з мёдам i нiзашто не згаджаўся з iм. — Гэнта твая кансэпцыя няправiльная. Як кажуць, ва ўсёй сваёй паўнаце. Тут жа, да прыкладу, калi ж па-тваёму, то акурат выходзiць, што ўсё ўсем можна. Так? Так. А як жа так вось можна? Гэнтыя самыя, як ты кажаш, iсцiнты нельга пушчаць на самацёк. Вунь, возьмем, баба ў мяне… — Iовi энд бовi! — усклiкнуў трэцi з прыяцеляў. — Каралi i капуста! Усё так. — Ён быў самы худы i стары i самы нязграбны з трох; ён пiў гарбату, падлiваючы ў свой кубак нешта з фляжкi, якую вымаў з унутранай кiшэнi i хаваў назад. — Iовi энд бовi. — Бач? — сказаў той, што пiў з мёдам. — Падтрымлююць мяне. Калi ж для карысцi вобчаства, дык трэбаць гэнтыя iсцiнты падзялiць. Каторыя карысныя туды, — i ён паставiў свой кубак перад худым, — а каторыя некарысныя або, як кажуць, шкадлiвыя, гэнтыя пушчай iдуць сюды. — I кубак худога апынуўся перад прамоўцам, i той адразу спорна адпiў. — А хто ж табе скажаць, якi iнсцiкт карысны, а якi храновы? — усмiхнулася чарнiчнае сочыва. — Дык трэба ж глядзецi, глядзецi! — загарачыўся мёд. — Глядзецi! А як жа? Добраму — калi ласка, просiм. А каторы кепскi — стоп, хэндэ хох. А то адзiн гэны толькi хавус выйдзець. Баб вунь распусцiлi… — Аддай мой кубак, — сказаў худы i заплакаў. Злоўлены пакрыўдзiўся, сказаў, што манiпуляцыя з кубкамi патрэбна была для нагляднасцi, адпiў яшчэ крыху, потым аднавiў статус кво i панура працягваў: — Бабам волю дай, iм дай волю… — Воля, — усё яшчэ ўсхлiпваючы, працягваў худы. — Iнсургенты. Iовi энд бовi. — Ну а мужыкам яе дай? — спытаўся вiноўнiк спрэчкi. — Дай iм, i што будзе? — А нашто яна мне? На якi? Куды я пайду? А баба пойдзець — нiшто не ўтрымаець… — Воля! — яшчэ раз паўтарыў худы, супакоiўся, лёг на спiну i дадаў з палёгкай: — Вунь у каго воля! Вунь ён! Арол-бацюхна. Кружыць сабе! Паглядвае! Прасторна наверсе. I нi да чога нашага справы няма. Гэта — воля! — I, скончыўшы, ён адразу заснуў як забiты. — Ты яво беражы, — сказала чарнiчнае сочыва. — Высокага палёту быў. — Быў ды сплыў, - помслiва ўсмiхнуўся мёд. — Ты за iм як за каменнай сцяной. — А ты? — Я маўчу. — Каторыя маўчаць, ваны не падзуджваюць. — Хто ж падзуджаiць? — А пра iсцiнты хто пачаўшы? Думаеш, я не паняўшы? Iсцiнты! Ваны вось яво i даканаўшы. А за iм i нас з табою. — А ты мяне з сабою не раўняй! — Ах-ах, цаца! — Гэта паскудства, калега! — пакрыўджана змянiлася чарнiчнае сочыва. — Я ж знарок пачаў зусiм пабочную гаворку, каб адцягнуць яго ўвагу ад думак пра ўласнае падзенне, а вы… — Ад паскуды чую, калега, — не застаўся ў даўгу мёд. — Вы не стамiлiся аплакваць сябе, я ведаю. I вам не церпiцца каго-небудзь абвiнавацiць у сваiх няўдачах. — Гэта вы няўдачнiк, а ў мяне вынаходнiцтвы ёсць! — Якая ж цана вашым талентам, калi вы трымалiся толькi дзякуючы яму. — Я папрасiў бы вас заткнуцца, бездар вы i зайздроснiк жаўтушны! — А вы — паразiтуючы неўрастэнiк! — А вы — жабрак i лёкай! — Iовi энд бовi, — пралепятаў спячы. — Арол-бацюхна… Лунае сабе… Воля… — Божа! — журботна вымавiла чарнiчнае сочыва. — Як агiдна завяршаецца так удала пачаты эксперымент… За кустамi сядзеў мядзведзь i назiраў. Ён, вядома, мог бы iх адразу ўсiх задраць — гэта ў яго на пысе напiсана, — але быў сыты. Ён проста выйшаў са сховiшча i зароў, i прыяцеляў як ветрам здзьмухнула. Мядзведзь даеў мёд i сочыва, а запаветную бiклажку так i не знайшоў: гаспадар яе, вiдаць, не пажадаў з ёю разлучыцца, нават рызыкуючы жыццём. Экран працягваў мiгцець. Мядзведзь сунуўся берагам. — Што гэта? — здзiўлена спытаўся Першы. — Хто яны? — Гэта фiлосафы, — сказаў Настаўнiк. |
||
|
© 2026 Библиотека RealLib.org
(support [a t] reallib.org) |